Вестка аб цудоўным выратаванні Лігіі хутка разнеслася сярод лагераў
хрысціян, якія засталіся дасюль нягледзячы на пагромы. Вернікі пачалі сыходзіцца
ў меркаваннях на тым, што трэба паглядзець на тую, якую выратаваў Хрыстос.
Спачатку прыйшоў малады Назарый з Мірыям, у якіх дагэтуль хаваўся Апостал Пётр,
а за імі збіраліся і іншыя. Усе разам з Вініцыем, з Лігіяй і
хрысціянамі-нявольнікамі Пятронія слухалі з увагай расповеды Урса аб голасе,
які пачуўся ў яго душы і наказаў яму змагацца з дзікім зверам, і ўсе выходзілі
з верай і надзеяй, што Хрыстос не дазволіць знішчыць на зямлі дарэшты сваіх
усіх вернікаў, а пасля сам прыйдзе на страшны суд. І гэтая надзея падтрымлівала
іх сэрцы, бо праследаванне дагэтуль не спынілася. На каго толькі голас
грамадства указваў як на хрысціяніна, таго вігілы горада забіралі зараз жа ў
турмы. Ахвяр папраўдзе было ўжо менш, бо шмат вернікаў пахапалі ўжо і замучылі,
засталіся ж ці сыйшлі з Рыма тыя, хто вырашыў у далекіх правінцыях перачакаць
буру, бо ўкрываліся ўжо старанней, не адважваючыся збірацца на агульныя малітвы
інакш, чым на арэнах, якія былі за горадам. Аднак за імі яшчэ і сачылі, і хаця
відовішчы ўжо скончыліся, схопленых трымалі на наступныя ці асуджалі асобна. І
хаця рымскі люд ужо не верыў, што хрысціяне былі арганізатарамі падпалу горада,
аднак жа іх абвясцілі ворагамі чалавецтва і краіны, і эдыкт супраць іх усе яшчэ
дзейнічаў з былой моцай.
Апостал Пётр доўга не смеў паказвацца ў доме Пятронія, аднак нарэшце
аднойчы вечарам Назарый паведаміў, што ен прыйдзе. Лігія, якая ўжо хадзіла
сама, і Вініцый выбеглі яго сустрэць і пачалі абдымаць яго ногі, ен жа вітаў іх
з узрушэннем тым большым, таму што няшмат засталося авечак у яго статку, над
якім апеку дазволіў яму Хрыстос, і над лёсам якога плакала яго вялікае сэрца.
Таму калі Вініцый прамовіў: “Высакародны! Дзякуючы табе Збавіцель вярнуў мне яе”,
ен адказаў:” Ен вярнуў яе табе з-за веры тваей і яшчэ таму, каб не замоўклі ўсе
вусны, якія ўслаўляюць Яго імя.”
І відавочна ен думаў у гэту хвіліну
аб тых тысячах сваіх дзяцей, якіх параздзіралі дзікія жывелы, аб тых крыжах,
якімі былі пазастаўляныя арэны і аб тых вогненных слупах у садах “бестыі”, бо
гаварыў ен гэта з вялікім смуткам. Вініцый і Лігія заўважылі таксама, што яго
валасы ссівелі цалкам, постаць згорбілася, а на твары адбіліся столькі смутку і
пакуты, нібы ен сам прайшоў праз усе, што прайшлі ахвяры жорсткасці і
шаленстваў Нярона. Але абое разумелі ўжо, што калі Хрыстос сам пайшоў на пакуту
і смерць, то не можа ад іх ўхіліцца ніхто. Аднак іх сэрцы сціскаліся ад выгляду
Апостала, прыгнечанага бярэмем гадоў, высілкаў і болю. Таму Вініцый, які праз
некалькі дзен збіраўся адвезці Лігію ў Неапаліс, дзе яны павінны былі спаткаць
Пампонію і падацца далей на Сіцылію, ен пачаў яго прасіць, каб разам з імі
Апостал пакінуў Рым. Але Пётр паклаў руку на яго галаву і адказаў:
- Я чую ў душы словы Бога, які на
возеры Тыберыяцкім гаварыў мне: “Калі ты быў маладзейшы, ты падвізаўся і ішоў,
куды хацеў, але калі састарэеш, то прасцягнеш рукі твае, і іншы цябе паверне не
туды, і правядзе, куды ты не хочаш.” Таму гэта слушна, каб я пайшоў за статкам
маім. А калі яны замоўклі, не разумеючы,
пра што ен гаворыць, то дадаў:
- Ідзе к канцу мая праца, але
гасціннасць і адпачынак я знайду толькі ў доме Божым.
Пасля звярнуўся да іх: “Памятайце
мяне, бо я вас палюбіў, як бацька любіць дзяцей сваіх, а што ў жыцці рабіць
будзеце, рабіце на славу Бога” . Так кажучы, ен узняў над імі свае старыя дрыжачыя
далоні і блаславіў іх, яны ж туліліся да яго, адчуваючы, што гэта можа апошняе
бласлаўленне, якое яны атрымліваюць з яго рук.
Аднак было прадвызначана ім убачыць яго яшчэ раз. Праз некалькі дзен Пятроній
прынес грозныя весткі з Палатыну. Там стала вядома, што адзін з вызваленцаў
імператара быў хрысціянінам і ў яго знайшлі лісты Апосталаў Пятра і Паўла з
Тарсу, а таксама лісты Іакава, Іуды і Іаана. Пра знаходжанне Пятра ў Рыме было
ўжо раней вядома Тыгеліну, аднак ен лічыў, што той загінуў разам з тысячамі
іншых вернікаў. Цяпер жа аказалася, што два начэльнікі новай веры да гэтага
часу жывыя і знаходзяцца ў сталіцы, таму вырашылі іх знайсці і захапіць любой
цаной, бо спадзяваліся, што толькі з іх смерцю апошнія карэнні ненавіснай секты
будуць знішчаны.
Пятроній чуў ад Вестынуса, што сам
цэзар выдаў загад, каб на працягу трох дзен і Пётр, і Павел з Тарсу былі ўжо ў
Мамертынскай турме, і што цэлыя атрады прэтарыянцаў выслалі для вобыску па ўсіх
дамах на Затыбры. Вініцый, пачуўшы гэта, вырашыў пайсці папярэдзіць Апостала.
Вечарам разам з Урсам, накінуўшы гальскія плашчы, якія прыкрывалі твары,
падаліся ў дом Мірыям, дзе Петр жыў і які знаходзіўся на самым ускраі
затыбранскай часткі горада, ля падножжа Янікульскага ўзгорка. Па дарозе яны
бачылі дамы, абкружаныя салдатамі, якіх праводзілі нейкія невядомыя людзі.
Увесь раен быў узварушаны, а мецамі збіраліся групы цікаўных. Тут і там
цэнтурыены дапытвалі схопленых наконт таго, дзе знаходзяцца Петр Сімяон і Павел
з Тарсу.
Урс і Вініцый, апярэджваючы салдат, дайшлі спакойна да жытла Мірыям, дзе
засталі Пятра, абкружанага невялікай колькасцю вернікаў.Таматэй, памочнік Паўла
з Тарсу, і Лінус знаходзіліся таксама разам з Апосталам. На звестку аб
небяспецы Назарый вывеў усіх схаваным праходам да садовай каліткі, а потым да
пакінутых каменяломняў, якія знаходзіліся ў некалькіх сотнях крокаў ад
Янікульскай брамы. Урс пры гэтым нес Лінуса, косці якога паламаныя пад час
катавання, да гэтай пары не пазрасталіся. Аднак апынуўшыся ў падзем’і, яны
адчулі сябе ў бяспецы і пры святле каганка, якое распаліў Назарый, пачалі ціха
раіцца, як ратаваць дарагое ім жыцце Апостала.
– Шаноўны, - сказаў яму Вініцый, -
няхай заўтра на світанні Назарый выведзе цябе з горада к Албанскім гарам. Там
мы цябе знойдзем і забяром у Анцый, дзе чакае карабель, які павінен нас
пераправіць абоіх у Неапаліс і потым на Сіцылію. Шчаслівы будзе той дзень і
часіна, калі ты ўвойдзеш у мой дом і блаславіш мае вогнішча.
Іншыя слухалі яго з радасцю і гаварылі Апосталу:
- Беражыся, пастыр наш, бо нельга табе заставацца ў Рыме. Схавай жывую
ісціну, каб яна не загінула разам з намі і з табой. Паслухай нас, мы просім
цябе як бацьку.
– Зрабі гэта ў імя Хрыста! – казалі
іншыя, кранаючыся яго адзення. Ен жа адказаў:
- Дзеці мае! Хто ж ведае, калі яму
Бог прызначыць канец жыцця?
Але не сказаў, што не пакіне Рым, і сам вагаўся, што рабіць, бо ўжо даўно
закралася ў яго душу няпэўнасць і нават трывога. Бо статак яго быў раздроблены,
справа раскіданая, сабор, які перад пажарам горада вырас, як прыгожае дрэва,
ператварыла ў попел сіла “бестыі”. Не засталося нічога апрача слез, успамінаў,
пакут і смерці. Сяўба дала плён, але шатан утаптаў яго ў зямлю. Атрады анелаў
не прыйшлі на дапамогу гінучым , і вось Нярон уссядае ў славе над светам,
страшны, мацнейшы, чым калі-небудзь, уладар усіх мораў і зямель. Неаднойчы ўжо
Божы рыбак высцягваў у самоце рукі да неба і пытаўся: “Божа, што мне рабіць?”
Ці мне заставацца? І ці я стары і немачны павінен змагацца з гэтай
непераадольнай сілай зла, якому ты дазволіў валадарыць і перамагаць?”
І зваў гэтак з глыбіні бязмежнага болю, паўтараючы ў душы: “ У цябе няма
ўжо тых авечак, якіх ты загадаў мне пасвіць, няма Твайго Храма, пустка і жалоба
ў тваей сталіцы, таму што ж цяпер ты мне загадаеш? Ці я павінен застацца тут ці
вывесці рэшту статку, каб мы дзесьці за морам славілі ва ўкрыцці Твае імя?” І
вагаўся. Ен верыў, што праўда жывая не згіне і павінна пераважыць, але
хвілінамі думаў, што не прыйшоў яшчэ яе час, які надыйдзе тады толькі, калі Бог
сыйдзе на зямлю ў дзень суда ў славе і сіле стокроць мацнейшай за Няронаву.
Часта яму здавалася, што калі сам ен пакіне Рым, вернікі пойдуць за ім, а ен
завядзе іх тады аж да цяністых гаеў Галілеі, да ціхай гладзі Тыберыяцкага Мора,
да пастухоў, спакойных, як галубы ці авечкі, якія там пасуцца сярод чабору і
нарду. І ўсе большае жаданне цішыні і адпачынку , усе большы сум па возеры і
Галілеі ахопліваў рыбацкае сэрца, усе часцей слезы наплывалі на вочы старога.
Але калі на хвіліну ен зрабіў ужо свой выбар, то ахапіў яго раптоўны страх
і непакой. Як жа мне пакінуць гэты горад, у якім столькі крыві пакутніцкай
упіталася ў зямлю і дзе столькі вуснаў паміраючых засведчыла ісціну? Ці ен
адзін можа ўхіліцца ад гэтага? І што адкажа Богу, калі пачуе словы: “Вось яны
памерлі за веру сваю, а ты ўцек?”
Ночы і дні праходзілі для яго ў перажываннях і непакоі. Іншыя, якіх
параздзіралі львы, якіх папрыбівалі на крыжы, якіх папалілі ў садах цэзара,
спачылі пасля хвілін пакуты ў Бозе, ен жа спаць не мог і адчуваў пакуту,
большую за гэтыя ўсе, якія прыдумвалі каты для ахвяр. Світанак часта ўжо
асвятляў дахі дамоў, калі ен клікаў яшчэ з глыбіні засмучанага сэрца:
- Божа, няўжо сюды ты мне прыйсці
наказваў і ў гэтым гняздзе бестыі закласці сталіцу тваю?
Усе трыццаць чатыры гады ад смерці Бога свайго я не ведаў спачынку. З кіем
у руцэ я абыходзіў свет і прыносіў “добрую навіну”.
Сілы яго вычарпаліся ў падарожжах і
вымогах, аж урэшце, калі ў гэтым горадзе, які быў галавой свету, ужо прадоўжыў
навуку Майстра, адно вогненнае дыханне Злосці спаліла яе, і ен бачыў, што барацьбу
трэба ўздымаць наноў. І якую барацьбу! З аднаго боку цэзар, сенат, народ,
легіены, што ахопліваюць жалезным вобручам увесь свет, незлічоныя гарады,
землі, моц, якой вочы не бачылі, з другога боку ен, так сагнуты ўзростам і
працай, што дрыжачыя яго рукі ледзь ужо могуць узняць падарожны кій.
Таму часам ен казаў сам сабе, што не яму мерацца з імператарам Рыма і што з
гэтым можа справіцца хіба толькі сам Хрыстос.
Усе гэтыя думкі прабягалі зараз праз яго збалелы розум, калі ен слухаў
просьбы апошняй горсткі сваіх вернікаў, яны ж абкружалі яго ўсе больш шчыльным
колам і паўтаралі амаль молячы яго:
- Абарані сябе і нас вывядзі з-пад
моцы бестыі.
Урэшце і Лінус пахіліў перад ім сваю
спакутаваную галаву:
- ПЁтр! – сказаў ен, - табе
Збавіцель наказваў пасвіць авечак сваіх, але няма іх ужо тут ці заўтра іх не
будзе, таму ідзі туды, дзе іх знайсці яшчэ зможаш. Жыве яшчэ слова Божае ў
Іерусаліме, і ў Антыохіі, і ў Эфесіі, і ў іншых гарадах. Што ты зможаш,
застаўшыся ў Рыме? Калі згінеш, то толькі павялічыш трыумф бестыі. Іаану Бог не
прызначаў канца жыцця, Павел – жыхар рымскі , і без суда не могуць яго
пакараць, але калі над табой, настаўнік, навісне моц пякельная, тады тыя, якія
ўжо спужаліся, будуць пытаць: “Хто ж мацнейшы, чым Нярон?” Ты – апора, на якой
збудаваны храм Божы. Дай мне памерці, але не дазваляй перамагчы Антыхрысту над
Намеснікам божым і не вяртайся сюды, пакуль Бог не скрушыць таго, хто праліў
кроў бязвінных.
– Паглядзі на нашы слезы! –
паўтаралі ўсе прысутныя.
Слезы цяклі і па твары Пятра. Праз
хвіліну ен узняўся і выцягваючы рукі над укленчыўшымі, прамовіў:
- Няхай імя Божае будзе услаўлена і
няхай будзе воля Яго!
Комментариев нет:
Отправить комментарий