воскресенье, 1 февраля 2015 г.

Раздзел 26 QUO VADIS? Г. Сенкевіч

Раздзел ХХVI

Назаўтра ён прачнуўся  аслабелы, але з цвярозым розумам і без гарачкі. Яму падалося, што прабудзіў яго шэпт размовы, але калі расплюшчыў вочы, Лігіі каля яго не было, быў толькі Урс.Нахіліўшыся перад камінам, ён разграбаў шэры попел і шукаў пад ім жар, а калі знайшоў, то пачаў дзьмухаць на вуголле так, нібы рабіў гэта не вуснамі, а як найменш кавальскім мехам.Вініцый успомніў, што гэты чалавек учора забіў Кратона, аглядаў як сапраўдны аматар арэны яго магутны хрыбет, падобны да хрыбта цыклопа і моцныя, як калоны, ногі. Дзякуй Меркурыю, што не скруціў мне шыю, падумаў ён. Клянуся Палуксам! Калі іншыя лігійцы падобныя да яго, то ў данубійскіх легіенаў можа быць калі-небудзь з імі цяжкая справа.Уголас жа ен абазваўся:
-         Гэй, нявольнік!
Урс узняў твар і амаль прыязна усміхнуўся:
= Дай табе Божа, шаноўны, добрага дня і добрага здароўя, але я – чалавек вольны, а не нявольнік.
У Вініцыя, якому было ахвота распытаць Урса пра родны край Лігіі, гэтыя словы выклікалі станоўчыя эмоцыі, бо размова з вольным чалавекам, хаця і простым, прыносіць меншую знявагу яго годнасці рымляніна і патрыцыя, чым размова з нявольнікам, у каторым ні законы, ні звычаі не выяўлялі чалавечую істоту.
- Гэта азначае, што ты не належыш Аўлам? – спытаў ён.
- Так, шаноўны. Я служу Каліне, як служыў яе маці, але па добрай волі. Тут ен ізноў схаваў галаву у камін, каб раздзьмухаць вуголле, на якое накідаў дроў, пасля чаго, як закончыў справу, то прамовіў:
- У нас няма нявольнікаў.
Тады Вініцый спытаў:
-         А дзе Лігія?
-         Толькі што выйшла, а мне патрэбна табе , шаноўны, зварыць снеданне. Яна сядзела ля цябе ўсю ноч.
-         Чаму ты яе не змяніў?
-         Бо яна так хацела, а мая справа – слухаць.
Тут вочы яго запарушыліся, а праз хвіліну дадаў:
-         Калі б яе не слухаў, то ты быў бы ўжо нежывы...
-         Ты шкадуеш, што не забіў мяне?
-         Не, шаноўны, Хрыстос не казаў забіваць.
-         А Атацын? А Кратон?
-         Я не мог з імі інакш, -буркатнуў Урс.
 І пачаў пазіраць нібы з жалем на свае рукі, якія відавочна засталіся паганскімі, нягледзячы, што душа прыняла хрышчэнне.Потым ён паставіў гаршчэчак на под і сеў перад камінам, скіраваўшы задумлівы позірк на полымя.
- Гэта твая віна, шаноўны, - нарэшце прамовіў ен.- Навошта ты падняў руку на яе , дачку караля?
У Вініцыя ў першую хвіліну ўнутры ўсе ўскіпела ад думкі, што просталюдзін і варвар пасмеў не толькі гаварыць з ім так па-простаму, але яшчэ і абвінавачваць яго. Да гэтых надзвычайных рэчаў і непраўдападобных, якія напаткалі яго ў мінулую ноч, дадалася яшчэ адна. Але будучы аслабелым і без сваіх нявольнікаў пад рукой ён супакоіўся, бо ахвота  даведацца пра якія-небудзь падрабязнасці  з жыцця Лігіі перамагла.
Толькі супакоіўшыся, ен пачаў распытваць пра вайну лігійцаў супраць Ванія і Свебаў.Урс з ахвотай распавядаў, хаця і не мог дадаць шмат новага да таго, што Вініцыю  ў свой час расказаў Аўл Плаўцій. Урс у бітве не ўдзельнічаў, бо суправаджаў заложніц у лагер Атэлія Гістра.Ведаў толькі, што лігійцы пабілі Свебаў і язігаў, але ваявода іх і кароль палёг ад стралы язіга.Потым дайшлі да іх звесткі, што Семнаны запалілі лясы на іх межах, і ен хутка вярнуўся, каб адпомсціць за крыўду, а заложніцы засталіся ў Атэлія, які спачатку загадаў адносіцца да іх з каралеўскай пашанай. Пазней маці Лігіі памерла.Рымскі ваявода не ведаў, што рабіць з дзіцем. Урс хацеў вяртацца з ёй назад, але дарога была небяспечнай з-за жывел і дзікіх пляменаў.Калі ж прыйшла звестка, што нейкія пасланцы ад лігійцаў ёсць у Пампонія, і дапамагаюць яму супрацьстаяць Маркаманам, Гістр адаслаў іх да Пампонія.Прыбыўшы да таго, яны даведаліся, што ніякіх лігійцаў там не было – і так яны засталіся ў лагеры, адкуль Пампоній прывёз іх у Рым, а пасля святкавання трыумфа аддаў каралеўскае дзіця Пампоніі Грэцыне.
Вініцый, якому толькі дробязі былі дасюль невядомыя, слухаў усё роўна з прыемнасцю, бо яго непамерную гордасць роду улагоджвала тое, што сапраўдны сведка пацвярджаў каралеўскае паходжанне Лігіі.Як каралеўская дачка, на магла б заняць у двары імператара становішча, роўнае дачок самых знакамітых фамілій, тым больш што народ, якім кіраваў яе бацька, ніколі не ваяваў з Рымам і паколькі ён быў варварскім, то мог апынуцца пагрозай, бо паводле слоў самога Атэлія Гістра, у ім была незлічоная колькасць воінаў.
Урс дарэчы пацвярджаў цалкам гэта сведчанне, бо на пытанне Вініцыя аб лігійцах адказаў:
-         Мы сядзім у лясах, але зямлі ў нас столькі, што ніхто не ведае, дзе край пушчы, і людзей у ёй шмат. Есць у пушчах і драўляныя гарады, дзе пануе вялікі дастатак,бо што Семнаны, маркаманы, вандалы і квады назбіраюць па свеце, тое мы ў іх адбіраем. Яны ж баяцца на нас нападаць, адно, калі вецер з іх боку, то падпальваюць нам лясы. І мы не  баімся ні іх, ні рымскага імператарра.
-         Богі далі Рыму ўладу над светам – сурова сказаў Вініцый.
-         Богі- гэта злыя духі, - проста адказаў Урс, а дзе няма рымлян, там няма і іх улады.Тут ён паправіў агонь і сказаў нібыта сам сабе:- Калі імператар узяў Каліну у двор, а я думаў, што яе можа напаткаць крыўда, то хацеў ісці аж у лясы і прывесці лігійцаў ёй на дапамогу. І яны б рушылі к Дунаю, бо гэта добры народ, хоць і паганцы.Вось, занёс бы ім “добрую навіну”.Але я і так, як Каліна вернецца да Пампоніі Грэцыны, пакланюся ёй, каб дазволіла мне ісці да іх, бо Хрыстос нарадзіўся далёка ад нас, і яны нават не чулі аб Ім.. Ен ведаў лепш, чым я, дзе яму трэба нарадзіцца, але калі б прыйшоў на свет у нашай пушчы, то пэўна б мы яго не замучылі, а узгадавалі б Дзіцятка і дбалі, каб яму заўседы хапіла і мяса, і грыбоў, і скур бабровых , і бурштыну. А што б мы у свебаў ці маркаманаў здабывалі, тое аддавалі б яму, каб у Яго быў дастатак і выгоды.
Кажучы гэтак, ён прыставіў да агню посуд з паліўкай для Вініцыя і змоўк. Думкі яго відавочна нейкі час сягалі кудысьці ў лігійскія пушчы, аж пакуль вадкасць не пачала кіпець, тады ен выліў яе у плоскую міску і належным чынам пастудзіў, пасля сказаў:
-         глаўк раіць, каб ты як мага менш варушыўся, нават той рукой, якая засталася непашкоджанай, і таму Каліна загадала мне цябе карміць.
Лігія загадала! На гэта ен не меў чаго адказаць. Яму нават не прыйшло на думку працівіцца яе волі, нібы яна была дачкой імператара ці багіняй, таму не адказаў ні слова, Урс жа сеў ля яго ложка і пачаў зачэрпваць паліўку з місы малым кубкам і падаваць яму яго да вуснаў. Ен рабіў гэта так клапатліва і з такой добрай усмешкай у блакітных вачах, што Вініцый не верыў, што гэтакім мог быць той грозны тытан, які ўчора задушыў Кратона і кідаўся на яго самога, як бура, і разнёс бы яго ўшчэнт, калі б не літасць Лігіі. Малады патрыцый першы раз у жыцці задумаўся над тым, што можа адбывацца ў душы просталюдзіна, слугі і варвара.
Але Урс аказаўся настолькі нязграбнай нянькай, наколькі клапатлівай. Кубак хаваўся цалкам у яго геркулесавых пальцах, так што не заставалася края, каб прыкласці яго да вуснаў Вініцыя.Пасля некалькіх няўдалых спроб велікан вельмі расхваляваўся і сказаў:
-         Ох, лягчэй зубра вывесці з пасткі...
Вініцыя забавіла заклапочанасць лігійца, але не менш ўразіла яго ўвага. Ен бачыў у цырках страшэнных “ury” , якіх прыводзілі з паўночных пушчаў і на якіх палявалі найлепшыя бестыярыі, ды і тыя з бояззю, і якія адным толькі сланам саступалі па велічыні і сіле.
-         А ты спрабаваў браць такіх жывел за рогі?- спытаў ён
-         Пакуль мне не споўнілася дваццаць зім, то я пабойваўся, а потым – бывала і такое. І зноў пачаў карміць Вініцыя яшчэ больш нязграбна, чым раней.
-         Я відаць папрашу Мірыям ці Назарыя, - сказаў ён.
Але ў гэты час светлы тварык Лігіі выхіліўся з-за заслоны.
-         я зараз дапамагу, - прамовіла яна.
І прз хвіліну выйшла з кубікулу, дзе відавочна рыхтавалася да сну, бо была апранута толькі ў вузкую туніку, якая называлася ў старажытных капіцыум, і шчыльна аблягала грудзі.Валасы ў яе былі расплеценыя.Вініцый, сэрца якога забілася хутчэй ад яе выгляду, пачаў выгаворваць ёй, што да гэтай пары яна не падумала пра сон, але яна з усмешкай адказала:
-         Якраз хацела гэта зрабіць, але спачатку дапамагу Урсу.
І ўзяўшы кубачак, села на край ложка і пачала карміць Вініцыя, які адчуваў сябе пакорлівым і шчаслівым. Калі яна нахілялася да яго, ён адчуваў цяпло ад яе цела, і яе валасы спадалі яму на грудзі, ён жа бялеў ад хвалявання, але ў тумане і парыве жаданняў усведамляў, што гэта самы дарагі і каханы тварык, у параўнанні з якім увесь свет – нішто. Спачатку ён пажадаў яе, цяпер жа пачынаў кахаць усім сэрцам. Раней, як увогуле ў жыцці, так і ў пачуццях, ён быў, як і ўсе звычайныя людзі, сляпым, безаглядным эгаістам, якому справа была толькі да сябе, цяпер жа яму стала патрэбна яна, Лігія.
Праз хвіліну адмовіўся ад ежы і хаця, гледзячы на яе і ў яе прысутнасці адчуваў нязмерную асалоду, прамовіў:
-         Досыць. Ідзі адпачні, мая боская!
-         Не называй мяне так, - адказала Лігія,  - мне нельга гэтага чуць. 
Аднак усміхалася яму, а потым сказала, што сон яе збег, што ей няцяжка і што не пойдзе на спачынак, пакуль не прыйдзе Глаўк. Ен слухаў яе словы, як музыку, а сэрца поўнілася ўсё большым узрушэннем, усё большым захапленнем, усё большай удзячнасцю, а ў думках шукаў, як бы ёй паказаць гэту ўдзячнасць.
-         Лігія,- сказаў ен праз хвіліну маўчання, - цябе раней не ведаў. Але цяпер ведаю, што хацеў дайсці да цябе памылковай дарогай, цяпер жа кажу табе: вяртайся да Пампоніі Грэцыны і будзь упэўнена, што ад гэтай пары ніхто цябе не кране.Але яе твар раптам стаў сумным.
-         Я была б шчаслівая, калі б хоць здалёк магла яе ўбачыць, але вярнуцца да яе ўжо не магу.
-         Чаму? – спытаў са здзіўленнем Вініцый
-         Мы, хрысціяне, ведаем ад Акты, што робіцца на Палатыне. Ці ты не чуў, што імператар хутка пасля маіх уцёкаў і перад сваім ад’ездам у Неапаліс, паклікаў Аўла і Пампонію, думаючы што яны мне дапамаглі, пагражаў ім сваім гневам. Шчасце, што Аўл мог адказаць: “ Ты ведаеш, боскі, што ніколі мана не злятала з маіх вуснаў.Я прысягаю, што мы ёй не дапамагалі ва ўцёках і што як і ты, не ведаем, што з ёй адбылося”. Імператар паверыў, а потым забыўся пра гэта – я ж па парадзе старэйшых ніколі не пісала да маці, дзе я, каб яна заўсёды магла смела прысягаць, што нічога пра мяне не ведае.Ты можа не зразумееш гэтага, Вініцый, але нам маніць нельга, нават калі б гэта была справа жыцця і смерці.Такое наша вучэнне, да якога мы хочам дастасаваць сэрцы, таму я і не бачыла Пампонію ад часу, як пакінула яе дом, да яе ж час ад часу даходзіла далекае рэха, што я жывая і ў бяспецы.
Тут яе ахапіў сум, бо вочы напоўніліся слязьмі, але хутка яна супакоілася і сказала:
-         я ведаю, што і Пампонія сумуе па мне. Аднак у нас ёсць свае суцяшэнні, якіх няма ў іншых.
-         Так, - адказаў Вініцый, - ваша суцяшэнне – Хрыстос, але я гэтага не разумею.
-         Паглядзі на нас: для нас няма растанняў, болю і пакут, а калі раптам прыйдуць, то зменяцца на радасць. І сама смерць, якая для вас канец жыцця, для нас – толькі яго пачатак і змена шчасця на большае, лепшае, менш спакойнага на спакайнейшае і вечнае.Разваж, якім павінна быць вучэнне, у якім як запавет нам – міласэрнасць нават да ворагаў, забарона маны.Яно ачышчае душы нашы ад злосці і абяцае пасля смерці нечуванае шчасце.
-         Я чуў гэта на Астрыянуме і бачыў, як паступілі са мной і з Хілонам, а калі я  аб гэтым думаю, то мне здаецца, што гэта сон, што ні вушам, ні вачам не павінен верыць.Але ты мне адкажы на іншае пытанне: ты шчаслівая?
-         Так, - адказала Лігія. – Шануючы Хрыста, я не магу быць няшчаснай.
Вініцый зірнуў на яе, нібы тое, што яна казала, перабольшвала меру людскога разумення.
-         І ты не хацела б вярнуцца да Пампоніі?
-         Я хацела б усёй душой і вярнуся, калі такая будзе воля Божая.
-         Дык я і кажу табе : вяртайся, а я табе прысягну сваімі продкамі, што не крану цябе.
Лігія задумалася на хвіліну, пасля адказала: - Не. Я не магу маіх блізкіх падвяргаць небяспецы.Імператар не любіць Плаўціяў. Калі б я  вярнулася – а ты ведаеш, як праз нявольнікаў разыходзіцца кожная звестка па Рыме – то мой зварот стаў бы вядомы ў горадзе і Нярон даведаўся б пра яго ад сваіх нявольнікаў абавязкова. Тады б пакараў Аўлаў, і як найменш, забраў бы мяне зноў ад іх.
-         Так, - сказаў, наморшчыўшы лоб, Вініцый, - гэтак магло б быць. Ён зрабіў бы гэта хаця б таму, каб паказаць, што волі яго павінна быць дастаткова. Праўда, што ен толькі забыўся пра цябе ці можа не хацеў думаць, лічачы, што не яму, а мне стала горш...а можа... Забраў цябе ад Аўлаў...аддаў бы мне, а я вярнуў бы цябе Пампоніі.
-         Але яна сумна спытала:
-         - вініцый, ты хацеў бы бачыць мяне на Палатыне зноў?
Ен жа сціснуў зубы і потым адказаў:
-         Не. Маеш рацыю. Я гаварыў, як неразумны! Не! І раптам ён убачыў перад сабой нібы бясконцую бездань. Ен быў патрыцыем, быў вайсковым трыбунам, быў вядомым чалавекам, але над усімі дабротамі гэтага свету, да якога належаў, стаяў амаль шаленец, ні волі, ні злосці якога немагчыма было прадбачыць. Не лічыцца з ім, не баяцца яго маглі толькі такія людзі, як хрысціяне, для якіх увесь гэты свет, яго растанні, пакуты і смерць нават былі нічым.Усе іншыя павінны былі дрыжаць перад ім. Пагроза часу, у якім яны жылі ўбачылася Вініцыю ва ўсей сваей жахлівасці.
Ен не мог аддаць Лігіі Аўлам з боязі, каб гэта страшыдла не прыгадала яе і не звярнула на яе свой гнеў; па той самай прычыне, калі б ён цяпер узяў яе за жонку, то мог бы наклікаць гора на сябе, яе і Аўлаў. Хвіліны дрэннага настрою хапала, каб загубіць усіх.
Вініцый першы раз у жыцці адчуў, што пэўна свет павінен змяніцца і перанарадзіцца, бо жыцце стане хутка немажлівым.Зразумеў ён і тое, што хвілінай раней для яго было цьмяным, што ў такія часіны адны толькі хрысціяне маглі быць шчаслівыя.
Але раптам ахапіў яго жаль, калі зразумеў тое, што гэта ён сам так заблытаў жыццё сабе і Лігіі, што з гэта блытаніны не было амаль выйсця.
І пад уплывам гэтага жалю пачаў гаварыць?
-         Ці ведаеш ты, што ты шчаслівейшая, чым я? Ты ў беднасці і ў гэтым адным пакоі сярод простых людзей атрымала свае вучэнне і свайго Хрыста, у мяне ж ёсць толькі ты, і калі мне цябе не хапала, я быў, як жабрак, у якога няма ні даху над галавой, ні кавалка хлеба. Ты даражэйшая для мяне, чым увесь свет, я шукаў цябе, бо не мог без цябе жыць. Я не хацеў ні піроў, ні сну. Калі б не надзея, што я цябе знайду, я праткнуў бы сябе мячом. Але баюся смерці, бо тады не змагу бачыць цябе. Я кажу табе шчыра, што не змагу без цябе жыць і дасюль жыў толькі надзеяй, што цябе знайду і ўбачу. Ты памятаеш нашы размовы ў Аўлаў? Аднойчы ты накрэсліла мне рыбу на пяску, а я не зразумеў, што гэта азначае. Памятаеш, як мы гулялі з мячыкам? Я кахаў цябе ўжо тады больш за жыцце, ды і ты пачала здагадвацца, што я цябе кахаю... Прыйшоў Аўл, настрашыў нас Лібітынай і перапыніў нашу размову. Пампонія сказала на развітанне Пятронію, што Бог ёсць адзіны, усемагутны і міласэрны, але нам не прыйшло да галавы, што ваш Бог гэта Хрыстос. Няхай ён мне аддасць цябе, і я яго палюблю, хоць ён здаецца мне Богам нявольнікаў, чужаземцаў і беднаты. Ты сядзіш ля мяне і думаеш толькі пра Яго. Думай і пра мяне, бо інакш я яго ўзненавіджу. Ты адна для мяне баство. Блаславеныя твае бацька і маці і зямля, якая цябе дала. Я хацеў бы абняць твае ногі і маліцца табе. Табе пашаны, ахвяры, паклоны – ты боская трыкроць і ты не ведаеш, ты не можаш ведаць, як я цябе кахаю...
Так кажучы, ен правёў рукой па збялелым ілбе і прыплюшчыў вочы.
Яго натура ніколі не ведала меры ні ў гневе, ні ў каханні. Ен казаў з такім пачуццём, як чалавек, які перастае сабой валодаць і не хоча лічыцца  ні з якой мерай ні ў словах, ні ў дзеяннях. Але гаварыў ад душы і шчыра. Было відаць, што боль, захапленне, жаданне і закаханасць, сабраўшыся ў яго душы, нарэшце выбухнулі нястрымным патокам слоў. Лігіі яго словы падаліся блюзнерствам, але сэрца яе пачало біцца часцей, нібы хацела вырвацца з грудзей, што стрымлівала туніка.
Яна не магла не злітавацца над ім і яго пакутамі. Расхвалявала яе павага, з якой да яе звяртаўся. Адчувала, што яе кахае і абагаўляе без межаў, адчувала, што гэты непахісны і небяспечны чалавек належыць цяпер ёй душой і целам, як нявольнік, і гэта пачуццё, што ен скораны, а значыць яна мацнейшая, напоўніла яе радасцю. Яе успаміны ажылі ў адзін момант. Для яе быў гэта той самы прыгожы, як паганскі бог, Вініцый, які ў доме Аўлаў гаварыў ёй пра каханне і абуджаў нібы з прасоння яе паўдзіцячае на той час сэрца ; той самы, пацалункі якога яна яшчэ адчувала на вуснах і з абдымкаў якога выхапіў яе на Палатыне Урс і нібы вынес з полымя.Толькі цяпер, з захапленнем і болем у выразе арлінага твару, з бледным ілбом і молячымі вачыма, паранены, зламаны каханнем, кахаючы, поўны абагаўлення і пакоры, ен здаўся ей такім, якім яго хацела мець зараз і якога пакахала б усім сэрцам і даражэйшым, чым калі-небудзь.
І раптам яна зразумела, што можа прыйсці хвіліна, калі яго каханне захопіць яе і парве як віхор, а адчуўшы гэта, уявіла тое ж , што і ён: што стаіць на краі бездані.Дык навошта ж яна пакінула дом Аўлаў? Ратавалася уцёкамі? Хавалася столькі часу ў бедных раёнах горада? Хто быў гэты Вініцый? Аўгустыянін, салдат і прыдворны Нярона.Таксама прымаў удзел у яго распусце і шаленствах, як сведчыў той пір, пра які Лігія не магла забыць, хадзіў з іншымі ў храмы і прыносіў ахвяры багам, у якіх можа і не верыў, але аддаваў ім патрэбную пашану. Яе жадаў, каб зрабіць сваей нявольніцай і каханкай ды ўцягнуць яе ў гэты страшны свет лішкаў, раскошы, зла і бясчынстваў, што выклікаюць толькі гнеў і помсту Бога. Але падалося ёй, што ён змяніўся, ды і сам гаварыў ёй, што калі будзе больш думаць аб Хрысце, чым аб ім, то гатовы яго ўзненавідзець. Лігіі здавалася, што сама думка аб іншым каханні, чым любоў да Бога, - ужо грэх супраць Яго і супраць вучэння, калі ж яна заўважыла, што на дне яе душы могуць абудзіцца іншыя пачуцці і жаданні, то ахапіла яе трывога за ўласную будучыню і ўласнае сэрца.
На гэты момант душэўнай нераўнавагі патрапіў Глаўк, які прыйшоў агледзець хворага і спытаць пра яго здароўе. На твары Вініцыя ў імгненне вока адбіўся гнеў і нецярплівасць.Быў злосны, што перапынілі яго размову з Лігіяй, і калі Глаўк пачаў задаваць яму пытанні, адказваў амаль з пагардай. Але хутка разважыў, што калі Лігія сумняваецца, што тое, аб чым ён чуў на Астрыянуме, магло паўплываць на яго натуру, то гэтыя сумненні павінен быў рассеяць. Змяніўся толькі дзеля яе, але пасля гэтага аднаго пачуцця засталося ў яго душы даўняе суровае і самалюбівае, сапраўднае рымскае воўчае сэрца, няздольнае да ўспрыняцця не толькі хрысціянскага вучэння, але нават і ўдзячнасці.

Нарэшце яна выйшла, поўная ўнутранага заклапочання і непакою.Некалі ў малітве ахвяравала Хрысту добрае і чыстае сэрца, як сляза. Цяпер чысціня гэта была забруджана.Унутр кветкі трапіў атрутны павук і пачаў у ёй варушыцца.Нават сон, нягледзячы на дзве недаспаныя ночы, не прынес спакою. Ей снілася, што на Астрыянуме Нярон на чале атрада аўгустыянаў, вакханак, карыбантаў і гладыятараў гняце возам з ружамі грамады хрысціян, а Вініцый хапае яе, усцягвае на квадрыгу і прыціскаючы да грудзей, шэпча: “Хадзем з намі!”

Комментариев нет:

Отправить комментарий