Пасля таго, як Флавіі
ўзвялі Калізей, амфітэатры ў Рыме будаваліся пераважна з дрэва, таму амаль усе
і згарэлі падчас пажару. Нярон аднак для таго, каб наладзіць абяцаныя
відовішчы, загадаў узвесці яшчэ некалькі і сярод іх адзін вялізны, на які адразу
пасля патушэння агня пачалі дастаўляць па мору і па Тыбру тоўстыя бярвенні з
дрэваў, ссечаных на склонах Атласу. Паколькі відовішчы сваім размахам і лічбай
ахвяр павінны былі пераўзысці ўсе папярэднія, былі дабудаваныя шырокія
памяшканні для людзей і для жывел. Тысячы рамеснікаў працавалі над будоўляй
ўдзень і ўночы. Будавалі і аздаблялі не шкадуючы сіл. У народзе разыходзіліся
чуткі аб цудоўнай аздобе: аб сценах, выкладзеных бронзай, бурштынам, слановай
косцю, пярлоўцам і панцырамі заморскіх чарапах. Каналы, якія беглі уздоўж
сядзенняў, былі напоўненыя ледзяной вадой з гор, павінны былі ўтрымліваць у
амфітэатры прыемную прахалоду нават у час моцнай спякоты.Вялізны пурпуровы
велярый захоўваў ад сонечных промняў. Паміж радамі сядзенняў былі пастаўлены
кадзільніцы для палення аравійскіх благавонняў.Уверсе змешчаны былі прылады для
поліву гледачоў расой шафрану і вербены.Славутыя дойліды Северус і Цэлер аддалі
ўсе свае веды, каб збудаваць амфітэатр непараўнальнай прыгажосці, і разам з
тым, які мог бы змясціць такую колькасць цікаўных, якой дасюль ні адзін з
вядомых не мог змясціць. Таму ў той дзень, калі павінны былі распачацца
публічныя відовішчы, тлумы людзей чакалі ад світання адкрыцця варотаў, з
любасцю ўслухоўваючыся ў рык ільвоў, галоднае выцце пантэр і скавытанне сабак.
Жывелам не давалі есці ўжо два дні, а ў гэты час падсоўвалі ім кавалкі мяса з
запечанай на іх крывею, каб хутчэй абудзіць у жывел шаленасць і голад. Часам
раздавалася такая бура дзікіх галасін, што людзі, якія стаялі перад цыркам,
гублялі мову, а найбольш уражлівыя бялелі ад страху. Але разам з усходам сонца
загучалі ў глыбіні цырку песні ўзнеслыя, аднак спакойныя, якія слухалі са
здзіўленнм, перадаючы з вуснаў у вусны :
-“Хрысціяне!”,
“Хрысціяне!”.
Паколькі шматлікія іх групы даставілі да амфітэатру
яшчэ ўночы і не з адной турмы, як збіраліся раней, а з усіх патроху.Вядома
было, што відовішчы будуць доўжыцца тыднямі і месяцамі, але гадалі, ці з гэтай
часткай хрысціян, якая была прызначана на сення, здолеюць скончыць на працягу
дня.Галасоў жа мужчын, жанчын, дзяцей, якія спявалі ранішнюю песню, было
настолькі шмат, што знаўцы прытрымліваліся той думкі, што хаця б па сто ці па
дзвесце целаў трэба адпраўляць за адзін раз, бо жывелы стомяцца, наядуцца і да
вечара не паспеюць усіх параздзіраць.Іншыя сцвярджалі, што надта вялікая
колькасць ахвяр, якія выступаюць адначасова на арэне, адрывае ўвагу і не
дазваляе любавацца, як належыць, відовішчам.Паколькі набліжалася хвіліна, калі
павінны былі адчыніць калідоры, што вялі ўнутр, так званыя ваміторыі, люд
ажыўляўся, весяліўся і расказваў пра розныя рэчы, якія тычыліся відовішчаў.
Прымалі той ці іншы погляд у дачыненні да таго, у каго большы спрыт: у ільвоў
ці ў тыграў, калі тыя раздзіраюць людзей. Тут і там ставілі на заклады. Іншыя
ўсе ж гутарылі пра гладыятараў, якія павінны былі выступіць перад хрысціянамі
на арэне, і зноў хтосьці быў на баку самнітаў, а хтосьці – на баку галаў, -
хтосьці – на баку мірмілонаў, хтосьці – за тракаў, хтосьці на баку воінаў з
сеткамі. Ранкам большыя і меншыя іх аддзяленні пад началам ланістаў пачалі
заходзіць у амфітэатр. Яны не хацелі стаміцца дачасна, таму ішлі без зброі,
часта зусім голыя, а то – з зяленымі галінкамі ў руках, уквечаныя, маладыя,
прыгожыя ў ранішнім святле і поўныя жыцця. Іх целы, якія блішчалі ад аліўкавага
масла, моцныя, нібы выцесаныя з мармуру, прыводзілі ў захапленне разгублены ад
размаітых формаў люд, які шмат каго з іх ведаў асабіста, таму штохвілінна
даносіліся вокрыкі:
“Вітаем Рурнія, вітаем Лео, вітаем Максімуса,
вітаем Дыямедаса!”
Дзяўчаты паглядалі
на іх вачамі, поўнымі замілавання, тыя ж выбіралі, дзе якая найпрыгажэйшая і
адзываліся жартамі, нібы іх нішто не засмучала, дасылалі пацалункі ці крычалі :
“Абдымі мяне хутчэй, чым смерць абдыме!” Пасля яны знікалі ў брамах, з якіх
многім з іх ужо не дадзена было выйсці.А новыя ўсе ішлі і ішлі і займалі ізноў
увагу натоўпаў.За гладыятарамі ішлі мастыгафоры, гэта значыць людзі узброеныя пугамі,
абавязаныя лупцаваць і разгарачаць бораючыхся. Потым мулы цягнулі ў бок
спаліярыума цэлыя шэрагі вазоў, на якіх былі паскладаныя стосамі труны. Ад
гэтага люд радаваўся, уяўляючы па іх колькасці аб размху відовішчаў. Пасля ішлі
людзі, якія павінны былі дабіваць параненых.Яны былі апранутыя так, каб кожны з
іх быў падобны да Харона ці да Меркурыя, пасля іх – людзі, якія сачылі за
парадкам у цырку, раздаючы месцы для сядзення, пасля – нявольнікі для
паднясення страў, халодных напояў, і нарэшце ішлі прэтарыянцы, якіх кожны
імператар заўседы трымаў у амфітэатры
пад рукой. Нарэшце адчынілі ваміторыі і тлумы рынуліся ўнутр.Але было так шмат
сабраных, якія падыходзілі і падыходзілі
ўвесь час, што аж дзіўна было, як амфітэатр можа змясціць такую
незлічоную колькасць чэрні. Рыкалі жывелы, якія чулі чалавечы дух і яшчэ больш
звярэлі. Стаяў гул у цырку ад займання месцаў падобна як гудуць хвалі пад час
буры.Нарэшце прыбыў прэфект горада са світай жрацоў, а пасля яго ланцугом
пачалі рухацца паланкіны сенатараў, консулаў, прэтараў, эдылаў, гарадскіх і
палацавых ураднікаў, старшынь прэтарыянцаў, патрыцыяў і жанчын вышэйшага свету.Перад
некаторымі паланкінамі беглі ліктары, якія неслі сякіры сярод пукоў розак, ды
іншыя натоўпы нявольнікаў. Пад сонцам паблісквала пазалота паланкінаў, белыя і
рознакаляровыя адзенні, пер’е, завушніцы, упрыгожванні, сталь сякір. З цырку
даносіліся вокрыкі, якімі люд вітаў вядомых знатных людзей. А вось жрацы ад
розных храмаў прыбылі пазней, і толькі за імі неслі бязгрэшных вясталак, якіх
суправаджалі ліктары.Да пачатку відовішча чакалі ўжо толькі прыбыцця імператара,
які не хацеў трымаць народ у доўгім чаканні і жадаў звярнуць яго ўвагу да сябе,
таму спяшаўся і неўзабаве з’явіўся разам з Аўгустай і аўгустыянамі.Пятроній быў
сярод аўгустыянаў, у адным паланкіне з Вініцыем Той ведаў, што Лігія хворая і
непрытомная, але паколькі ў апошнія дні доступ у турму быў найбольш асцерагаемы
і паколькі ранейшых стражнікаў змянілі новымі, якім нельга было размаўляць з
аховай, роўна як і гаварыць хаця б нязначныя звесткі тым, хто прыходзіў
даведвацца пра вязняў, таму ен не быў упэўнены у тым, што яе няма сярод ахвяр,
асуджаных на смерць у першы дзень відовішча. Для ільвоў яе маглі адаслаць і
хворую ды нават і непрытомную. Але ахвяр павінны былі пераапрануць у скуры
жывелаў і выпускаць цэлымі грамадамі на арэну, так каб ніхто з гледачоў не мог
анікога пазнаць.Ахоўнікі і ўсе слугі амфітэатру былі падкуплены, з бестыярыямі
была дамова, што яны схаваюць Лігію дзе-небудзь у цемным закутку амфітэатру, а
ноччу перададуць яе ў рукі пэўнага вернага чалавека ад Вініцыя, які потым
вывезе яе ў Албанскія горы. Пятроній, пасвечаны ў таямніцу, раіў Вініцыю, каб
той адкрыта ехаў з ім да амфітэатра і толькі на ўваходзе выбраўся з натоўпу і
паспяшаўся да падзем’я, дзе, каб выключыць мажлівыя памылкі, асабіста павінен
быў паказаць стражнікам Лігію.Ахова прапусціла яго праз маленькія дзверы, якімі
карысталіся самі.Адзін з іх, Сірус, правеў яго потым да хрысціян.Па дарозе ен
гаварыў:
- Не ведаю,
высакародны, ці знойдзеш ты тое, што шукаеш.Мы запытваліся пра дзяўчыну, што
завецца Лігія, і ніхто нам не адказаў, але быць можа, нам папросту не
давяраюць.
– Іх там
шмат? – спытаў Вініцый.
– Большасць
застаецца яшчэ на заўтра.
– А хворыя
сярод іх есць?
– Такіх,
што не маглі б трымацца на нагах, няма.
Сказаўшы гэта, Сірус адчыніў дзверы, і яны ўвайшлі
у вялізнае памяшканне з нізкай столлю і цемнае, бо святло прабівалася толькі
праз закратаваныя вакенцы, што выходзілі на арэну. Вініцый спачатку нічога не
бачыў, чуў толькі гул галасоў і вокрыкі народу, што даносіліся з амфітэатру.
Але праз хвіліну, калі вочы абвыкліся ў цемнаце, ен убачыў вялікія грамады
дзіўных істот, падобных да ваўкоў і мядзведзяў.Гэта былі хрысціяне, якіх
паабшывалі скурамі жывелаў. Некаторыя з іх стаялі, іншыя маліліся, стоячы на
каленах. Тут і там па доўгіх валасах паверх скураў можна было здагадацца, што
гэта ахвяры – жанчыны. Маці, падобныя да ваўчыц, насілі на руках такіх жа
“кашлатых” дзяцей.Але пад скурамі былі светлыя твары, вочы ў змроку паблісквалі
ад радаснага святла ці ад ліхаманкі. Відавочна было, што большая частка гэтых
людзей апанавана адной думкай, выключна
незямной, якая яшчэ пры жыцці знячуліла іх да ўсяго, што робіцца навокал і што
іх магло напаткаць.Некаторыя на пытанне Вініцыя аб Лігіі пазіралі на яго так,
нібы прачнуліся толькі што ад сну і не адказвалі яму, іншыя ж усміхаліся,
прыкрываючы вусны пальцамі ці паказваючы на жалезныя краты, праз якія
прабіваліся промні святла. Толькі дзеці
плакалі дзе-нідзе, напужаныя рыкам жывел, выццем сабак, верашчаннем натоўпу і
ад выгляду постацяў уласных бацькоў. Вініцый, ідучы побач з ахоўнікам Сірусам,
заглядаў у твары, шукаў і, распытваючы, хвілінамі натыкаўся на целы тых, якія
памлелі ад духаты, гарачыні і даўкі ды праціскаўся далей углыб цемнага памяшкання, якое
здавалася, было такім шырокім, як цэлы
амфітэатр. Але раптам ен затрымаўся, бо яму падалося, што побач з кратамі
пачуўся нейкі знаемы яму голас. Паслухаўшы яшчэ з хвіліну, ен развярнуўся і
праціснуўся праз тлум, апынуўся бліжэй. Слуп святла падаў на твар таго, хто гаварыў
і ў гэтым святле Вініцый пазнаў пад воўчай скурай схуднелы і няўмольны твар Крыспа.
– Прасіце
прабачэння за грахі вашы, - гаварыў Крысп, - бо вось-вось надыйдзе хвіліна.Але
хто думае, што самой смерцю выкупіць віну, той чыніць новы грэх і будзе
паглынуты вечным полымем.Кожным грахом вашым, што быў учынены за жыцце ваша, вы
ўзнаўлялі пакуты Божыя, думаючы як смецце, што тая смерць, якая вас чакае,
зможа выкупіць Яго смерць? Адной смерцю памром сення грэшныя і бязгрэшныя, але
Бог адрозніць сваіх. Гора вам, бо іклы львоў раздзяруць целы вашы, але не
знішчаць віны вашай і вашага рахунку перад Богам. Ен аказаў шмат міласэрнасці,
калі дазволіў прыбіць сябе да крыжа.і толькі таму будзе суддзей, які ніводнай віны без пакарання не пакіне. Таму
тыя, хто думалі, што пакутаю згладзіце грахі вашы, блюзнерылі супраць справядлівасці
Божай і тым глыбей будуць змешчаны.Скончылася міласэрнасць і прыйшоў час гневу
Божага.І вось праз хвіліну вы прадстанеце перад страшным судом, ад якога толькі
цнота пазбаўлена будзе.Перапрашайце за грахі, бо ўжо адкрыліся пякельныя
бездані і бяда вам, мужы і жанкі, бяда , бацькі і дзеці!
І прасціраючы худыя рукі, трос імі над пахіленымі галовамі, бясстрашны, але і
няўмольны нават перад смерцю, на якую праз хвіліну павінны былі адправіцца ўсе
гэтыя скажоныя. Пасля яго слоў пачуліся галасы:”Перапрашаем за грахі нашы” Пасля
гэтага настала ціша і чуваць было толькі, як плачуць дзеці і як б’юць сябе
некаторыя ў грудзі. У Вініцыя, здавалася, спынялася сэрца. Ен, які ўсю надзею
усклаў на міласэрнасць Хрыста, пачуў цяпер, што надыйшоў дзень Яго гневу і што
міласэрнасці не будзе нават пасля смерці на арэне. У галаве яго пранеслася
папраўдзе светлая і хуткая, нібы бліскавіца, думка, што апостал Петр інакш бы
гаварыў тым, хто павінен памерці, але тым не менш пагрозлівасць і поўныя фанатызму
словы Крыспа і гэтае цемнае памяшканне з кратамі, за якімі было поле пакуты, і
яе блізкасць і тлум ахвяраў, апранутых ужо на смерць, напаўнялі яго душу
вялікім страхам.Усе гэта разам узятае здалося яму страшнейшым і ў сто разоў
горшым за самыя крывавыя бітвы, у якіх ен прымаў удзел. Ад недахопу паветра і
ад гарачыні ен пачаў губляць прытомнасць.Халодны пот выступіў на яго ілбе. Ен
захваляваўся, што самлее, як і тыя, на целы якіх натыкаўся, шукаючы Лігію
ўнутры памяшкання і таму яшчэ падумаў, што праз хвіліну могуць адчыніць краты і
пачаў моцна гукаць Лігію і Урса з надзеяй, што калі не яны , то хто-небудзь
іншы, хто іх ведае, адгукнецца на яго голас. І тады нейкі чалавек, апрануты ў
скуру мядзведзя, пацягнуў яго за тогу і сказаў:
- Высакародны,
яны засталіся ў турме.Мяне апошняга выводзілі, і я бачыў яе хворую.
– Хто ты ?
– спытаў Вініцый. – Я фосар, у хаце якога Апостал хрысціў цябе. Мяне схапілі
тры дні таму, а сення я ўжо памру.
Вініцый глыбока
ўздыхнуў.
– Я бачыў
Апостала за дзень да таго, як трапіў у турму. Ен блаславіў мяне і казаў, што
прыйдзе ў амфітэатр перахрысціць тых, хто будзе гінуць.Я хацеў бы глядзець на
яго ў хвіліну смерці і бачыць знак крыжа, бо ў гэты час лягчэй мне будзе
памерці, таму, калі ты ведаеш, высакародны, дзе ен будзе, то скажы мне.
Вініцый панізіў голас і адказаў:
- Ен сярод
людзей Пятронія, пераапрануты ў нявольніка. Я не ведаю, дзе іх месца, але я
вярнуся ў цырк і ўбачу.Ты пазірай на мяне, калі вы выйдзеце на арэну, я ж
устану і павярну галаву у іх бок. Тады ты яго знойдзеш вачыма.
– Дзякуй
табе, высакародны, і мір табе.
– Нязай
будзе літасцівы да цябе Збавіцель.
– Амінь.
Вініцый
выйшаў з кунікулума і падаўся да амфітэатра, дзе яго было месца побач з
Пятроніем, сярод іншых аўгустыянаў.
– Ну што, ёсць?
– спытаў яго Пятроній.
– Не няма.
Яна засталася ў турме.
– Слухай,
што я яшчэ прыдумаў, але слухаючы, пазірай напрыклад на Нігідыю, каб збоку
здавалася, што мы размаўляем пра яе прыгожа ўкладзеныя валасы... Тыгелін і
Хілон пазіраюць на нас у гэту хвіліну... Таму слухай. Няхай Лігію ноччу
пакладуць у труну і вынесуць з турмы, як памерлую, астатняе разумееш...
– Так, -
адказаў Вініцый.
Далейшую
размову перапыніў ім Тулій Сенецыё, які
нахіліўся да іх і пытаў:
- Вы не
ведаеце, ці дадуць хрысціянам зброю?
– Не
ведаем, - адказаў Пятроній.
– Я хацеў
бы, каб далі, - працягваў Тулій, - інакш арэна вельмі хутка стане падобнай да
бойні.Але што за прыгажосць гэты амфітэатр!
Сапраўды, выглядаў ен раскошна.Ніжэйшыя рады
сядзенняў, запоўненыя тогамі, бялелі, як снег. На вызалачаным подыуме уссядаў
імператар у дыяментавым нашыйным упрыгажэнні і з залатым вянцом на галаве. Каля
яго непараўнальная Аўгуста, па баках – вясталкі, вялікія начэльнікі, сенатары ў
падбітых пурпурам плашчах, вайсковыя старэйшыны ў бліскучым убраннях, словам
усе, што ў Рыме было моцнае, прыгожае і знакамітае ды багатае. У далейшых радах
сядзелі воіны, а яшчэй вышэй чарнела кругам мора людскіх галоў, над якімі ад
слупа да слупа звешваліся гірлянды, звітыя з ружаў, лілей, анемонаў плюшчу і
вінаграду. Люд гучна размаўляў, перагукаўся, спяваў, часам выбухаў смехам над
якім-небудзь дасціпным выразам, які пасля перадаваўся з раду на рад, і тупацеў
ад нецярплівасці, каб наблізіць пачатак відовішча. Нарэшце тупат стаў падобны
да грымотаў і не супыняўся.У гэты час прэфект горада, які раней ужо з бліскучай
світай аб’ехаў арэну, падаў знак хустачкай, пасля чаго ў амфітэатры паўсюдна
загучала: - Ааа.., - што вырвалася з
тысяч грудзей.
Звычайна
відовішча пачынался з ловаў на дзікіх жывел, у якіх цалялі размаітыя варвары з
поўначы і з поўдня, гэтым жа разам жывел павінна было быць аж занадта, таму
пачалося усе з андабатаў, гэта значыць з людзей, якім надзяваліся шлемы без
адтулін для вачэй, таму яны біліся ўсляпую. Некалькі соцен іх выйшлі разам на
арэну і пачалі размахваць мячамі ў паветры. Мастыгафоры з дапамогай доўгіх
вілаў пасоўвалі адных да другіх, каб яны маглі нарэшце сутыкнуцца. Некаторыя
гледачы пазіралі абыякава і з пагардай на такога кшталту відовішчы, але люд у
большасці бавіўся з нязграбных рухаў фехтавальшчыкаў, калі ж траплялася, што
яны дакраналіся спінамі – разносіўся гучны смех і крыкі: “ Направа! Налева!
Наперад!”, што часта наўмысна заблытвала супраціўнікаў. Аднак некалькі пар
счапіліся, і бойка станавілаяс крывавай. Найбольш заўзятыя атлеты кідалі зброю
і, счапіўшыся левымі рукамі, каб ужо болей не разыйсціся, правымі ваявалі
насмерць. Хто падаў, узнімаў пальцы ўверх, тым самым просячы літасці, але на
пачатку відовішчаў люд звычайна дамагаўся смерці параненых, асабліва калі
справа тычылася андабатаў, якія з закрытымі тварамі заставаліся непазнанымі.
Паціху лічба змагароў змяншалася ўсе хутчэй, а калі нарэшце засталіся толькі
два, то іх папіхнулі адзін да аднаго так, што сутыкнуліся і ўпалі абодва на
пясок, закалоўшы адзін аднаго. У гэты час
пад вокрыкі : “Скончана!”, - слугі сцягвалі трупы, а хлапчукі заграбалі
крывавыя плямы на арэне і пацярушвалі яе лісцем шафрану.
Цяпер
павінна была надыйсці бойка больш значная, якая абуджала цікавасць не толькі
чэрні, але і людзей вытанчаных.Пад час яе маладыя патрыцыі рабілі неаднойчы
вялікія заклады, часта прайграючы ўсе дашчэнту. Цяпер жа пачалі пераходзіць з
рук у рукі таблічкі, на якіх выпісвалі імены фаварытаў, а разам з тым і лічбу
сестэрцыяў, якую кожны ставіў на свайго абранца. Спектацы або атлеты, якія ўжо
выступалі на арэне і атрымалі перамогі, набіралі больш балельшчыкаў, але сярод
тых, хто гуляў былі і такія, хто ставіў значныя сумы на новых гладыятараў і
зусім невядомых з той надзеяй, што ў
выпадку іх перамогі атрымаюць вялізны прыбытак.Заклады рабілі і цэзар, і жрацы,
і вясталкі, і воіны, і сенатары, і народ. Прасталюдзіны, калі ім не хапала грошай,
ставілі на заклад уласную вольнасць. Чакалі з сэрцабіццём і нават з трывогай
з’яўлення фехтавальшчыкаў і не адзін ўголас прасіў багоў, каб тыя апекавалі
менавіта ягонаму абранцу.І вось калі пачуліся характэрныя гукі труб, то ў
амфітэатры настала цішыня чакання і тысячы вачэй былі звернуты да вялікіх
засоваў, да якіх набліжаўся чалавек пераапрануты ў адзенне Харона і сярод
агульнага маўчання тры разы ўдарыў па іх молатам, нібы выклікаючы на смерць
тых, хто быў за імі. Пасля гэтага адчыніліся абедзве паловы брамы, паказалася
чорная пашча, з якой пачалі з’яўляцца на светлай арэне гладыятары. Яны ішлі
групамі па дваццаць пяць чалавек: асобна тракійцы, асобна мармілены, асобна
самніты, галы, - усе цяжкаузброеныя, і нарэшце рэтыарыі, якія трымалі ў адной
руцэ сетку, а ў другой – трызубец. Ад іх выгляду тут і там пачуліся па радах
апладысменты, якія хутка змяніліся ў адну велічную і працяглую авацыю. Ад нізу
да верху бачны былі расчырванелыя твары, пляскаючыя далоні, адкрытыя вусны, з
якіх вырываліся вокрыкі. Яны ж абыйшлі ўсю арэну роўным крокам і спружыністым,
пабліскваючы на сонцы зброяй і багатымі воінскімі строямі, пасля чаго
затрымаліся перад імператарскім подыумам гордыя, спакойныя і прыгожыя. Нечаканы
гук рогу сцішыў воплескі, а ўгэты час атлеты высцягнулі ўгару свае правыя рукі
і звяртаючы позіркі і твары да імператара пачалі крычаць, а хутчэй гаварыць
нараспеў: “Слаўся цэзар імператар! Тыя, хто ідуць на смерць, вітаюць цябе!”Пасля
гэтага яны хутка разыйшліся, займаючы асобныя месцы на круглай арэне. Павінны
былі змагацца цэлымі атрадамі, але перш за ўсе дазволена было самым славутым
фехтавальшчыкам выклікаць за сабой шэраг адзінкавых боек, у якіх найлепш было
відаць сілу, адпаведнасць і адвагу супраціўнікаў. І вось ад галаў выйшаў атлет,
якога аматары амфітэтра добра ведалі пад імем Ланіо (Мяснік), пераможца
шматлікіх спаборніцтваў. У вялікім шлеме на галаве і ў латах, якія закрывалі
яго магутны торс спераду і ззаду, выглядаў у бляску на жоўтай арэне, як вялізны
бліскучы жук.Не менш слынны рэтыарый, Календыо, выступіў супраць яго. Паміж
гледачамі ужо рабіліся заклады.
– Пяцьсот сестэрцыяў
на гала!
– Пяцьсот на Календыо
– Клянуся Геркулесам, тысячу!
– Дзве
тысячы!
У гэты час
гал, дайшоўшы да сярэдзіны арэны, пачаў практыкавацца з мячом і схіляючы галаву
ўважліва прыглядаўся праз адтуліны для вачэй да налобніка свайго супраціўніка,
той жа легкі, з прыгожымі формамі статуі рэтыарый, аголены, толькі ў набедраным
поясе, хутка кружляў вакол цяжкога непрыяцеля, памахваючы завабліваў у сетку,
нахіляў ці уздымаў трызуб і спяваў звычайную песню рэтыарыяў.
–Ты мне
непатрэбны, я шукаю рыбу. Чаго стуліўся, гал?
Але гал не
закрываўся, бо праз хвіліну спыніўся і выбраў месца ды пачаў паволі
паварочвацца вакол сябе, так, каб непрыяцель быў заўседы перад ім.У яго постаці і да жудасці вялізнай галаве было штосьці
страшнае. Гледачы добра разумелі, што гэта цяжкае, закутае ў медзь цела,
збіраецца да раптоўнага выпаду, які можа вырашыць і вынік бойкі.Трымаючы сетку,
воін то падскокваў да яго , то адскокваў, робячы сваім трызубам рухі такія
хуткія, што чалавечае вока з цяжкасцю магло за імі прасачыць.Звон зубцоў аб
шчыт разнесся колькі разоў, але гал не пахіснуўся, дэманструючы тым самым сваю
непамерную моц. Уся яго ўвага здавалася была прыкута не да трызубца, а да
сеткі, якая пастаянна кружляла над яго галавой, як смертаносны птах. Гледачы,
стаіўшы дыханне, сачылі за майстэрскай гульней гладыятараў. Ланіо, выбраўшы
момант, рынуўся нарэшце на супраціўніка, той жа з такой хуткасцю ўхіліўся ад
яго мяча і з узнятай рукой, выпрастаўся і кінуў сетку. Гал, крутануўшыся на
месцы, затрымаў яе шчытом, пасля абодва адскочылі.У амфітэатры загрымелі
галасы:”Мактэ!” – на ніжэйшых радах пачалі зноў рабіць заклады. Сам цэзар , які
спачатку размаўляў з вясталкай Рубрыяй і не вельмі зважаў на відовішча, звярнуў
твар да арэны. Яны ж пачалі зноў
змагацца ды так спраўна і з такой дакладнасцю рухаў, што часам здавалася, што
справа не ў смерці ці жыцці, а ў дэманстраванні сваей лоўкасці. Ланіо яшчэ два
разы выблытваўся з-пад сеткі, пачаў зноў адыходзіць на край арэны. У гэты час
тыя, хто былі супраць яго і не хацелі, каб ен адпачываў, пачалі крычаць:”Наступай!”
Гал пачуў і адказаў сурова справай. Плячо сеткара раптам аблілося крывею, і
сетка апусцілася.Ланіо сабраўся і скочыў усім целам, жадаючы нанесці апошні
ўдар. Але ў гэты момант Календыо, які наўмысна паказаў, што сеткай ужо не валодае,
адхіліўся ўбок і не атрымаў удар мячом, затое прасунуў трызуб між кален
супраціўніка і зваліў таго на зямлю. Апошні хацеў узняцца, але ў імгненне вока
яго спавілі фатальныя шнуры, у якіх ен з кожным рухам заблытваў усе мацней рукі
і ногі. Тымчасам удары трызубца прыгважджалі яго усё больш да зямлі.Яшчэ раз ен
намогся, абаперся на рукі і адштурхнуўся, каб устаць, але безвынікова! Паднес
яшчэ да галавы млеючую руку, у якой ужо не трымаўся меч, і ўпаў на
спіну.Календыо прыціснуў зубцамі яго шыю да зямлі і, абапершыся абедзвюмя
рукамі на каранішча трызуба, павярнуўся у бок імператарскай ложы. Увесь цырк аж
затросся ад воплескаў і людскога гоману. Для тых, якія ставілі на Календыо, ен
быў больш значны, чым цэзар, таму менавіта і знікла ў іх сэрцах прадузятасць і
супраць Ланіо, які коштам уласнай крыві напоўніў іх кішэні.Жаданні народу раздвоіліся. На ўсіх
лавах паказвалі напалову знакі смерці,
напалову – літасці, але сяткар пазіраў толькі на ложу імператара і вясталак,
чакаючы іх рашэння. Да жалю Нярон не любіў Ланіо, бо на апошніх спаборніцтвах
перад пажарам, робячы заклад супраць яго, прайграў Ліцынію значную суму, таму
прасцягнуў руку з подыума і павярнуў яе вялікім пальцам да зямлі. Вясталкі
паўтарылі тое ж. У гэты час Календыо стаў каленам на грудзі гала, дастаў
кароткі нож, які насіў за поясам, і, адхіліўшы даспехі вакол шыі супраціўніка,
забіў таму па рукаятку у горла трохграннае вастрые.
– Перактум эст! – раздаліся галасы ў
амфітэатры.
Ланіо
торгаўся яшчэ некаторы час, як завалены вол і капаў нагамі пясок, пасля чаго
выпруціўся і застаўся нерухомы. Меркурый не патрабаваў правяраць распаленым
жалезам, ці жывы ен? Таму яго сцягнулі з арэны і выйшлі новыя пары, пасля чаго
толькі усчалася бойка усіх атрадаў.Гледачы ўдзельнічалі ў ей душой, сэрцам і
вачыма: вылі, гырчэлі, свісцелі, пляскалі ў далоні, смяяліся, падахвочвалі
змагароў, шалелі. На арэне падзеленыя на два лагеры гладыятары біліся, як
дзікія жывелы: грудзьмі аб грудзі, целы спляталіся у смяротных сцісках,
трашчалі косці ў дужых канечнасцях, мячы тапіліся ў грудзях і жыватах, збялелыя
вусны выплесквалі кроў на пясок. Некалькі дзесяткаў навічкоў ахапіла нарэшце
трывога такая страшэнная, што яны пачалі ўцякаць , але мастыгафоры загналі іх
назад батагамі з алавянымі наканечнікамі. Пясок пакрыўся вялікімі цемнымі
плямамі; усе больш голых і ў даспехах целаў ляжала покатам як непаўкладаныя
снапы. Жывыя біліся на трупах, натыкаліся на даспехі, шчыты, крывавілі ногі аб
паламаную зброю і падалі. Народ ад радасці паўзнімаўся і наталяўся выглядам
смерці, дыхаў паветрам, насычаным ею, з задавальненнем набіраў у легкія гэта
паветра. Пераможаныя злеглі нарэшце амаль усе. Хіба што некалькі параненых
стаялі на каленах пасярод арэны і, хістаючыся, выцягвалі рукі да гледачоў з
просьбай аб літасці. Пераможцам раздалі ўзнагароды, вянцы, галінкі алівы і
настала хвіліна адпачынку, якая па загаду імператара перайшла ў пір.У вазах
запалілі пахучы алей. Палівалі гледачоў шафранавым і фіялкавым дожджыкам
Разносілі прахаладжальныя напоі, печанае мяса, салодкую выпечку, віно, алівы,
садавіну.Люд жэр, размаўляў і славіў імператара, каб схіліць яго тым самым да
яшчэ большай шчодрасці. І вось калі голад быў спражаны і жаданні таксама, сотні
нявольнікаў вынеслі поўныя падарункаў карзіны, з якіх прыбраныя ў Амураў
хлопчыкі выймалі розныя прадметы і абедзвюмя рукамі раздавалі іх сярод лавак. У
хвіліну, калі раздаваліся латэрэйныя тэсеры, усчалася бойка: людзі давіліся,
круціліся, тапталіся адно па адным, прасілі ратунку, пераскоквалі праз рады
сядзенняў і душыліся ў страшным тлуме, а хто атрымаў шчаслівую лічбу, мог нават
выйграць дом з садамі, нявольніка, багатае адзенне ці асаблівых дзікіх жывел,
якіх потым можна было прадаць у амфітэатр. Па гэтай прычыне адбываліся такія
бойкі, што прэтарыянцы павінны былі сачыць за парадкам і пасля кожнай такой
раздачы выносілі з глядзельных месцаў людзей з паламанымі рукамі, нагамі ці,
нават, затаптаных насмерць у натоўпе! Але багацейшыя не прымалі ўдзел у бойцы
за тэсэры.Аўгустыяне забаўляліся на гэты раз выглядам Хілона і пасмейваліся з
яго дарэмных высілак скіраваных на тое, каб паказаць людзям, што на бойку і
праліцце крыві можа глядзець так, як і любы іншы. Аднак дарэмна няшчасны грэк
моршчыў бровы, прыкусваў вусны і сціскаў кулакі так, што аж пазногці ўпіваліся
яму ў далоні. І яго грэцкая натура і яго ўласная баязлівасць не вытрымлівалі
такіх відовішчаў. Твар яго збялеў, лоб пакрыўся вялізнымі кроплямі поту, вусны
пасінелі, вочы паўпадалі, зубы застукалі, а цела ахапіла ліхаманка. Пасля
сканчэння бойкі ен прыйшоў у прытомнасць, але калі яго пачалі абгаворваць, ен
угнявіўся і пачаў у роспачы адгрызацца.
– Ха,грэк!
Ты не пераносіш выгляду падранай чалавечай скуры, - гаварыў, торгаючы яго за
бараду Ватыній.
Хілон жа
вышчарыў на таго свае два апошнія жоўтыя зубы і адказаў:
- Мой
бацька не быў шаўцом, таму я не ўмею лапіць скуру.
– Мактэ!
Хабэк! – закрычалі некалькі чалавек. Але іншыя здзекваліся далей.
– Не ен
вінаваты, што замест сэрца ў яго грудзях кавалак сыру! – закрычаў Сенецыё.
– Не ты
вінаваты, што замест галавы ў цябе бурбалка – адказаў Хілон.
– Можа ты
будзеш гладыятарам! Добра ты выглядаў бы
з сеткай на арэне.
– Калі б цябе у яе злавіў, то злавіў бы пустую дудку.
– А як
будзе з хрысціянамі? – пытаў Фестус з Лігурыі. – Можа ты хацеў бы стаць сабакам
і кусаць іх?
– Я не
хацеў бы быць тваім братам.
– Ты
меоцкая кароста.
– А ты
лігурыйскі асел.
– Скура ў
цябе, відавочна, свярбіць, але не смей прасіць мяне, каб я цябе падрапаў.
– Драпай ты
хоць сам сябе, калі здзярэш уласныя болькі, то пэўна знішчыш усе, што ў табе
есць найлепшае.
І гэтак яны
нападалі на яго, ен жа з’едліва агрызаўся , вакол жа быў паўсюдны смех. Імператар
пляскаў у далоні і паўтараў “Мактэ!” і падахвочваў іх. Праз хвіліну аднак
наблізіўся Пятроній і дакрануўся выразанай з косці слановай палачкай пляча
грэка, холадна прамовіў.
– Гэта
добра, філосаф, але ты ў адным толькі памыліўся: богі стварылі цябе кішэнным
злодзеем, а ты стаў чортам, і таму не вытрымаеш!
Стары
паглядзеў на яго сваімі пачырванелымі вочкамі, бо на гэты раз не знайшоў
чамусьці гатовага адказу. На момант замоўк, пасля чаго адказаў нібы з пэўным
намаганнем:
- Вытрымаю!..
Комментариев нет:
Отправить комментарий