9. ПОБЫТ ПАЎЛІНКІ НА ВАЛЫНІ І Ў КІЕВЕ
Даведаўшыся, што ў пачатку траўня цар павінен быць у Кіеве,
Паўлінка вырашыла выкарыстаць гэтую нагоду, каб наблізіцца да манаршай асобы і
прасіць яго асабіста аб памілаванні для маці. Сапраўды для дасягнення гэтай мэты дастаткова
было выехаць з Літвы ў канцы красавіка, ды бачыла, што становішча яе ў Зубках
рабілася штодзень больш складаным, таму Паўлінка паведаміла цётухне, што хоча
неадкладна паехаць на Валынь, каб мець час улацвіць сямейныя інтарэсы перад
паездкай у Кіеў. І хаця дарогі яшчэ не
цалкам аднавіліся пасля сыходу снегу, адправілася нягледзячы на ўсё разам з Алоізам
у шлях.
Абодва нашыя фальваркі былі у той час аддадзены ў арэнду,
таму не маючы мажлівасці жыць пад уласным дахам, маладыя падарожнікі падаліся
наўпрост да Адэрадаў, рэзідэнцыі апекуна нашага маёнтачку, пана Людвіка Грахольскага,
і правялі там некалькі тыдняў ды рушылі ў далейшы шлях. У Жытоміры Алоізы заставаўся пад апекай пана
Ротэрмунда, які быў старшынёй галоўнага суда, прыняў іх у сваім офісе і
паабяцаў дапамагчы яму атрымаць патрэбныя паперы, Паўлінка ж паспяшалася ў Кіеў.
Прыбыла на месца ды адчула немалую радасць, спаткаўшыся з
Юлікам і Віктусяй, з якімі не бачылася ўжо пэўна год, радасць гэтая аднак не
дала ёй ні на хвіліну забыць пра галоўную мэту свайго падарожжа. Пазнаёміўшыся з неабходнымі людзьмі і
атрымаўшы парады ад больш вопытных знаёмцаў, пераканалася, што немагчыма ёй
будзе атрымаць аўдыенцыі ў цара, але не хацела марнатравіць столькі ахвяр і
прадпрыемстваў, вырашыла дачакацца яго на вуліцы і падаць яму просьбу ў
хвіліну, калі той будзе выходзіць з павоззя. Менавіта ў дзень прыбыцця манарха Паўлінка
размясцілася як найбліжэй да ганку каля яго палацу і чакала з сэрцабіццём, калі
з’явіцца яго павоззе. Натоўпы цікаўных
занялі вуліцу, а паліцыя разганяла асмялелых, што надта блізка падыходзілі.
З просьбай у руцэ, сярод штуршкоў і штохвіліннага тлуму,
дзяўчына з калатаннем узрушанага сэрца вымушана была чакаць доўгія гадзіны сярод
гэтага пярэстага натоўпу, амаль што не падаючы ад знемажэння. Але нішто для яе гэта было, калі коштам гэтага
ўсяго толькі памілавання для маці хацела атрымаць.
Нарэшце гучнае “ўра!” разлягаецца над пярэстасцю, і
павоззе з хуткай скорасцю з’яўляецца сярод жывой агароджы, якая атачае з
абодвух бакоў вуліцу. Уся маса люду
хвалюецца, як мора падчас шторму: ар’ергард націскае на першыя рады, бо хоча
ўбачыць манарха ў павоззі, а Паўлінка, сціснутая, амаль што без дыхання,
дарэмна намагаецца выбрацца з таўканіны, якая яе адштурхоўвае ад ганку. Пара крокаў толькі яе аддзяляе сапраўды ад
павоззя, але гэтая маленькая прастора запоўнена неабходным фільтрам, глухім да
ўсялякіх просьбаў і ўпрошванняў. Праз
хвіліну цар зойдзе ў палац, і калі просьба не будзе яму аддадзена, маці зноў
будзе марнець на выгнанні, без аніякай надзеі на паляпшэнне лёсу. Гэтая думка падвойвае сілы Паўлінкі, якая
кідаецца наперад з роспачным крыкам і ўжо амаль што каля ступенькі павоззя,
аддае манарху просьбу са згасаючым амаль шэптам: “grâce pour mere!” (фр. Прашу міласці для маёй мамы!).
Але гэта былі апошнія высілкі: ногі падкасіліся пад ёю,
смяртэльная бледнасць пакрыла яе твар і яна ўпала без дыхання, амаль не пад
колы павоззя. На шчасце ласкавая рука
чыясьці падхапіла яе з зямлі, каб не трапіла пад колы, а гэтым часам знаёмыя,
якія не гублялі яе з вачэй, здолелі дабрацца да яе ды аднесці ў суседні дом. Ледзь прывялі яе ў прытомнасць, калі прыбыў
вайсковы губернатар з паведамленнем, што цар быў крануты просьбай, што прыняў
яе, і што яна можа быць спакойнай за лёс маці і адпачыць крыху пасля такога
моцнага ўзрушэння.
Падчас гэтых слоў Паўлінка забылася пра перажытае:
цяжкасці і непакой, - і з перапаўняючым сэрца шчасцем дзякавала Богу, што такім
плённым вынікам яе апеку абраў увенчыць. Усе знаёмцы віншавалі яе з памілаваннем для
маці як несумніўным, калі ж пасля ад’езду цара пайшла да генерала-губернатара,
каб атрымаць афіцыйны адказ на сваю просьбу, пачула ад яго толькі неакрэсленыя
словы: attendez, patiente (
пачакайце, супакойцеся), з чаго яна зразумела, што вельмі лёгка паддалася
надзеі, прымаючы ласкавасць чыноўніка за рашэнне суддзі.
Быць можа, што тагачасныя памкненні Паўлінкі мелі ўсё ж
плён у далейшым памілаванні маці, тым не менш жа хвіліна атрыманага вопыту была
для яе невымоўна балючай. Пад уплывам
гэтага болю жаданне быць з маці азвалася ў яе сэрцы з новым напружаннем, так
што запланавала аднавіць яшчэ раз свае намаганні, каб атрымаць дазвол прыбыць у
Бярозаў. Ліст, напісаны ў той час, быў
захаваны, таму падаю словы самой Паўлінкі:
Даўно ўжо,
дарагая Матуля, не пісала Табе, бо ад самага выезду з Літвы была ўвесь час у
падарожжы, а да таго ж надзея, што хутка змагу Табе паведаміць штосьці больш
плённае пра Твой лёс стрымлівала мяне ад напісання. Але цяпер, пасля таго як атрымала балючы
вопыт, чым жа мне пагаіць боль сэрца, калі не падзяліць з Табой мае пакуты і
смутак. Каб жа аднак нічога не выпусціць
з-пад увагі, што Табе дапамагчы можа, пачну ад прыезду майго на Валынь.
Наведала
спачатку Адэрады, каб даведацца ад пана Людвіка, як ідуць нашыя справы. Паньства Грахольскіх прапанавалі мне, каб я
пасялілася ў іх на ўвесь час майго побыту на Валыні, а паколькі і Ваютын, і
Збарашоў у арэндзе, прыняла іх запросіны, хаця і прадчувала, што нямала ім
клопату прынясу. І так жа сталася, бо
хоць пані Людвікова вельмі гасцінна да мяне паставілася, але ж паколькі з
мінулага нічога агульнага нас не злучае, стасункі нашыя былі хутчэй як у добрых
знаёмцаў, а не шчырых сяброў. Не маючы
нічога свайго, я вымушана была прасіць аб кожнай рэчы, і хаця мне і не
адмаўлялі, то не заўсёды асмельвалася іх дабрынёй карыстацца. Ці то патрэбны быў пасланец, ці то коні, ці
іншыя якія паслугі, аб усім вымушана была прасіць, а паколькі ў гаспадарстве
гэта магло выклікаць выдаткі, то абірала найчасцей абысціся найменшым. Але найбольш мяне непакоіла ў Адэрадах, што
душой і сэрцам я адчувала сябе вельмі самотнай, нягледзячы на тое, што заўсёды
была між людзей, аніякай раскошы ад сапраўднай апекі не мела. Алойзы пакінуў мяне таксама і пераехаў жыць у
Севярын, так што і з ім рэдка магла бачыцца.
Маючы жаданне
памаліцца над магілай бацькі, падала просьбу ў Скурч аб жалобным набажэнстве
для яго душы, а паколькі дарога ішла праз Ваютын, вырашыла наведаць і нашу
ранейшую сядзібу, дзе тры гады ўжо не была. Калі праехала Тэрнкі, убачыла Гацкі масток і
сярод бялеючых наводдалі ваютынскіх двароў нашу стромкую таполю, што некалі
нам, як вярталіся з любога падарожжа, пра набліжэнне да роднай страхі
паведамляла, сэрца жывей біцца пачало, а ў душы адкрылася такая крыніца, што я
ледзьве здолела пераадолець узрушэнне. Але калі апынулася на дзядзінцы нашага дому і
паглядзела на тую саламяную страху, якая ўценена была галінамі раскідзістай
таполі, пад якімі нарадзілася і я, вырасла і столькі хвілін шчаслівых з Табой правяла,
сілы мяне пакінулі і ўжо слёз стрымаць я не магла, бо з грудзей вырываліся тыя
слёзы, што не давалі дыхаць. На шчасце
арандатара не было ў доме, а каб спаткаць мяне выйшла паважлівая Юстынка, якая
нам дапамагала па гаспадарцы апошнім часам у Крамянцы. Не было ў мяне патрэбы не паказваць перад ёй
свайго ўзрушэння, да таго ж яна сама расплакалася ад радасці, думаючы, што я
прыехала жыць у Ваютын. Кактус, любае
шчанятка, пазнаў мяне таксама і скавытаў ад радасці, лізаў мне рукі, як некалі,
шмат разоў вітаючы мяне пасля ад’ездаў з дому.
Увайшла ў дом, а
колькі ж тут новых успамінаў абуджаецца! Вось зялёны пакой, дзе хварэў бацька і
дзе не стала яго. Побач гасцёўня, дзе ты
прымала гасцей і дзе ў апошні год мы вышывалі з табой удзвюх наш ваўняны дыван.
Далей зала з французскім балконам на
сад, а за ёй дзіцячы пакой, тваё любае месцейка, дзе мы штовечар абдымаліся з
табой і расказвалі табе вынікі за ўвесь дзень. Кожны куточак настолькі знаёмы і настолькі
прыгожы! Здавалася штохвіліны, што вось-вось з’явішся ты, і адсутнасць гэтага
надта сэрца раніла.
Выйшла ў сад,
але і тут тое ж самае. Так добра мне
знаёмы круглы траўнічак са старой ігрушай пасярэдзіне. Над сцежкай прышчэпленая Тваёй яшчэ рукой
сапежанка, далей альтанка са старых ліпаў, частаколам толькі аддзеленая ад
вуліцы, дзе мы так часта вясковую дзятву садаваінай частавалі. Прабеглася па ўсіх сцежках і алеях, наведала
горку, палісаднік і кустоўе, але калі ўбачыла тую каменную лавачку ў круглай
ліпавай альтанцы, на якой так любіла
сядзець ды слухаць, карункуючы панчохі, як я табе чытала, альбо маючы за
апірышча Твае калены адкрывала перад Табой самыя глыбокія тайнікі майго
дзіцячага сэрца, то ўпала ад узрушэння на зямлю, і цалуючы сляды стопаў Тваіх,
гаючымі слязьмі аблівала той халодны камень, які столькі разоў быў нямым
святаром пры самых нашых найчуллівейшых размовах. Абышла нібыта святой перыгрынацыяй гэтыя ўсе
мясцінкі, якія так верна захавалі дарагія напамінкі пра незваротныя ўжо хвіліны
майго дзяцінства, ды падалася ў Скурч, дзе з Алойзам і Севярынам Імшу святую
дзеля душы бацькі выслухалі.
Дзіўная гэта
рэч, якую не магу нават растлумачыць,
калі я ўвайшла на могілкі і ўкленчыла над магілаю бацькі, з нашмат большым
спакоем ужо малілася і сэрца менш адчувала боль, чым падчас побыту ў Ваютыне. Ці гэта таму, што бацьку я страціла раней, чым
Цябе? Ці таму, што яго Бог забраў, а Цябе забралі людзі. Ці таму, нарэшце, што надзея ўбачыць яго на
зямлі не раніць дарэмна сэрца, а з Табой яшчэ, адчуваю, што магу быць
шчаслівай? Я не ведаю. Досыць таго, што
слёзы, вылітыя на магіле таты, сплывалі спакойна і гаюча, нібы на радзіму Айца
Нябеснага, у Ваютыне ж так горка і балюча было, як калі б нехта пакуты нашыя
паглыбляе ці звястуе аб найсвяцейшым і найдаражэйшым нашымі рэчамі.
Супакоілася ў
Скурчу праз малітву ды паехала пасля святой Імшы ў Блудаў на абед. Апрача пані Хенрыкі і неацэннай ніколі Віці я
застала там пані Крупіньску, якая новую і такую балючую панесла страту, бо
памерла яе апошняя дачка, княжна Чэтвертыньска. Здівілася я спачатку, што на яе твары
найменшага смутку не ўбачыла, а наадварот, такую спакойнасць і прыгажосць, як
бы яе ніякі боль не закрануў. Аднак
пасля кароткай размовы я зразумела стан яе душы і тым глыбей яе шаную. Яна лічыць гэтае жыццё працай перыгрынатаркі, каля крайцаў якой ужо знаходзіцца: “Чаго ж, -
кажа яна, - я павінна смуткаваць, паставіўшы нагу ўжо на ганак гэтага дому, дзе
ўсе мае любыя мяне ўжо чакаюць?” Так любіць яна гаварыць пра дачку, так жа і са
мной ёй было прыемна спаткацца, паколькі я яе ведала і любіла. “Ёй там добра – сказала яна з лагоднай
усмешкай, - толькі б як мага хутчэй мне з ёю з’яднацца”. Прынялі мяне ў Блудаве са звычайнай
гасціннасцю. Усе там Цябе, дарагая
матуля, як і раней любяць і прасілі Табе даслаць сардэчныя пажаданні.
У падарожжы да
Кіева я была ў таварыстве з пэўнай пані, якая туды адвозіла дачку, і таму не
наведала я пасля дарогі стрыечніцы Алаізы, але вяртаючыся, заеду да Валасова і
адпачну там пару тыдняў пасля столькіх фізічных і маральных узрушэнняў, якія
атрымала пасля свайго выезду з Літвы. Гасцюючы ў Кіеве, аджыла сэрцам сапраўды ў
таварыстве Юліка і Віктусі, якія як і наконт здароўя, так і наконт навучання
нічога лепшага не пакідаюць жадаць. Абое
стала жывуць у Кіеве: Віктуся ў сваёй апякункі, а Юлік на пансіёне ў пана
Нівіньскага, са сродкаў якога наведвае гімназію і вельмі паспяхова вучыцца. Віктуся значна падрасла, крыху схуднела і ўжо
станам сваім на паненачку становіцца падобная. Яна мне нагадвае Цябе, дарагая матуля, не
толькі рысамі твару, але і характарам. Любіць
вельмі чытанне і занятая ўвесь час, не марнуючы яго, а калі што трэба зрабіць, то так сабе ўсё
сплануе, як нават рэдка хто са старэйшых дзяцей. Рэшту падрабязнасцяў пакідаю ёй самой для
расповеду, бо ведаю, што яна таксама збіралася Табе пісаць.
Галоўнай мэтай
майго падарожжа ў Кіеў было здабыццё для Цябе ўласкавення. Вось і ўручыла асабіста ў рукі цару просьбу і
ўвесь дзень была ў найсаладзейшых мараннях, што ты будзеш нам несумніўна
вернута, але не, скончылася ўсё неакрэсленнымі абяцанкамі: папрасілі чакаць і
быць цярплівай.
Найдаражэйшая
матуля! Пакуль мела надзею, што хутка ты будзеш вызвалена, датуль менш мяне
абцяжарвала твая забарона прыехаць мне ў Бярозаў, але цяпер, калі можа доўгія
гады прыйдзецца чакаць выніку перамен у Тваім лёсе, такі цяжар прыгнятае маё
сэрца, што думка знаходжання надта далёка ад Цябе падаецца мне невыноснай. Зноўку ж прыпадаю да стопаў Тваіх і прашу, каб ты адступілася ад вырашанага, бо
яно шчасце маё адмяжоўвае ад мяне.
Не адштурхоўвай мяне надалей ад сябе, любая
мая, злітуйся над сіроцтвам дзіцяці Твайго. Ці ж бы ты хацела пакараць мяне вечным
туляцтвам па чужых дамах, дзе я буду для ўсіх бярэмем і выдаткамі, у той час,
калі каля Цябе магу быць яшчэ і
шчаслівай, і карыснай Табе дачкой? Калі мне і зараз яшчэ не дазваляеш прыехаць,
я застануся, але іншага шчасця шукаць я не буду, бо яго для мяне не існуе,
пакуль Ты пакутуеш далёка ад тых, хто цябе больш за жыццё любіць.
Што да шлюбу з
Адамам, скажу табе вельмі шчыра тое, што адчуваю сэрцам, але лічу, што і сама
дакладна сваіх пачуццяў не разумею. Колькі разоў пачынаецца гаворка пра мой з ім
шлюб, думка, што гэта пазбавіць мяне права выехаць да цябе і служыць табе на
выгнанні, найперш з’яўляецца ў маім сэрцы і выклікае хмары смутку на мой твар і
слязу на вочы, што дае некаторым прычыну дапускаць, што я проста ненавіджу той
шлюб. Можа і ненавіджу па сутнасці, але
не асабіста з-за Адама: бо калі цётухна мне прапанавала, каб яму паабяцала сваю
руку пасля Твайго вяртання, не аспрэчвала ўвогуле гэтага, і калі вестка пра
тваё магчымае вызваленне дасягнула маіх вушэй, так мне было лёгка і вольна
марыць аб Табе разам і аб Адаме, што
адпускаючы думку сваю ў далёкую будучыню, нічога ў ёй не бачыла, што б мяне
магло затрывожыць. Але калі рэчы набылі
паварот непрадказальны, усё ў маім сэрцы адразу перамянілася, так што цяпер мне
здаецца, што няма нават найменшай прыхільнасці да Адама і што калі б абрала
гэты шлюб, то ён стаў бы для мяне крыніцай усё большых узрушэнняў і горычы. З таго бачу, што хоць ненавісці да Адама не
адчуваю, але без цябе я не магу быць шчаслівай з ім. Дазволь жа мне прыехаць у Бярозаў, а калі Бог
дасць, што абедзве вернемся, у той час найлепш стане бачным, ці любоў Адама
сапраўдная і сталая, ці толькі адно хвілінны капрыз.
Латэрэя ў Літве
прынесла сто дукатаў, якія павінны былі служыць для майго падарожжа, але сёння,
калі палову надзеі на выезд страціла, адсылаю Табе таксама, дарагая Матуля, і
палову грошай. Рэшта яшчэ застанецца каб
даехаць да Цябе, калі ты гэта дазволіш. У выпадку адмовы адашлю Табе гэтыя грошы, як
Тваю ўласнасць, бо яны за твой фермуар атрыманыя. Цалую стопы твае, Мама любая,
і малю яшчэ раз, каб ты прытуліла да найлюбага сэрца Тваю Паўліну.
Пакуль вышэйадзначаны ліст Паўлінкі дайшоў да Бярозава,
на што ў вясенні час патрэбна было некалькі тыдняў, маці амаль хворая ад
непакою пра яе, пісала ёй наступныя словы пад датай 21 чэрвеня 1840 года.
О дачушка мая,
любае маё дзіця, шчасце маё! Сёння дзень тваіх імянін. Можа будзеш павітаная не адзіным зычэннем, у
якім сэрца не будзе адказваць пачуццём. А калі халодныя формы, падказаныя звычаем, да
таго ж аддадзеныя прымусова, складаюць цэлую для цябе павуціну, тое ж сэрца,
якое табою толькі жыве, не скажа табе аніводнага слоўца, не выкажа ніводнага
пажадання… Але калі б я нават магла быць з табой, калі б мне дазволена было
кінуцца ў твае абдымкі, ты не пачула б ад мяне ані слова: бо нават дыханне
затрымалася б у грудзях. Я б абняла тваю
шыечку, слязьмі абмыла твой тварык, ды пераліла б сваю душу ў тваю… навошта ж
словы!
Так даўно чакаю
ад цябе ліст, а ў душы такі ўціск, такая цесната, нібы нейкае нядобрае
прадчуванне. Ад часу, як я ведаю, што ты
з’ехала з Зубкоў, усе непакоі і трывогі, якія мяне амаль насілі перад тваім
ад’хездам ў Літву, зноў мяне атачылі і не спыняюць пакутлівы сваю працу.
Здаецца мне
ўвесь час, што я бачу цябе ў пакутах, абцяжараную справамі, якіх ты адолець не
ў стане, з нястачай, якая, як нялюбы сябар, сочыць увесь час за табой,
атручваючы ўсе гадзіны ўдзень і нават уночы, пазбаўляючы цябе сна. Я хацела б на крылах паляцець да Цябе,
вырвацца, узнесціся, атуліць, лічыць тваё дыханне, жыццём сваім закрываць тваё
жыццё. У гэты час я адмаўляю сабе ва
ўсіх выгодах, якія тут і так адсутныя, прашу спакою, якога атрымліваю і так
зашмат, і невымоўна пакутую ад таго, што маю і час, і прастору, ды не магу табе
быць карыснай найменшым чым бы то ні было. Увогуле, толькі памнажаю тваё бярэмя, бо ты
нават пазбаўляеш сябе апошняга кавалка, каб мне дапамагчы. О, не рабі гэтага, дзіцятка маё! Ты, хто так
умееш чытаць у кнізе маёй душы, ці ж не бачыш, што памнажаючы мае матэрыяльныя
выгоды, даеш мне пакуту маральную, бо я ведаю, што кожная набытая такім чынам
выгода, акупленая тваёй нястачай. Усё ж
з пенсіяй, прызначанай мне ўладай, я не магу быць прыгнечанай нястачай,
асабліва што і родныя нашы памятаюць пра мае патрэбы.
Быць бы толькі
спакойнай за вас, ведаць, што ніякі злы выпадак вас не датычыць, што хоць адно
добрае пачуцце дасылае прамень радасці да сэрцаў вашых, тады і ў маёй душы
сонца засвеціць. Гэты ланцуг нябачны,
які нітуе нашыя сэрцы; ці ж па ім не ідуць усе пачуцці, якія вы спазанаеце?
Толькі праз яго я зачэрпваю жыццё, праз яго п’ю смутак, радасці, надзеі і
засцярогі; з усіх іншых бакоў я ўзброена нячуласцю, як чарапаха сваім панцырам.
Смела сказаць можна, што час побыту Паўлінкі на Валыні
належыць на найцяжэйшых выпрабаванняў, якія маці наша вытрымлівала на выгнанні.
Бо адначасова яна была пазбаўлена
ўсялякіх звестак ад Юліка і Віктусі, так што не ведала нават, ці жывыя. Прывядзем тут пару лістоў, напісаных у той час
да малодшых дзяцей, бо ўласныя яе словы найлепш адлюструюць тыя раны, якія
сэрца яе ў гэты час атрымлівала. Пачынаю
ад ліста да Юліка.
Мой дарагі Юлік,
любае маё, каханае дзіцятка! Ці ты ведаеш, што ўжо амаль што пяць месяцаў ні ад
цябе, ні ад Віктусі ніякай звесткі не маю, нягледзячы што кожны месяц да
кожнага з вас пішу? Калі б не лісты Паўлінкі, не ведала б нават, дзе вы і што з
вамі? Пакутую ад дадумванняў, але ніякія дапушчэнні сэрца супакоіць не здолеюць.
Я казала раней, што лісты мае да вас не
даходзяць, ці што вашыя блукаюць па прычыне недакладнага адрасу. Я пісала разы са два, як вы павінны пісаць
адрас, але нягледзячы на тое, што ад усіх іншых я атрымліваю рэгулярна адказы,
з вашага боку заўсёды адно маўчанне.
У гэты час
прыйшло мне на думку, што вам не дазволена пісаць да мяне і ўсведамляю, што
такое дапушчэнне надта балюча мяне раніць, бо мне падаецца, што як гэтая
апошняя нітка, якая злучае мяне пэўна з вамі, будзе перарвана, вы мяне цалкам
забудзеце, так як мажліва ўжо сцерліся з памяці вашай рысы мае. У гэты час маці ваша стане чужой для вас. Больш чужая, чым кухарка, што гатуе вам абеды,
ці тая ж прачка, якая мые вам бялізну, бо яны набліжаныя да вас па справах,
часцей нават узнікаюць у вашай памяці, бо служаць вашым патрэбам, а я, нічым
для вас не карысная, адарваная ад усяго, што мае стасунак з вамі. Мая любоў безуладная, бясплённая, знікне ў
вашай памяці, калі ўжо нават голас мой не зможа дастукацца да сэрцаў вашых.
О мой Юлік!
Зараз ты яшчэ не можаш сабе ўявіць, якія пачуцці абуджае ў душы маці думка, што
яна будзе зніклай у памяці, цалкам дастаная з сэрца і памяці сваіх дзяцей… цяпер я спрабую
даслаць вам пасылку, якая не можа быць атрыманай без твайго роспісу, таму
вымушана ў рукі непасрэдна твае трапіць. Прашу цябе толькі і заклінаю любоўю, якую маеш
да мяне, каб адразу пасля яе атрымання ты адпісаў мне на адрас табольскага
губернатара і асабіста ліст на пошту аддаў, і я ўпэўнена, што як усе іншыя,
будзе ён мне ўручаны. Дашлі мне хаця ў
двух словах, як вашыя справы, а я, як толькі буду мець пэўнасць, што вы
здаровыя і што лісты мае да вас трапляюць, здолею зразумець цяжкасці і
перашкоды для частай карэспандэнцыі, бо і тое ужо немалой для мяне будзе
радасцю, што пішучы да вас, падумаю: яны гэты ліст чытаць будуць і не забудуць
мяне.
Я дасылаю табе,
маё дзіцятка, кашалёк, зроблены сваімі рукамі і шапку з габардыны. Я прасіла зрабіць падобныя для вас трох і для
Адама, якога таксама люблю, як сына. Насі яе як памяць аба мне. Можа гэта няўдзячнасць з майго боку: замест
дзякаваць адно Пану Богу за Яго Апеку над вамі, асьмельваюся жадаць асабістых
радасцяў для сябе. Апека, якою цябе
атачыў, не дабрадзейства, якое б ахвотна акупіла коштам некалькігадовых пакутаў
асабістых, калі б уваходзіла да намераў Вышэйшай апекі, каб кожнае
дабрадзейства акупляцца павінна было пакутамі. Але што ж зробіш з сэрцам маці? Не менш як пра
вас клопат мой і пра Паўлінку, нягледзячы на тое, што больш часта лістуюся з ёю.
О, калі гэтае дзіця стане ахвярай свайго
прызначэння і любові да мяне, на ўсё жыццё засталася б мне толькі бясконцая
стужка пакут і згрызот!
Не менш чырвонай барвай насычаны ліст наступны, напісаны
да мяне праз пару тыдняў.
. Апошні ліст твой
колькі ж выклікаў узрушэнняў, якія праціналі душу маю. Думка мая, вызваліўшыся на хвіліну з-пад
брудных хваляў гэтага мёртвага мора, у якое я цяпер вымушана ныркаваць, адышла
ў мінулае, паляцела ў родны край, яшчэ раз наведала тыя мясціны, у якіх я
адчувала, пакутавала, кахала, была шчаслівай, адным словам, дзе адбывалася ўся
драма майго жыцця, і душа мая паляцела з ёй разам, хацела яшчэ раз парадавацца
шчасцем, хоць і мінулым, хацела вас абняць, дзеткі мае, душы маёй душы, адзіныя
крэсіўкі, што лучаць мяне яшчэ з жыццём.
Але што ж я
знайшла ў гэтых мясцінах, так некалі для мяне напоўненых жыццём і надзеяй? Вы
раскіданыя па свеце, спадчына ваша зруйнавана, сціплая сядзіба, дзе так
свабодна для нас ішло некалі ціхае хатняе жыццё, цалкам спусцела, голад і
нястача распрасталіся панаваннем над усёй ваколіцай, раней жытняй і
гаспадарнай… Адна толькі Паўлінка, як анёл пакут, суму, самотная, азмрочаная
душа, стаіць сёння на стражы гэтых руін, дзе ад напамінкаў ранейшага майго
шчасця засталіся толькі на тым самым месцы магілы тых, каго кахала і кім была
каханая. О, мінулае ў параўнанні з
надзённасцю ўтварае вобраз настолькі спрэчны, такі паранны!. . . Зазірнем лепш у будучыню. Але ва ўсёй прасторы свету душа мая нічога не бачыць, нічога не прагне
бачыць, толькі сочыць вокам за зорачкамі вашага лёсу. Адны мне бачацца імглой кранутыя, хвілінамі
адбіваюць жывы бляск, і зноў іх атачае імгла; іншыя свецяцца ўвесь час дрыготка
і нясмела ад бляску месяца; але твая зорачка яскравая і светлая, хмары ад яе
кружляюць далёка і белая імгла да яе не ўзносіцца. Каб вось такія хмары жыцця лёталі толькі на
тваёй дарожцы, каб блаславенства Нябёсаў табе заўжды дапамагала, як дапамагаюць
табе малітвы і блаславенствы мае.
Найбольшы
непакой маю за Паўлінку, асабліва ад часу, як даведалася, што яна на Валыні:
клопаты, апека, знясільваючая праца … Я, бы смерці, баюся, каб яе слабы
арганізм не здаўся! Нейкая неапісальная трывога атачае мяне, як у чарговы раз
думаю аб ёй, і нібыта дрэнныя прадчуванні пакуцяць маю душу. Яна ўвесь час збіраецца да мяне, але калі
пачуе парады мае, то застанецца на радзіме і з’яднае свой лёс з лёсам Адама,
які так шчыра кахае яе. Гэты Анёл
дабрыні заўсёды з гатовасцю прысвяціць ўласнае шчасце для тых, каго кахае, але
ці ж маці магла б быць шчаслівай, прыняўшы такую ахвяру?. . .
Пра жыццё сваё
што ж гаварыць! Мы толькі з жывёлінкамі тут можам пабачыцца і толькі. Ад часу, як завітала да нас цёплая пара,
дапамагаю маёй гаспадыні ў гародзе і вучу яе садзіць ды сеяць па-нашаму. Ты думаеш пэўна, што для мяне гэтыя вясковыя
справы - мілая забаўка, якую так любіла некалі? Як найменш, то абыякавасць адчуваю
да ўсяго. Пераканалася, што праца сама
па сабе – рэч нецікавая, яго мэта толькі надае ёй інтарэс і жывіць яе. Каго ж тут магла б ашчаслівіць з
задавальненнем плёнам маёй працы? Пра чыю магла дбаць тут пахвалу ці заўвагу?
Штосьці іншае
было ў той час, калі на працягу некалькіх тыдняў думала ўжо пра тое, як вы
прыедзеце на вакацыі, як будзеце бегаць па садзе, збіраючы самыя лепшыя ягады і
фрукты. Ці вось на свята Божага
Уваскрэсення, з якім апетытам будзеце есці пасвечанае, радуючыся пісанкам, аплаткамі з уласнай
лічбай і маленькімі бабкамі. Як жа гэта
было у той час міла: і прышчапляць, і саджаць, і працаваць, калі вы былі мэтай
маіх памкненняў і ўсіх дзеянняў, калі разам працавалі, то як жа плённа агульным
шчасцем гэта пасля адорвалася. Мы не прадбачылі
ў той час, што хутка ўдарыць пярун, што разаб’е гэтае ціхае шчасце наша і
раскідае нас па свеце, кожнага ў свой бок.
Шчасцем ёсць непрадбачлівасць ў дачыннені да будучыні, - яна дазволіла
нам як найменш паспытаць райскіх хвілін, якія на жаль, так хутка скончыліся!...
Надышлі нарэшце з Кіева такія жаданыя лісты ад дзяцей,
але змест іх быў досыць невясёлы з-за атрыманага Паўлінкай неакрэсленага
адмаўлення, але для сэрца маці адно ўжо веданне пра дзяцей сваіх зрабіла
неапісальную радасць і ўтрываліла яе душу на далейшыя змаганні з супярэчлівым
лёсам. Наступны ліст, напісаны да
Віктусі, быў напоўнены ўжо большай непараўнальна свабодай духу, а часам нават
адценнем ранейшай весялосці.
Даражэнькая мая Віктуся,
любае маё дзіцятка! Сэрца маё перапаўняе сёння радасць: атрымала пася такога
доўгага чакання твой мілы лісток, які ты пісала падчас побыту ў вас Паўлінкі. Ён прыйшоў якраз у час, бо атрымала нядаўна
звестку з Кіева, што ты была небяспечна хворая, і хаця дадаюць, што ўсё
прайшло, слёзы нішчылі маё дыханне. Але
твой лісточак, так прыгожанька напісаны, такі свабодны, вялікую палёгку мне
даў, і нават сум мой перамяніўся ў слёзы падзякі ласкаваму Богу і добрай
апякунцы тваёй, якая з такім клопатам даглядала цябе неадступна падчас тваёй
хваробы. Яна ніколі не будзе ведаць ані
часткі таго, што рабілася ў маім сэрцы, хіба можа там, высока, дзе не патрэбныя
будуць узрушэнні, каб іх уцелясняць у словы. Калі зямныя пачуцці мы забяром з сабою ў лепшы
край, яна ўбачыць усю моц маёй удзячнасці.
Падзякуй таксама
ад мяне, маё дзіця, за перасылку, змешчаную ў тваім лістку, далікатнаму
дарыцелю, які яе ахвяраваў з дапамогай ручак тваіх. Білет банкаўскі, дасланы мне табой быў
прадметам інтарэсу для беразоўскай публікі, бо дасюль такія асігнацыі яны тут
не бачылі. Я схаваю яго як ён ёсць і не
буду яго выкарыстоўваць, хіба што пры канчатковай неабходнасці, калі ўсе іншыя
сродкі будуць вычарпаныя. Пакуль жа ён у
мяне будзе, ты будзь пэўнай, што твая маці мае запас, а калі будзе вымушана яго
размяніць, тады ты будзеш радавацца, што ён мне спатрэбіўся якраз у час.
Пішы мне, мая
Віктуська, аб сваіх забавах, пра свой садочак, пра сваю навуку. З задавальненнем думаю, што па меры таго, як
будзеш навучацца пісьму, я буду атрымліваць больш пашыраныя лісты ад цябе. Раней бывала, як развітаемся на некалькі дзён,
то як жа сумна! З якім жаданнем я прагну дадому, вось мы абдымаемся, цалуемся і
ты ўжо нават засынаеш, атачыўшы твае ручкі вакол шыі маёй; але пакуль што я
вымушана чакаць некалькі месяцаў, пакуль атрымаю колькі слоўцаў ад цябе… Але і
за гэта бясконца дзякую Пану Богу, і нават пасля прачытання падрабязнасцяў,
якія мне апісваюць Паўлінка і Юлік пра цябе, мне падаецца, што ўжо крыху менш
часу нас раздзяляе з табою. Ведаю, што
ты падрасла, схуднела і не маеш ўжо той ранейшай дзіцячай мінкі, але затое твая
постаць менш дакладна вымалёўваецца зараз у маім уяўленні, чым раней гэта было.
Два ўяўленні перамяшаліся, і калі мне на
думку прыходзяць тая малая Віктуся, нясмелая з чужымі, якая чаплялася за маю
адно шыю, якая мне расплятала косы і засынала на канапе за маёй спіной, зараз
побач з гэткай паўстае паненка разумная, прыгожая станам і душою і якая ў маім
сэрцы просіць месца, занятага маёй ранейшай Віктусяй.
А ці ты мяне
яшчэ памятаеш, любае маё дзіцятка? Не забылася яшчэ на маю знешнасць, на нашыя
размовы, на шмат падрабязнасцяў шчаслівага для мяне часу, калі мы былі разам? А
я думала, што мае рысы нават ужо сцерліся з тваёй дзіцячай памяці.
Аб сабе што ж
табе напісаць з гэтай сталіцы ільдоў і маралаў? Дзень мой дарэмны я падзяляю на
працу і чытанне, а часам згуляем партыю ў шахматы з доктарам Вакуліньскім, які
толькі што сюды прыбыў. Шахматы стварылі
сабе сцізорыкам з мамантавай косткі, яны хаця і нязграбныя, але усё ж замяняюць
нам зграбнейшыя.
У гэтым жа годзе
больш баюся халадоў, вымушана была нават забяспечыць сябе больш цёплым адзеннем.
Рэдка
таксама выходжу на шпацыр, бо мой рэўматызм пашыраецца. Усё адно, калі дзень ціхі, то шпацырую, а
часам нават прымаю запросіны на мясцовыя вечарыны, дзе адны гуляюць ў вельмі
прыгожыя гульні і сардэчна смяюцца, а іншыя п’юць, яшчэ некаторыя гуляюць у
карты, ды ўсе ядуць, колькі каму дазваляе яго апетыт, бо ежы падаюць заўсёды
невыказальна шмат. На стале з’яўляецца
больш за дзесятак сподкаў, а да таго ж канфітуры, арэхі і іншыя смачнікі
разносяць несупынна. Мажліва ты смяялася
б, мая Віктуся, калі б убачыла, як тут з найвялікшай пыхай стаўляюць на стол
для гасцей паміж канфітураў гарох ды боб зялёны ў струках, не абраную рэпу і
свежыя агуркі, пакрышаныя ў паўміскі і пасыпаныя цукрам. І вельмі добра робяць, бо больш знаходзіцца
аматараў на такія прысмакі, чым на канфітуры, якія зразумела ж абавязковыя для
гасціннага прыёму і якія пяцьдзесят разоў падарожнічаюць то туды, то сюды са
слоікаў на місачкі, ізноў з місачак у слоікі, а дзеці гэтым карыстаюцца, бо як
госці разыходзяцца, а канфітуры схаваюць, ім застаюцца місачкі, каб аблізаць.
Я павінна табе
распавесці пра адзін смешны на гэты конт выпадак, пры якім сама была сведкай. Некалькі дзён таму мы былі запрошаны да аднаго
мяшчаніна, які вельмі хацеў бачыць нас гасцямі ў сваім доме. Вельмі шчыра нас прымаў, частаваў, але з усяго
прыёму мне спадабалася шасцігадовая дзяўчынка, нясмелая, з лагодным позіркам,
якая мне вельмі нагадвала цябе. Яна села
побач са мной, і бачачы, што я стрымліваю слёзы, прысунулася бліжэй і ўвесь час
пазірала мне наўпрост у вочы, увесь вечар не адыходзіла ад мяне, нібы адчувала,
якое ўражанне на мяне робіць. Але
паколькі мы доўга не сыходзілі, то ёй надакучыла, відаць, чакаць ужо, дык
паведаміла нам амаль што не з плачам: “Сыходзьце ўжо, бо я хачу палізаць
місачкі”. Такая дзіцячасць вельмі нас
рассмяшыла, хаця напэўна за яе атрымала не аднаго прачуханца ад маці.
Хочучы табе
што-небудзь даслаць на ўспамін, а разам з гэтым даць табе апісанне строяў тутэйшых
асцякоў, таму дасылаю табе, мая любка, тры лялькі, якія я пашыла сама. Дзве з іх, якія апранутыя ў футра з маладых
маралаў, з’яўляюцца вопраткай на штодзень, і зімовую, і летнюю. Тая ж, што мае ланцужок на галаве і ў
хустачцы, гэта сталая жанчына. Хустачка
гэта служыць уборам для галавы і маладая асцячка ніколі без яе не можа
паказацца. Нават дома ніколі ні бацька,
ні брат мужа не павінен бачыць яе твар. Другая ж лялька, без хустачкі, у мужчынскім
убранні, бо і мужчыны мясцовыя ходзяць з доўгімі валасамі, пазаплятанымі ў
коскі па баках галавы. Нарэшце трэцяя
лялька, найбольшая, у строях багатай асцячкі, бо некаторыя з іх маюць сукенкі з
ядвабу ды іншыя каштоўныя аздабленні.
Дасылаю табе і
некалькі кедравых шышак, а як падастаеш іх змесціва, то будзеш мець уяўленне
пра мясцовыя арэшкі, якія з’яўляюцца неад’емным пачастункам для гасцей і
забавай для слуг хатніх. Калі ёсць у
цябе садочак, то пасадзі зернейка, і магчыма з яго вырасце кедр. Развітваюся з табою, дзіцятка маё любае. Падыйдзі ж , каб хаця прытуліла цябе,
пацалавала твае вусначкі, адчула твае ручкі, што абдымаюць маю шыю. Бывай жа, любачка, ды Бог цябе захоўвае.
Той жа поштай паляцеў таксама наступны ліст і да
Паўлінкі:
О маё дарагое
дзіця! Чытала, глытала наўпрост твой ліст, збірала з яго раскошу і атруту,
бачыла тваё сэрца безабароннае і мае вочы інакш цяпер бачаць, бо як найменей
пазіраю з глыбіні душы; бо можна якраз, калі такая прастора падзяляе, бачыць
сутво яскрава, яго толькі і выдзяляць. Пачуццё мяне не ўвяло ў зман, калі ад часу, як
ведаю, што ты выехала на Валынь, вялікі цяжар сэрца маё прыгнятае. Такі ж сумны твой ліст, такі боль у ім
малюецца! А ўсе ж твае ці то радасці, ці то пакуты адбіваюцца ў маёй душы,
адбіваюцца нават тады, калі ты пра іх яшчэ не напісала, тым самым пацвярджаючы
мае прадчуванні. О Божа! Ні пра што для
сябе Цябе я не прашу, дай толькі радасці сэрцу майго дзіцяці, суцеш гэтую
спакутаваную душу, а мае перажыванні суціхнуць самі.
У маіх
папярэдніх лістах ты адшукаеш мае думкі і пачуцці, якія з’явіліся,
асветленыя лістамі Адама і Зубковай; бо
ў тваіх бачыла цябе нібы праз імглу. Калі ж ці то я, ці то яны памыляюцца, то
заўсёды маеш сродак для іх выпраўлення: рабі так, як будзе найлепей для цябе, і
гэта якраз будзе адпаведным маім жаданням, і атрымае маё адабрэнне. Часам да мяне прыходзяць такія хвіліны
сумнення і няпэўнасці, што амаль страчваю дух. У гэты час я сабе не магу дараваць тое, што
гадзіну таму ўгаворвала цябе для твайго ж шчасця. О любае маё дзіця! Прабач, што некалі
міжвольна стварыла боль у сэрцы тваім. Таму ад гэтага часу і назаўжды, ці ж маю, ці ж
магу мець іншую мэту, чым тваё шчасце?
А як адшукаеш
часам супярэчлівасць у маіх парадах ці памкненнях, то як найменш не адшукаеш яе
ніколі ў маіх роздумах. Словы з твайго
ліста: “Калі і цяпер яшчэ ты мне не дазволіш прыехаць, застануся, але большага
шчасця за тое шукаць не буду”, амаль што
мяне ўваскрасілі, паколькі амаль згубіла веру, што гэта ты іх пішаш. Якую ж мэту іншую я магла мець, адракаючыся ад
надзеі прытуліць цябе да сэрца свайго, як не пажаданне таго, каб лепей табе
было ад гэтага? А тое, што найлепей для цябе, ці ж не найлепей і для мяне? Ці
магла я хацець, забараняючы табе прыезд, твайго бясконцага сіроцтва,
беспрытульніцтва ў чужых дамах? О маё дзіця дарагое! Гэта не сэрца тваё
напісала гэтыя словы. Прыезд твой да мяне ў такіх абставінах быў бы неабдуманым
маім рашэннем і таму дазволіць сабе яго як не магу, так і не хачу. Пабранне з
Адамам жа не толькі б пазбавіла цябе бясконцай адзіноты і беспрытульніцтва, але
і дало б апеку ўсім малодшым, а магчыма
забяспечыла б і мне які-небудзь прытулак падчас старасці маёй. Але не маю права наказваць, не смею нават раіць
далей, бо перасцерагаю сябе, каб мацярынская клапатлівасць аб шчасці вашым не
запярэчыла майму розуму. Кроч жа, жыццё
маё, так, як табе ўласнае сумленне разам з абачлівасцю падыктуюць, а калі
рушыш, ува мне знойдзеш заўжды не суддзю, а
гатовага да бясконцых ахвяраў абаронцу, бо прадчуваю, што тое адно
здзейсніш, што пасля мудрага роздуму абярэш найбольш належным тваім абавязкам. Кіруй жа Божа, крокамі тваімі, унебяспеч
асвячэннем, радасцю і гартам. Мае
малітвы, мая любоў, мае блаславенні заўсёды з табою.
Як пайшлі вясновыя паводкі ды крышыцца пачаў лёд на Обі,
маці доўгі час была пазбаўлена любых навін ад дзяцей. Але пры параўнанні датавання лістоў, напісаных
у гэты час, немагчыма не быць уражаным ад падобнасці ўкладання іх: маці і
Паўлінкі. Што тым больш дзіўным
падаецца, што ў абедзвюх душах ішоў якраз такі станоўчы і незвычайны пераварот
што да настрою грунтоўнага, што ніводзін псіхолаг не змог бы яго прадбачыць. Перамена такая была галоўным чынам ад таго,
што абедзве страчвалі адначасова і без аніякай, дарэчы, прычыны да таго якраз
упэўненасць у сваіх перакананнях, якімі кожная з іх у паводзінах сваіх кіравалася,
і пачалі кшталту сумнявацца і непакоіцца, ці не памыліліся з акрэсленнем
ўзаемнага свайго становішча і з усведамленнем уласных абавязкаў.
Падчас, калі маці, як мы бачылі у папярэднім яе лісце,
усведамляе сябе перад дачкой нібы вінаваты перад суддзёй, ператвараючыся пылам
перад нагамі свайго дзіцяці, з поўным
адрачэннем ад уласнага роздуму і ўласнай волі, і пакутуючы ад страху за
наступства пададзеных парад, аж да хваляў сумлення, у тую ж хвіліну амаль што
з’яўляецца ў душы Паўлінкі такая варонка і такая яе апаноўвае трывога, што
выракаючыся любой самасці, амаль не
выпускае з рук стырно сваіх наканаванняў і аддае сябе на суд тых, з кім дасюль
так мужна змагалася. Аднак заўсёды з
такой незраўнанай простасцю і шчырасцю, якія стваралі шляхетнасць яе характару. Каб жа лепей зразумець гэтую метамарфозу
сутва, звернемся яшчэ аднойчы да побыту Паўлінкі ў Кіеве, бо менавіта ад гэтай
хвіліны ператварэнне гэтае распачынаецца.
Паўлінка, хаця магчыма і не думала аб гэтым, шчыра усё ж
ставілася да Адама. Аднак яе любоў да
маці была такой моцнай і усепаглынальнай, што без вагання ахвяравала дзеля яе
гэтым новым пачуццём, якое на шляху да з’яднання з маці перашкаджала. Яскравае пры гэтым усведамленне абавязку
свайго ў дачыненні маці, з апірышчам на ўсведамленне сумлення, што павінна
клапаціцца аб той на выгнанні, стварала з ахвяравання такога цноту і настолькі
трывалы падмурак для яе дзеянняў, што ні на хвіліну не вагалася падчас выбару,
і нават не шкадавала зусім з-за адмовы Адаму, і нават не адчувала нічога ў сэрцы.
Забарона маці прыехаць ёй у Бярозаў
толькі адкладвала выкананне яе намераў, не руйнуючы іх ніколечкі, бо яшчэ жыла
надзеяй бясконцай, што яе апекаванне за вызваленне, а як найменш за пераезд
маці ў больш лагодны клімат, здзейсняцца з належным вынікам. Адмоўны ўсё ж адказ цара ў Кіеве моцна ўжо
пашкодзіў гэткую яе надзею, а станоўчы
тон лістоў маці, які не пакідаў ніводнага сумнення аб яе найглыбейшых
памкненнях, канчаткова яе нішчылі. Яна
цяпер яскрава бачыла, што калі б, нягледзячы на атрыманыя парады і перасцярогі,
паехала у Бярозаў, то маці прытуліла б яе да сэрца не з пачуццём радасці, якую
адчувае падчас здзяйснення найдаражэйшых маранняў, але хутчэй з болем, які
атачае ад выгляду сына, што кідаецца пад вадаспад, каб выратаваць гінучага ў ім
бацьку. Яе прысутнасць стала б для маці
згрызотамі больш, чым радасцю, бо перад яе ўяўленнем было б бясконцым відма змарнаванага даччынага
сэрца, памерлай маладосці, а можа нават і дачаснай смерці.
Павелічэнню
маральнага болю, ад якога пакутавала цяпер Паўлінка, спрычыніліся яшчэ і
дасланыя ёй з Крамянца звесткі аб маці. Таварышка яе па выгнанні, панна Ранжэўска,
пісала сваім родным, што маці пакутавала і была заглыбленая ў неадольны смутак.
Ужо адна такая навіна нішчыла яе ўсё
больш, а што да таго яшчэ – што ў такіх абставінах, калі не толькі ёй няможна
было прыляцець да ложа пакут маці, але калі ж сам стан яе пакут сваёй сталай
адмове Адаму прыпісвала. Да ўсяго яе
ўзрушэння пані Бэсю, маці Юліуша Славацкага, што вельмі прыязная была да нашай
сям’і, атрымала з Бярозава доўгі ліст, у якім маці наша жалілася на адмову Паўлінкай
Адаму і распавядае сваёй сяброўцы, што з удзячнасцю атрымала б смерць ад імя
Апекі Божай, калі б такою ахвярай магчыма было акупіць шчасце сваё дачкі.
Перасылаючы гэты ліст Паўлінцы, пані Бэсю дадае ад сябе
сардэчную параду, каб не пярэчыла больш і аддала руку Адаму. Спакутаваная з аднаго боку жаданнем убачыць
маці ды паклапаціцца аб ёй, з другога , бачачы, што Адам - галоўная да гэтага перашкода, і што ўсе за
яго і яе угаворваюць па просьбе маці,
падтрымліваючы тую, то у першую чаргу ад
жалю і пакуты Паўлінка напісала ліст да сваёй сяброўкі Міхаліны Зубковай, у
якім дала выліцца усім сваім пакутлівым болесцям, дзе лічыла прывязанасць Адама
галоўнай крыніцай гэтых пакут. Не бачыла
ніякага выйсця з такога роспачнага становішча, лічыла, што адно смерць стане яе
жаданым вызваленнем.
Гэта быў апошні высілак выключнага духу ў такой няроўнай
барацьбе, дзе адна процістаяла усім. І
пасля гэтага менавіта, надта раптоўнага выбуху пачуццяў, настае гэты пералом,
пра які вышэй гаворка была. Уражаная
сама апошнім вынікам прынятага ёй за падмурак сваіх дзеянняў правіла, бачыла, што
ахвяра, якую так бескарысліва аддала, нікому аніякай карысці не прыносіць,
наадварот жа, стала крыніцай глыбокіх пакут не толькі для яе, але і для маці,
дзеля якой была споўнена. Паколькі за
прыязнасць і шляхетнае ахвяраванне Адама яна адплочвала яму адмовай і
несправядлівай абразай, то цалкам засумнявалася аб слушнасці правіла, якім
кіравалася да гэтага часу, а страціўшы падставу для роздуму, засумнявалася і ў
сваім розуме. Аднойчы ж даведаўшыся, што
не здольная кіравацца сама, трапіла накшталт у духоўнае спусташэнне з мажлівасцю
толькі сябе саму вінаваціць з-за такога становішча. Менавіта ў такім, па сутнасці, стане яна
вярнулася з Кіева да Адэрад, дзе недахоп усялякага суперажывання і духоўнага
падмурку паглыбілі такі настрой духу. Падчас гэтых пакутаў Паўлінкі Міхаліна даслала
атрыманы ёю ліст да Адама. Аб уражанні,
якое той учыніў на яго, сведчаць найлепей яго словы. Вось што піша ён да Паўлінкі:
Некаторыя словы
твае, Пані, якія я прачытаў у лісце Тваім да панны Міхаліны, былі для мяне
такім страшным болем, якога я не адчуваў ад дня смерці Маці. Я быў нібы спаралізаваны, не верыў уласным
вачам, па некалькі разоў перачытваў твае словы: “калі смутак мяне мацней
згняце, то хацела б з усім скончыць, бо рада была б спыніць выкананне ніякай
ролі на сцэне гэтага свету”. З далейшых
слоў Тваіх лёгка можна здагадацца, які мой удзел у гэтай страшэннай тваёй болесці.
Значыць я быў прычынай , з-за якой у
Тваёй душы рабіліся такія рэчы, што мажліва аддаў бы жыццё сваё, каб ад іх цябе
авінуць. Я няшчасны! Для чаго ж апынуўся
на шляху Тваім і якім жа сумным здзекаваннем лёсу прызначаны я для надання Табе
такіх перажыванняў, я, хто быў бы найшчаслівейшым, калі б мог збавіць Тваё
шчасце коштам майго жыцця (ды і гэта было б малой ахвярай!), коштам доўгіх
гадоў найцяжэйшых пакут? Разам з Тваім, Пані, прыйшоў таксама і ліст Маці, у
якім яна паведамляе, што пісала яшчэ раз да Цябе з просьбамі і ўгаворамі, каб
ты не пярэчыла нашаму пабранню.
Вымольваю ў
Цябе, Пані, укленчыўшы, заклінаю Цябе любоўю Тваёй Маці, скажы мне, ці сапраўды
Тваё сэрца адвярнулася ад майго? Ці ты лічыш шлюб са мной такім вялікім
няшчасцем, што нават не цураешся смерці? Ці калі пагодзішся аддаць мне руку
Тваю, то толькі як ахвяру, з перакананнем, што Цябе надалей нічога апрача пакут
не чакае? О! Калі так гэта, то дай мне, Пані, заставацца самотным усё жыццё (бо
я пакляўся, што не буду мець іншай жонкі, акрамя Цябе), у такім выпадку сам не
хачу рукі тваёй. Калі ты толькі гэтага
баішся, што шлюб са мною станецца прычынай страты абавязкаў Тваіх у дачыненні
Маці. Калі ты лічыш, што я буду перашкодай
у іх выкананні, то прысягу складаю Богу, які чытае ў сэрцах, прысягаю любоўю,
якую маю да Цябе, што і ўвесь час майго жыцця, і ўсё што маю, і ўсе памкненні
маёй душы прысвячу намаганням для вызвалення Тваёй маці і палёгкі Табе, а ,хутчэй,
нам, для паяднання нас з табою, як і Цябе і любай Тваёй Маці. Зраблю усё, што магчыма зрабіць чалавеку, каб
дасягнуць гэтае мэты. Але толькі тады я
буду мець права на гэта, калі не для дагаджэння Маці , а па ўласным жаданні
абярэш руку маю. Вымольваю ў Цябе яшчэ
раз, Пані, каб шчыра і станоўча мне паведаміла: ці ёсць для мяне месцейка ў
Тваім сэрцы, ці насамрэч не? Ад гэтага будучыня мая, як маю права паведаміць,
ды наша будучыня асабліва ж залежыць.
Калі б такі ліст трапіў да Паўлінкі у абставінах, якія яе
атачалі перад падарожжам у Кіеў, выклікаў бы напэўна адказ, які ўвесь час
дасюль усе прапановы Адама чакаў, але перамененая яе душа ужо цалкам у іншым
святле ўяўляла цяпер гэтую справу. Аднойчы засумняваўшыся аб слушнасці сваіх
дзеянняў, яна насамрэч пакінула традыцыі мінулага, у якім адно толькі памылкі
бачыла. Пачуццё, большае за прыязнасць
да Адама, павялічылася на адлегласці, а можа ад аказванай яму да гэтага часу
суровасці, пазбаўленае апошнім яго лістом ад кшталту антаганізму да любові да
маці, з якой і ён цяпер паяднацца хацеў, апынулася цяпер перад судом свайго
сумлення ў выглядзе бязвінна пакаранага прымірэнца, першы раз адкрыта нагадваць пачало аб праве жыхарства ў
яе сэрцы. І паколькі нічога ўжо не
пярэчыла ў душы што да яго, да таго ж на яго карысць быў голас маці, сяброў і
ўласнага нарэшце сэрца, без цяжкасці вырашыла адпаведна з жаданнямі ўсіх яе
дарадцаў так, як пасля без страху і маскавання, з дзіцячай амаль простасцю ў
лісце да Адама паведаміла. Вось яе словы
ў адказ яму, датаваныя 11 чэрвеня ды адасланыя з Адэрадаў.
Сама не ведаю,ці
павінна тлумачыць Пану словы, прачытаныя ў маім лісце да Місі?. . . Але ж як іх патлумачыць? Абіраю проста
прызнаць сваю вінаватасць і звярнуцца да Твайго сэрца, Пане, з просьбаю, каб ты
мне прабачыў гэтыя ўсе дзівацтвы, ды больш таго: схацеў бы працягваць быць
паблажлівым і надалей, бо часта такі нейкі ўжо непакой мяне атачае, што сама не
ведаю, што павінна рабіць, хацела б сама ад сябе ўцячы… Што б ні рабіла,
дрэнным мне падаецца, і ў такой няпэўнасці абіраю найгоршае, відаць, выйсце –
нічога не рабіць. Апошнія лісты з Зубкоў
і з Бярозава непрыемнае святло неяк на мае ўчынкі кінулі. Мама сапраўды не хоча, каб я да яе прыязджала,
і нават пісала нядаўна да пані Сыллі, што думаючы пра мяне, абрала б памерці,
каб гэткай ахвярай спакой мне вярнуць. Зубкова мне выгаворвае, што мае ўчынкі гэта
вынік рамантычных маранняў, жаданне быць не як усе. Нарэшце і Пан адмаўляецца ад просьбы маёй рукі
з-за знішчэння перашкоды на маім шляху… Вось
да якога стану рэчаў давялі мае ўчынкі. А я лічыла, што іду шляхам абавязкаў, што на
маім месцы кожная дачка тое ж самае
зрабіла, і гэтым перакананнем не думала столькі пакут ствараць дарагім сэрцу
людзям… Дзіўнае становішча маё сапраўднае надзённае: усе, хто мяне любіць, раяць
мне, нібыта для шчасця майго. А я тут, у
чужым доме, цалкам самотная, збітая са шляху, ужо сама не ведаю, калі вярнуся
да сябе.
Так, зараз маю
няшмат розуму, каб пакіраваць сабой, таму абіраю сама нічога не вырашаць, а
паколькі мама перадала на Зубкову свае правы нада мной, апішу ёй дакладна стан
душы маёй і буду ва ўсім ісці згодна з яе парадамі. Але ж і Пан мае неаспрэчнае права да маёй да
яго адкрытасці. Калі ты жадаеш каб
выказала ўсю праўду наконт маіх пачуццяў, то не хачу рабіць з гэтага таямніцы і
шчыра скажу, што калі я чытала ліст, у якім мама цытуе словы, якімі Пан апісвае
сваю прыязнасць да мяне, то сэрца маё так білася, як ніколі… Адмовіла ж таму,
што лічыла, што абавязана так менавіта зрабіць. Але сёння, калі засумнявалася, ці толькі гэта
было маім абавязкам, задрыжала ад страху, каб не страціць Твайго сэрца, каб
мяне Пан не пакінуў адну-адзінотную… Цяпер караю сябе за ўчынкі мае адносна
Пана, сэрца якога так балюча і столькі разоў параніла. Але яшчэ раз прашу, каб мяне Пан лічыў асобай,
хворай на душу, для якой шмат трэба мець паблажлівасці. Можа быць гэтая хвароба скончыцца з часам,
можа,калі б не развітвалася з Панам, была б больш спакойнай, рабіла б больш
пэўныя крокі. Але так адарвацца ад
сэрца, якому з даверам усё паведамляла, і знаходзіцца сярод асоб, цалкам чужых,
халодных, гэта нейкае дзіўна прыгнятаючае стварае адчуванне, якое прашывае
сэрца і розум бязладзіць.
Але вымушана
прызнацца Пану яшчэ ў адной недарэчнасці, якую ўчыніла, і ад якой на жаль
адступіцца немагчыма. Усе мае ранейшыя
лісты да Мамы былі падобнага зместу, як і да Зубковых. У прыхільнасці маёй да Пана ніколі не
прызнавалася, так што Мама можа лічыць, што гэта толькі з-за яе я аддаю руку
сваю без прыязнасці. Цяпер сапраўды
раскажу ёй ды усё, што толькі можна, каб яе супакоіць, але ці ж яе гэта
пераканае? А калі і паверыць, то хто ж спыніць яе перажыванні? Колькі ж хвілін
ёй я атруціла, пярэчачы яе парадам! Рада была б цяпер усё выправіць, але што ж
цяпер павінна рабіць? Не ведаю, як і раней. Пакінула б гэта ўсё часу, але калі Зубкова
інакш вырашыць, то няхай так і станецца.
Бывайце, Пане,
магчыма, хутка ўбачымся. Пасля атрымання
адказу ад Зубковай адразу ж паведамлю Пану пра яе рашэнне. Але ў гэтую хвіліну нейкія зламысныя
прадчуванні мне кажуць, што Пан мяне кахаць перастаў… Але не. Гэтага быць не можа. Калі б нават любоў згасла, прыязнасць
назаўсёды застацца павінна паміж намі. Але навошта я пакутую ад сваіх падобных
дапушчэнняў? Усё гэта з-за адлегласці, якая нас падзяляе! Таму - да пабачэння!
Са шчырым каханнем і заўсёднай
адданасцю, Паўліна.
Лёгка прадбачыць, якое ўражанне атрымаў у выніку шчырага
прызнання закаханы Адам, які было ўжо страціў надзею здабыць яе сэрца. Адказу яго не пашчасціла мне знайсці сярод
захаваных ад таго часу лістоў; відаць аднак з наступнага ліста Паўлінкі, што
прасіў яе хутчэй вярнуцца на Літву і што думаў аб стварэнні іншай, больш
адпаведнай для сямейнага жыцця мясціны жыхарства, бо домік ў Заліне, дзе зараз
жыў, быў вельмі сціплы і па-халасцяцку ўкладзены. Паўлінка аднак, з вялікай далікатнасцю
пачуцця, не нагадваючы яму яскрава аб дадзенай наконт паяднання іх з маці
абяцанкі, адцягвае яго ўвагу ад клопату пра выгоднае жыхарства на вёсцы такой
увагай, што маючы столькі агульных клопатаў і непакояў, нельга ім думаць пра
доўгі адпачынак. Ліст далейшы напісаны
быў за месяц да выезду Паўлінкі з Валыні і найбольш дакладна адбівае тагачасны
стан яе душы. Вось яго змест:
Учора вечарам
вярнулася я ад стрыечных нашых, Сумоўскіх , якія за пяць міль ад нас жывуць, а
сёння раніцай еду ў Луцк. Таму маю
няшмат часу, каб даслаць Пану гэтыя некалькі слоў. З хады спраў бачу, што не змагу быць у Зубках
так хутка, як разлічвала, і нягледзячы на самыя гарачыя памкненні, буду вымушана адцягнуць на пэўны
час нашу сустрэчу. З Крамянца напішу ,
калі дакладна выеду. Прасіла б толькі
Пана, каб ніякіх змен у хатняй гаспадарцы не рабіў. Я так люблю марыць аб сціплым доміку ў Заліне,
бо яго мне абмаляваў Алойзы, там будзе для мяне наймілейшы адпачынак. Зрэшты доўгі час адпачываць не зможам:
паколькі Пан, жэнячыся са мною, усе мае клопаты і пакуты на сябе ўзваліў; таму ўжо
разам будзем ісці ў будучыню. Я вельмі
бедная, бо апрача майго жабрацтва і пакут не магу нічога даць, і, калі б
правіламі Пана карысталася, то не павінна была б нават прымаць яго руку…
Луцк. Вось як доўга затрымалі мяне ў Адэрадах і
прыехала сюды праз гадзіну пасля таго, як пошту ужо адаслалі. Не ведаю нават, ці радавацца, ці засмучацца ад
гэтага? Папраўдзе маю больш часу для пісання, але баюся, каб гэты ліст
запознены не дайшоў пасля ад’езду Пана. У Адэрадах атрымала ліст ад Мамы, датаваны 6
ліпеня. Такі сумны, столькі ў ім болю…
Яна яшчэ нічога не ведала аб нашых змовінах. Піша, што атрымала ліст Пана, што чытала яго і
плакала, што ён ахвяра бясконцых непрыемнасцяў і надта сумных перажыванняў. О мой божа!. . . і гэта я столькі пакут вам прынесла… А чаму? І
навошта? Яшчэ і цяпер мяне не пакідае непрыемнае пачуццё. Але я сама столькі пакутавала, што мой розум
абязладзіўся: дзейнічала нібы ў непрытомнасці і у той час менавіта, калі мне
падавалася, што кіруюся розумам, тады найбольшыя глупствы чыніла, а чым далей
давяралася сабе, тым больш узмацняўся гарачкавы стан. Але гэта ўжо мінулае, толькі лісты ад Мамы
балючы адбітак гэтага часу. Хаця ж бы
ўжо хутчэй быць разам і яе суцешыць!
Але як пакінуць
справы? Ніхто замест мяне не будзе іх тут вырашаць. Калі б не такая вялікая падзяляла нас
адлегласць, выехала б неадкладна, а потым вярнулася б для заканчэння спраў. Але маё здароўе пашкоджанае, падарожжа я не
адбуду, так што пасля дарогі у Кіеў і на Літву не была б нават у стане вярнуцца
сюды хутка; цяпер жа вымушана рабіць усё магчымае. Калі ж я заўважу, што гэта надоўга, не буду
чакаць заканчэння, але толькі вырашу найбольш пільнае, ды выеду да асенняй
слаты.
Часам такой сябе
адчуваю самотнай, што калі б магла адно жаданнем заляцець на Літву і адпачыць
сярод родных сэрцаў, усё б пакінула і каля Вас на ўсё б забылася. І хутчэй была б у стане памятаць пра ўсё, бо
пераконваюся, што калі нам што-небудзь баліць надта, то мы не ў стане займацца
якой бы ні было справай, як належыць. Хоць сама і не ведаю, што мне баліць, але
штосьці баліць дакладна, і ў такім вось стане я часта бываю, што і не дзіўлюся
з таго, што людзі робяць вялікія недарэчнасці, бо адчуваю, што і я была б
здольнай да іх.
Вось такі высокі роздум прадставіла Паўлінка! А паколькі
была яна сапраўдным Анёлам апякунчым для усёй сям’і, і хаця пад бярэмем спраў
стамлялася, адно сябе вінаваціла, калі з усім разабрацца не была ў стане.
Комментариев нет:
Отправить комментарий