суббота, 7 февраля 2015 г.

Раздзел 59 QUO VADIS? Г.Сенкевіч

-          Высакародны, - сказаў Хілон, - цяпер мора, як масла з алівы, і хвалі, здаецца, спяць...паехалі у Ахаю. Там чакае цябе цябе слава Апалона, там чакаюць цябе вянцы, трыумфы, там людзі цябе абагаўляюць, а богі прымаюць, як роўнага сабе госця, тут жа, высакародны...
 І спыніўся, бо ніжняя губа пачала ў яго трэсціся так моцна, што яго словы перайшлі ў незразумелыя гукі.
 – Мы паедзем пасля заканчэння відовішчаў, - адказаў Нярон. – Я ведаю, што і так ужо некаторыя называюць хрысціян інноксіа коппара. Калі б я ад’ехаў, пачалі б паўтараць гэта ўсе. Чаго ты баішся, старэча?
Сказаўшы гэта, наморшчыў лоб, але стаў пазіраць на Хілона з запытаннем у позірку, нібы чакаў ад таго патлумачэнняў, бо толькі здаваўся халоднакроўным. На апошнім сваім прадстаўленні ен сам спужаўся слоў Крыспа і вярнуўся дадому і не мог заснуць ад узрушэння і сораму, але разам з тым і ад страху. Тады мысляр Вестынус, які слухаў у маўчанні іх размовы, агледзеўся і сказаў таямнічым голасам:
 - Слухай, высакародны, гэтага старога: у гэтых хрысціянах есць нешта дзіўнае...Іх баство дае ім смерць легкую, але можа быць помслівым.
 На гэта Нярон хутка адказаў: - Гэта не я ўчыняю відовішчы. Гэта Тыгелін.
 – Так! Гэта я, - адказаў Тыгелін, які пачуў словы імператара. – Гэта я, і пры гэтым смяюся з усіх багоў хрысціянскіх. Вестынус, высакародны, гэта бурбалка, надзьмутая чуткамі, а гэты баявы грэк гатовы памерці са страху ад выгляду квактухі, якая распускае пер’е, абараняючы куранят.
 – Гэта добра, сказаў Нярон, але  загадай ад гэтага часу хрысціянам адразаць языкі. Ці затыкаць раты.
 – Заткне іх ім агонь, о боскі!
 – Гора мне! – заенчыў Хілон.
 Але цэзар, якому упэўненасць у сабе Тыгеліна дадала адвагі, пачаў смяяца і казаў, паказваючы на старога грэка:
 - Паглядзіце, як выглядае нашчадак Ахілеса!
 Сапраўды, Хілон выглядаў страшна. Рэшткі валасоў на яго галаве зусім збялелі, а на твары застыгнуў выраз нейкага непамернага непакою, трывогі і прыгнечанасці. Здаваўся часам нібы ачмурэлым і напаўпрытомным. Часта не адказваў на пытанні, часам зноў гневаўся і станавіўся зухаватым, так што аўгустыяне абіралі за лепшае не чапаць яго. Такая хвіліна прыйшла да яго і зараз.
 – Рабіце са мной, што хочаце, а я на відовішча не пайду!- закрычаў ен роспачна, шчоўкаючы пальцамі.
Нярон паглядаў на яго з хвіліну і звярнуўся да Тыгеліна:
 – Ты будзеш адказваць, каб у садах гэты стоік быў побач са мной. Я хачу бачыць, якія ўражанні зробяць на яго нашы вылазкі.
 Хілон. спужаўся пагрозы, што так і кіравала голасам імператара.
 – О боскі, - сказаў ен. Я нічога не ўбачу, бо я не бачу ўночы.
 А імператар адказаў са страшнай усмешкай:
 – Ноч будзе светлай, як дзень.
Пасля ен звярнуўся да іншых аўгустыянаў, з якімі пачаў размову аб гонках, якія хацеў ўладзіць пад канец відовішчаў. Да Хілона падыйшоў Пятроній і пляснуў яго па плячы:
 - Ці я не казаў табе? Ты не вытрымаеш.
Той жа адказаў: - Я хачу напіцца...
І працягнуў руку па келіх з віном, але не мог яго данесці да вуснаў, бо, бачачы гэта, Вестынус адабраў у яго келіх, потым жа наблізіўся і спытаў з выразам твару зацікаўленым і баязлівым:
 - Цябе пэўна даганяюць Фурыі? Не так?
 Стары глядзеў на яго нейкі час з адкрытымі вачыма, нібы не разумеў пытання, і пачаў міргаць часта. А Вестынус паўтарыў:
 - Дык ці даганяюць цябе Фурыі?
 – Не, адказаў Хілон, але ноч перада мною.
 – Як гэта ноч?...Няхай богі злітуюцца над табою. Як гэта ноч?
 – Ноч страшная і цемная, у якой штосьці рухаецца і ідзе да мяне. Але я не ведаю што, і баюся ад таго. Я заўседы быў упэўнены, што гэта чараўнікі. А табе што, не сніцца?
 – Не, бо я ўвогуле не сплю. Я не думаў, што іх так пакараюць.
 – Табе іх шкада?
 – Навошта вы праліваеце столькі крыві? Ты чуў, што той, з крыжа, гаварыў? Гора нам!
 – Я чуў, - адказаў Вестынус ціха. – Але гэта падпальшчыкі.
 – Няпраўда.
 – І ворагі роду чалавечага.
 – Няпраўда.
 – І забойцы дзяцей.
 – Няпраўда.
 – І атручальнікі вод.
 – Няпраўда.
 – Як гэта? – спытаў здзіўлена Вестынус. – Ты ж сам гэта казаў і аддаваў іх у рукі Тыгеліна!
 – Таму і абкружыла мяне ноч і смерць ідзе да мяне... Часам здаецца мне, што я ўжо памер, і вы таксама.
 – Не! Гэта яны паміраюць, а мы жывем. Але скажы мне, што бачаць яны паміраючы?
 – Хрыста...
 – Гэта іх бог? Гэта магутны бог?
Але Хілон адказаў таксама пытаннем:
 - Што гэта за паходні трэба паліць у садах? Ты чуў, што казаў цэзар?
 – Я чуў і ведаю. Гэта сарментыцыі і семаксіі. Іх прыбяруць у жалобныя тунікі, прапітаныя смалою, прывяжуць да слупоў і падпаляць...Каб толькі іх бог не спусціў на горад якіх бедстваў..Семаксіі! Гэта страшнае пакаранне.
 – Лепш ужо такое, бо хоць крыві не будзе, - адказаў Хілон. – Загадай нявольніку паднесці мне да вуснаў келіх. Хачу піць і разліваю віно, бо рука мая трасецца ад старасці...
 Іншыя размаўлялі ў гэты час таксама пра хрысціян. Стары Даміцый Афр насміхаўся з іх.
 – Мноства з іх такія, - гаварыў ен, - што маглі б узняць грамадзянскую вайну, і памятаеце, што былі меркаванні, што яны захочуць абараняцца. А яны паміраюць, як авечкі.
  – Няхай бы паспрабавалі па-іншаму! – прамовіў Тыгелін.
 На гэта азваўся Пятроній: - Вы памыляецеся. Яны абараняюцца. Цярпеннем.
 – Гэта нейкі новы спосаб.
 – Канечне, але ці можаце вы сказаць, што яны паміраюць, як бесчалавечныя злачынцы? Не! Яны паміраюць так, нібы злачынцамі былі тыя, хто іх на смерць асуджае, гэта значыць – мы і ўвесь рымскі народ.
 – Што ты пляцеш? – закрычаў Тыгелін.
 – Хік абдэра! – адказаў Пятроній. Але іншыя, уражаныя трапнасцю яго заўвагі, пачалі пераглядвацца са здзіўленнем і паўтараць:
 - Праўда, праўда! Есць штосьці незвычайнае і асаблівае ў іх смерці.
 – Я кажу вам, што яны бачаць свае баство! – закрычаў з боку Вестынус. У гэты час некалькі аўгустыянаў звярнулася да Хілона:
 - Гэй, стары, ты добра іх ведаеш? Скажы нам, што яны бачаць?
 А грэк выплюнуў віно на туніку і адказаў:
 - Уваскрашэнне.

 І затросся так, што тыя, хто сядзеў побач, выбухнулі гучным смехам.

Комментариев нет:

Отправить комментарий