суббота, 10 марта 2018 г.

Б.Прус Лялька том1 раздзел 14 Дзявочыя мары


Раздзел 14
Дзявочыя мары


Ад Вялікадня панна Ізабэла часта думала пра Вакульскага, і ва ўсіх роздумах уражвала яе незвычайная дэталь: чалавек гэты уяўляўся штораз інакш.
Панна Ізабэла мела шмат знаёмых і немалую здольнасць характарызаваць людзей.  Дык вось кожны з яе ранейшых знаёмых валодаў той асаблівасцю, што можна яго было апісаць адным сказам. Князь быў патрыётам, яго адвакат – вельмі спрытны, граф Ліціньскі падобны да англічаніна, яе цётка была гордая, удава старшыні – добрая, Ахоцкі – дзівак, а Кшэшоўскі – карцёжнік. Словам: чалавек – была гэта якаясьці рыса ці якасць , часам заслуга, найчасцей тытул ці багацце, у якога была галава, рукі, ногі і апранаўся ён больш ці менш модна.
Толькі ў Вакульскім яна вынайшла не толькі новую асаблівасць, але неспадзяваную з’яву. Яго немагчыма было акрэсліць адным словам, і нават сотняй слоў. Ён таксама не быў ні да каго падобны, а калі ўвогуле можна яго было з чымсьці параўноўваць, то хіба з якойсьці ваколіцай, праз якую едзеш увесь дзень і дзе сустракаюцца раўніны і горы, лясы і лугі, воды і пустыні, вёскі і гарады. І дзе яшчэ, з-за туману гарызонта, з’яўляюцца нейкія няпэўныя віды, ужо непадобныя да ніводнай вядомай рэчы. Ахоплівала яе здзіўленне і яна пытала ў сябе: ці гэта гульня узрушанай імажынацыі, ці сапраўды нечалавечая істота, і як найменш – не салонная?
Тады яна пачала сабе узгадваць уражанні, якія адчула. Першы раз – увогуле яго не бачыла, адчула толькі, што набліжаецца нейкі вялізны цень.
Быў хтосьці, хто кінуў пару тысяч рублёў на дабрачыннасць і на прытулак яе цёткі; потым хтосьці гуляў з яе бацькам у карты ў клубе і штодзень прайграваў; потым хтосьці, хто выкупіў векселі бацькі (можа гэта не Вакульскі?...), потым яе сервіз, а затым даставіў розныя рэчы для аздаблення касцёла.
Гэты хтосьці быў дзёрзкі нуварыш, які ужо год як лавіў яе позіркі ў тэатрах і на канцэртах. Гэта быў цынічны нахабнік, які зрабіў багацце на падазроных спекуляцыях для таго, каб купіць сабе рэпутацыю ў людзей, а яе, панну Ізабэлу Ленцкую, у бацькі!...
З гэтага часу яна памятала толькі яго груба выцесаную фігуру, чырвоныя рукі і суровае абыходжанне, якое побач з далікатнасцю іншых купцоў здавалася невыносным, а на фоне веераў, сакваяжаў, парасонаў, кіёў і падобных да таго галантэрэйных рэчаў – па-просту смешным. Гэта быў хітры і нахабны купчык, які ў сваім магазіне хацеў быць падобным да адстаўнога міністра. Ён бый ёй агідны, нават смяротна ненавісны, асабліва калі палічыў годным аказваць ім дапамогу ў выглядзе пакупкі сервізу ці прайграных грошай у карты з бацькам.
Сёння яшчэ думаючы пра гэта, панна Ізабэла надрывала на сабе сукенку.
Часам, упаўшы на шэзлонг, яна біла кулакамі спружыны і шаптала:
-       Нікчэмнік!... нікчэмнік!...
Сам від нястачы, у якой знаходзіўся яе дом, ужо напаўняў яе роспаччу.
А што ж, калі хтосьці трапіў за заслону яе самых схаваных таямніц і смеў залечваць раны, якія схавала б перад самім Богам. Усё магла б прабачыць, апрача гэтага ўдару, які нанесены яе гордасці.
Тут адбылася змена дэкарацыі. Выступіў іншы чалавек, які без ценю двузначнасці сказаў ёй у вочы, што купіў сервіз, каб зрабіць на ім прыбытак. Бо ён адчуваў, што панну Ізабэлу падтрымліваць нельга, і калі б гэта нават зрабіў, то не толькі не шукаў бы розгаласу ці ўдзячнасці, але нават – не смеў бы думаць пра гэта.
Гэты самы чалавек выгнаў з магазіна Мрачэўскага, які дазволіў сабе зласліва пра яе гаварыць. Дарэмна ворагі панны Ізабэлы, барон і баранэса Кшэшоўскія, заступаліся за гэтага юнака; дарэмна клапацілася пра яго графіня цётка, якая рэдка была ўдзячная, і яшчэ радзей прасіла. Вакульскі не саступіў… Толькі адно слоўка яе, панны Ізабэлы, пераканала неўгінальнага чалавека; не толькі адступіўся, але нават даў Мрачэўскаму лепшую пасаду. Не робяць такіх саступак для жанчыны, якую не паважаюць.
Шкада толькі, што амаль у гэтую самую хвіліну у яе прыхільніку прачнуўся нязграбны нуварыш, які на паднос ахвяраванняў кінуў скрутак паўімперыялаў. Ах, як жа гэта было па-купецку!... І як ён нічога не разумее па-ангельску, не мае ўяўлення пра мову, якая зараз модная!...
Трэцяя стадыя. Убачыла Вакульскага ў салоне цёткі ў першы дзень Вялікадня і заўважыла, што ён на цэлую галаву вышэйшы за свецкіх. Самыя арыстакраты хацелі пазнаёміцца з ім, а ён, гэты брутальны парвеню, адмежаваўся ад іх як агонь ад дыму. Хадзіў нязграбна, але смела, як бы гэты салон быў яго бясспрэчнай уласнасцю і ўважліва слухаў кампліменты, якімі яго засыпалі. Потым яго паклікала да сябе самая паважаная з матрон, удава старшыні, і праз некалькі хвілін размовы з ім сентыментальна расплакалася… І гэта той з чырвонымі рукамі парвеню?...
Цяпер толькі заўважыла панна Ізабэла, што ў Вакульскага няпросты твар. Рысы выразныя і станоўчыя, валасы нібыта наёжыліся ад гневу, маленькія вусы, след бародкі, формы манументальныя, позірк ясны і хвалюючы…
Калі б гэты чалавек замест магазіну валодаў вялікімі багаццем – быў бы вельмі прыстойным; калі б нарадзіўся князем – быў бы станоўчы і прыгожы. У любым выпадку ён нагадваў Тросці, палкоўніка стралкоў, і – папраўдзе – статую гладыятара-пераможцы.
У гэты час ад панны Ізабэлы адступіліся амаль усе.
Праўда старэйшыя мужчыны яшчэ абсыпалі яе кампліментамі аб яе прыгажосці і элегантнасці, затое маладыя, тытулаваныя ці багатыя адносіліся да яе холадна і стрымана; калі ж, стомленая самотай і банальнымі фразамі, крыху жывей звярталася да якога-небудзь, пазіраў на яе з выразным страхам, нібы баючыся, што яна схопіць яго за шыю і адразу ж пацягне да алтара.
Свет салонаў любіла панна Ізабэла, як жыццё, да смерці, выйсці з яго магла толькі ў магілу, але з кожным годам, і нават месяцам, мацней пагарджала людзьмі; зразумець не магла, каб жанчыну, такую як яна прыгожую, добрую і выхаваную, свет пакідаў толькі таму, што не мае багацця!...
“Што ж гэта за людзі, Божа літасцівы!...” – шаптала яна неаднойчы, пазіраючы з-за фіранак на праязджаючыя экіпажы франтаў, якія пад рознымі выдуманымі прычынамі адварочвалі галаву ад яе вакон, каб не кланяцца. Ці лічылі, што яна іх выглядае?...
А яна сапраўды іх выглядала!...
У гэты час гарачыя слёзы наплывалі ёй на вочы; яна кусала ад гневу прыгожыя вусны і, ірвучы стужкі, засланяла вокны фіранкамі.
“Што ж гэта за людзі!... Што ж гэта за людзі!...” – паўтарала яна, саромеючыся аднак сама перад сабой кінуць на іх які-небудзь вастрэйшы эпітэт, бо яны належалі да вышэйшага свету.
Нікчэмнікам, паводле яе ўяўленняў, можна было назваць толькі Вакульскага.
Да ўсяго здзеку лёсу з цэлай некалі фалангі засталося ў яе толькі два прыхільнікі. Ахоцкім не суцяшалася: ён больш займаўся нейкай лятальнай машынай (што за вар’яцтва), чым ёй. Затое суправаджалі яе, зрэшты не надакучаючы вельмі, маршалак і барон. Маршалак нагадваў ёй у думках забітага і апаранага вепрука, якіх часам бачыла ў фургонах скатабойцаў на вуліцы; барон ізноў жа здваўся ёй падобным да невырабленай скуры, якой цэлыя стосы можна бачыць на  вазах.
Абодва стваралі сёння апошняе яе атачэнне, нават крылы, калі як казалі, была сапраўды анёлам!... Дрэнная камбінацыя двух гэтых старых  пераследвала панну Ізабэлу днём і ноччу. Часам здавалася ёй, што яна асуджана і што ўжо пры жыцці пачалося для яе пекла.
У падобныя хвіліны як тапелец, які звяртае позірк да святла на далёкім беразе, панна Ізабэла думала пра Вакульскага. І ў нязмернай горычы адчувала цень палёгкі, ведаючы, што ставіцца неабыякава да яе чалавек няпросты, аб якім шмат гаварылі ў свеце. Тады прыходзілі ёй на думку знакамітыя падарожнікі ці багатыя прамыслоўцы амерыканскія, якія на працягу шэрагу гадоў цяжка працавалі ў капальнях, і якіх ад часу да часу здалёк паказвалі ёй на парыжскіх прыёмах.
“Бачыце гэтага, - шчабятала нейкая графіня, нядаўна выпушчаная з кляштара, нахіляючы веер у пэўным кірунку – бачыце гэтага пана, які выглядае як вадзіцель омнібусаў… Гэта падобна нейкі вялікі чалавек, які штосьці адкрыў, толькі я не ведаю, што: капальні золата ці паўночны полюс… Нават не памятаю, як яго клічуць, але запэўніў мяне адзін маркграф з акадэміі, што гэты чалавек жыў дзесяць гадоў на полюсе, не… жыў пад зямлёй… Жахлівы чалавек!... Я, будучы на яго месцы, памерла б ад аднаго страху… А вы таксама памерлі б?
Калі б Вакульскі быў такім падарожнікам, ці як найменш капальнікам, які зрабіў мільёны, дзесяць гадоў жывучы пад зямлёй!... Але ён быў толькі купцом, у дадатак – галантэрэйным!... Не ведаў нават англійскага, штохвіліны адчуваўся ў ім нуварыш, які ў маладыя гады рэстарацыйным гасцям прыносіў ежу з кухні. Такі чалавек, самае большае, мог бы быць добрым саветнікам, нават бясцэнным сябрам (у кабінеце, калі няма гасцей). Нават… мужам,  сустракаюць жа людзей страшныя няшчасці. Але каханкам… Ну, гэта было б папросту смешна… У выпадку патрэбы самыя арыстакратычныя дамы купаюцца ў балотных ваннах; але бавіцца ў балоце мог бы толькі вар’ят.
Чацвёртая стадыя. Панна Ізабэла некалькі разоў  спаткала Вакульскага ў Лазенках і нават абрала адказваць на яго паклоны. Паміж зялёнымі дрэвамі і побач са статуямі гэты грубіян падаўся ёй іншым, чым за прылаўкам магазіна. Калі б у яго былі памешчыцкія ўгоддзі, з паркам, палацам, ставам?...
Праўда, што нуварыш, але падобна шляхціц, пляменнік афіцэра… Побач з маршалкам і баронам выглядае як Апалон, арыстакратыя усё больш гаворыць пра яго, а гэты град слёз удавы старшыні?...
Вельмі ж удава відавочна падтрымлівала Вакульскага ў сваёй сяброўкі графіні і яе пляменніцы, панны Ізабэлы. Парагадзінныя шпацыраванні з цёткай па Лазенках былі такія сумныя, а размовы пра моду, прытулкі і плануемых у вышэйшым свеце шлюбах так надакучлівыя, што панна Ізабэла крыху мела жалю у дачыненні да Вакульскага, што не набліжаецца да іх падчас шпацыру і хоць з чвэрць гадзіны не паразмаўляе. Для асобы з вышэйшага свету цікавая размова з такога роду людзьмі, а панне Ізабэле сяляне напрыклад здаваліся нават забаўнымі сваёй адрознай мовай і логікай. Хаця галантэрэйны купец, і да таго ж які ездзіць на ўласным экіпажы, не мусіць быць такі забаўны як селянін…
Як бы то ні было, панна Ізабэла не адчула прыкрай неспадзяванасці, пачуўшы пэўнага дня ад удавы старшыні, што паедзе з ёй і з графіняй у Лазенкі і – што сустрэне Вакульскага.
-       Сумна нам, дык няхай нас бавіць, - сказала старая.
Калі амаль а першай гадзіне, уязджаючы у лазенкаўскі парк удава са значнай усмешкай прамовіла панне Ізабэле:
-       У мяне прадчуванне, што яго тут дзесьці спаткаем…
Панна Ізабэла злёгку зачырванелася і вырашыла зусім не размаўляць з Вакульскім, а як найменш назіраць за ім звысоку, каб сабе нічога не ўяўляў. Пра каханне, натуральна, у гэтым “уяўленні сабе” мовы быць не магло. Панна Ізабэла аднак не жадала сабе нават знаку сяброўскай прыхязнасці.
“І агонь прыемны, асабліва зімой, - думала яна, - але… на пэўнай адлегласці”.
Тымчасам Вакульскага ў Лазенках не было.
“Як гэта, ён не чакаў? – гаварыла сабе панна Ізабэла, - можа ён хварэе…”
Не дапускала, каб у Вакульскага была больш пільная справа, чым сустрэча з ёй; калі б ён спазніўся, то вырашыла не толькі ставіцца да яго звысоку, але нават выказаць яму незадавальненне.
“Калі пунктуальнасць, - гаварыла яна сабе далей, - ветлівасць каралёў, дык ужо як найменш павінна быць абавязкам купцоў!...
Прайшло паўгадзіны, гадзіна, дзве – належала вяртацца дадому, а Вакульскі не прыходзіў; нарэшце пані селі ў карэту: графіня халодная як звычайна, удава крыху узрушаная, а панна Ізабэла раззлаваная. Абурэнне не зменшылася, калі вечарам бацька паведаміў ёй, што з апоўдня быў на сходзе ў князя, дзе Вакульскі прадставіў праект буйнога гандлёвага таварыства і ў перанасычаных магнатах абудзіў непадробны інтарэс.
-       Я даўно прадчуваў, - закончыў пан Ленцкі, - што з дапамогай гэтага чалавека я пазбаўлюся ад клопатаў маёй сям’і і зноў стану, якім павінен быць!
-       Але для таварыства, бацька, патрэбныя грошы, - адказала панна Ізабэла, злёгку паціскаючы плячыма.
-       Таму таксама я дазваляю прадаць наш дом; праўда, даўгі паглынуць з шэсцьдзесят тысяч рублёў, але заўсёды мне яшчэ застанецца – як найменш – сорак.
-       Цётка казала, што за дом ніхто не дасць больш за шэсцьдзесят…
-       Ах, цётка!... – абурыўся пан Томаш. – Яна заўсёды кажа тое, што магло б мяне заклапаціць ці прынізіць. Шэсцьдзесят тысяч дае Кшэшоўская, якая ўтапіла  б нас у лыжцы вады… мяшчанка!... Але, зразумела, цётка ёй патакуе, бо справа ў маім доме, аб маім становішчы…
Ён зачырванеўся і пачаў сапці; але не хочучы злавацца пры дачцэ, пацалаваў яе ў лоб і пайшоў у свой кабінет.
“А можа бацька мае рацыю?... – думала панна Ізабэла. – Можа ён сапраўды больш практычны за ўсіх, якія яго так сурова асуджаюць? Усё ж ён першы разгледзеў гэтага… Вакульскага…
Але аднак што за грубіян гэты чалавек. Ён не прыйшоў у Лазенкі, хоць удава з пэўнасцю павінна была яго запрасіць да размовы. Зрэшты можа і лепш: прыгожа б мы выглядалі, калі б сустрэў нас хто знаёмы на шпацыры з галантэрэйным купцом!”
На працягу дзён наступных панна Ізабэла чула толькі пра Вакульскага. Салоны гулі ад яго прозвішча. Маршалак кляўся, што Вакульскі відаць паходзіць са старажытнага роду, а барон, знаўца мужчынскай прыгажосці (па паўдня праводзіў перад люстрам), сцвярджаў, што Вакульскі – “нішто сабе… нішто…” Граф Саноцкі біўся аб заклад, што гэта першы разумны чалавек у краіне – граф Ліціньскі сцвярджаў, што гэты купец браў урокі ў англійскіх прамыслоўцаў, а князь – толькі паціраў рукі і ўсміхаючыся, гаварыў: “Ага?...”
Нават Ахоцкі, наведаўшы пэўнага дня панну Ізабэлу, паведаміў ёй, што яны былі з Вакульскім на шпацыры ў Лазенках.
-       Пра што ж вы размаўлялі? – запытала яна здзіўленая. – Бо напэўна не пра лятальныя апараты…
-       Ба! – адгукнуўся задумлівы кузін. – Вакульскі напэўна адзіны чалавек у Варшаве, з якім можна пра гэта гаварыць. Гэта нумар…
“Адзіны разумны… адзіны купец… адзіны, які можа дагаварыцца з Ахоцкім?... – думала панна Ізабэла. – Хто ж ён на самой справе, гэты чалавек?... Ах! Ужо ведаю…”
Ёй здавалася, што разгадала Вакульскага. Гэта славалюбны спекулянт, які хоча трапіць у салоны ды прыдумаў ажаніцца з ёй, збяднелай паннай знакамітага роду. Не з іншай мэтай прывабліваў погляды яе бацькі, графіні цёткі і ўсёй арыстакратыі. Пераканаўшыся аднак, што і без яе ўціснецца паміж высокіх паноў, раптам астыг у каханні і… нават не прыйшоў у Лазенкі!...
“Можна яго павіншаваць, - гаварыла яна сабе. – У яго ўсе рысы, патрэбныя для пабудовы кар’еры: прыгожы, здольны, энергічны, а перадусім нахабны і нікчэмны… Як ён смеў прыкідвацца закаханым у мяне і з якой лёгкасцю… Сапраўды, што гэтыя парвеню апераджаюць нас нават у крывадушнасці… Што за нягоднік!...”
Абураная яна хацела загадаць Мікалаю, каб ніколі не ўпускаў Вакульскага за парог салону… Найбольш у кабінет пана, калі б да іх прыйшоў са справай. Але ўзгадаўшы сабе, што Вакульскі зусім не запрашаўся да іх, зачырванелася ад сораму.
Потым даведалася ад пані Мелітон аб новай спрэчкай барона Кшэшоўскага з жонкай і аб тым, што баранэса купіла ў яго кабылу за васемсот рублёў, але што пэўна яе верне, бо праз некалькі дзён павінен адбыцца забег, а барон зрабіў вялікія заклады.
-       Можа нават сям’я барона пагодзяцца з гэтай нагоды, - заўважыла пані Мелітон.
-       Ах, што б я аддала за тое, каб барон не атрымаў кабылу і прайграў заклады!... – закрычала панна Ізабэла.
У пару дзён давелалася пад вялікім сакрэтам ад панны Фларэнтыны, што барон не атрымае сваю кабылу назад, бо яе купіў Вакульскі…
Таямніца была яшчэ так захаваная, што калі панна Ізабэла пайшла з візітам да цёткі, застала графіню і удаву раіўшыміся як пагадзіць сям’ю барона Кшэшоўскага з дапамогай гэтай кабылы.
-       Нічога з гэтага не будзе, - заўважыла са смехам панна Ізабэла. – Барон не атрымае сваю кабылу назад.
-       Можа зробіш заклад? – спытала холадна графіня.
-       Так, калі выйграю ў цёці гэты бранзалет з сапфіраў…
Заклад адбыўся, дзякуючы чаму графіня і панна Ізабэла былі у найвышэйшай ступені зацікаўленыя ў скачках.
На працягу хвіліны панна Ізабэла баялася: ёй паведамілі, што барон дае Вакульскаму чатырыста рублёў адступнога і што граф Ліціньскі узяўся быць паміж імі пасярэднікам. Нават шапталіся ў салоне графіні, што Вакульскі не з-за грошай, а з-за графа мусіць згадзіцца на гэты дагавор. А ў гэты час панна Ізабэла падумала:
“Згодзіцца, калі не хцівы парвеню, але не згодзіцца, калі…”
Не смела закончыць фразу. Выручыў яе Вакульскі.
Ён не прадаў кабылу і сам пусціў яе ў спаборніцтва.
“Аднак жа ён не такі ўжо нікчэмны”, - прамовіла яна сабе.
І пад уплывам гэтага меркавання яна размаўляла з Вакульскім на скачках вельмі ласкава.
Аднак жа нават за гэту дробную прыкмету прыязнасці панна Ізабэла рабіла сабе ў душы папрокі:
“Навошта яму ведаць, што нас цікавяць яго скачкі?... Не больш за іншых. А навошта я яму сказала, што ён павінен выйграць. Ці што азначаў яго адказ: “Раз вы хочаце – я выйграю”. Ён ужо забываецца, хто ён такі. Але мне няма справы, калі з-за пару ветлівых словак Кшэшоўскі захварэе ад злосці”.
Кшэшоўскага панна Ізабэла ненавідзела. Калісьці ён заляцаўся да яе, а калі яму адмовілі, стаў помсціць. Яна ведала, што за вочы называў яе – старая дзева, якая выйдзе за свайго лёкая. Гэтага было дастаткова, каб памятаць яму ўсё жыццё. Але барон, не спыняючыся на цынічнай фразе, нават у дачыненні да яе паводзіў сябе цынічна, кпіў са старых залётнікаў і рабіў выпады у дачыненні да іх збяднення.
Але ж і панна Ізабэла у нянавісці прыгадвала яму яго жонку, мяшчанку, з якой ён ажаніўся дзеля грошай, але нічога ад яе не мог здабыць, таму адбывалася паміж імі сапраўдная вайна, часам нават непрыемная.
Дзень скачак быў для панны Ізабэлы трыумфам, для барона – паражэннем і сорамам. Праўда ён прыехаў на плошчу і прыкідваўся вельмі вясёлым, але ў сэрцы яго кіпеў гнеў. Калі ж да таго ўбачыў, што Вакульскі плату і цану каня аддаў у рукі панны Ізабэлы, страціў валоданне сабой і прыбегшы да экіпажу, учыніў скандал.
Для панны Ізабэлы нахабныя позіркі барона і адкрытае называнне Вакульскага яе прыхільнікам былі страшным ударам. Яна забіла б барона, калі б гэта дазвалялася добра выхаваным жанчынам. Мучэнне яе было тым больш пакутлівым, бо графіня слухала яго выбух спакойна, удава з заклапочаннем, а бацька нават не абзываўся, даўно лічачы Кшэшоўскага вар’ятам, якога належыць не дражніць, а ставіцца да яго з паблажлівасцю.
У такую хвіліну (калі ўжо пачалі пазіраць на іх з іншых экіпажаў) прыйшоў на дапамогу панне Ізабэле Вакульскі. І не толькі спыніў баронаў фантан незадавальнення, але выклікаў яго на дуэль. У гэтым ніхто з іх не сумняваўся; удава проста спалохалася за свайго фаварыта, а графіня заўважыла, што Вакульскі не мог паступіць інакш, паколькі барон, набліжаючыся да экіпажу, штурхнуў яго і не папрасіў прабачэння.
- Ну самі скажыце, - сказала ўзрушаным голасам удава, - ці прымальна страляцца з-за такой дробязі? Мы ж усе ведаем, што Кшэшоўскі неўраўнаважаны і дурнаваты… Найлепшы доказ – тое, што ён нам нагаварыў…
- Гэта праўда, - азваўся пан Томаш, - але ж Вакульскі не абавязаны ведаць пра гэта, а зрабіць заўвагу быў павінен.
- Пагодзяцца! – заўважыла спакойна графіня і загадала ехаць дадому.
Вось тады панна Ізабэла дапусціла самае дрэннае парушэнне супраць сваіх прынцыпаў і… з вялікім значэннем паціснула Вакульскаму руку.
Ужо пад’язджаючы да шлаагбаума, яна не магла сабе гэтага дараваць.
“Ну як можна было зрабіць штосьці падобнае?... Што падумае такі чалавек?...” – гаварыла яна ў душы. Але тут прачнулася ў ёй пачуццё справядлівасці і яна мусіла прызнаць, што гэты чалавек не абы-які.
“Каб зрабіць мне прыемнасць (бо з пэўнасцю ў яго не было іншых прычын), падставіў барону нагу, купуючы каня… Увесь выйгрыш (станоўчы доказ бескарыслівасці) аддаў на прытулак, і гэта ў мае рукі (барон бачыў гэта). А перадусім, нібы адгадваючы мае думкі, выклікаў яго на дуэль… Ну, сённяшнія дуэлі заканчваюцца звычайна шампанскім; але усё ж барон пераканаецца, што яшчэ я не такая старая… Не, у гэтым Вакульскім штосьці ёсць… Шкада толькі, што ён галантэрэйны купец. Прыемна было б мець такога прыхільніка, калі б… калі б займаў іншае становішча ў свеце.” Вярнуўшыся дадому, панна Ізабэла паведаміла панне Фларэнтыне пра прыгоды на скачках, а праз гадзіну – ужо не думала пра іх. Калі ж бацька позна ўночы расказаў ёй, што Кшэшоўскі выбраў секундантам графа Ліціньскага, які безумоўна жадае, каб Вакульскага барон перапрасіў, панна Ізабэла зрабіла пагардлівую грымасу вуснамі.
“Шчаслівы чалавек! – думала яна. – Мяне абражаюць, а ў яго будуць прасіць прабачэння. Я, калі хтосьці пры мне абразіў каханую, не дазволіла б сябе перапрасіць. Ён, натуральна, згодзіцца…”
Калі ўжо легла ў ложак і пачала засынаць, раптам прыйшла да яе новая думка:
“А калі Вакульскі не захоча, каб яго перапрашалі? Гэта ж той самы граф Ліціньскі дамаўляўся з ім пра кабылу і нічога не дабіўся!... Ах, Божа, што мне лезе ў галаву”, - адказала яна сабе, паёжваючыся і заснула.
На другі дзень да апоўдня бацька, яна і панна Фларэнтына былі ўпэўнены, што Вакульскі пагодзіцца з баронам і што нават па-іншаму не выпадае яму паступіць. Толькі пасля апоўдня пан Томаш выйшаў у горад і вярнуўся на абед вельмі занепакоены.
-       Ну што, тата? – спытала яго панна Ізабэла, уражаная выразам яго твару.
-       Фатальная гісторыя! – адказаў пан Томаш, кідаючыся ў скураное крэсла.- Вакульскі праігнараваў прабачэнне, а яго секунданты паставілі вострыя ўмовы.
-       І калі гэта?... – спытала яна цішэй.
-       Заўтра каля дзевятай, - адказаў пан Томаш і абцёр пот з ілба. – Фатальная гісторыя, - працягваў ён далей. – Паміж нашымі кампаньёнамі паніка, бо Кшэшоўскі страляе  выключна добра… Калі б гэты чалавек загінуў, усе мае разлікі сыйшлі б на нішто. Я страціў бы ў ім правую руку… адзінага мажлівага выканаўцу маіх планаў… Яму аднаму я даверыў бы капіталы і ўпэўнены, што меў бы як найменш восем тысяч рублёў штогод… Лёс пераследуе мяне не на жарты!...
Дрэнны настрой гаспадара дому дрэнна адбіўся на іншых; абеду ніхто не еў. Пасля абеду пан Томаш зачыніўся ў кабінеце і хадзіў шырокімікрокамі, што было доказам незвычайнага ўзрушэння.
Панна Ізабэла таксама пайшла да свайго кабінета і як звычайна ў хвіліны нервавання легла на шэзлонг. Апанавалі яе сумныя думкі.
“Нядоўга трываў мой трыўмф, - сказала яна сабе. – Кшэшоўскі сапраўды добра страляе… Калі заб’е адзінага чалавека, які сёння заляцаецца да мяне, то што? Дуэль гэта на самай справе варварскі перажытак. Бо Вакульскі (беручы з маральнага боку) больш варты за Кшэшоўскага, а аднак… можа загінуць!... Апошні чалавек, на якога ўскладаў надзеі мой бацька”.
Тут адазвалася ў панне Ізабэле радавая гордасць.
“Ну – майму бацьку не патрабуецца ласка Вакульскага; даверыў бы яму свой капітал, абкружыў бы яго пратэкцыяй, а ён плаціў бы яму працэнты; у любым выпадку шкада яго…”
Прыйшоў ёй на думку стары саветнік іх некалі багацця, які служыў у іх трыццаць гадоў і якога вельмі любіла, вельмі яму давярала; можа Вакульскі абоім ім замяніў бы ім нябожчыка, і яе разумнага сардэчнага сябра і – згіне!...
Нейкі час яна ляжала з закрытымі вачамі не думаючы ні пра што; потым прыйшлі ёй на думку нечуваныя дзіўныя камбінацыі.
“Што за незвычайнае супадзенне! – сказала яна сабе. – Заўтра страляцца з-за яе будуць два чалавекі, якія яе смяротна абразілі: Кшэшоўскі зласлівымі кпінамі, Вакульскі – ахвярамі, якія ён асмеліўся прыносіць для яе. Яна яму ўжо амаль даравала і пакупку сервізу, і тыя веселі, і тыя прайграныя ў карты бацьку, на якія на працягу некалькіх тыдняў утрымліваўся увесь дом… (Не, яшчэ яму не прабачыла і не прабачыць ніколі!...) Але хоць бы нават, то аднак – за яе абразу праявілася боская справядлівасць… І хто заўтра загіне?... Можа абодва. У любым выпадку той, які адважыўся панне Ізабэле Ленцкай ахвяраваць дапамогу грашовую. Такі чалавек, як каханак Клеапатры, жыць не можа…”
Так думала яна, заходзячыся ад плачу; шкада ёй было адданага слугу, а можа сардэчнага сябра; але скаралася прадказаннямі Вышэйшай волі, якая не прабачае абразы, учыненай панне Ленцкай.
Калі б Вакульскі мог зазірнуць у гэту хвіліну ёй у душу, уцёк бы са страхам і вылечыўся б ад свайго вар’яцтва.
Такім чынам панна Ізабэла не спала ўсю ноч. Увесь час стаяў у яе перад вачыма карціна нейкага французскага мастака, якая адлюстроўвала дуэль. Пад купай зялёных дрэў два апранутыя ў чорнае мужчыны цэліліся адзін у аднаго з пісталетаў.
Потым (чаго ўжо не было на карціне) адзін з іх упаў, паранены куляй у галаву. Гэта быў Вакульскі. Панна Ізабэла нават не пайшла на яго пахаванне, не хочучы выдаць сваё хваляванне. Але ноччу пару разоў плакала. Шкада ёй было незвычайнага парвеню, гэтага вернага нявольніка, які свае злачынствы у дачыненні да яе адпакутаваў смерцю з-за яе.
Заснула яна толькі а сёмай ранкам і спала як забітая да апоўдня. Амаль перад самай дванаццатай разбудзіла яе нервовы стук у дзверы спальні.
-       Хто там?
-       Я – адказаў яе бацька радасным голасам. – Вакульскі некрануты, барон паранены ў твар!
-       Сапраўды?...
-       У яе была мігрэнь, таму яна засталася ў ложку да чацвёртай па апоўдні. Была радасная, што барон паранены, і здзіўлена, што аплаканы ёй вакульскі не загінуў.
Устаўшы так позна панна Ізабэла выйшла перад абедам на кароткі шпацыр у Алеі.
Выгляд чыстага неба, прыгожых дрэў, пралятаючых птушак і вясёлых людзей сцерлі сляды яе начных прывідаў; калі ж яшчэ з некалькіх праязджаючых экіпажаў яе заўважылі і прывіталі, у сэрцы яе прачнулася задавальненне.
“Аднак жа Гасподзь Бог ласкавы – думала яна, - калі збярог чалавека, які можа нам спатрэбіцца. Бацька так разлічвае на яго, і я набіраю даверу. Наколькі ж менш у жыцці спазнала б праблем, маючы разумнага і энергічнага сябра”.
Слова “сябар” не падабалася ёй. Сябрам панны Ізабэлы мог бы быць чалавек як найменш валодаючы памесцем. Але купца галантэрэйнага хапіла толькі на саветніка і выканаўцу.
Пасля вяртання дадому яна адразу даведалася, што яе бацька ў выключна добрым настроі.
-       Ведаеш, - сказаў ён, - я быў з віншаваннем у Вакульскага. Гэта стойкі чалавек, сапраўдны джэнтльмен! Ужо ані думкі пра дуэль і нават здаецца шкадуе барона. Нічога не дапаможа, шляхецкая кроў павінна ў яго адазвацца, нягледзячы на становішча…
А потым адправіўшы дачку у кабінет і кінуўшы пару разоў вокам у люстра дадаў:
- Ну і скажы сама, ці можна не верыць у апеку боскую? Смерць гэтага чалавека была б для мяне цяжкім ударам – і – ён уратаваны! Я павінен з ім завязаць бліжэйшыя стасункі, і тады ўбачым, у каго лепш атрымаецца: ці ў князя з яго вялікім адвакатам, ці ў мяне з маім Вакульскім. Як лічыш?
- Гэта самае думала хвіліну таму, - адказала панна Ізабэла, уражаная згаоднасцю пачуццяў яе ўласных і бацькі – татачка абавязкова павінен мець пры сабе здольнага і вернага чалавека.
- Які ў дадатак сам гарнецца да мяне, - дадаў пан Томаш. – Разумны чалавек! Ён гэта разумее, што больш зробіць і лепшую рэпутацыю атрымае дапамагаючы пасоўвацца старажытнаму роду, чым калі б адзін вырываўся наперад.Вельмі разумны чалавек, - паўтарыў пан Томаш. – Хоць у адну хвіліну здабыў сабе князя і ўсю арыстакратыю, мне аднак жа аказвае найбольш прыязнасці. І я не буду пра гэта шкадаваць, калі аднаўлю становішча…
Панна Ізабэла пазірала на цацкі, расстаўленыя на пісьмовым століку і думала, што усё ж падманвае сябе крыху, лічачы, што Вакульскі гарнецца да яго. Не выпраўляла памылку, а наадварот, прызнавалася ўдушы, што належыць крыху больш зблізіцца з гэтым купцам і прабачыць яму яго простае становішча. Адвакат… купец… гэта амаль адно і тое ж: калі адвакат можа быць давераным князя, чаму ж бы… купец (ах, як гэта негустоўна!) не мог стаць павераным дому Ленцкіх?
Абед, вечар і некалькі дзён наступных прайшлі ў панны Ізабэлы вельмі прыемна. Заставіла яе задумацца адна акалічнасць, што на працягу такога кароткага часу наведала іх больш асоб чым раней на працягу месяца. Бывалі гадзіны, што ў пустым некалі салоне чуліся смех і размовы, аж адпачнутая мэбля дзівілася з колькасці людзей, а ў кухні шапталіся, што пан Ленцкі напэўна атрымаў нейкія вялікія грошы. Нават дамы, якія яшчэ на скачках не пазнавалі панну Ізабэлу, прыйшлі цяпер да яе з візітамі; маладыя ж мужчыны, хоць і не прыходзілі, віталі яе на вуліцы і кланяліся з павагай.
І ў пана Томаша былі зараз госці. Наведаў яго граф Саноцкі, заклінаючы, каб Вакульскі перастаў бавіцца скачкамі і дуэлямі, а заняўся таварыствам. Быў граф Ліціньскі і расказваў дзівосы пра джэнтльменства Вакульскага. Але галоўнае, што прыязджаў сюды пару разоў князь з просьбай да пана Томаша, каб Вакульскі не звяртаючы ўвагі на інцыдэнт з баронам, не цураўся арыстакратыі і памятаў пра няшчасце Айчыны.
- І яшчэ, кузін, - закончыў князь, - адгаварыце яго ад дуэляў. Гэта непатрэбна; гэта добра для маладых людзей, але не для паважаных і заслужаных грамадзян...
Пан Томаш быў захоплены, асабліва калі падумаў, што ўсе гэтыя авацыі адбываюцца напярэдадні продажу дому; год таму блізкасць падобнага выпадку пужала людзей...
“Я пачынаю аднаўляць належнае становішча”, - шапнуў пан Томаш і раптам агледзеўся. Яму здавалася, што за ім стаіць Вакульскі. Таму для супакою паўтарыў пару разоў:
“Я аддзячу яго...аддзячу... можа быць упэўненым у маёй падтрымцы”.
Трэцяга дня пасля дуэлі Вакульскага панне Ізабэле прынеслі каштоўную скрыначку і ліст, які яе ўразіў. Яна пазнала почырк барона.
“Любая кузіначка! Калі ты прабачыш мне маё няшчасную жаніцьбу, я ўзамен дарую табе маю жонку, якая ўжо мне самому надакучыла. Як матэрыяльны доказ заключанага паміж намі міру назаўсёды, пасылаю табе зуб, які мне выстраліў Вакульскі, здаецца мне – затое, што я асмеліўся сказаць табе на скачках. Я запэўніваю цябе, любая кузінка, што гэта той самы зуб, якім я цябе да гэтага часу кусаў і ўжо кусаць ніколі не буду.
Можаш выкінуць яго на вуліцу, але скрыначку захавай на памяць. Прымі гэту дробязь ад чалавека сёння крыху хворага і вер – не найгоршага, і я буду мець надзею, што некалі забудзеш на мае недарэчныя зласлівасці. Любячы цябе, поўны глыбокай павагі.
Кузін Кшэшоўскі.” 
P. S. Калі ты мой зуб не выкінеш праз вакно, прышлі мне яго назад, каб я мог ахвяраваць яго маёй незабыўнай жонцы. Ёй будзе пра што клапаціцца на працягу некалькіх дзён, што падобна бядачцы забаронена дактарамі. Гэты ж пан Вакульскі вельмі мілы і добра выхаваны чалавек і прызнаюся, што сардэчна яго палюбіў, хоць мне зрабіў такую крыўду”.
У каштоўнай скрыначцы знаходзіўся сапраўды зуб, закручаны ў тонкую паперу.
Панна Ізабэла нядоўга думаючы адпісала вельмі ветлівы ліст барону пацвярджаючы, што ўжо не злуецца і што прымае скрыначку, а зуб з належнай павагай адсылае яго ўладальніку.
Тут ужо нельга было сумнявацца, што толькі дзякуючы Вакульскаму барон памірыўся з ёй і прасіў прабачыць. Панна Ізабэла ледзь не расчулілася ад свайго трыўмфу, а да Вакульскага адчула нібыта ўдзячнасць. Зачынілася ў сваім кабінеце і пачала марыць.
Яна марыла, што Вакульскі прадаў свой магазін, а купіў зямельныя ўгоддзі, але застаўся кіраўніком гандлёвага таварыства, якое прыносіць вялізныя прыбыткі. Уся арыстакратыя прымала яго ў сябе, яна ж, панна Ізабэла, зрабіла яго сваім сардэчным сябрам. Ён падняў іх багацце  да ранейшага становішча; ён выконваў усе яе пажаданні; ён рызыкаваў, колькі разоў была патрэба. Ён нарэшце адшукаў ёй мужа, адпаведнага знакамітасці дому Ленцкіх.
Усё гэта рабіў, бо кахаў яе ідэальным каханнем, больш чым уласнае жыццё. І адчуваў сябе цалкам шчаслівым, калі яна ўсміхалася яму, больш прыязна пазірала ці па нейкай выключнай заслузе сардэчна паціскала яго руку. Калі Гасподзь Бог даў ёй дзяцей, то ён адшукваў ім бонаў і настаўнікаў, павялічваў іх багацце, і нарэшце, калі яна памерла (у гэтым месцы слёзы з’явіліся ў прыгожых вачах панны Ізабэлы), ён застрэліўся на яе магіле…
...Не, з-за далікатнасці, якую яна ў ім развіла, застрэліўся на некалькі магіл далей.
Уваход бацькі перапыніў ход яе фантазіі.
-       Падобна табе напісаў Кшэшоўскі? – запытаў з цікаўнасцю пан Томаш.
Дачка паказала яму ліст, які ляжаў на пісьмовым століку і залатую скрыначку. Пан Томаш круціў галавой, чытаючы ліст, і нарэшце прамовіў:
-       Поўны вар’ят, хаця добры хлапец. Але… Вакульскі аказаў табе сапраўдную паслугу: ты перамагла смяротнага ворага.
-       Я думаю, тата, што трэба было б гэтага пана запрасіць некалі на абед… Хацела б з ім пазнаёміцца бліжэй.
-       Як раз некалькі дзён таму я хацеў цябе пра гэта самае прасіць!... – адказаў узрадаваны пан Томаш, - нельга трымацца на занадта этыкетнай стапе з чалавекам настолькі карысным.
-       Натуральна,  - заўважыла панна Ізабэла – бо нават верных слуг дапускаем да пэўных вольнасцяў.
-       Паважаю твой розум і тактоўнасць, Бэла!... – усклікнуў пан Томаш і ў захапленні пацалаваў яе спачатку ў руку, потым у лоб.


Б.Прус Лялька том 1 Раздзел 13 ЗАБАВЫ ВЫШЭЙШАГА СВЕТУ


Раздзел 13
ЗАБАВЫ ВЫШЭЙШАГА СВЕТУ

Нарэшце надышоў дзень скачак, пагодны, але не гарачы; як раз такі, як патрэбна. Вакульскі сарваўся а пятай і адразу паехаў праведаць сваю кабылу. Яна сустрэла яго досыць абыякава, але была здаровая, а пан Мілер поўны надзеі:
-       Што?... – смяяўся ён, стукаючы Вакульскага па плячы.- Загарэліся, так?... Прачнуўся ў вас  спартсмен!... Мы, пане, на працягу ўсяго часу скачак знаходзімся ў гарачцы. Наш закладзік на пяцьдзесят рублёў дзейнічае, так?... Яны ўжо нібыта ў мяне ў кішэні; вы маглі б іх зараз заплаціць.
-       Заплачу з найвялікшай прыемнасцю, - адказаў Вакульскі ідумаў: “Ці выйграе кабыла?... ці яго панна Ізабэла калі-небудзь пакахае?... ці не адбудзецца штосьці?... А што калі кабыла паламае нагу!...”
Ранішнія гадзіны цягнуліся для яго, нібы запрэжаныя валамі. Вакульскі толькі на хвілінку забег у магазін, падчас абеду не мог есці, потым пайшоў да Саскага Саду увесь час думаючы: “Ці выйграе кабыла, і ці яго панна Ізабэла пакахае?...” Перамог сябе аднак і выехаў з дому толькі каля пятай. У Алеях Уяздоўскіх быў ужо такі збор экіпажаў і павозак, што месцамі належала ехаць ступою, каля шлагбаума стварыўся фармальны затор і ён павінен быў чакаць з чвэрць гадзіны, у той час як яго з’ядала нецярплівасць, перш чым толькі экіпаж яго апынуўся на макатоўскім полі. Плошча здавалася яму сёння бясконца вялікай і нязручнай, нібы над ёй вісела відма няпэўнасці. Далёка перад сабой ён бачыў доўгі шнур людзей, сабраных паўколам, якое увесь час павялічвалася ад прыбываючых грамад.
Нарэшце ён даехаў на месца і зноў прайшло з дзесяць хвілін, перш чым слуга вярнуўся з касы з білетам. Вакол экіпажу таўклася група бясплатных гледачоў і гучаў шум тысячы галасоў, а Вакульскаму здавалася, што ўсе гавораць толькі пра яго кабылу і кпяць з купца, які бавіцца скачкамі.
Нарэшце экіпаж пусцілі унутр трэка. Вакульскі саскочыў на зямлю і пабег да сваёй кабылы, намагаючыся захаваць павярхоўнасць абыякавага гледача. Пасля доўгага шукання ён знайшоў яе на сярэдзіне скачкавай плошчы, а каля яе паноў Мілера і Шульца, а таксама жакея з вялікай цыгарай у вуснах, у шапцы жоўтай з блакітным і ў паліто, накінутым на плечы. Яго кабыла у параўнанні з вялізнай плошчай і незлічонымі натоўпамі здалася яму такой малой і мізэрнай, што у адчаі хацеў усё кінуць і вяртацца дадому. Але панове Мілер і Шульц мелі твары, якія праменіліся ад надзеі.
-       Нарэшце вы, - закрычаў дырэктар манежа і, паказваючы позіркам на жакея, дадаў: - Я пазнаёмлю вас: пан Юнг, самы знакаміты ў краіне жакей – пан Вакульскі.
Жакей паднёс два пальцы да жоўта-блакітнай шапкі, і выняўшы другой рукой цыгару з вуснаў, плюнуў праз зубы.
Вакульскі прызнаўся ў душы, што такога худога і такога малога чалавека яшчэ ў жыцці не бачыў. Ён заўважыў пры гэтым, што жакей аглядае яго як каня: ад ілба да путавых костак, і выконвае крывымі нагамі рухі, нібы меў намер ускочыць і праехацца на ім.
-       Скажыце ж, пане, ці выйграем? – спытаў дырэктар.
-       Ох! – адказаў жакей.
-       Тыя два кані нядрэнныя, але наша кабыла выдатная, - сказаў дырэктар.
-       Ох! – пацвердзіў жакей.
Вакульскі адвёў яго ўбок і прамовіў:
- Калі выйграем, я буду вінен пяцьдзесят рублёў звыш дамоўленасці.
- Ох! – адказаў жакей, а прыгледзеўшыся да Вакульскага, дадаў:
- Вы чыстай крыві спартсмен, але яшчэ крыху пан гарачкуе. На наступны год будзеце спакайнейшы.
Зноў плюнуў на даўжыню каня і пайшоў у бок трыбуны, а Вакульскі, развітаўшыся з панамі Мілерам і Шульцам, папесціўшы кабылку, вярнуўся да свайго экіпажу.
Цяпер ён пачаў шукаць панну Ізабэлу.
Абышоў доўгі ланцуг экіпажаў, якія былі пастаўлены уздоўж трэку, прыглядаўся да коней, слуг, заглядаў пад парасоны дамам, але панны Ізабэлы не заўважыў.
“Можа не прыедзе?” – шапнуў ён і яму здавалася, што ўвесь гэты пляц, напоўнены людзьмі, падае разам з ім пад зямлю. Было б для чаго выкідваць столькі грошай, калі яе тут не будзе! А можа пані Мелітон, старая інтрыганка, падманула яго разам з Марушэвічам?...
Ён увайшоў на сходкі, што вялі да трыбуны суддзяў і азіраўся па ўсіх баках. Дарэмна. Калі сыходзіў адтуль, загарадзілі яму дарогу два паны, што стаялі спіной, з якіх адзін, высокі, з усімі прыкметамі спартсмена, сказаў узрушаным голасам:
- Чытаючы ўжо дзесяць гадоў, як лаюць нас за раскошу, я ўжо хацеў выправіцца і прадаць стайню. Тымчасам я бачу, што чалавек, які ўчора зрабіў багацце, сёння пускае каня на скачках… Ха! Думаю, што вы гэта за птушкі такія?... Нас маралізуеце, а калі вам удаецца, робіце тое самае?... Дык вось не выпраўлюся, не прадам стайню, не…
Яго таварыш, заўважыўшы Вакульскага, стукнуў размоўцу, які адразу змоўк. Карыстаючыся хвілінай, Вакульскі хацеў іх абмінуць, але высокі пан затрымаў яго.
- Я перапрашаю, - азваўся ён, датыкаючыся капелюша, - што асмеліўся рабіць такога роду заўвагі… Я Вжэсіньскі…
- З прыемнасцю слухаў іх, - адказаў з усмешкай Вакульскі, - паколькі ў душы кажу сабе тое ж самае. Зрэшты – стаю на скачках першы і апошні раз у жыцці.
Яны падалі адзін аднаму рукі з высокім спартсменам, які калі Вакульскі адышоўся на пару крокаў, прабурчаў:
- Рэзвы селянін…
Цяпер толькі Вакульскі купіў праграму і з пачуццём нібы сораму чытаў, што ў трэцім забегу бяжыць кабыла Султанка пасля Алім і Клары, якая належыць Х.Х., з жакеем Юнгам у жоўтай куртцы з блакітнымі рукавамі. Узнагарода трыста рублёў; конь, які выйграе павінен быць на месцы прададзены. “Я звар’яцеў!” – буркнуў Вакульскі, накіроўваючыся ў бок галерэі. Ён думаў, што напэўна там панна Ізабэла, і праектаваў, што зараз жа вернецца дадому.
Апанаваў яго песімізм. Кабеты здаваліся яму непрыгожымі, іх яркае адзенне – дзікім, іх какецтва – агідным. Мужчыны былі дурныя, натоўп ардынарны, музыка крыклівая. Узыходзячы на галерэю смяяўся з рыпучых сходаў і старых сцен, на якіх былі відаць сляды дажджавых зацёкаў.
Знаёмыя кланяліся яму, жанчыны усміхаліся яму, тут і там шапталі: “Паглядзі! Паглядзі!...” Але ён не зважаў. Стаў на самай высокай лаве галерэі і па-над стракатым і шумлівым натоўпам пазіраў праз ларнет на дарогу, аж да шлагбаума, бачачы толькі клубы жоўтага пылу.
“Што гэтыя галерэі робяць на працягу ўсяго года?” – думаў ён. І ўбачылася яму, што на гніючых лавах засядаюць тут штоночы ўсе памерлыя банкруты, пакутуючыя какоткі, усялякага роду пружнякі і моты, якіх павыганялі нават з пекла, і пры смутным бляску зорак прыглядаюцца да скачак шкілетаў коней, якія загінулі на гэтым трэку. Яму здавалася, што нават у гэту хвіліну ён бачыць перад сабой збуцвелыя строі і чуе пах гніення.
Абудзіў яго вокрык натоўпу, званок і брава. Гэта адбыўся першы забег. Раптам ён зірнуў на трэк і ўбачыў экіпаж графіні, які заязджаў на спаборніцтва. Сядзелі графіня і ўдава старшыні, а спераду пан Ленцкі з дачкой.
Вакульскі сам не ведаў, калі збег з галерэі і калі ўвайшоў у кола. Кагосьці стукнуў, хтосьці пытаў яго пра білет… Ён ішоў проста перад сабой і адразу трапіў да экіпажу. Лёкай графіні пакланіўся яму з козлаў, а пан Ленцкі усклікнуў:
-       Вось і пан Вакульскі!...
Вакульскі прывітаўся з панямі, пры чым удава старшыні са значэннем паціснула яго руку, а пан Ленцкі спытаў:
-       Ці сапраўды купілі, пане Станіславе, кабылу Кшэшоўскага?
-       Так.
-       Ну, ведаеце што, што вы яму выкінулі фокус, а маёй дачцэ зрабілі мілую неспадзянку…
Панна Ізабэла павярнулася да яго з усмешкай.
-       Я зрабіла заклад цётцы, прамовіла яна, - што барон не ўтрымае сваю кабылу да скачак і выйграла, а другі раз білася аб заклад з пані удавой старшыні, што кабыла выйграе…
Вакульскі абышоў экіпаж у наблізіўся да панны Ізабэлы, якая гаварыла далей:
-       На самай справе мы і прыехалі толькі на гэты забег: пані удава старшыні і я. Бо цёця здаецца, гневаецца на скачкі… Ах, пане, вы павінны выйграць…
-       Калі вы захочаце, выйграю, - адказаў Вакульскі, пазіраючы на яе са здзіўленнем… Ніколі не здавалася яму такой прыгожай як цяпер падчас выбуху нецярплівасці. Ніколі таксама не марыў, каб размаўляла з ім так ласкава.
-       Ён зірнуў на прысутных. Удава старшыні была вясёлая, графіня ўсміхалася, пан Ленцкі аж прамяніўся. На козлах лёкай графіні напаўголас закладаўся з фурманам, што Вакульскі выйграе. Вакол іх кіпелі смех і радасць. Радаваўся натоўп, галерэі, экіпажы; жанчыны ў яркім адзенні былі прыгожыя як кветкі і ажыўленыя як птушкі. Музыка іграла фальшыва, але жвава; коні ржалі, спартсмены закладаліся, перакупшчыкі расхвальвалі піва, апельсіны і пернікі. Радаваліся сонца, неба і зямля, а Вакульскі адчуў сябе у такім дзіўным настроі, што хацеў бы ўсіх і ўсё заключыць у абдымкі.
Адбыўся другі забег, музыка зноў зайграла. Вакульскі пабег да трыбуны, а спаткаўшы Юнга, які з сядлом у руцэ вяртаўся у гэту хвіліну ад шаляў, шапнуў яму:
-       Пане Юнг, мы павінны выйграць… Сто рублёў звыш дамоўленасці… Нават няхай пасля кабыла падзе…
-       Ох!... – праенчыў жакей, прыглядаючыся да яго з адценнем халоднага здзіўлення.
-       Вакульскі загадаў даехаць свайму экіпажу бліжэй да графіні і вярнуўся да паняў. Яго ўразіла тое, што каля іх ніхто не стаяў. Праўда маршалак і барон наблізіліся да іх экіпажу, але абыякава прынятыя паннай Ізабэлай неўзабаве адышліся. Ды моладзь кланялася здалёк і адыходзіла. “Разумею, - падумаў Вакульскі. – Ахаладзіла іх звестка пра продаж дому. А цяпер – дадаў ён у душы, пазіраючы на панну Ізабэлу, - пераканайся, хто сапраўды цябе кахае, а не тваё багацце”.
      Зазванілі на трэці забег. Панна Ізабэла стала на сядзенне; на тварыку яе выступіў румянец. За пару крокаў ад яе праехаў на Султанцы Юнг з выразам твару чалавека, якому вельмі сумна.
-       Здолей, ты прыгажуня!... – закрычала панна Ізабэла.
-       Вакульскі ускочыў у свой экіпаж і адкрыў ларнет. Ён быў так захоплены забегам, што на хвіліну забыўся пра панну Ізабэлу. Секунды расцягваліся для яго ў гадзіны; яму здавалася, што ён прывязаны да трох коней, якія павінны бегчы навыперадкі і што кожны іх лішні рух кранае яго цела. Лічыў, што ў яго кабылы няма досыць агню і што Юнг занадта абыякавы. Мімаволі ён чуў размовы тых, што абкружалі яго:
-       Юнг пераможа…
-       Але… Прыгледзьцеся, пане, да гэтага гнядога…
-       Я даў бы дзесяць рублёў, каб Вакульскі выйграў… Паказаў бы чаго варт графам…
-       Кшэшоўскі б раззлаваўся…
Званок. Тры кані з месца рушылі галопам.
-       Юнг наперадзе…
-       Гэта якраз глупства…
-       Ужо мінулі паварот…
-       Першы паварот, а гняды тут жа за ім.
-       Другі… Зноў высунуўся…
-       Але і гняды ідзе…
-       Пунцовая куртка ззаду…
-       Трэці паварот… Але ж Юнг на іх не зважае…
-       Гняды даганяе…
-       Глядзіце!...глядзіце!... пунцовы абганяе гнядога…
-       Гняды ў канцы… Прайграў, пане…
-       Пунцовы абганяе Юнга…
-       Не абгоніць, ужо лупцуе каня…
-       Але…але… БраваЮнг!... брава Вакульскі!... Кабыла бяжыць як вада!... Брава!...
-       Брава!...брава!...
Званок. Юнг выйграў. Высокі спартсмен узяў кабылу за вузду і прывёўшы да трыбуны суддзяў закрычаў:
- Султанка!... жакей Юнг!... Уладальнік ананім…
- Як гэта ананім… Вакульскі… Брава Вакульскі! – роў натоўп.
- Уладальнік пан Вакульскі! – паўтарыў высокі джэнтльмен і адаслаў кабылу на аукцыён.
Сярод натоўпу прабудзіўся шалёны запал да Вакульскага. Яшчэ ніводныя скачкі так не разварушвалі гледачоў: цешыліся, што варшаўскі купец пабіў двух графаў.
Вакульскі наблізіўся да экіпажа графіні. Пан Ленцкі і старэйшыя дамы яго віншавалі; панна Ізабэла маўчала.
У гэту хвіліну прыбег высокі спартсмен.
- Пане Вакульскі, - прамовіў ён, - вось грошы. Трыста рублёў узнагароды, васемсот за кабылу, якую я купіў…
Вакульскі з пачкам банкнот звярнуўся да панны Ізабэлы:
- Ці дазволіць пані, каб я на яе рукі склаў гэта для  вашага прытулку?...
Панна Ізабэла прыняла пачак з усмешкай і дзівосным позіркам. Хтосьці пастукаў Вакульскага. Гэта быў барон кшэшоўскі. Бледны ад гневу, ён наблізіўся да экіпажу і, выцягваючы руку да панны Ізабэлы, закрычаў па-французску:
- Я рады, кузінка, што твае прыхільнікі трыумфуюць… Толькі непрыемна мне, што за мой кошт… Вітаю паняў! – дадаў ён, кланяючыся графіні і удаве старшыні.
Твар графіні стаў пахмурным; пан Ленцкі быў заклапочаны, панна Ізабэла пабялела. Барон дзёрзкім чынам паправіў спадаючыя ў яго акуляры і увесь час пазіраючы на панну Ізабэлу сказаў:
-Так і ёсць… У мяне незвычайнае шчасце на прыхільнікаў кузінкі…
- Бароне… - спыніла яго удава.
- Але ж я нічога не кажу дрэннага… Кажу толькі, што мне шчасціць на…
Вакульскі, які стаяў за ім, дакрануўся да яго пляча.
- Яшчэ слова, пане барон, - прамовіў ён.
- Ах, гэта вы, - адказаў барон, прыглядаючыся да яго.
Адышліся ўбок.
- Вы мяне штурхнулі, пане бароне.
- Вельмі перапрашаю…
- Мне гэтага недастаткова…
- Вы хочаце сатысфакцыі? – спытаў барон.
- Менавіта.
- У такім выпадку рады служыць, - прамовіў барон, шукаючы картку. – Ах, да ліха! Не ўзяў карткі… Можа ў вас ёсць нататнік з алоўкам, пане Вакульскі?...
Вакульскі падаў яму картку і нататнік, у якім барон запісаў адрас і сваё прозвішча неадкладна зрабіўшы пры ім паварот.
-  Прыемна мне будзе, дадаў ён, кланяючыся Вакульскаму, - звесці рахункі за маю Султанку…
- Я пастараюся задаволіць пана барона.
Разышліся, адвешваючы адзін аднаму самыя паважлівыя паклоны.
-       Сапраўды, авантура! – прамовіў занепакоены пан Ленцкі, які бачыў абмен зычлівасцямі.
Раззлаваная графіня загадала ехаць дадому не чакаючы канца скачак.
Вакульскі ледзь паспеў дабрацца да экіпажа і развітацца з дамамі. Перш чым коні рушылі з месца, панна Ізабэла выхілілася і падаючы Вакульскаму кончыкі пальцаў, шапнула:
-       Мерсі, мсьё…
Вакульскі аслупянеў ад радасці. Ён быў яшчэ на адным забегу, не бачачы, што вакол яго адбываецца, і выкарыстаўшы паўзу, пакінуў трэк.
Проста са скачак Вакульскі паехаў да Шумана.
Доктар сядзеў каля адчыненага вакна, у сцёганым абадраным халаце, і рабіў карэктуру трыццацістаронкавай брашуркі этнаграфічнай,для напісання якой ён выкарыстаў больш тысячы назіранняў і чатыры гады часу.
Гэта была навуковая праца аб колеры і форме валасоў людзей, якія насяляюць Каралеўства Польскае. Вучоны доктар сцвярджаў, што праца гэта разыйдзецца не больш чым у пятнаццаці-дваццаці экзэмлярах, але паціху – загадаў надрукаваць іх чатыры тысячы і быў упэўнены ў другім выданні. Нягледзячы на кпіны са сваёй улюбёнай спецыяльнасці і нараканняў, што нікога не цікавіць, у глыбіні душы Шуман верыў, што ў цывілізаваным свеце няма чалавека, якога б у найвышэйшай ступені не цікавіла пытанне колеру валасоў і стасункі даўжыні іх дыяметраў. І ў гэту менавіта хвіліну ён задумваўся, ці б на чале навуковай працы не трэба было б напісаць афарызм: “Пакажы мне твае валасы, і я скажу табе, хто ты”.
Калі Вакульскі увайшоў у яго пакой і стомлены ўпаў на канапу, доктар пачаў:
-       Што гэта за прафаны тыя карэктары… У мяне пара соцен лічбаў з трыма знакамі пасля коскі, і ўяві сабе, палова з памылкамі… Яны думаюць, што нейкая тысячная ці нават соценная частка міліметра нічога не значыць, і не ведаюць, дылетанты, што менавіта там і знаходзіцца ўвесь сэнс. Няхай мяне чэрці возьмуць, калі ў Польшчы было б магчымым не толькі вынаходжанне, але нават друкаванне лагарыфмічных табліц. Добры паляк пацее ўжо пры другой лічбе дзесятай, пры пятай адчувае гарачку, а пры сёмай забівае яго апаплексія… Што ж у цябе чуваць?
-       У мяне дуэль, - адказаў Вакульскі.
-       Доктар усхапіўся з крэсла і так хутка падбег да канапы, што раскрытыя полы халата рабілі яго падобным да нетапыра.
-       Што?... дуэль?! – крыкнуў ён, бліскаючы вачыма. – І можа ты думаеш, што я паеду з табой у ролі доктара?... – Я буду пазіраць, як два дурні страляюць адзін аднаму ў лоб, і можа яшчэ буду павінен каторага з іх ратаваць?... Нават не думаю умешвацца ў гэту блазноту!... – крычаў ён, хапаючыся за галаву. – Зрэшты я не хірург і даўно развітаўся з медыцынай…
-       То не будзеш доктарам, а толькі секундантам.
-       А… гэта нешта іншае, - адказаў доктар без запінкі. – З кім жа?...
-       З баронам Кшэшоўскім.
-       Ён добра страляе! – прабурчаў доктар, выпінаючы ніжнюю губу. – З-за чаго?
-       Штурхнуў мяне на скачках.
-       На ска…?. – А што ж ты рабіў на скачках?...
-       Я пускаў каня і нават атрымаў узнагароду.
Шуман ударыў рукой ззаду галавы і раптам рассунуўшы Вакульскаму адзін і другі павек пачаў яму пільна разглядаць вочы.
- Ты думаеш, што я звар’яцеў? – спытаў Вакульскі.
- Яшчэ не. Ці гэта, - дадаў ён праз хвіліну, - жарт, ці сур’ёзна?
- Зусім сур’ёзна. Я не хачу абсалютна ніякіх правіл і прашу пра вострыя ўмовы.
Доктар вярнуўся да свайго пісьмовага століка, сеў, абапёрся падбародкам на руку і сказаў, падумаўшы:
- Спадніца, так?... Нават пеўні б’юцца толькі…
- Шуман… сцеражыся! – перапыніў яго Вакульскі прыцішаным голасам, выпростваючыся на канапе.
Доктар зноў прыгледзеўся да яго прафесійна.
- Значыць нават так? – прабурчаў ён. – Добра. Я буду тваім секундантам. Ты павінен разбіць лоб, дык разбі яго пры мне; можа табе ў чым дапамагу…
 - Прышлю табе сюды зараз Жэцкага, - азваўся Вакульскі, паціскаючы яму руку.
Ад доктара падаўся ў свой склеп, перакінуўся словам з панам Ігнацыем і, вярнуўшыся ў жытло, лёг спаць амаль у дзесяць. Зноў спаў як сноп. Для яго львінай натуры патрэбны былі моцныя ўзрушэнні; толькі пры іх душа, кранутая моцным пачуццём, адшуквала раўнавагу.
На другі дзень, каля пятай пасля апоўдня, Жэцкі з Шуманам ехалі ўжо да графа-англічаніна, які быў сведкам Кшэшоўскага. Абодва таварышы Вакульскага маўчалі па дарозе; толькі раз азваўся пан Ігнацы:
-       І што сказаў доктар на ўсё гэта?
-       Тое што ўжо аднойчы сказаў, - адказаў Шуман. – Набліжаемся да пятага акту. Гэта ці канец адважнага чалавека, ці пачатак цэлага шэрагу глупстваў…
-       Самых горшых, бо палітычных, - заўважыў Жэцкі.
Доктар паціснуў плячыма і пазіраў на другі бок экіпажа; пан Ігнацы са сваёй вечнай палітыкай здаваўся яму невыносным.
Граф-англічанін чакаў іх у таварыстве іншага джэнтльмена, які бясстомна выглядаў праз вакно на аблокі і кожныя некалькі хвілін выдаваў гартанню такія гукі, нібы штосьці глытаў з цяжкасцю. У яго быў выраз непрытомнага; У рэчаіснасці ён быў няпростым чалавекам, як паляўнічы на львоў і глыбокі знаўца егіпецкіх старажытнасцяў.
У кабінеце графа-англічаніна стаяў стол, прыкрыты зялёным сукном і з чатырма высокімі стуламі вакол; на стале ляжалі чатыры аркушы  паперы, чатыры алоўкі, два пяры і чарнільніца такіх вялікі памераў, нібы была прызначана для нажных ванн.
Калі ўсе селі, граф  узяў слова.
- Прашу паноў, - рамовіў ён, - барон Кшэшоўскі прызнае, што мог штурхнуць пана Вакульскага, паколькі з’яўляецца рассеяным чалавекам.  Лагічна, па нашым жаданні…
Тут граф паглядзеў на свайго таварыша, які з урачыстым выразам твару штосьці праглынуў.
- Па нашым жаданні, - працягваў граф, - барон гатовы… прасіць прабачэння з дапамогай ліста ў пана Вакульскага, якога ўсе мы шануем, - так-с… Што ж панове скажаце на гэта?
- У нас няма паўнамоцтваў да ніякіх крокаў прымірэння, - адказаў Жэцкі, у якім прачнуўся былы венгерскі афіцэр.
Вучоны егіптолаг шырока раскрыў вочы і зглынуў два разы, адзін за другім.
На твары графа прамільгнула здзіўленне; у гэту хвіліну аднак ён авалодаў сабой і адказаў тонай сухой ветлівасці:
- У такім выпадку мы слухаем умовы…
- Няхай панове першыя іх падаюць, - адказаў Жэцкі.
- О! вельмі просім вас, - прамовіў граф.
Жэцкі адкашляўся.
-У такім выпадку я асмелюся прапанаваць… праціўнікі стаяць на адлегласці дваццаці пяці крокаў, ідуць наперад па пяць крокаў…
- Так-с.
- Пісталеты наразныя з мушкамі… Страляюць да першай крыві… - закончыў Жэцкі цішэй.
- Так-с.
- Тэрмін, калі можна, заўтра да апоўдня…
- Так.
Жэцкі пакланіўся, не ўзнімаючыся з крэсла. Граф узяў аркуш паперы і сярод агульнага маўчання падрыхтаваў пратакол, які Шуман адразу ж перапісаў. Абодва дакументы пацверджаны і амаль праз сорак пяць хвілін справа была вырашана. Сведкі Вакульскага развіталіся з гаспадаром і яго таварышам, які зноў заглыбіўся ў разгляданне аблокаў.
Калі ўжо былі на вуліцы, Жэцкі звярнуўся да Шумана:
-       Вельмі мілыя людзі гэтыя панове з арыстакратыі…
-       Няхай іх чэрці возьмуць!... Няхай вас усіх чэрці возьмуць з вашымі дурнымі прымхамі!... – крычаў доктар, махаючы кулаком.
-       Вечарам пан Ігнацы, заказаўшы пісталеты, зайшоў да Вакульскага. Застаў яго сумнага за гарбатай. Жэцкі наліў сабе гарбаты і азваўся:
-       Уяўляеш, Стах, гэта людзі высокага гонару. Барон, які як ведаеш, вельмі рассеяны, гатовы прасіць у цябе прабачэння…
-       Ніякіх прабачэнняў.
Жэцкі змоўк. Ён піў гарбату і цёр лоб. Пасля доўгай паўзы прамовіў:
-       Натуральна, напэўна ты падумаў пра справы… на выпадак…
-       Не напаткае мяне ніякі выпадак, - адказаў раззлаваны Вакульскі.
Пан Ігнацы пасядзеў яшчэ з чвэрць гадзіны ў маўчанні. Гарбата яму не падабалася, галава яго балела. Ён дапіў шклянку і паглядзеўшы на гадзіннік пакінуў пакой сябра, кажучы на развітанне:
-       Заўтра выедзем а палове восьмай ранкам.
-       Добра.
Калі пан Ігнацы выйшаў, Вакульскі сеў за пісьмовы столік, на аркушыку ліставой паперы напісаў больш дзесяці радкоў, і на канверце пакінуў адрас Жэцкага.
Яму здавалася, што ўвесь час чуе непрыемны голас барона:
“Я цешуся, кузінка, што трыўмфуюць твае прыхільнікі… Прыкра мне толькі, што за мой кошт…”
А куды б ні зірнуў, бачыў прыгожы твар панны Ізабэлы, заліты чырванню сораму.
У сэрцы кіпела глухая лютасць. Ён адчуваў, што яго рукі становяцца як жалезныя штабы, а цела набірае такой дзіўнай напругі, што напэўна няма кулі, якая б ударыўшыся аб яго, не адскочыла. Прамільгнула ў галаве слова: смерць, і ён на хвіліну ўсміхнуўся. Ён ведаў, што смерць не кранае адважных; становіцца толькі насупраць іх як злы сабака і пазірае зялёнымі вачамі: ці не закрываюцца павекі?
У гэту ж самую ноч, як зрэшты ў кожную іншую ноч, барон гуляў у карты. Марушэвіч, які таксама быў у клубе, нагадаў яму а дванаццатай, а першай і а другой, каб ішоў спаць, бо ранкам разбудзіць яго а сёмай; рассеяны барон адказваў: “Зараз! Зараз!...”, але прасядзеў да трэцяй, і ўжо невядома калі азваўся адзін з яго партнёраў:
- Хопіць! Бароне. Паспі хоць пару гадзін, бо будуць у цябе дрыжаць рукі і прамахнешся.
Гэтыя словы, а яшчэ больш пакіданне століка партнёрамі, ацвярэзілі барона. Ён выйшаў з клубу, вярнуўся дадому і свайму камердынеру, Канстанціну, загадаў разбудзіць яго а сёмай ранкам.
-       Напэўна ясны пане робіць якоесьці глупства… - буркнуў абражаны слуга. – Што там зноў?... – пытаў ён гнеўна, распранаючы барона:
-       А, ты нейкі блазан, - абурыўся барон, - думаеш, што я буду табе тлумачыць? – У мяне дуэль, так?... бо мне так падабаецца. А дзевятай ранкам я буду страляцца з нейкім шаўцом ці фрыз’ерам, ну?... Можа забароніш мне?...
-       А страляйцеся, пане, хоць са старым чортам! – адказаў Канстанцін. – Толькі мне цікава, хто векселі яснага пана заплоціць?... А каморныя… а ўтрыманне дому?... Таму што ясны пан кожны квартал мае цікавасць да Павонзак, то гаспадар пасылае да нас прыставаў, а я баюся, каб вы з голаду не памерлі… Добрая служба!...
-       Ідзі ты ўжо!... – крыкнуў барон і схапіўшы гамаш, кінуў ім услед адступаючаму камердынеру. Гамаш трапіў у сцяну і амаль не зваліў бронзавую статую Сабескага.
Разабраўшыся з верным слугой, барон лёг на ложак і пачаў раздумваць над сваім плачэўным становішчам.
“Трэба ж такое шчасце, - уздыхаў ён, - каб мець дуэль з купчыкам. Калі я ў яго пацэлю, буду як паляўнічы, які выйшаў на мядзведзя, а забіў селяніну цельную карову. Калі ён у мяне трапіць, атрымаецца так, як бы мяне зваліў бізуном рамізнік. Калі ж з абодвух бакоў скрынка… Не, мы павінны страляцца да першай крыві. Няхай мяне расстраляюць, калі б я не хацеў гэтага асла перапрасіць, хоць бы ў канцылярыі прыстава, прыбраўшыся на такую ўрачыстасць у фрак і белы гальштук. Ах, подлыя часіны ліберальныя!... Мой бацька загадаў бы такога зуха высекчы сваім сабачнікам, а я павінен даваць яму сатысфакцыю, як калі б сам прадаваў карыцу… Дык няхай ужо адзін раз прыйдзе гэта дурная сацыяльная рэвалюцыя і знішчыць ці нас, ці лібералаў…”
Ён пачаў засынаць і марыў, што Вакульскі забіў яго. Бачыў як яго труп два пасланцы нясуць у пакой жонкі, як жонка млее і кідаецца яму на акрываўленыя грудзі… Як аплочвае ўсе яго даўгі і асігнуе тысячу рублёў на пахаванне і… як ён уваскрасае і забірае гэтую тысячу на дробныя выдаткі…
Прыемная ўсмешка зайграла на худым твары барона і – ён заснуў як дзіця.
А сёмай ледзь яго абудзілі Канстанты і Марушэвіч. Барон ніякім чынам не хацеў уставаць, бурчэў, што лепш няхай будзе яму нягонар і непавага чым узнімацца так рана. Толькі выгляд графіна з халоднай вадой прывёў яго да ўсведамлення сябе як такога. Барон выскачыў з ложка, ударыў Канстантага, палаяў Марушэвіча, і ў душы пакляўся, што заб’е Вакульскага.
Але калі ўжо быў апрануты, выйшаў на вуліцу, убачыў добрае надвор’е і ўявіў сабе, што бачыць узыход сонца, нянавісць да Вакульскага аслабла ў ім і ён вырашыў толькі прастрэліць яму нагу.
“А так!... – дадаў ён праз хвіліну. – Я параню яго, і ён будзе кульгаць да канца жыцця і будзе расказваць: гэтую смяртэльную рану я атрымаў на дуэлі з баронам Кшэшоўскім!... Гэта мяне задаволіць… Што яны мне нарабілі, гэтыя мае любыя секунданты?... Калі ўжо нейкі купчык раптам хоча па мне страляць, то няхай страляе як найменш тады, як я іду на шпацыр, а не на дуэлі… Страшнае становішча!... Я ўяўляю сабе, як мая дарагая жонка будзе расказваць, што я страляюся на дуэлі з купцамі…”
Заехалі экіпажы. У адзін сеў барон з графам-англаманам, у другі маўклівы егіптолаг з пісталетамі і хірург. Рушылі ў бок Бялян, а праз пару хвілін паехаў за імі лёкай барона, Канстанты, у павозцы. Верны слуга лаяўся на чым свет стаіць і абяцаў, што ўдвая палічыць свайму пану кошт гэтай паездкі. Аднак быў неспакойны.
У бялянскім лясочку барон і трое яго таварышаў сустрэлі ўжо партыю праціўніка і двума групамі падаліся ў гушчар тут жа на беразе Віслы. Доктар Шуман быў раззлаваны, Жэцкі трымаўся холадна, Вакульскі быў хмуры. Барон, пагладжваючы сваю рэдкую бараду, прыглядаўся да яго з увагай і думаў:
“Ён напэўна добра харчуецца, гэты купчык. Я выглядаю побач з ім як аўстрыйская цыгара побач з быком. Няхай мяне д’яблы возьмуць, калі я не стрэлю гэтаму блазну над галавой ці… зусім не стрэлю… Так будзе найлепш…”
Але раптам ён узгадаў сабе, што дуэль павінна доўжыцца да першай крыві. Тады барон раззлаваўся і незваротна вырашыў забіць Вакульскага з месца.
“Няхай аднойчы і назаўсёды гэтыя мяшчане адвучацца выклікаць нас…” – сказаў сам сабе барон.
За некалькі дзесяткаў крокаў ад яго Вакульскі хадзіў паміж дзвюмя соснамі туды і назад як маятнік. Цяпер ён не думаў пра панну Ізабэлу; слухаў спевы птушак, якімі быў напоўнены ўвесь лес, і плёскат Віслы, якая размывала берагі. На фоне гукаў спакойнага шчасця прыроды дзіўна адбіваліся стук штэмпеляў у пісталетах і шчоўканне куркоў, якія адводзіліся. У Вакульскім абудзілася драпежная жывёла; увесь свет знік перад яго вачыма, а застаўся толькі адзін чалавек, барон, труп якога ён павінен прывалачы да ног абражанай панны Ізабэлы.
Іх паставілі на месцах. Барон увесь час быў заклапочаны няпэўнасцю, што зрабіць з купчыкам, і канчаткова вырашыў прастрэліць яму руку. На твары Вакульскага малявалася такая дзікая заўзятасць, што здзіўлены граф-англаман падумаў:
“Напэўна тут справа не ў кабыле, і не ў штуршку на скачках!...”
Егіптолаг, які да гэтага часу маўчаў, закамандаваў, праціўнікі прыцэліўшыся пісталетамі, рушылі. Барон нацэліўся Вакульскаму ў правую ключыцу і зніжаючы пісталет, далікатна націснуў курок. У апошні момант пахіліўся ў яго манокль; пісталет збочыў на волас, выпаліў і – куля праляцела на некалькі цаляў ад пляча Вакульскага.
Барон засланіў твар ствалом і, пазіраючы з-за яго, думаў:
“Не трапіць асёл… Цэліцца ў галаву…”
Раптам адчуў моцны ўдар у скроню; зашумела ў яго ў вушах, чорныя плямы праляцелі перад вачыма… Выпусціў зброю з рукі і апусціўся на калены.
- У галаву!... – крыкнуў хтосьці.
Вакульскі кінуў пісталет на зямлю і сышоў з месца. Усе пабеглі да барона, які стаяў на каленах, і замест таго, каб паміраць, гаварыў крыклівым голасам:
-       Дзіўны выпадак! У мяне дзірка ў твары, зуб выбіты, а кулі не відаць… Ну не праглынуў жа я яе…
Тады егіптолаг узняў і агледзеў старанна пісталет барона.
-       А!... – усклікнуў ён, - цяпер ясна… Куля ў пісталет, а замок у сківіцу… Пісталет пашкоджаны; вельмі цікавы стрэл…
-       Ці пан Вакульскі задаволены? – спытаў граф-англаман.
-       Так.
Барону хірург аббінтаваў твар. Спаміж дрэў выбег спужаны Канстанты.
-       Ну што! – сказаў ён. – Я ж папярэджваў, што дакладна пан даіграецца.
-       Маўчы, блазне!... – прабурчэў барон. – Едзь зараз жа да пані баранэсы і скажы кухарцы, што я цяжка паранены…
-       Я прашу, - прамовіў урачыста граф-англаман, - каб праціўнікі падалі адзін аднаму рукі.
Вакульскі наблізіўся да барона і прыабняў яго.
-       Цудоўны стрэл, пане Вакульскі, - сказаў з цяжкасцю барон, моцна пастукваючы Вакульскага па руцэ. – Я думаю над тым, што чалавек вашай прафесіі… Але можа вас гэта крыўдзіць?...
-       Зусім не!
-       Дык вось, што чалавек вашай прафесіі, зрэшты вельмі паважанай, так добра страляе… Дзе мой манокль?... Ах,вось… Пане Вакульскі, я прашу вас на слоўца з вока на вока…
Ён абапёрся на плячо Вакульскага і яны адышліся на больш дзесятка крокаў да лесу.
-       Я пакалечаны, - сказаў барон, - выглядаю як старая малпа, хворая на флюс. Я не хачу з вамі другой дуэлі, бо бачу, што вам шчасціць… Таму скажыце ж мне: за што я ўсё-такі стаў калекам?... Бо напэўна не за штуршок… - дадаў ён, пазіраючы яму ў вочы.
-       Вы абразілі жанчыну… - адказаў ціха Вакульскі.
Барон адступіў на крок.
-       Ах… вось што!... – прамовіў ён. – Разумею… Яшчэ раз перапрашаю вас, а там… ведаю, што мне належыць зрабіць…
-       І вы мяне прабачце, барон, - адказаў Вакульскі.
-       Дробязь… вельмі прашу вас… нічога страшнага, - сказаў барон, кранаючы яго за руку. – Я не павінен быць пакалечаны, а што да зуба… Дзе мой зуб, доктар?... прашу закруціць яго ў паперку… А што да зуба, то даўно ўжо павінен управіць сабе новыя. Не паверыце, пане Вакульскі, якія ў мяне папсаваныя зубы…
Развіталіся ўсе вельмі задаволеныя, барон дзівіўся, адкуль чалавек гэтай прафесіі так добра страляе, граф-англаман больш чым калі-небудзь быў падобны да марыянеткі, а егіптолаг зноў пачаў аглядаць аблокі. У другой жа партыі – Вакульскі быў у задуменні, Жэцкі захоплены адвагай і далікатнасцю барона, і толькі Шуман быў злосны.
І толькі калі іх карэта з’ехала з горкі побач з кляштарам камедулаў, доктар паглядзеў на Вакульскага і прабурчэў:
- А гэта скаты!... І як я на гэтых блазнаў не напусціў паліцыю…
На працягу трох дзён пасля дзіўнай дуэлі Вакульскі сядзеў, зачыніўшыся ў кабінеце з нейкім панам Вільямам Колінзам. Слуга, якога даўно інтрыгавалі гэтыя сабранні, якія адбываліся па некалькі разоў на тыдзень, выціраў пыл у пакоі узбочным і час ад часу прыціскаўся то вокам, то вухам да дзіркі для ключа. Ён бачыў на стале нейкія кніжкі і тое, што яго гаспадар піша на сшытку; чуў, што госць задае Вакульскаму нейкія пытанні, на якія ён адказвае часам гучна і адразу, часам напаўголас і нясмела… Але пра што б гэта магла быць размова такім дзіўным чынам, лёкай не мог здагадацца, паколькі размова ішла на замежнай мове.
 Вядома, гэта не па-нямецку, - бурчэў слуга, - бо ж я ведаю, што па-нямецку кажуць: bite majn her... І не па-французску, бо не кажуць монсье, бонжур, жодзі… І не па-яўрэйску, і не на ніякай, то на якой?... Відаць стары прыдумвае зараз незвычайную спекуляцыю, калі размаўляе так, што яго сам д’ябал не зразумее… і саўдзельніка знайшоў… А каб яго!...
Раптам зазванілі. Чуйны слуга адсунуўся на насочках ад дзвярэй кабінету, з шумам увайшоў у пярэднюю і праз хвіліну вярнуўшыся пастукаў да гаспадара.
-       Чаго ты хочаш? – нецярпліва запытаў яго Вакульскі, выхіляючы галаву спаміж дзвярэй.
-       Прыйшоў той пан, што ўжо ў нас бываў, - адказаў слуга і ўперыў позірк у працоўны кабінет. Але апрача сшытку на стале і рудых бакенбардаў на абліччы пана Колінза не ўбачыў нічога незвычайнага.
-       Чаму ж ты не сказаў, што мяне няма дома? – спытаў гнеўна Вакульскі.
-       Забыўся, - адказаў слуга, зводзячы бровы і машучы рукой.
-       Прасі яго, асёл, у залу, - прамовіў Вакульскі і захлопнуў дзверы кабінета.
Неўзабаве ў зале з’явіўся Марушэвіч. Ужо быў збяжэнтаны, і збянтэжыўся яшчэ больш, даведаўшыся, што Вакульскі вітае яго з выразнай неахвотай.
-       Прабачайце… можа я перашкаджаю… можа ў вас важны занятак…
-       У гэту хвіліну нічым не заняты, - адказаў пахмурна Вакульскі і злёгку зачырванеўся. Марушэвіч заўважыў гэта. Ён быў упэўнены, што ў пакоі ці нешта задумваецца, ці – ёсць жанчына. У любым выпадку знайшоў у сабе адвагу, якую зрэшты заўсёды меў у адносінах да людзей засаромленых.
-       Я толькі хвілінку займу ў шаноўнага пана, - сказаў ужо смялей  змарнелы малады чалавек, удзячна машучы кійком і капелюшом. – Хвілінку.
-       Слухаю, - прамовіў Вакульскі. Сеў з імпэтам на крэсла , і госцю паказаў на другое.
-       Я прыйшоў прасіць прабачэння ў дарагога пана, - сказаў манерна Марушэвіч, - што не магу служыць вам у справе продажу дому сям’і Ленцкіх…
-       А адкуль вы ведаеце пра гэты продаж?... – не на жарты здзівіўся Вакульскі.
-       Не здагадваецеся? – запытаў з усёй свабодай прыемны малады чалавек, нязначна міргаючы вокам, бо яшчэ не быў упэўнены ў сваім. – Не здагадваецеся. Даражэнькі?... Гэта той паважаны Шлангбаум…
   Раптам замоўк, нібы ў адкрытых вуснах завісла незакончаная фраза, а левая рука з кійком і правая з капелюшом апалі на парэнчы крэсла. Тымчасам Вакульскі нават не зварухнуўся, толькі ўгледзеўся ў яго сваім светлым позіркам. Сачыў за  нязначнымі хвалямі, якія прабягалі па абліччы Марушэвіча, як паляўнічы сочыць за папарам, па якім прабягаюць палахлівыя зайцы. Ён прыглядаўся да юнака і думаў:
“Ах, значыць гэта ён  - той прыстойны католік, якога Шлангбаум наймае для аўкцыёну за пятнаццаць рубельчыкаў, але не раіць даваць іх загадзя ў рукі?... Ого!... І пры атрыманні васьмісот рублёў за кабылу Кшэшоўскага быў нейкі збянтэжаны… Ага!... І звестку аб набыцці мной кабылы ён разнёс… Служыць адразу двум багам: барону і яго жонцы… Так, але ён занадта шмат ведае пра мае справы… Шлангбаум зрабіў неасцярожна…” Так раздумваў Вакульскі і спакойным позіркам прыглядаўся да Марушэвіча. Прапашчы малады чалавек, які ў дадатак быў вельмі нерваваны, віўся пад яго позіркам як галубок ад позірку кобры. Спачатку крыху пабляднеў, потым хацеў засяродзіць стомлены позірк на якім-небудзь простым прадмеце, які дарма шукаў на столі і сценах пакою, і нарэшце, абліты халодным потам, адчуў, што не можа адвесці свой спужаны позірк з-пад уплыву Вакульскага. Яму здавалася, што пахмурны купец клешчамі схапіў яго душу і што немагчыма яму процістаяць. Таму яшчэ пару разоў зварухнуў галавой і нарэшце з усёй даверлівасцю патануў у позірку Вакульскага.
- Пане, - сказаў ён салодкім голасам. – Я бачу, што з вамі мушу іграць у адкрытую… Таму скажу адразу…
- Не клапаціцеся, пане Марушэвіч. Я ўжо ведаю, што мне патрэбна ведаць.
- Бо пане дабрадзею, вы ўведзены ў зман плёткамі і ў вас пра мяне склалася непрыхільнае меркаванне… А тымчасам у мяне, слова гонару, самыя найлепшыя намеры… Нічога, толькі гэта… Але, слова гонару, найлепшыя…
-Верце, пане Марушэвіч, што свае меркаванні я не грунтую на плётках.
Ён устаў з крэсла і паглядзеў у іншы бок, што дазволіла Марушэвічу крыху апрытомнець. Малады чалавек хутка развітаўся з Вакульскім, пакінуў пакой і бягом бегучы па сходах, думаў:
“Ну, ці чулі вы?... Такі лавачнік хоча мне падабацца! Была хвіліна, слова гонару, што я хацеў ударыць яго кіем… Нахабнік, слова гонару… Гатовы падумаць, што я яго баюся, слова гонару… О Божа, як цяжка ты караеш мяне за легкадумнасць!... Подлыя ліхвяры насылаюць мне каморніка, праз пару дзён я павінен сплаціць доўг гонару, а гэты купчык, гэты… лайдак!... Я толькі б хацеў ведаць: што ці сапраўды, ці мне  здаецца , што ён, напэўна, кагосьці забіў, бо такога позірку не можа мець чалавек звычайны. Натуральна, амаль не забіў Кшэшоўскага. Ах, бедны нахабнік!... ён пасмеў такім чынам пазіраць на мяне… на мяне, клянуся Богам!...”
Нягледзячы на гэта, на другі дзень прыехаў зноў з візітам да Вакульскага, і не знайшоўшы яго ў пакоі, загадаў рамізніку спыніцца перад магазінам. У магазіне прывітаў яго пан Ігнацы, раскідваючы рукі такім чынам, нібы ўвесь магазін аддаваў яму ў распараджэнне. Унутраны голас аднак гаварыў старому суб’екту, што госць гэты не купіць прадмету, даражэйшага за пяць рублёў, і хто ведае, ці не загадае яшчэ запісаць сабе на рахунак.
-       Пан Вакульскі?... – спытаў Марушэвіч, не здымаючы капялюш з галавы.
-       Праз хвілінку падыйдзе, - адказаў пан Ігнацы з нізкім паклонам.
-       Праз хвілінку, гэта значыць як хутка?
-       Найпазней праз чвэрць гадзінкі, - адказаў Жэцкі.
-       Я пачакаю. Загадайце вынесці рубель рамізніку, - сказаў малады чалавек, нядбайна рассаджваючыся на крэсле. Аднак ногі здранцвелі ў яго ад думкі, што стары распарадчы можа не загадаць вынесці рубель рамізніку. Але Жэцкі пажаданне выканаў, хаця ўжо і не кланяўся госцю.
Праз пару хвілін увайшоў Вакульскі.
Марушэвіч, убачыўшы непрыемную яму фігуру купчыка, адчуў такія розныя пачуцці, што не толькі не ведаў, што гаворыць, але нават пра што думае. Памятаў толькі, што Вакульскі правёў яго ў кабінет за магазінам, дзе знаходзілася жалезная каса, і сказаў сабе, што пачуцці, якія ён адчувае пры выглядзе Вакульскага, з’яўляюцца знявагай, спалучанай з пагардай. Пазней ён прыгадаў сабе, што пачуцці гэтыя імкнуўся замаскіраваць найтанчэншай далікатнасцю, якая нават у яго вачах выглядала пакорай.
-       Што жадаеце? – спытаў яго Вакульскі, калі яны ўжо селі. (Марушэвіч не здолеў бы сцісла вызначыць хвіліну займання месца ў парсторы). Нягледзячы на гэта, ён пачаў гаварыць, часам спыняючыся:
-       Я хацеў шаноўнаму пану даць доказ зычлівасці… Пані баранэса Кшэшоўска, як вы ведаеце, хоча купіць дом сям’і Ленцкіх… Дык вось яе муж, барон, паклаў вета на пэўную частку яе фондаў, без якіх пакупка не можа адбыцца… Дык вось… сёння… барон часова знаходзіцца ў клопаце… Яму не хапае… яму не хапае тысячы рублёў… і я хацеў бы узяць пазыку, без якой… без якой, разумееце пан, ён не зможа досыць энергічна супраціўляцца волі жонкі…
Марушэвіч выцер з ілба пот, бачачы, што Вакульскі зноў прыглядаецца да яго вывучаючы.
-       Значыць гэта барону патрэбныя грошы?
-       Так, - хутка адказаў малады чалавек.
-       Тысячы рублёў я не дам, але так з трыста… чатырыста… І то на вексель з подпісам барона.
-       Чатырыста! – паўтарыў машынальна малады чалавек і раптам дадаў: - Праз гадзіну прывязу вексель барона… Вы будзеце тут?
-       Буду…
Марушэвіч пакінуў кабінет і праз гадзіну сапраўды вярнуўся з векселем, падпісаным баронам Кшэшоўскім. Вакульскі прачытаў дакумент і паклаў яго ў касу, а ўзамен даў Марушэвічу чатырыста рублёў.
-       Барон пастараецца у самы карацейшы час… - бурчэў Марушэвіч.
-       Нічога пільнага, - адказаў Вакульскі. – Падобна барон хварэе?
-       Так… крыху… Заўтра ці паслязаўтра выязджае… Верне ў найкарацейшы…
Вакульскі развітаўся з ім вельмі абыякавым рухам галавы.
Малады чалавек хутка пакінуў магазін, забыўшыся нават вярнуць Жэцкаму рубель, пазычаны для рамізніка. Калі ўжо апынуўся на вуліцы, уздыхнуў і пачаў думаць:
“Ах, подлы купчык!... Асмеліўся даць мне чатырыста рублёў замест тысячы… Божа, як сурова ты караеш мяне за легкадумнасць…Каб я адыграўся, слова гонару, кінуў бы ў вочы яму гэтыя чатырыста рублёў і тыя дзвесце… Божа, як нізка я ўпаў…
Прыйшлі яму на думку афіцыянты розных рэстарацый, маркеры більярдаў і швейцары гатэляў, ад якіх таксама розным чынам атрымліваў грошы. Але ніводзін з іх не падаўся яму такім агідным і годным пагарды як Вакульскі.
“Слова гонару, - думаў ён, - добраахвотна я ўлез у яго гэтыя агідныя лапы… Божа, як ты караеш мяне за легкадумнасць…”
Але Вакульскі пасля адыходу Марушэвіча быў узрадаваны.
“Здаецца мне, - думаў ён, - што гэта гультай яшчэ які, а пры гэтым яшчэ і спрытны. Хацеў ад мяне пасады, але сам яе знайшоў: сочыць за мной і даносіць іншым. Мог бы мне нарабіць клопату, калі б не гэтыя чатырыста рублёў, якія ўзяў, я ўпэўнены, пад несапраўдны подпіс. Кшэшоўскі пры ўсім сваім дзівацтве і лайдацтве чалавек сумленны... (Ці можа лайдак быць сумленным?) У ніякім выпадку не ахвяраваў бы справамі ці інтарэсамі сваёй жонкі за пазыку, узятую ад мяне…”
Зрабілася яму прыкра; ён абапёрся галавой на рукі і прыкрыўшы вочы, марыў далей:
“Што я аднак вырабляю?... свядома дапамагаю гультаю зрабіць подласць. Калі б я сёння памёр, грошы гэтыя павінен бы вярнуць Кшэшоўскі… Не, то Марушэвіч пайшоў бы у каталажку… Ну, гэта яго не абміне…”
Праз хвіліну агарнуў яго яшчэ больш чорны песімізм.
“Чатыры дні таму амаль не забіў чалавека, сёння для другога збудаваў мост у турму і – усё для яе за адзінае: мерсі… Ну, для яе таксама зрабіў багацце, даю працу некалькім сотням людзей, памнажаю багацці краіны… Кім бы я быў без яе? Маленькім, галантарэйным купцом. А сёння гавораць пра мяне па ўсёй Варшаве, ба!... Малая колькасць вугалю зрушвае карабель, які кіруе доляй некалькіх соцен людзей, а каханне зрушвае мяне. А калі спаліць мяне так, што застанецца толькі прыгарша попелу?... О Божа, які гэта бедны свет… Мае рацыю Ахоцкі. Жанчына гэтая нізкая жывёліна: бавіцца тым, чаго нават не можа зразумець…” Ён быў так паглыблены ў хваравітыя медытацыі, што не пачуў як адчыніліся дзверы ў пакой і хуткія крокі за сабой. Толькі апрытомнеў, пачуўшы дотык чыёйсьці рукі. Ён адвярнуў галаву і ўбачыў мецэната з вялікай папкай пад пахай і панурым выразам твару.
Вакульскі ўсхапіўся збянтэжаны, пасадзіў госця на крэсла; знакаміты адвакат асцярожна паклаў сваю руку на стол і хутка паціраючы адным пальцам свой карак, прамовіў напаўголас:
-       Пане… пане… пане Вакульскі! Любы пане Станіслаў!... Што гэта… што гэта вы робіце, пане дабрадзею?... Я пратэстую…падаю рэплікі… падаю апеляцыю да вяльможнага пана Вакульскага, легкадумца, да любага пана Станіслава, які з хлопца лавачнага стаў адукаваным і рэфармаваў наш гандаль замежны. Пане… пане Станіслаў – так нельга.
Кажучы гэта, ён паціраў свой карак з абодвух бакоў і крывіўся, нібы ў яго быў поўны рот хініну.
Вакульскі апусціў вочы і бурчаў; адвакат казаў далей:
-       Дарагі пане, - адным словам, - дрэнныя навіны. Граф Саноцкі, вы яго памятаеце, гэты прыхільнік грашовай ашчаднасці, хоча цалкам выйсці з таварыства… А ведаеце чаму? Ёсць дзве прычыны: першае, вы гуляеце  на скачках, а па-другое – перабіваеце яго на скачках. Разам з вашай кабылай удзельнічаў яго конь і – прайграў. Граф вельмі заклапочаны і бурчыць: “Якога д’ябла нам збіраць капіталы? Ці можа для таго, каб купцам даваць магчымасць удзельнічаць у скачках разам са мной і выхопліваць у мяне узнагароду з-пад самага носу?...”
Дарма я яго пераконваў – працягваў, адпачыўшы, адвакат, - што скачкі – такая ж добрая справа як любая іншая, і нават лепшая, бо на працягу некалькіх дзён на васьмістах рублях вы зарабілі трыста; але граф адразу заткнуў мне рот:
“Вакульскі, - адказаў ён, - увесь выйгрыш і вартасць каня аддаў дамам на прытулак, а апрача таго Бог ведае колькі заплаціў Юнгу і Мілеру…”
-       Што, мне нават гэтага рабіць нельга! – усклікнуў Вакульскі.
-       Можна, пане, можна, - паддакваў салодка знакаміты адвакат. – Можна рабіць, але робячы гэта – паўтараеце, пане, толькі старыя грахі, зрэшты нашмат лепш споўненыя іншымі. Ні я, ні князь, ні гэтыя графы не для таго зблізіліся з вамі, каб разагравалі старыя стравы, атолькі – каб паказалі нам новыя дарогі.
-       Дык няхай выступяць з таварыства, - адбуркнуў Вакульскі, - я іх не клічу…
-       І выйдуць, - сказаў адвакат, трасучы рукой, - зрабіце толькі яшчэ хоць адну памылку…
-       Ці ж я нарабіў іх так шмат!...
-       Вы непараўнальны, - злаваўся мецэнат, удраючы рукой па калене. – А ці ведаеце, што гаворыць пан Ліцінскі, той нібы-англаман, той “так-с”? Ён гаворыць: “Вакульскі гэта скончаны джэнтльмен, страляе як Немрод, але… гэта ніяк не кіраўнік справы купецкай. Бо сёння кіне мільёны ў прадпрыемствва, а заўтра выкліча каго-небудзь на дуэль, і ўсё пойдзе прахам…”
     Вакульскі аж адсунуўся разам з крэслам. Гэты паварот не прыйшоў яму на думку. Мецэнат заўважыўшы ўражанне, якое зрабіў, вырашыў каваць жалеза, пакуль гарачае:
-       Калі ж такім чынам, каханы пане Станіславе, не хочаш змарнаваць так добра распачатую справу, то ўжо не лезь далей. А перадусім не купляй дом Ленцкіх. Бо калі ўкладзеш ў яго дзевяноста тысяч рублёў, даруй, але таварыства развеецца як дым ад файкі. Людзі, бачачы, што змяшчаеш вялікі капітал на шэсць ці сем працэнтаў, страцяць веру да тых працэнтаў, якія ты ім абяцаў, і нават… Разумееш… Гатовы падазраваць…
Вакульскі усхапіўся з-за стала.
-       Не хачу ніякіх таварыстваў!... – крыкнуў ён. – Я не хачу ад каго б ні было ласкі, хутчэй аказваю яе іншым. Хто мне не верыць, няхай праверыць усю справу… Пераканаецца, што я не містыфікаваў, але – і не будзе маім кампаньёнам. Графы і князі не маюць манаполіі на фантазію… У мяне ёсць таксама свае фантазіі і не люблю, каб у іх умешваліся…
-       Ціха…ціха… супакойся, каханы пане Станіславе, -  супакойваў адвакат, назад усаджваючы яго на крэсла. – Значыць ты не адступаешся ад пакупкі?...
-       Не; гэты дом мае для мяне большую каштоўнасць чым таварыства з панамі ўсяго свету.
-       Добра…добра… Дык можа на пэўны час вы падставіце каго-небудзь замест сябе. У апошнім выпадку нават я пазычу вам сваё імя, а пра забеспячэнне гарантый на права ўласнасці можаце не клапаціцца. Самае важнае – не адбіваць ахвоту ў людзей, якія ўжо ёсць. Арыстакратыя, аднойчы паспрабаваўшы публічныя справы, можа да іх прызвычаіцца, апраз год, праз паўгода вы станеце і намінальным уладальнікам дому. Што, згода?
-       Няхай так і будзе, - адказаў Вакульскі.
-       Так, - сказаў адвакат, - так будзе найлепш. Калі б вы самі купілі гэты будынак, то апынуліся б у фальшывым становішчы нават перад сям’ёй Ленцкіх. Звычайна мы не любім тых, хто штосьці пасля нас атрымлівае ў спадчыну, гэта адно. А па-другое – хто заручыцца, што не пачалі б плесціся розныя камбінацыі ў галовах?... А ну як падумалі б: купіў занадта дорага ці занадта танна?... Калі дорага – як смее рабіць нам ласку, а калі вельмі танна, - то – ашукаў нас… “Сапраўды, - сказаў ён сабе, - адвакат мае рацыю. Людзі мяне асуджаюць і нават праклінаюць: але паколькі робяць гэта за маёй спіной, то не ведаю нічога. Сёння штосьці таксама… Ігнацы ходзіць сумны, Шлангбаум у задуменні. Лісецкі стаў больш грубы, чым раней, нібы дапускаў, што хутка я вылечу з месца працы. У Клена жаласлівы выраз твару (сацыяліст! Гневаецца на скачкі і дуэлі…), а франт Земба ужо пачынае круціцца каля Шлангбаума… Можа прадчувае ў ім будучага ўладальніка магазіна?... Ах, вы ж мае каханыя людзі!...”
      Стаў на парозе кабінета і кіўнуў на Жэцкага; стары распарадчы сапраўды быў нейкі няпэўны і свайму гаспадару не пазіраў у вочы. Вакульскі паказаў яму на крэсла і, прайшоўшыся пару разоў па цесным пакоі, прамовіў:
-       Стары!... Скажы адкрыта: што кажуць пра мяне?
Жэцкі развёў рукамі.
-       Ах, Божа, што гавораць…
-       Кажы ўсё як ёсць, - заахвочваў яго Вакульскі.
-       Як ёсць?... Добра. Адны кажуць, што пачынаеш вар’яцець…
-       Брава!...
-       Другія, што… другія, што хочаш зрабіць афёру…
-       Ды што ты…
-       А ўсе – што збанкрутуеш, і вельмі хутка.
-       Як і раней, - заўважыў Вакульскі, - а ты, Ігнацы, што сам думаеш?
-       Я думаю, - адказаў той без вагання, - што ўляпаўся ты ў нейкую вялікую авантуру… з якой не выйдзеш цэлы… Хіба што адступішся ў час, на што зрэшты маеш  досыць розуму.
Вакульскі выбухнуў.
-       Я не адступлюся! – закрычаў ён. – Чалавек, які адчувае прагу, не адступаецца ад крыніцы. Я павінен згінуць, то няхай я згіну, п’ючы… Чаго вы зрэшты хочаце ад мяне?... З дзяцінства я жыў як злоўленая птушка: у службах, у турмах, а хоць бы і ў гэтым няшчасным шлюбе, у які я прадаўся… А сёння, калі  раскрыліся мае крылы, вы пачынаеце на мяне крычаць, як свойскія гусі на дзікага, які сабраўся ляцець… Што мне там нейкі дурны магазін ці таварыства!... Я жыць хачу, я хачу…
У гэту хвіліну пастукалі ў дзверы кабінета. З’явіўся Мікалай, слуга Ленцкага, з лістом. Вакульскі нервова схапіў ліст, разарваў канверт і прачытаў:
“Шаноўны Паане! Мая дачка жадае  бліжэй пазнаёміцца з Вамі. Воля жанчыны – святое: я прашу Вас на заўтра да нас, на абед ( каля шостай), а Вы – нават не спрабуйце адмаўляцца. Прашу прыняць запэўненні ў глыбокай павазе.
Т. Ленцкі”
Вакульскі так аслаб, што мусіў сесці. Перачытаў ліст другі, трэці, чацвёрты раз… Нарэшце апрытомнеў і адпісаў пану Ленцкаму, а Мікалаю даў пяць рублёў.
Пан Ігнацы выбег тымчасам на пару хвілін у магазін, а калі Мікалай выйшаў на вуліцу, вярнуўся да Вакульскага і прамовіў, нібы нанова пачынаючы размову:
-       У кожным выпадку аднак, каханы Стась, разгледзься ў сітуацыі, а можа сам адступішся…
Вакульскі, ціха пасвістваючы, надзеў капялюш і абапёршыся рукой на плячо старога сябра, адказаў:
-       Паслухай. Калі б у мяне пад нагамі расступілася зямля… разумееш?... Калі б мне неба павінна было зваліцца на галаву – я не адступлюся, разумееш?... За такое шчасце я аддам жыццё…
-       За якое шчасце?... – спытаў Ігнацы.
Але Вакульскі ўжо выйшаў праз тыльныя дзверы.