суббота, 7 февраля 2015 г.

Раздзел 70 QUO VADIS? Г.Сенкевіч

На світанні наступнага дня дзве цемныя постаці пасоўваліся Апійскай дарогай к раўнінам Кампаніі. Адной з іх быў Назарый, другой – Апостал Пётр, які пакідаў Рым і замучаных у ім вернікаў-братоў. Неба на ўсходзе ўжо набірала легкае зеленаватае адценне, якое павольна ды ўсе выразней набірала знізу барву шафрану. Дрэвы, іх срэбная лістота, белыя мармуры вілаў і дугі акведукаў, што беглі праз раўніну к гораду, з’яўляліся з ценю. Асвятлілася паступова зеляніна неба, насычаючыся золатам. Пасля ўсход пачаў ружавець і асвятліліся Албанскія горы, якія падаліся дзівоснымі, ліловымі, створанымі нібы толькі з адных бляскаў.
Світанне адбівалася ў дрыжачых на лістоце дрэваў кроплях расы. Імгла разыходзілася, адкрываючы ўсе шырэйшы від на раўніну, на ляжачыя на ей дамы, могілкі, астраўкі, мястэчкі і купы дрэў, сярод якіх бялеліся калоны храмаў.
Дарога была пустой. Вяскоўцы, якія звозілі гародніну ў горад, не паспелі яшчэ відавочна пазапрагаць вазы. Ад каменных пліт, якімі аж да гор быў выкладзены гасцінец, ішло ў цішыні рэха драўлянага абутку, які быў у падарожных на нагах.
Потым сонца выйшла з-за гор, але разам з гэтым дзіўны від адкрыўся Апосталу. Яму здалося, што залацісты шар замест таго, каб узносіцца вышэй і вышэй на неба, скаціўся з пагоркаў і коціцца па дарозе. Тады Пётр затрымаўся і прамовіў:
 - Ты бачыш гэта святло, якое набліжаецца да нас?
 – Я нічога не бачу, - адказаў Назарый. Але Петр праз хвіліну азваўся , прыкрываючы далонню вочы. – Нейкая постаць ідзе да нас ў сонечным бляску. ..
Але вушы іх не чулі найменшага рэха ад крокаў. Навокал было зусім ціха. Назарый бачыў толькі, што ў далечыні дрыжаць дрэвы, нібы хтосьці іх патрос, а бляск разліваецца ўсе шырэй па раўніне. І паглядзеў на Апостала здзіўлена:
 - Што гэта? – усклікнуў ен занепакоена. А з рук Пятра падарожны кій выслізнуў на зямлю, позірк знерухомеў і быў скіраваны проста перад сабой, вусны прыадкрыліся, на твары адбіваліся здзіўленне, радасць, захапленне. Раптам ен кінуўся на калены з выцягнутымі перад сабой рукамі, а з вуснаў яго вырваўся вокліч:
 - Хрыстос! Хрыстос!
 І ен прыпаў галавой да зямлі, нібы цалуючы чыесьці стопы. Доўга цягнулася маўчанне, пасля чаго ў цішыні пачуліся перарываемыя слязьмі словы старога:
 - Куды ідзеш, Божа?
 І не чуў адказу Назарый, а да вушэй Пятра даляцеў голас сумны і прыемны, які мовіў:
 - Калі ты пакідаеш народ мой, то я іду ў Рым, каб мяне раскрыжавалі ў другі раз.
Апостал ляжаў на зямлі, з тварам ў пыле, без руху і слова. Назарыю падалося, што ен ці самлеў, ці памер, але Пётр нарэшце узняўся, дрыжачымі рукамі падняў падарожны кій і нічога не кажучы павярнуў да сямі узгоркаў горада. Хлапчук жа, бачачы гэта, паўтарыў, як рэха:
 - Куды ідзеш, Божа?
 – У Рым, - ціха адказаў Апостал.
 І вярнуўся. Павел , Іаан, Лінус і ўсе вернікі прынялі яго са здзіўленнем і з трывогай тым большай, што якраз на світанні, адразу пасля яго выйсця, прэтарыянцы абкружылі дом Мірыям і шукалі ў ім Апостала. Але ен на ўсе пытанні адказваў ім толькі з радасцю і спакоем:
 - Я бачыў Бога!
 І ў гэты ж вечар ен падаўся на могілкі Астрыянум, каб вучыць і хрысціць тых, якія хацелі абмыцца вадой жыцця. І ад той пары ен прыходзіў туды штодня, а за ім ішло з кожным днем усе больш людзей. Здавалася, што з кожнай пакутніцкай слязы нараджаюцца новыя вернікі і што кожны стогн на арэне адбіваецца рэхам ў тысячах грудзей. Цэзар плаваў у крыві, Рым і ўвесь паганскі свет вар’яцеў. Але тыя, якім досыць было забойстваў і шаленства, тыя, якіх тапталі, чые жыцце было жыццем нядолі і прыгнету, усе прыгнечаныя, усе засмучаныя, усе няшчасныя прыходзілі слухаць дзіўныя расповеды пра Бога, які з-за любові да людзей пайшоў на раскрыжаванне, каб выкупіць іх грахі.

Знаходзячы Бога, якога яны маглі любіць, знаходзілі тое, чаго не мог даць дасюль нікому сучасны свет – шчасце ад любові. А Петр зразумеў, што ні цэзар, ні яго легіены не перамогуць сапраўднай ісціны, што не шкадуюць ей ні слез, ні крыві, і што цяпер толькі пачынаецца яе перамога. Ен зразумеў таксама, чаму Бог вярнуў яго з дарогі: гэты горад гардыні, забойстваў, распусты і сілы пачынаў станавіцца Яго горадам і падвойнай сталіцай, з якой сыходзіла на свет панаванне над целамі і душамі. 

Комментариев нет:

Отправить комментарий