вторник, 26 июня 2012 г.

Частка 3 Зыгмунт Шчэнсны Феліньскі Паўліна-дачка Эвы Феліньскай (пераклад)


3. ПАЖАР,ВЯРТАННЕ ў ВАЮТЫН, ПАДАРОЖЖА ДА ГАЛІЦЫІ.  ХВАРОБА І СМЕРЦЬ БАЦЬКІ.
Манатоннае і працавітае, але поўнае сардэчнай абаяльнасці, збарашоўскае жыццё перарвана было пажарам, які далейшым падзеям цалкам іншы ход надаў.  Дом збарашоўскі, драўляны і саломай крыты, як амаль усе тагачасныя домікі ў гэтай ваколіцы, раздзелены быў доўгімі папярэчнымі сенямі на дзве роўныя паловы.  Сені тыя , з якіх усе печы тапіліся, канчаліся з абодвух бакоў вонкавым ганкам, з якіх адзін на дзядзінец, другі на сад выходзіў.  Кожная палова дому складалася з трох аднастайна размешчаных пакояў, з той розніцай, што адна старана аздобней была прыбрана і звалася гасціная, другая ж, найпрасцейшай абстаўленая  мэбляй, насіла назву “пакой насупраць”.  Бацькі спалі на баку гасціннай, бабка з дзятвой і двума слугамі ў пакоі насупраць.  Нанач усе дзверы былі зачынены знутры, вокны ж зачынены аканіцамі.  Перад пажарам дзеці пайшлі спаць, паводле звычаю, каля дзевятай гадзіны, шум паволі сціхаў, аж пакуль усё не супакоілася , пагружанае ў глыбокі сон.  Бацька, які нядаўна прыбыў з Жытоміра, хацеў шмат аб чым паразмаўляць з маці, так што бацькі не спалі даўжэй, чым звычайна, і поўнач ужо настала, калі яны сабраліся нарэшце спачываць.  Але толькі патушылі свечкі, як бацька заўважыў сярод цемры яскравы промень, які закрадаўся праз шчыліны аканіцы, і зараз жа ўцяміў, што гэта пажар.
Ён выбег на дзядзінец і ўбачыў  са страхам,што ўвесь саламяны дах нашага дому быў ужо ў полымі.  Бачачы што такая  пагрозлівая небяспека нападае ўжо на дом, і папярэдзіўшы некалькімі словамі маці, пачаў калаціць у дзверы пакоя насупраць, каб дзяцей, якія спалі, уратаваць.  Разбуджаная са страху нянька, спужаўшыся, што гэта злодзеі грукаюць, зачыніла дзверы яшчэ на адзін замок і сама схавалася ў гардэроб.  На шчасце, Паўлінка пазнала голас бацькі, і сарваўшыся з ложка, спешна дзверы адчыніла. Паколькі не было часу для страху, бо як толькі ўдалося павыносіць напаўразбудзжаных дзяцей, то  полымя ўварвалася  ўсярэдзіну дома з такой гвалтоўнасцю, і апрача шкатулкі і найкаштоўнейшых рэчаў нічога амаль уратаваць не ўдалося. На шчасце вецер дуў у бок саду, дзе не было іншых пабудоў, так што пажар не мог шырыцца, большым небяпекам не пагражаў.  Нас перанеслі ў пякарню, адкуль мы глядзелі, як шалеючае полымя, знішчыўшы саламяную страху,спаўзала паступова на кроквы, бэлькі, і нарэшце сам зруб дома, бушуючы чырвонымі языкамі з патрэсканых вокнаў і адбіваючыся круглай луной на спакойным небе.  Тысячы птаства,таямнічым святлом устрывожаныя, віліся вакол агню, перамешвачы свае страшныя крыкі з ляскатам бэлек, якія ламаліся, з тлумным крыкам людзей, што беглі з вёскі, і  з гукам разбуджаных і спалоханых жывёл, а агонь не адразу суцішыў сваю заўзятасць, аж знішчыў тое ўсё, што ў пыл магло быць пераўтворана.  Дарэмна прыбылі на ратунак валасныя і хацелі агонь апанаваць. Вада, якую лілі ў малой колькасці, здавалася, узмацняла яго сілу, сапраўдных жа сродкаў ратунку вясковыя рэсурсы не маглі задаволіць.  Увесь пажар доўжыўся так мала, што калі першыя прамяні усходу заружавеліся на гарызонце, толькі непрыгляднае папялішча ўразіла наш зрок: тырчэлі два коміны, купа ламачча і дзе-нідзе тлелі яшчэ галаўні –вось усё, што засталося ад гэтага доміка, у якім столькі салодкіх хвілін мы правялі.
Страта ў грашах не перавышала можа некалькі тысяч злотых, але вельмі адчувальнай была нязручнасць, ад якой мы,пазбаўленыя найпатрэбнейшых прадметаў, і нават адзення і пасцелі,  былі вымушаны трываць, і гэта ў пару года, калі асеннія халады моцна пачынаюць дакучаць.  Мы абыходзіліся, як умелі, і хутка неяк паразумеліся.  На часовае месца пражывання бацькі абралі вінакурню, ці бровар, дзе былі два вялікія пакоі, досыць светлыя і няблага забяспечаныя ад холаду.  Рэйкі з разабраных у свіране засекаў на тоўстых калодах замянілі нам добра ложкі, днём перавернутыя кадкі ігралі ролю сталоў, а некалькі зэдлікаў і пара лаваў, сабраных спешна ў вёсцы, складалі нашу імправізаваную мэблю.  Падобным чынам вырашалі таксама і іншыя патрэбы гаспадарскія: гаршчочкі і міскі гліняныя замянілі кухонны і сталовы посуд, з бурака выразалі ліхтар, месца шклянак і графінаў замянілі, не без шкоды для далікатнага водару, кварты і бляшанкі з карчмы, пазычаныя для гэтай мэты.
Аднак нядоўгім было гэта лагернае жыццё, бо з першымі санямі вялікім табарам мы рушылі ў Ваютын.  З жалем прыйшлося нам пакідаць мілае збарашоўскае жытло, дзе да кожнага кутка столькі прывязвала памятных падзей.  Паўлінка заўсёды ўзгадвала іх з моцным сумам, бо тут усёй душой дыхала вясковай свабодай, а сэрца яе заўсёды з маці і сям’ёй будучы, напаўнялася адзінай, якой у свеце жадалася, раскошай.
Калі мы прыехалі ў Ваютын, бацькі стараліся перадусім вырашыць усе невыгоды, звязаныя з нашым выхаваннем.  Для нас, двух старэйшых хлопцаў, бацька наняў гувернёра і змясціў нас пад яго апеку у асобным памяшканні, дзе без перашкоды  мы маглі займацца навукамі паводле складзенага маці плана.  Але нашмат цяжэй пайшло з заняткамі для Паўлінкі, якая сярод шматлікіх наведванняў і бясконцых перашкод амаль не мела вольнай хвілі для навукі.  Паколькі ад гэтага надта цярпела яе навуковае выхаванне, яна ўмела хаця б часткова кампенсаваць страту, карыстаючыся кожнай вольнай хвілінай і падвойваючы спрыт у навуцы.
Вясна і лета з 1830 года прайшлі ў нас у Ваютыне без ніякіх выпадкаў.  Восенню бацька, як звычайна, паехаў у Жытомір, а праз пару месяцаў падзеі лістападаўскія, якія ўстрасянулі краіну, адбіліся і на нашым побыце.  З пачаткам жа вясны ваколіцы Ваютына сталі тэатрам ваенных падзей, калі ў Луцку была галоўная кватэра генерала Крэйца, корпус якога размешчаны быў уздоўж Стыру, адолеў галоўныя на ім пераправы.
Значны атрад пяхоты размясціўся лагерам на скарэцкіх палях, амаль за паўмілі ад нашага дому, казакі ж снавалі па ўсіх вёсках.  У пачатку сакавіка, як генерал Дверніцкі перайшоў Буг і увайшоў на Валынь, усе кватаруючыя ў нашых ваколіцах расійскія войскі звярнуліся да таго, каб невялікі корпус яго абкружыць і дарогу да адступлення яму адрэзаць.  Пад Барэмлем была ўчынена страшная бітва, і хаця Дверніцкі пераправіцца праз Стыр не пусціў праціўніка, аднак узважыўшы цяжкасць становішча, вырашыў уступіць у Галіцыю.  Мястэчка Барэмель знаходзіцца усяго за паўмілі ад Ваютына, так што не патрэбен быў ніякі ганец, каб нам вестку аб распачынанні бітвы прынесці, бо кожны гарматны стрэл мы чулі вельмі выразна.  Паколькі гук падзей пачуўся ў баку Барэмля, мы ўсе выбеглі ў сад і там слухалі з самага высокага ўзгорка з сэрцам, што калацілася, такую нязвыклую для дзіцячага вуха гармонію.
Праз нейкі час у баку бітвы паказалася на гарызонце нібыта шэраватая імгла, якая пашыралася ўсё больш, і лёгкім туманом дайшла аж да нас, прыносячы за сабой злавесны пах пораху.  У той час калі мы, занятыя ўражаннямі ад бітвы, прыкладалі вуха да зямлі, каб ніводнага не страціць стрэлу, прыбягае хлапец з вёскі, задыханы і спужаны, расказваючы, што двор Пшыгоцкага рабуюць,і што бачны ўжо другі атрад на грэблі, які рухаецца ў наш бок.   Пачуўшы гэта, маці адддала ключы гуменнаму і загадала адкрыць усе пабудовы гаспадарчыя, забараніла, каб найменшага супраціву не аказвалася.  Сама ж з усёй дзятвой схавалася ў самым цёмным месцы саду, у глыбокім яры, які з абодвух бакоў  аброс агрэстам.  Паколькі страх наш быў вялікі, але не здолеў заглушыць дзіцячай цікавасці, так што увесь час праз высокія барыкады мы пазіралі на дарогу, выглядваючы, ці не з’явяцца госці, пра якіх гаварылі.  І нядоўга тыя заставілі сябе чакаць.  Праз хвіліну з’явіўся невялікі, нястройны конны атрад салдат з рознай зброяй складзены, так што побач з касматымі башкірскімі буркамі чырванелі гусарскія далманы, двухколерны прапорац уланскай ланцы міргаў каля бліскучага гроту казацкай пікі, а кароткія драгунскія штуцэры стукаліся аб дамасскія чаркесскія ручніцы.  Рознага кшталту шапкі і каскеты адпавядалі гэтай яркай мазаіцы мундзіраў і зброі, а адзін з жаўнераў меў нават абвязаную белай хусткай галаву.  Шум, таўканіна і грозныя вокрыкі таварышылі гэтаму нападу, які быў насамрэч скіраваны на наш дом.  Трапіўшы на дзядзінец, гэтая нястройная дружына рассыпалася па розных дваровых пабудовах, але калі яны заўважылі ўсё адчыненым, значна астыглі, і нават той, які быў галоўным, калі даведаўся, што уласнік маёнтку быў ураднікам і жыў у Жытоміры, загадаў, каб не дапускалі ніякага гвалту і надужыццяў сілы.  Калі жаўнеры нагрузілі некалькі вазоў спажыўнымі запасамі, то рушылі спакойна далей, нічога не ўзяўшы з рэчаў і гардэробу.  Гэта пэўна былі фуражыры, за якімі трэба было чакаць сапраўдную армію.  У ваенны час вядома, што такое пераход значнай узброенай сілы праз краіну, якая лічыцца варожай, асабліва калі толькі дзічына па стэпах таварышуе рэгулярным войскам.
Не дзіва таму, што маці ў атачэнні шасцярых малых дзетак і ў чаканні сёмага, не хацела рызыкаваць пры абавязковых у такім разе непрыемнасцях і небяспеках.  Таму, як толькі марадзёры пакінулі вёску, яна падалася за парадай да паньства Пшэўлоцкіх, а калі даведалася, што і там трывожная абстаноўка, прапанавала разам выехаць у Збарашоў і там дачакацца спакайнейшага часу.  Намер гэты ахвотна прынялі і пачалі рэалізоўваць, так што яшчэ ў гэты ж вечар абедзве нашы сям’і  вырушылі ў дарогу і пасля розных прыгод начнога падарожжа шчасліва нарэшце дабраліся да мяжы.  Але толькі крыху адпачылі пасля бяссоннай ночы, як прыехаў стараста з Лабачоўкі з трывожнай весткай, што Двярніцкі рухаецца да Галіцыі праз Збарашоў, цягнучы за сабой непрыяцельскія сілы.  З-за новай небяспекі сабралі нараду, з якой вынікла, што адпраўляемся яшчэ далей, шукаючы больш пэўнага сховішча у недалёкіх лабачоўскіх лясах.
Мы адправіліся зноў разам з Пшэўлоцкімі, і карыстаючыся тым, што расійскія пагранічнікі пакінулі свае месцы, мы перайшлі без перашкоды мяжу і на галіцкай зямлі размясціліся.  Паводле складзенага плана, мы павінны былі заставацца ў гэтым бяспечным сховішчы, пакуль не супакояцца ў ваколіцы, а потым вярнуцца зноў у Збарашоў.  Цёплая ўжо, хаця і сакавіцкая пара, амаль паўмільная адлегласць ад дому, адкуль штодзень можна было атрымліваць свежыя прадукты і звесткі, нарэшце пакінутая хаціна пагранічнікаў, якая нам адчыніла свае дзверы, усё гэта рабіла пазначаны план здзяйсняльным і лёгкім у выкананні, і нават надавала яму нейкі рамантычны шарм, які напаўняў нашу дзіцячую фантазію.  Нічыпар, адзін са збарашоўскіх парабкаў, аднаўляў штодзень нашы кухонныя запасы, высыланыя бабуляй, якая не хацела з намі ісці ў лес.  Тры дні прайшлі ў нас няблага і ўжо згодна з атрыманымі звесткамі мы хацелі вяртацца назаўтра дадому, як неспадзяваны выпадак змарнаваў усе нашыя намеры.  
Якраз мы размясціліся на траве, каб з’есці сняданне, як на наша спакойны лагер напалі збройныя жаўнеры, якія з дзікім крыкам і з голымі палашамі абкружылі нас у адзін момант.  Лёгка ўявіць, як напужаліся дзеці і жанчыны пры такіх абставінах.  Дарэмна наша маці, якая ледзь не страціла прытомнасць, спрабавала нас сабраць вакол сябе, глухія да яе прызываў, мы з крыкам уцякалі да бліжэйшых кустоў, зашываючыся як мага глыбей у гушчар.  Некаторыя жанчыны пераганялі дзяцей, іншыя млелі ці мелі спазмы, самыя ж адважныя падалі на калены іпрамаўлялі малітву Пад Тваю апеку… Усё гэта разам уяўляла карціну, поўную шуму і неразбярыхі, так што самі нападнікі аслупянелі ад здзіўлення і спынілі свае ваяўнічыя захады.  Гэта быў аўстрыйскі пагранічны аб’езд, складзены з гусараў і шволежэраў, які заўважыў наш табар і палічыў нас кантрабандыстамі, хацеў нас неспадзявана схапіць, не даючы часу ні ўцячы, ні абараніцца.  Наша маці, як толькі пазнала аўстрыяцкія мундзіры, не спужалася зусім іх узброенага нападу, і была ўпэўнена, што дзяцей і жанчын не заб’юць, але баялася толькі, каб каторае з нас не захварэла ад страху ці не пакалечылася ўцякаючы.  Таму хутка ў нас скончылася паніка, мы сабраліся зноў каля яе, усе цэлыя і здаровыя, яна ж цалкам супакоілася і чакала далейшага развіцця гэтай прыгоды.  
Падчас усяго гэтага пан Пшэўлоцкі, адзіны мужчына сярод нас, калі заўважыў пагранічны аб’езд, узгадаў што ў падарожнай кухні ў яго пара бутэлек араку, які ў Аўстрыі лічыўся кантрабандай.  Таму не зважаючы на крык дзяцей і лямант жанчын, ён дабег да свайго возу і не пакідаў яго да таго часу, пакуль абедзве бутэлькі не дастаў і не разбіў.  Яго прысутнасць усё ж была пажаданай, бо ён адзін толькі ведаў нямецкую мову, мог растлумачыць галоўнаму ў атрадзе пра прычыны нашага знаходжання ў лесе.  Разабраўшыся з аракам, ён наблізіўся да афіцэра і пасвяціў яго ў таямніцу нашага становішча, і паколькі, як здавалася, камандзір быў задаволены гэтым тлумачэннем, аднак загадаў праверыць нашы рэчы і засведчыў, што паводле парадку службы павінен нас праводзіць да Мікалаева і аддаць у рукі мясцовай улады, якая вырашыць наш далейшы лёс.  Ні просьбы, анічога не змагло ўлагодзіць афіцэра, трэба было падпарадкавацца, і хаця яны не знайшлі ніякай кантрабанды, нас правялі пад стражай у Мікалаеў.
Тут наша становішча пагоршылася яшчэ, калі мясцовыя ўлады, не вырашаючы наш лёс, выехалі у Львоў, трымаючы нас пад стражай.  Нашым жытлом была вялікая стадола, у якой апрача саломы не было ніякіх рэчаў, а кухняй нам служыла пакінутая кузня, а невялікі агарод з гароднінай, што быў побач са стадолай, быў адзіным дазволеным да наведвання месцам.  Два жаўнеры змяняліся кожныя дзве гадзіны, не дазваляючы нам наводзіць якія-небудзь стасункі з жыхарамі.  Другі тыдзень ужо ішоў гэтай няволі, а рэзалюцыя са Львова не прыходзіла.  Прывезеныя запасы прадуктаў вычарапліся цалкам, апусцеў і кашалёк, дзе ледзь некалькі злотых знайшлося, каб аднавіць запасы – не было мажлівасці.  Нястача адчувалася ўсё больш, і нарэшце сапраўдны голад нам пачаў дакучаць , так што шчаўе і лебяда ў гародзе былі галоўнымі складнікамі нашага стрававання.
Аднойчы, калі мы вярнуліся з паходу па траву, - кожнае з нас кухарцы аддавала назбіраную зеляніну,- убачылі дзеда з торбамі, які з нізкім паклонам набліжаўся да маці, выцягваючы рукі па падаянне.  Стража не звярнула на яго ўвагі, а мы прынялі яго за звычайнага жабрака, але якое ж было наша здзіўленне, калі пазней пазналі ў ім Нічыпара.  Вокрык радасці амаль не выдаў таямніцу, але на шчасце гэта было ўжо ў стадоле, дзе жаўнеры ўжо не сачылі.  Ён скінуў з сябе торбы і прыклееную бараду і паведаміў нам, як непакой апанаваў усіх у Збарашове пасля нашага знікнення з лесу, аж пакуль ён, высланы на разведку, не даведаўся пра нашыя прыгоды і месца нашага побыту.
Атрымаўшы гэтыя звесткі, бабуля здагадалася, што мы адчуваем нястачу і выправіла яго ў другі раз, як найлепш знаёмага з пагранічнымі справамі, каб як найхутчэй ратаваць нас з бяды.  Тут Нічыпар развязаў свае жабрацкія торбы і дастаў з іх розныя прыпасы і невялікі мяшэчак з грашыма.  Хто ніколі не адчуваў голаду, той не адразу зразумее нашу радасць ад выгляду шынкі, кілбас і сыру, якія, як па ўзмаху чарадзейнай палачкі, з’яўляліся з торбаў Нічыпара.  Пазіраючы на сапраўдныя праявы нашай дзіцячай радасці, сэрца не менш нашага ўсцешанай маці ўзрушана было найчуллівейшай удзячнасцю Богу за гэты новы доказ Бацькоўскай Яго Апекі.  Падзякаваўшы разам з намі Нябеснаму Айцу за атрыманую апеку, дзякавала таксама і паважанаму Нічыпару, які, рызыкуючы, прыйшоў нам на дапамогу.  З таго часу гэты жабрак стаў пасярэднікам паміж намі і Збарашовам, а хаця і пазней бедна было ў нашай кладоўцы, голаду больш усё ж не было.
Тымчасам прыйшла рэзалюцыя са Львова, якая дазваляла нам свабодны побыт у Галіцыі.  Знялі стражу і пакінулі нам самім выбраць месца для жытла.  Карыстаючыся гэтым дазволам, Пшэўлоцкія выехалі ў Львоў, каб атрымаць пашпарт для вяртання, маці ж наняла ў Мікалаеве сціплае памяшканне і вырашыла не кранацца з месца, пакуль не скамунікуецца з бацькам.  І толькі мы пераехалі ў новае памяшканне, як да бяды ваеннага ліхалецця і неўраджаю мор пачаўся.  Халера завітала ў Мікалаеў і абрала наш дом першым.  Паводле тагачасных звестак пра гэтую эпідэмію, забаранялася камунікаваць з жыхарамі дому, дзе была зараза.  Зноў мы былі пад стражай, але на гэты раз не надоўга, бо паколькі халера шырылася, то знялі стражаў пры дамах, і зноў аднавілася камунікацыя.  Апека Боская і тут дала аб сабе ведаць, бо нягледзячы на вялікую смяротнасць падчас эпідэміі, ніхто з нашай сям’і не пацярпеў.
Падчас гэтых падзей бацька звольніўся пасля вялікіх цяжкасцяў і клопатаў ад кіраўніцтва і паспяшыў да нас у Ваютын.  Вельмі заклапочаны нашым побытам, паехаў за намі ў Збарашоў, а калі даведаўся пра наш лёс, то даехаў аж да пагранічнага мястэчка Стрэмільча, заведамляючы нашу маці, каб са свайго боку як найхутчэй адказала, бо не маючы надзеі, што яго прапусцяць без пашпарту праз граніцу, хацеў хоць на мяжы ўбачыцца і паразмаўляць з намі.  Атрымаўшы гэты ліст ад бацькі, мы адправіліся ў дарогу, бо маці павінна была хутка нарадзіць.  Мы і не спадзяваліся, але пагранічная стража ўвайшла ў наша становішча і дазволіла бацьку пажыць часова ў Стшэмільчу.  Не трэба гаварыць, якой шчаслівай для нас была тая хвіліна, калі пасля столькіх пераходаў мы апынуліся нарэшце зноў у абдымках любага бацькі.
Пасля першых праяў радасці твар нашай маці засмуціўся, бо яе вопытнае вока заўважыла на твары даўно нябачанага мужа  нязвыклыя змены, і моцна аб здароўі яго трывожылася, асабліва калі часты і сухі кашаль нядобрае прадчуванне абуджаў у маці.  Гэта боязь узрасла асабліва , калі бацька, які не прыслухоўваўся да ўсіх просьбаў пачаць адпаведную праверку зусім адмовіўся, як звычайна ўсе сухотнікі, адказаўшы, што гэта даўняя прастуда, які з прыходам цяпла сама знікне.  Сярод нас адна толькі Паўлінка  была даверанай асобай для непакою маці, не дзіўна , што калі мы гулялі свабодна і весела, не заўважаючы ніводнай хмаркі на гарызонце, яе твар быў засмучаны, а душа сумавала.
Жывучы заўсёды планамі, бацькі нанялі ў Стрэмільчы адзін толькі пакой з шырокімі сенцамі і там з намі ўладкаваліся.  Пара была сапраўды цёплая, таму не адчувалі па гэтай прычыне невыгод, бо цэлы дзень маглі быць на паветры, а ноччу спалі на засланым сене.  І што нас непакоіла найбольш, што Вялікдзень надыходзіў, а ў нашай кладовай, акрамя круп і груба меленай мукі нічога не было.  Сродкі нашых бацькоў з кожным днём раставалі, дарагавізна ўзрастала увесь час па прычыне усеагульнага неўраджаю, які ў гэтым годзе прыйшоў як на Валынь, так і ў Галіцыю.  Перад святам цэны на збожжа так узраслі, што голад пачаў касіць найбяднейшых валасных і гарадскіх рамеснікаў.  Мала дзе можна было знайсці жытнюю муку, а хлеб усё больш пеклі з ячменнай ці аўсянай мукі, дамешваючы яшчэ вотруб’е, а некалі і нацёртую бярозавую кару.  Хлеб такі рассыпаўся, як попел, і не даючы падсілкавацца, вёў да ўзнікнення страшных хваробаў, так што смерць ад голаду не менш штодзень забірала ахвяраў, чым халера.  
У такіх вось абставінах маці наша нарадзіла 19 красавіка, у дзень Боскага Уваскрасення, дзяўчынку, якую па прычыне нязгасных яшчэ надзей назвалі Вікторыя.
Бацькі мелі намер вярнуцца ў краіну пасля выздараўлення маці.  Але сталася так, што пакінутая рускімі лінія мяжы зноў пачала ахоўвацца стражай, што ўскладняла вяртанне дадому без пашпарту.  А паколькі клопаты пра пашпарт вымагалі шмат часу і грошай, бацькі, прыціснутыя усё страшнейшай галечай, вырашылі паспрабаваць шчасця, пераходзячы граніцу незаконна.  Бацька рушыў конна, і ў яго атрымалася.  Потым я з Алоізам пайшлі пешшу, пад кіраўніцтвам Нічыпара, і нам таксама ўдалося прайсці ў Збарашоў.  Маці нарэшце пераехала граніцу на возе, з цэлай світай слуг і дзяцей, і ўжо была недалёка ад дому, калі пагранічная стража заўважыла свежыя сляды і пусцілася ў пагоню і дагнала воз амаль каля самага Збарашова.  Калі яны пераканаліся, што апрача дзяцей, жанчын і старых нікога больш не было, адвяла сваю невялікую здабычу да бліжэйшай мытні, дзе пасля следства маці адпусцілі, папрасіўшы паабяцаць, што па першым закліку ўлад не адмовіцца паўстаць перад сапраўдным судом, да чаго усё ж не дайшло.  Такім чынам пасля некалькі месяцаў туляцтва мы былі ўсе разам пад родным дахам у любым Збарашове.
Нягледзячы, што дом быў не адбудаваны, бацька, каб пазбегнуць непрыемных стасункаў, якіх пры змене абставін у краіне не маглі б пазбегнуць у Ваютыне, вырашыў жыць пастаянна ў Збарашове, церпячы лепш розныя невыгоды, чым той маральны прымус, які пры яго хваравітым самалюбстве здаваўся яму немагчымым.  І паколькі ён аддзяліўся так моцна ад знешняга свету, што закапаўся ў сваім улюбёным мястэчку і нікога не бачыў, акрамя сямейнікаў і хатніх слуг, гэта вельмі адпавядала яго тагачасным памкненням.  Пакуль доўжылася лета, недахоп адпаведных выгод не адчуваўся, бо гаспадарчыя пабудовы былі дастатковыя для часовага прытулку, але калі прыйшла восеньская слата, становішча стала вельмі непрыемным.  Маці перажывала за тое, што пры такіх санітарных неспрыяльных умовах здароўе бацькі пагаршалася, а каб пакінуць Збарашова , ён не хацеў і слухаць.  Бачачы гэтае цвёрдае рашэнне бацькі, маці старалася, наколькі магчыма, зменшыць невыгоды і пакуты хворага, забываючыся на сябе, у чым знаходзіла у Паўлінцы як клапатлівую, так і ўмелую памочніцу.   К вясне аднак, калі становішча ў краіне ўрэгулявалася паводле новага парадку рэчаў, а выхаванне наша абавязкова патрабавала іншых умоў, бацька згадзіўся нарэшце на выезд у Ваютын з умовай, што маці пазбавіць яго ад усіх нялюбых цікаўных і адведзін.  Паляпшэнне матэрыяльнага становішча не палепшыла увогуле стану здароўя бацькі, наадварот, хвароба яго бушавала, ды так гвалтоўна, што нгават з лекавымі сродкамі, якія ён нарэшце згадзіўся прымаць, не было магчымасці стрымаць яе знішчальны ход.  Восенню адчуваў сябе такім слабым, што сам не мог узняцца з ложка, і хаця маці з Паўлінкай дзяжурылі ўвесь час пры ім і рабілі ўсё, што яму якую-небудзь палёгку прынесці магло, жыццё яго ад таго часу стала пакутай.
Пад канец снежня доктар засведчыў, што дні бацькі злічаныя, бо арганізм быў так аслаблены, што не было мажлівасці далей яго падтрымліваць.  Трэба было папярэдзіць бацьку пра блізкі скон, каб ён мог па-хрысціянску прыгатавацца да спаткання гэтай урачыстай хвіліны.  Паўлінка, верная духу ахвяры, які яе заўсёды вылучаў, прасіла маці, каб дазволіла дапамагчы ў гэтым сумным абавязку.  Маці ведала яе далікатнасць і растаропнасць і не магла адмовіць, асабліва што баялася, каб у яе самой сіл да гэтага хапіла.  Назаўтра была Вігілія Божага Нараджэння а таксама імяніны маці.  
Шмат ужо гадоў у гэты дзень бацькі мелі звычай садзіцца за Божы Стол і бацька ўвесь час свайго кіравання ў Жытоміры стараўся вырвацца на святы, каб гэты дзень сустракаць сярод сям’і.  Паўлінка, карыстаючыся гэтым пабожным звычаем, запытала са звыклай простасцю ў бацькі, ці не загадае ён папрасіць ксяндза, каб той прыбыў заўтра з Панам Богам? Бацька адразу здагадаўся пра таемную думку Паўлінкі, твар яго спахмурнеў і прыняў выраз глыбокага смутку.  Паўлінка ўкленчыла, залітая слязьмі, каля ложка, ён жа праз хвіліну узняў позірк да Неба і прамовіў урачыста: “ Пане! Калі ты хочаш маё жыццё, я ахвярую Табе яго, будзь толькі Бацькам для маіх дзяцей, бо не смерць мне страшная, а іх сіроцтва”.  Слёзы з’явіліся ў яго вачах, але ён перамог узрушэнне і папрасіў у Паўлінкі, каб тая запрасіла да яго маці і астатніх дзяцей.
Калі мы ўсе ўвайшлі і абкружылі яго ложак на каленах, то ён быў ужо цалкам спакойны.  Звярнуўся спачатку да маці, і зірнуўшы на яе з выразам чулай прывязанасці, сказаў тым далікатным тонам, якім у самыя шчаслівыя хвіліны жыцця гаварыў ёй: “ Дзякуй табе, дарагая жонка за дваццаць гадоў нічым не засмучанага шчасця, якое ты дала мне спазнаць.  Прабач мяне, што неаднойчы цябе засмучаў, а некалі нават раніў тваё сэрца.  Гэта былі тольі хвілінныя слабасці, бо ў глыбіні душы я паважаў цябе і кахаў, як ніводную жанчыну ніколі не кахаў, бо ты была сапраўдным апекуном-анёлкам для мяне.  Заўтра дзень тваёй святой , вялікая б для мяне была радасць, калі б мы разам у апошні раз да Святой камуніі маглі прыступіць.  Паедзь заўтра з дзецьмі рана ў касцёл і прасі пробашча , каб на нашу інтэнцыю адслужыў імшу, а потым да мяне з Панам Богам прыбыў.  Але няхай таксама і алеі святыя возьме з сабой, бо не пашкодзіць дачасна падрыхтавацца да таго падарожжа, у якое неўзабаве я выправіцца мушу. ”
Потым абнімаў нас і блаславіў кожнага паасобку, а як мы пазаходзіліся ад плачу, то прамовіў узрушана:” Вялікія скарбы пакідаю на зямлі! Але веру, што Бог, які кліча мяне да сябе, не пакіне сірот і большай, чым мая, вас абкружыць апекай”.
Назаўтра усё адбылося паводле распараджэнняў бацькі.  Калі мы вярнуліся з касцёла, то былі сведкамі, з якім богабойным выглядам прымаў святыя сакраменты і з якой прыхільнасцю абяцаў сваю душу Богу.  Потым ён хацеў зрабіць тэстамент і адпісаць маці Збарашоў як у значнай частцы за яе ўнёсак набыты.  Аднак маці не дазволіла і нават не хацела, каб яе пасаг юрыдычна забяспечаным быў.  Бацька не пакінуў пісьмовай волі сваёй, толькі вусна выказаў свае пажаданні, засяроджваючыся асабліва на тым, каб нас, старэйшых, у школы абавязкова аддалі.  Паводле гэтага распараджэння маці адвезла нас у Луцк і размясціла там у гімназіі, якая толькі што пераехала з Крамянца.  Але толькі мы пачалі наведваць лекцыі, як прыслалі па нас коней са страшнай весткай, што ўжо не маем больш бацькі, які скончыў жыццё 10 студзеня 1833 года.
З ранаю ў сэрцы мы паспяшаліся дадому, каб хаця на катафалку пацалаваць яшчэ раз дарагія рукі, якія нас нядаўна бласлаўлялі, якія ніколі ўжо не змогуць быць над нашымі галовамі.  Маці абдымала нас плачучы і правяла моўчкі ў пакой, дзе спачывалі ўжо парэшткі бацькі.  Толькі страшнае схуднелае цела сведчыла пра яго доўгія і цяжкія пакуты, якія ён перажыў, выраз жа твару быў такі лагодны і спакойны, як нібы ў мілы сон быў заглыблены.  З енкам і плачам мы ўкленчылі, абліваючы слязьмі гэтае заўсёды любае, хоць цяпер застыглае цела, якое праз хвіліну павінна было схавацца назаўсёды пад вечкам труны.
Смерць бацькі не рабіла нас сапраўды поўнымі сіротамі, але тое, што застаецца, не здолее ніколі суцешыць кахаючае сэрца пасля таго, што страціць, як здароўе адной часткі цела не супакоіць болю пасля адсячэння іншай.  Погляды рэлігійныя, што так моцнае ўліваюць суцяшэнне  у пазнейшым узросце, не трапілі яшчэ досыць моцна ў дзіцячыя нашыя сэрцы, каб іх адарваць ад страшнага вобразу смерці, які мы мелі перад вачыма, і ўзняць да нябачных вышынь, дзе бессмяротная душа пераменлівую рэчаіснасць на вечнае жыццё змяніла.  Боль Паўлінкі толькі здаваўся трохі спакайнейшым, ці таму, што  ўмела больш валодаць сабой, ці што зрок яе душы глыбей у таямніцы сягаў, ці нарэшце таму што прырода яе пачуццяў была больш унутраная, чым у нас.   Чым менш боль яе быў нябачны перад людзьмі, тым мацней збіраўся ён у сэрцы, падкопваючы яе і без таго слабы арганізм.  Але больш уразіла нас, як трымалася маці, бо перад людзьмі намагалася схаваць таксама боль.  Калі яна вярнулася з пахавання, калі ўсе ужо раз’ехаліся, і дом стаў самотны, яна адчула вакол сябе такую вялікую пустэчу, а ў сэрцы такі невымоўны сум, што не магла нічога рабіць.  Кожнае месца, кожны прадмет, кожная праца нагадвалі ёй таго, з якім яе жыццё было так цесна звязана, і якога не магла ўжо бачыць на гэтай зямлі.
Адораная аднак моцным і практычным характарам, яна не дазволіла душы паддавацца доўга марным згрызотам пра тое, што прайшло беззваротна.  Думка, што тая ж самая смерць, што забрала яе мужа, некалі спалучыць яе з ім навечна, суцяшала боль, памяць жа была адзінай падпорай і апекай нашай, сілы ёй да працы дадавала.  І паколькі ўзялася зноў за сваю працу і кіраванне домам, моцнае гэта і глыбока кахаючае сэрца аж да магілы засталося верным адзінаму выбранцу свайму, які яе найпершы ашчаслівіў.  Да глыбокай старасці яснеў яе твар ад думкі пра любага Герарда і паводле яго вобразу пра мужчынскую прыгажосць мела суджэнне.
Цяжка дапусціць, каб на працягу дваццаці гадоў жыцця свайго з мужам нічога не стрывала ад яго, асабліва калі бацька меў уразлівы і хваткі характар.  Ніколі аднак ні перад намі, ні перад найбліжэйшымі сваімі сябрамі не ўзгадвала пра тое, што найменшы цень на памяць памерлага кінуць бы магло.  Любіла наадварот расказваць нам тыя асабліва выпадкі, у якіх адвага, шляхетнасць ці  выхаванасць  бацькі найяскравей былі бачныя, калі хацела, каб у сэрцах нашых памяць толькі аб цнотах яго абудзілася, увесь час захоўваючы пашану і прывязанасць да яго.  Усё жыццё таксама памятала пра душу памерлага, малітвы, спамінанніі і Імшу святую на інтэнцыю яго ахвяруючы, і нам нагадваючы заўжды пра гэты святы абавязак.  Перажыла мужа амаль на трыццаць гадоў і давала ўвесь час доказы прывязанасці і пасля яго смерці.  Як і тыя, якія атрымліваў ад яе пры жыцці.  Яна спачыла пасля смерці на тых жа скарэцкіх могілках, што і яе каханы, і я смею спадзявацца, што Бог літасцівы павянчаў іх агульнай каронай у вечнасці.

Комментариев нет:

Отправить комментарий