Ян Бжэхва
Пан
Клякса
Гэта,
а таксама іншыя казкі
Мяне завуць Адам Нязгудка, мне дванаццаць гадоў, і ўжо паўгода я ў Акадэміі пана
Кляксы. Дома ў мяне ніколі і нічога не атрымлівалася. Заўсёды я спазняўся ў
школу, ніколі не мог выканаць хатнія заданні і ўвогуле ў мяне рукі не адтуль
растуць. Я ўсё выпускаў на падлогу і разбіваў, а шклянкі і сподкі ад аднаго
майго выгляду трэскаліся і разляталіся на дробныя кавалкі, пакуль я яшчэ нават
да іх не дакранаўся. Я не любіў крупнік і моркву, і якраз штодзень на абед
атрымліваў крупнік і моркву, бо гэта спажыўная і здаровая ежа. Калі ж да ўсяго
я абліў атрамантам пару штаноў, абрус і новы касцюм мамы, бацькі вырашылі
адаслаць мяне на навучанне і выхаванне да пана Кляксы. Акадэмія месціцца ў самым
канцы вуліцы Шакаладнай і займае вялікі чатырохпавярховы будынак, збудаваны з
каляровых цаглінак. На чацвёртым паверсе захоўваліся таямнічыя і нікому не
вядомыя сакрэты пана Кляксы. Ніхто не мае права туды ўваходзіць, а калі б нават
камусьці захацелася ўвайсці, то не было б як, бо сходы даходзілі толькі да
трэцяга паверха і сам пан Клякса трапляе да сваіх сакрэтаў праз комін. На першым
паверсе змяшчаюцца школьныя класы, у якіх праходзяць урокі, на другім паверсе
- спальні і агульная сталоўка, нарэшце, на трэцім паверсе жыве пан Клякса з
Матэушам, але толькі ў адным пакоі а ўсе астатнія пазачыняныя на ключ.
Пан
Клякса прымае ў сваю Акадэмію толькі тых хлопцаў, у якіх імя пачынаецца на
літару А, бо, – як гаворыць ён сам, – не мае намеру засмечваць сабе галаву ўсімі
літарамі алфавіту. Таму ў Акадэміі чатыры Адамы, пяць Аляксандраў, тры
Андрэі, тры Альфрэды, шэсць Антонаў, адзін Артур, адзін Альберт і адзін Анастас,
а разам дваццаць чатыры вучні. У пана
Кляксы імя Амброжы, і таму толькі адзін Матэуш з усёй Акадэміі не пачынаецца
на А. Зрэшты Матэуш увогуле і не вучань. Гэта вучоны шпак пана Кляксы. Матэуш
умее добра размаўляць, аднак мае такую ўласцівасць, што вымаўляе толькі
канчаткі слоў, не звяртаючы ўвагі на іх пачатак. Калі напрыклад Матэуш паднімае
тэлефон, то звычайна кажа:
-
аска, а эмія ана яксы!
Гэта
значыць:
-
Калі ласка, гэта Акадэмія пана
Кляксы.
Натуральна,
што чужыя не могуць яго ўвогуле зразумець, але пан Клякса і яго вучні могуць з
ім паразумецца вельмі дакладна. Матэуш выконвае з імі ўрокі і часта замяняе
пана Кляксу ў школе, калі пан Клякса ідзе лавіць матылёў на другое снеданне.
Ах,
праўда! Я амаль што зусім забыўся паведаміць, што наша Акадэмія размяшчаецца ў
вялікім парку, які поўны розных долаў, яроў і круч і акружаны высокім
мурам. Нікому нельга выходзіць за мур без пана Кляксы. Але гэты мур гэта не
проста мур. На тым баку, які цягнецца ўздоўж вуліцы, ён цалкам гладкі і толькі
пасярдзіне знаходзіцца вялікая шкляная брама. Затое ў трох астатніх частках
муру месцяцца доўгім неперарыўным шэрагам адна каля другой жалезныя дзверцы,
якія пазамыканыя на малыя сярэбраныя клямачкі.
Усе
гэтыя дзверцы вядуць да розных суседніх казак, з якімі пан Клякса ў вельмі
добрых і даўніх стасунках. На кожнай дзверцы таблічка з надпісам, які ўказвае,
да якой казкі яны вядуць. Ёсць там усе казкі пана Андэрсэна і Братоў Грым, казка пра
шчаўкунка, пра рыбака і рыбку, і ваўка, які прыкінуўся жабраком, пра сіротку
Марысю і гномаў, пра Качку-Дзівачку і шмат, шмат іншых. Ніхто не ведае
дакладна, колькі тут гэтых дзверцаў, бо калі іх пачаць лічыць, нельга не
памыліцца, і праз хвіліну невядома ўжо, колькі налічылася да гэтага. Там дзе
павінна быць дванаццаць, выпадае раптам даваццаць восем, а там, дзе, здавалася б,
што дзевяць, то выпадае трыццаць адзін ці шэсць. Нават Матэуш не ведае, колькі
гэтых казак, і кажа, што “ожа о, а ожа есце”, што азначае, што можа сто, а можа
дзвесце.
Ключыкі
ад дзверцаў хавае пан Клякса у вялікай сярэбранай шкатулцы і заўсёды ведае, які з
іх да якой клямкі падыходзіць. Вельмі часта пан Клякса пасылае нас да розных казак
па справах. Выбар пераважна падае на мяне, бо я рыжы і адразу кідаюся ў вочы.
Пэўнага дня, калі пану Кляксе бракавала
запалак, ён паклікаў мяне да сябе, даў мне залаты ключык на залатым колку і
сказаў:
-
Мой Адаме, заскоч да казкі пана Андэрсэна пра дзяўчынку з запалкамі, спашлешся
на мяне і папросіш пачак запалак.
Вельмі
ўзрадаваны я панёсся ў парк і не ведаючы зусім, якім чынам, я трапіў адразу да патрэбнай дзверцы. Праз хвіліну я ўжо знаходзіўся на другім баку. Перад вачыма
маімі ўзнікла вуліца нейкага невядомага горада, па якім снавала мноства людзей.
І нават ішоў снег, хаця на нашым баку было ў гэты час лета. Усе мінакі трэсліся
ад холада, якога я ўвогуле не адчуваў, і не трапіла на мяне ні адна сняжынка.
Калі так я стаяў здзіўлены, наблізіўся да мяне якісьці пажылы стары чалавек,
пагладзіў мяне па галаве і прамовіў з усмешкай:
-
Ты мяне не пазнаеш? Мяне клічуць Андэрсэн. Цябе здзіўляе, што тут снег і
зіма, у той час як у вас - чэрвень і
даспяваюць чарэшні. Праўда? Але ж спачатку мусіш, хлопча, зразумець, што ты
зусім з іншай казкі. Навошта ты сюды прыйшоў?
-
Я прыйшоў, пане, па запалкі. Пан Клякса мяне прыслаў.
-
Ах, значыць ты ад пана Кляксы! – узрадаваўся пан Андэрсэн. – Я вельмі люблю
гэтага дзівака. Зараз дам табе пачак з запалкамі.
Пасля
гэтых слоў пан Андэрсэн пляснуў у далоні і праз хвіліну з-за вугла паказалася
малая дзяўчынка, якой было халодна, з запалкамі. Пан Андэрсэн узяў ад яе адзін
пачак і падаў мне, кажучы:
-
Вось, занясі гэта пану Кляксе. І перастань плакаць. Не галасі над гэтай дзяўчынкай.
Яна бедная і ёй халодна, але толькі як быццам. Бо гэта казка. Усё тут
прыдуманае і несапраўднае.
Дзяўчынка
ўсміхнулася мне, памахала мне рукой на развітанне, а пан Андэрсэн адвёў мяне
назад да дзверцаў.
Калі
я распавёў хлопцам пра сваю прыгоду, то ўсе мне вельмі зайздросцілі, што я
пазнаёміўся з панам Андэрсэнам.
Пазней
я хадзіў у розныя казкі вельмі часта па розных справах: то трэба было
прынесці пару ботаў з казкі пра ката ў чаравіках, а то зноў у таямніцах пана
Кляксы з’явіліся мышы і трэба было прывесці самога ката, ці калі не было чым
замесці падворак, я павінен быў пазычыць мятлу ў адной чараўніцы з казкі пра
Лысую Гару.
Затое
было і так, што аднойчы прыгожым днём з’явіўся ў нас нейкі незнаёмы чалавек у
шырокім аксамітным кафтане, у кароткіх аксамітных штанах, у капелюшы з пяром і
загадаў яго весці да пана Кляксы.
Мы
ўсе былі вельмі зацікаўленыя, чаму гэты пан прыйшоў увогуле. Пан Клякса доўга з
ім размаўляў шэптам, частаваў яго таблеткамі для росту валасоў, якія сам меў
звычай увесь час піць, а потым, паказваючы на мяне і на аднаго з Андрэяў
прамовіў:
-
Слухайце, хлопцы, гэты пан, якога тут бачыце, прыйшоў з казкі пра
каралеўну, што спіць, і сем братоў. Дык два з іх пайшлі ўчора ў лес і не
вярнуліся. Самі разумееце, што ў гэтых умовах казка пра каралеўну, якая спіць, і
сем братоў не можа скончыцца. Таму я пазычаю вас гэтаму пану на дзве гадзіны.
Толькі памятайце, што павінны вярнуцца на вячэру.
-
Эра удзе каля асці!- закрычаў Матэуш, што павінна было азначаць, што вячэра
будзе каля шасці.
Мы пайшлі разам з гэтым панам у аксамітным адзенні.
Даведаліся па дарозе, што ён адзін з братоў каралеўны, якая спіць, і што мы
таксама павінны будзем апрануцца ў такое ж самае аксамітнае адзенне. Мы
згадзіліся на гэта ахвотна, абодва мелі цікавасць да віду каралеўны, што спіць.
Я не буду распісвацца тут на тэму самой казкі, бо кожны яе напэўна ведае. Аднак
я мушу сказаць, што за ўдзел у казцы каралеўна пасля абуджэння запрасіла нас на
падвячорак. Не ўсе пэўна ведаюць, якія падвячоркі ядуць каралеўны, ды яшчэ
каралеўны з казак. Перадусім лёкаі ўнеслі на падносах вялікія стосы пірожных з
крэмам, а апрача гэтага, сам крэм на вялікіх сярэбраных місах. Кожны з нас
атрымаў столькі пірожных, колькі хацеў. Да пірожных падалі нам шакалад, кожнаму
па тры шклянкі, а ў кожнай шклянцы па версе плаваў шакалад кавалкамі. На стале
на вялікіх талерках ляжалі марцыпанавыя фігуркі жывёлак і чалавечкаў, а таксама
мармеладкі, цукеркі і фрукты ў цукры. Урэшце на крыштальных талерках і вазах
раскладзеныя былі вінаград, персікі, мандарынкі, клубніцы і розныя іншыя фрукты
ды яшчэ розныя гатункі марожанага ў шакаладных формачках. Каралеўна ўсміхалася
нам і падахвочвала, каб мы елі як мага больш, бо ніякая колькасць нам не
пашкодзіць. Бо вядома, што ў казках ніколі не хварюць ад пераядання і што тут
зусім інакш, чым у рэчаіснасці. Я схаваў у кішэнь некалькі формачак з марожаным,
каб занесці іх сябрам, але марожанае растала і капала мне на ногі. Вялікае
шчасце, што ніхто гэтага не заўважыў.
Пасля падвячорка каралеўна загадала запрэгчы пару
конікаў у малы экіпаж і суправаджала нас аж да самага мура Акадэміі пана Кляксы.
-
Пакланіцеся ад мяне пану Кляксе, - сказала яна на развітанне, - і папрасіце
яго, каб прыйшоў да мяне на матылькоў у шакаладзе.
А праз хвіліну дадала:
-
Я столькі чула пра байкі пана Кляксы. Я павінна абавязкова іх калі-небудзь
наведаць.
У
гэты спосаб я даведаўся, што пан Клякса мае свае ўласныя казкі, але пазнаёміўся
з імі толькі значна пазней.
У
кожным выпадку я пачаў ад гэтага часу паважаць пана Кляксу яшчэ больш і вырашыў
пазнаёміцца з Матэушам, каб даведацца ад яго пра ўсё.
Матэуш
не схільны да размоў, і выпадаюць нават такія дні, што ўвогуле ні з кім не хоча
гаварыць.
Пан
Клякса на гэтыя яго паводзіны мае спецыяльныя лекі, а менавіта – вяснушкі.
Я
не памятаю, ці ўзгадваў ужо пра тое, што твар пана Кляксы папросту рабы ад
вяснушак. Спачатку найбольш здзіўляла мяне акалічнасць, што вяснушкі гэтыя
штодзень змянялі сваё становішча: аднаго дня яны аздаблялі нос пана Кляксы,
назаўтра зноў пераносіліся на лоб для таго, каб на трэці дзень з’явіцца на
барадзе ці на шыі.
Аказалася,
што прычына гэтага – рассеянасць пана Кляксы, які на ноч звычайна вяснушкі
знімае і хавае ў залатую табакерку, а зранку прылеплівае іх назад, але кожны
раз на іншае месца. Пан Клякса ніколі не растаецца са сваёй табакеркай, у якой
мае мноства запасных вяснушак рознай велічыні і колеру.
Кожны
чацвер прыходзіць з горада адзін цырульнік, які завецца Філіп, і прыносіць пану Кляксе свежыя вяснушкі, якія з дапамогай ляза збірае з твару сваіх кліентаў
падчас галення. Пан Клякса аглядае іх вельмі дбайна, прымярае перад
люстрам, пасля чаго хавае старанна ў табакерку.
У
нядзелю і святочныя дні пан Клякса пунктуальна, аб адзінаццатай гадзіне, кажа:
-
Ну, а цяпер возьмем сабе вяснушак.
Пасля
гэтых слоў ён выбірае з табакеркі чатыры ці пяць найбольшых і непаўторных
вяснушак і прылеплівае іх сабе на нос.
На
думку пана Кляксы, не можа быць нічога больш прыгожага, чым вялікія, чырвоныя ці
жоўтыя вяснушкі.
-
Вяснушкі вельмі ўплываюць на розум і засцерагаюць ад саплівасці нос, -
звычайна казаў нам пан Клякса.
Таму якраз, калі каторы з вучняў вырозніваўся падчас урока, пан Клякса
ўрачыста вымаў з табакеркі свежую, раней яшчэ не ўжываную вяснушку і
прылепліваў яе да носа такога шчасліўчыка, гаворачы:
-
Насі яе годна, мой хлопча, і ніколі не знімай, бо гэта найвышэйшая адзнака,
якую ты можаш сабе атрымаць у маёй акадэміі.
Адзін з Аляксандраў здабыў аж тры вялікія вяснушкі, а некаторыя з хлопцаў
атрымалі па дзве ці па адной і носяць іх на сваіх тварыках з незвычайнай
гордасцю. Я зайздрошчу ім і не ведаю, што б я аддаў за тое, каб атрымаць такую
адзнаку, але пан Клякса кажа, што я яшчэ надта мала ўмею.
Дык жа вяртаюся да Матэуша, і павінен сказаць, што ён цікуе за вяснушкамі пана Клякса і лічыць іх самым вялікім прысмакам.
Дык жа вяртаюся да Матэуша, і павінен сказаць, што ён цікуе за вяснушкамі пана Клякса і лічыць іх самым вялікім прысмакам.
І як толькі Матэуш замаўчыць, то пан Клякса знімае са свайго твару найбольш
выкарыстаную вяснушку і дае яе Матэушу з’есці. Вынікам, які не прымушае сябе
доўга чакаць, з’яўляецца тое, што Матэуш пачынае размаўляць і адказвае на ўсе
пытанні. Такі спосаб прыдумаў для яго пана Клякса!
Аднаго дня, гэта было ў палове чэрвеня, пан Клякса заснуў у парку і зусім
не заўважыў, як яго пакусалі камары. Ён пачаў так заўзята драпаць нос, што
здрапаў усе вяснушкі. Я цішком пазбіраў іх у траве і занёс Матэушу. Ад таго
часу той вельмі са мной пасябраваў і расказаў мне незвычайную гісторыю свайго
жыцця.
Я паўтару яе тут цалкам, зразумела маючы на ўвазе, што да канчаткаў Матэуша я
дабудаваў часткі слоў, якіх у яго не хапала.
Комментариев нет:
Отправить комментарий