Раздзел 10
Дзённік старога распарадчага
Такім чынам, у
нас новы склеп: пяць вакон фасадных, два
склады, сем рыказчыкаў і швейцар пры дзвярах. Яшчэ ёсць бліскучы экіпаж,
як толькі што выглянцаваныя боты, пара каштанак, фурман для іх і лёкай – у
ліўрэі.
І гэта выпала нам на пачатку мая, калі Англія, Аўстрыя, і нават разбураная Турцыя ўзбройваліся як
мага хутчэй!
- Любы Стась, -
сказаў я Вакульскаму, - усе купцы смяюцца, што так шмат выдаткоўваем у няпэўную часіну.
- Любы Ігнась, -
адказаў мне Вакульскі, - і мы смяяцца будзем з усіх купцоў, калі надыйдуць часы
больш пэўныя. Сёння менавіта – час зрабіць выгоду.
- Але ж
еўрапейская вайна, - кажу я, - вісіць на
валаску. У такім выпадку напэўна чакае нас банкруцтва.
- Пасмейся з
вайны, - адказвае Стась. – Увесь гэты шум супакоіцца праз пару месяцаў, а мы
тымчасам апярэдзім усіх калег.
Раз – і вайны
няма. У нашым склепе рух, як на фэсце, на нашы склады звозяцца і вывозяцца
тавары як на млыне, а грошы плывуць у касы не горш за мякіну. Хто б не ведаў
Стася, сказаў бы, што гэта геніяльны купец; але я яго ведаю, таму ўсё часцей
пытаюся: навошта яму гэта ўсё?...
Warum bast du denn das getan?...
Праўда, што і ў мяне падобным чынам пыталіся. Ці ж бы я
ўжо быў такі стары як нябожчыца Гросмутэр і не разумеў ані духу часу, ані намераў
людзей, якія малодшыя за мяне?... Эге! Не так дрэнна ўсё…
Я памятаю, што калі Людовік Напалеон (пазней імператар
Напалеон ІІІ) уцёк з турмы ў 1846 годзе, шумела ўся Еўропа. Ніхто не ведаў, што
будзе. Але ўсе людзі разумныя рыхтаваліся да чагосьці, а дзядзька Рачэк ( пан
Рачэк ажаніўся з маёй цёткай) увесь час паўтараў:
- А я казаў, што Банапарт выплыве і наробіць ім спраў! Уся
бяда ў тым, што я штосьці аслаб на ногі.
Гады 1846 і 1847 прайшлі ў вялікім бязладдзі. З’яўляліся
час ад часу якіясьці непрыкметныя друкаваныя выданні і знікалі з іх старонак людзі. Неаднойчы і я думаў: ці не час ужо высунуць
галаву на больш шырокі свет? А калі мяне ахапілі сумненні і непакой, пасля працы ў склепе я ішоў да дзядзькі Рачэка і расказваў, што мяне турбуе,
просячы, каб параіў мне як бацька.
-
Ведаеш што, - адказваў дзядзька,
удараючы кулаком па хвораму калену – я параю табе як бацька. Хочаш, скажу табе…
то ідзі, а не хочаш, кажу табе… то застанься…
Толькі ў лютым года 1848, калі Людовік
Напалеон ужо быў у Парыжы, з’явіўся мне нібыта аднойчы нябожчык бацька, такім, як я бачыў
яго ў труне.
Сурдут зашпілены пад шыю, завушніца ў вуху, вусы прычасаныя ( зрабіў яму гэта пан
Даманскі, каб бацька абы-як не выглядаў на божым судзе). Стаяў ён у дзвярах маёй святліцы ва ўвесь рост і прамовіў толькі такія словы:
- Памятай, гарэза, чаму я цябе вучыў!...
Сон –мара, Бог – вера, думаў я на
працягу некалькіх дзён. Але ўжо склеп мне надакучыў. Нават да светлай памяці
Малгосі Пфайфер страціў цікавасць і цесна мне зрабілася на Падвалі так, што я
не мог вытрымаць. Я пайшоў зноў да дзядзькі Рачэка па параду.
Я памятаю, ён ляжаў акурат у ложку, накрыты пярынай маёй цёткі і піў гарачы напой з зёлак , каб прапацець. Калі яму
я расказаў усю справу, ён прамовіў:
- Ведаеш што, я параю табе як бацька.
Хочаш – ідзі, не хочаш – застанься. Але я, калі б не подлыя мае ногі, даўно б
ужо быў за мяжой. Бо і твая цётка, скажу табе – тут ён сцішыў голас – так
страшна меле языком, што я хацеў бы лепш, кажу табе, слухаць батарэі аўстрыйскіх гармат чым яе бурчэнне. Што мне дапамажа намазваючы, то мне сапсуе, балбочучы… А
ці ёсць у цябе грошы? – спытаў праз хвіліну.
- знайду колькі соцен злотых.
-Ідзі, - прамовіў ён, - адкрый гэты
куфар, абабіты скурай. Будзе там справа скрыначка, а ў ёй каліта. Падай мне яе…
Я выняў каліту тоўстую і цяжкую.
Дзядзька Рачэк узяў яе ў руку і ўздыхаючы, адлічыў пятнаццаць паўімперыялаў.
- Вазьмі гэтыя грошы, - сказаў ён – на
дарогу і калі хочаш ехаць, то едзь… Я даў бы табе больш, але можа і мне
спатрэбяцца… Зрэшты трэба пакінуць штосьці бабе, каб сабе ў горшым выпадку
знайшла іншага мужа…
Мы развіталіся, плачучы. Дзядзька аж
пасунуўся на ложку і, адвярнуўшыся ад мяне тварам да свечкі, шапнуў:
-
Ты яшчэ разгледзься… Бо гэта ж, кажу
табе, з гэтага балю не ўсе вяртаюцца… Урэшце і я сам ужо чалавек амаль нежыхар,
а дрэнны настрой, кажу табе, забівае амаль як куля…
Вярнуўшыся ў склеп, нягледзячы на позні
час, я разгаварыўся з Янам Мінцалем, дзякуючы яму за абавязак і апеку. Бо ўжо
год амаль гаварылі аб гэтых рэчах, а ён заўсёды заахвочваў мяне, каб я ішоў
біць немцаў, таму здавалася мне, што мой намер зробіць яму вялікую прыемнасць.
Тымчасам Мінцаль неяк пасумнеў. На другі дзень выплаціў мне грошы, якія я
зарабіў у яго, даў нават прэмію, абяцаў назіраць за пасцеллю і куфрам, на
выпадак калі б я вярнуўся. Але звычайная ваяўнічасць пакінула яго і ні разу не
паўтарыў свайго улюбёнага выкліка:
-
Эгэй!... даў бы я швабам, калі б не меў склеп…
Калі ж каля дзесятай вечарам, апрануты ў
паўкажушок і з тоўстай скуры боты, абняўшы яго, я ўзяўся за клямку, каб пакінуць
памяшканне, у якім столькі гадоў пражылі мы разам, штосьці дзіўнае зрабілася з
Янам. Раптам ён сарваўся з крэсла і раскінуўшы рукі, крыкнуў:
-
Свіння!... куды ты ідзеш?
А потым кінуўся на мой ложак, плачучы, як
дзіця.
Я ўцёк. У сенцах, слаба асветленых алейным
каганцом хтосьці заступіў мне дарогу. Аж я здрыганўся. Гэта быў Аўгуст Кац,
апрануты, як патрабавала падарожжа ў сакавіку.
- Што ты тут робіш, Аўгуст? – спытаў я.
- Чакаю цябе.
Я падумаў, што хоча мяне правесці; таму пайшлі
мы на пляц Гжыбоўскі моўчкі, бо Кац ніколі нічога не гаварыў. Фура
яўрэйская , на якой я павінен быў ехаць, была ўжо гатовая. Я пацалаваў Каца, ён
мяне таксама. Я сеў… ён за мной.
- Едзем разам, - прамовіў ён.
А потым, калі мы былі ўжо за Мілоснай, дадаў:
- Цвёрда і трасе, спаць немагчыма.
Сумеснае падарожжа доўжылася неспадзявана
доўга, бо аж да кастрычніка 1849 года, памятаеш, Кац, незабыўны сябар? Памятаеш
тыя доўгія маршы на спякоце, калі неаднойчы пілі ваду з лужыны; ці той паход
праз багну, у якім замачылі паклажу; ці тыя начлегі ў лясах і на палях, калі адзін
другому спіхваў галаву з ранца і крадком сцягваў плашч, які служыў агульнай
коўдрай?... А памятаеш перацёртую бульбу з салам, што мы гатавалі ўчатырох ў
сакрэце ад усяго аддзела? Столькі разоў я еў з таго часу бульбу, але ні адна не
была такая смачная, як у той час. Яшчэ сёння адчуваю яе пах, цяпло пары, што нібы выбух з гаршчочка і бачу цябе, Кац, як ты, каб не марнатравіць,
прамаўляў пацер, еў бульбу і запальваў трубку ад вогнішча.
Эй! Кац, калі ў небе няма венгерскай пяхоты і цёртай бульбы, не
трэба туды спяшацца.
А памятаеш вырашальную бітву, аб якой мы
заўсёды марылі, адпачываючы пасля партызанскай страляніны? Я бо нават у магіле
пра яе не забудуся, а як некалі запытаецца ў мяне Пан Бог, навошта жыў на
свеце… для таго – адкажу я – каб патрапіць на адзін такі дзень. Ты толькі
разумееш мяне, Кац, бо мы гэта абодва бачылі. А тады, у той час... Здавалася, што гэта
так сабе – нічога.
За суткі з паловай перад гэтым сабралася наша
брыгада пад нейкай вёскай венгерскай, назвы якой я не памятаю. Сустракалі нас
вельмі прыязна. У віне, што праўда не асаблівым, можна было купацца, а свініна
і папрыка ўжо нам так абрыдлі, што чалавек не ўзяў бы ў вусны гэта паскудства,
калі б, зразумела, было што-небудзь іншае. А якая музыка, а якія дзяўчаты!...
Цыгане выдатна іграюць, а кожная венгерка што порах. Круцілася іх, бестый,
усяго з дваццаць, але зрабілася так горача, што нашы закалолі і зарубілі трох
сялян, а сяляне забілі нашага гусара каламі.
І Бог ведае, чым скончылася б так прыгожа
распачатая забава, калі б у хвіліну найбольшага вэрхалу не заехаў у штаб
шляхціц на чацвёрцы коней, што пакрыты былі пенай. Праз некалькі хвілін па войску
разышлася вестка, што паблізу знаходзяцца вялікія масы аўстрыякаў. Затрубілі
збор, вэрхал сціх, венгеркі зніклі, а ў шарэнгах пачалі шаптацца пра
генеральную бітву.
- Нарэшце!... – сказаў ён мне.
У гэту самую ноч мы пасунуліся наперад, на
працягу наступнага дня зноў на мілю. Кожныя некалькі гадзін, а пазней нават
кожную гадзіну прыляталі ганцы з весткамі. Гэта было доказам таго, што паблізу
знаходзіцца наш корпусны штаб і што збіраецца нешта вельмі значнае.
У гэту ноч мы спалі ў голым полі, не ставячы
нават зброю ў козлы. Перад світаннем мы рушылі наперад: эскадрон кавалерыі з
двума лёгкімі арматамі, потым наш батальён, а потым цэлая брыгада з артылерыяй
і фургонамі, маючы моцныя патрулі па флангах. Ганцы прыляталі праз кожныя
паўгадзіны. Калі ўзышло сонца, мы ўбачылі каля гасцінца першыя сляды
непрыяцеля; рэшткі саломы, вытлелыя вогнішчы, будынкі, разабраныя на дровы.
Потым усё часцей пачалі сустракаць уцекачоў: шляхту з сем’ямі, розных
веравызнанняў, у канцы – сялян і цыганоў. На ўсіх тварах малявалася трывога;
амаль кожны штосьці выкрыкваў па-венгерску, паказваючы рукамі назад.
Было амаль сем гадзін раніцы, калі ў баку
паўднёва-заходнім пачуўся стрэл арматны. Па шарэнгах праляцела чутка:
-
Ого! Пачынаецца…
-
Не, гэта сігнал…
Пачуліся зноў два стрэлы і яшчэ два.
Эскадрон, які ехаў перад намі, затрымаўся; дзве гарматы і два зарадныя яшчыкі
галопам пацягнулі наперад, некалькі вершнікаў паскакалі на найбліжэйшыя пагоркі.
Мы спыніліся і праз хвіліну разлеглася такая цішыня, што чуваць быў тупат
сівай клячы даганяючага нас ад’ютанта. Яна пранеслася міма, да гусараў, моцна
дыхаючы і амаль дакранаючыся жыватом да зямлі.
На гэты раз пачулася бліжэй і далей больш за дзесятак гармат; кожны стрэл можна было адрозніць.
-
Прыстрэльваюцца, - сказаў стары наш маёр.
-
Дзесьці пятнаццаць гармат, - буркнуў Кац, які ў падобныя хвіліны станавіўся
больш размоўны. – І мы яшчэ цягнем дванаццаць, вось дык баль будзе!...
Маёр павярнуўся да нас на кані і ўсміхнуўся
з-пад сівога вуса, я зразумеў, што гэта значыць, пачуўшы цэлую гаму стрэлаў,
нібы хто зайграў на арганах.
-
Іх больш за дваццаць, - сказаў я Кацу.
-
Аслы!... – засмяяўся капітан і падшпорыў свайго каня.
Мы сталі на высокім месцы, адкуль відаць было
брыгаду, якая ішла за намі. Яе прыкметай было рудое воблака пылу, якое
цягнулася ўздоўж гасцінца амаль дзве а можа і тры вярсты.
-
Страшная маса войск! – прашаптаў я. – Дзе гэта змесціцца!...
Пачуліся трубы і наш батальён раскалоўся на
чатыры часткі, выстраеныя ў шарэнгі адна каля адной. Першыя ўзводы высунуліся
наперад, мы засталіся ззаду. Я павярнуў галаву і ўбачыў, што ад галоўнага
корпуса аддзяліліся яшчэ два батальёны; сышлі з гасцінца і беглі полем,
адзін направа ад нас, другі налева. Ужо праз чвэрць гадзіны параўналіся з намі,
на працягу другой чвэрці адпачывалі і – рушылі трыма батальёнамі наперад, нага ў нагу.
Тымчасам кананада ўзмацнілася так, што было
чуваць па два і па тры стрэлы, якія выбухалі адначасова. Што горш, паміж іх
чулася якоесьці глухое рэха, падобнае да пастаяннага грому.
-
Колькі гармат, камрад? – спытаў я па-нямецку падафіцэра, які ішоў за мной.
-
Напэўна сто, - адказаў ён, круцячы галавой. – Але, - дадаў ён, - добра
пастаўлена справа, бо лупяць ўсе разам.
Сапхнулі нас з гасцінца, па якім праз
некалькі хвілін праехалі вольнай рыссю
два эскадроны гусараў і чатыры гарматы з яшчыкамі ў суправаджэнні. Тыя, хто ішлі
са мной у шарэнзе, пачалі маліцца : “У імя Айца і Сына…” – а нехта адпіваў з
фляжак.
Налева ад нас гук узмацняўся: адзінкавых
стрэлаў ужо нельга было адрозніць. Раптам закрычалі ў пярэдніх шарэнгах:
-
Пяхота!... пяхота!...
Я машынальна схапіўся за карабін, думаючы пэўна, што з’явіліся аўстрыякі.
Але перад намі апрача ўзгор’я і рэдкіх кустоў не было нічога. Затое на фоне
грому гармат, які амаль перастаў нас цікавіць, я пачуў нейкі трэск, падобны да
густога дажджу, толькі нашмат мацнейшы. – Бооой!... – закрычаў хтосьці
наперадзе працяглым голасам. Я адчуў, што ў мяне на хвіліну сэрца перастала біцца, не ад страху, а нібы
ў адказ на гэтае слова, якое з дзяцінства рабіла на мяне дзіўнае ўражанне. У
шарэнгах нягледзячы на марш, зрабіўся рух. Частавалі адзін аднаго віном,
аглядалі зброю, казалі, што праз паўгадзіны ўвойдзем пад агонь, а перадусім –
груба жартавалі з аўстрыйцаў, якім не шанцавала ў гэты час. Хтосьці пачаў
свістаць, хтосьці пеў напаўголас; узмацнілася нават ненатуральная павага афіцэраў,
замяняючыся на сяброўскія адносіны. Магла супакоіць нас толькі каманд: “ Смірна і
цішыня!...”.
Мы змоўклі і выраўнавалі крыху пагнутыя шарэнгі. Неба было чыстае, толькі
то тут, то там бялела нерухомае воблака; на кустах, якія мы міналі, не
варушыўся ніводзін лісток; над полем, зарослым маладой травой, не спяваў ні
адзін спужаны жаўранак. Чутны быў толькі цяжкі крок батальёну, частае дыханне
людзей, часам гук ад карабінаў, якія бразгалі адзін аб адзін ці моцны голас
маёра, які едучы наперадзе, звяртаўся да афіцэраў. А там, налева, шалелі статкі
гармат і ліўся дождж карабінавых стрэлаў. Хто такой навальніцы пры ясным небе
не чуў, браце Кац, той не ведае музыкі!... Памятаеш, як у нас у той час дзіўна
было на сэрцы?... Не страх, але так штосьці нібы шкада і цікавасць…
Флангавыя батальёны аддаляліся ад нас усё
больш; урэшце правы знік за ўзгоркамі, а левы за пару соцен сажняў ад нас даў
нырца ў шырокую лагчыну і толькі час ад часу бліскала хваля яго штыкоў.
Падзеліся кудысьці гусары і гарматы, і рэзерв, які цягнуўся ззаду, ды застаўся
адзін наш батальён, які сыходзіў з аднаго ўзгор’я, каб ўзысці на другое, яшчэ
больш высокае. Толькі час ад часу спераду, ззаду ці з бакоў пралятаў вершнік з пасланнем ці вусным загадам ад маёра. Сапраўдны цуд, што ад такой колькасці
загадаў не памуціўся ў яго розум!
Нарэшце, ужо была амаль дзевятая, калі мы
ўзышлі на апошнюю вышыню, парослую густым кустоўем. Новая каманда; узводы, якія
ішлі адзін за адным, пачалі спыняцца адзін каля аднаго. Калі мы дасягнулі
вяршыні пагорка, нам загадалі нахіліцца і апусціць зброю, і нарэшце – прысесці
на калены.
Тады (памятаеш, Кац?) Кратахвіль, які кленчыў
перад намі, уваткнуў галаву паміж дзвюмя маладымі сосенкамі і прашаптаў:
-
Глядзіце ж!..
Ад падножжа ўзгорка, на поўдзень, аж дзесьці да краю гарызонта цягнулася
раўніна, а на ёй – нібы рака белага дыму, шырынёй на некалькі соцен крокаў,
даўжынёй – магчыма – на мілю дарогі.
-
Стралковы ланцуг!... – сказаў стары унтэр-афіцэр.
Па абодва бакі гэтай дзіўнай вады відаць было некалькі чорных і больш за
дзесятак белых хмар, якія клубіліся пры зямлі.
-
Гэта батарэі, а там палаюць вёскі… - тлумачыў унтэр-афіцэр.
Угледзеўшыся лепш, можна было убачыць
дзе-нідзе, таксама па абодвух баках доўгія шлейфы дыму, прамавугольныя плямы;
цёмныя па левым, белыя па правым баку. Выглядалі яны, як вялікія вожыкі з
бліскучымі іголкамі.
-
Гэта нашы палкі, а то – аўстрыйскія… - сказаў унтэр-афіцэр. – Ну, ну!... –
дадаў ён, - і бачна лепш, чым у штабе…
З той доўгай ракі дыму далятаў да
нас гук няспынны трэску карабінавых стрэлаў,
а ў тых белых хмарах шалела бура гармат.
-
Фі! – азваўся тады Кац, - і гэта бой?... Было б чаго баяцца…
-
Пачакай, – буркнуў унтэр-афіцэр.
-
Прыгатаваць зброю!... – разнеслася па шарэнгах.
Кленчачы мы пачалі даставаць і адгрызаць
патроны. Пачуўся лязгат сталёвых шампалоў і шчоўканне куркоў, якія ўзводзіліся… Мы
падсыпалі порах да полак і зноў цішыня.
Насупраць нас, можа за вярсту, былі два
пагоркі, а паміж імі гасцінец. Я заўважыў, што на яго жоўтым фоне паказваюцца
нейкія белыя знакі, якія хутка ўтварылі белую лінію, а потым белую пляму.
Адначасова з лагчыны, якая ляжала за некалькі крокаў налева ад нас вышлі сінія
салдаты, якія неўзабаве сфармаваліся ў сінюю калону. У гэту хвіліну направа ад
нас прагучаў стрэл гарматы і над белым аддзелам аўстрыяцкім паказалася шэрае
воблачка дыму. Пара хвілін паўзы і зноў стрэл, і зноў над аўстрыйцамі воблачка. Паўхвіліны – зноў
стрэл і зноў воблачка…
-
Гасподзь Бог! – закрычаў стары унтэр-афіцэр – як нашы страляюць… Бем
камандуе ці д’ябал…
З таго часу ішоў з нашага боку стрэл за
стрэлам, аж зямля дрыжэла, але белая пляма там, на гасцінцы, увесь час расла.
Адначасова на процілеглым узгорку бліснуў дым і ў бок нашай батарэі паляцела з шыпеннем ядро. Другі дым… трэці дым… чацвёрты…
- Мудрыя бестыі! – буркнуў унтэр-афіцэр.
- Батальён! … наперад марш! – крыкнуў гучным
голасам наш маёр.
- Рота!... наперад марш!... Узвод!... наперад
марш!... – паўтарылі на розныя галасы афіцэры.
Зноў пастроілі нас інакш. Чатыры цэнтральныя ўзводы засталіся ззаду, чатыры пайшлі наперад, направа і налева. Мы падцягнулі
ранцы і ўзяліся за зброю, як каму падабалася.
-
Хутка ўніз! – закрычаў ты тады, Кац.
А ў гэту хвіліну ядро праляцела высока над намі і разарвалася недзе ззаду з
вялікім шумам.
Тады прабліснула выразная
думка. Ці не з’яўляюцца баі шумнымі камедыямі, якія арміі ладзяць для
народаў, не робячы і сабе дарэчы крыўды?... Бо тое, на што я пазіраў, выглядала
шыкоўна ды не так страшна.
Мы сышлі на раўніну. Ад нашай батарэі
прыляцеў гусар, дакладваючы, што адна з гармат выйшла са строю. У гэты час
налева ад нас упала ядро; зарылася ў зямлю, але не выбухнула.
-
Пачынаюць нас даставаць, - прамовіў стары унтэр-афіцэр.
Другое ядро разарвалася над нашымі галовамі і
адна з яго частак упала Кратахвілю пад ногі. Ен пабляднеў, але смяяўся.
-
Охо! Хо!... – закрычалі ў шарэнзе.
Ва ўзводах, якія ішлі перад намі на нейкіх
сто крокаў налева, зрабілася мітусня; калі ж калона пасунулася далей, мы ўбачылі
двух чалавек: адзін ляжаў тварам да зямлі, выцягнуты, як струна, другі сядзеў,
трымаючыся рукамі за жывот. Я адчуў пах парахавога дыму; Кац сказаў мне
штосьці, але я яго не чуў; затое зашумела мне ў правым вуху, нібыта туды
трапіла кропля вады.
Унтэр-афіцэр пайшоў управа, мы за ім. Калона
наша ператварылася ў дзве доўгія лініі. На пару соцен перад намі заклубіўся дым.
Штосьці трубілі, але я не зразумеў сігнал; затое я чуў нібыта востры свіст над
галавой і каля левага вуха. На некалькі крокаў перадамной штосьці ўдарыла ў
зямлю, засыпаючы мяне пяском - твар і грудзі. Мой сусед стрэліў; двое, што стаялі
за мной, амаль на мае плечы абаперліся карабінамі і выпалілі адзін за другім.
Аглушаны дарэшты, выпаліў і я… Набіў і зноў
стрэліў. Перада мной упала чыясьці рагатыўка і карабін, але абкружылі нас такія
клубы дыму, што я нічога далей не мог убачыць. Бачыў толькі, што Кац, які ўвесь
час страляў, выглядае як вар’ят і ў яго пена ў кутах вуснаў. Шум у вушах стаў
такі моцны, што ўрэшце я нічога не чуў, ні гуку карабінаў, ні гармат.А дым стаў такі густы і невыносны, што
любой цаной я хацеў выбрацца з яго. Я адступаў спачатку павольна, потым пабег,
бачачы са здзіўленнем, што іншыя робяць тое самае. Замест дзвюх выцягнутых шарэнгаў
убачыў кучу ўцякаючых людзей. “Чаго яны, да д’ябла, уцякаюць?...”- думаў,
прыспешваючы крок. Гэта быў ужо не бег, а конскі галоп. Мы затрымаліся на
палове ўзгорка і тут толькі заўважылі, што месца наша на плошчы заняў нейкі
новы батальён, а на вяршыні ўзгорка лупяць
з гармат.
-
Рэзервы ў агні!... Наперад, лайдакі!... Вам свіней пасці, нягоднікі!... –
крычалі чорныя ад дыму, раз’юшаныя афіцэры, устаўляючы нас назад у шарэнгі і
лупцуючы кожнага, хто трапіўся ім пад руку.
Маёра паміж імі не было.
Паволі перамяшаныя , бегучы назад, салдаты
пасталі ў сваіх узводах, сцягнуліся марудна і батальён вярнуўся да парадку. Не
было аднак з сорак чалавек.
-
Куды ж яны разбегліся? – спытаў я унтэр-афіцэра.
-
Ага, разбегліся..., - адказаў ён, спахмурнелы.
Я не смеў падумаць, што яны загінулі.
З вяршыні ўзгорка з’ехалі два фургоншчыкі;
кожны вёў каня з паклажай. Насустрач ім выбеглі нашы унтэр-афіцэры і хутка
вярнуліся з пакункамі патронаў. Я ўзяў восем, бо столькі мне не хапала ў
патранташы, і здзівіўся: якім чынам я мог іх згубіць?
- Ты ведаеш, - прамовіў мне Кац, - што ўжо
больш адзінаццаці гадзін?...
- А ты ведаеш, што я нічога не чую? – адказаў я.
- Дурань ты. Вось жа чуеш, што я кажу…
- Так, але гармат не чую… хаця не, чую, -
дадаў я, сканцэнтраваўшы ўвагу. Гром гармат і лязгат карабінаў зліліся ў адзін
гул, ужо не аглушаючы, а проста атупляючы. Ахапіла мяне апатыя.
Перад намі, можа за паўвярсты, хвалявалася
шырокая сцяна дыму, якую свежы вецер час ад часу разганяў. У гэты час на
хвілінку можна было бачыць доўгую шарэнгу ног ці шапак, з бліскучымі побач з
імі штыкамі. Над той калонай і над нашай калонай шумелі ядры, мяняючыся паміж
венгерскай батарэяй, якая страляла ззаду нас, і аўстрыйскай, якая адгукалася з
процілеглых узгоркаў.
Рака дыму, якая цягнулася праз раўніну да
поўдня, клубілася яшчэ мацней і была вельмі пагнутая. Дзе аўстрыйцы бралі верх,
выгін ішоў налева, дзе венгры – направа. Увогуле пасма дыму выгіналася хутчэй
направа, нібы нашы ўжо адапхнулі аўстрыйцаў. Па ўсёй раўніне паслаўся далікатны
туман блакітнаватага колеру.
Дзіўная рэч: гук, хоць мацнейшы цяпер, чым
быў спачатку, ужо не рабіў на мяне ўражання; каб яго чуць, я павінен быў добра
прыслухоўвацца.
Тымчасам вельмі выразна даходзіў да мяне
лязгат набіваных карабінаў ці шчоўканне куркоў.
Прыляцеў ад’ютант, затрубілі, афіцэры пачалі
гаварыць.
-
Хлопцы! – крычаў на ўсё горла наш паручнік, які нядаўна уцёк з семінарыі.
– Мы адступілі, бо прусакоў было больш, але цяпер мы нападзём на гэту калону
збоку, бачыце?... Зараз дапамогуць нам трэці батальён і рэзерв… Няхай жывуць
венгры!...
-
І я хацеў бы пажыць… - прабурчаў Кратахвіль.
-
Паўабарота направа, марш!...
Мы ішлі так некалькі хвілін; потым паўабарота
ўлева і пачалі спускацца на раўніну, імкнучыся трапіць на фланг калоны, якая
змагалася перад намі. Наваколле хвалістае; наперадзе відаць праз туман поле,
якое зарасло бадыллём, за ім лясок.
Раптам паміж гэтым бадыллем я заўважыў
некалькі, апотым больш за дзесятак дымкоў, як бы ў розных месцах запалілі файкі;
адначасова пачалі над намі свісцець кулі. Я падумаў, што так выхваляны паэтамі
свіст куль не з’яўляецца хоць крыху паэтычным, але хутчэй звычайным. Адчуваецца
тут неразумнасць неадушаўлёнага прадмета.
Ад нашай калоны адарваўся шнур стралкоў і
пабег да бадылля. Мы ўвесь час маршыравалі, нібы кулі, якія праляталі па касой, былі адрасаваныя не нам. У гэту хвіліну стары унтэр-афіцэр, які ішоў на правым
флангу, насвістваючы марш Ракоцы, выпусціў карабін, раскінуў рукі і паваліўся
як п’яны. На працягу імгнення я бачыў яго твар: з левага боку быў разадраны брыль форменнай шапкі і чырвоная плямінка на лбе. Мы ўвесь час ішлі; на правым флангу знаходзіўся
іншы унтэр-афіцэр, малады бландын.
Ужо мы раўняліся з калонай, што змагалася і
мы бачылі пустую прастору паміж дымам нашай і аўстрыйскай пяхоты, калі з-за яе
з’явілася доўгая шарэнга белых мундзіраў. Шарэнга ўзнімалася і зніжалася кожную
секунду, а яе ногі мільгалі раз-пораз як на парадзе.
Спынілася. Над ёй бліснула стужка сталі,
нахілілася і я ўбачыў амаль сто нацэленых на нас карабінаў, якія зіхацелі як
іглы ў паперцы. Потым задымілася, скрыгатнула як ланцуг па жалезнай штабе, а
над намі і каля нас праляцеў віхор куль.
-
Стой! Плі!..
Я стрэліў як мага хутчэй, жадаючы засланіцца хаця б дымам. Акрамя гуку, я
пачуў за сабой нібы удар кіем у чалавека; хтосьці ззаду упаў, чапляючыся за мой
ранец. Мяне апанавалі гнеў і роспач; я адчуваў, што загіну, калі не заб’ю нябачнага
ворага. Я набіваў зброю і страляў без памяці, крыху зніжаючы карабін і думаючы з
дзікім задавальненнем, што мае кулі не пойдуць паверсе. Я не пазіраў убок ці
пад ногі; я баяўся ўбачыць ляжачага чалавека.
Потым адбылося нешта нечаканае. Паблізу нас
загучалі барабаны і пачуліся пранізлівыя гукі труб. Тое ж за намі. Хтосьці
крыкнуў: “Наперад!” і – не ведаю, з колькіх грудзей выбухнуў крык, падобны да енку
ці выцця. Калона рушыла паволі, хутчэй, бягом… Стрэлы амаль сціхлі і чуліся
толькі адзінкавыя… З сілай я выцяўся аб нешта грудзьмі, штурхалі мяне з усіх
бакоў, штурхаў і я…
-
Калі прусакоў!... – крычаў нечалавечым горасам Кац, ірвучыся наперад. А
паколькі не мог вырвацца з таўкатні, таму падняў карабін і біў прыкладам
вінтоўкі па ранцах таварышаў, якія стаялі перад намі.
Нарэшце зрабілася так цесна, што пачала
прагінацца грудная клетка і адчуў, што не хапае дыхання. Мяне паднялі наверх,
апусцілі, і тады я даведаўся, што не стаю на зямлі, а на чалавеку, які да таго
ж схапіў мяне за нагу. У гэты момант натоўп, які крычаў, пасунуўся наперад, а я
ўпаў. Левая рука слізганула па крыві.
Каля мяне ляжаў перавернуты на бок аўстрыйскі
афіцэр, малады чалавек з вельмі шляхетнымі рысамі. Ён паглядзеў на мяне цёмнымі
вачыма з неапісальным смуткам і прашаптаў хрыплым голасам:
-
Не трэба таптаць… Немцы таксама людзі…
Пасунуў руку пад бок і жаласна енчыў.
Я пабег за калонай. Нашы былі ўжо на ўзгорках, дзе стаялі аўстрыйскія
батарэі. Узабраўшыся за іншымі, я ўбачыў адну перавернутую гармату, другую
запрэжаную і абкружаную нашымі.
Я трапіў на асаблівую сцэну. Адны з нашых
хапалі за колы гармату, другія сцягвалі вазніцу з сядла; Кац забіў штыком каня
з першай пары, а кананьер аўстрыйскі хацеў забіць яго ў лоб шомпалам. Я схапіў
кананьера за каўнер і рэзкім рухам назад перавярнуў яго на зямлю. Кац і яго хацеў
забіць.
- Што ты робіш, звар’яцеў?! – закрычаў я,
выбіваючы з яго рук карабін.
Тады раз’юшаны кінуўся на мяне, але афіцэр,
які стаяў побач, палашом адхіліў яго штык.
-
Што ты тут перашкаджаеш? … - крыкнуў Кац афіцэру і – апрытомнеў.
Дзве гарматы былі захоплены, за рэштай
пагналіся уланы. Далёка перад намі стаялі нашы па адным і групкамі, страляючы
па адступаючых аўстрыйцах. Час ад часу нейкая заблуканая непрыяцельская куля
свісцела над намі ці зарывалася ў зямлю, нібы выдзьмухваючы воблачка пылу. Трубачы
склікалі ў шарэнгі.
Каля чацвёртай па апоўдні полк наш сабралі;
бой скончыўся. Толькі на заходнім краі гарызонту яшчэ гучалі адзінкавыя
стрэлы лёгкай артылерыі, як рэха навальніцы, якая ўжо прайшла.
Праз гадзіну на шырокім полі бою ў розных
пунктах зайгралі палкавыя аркестры. Да нас прыляцеў ад’ютант з віншаваннем.
Трубачы і барабаншчыкі далі сігнал: да малітвы. Мы знялі шапкі, харунжыя ўзнялі
штандары і ўся армія, са зброяй ля ног, дзякавала венгерскаму Богу за перамогу.
Паступова дым ападаў. Куды дасягала вока, мы
бачылі ў розных месцах нібы шматкі белай і сіняй паперы, беспарадкава
параскіданыя на стаптанай траве. У полі круцілася больш за дзесятак фурманак, а
нейкія людзі складалі на іх некаторыя з тых шматкоў. Рэшта засталася.
-
Было б для чаго нараджацца!... – уздыхнуў абапёршыся на карабін Кац, якога
зноў апанавала меланхолія.
Была гэта бадай ці не апошняя наша перамога.
Ад гэтай хвіліны штандары з трыма колерамі часцей ішлі перад непрыяцелем, чым за
непрыяцелем, пакуль урэшце пад Вілагошам не паападалі з дрэўкаў як лістота
восенню.
Даведаўшыся пра гэта Кац кінуў шпагу на зямлю
(ужо абодва мы былі афіцэрамі) і сказаў, што цяпер час толькі сабе ў лоб
стрэліць. Я усё ж памятаючы, што ў Францыі ўжо сядзіць Напалеон, падбадзёрыў
яго і – пракраліся ў Камаром.
На працягу месяца мы чакалі дапамогі: з
Венгрыі, з Францыі, нават з неба.
Нарэшце крэпасць капітулявала.
Я памятаю, што ў гэты дзень Кац круціўся каля
складу пораху, і меў такі выраз твару як у той час, калі аднойчы хацеў забіць
ляжачага кананіра. Сілком узяло нас некалькі яго пад рукі і вывелі з крэпасці,
за нашымі.
- Што ж гэта ты, - прашаптаў яму адзін з
таварышаў, - замест таго, каб ісці з намі бадзяцца, ты хацеў бы падацца на
неба?... Гэй! Венгерская пяхота не баіцца і верная дадзенаму слову нават …
аўстрыйцам…
Упяцёх мы аддзяліліся ад рэшты войск,
паламалі шпагі, пераапрануліся ў сялян і схаваўшы пад адзеннем зброю, павандравалі ў бок Турцыі. Мы ратаваліся, бо праследавала нас свора сабак
Хайнау!...
Вандроўка наша па бездарожжах і лясах
доўжылася тры тыдні. Пад нагамі балота, над галовамі асенні дождж, за плячамі –
рэчмяшкі, а перад намі – вечнае выгнанніцтва – вось гэта былі нашы таварышы.
Нягледзячы на гэта ў нас быў добры настрой.
Шапары ўвесь час гаварыў, што Косут яшчэ што-небудзь прыдумае, Штэйн быў
упэўнены, што дапаможа нам Турцыя, Ліптак уздыхаў па начлезе і гарачых стравах,
а я казаў, што хто-хто, а Напалеон нас не кіне. Дождж размякчыў наша адзенне як
масла, гразлі ў багне вышэй за костачкі, паадстравалі ў нас падэшвы, а ў ботах
іграла так, як на трубе; жыхары мясцовыя баяліся прадаць нам жбанок малака, а сяляне ў
адной вёсцы гналі нас з віламі і косамі. Нягледзячы на гэта настрой быў, а Ліптак,
ідучы побач са мной так, што аж гразь пырскала, прамовіў задыхаўшыся:
- Eljen Magyar!... (няхай жыве
мадз’яр)… Вось ужо будзем спаць… Каб гэта яшчэ з келіх слівовіцы да сну!...
У гэтым вясёлым таварыстве абадранцаў,
ад якіх нават вароны ўцякалі, толькі Кац быў пахмурны. Ён часцей за ўсіх
адпачываў і неяк хутчэй худнеў; у яго запекліся вусны, а ў вачах быў бледны
бляск.
- Я баюся, каб не падхапіў гнілую
ліхаманку, - сказаў аднойчы мне Шапары.
Недалёка ад ракі Савы, не ведаю на які
дзень нашай вандроўкі, мы знайшлі ў пустой ваколіцы некалькі хат, дзе нас
вельмі гасцінна прынялі. Змрок ужо западаў, мы былі моцна стомленыя, але добрая табака і бутэлька слівовіцы навялі нас на вясёлыя думкі.
- Я клянуся, - казаў Шапары, - што не
далей чым у сакавіку Косут пакліча нас у строй. Глупства зрабілі, паламаўшы
шпагі…
- Можа яшчэ ў снежні турак войскі
пасуне, - дадаў Штэйн. – Каб хаця ачуняць да таго часу…
- мае любыя!... – енчыў Ліптак,
закручваючыся ў гарохавінне, - кладзіцеся, да д’ябла, спаць, бо інакш ні Косут,
ні турак нас не разбудзіць.
- Напэўна, што не разбудзіць!- буркнуў
Кац.
Ён сядзеў на лаве насупраць каміна і
сумна пазіраў у агонь.
- Ты, Кац, хутка
ў справядлівасць боскую перастанеш верыць, - азваўся Шапары, зводзячы бровы.
- Няма
справядлівасці для тых, якія не ўмелі загінуць са зброяй у руцэ! – крыкнуў Кац.
– Дурні вы і я з вамі… Турак ці француз будзе падстаўляць за вас лоб?... Чаму
ж, вы самі не маглі яго падставіць?...
- У яго
ліхаманка, - шапнуў
Штэйн. – Будзе з
ім клапот у дарозе…
- Венгрыя!... ужо
няма Венгрыі! – бурчаў Кац. – Роўнасць… ніколі не было роўнасці!...
Справядлівасць… ніколі яе не будзе… Свіння заўсёды гразі знойдзе; але чалавек з
сэрцам!... Дарма, пан Мінцаль, ужо я ў цябе не буду рэзаць мыла…
Я здагадаўся, што
Кац вельмі хворы. Я наблізіўся да яго і цягнучы яго на гарохавінне, прамовіў:
- Ідзі, Аўгусце,
ідзі…
- Куды ж я
пайду?... – адказаў ён, апрытомнеўшы на хвіліну.
А потым дадаў:
- З Венгрыі
выгналі, да Аўстрыі не давалакуся…
Нягледзячы на
гэта лёг на падсцілцы. Агонь у каміне затухаў. Мы дапілі гарэлку і палеглі ў
рад з пісталетамі ў далонях. У шчылінах хаты вецер завываў, нібы венгры
плакалі, а нас змарыў сон. Мне снілася, шо я малы хлапчук і што Божае
Нараджэнне. На стале свечкі на ялінцы, прыбранай так бедна, як мы былі бедныя,
а навокал мой бацька, цётка, пан Рачэк і пан Даманьскі спяваюць фальшыва
калядную песню:
- Бог нараджаецца
– зло сыходзіць.
Я прачнуўся,
плачучы ад жалю па сваім дзяцінстве. Хтосьці кратаў мяне за плячо. Гэта быў
селянін, гаспадар хаты. Ён падняў мяне з гарохавіння і паказваючы у бок Каца,
сказаў спужаны:
- Зірніце ж, пане
вайсковец… З ім штосьці адбылося…
Ён схапіў з
каміна лучыну і пасвяціў. Я зірнуў. Кац ляжаў на падсцілцы скурчаны, з
пісталетам, што ужо стрэліў, у руцэ. Вогненныя іскры праляцелі ў мяне перад вачыма
і мне падалося, што я самлеў.
Я апрытомнеў на
фурманцы, на якой якраз даязджалі да Савы. Ужо днела, дзень абяцаў быць
пагодным; ад ракі цягнула моцнай вільгаццю. Я працёр вочы, палічыў… На возе нас
было чацвёра і пяты фурман. Але ж павінна быць пяць. Не, павінна быць шэсць!...
я шукаў Каца і не мог знайсці. Я не пытаў пра яго; плач сціснуў мне горла і я
думаў, што ён мяне задавіць. Ліптак драмаў, Штэйн праціраў вочы, а Шапары
пазіраў убок і толькі насвістваў Ракоцы, хаця ўвесь час памыляўся.
Гэй! Браце Кац,
што ж добрага ты зрабіў?... Часам здаецца мне, што ён знайшоў там у небе і
венгерскую пяхоту, і свой расстраляны ўзвод… Часам я чую бой барабанаў, востры
рытм маршу і каманду:”Зброю на плячо!...” І тады думаю, што гэта ты, Кац, ідзеш
на змену варты перад Божым тронам… Бо кепскім быў бы Пан Бог венгерскі, калі б
не пазнаёміўся з табой!
Але ж я
разгаварыўся, Божа памілуй!... Думаў пра Вакульскага, а пішу пра сябе і пра
Каца. Вяртаюся да галоўнага. Праз пару дзён пасля смерці Каца мы ўвайшлі ў
Турцыю, а на працягу двух наступных гадоў я, ужо адзін, туляўся па ўсёй Еўропе.
Быў у Італіі, Францыі, Германіі, нават у Англіі, і ўсюды сустракала мяне гора і
з’ядаў сум па Радзіме. Неаднойчы мне здавалася, што я страчу розум, слухаючы,
як ліецца чужая мова і бачачы не нашы твары, не наша адзенне, не нашу зямлю.
Неаднойчы я аддаў бы жыццё, каб хоць зірнуць на сасновы лес і халупы, падшытыя
саломай. Неаднойчы як дзіця клікаў у сне: “я хачу на радзіму!...” А калі
прачнуўся, заліты слязьмі, то апранаўся і бягом бег на вуліцу, бо мне здалося, што
гэта вуліца абавязкова павінна быць Старым Мястам ці Падвалем.
Можа быць, забіў
бы сябе з роспачы, калі б не пастаянныя звесткі пра Людовіка Напалеона, які ўжо
стаў першым, і думаў пра царства. Было мне лягчэй перажываць жабрацтва і
суцішаць выбухі жалю, калі я чуў пра трыўмфы чалавека, які павінен быў выканаць
запавет Напалеона І і зрабіць парадак у свеце.
Праўда, не
ўдалося яму, але – пакінуў сына. Не адразу Кракаў збудаваўся!...
Нарэшце я не мог
вытрымаць і ў снежні 1851 года праехаўшы ўсю Галіцыю спыніўся на мытні ў
Тамашове. Адна мяне толькі думка праследавала:
“А ну як мяне і
адтуль выганяць?...”
Ніколі не
забудуся на радасць, якую адчуў, пачуўшы, што магу ехаць у Замосце. На самой
справе, то я не зусім ехаў; хутчэй ішоў, але ж як усцешаны!
У Замосці я
правёў дзесьці год з нечым. А паколькі добра калоў дровы, то быў штодзень на
свежым паветры. Я напісаў адтуль ліст да Мінцаля і падобна атрымаў ад яго
адказ, нават грошы; але выключаючы распіску атрымання, далейшых падрабязнасцяў
гэтага выпадку не памятаю.
Аднак здаецца,
што Ян Мінцаль зрабіў іншую рэч, хаця не ўспамінаў аб ёй да смерці і нават не
любіў аб гэтым размаўляць. Вось хадзіў ён да розных генералаў, якія прайшлі
венгерскую кампанію, і тлумачыў ім, што яны павінны ратаваць таварыша ў
няшчасці. Ну і ўратавалі мяне, так што ўжо ў лютым 1858 года я мог ехаць у
Варшаву. Вярнулі мне нават афіцэрскае званне, адзіны напамін, які я атрымаў у
Венгрыі не лічачы дзвюх ран: грудзей і нагі. Было нават лепш, бо афіцэры ўладзілі
мне абед, на якім шмат пілі за здароўе венгерскай пяхоты. З той пары я гавару,
што самыя трывалыя адносіны завязваюцца на полі бітвы.
Ледзь я пакінуў
сваё датыхчасовае жыллё, будучы голым, як турэцкі перац, зараз жа стаў у мяне
на дарозе невядомы яўрэй і перадаў ліст з грашыма. Я адкрыў яго і прачытаў:
“Мой любы Ігнацы!
Я пасылаю табе дзвесце злотых на дарогу, пазней разлічымся. Заедзь проста ў мой
магазін на Кракаўскім Прадмесці, а не на Падвале, барані Божа! Бо там жыве гэты
злодзей Франц; нібыта мой брат, якому нават прыстойны сабака не падасць рукі. Я
цалую цябе. Ян Мінцаль. Варшава, 16 лютага, 1853 года.
Але, але!...
Стары Рачэк, што з тваёй цёткай ажаніўся, гэта, ведаеш, памёр, і яна таксама,
але перш чым ён. Пакінулі табе крыху старых рэчаў і пару тысяч злотых. Усё ў
мяне ў парадку, толькі салоп цёткі молі крыху пашкодзілі, бо бестыя Каська
забылася пакласці бакун. Франц наказваў цябе пацалаваць. Варшава, 18 лютага,
1853 год.”
Той самы яўрэй узяў мяне ў свой дом, дзе ўручыў мне вузельчык з бялізнай, адзеннем і абуткам.
Накарміў мяне бульёнам з гусяціны, потым варанай, а потым печанай гусяцінай,
якую да Любліна я не мог ператравіць. Нарэшце даў мне бутэльку адборнага мёду, правёў
да прыгатаванай ужо фурманкі, але – не хацеў слухаць ні пра якую аплату.
-
Мне было б сорамна браць ад такой асобы, што вяртаецца з эміграцыі, -
адказаў на ўсе мае просьбы.
Толькі калі я ўжо павінен быў увайсці ў
фурманку, адвёў мяне ўбок і разгледзеўшыся, ці хто не падслухоўвае, прашаптаў:
-
Калі ў пана дабрадзея ёсць венгерскія дукаты, то я куплю. Я добра заплачу,
бо мне патрэбна для дачкі, якая пасля вашага Новага года выходзіць замуж…
-
У мяне няма дукатаў, - адказаў я.
-
Пан дабрадзей быў на венгерскай вайне і не мае дукатаў… - прамовіў ён
здзіўлены.
Ужо паставіў нагу на ступеньку фурманкі, калі
той самы яўрэй адцягнуў мяне другі раз убок.
-
Можа ў пана дабрадзея ёсць якія-небудзь каштоўнасці?... Пярсцёнкі,
гадзіннікі, бранзалеты?... Клянуся здароўем, я шчодра заплачу , бо гэта для
маёй дачкі…
-
Няма, браце, даю табе слова…
-
Няма? – паўтарыў ён, шырока адкрываючы вочы. – То навошта пан хадзіў у
Венгрыю?...
Мы крануліся, а ён яшчэ стаяў і
трымаўся рукой за бараду, са шкадаваннем ківаючы галавой.
Фурманка была нанятая толькі для мяне.
Аднак якраз на наступнай вулічцы фурман спаткаў свайго брата, у якога была
вельмі пільная справа да Краснагаставу.
-
Вяльможны пане, дазвольце яго забраць,
- просіць ён, зняўшы шапку. – Дзе будзе дрэнная дарога, ён пойдзе пешкі.
Пасажыр узлез. Перш чым даехалі да
брамы крэпасці, стала ў нас на дарозе якаясьці яўрэйка з вузлом і пачала крыкліва
размаўляць з фурманам. Аказалася, што гэта яго цётка, у якой у Файслвіцах
хворае дзіця.
-
Можа вяльможны пан дазволіць ёй
прысесці… Гэта вельмі легкадумная асоба… - прасіў фурман.
Урэшце за брамай, у розных месцах дарогі, знайшлося яшчэ тры кузіны майго
фурмана, які забраў іх пад маркай, што мне ў дарозе будзе весялей. Вось так яны
сапхнулі мяне на заднюю аж вось фурманкі, тапталіся па нагах, палілі брыдкі
тытунь, а перадусім крычалі, як шалёныя. Нягледзячы на гэта, я не памяняў бы
мой цесны куток на больш выгоднае месца ў французскіх дыліжансах ці ангельскіх
вагонах. Я ўжо быў на Радзіме. На працягу чатырох дзён здавалася мне, што я
сяджу ў пераноснай бажніцы. На кожным полі нейкі пасажыр выходзіў, іншы займаў
яго месца. Пад Люблінам ссунулася мне на спіну цяжкая скрыня; сапраўдны цуд,
што я не страціў жыццё. Пад Куравам мы стаялі пару гадзін на дарозе, калі знік
чыйсьці куфар, па які фурман ездзіў на кані ў карчму. На працягу ўсёй дарогі я
адчуваў да таго, што пярына, якая ляжыць
на маіх нагах, населена гусцей, чым Бельгія.
На пяты дзень, перад усходам сонца, мы
спыніліся на Празе. Але паколькі фурманак было мноства, а пантонны мост такі
цесны, то ледзь каля дзесятай мы заехалі ў саму Варшаву. Я павінен дадаць, што ўсе
мае спадарожнікі зніклі на Беднарскай вуліцы, як эфір воцатны, пакідаючы пасля
сябе моцны пах. Калі падчас апошняга разліку я ўзгадаў пра іх фурману, ён
вытрашчыў на мяне вочы.
-
Якія пасажыры?... – закрычаў ён
здзіўлены. – Вяльможны пан – гэта пасажыр, але тыя – адно паршыўцы. Як мы
спыніліся на мытні ля шлагбаума, то нават стражнік двух такіх нягоднікаў
разлічваў за залатоўку на адзін пашпарт. А вяльможны пан думае, што яны былі
пасажырамі!...
-
Значыць не было нікога?... – адказаў
я. – А адкуль жа, да д’ябла, блохі, якія па мне скочуць?
-
Можа ад вільгаці. Адкуль я ведаю! –
адказаў фурман.
Перакананы такім чынам, што на брычцы
не было нікога апрача мяне, адзін я, зразумела, заплаціў за ўсё падарожжа, што
так расчуліла фурмана, што выпытаўшы, дзе я буду жыць, абяцаў мне прывозіць
кожныя два тыдні тытунь кантрабандны.
-
Нават цяпер, - сказаў ён ціха, - у
мяне на фурманцы цэнтнер. Можа прынесці вяльможнаму пану з пару фунтаў?...
-
Няхай цябе чэрці возьмуць! – я
буркнуў, хапаючы свій вузельчык. – Яшчэ мне не хапала таго, каб арыштавалі мяне
за раскраданне.
-
Хутка бегучы па вуліцы, я прыглядаўся
да горада, які пасля Парыжа здаваўся мне брудным і цесным, а людзі панурымі. Склеп Я. Мінцаля на Кракаўскім Прадмесці я лёгка знайшоў; але пры выглядзе
знаёмых месц і шыльдаў сэрца пачало ў мяне так трэсціся, што хвіліну я павінен
быў адпачыць.
Я паглядзеў на склеп – амаль такі як
на Падвалі; на дзвярах бляшаны палаш і барабан (можа той самы, які я бачыў у
дзяцінстве!) – у вакне талеркі, конь і рухомы казак… Хтосьці прыадчыніў дзверы
і я ўбачыў у глыбіні падвешаныя да столі: фарбы ў пухірах, коркі ў сетцы, нават
чучала кракадзіла.
За прылаўкам, каля вакна, сядзеў на
старым крэсле Ян Мінцаль і цягнуў за шнурочак казака…
Я ўвайшоў, дрыжучы як жэле і стаў
насупраць Яна. Убачыўшы мяне (ужо пачаў мажнець хлопец) цяжка ўзняўся з крэсла
і прыкрыў вочы. Раптам ён крыкнуў аднаму з магазінных спрадаўцоў:
- Віцэк!... ляці да панны Малгажаты і
скажы, што вяселле адразу пасля Усяношчнай…
Потым выцягнуў да мяне абедзве рукі
над прылаўкам і доўга абдымаліся моўчкі.
-
Але ж ты і лупіў прусакоў! Ведаю,
ведаю – шапнуў ён мне на вуха. – сядай, - дадаў ён, паказваючы на крэсла. –
Казік! Ляці да Гросмутэр… Пан Жэцкі прыехаў!...
Я сеў і зноў мы не размаўлялі паміж
сабой. Ён жаласна трос галавой, я апусціў вочы. Абодва мы думалі пра беднага
Каца і пра нашыя няспоўненыя надзеі. Урэшце Мінцаль выцер нос з вялікім шумам і
адвярнуўшыся да вакна, буркнуў:
- Ну, што там…
Вярнуўся задыханы Віцэк. Я заўважыў,
што сурдут гэтага маладога чалавека блішчыць ад тлустых плям.
-
Ну, быў ты? –спытаў яго Мінцаль.
-
Я быў. Панна Малгажата сказала, што
добра.
-
Ты жэнішся? – спытаў я ў Яна.
-
Гм!... а што рабіць, - адказаў ён.
-
А Гросмутэр як пажывае?
-
Заўсёды аднолькава. Хварэе толькі
тады, калі растаўкуць яе жбанок для кавы.
-
А Франц?
-
Не кажы мне пра гэтага лайдака, - здрыгануўся
Ян мінцаль. – Учора я пакляўся сабе, што нагі маёй у яго не будзе…
-
Што ж ён табе зрабіў? – спытаў я.
-
Гыты подлы прусак увесь час кепікі
строіць з Напалеона!... Кажа, што парушыў прысягу рэчыпаспалітай, што ён – фокуснік,
якому свойскі арол напляваў у капялюш… Не – казаў Ян Мінцаль, - З гэтым чалавекам я не магу жыць…
На працягу ўсяго часу нашай размовы
два хлопцы і спрадаўца абслугоўвалі кліентаў, на якіх я нават не звяртаў увагі.
Потым рыпнулі заднія дзверы склепу і з-за шаф з’явілася старэнькая ў жоўтай
сукенцы, са жбаночкам у руцэ.
-
Gut Morgen, meine Kinder!... Der
Kaffee ist schon...
Я пабег і пацалаваў яе сухія ручачкі
не могучы нават слова вымавіць. - Wo bist du so lange gewesen, lieber Ignaz?...
Ну, Гросмутэр жа ведае, што я быў на
вайне. Што ж тут пытацца, дзе ён быў? – заўважыў Ян.
- Herr
Jesäs!... Aber du hast noch keinen Kaffee getrunken?...
- Натуральна, што не піў, - адказаў Ян
ад майго імя.
- Du lieber Gott! Es ist ja schon zehn
Uhr...
Яна наліла яму кубак кавы, уручыла тры
свежыя булкі і знікла як звычайна.
Цяпер галоўныя дзверы адчыніліся з
шумам і ўбег Франц Мінцаль, больш тлусты і чырванейшы за брата.
-
Як справы, Ігнацы!... - закрычаў ён, падаючы мне ў абдымкі.
-
Не цалуйся з гэтым дурнем, ганьбай роду
Мінцаляў!... – сказаў мне Ян.
-
Ой! Ой! Што там за род!... – адказаў
са смехам Франц. – Наш бацька прыехаў на тачцы, запрэжанай двума сабакамі…
-
Я не размаўляю з панам! – крыкнуў Ян.
-
Я таксама не пану кажу, а Ігнацыю, -
адказаў Франц: - А наш дзядзька – працягваў ён далей – быў такі зацятым
прусаком, што вылез з труны па свой начны каўпак, які яму туды забыліся
пакласці…
-
Ты зневажаеш мяне ў маім доме! –
крыкнуў Ян.
-
Я не прыйшоў у ваш дом, а толькі ў
магазін што купіць… Віцэк! – звярнуўся Франц да хлопца – дай мне корак за
грош… Толькі закруці яго ў паперу… Да пабачэння, дарагі Ігнацы, зайдзі да мяне
сёння вечарам, то пад добрую бутэлечку і пагаворым. А можа і гэты пан з табой
прыйдзе – дадаў ужо з вуліцы, паказваючы рукой на сіняга ад гневу Яна.
-
Нагі маёй не будзе ў подлага шваба! –
крыкнуў Ян.
Гэта аднак не перашкодзіла таму, што
вечарам былі абое ў Франца.
Мімаходам я узгадаю, што не было
тыдня, на працягу якога браты Мінцалі не паспрачаліся і не пагадзіліся найменш як два разы. Што з’яўляецца найасаблівым, што прычыны сварак ніколі не мелі
прычынай матэрыяльныя рэчы. Так, нягледзячы на найбольшыя непаразуменні, браты
заўсёды даручалі свае квітанцыі, пазычалі адзін аднаму грошы і ўзаемна адзін за
аднаго плацілі даўгі: Прычыны хаваліся ў іх характарах.
Ян Мінцаль быў рамантык і энтузіяст,
Франц спакойны і буркатлівы; Ян быў
гарачым банапартыстам, Франц рэспубліканцам і асаблівым ворагам
Напалеона ІІІ. Нарэшце Франц Мінцаль лічыў сябе асобай нямецкага паходжання, у
той час як Ян урачыста сцвярджаў, што Мінцалі паходзяць са старажытнага польскага
роду Ментусаў, якія некалі, можа аж пры Ягелонах, а можа пры каралях выбіраных
аселі ў Германіі.
Досыць было аднаго кілішка віна, каб
Ян Мінцаль пачаў біць кулакамі па стале ці па спіне сваіх суседзяў і крычаць:
-
Я адчуваю ў сабе старажытную польскую
кроў!... Немка не магла б мяне нарадзіць!... У мяне дарэчы ёсць дакументы…
І вельмі надзейным асобам паказваў два
старыя пасведчанні, з якіх адно мела дачыненне да нейкага Мадзэлеўскага, купца
ў Варшаве з часоў шведскага нашэсця, а другое – Мілера, паручніка войска
Касцюшкі. Якая сувязь існавала паміж гэтымі асобамі і сям’ёй Мінцаляў – я не
ведаю па сённяшні дзень, хоць тлумачэнні я неаднаразова чуў.
Нават з нагоды вяселля Яна выбухнула
спрэчка паміж братамі: таму што набыў для гэтай урачыстасці малінавы кунтуш,
жоўтыя чаравікі і шаблю, у той час як Франц паабяцаў, што не дазволіць такога
маскараду пры шлюбе, хоць бы той падаў скаргу жандарам. Пачуўшы гэта Ян
пакляўся, што заб’е даносчыка, калі яго ўбачыць, і на вясельную вячэру
апрануўся ў адзенне сваіх продкаў Ментусаў. Франц жа быў і на шлюбе, і на
вяселлі, але хоць і не размаўляў з братам, але да смерці затанцоўваў яго жонку
і амаль да самагубства ўпіўся яго віном.
Нават смерць Франца, які ў 1856 годзе
памёр ад карбункулу, не абышлася без авантуры. На працягу трох апошніх дзён
абодва браты па два разы пракліналі адзін аднаго і адракаліся адзін ад аднаго
вельмі ўрачыстым чынам. Нягледзячы на гэта Франц увесь маёнтак адпісаў Яну, а Ян
на працягу некалькіх тыдняў хварэў ад суму па браце і – палову адпісанага
шчасця (каля дваццаці тысяч злотых) перадаў нейкім тром сіроткам, якіх апекаваў
да канца свайго жыцця. Дзіўная гэта была сям’я!
І вось я зноў адышоўся ад тэмы:
павінен пісаць пра Вакульскага, а пішу пра Мінцаляў. Калі б я не адчуваў сябе
такім бадзёрым, як зараз, то мог бы палічыць, што балбатлівасць з’яўляецца
сведчаннем блізкай старасці.
Я сказаў, што ва ўчынках Стася
Вакульскага шмат рэчаў не разумею і з кожным разам у мяне ўзнікае жаданне
запытацца: навошта ўсё гэта?...
Вось жа калі я вярнуўся ў магазін,
амаль штовечар мы збіраліся ў Гросмутэр наверсе: Ян і Франц Мінцалі, а часам і
Малгося Пфайфер. Малгося з Янам садзіліся ў ваконнай нішы і, трымаючыся за
рукі, пазіралі ў неба; Франц піў піва з вялікага куфля ( у якога была лужоная
накрыўка), старэнькая вязала панчоху, а я – расказваў падзеі некалькіх гадоў,
якія правёў за мяжой.
Найчасцей, зразумела, была гаворка пра
сум туляцтва, невыгоды салдацкага жыцця ці пра баі. У такую хвіліну Франц
выпіваў падвойную порцыю піва, Малгося прытульвалася да Яна (да мяне ніхто так
не прытульваўся), а Гросмутэр губляла вочкі ў панчосе. Калі я ўжо заканчваў,
Франц уздыхаў, шырока рассядаючыся на канапе, Малгося цалавала Яна, а Ян Малгосю, старая ж трасучы галавой гаварыла:
- Ісусе! Ісусе!... Як гэта страшэнна…
Але скажы мне, мілы Ігнацы, навошта табе было ездзіць у Венгрыю? (ням.)
- Jesäs! Jesäs!... wie is das schrecklich... Aber sag mir, lieber Ignaz, wozu also bist du denn nach Ungarn gegnngen?
- Але ж,
Гросмутэр, разумееце, што ён хадзіў у Венгрыю на вайну – заўважыў нецярпліва
Ян.
Але старая увесь
час круціла галавой і са здзіўленнем бурчала сама сабе:
-
Der Kaffe war ja immer gut und zu
Mittag hat er sich doch immer vollgegessen... Warum bat er denn das getan?...
(Кава заўсёды была добрая, і падчас
абеду ён еў дастаткова… Навошта ж ён гэта зрабіў? (ням.))
- О! бо,
Гросмутэр, вы думаеце толькі пра каву і пра абед, - абурыўся Ян.
Нават калі я
расказаў пра апошнія хвіліны і страшную смерць Каца, старэча насамрэч
расплакалася, першы раз ад часу, як яе ведаў; тым не менш аднак абцёршы слёзы і
ўзяўшыся за сваю панчоху, шаптала:
- Merkwürdig! Der Kaffee war ja immer gut und zu
Mittag hat er sich doch immer vollgegessen... Warum hat er denn das getan?
(Дзіўна! Кава
заўсёды была добрая, і падчас абеду ён еў дастаткова… Навошта ж ён гэта зрабіў?
(ням.))
Тое ж самае я сёння амаль штогадзіны гавару аб Стасю
Вакульскім. У яго пасля смерці жонкі быў спакойны кавалак хлеба, дык навошта ж
ён паехаў у Балгарыю? Здабыў там такое багацце, што мог бы склеп адрадзіць:
навошта ж пашырыў яго? У яго пры новым склепе добрыя прыбыткі, дык навошта
стварае яшчэ нейкае таварыства?...Навошта ён наняў для сябе вялізную кватэру?
Навошта купіў экіпаж і коней? Навошта мкне да арыстакратыі, і пазбягае купцоў,
якія яму гэтага дараваць не могуць?
А з якой мэтай займаецца фурманам Высоцкім ці яго братам,
дарожнікам з чыгункі? Навошта некалькім бедным чаляднікам пазычыў варштаты?
Навошта апякуе нават распусніцы, якая хоць і жыве ў манашак Магдалены, моцна
шкодзіць яго рэпутацыі?...
А які ён спрытны… Калі я даведаўся на біржы аб замаху
Гёдэля, я вяртаюся ў склеп і, пазіраючы яму хутка ў вочы, кажу:
- Ведаеш, Стась, якісьці Гёдэль страляў у імператара
Вільгельма…
А ён, як быццам нічога не адбылося, адказвае:
- Вар’ят.
- Але гэтаму вар’яту, - я кажу, - здымуць галаву.
- І правільна, - адказвае ён, - не будзе памнажацца
вар’яцкі род.
І каб у яго пры гэтым здрыгануўся хоць адзін мускул, дык
не. Я скамянеў ад яго халаднакроўя.
Любы Стась, ты спрытны, але і я не горшы: ведаю больш,
чым ты думаеш, і тое мне толькі балюча, што ты мне не давяраеш. Бо парада сябра
і старога салдата магла б цябе засцерагчы не ад аднаго глупства, калі не ад
плямы…
Але што я тут буду расказваць уласныя меркаванні; няхай
скажа за мяне бег выпадкаў.
У пачатку мая пераехалі ў новы склеп, які складаецца з
пяці вялізных салонаў. У першым пакоі, налева, размяшчаюцца адны рускія
тканіны: паркаль, крэтон, ядваб і аксаміт. Другі пакой заняты напалову гэтымі
самымі тканінамі, а напалову – дробязямі, якія патрэбны да апранання: капелюшы,
каўнерыкі, гальштукі, парасончыкі. У салоне пярэднім самая элегантная
галантэрэя: бронза, маёліка, крышталі, слановая косць. Наступны пакой направа - з цацкамі, а таксама з вырабамі з дрэва і
метала, а ў апошнім пакоі направа – тавары з гумы і скуры.
Гэтак сабе гэта ўпарадкаваў; не ведаю, ці добра, але Бог
– сведка, што хацеў як найлепей. Урэшце пытаў аб меркаванні Стася Вакульскага;
але ён, заместа таго, каб штосьці параіць, толькі паціскаў плячыма і ўсміхаўся,
нібы гаварыў:
“А мне якая да гэтага справа…”
Дзіўны чалавек! Прыйдзе яму да галавы геніяльны план, выканае яго ў агульных рысах,
але – не дбае аб падрабязнасцях. Ён загадаў перанесці магазін, ён зрабіў яго
асяродкам гандлю рускіх тканін і замежнай галантэрэі, ён арганізаваў усё адміністраванне.
Але зрабіўшы гэта, ён сёння не ўмешваецца у справы склепа: робіць візіты
вялікім панам ці ездзіць на сваім экіпажы ў Лазенкі, ці кудысьці знікае без
следу; а ў магазіне знаходзіцца ледзьве на працягу пары гадзін на дзень. Пры
гэтым няўважлівы, раздражнёны, нібы чагосьці чакаў ці чагосьці асцерагаўся. Але
што ж гэта за залатое сэрца!
З сорамам прызнаюся, што было мне крыху непрыемна
выязджаць на новае месца. Яшчэ са склепам паўбяды; нават больш хацеў бы
служыць у вялікім магазіне, на ўзор парыжскіх, чым у такой краме, якой была наша
папярэдняя. Шкада мне аднак было майго пакою,у якім дваццаць пяць гадоў пражыў.
Паколькі да ліпеня абавязвае нас стары кантракт, то да паловы мая я сядзеў у
сваім пакойчыку, прыглядаючыся да яго сцен, кратаў, якія нагадвалі мне
найлепшыя хвіліны ў Замосці, і да старых рэчаў.
“Як я гэта ўсё зрушу, як я гэта перанясу, Божа
літасцівы!...” – думаў я.
Аж аднойчы, у палове мая (разышліся у гэты час весткі
самыя мірныя), Стась перад самым закрыццем магазіна прыходзіць да мяне і кажа:
-
Што ж, стары, час пераязджаць на новую
кватэру.
Я адчуў, нібыта з мяне кроў выцекла. А
ён працягвае далей:
- Хадзем са мной, пакажу табе новае
месца, якое я купіў для цябе ў гэтым самым доме.
- Як гэта ты купіў? – пытаюся я. –Я ж
павінен дамовіцца аб цане з гаспадаром.
- Ужо заплочана! – адказвае ён.
Ён узяў мяне пад руку і праводзіць
праз заднія дзверы магазіну ў сені.
-
Але ж, - кажу я, - тут пакой заняты…
Замест адказу я адкрыў дзверы у другім
баку сеняў… Уваходжу… слова гонару – салон!... Мэбля, абабітая утрэхцкім
аксамітам, на сталах альбомы, у вакне маёлікі… Каля сцяны бібліятэка…
Тут у цябе, - кажа Стась, паказваючы
багата апраўленыя кнігі, - тры гісторыі Напалеона І, жыццё Гарыбальдзі і Кошута,
гісторыю Венрыі…
Кніжкамі я быў вельмі задаволены, але
гэты салон, я павінен прызнацца, зрабіў на мяне непрыемнае ўражанне. Стась
заўважыў гэта і, усміхнуўшыся, раптам адкрыў другія дзверы.
Божа літасцівы!... але ж гэты другі
пакой – гэта мой пакой, у якім я жыў з дваццаці пяці гадоў. Вокны закратаваныя,
зялёная фіранка, мой чорны стол… А каля сцяны насупраць – мой жалезны ложак,
дубальтоўка і скрыня з гітарай…
-
Як гэта, - пытаюся я, - значыць мяне
ўжо перасялілі?...
Можа гэта падасца камусьці смешным,
але ў мяне былі слёзы ў вачах…
Я пазіраў на яго суровы твар, сумныя
вочы і амаль не мог уявіць сабе, што гэты чалавек такі здагадлівы і валодае
такой далікатнасцю пачуццяў. Бо калі б я яму ўспамінаў пра гэта… Ён сам
здагадаўся, што я магу сумаваць па старым жытле, і сам займаўся перавозам маіх
рэчаў. Шчаслівая была б жанчына, з якой бы ён ажаніўся (у мяне нават ёсць для
яго партыя…); але ён хіба не ажэніцца. Нейкія дзіўныя думкі снуюць у яго галаве,
але не пра жаніцьбу, зусім не!... Колькі ўжо паважаных асоб прыходзіла ў наш склеп нібы па справах, а на самой справе – у сваты да Стася і – ўсё дарэмна.
Такая пані Шпэрлінгова мае са сто
тысяч рублёў наяўнасці і дыстылярню.
Чаго толькі яна ўжо ў нас не купіла, а
ўсё для таго, каб мяне запытаць:
-
А што, ці не жэніцца пан Вакульскі?
-
Не, пані дабрадзейка…
-
Шкада! – кажа пані Шпэрлінгова,
уздыхаючы. – Прыгожы магазін, вялікае багацце, але – усё гэта разыйдзецца… без
гаспадыні. Калі б пан Вакульскі выбраў сабе якую сур’ёзную і багатую жанчыну,
узмацніўся б нават яго крэдыт.
-
Святыя словы пані дабрадзейкі… - я
адказваю.
-
Адз’ё! Пане Жэцкі – яна кажа ( кладучы
на касе дваццаць ці нават і пяцьдзесят рублёў). – Але няхай жа пан часам не
ўспомніць пану Вакульскаму пра тое, што я казала штосьці пра жаніцьбу. Бо гатоў
падумаць, што старая баба палюе на яго… Адз’ё, пане Жэцкі…
“Так, я не забудуся узгадаць яму пра гэта…”
И зараз думаю, што калі б я быў Вакульскім, то ў адзін
момант ажаніўся б з гэтай багатай удавой. Якая фігура, Herr Jesäs!...
Або вось Шметэрлінг, рымар. Колькі разоў мы разлічваліся,
а ён гаварыў:
-
Не мог бы, таго, вось, таго, Вакульскі
ажаніцца?... мужык ён, пане, таго, гарачы; карак у яго бычыны… Каб мяне пярун,
таго, трос, сам аддаў бы яму дачку, а ў пасаг даў бы ім штогод больш дзесяці
тысяч, таго, рублёў тавару… Ну?
Ці той жа саветнік Уронскі. Небагаты,
ціхенькі, але купляе ў нас штотыдзень хоць пару пальчатак і кожны раз кажа:
-
Як жа тут Польшчы не гінуць, мой Божа,
калі такія як Вакульскі не жэняцца. Бо гэта нават, мой Божа, чалавеку не
патрэбен пасаг, то мог бы знайсці паненку, якая, мой Божа, і на фартэп’яне
ўмее, і домам пагаспадарыць, і мовы ведае…
Такіх сватоў дзесяткі праходзяць праз
наш магазін. Некаторыя маці, цёткі ці бацькі папросту прыводзяць да нас паненак
на выданні. Маці, цётка ці бацька купляе
штосьці за рубель, а тымчасам панна ходзіць па магазіне, сядае, бярэ сябе пад
бокі, каб звярнуць увагу на сваю фігуру, высоўвае наперад правую ножку, потым
левую ножку, потым выстаўляе ручкі… Усё з той мэтай, каб злавіць Стаха, а яго
ці няма ў магазіне, ці калі ёсць, то нават не пазірае на тавар, нібы гаворыць:
-
Ацэнкай займаецца пан Жэцкі…
Выключаючы сем’і, у якіх ёсць дарослыя
дочкі, а таксама ўдоў і паненак на выданні, якія здаецца больш адважныя за
венгерскую пяхоту, бедны мой Стах не карыстаецца сімпатыяй у астатніх. Нічога
дзіўнага – ён узняў супраць сябе усіх
фабрыкантаў ядвабу і бавоўны, а таксама купцоў, якія прадаюць іх тавары.
Аднойчы, у нядзелю (рэдка ў мяне гэта
здараецца), я зайшоў у рэстарацыю на снеданне. Кілішак анісаўкі і кавалак
селядца каля буфету, і да стала – маленькая порцыя флякаў і кварта портэру –
вось дык баль! Заплаціў амаль рубель, але моцна наглытаўся дыму, і наслухаўся
ўжо!... Хопіць мне гэтага на пару гадоў. У душным і цёмным як вяндлярня пакоі,
дзе мне падалі флякі, сядзела амаль шэсць ягамосцяў пры адным стале. Былі гэта
людзі сытыя і добра апранутыя; напэўна купцы, гарадскія жыхары, а можа і
фабрыканты. Кожны выглядаў прыблізна на тры і гэтак да пяці тысяч рублёў
гадавога даходу. Паколькі я не ведаў гэтых паноў, а напэўна і яны мяне, я не
магу асудзіць іх у наўмыснай дачэпцы. Аднак, калі ласка, уявіце сабе, што за
супадзенне, што менавіта калі я ўвайшоў у пакой, яны размаўлялі пра
Вакульскага.
Хто гаварыў, з прычыны дыму я не
бачыў; урэшце я не смеў узняць вочы ад талеркі.
-
Кар’еру зрабіў! – гаварыў грубы голас.
– У маладосці прыслужваў такім, як мы, а бліжэй да старасці хоча ён прыслужваць
вялікім панам.
-
Тыя сённяшнія паны, - заўважыў
ягамосць астматычны, - вартыя таго, што і ён. Дзе б гэта раней у графскім доме
прымалі экс-купца, які праз жаніцьбу набыў багацце… Смех сказаць!...
-
Дробязь – жаніцьба, - адказаў грубы
голас, папярхнуўшыся крыху, - багацце праз жаніцьбу ганьбы не чыніць. Але тыя
мільёны, што заробленыя на дастаўках падчас вайны, здалёку пахнуць крыміналам.
-
Падобна, што не краў, - азваўся
напаўголас хтосьці трэці.
-
У такім выпадку няма мільёнаў, -
гукнуў бас. – А ў такім выпадку ізноў жа навошта задзірае нос!... чаго пнецца
да арыстакратыі?
-
Кажуць, - дадаў іншы голас, што хоча
арганізаваць таварыства з адных шляхціцаў…
-
Ага!... І абскубсці іх, а потым
закрыць. – заўважыў астматычны.
-
Не, - сказаў бас, - ён з гэтых выстаў
не абмыецца нават старым мылам. Купец галантэрэйны робіць дастаўкі! Варшавянін едзе
ў Балгарыю!...
-
Ваш брат, інжынер, ездзіў за заробкам
яшчэ далей, - азваўся напаўголасам хтосьці.
-
Пэўна! – перапыніў бас. – Ці можа і выпісваў
паркалікі з Масквы? Тут другая загваздка: знішчае прамысловасць айчынную!...
-
Эге- ге!... – засмяяўся хтосьці, хто
да гэтага часу маўчаў, - гэта ўжо не купец. Купец дзеля таго існуе, каб закупляць
больш танны тавар і з лепшым прыбыткам для сябе. Ці не так? … Эге! Ге!...
-
У любым выпадку я не даў бы трох
грошаў за яго патрыятызм, - адказаў бас.
-
Аднак падобна да таго, - заўважыў ціхі
голас, - гэты Вакульскі даказаў свой патрыятызм не толькі размовамі…
-
Тым горш, - перапыніў бас.- Даказваў,
будучы голым! Астыў, адчуўшы рублі ў кішэні.
-
О!... і ўсё ж мы заўсёды кагосьці
вымушаны асуджаць ці ў здрадзе Айчыне, ці ў крадзяжы! Нядобра!... – абураўся
ціхі голас.
-
Што гэта вы, пане, яго вельмі бароніце?... – спытаў
бас, адсоўваючы крэсла.
-
Бараню, бо крыху пра яго чуў, -
адказаў ціхі голас. – Фурманам у мяне якісьці Высоцкі, які паміраў ад голаду, пакуль
Вакульскі не паставіў яго на ногі…
-
За грошы з даставак у Балгарыі!...
Дабрачынец!...
-
Іншыя, пане, разбагацелі на фондах
народу і нічога. Эге-ге!...
-
У любым выпадку гэта цёмная фігура, - падвёў
вынік астматычны. – Ён кідаецца ўправа і ўлева, магазін не пільнуе, паркалікі
замаўляе, шляхту нібыта хацеў ашукаць…
Паколькі гарсон у гэту хвіліну прынёс
ім новыя бутэлькі, то я паказаўся паціху. Не ўмяшаўся ў гэту размову, бо
ведаючы Стаха з дзяцінства, мог бы ім сказаць толькі два словы: “Вы подлыя…”
І гэта ўсё гавораць у той час, калі я
дрыжу ад страху за яго будучыню, калі ўстаючы і кладучыся спаць я пытаюся: “Што
ён робіць? Навошта робіць? І што з гэтага вынікне?...” І гэта ўсё кажуць аб ім
сёння, пры мне, хто ўчора пазіраў, як стрэлачнік Высоцкі ўпаў яму ў ногі,
дзякуючы за перавод яго ў Скерневіцы і аказанне дапамогі…
Просты чалавек, а які паважлівы!
Прывёз з сабой дзесяцігадовага сына і, паказваючы на Вакульскага, сказаў:
- Прыгледзься, Петрэк, да пана, бо
гэта наш найбольшы дабрадзей… Калі б ён захацеў, каб сабе адрэзаў руку для яго,
то адрэж, і нават гэтым яму не аддзячыш…
Ці гэта дзяўчына, якая пісала яму ад
манашак: “Узгадала сабе адну малітву з дзіцячых часоў, каб маліцца за вас:…” Вось
простыя людзі, ці вось дзяўчыны распусныя; ці ж у адных і другіх няма больш
шляхетных пачуццяў, чым у нас, хто носіць сурдуты, і па ўсім горадзе
выхваляецца дабрачыннасцю, у якую дарэчы ніа дзін з нас не верыць. Стась мае
рацыю, што заняўся лёсам гэтых бедакоў, хаця… мог бы імі займацца крыху спакайнейшым чынам…
Ах! Бо трывожаць
мяне яго знаёмствы…
Я памятаю, што ў
пачатку мая ўваходзіць у магазін якісьці вельмі невыразны ягамосць (рудыя
бакенбарды, вочы паскудныя) і паклаўшы на канторскім стале сваю візітоўку, кажа
на досыць ламанай мове:
- Прашу
паведаміць пан Вакульскі, што я буду сёння а сёмай…
І ўсё. Я
паглядзеў на візітоўку, чытаю: Вільям Колінз, настаўнік англійскай мовы…” Што ж
гэта за фарс?... Ці гэта не аглійскую мовеу будзе вывучаць Вакульскі?...
Усё аднак я
зразумеў, калі на другі дзень прыйшлі тэлеграмы аб… замаху Гёдэля…
Ці іншае
знаёмства, якаясьці пані Мелітон, якая наведвае нас ад часу вяртання Стася з Балгарыі. Худая баба, малая, трашчыць як млын, і чуеш, што гаворыць толькі тое,
што хоча сказаць. Зайшла аднойчы, у канцы мая:
-
Ёсць пан Вакульскі? Пэўна няма, я спадзяюся… Дык я размаўляю з панам
Жэцкім? Адразу здагадалася… Што за прыгожая несэсэрка!... Дрэва аліўкавае, я
разбіраюся ў гэтым. Скажыце, пане, пану Вакульскаму, каб мне гэта прыслаў, ён
ведае мой адрас, і – каб заўтра, каля першай, быў у Лазенках…
-
У якіх, прабачце? – спытаў я, абураны яе нахабствам.
-
Вы, пане, блазен… У каралеўскіх! – адказвае мне гэтая дама.
Ну і што ж!... Вакульскі даслаў ёй несэсэрку
і паехаў у Лазенкі. Вярнуўшыся адтуль, ён сказаў мне, што … ў Берліне збярэцца
кангрэс для заканчэння ўсходняй вайны… І вось кангрэс!
Тая ж самая ягамосць заходзіць у другі раз, здаецца мне,
першага чэрвеня.
-
Ах! – ускліквае яна, - што за цудоўны
вазон!... з пэўнасцю французская маёліка, я ў гэтым маю рацыю… Скажыце, пане,
пану Вакульскаму, каб мне яго прыслаў, і… (тут яна дадала шэптам) і… скажыце
яму, пане, яшчэ, што паслязаўтра каля першай…
Калі яна выйшла, я сказаў Лісецкаму:
-
Можаце пабіцца аб заклад, пане, што
паслязаўтра ў нас будзе важная
палітычная навіна.
-
Гэта трэцяга чэрвеня?... – адказаў ён,
смеючыся.
Можаце сабе ўявіць
нашы твары, калі прыйшла тэлеграма са звесткай … аб замаху Ноблінга ў
Берліне!... Я думаў, што ўпаду трупам, Лісецкі з гэтага часу не жартуе больш непрыстойна
ў дачыненні да мяне і што горш, заўсёды выпытвае мяне аб палітычных навінах…
Сапраўды! Страшнае няшчасце – вялікая рэпутацыя. Бо я ад
часу, як Лісецкі звяртаецца да мяне як да “паінфармаванага”, я страціў сон і
рэшту апетыту…
Што ж тады павінна адбывацца з маім бедным Стахам, які
ўтрымлівае увесь час стасункі з гэтым панам Колінзам і з гэтай пані Мелітон…
Божа літасцівы, дапамажы нам!...
Ужо калі так разгаварыўся (далібог, раблюся пляткаром),
то мушу дадаць, што і ў нашым магазіне пануе нейкі нездаровы неспакой.
Апрача мяне тут сем прыказчыкаў ( ці калісьці марыў аб
нечым падобным стары Мінцаль), але – няма еднасці. Клейн і Лісецкі, як даўнейшыя,
маюць стасункі толькі паміж сабой, да астатніх жа калег ставяцца не скажу
пагардліва, але крыху звысоку. Трое – новыя прыказчыкі: галантэрэйны, па металу
і па гуме, таксама толькі паміж сабой маюць зносіны, яны ненатуральныя і
пахмурныя. Праўда паважлівы Земба, хочучы іх зблізіць, бегае ад старых да новых
і ўвесь час іх угаворвае; але ў небаракі такая нешчаслівая рука, што
антаганісты пасля кожнай спробы пагадзіцца крыўдзяцца адзін на аднаго яшчэ
больш брыдка.
Можа калі б наш магазін ( з пэўнасцю гэта магазін, і ў
дадатак, першарадны магазін!), вось жа калі б ён развіваўся паступова, калі б
мы штогод бралі па адным прыказчыку – новы чалавек прывыкаў бы сярод старых і
існавала б гармонія. Але як адразу дадаліся пяць новых людзей, як адзін аднаму
часта становіцца на дарозе ( бо за такі кароткі час нельга ні тавараў належна
ўпарадкаваць, ні кожнаму акрэсліць сферы яго абавязкаў), то з’яўляецца
натуральным, што мусяць адбывацца сваркі.Ну, але што я буду ўдавацца ў крытыку
дзейнасці гаспадара і яшчэ чалавека, у якога больш розуму, чым у нас усіх…
У адным толькі пункце пагаджаюцца старыя і новыя панове,
і нават дапамагае ім Земба: калі гаворка ідзе аб дакучэнні сёмаму нашаму
прыказчыку – Шлангбауму. Гэты Шлангбаум (ведаю яго даўно) іудзейскага
веравызнання, але чалавек прыстойны. Малы, чорны, згорблены, зарослы, словам –
трох грошаў я не даў бы за яго, калі ён сядзіць за канторскім столікам. Але няхай
толькі госць увойдзе (Шлангбаум працуе ў аддзеле рускіх тканін), Гасподзь мой
Божа… Круціцца як ваўчок; толькі што быў
на самай высокай паліцы направа, тут ужо каля самай ніжэйшай шуфлядзе на сярэдзіне і ў гэтую ж самую
хвіліну зноў дзесьці пад столлю налева. Калі пачне скідваць тканіну, то
падаецца, што гэта не чалавек, а паравая машына; калі пачне раскручваць і
мераць, то думаецца, што ў яго тры пары рук. Пры тым ён сапраўдны рахункавод, а
як пачне рэкамендаваць тавары, прэзентаваць узоры пакупніку, адгадваць густы,
усё вельмі паважным тонам, то слова гонару даю, што Мрачэўскі і побач не
стаяў!... Шкада толькі, што ён такі малы і брыдкі; мы павінны яму дадаць
якогасьці недалёкага і прыстойнага хлопца ў памочнікі для дам. Бо сапраўды з
прыгожым прыказчыкам дамы даўжэй сядзяць, але затое менш строяць вочкі і менш
таргуюцца.
(Такім чынам, няхай Бог беражэ ад дамскай кліентуры. Я
можа таму не маю адвагі да шлюбу, што ўвесь час бачу дам у магазіне. Творца
свету, робячы цуд прыроды, які завецца жанчынай, пэўна не задумаўся, якога
клопату наробіць купцам.)
Дык вось Шлангбаум з’яўляецца ў поўным значэнні
сапраўдным грамадзянінам, а нягледзячы на гэта, усе яго не любяць, бо – мае
няшчасце быць старазапаветным…
Увогуле, можа з год, я лічу, што да старазапаветных расце
непрыязнасць; нават тыя, якія некалькі гадоў таму называлі іх палякамі іудзйскай
веры, сёння завуць іх жыдамі. Тыя ж, якія нядаўна дзівіліся з іх працы, стойкасці
і здольнасці, сёння бачаць толькі эксплуатацыю і махлярства.
Слухаючы гэта, я часам думаю, што на чалавецтва спадае
нейкая духоўная цемра, падобная да ночы. Днём усё было прыгожа, весела і добра;
ноччу усё брудна і небяспечна. Так сабе думаю, але маўчу; бо што можа значыць
суд старога прыказчыка у параўнанні з голасам вядомых публіцыстаў, якія
даказваюць, што жыды хрысціянскую кроў ужываюць на мацу і што павінны быць
абмежаваны ў сваіх правах. Але нам кулі над галовамі іншае высвіствалі ,
памятаеш, Кац?
Такі стан рэчаў асаблівым чынам дзейнічае на Шлангбаума.
Яшчэ ў мінулым годзе чалавек гэты зваўся Шлангоўскім, святкаваў Пасху і Божае
Нараджэнне, і з пэўнасцю самы найбольшы вернік-католік не з’ядаў столькі
кілбасы, што ён. Я памятаю, што калі аднойчы ў цукерні запыталі ў яго:
-
Не любіце марожанае, пане Шлангоўскі?
Адказаў:
-
Я люблю толькі кілбасу, але без
часныка. Часнык не магу зносіць.
Ён вярнуўся з Сібіры разам са Стахам і доктарам Шуманам і адразу ж
пайшоў працаваць у хрысціянскі магазін, хоць яўрэі давалі яму лепшыя ўмовы. З
гэтай пары увесь час працаваў у хрысціян і толькі ў бягучым годзе звольнілі яго
з працы.
У пачатку мая першы раз прыйшоў да
Стаха з просьбай. Ён быў больш скурчаны і вочы былі чырванейшыя, чым звычайна.
- Стах, - прамовіў ён пакорлівым
голасам, - утаплюся на Налеўках, калі мяне не прытуліш.
- Чаму ж ты адразу да мяне не прыйшоў?
– спытаў Стах.
- Я не смеў… Баяўся, каб не гаварылі
пра мяне, што жыд усюды патрапіць улезці. І сёння не прыйшоў бы, калі б не
клопат аб дзецях.
Стах паціснуў плячыма і адразу ж
прыняў Шлангбаума з зарплатай паўтары тысячы рублёў штогод.
Новы прыказчык адразу прыняўся за
працу, а праз паўгадзіны буркнуў Лісецкі Клейну:
-
Што тут, да д’ябла, так часныком нясе,
пане Клейн?...
Праз чвэрць гадзіны, не ведаю, з якой
нагоды, дадаў:
-
Як тыя шэльмы жыды ціснуцца на
Кракаўскае Прадмесце! Не маглі б гэта, паршыўцы, адзін з другім, трымацца
Налевак ці Свентаерскай?
Шлангбаум маўчаў, толькі дрыжалі яго
чырвоныя павекі.
На шчасце, дзве гэтыя зачэпкі чуў
Вакульскі. Ён устаў з-за стала і прамовіў тонам, якога я, па праўдзе, не люблю:
-
Пане… пане Лісецкі! Пан Генрык
Шлангбаум быў маім сябраму той час, калі мне было вельмі дрэнна. Дык цяпер ці
не дазволіце яму сябраваць са мной сёння, калі адчуваю сябе крыху лепш?...
Лісецкі замяшаўся, адчуваючы, што яго
праца вісіць на валаску. Ён пакланіўся, штосьці буркнуў, і тады Вакульскі
наблізіўся да Шлангбаума і, абняўшы яго, прамовіў:
-
Каханы Генрык, не бяры да сэрца
дробных шпілек, бо мы тут сабе па-сяброўску ўсе іх падкідваем. Хачу запэўніць
таксама, што калі пакінеш гэты магазін, то хіба толькі са мной.
Пасада Шлангбаума высветлілася адразу;
сёння мне хутчэй штосьці скажуць (ба! Нават вылаяць), чым яму. Але ці знайшоў
хто спосаб супраць недагаворак, мін і позіркаў?... І гэта ўсё кранае бедака,
які неаднойчы мне гаворыць, уздыхаючы:
-
Ах, калі б не баяўся, што мае дзеці
стануць жыдамі, у адну хвіліну ўцёк бы адсюль на Налеўкі…
-
Бо чаму, пане Генрык, - спытаўся я ў
яго, - аднойчы не пахрысцішся?...
-
Зрабіў бы гэта некалькі гадоў таму, але не сёння. Сёння я зразумеў, што як
жыд я ненавісны толькі для хрысціян, а як выхрыст быў бы агідны для хрысціян и
для яўрэяў. Трэба з некім жа жыць. Зрэшты, - дадаў ён цішэй, - у мяне пяцёра
дзяцей і багаты бацька, пасля якога будзе спадкаеміць… Цікавая рэч. Бацька
Шланбаўма ліхвяр, а сын, каб ад яго ані гроша не ўзяць, бядуе па магазінах, як
прыказчык. Неаднойчы з вока на вока я размаўляў аб ім з Лісецкім.
-
За што, - пытаюся я, - вы пераследуеце
яго? Ён вядзе гаспадарку хрысціянскім чынам, і нават дзецям ладзіць ёлку…
-
Бо лічыць, - кажа Лісецкі, - што
карысней есці мацу з кілбасой чым дзікую казу.
-
Ён быў у Сібіры, рызыкаваў…
-
Для афёры… Дзеля афёры ён зваўся
таксама Шыганоўскім, а цяпер зноў Шлангбаўмам, калі ў яго старога астма.
-
Вы кпілі, - гавару я, - што
карыстаецца чужым апярэннем, таму вярнуўся да даўнейшага прозвішча.
-
За якое атрымае са сто тысяч рублёў
пасля бацькі, - адказаў Лісецкі.
Цяпер я паціснуў плячыма і замоўк.
Дрэнна называцца Шлангбаўмам, дрэнна Шыганоўскім; дрэнна быць яўрэем, дрэнна
выхрыстам… Ноч надыходзіць, ноч, падчас якой усё шэрае і падазронае!
У сваю чаргу Стах ад гэтага церпіць.
Бо ён не толькі прыняў у магазін Шлангбаўма, але яшчэ дае тавары яўрэйскім
купцам і пару яўрэйчыкаў пусціў у таварыства. Нашы крычаць і пагражаюць, але яго не настрашыш; ён зацяўся і не саступіць, хоць бы яго пеклі ў агні.
Чым гэта ўсё скончыцца, Божа
літасцівы…
Але, але!... Увесь час адбягаючы ад
прадмету я забыўся пра некалькі вельмі важных дробязяў. Маю на ўвазе
Мрачэўскага, які ад пэўнага часу ці перакрэслівае мне планы, ці заблытвае
свядома.
Хлопец гэты атрымаў у нас адстаўку за
тое, што ў прысутнасці Вакульскага я трохі вылаяў сацыялістаў. Пазней аднак жа
Стах даў сябе ўгаварыць і зараз пасля Вельканоцы выслаў Мрачэўскага ў Маскву,
падвышаючы нават яму зарплату.
Не на працягу аднаго вечара я думаў
над значэннем гэтага падарожжы ці ссылкі.Але калі пасля трох тыдняў Мрачэўскі
прыехаў адтуль да нас выбіраць тавары, тады я зразумеў план Стаха.
З фізічнага пункту гледжання малады
чалавек гэты няшмат змяніўся: заўсёды гаваркі і прыгожы, можа толькі крыху
бляднейшы. Ён кажа, што Масква яму падабалася, а найперш тамтэйшыя жанчыны,
якія павінны мець больш ведаў і агню, але затое менш прымхаў чым нашы, я
таксама, пакуль быў малады, лічыў, што
жанчыны мелі менш прымхаў чым сёння.
Усё гэта толькі уступ. Бо Мрачэўскі
прывёз з сабой тры вельмі падазроныя індывідуумы, называючы іх “прыкашчыкамі”,
і – цэлую кіпу нейкіх брашур. Гэтыя “прыкашчыкі” хацелі нібы штосьці аглядаць у
нашым магазіне, але рабілі гэта такім чынам, што ніхто іх у нас не бачыў: валачыліся
цэлымі днямі і я пакляўся б, што рыхтавалі ў нас грунт для якойсьці рэвалюцыі.
Заўважыўшы аднак, што я звятраю на іх
увагу, колькі разоў прыйшлі ў склеп, заўсёды прыкідваліся п’янымі, а са мной
размаўлялі выключна аб жанчынах, сцвярджаючы увесь час Мрачэўскаму, што полькі
гэта “сама прэлесць” – толькі вельмі падобныя да яўрэек. Я прыдурваўся, што
веру ўсяму, што яны кажуць, і што з дапамогай зручных пытанняў я пераканаўся,
што – найлепш вядомыя ім ваколіцы, што бліжэй да Цытадэлі. Там у іх справы: А
што мае здагадкі не былі безпадстаўнымі, сведчыў факт, што гэтыя “прыкашчыкі”
звярнулі нават на сябе ўвагу жандараў. На працягу дзесяці дзён, нічога больш, толькі
тры разы адводзілі іх ва ўчасткі. Відавочна аднак яны маюць вялікія
сувязі, бо іх вызвалілі. Калі я
паведаміў Вакульскаму свае падазрэнні у дачыненні да “прыкашчыкаў” –
Стах толькі ўсміхнуўся і адказаў:
- Гэта яшчэ нічога…
З чаго я раблю выснову, што Стах відаць
вельмі звязаны ў стасунках з нігілістамі.
Уявіце сабе такім чынам маё
здзіўленне, калі запрасіўшы аднойчы Клейна і Мрачэўскага да сябе на гарбату я
пераканаўся, што Мрачэўскі горшы чым Клейн сацыяліст… Гэты Мрачэўскі, які за
лаянку на сацыялістаў страціў у нас пасаду!... Ад здзіўлення увесь вечар я не
мог вусны адкрыць; толькі Клейн цешыўся паціху, а Мрачэўскі шматслоўна
разважаў.
Колькі жыву, не чуў нічога падобнага.
Юнак гэты даказваў мне, узгадваючы у сувязі з гэтым прозвішчы людзей, падобна
да вельмі мудрых, што ўсе капіталісты гэта злодзеі, што зямля павінна належаць
тым, хто на ёй працуе, што фабрыкі, капальні і машыны павінны быць уласнасцю грамадства,
што няма ўвогуле Бога і ні душы, якую прыдумалі ксяндзы, каб атрымліваць ад
людзей дзсяціну. Казаў далей, што калі зробяць рэвалюцыю (ён з трыма
“прыкашчыкамі”), то з гэтага часу мы ўсе будзем працаваць толькі па восем
гадзін, а на працягу рэшты часу мы будзем бавіцца, нягледзячы на тое, што кожны
будзе мець пенсію на старасць і бясплатнае пахаванне. Урэшце закончыў, што
толькі у гэты час настане рай на зямлі, калі ўсё будзе агульнае: зямля,
будынкі, машыны, і нават жонкі. Паколькі я з’яўляюся кавалерам (называюць мяне
нават старым) і пішу гэты помнік без крывадушнасці, то прызнаю, што мне гэта
агульнасць жонак крыху спадабалася. Скажу нават, што набраў сякой-такой зычлівасці
да сацыялізму і сацыялістаў. Навошта яны аднак абавязкова хочуць рабіць
рэвалюцыю, калі і без яе ў людзей былі агульныя жонкі?
Я так думаў, але
той самы Мрачэўскі вылечыў мяне ад сваіх тэорый, і разам з гэтым вельмі
пакрэсліў мае планы.
У дадатак скажу, што сардэчна хачу, каб Стах ажаніўся.
Калі б у яго была жонка, ён не мог бы так часта сустракацца з Колінзам і пані Мелітон,
а калі б яшчэ пайшлі дзеці, то можа перапыніў бы ўсе падазроныя стасункі. Бо
што гэта, каб такі чалавек як ён, такая салдацкая натура, каб меў стасункі з
людзьмі, якія амаль што не выступаюць на пляц са зброяй супраць зброі.
Венгерская пяхота і ўрэшце ніводная пяхота не будзе страляць па раззброеным
непрыяцелю. Але часы змяняюцца.
Таму я вельмі прагну, каб Стах ажаніўся, і нават думаю,
што знайшоў яму партыю. Яна бывае часам у нашым магазіне (і бывала ў ранейшым
магазіне) асоба дзіўнай прыгажосці. Шатэнка, шэрыя вочы, рысы цудоўна
правільныя, рост выключны, а ручкі і ножкі – самы смак!... Я пазіраў, як
аднойчы выходзіла з экіпажу, і скажу, што мне горача зрабілася ад таго, што я
ўбачыў… Ах, меў бы паважаны Стасік вялікі з ёй пажытак, бо і фігурка што трэба
і вусны- як ягадкі… А што за бюст!... Калі ўваходзіць апранутая па фігуры, то я
думаю, што ўвайшоў анёл, які зляцеўшы з неба, на грудзях склаў свае крылцы!...
Здаецца мне, што яна ўдава, бо ніколі не бачу яе з мужам,
толькі з малой дачушкай Хеленкай, прыгожай як цукерачка. Стах, калі б з ёй
ажаніўся, адразу павінен быў бы спыніць зносіны з нігілістамі, бо колькі б у яго
засталося часу ад мілых заляцанняў да жонкі, то аддаваў бы яго яе дзіцяці. Але
і такая жоначка няшмат часу пакінула б яму хвілін вольных.
Я ўжо склаў цэлы план і разважаў: якім бы чынам
пазнаёміцца з гэтай дамай, а пазней прадставіць ёй Стаха, калі раптам – д’яблы
прынеслі з Масквы Мрачэўскага.
Уявіце сабе мой гнеў, калі адразу ж на другі дзень пасля
свайго прыезду гэты франт уваходзіць у наш магазін з маёй удавой!... А як
скакаў пры ёй, як варочаў вачыма, як стараўся адгадваць яе думкі… Шчасце, што я
не тоўсты, бо паглядзеўшы на гэтыя нахабныя залёты я атрымаў бы напэўна
апаплексічны ўдар.
Калі праз пару гадзін вярнуўся да нас, я пытаўся ў яго з
самай абыякавым выразам твару, што гэта за дама.
-
Вам спадабалася, - сказаў ён, - ці не
так?... Шампанскае, а не жанчына, - дадаў ён, бессаромна падміргваючы вокам. –
Але паменшыце свой апетыт, бо яна палае пачуццём да мяне… Ах, пане, што гэта за
тэмперамент, што за цела… А калі б вы бачылі, як яна выглядае ў кофтачцы!...
-
Я спадзяюся, пане Мрачэўскі… - адказаў
я сурова.
-
Я ж нічога не кажу! – адказвае ён,
паціраючы рукі так, што мне падалося гэта вельмі сладастрасным. – Я ж нічога не
кажу!... Найбольшая дабрачыннасць мужчыны, пане Жэцкі, гэта тактоўнасць, пане
Жэцкі, асабліва ў больш давяральных адносінах…
Я перапыніў яго, адчуваючы, што калі б
ён гэтак гаварыў далей, то я павінен быў бы пагарджаць гэтым маладым чалавекам.
Што за час, што за людзі!... Бо я, калі б меў шчасце звярнуць на сябе ўвагу
якой-небудзь дамы, то не смеў бы нават думаць аб гэтым, а не толькі крычаць на
ўвесь голас, яшчэ ў такім вялікім, якім з’яўляецца наш магазін.
Калі ў дадатак выклаў мне Мрачэўскі
сваю тэорыю аб агульных жонках, адразу прыйшло мне на думку:
-
Стах нігіліст і Мрачэўскі нігіліст…
Няхай жа першы ажэніцца, то другі адразу ўладзіць яму агульнасць… Але ж шкада
было б такой жанчыны для такога Мрачэўскага.
У канцы мая Вакульскі вырашыў зрабіць асвячэнне
нашага магазіна. Цяпер толькі я заўважыў, як змяняюцца часы… У час маёй
маладосці купцы таксама асвячалі магазіны, клапоцячыся аб тым, каб цырымонію выконваў
ксёндз паважны і набожны, каб на месцы была сапраўдная свянцоная вада, новае
крапіла і арганіст, што разбіраецца ў латыні. Пасля скончанага абрада, пры якім
пакрапілі і абмалілі амаль кожную шафу і адзінку тавару, прыбівалася на парозе
магазіна падкова, каб прываблівала гасцей, і толькі потым – думалі аб перакусе,
які звычайна складаўся з кілішка водкі, кілбасы і піва.
Сёння ж (што б сказалі на гэта
равеснікі старога Мінцаля!) пыталіся перадусім: колькі патрэбна кухараў і
лёкаяў, а потым: колькі бутэлек шампана, колькі венгерскага віна і – які абед?
Абед бо быў галоўнай часткай урачыстасці, бо і запрошаныя не пра тое
клапаціліся: хто будзе свяціць, але што пададуць да стала?...
У пярэдадзень цырымоніі з’явіўся ў
нашым магазіне якісьці прысадзісты ягамосць, спацелы, аб якім я не мог бы
сказаць, ці каўнерыкі брудзілі яго шыю, ці наадварот. З выцертага сурдута ён
дастаў тоўсты нататнік, надзеў на нос заплямленыя акуляры і – пачаў хадзіць па
пакоях з такім выразам твару, што мяне папросту ахапіла трывога.
“Што гэта, да чорта, - думаю я, - ці
гэта хто з паліцыі, ці можа які сакратар каморніка апісвае нам маёмасць?...”
Два разы я заступаў яму дарогу, хочучы
як мага пачцівей спытаць: якая ў яго тут справа? Але ён пасля першага разу
буркнуў: “Папрашу мне не перашкаджаць!” – а пасля другога запытання
бесцырымонна адсунуў мяне убок.
Здзіўленне маё было тым большае, што
некаторыя з нашых паноў кланяліся яму з вялікай павагай і паціраючы рукі, нібы перад
як найменш – дырэктарам банку, давалі ўсялякія тлумачэнні.
“Ну, - думаю я сам сабе, - відаць гэты
пан небарака не з таварыства забеспячэння. Людзей такіх абадраных там не
трымаюць…”
Толькі Лісецкі шапнуў мне, што гэты
пан з’яўляецца вельмі знакамітым рэпарцёрам і што будзе нас апісваць у газетах.
Цёпла мне зрабілася каля сэрца ад думкі, што я магу ўбачыць у друку маё
прозвішча, якое аднойчы толькі фігуравала ў “Газеце Паліцыйнай”, калі я згубіў ашчадную
кніжку. У адзін момант я заўважыў, што ў гэтым чалавеку усё вялікае:вялікая
галава, вялікі нататнік, і нават – вельмі вялікая латка на левым чаравіку.
А ён увесь час хадзіў па пакоях,
надзьмуты як індык і пісаў, увесь час пісаў…
Нарэшце азваўся:
-
Ці ў гэтыя часіны не было ў вас
якога-небудзь выпадку?... Малога пажару, крадзяжу, злоўжывання даверам,
авантуры?...
-
Божа барані! – асмеліўся я заўважыць.
-
Шкода, - адказаў ён. – Найлепшай
рэкламай для магазіну было б, калі б хто ў ім не менш чым павесіўся…
Я спужаўся, пачуўшы гэта жаданне.
- Можа пан дабрадзей, - адважыўся я
заўважыць з паклонам, хоча выбраць сабе якую-небудзь рэч, якую мы адашлём без прэтэнзіі…
- Хабар?... – запытаў ён, пазіраючы на
мяне як фігура Каперніка. – У нас звычай, - дадаў ён, - тое, што нам
падабаецца, купляць; прэзентаў мы не прымаем ад нікога.
Ён насунуў заплямлены капялюш на
галаву на сярэдзіне магазіна і з рукамі ў кішэнях выйшаў як міністр. Яшчэ на
другім баку вуліцы я бачыў яго латку.
Вяртаюся да цырымоніі асвячэння.
Галоўная ўрачыстасць, ці абед, адбылася ў вялікай зале Еўрапейскага Гатэлю.
Залу аздобілі кветкамі, паставілі вялізныя сталы ў падкову, прывялі музыку і а
шостай вечарам сабралася звыш ста пяцідзесяці асоб. Каго там не было!...
Галоўным чынам купцы і фабрыканты з Варшавы, з правінцыі, з Масквы, ба, нават з
Вены і з Парыжа. Знайшліся таксама два графы, адзін князь і шмат шляхты. Аб напоях
спіртных я не ўспамінаю, бо сапраўды не ведаю, чаго было больш- лісткоў на
раслінах, якія аздаблялі залу ці бутэлек.
Каштавала нам гэта забава больш за тры
тысячы рублёў, але выгляд такой колькасці асоб, якія елі, быў сапраўды самавіты.
Калі ж сярод агульнай цішыні паўстаў князь і выпіў за здароўе Стаха, калі
зайграла музыка, я не ведаю ўжо які кавалак, але вельмі прыгожы, і сто пяцьдзесят
чалавек гукнула: За здароўе” – у мяне з’явіліся слёзы ў вачах. Я пабег да
Вакульскага і абдымаючы яго, прашаптаў:
-
Бачыш, як цябе любяць…
-
Яны любяць шампанскае, - адказаў ён.
Я заўважыў, што славаслоўі яго не
кранаюць. Я не ўсцешыўся нават, хаця адзін з прамоўцаў (павінен быць
літаратарам, бо гаварыў доўга і без сэнсу) прамовіў, не ведаю, ад свайго ці Вакульскага імя, што…
гэта самы найлепшы дзень яго жыцця.
Я лічыў, што Стах найбольш круціцца
каля пана Ленцкага, які перад сваім банкруцтвам быў прымаемы падобна ў
еўрапейскіх дварах…
Заўсёды гэтая няшчасная палітыка!...
З пачатку піру ўсё адбывалася вельмі
паважна; кожны раз які-небудзь з бяседнікаў браў слова і гаварыў так, нібы
хацеў прамовай аддаць за выпітае віно і з’едзеныя стравы. Але чым больш
выносілі пустых бутэлек, тым далей уцякала з гэтага зборышча павага, а ў канцы
зрабіўся такі вэрхал, што побач з ім змоўкла музыка.
Я быў злы як д’ябал і хацеў палаяць хаця
б Мрачэўскага. Адцягнуўшы яго аднак ад стала я ледзь быў здольны на такія
словы:
- ну, і навошта гэта ўсё?...
- Навошта?... – адказаў ён, пазіраючы
на мяне затуманеным позіркам. – Гэта для панны Ленцкай…
- Ты звар’яцеў, пане!... Што для панны
Ленцкай?...
- ну… гэтыя таварыствы…: гэты магазін…
гэты абед… Усё для яе… І я з-за яе вылецеў з магазіну… - сказаў Мрачэўскі,
абапіраючыся на маё плячо, бо я не мог узняцца.
- Што?... – кажу я, бачачы, што ён
зусім п’яны. – Ты вылецеў праз яе з магазіну, то можа з-за яе і трапіў у
маскву?...
- Розум… зразумела… Яна замовіла
слоўка, і такое… невялікае слоўка і… я атрымаў больш за трыста рублёў у год…яна са старым зробіць усё, што ёй падабаецца…
- Ну, ідзі пане спаць, - прамовіў я.
- Хутчэй што я не пайду спаць… Я пайду
да маіх сяброў… Дзе яны? … Яны б няхай з ёй раней параіліся… Не кіравала б
імі, як старым… Дзе мае сябры? – пачаў ён крычаць.
Натуральна, што я загадаў яго адвесці
ў нумар наверсе. Думаю аднак, што ён больш прыдурваўся п’яным, каб мяне
атуманіць.
Каля поўначы зала была падобная да
труперні ці да шпіталя; увесь час
кагосьці трэба было выцягваць ў нумар ці ў экіпаж. Урэшце, знайшоўшы
доктара Шумана, які быў амаль цвярозы, я забраў яго да сябе на гарбату.
Доктар Шуман таксама старазапаветны
вернік, але незвычайны гэта чалавек. Ён павінен нават быў пахрысціцца, бо
закахаўся ў хрысціянку; але яна памерла, то супакоіўся. Кажуць нават, што ён
труціўся ад жалю, але яго выратавалі. Сёння цалкам пакінуў лекарскую практыку,
у яго немалое багацце і толькі займаецца даследаваннем людзей і таксама іх
валасоў. Малы, жоўты, у яго пранізлівы позірк, перад якім цяжка было б штосьці
схаваць. А паколькі ведае Стаха здаўна, то павінен ведаць усе яго таямніцы.
Пасля гучнага абеду я быў дзіўна занепакоены
і хацеў Шумана крыху разгаварыць. Калі ён сёння не скажа мне чаго-небудзь пра
Стаха, то ўжо напэўна ніколі нічога не буду ведаць.
Калі мы прыйшлі ў маё жытло і падалі
самавар, я сказаў:
-
Скажы мне, доктар, але шчыра, што ты
думаеш аб Стаху?... Бо ён мяне непакоіць. Я бачу, што больш за год кідаецца на
нейкія папросту авантуры… Гэты выезд у Балгарыю, а сёння гэты магазін…
таварыства… экіпаж… Нейкая дзіўная змена ў яго характары…
-
Я не бачу змены, - адказаў Шуман. –
Гэта быў заўсёды чалавек дзеяння, які, што яму прыйшло да галавы ці да сэрца,
выконваў адразу ж. Ён вырашыў паступіць ва універсітэт і паступіў, вырашыў
зрабіць багацце і зрабіў. Таму калі прыдумаў якое глупства, то таксама не
адступіцца і зробіць глупства капітальнае.Такі ўжо характар.
-
Улічваючы гэта ўсё, - заўважыў я, -
бачу ў яго дзеяннях шмат спрэчнасці…
-
Нічога дзіўнага, - перапыніў доктар. –
Злучыліся ў ім два чалавекі: рамантык з шасцідзесятых гадоў і пазітывіст з
сямідзесятых. Тое, што для іншых спрэчнае, у ім самім найбольш паслядоўнае.
-
А ці не ўблытаўся ён у якіянебудзь
новыя гісторыі? – спытаў я.
-
Нічога не ведаю, - адказаў суха Шуман.
-
Я замоўк і толькі праз хвіліну спытаў
зноў:
-
Што ж з ім у выніку будзе?...
Шуман узняў бровы і сашчапіў рукі.
-
Будзе дрэнна, - адказаў ён. – Такія
людзі як ён ці ўсё нахіляюць да сябе, ці трапіўшы на вялікую перашкоду
разбіваюць сабе лоб аб яе. Да гэтага часу яму шчасціла, але… няма бадай
чалавека, які б у жыцці выйграваў найлепшы лёс…
-
І што?... – спытаў я.
-
Тое, што можам убачыць трагедыю, -
закончыў Шуман. Выпіў шклянку гарбаты з лімонам і пайшоў да сябе.
Усю ноч я не мог спаць. Такія страшныя
прадказанні ў дзень трыумфу…
Эх! Стары Гасподзь Бог больш ведае,
чым Шуман; і ён пэўна не дазволіць Стаху загубіць сябе…
Комментариев нет:
Отправить комментарий