вторник, 26 июня 2012 г.

Частка 1 Зыгмунт Шчэнсны Феліньскі Паўліна-дачка Эвы Феліньскай (пераклад)


1. ДЗЯЦІНСТВА ПАЎЛІНКІ.  ЛАД ЖЫЦЦЯ Ў ДОМЕ БАЦЬКОЎ
Паўліна нарадзілася на Валыні, у вёсцы Ваютын 22 чэрвеня 1819 года, у сям’і Жэрарда і Эвы Феліньскіх.  Страціўшы па чарзе чацвярых дзетак – немаўлят – бацькі абкружылі ўжо яе калыску як мага чулай апекай, баючыся,  каб з-за недахопу чалавечай увагі і гэты  анёлак не адляцеў дачасна да Неба.  Хутка пасля з’яўлення на свет  Паўлінкі бацька наш стаў дэпутатам Грамадзянскага вышэйшага Суда, што вымусіла сям’ю пераехаць жыць у Жытомір, горад ва Украіне, які знаходзіцца ад Ваютына не больш як за трыццаць міль.
Тут Паўлінка пачала рабіць першыя крокі і называць любых сваіх тату і маму імёнамі.  Тут таксама знаходзіўся яе брацік Алоізы, які быў для яе першым сябрам.
Двухгадовы вопыт сямейнага бытавання пераканаў бацькоў, што з-за іх малых даходаў і гарадской дарагавізны яны не маглі весці хатнюю гаспадарку ў Жытоміры, не абцяжарваючы доўгам іх невялікую ўласнасць.  І паколькі бацькі ніколі такі стан рэчаў не любілі, то абіралі лепш сум расстання, чым рызыкуючы невялікай спадчынай, выставіць на кон выхаванне і будучыню сваіх дзяцей.  Бо маці з маленькімі двума дзецьмі вярнулася ў Ваютын, бацька ж дзяліў свой час і працу паміж абавязкамі кіраўніцтва ды гаспадарання над іншым, крыху меншым за першы маёнтак, у Збарашове,  так што ўся маёмасць  тады дваццаць з чымсьці хат налічвала, каля шасці тысяч злотых чыстага прыбытку даць магла.  Бацькі так вырашылі, штопрыбыткі са Збарашова, які ў гэты час быў выкуплены,  павінны ісці на ўтрыманне побыту бацькі ў Жытоміры, гаспадарка ж ваютынская, пакінутая на непасрэднае кіраванне маці, павінна была забяспечыць астатніх нашых родных.
Пасля прыбыцця ў Ваютын, маці ўзялася наўпрост гаспадарыць, хоць гэта і была нялёгкая праца для жанчыны, у якой на руках двое малых дзяцей і да таго ж без аніякай мужчынскай дапамогі.  Бацька, праўда, карыстаючыся выходнымі ад працы ў судзе, амаль усё лета праводзіў звычайна на вёсцы, ды і зімой наведваўся  ў роднае гняздо, і ў гэты час з уласцівай свайму характару спраўнасці добра дапамагаў маці ў фактычным яе гаспадаранні.
Аднак на працягу большай часткі года ўсе тагачасныя справы фундаваліся  ёй адзінай.  Маці так спраўлялася ўдала, што і гаспадаранне яе падабалася, і валасныя кіраваннем яе былі задаволеныя, і ў доме быў дастатак, ураджай, і побыт быў зладжаны з сапраўдным жаночым густам.
Бо ў ёй таксама быў незраўнаны талент кіравання, якому не адзін наняты гаспадар пазайздросціў бы, і так умела гэтым яна карысталася, што не крыўдзячы нікога  плён працы сваёй атрымлівала.  Розумам сваім, справядлівасцю, і спагадлівым ды моцным характарам, яна змагла без вялікага галасу, дапамогі іншых утрымліваць сферу зладжанасці ўсіхнае, паслушэнства і да таго ж сплаціць ўсе даўгі.
Нават у воласці, нягледзячы на так натуральную на  погляд  спадкадаўцы падазронасць, так яе рацыяальнасці  і розуму   верылі, што ахвотна, маючы ўласны інтарэс, за парадай у двор да нас прыходзілі  ды ў патрэбах сваіх як да ўласнай маці звярталіся.
Паколькі ж у яе было сапраўды ў адносінах да іх сэрца апякункі-маці, то клапацілася і аб іх дабрабыце, як аб сваім уласным, унутраны стан кожнага дома ведала,  ды так дакладна, што кожны клопат прадбачыць, кожнае гора прадухіліць магла.
Па прычыне вельмі малой колькасці дактароў, якіх у вялікіх гарадах адно знайсці тады можна было, увесь бяднейшы люд местачковы вымушаны быў у сваіх няшчасцях хатнімі сродакамі ратавацца.  Таму ў кожным самым малым двары была малая аптэчка, запоўненая зёлкамі і найпрасцейшымі  лекамі, матроны ж нашыя  ведалі натуральна, ад якіх хваробаў  і як прымаць іх патрэбна.  Маці наша, надзеленая розумам, вопытам  даглядання хворых  і незвычайнай памяццю, а да таго ж сэрцам, якое заўсёды гатова дапамагчы з бяды выбрацца, больш за іншых у хатняй медыцыне зрабіла поспехаў.  Штодзённы досвед і знаёмства з папулярным творам Хауфлэнда, да такога з часам прывялі яе поспеху, што не толькі свае валасныя , але і чужыя таксама ды і бяднейшыя суседзі шукалі дапамогі ў яе дабрачыннасці і дасведчанасці.  На больш далёкія лекарскія выездкі яна карысталася звычайна малой параконнай брычкай, не звяртаючы ўвагі ні на слату, ні на познюю пару, а рабіла гэта з такой простасцю і шчырай гатоўнасцю ахвяраваць сабой, што нікому думка не прыходзіла нават, што ў тым была якаясьці для яе ахвяра.  Да валасных ваютынскіх хадзіла пешшу, несучы хвораму не толькі парады і лекі, але і найлепшую страву ды іншыя прадметы, што абавязковыя для хворага чалавека.  
Шмат у чым таксама дапамагала ёй да з’яднання сэрцам з валаснымі любоў, якой яна абкружала іх дзетак, бо нездарма прыказка кажа “Калі трымаецца дзіця за руку, для  маці ў гэты час яно за сэрца трымаецца”.  Яна ведала ўсіх дзяцей па імёнах , кожнага пацалавала, прытуліла, аднаму пашыла шапачку, другому кашульку, іншых абдарыла цацкай ці пачаставала салодкім смачнікам, так што ўсе туліліся да яе ўсёй грамадой, як яна адно яшчэ з’яўлялася на вуліцы.  Нямала таксама слугавала бацькам валасных дзетак у тым , што сама навучылася рабіць прышчэпку ад воспы, і вельмі ахвотна прышчэплівала вясковых дзяцей, пры тым умеючы так заспакоіць боль, тулячы іх да сябе, улагодзіць смачнікам, што і маці , і дзеці без боязі звярталіся да яе.
Ствараць паслушэнства ды давер як дворскіх слуг, так і падданых дапамагала ёй знаёмства з усімі відамі працы, якую ім давярала  выконваць.
Простым людзям бо не розум імпануе, а грунтоўнае веданне той працы, якой яны жыццё сваё прысвячаюць.  І як толькі заўважае хто, што каторы-небудзь у веданні справы іх пераўзыходзіць і заўсёды мае добрую параду ў час нялёгкі для справы, што напаткае часам, такога чалавека ахвотна шануюць і слухаюць, нібы  несправядлівых узаемін ці надта суровага абыходжання з ім самім  і не было.
Настолькі рэдкае нават для мужчын веданне гаспадаркі тым дзіўнейшае было, што  маці наша, перад тым як выйсці замуж зусім такога кшталту заняткам сябе не прысвячала і толькі калі стала жонкай небагатага ўласніка палеткаў, пачала знаёміцца з уімі кшталтамі працы.  Вучылася не тэарэтычна, не толькі глядзела, але выконвала ўласнымі рукамі тыя ўсе працы, якія сіл яе не перавышалі. Так навучылася спачатку гаспадарству жаночаму, а ў наступстве узяла увесь лад побыту ў свае рукі ды пазнала таксама цалкам і мужчынскую частку гаспадарання.  А што як найбольш вызначае яе прыроджаную здольнасць да кіравання, дык гэта што для дапамогі ў розных галінах гаспадаркі не патрабавала ўвогуле спецыяльных людзей для навучання яе, але сама адно навучала вясковых хлапцоў і дзяўчат рознага кшталту дамовым справам, і нават рамёствам, абавязковым у незаможным, простым двары.
Уся мудрасць яе як практычнай вясковай гаспадыні грунтавалася на тым, каб як найбольш штодзённых патрэб вырашыць сваімі сродкамі, без аплочвання наяўнымі грашыма.  З грашыма ў гэты час было цяжкавата з прычыны вялікай таннасці сыравіны, якая пры недахопе сродкаў транспарту ў багатых і ўраджайных валынскіх ваколіцах за бясцэн прадавалася было, ды з неабходнасцю.  Нічога дзіўнага, што стваралі на месцах перапрацоўку як мага большай колькасці прадуктаў, прадаючы толькі тое, што заўсёды мае цану, і з прычыны ўжытку яго за мяжой, дык гэта: лён, мёд, воск, воўна, пшаніца, якая дастаўлялася аж да Буга. Праўда, што наяўныя грошы патрэбнымі былі толькі для перакрыцця выдаткаў на асноўнае, набытак належных модных прадметаў гардэробу, закуп для харчу найбольш грунтоўных тавараў, нарэшце, на аплату служкам і наймітам, астатняе перакрывалася сваімі запасамі.
У двары ткалі палатно, рабілі крухмал, ляпілі свечкі, выганялі мёд, рабілі гарэлку, з якой выраблялі розныя наліўкі ды хатні арак.  Для жыцця з ежай заўсёднай усёй сям’і і шматколькаснай чэлядзі ставілі на брагу валоў, выганялі вепрукоў, трымалі шмат кароў, авечак і ўсялякай птушкі.
З садавіны ізноў жа і гародніны гатавалі розныя запасы на зіму, якія ў дадатак да малочных прадуктаў і вяндліны стваралі  невычэрпныя амаль кладоўкі.
У такіх умовах нават пры недахопе наяўных грошай любая гаспадыня прыходзіла да пэўнай ступені заможнасці, праўда яшчэ не дасканалай, але з выявамі выгодаў і дастатку.  Сардэчная гасціннасць гаспадароў ў стаўленні да гасцей надавалі столькі прыгажосці  паўнаабрусным і вясёлым іх пасядзелкам, што зусім нават па заморскіх курортах шляхта вясковая і не  сумавала.
У доме бацькоў нашых, можа больш яшчэ чым у суседніх дварах, трымаліся гэтага патрыярхальнага  звычаю.  Служкі былі адно з вясковых парабкаў і дзяўчат, прыбраных у народныя валынскія строі.  Бялізна, абутак і нават верхняя вопратка наша амаль што цалкам былі хатняга вырабу.  Запасы кухні былі толькі дамашнія, але затое якія разнастайныя, як смачна кожная страва прыпраўленая ,  і як жа іх хапала! Не толькі сваім хатнім, але і гасцям так гэтыя вясковыя непаўторы падабаліся, што рэдкі быў дзень, каб хто да нас з патрэбаю не завітаў, а часам і грамадка людзей збіралася хуценька вакол стала.
Ці гэта ласка божая памнажала дары сувымерна са шчодрым  іх шанаваннем, ці гэта таксама вялікая радасць гаспадыні магла знайсці  карыснасць ва ўсім, досыць, што ўсім хапала і ніколі кладоўка цалкам парожняю не была.
Гаспадаранне нашай маці вызначалася такой дзіўнай гармоніяй усіх складнікаў гаспадараства, што дзе бок не выпала ёй жыць, але ўмела усе да любых абставін  дастасаваць.  Не было ў ёй таго, каб у адной галіне была падробная заможнасць, падчас калі ў другой быў прыбытак, каб напрыклад гаспадыня дома ў строях і карунках расседжвалася па гасцёўнях на палісандравай мэблі, у той час як абадраная і галодная чэлядзь хавалася па брудных кутах дому.  Яе  прыроджанае стаўленне да ўсяго было выявай ва ўсім , таму нават па самых драбнейшых рысах можна было пазнаць узровень, на які ўвесь дом быў узведзены.  Узровень гэты адпавядаў заўсёды стану ўласнасці, і са зменай заможнасці сам змяняўся, так што колькі разоў пры падупадзе фартуны заставаўся які б ні быў забытак з даўнейшага дастатку, то яна старалася ўвогуле гэтага пазбегнуць, як эканамічнага анахранізму, які псуе гармонію цэласнасці.
Не меншага толку падавала наша маці довадаў адносна сваіх узаемінаў з суседзямі, якіх было шмат, бо ў самым Ваютыне было, апрача бацькі, пяць часткова-ўласнікаў, у Беластоку ж, які за чвэрць мілі быў , было іх сямёра, само сабой зразумела, што усе яны незаможныя былі.  Але ў Скурчу затое, дзе быў парафіяльны касцёл, жыў пан Пражмоўскі, які валодаў  мільёнамі нечаканай фартуны.  У Блудаве была рэзідэнцыя генерала Блэндоўскага, ажэненага з графіняй Дзялыньскай, якая яму шамат пасагу прынесла.  Графы Халанеўскія і Тарноўскія таксама жылі за дзве мілі, не лічачы іншых, менш заможных, а аднак значна больш за нас багацейшых суседзяў.  Вось у такім разнастайным таварыстве, асабліва падчас вялікіх сходаў, нялёгка было маці так скласці свае адносіны, каб не прыніжаючы нікога, ды і ўласнай годнасці не прынізіць.
Мая маці, аднак, неаднойчы седзячы за сталом, за якім найдалейшыя суседзі разам сустракаліся, з такой прагай прамовы вяла, што не страчваючы ніколі шляхецкай годнасці, усіх суседзяў сваёй шчырасцю аб’ядноўвала.
Яе не адносілі ні да якога класу грамадства, аднак кожнага яна добразычліва сустракала, лічачы кошт праўды і цнотаў найвышэйшымі нават за  ўласныя  іншыя погляды, смела іх абараняла, не забываючыся на законы хрысціянскай міласэрнасці.  Усе пры тым яе прамовы былі насычаны шчырым пачуццём і здаровым розумам, гэта ж манета мае аднолькавы кошт, ці то ў княжацкім палацы, ці ў вясковай хаціне.
Падчас сустрэчы з незнаёмымі асобамі маці старалася найперш адкрыць добры бок у іншай асобе, а калі яго адшуквала, то абапіралася на яго надалей ва ўзаемінах.  Распачынаючы  размовы, выбірала тэму, якая была найбольш знаёмаю асобе, з якой яна размаўлялла.  З уласнікам размаўляла пра праводжанне гаспадаркі, з маці сям’і - аб выхаванні дзяцей, з вучоным – пра яго спецыяльнасць, і абірала заўсёды лепш слухаць, чым уласныя распісваць навіны,у чым падвойную карысць знаходзіла, бо і тых атрымлівала наўзаем зычлівасць, каму адкрывала поле да падання сваіх звестак, і сама  з кожнай размовы чамусьці навучалася.  У выпадку агульнай размовы, калі розныя выслоўі не маглі прывесці да ўзаемнгага паразумення, умела з вялікай трапнасцю знайсці для бакоў у спрэчцы правіла, і пераводзячы пытанне на гэты шлях часта адно ўжо яго пастаноўленннем да належнага між людзьмі завершання спрэчкі даводзіла.
Вельмі ахвотна і з вялікай простасцю дапамагала тым, хто прасіў яе дапамагчы парадай, не злавалася, калі  той, каму параіла, не выкарыстаў яе.  Калі ў існасці рэчаў, якая была пакінута на людскі разбор, слушным лічыла, каб кожны ішоў сумленна за ўласным перакананнем, то не ўспрымала нават чалавека, які бясконца ішоў па чужых поглядах, не будучы аб слушнасці іх дасведчаным.  Яна ўдзячна была вельмі кожнаму, хто хоць адзін праменьчык далучыў да яе святла, таму што няспыннае памнажэнне капіталу цнотаў і ўвесь час узбагачэнне скарбніцы ведаў лічыла  сваім абавязкам, які напэўна ў магіле для яе мае скончыцца.
У поглядах сваіх і развагах не перамешвала ніколі ўчынкі і вінаватага насамрэч, так што пры найбольшай суровасці правіл ўмела быць чулай да слабасці людскае.  Магла не ўжываць у акрэсленні абавязкаў ніякіх надужыццяў, што надта абцяжарвае голас сумлення, ды вядзе часам да здымання свайго  бярэмя  кожнай неабходнасці.   Трымаючыся абавязкова мяжы, акрэсленай катэхізісам, яна ігнаравала смела і адкрыта ўсё, што як грэх забаронена, але далёкая была ад вымагання ад іншых усведамлення таго, што трактоўка запаветаў наноў ёй высокую адно дасканаласць надавала.  Ушчуваючы напрыклад  п’яніцу, махлярку, за непрыстойныя забавы і відовішчы, не патрабавала ў анікога, каб карты ў рукі не браў, кілішка віна не выпіў і на парог тэатру ці бальнай залы ніколі не ступаў.  Не менш чужой для яе была і і ншая абавязковасць, у якую  патрапляюць асобы, што закрэсліваюць сабе досыць шырокую дарогу на полі абавязкаў,і хочуць абіраць яе за адзіную годную і таму сцярпець не могуць, каб хто больш вузкай сцежкай ісці вырашыў.  Яна цаніла, увогуле, вышэйшую дасканаласць і шанавала асоб, якія да яе прыязнасць адчувалі, толькі што гэтага ладу жыцця за норму, абавязковую для ўсіх, не лічыла.
Той жа дух памяркоўнасці  і паразумення кіраваў ёй і падчас ацэнкі таварыскіх стасункаў.  Ідучы заўсёды за мэтай практычнай і магчымай здзейсніцца, устаранялася яна ад утопіі ўсялякае, хоць і асветленае святым промнем філантропіі.  Чэрпаючы з веры гэта пераконанне, што дасканаласць не ёсць рыса тленнага быцця, не адмаўлялася ўвогуле ад надзеі ў сучасных публіцыстаў, што праз увядзенне узорных правіл грамадзянскага жыцця залаты век усеагульнага шчасця настане на зямлі.
Ясны яе розум бачыў гэта яскрава, што пакуль не літара закона, але яго стражы і выканаўцы  кіруюць грамадствам, ад іх менавіта маральнай якасці, а не ад дабрыні заканадаўства шчасце  краю залежыць. Пакуль людзі застаюцца людзьмі, ніводная канстытуцыя не зробіць з іх грамадства анёлаў.  Не вынікае адсюль таксама, каб маці мая ігнаравала добрыя  інстытуты дзяржаўныя, бо роўна было б няслушным не шанаваць выбаўляльны уплыў мудрага заканадаўства, як і прыпісваць яму сілу пераўтварэння за адну хвіліну ўсяго грамадства.  Маці прызнавала, увогуле, вялікі, хоць абмежаваны ўплыў грамадскіх законаў, і ад усяго сэрца хацела паспяховай з гэтага пункту гледжання змены ў нас.  Паколькі вынік гэтага прагнення не ад яе залежаў, яна далёкай была ад бяздзейнасці рук і развагі над пустым нараканнем, але імкнулася хутчэй знайсці ужытак у  інстытуцыях, што абавязваюць, тое ўсё, што на карысць грамадства ўдалося выкарыстаць, і паменшыць, наколькі можна, шкодныя іх уплывы.  Паколькі напрыклад горача прагнула, каб валасныя што найперш правы грамадзянскія атрымалі і да незалежных безадносна да сваіх паноў прыйшлі стасункаў, перш чым аднак стала гэта мажлівым, яна знаходзіла сілы выкарыстаць як найменш на іх карысць  тыя сродкі, якія тагачаснае заканадаўства ёй падавала.  Не адракалася ад улады, якая застаючыся пасля апекі галаўных інстытуцый, не магла быць з боку валасных  адмоўленай, старалася яна як найменш ужываць яе на паляпшэнне быту і паляпшэнне маральнага стану сваіх падданых.  Выпушчэнне з рук цугляў, пакуль валасныя з паншчыннага возу выпражаныя быць не маглі, лічыла грахом супраць грамадства, якому неразбярыха і анархія былі блізкія.  Самі валасныя, вымушаныя  пагадзіцца з сумнай абавязковасцю, трыбунал  у адносінах да паноў лічылі  магчымым і не адрачэння, а справядлівасці толькі ад іх патрабавалі; бо колькі разоў каторы з іх, падаўшыся да двара  адказу на паданне аб сваёй крыўдзе не атрымаў, то не на стан падданства, але на недалёкасць ці несправядлівасць пана  скардзіўся.  І слушна, калі ж змена грамадскіх стасункаў не ад прыватных асоб залежыць, вымярэнне справядлівасці – існы абавязак кожнага, хто на судзейскім крэсле  засядае. Маючы схільнасць да гэтага абавязку і любячы валасных сэрцам безадмоўным, маці мая трактавала іх як пакрыўджаных і нешчаслівых братоў, якія разам з недахопамі, уласцівымі іх становішчу, вялікімі валодаюць цнотамі.  Валасныя ж , ацэньваючы яе чалавечае і справядлівыя паводзіны, адказвалі ёй шчырай прыхільнасцю, так што інтарэсы двара і інтарэсы простага люду былі нібыта ўнутры  адной сям’і.  Добрае гэтае паразуменне ўвогуле не было вынікам патурання, што пазіраючы праз пальцы на ўсялякае звышужыцце, непакаранасцю сэрца сябе аб’яднаць усілуе. Мая маці, непахісная, увогуле, была ў вымярэнні справядлівасці, асабліва, калі беспамяцтва  і скруха не змякчылі сэрца вінаватага.  Ніколі прыхільнасць, боязь помсты ці ўласны інтарэс не закрылі ёй вочы на вінаватасць падуладных.  Таксама валасныя  ўпэўненыя ў тым былі, што шаля  вагаў  іх правіннасці не перважыць на бок несправядлівасці з-за адных толькі ўласных поглядаў, і таму паддаваліся ахвотна выдаваным ёй прысудам.  
Для абуджэння ў іх і ўтрымання такога пераканання маці старалася, каб суд яе быў, наколькі  магчыма, празрыстым.  Разбірала таму справы  ці пры ўсёй грамадзе, падчас тыднёвых падрахоўванняў, ці як найменш пры паважаных сведках, тлумачачы пры гэтым матывы, якія пабуджалі яе, і звычайна такія бывалі яскравыя, што ўсе, не выключаючы вінаватага, слушнасць прысуду прызнавалі.
Пры заключэнні больш цесных  стасункаў мая маці была нязмерна асцярожная і вельмі няшмат  асоб магло пахваліцца яе прыязнасцю.  Выбарам яе не кіравалі тым не менш таварыскія, і тым больш не ўласніцкія інтарэсы, а толькі агульнасць правіл і сімпатыя сэрца, якая грунтавалася на пашане рыс характару.  Гтае ацэньванне самых толькі рыс унутраных, без увагі да ўзросту, салоннае выхаванне і грамадскае становішча, адкрываючы кожнаму поле для агульнай працы за прыязнасць, загадвала забыць, што не ўсіх роўна даверліва дапускала да стасункаў, асабліва самыя цесныя нават не давалі нікому прывілеі быць адрозным ва ўнутраных знаках ветлівасці.  Гэтая аднастайнасць прыняцця распаўсюджвалася такасама і на стол, які як для магнатаў, так і для беднаты быў заўсёды аднолькавы, бо маці суадносіла прыёмы свае не са знакамітасцю госця, а з уласнай заможнасцю.  Са звыклай пры гэтым трапнасцю  развагі яна прадбачыла, што вытанчаныя стравы, звараныя вясковай кухаркай, ні ў якой меры печаных языкоў пераўзысці не змогуць, калі наадварот, смачна прыгатаваная шляхецкая страва самаму вытанчанаму ласаму спадабацца можа, бо кожны любіць разнастайнасць.  “ Не вялікае гэта зрэшты няшчасце, - казала яна, - калі магнат які галодным ад нас выедзе, бо вярнуўшыся, знайшоў бы ён што паесці дома, да нас жа прыязджаюць багатыя, шукаючы стравы духоўнай, тым больш вытанчаным частаваць іх трэба. ”
Можа  занадта засяроджваюся я на гэтых дробязях,якія не для ўсіх могуць быць займальныя, як для мяне, маю надзею, што Чытач  прабачыць сыну гэты доўг, аддадзены цнатлівай Маці, што ўжо пакінула гэтую зямлю.
Апісваючы бацькоўскі дом, не магу не спамянуць маўчаннем сівой постаці нашай бабкі, Зоф’і Вендарфовай, якая нямала дапамагала маці так і ў кіраванні домам, як і ў доглядзе за дзецьмі.  Была гэта старога яшчэ часу  жанчына, што з грунтоўнай набожнасцю рэдкай лучыла працавітасць.  Прыбыўшы з Літвы да Ваютына, хутка пасля вяртання нашай маці з Жытоміра, не пакідала ўжо ад таго часу нашу сям’ю, дзелячы на працягу больш як дзесяці гадоў усе наступныя яе шляхі.  Нягледзячы на невысокае навуковае выхаванне яна вызначалася няпрост ай  растаропнасцю ў жыцці і рэдкай сталасцю перакананняў; яшчэ глыбокая вера, падтрыманая вопытам і здаровым розумам, надавала яе развагам такую грунтоўнасць, якой самая вялікая навука даць не можа.  Яе прыклад гаварыў больш за словы, так што для ўсіх акружаючых яе была яна сапраўдным узорам лагоднасці, пакорлівасці, даверу Апекаванню і шчырай Міласэрнасці для кожнага гаротнага.
Адарваная ад роднага краю і ад кола старых знаёмых не хацела ўжо новыя заводзіць стасункі на Валыні, і таму не толькі сама не бывала нідзе, але і ў салоне дачкі не хацела  паказвацца, колькі разоў бы не прыязджалі госці. За тое з усёй адданасцю займалася хатнімі справамі, а падчас, калі мая маці пільнавалася гаспадаркай сялянскай, бабка  выручала яе ў справах жаночых, ходзячы з ключамі да кладоўкі, кухні і пограба, выдаючы пад меру і вагу, што каму патрэбна было, і назіраючы, каб усё ішло, як у гадзінніку, аднойчы заведзеным шляхам.  Спала вельмі мала, прамаўляла звыклыя свае пацеры, падчас як іншыя яшчэ адпачывалі, цэлы дзень прысвячала працы, так занадта брыдзячыся марным правядзеннем часу, што ў хвіліны, вольныя ад прац гаспадарскіх, займалася шыццём, і то з такой пільнасцю, што ўвесь дом абшывала.  Летам збірала лекавыя зёлкі, кантарыды, майкі, адным словам памятала пра забяспечанасць хатняй аптэчкі, у чым мела досвед, не меншы, як мая маці.  Па меры таго,як дзятва падрастала, бабка чытала ранішнія і вячэрнія пацеры, прышчапіла першыя правілы катэхізіса і прамаўляла з вялікай верай у сэрцы розныя эпізоды з Гісторыі Біблійнай і з Жыцій Святых.
Для заканчэння гэтага вобраза выпадае мне яшчэ ўспомніць хоць і няшмат аб ваютынскіх суседзях, з якімі штодзённыя амаль стасункі сям’ю нашу злучалі.   Найбліжэйшай суседкай, бо за некалькі соцен крокаў жыла ад нас, была цётка Такарска, родная сястра нашага бацькі, саракагадовая у гэты час удава, якая мела пры сабе дарослага аднаго сына, Севярына, які праводзіў час свой у паляванні і гаспадарстве.  Дамы нашы стваралі нібы адзіную сям’ю, але з прычыны розніцы ўзросту мы лічылі Севярына Такарскага хутчэй дзядзькам, чым братам.  З другога боку, але крыху далей, жыло сямейства Пшэўлоцкіх, у якіх быў ужо дарослы сын і сем рознага ўзросту дачок.  Галава сям’і, пан Клеменс, вызначаўся вельмі добрымі манерамі і  прыгожымі прамовамі, і паколькі чытаў нямецкія газеты і ведаў, што робіцца на свеце, паходзіў паўсюль за чалавека разумнага. Займаючыся пры гэтым продажам пшаніцы багацейшых суседзяў і па прычыне гэтага ездзячы штогод у Гданьск, узбагачаў дом пасля кожнага падарожжа самымі вытанчанымі і моднымі прадметамі, так што салоны яго вызначаліся большай моднасцю, а туалеты яго дачок большай элегантнасцю, чым у суседніх дамах.
Тут жа за Пшэўлоцкімі знаходзіўся дворык камергера Обніскага, сівога ўжо дзядка, які ніколі камергерам не быў, але гасцюючы ў графства Тарноўскіх у Арахове, быў надзелены гэтым тытулам адным з гасцей, і прозвішча гэтае, падхвачанае прысутнымі і  паміж суседзяў распаўсюджанае, так моцна да яго прылегла, што ніхто яго пазней інакш і не называў.  Новае пакаленне не ведала нават, што гэта была выдуманае прозвішча, і што самае дзіўнае, што сам Обніскі, здавалася, верыў у старасці ў рэальнасць свайго тытулу і сам быў перакананы ў праўдзівасці разнастайных здарэнняў, якія мелі адносіны да яго выдуманай працы, якую  дваццаць гадоў таму ён выдумаў для забавы знаёмцаў.
Пры ім бавіўся яго родны пляменнік, Леанард, важны барчук узросту такога ж, як і Севярын і неадступны таварыш яго ў паляванні.  Абдораны ад прыроды досціпам і вясёлым характарам, а да таго ж прыстойны, адважны і добры, - як кажуць – і выпіць, і пагутарыць, Леанард паўсюдна быў любімы, і нават шукалі яго таварыства, нягледзячы на тое, што да вучонасці не меў ніякай спадобы і сам ахвотна жартаваў са сваіх школьных няўдач.
За доўгай грэбляй, якая ўсю вёску дзяліла на дзве часткі, жыў самы заможны з ваютынскіх спадкадаўцаў пан Анзэльм Пшыгоцкі, немалады ўжо ўдавец з падрастаючай адзінай дачкой.  А яшчэ далей  - пан Томаш Альшамоўскі, званы проста стараста, з жонкай і некалькімі дзецьмі, але ці то з прычыны няладу, ці нешчаслівых акалічнасцяў, гэта апошняя сям’я была амаль у нястачы.  
Хоць стасункі нашых бацькоў з усімі суседзямі былі добрыя, найчасцейшыя і найцяснейшыя аднак былі з цёткай, як самай блізкай па крыві, а потым з Пшэўлоцкімі, у якіх кожнае з нас знаходзіла сабе равеснікаў да забавы.  Не праходзіў нават дзень, асабліва летняй парой, каб дзве нашыя грамадкі не злучыліся разам для агульнага шпацыру, пасля якога мы бавілі час вечара то ў іх, то ў нас, з гульнямі і вясёлымі забаўкамі, у якіх і далейшыя суседзі часта ўдзел прымалі.
Сярод такіх акалічнасцяў праходзілі першыя гады Паўлінікі, сярод большага сваяцтва, калі  на працягу  пяці гадоў, праведзеных у Ваютыне, пасля вяртання  з Жытоміра, прыбыло яшчэ трое дзяцей.  Бацька наш абраны быў на другі і трэці трыеніум, увесь час вымушаны быў жыць у Жытоміры, маці ж , бачачы, што выхаванне Паўлінікі і старэйшых дзяцей не можа быць праведзена  нармальна ў Ваютыне з прычыны вельмі вялікага суседства, схіліла бацьку, каб той узяў на сябе кіраванне Ваютынам, ёй жа дазволіў жыць з дзецьмі ў Збарашове, які выходзіў якраз з арэнды.  

Комментариев нет:

Отправить комментарий