вторник, 26 июня 2012 г.

Частка 11 Зыгмунт Шчэнсны Феліньскі Паўліна - дачка Эвы Феліньскай (пераклад)


11.  АДПРАЎКА ШЭМЕША Ў ХЕРСОН.  ПАЯДНАННЕ З МАЦІ.  СКОН ПАЎЛІНКІ.
Вярнуўшыся да Заліна з пагрозлівым станам здароўя, Паўлінка не спыняла клопаты па ўладкаванні спраў такім чынам, каб выезд у Саратаў, якога і Адам жадаў, мог быць нарэшце здзейсненым.  Але ўсе іх намаганні былі дарэмныя, бо самы галоўны даўжнік Адама, які ўвесь свой маёнтак уклаў у цукраварню, быў у такім крытычным становішчы, што не толькі капіталу, але  нават і працэнтаў выплаціць не быў у стане.  Сціплыя прыбыткі з Заліна былі амаль што адзіным сродкам яго ўтрымання, а думка перасяліцца ў Саратаў здавалася на момант гэты цалкам немажлівай.
Калі ж аднак людскія намеры не здзяйсняліся, Апека ўладжвала па-свойму і цалкам непрадбачанымі шляхамі набліжала Паўлінку да жаданай мэты яе памкненняў.  Восенню таго ж года Адам, моцна хворы на артрыт, быў арыштаваны і вывезены ў Вільню, дзе следчая камісія усё яшчэ была дзейная.  Паўлінка, не зважаючы на стан свайго здароўя, падалася за мужам і прыбыла амаль што адначасова з ім у Вільню.  У апісанні далейшых выпадкаў пакарыстаюся словамі Зосі, якая ў гэты час адпачывала ў Вільні ў пані Брынк, якая як прыжыццёвы сведка апісала пазнейшыя перажыванні Паўлінкі аж да апошняй катастрофы.
Хутка пасля майго прыезду ў Вільню, – піша Зося, – з’яўляецца да нас Паўлінка.  Яе выгляд выклікаў хутчэй вокліч узрушэння, чым радасці: яна хісталася падчас хады, мела мармуровую бледнасць, а сум, які поўніў выраз яе твару сталым урачыстым спакоем і задуменнасцю, што яе заўсёды вырознівала заўсёды, стваралі яе падобнасць да ўцелясненага духу больш, чым да жывой істоты.  Пасля амаль неістотнага прывітання яна запыталася, ці не ведаем мы, дзе Адам, бо яго хворага ноччу вывезлі і не дазволілі нават яго суправаджаць.  Едзе таму за ім, але адно чуе па дарозе, што ён быў слабы, так што нават сумняваюцца, ці давязуць яго жывым.  Бачачы, што нічога мы не ведаем пра лёс Адама, падалася да мясцовых уладаў і атрымала дазвол сустрэчы з ім на некалькі хвілін у турме ў дні, прызначаныя зверху.
Асенняя пара рабілася ўсё больш слацейшай, Паўлінка неаднойчы была пры чаканні на холадазе, перш чым з мужам сустрэцца дазвалялі, таму ад частага пераахаладжэння пачала кашляць.  Праз некалькі тыдняў, калі следства было закончана, а дэкрэт з рашэннем адасланы на канфірмацыю, ёй дазволілі забраць хворага мужа.
Памятаю, што калі яго павінны былі даставіць, то яна наняла немалых памераў жытло, і мяне ўзяла на гэты час ад пані Брынк да сябе.  Усю ноч падхоплівалася яна ад кожнага гуку, лічачы, што гэта яго вядуць, а ранкам зноў пайшла даведацца, што здарылася, калі яго не прывялі.  Нарэшце вярнулася ды ўжо разам з ім.  А як патрэба хаджэнняў па справе мужа знікла, то сілы яе пакінулі, і яна злегла ў ложак.  Кашаль з крывёю абудзіў наш непакой, а паколькі мне адной было дазволена ўваходзіць і выходзіць для клопату за абоімі хворымі, то пабегла хуценька да доктара Мяноўскага, ды ледзь магла яму без слёз расказаць пра хваробу Паўлінкі, бо мне паведамілі, што яна пакутуе на сухоты.  Вядомы Мяноўскі прыехаў ды запэўніў, што гэта не сухоты, што кашаль суціхне хутка, бо гэта толькі вынік пераахаладжэння, галоўная ж яе хвароба ад нерваў і вялікага знемажэння.
Паводле сваіх дапушчэнняў выпісаў ёй лекі і параіў піць кагор, каб узмацніць сілы.  Калі Адаму абвясцілі дэкрэт, які асуджаў яго на выгнанне ў Херсон, то Паўлінка вырашыла яго суправаджаць, пры чым Мяноўскі рэкамендаваў ёй марскія ванны, чым канчаткова пераканаў нас, што яе хвароба не была сухотамі.  Яго клапатлівае апекаванне і дакладнасць дыягностыкі суцішылі кашаль ды дадалі ёй крыху сіл.
Пасля абвяшчэння прысуду, калі вырашылася, што абедзве будзем суправаджаць Адама, бедная Паўлінка вымушана была ізноў узняцца з ложка і быць на холадзе, замаўляючы пашпарт для нас і дазвол ехаць у адным павоззі з Адамам.  Гэтыя намаганні мелі няхуткі вынік.  Цывільны губернатар абурыўся ад такой прапановы і адмовіў.
Спакутаваная і заклапочаная Паўлінка зноў злегла, але яшчэ мяне адсылала з той самай спробай да ўлад па шчасце.  Я, нязвыклая да самастойных выхадаў кудыколечы, а тым больш да дзеянняў, з біццём сэрца ўвайшла ў залу для аўдыенцый з губернатарам і чакала сустрэчы, уражаная выглядам цікаўных слуг ды іншых усіх з патрэбамі, нават тым заклапочаная, на якой мове павінна пачаць размову.  Нарэшце дачакалася прыёму і гаварыла на ім па-французску, і хоць не гневаліся за гэта, аднак з маёй просьбы пакпілі і зноў адмовілі.  Тады я паведаміла, што мы не просім аб дазволе, які ўжо атрымалі ад губернатара вайсковага, але толькі пра суправаджэнне ў падарожжы, пасля чаго я атрымала загад пачакаць, пакуль перагавораць з вайсковым.  Не ведаючы, ці дрэнна, ці добра зрабіла, не вяртаюся да Паўлінкі, а спяшаюся да адзінага апекуна нашага, Мяноўскага, а не знайшоўшы яго дома, бяру дрожкі, еду за горад, выклікаю з прыгожага палаца патрэбнага мне госця.  І ён пакідае запрошаны абед, едзе да генерал-губернатара і тады нам выдаюць і пашпарт , і дазвол суправаджэння.  У гэты час мы купілі тарантас, укрыты рагожай, бо хоць гэта і быў снежань, саннай дарогі яшчэ не было, і выехалі з блаславеннем сяброўства, адораныя запасамі для дарогі нават ад незнаёмцаў.
Ад часу выезду з Вільні аж да паштовай станцыі ў маёнтку, які быў некалі Шэмешаўскім, сустракаліся са знаёмымі і сардэчнымі сябрамі.  Ранейшыя слугі Адама, якім ён за свой кошт даў выхаванне, падданыя якіх ён вызваліў, чакалі спецыяльна яго прыезду, каб развітацца з ім.  На паштовых станцыяй не хацелі ад нас браць грошы за перагон коней, хаця паводле закону, мы павінны  былі даплочваць паўсюдна за пару коней, другую ж пару дзяржаўны скарб аплочваў.  Суседзі, брат і сябры Адама чакалі ўжо больш за два тыдні на станцыі, якая найбольш блізкая была да яго дому, не ведаючы, ці дазволяць яму завітаць у Залін.  І столькі запасаў для падарожжа падрыхтавалі, столькі прысмакаў, што немагчыма было ў чым паўкладаць усё ў павоззе, хаця і былы вайсковы пакаваў.  Жандар, што ехаў з намі, захварэў ад абжорства і піяцтва, бо хапала і віна, і мяса, і вяндліны літоўскай, не кажучы ўжо пра салодкае і бакалею, якія яшчэ ў Херсоне пасля для прыёмаў гасцей прыдаліся.  На мяжы Мінскай губерніі начэльнік пошты прыняў нас яшчэ вячэрай і ўласнымі коньмі забяспечыў.  Далей усё было чужое аж да Кіева.  Паўлінцы не здаровілася ўсю дарогу, але заўсёды моцная і цярплівая, мужна пераносіла цяжкасці падарожжа.
Набліжаліся да Кіева з сэрцабіццём: там Юлік і Віктуся! Яны яшчэ не ведаюць пра наш лёс, не ведаюць пра смерць бабулі, якой не стала падчас побыту Паўлінкі ў Вільні.  Мы даведаліся пра яе скон перад самым ад’ездам, падчас калі Паўлінка клапацілася пра апекаванне бабулі пры адсутнасці побач з сямейнікамі.  Паўлінка, якая шанавала і любіла бабулю, моцна была ўзрушаная ад весткі пра яе скон, але не магла сама ўзняцца з ложка, каб хаця пайсці ў касцёл, дала мне рубель, каб я замовіла жалобную Імшу за  душу бабкі ад імя ўсіх нас ды памалілася за яе.  Святар здагадаўся пэўна, што гэта быў грош бядачы, бо па ўласным рашэнні паабяцаў тры Імшы святых адслужыць.  Паўлінка аднак не справіла жалобу, падлічыўшы, што няма ніводнага збытковага гроша пасля выдаткаў на падарожжа, а тое, што магчыма было атрымаць з апошняй часткі маёнтку Адама, ледзь на сціплы побыт у горадзе было дастатковым.  Чорная стужачка толькі для нас саміх была ціхім напамінкам аб нашай страце.
У Кіеве, як у кожным губернскім горадзе, жандар паведаміў паліцмайстру пра нашае прыбыццё, асабліва па той прычыне, што там выпадала быць суткі і змяніць жандара.  Паліцыянт, не паглыбляючыся ў справу, што адзін толькі Шэмеш быў палітычным вязнем, мы ж з асобным пашпартам ехалі, загадаў нас усіх утрымліваць пад арыштам, не дазваляючы ні з кім бачыцца.  Дарэмныя былі тлумачэнні нашыя і просьбы; усю ноч не спалі з адной думкай, што выедзем з Кіева так і не сустрэўшыся з сястрою і братам.  Паўлінка мела гарачку але назаўтра напісала да Юліка, каб і ён са свайго боку зрабіў якія намаганні, так што нарэшце дазволілі нам сустрэцца.  Вырваўшыся з-пад стражы, не страчваючы ані хвілінкі, мы паспяшаліся да Юліка, Юлік вядзе нас да Віктусі, якая яшчэ таксама бледная пасля цяжкай хваробы.  Але не дадзена нам было часу нагаварыцца з імі дастаткова: надышла гадзіна ад’езду і мы павінны былі вырывацца наўпрост з іх абдымкаў.  Юлік правёў нас на нашу кватэру, дзе Адам зрабіў замалёўку яго партрэціка алоўкам, і з гэтым мілым сэрцу сувенірам мы выехалі з Кіева.
Пасля доўгай і пакутлівай дарогі, часам на санях, часам на колах, мы нарэшце даязджаем да Херсона ноччу.  Уражвае нас вялізная поўня: здавалася, што ўвесь горад у бляску.  Шматлікія ветракі, якія звычайна ў Бесарабіі ёсць у кожнай вёсцы і горадзе, на фоне зарыва выглядаюць чорнымі.  У далечыні ўсе вокны пазалочаныя бляскам, нібы поўневай ілюмінацыяй.  Але што ж гарыць? Гэта чарот на Дняпры, які, падобна, штогод выпальваюць наўмысна для захавання балот ад гніення.
Горад падаўся нам прыгажэйшым у такім асвятленні, чым напрыклад назаўтра, бо вельмі ж жабрацкія там былі пабудовы: большая частка з чароцця, рэшта з вапняку, але тыя апошнія нават горшыя былі за чарацяныя, бо вільготныя.  Знайшлі і дом, наняты для нас доктарам, які прыехаў туды з Літвы, які атрымаў ліст ад знаёмых, што мы павінны прыехаць на жыхарства, і не ведаючы, што стан маёнтку Адама цалкам змяніўся, наняў прыгожы фальварак са шкляным кабінецікам, на беразе Дняпра, з арэхавай мэбляю, праўда што халодны і вільготны.
Уласнікам гэтага дому быў паважанага ўзросту старавер, некалі купец першай гільдыі, але з-за веры рэлігійнай прыведзены да жабрацтва.  Паўлінка мела пэўную павагу да нашага гаспадара, бо бачыла сапраўдную веру ў яго рэлігійных поглядах.  Ён ставіўся да нас таксама з выключнай гасціннасцю і імкнуўся нас пераканаць, што толькі яго секта мае рацыю.  Быў ён адданым сваёй веры, суровы і невытлумачальны як сам сабе, так і іншым.  Паўлінка, якая любіла і ўмела суаднесці прыбыткі з выдаткамі, заўважыла адразу ж, што такая кватэра для нас вельмі дарагая і ўгаварыла Адама наняць іншую.
Але і новае жытло, хоць значна таннейшае, але таксама яшчэ было надта дарагім для нашага тагачаснага фінансавага становішча, так што Паўлінка гаравала ўвесь час, як дагадзіць мужу з яго сталымі інтарэсамі, не спыняючы думкі пра заўтрашні дзень.  Сабе адмаўляла ва ўсім: адзенне яе было простае, беднае, не была амаль што нідзе, апрача касцёла, калі былі хоць на тое сілы, але часта цэлымі днямі не ўзнімалася з ложка з-за вялікай фізічнай слабасці.  Жывапіс Адамаў больш браў выдаткаў, чым прыносіў прыбыткаў.  Ён намаляваў у дар херсонскаму касцёлу абраз Маці Божай з Дзіцем Ісусам на руках.  Натурай была Паўлінка, і падобнасць яе твару адбілася досыць трапна ў Мадонне.  Абраз той не аддаў пасля завершання ў касцёл, бо тамтэйшая мастачка, пані Беразоўская, яго скапіявала, а за гэта абклала яго золатам, і такім вырашылі змясціць яго ў храме.
Маляваў таксама партрэт губернатара Пестэля, які ставіўся ласкава да яго і прыкладваў старанні для пераводу яго, што пазней яму ўдалося з пасярэдніцтвам князя Варанцова.  Трымаючыся парады Мяноўскага, Паўлінка вырашыла падацца на марскія ванны для таго, каб выратаваць усё больш страшнае здароўе.  Адэса была б надта дарагой, таму мы падаліся ў Краснае, найбліжэйшую вёску губерніі Таўрыдскай, за 70 вёрстаў ад Херсону, размешчанай над затокай Чорнага мора.
Больш за дзясятак вёрстаў мы плылі па Дняпры, далей пясчаны стэп, у якім моцныя вятры ўздымалі хмары пяску і за праезнымі след знішчалі адразу ж.  Ніякага навокал пейзажу, ніякага паселішча, ані хацінкі нават, толькі на ўрадлівых стэпах  чумацкія качэўнікі са сваім атачэннем.  Мы вымушаны былі папалудняваць аднойчы ў чумацкім шалашы.  Зграя сабак ледзь дазволіла ў яго зайсці, а смецце і нясвежае паветра стварала далейшы побыт немажлівым.
У Красным паўлінка наняла хаціну каля мора, мураванку з тоўстай трывалай цэглы, высушанай на ветры; але бракавала нам найпершых патрэб жыццёвых: вады і мяса.  Вада, нават са студні, была салёна-гаркаватая; мяса ж мелі толькі, калі нашаму гаспадару шанцавала ўпаляваць драфу.  Можна было насамрэч купіць цэлага барана, але падчас гарачыні мяса без лядоўні псуецца да канца сутак.  Малако нам замяняла ваду, але і то, пакуль астывала пасля выдойвання, пачынала кіснуць.
Хутка прыехалі ўласнікі гэтай вёскі, паньства Кулікоўскіх, людзі багатыя, сталыя жыхары Адэсы ці сталіцы.  Вельмі гасцінныя, запрашалі нас і наведвалі нас часта, дзяліліся нават з намі вадой, што прывозілі ім за 25 вёрстаў.  Купанне ўзмацняла пэўна здароўе Паўлінкі.  Праз пару тыдняў Адаму дазволілі наведаць жонку, па якой сумаваў невыказальна.
Вярнуліся мы ў Херсон ды ўзрадаваліся дазволу аб пераездзе на жыхарства ў Саратаў, які Паўлінка неадкладна хацела ужо і споўніць.  Доктар аднак, маючы на ўвазе стан яе здароўя, адкладваў падарожжа і ўгаворваў, каб затрымалася да вясны.  Паўлінка ўсё ж схілілася да парад мужа, які падзяляў погляды доктара, але сум яе па любай маці набраў такога гарачкавага характару, што сам  доктар спыніў свае ўгаворы, бачачы, што гэта шкодзіць ёй больш, чым само падарожжа.  Гаворка было толькі пра тое, каб патрапіць у Саратаў перад асеннімі халадамі і марозамі, а тут грошай бракавала на дарогу.  Адам напісаў да брата і ведаў, што той дашле, але тымчасам апошнія гожыя дзянькі сыходзілі, а пра крэдыт для выязджаючых заўсёды цяжка вырашаецца.  Мама, даведаўшыся пра дазвол, прыслала грошай на дарогу, і Паўлінка, амаль ва ўпаенні ад даўно неадчуванага шчасця, выехала нарэшце да маці.  Калі, бачачы яе змарненне і беручы пад увагу познюю асенню пару, бо гэта быў ужо канец верасня, знаёмыя угаворвалі яе, каб засталася да вясны, яна ж маліла ў адказ: дазвольце хоць памерці мне каля маці.
Падарожжа была пакутлівае і вельмі невыгоднае.  Пустыя станцыі, без заезных дамоў, часам мы начавалі ў павоззі, адзін раз у суткі жыўленне, і то: посная капуста, забеленая з баранінай ці халодная грачаная каша.  У Варонежы толькі прыняў нас гасцінна палкоўнік Вендорф, які ў той час кіраваў Корпусам Кадэтаў.  Паўлінка разлічвала на тое, што калі нам не хопіць грошай на рэшту дарогі, то пазычым іх у дзядзькі, але пры яго гасціннасці забыліся падлічыць касу.  Толькі пасля Варонежа, узгадваем на адной са станцый, падлічваем, колькі нам дарогі рэштай і колькі на яе грошай ў касе застаецца, раімся аб нашых сапраўдных клопатах без сведкаў.  Тут адчыняюцца дзверы з суседняга пакою, малады афіцэр просіць прабачэння, што падслухаў размову, гаворыць, што ён сябар палкоўніка і будзе рады дапамагчы.  Не чакаючы адказу, дастае грошы, дае пазыку, просіць, наколькі далікатнасць дазваляе, і хаця Паўлінка не прыняла ахвяравання, аднак учынак пана Штэйна запрыязніў да яго сардэчна.
Нарэшце 28 кастрычніка прыязджаем ў Саратаў з упэўненасцю, што мама нас не чакае яшчэ, бо мы не паведамілі ёй аб прыездзе, не маючы жадання дадаваць ёй непакою.  
Але добрая пані Фадзеева, саратаўская губернатарка, даведаўшыся афіцыйным шляхам пра дзень нашага выезду, паведаміла маме аб гэтым, якая ўсё для прыняцця нашага прыгатавала, і ўжо нас некалькі дзён чакала.
І пакуль мы спыніліся непадалёку ад дому мамы, распытваючы аб яе месцы жыхарства, яна ўжо нас бачыла пра вакно, і выбегла нас спаткаць.  Наша радасць была бязмежная, але мама, хапаючы ў абдымкі ледзь жывую Паўлінку, залілася слязьмі.  У Паўлінкі слёзы чыстай радасці ліюцца, толькі мама пазіраючы на яе з болем, падтрымлівае, каб тая не ўпала, усаджвае яе і бачыць, што тая ўжо нават сядзець не мае сілы.  Праводзіць яе да ложка.  Рукі яе слязьмі аблівае, як малую дзяўчынку галубіць і цалуе.  Паўлінка наўзаем, то да яе лона туліцца, то рукі і калены цалуе, то сваімі здрабнелымі рукамі за шыю яе абдымае.  Пасля столькіх гадоў першы раз ізноў адчула сябе дзіцем!
Паўлінка некалькі дзён не ўзнімалася з ложка, але радасць, спакой, шчасце адбіваліся на яе тварыку.  Паціху ўставаць пачала, выглядала лепш, а маці, чым больш забірала аслабленасць Паўлінкі, тым больш разлічвала, што гэты стан міне, што яе клопатам сваім вылечыць.
І ў сутве сваім Паўлінка стала папраўляцца як целам, так тварам, папрыгажэла нават, якой даўно не была стала, так што сама нарэшце пачала верыць, што акрыяе, чаго раней не дапускала.
І так дзень за днём шосты месяц праходзіў, а нам усё лепш, усё больш шчасліва было.  Хутка ўжо і Свята Божага Уваскрэсення і стан Паўлінкі меўся стаць нармальным.   У апошні тыдзень паставання мы прайшлі ўсе разам святую споведзь ў прэлата Шчыта, і Паўлінка не мела ніякіх дрэнных прадчуванняў.  Мінула Ноч перад Уваскрэсеннем і надышла Святая Нядзеля, якая прыпадала ў тым годзе на дзень 19 красавіка.
Гэта была дата народзін Віктусі, а Паўлінка, размаўляючы аб ёй з мамай і адчуваючы сябе больш хворай, сказала: “ Відаць, я сёння памру”.  Пасля абеду мама адправіла мяне да знаёмых, адкуль мы позна вярнуліся, але засталі ўсіх у пакоі Паўлінкі, толькі мяне не пускалі, адно прасілі маліцца.  Паўлінка енчыць ад болю, мама выбягае са слязьмі, збіраюцца дактары, бягуць да аптэкі, аж нарэшце мама з падзякай да Бога нясе дзіцёнка на руках і мне ў апеку аддае, а сама больш вясёлая вяртаецца да Паўлінкі.  Але хутка зноў плачуць і мітусяцца, а Паўлінкі голас чую я: “Паміраю, паміраю!” Праз дзве гадзіны пасля народзінаў сына на свет не было ўжо нашае Паўлінкі.  Гэты анёл пакутны  пакутамі сваімі жыццё сцвердзіў.  
Цела яе было такое прыгожае, што сівы прэлат гаварыў, што перасвет Неба свяціўся ў яе твары,і дадаваў, што ніколі такой прыгожай памерлай не бачыў.  Мноства асоб наведвала яе парэшткі, і ўсе на яе, як на святую, са здзіўленнем пазіралі.
Дарэмна б я спадзяваўся перадаць словамі, што адбывалася ў сэрцы маці, тоькі хачу прывесці некалькі радкоў з яе ўспамінаў, бо яны найлепш дадуць зразумець сілу яе знітавання і велічнасць смутку.
Ужо тыдзень мінуў ад смерці Паўлінкі.  Смутак наш крыху больш спакойны, бо сышоў углыб душы і ў ёй пасяліўся.  Мы імкнёмся моцным спакоем  дадаваць мужнасці адно аднаму, імкнёмся наноў пазлучаць ніці мінулага жыцця, якія зніклі ад раптоўнага ўдару і ісці далей па жыцці, як раней наканавана.  Тым часам усё гаворыць, што шчасце ад нас сышло.  Хацелася б забыцца на гэта, знішчыць такое мінулае, але ці ж магчыма? І нават ці гэта шчырае жаданне? Да гэтага часу кожнае месца поўнілася яе свядомасцю, як нібы нябачна гасцявала сярод нас, і позірк яе на нас быў звернуты.  Але ж тая яе прысутнасць не суцешвае, не ўсцяшае, бо сэрца адчувае небывалую пустату, якая нас з ёй падзяляе, і якую ніводная сіла знішчыць не можа.
Часта, калі розум хоча падманнага спакою, пра які не ведае сэрца, і кожная паасобку думка, якая дасягнула нібы мэты, што ашукала іншых, то акалічнасць, выкліканая выпадкам, зрывае межы, якія спрадвеку стрымліваюць пачуцці на дне душы, выракаючы яе на маўчанне.  Адзіноцтва дзіцяці-сіраты, плач мужа, ціхая сляза Зосі, што плыве ў хвіліну найменш чаканую, выклікаюць гучанне наўпрост хору усіх засмучэнняў паасобку, якія на дадзены заклік злучаюцца ў адзін жаласны тон, і хаця вусны маўчаць, слёзы усяго Сусвету  сведчаць, што тая ж самая струна, закранутая нотай болю, узрушыла ўсе сэрцы.
Вечарам падчас малітвы душа, адкідваючы прымус, атрымлівае палёгку.  Размаўляючы пра яе з Богам, можна як найменей смела вымавіць імя, неўпрыкмет змахнуць слязіну без прымусу і паслаць іх да Таго, які даў на хвіліну абрысы духу, так хутка іх забраў, адклікаючы вярнуцца да Нябеснай Айчыны  першацвет, згублены ненаўмысна са свайго сутва.  О ты, дух найчысцейшы, натхненнем якога на зямлі валадарыла любоў і ахвярнасць, калі дазволена тваёй прыродзе захаваць памяць знітаванння, якое тут цябе трымала, паўстань дзеля душ нашых! Звычайным зрокам пэўна цябе не заўважыць, але дух адчуе уплыў духу братняга і зразумее яго маўклівы зварот.  Няхай промень гэтай святасці, якая вяла тваё жыццё, патрапіць і ў душы нашыя, няхай жа сагрэе іх, узмоцніць, пацешыць і прысвеціць змаганню і абавязкам быцця.  
Шэсць месяцаў, якія мы пражылі разам пасля доўгага развітання, былі нібы працяглым часам для слоў вечных на дарогу спрадвечную, а для таго, каб паменшыць горыч гэтага растання Бог, які міласэрны, на сумную будучыню накінуў нібы плашч надзеі, каб яе закрыць ад вачэй і жалобным абразом не труціць хвілін шчасця, дадзенага так ненадоўга.  Гэтыя шэсць месяцаў для ахвяры, выкліканай бурамі жыцця, былі нібы адпачынкам, які рыхтуе  да цяжкай хвіліны, але ўрачыстай, у якой пакуты рыхтаваліся да апошняй бітвы з жыццём, бітвы смяротнай.  Адбылася яна, і атрымала перамогу!. . .
Прыгожая пара, суха, досыць цёпла.  У нашым хатнім атачэнні, значыць з Зосяй і Шэмешам, мы выйшлі на шпацыр, за горад, і маючы агульнае натхненне, мы зайшлі на могілкі.  Як бы наведаць тую, каго мы нядаўна страцілі са зроку!. . .  Хто кленчыў на магіле любай асобы, той зразумее толькі слёзы, якія выклікае сіроцтва душа.  І аднак тут, каля яе магілы, лягчэй, чым дзеколечы.  Сляза, якая спадае на свежую зямлю на могілках, нібыта патрапляе аж углыб зямлі і як пасланец да гэтага сэрца, якое хоць біцца навек спыніла, але павінна пачуць сэрцы пакінутых і адказаць любоўю за любоў.
Як жа тут ціха, як спакойна! Ненатуральная цікаўнасць абыякавых не сушыць слёзы пад павекамі.  Маўклівыя жыхары гэтай прасторы, напоўненай памерлымі, не пазіраюць на твой боль, як на відовішча.  Тут усё ціха, урачыста.  Крыж, камень, калона – гэта ганаровая варта магіл, маўклівая і нерухомая, здаецца ўключана ў душу гэтай прасторы і размаўляе нячутнай мовай для фізічнага слыху, але зразумелай для душы ад імя тых, хто спачывае пад іх апекай: і мы былі жывыя, пакутавалі, і нас аплаквалі.  Маліцеся ж за нас, як пазней і за вас памоляцца.
Тут усё інакш гаворыць з розумам і думкі набіраюцца іншых адценняў, бо тут не свет жыцця, але ціхае замчышча смерці.  У гэтым краі ўсё размаўляе мовай, якой нячутна сярод жыццёвага тлуму.  Гэта як памежжа для аднаго і другога свету.  Шум і ўсе дробныя справы і жаданні, якія захопліваюць у свой вір звычайнае жыццё чалавека, не смеюць пераступіць праз гэты святы ганак.  Душа ў сцішанасці  можа пачуць рэха гучання іншасвету.  
Тут само сутво ўваходзіць у гармонію з духам, які настроены так высока і гаворыць з гэтымі пачуццямі.  Волга, атачаючы падножжа ўзгорка, ёй абяцанага, ціхім шумам хваляў, якія лёгка адскокваюць ад узнёслага берага, здаецца гучыць пацерамі за памерлых.  Хвалі яе, аббіваючы бераг, нібыта гавораць сабе: “І так плыве кожнае жыццё, пакуль не растворыцца ў акіяне вечнасці.  Гэта сусветны закон; чыя ж моц яго зменіць? Дарэмна слабасць енчыць і баліць, патрэбна паддацца няўмольнай дадзенасці”.  Вятрыска, лагодна мілуючы тварык, нібы маці, якая абдымае сумнае дзіця, здаецца шэпча на вуха: “Я крыніца з Нябеснай Краіны, нясу табе адтуль весткі.  Там гэтак добра, гэтак ціха, там спакон вякоў: хмары і навальніцы толькі там нізка над зямлёю, там згода, там вясна вечная, там радасць без горычы і дні без скону.  Ці ж варта шкадаваць аб жыцці зямным? Ці ж варта плакаць аб ім?”
Малітва, самотнасць, цішыня сутнасці, выклікаюць уплыў на пачуццё.  Слёзы насамрэч яшчэ плылі, але іх крынічка ўжо менш горкай была, менш расхваляванай.  Думкі пачалі выходзіць з шэрані і набірацца іншага адцення.  Святло, адбітае звысоку, па-іншаму асвятляючы рэчы зямныя, ім таксама іншую вартасць надавала.  Па сутнасці – падумала я – хто ведае, ці Бог, забіраючы ў майго дзіцяці жыццёвы дар, што так на нядоўга прызначаны, не даказаў ёй сапраўднага дабрадзейства? Можа збярог ад большых пакут? Яе жыццё нібы было скразным крыжам.  Маладосць, гэтая пара, якая для кожнага свеціць на пачатку жыццёвага шляху ружовым промнем, для яе доўжылася ў пакутах і працы духу.  Ці ж магла яна спадзявацца, што яе лета верне, чаго не дала вясна? О не! Кветкі для яе ўжо не зацвілі б на зямлі.  Яна з кветак, назбіраных вясною жыцця, спляла сабе вянец быцця, які там толькі высока ўскладзены будзе на яе скроні і ніколі не змарнее.
У такіх думках і пачуццях я адышла ад магілы майго дзіцяці.  Можа яна, каб суцішыць маю жальбу, замаліла і яе ў Нябёсах.  Абудзіўся раптоўна нейкі нясмак, і не так да жыцця, як да свету.  Цяжкая была думка, што трэба вяртацца да людзей, да жыццёвага тлуму.  Штосьці ж мяне нітавала з гэтым месцам, як з радзімай.  Хацела б застацца, жыхаром, калі не тут, то як найменш недзе побач.  Бо гэта ж спрадвечнасць ужо парэшткам маёй ахвярнай Паўлінкі, і гэтая спрадвечнасць ніколі не адымецца ў яе, нават пры гуках трубы Арханёла.  Тады мы абудзімся разам дзеля новага жыцця, а калі вочы мае, пасля доўгай ночы, наноў убачаць святло, то будуць шукаць побач з сабой дзіця сваё, і паімкнуся ў яе абдымкі, і ўсе, усе разам, хто ведаў любоў, узяўшыся за рукі, будзем доўжыць вандроўку да агульнага краю, і маю надзею на міласэрнасць Бога, што больш ніхто нас не раз’яднае.   Божа, уісні надзеі мае! Дай нам быцця вечнага, усім нам, хто знітаваны адным крэсівам думкі і пачуццяў, а хвіліны пакутаў, якія нас сёння ўзрушаюць, знікнуць  недасягальнай кропкай ў ланцугу часу, які снуе жыццё бясконца.

Комментариев нет:

Отправить комментарий