воскресенье, 1 февраля 2015 г.

Раздзел 36 QUO VADIS? Г. Сенкевіч

Раздзел ХХХVI

Вядома было ў Рыме, што Цэзар хоча наведаць па дарозе Остый, а хутчэй найбольшы карабель у свеце, які нядаўна прывёз збожжа з Александрыі, адтуль жа прыбярэжнай дарогай падацца ў Анцый.Загады былі ўжо аддадзены некалькі дзен таму, таму зранку каля Порта Астыентыс збіраліся натоўпы мясцовай галоты ўсіх народаў свету, каб здаволіць вочы выглядам імператарскага паходу, на які рымскі плебс ніколі не мог дастаткова наглядзецца.Да Анцыя дарога не была цяжкая і доўгая, у самім жа горадзе, які складалі прыгожыя палацы і вілы, можна было знайсці ўсё, чаго патрабавала выгода і нават самы патрабавальны тагачасны дастатак. Аднак імператар меў звычку забіраць з сабой у дарогу ўсялякія рэчы, якія любіў: ад музычных інструментаў і хатніх рэчаў да статуй і мазаік, якія складалі нават тады, калі ен хацеў толькі на кароткі час затрымацца па дарозе ці то для адпачынку, ці то для сілкавання.Па гэтай прычыне з ім былі ў кожным падарожжы цэлыя атрады слуг, не лічачы прэтарыянцаў і аўгустыянаў, з якіх кожны меў асобных нявольнікаў.
Рана-рана ў гэты дзень пастухі з Кампаніі з казінымі скурамі на нагах і з тварамі, абпаленымі сонцам, правялі праз браму пяцьсот асліц, каб Папея паслязаўтра, пасля прыбыцця ў Анцый, магла, як звычайна, выкупацца ў іх малацэ.Народ са смехам і з задавальненнем пазіраў, як калышуцца сярод клубоў пылу доўгія вушы статку і з радасцю слухаў посвіст пуг ці дзікія вокрыкі пастухоў.Пасля праходу  асліц хлапчукі кінуліся на дарогу і старанна яе прыбралі, потым пасыпалі кветкамі і ігліцай піній. У натоўпах паўтаралася з пэўным пачуццем гордасці, што ўся дарога аж да Анцыя павінна быць пасыпаная кветкамі, якія сабралі з прыватных садоў з ваколіцы, і нават закупілі за вялікія грошы у перакупшчыц ля Порта Мугіоніс. Па меры таго, як сплывалі гадзіны рання, натоўп павялічваўся з кожнай хвілінай. Некаторыя папрыводзілі цэлыя сем’і, і каб час не цягнуўся вельмі доўга, раскладвалі спажыўныя запасы на каменнях, прызначаных для новага храма Цэрэры і сілкаваліся пад чыстым небам. Дзе-нідзе стварыліся групкі, дзе рэй вадзілі бывалыя. Расказвалі аб будучых падарожжах Цэзара, аб краінах, пра якія чулі ў час далекіх вандровак і куды дасюль яшчэ не трапляла нага рымляніна. Гараджане, якія не былі ніколі ў жыцці далей, чым на Віа Апіа, слухалі з цікаўнасцю аб цудах Індыі і Аравіі, аб архіпелагах, што абкружаюць Брытанію, дзе на адным востраве Брырарый звязаў соннага Сатурна і дзе жылі духі, аб краінах гіпербарэйскіх, аб морах, аб шыпенні і рыку, якія стваралі воды Акіяну ў момант, калі сонца заходзіла і паглыблялася ў водную бездань. Хутка яны знаходзілі веру сярод галоты.  У падобных звестках, у якія верылі такія нават людзі, як Пліній і Тацыт, гаварылася таксама аб тым горадзе, які меў намер наведаць Цэзар, што вязуць туды пшаніцы на два гады, не лічачы чатырохсот суправаджальнікаў, столькі ж заложнікаў і мноства дзікіх жывел, якіх бралі на сікаванне падчас летніх забаў. Аб’ядноўвала усё гэта агульная прыхільнасць да імператара, які не толькі карміў, але і забаўляў люд. Таму рыхтаваліся да прывітання, поўнага запалу.
У гэты час і паказаўся атрад нумідыйскіх наезнікаў, якія належалі да войск прэтарыянцаў. Яны былі апранутыя ў жоўтае адзенне з чырвонымі паясамі і ў іх былі вялікія завушніцы, якія кідалі залаты водбліск на іх цёмныя твары. Вастрыі іх бамбукавых дзідаў паблісквалі на сонцы агеньчыкамі.Пасля іх пачаўся ход, падобны да шэсця. Натоўпы ціснуліся бліжэй, каб лягчэй прыглядацца, але падыйшлі атрады пешых прэтарыянцаў, сталі уздоўж дарогі па адным і па другім баках брамы, баронячы падыходы да дарогі. Спачатку ехалі вазы з пурпуровымі шатрамі, чырвонымі і фіялетавымі, шатрамі з белага, як снег, бысу, прашытага залатымі ніткамі, і ўсходнія дываны і цытрусавыя сталы, і фрагменты мазаік, і кухонныя рэчы, і клеткі з птушкамі з Усходу, Поўдня і Захаду, з якіх мазгі ці языкі павінны былі ісці ў стравы да стала імператара, і амфары з віном, і кашалі з садавінай.Але рэчы, якіх не хацелі аддаваць на магчымую згубу на вазах, неслі пешыя нявольнікі.Былі бачныя сотні людзей, якія неслі посуд і статуэткі з карынфскай медзі, бачныя былі асобныя этрускія вазы, асобна грэцкія, асобна посуд залаты, срэбны ці шкляны з александрыйскага шкла.Іх абкружалі малыя групкі прэтарыянцаў, пешых і конных, за кожным атрадам нявольнікаў сачылі наглядчыкі, узброеныя пугамі, якія мелі волава і жалеза замест бразготак.Паход, які складаўся з людзей, што неслі з увагай і асцярожнасцю розныя рэчы, выглядаў, як нейкае ўрачыстае рэлігійнае шэсце, і падабенства было больш выразнае, калі пачалі несці музычныя інструменты з двара імператара.Там былі арфы, лютні грэцкія, лютні яўрэйскія і егіпецкія, ліры, фармінгі, цытры, пішчалкі, доўгія выгнутыя буцыны і цымбалы.Гледзячы на гэта мора інструментаў, якія блішчалі на сонцы золатам, бронзай, дарагімі камянямі і перламі, можна было палічыць, што Апалон ці Бахус выбраліся ў падарожжа па свеце. Пасля чаго з’явіліся славутыя карукі, поўныя танцораў і танцорак, якія былі маляўніча згрупаваныя, з тырсамі ў руках.За імі ехалі нявольнікі не для паслуг, а для ўцехі: юнакі і дзяўчаткі, выбраныя з усей Грэцыі і малой Азіі, доўгавалосыя ці з завітымі валасамі пад залатымі сеткамі, падобныя да амураў з цудоўнымі тварамі, але яны цалкам былі пакрытыя слоем тоўстым касметыкі з-за боязі, каб іх далікатная скура не абпалілася вятрамі Кампаніі.
Далей ізноў ішоў прэтарыянскі аддзел вялізных сікамбраў, барадатых, светла- і рудавалосых ды блакітнавокіх.Перад імі харунжыя, якія зваліся імагінарыі, неслі рымскіх арлоў, табліцы з надпісамі, статуэткі германскіх і рымскіх багоў і нарэшце статуэткі і бюсты імператара. З-пад скур і шчытоў салдат бачныя былі загарэлыя плечы, моцныя,як ваенныя махіны, здольныя валодаць цяжкай зброяй, якой былі ўзброеныя гэтага кшталту стражы.Здавалася, што зямля ўгіналася пад іх роўным, мерным крокам, яны ж усведамлялі сваю моц, якую маглі ўжыць супраць самога імператара, пазіралі звысоку на вулічную чэрнь, забываючы відавочна, што шмат з іх прыйшло ў гэты горад у ланцугах. Але было іх няшмат, галоўныя прэтарыянскія сілы заставаліся ў атрадах на месцы, каб наглядаць за горадам і трымаць яго ў руках. Калі яны прайшлі, павялі тыграў і львоў Нярона, каб як яму прыйдзе ахвота пабыць Дыянісам, то было чым запрэгчы паходныя вазы.Іх вялі індусы і арабы на сталевых ланцугах, але так паабвіваных кветкамі, што ланцугі здаваліся сплеценымі з адных кветак. Прыручаныя беглымі бестыярыямі жывелы паглядалі на натоўпы сваімі зяленымі, нібыта соннымі вачыма, часам ўзнімаючы вялізныя галовы, уцягвалі чалавечыя пахі, аблізваючы колкімі языкамі свае пашчы.
Ішлі яшчэ вазы імператара і паланкіны большыя і меншыя, залатыя ці пурпуровыя, выкладзеныя слановай косцю, перламі ці граючы бляскам каштоўнасцей на сонцы, за імі зноў невялікі атрад прэтарыянцаў у рымскіх даспехах, які складаўся з адных італійскіх салдат-паляўнічых, зноў натоўпы вытанчаных слуг нявольнікаў і хлапчукоў, а нарэшце ехаў сам імператар, аб набліжэнні якога здалек абвяшчаў крык натоўпаў.
У натоўпе знаходзіўся і Апостал Пётр, які раз у жыцці захацеў убачыць імператара.З ім была Лігія, твар якой быў закрыты непразрыстай тканінай, і Урс, сіла якога была самай пэўнай апекай ім сярод гэтага натоўпу. Лігіец узяў у руку адзін з камянеў, прызначаных для будавння храму і прынес Апосталу, каб той стаў на яго і так мог лепш бачыць, што адбываецца.
Люд загаманіў, калі Урс расштурхоўваў яго, як карабель хвалі, калі ж адзін узняў камень, які ўчатырох наймацнейшыя не здолелі б зрушыць, гоман змяніўся на здзіўленыя воклічы.”Мактэ”, - раздалося навокал.
Але ў гэты час пад’ехаў Цэзар.Ен сядзеў на возе накшталт шатра, які цягнулі шэсць белых ідумейскіх ограў, падкаваных золатам.Воз меў выгляд шатра з адкрытымі наўмысна бакамі, каб народ мог яго бачыць.Магло б там змясціцца некалькі чалавек, але Нярон хацеў, каб увага канцэнтравалася толькі на ім і ехаў праз увесь горад адзін, маючы ля ног толькі двух карлікаў. Апрануты ен быў у белую туніку і аметыставую тогу, якая кідала сіняваты водбліск на яго аблічча.На галаве ў яго быў лаўравы вянец. Ад часу выезду да Неапаліса ен значна патаўсцеў:.твар расплыўся, пад ніжняй сківіцай звешваўся падвойны падбародак, ад чаго яго вусны і так пасаджаныя блізка да носа, цяпер здавалася выразанымі тут жа, пад ноздрамі. Тоўстую шыю ен абвязваў, як звычайна, ядвабнай хустачкай,якую штохвіліны папраўляў пухлай і белай рукой, якая была пакрыта рудаватымі валасамі, нібы крывавымі плямамі, і якіх не дазваляў знішчаць эпілятарам, калі яму сказалі, што гэта выклікае трымценне пальцаў і перашкаджае іграць на лютні. Бяздонная пустата малявалася, як звычайна, на яго твары, у спалучэнні са стомленасцю і нудой.Увогуле гэта быў твар страшны і блазанскі. Едучы, ен варочаў галавой па абодва бакі, прыплюшчваў на хвіліну вочы і слухаў, як яго вітаюць.Віталі ж яго бурай апладысментаў і вокрыкамі: вітаем , боскі, Цэзар, імператар, вітаем, перамоганосны, вітаем, непараўнальны сын Апалона, Апалон! Слухаючы гэтыя словы, ен усміхаўся, але хвілінамі па твары праносілася нібы хмара, бо рымскі народ быў пераменлівы і ўпэўнены ад сваей колькасці, таму дазваляў сабе і пакпіць у адносінах нават да вялікіх трыумфатараў, тых, якіх па-сапраўднаму любіў і шанаваў.
Вядома ж было, што калісьці крычалі перад ўездам Юлія Цэзара ў Рым:”Грамадзяне, хавайце жонак, бо едзе бес з лысінай!” але самалюбства Нярона не выносіла найменшых ганьбаў ці кпінаў, а ў гэты час у натоўпе сярод ухвальных вокрыкаў былі і такія: “Меднабароды! Меднабароды! Куды ты вязеш сваю вогненную бараду.Ці можа баішся, што Рым ад яе запалае?” І тыя, хто так крычаў, не ведалі, што іх жарты крыюць у сабе страшнае прароцтва.Дарэчы імператара не вельмі гневалі падобныя галасы, тым больш што бараду не насіў, бо яшчэ раней ахвяраваў яе ў залатым куфэрку Юпітэру капіталійскаму.Але іншыя, схаваныя за стосамі камення і каля зруба храма крычалі: “Матрысіда! Няро! Арэст! Алкмяон!” а іншыя:” Дзе Актавія? Аддай пурпур!” На Папею, якая ехала ўслед за ім крычалі: “ Флава кома!”, і для яе гэтыя словы азначалі вулічную дзеўку. Чуйнае вуха Нярона выхоплівала і такія вокрыкі, і тады ен падносіў да вока свой адпаліраваны смарагд, нібы хацеў бачыць і запомніць тых, хто іх прамовіў. Так погляд яго затрымаўся на  Апостале, які стаяў на каменю.З хвіліну гэтыя два чалавекі пазіралі адзін на аднаго, нікому ж ні з гэтага вялікага  зборышча, ні з тых незлічоных натоўпаў не прыйшло на думку, што  пазіраюць у гэту хвіліну два валадары зямлі, з якіх адзін міне хутка, як крывавы сон, а другі, гэты стары, апрануты ў простую лацэрну, забярэ ў вечнае валоданне горад і свет.
Тымчасам Цэзар праехаў, а за ім восем афраў пранеслі прыгожы палантын, дзе сядзела ненавісная народу Папея.Апранутая, як і Нярон,  у адзенне аметыставага колеру, з тоўстым слоем касметыкі на твары, нерухомая, задумлівая і абыякавая, выглядала, як нейкае баство - злое і прыгожае, якое неслі, як на рэлігійным шэсці. За ей цягнуўся зноў увесь двор мужчын і жанчын слуг і шэрагі вазоў з прынадамі для выгод і строяў.Сонца ўжо сыходзіла з поўдня, калі пачаўся праезд аўгустыян – карагод багаты, міргатлівы, зменлівы, як луска змяі, і бясконцы.Лянівы Пятроній, якога добразычліва віталі натоўпы, загадаў несці сябе і сваю падобную да багіні нявольніцу ў паланкіне. Тыгелін ехаў у каруцы, якую цягнулі маленькія коні, упрыгожаныя белым і пурпуровым пер’ем. Яго бачылі, як ен уставаў з возу, выцягваў шыю і выглядаў, ці сапраўды імператар падае знак, каб ен перасеў да яго.Сярод іншых натоўпы віталі Ліцніянуса Пізона, смехам – Вітэлія, свістам – Ватынія, ад выгляду Ліцынія і Леканія, консулаў, былі абыякавыя, але Тулій Сенецыен, якога любілі невядома за што, таксама як і Вестынус, атрымалі прывітанне народу.Двор быў незлічоны. Здавалася, што ўсе, хто есць багацейшыя ці больш знакамітыя ў Рыме, эмігруюць у Анцый.Нярон ніколі не падарожнічаў інакш, чым з тысячамі вазоў, а яго суправаджала столькі асоб, што іх лічба перавышала лічбу жаўнераў у легіене. Пазіралі і на Даміцыя Афра і на састарэлага Луцыя Сатурна, бачылі Веспасіяна, які не мог яшчэ адправіцца ў свае падарожжа ў Іудзею, адкуль вярнуўся толькі па карону імператара, і яго сыноў, і маладога Нерву, І Лукана, і Анія Галона і Квінтыянуса і мноства жанчын, вядомых багаццем, прыгажосцю, дастаткам і распустай.Вочы натоўпу пераносіліся са знаемых твараў на вупраж, вазы, коней, дзівосныя строі слуг, якія былі з усіх народаў свету.У гэтай раскошы і велічы невядома было, на што пазіраць, і не толькі вочы, але і думкі залівала ад гэтага залатога бляску, барваў пурпуры і фіялету, ад зіхацення каштоўных каменнняў, ад полыскаў бісеру, перлаў, слановай косці.Здавалася, што самі сонечныя промні рассейваюцца ў гэткай бездані святла.І хоць сярод натоўпаў хапала жабракоў з упалымі жыватамі і галодным бляскам у вачах, усе ж выгляд гэтага ўсяго запальваў іх не толькі ахвотай жыць і зайздрасцю, але разам з тым напаўняў задавальненнем і пэўнай гордасцю, даючы адчуванне сілы і вечнасці Рыма, на якія абапіраўся і перад якімі кленчыў увесь свет.І ў свеце не было нікога, хто мог бы падумаць, што гэта сіла не перажыве ўсе вякі, усе народы і нібы штосьці на зямлі можа ей супрацьстаяць.
Вініцый ехаў у канцы паходу і калі ўбачыў Апостала і Лігію, якую не спадзяваўся ўбачыць, выскачыў з возу і павітаў іх з прамяністым тварам, загаварыў хутка, як чалавек, у якога няма часу на марнае:
-          Ты прыйшла? Я не ведаю, як табе падзякаваць, о, Лігія! Бог не мог паслаць мне лепшага прадвесця.Я вітаю цябе яшчэ раз, развітваюся, але не надоўга.Па дарозе я расстаўлю партыйскіх коней і кожны вольны дзень буду побач, пакуль не выпрашу сабе зварот.Будзь здарова!
-          Будзь здаровы, Марк! – адказала Лігія і дадала: - Няхай цябе вядзе Хрыстос і адкрые душу тваю словам Паўла.
Ен жа узрадаваўся ў сэрцы, што яна перажывае, каб хутчэй стаў хрысціянінам, і адказаў:- Ocelle mi!Няхай будзе так, як ты кажаш.Павел хоча ехаць сярод іншых маіх людзей, але ен са мной і будзе мне настаўнікам і таварышам... Адкрый заслону, радасць мая, каб я яшчэ раз убачыў цябе перад дарогай.Чаму ты так закрыла твар?
Яна рукой узняла заслону і паказала свой светлы твар і цудоўныя вочы, што ўсміхаліся, пытаючыся:
-Гэта дрэнна?
І ўсмешка яе была трохі дзіцячая, але Вініцый, пазіраючы на яе з захапленнем адказазаў:
-Дрэнна толькі для маіх вачэй, якія няхай бы да смерці пазіралі на цябе адзіную.Пасля ен звярнуўся да Урса:
_ урс, пільнуй яе як зрэнку вока, бо гэта не толькі твая , але і мая – доміна!
Сказаўшы гэта, схапіў яе руку і прыціснуўся да яе вуснамі да вялікага здзіўлення натоўпу, які не мог зразумець азнакі такой павагі з боку багатага аўгустыяніна да дзяўчыны, апранутай у простае, амаль нявольніцкае адзенне.
-          Бывай...
Пасля ен хутка аддаліўся, калі ўвесь імператарскі паход пасунуўся значна наперад.Апостал Пётр перахрысціў яго ўслед непрыкметна знакам крыжа, а добры Урс пачаў адразу яго славіць, радасны, што маладая гаспадыня слухае ўважліва і пазірае на яго з удзячнасцю.
Паход аддаляўся і засланяўся клубамі залатога пылу, але яны яшчэ доўга пазіралі ўслед яму, пакуль не наблізіўся да іх Дэмас-млынар, той самы, у якога працаваў начамі Урс.Ен пацалаваў руку Апостала і прасіў яго вельмі, каб прыйшлі да яго на абед, бо дом яго блізка ад Эмпрыума, яны ж пэўна галодныя і стомленыя, бо правялі большую частку дня ля брамы.
Яны пайшлі разам адпачыць і падсілкавацца ў яго доме і толькі пад вечар вярталіся на Затыбра.Маючы намер перайсці раку праз мост Эмілія, яны ішлі праз Клівус Публікус, па Авентынскаму пагорку паміж храмаў Дыяны і Меркурыя.Апостал Пётр глядзеў з вышыні на акаляючыя і на аддаленыя будынкі і паглыбіўся ў маўчанне, разважаў над велічнасцю і ўладай гэтага горада, куды ен прыйшоў прапаведаваць Слова Божае.Да гэтага часу ен бачыў толькі рымскае панаванне і легіены ў розных краінах, дзе вандраваў, але былі гэта нібы адзінкавыя складнікі гэтай сілы, увасабленне якой у постаці імператара ен ўбачыў сення ўпершыню.Гэты горад бязмерны, драпежны і хцівы і разам з тым стомлены, гнілы да мозга касцей і непарушны у сваей нечалавечай сіле, гэты імператар, братазабойца, маці- і жонказабойца, за якім цягнуўся не меншы чым яго двор, паход крывавых зданей, гэты распуснік і блазан, начэльнік трох дзесяткаў легіенаў, а праз іх – усей зямлі, гэтыя дваране, ўкрытыя золатам і пурпурам, якія няўпэўнены ў заўтрашнім дні і ў якіх ўлада большая, чым у каралёў – усе гэта разам здалося яму пякельным царствам зла і беззаконня.І ен здзівіўся ў  простай сваей душы, як Бог можа даваць такую незвычайную усемагутнасць шатану і як можа аддаваць яму зямлю, каб яе мясіў, перакручваў, таптаў, выціскаў слезы і кроў, віхурыў як віхор, разбураў, як бура, паліў, як полымя. А ад гэтых думак затрывожылася яго апостальскае сэрца, і ен пачаў гаварыць з Настаўнікам:”Божа, што я зраблю ў гэтым горадзе, куды ты мяне паслаў? Яго моры і суша, яго звяры на зямлі і ў вадзе, яго іншыя царствы і гарады, і трыццаць легіенаў, якія яго сцерагуць, а я, Гасподзь, я рыбак з возера! Што я зраблю? І як перамагу яго злосць?”
Так гаворачы ен узносіў сваю сівую дрыжачую галаву, молячыся і клічучы з глыбінь сэрца свайго боскага Настаўніка, поўны смутку і трывогі.Але малітву яго перапыніў голас Лігіі:
-          увесь горад нібы ў агні...
І сапраўды сонца заходзіла ў гэты дзень дзіўна.Яго вялізны дыск знік ужо да паловы за янікульскім пагоркам, увесь жа прастор неба напоўніўся чырвоным бляскам.З месца, на якім яны стаялі, іх позірк ахопліваў значную прастору.Вось направа яны бачылі , як цягнуцца муры Цыркус Максімус, над імі некалькіпавярховыя палацы Палатыну, а проста перад сабой, за Форумам Баарыум і Велябрум, дах Капітолія з храмам Юпітэра.Але муры, калоны і дахі храмаў былі нібы заліты гэтым бляскам золата і пурпуры.Бачныя здалек часткі ракі плылі нібы з крывею і па меры таго, як садзілася за пагорак, бляск рабіўся усе больш чырвоным, падобным да зарыва пажару, узмацняўся і пашыраўся аж пакуль нарэшце не ахапіў сем пагоркаў, з якіх здавалася, сплываў на ўсе наваколле.
- горад увесь як у агні... – паўтарыла Лігія.
А Петр прыкрыў вочы рукой і сказаў:

- гнеў божы на ім.

Комментариев нет:

Отправить комментарий