воскресенье, 8 февраля 2015 г.

Б. Прус ЛЯЛЬКА ТОМ 1 Раздзел 1 Як выглядае фірма "Я.Мінцаль і С. Вакульскі" праз шкло бутэлек?

У пачатку 1878 года, калі палітычны свет  займаўся сан-стэфанскім мірам, выбарам новага папы ці шансамі еўрапейскай вайны, варшаўскія купцы, а таксама інтэлігенцыя пэўнай ваколіцы Варшаўскага Прадмесця не менш горача цікавіліся будучым  галантарэйнага склепу пад назвай "Я.Мінцаль і С.Вакульскі". У прэстыжнай рэстарацыі, дзе вечарамі збіраліся ўласнікі складоў бялізны і вінных паграбкоў, вытворцы экіпажаў і капелюшоў, важныя бацькі сямействаў, якія ўтрымлівалі сябе з уласных фондаў і простыя ўласнікі дамоў без занятку, таксама шмат размаўлялі аб узбраенні Англіі, як і аб фірме "Я. Мінцаль і С. Вакульскі".  
Патануўшы ў клубах дыму цыгар і нахіліўшыся над бутэлькамі з цёмнага шкла, жыхары гэтай ваколіцы спрачаліся: адны - ці выйграе, ці прайграе Англія, іншыя - пра банкруцтва Вакульскага; адны называлі геніем Бісмарка, іншыя – авантурнікам - Вакульскага; адны крытыкавалі ўчынкі Мак-Магона, іншыя сцвярджалі, што Вакульскі поўны вар’ят, калі не горш…
Пан Дэклеўскі, вытворца экіпажаў, які маёмасцю і пасадай быў абавязаны цяжкай працы ў адной галіне, таксама саветнік Вэнгровіч, які ўжо дваццаць гадоў быў членам-апекуном аднаго і таго ж самага Таварыства Дабрачыннасці, ведалі С. Вакульскага даўней за ўсіх і найгучней прадказвалі яму заняпад.
– Заняпадам бо і неплацяжаздольнасцю, - казаў пан Дэклеўскі – павінен скончыць чалавек, які не трымаецца адной галіны і не ўмее падзякаваць дарам ласкавай фартуны.
Саветнік жа Вэнгровіч пасля кожнай глыбакадумнай сентэнцыі свайго таварыша дадаваў:
-       Вар’ят! Вар’ят!... Авантурнік!.... Юзэк, прынясі-тка яшчэ піва. А якая гэта бутэлька?
-       Шостая, пане саветнік! Я як найхутчэй!... – адказваў Юзэк.
-       Ужо шостая?... Як гэты час мінае!... Вар’ят! Вар’ят! – бурчаў саветнік Вэнгровіч.
     Для асоб, якія сілкаваліся ў той жа рэстарацыі, што і саветнік, для яе ўласніка, служачых і гарсонаў прычыны няшчасцяў, якія павінны былі спасцігнуць С.Вакульскага і яго галантэрэйную лаўку, былі такія ясназразумелыя, як газавыя агеньчыкі, якія асвятлялі залу рэстарацыі. Прычыны гэтыя хаваліся ў неспакойным характары, у авантурніцкім жыцці, дарэчы,як і ў апошнім учынку чалавека, які, маючы ў руках пэўны кавалак хлеба і магчымасць наведвацца часта да гэтай звычайнай ужо для яго рэстарацыі, дабраахвотна адрокся ад усяго, склеп пакінуў на боскую апеку, а сам з усёй наяўнасцю, што засталася пасля жонкі, паехаў на турэцкую вайну зарабляць.
-       А можа і заробіць… Пастаўкі для войска - гэта справа прыбытковая, - заўважыў пан Шпрот, гандлёвы агент, які быў тут рэдкім госцем.
-       Нічога не заробіць, - адказаў пан Дэклеўскі, - а тым часам добрае месца чэрці зруйнуюць. На пастаўках багацеюць толькі яўрэі і немцы; у нашых на гэта не хапае розуму.
-       А можа ў Вакульскага хапае?
-       Вар’ят! Вар’ят! – буркнуў саветнік. – Падай-тка, Юзэк, піва. Якая гэта?...
-       Сёмая бутэлечка, пане саветнік. Як найхутчэй!
-       Ужо сёмая?... Як гэты час мінае, як гэты час мінае…
Гандлёвы агент, які паводле абавязкаў сваёй пасады павінен быў мець пра купцоў усебаковыя і вычарпальныя звесткі, перанёс свае бутэльку і шклянку на стол саветніка і, зазіраючы у яго вочы са слязьмі, спытаў паніжаным голасам:
-       Я прашу прабачэння, але… чаму пан саветнік называе Вакульскага вар’ятам?... Можа магу падаць цыгарку… Я трохі ведаю Вакульскага. Заўсёды здаваўся мне чалавекам няпростым і гордым. У купца няпростасць – выдатная рыса, а гордасць – недахоп. Але каб Вакульскі меў схільнасць да вар’яцтва, гэтага я не заўважыў.
Саветнік прыняў цыгару без відавочных прыкмет удзячнасці.
Яго ружовы твар, абкружаны пукамі сівых валасоў над ілбом, на барадзе і на шчоках, быў у гэту хвіліну падобны да халцэдону у сярэбранай аправе.
- Я называю яго, - адказаў паволі абкусваючы і запальваючы цыгару, - называю яго вар’ятам, бо ведаю яго гадоў… Пачакай-ка… пятнаццаць…семнаццаць… васемнаццаць… Было гэта ў годзе 1860… Харчаваліся мы тады ў Хопфера. Ці ведалі вы Хопфера?...
- Фі…
- Вось жа Вакульскі быў тады ў Хопфера служачым, і было яму ўжо каля дваццаці з лішкам гадоў.
- У гандлі віном і дэлікатэсамі?
- Так. І як сёння, Юзэк, так ён у гэты час падаваў мне піва, зразы нельсанскія… І з гэтай галіны перайшоў да галантэрэі, – заўважыў агент.
- Пачакайце, пане, - перапыніў саветнік. – Перайшоў, але не ў галантэрэю, а ў Школу Падрыхтоўчую, а потым у Школу Галоўную, разумееце, пане?... Захацелася яму быць вучоным!...
Агент пачаў ківаць галавой, выказваючы такім чынам здзіўленне.
- Вось ды ну, - сказаў ён. – І як яму гэта на розум прыйшло?
- Ну як! Звычайна – стасункі з Акадэміяй медыцынскай, са Школай Мастацтваў… Тады ва ўсіх было гэта ў галовах, а ён не хацеў быць горшым за іншых. Днём служыў гасцям пры стойцы і падводзіў рахаванне, а ноччу вучыўся…
- Добра ён відаць прыслужваў.
- Так, як і іншыя, - адказаў саветнік, неахвотна махнуўшы рукой. – Толькі што падчас аказання паслуг быў, бестыя, неласкавы; на самае нявіннае слоўка крывіўся так, нібы яго пабілі… Зразумела, мы пацяшаліся над ім, колькі маглі, а ён найбольш гневаўся, калі называў яго хто панам доктарам. Аднойчы так давёў госця, што амаль абодва не пабіліся.
- Натуральна, што гандаль ад гэтага цярпеў.
- Увогуле не! Бо калі па Варшаве разышлася вестка, што  служачы Хопфера хоча паступіць у Школу Падрыхтоўчую, народ пачаў туды прыходзіць на снеданне. Асабліва ішло студэнцтва.
- І пайшоў усё ж у Школу Падрыхтоўчую?
- Пайшоў і нават здаў экзамен у Галоўную Школу. Ну, але што скажаце, пане, - працягваў саветнік, пляснуўшы агента па калене, – што замест таго, каб вучыцца да канца, праз няпоўны год ён кінуў школу…
- Што ж ён рабіў?
- Ну, што… Варыў разам з іншымі піва, якое да сённяшняга дня п’ём, і сам у выніку аказаўся аж дзесьці каля Іркуцка.
- Нішто сабе, пане! – уздыхнуў гандлёвы агент.
- На гэтым не канец… У 1870 годзе ён вярнуўся ў Варшаву з невялікім фондам. На працягу паловы года шукаў занятак, далёка абмінаючы гандаль карэнны, які і да сённяшняга дня ненавідзіць, аж нарэшце па пратэкцыі свайго сённяшняга дыспанента, Жэцкага, трапіў у лаўку да Мінцаліхі, якая акурат стала ўдавой, і – праз год ажаніўся з гэтай жанчынай, нашмат старэйшай за яго.
- Гэта не было глупствам, - заўважыў агент.
- Пэўна. Адным разам ён здабыў сабе побыт і занятак, на якім мог спакойна працаваць да канца жыцця. Але ж і меў ён крыж Боскі з ёю! Яны гэта ўмеюць.
- Яшчэ як! – працягваў саветнік. – Глядзі ж аднак, што значыць шчасце. Паўтара года таму жанчына аб’елася чагосьці і памерла, а Вакульскі пасля чатырохгадовай катаргі стаў вольны, як птушка, з багатым склепам і трыццаццю тысячамі рублёў наяўнасці, на якую працавалі два пакаленні Мінцаляў.
- Яму шчасціць.
- Шчасціла, - паправіў саветнік. – але не ўшанаваў тое шчасце. Іншы на яго месцы ажаніўся б з якой-небудзь паважанай паненкай і жыў бы ў дастатку; бо што  гэта, пане, сёння значыць - лаўка з рэпутацыяй і ў дасканалым месцы!... Гэты ж вар’ят кінуў усё і паехаў зарабляць на вайне. Мільёнаў яму захацелася ці якога д’ябла.
- Можа і заробіць, - азваўся агент.
- Эге! – жахнуўся саветнік. – Дай-ка, Юзэк, піва. Ты думаеш, што ў Турцыі знойдзе яшчэ больш багатую даму, чым нябожчыца Мінцалёва?... Юзэк!...
- Як найхутчэй!... Едзе восьмая…
- Восьмая? – пераспрасіў саветнік – гэтага быць не можа. Зараз… Перад гэтым была шостая, потым сёмая… - бурчаў ён, закрываючы твар далонню. – Можа быць і восьмая. Як гэты час мінае!...
Нягледзячы на разумныя прадказанні людзей, якія цвяроза пазіраюць на рэчы,  галантарэік пад назвай "Я. Мінцаль і С. Вакульскі" не толькі не заняпаў, але нават прыносіў дробныя заробкі. Грамадства, зацікаўленае пагалоскамі аб банкруцтве, усё больш наведвала гэты склеп, а ад часу, калі Вакульскі пакінуў Варшаву, пачалі прыязджаць па тавары расійскія купцы. Замаўленні памнажаліся, крэдыт за мяжой існаваў, вексэлі аплочваліся рэгулярна, а галантарэік раіўся ад гасцей, якіх ледзьве маглі абслужыць тры спрадаўцы: адзін - дробны бландын, які выглядаў, нібы штогадзіны паміраў ад сухот, другі - шатэн з барадой філосафа і рухамі караля і трэці - франт, які насіў забойчыя для прыгожай паловы вусікі,  а пах ад яго быў, як ад хімічнай лабараторыі.
Аднак ні цікавасць грамадзян, ні фізічныя і духоўныя рысы трох спрадаўцаў, ні нават сталая рэпутацыя склепа можа не забяспечыла б яе ад заняпаду, калі б не распараджаўся тут саракагадовы даўны працаўнік фірмы, сябар і намеснік Вакульскага, пан Ігнацы Жэцкі.







1 комментарий:

Natallia Supei комментирует...

Пераклад прысвечаны светлай памяці маёй выкладчыцы - К.М.Гулумянц, у якой гэты твор быў адным з улюбёных.

Отправить комментарий