воскресенье, 8 февраля 2015 г.

ЭПІЛОГ QUO VADIS? Г.Сенкевіч (пераклад з польскай мовы на беларускую мову)

Спачатку бунт гальскіх легіенаў на чале з Віндэксам не здаваўся надта пагрозлівым. Цэзар пражываў толькі трыццаць першы год жыцця, і ніхто не асмельваўся спадзявацца, што свет павінен стаць ужо вольным ад здані, якая яго душыла.
Успаміналі, што сярод легіенаў ужо неаднойчы, яшчэ пры былых імператарах, адбываліся хваляванні, якія праходзілі не цягнучы за сабой змены ўлады. Так пры Тыберыі Друсу супакоіў бунт панонскіх легіенаў, а Германікус – надрэнскіх. “Хто б дарэчы, - казалі людзі, - мог прыняць пасля Нярона ўладу, калі ўсе нашчадкі боскага Аўгуста загінулі па яго ж загаду?” Іншыя, пазіраючы на Калосы, у вобразах якіх цэзар прадставаў як Геркулес, міжволі ўяўлялі сабе, што ніякая сіла такой моцнасці не пераадолее. Былі і такія, хто ад часу, як ен выехаў ў Ахаю, сумавалі па ім, бо Геліус і Палітэт, якім ен пакінуў кіраванне Рымам і Італіяй, кіравалі яшчэ больш крывава, чым ен.
Ніхто не быў упэўнены ў жыцці і сваім маентку. Закон перастаў абараняць. Згасла годнасць людская і цнота, паразвязваліся вузлы сямейныя, а змізарнелыя сэрцы баяліся быць адкрытымі нават надзеі. З Грэцыі даходзіла рэха аб нечуваных трыумфах цэзара, аб тысячах вянцоў, якія ен здабыў, і тысячах паплечнікаў, якіх ен перамог. Свет здаваўся адной оргіяй, крывавай і блазанскай, але разам з тым шырылася такое меркаванне, што прыйшоў канец цноце, значным рэчам, што прыйшоў час танцаў, музыкі, распусты, крыві і што ад гэтага часу так жыцце і павінна ісці. Сам цэзар, якому бунт адчыняў дарогу для новых пакаранняў, не вельмі хваляваўся аб бунце легіенаў і Віндэкса, і нават часта выказваў сваю радасць наконт гэтага. З Ахаі не хацеў ад’язджаць і толькі калі Геліус давеў да яго, што далейшы ход бунту можа прывесці да страты краіны, рушыў да Неапаліса. Там ізноў іграў і спяваў, прапускаючы міма вушэй звесткі аб усе больш пагрозлівым ходзе здарэнняў. Безвынікова Тыгелін тлумачыў яму, што былыя бунты легіенаў былі без кіраўніка, цяпер жа на чале іх стаіць годны муж з белых каралеў аквітанскага паходжання і пры гэтым слаўны і дасведчаны воін. “Тут, - адказаў Нярон, - слухаюць мяне грэкі, якія адзіныя толькі і ўмеюць слухаць і адзіныя толькі годныя майго спеву.” Ен гаварыў, што першы яго абавязак – гэта мастацтва і слава. Але калі нарэшце да яго дайшла звестка, што Віндэкс абвясціў яго дрэнным артыстам, сарваўся і выехаў у Рым. Раны, якія ен атрымаў ад Пятронія, і якія загаіў побыт у Грэцыі, адкрыліся ў яго сэрцы наноў і ен хацеў у сената шукаць справядлівасці за такую нечуваную крыўду.
Па дарозе ен убачыў скульптурную групу, адлітую з бронзы: воіна-гала, пераможанага рымскім рыцарам, - і палічыў гэта за добрае прадказанне і ад гэтага часу, калі ен успамінаў пра ўзбунтаваныя легіены і Віндэкса, то таму толькі, каб з іх панасміхаца. Уязджаў ен у горад так, што пераўзышоў усе, што дасюль бачылі. Ехаў на тым самым возе, на якім некалі Аўгуст адбываў трыумф.Нават разбурылі адну арку ў цырку, каб адкрыць уваход працэсіі. Сенат, воіны і незлічоныя натоўпы людзей выйшлі яго сустрэць. Сцены дрыжалі ад воклічаў: “Вітаем, Аўгуст! Вітаем, Геркулес! Вітаем, боскі, адзіны, алімпійскі, бессмяротны!” За ім неслі здабытыя вянцы, назвы гарадоў, у якіх ен трыумфаваў і выпісаныя на табліцах імены майстроў, якіх ен перамог. Нярон сам быў задаволены і пытаў з узрушэннем акаляючых яго аўгустыянаў, чым быў трыумф Цэзара ў параўнанні з яго трыумфам? Думка, каб хто-небудзь са смяротных пасмеў узняць руку на такога майстра-паўбога, не змяшчалася ў яго галаве. Ен адчуваў сябе сапраўды алімпійцам і ад гэтага бяспечным. Запал і шаленства натоўпаў абуджалі яго ўласны шал. Як магло падацца ў дзень гэтага трыумфа, што не толькі цэзар і горад, але і ўвесь свет страціў розум.
Пад кветкамі і стосамі вянцоў ніхто не бачыў бездані. Аднак яшчэ ў той жа вечар калоны і муры храмаў пакрыліся надпісамі, у якіх выкрываліся злачынствы імператара, дзе яму пагражалі блізкай смерцю і высмейвалі яго, як артыста. З вуснаў у вусны пераходзіў выраз: “Спяваў датуль, пакуль пеўняў не абудзіў!” Трывожныя звесткі пачалі разносіцца па горадзе і раслі да небывалых памераў. Непакой ахапіў аўгустыянаў. Людзі у няўпэўнасці, што пакажа будучае, не смелі выказваць жаданняў, надзей, не смелі амаль чуць і думаць!
Ен жа жыў далей толькі тэатрам і музыкай. Яго займалі вынайдзеныя новыя музычныя інструменты і новы водны арган, на якім спрабавалі іграць на Палатыне. У здзяцінелым і няздольным да адной хаця б парады ці дзеяння розуме ен уяўляў сабе, што намеры да прадстаўленняў і відовішчаў, якія далека сягаюць у будучыню, адвернуць тым самым небяспеку. Найбліжэйшыя асобы бачылі, што замест таго, каб знаходзіць сродкі і войскі, ен намагаецца адно толькі трапна выказаць пагрозу, таму пачалі страчваць розум. Іншыя ж думалі, што ен толькі заглушае сябе і іншых цытатамі, а ў душы яго жывуць трывога і непакой. Усе ж учынкі яго сталі ліхаманкавыя. Штодзень тысячы намераў праносіліся праз яго розум. Хвілінамі ен парываўся збегчы ад небяспекі, загадваў пакаваць на вазы цытры і лютні, узбройваць маладых нявольніц, як амазонак, а разам з тым падцягваць легіены з Усходу. Часам ен зноў думаў, што не вайной, а спевам скончыць бунт гальскіх легіенаў. І душа яго радавалася ад такога відовішча, якое павінна было адбыцца пасля аб’яднання песняй воінаў. Вось легіянеры абкружаюць яго са слязьмі на вачах, а ен заспявае ім эпініцый, пасля якога залаты век пачнецца для яго і для Рыма. Часам ен зноў жадаў кровапраліцця, часам сведчыў, што спыніцца на панаванні ў Егіпце, успамінаў варажбітоў, якія прадказвалі яму панаванне ў Іерусаліме ці расчульваўся ад думкі, што як вандроўны спявак ен будзе зарабляць на хлеб, а гарады і краіны будуць шанаваць яго не як імператара, гаспадара зямнога свету, а як песняра, якога дасюль не чуў род людскі.
І так ен кідаўся, шалеў, іграў, спяваў, змяняў намеры, цытаты, свае жыцце і жыцце свету ў нейкі недарэчны сон, фантастычны і страшны, у крыклівую звадку, якая складалася з пустых выразаў, дрэнных вершаў, стогнаў, слез крыві, а ў гэты час хмара на Захадзе расла і мацнела з кожным днем. Мера была перабраная, блазнаватая камедыя павінна была скончыцца. Калі звесткі аб Гальбе і далучэнні Іспаніі да бунту дайшлі да яго вушэй, ен стаў злосны і шалены. Паразбіваў чары, перавярнуў стол на піры і аддаў загады, якіх ні Геліус , ні сам Тыгелін не маглі выканаць. Пазабіваць усіх галаў, якія жывуць у Рыме, пасля падпаліць яшчэ раз горад, выпусціць жывел з арэнарыяў, а сталіцу перанесці ў Александрыю, - і гэта ўсе падалося яму вялікай справай, годнай здзіўлення і легкай разам з тым. Але ўжо дні яго ўсемагутнасці прайшлі, і нават паплечнікі па былых злачынствах пачалі на яго пазіраць, як на вар’ята.
Смерць Віндэкса і няўзгодненасць узбунтаваных легіенаў здавалася зноў пераважвалі шалі на яго бок. Ужо новыя піры, новыя трыумфы і новыя прысуды былі абвешчаны ў Рыме, калі аднойчы ўночы з атраду прэтарыянцаў прыбыў пасланец з весткай, што ў самім горадзе салдаты ўзнялі сцяг бунту і абвясцілі Гальбу імператарам.
Цэзар спаў у гэту хвіліну, але прачнуўся і дарэмна клікаў стражнікаў-целаахоўнікаў, якія не спалі начамі ля дзвярэй яго пакояў. У палацы было ўжо пуста. Толькі нявольнікі рабавалі ў далейшых закутках, што можна было забраць. Але яго выгляд напужаў іх, ен жа блукаў самотна па доме, напаўняючы яго крыкам трывогі і роспачы.
Нарэшце яго вызваленцы Фаон, Спірус і Эпафрадыт прыйшлі яму на дапамогу. Яны хацелі, каб ен уцякаў, кажучы, што ен не мае зусім часу, але усе яшчэ чакаў. А калі б прыбраны ў жалобнае адзенне звярнуўся да сенату, наўжо б сенат адмовіў слязам і пакаянню? Калі б ен ужыў усе мастацтва красамоўства і акторскія здольнасці, дык хіба хто-небудзь у свеце здолеў бы яму адмовіць? Ці не далі б яму хаця б прэфектуру ў Егіпце? А яны прывыклі да ўсхваленняў і не смелі проста яму запярэчыць, толькі засцераглі, што пакуль ен здолее дайсці да Форума, люд раздзярэ яго на часткі, і пагражалі, што калі ен зараз жа не сядзе на каня, то яны яго пакінуць таксама. Фаон ахвяраваў яму схованку на сваей віле, якая была за Наментанскай брамай. Праз хвіліну яны селі на коней і, абкрыўшы галовы плашчамі, паімчаліся да ускраін горада. Ноч ужо мінала. Аднак на вуліцах панаваў рух, які гаварыў аб надзвычайнасці моманту. Салдаты то па аднаму, то малымі групкамі рассейваліся па горадзе. Недалека ад лагера конь імператара скочыў раптам убок ад выгляду трупа. У гэты час плашч ссунуўся з галавы вершніка, і салдат, які ў гэты ж момант ехаў побач, пазнаў імператара, але спужаны неспадзяваным спатканнем, аддаў яму вайсковы паклон. Праязджаючы каля лагера прэтарыянцаў, яны пачулі вокрыкі ў гонар Гальбы. Нярон нарэшце зразумеў, што набліжаецца гадзіна смерці. Яго апанаваў жах і пакуты ад апошняга сумлення. Ен казаў, што бачыць перад сабой цемру накшталт цемнай хмары, а з яе выхіляюцца да яго твары, у якіх ен пазнае маці, жонку, брата. Зубы яго стукалі ад страху, аднак яго камедыянцкая душа знаходзіла нібы нейкае прадказанне ў страшную хвіліну. Быць усемагутным валадаром зямлі і страціць ўсе здавалася яму вяршыняй трагедыі. І верны сабе, ен іграў у ей першую ролю да канца. Яго ахапіла ліхаманка цытавання і жаданне, каб прысутныя запомнілі гэтыя цытаты для нашчадкаў.
Часам ен гаварыў, што хоча памерці і клікаў Спікулуса, які забіваў лепш за астатніх гладыятараў. Часам крычаў: “Маці, жонка, бацька на смерць мяне клічуць!” Пробліскі надзеі абуджаліся ў ім час ад часу, годныя і дзіцячыя. Ен ведаў, што ідзе паміраць і не верыў у гэта. Наментанская брама была адчынена. Едучы далей, яны мінулі Астрыянум, дзе прапаведаваў і хрысціў Петр. На світанні яны былі на віле Фаона. Там вызваленцы ўжо не хавалі ад яго, што час паміраць, таму ен загадаў капаць для сябе дол і лег на зямлю, каб маглі дакладна яго памераць. Але ад выгляду выкідваемай з яміны зямлі апанаваў яго страх. Тлусты твар збялеў, а на ілбе, нібы кроплі ранішняй расы, з’явіліся кроплі поту. Пачаў хітраваць. Дрыжачым і акцерскім голасам ен паведаміў, што час яшчэ не прыйшоў, пасля зноў пачаў цытаваць. У канцы ен прасіў, каб яго спалілі.”Які артыст гіне!” – паўтараў ен нібы са здзіўленнем. У гэты час прыбыў пасланец Фаона з данясеннем, што сенат вынес ужо прысуд, і што парысіда павінен быць пакараны паводле былога звычая.
-          Які гэта звычай? – спытаў збялелымі вуснамі Нярон
-          Шыю тваю возьмуць у вілы і заб’юць цябе да смерці, а цела выкінуць у Тыбр, - адказаў з’едліва Эпафрадыт.
Цэзар жа раскрыў плашч на грудзях:
-          І значыць час прыйшоў! – сказаў ен, паглядзеўшы на неба. І яшчэ раз паўтарыў: “Які артыст гіне!”
У гэту хвіліну раздаўся тупат коней. Гэта цэнтурыен на чале салдат прыбываў па галаву Вогнебародага.
-           Спяшайся! – закрычалі вызваленцы
Нярон прыклаў нож да шыі, але калоў сябе баязліва далонню і відаць было, што ніколі не асмеліцца заглыбіць вастрые. У гэты час неспадзявана Эпафрадыт падапхнуў яго руку, і нож прайшоў  аж праз усю шыю, а вочы вылезлі наверх, страшныя, вялікія, спужаныя.
-          Я прынес табе жыцце! – закрычаў уваходзячы цэнтурыен.
-          Надта позна, адказаў хрыплым голасам Нярон. Пасля дадаў: - Гэта факт!
У імгненне вока смерць пачала абдымаць яго за галаву. Кроў з тоўстага карку пырскала чорным струменем на садовыя кветкі, а ногі яго пачалі капаць зямлю – і ен сканаў.
Верная Акта абкрыла яго назаўтра каштоўнымі тканінамі і спаліла на стосе з пахамі.
І так мінуў Нярон, як мінае віхура, бура, пажар, вайна ці мор, а базіліка Пятра пануе дасюль з Ватыканскіх вышынь гораду і свету.

Побач з былой Капенскай брамай узносіцца цяпер невялікая каплічка з крыху зацёртым надпісам : “Quo vadis, Domine?”

1 комментарий:

Natallia Supei комментирует...


Ад аўтара перакладу:
пераклад быў выкананы ў 2002-2006 гг.
Перапрашаю за тое, што адразу не пазначыла імя Генрыка Сенкевіча - аўтара арыгінальнага твору.Спадзяюся, ён бы мне дараваў і не палічыў бы гэта знявагай, бо хто ж не ведае сапраўднага аўтара "QUO VADIS?"

Отправить комментарий