ЦІКАЎНЫЯ КНІЖКІ


Урывак з перакладзенага мною тэкста Зыгмунта Феліньскага "Паўліна, дачка Эвы Феліньскай"
Дарагія мае, каго люблю больш за жыццё, дзеткі!
Са знявечаным сэрцам пішу гэты ліст да вас. Ходзяць чуткі, што жанчыны прыгавораны да выгнання, не вядома на які тэрмін. Мажліва ў хвіліну, калі вы гэты ліст атрымаеце, я буду ўжо ад вас вельмі далёка. Няхай вам бог надае сілы, каб вытрываць вашае сіроцтва! Сэрца мае рвецца на часткі ад жалю, ды не па сваім лёсе, а па вашым сіроцтве, па вашай пакінутасці. Без сям’і, без анікога блізкага, хто  б узяў над вамі апеку, наколькі ж вясна вашага жыцця атручана! Але ва ўсіх пакутах няхай вас падтрымлівае тая думка, што міласэрная рука Божага наканавання, якая вас пэўна не для адных пакут стварыла, будзе аберагаць вас, будзе вас падтрымліваць падчас кожнага цяжкога выпрабавання. Дух мой таксама будзе заўсёды з вамі. Цела створана смяротным, але душу маю ніводная сіла не здолее адарваць ад гэтай зямлі, якая пачула першы мой уздых, якую я любіла высокай любоўю ўсё сваё жыццё і якая, як я спадзявалася, мае парэшткі прыме. І што ж толькі гаварыць пра вас, часцінкі майго сутва, якія былі існасцю ўсіх маіх думак, на якіх засяроджаны ўсе пачуцці, усе маі надзеі.
Раіць вам пра ўсё падрабязна не атрымліваецца, але падайцеся да пана Францішка Грахольскага. Ён, які мне дэманстраваў столькімі доказамі прыязнае стаўленне на працягу ўсяго майго жыцця, а парады яго дапамагалі мне не па адным пытанні, ён найлепш вам параіць, як вы павінны трымацца ў гэты час вашай адзіноты. Дык ва ўсім жа звяртайцеся за парадай пана Грахольскага і шануйце яе, як параду бацькі.
Наконт вашай будучыні нічога вам таксама падказаць не магу. Прашу вас толькі: сцеражыцеся ад дарэмнага марнавання часу і памятайце, што кожны павінен абавязкова выкарыстаць свае здольнасці для дабрабыту сваёй краіны. Ці пажадаеце вы быць на службе грамадству, то я хацела б, каб гэта было ў нашых правінцыях, калі будзеце займацца гаспадарчай дзейнасцю ці іншай прыватнай працай, то і ў гэтым кірунку імкніцеся працаваць дзейсна і быць дбайнымі.
У кожным выпадку дапамагайце адно аднаму і няхай кожнага з вас цікавіць лёс жывых яшчэ родных. Я засцерагаю вас таксама, любыя мае дзеткі, каб падчас выбару становішча вы не былі легкадумнымі, адно з-за пагоні за новым ці з-за аданамомантнага ўзрушэння.
Памятайце, што першы крок з гэтага пункту гледжання найчасцей на ўсё жыццё. Таму думайце сур’ёзна, і асабліва не прадпрымайце нічога станоўчага, пакуль спачатку не даведаліся грунтоўна пра абавязкі, якія вы на сябе прымаеце, і  не сувымералі сілы свае, ці супадуць яны з тымі, што патрэбныя для выканання абавязкаў.
Але калі аднойчы для сябе вырашыце, то патрэбна мець гарт, бо хто змяняе толькі бясконца праекты, той пэўна за ўсё жыццё ніводнай мэты не дасягне. Перадусім жа, дзеткі мае, няхай любоў і еднасць кіруюць усімі вашымі крокамі. Радуйце адно аднаго і падтрымлівайце. Памятайце, што кожнае дзеянне, выкліканае эгаізмам, параніць самым балючым штылетам маё сэрца.
Вы, калі да гэтага часу сваёй узаемнай прывязаннем прыемна мяне ўсцешвалі, то з якой нагоды цяпер бы вам было варагаваць, калі сама шырыня свету сведчыць, што вы адны толькі блізкія наўзаем сэрцам і памкненнямі?
Няхай любоў вашай маці, якая наўкол вас заўсёды, хаця і нябачна, стане мантыяй, што злучае вас вельмі  моцна. Калі б у нейкі момант адно з вас звяло бровы на другога ці ўчыніла прыкрасць, то ўзгадайце аб вашай матулі, у якой сэрца зайшлося б ад кожнага падобнага дзеяння, і я ўпэўнена, што тады вы абдымецеся і прабачыце адно аднаму. О мае дарагія дзеці! Чаму ж уцеляснёна я не магу быць прысутнай у вашым асяродку, як душа мая ўся побач з вамі.
Раптоўная акалічнасць не дазволіла мне скончыць гэты ліст заўчора. Цяпер я перад адпраўкай апошнія хвіліны хачу яшчэ вам прысвяціць, любыя  дзеткі мае! Я не буду вам апісваць сваю жальбу ад растання з вамі, бо яна словамі не выкажацца. Я не буду да вас пісаць словы суцяшэння – няхай яго вам Бог дасылае. Перанясіце мужна маё аддаленне, не губляйце дух, бо Воля Божая над намі існуе.
Я не хварэю, мне хапае ўсяго, усім па-мацярынску забяспечана: грашыма, рэчамі, ежай. Дзякаваць Богу. Шануйце ваша здароўе, аб гэтым адным вас прашу, рэшту Бог дасць. Апекаваць вас будуць: сем’і Грахольскіх, Мадзялеўскіх, Ротэрмундаў, літоўскія сваякі, а таксама Пініньска і Лэпкоўска, якія мной займаліся пры ад’ездзе і вам паабяцалі дапамагчы.
Дасылаю вам рэчы, якія мне непатрэбныя, бо я ўсім забяспечана. Абдымаю вас, цалую сардэчна. З першага ж горада напішу да вас. Да гэтага часу я не ведаю, куды павінна ехаць. Дэкрэт мне прачытаюць падчас адпраўкі. Будзьце здаровыя, будзьце спакойныя, аддайцеся волі Бога… Ужо мяне прыспешваюць. Бывайце здаровыя! Бывайце здаровыя! Усю душу сваю вам перадаю. Богу вас давяраю. Любай мамы ручкі і ножкі цалую, дарагому яе блаславенню давяраю сябе і дзяцей, можа Бог нас усцешыць яе здароўем. Не перажывайце, бог усемагутны усё змяніць можа, не губляйма толькі духу. Учора паспавядалася, сёння ўжо адчуваю сябе больш спакойнай і моцнай. Ох, як жа балюча сказаць: бывайце…