суббота, 14 февраля 2015 г.

Частачка навуковай працы "Пераклады М.Багдановіча з П.Верлена. Кантэксты" (к.90-х ХХ ст.)

Частка 2. Цыкл перакладаў М. Багдановіча з П. Верлена. Рытміка. Паняцце “рытміка-метрычнага арэола”.
У багдановічазнаўстве ўжо даўно лічыцца пастулатам сцверджанне аб музычнасці паэтычных твораў М.Багдановіча. Асаблівае стаўленне да музычнага боку паэзіі як да роўнага з сэнсавым яе бокам збліжае Багдановіча і Верлена, таму мэтазгодна разгледзець багдановічаўскія пераклады з П.Верлена менавіта з улікам кантэксту музычнага мастацтва.Карані музычнасці ў паэзіі М.Багдановіча ідуць яшчэ ад бабулі Максіма - Анэлі, выдатнай казачніцы і захавальніцы народных песень, а таксама ад маці паэта, якая прывіла музычны густ і цікаўнасць да музычнага мастацтва, па ўспамінах А.Я.Багдановіча.[1] Брат М.Багдановіча Павел згадвае, што “Максім вельмі любіў усе рамансы Глінкі, творы Агінскага, Маснэ, Вярстоўскага, .Даргамыжскага, народныя песні.”[2] Аб глыбіні ведаў у галіне музыкі і аб музычнай эрудыцыі М.Багдановіча сведчаць яго рэцэнзіі на “Музычны слоўнік ” Ю.Энгеля, на часопіс “Музычны сучаснік”, заўвагі крытычнага характару ў артыкуле “Об интересном мнении г.Глебова”. Узгадаем ізноў і артыкул “Забыты шлях”, дзе раскрываецца роля народнай песні для тагачаснай паэзіі Беларусі.Нават сам гукавы склад беларускай мовы настройваў паэта на музычнасць і напеўнасць, што выявілася на розных узроўнях яго твораў: ад гукапісу і алітэрацый, тонкіх мелодыка-рытмічных малюнкаў да прамога выкарыстання ў загалоўках твораў слоў, так ці інакш звязаных з музыкай (“Малюнкі і спевы”, “Раманс”, “Маёвая песня”і іншыя).Не кажучы ўжо пра мноства вершаў, якія сваёй мелодыкай нагадваюць розныя музычныя жанры (раманс, накцюрн, рандо і інш.). У 1910 г. М.Багдановіч напісаў верш “Маёвая песня”, эпіграфам да якога ўзяў радкі з верша П.Верлена “Мастацтва паэзіі”. Значыць, з творчасцю французскага паэта ён быў знаёмы яшчэ да таго, як перакладаў яго вершы ў 1912-1913.гг., адкуль можна рабіць выснову усё ж аб пэўных уплывах прынцыпаў П.Верлена на творчасць М.Багдановіча.“Музыкі перш за ўсё”, - гэты радок не проста эпіграф да арыгінальнага верша, а праява аднаго з сутнасных пачаткаў паэзіі М.Багдановіча.Даследчык У.Конан надаваў асаблівую ўвагу сінтэзу мастацтваў у творах М.Багдановіча. Да слоў М.Піятуховіча з артыкула “М.Багдановіч як паэт-імпрэсіяніст”[3] У.Конан дадае, што “следам за схільнымі да імпрэсіянізму заходнееўрапейскімі і рускімі творцамі паэт шырока выкарыстоўваў выяўленчыя сродкі музыкі і жывапісу”[4]. У.Конан сведчыў і аб цыклічнай структуры лірыкі М.Багдановіча, якая нагадвае класічную санатную форму. Але, аналізуючы кампазіцыю “Вянка” той жа У.Конан нідзе не ўпамінае раздзел “З чужой глебы”, дзе змешчаны і пераклады “З П.Верлена”, і з іншых аўтараў , і які меўся быцьчацвёртым, заключным у зборніку.Калі правесці аналогіі між музычнай формай і пабудовай (аўтарскай) “Вянка”, то відавочным становіцца месцапалажэнне перакладаў ў ім. Яны – 4-я частка класічнай сімфанічнай формы, г.зн. фінал, пасля якога ёсць яшчэ і кода – пераклады з іншых аўтараў.Раней мы згадвалі ўжо пра пэўны парадак твораў унутры раздзела “З П.Верлена”, а зараз спынімся больш падрабязна на аналізе такога размяшчэння вершаў.
Можна дапусціць, што ніякай логікі ў запланаваным парадку следавання перакладаў не існуе. Але гэта не зусім стасуецца са свядомай праграмнасцю творчасці М.Багдановіча, з яго прынцыпамі дакладнасці, вымеранасці, некаторай датошнасці ў паэтычнай, а тым больш у перакладчыцкай творчасці. Напрыклад, крытыкам ён прапаноўваў метад “падбору мастацкіх фактаў, іх сістэматызацыі і падлікаў…”[5], чым мы і зоймемся далей. Мы маем справу з уключанасцю перакладаў у некалькіўзроўневы кантэкст магчымай музычнай формы.Супаставіўшы запланаваны перакладчыкам парадак размяшчэння твораў і адпаведна асноўныя рытмастваральныя кампаненты кожнага з перакладаў, атрымліваем пэўны рытмічны малюнак усяго раздзела (Гл.с.28.Малюнак .)
Абапіраючыся на дадзеныя даследаванняў Ралько І. па метрыцы твораў М.Багдановіча[6](перакладаў у тым ліку), мэтазгодна прасачыць, як змяняецца рытм ад верша да верша, і што стварае рытмічны кантэкст раздзела ў цэлым, дзе рытм разумеецца ужо як суразмернасць яго частак прапарцыянальна іх значнасці.
З дапамогай гэтай дыяграмы мы можам наглядна прасачыць за пераменай рытму, які ствараецца шляхам вар’іравання вершаваных памераў перакладзеных твораў. Асноўны рытм складаецца з колькасці націскных складоў у радках вершаў, а складовая даўжыня гэтых жа радкоў стварае мелодыку і тэмп. Паколькі перастварэнні М. Багдановіча былі першым вопытам паэтычнага перакладу з французскай сілабікі на беларускую сілаба-тоніку, то выкарыстанне таго ці іншага вершаванага памера ў кожным выпадку  было праявай спалучэння вопыту блізкага рускага вершаскладання з уласнай паэтычнай інтуіцыяй і вялікай доляй духу творчасці беларускага паэта. Трэба зрабіць агаворку, што рытм самой беларускай мовы больш плаўны (паскладовае лічэнне) у параўнанні з рускім паскораным вымаўленнем паводле патактавага яго лічэння.Рускі націск сілавы, ён моцна рэдуцыруе ўсе галосныя, апрача націскнога, сцягваючы слова ў адзін вымаўляльны такт. Беларускі ж націск характарызуецца даўжынёй (квантытатыўнасцю) з моцным абертонавым раскочваннем па ўсім складовым прасцягу слова. У французскай мове славесны націск слабы, ён, рытмічны, у маўленні падае на апошні склад рытмічнай групы. Таму часта М. Багдановіч ствараў свае асаблівыя варыянты перадачы французскіх вершаў сродкамі роднай мовы, якія не супадалі з традыцыйным ці нетрадыцыйным спосабамі ў рускім вершаскладанні. Мы прапаноўваем ўжываць наступны тэрмін у тэорыі перакладу - “рытміка-метрычны арэол”, які ствараецца ў верша - арыгінала  вершамі-перакладамі на розныя мовы.   Чаму тэрмін двайны? Таму што ў метрычных сістэмах вершаскладання магчымы і тое, і другое яго выяўленне, а ў дысметрычных сістэмах размова пойдзе толькі пра першую яго частку. За час існавання перакладаемага верша яго рытміка- метрычны арэол пашыраецца, і існуе пэўная залежнасць між яго шырынёй і значнасцю, вядомасцю арыгінала ў свеце. Калі браць творы П. Верлена, то нават на пачатку ХХст. арэол гэты быў досыць шырокі,  і павялічваемы ён  наступнымі пакаленнямі творцаў аж да нашага часу. Заўважым , што па асаблівасці яго праяўлення сродкамі беларускай мовы ў выкананні М. Багдановіча ён набыў як бы ядро, у параўнанні з якім можна ацэньваць іншыя яго складнікі. Тым больш, што М. Багдановіч стварае закончаны цыкл перакладаў, які мае свой унутраны рух рытма пры самавартасным рытмічным малюнку кожнага з вершаў. Такім чынам пераклады М.Багдановіча, нават у моцнапашыраным да канца ХХст рытміка-метрычным арэоле арыгіналаў, займаюць цэнтральнае месца.Па дыяграмах з малюнка на с. 29 (малюнак не мае пакуль належнага фармату, таму будзе змешчаны пазней - (аўтарская заўвага)) можна наглядна прасачыць, наколькі блізка стараўся М. Багдановіч падыйсці да перадачы колькасці складоў арыгінальных вершаў Верлена.  Кожнае з адступленняў можна вытлумачыць пры далейшым разглядзе рытма перакладаў з іх сэнсавым напаўненнем. Відавочныя неадпаведнасці ў  1, 3, 15 перакладах цыкла ў дачыненні да першатвораў. Затое сам раздзел “З П. Верлена” пачынаецца і заканчваецца творамі з адной і той жа колькасцю націскаў у радку (6). Можна гаварыць аб цыклічнасці структуры дадзенага раздзела, аб яго падзеленасці і знітаванасці. Па параўнанню дзвюх дыяграм: колькасці націскаў у радку і адпаведнай агульнай колькасці складоў у радку перакладу бачна, што адносіны значэнняў прыкладна роўныя на працягу цыкла, затое мяняецца тэмп ўнутры цыкла.Бачныя некалькі частак дыяграмы, якія аддзелены адна ад другой крайнімі верхнімі або ніжнімі пунктамі.  З 1 па 6, з 6 па 9, з 9 па 12, з 12 па 15, з 15 па 22. Кожная з частак мае свае асаблівасці з пункту погляду змены рытма ўнутры цыкла ў цэлым. Што датычыць выкарыстання вершаваных памераў у перакладах, то перавагу М. Багдановіч аддае ямбу рознай стопнасці (14 вершаў). Асобна стаяць лагаэды, дзе перакладчык спалучае ямб з харэем і амфібрахій з анапестам (2 вершы), а таксама вершы на аснове аднаго памера, але з рознай колькасцю складоў у радках (3 і 10 па парадку вершы).Усё гэта разнастаіць асноўны рух рытма, надае яму спецыфіку ў кожным асобным выпадку.  Вымалёўваецца выразная рытмічная структура, што дае падставу гаварыць аб прадуманасці, завершаснаці цыкла перакладаў

 










(агаворымся, што заключны, 22-гі верш, прымыкае да апошніх чатырох вершаў, напісаных шасцістопным цэзураваным ямбам) і блізкасці па яго унутранай будове да сімфанічнай сюіты.
Узгадаем імпрэсіяністаў (К. Дэбюсі, М. Равэля), для якіх характэрны гэты жанр творчасці. Асаблівая ўвага імі надавалася сюітам з перакладаннямі(!) п’ес іншых кампазітараў (літаратурная аналогія – пераклады з П. Верлена).
Сюіта ў перакладзе з французскай мовы азначае “паслядоўнасць”, “рад”. Гэта  - “шматчастковы цыкл з самастойных, кантрасных п’ес са свабодай у колькасці і наяўнасцю праграмнай задумы”[7]. Кантраснасць твораў – відавочная, пра што сведчаць крайнія пункты дыяграм. А аб самастойнасці і агульнай ідэі перакладу гаворка пойдзе ніжэй.
Не забудземся, што прадмет нашага даследавання – паэзія, а рытм, хоць і галоўны фарміруючы пачатак усялякага верша, хоць і збліжае паэзію з музыкай, усё ж не адзіная характарыстыка паэтычнага твора.  Раздзел перакладаў у цэлым тэматычна таксама разбіваецца на часткі. Вылучаюцца: першы верш – своеасаблівы ўступ да ўсяго цыкла, галоўная частка, дзе чаргуюцца вершы прысвечаныя каханню, вершы з урбаністычнай тэмай, вершы – пейзажы і так званыя “пейзажы душы”. Асобна стаіць верш “Млоснасць”, які па абагуленасці зместу і вобразаў апраўдвае месца заключнага.
“Самастойнасць” асобных вершаў у раздзеле падкрэсліваецца і наяўнасцю ў кожным з іх характэрнага “голасу”, часам нагадваючага гук музычнага інструмента: (срэбраны голас звона, скрыпак стогн, песня дажджа, спеў ласкавы, спеў пабедны, гук раяля, гул акіяну, шэпт, звон лютняў, гул шынкоў, рып колаў, - няпоўны пералік яўных гукавых эфектаў, не кажучы ўжо пра асаблівы гукапіс кожнага з перакладаў). Гэта пацвярджае думку аб прынцыпе сімфанізму, які характэрны і для ўласных твораў  М. Багдановіча і для твораў П. Верлена. Галоўная ж задума гэтага цыкла раскрываецца ў першым і апошнім перакладах ў раздзеле.        
Пераклад дае магчымасць перакладчыку сказаць тое, што ён хоча, але ад імя як быццам таго, чые вершы ён перастварае. Магчыма, ён не можа ці не хоча з-за пэўных знешніх або ўнутраных прычын гаварыць тое ж ад свайго імя. А магчыма, гэта - простая літаратурная гульня паэта, упэўненага ў сваіх сілах. Ілюстрацыяй да вышэйсказанага можа стаць наступнае прачытанне вобразаў з першага верша. Перад намі карціна перанараджэння, пераўвасаблення паэта, ачышчэння чалавечай душы шляхам далучэння да Сутнасці. Апісанне крызіснага стану душы і выйсця з  яго. Апошні верш звязаны з першым, бо ў ім паказаны ізноў жа крызісны стан душы паэта, названы М. Багдановічам па-беларуску “млоснасць”. Верш поўны расчаравання ад ўсёзведанасці, песімізму, безвыходнасці. Зробім акцэнт на двух вобразах, не цэнтральных, але важных для расшыфроўкі задумы перакладаў з П. Верлена. Вобраз “маскі” з першага верша і вобраз блазна “Баціла” з апошняга. Пад маскай іншага паэта М. Багдановіч падае магчымы варыянт успрыняцця свету, але падобна блазну Батылу ён як бы іранізуе над чытачом, не даючы апошняму адчуць яўную мяжу між аўтарскім і перакладчыцкім “я”, у той жа час абагульняе пераклады пад назву “З чужой глебы”, г.зн. прама ўказвае не на сваё, хаця, магчыма і блізкае па духу светаўспрыняцце.
Важна, што апошні верш прадугледжвае працяг (нават, па рытмічнаму малюнку), але паэт – перакладчык пакідае нас на самай трагічнай ноце расповеду, паказаўшы ў першым вершы шляхі выйсця і  такім чынам ставячы чытача перад выбарам паміж выйсцем і безвыходнасцю, не падштурхоўваючы ні ў я кім разе ні да першага, ні да другога.
Такім чынам, адбываецца творчае перастварэнне матэрыялу французскага аўтара пры патрапленні яго ў кантэкст творчасці М. Багдановіча і ў цэлым айчыннай паэзіі пачатку ХХ-га стагоддзя. Наступным крокам  будзе даследаванне (філалагічны аналіз) кожнага з перакладаў.Асобнага разгляду патрабуюць і першы, і апошні вершы-пераклады цыкла, які мы вызначылі як цэласную структурную адзінку.




[1] Шлях паэта.-Мн.,1975.-С.12
[2] Там жа .-С.84
[3] Піятуховіч М. М.Багдановіч –імпрэсіяніст// Полымя.1923.№7-8.-С.93
[4] Конан У.Святло паэзіі іцені жыцця:Лірыка М.Багдановіча.-Мн.,1991.-С.30
[5] Багдановіч М. Поўны збор твораў:У 3 т.-Мн.,1991-1995.Т.2.-С.422
[6] Ралько І.Вершаскладанне: Даследаванні і матэрыялы.-Мн.,1977.-С.89-91
[7] Музыкальный энциклопедический словарь.-М., 1990.-С.529.

1 комментарий:

Natallia Supei комментирует...

у дзень 14 лютага - з Любоўю да літаратурнай спадчыны

Отправить комментарий