суббота, 7 февраля 2015 г.

Раздзел 64 QUO VADIS? Г.Сенкевіч

Пасля відовішча ў садах цэзара турмы значна апусцелі. Хапалі праўда яшчэ і вялі ў турмы ахвяр, якіх падазравалі у веры, але пасля аблаў дастаўлялі іх усе менш, хаця ўсё адно столькі, колькі трэба было для запаўнення наступных відовішчаў, якія таксама ішлі ўжо да заканчэння. Людзі перанасыціліся крывею і ўсе больш сумавалі і непакоіліся з прычыны небывалага дасюль пахавання асуджаных. Усе гэтыя страхі разумнага Вестынуса ахапілі тысячы душ. У натоўпах расказваліся ўсе больш дзіўныя рэчы аб помслівасці хрысціянскага бога. Тыф турэмны, які разыйшоўся па горадзе, павялічваў паўсюдны страх. Бачылі частыя пахаванні і паўтаралі між сабой на вуха адзін аднаму, што патрэбныя новыя піакулы для таго, каб невядомы бог злітасцівіўся. У храмах прыносілі ахвяры Юпітэру і Лібітыне. Нарэшце, нягледзячы на ўсялякія намаганні Тыгеліна і яго паплечнікаў, усе больш пашыралася думка, што горад быў спалены па загаду імператара і што хрысціяне пакутуюць без віны. Але менавіта таму і Нярон, і Тыгелін не пакідалі праследаваць хрысціян. Для супакойвання народу выдаваліся новыя распараджэнні аб раздачы збожжа, віна і алею з алівы, абвясцілі поўныя ільгот для ўладальнікаў прадпісанні, якія абвяшчалі адбудоўванне дамоў,  ды і іншыя, якія датычыліся шырыні вуліц і матэрыялаў, з якіх трэба будаваць, каб на будучае не дапусціць суцэльнага пажару. Сам цэзар бываў на паседжаннях сенату і абмяркоўваў разам з бацькамі горада, як лепш будзе народу і гораду, але нягледзячы на гэта, нават цень літасці не ўпаў на асуджаных. Уладару свету галоўнае было тое, каб у народа ўзнікла перакананне, што такія няўмольныя пакаранні могуць спасцігнуць толькі вінаватых. У сенаце ні адзін голас не выступаў за хрысціян, бо ніхто не хацеў пярэчыць імператару, апрача гэтага, людзі, якія прадбачылі будучыню, сцвярджалі, што і з новай верай падмуркі рымскай краіны не маглі б застацца. Адно толькі аддавалі людзей паміраючых і памерлых сем’ям, бо рымскі закон не распаўсюджваўся на памерлых.

 Для Віініцыя была пэўнай палегкай думка, што калі Лігія памрэ, то ен пахавае яе ў фамільным склепе і спачне некалі каля яе. У яго ўжо не было ніякай надзеі выратаваць яе ад смерці, і сам ен, адарваны напалову ад жыцця, цалкам паглыблены ў веру Хрыста, не марыў ужо аб іншым з’яднанні, а толькі – аб вечным. Вера яго стала проста бязмежнай, такой, што паводле яе гэта вечнасць падавалася яму чымсьці сапраўдным і рэальным у параўнанні з  ранейшым існаваннем, якім ен жыў дасюль.Сэрца яго перапоўнілася моцным натхненнем. Пры жыцці яшчэ ен станавіўся істотай амаль бесцялеснай, якая, хочучы поўнай свабоды для сябе, жадала таго ж і для другой каханай душы. Ен уяўляў, што ў той час яны з Лігіяй пабяруцца за рукі і адыйдуць на неба, дзе Хрыстос іх блаславіць і дазволіць ім жыць у святле такім спакойным і агромністым, як бляск світанняў. Ен толькі маліў Хрыста, каб той абярог Лігію ад пакут у цырку і дазволіў ей спачыць спакойна ў турме, бо напэўна адчуваў, што і сам памрэ з ей разам. Думаў, што нягледзячы на такое мора пралітай крыві, ен не можа нават спадзявацаа, што яна адна застанецца некранутай. Чуў ад Пятра і Паўла, што і яны таксама павінны памерці як пакутнікі.Выгляд Хілона на крыжы пераканаў яго, што смерць, нават і пакутніцкая, можа быць не страшнай для паміраючага, таму ен жадаў сабе ўжо, каб яна надыйшла для іх абоіх, як чаканая перамена дрэннай сумнай і цяжкай долі на лепшую Часам і ў яго ўжо было прадчуванне тагасветнага жыцця. Той смутак, які насіўся над дзвюмя іх душамі, страчваў усе больш ранейшую выпальваючую горыч і паступова змяняўся ў нейкае пазасветнае, спакойнае адданне сябе волі Божай. Вініцый плыў раней у змаганні з плынню, пакутаваў, стамляўся, цяпер жа аддаўся хвалям, верачы, шіто яны яго нясуць у вечную цішу. Ен прадбачыў таксама, што Лігія, падобна да яго, рыхтуецца да смерці, што нягледзячы на падзяляючыя іх муры турмы, яны ўжо ідуць разам і ўсміхаўся ад гэтай думкі, як ад шчасця. І сапараўды, яны ішлі так узгоднена, нібы штодзенна доўга дзяліліся думкамі. У Лігіі не было таксама ніякага жадання ці надзеі апрача надзеі на жыцце пасля смерці. Смерць жа ўяўлялася ей не толькі, як вызваленне са страшных засценкаў турмы, з рук цэзара, Тыгеліна, не толькі як выбаўленне , але як час шлюбу з Вініцыем. А дзякуючы гэтай непарушнай упэўненасці, усе іншае страчвала вагу. Пасля смерці пачыналася для яе шчасце можа і зямное, таму і чакала скону яшчэ і так, як нарачоная чакае часу вяселля. А гэта бясконцая плынь веры, якая адрывала ад жыцця і несла на той свет тысячы першых вернікаў, апанавала таксама і Урса. І ен доўга не хацеў пагадзіцца ў душы са смерцю Лігіі, але калі штодзень праз сцены турмы праходзілі весткі аб тым, што адбываецца ў амфітэатры і садах, калі смерць  падавалася агульным і абавязковым лёсам усіх хрысціян, а разам з тым і дабром для іх, вышэйшым, чым усе зямныя паняцці аб шчасці, то не смеў у канцы і ен маліцца Хрысту, каб той пазбавіў гэткага шчасця Лігію ці адцягнуў гэты час на доўгія гады. У сваей простай душы варвара ен думаў пры гэтым, што дачцэ начэльніка лігаў больш належыць і больш дастанецца гэтых нябесных даброт, чым цэламу натоўпу просталюдзінаў, да якіх ен і сам належаў, і што ў вечнай хвале яна патрапіць быць бліжэй да Агнца, чым іншыя. Ен чуў праўда, што паводле Бога, дык усе людзі роўныя, на дне душы аднак жыло ў яго перакананне, што дачка караля, ды яшчэ ў дадатак караля ўсіх лігійцаў не можа не быць першай лепшай служкай. Ен спадзяваўся таксама, што Хрыстос дазволіць яму служыць ей і надалей. Што ж да сябе, дык у яго было адно таемнае жаданне, гэта значыць, каб ен мог памерці, як агнец – на крыжы. Але яму здавалася гэта такім вялікім шчасцем, што хоць ен і ведаў, як раскрыжоўваюць у Рыме нават самых найгоршых злодзеяў, але не смеў нават маліцца аб такой смерці. Ен думаў, што напэўна загадаюць яму загінуць у пашчах дзікіх жывел, і гэта прыводзіла яго да ўнутраных перажыванняў.З дзяцінства ен хаваўся ў пушчы, дзе не ступала чалавечая нага, калі ішлі працяглыя паляванні, дзе ен , дзякуючы сваей магутнасці, рана стаў лічыцца дарослым і стаў знакамітым сярод лігійскага народа. Паляванне было настолькі ўлюбёным заняткам, што пазней, калі ен быў у Рыме і павінен быў ад іх адмовіцца, то хадзіў па віварыях і амфітэтрах, каб хоць паназіраць за вядомымі і невядомымі яму жывеламі. Выгляд іх абуджаў у ім непераадольную прагу змагання, таму цяпер у душы ен пабойваўся, што калі яму прыйдзецца спаткацца з імі ў амфітэтры, то апануюць яго думкі, якія нягодныя для хрысціяніна, які павінен паміраць з імем Бога і цярпліва. Але спадзяваўся і ў гэтым на Хрыста, маючы на ўцеху іншыя, больш прыемныя думкі. Чуючы, што Агнец абвясціў вайну пякельным сілам і злым духам, да якіх хрысціянская вера залічвала ўсіх паганскіх бажкоў, ен думаў, што ў гэтай вайне ен спатрэбіцца вельмі Богу і патрапіць яму адслужыць лепш, чым іншыя, але і гэта не месцілася ў яго розуме,бо душа яго не павінна была быць мацнейшай за душы іншых пакутнікаў. Зрэшты ен маліўся цэлымі днямі, дапамагаў вязням, іх даглядаў і суцяшаў сваю каралеўну, якая часам шкадавала, што за свае кароткае жыцце не магла зрабіць столькі добрых учынкаў, сколькі зрабіла іх знакамітая Табіта, аб якой у свой час распавядаў апостал Пётр.Ахова, якіх нават у турме палохала страшэнная сіла гэтага велікана, бо не існавала для яе ні путаў, ні кратаў адпаведных, палюбіла яго нарэшце за яго людскасць. Неаднойчы, здзіўленыя яго настроем, яны выпытвалі яго аб прычыне такога стану, ен жа расказваў ім з такой непарушнай упэўненасцю, якое жыцце чакае яго пасля смерці, што слухалі яго са здзіўленнем, упершыню бачачы, што у падзем’і, недасяжныя для сонца, можа трапляць шчасце. І калі ен гаварыў ім, каб паверылі ў Хрыста, то не аднаму прыходзіла на думку, што служба яго – нявольніцкая, а жыцце – нішчымнае, і не адзін задумваўся над сваей нядоляй, для якой мяжой павінна стаць толькі смерць. Толькі смерць станавілася новым страхам і яны не чакалі пасля яе нічога для сябе, тым часам гэты лігійскі асілак і гэта дзяўчына, падобная да кветкі, кінутай на турэмную салому, ішлі да яе з радсцю, як  да брамы шчасця.

Комментариев нет:

Отправить комментарий