Частка 2. Цыкл перакладаў М. Багдановіча з П. Верлена. Рытміка. Паняцце
“рытміка-метрычнага арэола”.
У
багдановічазнаўстве ўжо даўно лічыцца пастулатам сцверджанне аб музычнасці
паэтычных твораў М.Багдановіча. Асаблівае стаўленне да музычнага боку паэзіі як
да роўнага з сэнсавым яе бокам збліжае Багдановіча і Верлена, таму мэтазгодна
разгледзець багдановічаўскія пераклады з П.Верлена менавіта з улікам кантэксту
музычнага мастацтва.Карані музычнасці ў паэзіі М.Багдановіча ідуць яшчэ ад
бабулі Максіма - Анэлі, выдатнай казачніцы і захавальніцы народных песень, а
таксама ад маці паэта, якая прывіла музычны густ і цікаўнасць да музычнага
мастацтва, па ўспамінах А.Я.Багдановіча.[1]
Брат М.Багдановіча Павел згадвае, што “Максім вельмі любіў усе рамансы Глінкі,
творы Агінскага, Маснэ, Вярстоўскага, .Даргамыжскага, народныя песні.”[2]
Аб глыбіні ведаў у галіне музыкі і аб музычнай эрудыцыі М.Багдановіча сведчаць
яго рэцэнзіі на “Музычны слоўнік ” Ю.Энгеля, на часопіс “Музычны сучаснік”,
заўвагі крытычнага характару ў артыкуле “Об интересном мнении г.Глебова”.
Узгадаем ізноў і артыкул “Забыты шлях”, дзе раскрываецца роля народнай песні
для тагачаснай паэзіі Беларусі.Нават сам гукавы склад беларускай мовы
настройваў паэта на музычнасць і напеўнасць, што выявілася на розных узроўнях
яго твораў: ад гукапісу і алітэрацый, тонкіх мелодыка-рытмічных малюнкаў да
прамога выкарыстання ў загалоўках твораў слоў, так ці інакш звязаных з музыкай
(“Малюнкі і спевы”, “Раманс”, “Маёвая песня”і іншыя).Не кажучы ўжо пра мноства вершаў, якія сваёй
мелодыкай нагадваюць розныя музычныя жанры (раманс, накцюрн, рандо і інш.). У
1910 г. М.Багдановіч напісаў верш “Маёвая песня”, эпіграфам да якога ўзяў радкі
з верша П.Верлена “Мастацтва паэзіі”. Значыць, з творчасцю французскага паэта
ён быў знаёмы яшчэ да таго, як перакладаў яго вершы ў 1912-1913.гг., адкуль
можна рабіць выснову усё ж аб пэўных уплывах прынцыпаў П.Верлена на творчасць
М.Багдановіча.“Музыкі перш за ўсё”, - гэты радок не проста эпіграф да
арыгінальнага верша, а праява аднаго з сутнасных пачаткаў паэзіі
М.Багдановіча.Даследчык У.Конан надаваў асаблівую ўвагу сінтэзу мастацтваў у
творах М.Багдановіча. Да слоў М.Піятуховіча з артыкула “М.Багдановіч як
паэт-імпрэсіяніст”[3]
У.Конан дадае, што “следам за схільнымі да імпрэсіянізму заходнееўрапейскімі і
рускімі творцамі паэт шырока выкарыстоўваў выяўленчыя сродкі музыкі і жывапісу”[4].
У.Конан сведчыў і аб цыклічнай структуры лірыкі М.Багдановіча, якая нагадвае
класічную санатную форму. Але, аналізуючы кампазіцыю “Вянка” той жа У.Конан
нідзе не ўпамінае раздзел “З чужой глебы”, дзе змешчаны і пераклады “З
П.Верлена”, і з іншых аўтараў , і які меўся быцьчацвёртым, заключным у
зборніку.Калі правесці аналогіі між музычнай формай і пабудовай (аўтарскай)
“Вянка”, то відавочным становіцца месцапалажэнне перакладаў ў ім. Яны – 4-я
частка класічнай сімфанічнай формы, г.зн. фінал, пасля якога ёсць яшчэ і кода –
пераклады з іншых аўтараў.Раней мы згадвалі ўжо пра пэўны парадак твораў унутры
раздзела “З П.Верлена”, а зараз спынімся больш падрабязна на аналізе такога
размяшчэння вершаў.
Можна
дапусціць, што ніякай логікі ў запланаваным парадку следавання перакладаў не
існуе. Але гэта не зусім стасуецца са свядомай праграмнасцю творчасці
М.Багдановіча, з яго прынцыпамі дакладнасці, вымеранасці, некаторай датошнасці
ў паэтычнай, а тым больш у перакладчыцкай творчасці. Напрыклад, крытыкам ён прапаноўваў
метад “падбору мастацкіх фактаў, іх сістэматызацыі і падлікаў…”[5],
чым мы і зоймемся далей. Мы маем справу з уключанасцю перакладаў у
некалькіўзроўневы кантэкст магчымай музычнай формы.Супаставіўшы запланаваны
перакладчыкам парадак размяшчэння твораў і адпаведна асноўныя рытмастваральныя
кампаненты кожнага з перакладаў, атрымліваем пэўны рытмічны малюнак усяго
раздзела (Гл.с.28.Малюнак .)
Абапіраючыся
на дадзеныя даследаванняў Ралько І. па метрыцы твораў М.Багдановіча[6](перакладаў
у тым ліку), мэтазгодна прасачыць, як змяняецца рытм ад верша да верша, і што
стварае рытмічны кантэкст раздзела ў цэлым, дзе рытм разумеецца ужо як
суразмернасць яго частак прапарцыянальна іх значнасці.
З
дапамогай гэтай дыяграмы мы можам наглядна прасачыць за пераменай рытму, які
ствараецца шляхам вар’іравання вершаваных памераў перакладзеных твораў. Асноўны
рытм складаецца з колькасці націскных складоў у радках вершаў, а складовая
даўжыня гэтых жа радкоў стварае мелодыку і тэмп. Паколькі перастварэнні М.
Багдановіча былі першым вопытам паэтычнага перакладу з французскай сілабікі на
беларускую сілаба-тоніку, то выкарыстанне таго ці іншага вершаванага памера ў
кожным выпадку было праявай спалучэння
вопыту блізкага рускага вершаскладання з уласнай паэтычнай інтуіцыяй і вялікай
доляй духу творчасці беларускага паэта. Трэба зрабіць агаворку, што рытм самой
беларускай мовы больш плаўны (паскладовае лічэнне) у параўнанні з рускім
паскораным вымаўленнем паводле патактавага яго лічэння.Рускі націск сілавы, ён
моцна рэдуцыруе ўсе галосныя, апрача націскнога, сцягваючы слова ў адзін
вымаўляльны такт. Беларускі ж націск характарызуецца даўжынёй
(квантытатыўнасцю) з моцным абертонавым раскочваннем па ўсім складовым прасцягу
слова. У французскай мове славесны націск слабы, ён, рытмічны, у маўленні падае
на апошні склад рытмічнай групы. Таму часта М. Багдановіч ствараў свае
асаблівыя варыянты перадачы французскіх вершаў сродкамі роднай мовы, якія не
супадалі з традыцыйным ці нетрадыцыйным спосабамі ў рускім вершаскладанні. Мы
прапаноўваем ўжываць наступны тэрмін у тэорыі перакладу - “рытміка-метрычны
арэол”, які ствараецца ў верша - арыгінала
вершамі-перакладамі на розныя мовы.
Чаму тэрмін двайны? Таму што ў метрычных сістэмах вершаскладання магчымы
і тое, і другое яго выяўленне, а ў дысметрычных сістэмах размова пойдзе толькі
пра першую яго частку. За час існавання перакладаемага верша яго рытміка-
метрычны арэол пашыраецца, і існуе пэўная залежнасць між яго шырынёй і
значнасцю, вядомасцю арыгінала ў свеце. Калі браць творы П. Верлена, то нават
на пачатку ХХст. арэол гэты быў досыць шырокі,
і павялічваемы ён наступнымі
пакаленнямі творцаў аж да нашага часу. Заўважым , што па асаблівасці яго
праяўлення сродкамі беларускай мовы ў выкананні М. Багдановіча ён набыў як бы
ядро, у параўнанні з якім можна ацэньваць іншыя яго складнікі. Тым больш, што
М. Багдановіч стварае закончаны цыкл перакладаў, які мае свой унутраны рух
рытма пры самавартасным рытмічным малюнку кожнага з вершаў. Такім чынам
пераклады М.Багдановіча, нават у моцнапашыраным да канца ХХст рытміка-метрычным
арэоле арыгіналаў, займаюць цэнтральнае месца.Па дыяграмах з малюнка на с. 29 (малюнак не мае пакуль належнага фармату, таму будзе змешчаны пазней - (аўтарская заўвага)) можна наглядна прасачыць, наколькі блізка стараўся М. Багдановіч падыйсці да
перадачы колькасці складоў арыгінальных вершаў Верлена. Кожнае з адступленняў можна вытлумачыць пры
далейшым разглядзе рытма перакладаў з іх сэнсавым напаўненнем. Відавочныя неадпаведнасці ў 1, 3, 15 перакладах
цыкла ў дачыненні да першатвораў. Затое сам раздзел “З П. Верлена” пачынаецца і заканчваецца
творамі з адной і той жа колькасцю націскаў у радку (6). Можна гаварыць аб
цыклічнасці структуры дадзенага раздзела, аб яго падзеленасці і знітаванасці.
Па параўнанню дзвюх дыяграм: колькасці націскаў у радку і адпаведнай агульнай
колькасці складоў у радку перакладу бачна, што адносіны значэнняў прыкладна
роўныя на працягу цыкла, затое мяняецца тэмп ўнутры цыкла.Бачныя некалькі
частак дыяграмы, якія аддзелены адна ад другой крайнімі верхнімі або ніжнімі
пунктамі. З 1 па 6, з 6 па 9, з 9 па 12,
з 12 па 15, з 15 па 22. Кожная з частак мае свае асаблівасці з пункту погляду
змены рытма ўнутры цыкла ў цэлым. Што датычыць выкарыстання вершаваных памераў
у перакладах, то перавагу М. Багдановіч аддае ямбу рознай стопнасці (14
вершаў). Асобна стаяць лагаэды, дзе перакладчык спалучае ямб з харэем і амфібрахій
з анапестам (2 вершы), а таксама вершы на аснове аднаго памера, але з рознай
колькасцю складоў у радках (3 і 10 па парадку вершы).Усё гэта разнастаіць
асноўны рух рытма, надае яму спецыфіку ў кожным асобным выпадку. Вымалёўваецца выразная рытмічная структура,
што дае падставу гаварыць аб прадуманасці, завершаснаці цыкла перакладаў
(агаворымся,
што заключны, 22-гі верш, прымыкае да апошніх чатырох вершаў, напісаных
шасцістопным цэзураваным ямбам) і блізкасці па яго унутранай будове да сімфанічнай
сюіты.
Узгадаем
імпрэсіяністаў (К. Дэбюсі, М. Равэля), для якіх характэрны гэты жанр творчасці.
Асаблівая ўвага імі надавалася сюітам з перакладаннямі(!) п’ес іншых
кампазітараў (літаратурная аналогія – пераклады з П. Верлена).
Сюіта
ў перакладзе з французскай мовы азначае “паслядоўнасць”,
“рад”. Гэта - “шматчастковы цыкл з
самастойных, кантрасных п’ес са свабодай у колькасці і наяўнасцю праграмнай
задумы”[7]. Кантраснасць твораў – відавочная, пра што сведчаць крайнія
пункты дыяграм. А аб самастойнасці і агульнай ідэі перакладу гаворка пойдзе
ніжэй.
Не
забудземся, што прадмет нашага даследавання – паэзія, а рытм, хоць і галоўны
фарміруючы пачатак усялякага верша, хоць і збліжае паэзію з музыкай, усё ж не
адзіная характарыстыка паэтычнага твора.
Раздзел перакладаў у цэлым тэматычна таксама разбіваецца на часткі.
Вылучаюцца: першы верш – своеасаблівы ўступ да ўсяго цыкла, галоўная частка,
дзе чаргуюцца вершы прысвечаныя каханню, вершы з урбаністычнай тэмай, вершы –
пейзажы і так званыя “пейзажы душы”. Асобна стаіць верш “Млоснасць”, які па
абагуленасці зместу і вобразаў апраўдвае месца заключнага.
“Самастойнасць”
асобных вершаў у раздзеле падкрэсліваецца і наяўнасцю ў кожным з іх
характэрнага “голасу”, часам нагадваючага гук музычнага інструмента: (срэбраны
голас звона, скрыпак стогн, песня дажджа, спеў ласкавы, спеў пабедны, гук
раяля, гул акіяну, шэпт, звон лютняў, гул шынкоў, рып колаў, - няпоўны пералік
яўных гукавых эфектаў, не кажучы ўжо пра асаблівы гукапіс кожнага з
перакладаў). Гэта пацвярджае думку аб прынцыпе сімфанізму, які характэрны і для
ўласных твораў М. Багдановіча і для
твораў П. Верлена. Галоўная ж задума гэтага цыкла раскрываецца ў першым і
апошнім перакладах ў раздзеле.
Пераклад
дае магчымасць перакладчыку сказаць тое, што ён хоча, але ад імя як быццам
таго, чые вершы ён перастварае. Магчыма, ён не можа ці не хоча з-за пэўных знешніх або ўнутраных прычын гаварыць тое ж ад свайго імя. А магчыма, гэта -
простая літаратурная гульня паэта, упэўненага ў сваіх сілах. Ілюстрацыяй да вышэйсказанага
можа стаць наступнае прачытанне вобразаў з першага верша. Перад намі карціна
перанараджэння, пераўвасаблення паэта, ачышчэння чалавечай душы шляхам
далучэння да Сутнасці. Апісанне крызіснага стану душы і выйсця з яго. Апошні верш звязаны з першым, бо ў ім
паказаны ізноў жа крызісны стан душы паэта, названы М. Багдановічам
па-беларуску “млоснасць”. Верш поўны расчаравання ад ўсёзведанасці, песімізму,
безвыходнасці. Зробім акцэнт на двух вобразах, не цэнтральных, але важных для
расшыфроўкі задумы перакладаў з П. Верлена. Вобраз “маскі” з першага верша і
вобраз блазна “Баціла” з апошняга. Пад маскай іншага паэта М. Багдановіч падае
магчымы варыянт успрыняцця свету, але падобна блазну Батылу ён як бы іранізуе
над чытачом, не даючы апошняму адчуць яўную мяжу між аўтарскім і перакладчыцкім
“я”, у той жа час абагульняе пераклады пад назву “З чужой глебы”,
г.зн. прама ўказвае не на сваё, хаця, магчыма і блізкае па духу
светаўспрыняцце.
Важна,
што апошні верш прадугледжвае працяг (нават, па рытмічнаму малюнку), але паэт –
перакладчык пакідае нас на самай трагічнай ноце расповеду, паказаўшы ў першым
вершы шляхі выйсця і такім чынам ставячы
чытача перад выбарам паміж выйсцем і безвыходнасцю, не падштурхоўваючы ні ў я
кім разе ні да першага, ні да другога.
Такім
чынам, адбываецца творчае перастварэнне матэрыялу французскага аўтара пры
патрапленні яго ў кантэкст творчасці М. Багдановіча і ў цэлым айчыннай паэзіі
пачатку ХХ-га стагоддзя. Наступным крокам
будзе даследаванне (філалагічны аналіз) кожнага з перакладаў.Асобнага
разгляду патрабуюць і першы, і апошні вершы-пераклады цыкла, які мы вызначылі як цэласную структурную адзінку.
[1] Шлях паэта.-Мн.,1975.-С.12
[2] Там жа .-С.84
[3] Піятуховіч М. М.Багдановіч
–імпрэсіяніст// Полымя.1923.№7-8.-С.93
[4] Конан У.Святло паэзіі іцені жыцця:Лірыка
М.Багдановіча.-Мн.,1991.-С.30
[5] Багдановіч М. Поўны збор
твораў:У 3 т.-Мн.,1991-1995.Т.2.-С.422
[6] Ралько І.Вершаскладанне:
Даследаванні і матэрыялы.-Мн.,1977.-С.89-91
[7] Музыкальный энциклопедический
словарь.-М., 1990.-С.529.
1 комментарий:
у дзень 14 лютага - з Любоўю да літаратурнай спадчыны
Отправить комментарий