суббота, 7 февраля 2015 г.

Раздзел 67 QUO VADIS? Г.Сенкевіч

Чатыры абісінцы неслі асцярожна Лігію ў дом Пятронія, Вініцый жа і Урс ішлі побач, спяшаючыся, каб яе як найхутчэй аддаць у рукі грэцкага лекара. Яны ішлі моўчкі, бо пасля гэткага дня яны не маглі распачаць гаворку. Вініцый дасюль быў нібы напалову прытомны. Ен паўтараў сабе, што Лігія вызвалена, што ей не пагражае ўжо ні турма, ні смерць у цырку, што няшчасці іх скончыліся раз і назаўжды, і што ен забірае яе дадому, каб не разлучацца з ей больш. І яму здавалася, што гэта хутчэй пачатак нейкага іншага жыцця, чым рэальнага. Час ад часу ен нахіляўся над адкрытым паланкінам, каб паглядзець на гэты каханы твар, які пры святле месяца, падавалася, быў дзесьці ў снах, і паўтараў у думках: “Гэта яна! Хрыстос выратаваў яе!” Ен прыгадаў сабе таксама, што да спаліярыума, куды яны з Урсам аднеслі Лігію, прыйшоў нейкі невядомы яму лекар і запэўніў яго, што дзяўчына жывая і будзе жыць. Ад гэтай думкі радасць перапаўняла яму грудзі так, што хвілінамі ен слабеў і абапіраўся на плячо Урса, бо не мог ісці свамі сіламі. Урс жа глядзеў на ўсеянае зоркамі неба і маліўся.
Яны ішлі хутка сярод вуліц, на якіх наноў адбудаваныя белыя дамы блішчалі моцна ў месяцавым ззянні. Горад быў пусты. Дзе-нідзе толькі групкі людзей з вянцамі з плюшчу спявалі і танцавалі перад портыкамі пад ігру флейтаў, карыстаючыся цудоўнай ноччу і святочнай парой, якая доўжылася ад пачатку відовішчаў. Толькі калі ўжо яны былі недалека ад дому, Урс перастаў маліцца і загаварыў ціха, нібы баяўся разбудзіць Лігію.
 – Гаспадар, гэта Збавіцель выратаваў яе ад смерці. Калі я ўбачыў яе на рагах тура, я пачуў голас у душы:”Абарані яе!”, і гэта быў напэўна голас Агнца. Турма адабрала ў мяне сілы, але Ен мне іх вярнуў на гэты час і Ен натхніў гэты жорсткі народ заступіцца за яе. Няхай жа будзе воля Яго! А Вініцый адказаў:
 - Няхай будзе ўслаўлена Імя Яго!
 Але ен не мог гаварыць больш, калі раптам адчуў, што вялізны плач збіраецца ў яго грудзях. Яго апанавала жаданне кінуцца на зямлю і дзякаваць Збавіцелю за цуд і міласэрнасць.
Тымчасам яны дайшлі да дому. Слугі, папярэджаныя высланым наўмысна наперад нявольнікам, ўсе павыходзілі, каб сустрэць гаспадароў. Павел з Тарсу звярнуў да веры яшчэ ў Анцыі  большю частку гэтых людзей. Няшчасці Вініцыя цалкам былі ім вядомыя, таму радасць іх ад выгляду ахвяр, выратаваных ад злосці Нярона, была вялікая, і павялічылася яшчэ больш, калі лекар Тэокл пасля агляду Лігіі засведчыў, што яна не пакалечана, і што пасля таго, як пройдзе слабасць, якая засталася ад турэмнай ліхаманкі, яна вернецца да жыцця здароваю.
Прытомнасць жа вярнулася да яе гэтай самай ноччу. Абудзіўшыся ў прыгожым кубікуле, асветленым карынфскімі лямпамі, пад водар вербены, яна не разумела, дзе знаходзіцца і што з ею адбываецца. Яе памяць захавалася да хвіліны, калі яе прывязвалі на рогi стрыманага ланцугамі быка, цяпер жа яна бачыла над сабой твар Вініцыя, асветлены добрым каляровым святлом, і лічыла, што яна ўжо пэўна не на зямлі. Думкі яе яшчэ былі неўпарадкаваныя ў аслабелай галаве. Ей падалося натуральным, што яны затрымаліся дзесьці па дарозе на неба, бо яна стомленая і слабая.Не адчуваючы аднак ніякага болю, яна ўсміхнулася Вініцыю і хацела ў яго спытаць, дзе яны знаходзяцца, але з вуснаў яе сыйшоў толькі ціхі шэпт, у якім Вініцый мог ледзь адрозніць свае імя.
Але ен укленчыў ля яе і паклаў легка руку на яе лоб ды прамовіў:
 - Хрыстос цябе выратаваў і вярнуў цябе да мяне!
Яе вусны зварухнуліся зноў ад незразумелага шэпту, праз хвіліну яе павекі прыкрыліся, а грудзі ўздымаліся ад легкага дыхання і яна паглыбілася ў здаровы сон, якога чакаў лекар Тэокл і пасля якога ен прадказваў вяртанне да яе здароўя.

А Вініцый застаўся ля яе на каленах паглыблены ў малітву. Душа растапілася ў яго ад такога вялікага кахання, што ен цалкам забыўся. Тэокл некалькі разоў уваходзіў у кубікул, некалькі разоў з-за адхіленай заслоны паказавалася залатавалосая галава Эўнікі, нарэшце журавы, якія гадаваліся ў садах, пачалі курлыкаць, абвяшчаючы пачатак дня, а ен яшчэ ў думках абдымаў стопы Хрыста, не бачачы і не чуючы, што вакол яго робіцца, з сэрцам, ператвораным ў ахвярнае полымя падзякі, паглыблены ў захапленні, пры жыцці яшчэ напалову небажыхар.

Комментариев нет:

Отправить комментарий