Пан Ігнацы дваццаць пяць гадоў жыў у пакойчыку пры
лаўцы. На працягу гэтага часу лаўка змяняла ўласнікаў і падлогу, шафы і шыбы ў
вокнах, сферу сваёй дзейнасці і распарадчых; але пакой пана Жэцкага застаўся
такі самы. Было ў ім тое самае сумнае вакно, якое выходзіла у двор, з тымі ж
кратамі, на прутах якіх вісела можа дваццаціпяцігадовае павуцінне, і дакладна
дваццаціпяцігадовая фіранка, некалі зялёная, цяпер вылінялая ад суму па сонцы.
Пад вакном стаяў той самы чорны стол, абабіты сукном,
такасма некалі зялёным, цяпер толькі заплямленым. На ім вялікая чорная
чарніліца з вялікім чорным пясочным гадзіннікам, прымыцаваным да той самай
падстаўкі – пара вялікіх ліхтароў для свечак з лою, якіх ніхто не паліў, і
сталёвыя шчыпцы, якімі ніхто не абцінаў кноты. Жалезны ложак з вельмі тонкім
матрасам, над ім - ніколі не ўжываная дубальтоўка, пад ім скрынка з гітарай,
што нагадвала дзіцячую труну, вузкая канапка, абабітая скурай, два крэслы,
таксама абабітыя скурай, вялікая бляшаная міса і малая шафа цёмнавішнёвай барвы
стваралі мэбліроўку пакою, які па прычыне сваёй даўжыні і цемры, якая ў ім
панавала, здавалася быў падобны больш да труны, чым да жытла.
Таксама як і пакой, не змяніліся на працягу чвэрці
стагоддзя і звычкі пана Ігнацыя. Ранкам прачынаўся заўсёды а шостай; хвіліну
слухаў, ці ідзе гадзіннік, які ляжыць на крэсле, і паглядаў на стрэлкі, якія
стваралі адну прамую лінію. Хацеў устаць спакойна, без прыгод; але халодныя
ногі і замлелыя рукі не аказваліся досыць падатлівымі яго волі, тады
падхопліваўся, раптоўна выскокваў на сярэдзіну пакою і, кінуўшы на ложак начны
каўпак, бег да печы да вялікай місы, з якой мыўся ад стоп да галавы, іржучы і
пырскаючы як стогадовы аргамак шляхетнай крыві, які ўзгадаў пра скачкі. Падчас
рытуалу абцірання касматымі ручнікамі з задавальненнем пазіраў на свае худыя
лыткі і заросшыя грудзі, бурчачы: “Ну, усё-такі патлусцеў”. У гэты самы час
саскокваў з канапкі яго стары пудзель Ір з выбітым вокам і, моцна атрэсваючыся,
напэўна ад рэшты сну, шкрабаў у дзверы, за якімі чулася заўзятае раздзьмухванне
самавару. Пан Жэцкі, заўсёды хутка апранаўся, выпускаў сабаку, вітаўся са
служачым, даставаў з шафы імбрык, памыляўся пры зашпільванні манжэтаў, бег на
падворак убачыць стан надвор’я, гатаваў сабе гарачую гарбату, прычэсваўся не
гледзячы ў люстра, і а палове сёмай быў гатовы.
Агледзеўшыся, ці на шыі гальштук, а ў кішэнях - гадзіннік і партманэ, пан Ігнацы даставаў са
століка вялікі ключ і, крыху згорбіўшыся, урачыста адчыняў тыльныя дзверы
лаўкі, абабітыя жалезнай бляхай. Уваходзілі туды ўдвох са служачым, запальвалі
пару аганькоў газы і падчас калі служачы вымятаў падлогу, пан Ігнацы чытаў праз
акуляры са свайго нататніка расклад заняткаў на бягучы дзень.
“Аддаць у банк васемсот рублёў, ага… У Люблін даслаць тры
альбомы, тузін партманэ… Менавіта!... У Вену пералічэнне на тысячу дзвесце
гульдэнаў… З чыгункі атрымаць багаж… Выгаварыць рымару, што не адаслаў
чамаданы… Дробязі!... Напісаць ліст да Стася… Дробязі!...”
Скончыўшы чытаць, ён запальваў яшчэ некалькі агнёў і пры
іх бляску рабіў пералік тавараў у вітрынах і шафах.
“Запінкі, шпількі, партманэ… добра…рукавічкі, вееры,
гальштукі… так… Кіі, парасоны, сакваяжы… А тут – альбомы, несэсэры… Сіні ўчора
прадалі, натуральна!... Ліхтары, чарнільніцы, прэс-пап’е… сервізы… Цікава,
навошта гэты вазон перакруцілі?... З упэўненасцю… Не, не пашкоджаны… Лялькі з
валасамі, тэатр, карусель… Трэба на заўтра паставіць у вакне карусель, бо ўжо
фантан надакучыў. Дробязі!... Восьмая амаль… Я даў бы заклад, што Клейн будзе
першы, а Марчэўскі апошні. Натуральна… Пазнаёміўся з нейкай гувернанткай і ўжо
ёй купіў нэсэсэр за свой кошт і са зніжкай… Зразумела… Абы не пачаў купляць без
зніжкі і без кошту…”
Так бурчаў і хадзіў па лаўцы прыгорблены, з рукамі ў
кішэнях, а за ім яго пудзель. Час ад часу затрымліваўся і аглядаў які-небудзь
прадмет, сабачка прысядаў на падлозе і шкрабаў задняй лапай густыя кудлікі, а
пастаўленыя ў рад у шафе лялькі, малыя, сярэднія і вялікія, брунеткі і
бландынкі, прыглядаліся да іх нежывымі вачыма.
Дзверы на ўваходзе
рыпнулі, і з’явіўся пан Клейн, маленькі распарадчы, з сумнай усмешкай на
пасінелых вуснах.
- А што, я быў упэўнены, што, пане, прыйдзеце першым.
Дзень добры – прамовіў пан Ігнацы. – Павел! гасі святло і адчыняй лаўку.
Служачы забег, цяжка тупаючы, і закруціў газу. Праз
хвіліну пачуліся скрыгат замкоў і стук засавак, пасля чаго ў лаўку увайшоў
дзень - адзіны госць, які ніколі не расчароўвае. Жэцкі сеў ля канторка ля
вакна.
Клейн стаяў на звычайным месцы пры сервізе.
-
Гаспадар яшчэ не вяртаецца, не
прыходзіў ліст ад яго? – спытаў Клейн.
-
Я спадзяюся, што будзе ў палове
сакавіка, найдалей праз месяц.
-
Калі яго не затрымае новая вайна.
-
Стась… Пан Вакульскі – паправіўся
Жэцкі – піша мне, што вайны не будзе.
-
Каштоўныя паперы падаюць, а хвіліну
таму я чытаў, што англійскі флот увайшоў на Дарданелу.
-
Гэта нічога, вайны не будзе. Зрэшты, -
уздыхнуў пан Ігнацы, – што нам да вайны, у якой не возьме ўдзел Банапарт.
-
Банапарты ўжо скончылі кар’еру.
-
Сапраўды?... – усміхнуўся іранічна пан
Ігнацы. – А на чыю ж карысць Мак-Магон з Дзюкро дамаўляліся ў студзені аб
перавароце?... Вер мне, пане Клейн, банапартызм – гэта магутная сіла!...
-
Ёсць і большая за яе.
-
Якая? – абурыўся пан Ігнацы. – Можа
рэспубліка з Гамбэтам… Можа Бісмарк?...
-
Сацыялізм… - шапнуў малы распарадчы,
хаваючыся за сервіз.
Пан Ігнацы паправіў акуляры і падняўся
са свайго крэсла, нібыта хацеў адным махам перамагчы новую тэорыю, якая
пярэчыла яго поглядам, але зблытаў яго намеры ўваход другога распарадчыка, з
барадой.
-
А, мая павага пану Лісецкаму! –
звярнуўся ён да прыйшоўшага. – Халодны дзень, праўда? Каторая гадзіна ў
горадзе, бо мой гадзіннік спяшаецца. Яшчэ няма чвэрці дзевятай?
-
Таксама ідэя… Ваш гадзіннік заўсёды
спяшаецца зранку, і спазняецца вечарам – адказаў з’едліва Лісецкі , выціраючы
пакрытыя інеем вусы.
-
Б’юся аб заклад, што пан учора быў на
прэферансе.
-
Само сабою. Што ж, пане, думаеце, што
мне на ўсе суткі хапае выгляду вашай галантарэі і вашай сівізны?
-
Але ж; мой пане, няхай я буду лепш
крыху сіваватым, чым лысым – абурыўся пан Ігнацы.
-
Ідэя!... – зашыпеў пан Лісецкі. – Мая
лысіна, калі яе хто агледзіць, сумнае спадчына роду, але ваша сівізна і буркатлівы
характар – вынік старасці, якую… я хацеў бы паважаць.
У лаўку увайшоў першы госць: жанчына,
апранутая ў салоп і з хусткай на галаве, якая хацела плявальніцу з латуні… Пан
Ігнацы вельмі нізка нахіліўся да яе і прапанаваў крэсла, а пан Лісецкі знікнуў
за шафамі і, вярнуўшыся праз хвіліну, уручыў кліентцы рухам, поўным годнасці,
жаданы прадмет. Потым запісаў кошт плявальніцы на картку, падаў яе праз плячо
Жэцкаму і пайшоў за вітрыну з выразам твару банкіра, які аддаў на дабрачынную
мэту некалькі тысяч рублёў.
Спрэчка аб сівізне і лысіне была
спынена.
Толькі амаль а дзевятай увайшоў, а,
хутчэй, уляцеў у лаўку пан Мрачэўскі, прыгожы, дваццацігадовы бландын з вачыма,
як зоркі, з вуснамі, як каралы, з вусікамі, як атручаныя штылеты. Забег, цягнучы
за сабой ад парога шлейф парфумы, і закрычаў:
-
Слова гонару даю, што ўжо павінна быць
палова дзесятай. Я легкадумец, нягоднік, ну – подлы, але што ж я зраблю, калі
маці мая захварэла і я павінен быў шукаць лекара. Быў у шасці…
-
Ці не ў тых, якім даеш несэсэры? –
спытаў Лісецкі.
-
Несэсэры?... Не. Наш доктар не прыняў
бы нават шпількі. Сумленны чалавек… Праўда, пане Жэцкі, што ўжо палова
дзесятай? Спыніўся мой гадзіннік.
-
Яшчэ заканчваецца дзе-вя-та-я… -
адказаў з пэўным націскам пан Ігнацы.
-
Толькі дзевятая?... Ну, хто б думаў! А
так праектаваў сабе, што сёння прыйду у лаўку першым, раней за пана Клейна…
-
Каб выйсці каля восьмай, - заўважыў
пан Лісецкі.
Мрачэўскі пазіраў на яго блакітнымі
вачыма, у якіх малявалася найвышэйшае здзіўленне.
-
Пан адкуль ведае?... – адказаў. – Ну,
даю слова гонару, што гэты чалавек мае прарочы розум! Менавіта сёння, слова
гонару… я павінен быць у горадзе каля сёмай, хоць бы паміраў, хоць бы … павінен
быў звольніцца…
-
Няхай пан ад гэтага пачне, - выбухнуў
Жэцкі, - і будзе пан вольны аб адзінаццатай, нават у гэту хвіліну, пане
Мрачэўскі. Пан павінен быць графам, а не распарадчым, і я здзіўляюся, што пан адразу
не стаў па спецыяльнасці тым, у каго заўсёды ёсць час, пане Мрачэўскі.
Натуральна!
-
Але, і пан у яго ўзросце лётаў за
спаднічкамі, - азваўся Лісецкі. – Што тут маральнічаць.
-
Ніколі не лётаў! – крыкнуў Жэцкі,
удараючы кулаком па канторскім стале.
-
Хоць раз прагаварыўся, што ўсё жыццё
недалуга, - буркнуў Лісецкі Клейну, які ўсміхнуўся, узнімаючы адначасова бровы
вельмі высока.
У лаўку увайшоў другі госць і пажадаў
калошы. Да яго выступіў Мрачэўскі.
-
Калошыкі хоча шаноўны пан? Які
нумарочак, ці можна спытаць? Ах, шаноўны пан пэўна не памятае! Не кожны мае час
думаць аб нумары сваіх калош, гэта робім мы. Шаноўны пане, займіце месца на
табурэце. Павел! Прынясі ручнік, здымі ў пана калошы і маеш выцерці абутак…
Забег Павел з ручніком і кінуўся да
ног госця.
- Але ж, пане, але ж перапрашаю!... –
тлумачыў ашалелы госць.
- Вельмі просім, - сказаў хутка Мрачэўскі,
- гэта наш абавязак. Здаецца мне, што гэтыя будуць якраз – працягваў ён,
падаючы пару счэпленых ніткай калош. – Выключна, прыгожа выглядаюць; у
шаноўнага пана такая нага, што немагчыма памыліцца ў нумары. Шаноўны пан зычыць
сабе напэўна ініцыялы; якія павінны быць ініцыялы?...
- Л. П. – буркнуў госць, адчуваючы,
што патанае ў хуткай плыні гаворкі прыязнага распарадчага.
- Пане Лісецкі, пане Клейн, прымацуйце,
калі ласка, ініцыялы. Шаноўны пан хацеў бы закруціць старыя калошы? Павел! Маеш
выцерці калошы і закруціць у тонкую паперу. А можа шаноўны пан не жадае цягнуць
залішні цяжар? Павел! укінь калошы у пакунак… З вас два рублі пяцьдзесят
капеек… Калошы з ініцыяламі нішто шаноўнаму пану не заменіць, а то прыкра
знайсці замест новага тавару дзіравыя па зніжцы… Два рублі пяцьдзесят капеек да
касы з гэтай карткай. Пане касір, пяцьдзесят капеек рэшты для шаноўнага пана…
Пакуль госць апрытомнеў, яго абулі ў
калошы, выдалі рэшту і з нізкімі паклонамі правялі да дзвярэй. Пакупнік стаяў хвіліну
на вуліцы, бяздумна пазіраючы ў шыбу, з-за якой Мрачэўскі адорваў яго салодкай
усмешкай і агністымі позіркамі. Урэшце ён махнуў рукой і пайшоў далей, можа
думаючы, што ў іншай лаўцы калошы без
ініцыялаў каштавалі б яму дзесяць злотых. Пан Ігнацы звярнуўся да Лісецкага,
прамовіў напаўголас:
-
Няхай пан зірне, ці наш стары не
падобны ў профіль да Напалеона ІІІ? Нос… вусы… эспаньёлка…
-
Да Напалеона, калі хварэў на камяні ў
печані, адказаў Лісецкі.
На гэты жарт пан Ігнацы скрывіўся з
нясмакам. Сваёй дарогай Мрачэўскі атрымаў адпачынак а сёмай вечарам, а праз
пару дзён пазней у прыватным каталогу Жэцкага атрымаў нататку:
“ Быў на “Гугенотах” у восьмым радзе
крэсел з нейкай Матыльдай???”
На ўцеху мог бы сабе сказаць, што ў
тым самым каталогу таксама заслугоўваюць нататкі два іншыя яго калегі, а
таксама інкасэнт, пасланцы, нават служачы – Павел. Адкуль Жэцкі ведаў падобныя
падрабязнасці з жыцця сваіх калег, гэта таямніца, з якой нікім не дзяліўся. Каля
першай апоўдні пан Ігнацы здаваў касу Лісецкаму, якому акрамя доўгіх спрэчак
давяраў найбольш, выходзіў са свайго пакойчыка, каб з’есці абед, прынесены з
рэстарацыі; Адначасова з ім выходзіў Клейн і вяртаўся у лаўку а другой; потым
удвох з Жэцкім заставаліся ў лаўцы, а Лісецкі і Мрачэўскі ішлі на абед. А
трэцяй зноў усе былі на месцы.
А восьмай вечарам зачынялі лаўку; усе
разыходзіліся, заставаўся толькі Жэцкі. Падрахоўваў дзень, правяраў касу,
складаў план дзеянняў на заўтра і прыгадваў сабе: ці зроблена ўсё, што трэба
было сёння.
Кожную нязробленую справу аплочваў
доўгім бяссоннем і смутнымі думкамі на тэму заняпаду лаўкі, станоўчага ўпадку
Напалеонаў і таго, што ўсе надзеі, якія меў у жыцці, былі толькі глупствам.
“Нічога не будзе! Гінем без ратунку” –
уздыхаў ён, варочаючыся на цвёрдай пасцелі.
Калі дзень удаваўся добра, пан Ігнацы
быў задаволены. У гэты час перад сном чытаў гісторыю кансуляту і каралеўства ці
выразкі з газет, якія апісваюць вайну італьянскую з года 1859, або таксама, што
трапляла ся радзей, даставаў з-пад ложка гітару і граў на ёй Марш, прыпяваючы
сумніўнай якасці тэнарам.
Потым сніліся яму шырокія венгерскія
раўніны, сінія і белыя лініі войска, прыкрытыя хмарай дыму… Назаўтра быў не ў
настроі і скардзіўся на боль галавы.
Да прыемных дзён належала ў яго
нядзеля; бо ў гэты час абдумваў і праектаваў планы вітрын на цэлы тыдзень.
У яго разуменні вітрыны не толькі былі
упрыгожаннем лаўкі, але яшчэ павінны былі звяртаць увагу мінакоў як мага
маднейшым таварам, як мага прыгажэйшай кампазіцыяй, ці фокусам. Правая вітрына,
прызначаная для галантарэі, змяшчала
звычайна якую-небудзь медзь, фарфоравую вазу, усе для будуарнага століка, вакол
чаго выстаўляліся альбомы, ліхтары, партманэ, вееры, - у таварыстве кіёў,
парасонаў і незлічонай колькасці дробных і элегантных прадметаў. У левай
вітрыне, напоўненай узорамі гальштукаў, рукавічак, калош і парфумаў,
цэнтральнае месца займалі цацкі, якія найчасцей рухаліся.
Некалі падчас гэтых сумных заняткаў у старым абуджалася
дзіця. Ён даставаў тады і выстаўляў на стале ўсе механічныя цацкі. Быў там
мядзведзь, які ўзбіраўся на слуп, быў спяваючы пеўнік, мыш, якая бегала,
цягнічок, які каціўся на калёсах, цыркавы клоўн, які гарцаваў на кані,
скідваючы другога клоўна, і некалькі пар, якія таньчылі вальс пад гукі няпэўнай
музыкі. Усе гэтыя фігуры пан Ігнацы накручваў і адначасова запускаў. А калі
пеўнік пачаў спяваць, лапочучы прыгожымі крыламі, калі таньчылі лялечныя пары,
штохвіліны спатыкаючыся і затрымліваючыся, калі алавянныя пасажыры цягнічка, які ехаў без мэты, пачалі
прыглядацца да яго са здзіўленнем і калі ўвесь гэты свет лялек на дрыжачым
святле газы набіраў нейкага фантастычнага жыцця, стары прыказчык, падпёршы сябе
локцямі, смяяўся ціха і бурчаў:
-
Хі! Хі! Хі! Куды вы едзеце,
падарожнікі?... Навошта церпіць твой карак, акрабат?... Што вам ад абдымкаў,
танцоры?... Выкруцяцца спружыны і пойдзеце назад у шафу. Глупства, усё
глупства!... а вам, калі б вы маглі думаць, здавалася, што гэта штосьці
вялікае!...
Пасля такіх і падобных да іх маналогаў
хутка складваў цацкі і раздражнёны хадзіў па пустой лаўцы, а за ім яго брудны
сабака.
“Глупства гандаль… глупства палітыка… глупства падарожжа
у Турцыю… глупства ўсё жыццё, пачатку якога мы не памятаем, а канца не ведаем…
дзе ж праўда?...”
Гэтага кшталту выразы выказваў некалі ўголас і публічна,
таму яго лічылі вар’ятам, а паважныя дамы, у якіх былі дочкі на выданні,
неаднойчы казалі:
-
Вось да чаго прыводзіць мужчыну адзіноцтва
у такім веку!
З дому пан Ігнацы выходзіў рэдка і ненадоўга і звычайна
круціўся па вуліцах, на якіх жылі яго калегі ці важныя кліенты лаўкі. У гэты
час яго цёмна-зялёная алгерка ці колеру тытуню сурдут, шэрыя сподні з чорным
лампасам і вылінялы цыліндр, і найперш яго нясмелыя паводзіны звярталі
ўсеагульную ўвагу. Пан Ігнацы ведаў гэта і штораз больш быў неахвотны да
шпацыраў. Ён больш хацеў пры свечцы класціся на ложку і цэлымі гадзінамі
пазіраць у сваё закратаванае вакно, за якім відаць было шэрую сцяну суседняга
дому, аздобленую адным адзіным, таксама закратаваным вакном, дзе часам стаяў
гаршчочак масла ці віселі парэшткі зайца.
Але чым менш выходзіў, тым часцей марыў пра якоесьці
далёкае падарожжа на вёску ці за мяжу. Усё часцей спатыкаў у снах зялёныя палі
і цёмныя бары, па якіх блукаў бы, узгадваючы сабе малады ўзрост. Паволі абудзіўся
ў ім глухі сум без гэтых краявідаў, таму ён вырашыў пасля вяртання Вакульскага
выехаць кудысьці на ўсё лета.
- Хоць раз перад смерцю, але на некалькі месяцаў – казаў
ён калегам, якія невядома чаму ўсміхаліся з гэтых праектаў.
Добраахвотна адрэзаны ад прыроды і людзей, паглыблены ў
шпаркім, але цесным віры лавачных інтарэсаў, адчуваў усё мацней патрэбу змены
думак. А паколькі адным не давяраў, іншыя не хацелі яго слухаць, а Вакульскага
не было, то размаўляў сам з сабой і – у найвялікшым сакрэце пісаў дзённік.
Комментариев нет:
Отправить комментарий