суббота, 7 февраля 2015 г.

Раздзел 68 QUO VADIS? Г.Сенкевіч

Пятроній пасля выратавання Лігіі не хацеў раздражняць імператара і падаўся за ім разам з іншымі аўгустыянамі на Палатын. Ен хацеў паслухаць, пра што там будуць гаварыць, і асабліва пераканацца, ці Тыгелін не прыдумаў чаго-небудзь новага на згубу дзяўчыне. І яна, і Урс былі цяпер былі пад апекай народу і без распальвання вайны ніхто цяпер не мог узняць на іх руку, аднак Пятроній, ведаючы аб нянавісці, якой палаў да яго ўсемагутны прэфект прэторыі, дапускаў, што хутчэй за ўсе той не мог папросту яго дасягнуць і будзе намагацца яшчэ адпомсціць якім-небудзь чынам яго пляменніку.
Нярон быў разгневаны і раздражнены, бо відовішча скончылася зусім інакш, чым ен таго хацеў. На Пятронія спачатку не хацеў нават глядзець, але той, застаючыся халодна-спакойным, наблізіўся да імператара з усей свабодай, уласцівай арбітру элегантарыум і сказаў:
 - Ці ведаеш ты, боскі, што прыходзіць мне на думку? Напішы песню пра дзяўчыну, якую загад валадара свету выратоўвае ад рагоў дзікага тура і аддае каханаму. У грэкаў чулыя сэрцы, і я ўпэўнены, што іх зачаруе такая песня.
Нярону, нягледзячы на раздражненасць, такая думка была даспадобы і нават удвая: спачатку як тэма для песні, а потым, ен жа мог праславіць у ей сябе самога як валадара свету, які думае прыгожа. Таму ен паглядзеў з хвіліну на Пятронія, пасля прамовіў:
 - Так! Можа ты і маеш рацыю! Але ці гэта добра – спяваць мне самому аб сваей дабрыні?
 – Можаш нават нічога не змяняць, кожны здагадаецца і так, аб чым пяецца, а з Рыму весткі разыходзяцца па ўсім свеце.
 – І ты ўпэўнены, што гэта спадабаецца ў Ахаі?
 – Клянуся Палуксам! – усклікнуў Пятроній.
І адыйшоў задаволены, бо ўжо цяпер ён быў упэўнены, што Нярон, жыцце якога ўсе было прыстасаваннем рэальнасці да літаратурных задумаў, не захоча сапсаваць сабе тэму, а тым самым звяжа рукі Тыгеліну. Не змяніла гэта яго намеру адправіць Вініцыя з Рыма, як толькі здароўе Лігіі перастане быць перашкодаю для гэтага. І калі ўбачыў пляменніка на наступны дзень, то сказаў яму:
 - Вывозь яе на Сіцылію.Адбылося штосьці такое, пасля чаго з боку імператара вам нічога не пагражае, але Тыгелін гатовы ўжыць нават атруту, калі не ад нянавісці да вас, то да мяне напэўна. Вініцый усміхнуўся на гэта і адказаў:
 - Яна была на рагах дзікага тура, а ўсе ж Хрыстос яе выратаваў.
 – То падзякуй Яму ахвярай, - адказаў з адценнем нецярплівасці Пятроній, - Але не прасі Яго выратоўваць яе ў другі раз... Ты памятаеш, як Эол прыняў Адысея, калі  той вярнуўся прасіць яго яшчэ раз аб добрым накірунку вятроў? Богі не любяць паўтарацца...
 – Калі вернецца яе здароўе, - адказаў Вініцый, - я адвязу яе да Пампоніі Грэцыны
 – І ты зробіш гэтым толькі горш, бо Пампонія ляжыць хворая. Казаў мне аб гэтым сваяк Аўлаў Антыстый. Тут будуць адбывацца такія рэчы, што людзі пра вас забудуць, а ў цяперашнія часіны самыя шчаслівыя тыя, аб кім не памятаюць. Няхай Фартуна будзе вам сонцам зімой і ценем летам!
Сказаўшы гэтак, ен пакінуў Вініцыя з яго шчасцем, сам жа пайшоў даведацца ў Тэокла аб здароўі і жыцці Лігіі. Але ей ўжо не пагражала небяспека. У падзем’ях, пры знясіленні , якое засталося пасля турэмнай ліхаманкі, яе б дабіла гнілое паветра і адсутнасць выгод, але цяпер абкружалі яе самай дасканалай апекай і не толькі дастаткам, але і раскошай.
 Па загаду Тэокла праз два дні пачалі яе выносіць у сады, якія былі вакол вілы і дзе яе пакідалі на доўгія гадзіны. Вініцый прыбіраў яе паланкін анемонамі і асабліва ірысамі, каб ей нагадаць пра атрый у доме Аўлаў. Неаднойчы схаваныя ў ценю разрослых дрэваў яны размаўлялі, трымаючыся за рукі аб мінулых болю і трывогах. Лігія гаварыла яму, што Хрыстос наўмысна правеў яго праз пакуту, каб змяніць яго душу і ўзняць яго да Сябе, ен жа адчуваў, што гэта праўда і што не засталося ў ім нічога ад былога патрыцыя, які не прызнаваў іншага закону над уласнымі жаданнямі. Але ў гэтых успамінах не было горычы. Абоім здавалася, што цэлыя стагоддзі пранесліся над іх галовамі, і што гэта страшнае мінулае ўжо далека ад іх. У гэты час іх апаноўваў спакой, якога яны не ведалі дасюль. Нейкае новае жыцце  - вялікае і добрае - ішло да іх і забірала іх да сябе.

 У Рыме мог сам сабе вар’яцець імператар і напаўняць трывогай свет, яны ж, адчуваючы над сабой апеку ў сто разоў мацнейшую, не баяліся ўжо ані яго злосці, ані яго шаленстваў, так, нібы ен перастаў быць гаспадаром іх жыцця ці смерці. Аднойчы, падчас заходу сонца, яны пачулі рэха ад рыкаў ільвоў і іншых дзікіх жывел з віварыяў. Некалі гэтыя водгаласы працялі трывогай Вініцыя, як злое прадказанне.Цяпер яны пазіралі толькі адзін на аднаго з усмешкай, а потым абое ўзнялі позіркі да вечаровых зор. Часамі Лігія, вельмі аслабленая так, што не магла яшчэ хадзіць, засынала сярод садовай цішы, ен жа не спаў над ей і, углядаючыся ў твар яе, думаў міжволі, што гэта ўжо не тая Лігія, якую ен спаткаў у Аўлаў, паколькі і турма, і хвароба згасілі часткова яе прыгажосць. У той час, калі ен бачыў яе ў Аўлаў і пазней, калі ен прыйшоў забраць яе дадому ад Мірыям, яна была такой цудоўнай, як статуя і кветка, разам узятыя. Цяпер жа твар яе стаў амаль празрысты, рукі схуднелі і цела таксама ад хваробы, вусны пабляднелі і вочы, здавалася, сталі менш блакітныя, чым раней. Залатавалосая Эўніка, якая прыносіла ей кветкі і раскошныя тканіны для прыкрыцця яе ног, выглядала побач з ей, як кіпрскае баство. Эстэт Пятроній пружна высільваўся, каб знайсці ў Лігіі былыя рысы і, паводзячы плячыма, думаў, што гэты цень з Елісейскіх Палеў не быў варты тых захадаў, тых боляў і пакут, якія амаль не забралі жыцце Вініцыя. Але Вініцый, які кахаў цяпер яе душу, любіў яе толькі тым больш, а калі назіраў за ей у час, калі яна спала, то яму здавалася, што назірае за цэлым светам.

Комментариев нет:

Отправить комментарий