Раздзел 12
Па справах іншых
Вакульскі паволі адкрываў ліст пані Мелітон, узгадваючы
сабе нядаўнія выпадкі. Яму здавалася, што ў неасветленай частцы кабінету яшчэ
бачыць цёмны гушчар лазенкаўскіх дрэў, невыразныя абрысы абадранцаў, якія
заступілі яму дарогу, а пазней пагорак са студняй, дзе Ахоцкі давяраў яму свае мары.
Але калі паглядаў на святло, то туманныя вобразы знікалі. Ён бачыў лямпу з
зялёным казырком, стос папераў, бронзавыя статуэткі, што стаялі на пісьмовым
стале і хвілінамі думаў, што Ахоцкі са сваімі лятальнымі машынамі і яго ўласная
роспач былі толькі сном.
“Які ён геній? – гаварыў сабе Вакульскі, - гэта звычайны
летуценнік!... І панна Ізабэла такая самая жанчына як іншыя… Выйдзе за мяне –
добра; не выйдзе – то напэўна не памру.”
Раскрыў ліст і чытаў:
“Пане! Важная навіна: праз некалькі дзён Ленцкіх камяніцу
прадаюць, і адным купцом будзе баранэса Кшэшоўска, іх кузінка і вораг. Я ведаю
з пэўнасцю, што заплоціць за дом толькі шэсцьдзесят тысяч рублёў; а ў такім
выпадку рэштка пасагу панны Ізабэлы, а менавіта трыццаць тысяч рублёў,
прападзе. Хвіліна вельмі важная, бо панна Ізабэла, пастаўленая паміж бядой і
замужствам з маршалкам, ахвотна згодзіцца на любую іншую камбінацыю. Я
здагадваюся, што на гэты раз не зробіце з прадастаўленай магчымасцю як з
векселямі Ленцкага, якія вы падралі на маіх вачах. Памятайце: жанчыны так
любяць быць у абдымках, што для ўзмацнення эфекту трэба іх некалі прытаптаць
нагой. І чым больш няшчадна зробіце гэта, тым больш пэўнасці, што пакахае вас.
Памятайце Пане!...
Дарэчы можаце зрабіць Бэле невялікую прыемнасць. Барон
Кшэшоўскі, прыціснуты патрэбай, прадаў уласнай жонцы сваю любімую клячу, якая
гэтымі днямі павінна ўдзельнічаць у скачках і на якую ён вельмі разлічваў.
Наколькі я ведаю стасункі, Бэла была б шчыра ўзрадваная, калі б ні барон, ні
яго жонка не валодалі гэтай клячай у дзень скачак. Барон быў прысаромлены,
што прадаў клячу, а баранэса ў роспачы, калі б кляча, выйграла ды каму-небудзь
іншаму прынесла прыбытак. Вельмі вытанчаныя гэтыя велікасвецкія адносіны, але
паспрабуйце зрабіць з іх выгаду. Прадастаўляецца выпадак, што наколькі я чула,
нейкі Марушэвіч, сябар абоіх Кшэшоўскіх, павінен прапанаваць вам купіць гэту клячу. Памятайце, пане, што
жанчыны – нявольніцы толькі тых, хто здолее іх моцна трымаць, дагаджаць іх
капрызам.
Сапраўды, я пачынаю верыць, што вы, пане, нарадзіліся пад
шчаслівай зоркай. Са шчырымі пажаданнямі
A.M."
Вакульскі глыбока ўздыхнуў; абедзве навіны былі важныя. Другі
раз прачытаў ён ліст, дзівячыся шорсткаму стылю пані Мелітон і ўсміхаючыся пры
заўвагах, якія рабіла пра свой пол. Моцна трымаць людзей ці акалічнасці – гэта
было ў прыродзе Вакульскага; усё і ўсіх ён хапаў бы за карак, за выключэннем –
панны Ізабэлы. Яна адна была істотай, якой у адносінах да сябе хацеў пакінуць
абсалютную вольнасць, калі не панаванне.
Мімаволі паглядзеў убок; слуга стаяў пры дзвярах.
-
Ідзі спаць, - прамовіў ён.
-
Зараз пайду, толькі быў тут яшчэ пан,
- адказаў слуга.
-
Які пан?
-
Пакінуў візытоўку, ляжыць на пісьмовым
століку.
На пісьмовым століку ляжала візітоўка
Марушэвіча.
-
Ага!... Што ж гэты пан казаў?
-
Ён нібы так сабе, нічога не гаварыў.
Толькі пытаўся: калі вы бываеце дома? А я сказаў: каля дзесятай ранкам, і тады
ён сказаў, што прыйдзе заўтра а
дзесятай, на хвілінку.
-
Добра, дабранач табе! –
-
Кланяюся, прашу ласкі пана.
Слуга выйшаў, Вакульскі адчуваў сябе
зусім цвярозым. Ахоцкі і яго лятальныя машыны паменшалі ў вачах. У яго зноў
была энергія як у той час, калі выязджаў у Балгарыю. Тады ішоў па багацце, а
сёння мае выпадак кінуць яго частку да ног панны Ізабэлы. Яго калолі выразы
лісту пані Мелітон: - пастаўленая паміж бядой і замуствам з маршалкам… Дык вось
яна ніколі не будзе ў такім становішчы… А выратуе яе не нейкі там Ахоцкі з
дапамогай сваёй машыны, а ён… Ён адчуваў у сабе такую сілу, што калі б у гэту
хвіліну столь з двума паверхамі упала яму на галаву, то напэўна ўтрымаў бы яе.
Ён дастаў з пісьмовага століка свой
нататнік і пачаў падлічваць:
“Конь для скачак – глупства… Я выдам
больш тысячы рублёў, з якіх вернецца як найменш частка… Дом шэсцьдзесят тысяч,
пасаг панны Ізабэлы трыццаць тысяч, разам дзевяноста тысяч. Драбяза… амаль
трэцяя частка майго багацця… У любым выпадку за дом вернецца мне з шэсцьдзесят
тысяч ці і больш… Ну!... трэба схіліць Ленцкага, каб гэтыя трыццаць тысяч ён
мне даверыў, буду яму плаціць па пяць тысяч штогод як дывідэнды… Хіба ім
хопіць?...
Каня аддам берэйтару, няхай ён
зоймецца выпускам яго на скачкі… А дзесятай будзе ў мяне Марушэвіч, а
адзінаццатай паеду да адваката…
Грошы атрымаю на восьмы працэнт – сем
тысяч дзвесце рублёў штогод; а паколькі ў мяне напэўна пятнаццаць працэнтаў… Ну
і дом штосьці прыносіць… А што скажуць мае калегі?... Ах, вельмі мяне гэта
цікавіць!... У мяне сорак пяць рублёў штогод, пойдзе дванаццаць-трынаццаць
тысяч рублёў, застанецца трыццаць дзве тысячы рублёў… Жонка мая сумаваць бы не
павінна… На працягу года выберуся з гэтай камяніцы, хаця б і са стратай
трыццаць тысяч рублёў… Урэшце гэта не страта, гэта яе пасаг…”
Поўнач. Вакульскі пачаў распранацца.
Пад уплывам яскрава акрэсленай мэты
супакоіліся расстроеныя нервы. Ён патушыў святло, лёг і пазіраючы на фіранкі, у
якіх гуляў вецер, які трапляў праз адчыненае вакно, заснуў як сноп.
Устаў а сёмай ранкам такі свежы і
вясёлы, што звярнуў гэтым увагу слугі, які пачаў круціцца па пакоі.
-
Ну і чаго ты хочаш? – спытаў
Вакульскі.
-
Я – нічога, але, прабачце, вартаўнік
хоча, але не смее прасіць, каб вы ўзялі на сябе клопат і сталі хросным яго
дзіцяці.
-
А а а!... А ці ён пытаўся, ці я хачу,
каб у яго было дзіця?
-
Не пытаўся, бо вы былі тады на вайне.
-
Ну добра, буду яго кумам.
-
То можа б мне цяпер падаравалі стары
сурдут, бо ў чым жа я буду на хрышчэнні?
-
Добра, вазьмі гэты сурдут.
-
А парамантаваць?
-
О, не сярдуй мяне… Загадай
парамантаваць, хаця я не і ведаю што…
-
Ну я хацеў бы, прабачце, аксамітны
каўнер.
-
Прышый сабе аксамітны каўнер і ідзі ты
да д’ябла.
-
Зусім без патрэбы гневаецца пан, бо
гэта ж дзеля вашага гонару, не для майго, - адказаў слуга і выходзячы, грукнуў
дзвярыма.
Ён адчуваў, што яго гаспадар у
выключна добрым настроі.
Апрануўшыся, Вакульскі засеў за
рахункі, п’ючы пры гэтым чыстую гарбату. Пасля сканчэння іх напісаў дэпешу ў
Маскву пра асігнацыю на сто тысяч рублёў і другую агенту ў Вене, каб затрымаў
пэўныя замовы.
За некалькі хвілін да дзесятай увайшоў
Марушэвіч. Малады чалавек здаваўся яшчэ больш прыгнечаным і нясмелым, чым
учора.
-
Дазволіць пан, - адазваўся Марушэвіч
праз некалькі слоў прывітання, - я адразу пакладу карты на стол… Гаворка пра
арыгінальную прапанову…
-
Слухаю арыгінальную…
-
Пані баранэса Кшэшоўска ( я сябар мужа
і жонкі сям’і барона) – сказаў прыгнечаны юнак – я хачу збыць скакуна. Зараз я
падумаў, што пан пры сваіх стасунках можа хацеў бы прыдбаць сабе падобнага
каня… Ёсць вялізны шанец выйграць, бо бегаюць апрача яго ў скачках толькі
два кані, значна слабейшыя…
-
Чаму ж пані баранэса сама не пускае
гэтага каня?
-
Яна?... Яна смяротны вораг скачак!
-
Для чаго ж яна купіла скакуна?
-
Па дзвюх прычынах, - адказаў малады
чалавек. – Спачатку барон, патрабуючы грошы на пакрыццё доўгу гонару, абвясціў,
што застрэліцца, калі не атрымае васьмісот рублёў, хаця б за свайго любімага
каня, а па-другое, баранэса не зычыць сабе, каб яе муж прымаў удзел у скачках.
Таму купіла каня, але сёння бядачка хварэе ад сораму і роспачы і хацела б
пазбыцца яго за любую цану.
-
А менавіта?
-
Васемсот рублёў, - адказаў малады
чалавек, апускаючы вочы.
-
Дзе ж конь?
-
У манежы Мілера.
-
А дакументы?
-
Вось яны, - адказаў ужо больш весела
малады чалавек, дастаючы пачку папераў з бакавой кішэні сурдута.
-
Мы можам зараз і вырашыць гэта
пытанне? – спытаў Вакульскі, праглядаючы паперы.
-
Без праблем.
-
Пасля абеду пойдзем паглядзець каня?
-
О, натуральна…
-
Няхай пан піша распіску, - прамовіў
Вакульскі і дастаў грошы з пісьмовага століка.
-
На васемсот?... натуральна!... –
сказаў малады чалавек.
-
Хутка ён узяў паперу і пяро і пачаў
пісаць. Вакульскі заўважыў, што ў юнака крыху дрыжалі рукі і ён мяняўся з
твару.
Распіска была напісана паводле ўсіх
формаў. Вакульскі паклаў восем сторублёвак і схаваў паперы. Праз хвіліну малады
чалавек, увесь час бянтэжачыся, пакінуў кабінет; збягаючы ж са сходаў, думаў:
“Я подлы, так, подлы… Але у крайнім
праз некалькі дзён я вярну бабе дзвесце рублёў і скажу, што даклаў іх
Вакульскі, калі даведаўся пра станоўчыя рысы каня. Яны ж не сутыкнуцца, ні
барон з жонкай, ні гэты… купец з імі… Чэк загадаў сабе пісаць… цудоўны!...
Пазнаецца спекулянт і парвеню… О! страшна пакараны за маю легкадумнасць…”
Аб адзінаццатай Вакульскі выйшаў на
вуліцу з намерам падацца да адваката.
Аднак ледзь стаў перад брамай, адразу
ж тры экіпажы пры выглядзе светлага паліто і белага капелюша разам рушылі
коней. Адзін уехаў другому дышлам у адкрыты экіпаж, трэці ж хочучы іх абмінуць
амаль не збіў насільшчыка, які нёс цяжкую шафу. Пачаўся шум, бойка бізунамі,
свіст паліцыянтаў, натоўп і ў выніку – два самыя гарачыя рамізнікі самі сябе
на ўласных экіпажах адвезлі ў паліцыю.
“Злы лёс, - падумаў Вакульскі і раптам
ударыў па ілбе. – Цудоўная справа! – гаварыў ён сабе, - я іду да адваката, каб
мне купіў дом, і не ведаю, ні як дом выглядае, ні нават дзе знаходзіцца”.
Вярнуўся назад у сваё жытло і ў
капелюшы на галаве, з кіем пад пахай, пачаў перакідваць каляндар. На шчасце
чуў, што дом Ленцкіх знаходзіцца дзесьці ў ваколіцах Алеі Іерусалімскай;
нягледзячы на гэта прайшло некалькі хвілін, пакуль ён адшукаў вуліцу і нумар.
“Добра зарэкамендаваў бы сябе адвакату!
– думаў ён, сыходзячы па сходах. – У адзін з дзён падбухторваю людзей, каб мне
даверылі капіталы, а ў другі купляю ката ў мяшку. Натуральна, што адразу
скампраментаваў бы сябе, ці… панну Ізабэлу”.
Ён ускочыў у праезджы экіпаж і
загадаў павярнуць да Алеі Іерусалімскай. На вуглу выйшаў і пайшоў пешкі у адну з
папярэчных вуліц.
Дзень быў прыгожы, неба амаль без
аблачынкі, брук без пылу. Вокны дамоў паадчыняныя, некаторыя толькі мылі; вецер-свавольнік матляў спадніцамі пакаёвак; прычым можна было заўважыць, што
варшаўскія слугі хутчэй адважацца мыць вокны на чацвёртым паверсе чым уласныя
ногі. Са шматлікіх пакояў чуліся гукі фартэпіяна, са шматлікіх падвор’яў
катарынкі ці манатонныя галасы пескароў, шчоткароў, старызнікаў і падобных да
іх прадпрымальнікаў. Тут і там пад брамай пазяхаў вартаўнік, апрануты ў
блакітную сарочку; некалькі сабак ганяліся адзін за адным па вуліцы, па якой ніхто
не праязджаў; малыя дзеці бавіліся абдзіраннем кары з маладых каштанаў, у якіх
яшчэ не паспелі пацямнець светлазялёныя лісты.
Увогуле вуліца была чыстай, спакойнай
і вясёлай. На другім яе канцы відаць нават быў часткова гарызонт і купа дрэў;
але гэты вясковы пейзаж, які не стасаваўся з Варшавай, засланяўся цяпер
рыштаваннямі і сцяной з цэглы.
Ідучы па праваму ходніку, Вакульскі заўважыў
злева, больш-менш у палове вуліцы, дом нязвыкла жоўтага колеру. У Варшаве
вельмі шмат жоўтых дамоў; напэўна гэта самы жоўты горад пад сонцам. Гэта аднак
камяніца здавалася, жаўцейшая за іншыя і на выставе жоўтых прадметаў (якой
напэўна мы калі-небудзь прычакаем) атрымаў бы першую ўзнагароду.
Падышоўшы бліжэй Вакульскі пераканаўся, што
не толькі ён звярнуў увагу на незвычайную камяніцу, нават сабакі, часцей тут,
чым на якім-небудзь іншым муры, пакідалі свае візітовыя білеты.
“Да ліха! – шапнуў ён, - здаецца мне, што
гэта менавіта той дом…
Сапраўды, гэта была камяніца Ленцкіх.
Ён пачаў прыглядацца. Дом быў чатырохпавярховы;
у яго была пара жалезных балконаў і кожны паверх пабудаваны ў іншым стылі.
Затое ў архітэктуры брамы панаваў толькі адзін матыў, а менавіта: веер. Верхняя
частка варот мела форму раскладзенага веера, якім магла б абмахвацца дапатопная веліканка. На абодвух
створках брамы былі выразаныя вялікія
прамавугольнікі, якія на вяршынях таксама былі аздобленыя да паловы адкрытымі
веерамі. Самым тонкім аднак упрыгажэннем брамы былі размешчаныя пасярэдзіне яе створак
дзве разьбы, якія ўяўлялі сабой шапкі цвікоў, але такіх вялікіх, што,
здавалася, імі была прымацавана брама да камяніцы, а камяніца да Варшавы.
Сапраўднай асаблівасцю была падваротня, у якой
быў вельмі дрэнны насціл, але затое вельмі прыгожыя пейзажы на сценах. Было там
столькі пагоркаў, лясоў, скал і патокаў, што жыхары дому смела маглі не
выязджаць у летняе жытло.
Падворак, абкружаны з усіх бакоў чатырохпавярховымі
флігелямі, выглядаў як дно шырачэзнай студні, напоўненай пахучым паветрам. У
кожным куце былі дзверы, а ў адным аж двое дзвярэй; пад вакном жытла вартаўніка
знаходзіўся сметнік і вадаправод.
Вакульскі мімаходам паглядзеў у клетку
галоўных сходаў, да якіх вялі шкляныя дзверы. Сходы, здавалася, былі моцна
бруднымі; затое побач знаходзілася ніша, а ў ёй – німфа са жбанам над галавой
і адколатым носам. Паколькі жбан меў афарбоўку малінавую, твар німфы - жоўтую, грудзі – зялёныя, а ногі –
блакітныя, можна было здагадацца, што німфа стаіць насупраць акна з вітражным
шклом.
“ну, так!...” – буркнуў Вакульскі тонам, які
не ўтрымліваў вельмі вялікага захаплення.
У гэту хвіліну з правага флігеля выйшла
прыгожая жанчына з малой дзяўчынкай:
- Цяпер, мама, мы пойдзем у сад? – пыталася
дзіця.
- Не, любая. Зараз мы пойдзем у склеп, а ў
сад пасля абеду, - адказала пані вельмі прыемным голасам.
Гэта была высокая шатэнка з шэрымі вачамі, з класічнымі рысамі твару. Зірнулі адзін на аднаго яна і Вакульскі і – дама зачырванелася.
“Адкуль я яе ведаю?” – падумаў Вакульскі,
выходзячы з брамы на вуліцу.
Дама агледзелася, але заўважыўшы яго,
адвярнула галаву.
“Так, - думаў ён, - я бачыў яе ў красавіку на
свяце ў касцёле, а пазней у сваім склепе. Нават Жэцкі звяртаў маю на яе
ўвагу і казаў, што ў яе прыгожыя ногі. Сапраўды, прыгожыя.”
Адышоў зноў да брамы і пачаў чытаць спіс
жыхароў.
“Што?... Баранэса Кшэшоўска на трэцім
паверсе!... Што? …што?... Марушэвіч у левым флігелі на другім?... Незвычайны
збег акалічнасцяў. Чацвёрты паверх фасаду – студэнты… Але хто можа быць гэта
прыгажуня? Правы флігель, другі паверх
Ядвіга Місевіч, пенсіянерка, і Хелена Стаўска з дачушкай. Напэўна яна.”
Ён увайшоў на падворак і аглядаўся. Амаль усе
вокны былі адчынены. У тыльным флігелі на доле была пральня, называная
парыжскай; на чацвёртым паверсе быў чутны гук шавецкага малатка, ніжэй на карнізе
варкаталі пара галубоў, а на трэцім паверсе гэтага самага флігеля на працягу
ўжо некалькіх хвілін чуліся мерныя гукі фартэпіяна і пранізлівае сапрана, што
спявала гаму.
-
A!... a!... a!... a!... a!... a!...
a!... a!... a!... a!... a!...
Высока над сабой, на чацвёртым паверсе,
Вакульскі пачуў моцны мужчынскі бас, які гаварыў:
-
О! Яна зноў ужыла “кусін”… Ужо з яе
вылазіць саліцёр… Марыся!... ну ідзі да нас…
Адначасова з вакна на трэцім паверсе
выхілілася галава жанчыны, якая крычала:
-
Марыся!... вяртайся мне зараз жа
дадому… Марыся!...
“Слова даю, што гэта пані Кшэшоўска”,
- шапнуў Вакульскі.
У гэту хвіліну ён пачуў характэрны
шум: з чацвёртага паверху вылілася струменем вада, трапіла на выхіленую галаву
пані Кшэшоўскай і распырскалася па падворку.
- Марыся!... ідзі да нас… - крычаў
бас.
- Нікчэмнікі!... – адказала пані
Кшэшоўска, узнімаючы твар да гары.
Новы струмень вады лінуў з чацвёртага
паверха і спыніў яе мову. Разам з тым выхіліўся адтуль малады чалавек з чорнай
барадой і ўбачыўшы твар пані Кшэшоўскай, якая хавалася, закрычаў прыгожым
басам:
-
Ах, гэта пані дабрадзейка!... Вельмі
перапрашаю…
Адказаў яму з пакоя пані Кшэшоўскай
спазматычны плач жанчыны:
-
О, я няшчасная!... Прысягну, што гэта
ён, нікчэмнік, навёў на мяне гэтых бандытаў… Няхай будзе ўдзячны мне, што
выдабыла яго з беднасці!... Што купіла яго каня!...
Тымчасам на доле прачкі мылі бялізну,
на чацвёртым паверсе шавец каваў, а на трэцім у тыльным флігелі гучала
фартэпіяна і чулася пранізлівая гама:
-
A!... a!... a!... a!... a!... a!...
a!... a!... a!... a!... a!...
-
Вясёленькі дом, няма чаго… - прашаптаў
Вакульскі, абтрасаючы кроплі вады, якія патрапілі яму на рукаў.
Ён выйшаў з падворка на вуліцу і яшчэ
раз агледзеўшы нерухомасць, якой павінен быў стаць гаспадаром, павярнуў на Алею
Іерусалімскую. Тут ён узяў экіпаж і паехаў да адваката.
У пярэднім пакоі адваката ён застаў
пару абадраных яўрэяў і старую жанчыну ў хустцы на галаве. Праз адчыненыя
дзверы налева відаць былі шафы, запоўненыя актамі, тры справаводы, якія хутка
пісалі і некалькі гасцей з мяшчан, з якіх у аднаго быў злачынны выраз твару,
а ў астатніх – вельмі сумныя. Стары лёкай з сівымі вусамі і падазроным
позіркам зняў з Вакульскага паліто і запытаў:
- Вяльможны пан па доўгай справе?
- На нядоўгую.
Ён правёў Вакульскага ў залу направа.
-
Як пра вас паведаміць?
-
Вакульскі падаў картку і застаўся
адзін. У зале была мэбля, абабітая малінавым утрэхтам як у вагонах першага
класу – некалькі аздобных шаф з кнігамі ў прыгожых пераплётах, якія так
выглядалі, нібы іх ніколі не чыталі – на стале пара ілюстрацый і альбомаў,
якія, здаецца, глядзелі ўсе. У адным куце залы стаяла гіпсавая статуя багіні
Феміды з вялізнымі вагамі і бруднымі каленамі.
-
Пан мецэнат просіць!... – сказаў слуга
праз адхіленыя дзверы.
Кабінет знакамітага адваката быў з
мэбляй, пакрытай карычневай скурай, на вокнах карычневага колеру фіранкі, а на насценным
шпалерах карычневыя ўзоры. Сам гаспадар быў апрануты ў карычневы сурдут і
трымаў у руцэ вельмі доўгі цыбук, які зверху заканчваўся бурштынам з фунт вагой
і муштуком.
-
Я быў упэўнены, што сёння прывітаю
шаноўнага пана ў сябе, - прамовіў адвакат, падсоўваючы Вакульскаму крэсла на
колцах і папраўляючы нагой дыван, які крыху збіўся. – Адным словам, - працягваў
адвакат, - мы можам разлічваць на нейкія трыста тысяч рублёў удзелу ў нашым таварыстве. А што да натарыуса
пойдзем як найхутчэй і наяўнасць атрымаем усю да гроша, у тым можаце , пане,
разлічваць на мяне…
Усё гэта ён гаварыў, вылучаючы важнейшыя
словы, паціскаў Вакульскаму руку і паглядаў з прышчурам.
-
А так… таварыства!... – паўтарыў Вакульскі, сеўшы на крэсле. – Гэта справа гэтых
паноў, колькі збяруць наяўнасці.
-
Ну, заўсёды капітал… - заўважыў адвакат.
-
У мяне ён есць без таварыства.
-
Доказ даверу…
-
Хапае мне ўласнага.
Адвакат замоўк і спяшаючыся стаў смактаць дым
з пёрка.
-
У мяне просьба да мецэната, - сказаў праз хвіліну Вакульскі.
Адвакат скіраваў позірк углыб яго, прагнучы
адгадаць: што гэта за просьба? Ад прыроды яе бо залежаў спосаб слухання.
Відавочна аднак не адкрыў нічога
пагрозлівага, бо яго твар прыняў выгляд сур’ёзнай, але сардэчнай
зычлівасці.
-
Я хачу купіць камяніцу, - працягваў Вакульскі.
-
Ужо?... – спытаў мецэнат, узнімаючы бровы і схіляючы галаву. – Віншую,
вельмі віншую…Гандлёвы дом нездарма называецца домам… Камяніца для купца, як
стрэмя для вершніка; больш пэўна трымаюцца справы. Гандаль, які не абапіраецца
на такую рэальную падставу, якой з’яўляецца дом, гэта толькі дробны гандаль.
Пра якую ж камяніцу ідзе гаворка, калі шаноўны пане аказвае мне гонар сваім
даверам?
-
Павінен быць прададзены з аўкцыёну дом пана Ленцкага…
-
Ведаю, - перапыніў адвакат. – Сцены
у цэлым добрыя, рэчы драўляныя належала б паступова замяніць, у рэзерве
сад… Купляе баранэса Кшэшоўска да шасцідзесяці тысяч рублёў, канкурэнтаў
напэўна не будзе, купім больш за шэсцьдзесят тысяч рублёў.
-
Хоць бы за дзевяноста тысяч, а нават і больш, - дадаў Вакульскі.
-
Навошта?... – скочыў на крэсле адвакат. – Баранэса за шэсцьдзесят тысяч не
выйдзе, дамоў ніхто тут не купляе… У цэлым добрая справа…
-
Для мяне будзе добрай нават за дзевяноста тысяч.
-
Але лепш за шэсцьдзесят пяць тысяч…
-
Я не хачу абдзіраць майго будучага калегу.
-
Калегу?... – усклікнуў адвакат. – Але шаноўны пан Ленцкі з’яўляецца поўным
бакрутам; па просту вы б яго паўкрыдзілі, дадаючы яму нейкіх некалькі тысяч
рублёў. Я ведаю погляд яго сястры, графіні, на гэту справу… У хвіліну, калі пан
Ленцкі застанецца без граша ў кішэні, яго чароўная дачка, якую мы ўсе любім,
выйдзе за барона ці маршалка…
Вочы Вакульскага так дзіка бліснулі, што
адвакат замоўк. Ён прыглядаўся, раздумваў… Раптам ударыў рукой па ілбе.
-
Шаноўны пан, - прамовіў ён – вы вырашылі даць дзевяноста тысяч рублёў за
гэтыя руіны?...
-
Так, - адказаў ціха Вакульскі.
-
Шэсцьдзесят ад дзевяноста… пасаг панны Ізабэлы… - буркнуў адвакат. - Ага!...
Фізіяномія і ўся пастава яго змянілася да
непазнавання. Ён рацягнуў з вялікага бурштыну велізарны клуб дыму, разваліўся
на крэсле і трасучы рукой у бок
Вакульскага, сказаў:
-
Разбярэмся, пане Вакульскі. Прызнаюся вам, што яшчэ пяць хвілін раней
падазраваў цябе, сам не ведаю ў чым, бо справы твае чыстыя. Але ў гэту хвіліну,
верце мне, маеце ўва мне чалавека зычлівага і… саюзніка…
-
Цяпер я вас не разумею, - прашаптаў, апускаючы позірк, Вакульскі.
У адваката на шчоках выступіў ружанчык колеру цэглы. Зазваніў і ўвайшоў
слуга.
-
Не пускаць сюды нікога, пакуль я не паклічу, - прамовіў ён.
-
Слухаю вас, пан мецэнат, - адказаў маркотны лёкай.
Зноў засталіся ўдвох.
-
Пане… Станіславе, - пачаў адвакат. – Вы ведаеце, што такое наша
арыстакратыя і яе прыбыткі?... Гэта пара тысяч людзей, якія высмоктваюць увесь
край, топяць грошы за мяжой, прывозяць адтуль самыя горшыя падаткі, заражаюць імі
сярэднія класы, нібы гэта здароўе, і – самі гінуць без ратунку: эканамічна,
фізіялагічна і маральна. Калі б змусіць іх да працы, калі б скрыжаваць з іншымі
класамі, можа… была б з гэтага якая выгада, бо сапраўды гэта арганізацыі больш вытанчаныя,
чым нашы. Разумееце… перакрыжаваць, але не выкідваць на падтрыманне іх трыццаць
рублёў. Дык вось у перакрыжаванні я вам дапамагаю, але ў стварэнні трыццаці тысяч
рублёў – не!...
-
Зусім не разумею вас, - адказаў ціха Вакульскі.
-
Разумееце, толькі не давяраеце мне. Гэта вялікая цнота – недавер, лячыць ад
яе вас я не буду. Толькі скажу вам: Ленцкі – банкрут можа стаць… сваяком нават
купца, а тым больш купца-шляхціца. Але Ленцкі з трыццаццю тысячамі ў кішэні!...
-
Пане мецэнат, - перапыніў Вакульскі, - ці захоча пан ад майго імя ўзяць
удзел у аўкцыёне наконт гэтага дома?
-
Так, і нават больш таго, у адносінах да пані Кшэшоўскай, паступлюся больш за пару тысяч. Выбачайце пан, пане Вакульскі, але сам з сабой таргавацца я не
буду.
-
А калі знойдзецца трэці пакупнік?
-
Ха! У такім выпадку і яго апярэджу, каб дагадзіць вашаму капрызу.
Вакульскі узняўся.
-
Дзякуй вам, - прамовіў ён, - за пару шчырых слоў. Маеце рацыю, але і я
таксама маю рацыю… Грошы прынясу вам заўтра; цяпер да пабачэння.
-
Шкада мне вас, - адказаў адвакат, паціскаючы яму руку.
-
Чаму ж гэта?
-
Таму, пане, хто хоча здабыць, павінен перамагчы, задушыць праціўніка, а не
карміць яго з уласнага свірана.Вы робіце памылку, якая вас хутчэй аддаліць, чым
наблізіць да мэты.
-
Памыляецеся.
-
Рамантык!... рамантык!... – паўтараў адвакат з усмешкай.
-
Вакульскі выбег з дому адваката і сеў ў экіпаж ды загадаў везці яго ў бок
вуліцы Электаральнай. Ён быў раззлаваны тым, што адвакат адкрыў яго таямніцу, і
тым, што крытыкаваў яго метад дзеяння. Натуральна, што хто хоча здабыць,
павінен задушыць праціўніка; але ж тут здабычай павінна быць панна Ізабэла!...
Ён выйшаў перад непрыкметным магазінчыкам,
над якім вісела чорная шыльда з жоўтым надпісам: “Пункт векселяў і латэрэі С.
Шлангбаума”.
Магазін быў адчынены; за прылаўкам, абабітым
бляхай і ад грамадскасці аддзеленым драцяной сеткай, сядзеў стары яўрэй з лысай
галавой і сівай барадой, нібыта прылепленай да “Кур’ера”.
-
Дзень добры, пане Шлангбаум! – прывітаўся Вакульскі.
-
Яўрэй узняў галаву і з ілба насунуў акуляры на нос.
-
Ах, гэта пане дабрадзею? – адказаў ён паціскаючы яму руку. – Што ж гэта, ці
ўжо і вам патрэбны грошы?...
-
Не, - адказаў Вакульскі, сядаючы на плеценае крэсла перад прылаўкам. А
паколькі сорам мне было адразу растлумачыць, для чаго прыйшоў, то спытаў:
-
Што чуваць, пане Шлангбаум?
-
Дрэнна ўсё! – адказаў стары. – На яўрэяў пачынаецца пераслед. Можа гэта
і добра. Як нас будуць біць і абплёўваць і мучыць, тады можа апамятаюцца і тыя
маладыя яўрэі, што як мой Генрык паапраналіся ў сурдуты і не захоўваюць
сваю рэлігію.
-
Хто вас пераследуе! – запярэчыў Вакульскі.
-
Вы хочаце доказаў?... – спытаў яўрэй. – Вось вам доказ у гэтым “Кур’еры”. Я
некалі паслаў да іх шараду. Вы адгадваеце шарады?... Я паслаў такую:
Першае і другое – гэта жывёла капытная,
Першае і трэцяе – аздабляе дамскія галовы,
Усё разам на вайне страшна гоняцца,
Няхай нас Пан Бог ад гэтага бароніць.
Вы ведаеце, што
гэта?... Першае і другое – гэта: “koza”; першае і трэцяе – гэта koki, а ўсё разам
будзе “Kozaki”. А ведаеце пане, што мне
адпісалі?... зараз… Ён узняў “кур’ер” і чытаў:
-
“Адказ ад рэдакцыі. Пану В.В. Энцыклапедыя вялікая Оргэльбранда…” не тое…
“Пану Матыльку. Фрак кладзецца… Не тое… А, вось!... “Пану С. Шлангбауму: Ваша
шарада палітычная, а не граматычная.” – Ну, скажыце, што тут ад палітыкі? Калі б я
напісаў шараду пра Дізраэля ці пра Бісмарка, то была б палітыка, але пра
казакоў- гэта ж не палітыка, толькі ваеншчына.
-
Але дзе ж у гэтым праследаванне яўрэяў? – спытаў Вакульскі.
-
Зараз скажу. Вы самі павінны бараніць ад пераследніка майго Генрыка; я гэта
ўсё ведаю, хоць не ён мне гаварыў. А цяпер пра шараду. Як я паўгода таму аднёс
маю шараду да Шыманоўскага, то ён мне сказаў: “Пане Шлангбаум, мы гэтыя шарады
друкаваць не будзем, але я вам раю, што лепш бы вы пісалі шарады, чым бралі
працэнты.” А я кажу: “Пане рэдактар, як мне пан дасць столькі за шарады, колькі
я маю з працэнтаў, то я буду пісаць.” А пан Шыманоўскі на гэта: “Мы, пане
Шлангбаум, не маем такіх грошай, каб за вашы шарады плаціць.” Гэта сказаў сам
пан Шыманоўскі, ці чуе пан? Ну, а яны мне сёння пішуць у “Кур’еры”, што гэта
непалітычна і неграматычна!... Яшчэ паўгода таму гаварылі інакш. А што цяпер
друкуюць ў газетах на яўрэяў!...
-
Вакульскі слухаў гісторыі аб пераследаванні яўрэяў, пазіраючы на сцяну, дзе
вісеў табель латэрэйны, і барабанячы пальцамі па прылаўку. Але думаў пра штосьці
іншае і вагаўся.
-
Значыць увесь час займаецеся шарадамі, пане Шлангбаум? – спытаў ён.
-
Што там я!... – адказаў стары яўрэй. – Але ў мяне, пане, ёсць ад Генрыка
ўнучак, якому толькі дзевяць гадоў, і паслухайце пане, які ён да мяне тым
тыднем напісаў ліст. “Мой дзядуля, - пісаў ён, - мне патрэбны такія шарады:
Першае значыць дол, другое – пярэчанне
Усё разам – картовае адзенне.
А як дзядуля, ён пісаў, Міхась, - адгадае, то
няхай мне прышле шэсць рублёў на гэты картовы інтарэс. “Я расплакаўся, пане
Вакульскі, як прачытаў. Бо гэта першае, дол, гэта значы: спод, а пярэчанне гэта
“не”, - а ўсё разам гэта сподне. Я наплакаўся, пане Вакульскі, што такое
разумнае дзіця з-за ўпартасці Генрыка ходзіць без штаноў. Але я яму адпісаў:
“мой каханенькі. Я вельмі рады, што ты ад дзядулі навучыўся складаць шарады.
Але каб ты яшчэ навучыўся ашчаднасці, то я табе на картовае адзенне пасылаю
толькі чатыры рублі. А як ты будзеш добра вучыцца, то я табе пасля вакацый складу
такую шараду:
Першае значыць па-нямецку вусны, другое –
гадзіна
Усё купляюць дзіцяці – як пачынае хадзіць у
гімназію.
Гэта значыць: “мундур” вы адразу здагадаліся,
пане Вакульскі?
-
Значыць і ўся ваша сям’я займаецца шарадамі? – заўважыў Вакульскі.
-
Не толькі мая, - адказаў Шлангбаум. – У нас, пане, у яўрэяў, як збяруцца
маладыя, то яны не займаюцца, як у вас, танцамі, кампліментамі, адзеннем,
глупствамі, але яны ці робяць рахункі, ці глядзяць вучоныя кніжкі, адзін перад
другім здае экзамен ці разгадваюць шарады, рэбусы, шахматныя задачы. У нас
увесь час заняты розум і таму ў яўрэяў ён ёсць, і таму, няхай пан не абражаецца,
яны ўвесь свет заваююць. У вас жа ўсё робіцца з дапамогай гэтай сардэчнай
гарачкі і вайны, а ў нас толькі з розумам і цярплівасцю.
Апошнія словы ўдарылі Вакульскага. Бо ён
таксама здабываў панну Ізабэлу розумам і цярплівасцю… Нейкая надзея пасялілася ў яго сэрцы, ён перастаў
вагацца і раптам сказаў:
-
У мяне да вас просьба, пане Шлангбаум…
-
Вашы просьбы для мяне значаць столькі ж як загад, пане Вакульскі.
-
Я хачу купіць дом Ленцкага…
-
Я ведаю яго. Ён пойдзе за шэсцьдзесят з нечым тысяч.
-
Я хачу, каб пайшоў за дзевяноста тысяч, і патрабую кагосьці, хто б
датаргаваўся б да гэтай сумы.
Яўрэй шырока раскрыў вочы.
-
Як гэта?... Вы хочаце заплаціць даражэй на трыццаць тысяч рублёў?... –
спытаў ён.
-
Так.
-
Я перапрашаю, але не разумею. Бо каб ваш дом прадавалі, а Ленцкі хацеў яго
купіць, то тады у вас быў бы інтарэс паднімаць цану. Але калі вы купляеце то у
вас інтарэс знізіць кошт…
-
У мяне інтарэс заплаціць даражэй.
Стары патрос галавой і азваўся праз хвіліну:
-
Калі б я вас не ведаў, то думаў бы, што вы робіце дрэнную справу; але я вас
ведаю, таму думаю сам сабе, што вы робіце… дзіўны інтарэс. Не толькі закопваеце
ў муры наяўнасць і страчваеце на тым працэнтаў дзесяць штогод, але яшчэ хочаце,
пане, заплаціць на трыццаць тысяч рублёў
больш…: Пане Вакульскі – дадаў ён беручы яго за руку, не зрабіце, пане,
такое глупства. Я вас прашу… Стары Шлангбаум вас просіць…
-
Паверце мне, пане, што будзе на гэтым для мяне добрая выгада…
-
Яўрэй раптам паднёс палец да лба. Бліснулі ў яго вочы і зубы белыя, як
перліны.
-
Ха! Ха!... – засмяяўся ён. – Ну, які я ўжо стары, што адразу да гэтага не
здагадаўся. Вы пану Ленцкаму дасцё трыццаць тысяч рублёў… а ён вам аблегчыць
справу можа на сто тысяч рублёў!... Гіт! (добра, яўр.)… Я пану дам купца, які
за пятнаццаць рублікаў падніме цану дому. Вельмі паважаны пан, католік, толькі
яму нельга даваць наперад… Я вам дам яшчэ такую салідную даму, што таксама
за дзесяць рублёў будзе паднімаць цану… Я магу даць яшчэ з пару яўрэяў, па
пяць рублікаў… Будзе такі аўкцыён, што вы можаце заплаціць за гэты дом хоць бы
і сто пяцьдзесят тысяч і ніхто не здагадаецца, у чым справа…
Вакульскаму было крыху прыкра.
-
У любым выпадку справа застаецца паміж намі, - прамовіў ён.
-
Пане Вакульскі, - адказаў яўрэй урачыста, - я думаю, што вам не патрэбна
было гэта гаварыць. Ваш сакрэт гэта мой сакрэт. Вы заступіліся за майго
Генрычка, вы не пераследуеце яўрэяў…
Яны развіталіся і Вакульскі вярнуўся ў сваё
жытло. Там ён застаў ужо Марушэвіча, з якім паехаў у манеж паглядзець купленага
каня.
Яна складалася з двух злучаных паміж сабой
будынкаў, якія стваралі паміж сабой цэласнасць у форме эпалету. У акруглай
частцы змяшчаўся манеж, у прамавугольнай – стайні.
У хвіліну, калі Вакульскі з Марушэвічам
ўвайшлі туды, адбываўся урок коннай язды. Чатыры мужчыны і адна дама ездзілі,
конь за канём, уздоўж сцен манежу; на сярэдзіне стаяў дырэктар прадпрыемства, мужчына з выразам
твару вайскоўца, у сіняй куртцы, белых абціслых споднях і высокіх ботах са
шпорамі. Быў гэта пан Мілер; камандаваў наезнікамі, дапамагаючы сабе ў гэтым
доўгім бізуном, якім час ад часу падганяў дрэнна манеўруючага каня, пры чым
крывіўся наезнік. Вакульскі заўважыў спехам, што адзін з мужчын, які ездзіў без
стрэмяў, трымаючыся правай рукой за спіной, мае выраз твару свавольніка, што
другі з іх прагне заняць на кані становішча дзесьці на сярэдзіне паміж шыяй і
задам, а чацвёрты выглядае так, нібы кожную хвіліну намагаўся саскочыць з каня
і ўжо да канца жыцця не займацца кавалерыйскімі
Практыкаваннямі. Толькі дама ў амазонцы
ездзіла смела і ўдала, што Вакульскага прывяла да думкі, што на свеце няма для
жанчын пазіцыі ані нязручнай, ані небяспечнай.
Марушэвіч пазнаёміў свайго таварыша з
дырэктарам.
-
Як раз чакаў вас і таму да вашых паслуг. Пане Шульц!
Забег пан Шульц, малады бландын, апрануты
таксама ў сінюю куртку, але яшчэ больш высокія боты і больш абціслыя сподні. З
вайсковым паклонам узяў у рукі сімвал дырэктарскай улады і перш чым Вакульскі
пакінуў манеж, пераканаўся, што Шульц нягледзячы на малады ўзрост энергічней
валодае бізуном чым сам дырэктар. Другі пан аж зашыпеў, а чацвёрты пачаў
фармальную спрэчку.
-
Пан, - прамовіў дырэктар Вакульскаму, - я прымаю кабылу барона з усялякімі
прыналежнасцямі: сёдламі, апонамі і так далей?...
-
Натуральна.
-
У такім выпадку я павінен ўзяць у вас шэсцьдзесят рублёў за стайню, якую
пан Кшэшоўскі не аплаціў.
-
Нічога не зробіш!
Увайшлі ў стаенку, шырокую як пакой, нават
аздобленую дыванамі, дарэчы не надта дарагімі. Жолаб быў новы і поўны, драбіна
таксама, на падлозе ляжала свежая салома. Нягледзячы на гэта, хуткае вока
дырэктара заўважыла якуюсьці нестасоўнасць, бо ён крыкнуў:
-
Што ж тут за парадак, пане Ксаверый, сто чарцей!... Ці ў вашай спальні
захоўваюцца такія рэчы?
Другі памочнік дырэктара паказаўся толькі на хвіліну. Паглядзеў, знік і з
калідора закрычаў:
-
Войцэх!... сто тысяч чарцей… Зараз жа зрабі парадак, бо гэта ўсё загадаю
пакласці табе на стол…
-
Сцяпан! Халера… - азваўся трэці голас за перагародкай. – Як мне гэта
яшчэ раз , сабачае семя, так стайню пакінеш, то я табе загадаю збіраць усё
зубамі…
Адначасова
пачулася некалькі тупых удараў, нібы хтосьці схапіў некага іншага за галаву і выцінаў ёй аб сцяну. Неўзабаве праз вакно стайні ўбачыў Вакульскі юнака з
металічнымі гузікамі на куртцы, які выбег на падворак па мятлу і адшукаўшы яе, мімаходам
зваліў у лоб яўрэя, які вытарашчыў вочы. Як прыродазнаўца, дзівіўся
Вакульскі гэтай новай форме закона захавання энергіі, дзе гнеў дырэктара такім
незвычайным спосабам перайшоў аж да істоты, якая знаходзілася за межамі манежа.
Тымчасам дырэктар
загадаў вывесці кабылу на калідор. Гэта была прыгожая жывёла на тонкіх ножках,
з малой галоўкай і вачыма, з якіх праглядаў досціп і кранальнасць. Кабыла ў
праходзе павярнулася да Вакульскага, нюхаючы яго і храпучы, нібыта пазнала ў ім
гаспадара.
-
Ужо пазнала вас, - прамовіў дырэктар. – Дайце ёй цукру… Прыгожы
конь!...
-
Гэтак кажучы, ён дастаў з кішэні
кавалак бруднай субстанцыі, якая крыху папахвала тытунём. Вакульскі падаў гэта
кабыле, якая не раздумваючы з’ела.
-
Я даю пяцьдзесят рублёў, што выйграе! –
закрычаў дырэктар. – Трымаеце?
-
Так, - адказаў Вакульскі.
-
Выйграе абавязкова. Я дам дасканалага
жакея, а той ужо абыйдзецца з ім па маёй інструкцыію Але калі б застаўся ў
барона Кшэшоўскага, то няхай мяне пярун ударыць, прывалаклася б трэцяй да мэты.
Зрэшты нават не трымаў бы яго на стайні…
-
Дырэктар яшчэ не можа супакоіцца, -
заўважыў з салодкай усмешкай Марушэвіч.
-
Супакоіцца!... – крыкнуў дырэктар,
чырванеючы ад гневу. – Ну, няхай пан Вакульскі рассудзіць, ці магу надалей
утрымліваць стасункі з чалавекам, які гаварыў, што я прадаў у Любельску каня, які
меў колер!... Такія рэчы, - крычаў ён, усё мацней узнімаючы голас, - не
забываюць, пане Марушэвіч. І калі б граф не залагодзіў афёру, пан Кшэшоўскі меў
бы сёння кулю ў бядры… Я прадаў каня, які меў колер!... Каб я павінен быў
заплаціць ад сябе сто рублёў, кабыла выйграе… Нават калі б пала пасля скачак…
Пераканаецца пан барон… Конь меў колер!... Ха!Ха!Ха!... – выбухнуў дэманічным
смехам дырэктар.
Пасля аглядання кабылы паны падаліся ў
канцылярыю, дзе Вакульскі урэгуляваў належныя рахункі, прысягаючы сабе не
гаварыць ні пра якага каня, што мае колер. На развітанне азваўся:
-
Ці не мог бы, пане дырэктар, увесці
гэтую кабылу на скачкі безіменна?
-
Зробім.
-
Але…
-
О! Будзьце спакойным, - адказаў
дырэктар, паціскаючы яму руку. – Для джэнтльмена ўменне захоўваць чужыя
таямніцы – найпершая цнота. Я спадзяюся, што і пан Марушэвіч…
-
О!... – пацвердзіў Марушэвіч, трасучы
галавой і рукой такім чынам, што пра таямніцу, што пахавана ў яго душы можна
было не сумнявацца.
Вяртаючыся да манежу Вакульскі зноў
пачуў шчоўканне бізуна, пасля чаго чацвёрты пан зноў распачаў спрэчку з
намеснікам дырэктара.
-
Гэта недалікатнасць, мой пане!- крычаў
чацвёрты. – Адзенне ў мяне палопаецца…
-
Вытрымае, - адказаў флегматычна пан
Шульц, шчоўкаючы бізуном у кірунку другога пана.
Вакульскі пакінуў манеж.
Калі, развітаўшыся з Марушэвічам,
сядаў у экіпаж, прыйшла яму незвычайная думка:
“Калі гэтая кабыла выйграе, то панна
Ізабэла пакахае мяне…”
І раптам вярнуўся; яшчэ хвіліну таму
абыякавая яму жывёла стала сімпатычнай і цікавай.
Уваходзячы паўторна у стаенку, пачуў
зноў характэрны гук ад чалавечай галавы, якую б’юць аб сцяну. Сапраўды з
суседняй стаенкі выбег моцна зачырванелы хлопец стаенны, Сцяпан, з валасамі,
укладзенымі ў такі віхор, як бы толькі што дасталі з іх руку, а адразу за ім
паказаўся і фурман, Войцэх, які абціраў аб куртку крыху затлушчаныя пальцы.
Вакульскі даў старшаму тры рублі, малодшаму – рубель і абяцаў ім на будучае узнагароджанне,
толькі каб кабылка не была пакрыўджана.
- Я буду даглядаць яе лепш, чым
уласную жонку, - адказаў Войцэх з нізкім паклонам. – Але і стары яе не
пакрыўдзіць, так… На скачкі, пане, пойдзе кабылка, як шкло…
Вакульскі увайшоў у стаенку і з чвэрць
гадзіны прыглядаўся да кабылы. Непакоілі яго яе далікатныя ножкі і сам дрыжаў
ад выгляду дрыжыкаў, якія прабягалі па яе аксамітнай скуры, бо думаў, што можа
захварэць. Потым абняў яе за шыю, а калі яна абаперлася на яго плячо галавой,
цалаваў яе і шаптаў:
- Калі б ты ведала, што ад цябе
залежыць!... калі б ты ведала…
Ад таго часу па пары разоў на дзень
ездзіў у манеж, карміў кабылу цукрам і песціў яе. Адчуваў, што ў яго рэальным
розуме пачынае пасяляцца нібыта нейкая прымха. Ён лічыў гэта добрым знакам,
калі кабылка вітала яго весела, але калі была сумная, непакой закрадваўся ў яго
сэрца. Бо ўжо едучы у манеж, сказаў сабе: “Калі застану яе вясёлай, то панна
Ізабэла мяне пакахае”.
Некалі прачыналася ў ім свядомасць;
тады апаноўваў яго гнеў і пагарда да самога сябе.
“Што ж гэта, - думаў ён, - ці маё
жыццё павінна залежаць ад капрызу адной жанчыны?... Што я не знайду сто
іншых?... Ці ж пані Мелітон не абяцала, што мяне пазнаёміць з трыма, з чатырма
не менш прыгожымі?... Аднойчы, да ліха, я павінен прачнуцца!...”
Але замест таго каб ацвярозіцца, ён
усё глыбей паглыбляўся ў шаленства. Яму здавалася ў хвіліны свядомасці, што на
зямлі яшчэ хіба існуюць чараўнікі і што адзін з іх рушыў на яго праклён.Тады ён
гаварыў з трывогай:
-
Я ўжо не той самы… Я раблюся нейкім
іншым чалавекам… Мне здаецца, што хтосьці мне замяніў душу!...”
-
Хвілінамі зноў перамагаў у ім голас
прыродазнаўцы і псіхолага:
-
“Вось, - шаптаў голас дзесьці ў
глыбіні розуму, - вось як карае прырода за вынішчэнне яе правоў. У маладосці ты
смяяўся з сэрца, кпіў з кахання, прадаўся мужам старой жанчыне, і цяпер
маеш!... На працягу доўгіх гадоў зберажоны капітал пачуццяў вяртаецца табе
сёння з працэнтам…”
“Добра гэта, - думаў ён, - але ў такім
выпадку я павінен стаць распуснікам; чаму ж я думаю пра яе адну?”
“Ліха ведае, - адказваў апанент. –
Можа якраз гэта жанчына найлепш падыходзіць табе. Можа сапраўды, як гаворыць легенда,
вашы душы былі некалі, шмат стагоддзяў таму, адным цэлым…”
“Значыць і яна
павінна была б мяне кахаць… - гаварыў Вакульскі. А потым дадаваў: - Калі кабыла
выйграе на скачках, гэта будзе знакам. Што мяне панна Ізабэла пакахае… Ах!
Стары дурань, вар’ят, да чаго ты даходзіш?...”
На пару дзён
перад скачкамі нанёс дадому яму візіт граф англічанін, з якім пазнаёміўся
падчас сесіі у князя.
Пасля звыклага
прывітання граф сеў зручна на крэсле і прамовіў:
-
З візітам і са справай – так-с! … Ці можна?...
-
Рады служыць графу.
-
Барон Кшэшоўскі, - працягваў граф, - кабылу якога набылі вы, зрэшты вельмі
правільна – так-с – асмельваецца вельмі паважліва прасіць вас саступіць яму яе.
Цана не іграе ролі… Барон парабіў вялікія заклады… Я прапаную тысячу дзвесце
рублёў…
Вакульскага кінула ў холад; калі б ён прадаў
кабылу, панна Ізабэла магла б ім пагарджаць.
-
А калі і ў мяне віды на гэту кабылку, пане граф? – адказаў ён.
-
У такім выпадку у вас слушнае першынство, так-с , - працадзіў граф.
-
Пытанне такім чынам вырашана, - прамовіў Вакульскі з паклонам.
-
Ці так?...Вельмі шкада мне барона, але вашы правы лепшыя.
-
Ён устаў з крэсла як аўтамат на спружынах, і развітаўшыся, дадаў:
-
Калі ж да рэента, дарагі пане, з нашым таварыствам?... Падумаўшы я
далучаюся з пяццюдзесяццю тысячамі рублёў… Так-с.
-
Гэта ўжо залежыць ад паноў.
-
Я вельмі б жадаў бачыць гэты край квітнеючым і таму, пане Вакульскі, вы
карыстаецеся усёй маёй сімпатыяй і шацункам, так-с, без увагі на клопат, які вы
робіце барону. Так-с, я быў упэўнены, што вы яму саступіце каня…
-
Не магу.
-
Я разумею вас, - закончыў граф. – Шляхціц, хоць бы апрануўся ў скуру
прамыслоўца, павінен вылезці з яе ў любым выпадку. Вы ж, прашу мне прабачыць за
смеласць, перад усім – шляхціц, ды яшчэ ў англійскім выданні, якім кожны з нас
быць павінен.
Моцна паціснуў яму руку і выйшаў. Вакульскі прызнаваў у душы, што гэты
арыгінал, які падобны да марыянеткі, мае аднак шмат сімпатычных рыс.
“Так, - шапнуў ён, - з гэтымі панамі прыемней
жыць, чым з купцамі. Яны сапраўды злеплены з іншай гліны…”
А потым дадаў:
“І дзівіцца, што панна Ізабэла пагарджае
такім як я, выхаваўшыся сярод такіх як яны… Ну, але што яны робяць на свеце і
для свету?... Шануюць людзей, якія могуць даць пятнаццаты працэнт ад іх
капіталаў… Гэта яшчэ не заслуга.”
“А да ліха ўсё! –
буркнуў ён, шчоўкаючы пальцамі, - а адкуль яны ведаюць, што я купіў кабылу?
Глупства!... я купіў яе ад пані Кшэшоўскай за пасярэдніцтвам Марушэвіча… Зрэшты
вельмі часта я бываю ў манежы, ведае пра мяне ўся служба… Эх! Я пачынаю ўжо
рабіць глупствы, станаўлюся неасцярожны… Не падабаўся мне гэты Марушэвіч…”
Комментариев нет:
Отправить комментарий