8. ЗАЛЯЦАННЕ АДАМА
ДА ПАЎЛІНКІ
Адам - сын Эвяліны з Вендорфаў Шэмяшовай, якая была
блізкай сваячкай і выхоўвалася разам з маці, і роднай сястрой цёткі Зубковай. Пасля шлюбу з Казімірам Шэмешам, ігуменскім маршалкам,
Эвеліна пасялілася ў Баратычах на беразе Беразіны, дзе звычайна жыў яе муж,
нярэдка аднак наведвала родную Галынку, наша ж маці наведвала яе наўзаем і
неаднойчы цэлымі тыднямі жыла ў Баратычах, з кожным разам усё больш сяброўскай
прыязнасцю яднаючыся са сваёй стрыечнай сястрой.
Якраз у гэты час і з’явіўся на свет Адам, якога наша маці
неаднойчы на руках мілавала, і пераносячы на сына прывязанасць, якую мела да
яго маці, залічыла яго ад дзяцінства у спіс найбліжэйшых сэрцу свайму асоб. Пасля ўласнага шлюбу маці наведала яшчэ пару
разоў Баратычы падчас выездаў сваіх у Літву, а паколькі падрастаючы Адам быў
вельмі разумны ды выказваў яскрава шляхетнасць характару, то першасная
сімпатыя, жывячыся усё больш натуральнымі падставамі, ператваралася паволі ў
сардэчнае, мацярынскае пачуццё.
Пасля заканчэння Віленскага ўніверсітэту Адам вярнуўся ў
вёску, і маючы вялікую павагу да літаратуры і мастацтва, праводзіў свой час у
чытанні і маляванні. У часіны гэтай
квітнеючай маладосці, калі душа поўніцца толькі ўражаннямі цяперашняга моманту,
без клопатаў пра заўтра, Адам узяў несвядомы ўдзел ў трагічнай падзеі, якая не
апошні уплыў зрабіла на далейшае развіццё яго характару.
Сястра Адама, Валерыя, выйшла нядаўна за Мечыслава
Бярновіча, малодшы брат якога Уладзіслаў, аднагодак і сябар Адама, сардэчна
сябраваў з нашым героем. Хутка пасля
сканчэння навучання свайго Уладзіслаў пакахаў з усёй моцай маладога пачуцця
панну Ю. , блізкую сваю суседку, і як атрымаў яе ўзаемнасць, папрасіў рукі і
ахвотна быў прыняты бацькамі.
Абое нарачоныя аднолькава шчодры мелі пасаг ад прыроды,
хаця і мелі розныя характары. Уладзіслаў
з нязломнай воляй, рэдкай шляхетнасці і невыказальнай цноты малады чалавек, быў
прызнаны перадусім як добры, дзейсны і сапраўдны грамадзянін. Хапала яму папраўдзе навуковых ведаў і не
пакінуў кнігі, перакладаў, практыкаваў літаратурныя заняткі, але лічыў чытанне хутчэй
адпачынкам, чым працай. Панна Ю. ,наадварот, валодала паэтычнай душой, чулым
сэрцам і вельмі жывой фантазіяй, а рэчаісны бок жыцця, з усім ланцугом
штодзённых абавязкаў, трывожыў яе хутчэй, чым вабіў. Сапраўднай і найвышэйшай прыемнасцю для яе
была прыгожая музыка, чытанне твораў вялікіх майстроў, і асабліва стасункі з
людзьмі, якія атрымалі ад Неба хаця б дробную іскрынку Божага натхнення. Нягледзячы на такую супярэчлівасць інтарэсаў
панна Ю. ад першага погляду амаль адчула
сімпатыю да Ўладзіслава. Ці таму, што
экзальтаваныя характары ва ўяўленні больш кахаюць, чым сэрцам нават, ды не
патрабуюць, каб рэчаіснасць адпавядала іх марам. Ці таму, што абуджанае сэрца маладога чалавека
трапіла ў першы момант ў стан досыць паэтычнага натхнення, каб патрэбам сваёй
абранніцы адпавядаць. Ці нарэшце ў
выніку таямнічай сілы кантрасту, што інстынктыўна шукаць нам загадвае ва
ўпадабанай асобе прыкмет, якімі сам валодае? Досыць, што абое нарачоныя
прывязаліся адно да другога наўзаем усім сэрцам і ў вясёлкавых колерах будучыню
сваю бачылі.
Дзень шлюбу ўжо быў прызначаны і адно тыдзень аддзяляў закаханых ад жаданай мэты іх мараў, калі
прыехаў Шэмеш, якога панна Ю. яшчэ не
ведала. Захоплены шэдэўрамі творчага
генія, начытаны і красамоўны, ды што да таго ж няблага валодаў пяром ды
пэндзлем, ён спалучаў у сабе амаль усе прыкметы, якіх паэтычная дзяўчына ад
ідэалаў сваіх патрабавала.
Аднак жа Адам кантраставаў з Уладзіславам, ад якога
знешнасцю нават адрозніваўся, бо
Уладзіслаў быў смуглы тварам брунет, з нерухомымі але класічнымі рысамі
твару. Адам жа – бландын, з валасамі,
што віліся кольцамі, і поўным годнасці , але штохвіліны зменным выразам твару. Непараўнальна менш практычны ў жыцці, чым
Уладзіслаў, Адам пераўзыходзіў яго ў стасунках сяброўскіх, асабліва ў
літаратурным і мастацткім асяродку, у якім адчуваў сябе як рыба ў вадзе.
Лёгка ўявіць, якое ўражанне Адам зрабіў на панну Ю. ,
якая першы раз у жыцці спаткала такое дакладнае ўцелясненне сваіх мараў. Размаўляючы з ім цэлымі гадзінамі, яна не
магла наталіцца святлом тых паэтычных размоў, у якіх іх погляды так былі
згарманізаваны, што нібыта мелі адно сэрца ды адну душу на дваіх. Калі Ўладзіслаў заўважыў гэта яе захапленне
Адамам, то быў надта ўзрушаны такім сяброўствам і не ўтойваў ад сваёй
нарачонай, што моцна непакоіла яго гэта першынство, якому яна аддавала перавагу.
Аднак далікатны і сардэчны спосаб, з
якім прыняла вымоўку закаханага Уладзіслава панна Ю., не дазваляў яму
сумнявацца, што эпізод знаёмства з Адамам праляціць, як лёгкая хмарка на
даляглядзе іх шчасця.
Аднак напярэдадні шлюбу панна Ю. ўвайшла ў гасцёшню ў чорнай сукенцы, і
невыказальны сум вымалёўваўся на яе твары. Уладзіслаў, засмучаны яе выглядам і такім нязвыклым для нарачонай строем, запытаў
з непакоем аб прычыне жалобы, лічачы, што яна страціла каго-небудзь з родных. Яна ж аднак замест адказу паказала яму
каляровую какарду, якая была схавана ў фалдах каўнерыка ў знак таго, што гэта
не жалоба. Размова яе пры гэтым была
такая годная і сумная, нібы пакутавала ад самых цёмных прадчуванняў. Спытала нават ва Уладзіслава, што б ён зрабіў,
калі б згубіў яе перад шлюбам? І раіла яму, каб у такім выпадку ажаніўся з яе
малодшай сястрой, дадаючы, што паколькі ў іх падобныя характары, то маглі б з
ёй быць незраўнальна шчаслівымі.
Хаця і непакоілі Уладзіслава гэтыя размовы, аднак ведаючы
экзальтацыю сваёй нарачонай, прыпісваў іх толькі аднамомантнаму пачуццю, не
страчваючы надзеі, што са зменай настрою і цёмныя прадчуванні знікнуць. Познім ужо вечарам нарачоныя развіталіся,
ідучы адпачываць, а заўтра клятва шлюбу павінна была злучыць сакраментальным
вузлом гэтыя два сэрцы, якія яшчэ нядаўна прагнулі надыходу гэтага моманту. Але як толькі мужчынская частка размясцілася
па рознага кшталту будынках, дзе мела свае тагачасныя кватэры, раптам вакол
пачуліся роспачныя крыкі, без прытомнасці лёталі слугі па дзядзінцы, з просьбамі
аб дапамозе. Затрывожаны Уладзіслаў
выбег хутчэй за іншых з флігеля, каб даведацца аб прычыне такога незвычайнага
спалоху, калі сярод неразбярыхі і паўсюднага крыку данесліся да яго вушэй гэтыя
страшныя словы: “Паненка атруцілася”. Як
перуном удараны і амаль беспрытомны ён ўбягае ў пакой нарачонай, шукае вачыма
свой найдаражэйшы скарб, заўважае сваю каханую на ложку ў той жа чорнай
сукенцы, у якой яна была ў хвіліну развітання, але смяротная бледнасць і
спруцянелыя яе рукі аж занадта сведчаць, што страціў яе назаўсёды…
Ніхто не быў пасвечаны ў таямніцу сапраўдных прычын
гэтага самагубства: ні адзін ліст, ні адно слоўца не кідалі найменшага промня
на гэтую страшную трагедыю, якога таямніца сышла назаўжды з няшчаснай ахвярай у
зямлю. Паўсюдна прыпісвалі гэты крок
роспачы ад раптоўнага развітання ў душы з Адамам, якое пры жывой фантазіі
экзальтаванай дзяўчыны і пры адсутнасці досыць грунтоўных рэлігійных правіл
падштурхнула яе да гэтага адзінага, як ёй падавалася, сродку пазбаўлення ад ужо
нежаданага для яе саюза з Уладзіславам, якога разарваць адмовай прыроджаная
шляхетнасць ёй не дазволіла.
Пасля гэтай страшэннай катастрофы Адам пакінуў амаль
цалкам вышэйшы свет і з надта выключным натхненнем прысвяціў сябе літаратуры і
мастацтву. Смерць абоіх бацькоў вырвала
яго з гэтага амаль што пустэльніцкага быцця і змусіла да прыняцця спраў
сямейных. Пасля вырашанага маёнткавага
падзелу Адам застаўся ў Баратычах, якія пакінуты былі на яго апеку з намерам жыць
у гэтым сямейным гняздзе, якое памяць праведзеных там шчаслівых хвілін такім
рабіла дарагім сэрцу.
Але як толькі распачаў гаспадарыць, дайшла да яго вестка,
што згарэў у Мінску дом, які сястра яго атрымала за грошы з пасагу, які складаў
шэсцьдзесят тысяч злотых. Нягледзячы,
што з пункту гледжання закона згаданая страта мела дачыненне толькі да самой
ўладаркі спаленага дому, шляхетны характар Адама аднак жа не мог гэта
перанесці, каб любая яго сястра была пазбаўлена значнай часткі сваёй спадчыны. Таму па сваім жаданні ён засведчыў швагру, што
са сваёй часткі пасагу кампенсуе страту, якую зрабіў пажар іх маёнтку, і таму з
жаданнем як мага хутчэй выблытацца з дадзенай сітуацыі, прадаў Баратычы і
кампенсаваў страты с ям’і швагра. Пасля
сканчэння спраў заставаўся яшчэ досыць значны капітал, які ён размясціў у аднаго
з суседзяў, для ўласнага жыхарства ён абраў невялікую вёсачку Залін, якую меў
ад брата па пасаговым праву за грошы, якія яму яшэ належалі ад раздзелу іх бацькамі.
Менавіта ў гэты перыяд жыцця Адама да Зубковых прыехала
Паўлінка, і як толькі вестка гэта да яго дайшла, то паспяшаўся прапанаваць свае
паслугі асірочанай сям’і са звыклай яму шляхетнасцю. Прыбыўшы да Зубковых, заняўся з непараўнальным
клопатам лёсам сваіх далёкіх сваякоў, не ашчаджаючы ні працы, ні выдаткаў, дзе
яны былі патрэбныя, і заўсёды з такой далікатнасцю, што здавалася, што ён
прымае, а не аказвае паслугу.
Адаму ў гэты час было каля трыццаці, але поўны жыцця і
запалу, нічога яшчэ не страціў з характару сваёй маладосці. Вольны пры гэтым ад амбіцый і марнатраўства вышэйшага
свету, кіруючыся толькі патрэбамі сэрца і свядомасці ды лёгка захапляючыся
ўсім, што ўзнёслае і шляхетнае, не дзіва, што пры спатканні з Паўлінкай пакахаў
яе ўсёй сваёй гарачай і паэтычнай душой. Аднак каханне Адама, нягледзячы на ўсю сваю
жывасць, было настолькі поўным годных і самых далікатных памкненняў, што Паўлінка доўгі час пра
існаванне яго нават не падазравала.
Не таму, што закаханы малады чалавек не смеў пачуццяў
сваіх абранніцы выказаць, але таму што спазнаўшы незвычайную яе любоў да маці і
нязломнае перакананне жыць з ёй у выгнанні, лёгка зразумеў, што праявы яго
імкнення атрымаць дазвол яе рукі ў гэтых акалічнасцях маглі яго аддаліць
хутчэй, чым наблізіць да жаданай мэты. Таму робячы ўсё, што было ў яго моцы, каб яе
давер атрымаць, ніколі ў аказанні сваіх пачуццяў не прасунуўся больш таго, што
звычайнай братэрскай прыязнасці магло быць праявай. Даведаўшыся аднак, што маці не дазволіла
Паўлінцы ехаць у Бярозаў і што адным з галоўных довадаў яе адмовы была
небяспека трывання такога далёкага падарожжа без мужчынскай апекі, вырашыў
выкарыстаць гэту акалічнасць, каб дамовіцца з Паўлінкай прыняць прапанову
замужжа.
Даверыўшы свае намеры цётцы Зубковай і атрымаўшы яе
дазвол, Адам першы раз выказаў сваё каханне, дадаючы, што быў бы
найшчаслівейшым, калі б разам з яе рукой атрымаў права суправаджаць яе падчас
падарожжа да маці. Хаця неспадзяванай
была гэтая прапанова, Паўлінка не завагалася ні на хвіліну пры сваім адказе, бо
сэрца яе так выключна было занята маці, што пра аніякую іншую прывязанасць
нават марыць не магла. Пры гэтым,
паколькі каханне Адама магло па-майстэрску схаваць гэткага кшталту
прэтэндаванне на яе незалежнасць пад выглядам гатоўнасці на ўсе для яе ахвяры,
праніклівае вока адданай дачкі заўважыла ўсё ж жалезныя кайданы шлюбу пад
узнёслым выглядам кахання. Таму з не
меншай зычлівасцю, як і простасцю адказвала да гэтага часу, яшчэ раз паведаміла, што, маючы сталае рашэнне не
парушаць нічым сваёй свабоды, паколькі яе маці мае патрэбу ў яе дапамозе, не
можа абяцаць яму сваю руку, нават пры ўліку яго шляхетнай гатоўнасці
суправаджаць яе на выгнанне, бо паколькі абавязкам з’яўляецца для дачкі
спяшацца на дапамогу аддаленай маці, то было б належным для жонкі не ад мужа
патрабаваць ахвяр, але іх яму хутчэй са свайго боку прыносіць.
Пераканаўшыся, што ані яго ўяўленні, ні намовы цёткі не
былі ў стане прымусіць змяніць рашэнне Паўлінкі, Адам вырашыў звярнуцца яшчэ да
сэрца маці з надзеяй, што знойдзе ў ёй шчырую падтрымку сваіх намераў, і
напісаў да яе ліст не менш пераканаўчы, чым сардэчны. Таксама цётка Зубкова, лічачы прапанову Адама
вельмі карыснай для Паўлінкі, і будучы перакананай, што адмаўляе яму адно
прысвячаючы сябе маці, ўспрыняла аргументы Адама з усёй сілай надзеі, якую маці
на яе розум і зычлівасць ускладала. Дададзім да гэтага самыя прыхільныя пачуцці
маці нашай да жадаючага стаць яе зяцем маладога чалавека, тады лёгка зразумеем,
якое ўражанне прынеслі Ў Бярозаў лісты з такой важнай навінай.
Маці так высока цаніла Адама, што нават у самых
спрыяльных акалічнасцях лічыла б саюз з ім найпажаданейшым для Паўлінкі. А асабліва цяпер, калі Паўлінка знаходзілася ў
такім сумным і некарысным становішчы, што не толькі сама нічога б мужу не
прынесла, але яго б абцяжарыла, усім бярэмем шматколькаснага і амаль што ў
нішчымніцы пакінутага сямейства. Адам жа
наадварот, акрамя рэдкіх рыс душы, валодаў неблагой шляхецкай удачай, якая
запэўнівала яму цалкам незалежнае становішча ў свеце, не кажучы ўжо пра тое,
што павага, якую мела яго сям’я ў шляхецкім асяроддзі, рабіла з яго пажаданага
жаніха нават у заможных дамах. Усё
сямейства Паўлінкі ў ім знаходзіла не толькі ахвотнага апекуна і дарадцу, для
маці - любага і адданага сына, што не толькі сэрца дачкі ахалоджваць да яе не
хацеў, і быў гатовы цалкам найбольшыя панесці ахвяры, каб мець дачыненне да іх
сумеснага жыцця.
Не дзіўна таму, што ў адказе сваім маці не хавала як
найменш, а горача жадала, каб намеры Адама як мага хутчэй споўніліся, каб жа і
сэрца Паўлінкі не пярэчыла гэтаму. З
тагачаснага ліставання застаўся адзін вось такі ліст ад маці:
Паўлінка,
дарагое маё жыццё! Апошнія вашы лісты, якія мне прынеслі такую важную для цябе
і для мяне вестку, вызвалілі маю душу ад звыклай апатыі і заклікалі яе да такой
паўнаты быцця, якой ужо даўно не адчувала. Ведаеш, якое мае меркаваннне было заўсёдным
пра Адама, а з ліста, напісанага да яго, ты даведаешся, якія сёння мае
найгарчэйшыя пажаданні. Але ў іх толькі
пра тваё шчасце гаворка, аб тваіх пачуццях толькі буду гаварыць з табой.
Ты пішаш, што
пастанавіла адмовіцца ад рукі Адама і што задаволена гэтым, бо як дасюль, так і
ў будучыні ў верным спаўненні абавязкаў знойдзеш заўсёды спакой душы і ўнутраны
спакой. Зямнога шчасця іншага не хочаш
адчуваць больш за тое, якое ў маіх абдымках можаш знайсці. У тваім разуменні адмова ад рукі Адама - гэта
прынясенне зямнога шчасця на алтар абавязку, бо пэўна разумееш, што магла б быць
шчаслівай з Адамам.
Сцеражыся, маё
дарагое дзіця, каб фальшывае ўяўленне пра твае абавязкі не падманула цябе
раптам. Годна і належыць зрабіць ахвяру
з уласнага шчасця, калі ёй можна забяспечыць шчасце іншых. Але калі гэтая ахвяра адбываецца не толькі
ўласным коштам, але і коштам іншых, без ніякай для каго-небудзь карысці, тады
яна неразумнае, калі не выключнае марнатраўства тых маральных каштоўнасцяў,
якімі Бог для таго надзяліў нашыя сэрцы, каб мы маючы за сродак волю Яго святую
і сябе, і іншых ашчаслівіць маглі. Твая
ж ахвяра для каго – пытаюся я - карысць каторую прынясе? Ты робіш яе, як
гаворыш, у інтарэсах самога Адама, які, калі настане расчараванне, можа
пашкадаваць пра свой цяперашні крок.
Гэтая ўвага была
б слушная, калі б мела якую падставу, калі б не была простым дапушчэннем, але
менавіта тут не хапае падставы, бо сама ж пішаш далей, што пераканалася з
пазнейшых размоў з Адамам, што ён цалкам захоплены. Калі гэта праўда, то якое ж моцнае
расчараванне можа надарыцца?
Далей ты пішаш,
што ён, ажаніўшыся з іншай, будзе больш шчаслівым. Дапускаеш, што гэта іншая, і пасля
расчаравання нават прадставіць яму больш шчасця чым мая Паўліна? Гэтаму ты сама
не верыш, асабліва калі захочаш быць шчырай сам-насам з сабой. Баішся выкарыстаць хвіліны шляхетных мараў,
падчас якіх Адам самога сябе гатовы прынесці ў ахвяру. Твая далікатнасць была б магчыма слушная, калі
б ім кіравалі іншымі якімі пабуджэнні, не зусім шляхетныя, ці да таго яны не
мелі б непасрэднага дачынення да цябе. Не
прымаць ахвяры было б толькі тады тваім абавязкам, бо гэта было б заняволенне
сэрца, якое табе ўвогуле не патрэбна. Але што гэта не так, пераконваюся наўпрост з
яго уласных слоў, а ты ведаеш, які ён шчыры, асабліва са мной, што маю ўсе
правы сведчыць пра яго адкрытасць. Прывяду ў доказ некалькі радкоў з яго ліста
дзеля тваёй развагі наконт таго, ці можна каго больш цаніць ці кахаць
найдалікатнейшым пачуццём.
“Я не ведаю, што
гэта: ад часу, як пазнаёміўся з Паўлінай, адчуваю, што новыя нібыта нейкія сілы
знайшліся ў маёй душы. Стасункі з ёй мяне надузнялі, ушляхетнілі. Так яшчэ ні аб кім, асабліва аб жанчыне, да
гэтага часу сказаць такога я не мог. Шмат у якіх пытаннях я вымушаны прызнаць яе
першынство ў параўнанні са мной, але ва ўсведамленні гэтага не існуе найменшага
прыніжэння – ёсць толькі дабраахвотнае прынясенне сардэчнай ахвяры у поўным
захапленні ад яе душы і цноты. ”
Вось яго
непасрэдныя словы. Калі адданасць такая
чыстая, такая ўзнёслая падаецца не стасоўнай з тваёй далікатнасцю, то
сцеражыся, каб гэтая далікатнасць, у такім выпадку занадта высокая, не змяніла
свайго сутва. Перш чым параніш
бясспрэчна гэтую настолькі шляхетную душу, поўную узнёслай адданасці, узваж усё
як мае быць, ці Пан Бог не даў у рукі твае сродкі для надання раскошы пачуццяў
менавіта таму жыццю, якое адмовай сваёй можаш
назаўжды атруціць. Падумай нарэшце, каму
ты прыносіш у ахвяру сваё і Адама шчасце? Пэўна што мне? Дык ці ты мяне лічыш
яхіднай па прыродзе, што жывіцца шчасцем уласных дзяцей? Ці магла б ты мяне
любіць так чула, калі б дапускала хаця маю здольнасць да такога бязладдзя?
Няхай уласнае сэрца адкажа табе на гэта пытанне.
Калі я бачыла
цябе адзінотнай, сіратой, без суперажывання з боку іншых, без узнёсласці, без
душы, якая б цябе разумела, адказвала на твае пачуцці, у той час я неслася
душой да цябе. Адкрывала свае абдымкі,
каб цябе прытуліць да сэрца, бо з усіх нястач самае цяжкае гэта сіроцтва душы. Але калі б я толькі ведала пр а вашае шчасце,
то няма дакладна куточка ў свеце, дзе б яно не радавала маё жыццё?
Таму прашу цябе,
Паўліначка мая, падумай добра над гэтымі пытаннямі і напішы мне шчыра, чаму ты
не хочаш прыняць рукі Адама? Ці толькі таму, каб не пакінуць мяне на выгнанні,
ці маеш іншыя прычыны? Бо тыя, што падаеш у тваім лісце, ніякай нават слушнасці
не маюць.
Адчуваю патрэбу
пагаварыць з табой на гэтую тэму з усёй шчырасцю і свабодай, не як маці можа
нават, а як сяброўка, якая любіць цябе вельмі і ніякага інтарэсу, апрача твайго
шчасця, не мае ў душы. Я не патрабуе
нічога ад цябе, дарэчы, а хачу толькі падаць табе мой погляд, мае пачуцці, што
хацела б бачыць у адказ. Бо што да маіх
асабістых жаданняў, то гавару табе так шчыра, як і люблю цябе і як хачу твайго
шчасця, што для мяне было б у сто разоў большай радасцю, калі б у саюзе з
чалавекам так годным тваіх найлепшых пачуццяў, ты забяспечыла сябе шчасцем у
будучыні, чым калі б я мела магчымасць прытуліць цябе да сэрца на выгнанні, ведаючы, якімі
ахвярамі ты аплаціла нашае сумеснае быццё.
Чакаю вельмі
вестак ад вас, а тымчасам малюся за блаславенне ваша Богам. Бывай здаровенька, Паўлінка мая, любае маё
дзіця. Няхай табе дапамагае Бог і
асвятляе шлях перад кожным тваім крокам. Няхай спашле спакой у тваю душу і поўніць яе
сапраўднай радасцю, а я бласлаўляць буду Яго Апеку і тады толькі памру
спакойна, нават хоць і на выгнанні.
На гэты ліст Паўлінка адказала наступнымі словамі:
Ці можа быць,
мая любая Мама, каб прызначэннем маім было раніць і горыччу напаўняць сэрца
менавіта тых, чыйго шчасця найбольш прагне маё ўласнае сэрца? Аднак ад пэўнай
пары выпала мне гэта сумная доля, не толькі ў адносінах да іншых, але да Цябе
нават, за каго ахвотна аддала б і жыццё. Не, даражэнькая Матуля, гэта пэўна усяго
непаразуменне. Я пэўна дрэнна выклала
мае думкі і якоесьці недарэчнае маё выказванне цябе прывяло да памылковага
ўспрыняцця сапраўднага стану маёй душы.
Я не ведаю, чаму
ты ўяўляеш сабе, што я не жадаю быць з Адамам і што гэтым магчымым шчасцем я
ахвярую адно з-за абавязку служэння Табе на выгнанні. Бо калі я сказала, што не хацела б іншага
шчасця больш за тое, якое магу атрымаць у абдымках Тваіх крыл, то толькі ў тым
сэнсе, што шчасце быць з Табой для мяне больш жаданае, чым усе радасці, якія б
маглі напаткаць мяне дзе б то ні было, але без Цябе. Але з гэтага зусім не вынікае, што я, маючы
мажлівасць шчасця з Адамам, адмаўляюся ад яго шляхам ахвяры і хачу ехаць у
Бярозаў як добраахвотная ахвяра дрэнна ўсвядомленых маіх абавязкаў.
Вер мне, мая
дарагая мама, што для мяне адно толькі сапраўднае шчасце на зямлі, якога я
жадаю ўсёй душой і да якога імкнуцца не спынюся, пакуль хоць адзін выяўны
абавязак дарогі мне да яго не адрэжа. Ці
патрэбна гаварыць, што гэтым шчасцем ёсць жыць з Табой, што настолькі сёння
можа быць магчымым і адпаведным маім абавязкам, наколькі з-за шлюбу стала б
марным, нават недапушчальным жаданнем, бо па-за колам адпаведнасці мяне як
жонкі знаходзіцца.
Ці ж я не ведаю
таго, што як жонка Адама пасля добраахвотна дадзенай ля алтара прысягі, я
прыняла б на сябе абавязак усе асабістыя прыязнасці дзеля спраў мужа зрабіць
ахвярай, не вагаючыся пакінуць нават родную маці, калі гэта для яго карысці
будзе патрэбна. Што ж дзіўнага, калі
любячы Цябе больш за жыццё, абавязкаў гэткіх баюся і ўвогуле не хацела б іх на
сябе прымаць? Пакуль я вольная, усё адбываецца паводле маіх уласна планаў, бо
паколькі я Твая дачка, не толькі не маю абавязку, але нават права занядбаць
найсвяцейшую з прыроджаных прызначанасцяў, якая наказвае дачцэ апекаваць сваю Маці.
Звяртаюся і я
таксама да Твайго сэрца, дарагая Матуля, і пытаюся, ці ў тую хвіліну, калі б
асоба, якую ты любіш найбольш і якой усё аддаеш, апынулася ў стане
пазбаўленасці, самоты, без аніякай радасці і прыемнасці ад свету, у чужой
старане, сярод людзей зусім чужых змешчаная, ці ў такую хвіліну – кажу я – ты
магла б думаць пра пошук асабістых радасцяў, у той час як боль, сум і нястача
атручваюць самую блізкую Табе сэрцам істоту? Не, дарагая Матуля, такога развітання з Табой ні рэлігія, ні
прыроджаныя пачуцці не дазваляюць; і калі б я па-іншаму разумела свае абавязкі,
у той час толькі слушна баяцца мусіла б, ці якая-небудзь недарэчнасць не
затуманьвае мой розум?
Абавязак апекавання
Цябе, а асабліва ў няшчасці, для мяне такая святы і выразны доўг, што ніхто ў
свеце, нават Ты сама, адгаварыць мяне ад гэтага не можаш. Паколькі ж мая любоў мне як найбольшая раскоша
і выкананне маіх абавязкаў пераводзіць у ранг богам падараваных, то і сутва
святога яе не змяняе. І паколькі так
сталася, то ці павінна я, ці маю нават права добраахвотна набываць новыя абавязкі,
асабліва калі тыя павінны мяне занявольваць і станавіцца перашкодай на дарозе
да спаўнення самага важнага для мяне доўгу? Ці не досыць для мяне ўжо абавязкаў
і без таго, якія зрабіліся перашкодай для майго выезду?
Ты кажаш, любая
мама, што я не павінна пазбаўляць шчасця
Адама, які такім бескарыслівым пачуццём прывязаны да мяне. Праўда, Адам адрозніваецца ад усёй простай
моладзі, і я ўсведамляю, што калі б выйсце замуж было абавязковым, то блаславіла б Бога, калі б мела такога мужа. Але хто ж мне забароніць да канца жыцця
заставацца незамужнай, не ведаючы іншых кайданкоў, чым тыя прыемныя вузельчыкі,
якімі мяне сам Стваральнік з Табой ды з усімі роднымі мяне злучыў? Зрэшты, вер
мне, дарагая матуля, што ашчаслівіць Адама зараз не ў маёй моцы, бо не ад мяне
залежыць кахаць яго настолькі, як ён
прагне быць каханым. Нягледзячы на
шчырую прыязнасць і братэрскую зычлівасць, якую маю да яго, адчуваю, што не ў стане
адказаць яму наўзаем тым пачуццём, якое ён мне дорыць, бо усім сэрцам увесь час
пры Табе.
Становішча маё
цяпер можна параўнаць са становішчам беднай маці, якая вынайшла кавалак хлеба,
якога ледзь хапае каб накарміць сваё галоднае адзінае дзіця, сустракае іншае
роднае, як для маці кожнае, маляня, што таксама працягвае ручкі па хлеб. І рада б яна яму дапамагчы і голаду яго
пазбавіць, аднак жа увесь хлеб свайму адзінаму аднясе. Ты, Мама, для мяне адна ў свеце, а сэрца маё, як
кавалак хлеба, то цябе толькі накарміць можа. Не пагарджай жа гэтым мізэрным хлебам, бо
толькі для вуснаў маці смачнай і спажыўнай
можа стаць стравай.
Не хаваю,
дарагая мама, што не маю непрыхільнага стаўлення да Адама, наадварот, цаню яго
мілы характар і шляхетныя паводзіны, але не маю прыхільнасці да шлюбу. Я не ведаю, як бы усё складвалася, калі б ты
была з намі, але цяпер, ад аднаго ўспаміну пра шлюб мяне падкалочвае. Адчуваю, што шлюб – гэта смерць для мяне.
Любая мама! Калі
ты хочаш, каб я жыла, дазволь мне прыехаць да Цябе, інакш адчуваю, што жыццё
маё спыніцца. Калі ўсе супраць мяне, Ты
адна мяне зразумей і злітуйся нада мной. Адчуваю, што толькі побач з Табой мне можа
быць добра. Што да Адама, то не бойся,
каб адмова мая магла атруціць яго жыццё. Хто ж маладых людзей не кахае, як кажуць, па
некалькі разоў, пакуль лёс яго з адзінай злучыць, а аднак жа ёсць і тыя
няшчасныя каханкі, якія ўсё жыццё на жорсткасць сваіх любых наракаюць? Вер мне,
дарагая Мама, што Адам здолее яшчэ парадавацца ды знайсці сабе іншую жонку, а
ты іншай Паўлінкі не знойдзеш, бо сувязі, якія нас злучаюць, не капрыз сэрца, а
воля аднаго толькі Бога. Я не сумняваюся
таксама ніколькі ў абяцанні Адама суправаджаць мяне ў дарозе да Цябе, бо ведаю,
што пакуль выезд мой у далёкай толькі перспектыве, Адам усё паабяцае, ды шчыра,
ад сэрца, але як толькі страчу сваю вольнасць, ці змагу прыгадаць яму аб
спаўненні абяцання? Любая цяжкасць стане для яго належнай прычынай, каб
адкласці падарожжа, я толькі слёзы глытаць буду, шкадуючы пасля шлюбу, што
кайданкі паслушэнства на сябе дазволіла накласці.
Узгадай толькі,
колькі разоў Адам абяцаў наведаць нас на Валыні, і ці хаця аднойчы выканаў
абяцанне? І цяпер нават, калі пасля атрымання Твайго ліста гаварыў мне, каб я
пачакала з адмовай, а потым сказаў мне, што калі ўсе намаганні пра тваё
вызваленне будуць безвыніковыя, то, калі я захачу, будзе рады жыць з намі і на
выгнанні. Калі я захачу! Як калі б гэта
яшчэ ўсё было пытаннем не вырашаным. А
я, ці ж буду мець права настойваць, калі не пра маю толькі будучыню будзе ужо
ісці справа?
Не забараняй
таму, Мама, ісці мне за жаданнем сэрца, якое мне падказвае усё адкінуць, і
толькі імкнуцца зрабіць магчымае для жыцця з Табой, бо паўтару яшчэ раз, што
іншае шчасце не прываблівае мяне на зямлі. Не кажу, што і гэтым шчасцем не гатова была
ахвяраваць, калі такая будзе Божая воля, але добраахвотна не адмоўлюся ад яго ніколі.
Ты мне не дазволіла прыехаць у Бярозаў,
і я паслухалася і без пярэчанняў перажываю гэты боль, бо адчуваю, што
супраціўленне Тваёй волі было б грахом.
А калі мяне
пачынае засмучаць той успамін, што Ты далёка ад нас пакутуеш, што ты ў самоце і
адзіноце, нягледзячы на тое, што ёсць яшчэ сэрцы, якія Цябе больш за жыццё
любяць, тады тым суцяшаюся, што такое ўжо наша прызначэнне, што Бог, які наш
Ойча, бачыць у гэтым нашу карысць, і малю Яго толькі, каб сувымерна з нашымі
пакутамі даваў нам таксама моцы і гарту. Я цяпер пераканалася, што з верай і адданем
сябе пад Апеку самыя страшныя няшчасці мужна перанесці можна. Ва ўсіх апошніх пераездах нашых самымі
балючымі былі перажыванні, калі сярод розных уражанняў і пачуццяў не магла
знайсці голас абавязку. Але паколькі
бачу ясна, чаго ад мяне Бог вымагае, то адразу адчуваю сябе спакойнай і
ўмацаванай у веры, бо рэлігія – мой падмурак. Таму і сёння так баюся сысці з месца, на якое
мяне сам Творца змясціў, каб не трапіць добраахвотна у бязладддзе няпэўнасці і
не згасіць уласнай рукой гэтую невялікую лампадку, якую ласка Божая змясціла ад
пэўнага часу ў маёй душы.
Бачыш жа,
дарагая мама, што ў рашэннях маіх я не кіруюся зусім жаданнямі сэрца, наадварот
раюся з сумленнем і спакойна паглядаю у будучыню, так што хоць бы ў жыцці на
адны толькі натрапіла церні, можаш не сумнявацца, што ніколі пра адмоўлены шлюб
не пашкадую. Дазволь мне толькі ісці
аднойчы выбранай дарогай, і абяцаю, што і сэрца, і сумленне даставяць на
яе хутка здзяйсненні маіх жаданняў. Блаславі мяне, матуля дарагая, і прыцісні да
сэрца Тваё самотнае без цябе дзіця.
Іншага зусім зместу быў ліст Адама, які нягледзячы на
паўторную адмову не страчваў яшчэ надзеі пераканаць Паўлінку, асабліва калі
зніклі сумненні, што маці шчыра яго намерам спрыяла.
Нават Твой
дазвол, – піша ён у Бярозаў, – і Твае мацярынскія парады не здолеюць адвесці Паўліну ад назаўжды
вырашанага намеру, не здолеюць схіліць яе прыняць маё сэрца, маю руку? Тым не
менш удзячны Табе за той вялікі давер, якога доказы мне падаеш, згаджаючыся на
апекаванне маё найдаражэйшым тваім скарбам. Цяпер, пабыўшы даўжэй з Паўлінай, я спазнаў
велічыню тваёй любові да мяне, бо хацела мяне абдарыць так неацэнным шчасцем,
злучаючы мяне і яе назаўжды, і цяпер толькі спазнаў , што я страчваю. Няхай цябе за такую прыязнасць да мяне Бог
узнагародзіць блаславеннем. Не Ты
вінаватая ў тым, што дарагія Твае для мяне пажаданні не споўніліся. Не Ты і не яна: бо яна, прысвячаючы Табе
будучыню сваю, ідучы з табой на выгнанне, робіць тое, што і я пэўна на яе месцы
рабіў бы, і разумею, што быў бы найбольшым у свеце нікчэмнікам, калі б Цябе,
што мела да мяне сэрца Маці, хацеў пазбавіць у Тваёй адзіноце гэтай
найдаражэйшай радасці.
Аднак сэрца маё
не вытрымлівае, калі я згадаю, што я страчваю і пра яе будучыню. Цяпер яна жыве адной думкай пра Цябе, цяпер яе
кожная іскрынка надзеі быцця з Табой ажыўляе, кожная адчутая ці будучая
цяжкасць глыбока засмучае, кожная спроба адгаварыць яе ад гэтага намеру абурае.
Яна б хацела анёлам ляцець да Цябе,
радаваць Цябе, клапаціцца. Быць з Табой
увесь час. Непакоіцца толькі пра лёс
малодшых, для якога з найвялікшай любові годным прысвячэннем сябе ім замяняе
Цябе, але цяпер, калі лёс Тваіх дзяцей на пэўны тэрмін забяспечаны, што ж бы
больш яе трымала? Цяпер адна толькі ў яе надзея, адно імкненне, адна мэта ўсіх
думак і намаганняў: быць як мага хутчэй з Табой. Забарона прыехаць у Бярозаў надала толькі іншы
кірунак яе дзейнасці, але не змяніла ні на хвілінку яе жаданую мэту. Замест аднаго падарожжа, будзе мець іх
некалькі, можа дзесятак, і хоць не па сібірскіх стэпах, але не менш небяспечных
для здароўя, якое так аберагаць павінна была б. Будзе ездзіць да таго часу, прасіць, маліць,
аж пакуль атрымае міласць для Цябе ці нарэшце ўгаворыць цябе на тое, каб
літасцю наўзаем ты дазволіла ёй прыехаць у Бярозаў.
Але ці
вытрымаюць яе слабыя сілы? Калі б як найменш дазволіла, каб я яе суправаджаў,
абараняў яе, адводзіў ад яе пакуты, смутак. Закрываў яе маім жыццём пры небяспеках. Але пакуль адмаўляе мне ў шлюбе, што ж мне
застаецца? Толькі пагадзіцца і, каб яна была з табой, з усіх сіл дапамагаць. Бо якое ж іншае шчасце я мог бы даць яе душы у
такіх абставінах? Якую іншую дапамогу у цяперашнім яе становішчы? І пра яе
шчасце найбольшыя старанні.
Што за душа
гэтай Паўліны! Чым больш я разважаю над гэтым, тым больш люблю і тым больш
сціскае мне сэрца боль самалюбства, што Твае найлепшыя намеры не споўняцца –
боль, якую Ты адна зразумееш і ацэніш. Але яшчэ раз: яе шчасце перадусім, а для яе
шчасця няма, як толькі каля Цябе. Аднак
падзякую ёй! Яна магла суцешыць гэтае зруйнаванне маіх найдаражэйшых надзей,
зразумела боль маёй ахвяры, велічыню маёй страты самай цёплай прыязнасцю, якой
да гэтай пары ні ад адной жанчыны (апрача маёй Маці і Цябе) не спазнаў,
імкнулася суцешыць мой боль. Нават гэта
немалая ўжо для мяне радасць. Я
ўсведамляю нават, што гэта яе зычлівасць пакідае для майго сэрца слабы
праменьчык надзеі, што яшчэ схіліцца на бок маіх намераў; але Ты адна маеш ключ
да яе сэрца, толькі Твая парада не падаецца для яе падазронай.
Калі ж ты лічыш,
што еднасць са мной магла б ёй шчасце забяспечыць, то малю Цябе, каб сілай
мацярынскай любові на змену яе рашэння паўплывала. А калі ты не здолееш адвесці яе ад намеру
прыехаць да Цябе, калі для яе няма шчасця акрамя як каля Цябе, няхай адно
злучыць свой лёс з маім, а я найахвотней выгнанне з вамі падзялю. Без яе я не спадзяюся на шчасце. Але быць з ёю, быць з Табою, прыносіць вам
палёгку, бяссэнсіць ваша выгнанне, які ж бы гэта быў бы для мяне прыемны
абавязак, наколькі і згодны з сэрцам! Будзьце здаровыя, будзьце шчаслівыя. Няхай Бог ласкай сваёй будзе з табой, няхай
Цябе мацуе і суцяшае. Сэрцам сына люблю
Цябе. Адам
Ліст цёткі Зубковай яшчэ ў больш станоўчых выразах
пераконваў маці, каб усімі сродкамі старалася схіліць Паўлінку аддаць руку
Адаму, любоў якога ўзрастала разам з памножанымі цяжкасцямі. Будучы перакананай, што Паўлінка адплоціць
узаемнасцю гэтаму гарачаму пачуццю, цётка запэўнівала маці, што канчатковая
адмова будзе аднолькавым для абодвух няшчасцем, споўненая адно як ахвяраванне. Лёгка ўявіць, як непакоілася наша маці, якая
сярод такіх супярэчлівых просьбаў не магла ўявіць сапраўднага стану сэрца
Паўлінкі, бо хаця і не сумнявалася ў шчырасці яе лістоў, аднак ведала, як часта
маладыя паненкі самі не ў стане разабрацца ў сваіх пачуццях, лічыла, што і
Паўлінка не магла паразумецца са сваёй душой і таму больш давярала дасведчанаму
воку цёткі, чым уласным дапушчэнням. Не
маючы аднак канчатковай пэўнасці, старалася
мацярынскай клапатлівасцю сваёй падказаць, як найменш, Паўлінцы
адмысловыя правілы, якімі б тая магла карыстацца ў канчатковым сваім рашэнні. Вось словы з яе ліста:
Маё дарагое, маё
любае дзіця, мая Паўлінка! Доўга думала, доўга малілася, пакуль узяла пяро ў
руку, бо хацела быць упэўненай глыбока ў сумленні, што святло, якое мне
сапраўднае становішча тваё паказвае, гэта не прывідны мацярынскі непакой пра плён
тваёй будучыні, і не водбліск маёй зычлівасці да Адама, але вынікае адно з
натуральнага разумення абавязкаў і сапраўднага дабра для цябе. Разгледзела, дзякучы Богу, становішча тваё,
узважыла ўсе падставы, якімі ты кіруешся, і лічу, што і перад тварам смерці,
калі усё спазнанае страціць сваё тут існаванне, не пашкадую пра параду, якую ў
гэтую хвіліну табе даю.
І аднак нічога
табе іншага сказаць не магу больш за тое, што сказала табе ў мінулым лісце. Прашу цябе, жыццё маё, мой анёлак, падумай
добра і не адмаўляй пачуццям такім чыстым, такім далікатным, такім пазбаўленым
усялякага эгаізму, як Адамавы, бо ўпэўнена, што не знойдзеш на працягу жыцця
іншага сэрца, належнага твайму, якое так умее цябе ацаніць. Падстаў, якімі адмову тваю ты імкнешся
абгрунтаваць, не дастаткова, і даказваюць яны хутчэй, што любоў твая да мяне
затуманьвае твой розум, які так ясна іншыя абавязкі разумее. Апірышчам лічыш выразную волю Божую, якая
ускладвае на цябе прыроджаную ахвярнасць слугаваць той, якая табе жыццё і
выхаванне дала. Калі б гэта было
слушным, то ніводная дачка не павінна была б выходзіць замуж, пакуль мае
бацькоў апекаваць. А дзе ж ёсць –
пытаюся я – падобны абавязак у Евангеллі? Скажаш напэўна, што не хочучы
выходзіць замуж, ідзеш за голасам Касцёла, які насамрэч становішча паненкі
ускладае на замужняе жыццё.
Я ведаю, што
гэта твая звыклая песенька, і я не мела б нічога супраць таго, каб выключна
слугаванню Богу лічыла адно сябе закліканай, бо дарункі божыя, якія звязаны з
такім святым становішчам і сам лад жыцця ў кляштары засланяў бы цябе ад
усялякіх небяспек ды спакус. А
абавязковыя заняткі і звязаныя з гэтым сродкі ўтрымання баранілі б цябе ад таго
спанявер’я, да якога, напрыклад, прыходзяць усе сталыя жанчыны, якія не
пакідаючы свет мірскі, ніякага ў ім сабе становішча не знайшлі. Вер мне, маё дзіця, што рабіць у тваім узросце
рашэнне не выходзіць замуж, пры гэтым застаючыся ў свеце мірскім, гэта занадта
пыхліва. Гэта значыць зрабіць выклік
законам натуральным і дамовам чалавечай супольнасці.
Раней я не
каментавала зусім твае дзіцячыя паняцці у такой ступені, бо мне здавалася, што
яшчэ не час. Бо я ведала, што
перакананне у абавязковай патрэбе замужства, якое паселена паважлівымі бацькамі
ў маладой галаве, бывае часта прычынай шматлікай колькасці неразважлівых
крокаў, якія пазней трэба адкупляць коштам шчасця, а часам і сумлення. Бо ўрэшце нявыйсце замуж з-за слушных прычын
ці таму, што не надарылася адпаведная партыя, не з’яўляецца ніякім сорамам, і
тым менш злачынствам.
Але сёння, калі
усе абставіны наказваюць пайсці замуж, калі ты знайшла чалавека па ўсіх
крытэрах адпаведнага павазе, каторы цябе найчуллейшым каханнем апякуе і якога
сама вышэй за ўсіх іншых цэніш, то ці не павінна я цябе засцерагчы, што
неразважліва ўчыніш, калі такую партыю адмовіш? Падставы, якімі кіруешся, не
здольныя належным чынам патлумачыць твой выбар. Ты ўжываеш няправільны ход, каб не абразіць
маю далікатнасць, каб я не ўспрымала тваё прысвячэнне як ахвяру. Гаворыш, напрыклад, што не хочаш новых
абавязкаў, маючы іх ужо. Ад якога ж гэта
часу мая Паўліна, дзіця майго сэрца, гэты ахвярны анёлак, ухіляецца ад
абавязкаў? Ці ж абавязкі не робяць больш шляхетным жыццё? Ці ж ты ўхілілася ад
тых, якія Неба табе даслала, і ці адступіла падчас найцяжэйшых з іх? Ці ж не
яны выхавалі твой характар і тваю маральную вартасць? У чалавека, які не мае
ніякіх абавязкаў да выканання, нават самыя шляхетныя рысы, самыя бліскучыя
здольнасці робяцца нікчэмнымі, а як найменш марнуюцца без ужытку.
Абавязкі для
чалавека – гэта поле для годнасці. Толькі маючы іх за даспехі, выказаць ён можа
дзейснасць сваёй душы і моц характару. Зрэшты,
гэта быў бы абавязак вельмі цяжкі для маёй Паўліны - з’яднацца лёсам ды
ўшляхетніць чалавека, якога адпаведным знаходзіш, якому дала тытул сябра,
брата? Ён магчыма асамотнены, як і ты? І ён, таксама як і ты, страціў маці,
якую любіў і якая яго так чула любіла. Гэта
чалавечае сіроцтва душы і іншыя погляды, якія вас збліжаюць, - чаму ж бы не
маглі ушляхетніць нават самыя клапатлівыя абавязкі, якія б табе з новым станам
давяліся дадзенымі Небам? Пішаш, што маеш іх досыць , гэта праўда – нават
занадта.
Але праз
некалькі гадоў кожны з тваіх малодшых ужо набярэцца сіл, кожны нітаваннем сваім
створыць вакол сябе новы ланцужок, а ты будзеш непатрэбным крэсівам, якое не
спалучаны з іншымі ані абавязкам, ані ўзаемнай патрэбай. Запытай у якой хочаш жанчыны ва ўзросце, і
кожная табе скажа, калі захоча быць шчырай, што жанчына без замужства займае
несапраўднае становішча ў грамадстве, бо заўсёды ці бярэмя, ці ахвяра. Я не пярэчу, што ў гэтым вінавата прымхлівасць
і дрэнна ўладжаныя традыцыі чалавецтва, але ці ж ад цябе залежыць змяніць адно
ці другое? Тысячы ахвяр перш адбудуцца, чым гэтае зло, так плённа ўкаранёнае,
адшукае лекі.
Ты лічыш,
напэўна, што апекаванне мяне будзе дастатковым для паўнаты твайго быцця? Ты
памыляешся. Мае патрэбы такія невялікія,
што заставаўся б у цябе яшчэ час, а асабліва
не споўненае прызначэнне, і перажыванне з-за змарнаваных сіл было б і мне
вельмі цяжкім, як і табе. Зрэшты шлях
наканаваны так, што бацькі сыходзяць раней за дзяцей. Калі Бог абярэ мяне ды закліча да сябе хутка
пасля прыбыцця твайго на выгнанне, то якая цябе будучыня чакае? Пахаванне сябе
ў пустцы, загубленая маладосць, без спачування, без апекавання, сярод дзікуноў,
можа без сродкаў для вяртання на Айчыну. Але калі б ты і вярнулася, то якое б – пытаюся
я – было б становішча тваё сярод блізкіх, калі знітаванне з імі тваёю доўгай
непрысутнасцю спынілася. Ты была б ва
ўласнай краіне, як расліна без глебы, якую б пасля яе нішчэння хацелі зноў пасадзіць.
Адмаўляючы Адаму
без іншай падставы, як жаданне быць са мной, тым сябе унебяспечваеш, што там,
дзе выразны голас абавязку не вызначае, маем права абіраць тое, што сэрцу
нашаму наймілей. Але як жа з гэтай
тэорыяй суаднесці прызначэнне? Ці ж той, хто
ведае сваё прызначэнне, можа без шкоды для душы ажаніцца і застацца ў свеце? Абавязкі
сапраўдныя толькі пасля пачынаюцца, а не перад. Ніводная аднак багабойная душа не запярэчыць
таму, што калі голас Божы гаворыць з сумленнем, належыць голасу гэтаму быць
паслухмяным, хоць тут не гаворыцца пра дапаўненне ужо прынятых табой абавязкаў,
але пра добраахвотнае прыняцце новых.
Шлюб гэта стан
да таго ж, які запавядае Бог, так як ён запавядае і вышэйшае прызначэнне, і як
у першым выпадку, так і ў другім не трэба чакаць цуда большага, каб волю Божую
спазнаць. Мне падаецца, што воля гэтая ў
дачыненні да цябе аж занадта выразна выявілася: у кляштар ты не збіраешся, маеш
старанніка, які цябе любіць і ты маеш да яго прыхільнасць, маці жадае гэтага
злучэння і блаславіць, што ж – пытаюся – больш патрэбна? Хіба хочаш, каб Анёл з
Неба сышоў і Божыя намеры ў дачыненні да цябе прадвесціў? Зрэшты, калі ў цябе
якія слушныя ёсць па гэтым пытанні сумненні, то аддай іх да вырашэння светламу
спаведніку, але не вырашай такое важнае пытанне хвілінным натхненнем, якое
ніякай карысці для будучыні не ўяўляе.
Бачу таксама з
ліста твайго, што ты несправядліва ставішся да Адама і не ацэньваеш яго так, як
ён таго заслугоўвае. Калі б ты магла
чытаць яго лісты, то даведалася б пра клапатлівасць, далікатнасць,
бескарыслівасць яго прыхільнасці. Як ён
адно табой заняты, насуперак сваім найдаражэйшым справам думае толькі пра тваё
шчасце і хоча табе ўсімі сіламі дапамагаць для спаўнення намеру, які нішчыць
усе яго надзеі. Як ён ведае цябе, як
цябе разумее, як умее цаніць.
Не вымагаю, каб
ты аддала яму руку, калі сэрца яго не абірае. Люблю яго як сына, паважаю як сябра і адчуваю,
што і ён годны сэрца, якое б яму аддалося як дарунак, не як ахвяра. Калі схіляецца да яго тваё сэрца, усведамляю,
што такой шчаслівай была б ад вашага шлюбу, у сваёй пустцы, што забылася б пра
ўсе клопаты і боль, што перажыла. Я
спакойная за твой лёс, які ў руках чалавека, да якога маю давер, спакойная
за Зосю, спакойная за належную апеку і
скіраванне кожнага з маіх сыноў. Чакала
б цярпліва, пакуль Бог дазволіць споўніцца майму шчасцю, дазваляючы мне хаця б
перад смерцю зірнуць на ваша шчасце. А
калі гэта не ў Яго намерах, і так блаславіла б Апеку за радасць ад шчасця для
дзяцей маіх, акупленую лёгка сувымерна з атрыманай дабрачыннасцю.
Нават пры
звычайных акалічнасцях вымушана была б развітацца з табой, выдаючы цябе замуж,
і аднак ці ж гэта б паменшыла маю радасць, калі б замужства жаданы лёс табе
забяспечвала? Якая ж маці не мае гатовасці да падобнай ахвяры, да развітання з
дзіцем, найбольш любым, калі гаворка пра забеспячэнне яму будучыні? А Зося?
Гэта малая, чулая Зося, якая любіць цябе так чула, як бы яна была шчаслівая!
Яна не мела б патрэбы развітвацца з табой, шукаць чужога дому, дзе ўсе для яе
былі б чужыя, дзе б ніхто не падзяляў яе пачуццяў душы, дзе б не было да каго
прытуліцца.
Мая Паўлінка,
маё дзіця любае, мой дарагі анёлак. Гэтага не патрабую ад цябе, але толькі раю,
жадаю, хачу засцерагчы. Ты зробіш, як
уласныя перакананні падыктуюць, але прашу цябе перадусім, няхай на рашэнне тваё
не ўплывае памылковае паняцце абавязкаў тваіх у дачыненні да мяне. Калі
для радасці маёй, для клопату аба мне, прынясеш сябе ў ахвяру, пакінеш,
прысвеціш усё, адрачэшся ад будучыні, думаеш, што гэткая ахвяра, акупленая
шчасцем тваім, няўжо дасягнула б сваёй мэты, здолела б зрабіць мяне шчаслівай?
Не. Нават у тваіх абдымках, хоць я люблю
цябе больш за жыццё, горкае ўсведамленне панесеных табою ахвяр атручвала б маё
сэрца і спакой мой. Кіруйся сэрцам
тваім, калі хочаш ведаць аб маім. Для
чаго б табе звымяраць сэрца, памылкова пра яго думаючы? Не я выхоўвала гэта
сэрца, якое цяпер мая раскоша, частка і ўзрушэнне? Калі ты хочаш укладаць
нарэшце маё шчасце, то разумей яго, як я, і не забывай пра тое, што маці толькі
шчасцем дзяцей жывая. Вазьмі пад увагу
гэтыя мае думкі, а я буду дасылаць Богу гарачыя малітвы, каб натхніў цябе духам
сваім, каб скіраваў твае крокі да твайго ж шчасця, а калі зробіш рашэнне, то
адчуеш ува мне сэрца, якое цябе заўсёды больш за жыццё любіць будзе.
Ліст гэты узрушыў да глыбіні сэрца Паўлінку. Яна не магла ўжо больш сумнявацца, што
адгаворваючы яе ад выезду ў Сібір, і наказваючы прыняць руку Адама, маці не
кіравалася адно далікатнасцю, што не хоча прыняць ахвяру, але запавядала свае
найгарачэйшыя жаданні, угрунтаваныя моцнымі ведамі, што так, а не інакш
патрэбна ёй рабіць. Адчула таксама, што
аніякія парады не здолеюць паўплываць на перамену пераканання маці, бо ўсе
аргументы, якімі яна сваю адмову хацела ўсправядлівіць, былі ёй разгледжаны і
зруйнаваны, наймацнейшых жа за гэтыя яна не знаходзіла. І аднак логіка сэрца перамагчы не дала, так
што Паўлінка, нягледзячы на тое, што ўбачыла сябе безабароннай амаль што ў
дачыненні да новых прапаноў Адама, знайшла ў сіле любові сваёй да маці канчатковае апірышча, за якой незалежнасць
сваю змагла захаваць. Але бачачы, што
звычайная гаворка не набліжае яе да мэты, яна вырашыла змяніць тактыку,
заклікаючы сабе на дапамогу час і аддаленне, гэтыя два магутныя чыннікі, якія
ўжо столькі найлепш вынашаных планаў панішчылі. Патрэба вырашыць сямейныя інтарэсы, і асабліва
патрэба апекавання лёсу любай маці, давала ёй адпаведную мажлівасць пакінуць
Зубковых, таму неадкладна вырашыла гэта выкарыстаць.
Комментариев нет:
Отправить комментарий