вторник, 26 июня 2012 г.

Частка 10 Зыгмунт Шчэнсны Феліньскі Паўліна - дачка Эвы Феліньскай (пераклад)


10.  ВЯРТАННЕ Ў ЛІТВУ. ШЛЮБ ПАЎЛІНКІ. ПЕРАВОД МАЦІ Ў САРАТАЎ.
А сярэдзіне верасня 1840 г.  Паўлінка была шчаслівай у Зубках, дзе са звыклай сардэчнасцю была сустрэтая роднымі.  Адам бавіў час якраз на Ігуменшчыне, але як толькі вестку пра яе хуткае прыбыццё атрымаў, то перапоўнены радасцю паспяшаўся яе спаткаць.  Хаця шчасце Адама было вялікім, але ж не перавышала яно шчасця, якім рашэнне Паўлінкі запоўніла сэрца нашай маці.  Вось жа якімі словамі выказвае яна тагачасныя свае пачуцці ў лісце да цёткі Зубковай:
Добрая і любая мая сяброўка, ты, якой я ўдзячная за мой спакой і шчасце  для дзяцей маіх! Як жа мне табе аддзячыць за ўсе тыя палёгкі, за ўсе радасці, за якія абавязана табе ў маім сумным становішчы? Прымі ў якасці вялікай падзякі гэтыя слёзы маёй радасці, якімі поўняцца мае вочы цяпер, калі пішу да цябе.  Жадаю табе самой параскашоўваць у такім спакоі, які іншым прыносіш! А ў шчасці тваіх дзяцей ты павінна будзеш знайсці ўзнагароду за тое шчасце, за якое я табе абавязана.  Цяпер у мяне няма месца для іншых пачуццяў, апрача радасці ад таго, што Бог пачуў мае гарачыя малітвы аб з’яўленні прыязнасці ў Паўлінкі да Адама, аб адплаце падзякай табе, мая добрая сястра і сяброўка, чыім разумным парадам і мацярынскім клопатам я абавязана з-за ўцеляснення маіх найгарачэйшых жаданняў.  О! Не адмаўляйся прымаць словы падзякі, якой перапаўняецца мая душа.  Я ведаю, што табе не патрэбна, каб табе гэта гаварылі, але гэта маё сэрца адчувае патрэбу, шукае палёгкі ад праявы перапаўняючых яго пачуццяў.
Я нарэшце лёгка ўздыхнула, як атрымалу звестку, што Паўлінка ўжо пакінула Валынь, бо ведаю, колькі там для яе адкрылася крыніц горычы і непакою, без аніводнай ды ніадкуль радасці.  Цяпер, дзякаваць Богу, я ўжо супакоілася.  Давяраючы яе лёс Адаму, гэтага дзіцяці майго сэрца, спакойна магу пазіраць на яе будучыню; і гэты спакой , гэтая раскоша, якую ўсведамляю, прынесеныя тваімі малітвамі.  Кахаючы наўзаем, раўнаважачы адно аднаго, з узгодненымі памкненнямі, сутвом, пачуццямі і ахвярнасцю, якіх жа яшчэ патрэбна варункаў для забеспячэння ў сямейным жыцці для таго шчасця, якое толькі можна на зямлі адчуць?
Я ведаю, што знешнія акалічнасці шматлікімі кшталтамі ўплываюць падчас імклівага жыцця на стан нашай душы; але акалічнасці сутнасныя робяць іх падатнымі для кіравання імі ці ігнаравання, ці перамогі іх сталасцю, а як няма знешніх прычын для непакою, душа вельмі хутка вяртаецца да прыроднага стану.  Ці ж магла я прадбачыць, калі мілавала малога Адася на сваім улонні, калі яго як дзіця чула любіла, што ён стане сынам маім, што да гэтай прыязнасці, якая яднала мяне з яго маці, яшчэ дадаткам стануцца такія моцныя нітаванні? Няхай бы яна з краіны таго найлепшага свету, дзе душа яе напоена спакоем, якога не спазнаць на зямлі, блаславіла гэты шлюб! Блаславі яго і ты, любая сястра, блаславі іх ад сябе і ад мяне, і дай блаславенства душы цнатлівай і ад імя Нябёсаў.  Здаецца, што ад часу атрымання вашых апошніх лістоў новае быццам жыццё ўсялілася ў мяне: я павесялела ды больш трывала нясу лёс свой.
Калі думаю аб усіх раскошах, якія мне Бог спасылае праз дзяцей маіх, нават не зважаючы на  сэрца, якое раскройваецца ад раз’яднання, не ведаю, як павінна сябе называць: ці то шчаслівай маці, ці таксама і няшчаснай? Ведаю, што гэты апошні тытул больш адпаведны.  Але выканай тваё прызначэнне.  Ты, хто атрымала столькі апекі над сэрцам Паўлінкі, прасі ж яе, угаворвай, каб не адкладвала спаўнення маіх зычэнняў, забяспечання майго суцяшэння.  Памяркуйце з Адамам і, калі ніякай не будзе перашкоды, то няхай бы не рабілі непатрэбнага зацягвання, некарыснага для ўсіх.  Я перадала б табе свае правы, калі б твае не былі аднолькава святыя.
Пішу цяпер да Паўлінкі і Адама, гэта мой матчын абавязак; бо калі б я была сярод іх, то павінна была б акрэсліць дзень шлюбу.  Ці ж не дадзена мне цяпер такое права? Я не магу сама ўзяць яго на сябе, як і не магу карыстацца грашыма, якія мне дасылаюць дзеці мае, маючы самі патрэбы ў найпрасцейшым.  Няхай жа іх частка як найменш ужываецца на ахову іх хаця ад холаду.  Дасылаю два футравых палатна з лонкаў шэрых норак, якіх тут тысячы: адно для Паўлінкі, другое для Зосі.  Для Адася дасылаю шапку з шыйнага пер’я  качак, якіх тут называюць гагаркамі; няхай гэтая вопратка будзе як напамін аба мне.  Для маёй Паўлінкі яшчэ дасылаю абразок з блаславенствам і скарбоначку, уласнаручна склееную, з пейзажыкам з маіх валасоў, бо яна хацела мець штокольвек зробленага мною, а таксама пелярынку з пешак, ці маладзенькіх маралаў, якую ўласна пашыла для яе.
Мой Божа! Ці ж бы паверыла, калі б хто мне сказаў некалькі гадоў таму, што аддаючы сваю Паўлінку замуж, такі пасаг ёй спраўлю? Але гэта мяне мала хвалюе, бо ведаю, як жаночыя штучкі для яе абыякавыя.  Каханай Місі мае найчуллейшыя цалаванні дасылаю.  Як жа я ёй удзячная за прыязнасць, якую аказвае маёй Паўлінцы: яна аджыла, як прыехала да вас.  Калі б мне гэта і не напісала, адразу ж гэта бачна па стылю лістоў,  якія зараз наўпрост дыхаюць воляй, а з Валыні заўсёды былі так самотныя, як і поўныя няпэўнасці.  Бывай жа, любая сястра.  Дай Божа ўтрываліць твае сілы і атрымаць радасць і спакой у душы.
Стасоўна з пажаданнем маці вырашылі не адкладваць шлюб, тым больш, што Адвента набліжалася.  Пакінулі таму пару тыдняў для неабходных падрыхтаванняў, прызначылі дзень 26 лістапада на ўрачысты абрад шлюбу і неадкладна паведамілі аб гэтым маці.  Цётка Зубкова жыла ў гэты час у Начы, малым фальварку за пару міль ад Зубкоў.  Там вырашылі ўладзіць вяселле, як мага сціплей і толькі ў сямейным атачэнні.  Я прывяду тут лісты абоіх нарачоных, пісаныя ў дзень заручын, датаваныя 7 лістапада:
Мама даражэнькая, - піша Адам – якімі ж словамі, настолькі малавымоўнымі, перадаць, што адбываецца ў душы маёй? Хацеў бы быць перад табой, ды на каленах, слязьмі цалаваць рукі Твае і прасіць Цябе аб блаславенні нас.  Дзень найшчаслівейшы ў маім жыцці, найпрыгажэйшы, набліжаецца.  Дваццаць шостага ў гэтым месяцы Паўлінка стане маёю.  Калі ты атрымаеш гэты ліст, мы ўжо будзем паяднаныя наўзаем назаўжды.  Дык ці ж я заслугаваў чым перад Богам, што даў мне такую высокую раскошу? Ты станеш пэўна ў маёй душы дастатковым пачуццём, якое б Яму годна адззячыла за тую вышыню.  Ты пэўна станеш у маім сэрцы належнай любоўю, прысвячэннямі, каб я быў яе годным. О, мая Мама! Ці ж будзе яна шчаслівая са мною? О! Якім жа шчасцем бы для мяне было гэта, калі б я мог прычыніцца яе шчасцю.  Адно гэта да маёй цяперашняй радасці дадае нейкі непакой: - ці будзе яна шчасліваю?Ці буду я яе годны?
Ты пісала, дарагая Мама, аб маім ранейшым лісце, што фарбы яго былі смутныя і прыпісвала гэта дзівацтву душы, якую сум атачае ў момант дасягнення мэты памкненняў.  Не ведаю, якім убачыцца табе каларыт гэтага ліста? Ведаю, што шчаслівы, як ніколі, а сэрца маё сціскаецца і слёзы самі адно ідуць на вочы.  Адкуль гэта? Аднак жа Бог толькі ведае, якое шчасце адчуваю.  О, калі б Ты была разам з намі ў дзень нашага яднання! На адлегласці тысяч міль ад Цябе, сэрцам у гэты дзень будзем разам з Табой.  Маліся за нас, любая Мама.  Малітва душы цнатлівай і пакутнай  не знікне з вачэй Бога.  І прыйдзе да нас тое шчасце, якога мы так жадаем, шчасце відушчасці сэрцаў нашых… Мама даражэнькая! Яна ж не будзе шчасліваю цалкам, калі не будзе пры Табе, але маю прадчуванне ў душы, што і гэта адбудзецца.  Бог такі літасны! Зрэшты я сам буду імкнуцца усімі сіламі сваімі, каб гэта адбылося.  Яко е ж бы гэта было шчасце для мяне – бачыць яе цалкам шчаслівай! Яшчэ раз на каленах прашу цябе, мая Маці, аб блаславенстве.  Абяры ж Божа узнагародзіць праз Цябе  зычлівасцю Тваёй да мяне, дай Табе натуральнай раскошы, сапраўднай радасці.  Будзь здаровай і шчаслівай.  Цалую тысячна Твае рукі і ногі.
Нічога магчыма не выяўляе найбольш шляхетнай далікатнасці характару Паўлінкі, як тая акалічнасць, што ад хвіліны змовін з Адамам больш не сустракаем мы ў яе лістах ані скаргаў, ані нараканняў на тое, што не можа паяднацца з маці.  Ніколі нават не паддаецца сваім улюбёным марам пра паездку да яе, паколькі ўсведамляе, нягледзячы што ужо мела столькі разоў дадзенае абяцанне Адама аб суправаджэнні яе на выгнанне, што будзе мець пэўнае права нагадаць пра яго выкананне.  І аднак ні яе знітаванасць з маці, ні жаданне яе наведаць не астылі ў яе сэрцы ніколечкі, толькі што з яшчэ большым клопатам аб шчасці іншых, чым аб сваім, аддае частку сябе сваім любым хаця б тым, што ім даць можа: ці то радасць, ці то прыемнасць,- клопаты ж і непакой ва ўласным укрывае сэрцы.  Вось яе ліст да маці, напісаны ў дзень заручынаў:
Найкаштоўнейшая мая Мама! Ад часу прыезду майго на Літву ўвесь час я амаль што з Адамам, а яго дабрыня, яго любоў ды шляхетнасць і сутво яго характару  даюць мне сусвет пачуццяў, з-за таго яшчэ, што маю частку раскошы, якая мала каму даецца на гэтай зямлі.  Але шчасце маё магло б быць поўным, калі б не тое, што я адна толькі шчасце маю, а Ты, мая раскоша, самотная і пакутуеш, што сям’я мая сіратою без цябе ёсць.  Але паколькі мне нельга падзяліць з Табою лёс, то натуральна, што думка аб Тваім прызначэнні ўкрывае чорнай заслонай мае пачуцці, у якім бы становішчы я не была? Але і гэтая заслона не нясе таго глыбокага суму, бо цень яе здымаецца з сэрца суперажываннем і любоўю Адама.
Прашу адно Бога, каб гэта шчасце, якое мне даруе, не зрабіла мяне самалюбкай, абыякавай да гора блізкіх і патрэб іх.  Дай жа мне ў кожную хвіліну жыцця быць гатовай усім ахвяраваць там, дзе галоўным ёсць выкананне абавязку ці спрычыненне да палёгкі лёсу гаротных.  Дай мне служыць сіламі сваімі Богу і  сутнасна блізкім як мэту адзіную майго жыцця.  Гэта надзённая найгарачэйшая мая малітва, бо для майго ўласна шчасця ніякага няма больш жадання, апроч вяртання Твайго.  Усе мае памкненні наконт суправаджэння мяне ў жыцці, уцелясніліся, нават больш за тое, бо ніколі не магла нават жадаць столькі, як атрымліваю ад Адама.  Думка, што сям’я наша лагодзіць таксама памкненні Твайго сэрца, падвойвае ўласныя мае прызначэнні і надае мне найлепшых надзей на будучыню.  Паблаславі ж, мая раскоша, Мама, дзяцей Тваіх і  ўзнясі нас да Боскай Апекі.
Час, які заставаўся да ўрачыстасці, праляцеў незаўважна для абоіх нарачоных ва ўкладанні планаў і праектаў, як павінны сваё будучае жыццё праводзіць.  Абое, хаця і маючы розныя падставы, жадалі пазбавіцца ад клопатаў і залежнасці ад вясковай гаспадаркі, перавесці ў грашовыя сродкі свой маёнтак, пасяліцца ў горадзе і там весці жыццё паводле ўласных патрэб і інтарэсаў.  Адаму гэты пражэкт падаваўся стасоўным, бо ён меў прыроджаныя схільнасці да пяра і пэндзля, якія абуджалі нелюбоў да сахі.  Паўлінка ж была радаснай нарэшце пазбыцца гэтых усіх путаў, якія прывязвалі іх да пэўнай мясцовасці, і не давалі, па сутнасці, мажлівасці спаўнення яе сталага жадання і памкнення яе гарачага сэрца - быць з маці.  Вопыт, які яна атрымала ў Кіеве, не пазбаўляў яе надзеі дачакацца памілавання для маці.  І каб месца яе жыхарства наблізілі, то і вера ў каханне Адама да яе спраўдзіла б яго ўласнае жаданне пасяліцца побач з маці.  Гаворка была аб тым, што не будуць гаспадарамі дому ў Заліне, а паселяцца там часова, а адразу пасля вырашэння сваіх інтарэсаў пераедуць на сталае жыхарства ў Вільню.  Падчас гэтых пражэктаванняў маладой пары цётка Зубкова ўкладала сціплы пасаг для Паўлінкі з сапраўднай матчынай пяшчотай.
Надышоў нарэшце дзень 26 лістапада і ўрачыстасць шлюбу адбылася, па волі абоіх нарачоных, без аніякай раскошы, у малым доміку ў Начы, у прысутнасці адно родных.  Цётка Зубкова была на месцы маці для Паўлінкі, Міхаліна была яе дружкай, а да алтара праводзіў яе Алойзы, які адзін толькі з сям’і нявесты быў прысутны на яе вяселлі.  Каб хаця чым кампенсаваць маці яе непрысутнасць на вяселлі, маладыя ўжо сямейнікі напісалі да яе адразу пасля прыалтарнай урачыстасці, а Паўлінка паклала ў ліст галіначку са свайго шлюбнага вяночка.
Маці мая! – піша Адам – я ўжо набыў пэўнае права называць цябе такім дарагім імем.  Хвіліну таму мы з Паўлінкай паабяцалі адно аднаму верыць аж да скону.  Я самы найшчаслівейшы сярод людзей, бо другой Паўліны дарэмна шукаў бы на зямлі.  Бог раскашаваў, прызначаючы мне яе спадарожнічкай, пэўна хацеў, каб і маё жыццё, сумнае і пустэльніцкае да гэтага часу, заквітнела радасцю і шчасцем.  Як хвіліну таму каля алтарнага падмурку я паабяцаў Паўліне, бы Бог, веры і любові да скону, так цяпер абяцаю, бы Бог, і табе, а ён чытае ў маёй глыбіні сэрца, што шчасце Паўліны будзе аж да майго скону прадметам маіх памкненняў.  Веру, што мне Бог дапаможа гэта ажыццявіць як найчуллівейшае жаданне маёй душы.  Няхай жа дапаможа мне нават найбольшай ахвярай сплаціць Паўліне, анёлу майго жыцця, за шчасце, якое мне нясе, ды стаць годным для той, якая вырашыла жыццё сваё з маім паяднаць.  Будзь жа здарова, найдаражэйшая Маці, дай Божа зрабіць Цябе такой шчаслівай, як і я сёння, Цябе, каму я аддаю частку шчасця майго.  З любоўю да Цябе, Твой шчаслівы сын Адам.
Далей ідзе допіс Паўлінкі:
Найдаражэйшая Мама! Пэўна ты малілася за нас у хвіліну, калі адбывалася ўрачыстая прысяга? Ведаеш, любая Мама, што пачуццё страчанай свабоды падчас прысягі на паслушніцтва да скону для мужа менш мяне непакоіла, чым тая думка, што ад гэтага часу я не толькі выключна Твая, як гэта было раней.  О як жа я ўдзячна Пану Богу, што Адама, а не каго іншага абраў мне даць мужам, бо яго любоў да Цябе дае мне надзею, што ніколі сэрца даччынае з сэрцам жончыным спрачацца не будуць.  Падрабязнасці нашага свята папрасіла апісаць Уладзіславава, таму дасылаю Табе толькі галіначку з майго нявесцінага вянца і да ног Тваіх падаю ў чарговы раз з просьбаю аб святым Тваім блаславенстве,заўжды любая ды больш за жыццё, мая мама.  Паўліна.
Забавіліся пару тыдняў у Начы ды наведалі шматлікіх родных , расселеных па ўсёй Случчыне, і ўжо  Шэмешамі выехалі на жыхарства ў Залін.  Паўлінка не ведала яшчэ цалкам гэтай палесскай ваколіцы над Бярэзінай, поўнай жывёлак, грыбоў ды камароў, што хаця і не пазбаўлена чыстай красы, але мае і шмат хібаў: перадусім, напрыклад, вялікую цяжкасць камунікавання як з касцёлам, так і з поштай, што з’яўляецца немалым недахопам што да маралі.  Некалькі хат, рассыпаных сярод сасновага бору, а крыху наводдаллі  маленькі длаўляны домік з чатырма пакоямі і такія ж сціплыя гаспадарскія збудаванні складалі гэтую вясковае часовае жытло Адама, дзе маладая сям’я да часу спаўнення інтарэсаў вырашыла пажыць.  Мэбля ды ўнутраная непыхлівасць дому адпавядалі яго сціпламу вонкаваму выгляду, але Паўлінка, маючы яшчэ больш сціплыя патрэбы і практычнае знаёмства з гаспадараннем, так хутка ў сваім маленькім маёнтку асвойталася, што ў ім не толькі выгодна было, але і прыгожа.
Не маючы намераў надоўга пасяліцца ў Заліне, вырашылі яны адразу пазбыцца зямельнай часткі гаспадарства і з часткай маці аддалі ўсе палі і ўсю уласнасць брату Адама, пакінуўшы сабе толькі гародчык  для натуральнага правіянту, пару кароў для малочных прадуктаў і чатыры кані пад запруг.  Такім чынам мінімізаваўшы памеры сваёй гаспадаркі, адпусцілі і слуг дамовых, пакінуўшы чацвярых чалядных, так што Паўлінка магла, не ператамляючыся ад працы, кіраваць гаспадарствам, пакідаючы Адаму ўвесь яго вольны час для ўлюбёных інтарэсаў.
Мала маючы ў гэтым краі сяброўскіх стасункаў, амаль што не выязджалі з дому і радаваліся адзіноце сам-насам, адчуваючы сябе цалкам шчасліўцамі.  Абое вернікі, абое вышэйшыя за погляды свецкасці, адны і тыя ж маючы правілы і памкненні жыцця, пагаджаліся адно з адным ва ўсім, а агульная любоў да літаратуры і мастацтва далучала да нават самых дробязяў жыцця такую дасканалую гармонію, нібы адной душой жылі.  
Паўлінка яшчэ і таму была падмуркам хатняга шчасця, што сваім духам парадлівасці, ашчаднасці і прадбачлівасці  кампенсавала той недахоп, які быў адчувальны падчас кіравання гаспадаркай Адамам, які, як усе мастакі, быў роспачны, няскладны і да таго ж вельмі шчодры, так што не думаючы пра заўтрашні дзень гатовы быў усё параздаваць, асабліва калі яго прасілі.  У Заліне, напрыклад, пакуль сам вёў зямельную гаспадарку, аддаў было загад аканому, каб не звяртаючыся да гаспадара  і без папер усялякіх выдаваў кожнаму з яго валасных столькі збожжа, колькі той захоча, і гэта без ніякага абавязвання вяртання пазней хоць грашыма, хоць працай.  Няцяжка заўважыць, што пры такім кіраванні пуня гаспадара вельмі хутка апусцела, а збожжа раздавалася не заўсёды тым, хто дакладна меў патрэбу, не кажучы ўжо аб заахвочванні ляноцтва, якое ў выніку адсюль паўставала.  На шчасце для Адама гэтае руйнаванне сістэмы гаспадарства трывала яшчэ нядоўга ды вялося не вельмі вялікімі маштабамі, і то на адным толькі фальварачку, падчас як галоўная частка яго прыбыткаў ішла ад змешчаных пад працэнты капіталаў.  Хаця штогод быў вымушаны купляць насенне і карміць за гатоўку чалядных і трымаць уласнасць, аднак банкрутаваннем яму гэта не пагражала, пакуль даўжнікі працэнты як мае быць аплочвалі.
Са з’яўленнем Паўлінкі неналежнае выкарыстанне гаспадаркі спынілася, не пазбаўляючы дом як найменш дабра прыроджанай міласэрнасці.  Пры гэтым лад, чысціня і ўпарадкаванасць гаспадарылі паўсюдна: усё мела свае месцы, даглядалася, прадбачылася ў час.  Слугі таксама не галадалі, добра апраналіся і клапатліва па сваіх патрэбах забяспечваліся, бо Паўлінка з мудрасцю моцнай гаспадыні пяшчоту чалавечых стасункаў цаніла.  Клопаты ж гаспадарчыя няшмат часу забіралі ў яе, так што большую частку дня магла праводзіць з Адамам, разам чытаючы ці малюючы, а ўзаемнае пачуццё стварала прыемнасць для іх кожнай хвіліны.  Тое пачуццё, з якім вялася гаспадарка ў Заліне, перанеслася таксама і на бераг Сасвы, асвятляючы душу нашай маці даўно ўжо забытай радасцю.  Лісты страчваюць у гэты час свае цёмныя фарбы, якія дасюль былі іх адметнай рысай, і хаця заўсёды з іх праменяць вялікія боль ды сум, але ж набываюць яны гучанне вольнае і добранастраёвае, што заўсёды спадарожнічала ёй у больш шчаслівыя часіны.
Прывяду вось тут ліст да Паўлінкі, напісаны ў канцы красавіка 1841 года, гэта значыць праз пару месяцаў пасля атрымання звесткі пра яе шлюб.
Маё любае, маё дарагое дзіцятка! Вось толькі ўзяла пяро ў руку, аж мяне абурае сама дата.  Красавік! Вельмі гэта назва стасоўная  да Бярозава, калі мароз і снег такія, што сабакі нават на двор не выходзяць, а вецер толькі адзін гаспадар у двары, зрывае пасмы сена са стагоў, якія тут стаяць пад голым небам, шпурляе іх на вуліцу ці то далей з сабой зносіць, зрывае нам з дахаў кавалкі драніцы (пэўна на сугрэў, бо пэўна яму аднаму самому холадна) і, як злодзей, вокны снегам залеплівае, каб ніхто яго злосных мярзоцтваў не агледзеў.  Вось дык красавік!
Для таго ж і ўзялася за пяро, каб не толькі выліць горыч маю.  Але як жа тут не быць злоснай? Ужо было так цёпла, снег адлёг, балоцце на вуліцы пачало падсыхаць, ужо нават магла выходзіць на бераг, пераскокваючы па кладках ды трэсках, каб убачыць, як хутка лёд  можа рушыць на Сасве, і цешыла сябе надзеяй для сэрца, што ўбачу хутка вашы лісты.  Але ж раптоўная перамена надвор’я панішчыла ўсе мае ружовыя надзеі, і я апынулася паміж небам і зямлёй, без апірышча для рук, ног, нават галавы, жыву адно сэрцам.  Сапраўды гэта вельмі нязручна, бы смерць! Ужо другая пошта, і я нібыта з жаданнем сябе падмануць, зрабіць сабе якую хаця палёгку, у дзень паштовы саджуся пісаць да вас, запячатваю лісты, адсылаю іх гараднічаму, адбываючы ўсе абавязковыя пры гэтым дзеянні, як дзеці маленькія, што нібыта гарбатку запарваюць, ды наліваюць, частуюць гасцей, хоць маюць пусты адно запарнік.
Але сэрца цяжка ашукаць выглядам на нібыта, таксама як і не заспакоіш голад адно парожнімі вуснамі.  Бо ведаю, што гэтыя лісты надоўга затрымаюцца ў Бярозаве, перш чым паляцяць да вас, думка падчас іх напісання дрэмле, пачуцці ў здранцвенні, няма жыцця, бо не маю веры ў тое, што сапраўды з вамі размаўляе мая думка.  І таму замест адступлення на момант пра Бярозаў, каб б паляцець да вашых абдымкаў, каб вашымі пачуццямі распаліць наноў душу, каб праявамі мілых пачуццяў упрыгожыць горкую рэчаіснасць, я адчуваю сябе тут прыкутай, далібог жа, і толькі злуюся і наракаю.  І думка не лётае, і словы не нітуюцца, і пяро не хоча пісаць, і рука не тыя літары стаўляе, і галава не ведае, што хоча напісаць…
Я ўжо як тое дзіця, якое не можа вытрываць, каб не пахваліцца падарункам, які нядаўна атрымала.  Я яшчэ не ведаю, хто, бо мне дасюль ліста не аддалі, але хтосьці мне даслаў з Дэрбта маленькі сярэбраны гадзіннічак.  Я так яму ўзрадавалася, як студэнт, калі першы раз атрымае стрэльбу.  Не ведаю, ці ты можаш сабе ўявіць гэтую неакрэсленую хаду часу, калі ты рухаешся, нібы навобмацак, без адзінага акрэслення, сярод бясконцых дзён, якія не акрэслены ні ранкамі, ні вечарамі, як сярод бясконцай ночы, доўгай як вечнасць.  Чалавек плыве па гэтым невымераным акіяне часу, як вясляр без компасу, якому аніякай зямлі не відаць нават.  А цяпер жа мой маленечкі гадзіннічак не толькі адзначае мае заняткі, падзяляючы мой час на гадзіны і хвіліны, але і складае мне пэўную кампанію, як найлепшы сябра, і сваім манатонным галасочкам шэпча мне ўвесь час  на вуха свае сардэчныя таямніцы.  Наўзаем за гэтакі давер не вымагае ніякіх пачуццяў у адказ, бо цалкам упэўнены ў маіх да яго пачуццях, то я яго раз на дзень пагладжу ды надам новай энергіі яго стомленаму сэрцайку.
З вестак мясцовых паведамлю табе напэўна тое, што ўжо папрыляталі вароны!!! Можа будзеш смяяцца? Але гэта зусім не смешна.  Яны першыя птушкі, якія вяртаюцца вясною, і таму тут іх вітаюць з такой радасцю, як у нас першацветы па лясах.  Варона таму першацвет бярозаўскі! Годная кветачка свайго раю.
Здароўе маё як і раней.  Рэўматызму часам крыху менее, часам больш дакучае і так мы з ім і жывём як пара без шлюбу, якая сумлення дзеля вымушана жыць разам: пазлуюцца, павыпускаюць пару, ды нарэшце пагодзяцца.
Ужо хутка тры гады як з вамі не разам, і акрамя нічым не суцяшальнага суму Бог мне дае сілы вытрымліваць ды жыць.  І нават не скажу, каб час гэты прайшоў цалкам без карысці для душы, бо павыпраўляла некаторыя памылковыя свае погляды, даведалася лепш пра свае недахопы, а асабліва навучылася аддавацца з бясконцай верай апекаванню Божаму, якое найлепш кіруе ўсім, чым нашы найлепшыя памкненні.  Праўда, што ў Бярозаве маральная вышыня настолькі спатрэбіцца, як спробы вяртання да сутнасці на смяротнай лаве: яны бясплённыя для блізкіх, але карысныя для душы, бо Бог, які і сутнасныя паводзіны ўкладвае на шалі справядлівасці, не абміне напэўна і гэтых пякельных высілкаў.
Што вы цяпер робіце, дзеці мае мілыя, калі я сяджу мехам ля століка, падкурчваючы мае змерзлыя ногі? Можа саджаеце дрэўцы ў вашым садзе? Але не, ужо позна, ужо лісце павінна быць на дрэвах.  То можа вы засейваеце гародчык ці хаця б садзіце кветкі? Але ж не, вы яшчэ спіце ці толькі праціраеце вачаняты, бо толькі сёмая на гадзінніку, а у вас нашмат раней павінна быць, бо розніца мерыдыянная вялікая.  Таму зычу вам вясёлага раначку, мае мілыя дзеці, смачнай гарбаты, прыгожага дня, прыемнага вечара і спакою ў доме ды пагаджэння ў душы.  Каб прыгожа зелянелі вашыя нівы ды жыццядайным адорвалі вас збожжам.  Каб ураджайнымі былі вашыя сады.  Каб кожны ваш прыбытак памнажаўся ды узрастаў.  Каб ласка Божая ды міласць людзей спадарожнічалі вам заўсёды, а вы каб цнотамі вашымі і заслугаваннямі наўзаем сплочвалі за гэтыя ўсе падарункі Нябеснаму Айцу і братам вашым.  Божа, уцелясні гэтыя мае пажаданні, а мне дазволь хаця ўва сне убачыць шчасце дзяцей маіх, прытуліць іх да майго сэрца і памілавацца з імі.
Любага Адама цалую найчуллівей, цалую сутнасцю сэрца майго.  Як жа яго люблю за апеку здароўя маёй Паўлінкі, бо ці ж не праўда, што яна заўсёды мая, хаця ўжо і табе належыць? Твае правы не паслабілі маіх, наадварот, мне цябе далучылі.  Я не страціла дзіця, а набыла яшчэ аднаго, для якога маю месцейка ў сэрцы побач з іншымі, і не знікнеш адтуль, хоць бы нават і хацеў.
Алойзы, гультай ты мой, ані радка ў апошнім лісце не накрэмзаў, ані кропачкі нават не паставіў, а я бачыш не лянуюся… падхопіш напэўна: даць прачуханцу.  Гэта праўда, аднак памеўшы роспач у душы, не менш чула тулю цябе да майго сэрца і твайму адкрываюся.  Бывайце ж, дзеці мае каханыя, вас, душы маіх думак! Дай жа Богу апекаваць вас заўсёды і паўсюль.  Бывайце.
На перамену да лепшага ў настроі маёй маці нямала паўплывалі звесткі пра маючыя адбыцца перагляды спраў з прычыны шлюбу наступніка трону.  Вось як гаворыць яна на гэты конт ў лісце да мяне на пачатку мая.
Вельмі ўдзячная табе за навіну пра дзень, прызначаны для вянчання царэвіча, бо да гэтага часу ніадкуль не магла аб гэтым ведаць.  Павінен ужо быў нарэшце да гэтага прыйсці.  Каб жа нашыя надзеі не былі дарэмныя! Пасля шасцітыднёвага перапынку распачалася зноў камунікацыя паміж намі і Табольскам, і да нас цяпер будуць даходзіць якіякольвек звесткі.   З якой жа нецярплівасцю, надзеяй і трывогай я буду іх чакаць.  Гэта для мяне будзе рашэннем жыць ці не жыць.  І хоць я намагаюся, з усіх сіл, замкнуць душу для надзеі, дарэчы без усялякай падставы, яна раптоўна як штурмане, увярэдзіцца, і калі не заняла ўжо святыні, то як найменш стаіць перад ганкам яе… бяда мне, калі і адтуль яе трэба будзе адвесці…
Праз дванаццаць дзён так нецярпліва чаканы маніфест прыйшоў нарэшце ў Бярозаў, але нічога не было ў ім аб палітычных выгнанніках.  Вось у якіх выразах маці апісвае ў лісце да Паўлінкі ўражанні ад таго дня:
Сёння абмяркоўваем у Бярозаве ўрачыстасць павянчання царэвіча, молімся аб яго будучым шчасці, бо цяпер ён пэўна ўжо шчаслівы і без нашай дапамогі.  Званы гудуць, жыхары расказваюць адно аднаму розныя параграфы з маніфесту, шукаючы ў ім кожны на свой густ…Хацела для цябе захаваць таямніцу і нічога табе пра адбыты вопыт спаняверання не гаварыць, але такі цяжар разбівае маё сэрца, што абіраю выліць свае пачуцці ды зрабіць тым палёгку душы.
Калі я прачытала маніфест, на які ўскладвала ўсе спадзяванні свае, і ані праменьчыка, які б звеставаў мяне аб якойкольвек палёгцы ў ім не адшукала, усе пакуты мінулага,памножаныя усёй горыччу перажытага, з моцнай сілай хлынулі ў маю душу.  Такі стан доўга трываць не можа.  Бог дасць мне сіл для стрывання майго прызначэння, якое мне спаслаў, паколькі ўсё ў Яго моцы…
Той ліст, што распачала ўчора, перачытала сёння і шкадую, што не была ў стане стрымацца і не паказаць майго смутку, які пэўна што адаб’ецца і ў тваёй душы; бо сёння на гэты момант я ўжо нашмат больш спакойная.  Ноч развяла чорныя думкі, і зноў нібы вяртаецца надзея і просіць мяне дачакацца да наступнай пошты.  І я яе слухаюся, і зноў жа мне весялей.  Можа яна хлусіць? Столькі разоў ужо схлусіла.  А аднак жа з ёй адно жыццё падаецца больш прыймальным.
На гэты раз надзеі маці не былі падманутымі, бо найбліжэйшая пошта прынесла для яе дазвол ад улад пакінуць Бярозаў, і ехаць на пасяленне у Саратаў, горад, які размешчаны ў больш цёплым клімаце і паводле маршрутаў паштовых хаця б больш набліжаны да Радзімы.  Паслухайма ж , якімі словамі маці малюе сваю радасць ад гэтага ў лісце, напісаным у сам дзень атрыманага дазволу.
Дзеці мае любыя! Можаце ўпасці на калены і падзякаваць богу за Яго вялікую літасць да нас.  У гэтую хвіліну я атрымала ліст з паперамі, якія дазваляюць мне выехаць з Бярозава і падацца да Саратава.  Праз тры дні, як Бог дазволіць, рушу ў дарогу і буду ўвесь час усё бліжэй да вас, аж нарэшце спынюся за пару соцен міль ад вас, у краі цёплым і шчодрым.  Настолькі галава мая не можа ні з чым пакуль разабрацца, што больш ні аб чым не ў стане напісаць.
Лёгка сабе ўявіць, якою радасцю гэтая вестка напаўняла нашыя сэрцы, бо  мы таксама ўжо мала мелі надзеі на дазвол выезду.  Да ўсяго нашага шчасця дадалася яшчэ і такая акалічнасць, што гэта быў час вакацый, які дазваляў нам усім, апрача Юліка і Віктусі, сабрацца ў Зубках і правесці некалькі тыдняў разам, пасля такога доўгага развітання.  Думка, што маці ўжо ў дарозе, што кожны дзень яе набліжае да нас, што з гэтага часу мы зможам яе наведваць, такім шчасцем нас напаўняла, як бы мы ў гэты час ужо насамрэч былі ў абдымках маці.
 Найбольш прыемнымі для нас былі размовы пра тое, як бы на наступныя вакацыі сабрацца ў Саратаве і абкружыць маці вясёлым кругам, як некалі бывала, і паколькі яе наведванне цяпер было толькі справай грошай, то калі ж бы маладая фантазія перад такога кшталту цяжкасцю стрымлівала сябе?
Аднак наша радасць нядоўгаю была, бо цэлы шэраг клопатаў прыйшоў хутка, азмрочваючы наша сямейнае пагоднае неба.  Спачатку дзядзька наш Юльян Вендорф захварэў цяжка і пасля кароткай хваробы перанёсся ў вечнасць.  Калі гэтая жалобная вестка дайшла да нас у Зубкі, Паўліна надта перажывала, але з жаданнем як мага хутчэй абкружыць сваёй апекай старэнькую бабулю, рушыла неадкладна ў дарогу.  Цяжкасці ў дарозе, а яшчэ маральныя ўзрушэнні, так некарысна паўплывалі на яе здароўе, што калі прыбыла ў Слуцк, моцна расхварэлася.  Бабулю застала ў лепшым стане, чым думала.  Яна прыняла смерць сына з такой філасофіяй, што ў лісце , якім звеставала маці пра гэтую балючую страту, дапісала ўласнаручна: “Я бласлаўляю Бога: Юльян памёр смерцю справядлівых. ”
Хвароба Паўлінкі доўжылася і перамянілася ў нейкую арганічную немач, што без выразных пакут павольна вычэрпвала і так ужо аслабленыя яе сілачкі.  У такім стане яна вярнулася ў Зубкі, адкуль пад канец верасня зноў мы ўсе раз’ехаліся кожны ў свой бок, з надзеяй усё ж сабрацца на наступныя вакацыі ў Саратавае.  Я не здагадваўся у той час, што апошні раз бачыўся з Паўлінкай на зямлі, але дасюль стаіць яе вобраз перад вачыма маёй душы такі, як быў у хвіліны развітання ў Зубках, да гэтага часу яе дыяментавыя слёзы сплываюць цяплом на сэрца маё і гучаць яе развітальныя словы:”Да сустрэчы ў мамы!”.  О так, любая сястра! І я табе цяпер паўтараю са слязою ў вачах: Да сустрэчы ў мамы! Ты з ёй ужо ў бяспечным порце, а мая ладдзя яшчэ блукае пад навальніцамі, але кожная хвіліна набліжае мяне да мэты, увесь час іду, іду да вас.

Комментариев нет:

Отправить комментарий