воскресенье, 8 февраля 2015 г.

Б. Прус Лялька том 1 раздзел 2 Пад кіраўніцтвам старога распарадчага



Пан Ігнацы  дваццаць пяць гадоў жыў у пакойчыку пры лаўцы. На працягу гэтага часу лаўка змяняла ўласнікаў і падлогу, шафы і шыбы ў вокнах, сферу сваёй дзейнасці і распарадчых; але пакой пана Жэцкага застаўся такі самы. Было ў ім тое самае сумнае вакно, якое выходзіла у двор, з тымі ж кратамі, на прутах якіх вісела можа дваццаціпяцігадовае павуцінне, і дакладна дваццаціпяцігадовая фіранка, некалі зялёная, цяпер вылінялая ад суму па сонцы.
Пад вакном стаяў той самы чорны стол, абабіты сукном, такасма некалі зялёным, цяпер толькі заплямленым. На ім вялікая чорная чарніліца з вялікім чорным пясочным гадзіннікам, прымыцаваным да той самай падстаўкі – пара вялікіх ліхтароў для свечак з лою, якіх ніхто не паліў, і сталёвыя шчыпцы, якімі ніхто не абцінаў кноты. Жалезны ложак з вельмі тонкім матрасам, над ім - ніколі не ўжываная дубальтоўка, пад ім скрынка з гітарай, што нагадвала дзіцячую труну, вузкая канапка, абабітая скурай, два крэслы, таксама абабітыя скурай, вялікая бляшаная міса і малая шафа цёмнавішнёвай барвы стваралі мэбліроўку пакою, які па прычыне сваёй даўжыні і цемры, якая ў ім панавала, здавалася быў падобны больш да труны, чым да жытла.
Таксама як і пакой, не змяніліся на працягу чвэрці стагоддзя і звычкі пана Ігнацыя. Ранкам прачынаўся заўсёды а шостай; хвіліну слухаў, ці ідзе гадзіннік, які ляжыць на крэсле, і паглядаў на стрэлкі, якія стваралі адну прамую лінію. Хацеў устаць спакойна, без прыгод; але халодныя ногі і замлелыя рукі не аказваліся досыць падатлівымі яго волі, тады падхопліваўся, раптоўна выскокваў на сярэдзіну пакою і, кінуўшы на ложак начны каўпак, бег да печы да вялікай місы, з якой мыўся ад стоп да галавы, іржучы і пырскаючы як стогадовы аргамак шляхетнай крыві, які ўзгадаў пра скачкі. Падчас рытуалу абцірання касматымі ручнікамі з задавальненнем пазіраў на свае худыя лыткі і заросшыя грудзі, бурчачы: “Ну, усё-такі патлусцеў”. У гэты самы час саскокваў з канапкі яго стары пудзель Ір з выбітым вокам і, моцна атрэсваючыся, напэўна ад рэшты сну, шкрабаў у дзверы, за якімі чулася заўзятае раздзьмухванне самавару. Пан Жэцкі, заўсёды хутка апранаўся, выпускаў сабаку, вітаўся са служачым, даставаў з шафы імбрык, памыляўся пры зашпільванні манжэтаў, бег на падворак убачыць стан надвор’я, гатаваў сабе гарачую гарбату, прычэсваўся не гледзячы ў люстра, і а палове сёмай быў гатовы.
Агледзеўшыся, ці на шыі гальштук,  а ў кішэнях  - гадзіннік і партманэ, пан Ігнацы даставаў са століка вялікі ключ і, крыху згорбіўшыся, урачыста адчыняў тыльныя дзверы лаўкі, абабітыя жалезнай бляхай. Уваходзілі туды ўдвох са служачым, запальвалі пару аганькоў газы і падчас калі служачы вымятаў падлогу, пан Ігнацы чытаў праз акуляры са свайго нататніка расклад заняткаў на бягучы дзень.
“Аддаць у банк васемсот рублёў, ага… У Люблін даслаць тры альбомы, тузін партманэ… Менавіта!... У Вену пералічэнне на тысячу дзвесце гульдэнаў… З чыгункі атрымаць багаж… Выгаварыць рымару, што не адаслаў чамаданы… Дробязі!... Напісаць ліст да Стася… Дробязі!...”
Скончыўшы чытаць, ён запальваў яшчэ некалькі агнёў і пры іх бляску рабіў пералік тавараў у вітрынах і шафах.
“Запінкі, шпількі, партманэ… добра…рукавічкі, вееры, гальштукі… так… Кіі, парасоны, сакваяжы… А тут – альбомы, несэсэры… Сіні ўчора прадалі, натуральна!... Ліхтары, чарнільніцы, прэс-пап’е… сервізы… Цікава, навошта гэты вазон перакруцілі?... З упэўненасцю… Не, не пашкоджаны… Лялькі з валасамі, тэатр, карусель… Трэба на заўтра паставіць у вакне карусель, бо ўжо фантан надакучыў. Дробязі!... Восьмая амаль… Я даў бы заклад, што Клейн будзе першы, а Марчэўскі апошні. Натуральна… Пазнаёміўся з нейкай гувернанткай і ўжо ёй купіў нэсэсэр за свой кошт і са зніжкай… Зразумела… Абы не пачаў купляць без зніжкі і без кошту…”
Так бурчаў і хадзіў па лаўцы прыгорблены, з рукамі ў кішэнях, а за ім яго пудзель. Час ад часу затрымліваўся і аглядаў які-небудзь прадмет, сабачка прысядаў на падлозе і шкрабаў задняй лапай густыя кудлікі, а пастаўленыя ў рад у шафе лялькі, малыя, сярэднія і вялікія, брунеткі і бландынкі, прыглядаліся да іх нежывымі вачыма.
 Дзверы на ўваходзе рыпнулі, і з’явіўся пан Клейн, маленькі распарадчы, з сумнай усмешкай на пасінелых вуснах.
- А што, я быў упэўнены, што, пане, прыйдзеце першым. Дзень добры – прамовіў пан Ігнацы. – Павел! гасі святло і адчыняй лаўку.
Служачы забег, цяжка тупаючы, і закруціў газу. Праз хвіліну пачуліся скрыгат замкоў і стук засавак, пасля чаго ў лаўку увайшоў дзень - адзіны госць, які ніколі не расчароўвае. Жэцкі сеў ля канторка ля вакна.
Клейн стаяў на звычайным месцы пры сервізе.
-       Гаспадар яшчэ не вяртаецца, не прыходзіў ліст ад яго? – спытаў Клейн.
-       Я спадзяюся, што будзе ў палове сакавіка, найдалей праз месяц.
-       Калі яго не затрымае новая вайна.
-       Стась… Пан Вакульскі – паправіўся Жэцкі – піша мне, што вайны не будзе.
-       Каштоўныя паперы падаюць, а хвіліну таму я чытаў, што англійскі флот увайшоў на Дарданелу.
-        Гэта нічога, вайны не будзе. Зрэшты, - уздыхнуў пан Ігнацы, – што нам да вайны, у якой не возьме ўдзел Банапарт.
-       Банапарты ўжо скончылі кар’еру.
-       Сапраўды?... – усміхнуўся іранічна пан Ігнацы. – А на чыю ж карысць Мак-Магон з Дзюкро дамаўляліся ў студзені аб перавароце?... Вер мне, пане Клейн, банапартызм – гэта магутная сіла!...
-       Ёсць і большая за яе.
-       Якая? – абурыўся пан Ігнацы. – Можа рэспубліка з Гамбэтам… Можа Бісмарк?...
-       Сацыялізм… - шапнуў малы распарадчы, хаваючыся за сервіз.
Пан Ігнацы паправіў акуляры і падняўся са свайго крэсла, нібыта хацеў адным махам перамагчы новую тэорыю, якая пярэчыла яго поглядам, але зблытаў яго намеры ўваход другога распарадчыка, з барадой.
-       А, мая павага пану Лісецкаму! – звярнуўся ён да прыйшоўшага. – Халодны дзень, праўда? Каторая гадзіна ў горадзе, бо мой гадзіннік спяшаецца. Яшчэ няма чвэрці дзевятай?
-       Таксама ідэя… Ваш гадзіннік заўсёды спяшаецца зранку, і спазняецца вечарам – адказаў з’едліва Лісецкі , выціраючы пакрытыя інеем вусы.
-       Б’юся аб заклад, што пан учора быў на прэферансе.
-       Само сабою. Што ж, пане, думаеце, што мне на ўсе суткі хапае выгляду вашай галантарэі і вашай сівізны?
-       Але ж; мой пане, няхай я буду лепш крыху сіваватым, чым лысым – абурыўся пан Ігнацы.
-       Ідэя!... – зашыпеў пан Лісецкі. – Мая лысіна, калі яе хто агледзіць, сумнае спадчына роду, але ваша сівізна і буркатлівы характар – вынік старасці, якую… я хацеў бы паважаць.
У лаўку увайшоў першы госць: жанчына, апранутая ў салоп і з хусткай на галаве, якая хацела плявальніцу з латуні… Пан Ігнацы вельмі нізка нахіліўся да яе і прапанаваў крэсла, а пан Лісецкі знікнуў за шафамі і, вярнуўшыся праз хвіліну, уручыў кліентцы рухам, поўным годнасці, жаданы прадмет. Потым запісаў кошт плявальніцы на картку, падаў яе праз плячо Жэцкаму і пайшоў за вітрыну з выразам твару банкіра, які аддаў на дабрачынную мэту некалькі тысяч рублёў.
Спрэчка аб сівізне і лысіне была спынена.
Толькі амаль а дзевятай увайшоў, а, хутчэй, уляцеў у лаўку пан Мрачэўскі, прыгожы, дваццацігадовы бландын з вачыма, як зоркі, з вуснамі, як каралы, з вусікамі, як атручаныя штылеты. Забег, цягнучы за сабой ад парога шлейф парфумы, і закрычаў:
-       Слова гонару даю, што ўжо павінна быць палова дзесятай. Я легкадумец, нягоднік, ну – подлы, але што ж я зраблю, калі маці мая захварэла і я павінен быў шукаць лекара. Быў у шасці…
-       Ці не ў тых, якім даеш несэсэры? – спытаў Лісецкі.
-       Несэсэры?... Не. Наш доктар не прыняў бы нават шпількі. Сумленны чалавек… Праўда, пане Жэцкі, што ўжо палова дзесятай? Спыніўся мой гадзіннік.
-       Яшчэ заканчваецца дзе-вя-та-я… - адказаў з пэўным націскам пан Ігнацы.
-       Толькі дзевятая?... Ну, хто б думаў! А так праектаваў сабе, што сёння прыйду у лаўку першым, раней за пана Клейна…
-       Каб выйсці каля восьмай, - заўважыў пан Лісецкі.
Мрачэўскі пазіраў на яго блакітнымі вачыма, у якіх малявалася найвышэйшае здзіўленне.
-       Пан адкуль ведае?... – адказаў. – Ну, даю слова гонару, што гэты чалавек мае прарочы розум! Менавіта сёння, слова гонару… я павінен быць у горадзе каля сёмай, хоць бы паміраў, хоць бы … павінен быў звольніцца…
-       Няхай пан ад гэтага пачне, - выбухнуў Жэцкі, - і будзе пан вольны аб адзінаццатай, нават у гэту хвіліну, пане Мрачэўскі. Пан павінен быць графам, а не распарадчым, і я здзіўляюся, што пан адразу не стаў па спецыяльнасці тым, у каго заўсёды ёсць час, пане Мрачэўскі. Натуральна!
-       Але, і пан у яго ўзросце лётаў за спаднічкамі, - азваўся Лісецкі. – Што тут маральнічаць.
-       Ніколі не лётаў! – крыкнуў Жэцкі, удараючы кулаком па канторскім стале.
-       Хоць раз прагаварыўся, што ўсё жыццё недалуга, - буркнуў Лісецкі Клейну, які ўсміхнуўся, узнімаючы адначасова бровы вельмі высока.
У лаўку увайшоў другі госць і пажадаў калошы. Да яго выступіў Мрачэўскі.
-       Калошыкі хоча шаноўны пан? Які нумарочак, ці можна спытаць? Ах, шаноўны пан пэўна не памятае! Не кожны мае час думаць аб нумары сваіх калош, гэта робім мы. Шаноўны пане, займіце месца на табурэце. Павел! Прынясі ручнік, здымі ў пана калошы і маеш выцерці абутак…
Забег Павел з ручніком і кінуўся да ног госця.
- Але ж, пане, але ж перапрашаю!... – тлумачыў ашалелы госць.
- Вельмі просім, - сказаў хутка Мрачэўскі, - гэта наш абавязак. Здаецца мне, што гэтыя будуць якраз – працягваў ён, падаючы пару счэпленых ніткай калош. – Выключна, прыгожа выглядаюць; у шаноўнага пана такая нага, што немагчыма памыліцца ў нумары. Шаноўны пан зычыць сабе напэўна ініцыялы; якія павінны быць ініцыялы?...
- Л. П. – буркнуў госць, адчуваючы, што патанае ў хуткай плыні гаворкі прыязнага распарадчага.
- Пане Лісецкі, пане Клейн, прымацуйце, калі ласка, ініцыялы. Шаноўны пан хацеў бы закруціць старыя калошы? Павел! Маеш выцерці калошы і закруціць у тонкую паперу. А можа шаноўны пан не жадае цягнуць залішні цяжар? Павел! укінь калошы у пакунак… З вас два рублі пяцьдзесят капеек… Калошы з ініцыяламі нішто шаноўнаму пану не заменіць, а то прыкра знайсці замест новага тавару дзіравыя па зніжцы… Два рублі пяцьдзесят капеек да касы з гэтай карткай. Пане касір, пяцьдзесят капеек рэшты для шаноўнага пана…
Пакуль госць апрытомнеў, яго абулі ў калошы, выдалі рэшту і з нізкімі паклонамі правялі да дзвярэй. Пакупнік стаяў хвіліну на вуліцы, бяздумна пазіраючы ў шыбу, з-за якой Мрачэўскі адорваў яго салодкай усмешкай і агністымі позіркамі. Урэшце ён махнуў рукой і пайшоў далей, можа думаючы, што ў іншай лаўцы  калошы без ініцыялаў каштавалі б яму дзесяць злотых. Пан Ігнацы звярнуўся да Лісецкага, прамовіў напаўголас:
-       Няхай пан зірне, ці наш стары не падобны ў профіль да Напалеона ІІІ? Нос… вусы… эспаньёлка…
-       Да Напалеона, калі хварэў на камяні ў печані, адказаў Лісецкі.
На гэты жарт пан Ігнацы скрывіўся з нясмакам. Сваёй дарогай Мрачэўскі атрымаў адпачынак а сёмай вечарам, а праз пару дзён пазней у прыватным каталогу Жэцкага атрымаў нататку:
“ Быў на “Гугенотах” у восьмым радзе крэсел з нейкай Матыльдай???”
На ўцеху мог бы сабе сказаць, што ў тым самым каталогу таксама заслугоўваюць нататкі два іншыя яго калегі, а таксама інкасэнт, пасланцы, нават служачы – Павел. Адкуль Жэцкі ведаў падобныя падрабязнасці з жыцця сваіх калег, гэта таямніца, з якой нікім не дзяліўся. Каля першай апоўдні пан Ігнацы здаваў касу Лісецкаму, якому акрамя доўгіх спрэчак давяраў найбольш, выходзіў са свайго пакойчыка, каб з’есці абед, прынесены з рэстарацыі; Адначасова з ім выходзіў Клейн і вяртаўся у лаўку а другой; потым удвох з Жэцкім заставаліся ў лаўцы, а Лісецкі і Мрачэўскі ішлі на абед. А трэцяй зноў усе былі на месцы.
А восьмай вечарам зачынялі лаўку; усе разыходзіліся, заставаўся толькі Жэцкі. Падрахоўваў дзень, правяраў касу, складаў план дзеянняў на заўтра і прыгадваў сабе: ці зроблена ўсё, што трэба было сёння.
Кожную нязробленую справу аплочваў доўгім бяссоннем і смутнымі думкамі на тэму заняпаду лаўкі, станоўчага ўпадку Напалеонаў і таго, што ўсе надзеі, якія меў у жыцці, былі толькі глупствам.

“Нічога не будзе! Гінем без ратунку” – уздыхаў ён, варочаючыся на цвёрдай пасцелі.
Калі дзень удаваўся добра, пан Ігнацы быў задаволены. У гэты час перад сном чытаў гісторыю кансуляту і каралеўства ці выразкі з газет, якія апісваюць вайну італьянскую з года 1859, або таксама, што трапляла ся радзей, даставаў з-пад ложка гітару і граў на ёй Марш, прыпяваючы сумніўнай якасці тэнарам.
Потым сніліся яму шырокія венгерскія раўніны, сінія і белыя лініі войска, прыкрытыя хмарай дыму… Назаўтра быў не ў настроі і скардзіўся на боль галавы.
Да прыемных дзён належала ў яго нядзеля; бо ў гэты час абдумваў і праектаваў планы вітрын на цэлы тыдзень.
У яго разуменні вітрыны не толькі былі упрыгожаннем лаўкі, але яшчэ павінны былі звяртаць увагу мінакоў як мага маднейшым таварам, як мага прыгажэйшай кампазіцыяй, ці фокусам. Правая вітрына, прызначаная для галантарэі,  змяшчала звычайна якую-небудзь медзь, фарфоравую вазу, усе для будуарнага століка, вакол чаго выстаўляліся альбомы, ліхтары, партманэ, вееры, - у таварыстве кіёў, парасонаў і незлічонай колькасці дробных і элегантных прадметаў. У левай вітрыне, напоўненай узорамі гальштукаў, рукавічак, калош і парфумаў, цэнтральнае месца займалі цацкі, якія найчасцей рухаліся.
Некалі падчас гэтых сумных заняткаў у старым абуджалася дзіця. Ён даставаў тады і выстаўляў на стале ўсе механічныя цацкі. Быў там мядзведзь, які ўзбіраўся на слуп, быў спяваючы пеўнік, мыш, якая бегала, цягнічок, які каціўся на калёсах, цыркавы клоўн, які гарцаваў на кані, скідваючы другога клоўна, і некалькі пар, якія таньчылі вальс пад гукі няпэўнай музыкі. Усе гэтыя фігуры пан Ігнацы накручваў і адначасова запускаў. А калі пеўнік пачаў спяваць, лапочучы прыгожымі крыламі, калі таньчылі лялечныя пары, штохвіліны спатыкаючыся і затрымліваючыся, калі алавянныя  пасажыры цягнічка, які ехаў без мэты, пачалі прыглядацца да яго са здзіўленнем і калі ўвесь гэты свет лялек на дрыжачым святле газы набіраў нейкага фантастычнага жыцця, стары прыказчык, падпёршы сябе локцямі, смяяўся ціха і бурчаў:
-       Хі! Хі! Хі! Куды вы едзеце, падарожнікі?... Навошта церпіць твой карак, акрабат?... Што вам ад абдымкаў, танцоры?... Выкруцяцца спружыны і пойдзеце назад у шафу. Глупства, усё глупства!... а вам, калі б вы маглі думаць, здавалася, што гэта штосьці вялікае!...
Пасля такіх і падобных да іх маналогаў хутка складваў цацкі і раздражнёны хадзіў па пустой лаўцы, а за ім яго брудны сабака.
“Глупства гандаль… глупства палітыка… глупства падарожжа у Турцыю… глупства ўсё жыццё, пачатку якога мы не памятаем, а канца не ведаем… дзе ж праўда?...”
Гэтага кшталту выразы выказваў некалі ўголас і публічна, таму яго лічылі вар’ятам, а паважныя дамы, у якіх былі дочкі на выданні, неаднойчы казалі:
-       Вось да чаго прыводзіць мужчыну адзіноцтва у такім веку!
З дому пан Ігнацы выходзіў рэдка і ненадоўга і звычайна круціўся па вуліцах, на якіх жылі яго калегі ці важныя кліенты лаўкі. У гэты час яго цёмна-зялёная алгерка ці колеру тытуню сурдут, шэрыя сподні з чорным лампасам і вылінялы цыліндр, і найперш яго нясмелыя паводзіны звярталі ўсеагульную ўвагу. Пан Ігнацы ведаў гэта і штораз больш быў неахвотны да шпацыраў. Ён больш хацеў пры свечцы класціся на ложку і цэлымі гадзінамі пазіраць у сваё закратаванае вакно, за якім відаць было шэрую сцяну суседняга дому, аздобленую адным адзіным, таксама закратаваным вакном, дзе часам стаяў гаршчочак масла ці віселі парэшткі зайца.
Але чым менш выходзіў, тым часцей марыў пра якоесьці далёкае падарожжа на вёску ці за мяжу. Усё часцей спатыкаў у снах зялёныя палі і цёмныя бары, па якіх блукаў бы, узгадваючы сабе малады ўзрост. Паволі абудзіўся ў ім глухі сум без гэтых краявідаў, таму ён вырашыў пасля вяртання Вакульскага выехаць кудысьці на ўсё лета.
- Хоць раз перад смерцю, але на некалькі месяцаў – казаў ён калегам, якія невядома чаму ўсміхаліся з гэтых праектаў.
Добраахвотна адрэзаны ад прыроды і людзей, паглыблены ў шпаркім, але цесным віры лавачных інтарэсаў, адчуваў усё мацней патрэбу змены думак. А паколькі адным не давяраў, іншыя не хацелі яго слухаць, а Вакульскага не было, то размаўляў сам з сабой і – у найвялікшым сакрэце пісаў дзённік.

Б. Прус ЛЯЛЬКА ТОМ 1 Раздзел 1 Як выглядае фірма "Я.Мінцаль і С. Вакульскі" праз шкло бутэлек?

У пачатку 1878 года, калі палітычны свет  займаўся сан-стэфанскім мірам, выбарам новага папы ці шансамі еўрапейскай вайны, варшаўскія купцы, а таксама інтэлігенцыя пэўнай ваколіцы Варшаўскага Прадмесця не менш горача цікавіліся будучым  галантарэйнага склепу пад назвай "Я.Мінцаль і С.Вакульскі". У прэстыжнай рэстарацыі, дзе вечарамі збіраліся ўласнікі складоў бялізны і вінных паграбкоў, вытворцы экіпажаў і капелюшоў, важныя бацькі сямействаў, якія ўтрымлівалі сябе з уласных фондаў і простыя ўласнікі дамоў без занятку, таксама шмат размаўлялі аб узбраенні Англіі, як і аб фірме "Я. Мінцаль і С. Вакульскі".  
Патануўшы ў клубах дыму цыгар і нахіліўшыся над бутэлькамі з цёмнага шкла, жыхары гэтай ваколіцы спрачаліся: адны - ці выйграе, ці прайграе Англія, іншыя - пра банкруцтва Вакульскага; адны называлі геніем Бісмарка, іншыя – авантурнікам - Вакульскага; адны крытыкавалі ўчынкі Мак-Магона, іншыя сцвярджалі, што Вакульскі поўны вар’ят, калі не горш…
Пан Дэклеўскі, вытворца экіпажаў, які маёмасцю і пасадай быў абавязаны цяжкай працы ў адной галіне, таксама саветнік Вэнгровіч, які ўжо дваццаць гадоў быў членам-апекуном аднаго і таго ж самага Таварыства Дабрачыннасці, ведалі С. Вакульскага даўней за ўсіх і найгучней прадказвалі яму заняпад.
– Заняпадам бо і неплацяжаздольнасцю, - казаў пан Дэклеўскі – павінен скончыць чалавек, які не трымаецца адной галіны і не ўмее падзякаваць дарам ласкавай фартуны.
Саветнік жа Вэнгровіч пасля кожнай глыбакадумнай сентэнцыі свайго таварыша дадаваў:
-       Вар’ят! Вар’ят!... Авантурнік!.... Юзэк, прынясі-тка яшчэ піва. А якая гэта бутэлька?
-       Шостая, пане саветнік! Я як найхутчэй!... – адказваў Юзэк.
-       Ужо шостая?... Як гэты час мінае!... Вар’ят! Вар’ят! – бурчаў саветнік Вэнгровіч.
     Для асоб, якія сілкаваліся ў той жа рэстарацыі, што і саветнік, для яе ўласніка, служачых і гарсонаў прычыны няшчасцяў, якія павінны былі спасцігнуць С.Вакульскага і яго галантэрэйную лаўку, былі такія ясназразумелыя, як газавыя агеньчыкі, якія асвятлялі залу рэстарацыі. Прычыны гэтыя хаваліся ў неспакойным характары, у авантурніцкім жыцці, дарэчы,як і ў апошнім учынку чалавека, які, маючы ў руках пэўны кавалак хлеба і магчымасць наведвацца часта да гэтай звычайнай ужо для яго рэстарацыі, дабраахвотна адрокся ад усяго, склеп пакінуў на боскую апеку, а сам з усёй наяўнасцю, што засталася пасля жонкі, паехаў на турэцкую вайну зарабляць.
-       А можа і заробіць… Пастаўкі для войска - гэта справа прыбытковая, - заўважыў пан Шпрот, гандлёвы агент, які быў тут рэдкім госцем.
-       Нічога не заробіць, - адказаў пан Дэклеўскі, - а тым часам добрае месца чэрці зруйнуюць. На пастаўках багацеюць толькі яўрэі і немцы; у нашых на гэта не хапае розуму.
-       А можа ў Вакульскага хапае?
-       Вар’ят! Вар’ят! – буркнуў саветнік. – Падай-тка, Юзэк, піва. Якая гэта?...
-       Сёмая бутэлечка, пане саветнік. Як найхутчэй!
-       Ужо сёмая?... Як гэты час мінае, як гэты час мінае…
Гандлёвы агент, які паводле абавязкаў сваёй пасады павінен быў мець пра купцоў усебаковыя і вычарпальныя звесткі, перанёс свае бутэльку і шклянку на стол саветніка і, зазіраючы у яго вочы са слязьмі, спытаў паніжаным голасам:
-       Я прашу прабачэння, але… чаму пан саветнік называе Вакульскага вар’ятам?... Можа магу падаць цыгарку… Я трохі ведаю Вакульскага. Заўсёды здаваўся мне чалавекам няпростым і гордым. У купца няпростасць – выдатная рыса, а гордасць – недахоп. Але каб Вакульскі меў схільнасць да вар’яцтва, гэтага я не заўважыў.
Саветнік прыняў цыгару без відавочных прыкмет удзячнасці.
Яго ружовы твар, абкружаны пукамі сівых валасоў над ілбом, на барадзе і на шчоках, быў у гэту хвіліну падобны да халцэдону у сярэбранай аправе.
- Я называю яго, - адказаў паволі абкусваючы і запальваючы цыгару, - называю яго вар’ятам, бо ведаю яго гадоў… Пачакай-ка… пятнаццаць…семнаццаць… васемнаццаць… Было гэта ў годзе 1860… Харчаваліся мы тады ў Хопфера. Ці ведалі вы Хопфера?...
- Фі…
- Вось жа Вакульскі быў тады ў Хопфера служачым, і было яму ўжо каля дваццаці з лішкам гадоў.
- У гандлі віном і дэлікатэсамі?
- Так. І як сёння, Юзэк, так ён у гэты час падаваў мне піва, зразы нельсанскія… І з гэтай галіны перайшоў да галантэрэі, – заўважыў агент.
- Пачакайце, пане, - перапыніў саветнік. – Перайшоў, але не ў галантэрэю, а ў Школу Падрыхтоўчую, а потым у Школу Галоўную, разумееце, пане?... Захацелася яму быць вучоным!...
Агент пачаў ківаць галавой, выказваючы такім чынам здзіўленне.
- Вось ды ну, - сказаў ён. – І як яму гэта на розум прыйшло?
- Ну як! Звычайна – стасункі з Акадэміяй медыцынскай, са Школай Мастацтваў… Тады ва ўсіх было гэта ў галовах, а ён не хацеў быць горшым за іншых. Днём служыў гасцям пры стойцы і падводзіў рахаванне, а ноччу вучыўся…
- Добра ён відаць прыслужваў.
- Так, як і іншыя, - адказаў саветнік, неахвотна махнуўшы рукой. – Толькі што падчас аказання паслуг быў, бестыя, неласкавы; на самае нявіннае слоўка крывіўся так, нібы яго пабілі… Зразумела, мы пацяшаліся над ім, колькі маглі, а ён найбольш гневаўся, калі называў яго хто панам доктарам. Аднойчы так давёў госця, што амаль абодва не пабіліся.
- Натуральна, што гандаль ад гэтага цярпеў.
- Увогуле не! Бо калі па Варшаве разышлася вестка, што  служачы Хопфера хоча паступіць у Школу Падрыхтоўчую, народ пачаў туды прыходзіць на снеданне. Асабліва ішло студэнцтва.
- І пайшоў усё ж у Школу Падрыхтоўчую?
- Пайшоў і нават здаў экзамен у Галоўную Школу. Ну, але што скажаце, пане, - працягваў саветнік, пляснуўшы агента па калене, – што замест таго, каб вучыцца да канца, праз няпоўны год ён кінуў школу…
- Што ж ён рабіў?
- Ну, што… Варыў разам з іншымі піва, якое да сённяшняга дня п’ём, і сам у выніку аказаўся аж дзесьці каля Іркуцка.
- Нішто сабе, пане! – уздыхнуў гандлёвы агент.
- На гэтым не канец… У 1870 годзе ён вярнуўся ў Варшаву з невялікім фондам. На працягу паловы года шукаў занятак, далёка абмінаючы гандаль карэнны, які і да сённяшняга дня ненавідзіць, аж нарэшце па пратэкцыі свайго сённяшняга дыспанента, Жэцкага, трапіў у лаўку да Мінцаліхі, якая акурат стала ўдавой, і – праз год ажаніўся з гэтай жанчынай, нашмат старэйшай за яго.
- Гэта не было глупствам, - заўважыў агент.
- Пэўна. Адным разам ён здабыў сабе побыт і занятак, на якім мог спакойна працаваць да канца жыцця. Але ж і меў ён крыж Боскі з ёю! Яны гэта ўмеюць.
- Яшчэ як! – працягваў саветнік. – Глядзі ж аднак, што значыць шчасце. Паўтара года таму жанчына аб’елася чагосьці і памерла, а Вакульскі пасля чатырохгадовай катаргі стаў вольны, як птушка, з багатым склепам і трыццаццю тысячамі рублёў наяўнасці, на якую працавалі два пакаленні Мінцаляў.
- Яму шчасціць.
- Шчасціла, - паправіў саветнік. – але не ўшанаваў тое шчасце. Іншы на яго месцы ажаніўся б з якой-небудзь паважанай паненкай і жыў бы ў дастатку; бо што  гэта, пане, сёння значыць - лаўка з рэпутацыяй і ў дасканалым месцы!... Гэты ж вар’ят кінуў усё і паехаў зарабляць на вайне. Мільёнаў яму захацелася ці якога д’ябла.
- Можа і заробіць, - азваўся агент.
- Эге! – жахнуўся саветнік. – Дай-ка, Юзэк, піва. Ты думаеш, што ў Турцыі знойдзе яшчэ больш багатую даму, чым нябожчыца Мінцалёва?... Юзэк!...
- Як найхутчэй!... Едзе восьмая…
- Восьмая? – пераспрасіў саветнік – гэтага быць не можа. Зараз… Перад гэтым была шостая, потым сёмая… - бурчаў ён, закрываючы твар далонню. – Можа быць і восьмая. Як гэты час мінае!...
Нягледзячы на разумныя прадказанні людзей, якія цвяроза пазіраюць на рэчы,  галантарэік пад назвай "Я. Мінцаль і С. Вакульскі" не толькі не заняпаў, але нават прыносіў дробныя заробкі. Грамадства, зацікаўленае пагалоскамі аб банкруцтве, усё больш наведвала гэты склеп, а ад часу, калі Вакульскі пакінуў Варшаву, пачалі прыязджаць па тавары расійскія купцы. Замаўленні памнажаліся, крэдыт за мяжой існаваў, вексэлі аплочваліся рэгулярна, а галантарэік раіўся ад гасцей, якіх ледзьве маглі абслужыць тры спрадаўцы: адзін - дробны бландын, які выглядаў, нібы штогадзіны паміраў ад сухот, другі - шатэн з барадой філосафа і рухамі караля і трэці - франт, які насіў забойчыя для прыгожай паловы вусікі,  а пах ад яго быў, як ад хімічнай лабараторыі.
Аднак ні цікавасць грамадзян, ні фізічныя і духоўныя рысы трох спрадаўцаў, ні нават сталая рэпутацыя склепа можа не забяспечыла б яе ад заняпаду, калі б не распараджаўся тут саракагадовы даўны працаўнік фірмы, сябар і намеснік Вакульскага, пан Ігнацы Жэцкі.







Баляслаў Прус Лялька (кавалак перакладу, які цалкам выкананы ў 2009-2010 гг.)

TOM III

РАЗДЗЕЛ 1
ДЗЁННІК СТАРОГА ПРЫКАЗЧЫКА

“На двары 1879 год. Калі б я быў прымхлівы, а больш за тое, калі б не разумеў, што пасля найгоршых часін надыходзяць добрыя, то я баяўся б гэтага 1879 года. Бо калі яго папярэднік скончыўся дрэнна, то ён пачаўся яшчэ горш.
Англія, напрыклад, у канцы мінулага года ўвязалася ў вайну з Афганістанам і ў снежні было з імі дрэнна. У Аўстрыі было шмат клопату ў Босніі, а ў Македоніі выбухнула паўстанне. У кастрычніку і лістападзе былі замахі на каралёў Альфонса іспанскага і Гумберта італьянскага. Абодва ўцалелі. Таксама ў кастрычніку памёр граф Юзэф Замойскі, вялікі сябар Вакульскага. Я думаю нават, што яго смерць не па адной справе перакрыжавала планы Стаха.
Год 1879 толькі што пачаўся, але няхай ліха б яго узяло!... Англічане, яшчэ не выбраўшыся з Афганістана, ужо ваююць у Афрыцы, дзесьці на Мысе Добрай Надзеі, з нейкімі зулусамі. Тут жа, у Еўропе, ні менш, ні больш, толькі – выбухнула чума ў ваколіцах Астрахані і з дня на дзень можа да нас зазірнуць. Што ў нас робіцца з-за гэтае чумы!... Каго спаткаю, кажа: “Што, добра вам прывозіць паркальчыкі з Масквы? Убачыце, пане, што разам з імі прывязеце заразу змору”. А колькі ж з’ЯВІЛАСЯ ананімак, у якіх лаюць нас на чым свет стаіць! Мне здаецца аднак, што аўтарамі іх з’ЯЎЛЯЮЦЦА найперш купцы, нашы супольнікі, ці таксама магчыма, што вытворцы паркальчыкаў з Лодзі. Гэтыя ўвогуле ўтапілі б нас у лыжцы вады, толькі б ніякай чумы не было. Натуральна, што нават сотай часткі гэтых зласлоўяў я не перадаю Вакульскаму; думаю, аднак, што ён сам чуе іх і чытае больш, чым я.
Дарэчы кажучы, я хацеў на гэтым вось месцы напісаць гісторыю нечуванай справы, крымінальнага іску, які пані баранэса Кшэшоўска прад’явіла і каму?... Ніхто б не здагадаўся!... Вось гэтай прыгожай, гэтай паважанай, гэтай любай пані Хелене Стаўскай. Але ж такое мяне шаленства ахоплівае, што я не магу думкі сабраць. Таму для таго, каб заняць сваю увагу, я напішу пра нешта іншае.
Яна прад’явіла пані Стаўскай іск аб крадзяжы!... Так, аб крадзяжы… Натуральна, што мы выйшлі з гэтага балота як трыўмфатары. Але чаго нам гэта каштавала… Я напрыклад, далібог, не мог спаць па начах амаль два месяцы. А калі цяпер люблю вечарам зайсці на піва, чаго ніколі не рабіў, і нават сяджу ў шынку да апоўначы, то папросту раблю гэта ад таго, што непакоюся. Ёй, гэтай святой жанчыне, прад’явіць іск аб крадзяжы!...Для гэтага, Бог мне сведка, трэба быць такой паўвар’яткай, як пані баранэса.
За гэта таксама нам заплаціла дзікунка-баба дзесяць тысяч рублёў… Ах, калі б гэта ад мяне залежала, я выціснуў бы ўсе сто тысяч. Няхай бы плакала, няхай бы аж заходзілася з плачу, няхай бы нават памерла… Нягодная жанчына! Але думайма пра што-небудзь іншае, не пра чалавечую нягоднасць.
Уласна кажучы, хто ведае, ці шаноўны Стах не быў міжвольнай прычынай няшчасця пані Стаўскай; і нават можа не столькі ён, колькі я… Я яго да яе сілком прывёў, я параіў Стаху, каб не наведваў гэтую пачвару, пані баранэсу, я урэшце пісаў да Вакульскага, калі той быў у Парыжы, каб атрымаў там звесткі пра Людвіка Стаўскага. Карацей кажучы: я, ніхто іншы, толькі я, растрывожыў гэтую вядзьмарку Кшэшоўску. Адпакутаваў на працягу двух месяцаў!...
Так, цяжка. Пане Божа, калі ты ёсць, збаў нягледзячы на гэта, душу маю, калі яна ў мяне ёсць, як сказаў пэўны салдат часу французскай рэвалюцыі.
(Ах, як жа я старэю, як я старэю!... замест таго, каб адразу прыступіць да сутнасці, то нешта баю, кручу, надакучаю… Хаця, далібог, заліўся б напэўна чырванню, калі б павінен быў адразу напісаць аб гэтым агідным, аб гэтым ганебным іску…) Зараз, толькі збяру думкі.
Стах на працягу верасня быў у вёсцы у старшынёвай Заслаўскай. Чаго ён туды ездзіў, што рабіў?... дадумацца я не магу. Але з пары лістоу, якія да мяне напісаў, я бачу, што было яму займацца справамі некалі. Які чорт прынёс туды панну Ізабэлу Ленцку?... Эх! Але ж ён ёй ужо пэўна не заняты. І я буду недалугам, калі яго не высватаю з пані Стаўскай. Я высватаю, праводжу да алтара, дапільную, каб пабраліся, як належыць, а потым… Можа пальну сабе ў лоб, адкуль я ведаю?...
(Стары дурань!... і табе гэта думаць аб такім анёле?... Зрэшты я аб ёй зусім не думаю; асабліва ад часу, калі пераканаўся, што яна кахае Вакульскага. Няхай жа сабе кахае яго, толькі б абое былі шчаслівыя. А я?... Гэй, Кац, мой стары прыяцель, ты можа больш адважны, чым я?...)
У лістападзе, якраз у гэты самы дзень, калі разваліўся дом на вуліцы Вспульнай, Вакульскі вярнууся з Масквы. І зноў я не ведаю, што ён там рабіў, досыць таго, што зарабіў каля сямідзесяці тысяч рублёў… такія прыбыткі не для майго разумення, але я прысягну, што справа, якой Стах займаўся, павінна быць прыстойная.
Праз пару дзён пасля таго, як ён вярнуўся, прыходзіць да мяне адзін вядомы купец і кажа:
- Любы пане Жэцкі, у мяне няма звычкі ўмешвацца ў чужыя справы, але – перасцеражыце, пане, Вакульскага (не ад мяне, а як бы гэта вы самі скажаце), што гэты яго супольнік Сузін - вялікі гультай і пэўна хутка збанкрутуе: Перасцеражыце яго, пане, бо шкада чалавека… Усё ж Вакульскі, хоць і ступіў на няправільны шлях, заслугоўвае суперажывання…
- Што вы, пане, называеце няправільным шляхам? – пытаюся я.
- Ну, ведаеце, пане Жэцкі, - кажа ён, - хто ездзіць у Парыж, купляе караблі падчас непаразуменняў з Англіяй і гэтак далей, той, пане Жэцкі, не вызначаецца грамадзянскімі цнотамі.
- Пане даражэнькі, - кажу я, - а чым жа закуп караблёў адрозніваецца ад закупу хмелю? Хіба толькі большым заробкам…
- Ну, - кажа зноу ён, - пане Жэцкі, не будзем разважаць пра гэтыя матэрыі. Калі б гэта зрабіў хто іншы, то ў мяне не было нічога супраць гэтага, але Вакульскі!... Абодва мы ведаем усё ж яго мінулае, а я можа нават лепш, чым вы, бо неаднойчы святой памяці Хопфер рабіў у мяне праз яго закупы.
- Пан, - кажу я гэтаму купцу, - вы падазраеце Вакульскага?
- Не, пане, - кажа зноў ён, - я толькі перадаю, аб чым гаворыць увесь горад. Я не думаю, як найменш, шкодзіць Вакульскаму, асабліва праз вас, бо вы яго сябар (і слушна, бо я бачыў гэтага чалавека, калі ён быў іншы, чым цяпер), але… Прызнайцеся, пане, што гэты чалавек шкодзіць нашай прамысловасці… Я не раблю высновы пра яго патрыятызм, пане Жэцкі, але… шчыра вам скажу (бо з вамі я вымушаны быць шчырым), што гэтыя паркальчыкі з Масквы… Вы разумееце?..
Я быў разгневаны. Я усё ж экс-паручнік венгерскай пяхоты, але не магу аднак зразумець: чым паркаль нямецкі лепшы за маскоўскі? Але з маім купцом не было як згаварыцца. Так, бестыя, узнімаў бровы, так паводзіў плячыма, ды так раскідваў рукі, што ў канцы я падумаў, што ён вялікі патрыёт, а я - галган, хоць у той час, калі ён набіваў кішэні рублямі і імперыяламі, у мяне пару соцен куль праляцела над галавой…
Натуральна, што я расказаў аб гэтым Стаху, які выслухаў мяне і адказаў:
-          Супакойся, мой любы. Тыя самыя людзі, якія мяне асцерагаюць, што Сузін гультай, месяц таму пісалі Сузіну, што я збанкрутаваў, што я ашуканец і экс-паўстанец.
Пасля размовы з гэтым шаноўным купцом, якога я нават не успомню прозвішча, і пасля усіх ананімаў, якіх выслухаў, я вырашыў для сябе запісваць розныя выказванні, сказаныя добрымі людзьмі пра Вакульскага.
Дык вось тады на першае: Стах дрэнны патрыёт, бо таннымі паркалікамі сапсаваў крыху справы фабрыкантам з Лодзі. … Добра!... Паглядзім, што будзе далей.
У кастрычніку, якраз у той час, калі Матэйка скончыў маляваць Грунвальдскую бітву (гэта вялікая карціна і багатая, толькі не трэба яе паказваць салдатам, якія прымалі удзел у бітвах), заходзіць у магазін Марушэвіч, той, што сябар пані баранэсы Кшэшоускай. Бачу – магнат як скінуць вокам! На жываце, а хутчэй на тым месцы, дзе ў людзей звычайна жывот, залаты ланцужок ад гадзінніка таўшчынёй на паўпальца, а доўгі - што хоць сабаку на яго саджай. У гальштуку брыльянтавая шпілька, на руках новыя пальчаткі, на нагах новыя чаравікі, на усім целе (мізэрнае гэтае цельца, пашкадуй Божа!) новы гарнітур. Пры гэтым выраз твару, нібы адной ніткі не мае крэдыту, толькі усё за гатоўку. (Пазней Клейн, які жыве ў гэтым жа доме, растлумачыў мне, што Марушэвіч - гулец у карты і што ад пэўнага часу яму шчасціць).
Дык заходзіць жа мой франт у магазін у капелюшы на галаве, з эбенавай лясачкай у руцэ і, агледзеўшыся з непакоем (бо ў яго нейкі няўпэўнены позірк), пытаецца:
-          Пан Вакульскі ёсць?... Ах, пан Жэцкі!... На слоўца…
Мы зайшлі за шафы.
-          З выключнай навінай прыходжу, - кажа ён, чула паціскаючы мне руку. – Вы, пане, можаце прадаць сваю камяніцу, тую, пасля Ленцкага… Баранэса Кшэшоуска яе купіць. Ужо адсудзіла ад мужа свае капіталы і (калі здолееце старгавацца) дасць дзевяноста тысяч рублёў, і нават можа колькі адступнога…
Ён  пэўна заўважыў задавальненне на маім твары (мне гэта купля камяніцы ніколі не была па густу), бо сціснуў маю руку яшчэ мацней, наколькі такі здыхаль можа штосьці моцна зрабіць, і салодка ўсміхаючыся (млосна мне ад гэтай слодычы) пачаў шаптаць:
- Я магу вам, пане, аказаць паслугу… важную паслугу… Пані баранэса вельмі прыслухоўваецца да майго меркавання і… калі я… Тут ён злёгку закашляўся.
- Я разумею, - азваўся я, успамінаючы, з кім маю справу. – Пан Вакульскі напэўна не будзе пярэчыць адносна даручыцельства…
- Але ж, шаноўны пане, - усклікнуу ён, - што ж, тым хутчэй са станоўчай прапановай прыйдзе да вас  адвакат баранэсы. Зрэшты справа не ўва мне. Таго, што маю, мне хапае… Але я ведаю пэўную бедную сям’ю, якой па маёй рэкамендацыі вы, панове, захочаце штосьці…
- Калі ласка, пане, - перапыніў я яго, - мы абіраем выдаць  пэўную суму проста вам у рукі, калі натуральна справа дойдзе да выніку.
- О, калі дойдзе, я магу лічыць гэта сваім гонарам! – запэўніў пан Марушэвіч.
Паколькі аднак я насамрэч не даў яму слова, што ён атрымае даручыцельства, то ён хвіліну яшчэ пакруціўся па магазіне і пакінуў яго, пасвістваючы.
Вечарам ён паведаміў пра гэта Стаху; але ён пазбавіўся ад мяне маўчаннем, з-за чаго я задумаўся. Таму на другі дзень я пабег да нашага адваката (які разам з тым і адвакат князя) і паведаміў яму інфармацыю Марушэвіча.
-          Дае дзевяноста тысяч рублёў… - здзівіўся адвакат (гэта вельмі знакаміты чалавек). – Але ж, дарагі пане Жэцкі, цяпер камяніцы падвышаюцца ў цане, і нават на будучы год пабудуюцца амаль дзвесце новых дамоў… У гэтых умовах, дарагі пан Жэцкі, калі мы прададзім ім наш дом за сто тысяч рублёў, то зробім ім ласку: Пані баранэса вельмі рвецца да гэтай камяніцы (калі падобны выраз можна ўжываць аб дамах, настолькі тонкіх) і мы можам выцягнуць з яе нашмат большую суму, дарагі пане Жэцкі.
-          Я развітаўся са знакамітым адвакатам і вярнууся ў магазін, цвёрда вырашыўшы не умешвацца ў продаж камяніцы. Цяпер толькі, зрэшты не першы раз, прыйшло мне на думку, што Марушэвіч гэта вялікі франт. Цяпер жа я, супакоіўшыся настолькі, што магу сабраць думкі, апішу непрыемны працэс пані баранэсы з гэтым анёлам, з гэтай дасканалай жанчынай, пані Стаўскай: калі б я яго не апісаў, то праз год ці два не верыў бы ужо уласнай памяці, што магло здарыцца штосьці настолькі агіднае.
Запомні ж сабе тады, каханы Ігнацы, што пані баранэса  Кшэшоўска даўно ужо не магла зносіць пані Стаўскую, думаючы, што ўсе ў яе закаханыя, а па-другое, што тая ж пані баранэса хацела як мага танней купіць у Вакульскага камяніцу. Гэта два важныя факты, якіх значнасць толькі цяпер разумею. (Як я старэю, Божа міласэрны, як я старэю!...)
У пані Стаўскай ад часу знаёмства з ёй я бываў досыць часта. Не скажу, што кожны дзень. Часам раз у некалькі дзён, а часам і два разы на працягу дня. Я якраз і быў апекуном гэтай камяніцы, але гэта адно. Далей, я павінен быў давесці пані Стаўскай, што пісаў да Вакульскага ў справе адшукання яе мужа. Далей, выпала мне быць у яе з паведамленнем, што Вакульскі не даведаўся нічога станоўчага. Потым я наведаў яе, каб з вакон яе жытла даведацца аб звычаях  Марушэвіча, які наймаў флігель насупраць яе. Потым я павінен быў праверыць пані Кшэшоўску і яе стаўленне да тых студэнтаў, што жывуць над ёй і на якіх яна ўвесь час скардзілася.
Хтосьці чужы мог бы падумаць, што я бываю ў пані Стаўскай надта часта. Аднак я пасля глыбокай развагі дайшоу да пераканання, што бываў вельмі рэдка. У яе жытле у мяне быў дасканалы пункт агледзінаў усёй камяніцы, а пры гэтым мяне прыязна прымалі. Пані Місевічова (вядомая нам як маці пані Хелены), колькі разоў я ні прыходзіў, вітала мяне з распрасцёртымі абдымкамі, малая Хелечка ускоквала мне на калены, а сама пані Стаўска ажыўлялася, калі бачыла мяне, і гаварыла, што ў гэтыя гадзіны, якія я ў іх праводжу, забывае пра свае клопаты!...
Ці, бачачы падобную прыязнасць, мог я не бываць часта? Далібог, я думаю, што бываў надта рэдка і што калі б у мяне было менш рыцарскіх рысаў, то я вымушаны быў бы сядзець там ад ранку да вечара. Няхай бы нават пані Стаўская апраналася пры мне. Мне б гэта не шкодзіла.
Падчас гэтых візітаў я зрабіў некалькі важных заўваг.
Найперш тыя студэнты, з чацвёртага паверха фасаднай часткі, то былі сапраўды людзі неспакойнага духу. Да гадзіны другой пасля апоўначы  спявалі і крычалі, часам нават чуўся рык і ўвогуле імкнуліся выдаваць як мага больш гукаў нечалавечых. На працягу дня, калі хаця б адзін з іх быў дома, дарэчы, заўсёды быў які-небудзь з іх, калі толькі пані баранэса Кшэшоўска выхіляла галаву праз фортку (рабіла гэта больш дзесяці разоу на дзень), дык вось заўсёды ёй хто-небудзь патрапляў выліць зверху ваду на галаву.
Скажу нават, што паміж ёй і студэнтамі, што жылі над ёй, адбываліся пэўнага кшталту спаборніцтвы; яны грунтаваліся на тым, што яна, выглянуўшы праз фортку, імкнулася як найхутчэй схаваць галаву, а яны імкнуліся выліваць на яе ваду як найчасцей і як мага больш.
Вечарамі ж гэтыя маладыя людзі, над якімі ужо ніхто не жыў і ніхто не мог абліваць іх вадой, вечарамі яны склікалі да сябе прачак і служанак з усёй камяніцы. У гэты час у пакоі пані баранэсы чуліся крыкі і рыданні.
Другая мая заўвага адносілася да Марушэвіча, які жыў амаль візаві з пані Стаўскай. Чалавек гэты вядзе вельмі асаблівы лад жыцця, які вызначаецца незвычайнай рэгулярнасцю. Рэгулярна не плаціць арэнду. Рэгулярна кожную пару тыдняў выносяць мноства рэчаў з яго пакою: нейкія статуэткі, люстры, дываны, гадзіннікі… Але што найбольш цікава – таксама рэгулярна у пакой да яго прыносяць новыя люстры, новыя дываны, новыя гадзіннікі і статуэткі…
Пасля кожнага факту вынасу рэчаў пана Марушэвіча на працягу некалькіх наступных дзён можна бачыць ля аднаго са сваіх акон. Голіцца каля яго, прычэсваецца, напамажвае валасы фіксатуарам, нават апранаецца, кідаючы вельмі двузначныя позіркі у накірунку вокнаў пані Стаўскай. Але калі яго пакой напаўняецца новымі прадметамі выгоды і раскошы, у гэты час Марушэвіч зашторвае свае вокны на некалькі дзён.
Тады (не паверыце) паліцца ў яго днём і ноччу святло, а ў пакоі чутныя галасы вялікай колькасці мужчын, часам нават і жанчын…
Але што мне тыя чужыя справы!
Аднойчы, у пачатку лістапада, сказаў мне Стах:
-          Ты пэўна бываеш у гэтай пані Стаўскай?
Мне зрабілася горача.
-          Прабач, - усклікнуу я, - як мне гэта разумець?...
-          Звычайна, - адказаў. – Ты ж не робіш ёй візіты праз вакно, а праз дзверы. Зрэшты хадзі, як хочаш, і пры першай магчымасці скажы гэтым пані, што я атрымаў ліст з Парыжа…
-          Адносна Людвіка Стаўскага? – спытаў я.
-          Так.
-          Яго знайшлі нарэшце?
-          Яшчэ не, але ужо вось-вось, і спадзяюцца хутка вырашыць пытанне яго побыту.
-          Можа бядак памёр! – усклікнуу я, прыабдымаючы Вакульскага. – Я прашу цябе, Стах, - дадаў я, калі крыху астыў ад узрушэння, - зрабі ж мне ласку, наведай гэтых пані і сам паведамі ім навіну…
-          А што гэта я, магільшчык ці што, каб рабіць людзям такога кшталту прыемнасці? – абурыўся Вакульскі.
Калі аднак пачаў выкладаць, якія гэта прыемныя жанчыны, як дапытваліся: ці не наведае іх калі-небудзь?... а калі я яшчэ нагадаў, што варта акінуць вокам камяніцу, пачаў здавацца.
-          Так, мала я клапачуся пра гэту камяніцу, - сказаў ён, паводзячы плячыма, - прадам яе з дня на дзень…
Але даў сябе угаварыць, і мы паехалі туды каля першай апоўдні. На падворку я заўважыў, што вокны ў пакоі Марушэвіча старанна заштораныя. Відавочна ў яго ужо быў новы гартнітур мэблі.
Стах без увагі зірнуў на вокны дому і таксама без найменшай увагі слухаў маю справаздачу аб паляпшэннях.
Мы паслалі новую падлогу ў браме, падлаталі дахі, пафарбавалі сцены, мылі сходы штотыдня.
Словам, з закінутай зрабілі даволі прыстойную камяніцу. Усё было ў парадку, не выключаючы дзядзінец і вадаправод; усё – апрача аплаты каморных .
-          Зрэшты, - скончыў я, - большую інфармацыю пра каморныя раскажа табе твой распарадчы, пан Вірскі, за якім я зараз пашлю вартаўніка…
-          А не чапай ты мяне з гэтымі каморнымі ды з распарадчым, - буркнуў Стах. – Пойдзем ужо да гэтай самай пані Стаўскай ды вернемся ў магазін.
Мы зайшлі на другі паверх левага флігеля, дзе чуваць быў пах варанай каляровай капусты; Стах зморшчыўся, а я пастукаў да кухні.
-          Ёсць пані? – спытаў я ў пульхненькай кухаркі.
-          Яшчэ б іх не было, як вы прыходзіце, - адказала яна, прыжмурваючы вочы.
-          Ты бачыш, як нас прымаюць!... – шапнуў па-нямецку я Стаху.
У адказ той кіўнуу галавой і адставіў губу.
У салончыку маці пані Стаўскай, як звычайна, вязала панчоху; убачыўшы нас, узнялася крыху з крэсла і здзіўлена прыглядалася да Вакульскага.
З другога пакою выглянула Хелечка.
- Мама, - шапнула яна так гучна, што напэўна чуваць яе было на дзядзінцы, - прыйшоу пан Жэцкі і яшчэ якісьці пан.
У гэтую хвіліну  выйшла да нас і пані Стаўска.
Бачачы абедзвюх дам, я прамовіў:
- Наш гаспадар, пан Вакульскі, прыйшоў выказаць вам сваю павагу і расказаць пра навіну…
- Пра Людвічка?... – падхапілася пані Місевічова. – Ён жывы?...
Пані Стаўска пабляднела, а потым таксама хутка зачырванелася. Яна была ў гэтую хвіліну настолькі прыгожая, што нават Вакульскі вельмі уважліва пазіраў на яе, калі не з захапленнем, то, як найменш, з прыязнасцю. Я упэўнены, што у гэты момант ён закахаўся б у яе, калі б не той подлы пах каляровай капусты, што даносіўся з кухні.
Мы селі. Вакульскі запытаў іх, ці яны задаволены пражываннем тут, а потым паведаміў ім, што Людвік Стаўскі быў два гады таму ў Нью-Йорку, а потым пераехаў у Лондан пад чужым прозвішчам. Узгадаў таксама, што Стаўскі на той час быў хворы і што праз пару тыдняў магчыма атрымаць аб ім станоўчыя звесткі.
Слухаючы гэта, пані Місевічова некалькі разоў даставала хустачку… Пані Стаўска была больш спакойная, толькі пару слязін сцекла ў яе па твары. Каб прыхаваць узрушэнне, яна звярнулася з усмешкай да дачкі і прамовіла напаўголас:
-          Падзякуй, Хелечка, пану, што нам прынёс навіну пра татку.
Зноў слёзы ў яе бліснулі, але яна стрымалася. Тымчасам Хелечка зрабіла рэверанс перад Вакульскім, а потым прыгледзеўшыся да яго вялікімі вачыма, раптам абхапіла яго за шыю і пацалавала ў самыя вусны.
Я няхутка забуду пра тыя змены, якім падлегла фізіяномія Стаха ад такіх неспадзяваных пяшчот. Таму што, наколькі мне вядома, яшчэ ніколі не пацалавала яго ніводнае дзіця, таму ў першую хвіліну ён адхіснууся здзіўлены; потым абняў Хелечку за плечы, углядаўся ў яе з узрушэннем і пацалаваў яе галаву. Я пакляўся б, што вось-вось ён узнімецца з крэсла і звернецца да пані Стаўскай:
- “Дазвольце, пані, каб я замяніў бацьку гэтаму любаму дзіцяці…”
Але… не сказаў гэтага; апусціў галаву і паглыбіўся ў звычайны для яго роздум. Я аддаў бы палову майго гадавога заробку, каб даведацца: аб чым ён тады думаў? Можа аб панне Ленцкай?... Эх, зноў старасць… Што ж тая панна Ленцкая? нават параўноуваць з пані Стаўскай нельга!
Пасля пары хвілін маўчання Вакульскі спытаў:
-          Вы задаволеныя суседзямі?...
-          Гледзячы якімі, - адказала пані Місевічова.
-          Так, вельмі, - заўважыла пані Стаўская. Пры гэтым яна глянула на Вакульскага і зачырванелася.
-          Ці пані Кшэшоўска таксама добрая суседка? – спытаў Вакульскі.
-          О, пане!... – усклікнула пані Місевічова, узнімаючы палец уверх.
-          Гэта нешчаслівая жанчына, - перапыніла пані Стаўска. – Яна страціла дачку.
Гаворачы гэта, яна пакручвала ў пальцах ражок хустачкі і з-пад сваіх цудоуных вейкаў імкнулася пазіраць… ніяк не на мяне. Але павекі яе былі цяжкія, як волава, таму пані толькі чырванела усё мацней і рабілася усё больш сур’ёзнай, як калі б яе хто з нас абразіў.
-          А хто ж такі гэты пан Марушэвіч? – працягваў далей Вакульскі, нібы не думаючы нават пра прысутных дам.
-          Прайдзісвет, легкадумны чалавек… - хутка  адказала пані Місевічова.
-          Але ж не, мамачка, ён усяго толькі арыгінал! – паправіла яе дачка. У гэтую хвіліну ў яе былі вочы такія вялікія і зрэнкі такія расшыраныя, як пэўна ніколі раней не былі.
-          Ну а гэтыя студэнты, падобна, зусім невыносныя, - спытаў Вакульскі , пазіраючы на фартэпіяна.
-          Звычайная моладзь, - адказала пані Місевічова і гучна выцерла нос.
-          Ты бачыш, Хелечка, зноў адшпільваецца какардка, - прамовіла пані Стаўска, нахіляючыся да дачушкі, можа каб схаваць пэўнае пачуццё ад самой згадкі аб невыноснасці студэнтаў.
Надакучыў мне ужо Вакульскі сваёй размовай. Істотна, трэба быць напаўразумным, ці дрэнна выхаваным чалавекам, каб такую прыгожую жанчыну дапытваць аб суседзях! Я перастаў яго таксама слухаць і машынальна пачаў выглядваць на падворак.
І вось, што я убачыў… У адным з вакон Марушэвіча адхілілася ралета і праз аканіцу з боку можна было ўбачыць, што хтосьці пазірае на нас.
“Шпіёніць за намі гэты шаноўны пан!” – падумаў я. Я накіраваў позірк на трэці паверх фасада. Памерці ад смеху! … У найдалейшым пакоі пані баранэсы Кшэшоўскай абедзве форткі адчынены, а ў глыбіні відаць… яна сама, як прыглядаецца да пакою пані Стаўскай праз тэатральны ларнет.
“І не пакарае ж вось Пан Бог гэтую ведзьму…” – сказаў я сабе, упэўнены, што з гэтага ларнетавання вынікне некалі скандал. Я маліўся не дарэмна. Кара боская ужо вісела над галавой інтрыганкі, у выглядзе селядца, які з’яўляўся з-за форткі на чацвёртым паверсе. Селядца гэтага трымала якаясьці таямнічая рука, апранутая ў сіні рукаў з сярэбраным галонам, а над рукой праз некалькі секунд выхіляўся мізэрны твар са злоснай усмешкай.
Не патрабавалася мая прадбачлівасць, каб здагадацца, што быў гэта адзін з тых студэнтаў, хто не аплачвае каморных, які толькі і чакаў, каб з’ЯВІЛАСЯ баранэса ў фортцы і каб на яе скінуць селядзец.
Але баранэса была асцярожная, таму худы студэнт нудзіўся. Ён перакладаў падрыхтаванага селядца з адной рукі ў другую і пэўна для таго, каб забіць час, рабіў вельмі непрыстойныя міны, адрасаваныя дзяўчатам з парыжскай пральні.
Якраз, калі я думаў, што замах, які рыхтаваўся на баранэсу студэнтам з селядцом, нічым не скончыцца, Вакульскі ўзняўся з крэсла і пачаў развітвацца з дамамі.
-          Так хутка вы ужо пойдзеце! – прашаптала пані Стаўска і ў гэтую хвіліну вельмі збянтэжылася.
-          Можа, панове, будзеце так ласкавы бываць часцей…- дадала пані Місевічова.
Але вахлак Стах, замест таго, каб папрасіць пані, каб дазволілі яму бываць штодзень ці нават каб яго сталавалі (што я абавязкова сказаў бы, каб быў на яго месцы), гэты… гэты дзівак, спытаў, ці не патрэбны ім які рамонт у пакоі…
-          О, ужо усё, што было патрэбна, зрабіў шаноўны пан Жэцкі, - адказала пані Місевічова, звяртаючыся да мяне з прыязнай усмешкай. (Шчыра кажучы, нават  і не люблю я такіх усмешак ад асоб у пэўным веку).
У кухні Стах затрымаўся на секунду, відаць, раздражняў яго пах каляровай капусты, таму ён сказаў мне:
- Трэба было б тут усталяваць які-небудзь вентылятар ці што…
На сходах я не мог ужо вытрымаць і закрычаў:
- Калі б ты тут бываў часцей, то сам бы пазнаў, якія паляпшэнні належала б зрабіць у гэтым доме. Але якая табе справа да дому ці нават да такой пекнай жанчыны!
Вакульскі стаў у сенях і, пазіраючы на вадасцёкавую трубу, буркнуу:
- Гм!... калі б я пазнаў яе раней, то можа б і ажаніўся з ёй.
Пачуўшы гэта, я спазнаў дзіўнае адчуванне: быў задаволены і адначасова як бы мяне хто ў сэрца кальнуў.
- А так, дык ужо нават і не ажэнішся? – спытаў я.
- Хто ведае?... – адказаў ён. – Можа і ажанюся… Але не з ёй.
Пачуўшы гэта, я спазнаў яшчэ больш дзіўнае пачуццё; мне было шкада, што пані Стаўска не атрымае Стаха як мужа, і адначасова нібыта мне хто зняў цяжар з грудзей.
Ледзьве мы выйшлі на дзядзінец, гляджу, а пані баранэса выхіляецца са сваёй форткі і кліча, відавочна, нас:
-          Панове!... Калі ласка!...
Раптам душараздзіраючым голасам крыкнула: “Ах, нігілісты…”, і знікла ў глыбіні пакою.
Адначасова за некалькі крокаў ад нас упаў на падворак селядзец, на якога вартаўнік кінууся з такой драпежнасцю, што нават мяне не заўважыў.
-          Вы не зайдзеце да пані баранэсы? – спытаў я Стаха. – Яна, здаецца, мае да цябе справу.
-          Няхай яна толькі мяне не чапае! – адказаў ён, махнуўшы рукой.
На вуліцы ён паклікаў дрожкі і мы вярнуліся ў магазін, не размаўляючы адзін з адным. Аднак я быў перакананы, што ён думаў пра пані Стаўску і што калі б не гэтая подлая каляровая капуста…
Я быў сам не свой, такі заклапочаны, што зачыніў магазін і пайшоу на піва. Сустрэў там саветніка Вэнгровіча, які увесь час вешае сабак на Вакульскага, але мае вельмі шчаслівыя планы палітычныя… і мы спрачаліся з ім да апоўначы. Вэнгровіч мае рацыю: істотна відаць з газет, што ў Еўропе штосьці закручваецца. Хто ведае, ці пасля Новага Года малы Напалеончык (называюць яго Лулу, зробіць ён вам лулу!) не пераедзе з Англіі ў Францыю… Прэзідэнт Макмахон за ім, ксёндз Бралье за ім, народу большасць за ім… Можна было б зрабіць заклад, што застанецца царом як Напалеон IV, а на вясну пачне танец з Германіяй. Цяпер жа Германія не пойдзе на Парыж; не ўдаецца два разы адзін і той жа спектакль.
Дык вось жа… Што я хацеў сказаць?... Ага! На працягу трох, можа чатырох дзён пасля нашага візіту да пані Стаўскай прыходзіць Стах у магазін і падае мне ліст, але адрасаваны яму.
- Ну, прачытай, - сказаў ён са смехам.
Я адкрыў – чытаю:
“Пане Вакульскі! Выбачай, што не называю цябе шаноўным, але цяжка называць так чалавека, ад якога ужо усе адварочваюцца з агідай. Няшчасны чалавек! Вы яшчэ не рэабілітаваліся па сваіх ранейшых учынках, а ужо ганьбіце сябе новымі. Сёння ні аб чым больш не гаворыць увесь горад, толькі пра вашы візіты да такой жанчыны, якая так дрэнна сябе паводзіць… пані Стаўскай. Ужо не толькі сустракаешся з ёй у горадзе, не толькі закрадаешся да яе па начах, што б яшчэ даказвала, што не цалкам сорам страціў, але нават наведваеш яе белым днём, нягледзячы на слуг, моладзь і прыстойных жыхароў гэтай скампраметаванай камяніцы.
Не думай, аднак, няшчасны, што адзін толькі ты раман з ёй круціш. Дапамагае табе яшчэ твой распарадчы, гэты жабрак Вірскі, і гэты ссівелы ў распусце твой павераны ў справах Жэцкі.
Я павінна дадаць, што Жэцкі не толькі зводзіць у цябе тваю каханку, але яшчэ абкрадае цябе ў даходах з дому: бо пазніжаў каморныя некаторым жыхарам, а перадусім гэтай Стаўскай. У выніку гэтага дом твой ужо нічога не варты, ты сам стаіш над берагам бездані і сапраўды вялікую б зрабіў табе ласку высакародны дабрадзей, які б захацеў купіць гэтыя руіны пасля Ленцкіх з малой для сябе стратай.
Калі б усё ж знайшоўся такі дабрадзей, то пазбудзься ж цяжару, вазьмі з удзячнасцю, што табе даюць, і уцякай за мяжу, перш, чым справядлівасць чалавечая закуе цябе ў кайданы і кіне ў падзямелле: Глядзі за сабой!... будзь асцярожны!... і паслухай парады добрага сябра”.
-          Ну і экземпляр, згадзіся? – запытаў Вакульскі, заўважыўшы, што я ужо скончыў чытанне.
-          Няхай яе чэрці возьмуць! – усклікнуу я, скеміўшы, што ён кажа пра аўтарку ліста. – Я, паводле яе слоў, ссівеў у распусце!... Я злодзей!... Я кручу раман!... Праклятая ведзьма…
-          Ну, ну, супакойся, бо я ўжо бачу яе адваката, - прамовіў Стах.
Сапраўды, у гэтую хвіліну увайшоу у магазін чалавек у старым футры, вылінялым цыліндры і вялізных калошах.
Ён увайшоу, разгледзеўся як агент следчы, спытаў пра Клейна, калі будзе пан Вакульскі, потым раптам паказаў нам, што нас па меншай меры заўважае, і наблізіўшыся да Стаха, шапнуў:
-          Вы пан Вакульскі? Ці магу я з вамі караценька перамовіцца з вока на вока? Стах міргануў мне, і мы пайшлі утрох у мой пакой. Госць распрануўся, пры чым я заўважыў, што яго сподні яшчэ больш выцертыя, а барада яшэ больш паедзена моллю, чым футра.
-          Я прадстаўлюся панам, - прамовіў ён, выцягваючы да Вакульскага правую, а да мяне левую руку.  – Я адвакат…
Тут ён вымавіў прозвішча і – так і застаўся з рукамі ў паветры. Бо дзіўным чынам так супала, што ані Стах, ані я не мелі ахвоты паціскаць яму руку.
Ён зразумеў гэта, але не збянтэжыўся. Да таго ж, з выразам найлепшага настрою ён пацёр рукі і прамовіў, смеючыся:
-          Вы нават не пытаецеся: якая мяне сюды справа прывяла.
-          Мы здагадваемся, што вы сам скажаце, пане, - адказаў Вакульскі.
-          Праўда! – усклікнуў госць. – Дык вось жа скажу коратка. Ёсць тут адзін багаты, але вельмі скупы ліцвін (ліцвіны вельмі скупыя!), які прасіў мяне, каб я яму нагледзеў для набыцця якую-небудзь камяніцу. На ўвазе іх у мяне з пятнаццаць, але з-за павагі да вас, пане Вакульскі, бо ведаю, што вы робіце для краіны, нагледзеў яму вашу, гэтую, што пасля Ленцкага, і пасля двухтыднёвай працы над ім столькі зрабіў, што гатовы даць… Здагадайцеся, панове: колькі?... Восемдзесят тысяч рублёў… Ну што?... Выгадная справа. Ці няпраўда?...
Вакульскі зачырванеўся ад гневу, і я з хвіліну думаў, што ён выкіне госця за дзверы. Аднак Стах стрымаўся і  адказаў, але ужо тым сваім тонам, вядомым як востры і непрыязны:
-          Я ведаю гэтага ліцвіна, ён завецца баранэса Кшэшоўска.
-          Што?... – здзівіўся адвакат.
-          Гэты скупы ліцвін дае не восемдзесят, але дзевяноста тысяч за мой дом, вы ж прапануеце мне больш нізкую цану, каб больш зарабіць…
-          Хе! Хе! Хе!... – пачаў смяяцца адвакат. –Хто ж бы інакш рабіў, шаноўны пане Вакульскі?
-          Скажыце пане свайму ліцвіну, - перапыніў яго Стах, што я прадам камяніцу, але за сто тысяч рублёў. І гэта да Новага Года. Пасля Новага Года цану я падніму.
-          Але ж гэта не па-людску, тое, што вы кажаце!... – выбухнуў госць. Вы хочаце з гэтай няшчаснай жанчыны садраць апошні грош… Што свет на гэта скажа, падумайце, пане!...
-          Што скажа свет, пра гэта я не думаю, - прамовіў Вакульскі.  – А калі захоча мяне павыхоўваць, так як вы, пане, то я скажу: вось Бог, а вось парог. Вось там і парог, і дзверы, бачыце, пане адвакат?
-          Я даю вам дзевяноста дзве тысячы рублёў і ані гроша больш, - адказаў адвакат.
-          Дык можа апраніце футра, бо змерзнеце на дзядзінцы…
-          Дзевяноста пяць… - выпаліў адвакат і хутка пачаў апранацца.
-          Што ж, бывайце, пане… - прамовіў Вакульскі, адчыняючы дзверы. Адвакат нізка пакланіўся і выйшаў, з-за парога ж дадаў салодкім голасам:
-          То я прыйду праз пару дзён. Можа шаноўны пан будзе ў лепшым гуморы...
Стах зачыніў дзверы ў яго перад носам.
Пасля візіту надакучлівага адваката я ужо ведаў, што думаць. Пані баранэса з пэўнасцю купіць камяніцу Стаха, але спачатку выкарыстае усе сродкі, каб штосьці ўтаргаваць. Ведаю я гэтыя сродкі! Адным з іх быў гэты вось ананімны ліст, у якім яна узводзіць паклёп на пані Стаўску, а пра мяне кажа, што я ссівеў у распусце!..
Калі купіць камяніцу, то перадусім выганіць з яе студэнтаў, а напэўна і бедную пані Хелену. Калі ж бы хоць на гэтым абмежавала сваю нянавісць…
Цяпер я ужо магу расказваць хутка пра ўсе падзеі, якія пазней наступілі.
Дык вось пасля візіту гэтага адваката у мяне узнікла дрэннае прадчуванне. Я вырашыў яшчэ сёння наведаць пані Стаўску і перасцерагчы яе, каб яна была падрыхтавана адносна баранэсы. Як найменш, каб радзей сядзела ля вакна.
Бо гэтыя ж пані, нягледзячы на ўсе аздабляючыя іх даброці, маюць фатальную звычку увесь час сядзець ля вакна. Пані Місевічова сабе, пані Стаўска сабе, Хелечка сабе і нават кухарка Марыяна таксама сядзіць. І не дастаткова таго, што сядзяць увесь дзень, дык яшчэ сядзяць вечарамі пры лямпах і нават не закрываюць ралетаў, хіба толькі перад тым, як пайсці адпачываць. Таму відаць усё, што адбываецца ў іх пакоі, як у ліхтары.
Для прыстойных суседзяў такі спосаб правядзення часу быў бы найлепшым доказам іх шляхетнасці: паказваюцца усім увесь дзень, бо не маюць чаго хаваць. Калі сабе аднак прыгадаў, што гэтыя жанчыны увесь час пад наглядам Марушэвіча і пані баранэсы, і калі яшчэ падумаў, як баранэса ненавідзіць пані Стаўску – ахапілі мяне найгоршыя прадчуванні.
У той самы вечар я хацеў пабегчы да маіх шляхетных сябровак і папрасіць дзеля ўсіх святых, каб так доўга не сядзелі ля вакон і не падпадалі такім чынам пад высочванне баранэсы. Тымчасам  акурат а палове дзевятай я захацеў піць і – замест ісці да маіх сябровак, я пайшоу на піва.
Быў ужо там распарадчы Вэнгровіч і Шпрот, гандлёвы агент. Якраз гаварылі штосьці аб гэтым доме, што разваліўся на вуліцы Вспульнай, калі раптам Вэнгровіч ударае сваім куфлем па маім куфлі і кажа:
-          Не адзін яшчэ дом разваліцца перад Новым Годам!
І Шпрот падміргнуў.
Мне не падабалася яго падміргванне, бо я ніколі не любіў пераміргвацца з амаль што блазнамі, таму я пытаюся:
-          Што ж гэта, пане, мусяць азначаць вашы грымасы?
Ён смяецца нібы прыдуркавата і кажа:
-          Дык вы ж ведаеце лепш, чым я, што гэта значыць. Вакульскі прадае магазін…
Пакуты Хрыста!... Як я яму не трэснуў куфлем па ілбе, дзіўлюся з сябе самога. На шчасце, я стрымаў першае пачуццё, выпіў два куфлі піва адзін за адным і пытаюся ў яго зусім спакойным голасам:
-          А навошта ж Вакульскаму магазін прадаваць і каму?
-          Каму?... – выкрыквае Вэнгровіч. – Ці ж мала яўрэяў у Варшаве? – Складуцца утрох, а бадай і удзесяцёх, і запаршывяць Кракаўскае Прадмесце з ласкі яснавяльможнага пана Вакульскага, які валодае уласным экіпажам і ездзіць да арыстакратаў на летнія вакацыі. Мой Божа!... я памятаю, як гэтае бядацтва мне падавала разбратэль у Хопфера… Няма як цяпер ездіць на вайну і вытрасаць турэцкія кішэні.
-          Але чаму б яму прадаваць магазін? – пытаю я, шчыплючы сваё калена, каб амаль што не вылаяць гэтага дзеда.
-          Добра робіць, што прадае! – адказаў Вэнгровіч, узяўшыся за ўжо не ведаю які па ліку куфаль піва. – Што яму рабіць сярод купцоў, такому пану, такому… дыпламату, такому… наватару, што нам сюды новыя тавары пастаўляе?...
-          Мне падаецца, што ёсць іншая прычына, - заўважыў Шпрот. -  Вакульскі клапоціцца аб панне Ленцкай, і хоць адразу атрымаў адварот-паварот, аднак сёння зноў там бывае, таму напэўна мае планы… А што панна Ленцка не пайшла б за галантэрэйнга купца, хоць бы ён быў дыпламатам і наватарам…
Перад вачыма маімі пачалі праносіцца маланкі. Я ударыў куфлем аб стол і крыкнуў:
- Вы хлусіце, пане, усё, пане, хлусіце, пане Шпрот!... А вось гэта мой адрас… - дадаў я, кідаючы яму візітоўку на стол.
- Што вы, пане, даеце мне адрас? – адказаў Шпрот. – Я павінен вам даслаць партыю корту ці што?...
- Я жадаю ад вас сатысфакцыі, - крыкнуў я, увесь час лупячы па стале.
- Шахер-махер! – кажа Шпрот і круціць пальцам у паветры. – Лёгка вам жадаць сатысфакцыі, бо вы венгерскі афіцэр. Забіць чалавека ці нават двух ці самому даць сябе пасячы, то вось у вас і  хлеб з маслам… Але я , пане, гандлёвы агент, у мяне жонка, дзеці і тэрміновыя справы…
- Я прымушу вас да паядынку!
- Што мне тое ваша “прымушу”?... Пугай мяне, пане, пагоніце ці што?... А калі б вы, пане, мне штосьці падобнае сказалі на цвярозую галаву, то я пайшоу бы ва ўчастак і далі б тады вам, пане, такі паядынак…
- У вас няма гонару! – усклікнуў я.
Цяпер ён пачаў лупіць па стале.
-          У каго няма гонару?... Вы каму гэта кажаце?... Ці я не плачу па вэкслях ці даю дрэнны тавар, ці можа я банкрут?... Паглядзім у судзе, у каго ёсць гонар!...
-          Супакойцеся! – прасіў распарадчы Вэнгровіч. – Паядынкі былі модныя раней, не цяпер… Падайце адзін аднаму рукі…
Я узняўся з-за стала, які быў заліты півам, заплаціў у буфеце і выйшаў. Нага мая не ступіць у гэту подлую трушчобу…
Натуральна, што пасля такога ўзрушэння я не мог ужо пайсці да пані Стаўскай. Спярша думаў нават, што усю ноч спаць не буду. Але неяк заснуў. А калі Стах прыйшоу на другі дзень у магазін, я спытаў яго:
-          Ведаеш, што кажуць?... Што ты магазін прадаеш?...
-          А хоць бы і прадаў, што ў гэтым дрэннага?
(Праўда! Што ж у гэтым было дрэннага?... Што ж гэта мне такая простая думка не прыйшла на розум.)
-          Але ж бачыш, - прашаптаў я, - кажуць яшчэ, што ты жэнішся з паннай Ленцкай…
-          Калі б і так… Дык і што ж? – адказаў ён.
(Насамрэч, мае рацыю! Што ж гэта, яму нельга ажаніцца з кім хоча, нават з пані Стаўскай?... Вось зноў я не зарыентаваўся і без патрэбы зрабіў авантуру гэтаму Шпроцішчу.)
Натуральна, паколькі гэтым вечарам я павінен пайсці не так на піва, але каб пагадзіцца з незаслужана абражаным Шпротам, таму зноў не быў у пані Стаўскай і не перасцярог яе, каб не сядзела увесь час ля вакна. Таму не без прыкрасці я даведаўся, што да Вакульскага сярод купцоў узрастае непрыязнасць, што магазін наш будзе прададзены і што Стах жэніцца з пані Ленцкай. Гэта я кажу: жэніцца, бо ён, не маючы на гэты конт пэўнасці, не выказваўся б так станоўча, нават пры мне.
Сёння я ужо пэўна ведаю, па кім ён сумаваў у Балгарыі, для каго зубамі і кіпцюрамі здабываў уласнасць… Так, воля боская!...

Ну і паглядзіце, як я адыходжу ад прадмету расповеду. Але цяпер вось ужо дбайным чынам займуся авантурай пані Стаўскай і раскажу з хуткасцю бліскавіцы.