суббота, 7 февраля 2015 г.

Раздзел 73 QUO VADIS? Г.Сенкевіч

Ліст Вініцыя да Пятронія:
“Мы ведаем і тут, дарагі мой, што робіцца ў Рыме, а чаго не ведаем, то нам распавядаюць твае лісты. Калі кінеш камень у ваду, хвалі разыходзяцца ўсе далей і далей навокал, таму такая хваля шаленства і злосці дайшла з Палатыну аж да нас. Па дарозе ў Грэцыю быў сюды адасланы імператарам Карынас, які рабаваў гарады і храмы, каб папоўніць пусты скарб. Цаною поту і чалавечых слез будуецца ў Рыме Домус Аўрэа (Залаты дом). Быць можа, што свет і не бачыў дасюль такога дому, але і крыўд такіх не бачыў. Ты ж ведаеш Карынаса. Падобным да яго быў Хілон, які можа і смерцю нават не выкупіў жыцця. Але да мястэчак, што паблізу нас, яшчэ не дайшлі яго людзі, можа таму, што нічога няма ў іх: ні храмаў, ні багацця. Ты пытаеш, ці мы ў бяспецы. Я адкажу табе толькі, што пра нас забыліся, і няхай табе гэтага будзе дастаткова. Вось у гэту хвіліну з портыку, пад якім я пішу, бачу нашу спакойную затоку, а на ей Урса ў чоўне, які апускае сетку ў светлыя тоні. Жонка мая прадзе чырвоную воўну каля мяне, а ў садзах пад ценем дрэваў міндальных спяваюць нашы нявольнікі. О, што за спакой, мой дарагі, і якое забыцце ранейшых трывог і болю! Але гэта не Паркі, як ты пішаш, прадуць так соладка нітку нашага жыцця, гэта блаславіў нас Хрыстос, любімы намі Бог і Збавіцель! Жаль і слезы ведаем, бо наша Ісціна кажа нам плакаць над нядоляй іншых, але нават і ў гэтых слязах змяшчаецца невядомае вам суцяшэнне, што некалі, калі скончыцца час нашага жыцця, мы сустрэнем усіх нам дарагіх, якія загінулі, і за Боскае вучэнне яшчэ загінуць. Для нас Пётр і Павел не памерлі, а адрадзіліся ў славе. Душы нашы іх бачаць, і калі вочы плачуць, то сэрцы радуюцца іх радасцю. О так, дарагі, мы шчаслівыя ад шчасця, якога нішто не здолее знішчыць, нават смерць, якая для вас есць канцом усяго, а для нас будзе толькі пераходам да большага яшчэ спакою, большай Любові, большай радасці.
І так праходзяць тут дні і месяцы ў яднанні сэрцаў. Слугі нашы і нявольнікі таксама вераць, як і мы, у Хрыста, а ен наказваў любіць, і мы любім усе адзін аднаго. Неаднойчы, калі сонца заходзіць ці месяц блішчыць на вадзе, мы размаўлялі з Лігіяй пра былы час, які цяпер падаецца нам сном, а калі я падумаю, як гэта дарагая галава, якую цяпер штодня я закалыхваю на грудзях, была блізка ад пакуты і пагібелі, то ўсей душой люблю свайго Бога, бо з тых рук ен адзіны мог яе вырваць, выратаваць на арэне і вярнуць мне назаўседы. О Пятроній, ты бачыў, колькі гэта вучэнне дае радасці і трывання нядолі, колькі цярплівасці і адвагі наконт смерці, таму прыедзь, паглядзі, колькі яно дае шчасця ў звычайных, будніх днях жыцця. Людзі, ці бачыш, не ведалі дасюль Бога, якога б можна было любіць, таму і не любілі адно аднаго і ад гэтага ішла іх нядоля, бо як святло ад сонца, так шчасце з любові сыходзіць. Не навучылі іх гэтай праўдзе ні законы, ні філосафы, і не было яе ні ў Грэцыі, ні ў Рыме, а калі я кажу: ні ў Рыме, гэта значыць – на усей зямлі. Сухая і халодная навука стоікаў, да якой схіляюцца людзі дабрачынныя, гартуе сэрцы, як зброю, але робіць іх абыякавымі замест таго, каб рабіць лепшымі. Але навошта я кажу гэта табе, які больш вучыўся, і больш разумее, чым я. Ты ж ведаў Паўла з Тарсу і неаднойчы доўга з ім размаўляў, таму ведаеш найлепш наконт праўды, якую ен прапаведаваў, уся навука вашых філосафаў і рытараў ці не есць мыльнымі бурбалкамі і пустым гукам слоў без сэнсу? Ты памятаеш пытанне, якое ен табе задаў: “ А калі б цэзар быў хрысціянінам, ці не адчувалі б вы сябе ў большай бяспецы, упэўненасці ў прымаемых рашэннях, не трывожыліся б і больш былі б спакойныя за ваша заўтра?” Але ж ты казаў мне, што наша Ісціна не прымае жыцця, а я адказваю табе цяпер, што калі б ад пачатку ліста я паўтараў толькі два словы: “ Я шчаслівы!” – то яшчэ і тады не здолеў бы выразіць свайго шчасця. Ты скажаш мне на гэта, што мае шчасце – гэта Лігія! Так, дарагі! Таму што я люблю яе душу бессмяротную і абое мы любім Хрыста, а ў такой любові няма ні растанняў, ні здрад, ні змяненняў, ні старасці, ні смерці. Бо калі міне маладосць і прыгажосць, калі звянуць нашы целы і прыйдзе смерць, Любоў застанецца, бо застануцца нашы душы. Пакуль вочы мае адкрыліся для святла, я гатовы быў для Лігіі аддаць нават ўласны дом, а цяпер я кажу табе: я не любіў яе, бо любіць толькі Хрыстос мяяне навучыў. У ім крыніца шчасця і спакою. Гэта не я кажу, а сама відавочнасць. Параўнай вашы багацці, ад якіх трывога, вашы задавальненні і няўпэўненасць ў заўтрашнім дні, вашы оргіі, падобныя да пахавальных, з жыццем хрысціян і знойдзеш гатовы адказ. Але каб ты мог лепш параўнаць, прыедзь у нашы горы, дзе пах чабору, у нашы цяністыя гаі з аліў, на нашыя пакрытыя плюшчам берагі. Цябе чакае тут спакой, якога ты даўно не адчуваў, і сэрцы, якія цябе сапраўды любяць. Ты, маючы душу высокую і добрую, павінен быць шчаслівы. Твой хуткі розум здолее распазнаць ісціну, а калі ты яе пазнаеш, то і палюбіш, бо магчыма і можна быць яе ворагам, як цэзар і Тыгелін, але абыякавым да яе быць ніхто не зможа. О мой Пятроній, мы з Лігіяй цешым сябе надзеяй, што хутка цябе ўбачым. Будзь здаровы, шчаслівы і прыязджай!”
Пятроній атрымаў ліст Вініцыя ў Кумэ, куды выехаў з іншымі аўгустыянамі, якія спяшаліся за цэзарам. Шматгадовая яго барацьба з Тыгелінам ішла к канцу. Пятроній ужо ведаў, што павінен у ей загінуць і разумеў прычыны гэтага. Паколькі імператар з кожным днем апускаўся усе ніжэй да ролі камедыянта, блазна і вазніцы,  і па меры таго, як ен тапіўся ў хваравітай, брыдкай і грубай распусце, вытанчаны арбітр элегантарыум станавіўся яму нібы цяжарам. Калі Пятроній маўчаў, то Нярон бачыў ў яго маўчанні ганьбу, нават калі яго хваліў, то бачыў леснасць. Знакаміты патрыцый раздражняў яго самалюбства і абуджаў зайздрасць. Яго багацце і прыгожыя творы мастацтва сталі прадметам пажадлівасці і імператара, і ўсемагутнага міністра. Яго бераглі дасюль толькі для выезду ў Ахаюі, дзе яго густ, яго знаемства з грэцкім светам маглі спатрэбіцца. Але паціху Тыгелін пачаў тлумачыць цэзару, што Карынас пераўзыходзіць і густам, і ведамі Пятронія, і што лепш чым апошні зможа  арганізаваць відовішчы ў Ахаі, а таксама прыёмы і трыумфальныя шэсці. Ад гэтага часу Пятроній быў ужо пэўна загублены. Аднак баяліся паслаць яму прысуд ў Рыме. І цэзар, і Тыгелін прыгадвалі між сабой, што гэты нібы жанкападобны эстэт, які “робіць з ночы дзень”, заняты толькі задавальненнямі, мастацтвам і пірамі,калі быў праконсулам у Абісініі, а потым консулам у сталіцы, паказаў здзіўляючую працаздольнасць і энергію. Яго лічылі здольным да ўсяго, і ведалі, што ў Рыме яго любіць не толькі народ, але і прэтарыянцы. Ніхто з давераных імператара не мог прадбачыць, як у дадзеным выпадку ен патрапіць зрабіць, таму здавалася прыдатнай рэччу выклікаць Пятронія з горада і дабрацца да яго толькі ў правінцыі.
З гэтай нагоды ен атрымаў запрашэнне прыбыць з іншымі аўгустыянамі ў Кумэ. Ен жа, хаця і здагадваўся аб усім, выехаў можа таму, каб не выступіць з відавочнай абаронай, а можа, каб паказаць цэзару яшчэ раз ды і аўгустыянам вяселы, бесклапотны твар і атрымаць апошнюю перадсмяротную перамогу над Тыгелінам.
У гэты час Тыгелін падказаў цэзару яго нібыта прыязнасць да сенатара Сцэвінуса, які быў цэнтральнай фігурай у спісе Пізона.Людзей Пятронія, якія засталіся ў Рыме, арыштавалі, каля дома паставілі стражнікаў-прэтарыянцаў. Але ен, калі даведаўся аб гэтым, не паказаў ні трывогі, ні нават заклапочанасці, і з усмешкай сказаў аўгустыянам, якіх прымаў ва ўласнай прыгожай віле ў Кумэ:
 - Вогнебароды не любіць пытанняў у твар, таму ўбачыце, як ен схамянецца, калі я ў яго запытаю, ці гэта ен загадаў арыштаваць маіх людзей у сталіцы.
Пасля чаго ен абяцаў ім пір “перад далейшым падарожжам” і заняўся прыгатаваннямі да яго, калі і прыйшоў ліст ад Вініцыя.
Пятроній прачытаў яго і крыху задумаўся, аднак праз момант твар яго засвяціўся звыклай ўлагоджанасцю і вечарам гэтага ж дня ен адпісаў наступнае:
“ Я рады вашаму шчасцю і дзіўлюся з вашых сэрцаў, дарагія мае, бо не думаў, што двое закаханых маглі аб кімсьці трэцім і далекім памятаць. Вы ж не толькі не забыліся пра мяне, але і хочаце мяне бачыць на Сіцыліі, каб падзяліцца са мной вашым хлебам і вашым Хрыстом, які, як ты пішаш, так шмат вам дадае шчасця.
Калі так і есць, то шануйце Яго. Я думаю, дарагі мой, што Лігію вярнуў табе крыху і Урс, а крыху – рымскі народ. Калі б цэзар быў іншым чалавекам, я б думаў нават, што забаронены далейшыя праследаванні з-за твайго з ім далекага сваяцтва праз тую ўнучку, якую Тыберый аддаў у свой час аднаму з Вініцыяў. Аднак паколькі ты лічыш, што гэта Хрыстос вярнуў яе, то я не буду спрачацца з табою. Так! Не шкадуйце яму ахвяр! Праметэй таксама прысвяціў сябе людзям, але гэта крыху не тое! Праметэй, падобна, есць толькі выдумка паэтаў, людзі ж пэўныя казалі мне, што Хрыста бачылі на ўласныя вочы. Я разам з вамі думаю, што гэта вельмі паважаны бог.
Пытанне Паўла з Тарсу я памятаю і згаджаюся, што калі б напрыклад Вогнебароды жыў паводле вучэння Хрыста, то можа я і меў бы час прыехаць да вас, на Сіцылію. У гэты час пад ценем дрэў, ля крыніц, мы вялі б гаворку пра ўсіх багоў і пра ўсе Ісціны, як вялі яе некалі грэцкія філосафы. Сення я табе мушу даць кароткі адказ.
Я хацеў бы ведаць толькі двух філосафаў: аднаго клічуць Пізон, другі Анакрэонт. Рэшту я табе магу прадаць вельмі танна разам з усей школай грэцкіх і рымскіх стоікаў. Праўда жыве дзесьці так высока, што самі богі не могуць яе ўбачыць з гары Алімп. Табе, дарагі мой, здаецца, што ваш Алімп яшчэ вышэйшы, і стоячы на ім ты клічаш мяне: “Узыйдзі і ўбачыш такія віды, якіх не бачыў дасюль. Можа быць. Але я табе адкажу: “Сябар мой, у мяне няма ног” І калі ты дачытаеш да канца гэты ліст, то лічу, што прызнаеш, што гэта слушна.
Не! Шчаслівы муж каралеўны- ранішняй зоркі! Ваша вучэнне не для мяне. Што? Я павінен любіць абісінцаў, якія носяць мой паланкін, егіпцян, якія падаграюць ваду ў маіх ваннах, Вогнебародага і Тыгеліна? Прысягаю табе белымі каленамі харытак, што калі б я і хацеў, не змог бы. У Рыме есць не менш чым тысячы людзей, у якіх то крывыя лапаткі, то тоўстыя калены, то худыя лыткі ці круглыя вочы, ці надта вялікія галовы. Ты скажаш мне іх любіць таксама? Дзе я павінен знайсці гэту любоў, калі я не адчуваю яе ў сэрцы? А калі ваш Бог хоча, каб я іх усіх любіў, то чаму сваей усемагутнасцю не даў ім кшталту напрыклад ніябідаў, якіх на Палатыне ты пэўна бачыў? Хто любіць прыгажосць, той таму і не можа любіць брыдкасць.
Іншая рэч – не верыць у нашых багоў, але любіць іх можна, як гэта рабіў Фідыя і Праксытэль, і Мірон, і Скопас, і Лісіп.
Калі б я нават хацеў ісці туды, куды ты мяне вядзеш, дык не магу. І ад таго, што не хачу, то ўдвая не магу. Ты верыш, як Павел з Тарсу, як некалі з другога берага Стыкса, на нейкіх Елісейскіх палях вы ўбачыце вашага Хрыста. Добра! Няхай табе сам тады скажа, ці прыняў бы ен мяне з маімі гемамі, з маей мірэнскай вазай і з выданнямі ад Созіяў і з маей Залатавалосай. Пры такіх думках мне хочацца смяяцца, мой даргі,бо нават і Павел з Тарсу казаў мне, што дзеля Хрыста трэба адрачыся ад вянцоў з руж, ад піроў і раскошы. Папраўдзе іншае шчасце ен мне абяцаў, але я яму адказаў, што на такое я занадта стары., і што ружы заўседы будуць усцешваць мой позірк, а пах фіялак таксама будзе мне заўседы мілейшы, чым смурод ад бруднага “бліжняга” з Субуры. Гэта і есць прычыны, з-за якіх ваша шчасце не для мяне. Але есць апрача гэтага яшчэ адна прычына, якую я табе прыхаваў на канец. Кліча мяне Танатас. Для вас пачынаецца ранне жыцця, а для мяне сонца ўжо зайшло, і цемра абкружае мне галаву. Іншымі словамі, я мушу памерці, дарагі.
Няварта аб гэтым гаварыць доўга. Так павінна было скончыцца. Ты, хто ведае Вогнебародага, з легкасцю гэта зразумееш. Тыгелін мяне перамог, але хутчэй не! Гэта толькі мае перамогі падыйшлі да канца. Я жыў, як хацеў, і памру, як мне падабаецца. Не бярыце гэтага да сэрца. Ніводзін бог не абяцаў мне бессмяротнасці, таму для мяне гэта не неспадзявана. Пры гэтым ты памыляешся, Вініцый, сцвярджаючы, што толькі ваша баство вучыць паміраць спакойна. Не. Свет наш ведаў і перад вамі, што калі апошняя чара выпітая, час адыйсці, спачыць, і ўмець гэта яшчэ зрабіць з прыемнасцю. Платон кажа, што дабрачыннасць есць музыка, а жыцце мудрага – гармонія. Калі так і есць, то я памру, як жыў, цнатліва.
Я хацеў бы развітацца з тваей боскай жонкай словамі, якімі прывітаў яе некалі ў доме Аўлаў: “ Розных-размаітых я нагледзеўся народаў, але роўнай табе я не ведаю.”
Таму калі душа - штосьці большае, чым думае Пірон, то мая заляціць да вас па дарозе на ўскраіны Акіянаса і сядзе ля вашага дому можа матыльком, а можа, як вераць егіпцяне, ястрабам.

Па-іншаму з’явіцца ў вас я не магу. А тымчасам няхай Сіцылія для вас ператворыцца ў сад Гесперыд, няхай палявыя, лясныя і ручайковыя багінькі сыплюць вам кветкі па дарозе, а па ўсіх акантах у калонах вашага дому няхай гняздуюцца белыя галубы.”

Комментариев нет:

Отправить комментарий