воскресенье, 1 февраля 2015 г.

Раздзел 44 QUO VADIS? Г. Сенкевіч


Зарыва ад палаючага горада заліло неба так шырока, як толькі мог сягнуць чалавечы позірк.З-за ўзгоркаў выплыў месяц, вялікі і поўны, які разгараўся бляскам і набраўшыся барвы распаленай медзі, здавалася, паглядаў задуменна на горад, які гінуў, які раней валодаў светам. У паружавелай бездані неба свяціліся таксама ружовыя зоркі, але не як заўседы ў звычайныя ночы - зямля была святлейшая за нябесы. Рым асвятляў накшталт вялізнага кастра ўсю Кампанію.У крывавым бляску відаць былі узгоркі, далекія ад горада, вілы, храмы, помнікі і акведукі, якія беглі з усіх навакольных гор да горада, а на акведуках мноства людзей, якія хаваліся там ад небяспекі ці каб пазіраць на пажар здалек.Тымчасам страшная пачвара ахоплівала ўсе новыя часткі горада. Нельга было сумнявацца, што гэта нечыя злачынныя рукі падпальваюць Рым, бо ўсе новыя агні з’яўляліся раптам у далекіх ад галоўнага пажарышча месца. З узгоркаў, на якіх Рым быў збудаваны, полымя сплывала накшталт марскіх хваляў на даліны, шчыльна забудаваныя дамамі ў шэсць, сем паверхаў, поўныя прыбудоў, крам, драўляных рухомых амфітэатраў, якія будаваліся для розных відовішчаў, і нарэшце складоў з драўнінай, алівай, збожжам, арэхамі, шышкамі піній, зярняты якіх спажываў бедны люд і з адзеннем, якое часам з ласкі імператара раздавалася галоце, якая тулілася ў бедных завулках.Там пажар знаходзіў дастаткова матэрыялу для спалення і выбухаў з кожным разам мацней і з нечуванай хуткасцю ахопліваў цэлыя вуліцы. Людзі, якія стаялі лагерам за горадам ці на акведуках, адгадвалі па колеру полымя, што гэта гарыць. Шалены рух паветра выносіў з агністай тоні тысячы, мільены  печанага шкарлупіння ад арэхаў і мігдалаў, якія ўзнімаліся раптам ўгору як незлічоныя матылі, што свецяцца – і трэскаліся гучна ў паветра ці ганімыя ветрам, ападалі на новыя ўчасткі, акведукі і на палі навокал горада. Усялякая думка аб ратунку здавлася недарэчнай, мешаніна ўсе больш расла, бо з аднаго боку гарадскія жыхары ўцякалі праз усе брамы за сцены, а здругога – пажар дадаў тысячы людзей з ваколіц, жыхароў малых гарадкоў, так і халопаў, паўдзікіх пастухоў з Кампаніі, якіх вяла надзея на рабунак.

Вокрык”Рым гіне!” не сыходзіў з вуснаў натоўпу, пагібель горада здавалася ў гэты час разам і канцом уладарства і развязваннем усялякіх вузлоў, якія аж дасюль аб’ядноўвалі люд у адно цэлае. Натоўп, у якім большасць была прышлыя і нявольнікі, ад якіх не залежала нічога ў панаванні Рыму, і пераварот у якім мог толькі звольніць іх ад путаў, прымаў тут і там пагрозлівую паставу.Шырыліся гвалт і рабунак.Здавалася, што толькі адно відовішча гібелі горада прываблівае ўвагу людзей і стрымлівае выбух забойстваў, якія пачнуцца, як толькі горад стане папялішчам.Сотні тысяч нявольнікаў, якія забывалія на тое, што Рым апрача храмаў і сцен мае яшчэ дзесяткі легіенаў ва ўсіх баках свету – здавалася, чакалі толькі правадыра і закліку. Пачалі ўзгадваць імя Спартака – але Спартака не было – тады жыхары  пачалі групавацца і  ўзбройвацца, чым хто мог. Найжахлівейшыя весткі абляталі сабраных ля брамаў.Некаторыя сцвярджалі, што гэта Вулкан па загаду Юпітэра знішчае горад агнем, што здабываецца з-пад зямлі, іншыя,што гэта помста Весты за вясталку Рубрыю.Людзі, перакананыя ў гэтым, не хацелі нічога ратаваць, затое калі заходзілі ў храмы, то прасілі багоў аб літасці.Але найбольш усе ж паўтарлі, што гэта імператар загадаў спаліць Рым для таго, каб пазбыцца смуроду, што далятаў з Субуры і каб адбудаваць новы горад пад назвай Няронія.Ад гэтай думкі страх ахопліваў людзей і калі б, як гэта думаў Вініцый, знайшоўся правадыр, які хацеў бы выкарыстаць гэты выбух ненавісці, то час смерці Нярона прабіў бы на некалькі гадоў раней.Казалі таксама, што імператар страціў розум, што ен загадвае прэтарыянцам і гладыятарам ударыць па натоўпах і ўчыніць сапраўдную бойню.Некаторыя кляліся багамі, што жывелы з усіх віварыяў былі выпушчаны па загаду Меднабародага.Бачылі на вуліцах ільвоў з палаючымі грывамі і раз’юшаных сланоў, і тураў, якія тапталі статкам людзей.Была ў гэтым нават частка праўды, бо ў некалькіх месцах сланы ад выгляду пажару, які набліжаўся развалілі віварыі і апынуліся на волі , таму беглі дзіка перапалоханыя ў бок , супраціўны агню, нішчачы ўсе перад сабой,як бура. Звесткі публічныя падавалі лічбу ў дзесяткі тысяч асоб, якія загінулі ў агні.Сапраўды загінула мноства. Былі такія, што страцілі ўсю маемасць ці найдаражэйшых сэрцу істот, дабраахвотна кідаліся ў роспачы ў агонь.Іншыя гінулі ад удушша дымам.У сярэдзіне горада, Між Капітоліем з аднаго і Квірыналам, Віміналам і Эсквілінам з другога боку, як таксама між Палатынам і Цэліусам, дзе вуліцы былі найшчыльней забудаваныя, пажар усчынаўся ў шматлікіх месцах адразу, так што ўсе натоўпы людзей, уцякаючы ў адзін бок, траплялі неспадзявана на новую сцяну полымя з супрацьлеглага боку і гінулі страшнай смерцю сярод агністага мора.Пад страхам, у мешаніне і дыме яны не ведалі нарэшце, куды ўцякаць. Дарогі былі заваленыя рэчамі, а ў шмат якіх цесных месцах яны былі проста непралазныя. Тыя, хто хаваўся на рынку і пляцу, у месцы, дзе пазней паўстаў амфітэатр Флавіяў, клая храма Зямлі, каля портыка Лівіі і вышэй ля храмаў Юноны і Люцыны і паміж вуліцай Клівус Вібрыус і старой Эсквілінскай брамай, абкружаныя вакол морам агню, загінулі ад гарачыні.У месцах, да якіх полымя не дайшло, знайшлі пазней сотні целаў, папечаных на вуглі, хаця і тут, і там няшчасныя вырывалі каменныя пліты для сховішча ад гарачыні і закопваліся напалову ў зямлю. Ніводная амаль з сямей, якія жылі ў цэнтры горада, не ўцалела , таму ўздоўж муроў і каля ўсіх брамаў і на ўсіх дарогах чутны быў роспачны енк жанчын, якія называлі дарагія сэрцу імены загінулых у штурханіне ці ў агні. І так, калі  адны малілі багоў аб міласэрнасці, іншыя блюзнерылі наконт іх за гэта страшэннае бедства.Бачылі старых, што звярталіся у бок храма Юпітэра Лібератара, якія высцягваючы рукі, крычалі: “Ты збавіцель, выратуй свой алтар і горад!” Аднак роспач была скіравана галоўным чынам да старых рымскіх багоў, якія ў паняццях людзей павінны былі трывожыцца больш за іншых пра горад.Аказаліся яны бяссільныя, таму іх лаялі.Здарылася якраз, што калі на вуліцы Віа Азінарыя паказаўся атрад егіпецкіх жрацоў, якія суправаджалі статую Ізіды, якую ўратавалі з храма, які знаходзіўся ў ваколіцы Порта Цэлімантана, натоўп кінуўся да працэсіі, далучыўся да абозу, правеў яго аж да Апійскай брамы і забраўшы статую, паставіў яе ў храме Марса, патурбаваўшы разам з тым жрацоў і гэтага баства, якія асмеліліся супраціўляцца. У іншых месцах звярталіся да Серапіса, Ваала ці Іеговы, прыхільнікі якога, выйшаўшы з завулкаў у ваколіцах Субуры і з Затыбра, напаўнялі крыкам і заклікамі палі, якія ляжалі каля муроў горада. У крыках гэтых гучалі ноткі нібыта трыумфу, таму таксама, калі некаторыя з гараджан далучаліся да хору, славячы “ Уладара свету”, іншыя, абураныя ад такога радаснага гімну намагаліся яго перакрычаць. Дзе-нідзе чуваць было, што пелі мужчыны ў росквіце гадоў ці ва ўзросце, жанчыны ці дзеці песні дзіўныя і ўрачыстыя, змест якіх немагчыма было зразумець, але ў іх паўтараліся штохвілінна словы: “Вось надыходзіць суддзя ў дзень гневу і бедства” так рухомая і бязсонная людская хваля абкружала накшталт неспакойнага мора палаючы горад. Але нічога не дапамагала: ні роспач, ні блюзнерствы, ні песні. Бедства здавалася было непераадольнае, маштабнае і няўмольнае, як Лёс. Каля амфітэатру Пампея загарэліся склады з каноплямі і лінай, якіх шмат трэта было для цыркаў, арэн і дзеля ўсякага роду пабудоў, якія ўжываюцца на відовішчах і разам прылеглыя будынкі, у якіх стаялі  бочкі са смалой, якой намазваліся ліны.Праз некалькі гадзін уся гэта частка горада, за якой ляжала Марсава поле, свяцілася такім светла-жоўтым полымем, што паўпрытомным ад страху гледачам здавалася праз нейкі час, што пры поўнай пагібелі прадак дня і ночы перамяшаўся і што яны бачаць сонечны бляск. Але потым крывавы адно  колер перабіў усе іншыя колеры полымя.З мора агню стралялі да асветленага неба нібыта вялізныя фантаны і слупы полымя, якія развяваліся ўгары агністымі гронкамі і пер’ем, вецер жа быў парывісты і змяняў іх у залатыя ніці і гронкі іскраў і нес іх над Кампаніяй аж да Албанскіх гор.Ноч станавілася ўсе святлейшай; само паветра здавалася было працятае не толькі бляскам , але і полымем.Тыбр палымнеў жывым агнем.Няшчасны горад стаў суцэльным пеклам. Пажар ахопліваў усе больш прастору, браў наступам узгоркі, разліваўся па раўнінах, затапляў даліны, шалеў, трашчаў, грымеў.

Комментариев нет:

Отправить комментарий