суббота, 7 февраля 2015 г.

Раздзел 64 QUO VADIS? Г.Сенкевіч

Пасля відовішча ў садах цэзара турмы значна апусцелі. Хапалі праўда яшчэ і вялі ў турмы ахвяр, якіх падазравалі у веры, але пасля аблаў дастаўлялі іх усе менш, хаця ўсё адно столькі, колькі трэба было для запаўнення наступных відовішчаў, якія таксама ішлі ўжо да заканчэння. Людзі перанасыціліся крывею і ўсе больш сумавалі і непакоіліся з прычыны небывалага дасюль пахавання асуджаных. Усе гэтыя страхі разумнага Вестынуса ахапілі тысячы душ. У натоўпах расказваліся ўсе больш дзіўныя рэчы аб помслівасці хрысціянскага бога. Тыф турэмны, які разыйшоўся па горадзе, павялічваў паўсюдны страх. Бачылі частыя пахаванні і паўтаралі між сабой на вуха адзін аднаму, што патрэбныя новыя піакулы для таго, каб невядомы бог злітасцівіўся. У храмах прыносілі ахвяры Юпітэру і Лібітыне. Нарэшце, нягледзячы на ўсялякія намаганні Тыгеліна і яго паплечнікаў, усе больш пашыралася думка, што горад быў спалены па загаду імператара і што хрысціяне пакутуюць без віны. Але менавіта таму і Нярон, і Тыгелін не пакідалі праследаваць хрысціян. Для супакойвання народу выдаваліся новыя распараджэнні аб раздачы збожжа, віна і алею з алівы, абвясцілі поўныя ільгот для ўладальнікаў прадпісанні, якія абвяшчалі адбудоўванне дамоў,  ды і іншыя, якія датычыліся шырыні вуліц і матэрыялаў, з якіх трэба будаваць, каб на будучае не дапусціць суцэльнага пажару. Сам цэзар бываў на паседжаннях сенату і абмяркоўваў разам з бацькамі горада, як лепш будзе народу і гораду, але нягледзячы на гэта, нават цень літасці не ўпаў на асуджаных. Уладару свету галоўнае было тое, каб у народа ўзнікла перакананне, што такія няўмольныя пакаранні могуць спасцігнуць толькі вінаватых. У сенаце ні адзін голас не выступаў за хрысціян, бо ніхто не хацеў пярэчыць імператару, апрача гэтага, людзі, якія прадбачылі будучыню, сцвярджалі, што і з новай верай падмуркі рымскай краіны не маглі б застацца. Адно толькі аддавалі людзей паміраючых і памерлых сем’ям, бо рымскі закон не распаўсюджваўся на памерлых.

 Для Віініцыя была пэўнай палегкай думка, што калі Лігія памрэ, то ен пахавае яе ў фамільным склепе і спачне некалі каля яе. У яго ўжо не было ніякай надзеі выратаваць яе ад смерці, і сам ен, адарваны напалову ад жыцця, цалкам паглыблены ў веру Хрыста, не марыў ужо аб іншым з’яднанні, а толькі – аб вечным. Вера яго стала проста бязмежнай, такой, што паводле яе гэта вечнасць падавалася яму чымсьці сапраўдным і рэальным у параўнанні з  ранейшым існаваннем, якім ен жыў дасюль.Сэрца яго перапоўнілася моцным натхненнем. Пры жыцці яшчэ ен станавіўся істотай амаль бесцялеснай, якая, хочучы поўнай свабоды для сябе, жадала таго ж і для другой каханай душы. Ен уяўляў, што ў той час яны з Лігіяй пабяруцца за рукі і адыйдуць на неба, дзе Хрыстос іх блаславіць і дазволіць ім жыць у святле такім спакойным і агромністым, як бляск світанняў. Ен толькі маліў Хрыста, каб той абярог Лігію ад пакут у цырку і дазволіў ей спачыць спакойна ў турме, бо напэўна адчуваў, што і сам памрэ з ей разам. Думаў, што нягледзячы на такое мора пралітай крыві, ен не можа нават спадзявацаа, што яна адна застанецца некранутай. Чуў ад Пятра і Паўла, што і яны таксама павінны памерці як пакутнікі.Выгляд Хілона на крыжы пераканаў яго, што смерць, нават і пакутніцкая, можа быць не страшнай для паміраючага, таму ен жадаў сабе ўжо, каб яна надыйшла для іх абоіх, як чаканая перамена дрэннай сумнай і цяжкай долі на лепшую Часам і ў яго ўжо было прадчуванне тагасветнага жыцця. Той смутак, які насіўся над дзвюмя іх душамі, страчваў усе больш ранейшую выпальваючую горыч і паступова змяняўся ў нейкае пазасветнае, спакойнае адданне сябе волі Божай. Вініцый плыў раней у змаганні з плынню, пакутаваў, стамляўся, цяпер жа аддаўся хвалям, верачы, шіто яны яго нясуць у вечную цішу. Ен прадбачыў таксама, што Лігія, падобна да яго, рыхтуецца да смерці, што нягледзячы на падзяляючыя іх муры турмы, яны ўжо ідуць разам і ўсміхаўся ад гэтай думкі, як ад шчасця. І сапараўды, яны ішлі так узгоднена, нібы штодзенна доўга дзяліліся думкамі. У Лігіі не было таксама ніякага жадання ці надзеі апрача надзеі на жыцце пасля смерці. Смерць жа ўяўлялася ей не толькі, як вызваленне са страшных засценкаў турмы, з рук цэзара, Тыгеліна, не толькі як выбаўленне , але як час шлюбу з Вініцыем. А дзякуючы гэтай непарушнай упэўненасці, усе іншае страчвала вагу. Пасля смерці пачыналася для яе шчасце можа і зямное, таму і чакала скону яшчэ і так, як нарачоная чакае часу вяселля. А гэта бясконцая плынь веры, якая адрывала ад жыцця і несла на той свет тысячы першых вернікаў, апанавала таксама і Урса. І ен доўга не хацеў пагадзіцца ў душы са смерцю Лігіі, але калі штодзень праз сцены турмы праходзілі весткі аб тым, што адбываецца ў амфітэатры і садах, калі смерць  падавалася агульным і абавязковым лёсам усіх хрысціян, а разам з тым і дабром для іх, вышэйшым, чым усе зямныя паняцці аб шчасці, то не смеў у канцы і ен маліцца Хрысту, каб той пазбавіў гэткага шчасця Лігію ці адцягнуў гэты час на доўгія гады. У сваей простай душы варвара ен думаў пры гэтым, што дачцэ начэльніка лігаў больш належыць і больш дастанецца гэтых нябесных даброт, чым цэламу натоўпу просталюдзінаў, да якіх ен і сам належаў, і што ў вечнай хвале яна патрапіць быць бліжэй да Агнца, чым іншыя. Ен чуў праўда, што паводле Бога, дык усе людзі роўныя, на дне душы аднак жыло ў яго перакананне, што дачка караля, ды яшчэ ў дадатак караля ўсіх лігійцаў не можа не быць першай лепшай служкай. Ен спадзяваўся таксама, што Хрыстос дазволіць яму служыць ей і надалей. Што ж да сябе, дык у яго было адно таемнае жаданне, гэта значыць, каб ен мог памерці, як агнец – на крыжы. Але яму здавалася гэта такім вялікім шчасцем, што хоць ен і ведаў, як раскрыжоўваюць у Рыме нават самых найгоршых злодзеяў, але не смеў нават маліцца аб такой смерці. Ен думаў, што напэўна загадаюць яму загінуць у пашчах дзікіх жывел, і гэта прыводзіла яго да ўнутраных перажыванняў.З дзяцінства ен хаваўся ў пушчы, дзе не ступала чалавечая нага, калі ішлі працяглыя паляванні, дзе ен , дзякуючы сваей магутнасці, рана стаў лічыцца дарослым і стаў знакамітым сярод лігійскага народа. Паляванне было настолькі ўлюбёным заняткам, што пазней, калі ен быў у Рыме і павінен быў ад іх адмовіцца, то хадзіў па віварыях і амфітэтрах, каб хоць паназіраць за вядомымі і невядомымі яму жывеламі. Выгляд іх абуджаў у ім непераадольную прагу змагання, таму цяпер у душы ен пабойваўся, што калі яму прыйдзецца спаткацца з імі ў амфітэтры, то апануюць яго думкі, якія нягодныя для хрысціяніна, які павінен паміраць з імем Бога і цярпліва. Але спадзяваўся і ў гэтым на Хрыста, маючы на ўцеху іншыя, больш прыемныя думкі. Чуючы, што Агнец абвясціў вайну пякельным сілам і злым духам, да якіх хрысціянская вера залічвала ўсіх паганскіх бажкоў, ен думаў, што ў гэтай вайне ен спатрэбіцца вельмі Богу і патрапіць яму адслужыць лепш, чым іншыя, але і гэта не месцілася ў яго розуме,бо душа яго не павінна была быць мацнейшай за душы іншых пакутнікаў. Зрэшты ен маліўся цэлымі днямі, дапамагаў вязням, іх даглядаў і суцяшаў сваю каралеўну, якая часам шкадавала, што за свае кароткае жыцце не магла зрабіць столькі добрых учынкаў, сколькі зрабіла іх знакамітая Табіта, аб якой у свой час распавядаў апостал Пётр.Ахова, якіх нават у турме палохала страшэнная сіла гэтага велікана, бо не існавала для яе ні путаў, ні кратаў адпаведных, палюбіла яго нарэшце за яго людскасць. Неаднойчы, здзіўленыя яго настроем, яны выпытвалі яго аб прычыне такога стану, ен жа расказваў ім з такой непарушнай упэўненасцю, якое жыцце чакае яго пасля смерці, што слухалі яго са здзіўленнем, упершыню бачачы, што у падзем’і, недасяжныя для сонца, можа трапляць шчасце. І калі ен гаварыў ім, каб паверылі ў Хрыста, то не аднаму прыходзіла на думку, што служба яго – нявольніцкая, а жыцце – нішчымнае, і не адзін задумваўся над сваей нядоляй, для якой мяжой павінна стаць толькі смерць. Толькі смерць станавілася новым страхам і яны не чакалі пасля яе нічога для сябе, тым часам гэты лігійскі асілак і гэта дзяўчына, падобная да кветкі, кінутай на турэмную салому, ішлі да яе з радсцю, як  да брамы шчасця.

Раздзел 63 QUO VADIS? Г.Сенкевіч


Драму Аурэолус ставілі звычайна ў тэатрах ці амфітэатрах, збудаваных так, што яны маглі адкрывацца і ствараць дзве асобныя сцэны. Але пасля відовішча ў садах імператара не хапала такога звычайнага спосабу, бо справа была ў тым, каб як найбольшая колькасць людзей магла бачыць смерць прыбітага да крыжа нявольніка, якога ў п’есе зжыраў мядзведзь. У тэатрах ролю мядзведзя выконваў абшыты ў скуру акцер, на гэты раз прадстаўленне павінна было быць “праўдзівае”. Гэта была новая задума Тыгеліна. Цэзар спачатку паведаміў, што будзе адсутны, але параіўся з фаварытам і перамяніў рашэнне. Тыгелін растлумачыў яму, што пасля выпадку, які адбыўся ў садах, ен тым больш павінен паказаца народу і заручыўся, што раскрыжаваны нявольнік не зганьбіць яго ужо так, як гэта зрабіў Крысп. Народ быў ужо досыць насычаны і стомлены ад колькасці пралітай крыві, таму было загадана наноў раздаць латэрэйныя білеты і падарункі і ўчыніць яшчэ вячэрні пір, бо прадстаўленне павінна было адбывацца вечарам, у ярка асветленым амфітэатры. І вось на змярканні ўвесь будынак шчыльна запоўніўся. Аўгустыяне з Тыгелінам на чале прыбылі ўсе да аднаго не столькі дзеля самога відовішча, колькі дзеля таго, каб прадэманстраваць пасля апошняга недарэчнага выпадку сваю вернасць імператару і пагаварыць пра Хілона, аб якім размовы ішлі па ўсім Рыме. Гаварылі шэптам, што імператар, вярнуўшыся з садоў, быў такі злосны і не мог заснуць, што разбіраў яго страх і апаноўвалі дзіўныя відмы, у выніку чаго ен назаўтра вырашыў хутка выехаць у Ахаю. Іншыя пярэчылі гэтаму, сцвярджаючы, што цяпер ен будзе тым больш няўмольным наконт хрысціян. Хапала і баязліўцаў, якія прадбачылі, што абвінавачанне, якое Хілон кінуў у твар цэзару, нягледзячы на натоўпы, можа мець найгоршыя наступствы. Былі нарэшце і такія, якія па-чалавечы прасілі Тыгеліна, каб ен спыніў далейшыя праследаванні.
 – Глядзіце, куды вы ідзяце, - казаў Барк Саранус. – Хацелі здаволіць помсту народа і пераканаць, што кара спадае на вінаватых, а вынік цяпер зусім адваротны.
 – Праўда! – дадаў Антыстый Верус, - усе цяпер паміж сабой шэпчуцца, што хрысціяне невінаватыя. Калі гэта прызнаюць, то Хілон меў рацыю, кажучы, што вашы мазгі не напоўнілі б і капялюшык ад жолуда. Тыгелін жа звярнуўся да іх:
 - Людзі шэпчуцца між сабой і аб тым, што твая дачка Сервіла, Барк Саранус, і твая жонка, Антыстый, схавалі сваіх нявольнікаў-хрысціян ад справядлівай кары імператара.
 – Гэта няпраўда! – закрычаў устрывожана Барк.
 – Маю жонку хочуць загубіць вашы развядзенкі, якія зайздросцяць яе дабрачыннасці, - сказаў з няменшым непакоем Антыстый Верус
. Але астатнія размаўлялі аб Хілоне.
 – Што з ім адбылося? – гаварыў Епрый Марцэлюс. – Сам іх аддаваў у рукі Тыгеліна, з жабрака стаў багатым, мог дажыць спакойна свае дні, мець прыгожы пахавальны склеп і надгробак, але ж – не! За адзін раз ен захацеў страціць усе і загубіць сябе. Сапраўды, хіба толькі ен звар’яцеў!
 – Не звар’яцеў, а стаў хрысціянінам, - сказаў Тыгелін.
 – Быць не можа! – азваўся Вітэлій.
 – А ці я не казаў! – уставіў Вестынус. – Забівайце сабе хрысціян, але паверце мне, не ваюйце з іх баством. Тут не да жартачак!.. Паглядзіце, што робіцца! Я хоць і не паліў Рым, але калі б мне цэзар дазволіў, я зараз жа даў бы ахвяру іх баству. І ўсе павінны зрабіць тое ж самае, бо я паўтару: з ім не да жартачак! Памятайце, што я вам гэта гаварыў.
 – А я гаварыў быццам бы іншае, - сказаў Пятроній. – Тыгелін смяяўся, калі сцвярджаў, што яны абараняюцца, а я цяпер больш скажу: яны перамагаюць.
 – Як гэта? – Як гэта? – спыталі некалькі чалавек.
 – Клянуся Палуксам! Бо калі такі Хілон ім не супрацьстаяў, то хто ж ім супрацьстаіць. Калі вы думаеце, што пасля кожнага відовішча не расце колькасць хрысціян, то з вашым веданнем Рыма вы станеце качагарамі. Ці вось есць яшчэ занятак - галіць бароды, бо тады будзеце найлепш ведаць, што думае народ і што робіцца ў горадзе.
 – Ен кажа чыстую праўду, клянуся святым пеплумам Дыяны! – закрычаў Вестынус.
 Але Барк звярнуўся да Пятронія: - Да чаго ж ты вядзеш?
 – Я заканчваю тым, ад чаго пачалі: досыць ужо крыві!
 А Тыгелін зірнуў на яго са здзекам і прамовіў:
- Гэй! Яшчэ крыху!
 – Калі табе не хапае галавы, то ў цябе есць іншая – на кію, зверху, - адказаў Пятроній. Далейшую размову перапыніла з’яўленне цэзара, які заняў месца ў таварыстве з Піфагорам. Адразу ж пачалося прадстаўленне Аўрэолуса, на якое не вельмі звярталі ўвагу, бо думкі ўсіх былі занятыя Хілонам. Народ, які ўжо прывык да пакут і крыві, таксама сумаваў, шыкаў, выдаваў нязвыклыя для двара вокрыкі і хацеў, каб хутчэй ужо паказалі сцэну з мядзведзем, якая адзіная іх толькі і цікавіла. Калі б не надзея ўбачыць асуджанага старога і не падарункі, адно відовішча не здолела б затрымаць натоўпы. Але нарэшце надыйшла хвіліна чакання. Цыркавыя хлапчукі вынеслі спачатку драўляны крыж, досыць нізкі, каб мядзведзь, калі устане на заднія лапы, мог дацягнуца да грудзей пакутніка, а потым два чалавекі вывелі ці, хутчэй, прыцягнулі Хілона, бо сам ен не мог ісці з паламанымі нагамі. Яго паклалі і прыбілі да дрэва так хутка, што зацікаўленыя аўгустыяне не маглі да яго нават як след прыгледзецца і толькі пасля ўмацавання крыжа ў прыгатаванай раней яміне ўсе позіркі былі звернуты да яго. Але мала хто мог пазнаць у гэтым голым старым былога Хілона. Пасля катаванняў, якія прысудзіў яму Тыгелін, у твары яго не засталося ані кроплі крыві і толькі на белай барадзе быў бачны чырвоны след, які пакінула кроў падчас, калі яму вырывалі язык. Ен быў проста абцягнуты скурай так, што амаль можна было бачыць яго косці. Ен здаваўся нашмат старэйшым, амаль струхнелым. Але затое як некалі вочы яго глядзелі вечна з трывогай і злосцю, а чуйнае аблічча яго адбівала даўней вечны непакой і няпэўнасць, так цяпер твар быў збалелы, але такі добры і заспакоены, які бывае ў людзей ці хто спіць, ці што памерлі. Можа надзеі яму дадаваў успамін аб прайдзісвеце на крыжы, якому Хрыстос прабачыў, а можа сам у душы гаварыў міласэрнаму Богу.  “Божа, я кусаў, як атрутны павук, але я быў затое усе жыцце бедаком, ведаў, што такое голад, людзі тапталіся па мне, білі мяне і здзекваліся з мяне. Я быў, Божа, бедны і вельмі няшчасны, а вось цяпер яшчэ мяне паклалі на пакуты і прыбілі да крыжа, дык можа Ты, Літасцівы, не адштурхнеш мяне ў часіну маей смерці!” І спакой відавочна сыйшоў у яго збалелае сэрца. Ніхто не смяяўся, бо было ў гэтым укрыжаваным штосьці такое невыказальнае, і ен здаваўся такім старым, безабаронным, слабым, так выразна просячы сваей пакорлівасцю аб літасці, што міжвольна кожны задаваў сабе пытанне, як можна здзеквацца і прыбіваць да крыжа людзей, якія ўжо і так пры смерці.Публіка маўчала. Сярод аўгустыянаў Вестынус, схіляючыся направа і налева, шаптаў спужаным голасам: “Глядзіце, як яны паміраюць!” Іншыя чакалі мядзведзя, жадаючы ў душы, каб відовішча скончылася як мага хутчэй. Мядзведзь ўкаціўся на арэну і, матляючы нізка нахіленай галавою з боку ў бок, пазіраў навокал з-пад ілба, нібы заўважыў нарэшце крыж, а на ім – аголенае цела, таму падыйшоў да яго, нават узняўся, але праз хвіліну апусціўся зноў на пярэднія лапы і сеў пад крыжам ды пачаў бурчэць, нібы ў яго сэрцы звера абудзілася літасць да гэтых чалавечых мошчаў. З вуснаў службы црку пачуліся падганяючыя яго вокрыкі, але публіка маўчала.Хілон тымчасам узняў свабодным рухам галаву і нейкі час паводзіў позіркам па радах гледачоў.Нарэшце погляд яго затрымаўся дзесьці на самых высокіх радах амфітэатру, грудзі сталі ўздымацца з большай сілай і ў гэты час адбылося штосьці, што прывяло да здзіўлення і неразумення сярод гледачоў.Вось яго твар раз’ясніўся ад усмешкі, лоб абкружылі нібы промні, позірк узняўся перад апошняй хвілінай, а праз секунды дзве вялікія слязіны скаціліся па яго твары. І ен памер. І тады нечы гучны мужчынскі голас пачуўся з верхніх радоў, з-пад веларыума: - Спакой пакутнікам!
У амфітэатры ж запанавала глухое маўчанне.

Раздзел 62 QUO VADIS? Г.Сенкевіч

Змрок яшчэ не апусціўся на горад, калі першыя хвалі публікі пачалі напаўняць сады імператара. Натоўпы, апранутыя па-святочнаму, з вянцамі, цікаўныя і спяваючыя, часткова п’яныя ішлі паглядзець на новае, дасюль нябачанае відовішча.Вокрыкі: “Семаксіі! Сарментыцыі!”чуліся на Віа Тэкта, на мосце Эмілія і з другога берага Тыбра, на Трыумфальнай дарозе, каля цырку Нярона і аж да Ватыканскага пагорка. Праўда, бачылі ўжо і раней ў Рыме людзей, якіх палілі на слупах, але ніколі дасюль не бачылі такой колькасці асуджаных. Цэзар і Тыгелін хацелі скончыць з хрысціянамі і разам з тым прадухіліць заразу, якая з турмаў разыходзілася ўсе больш па гораду, загадалі апаражніць усе падзем’і, так што засталося ў тых хіба некалькі дзесяткаў людзей, пакінутых на канец відовішча.Таму натоўпы, якія ўваходзілі праз брамы садоў, нямелі ад здзіўлення. Усе алеі, галоўныя і прылеглыя да іх, што праходзілі сярод дрэваў, вакол лужкоў, астраўкоў, парослых кустарнікамі, ставочкаў, сажалак і кветнікаў, былі пазастаўляныя смалянымі слупамі, да якіх і папрывязвалі хрысціян.З вышэйшых месцаў можна было бачыць цэлыя шэрагі колля і цел, уквечаных, у лістоце мірту і плюшчу, якія цягнуліся ўглыб па ўзвышшах і нізінах так далека, што калі бліжэйшыя здаваліся карабельнымі мачтамі, то далейшыя бачыліся каляровымі паўтыканымі ў зямлю тырсамі ці дзідамі. Мноства іх пераўзышло чаканні публікі.Можна было падумаць, што цалкам пэўны народ папрывязвалі да слупоў на ўцеху Рыму і мператару. Натоўпы гледачоў затрымліваліся ў асобных месцах, гледзячы, наколькі вялікай была зацікаўленасць у той ці іншай постаці, узросце ці паставе ахвяры, разглядалі твары, вянцы, гірлянды з плюшчу, пасля ішлі далей і далей, задаючы сабе пэўныя пытанні:” Ці магло быць столькі вінаватых ды як маглі падпаліць Рым дзеці, якія ледзь здольныя былі самі хадзіць?” І незразумеласць ператваралася ў непакой. Тымчасам апусціўся змрок, і на небе заблішчалі першыя зоркі. У гэты час каля кожнага асуджанага стаяў нявольнік з палаючай паходняй у руцэ, а калі рэха труб разнеслася па ўсіх частках садоў як азнака пачатку відовішчаў, усе нявольнікі паўкладалі полымя да слупоў. Уквечаная і палітая смалой салома занялася светлым полымем, якое, узнімаючыся з кожнай хвілінай, раскручвала завіткі плюшча, узбіралася да верху і ахоплівала ўжо ногі ахвяр. Публіка сціхла, сады ж агучыліся адзіным вялікім стогнам і крыкамі ад болю.Некаторя ахвяры, узнімаючы погляды да зорнага неба, пачалі спяваць у гонар Хрыста.Народ слухаў.Але самыя чэрствыя сэрцы напоўніліся страхам, калі з меншых слупоў пачуліся дзіцячыя, поўныя жудасці, крыкі: “Мама! Мама!”, - і дрыжыкі працялі нават п’яных гледачоў  ад выгляду гэтых галовак і бязвінных твараў, перакрыўленых ад болю ці самлелых ад дыму, які ўжо пачаў душыць ахвяр.А полымя ішло ўгару і паліла ўсе новыя вянцы ружаў і плюшчу.Разгараліся алеі галоўныя і прылеглыя, гарэлі дрэвы, якія раслі блізка, і лужкі, і квяцістыя палеткі, заблішчала ад водбліскаў полымя вада ў сажалках і ставочках, паружавелі дрыготкія лісты на дрэвах і стала бачна як удзень.Смурод ад спаленых целаў напоўніў сады, але ў гэты час нявольнікі пачалі сыпаць ў прыгатаваныя наўмысна між слупоў кадзільніцы міру і алоэ.Сярод людзей пачуліся тут і там вокрыкі, невядома ці то спачування, ці то задавальнення і радасці, і гук іх узрастаў з кожнай хвілінай разам з агнем, які ахопліваў слупы, дасягаў ужо грудзей ахвяр, скручваў гарачым подыхам валасы на іх галовах, кідаў цені на іх і так пачарнелыя твары і ўрэшце выбухаў яшчэ вышэй, нібы ў падтрымку перамогі і трыумфу той сілы, якая загадала яго раскласці.
 Але яшчэ на пачатку відовішча з’явіўся імператар на раскошнай цыркавой квадрызе, запрэжанай чатырма белымі коньмі..За ім ехалі іншыя вазы, напоўненыя дваранамі ў прыгожых строях, сенатарамі, капланамі і аголенымі ваганткамі з вянцамі на галовах і жбанамі віна ў руках, часткова п’яных і выгукваючых дзікія вокрыкі.Побач з імі  былі музыкі, прыбраныя як фаўны і сатыры, якія ігралі на цытрах, фармінгах, пішчалках і ражках.На іншых вазах ехалі матроны і рымскія дзявіцы, таксама напалову аголеныя і паўп’яныя. Каля квадрыг скакуны трэслі прыбранымі ў стужкі тырсамі, іншыя білі ў бубны, астатнія пасыпалі кветкі.Уся гэта размаітая світа рухалася і крычала “Эвоэ!” па найшырэйшай  садовай дарозе сярод дыму і чалавечых паходняў.Цэзар, трымаючы каля сябе Тыгеліна і Хілона, страхам якога хацеў пацешыцца, сам кіраваў коньмі і ехаў не спяшаючыся, пазіраючы на палаючыя целы і слухаючы вокрыкі публікі.Стоячы на высокай залатой квадрызе, абкружаны жывой хваляй людзей, якая кланялася яму ў ногі, у водблісках агню, з залатым вянцом цыркавога пераможцы, ен быў вышэй за галовы дваран, усей публікі і здаваўся веліканам. Яго непрыгожыя рукі , якія ен высцягваў, трымаючы лейцы, здавалася, благаслаўлялі народ.На твары і ў прыплюшчаных вачах яго была ўсмешка.Ен свяціў над людзьмі, як сонца ці як страшнае баство, але прыгожае і моцнае. Часам ен спыняўся, каб прыгледзецца лепш ці то да якой дзявіцы, лона якой пачынала сквырчэць у полымі ці да перакошанага сутаргамі твару дзіцяці, і зноў ехаў далей, ведучы за сабой шаленую і гучную світу. Часам ен кланяўся народу, пасля зноў, прагінаючыся назад, кранаў залатыя лейцы і размаўляў з Тыгелінам. Нарэшце ен даехаў да вялікага фантану, які быў пасярэдзіне скрыжавання дзвюх вулак, сыйшоў з квадрыгі і пакінуў таварышаў, растварыўшыся ў натоўпе. Яго віталі крыкам і воплескамі.Ваганткі, німфы, сенатары, аўгустыяне, фаўны, сатыры і воіны абкружылі яго тут жа  шаленым колам, ен жа з аднаго боку з Тыгелінам, з другога – з Хілонам, абыходзіў фантан, навокал якога палала некалькі дзесяткаў паходняў, і ен затрымліваўся перад кожнай, назіраючы за ахвярамі ці пасмейваючыся са старога грэка, на твары якога адбівалася непамерная роспач. Нарэшце яны спыніліся перад высокім слупам, прыбраным міртам і абкручаным віючыміся раслінамі.Чырвоныя языкі агню даходзілі тут ужо да кален ахвяры, але твару яго немагчыма было распазнаць, бо жывыя палаючыя галінкі засланілі яго дымам.Праз хвіліну аднак вецер развеяў дым, і стала бачна галава старога з сівой па грудзі барадою.Ад гэтага выгляду Хілон скруціўся раптам у клубок, як параненая змяя, з вуснаў жа яго пачуўся крык хутчэй падобны да каркання:
- Глаўк! Глаўк!
 І сапраўды з палаючага слупа на яго пазіраў  лекар Глаўк. Ен яшчэ быў жывы. Твар быў збалелы і нахілены так, нібы ен хацеў у апошні раз паглядзець на свайго ката, які яго і прадаў, і пазбавіў жонкі, дзяцей, наслаў на яго забойцу, а калі гэта ўсе адпусцілі яму ў імя Хрыста, яшчэ раз аддаў яго ў рукі катуючых. Ніколі чалавек не рабіў іншаму страшнейшых і больш крывавых крыўд. І вось ахвяра палала цяпер на прасмоленым слупе, а кат стаяў ля яе ног. Глаўк не зводзіў вачэй з твару грэка. Часам  засцілаў яго вочы дым, але калі дуў вецер, Хілон зноў бачыў скіраваны на яго позірк. Ен узняўся і хацеў уцячы, але не мог. Раптам яму здалося, што ногі яго пасталі алавяннымі, і што нейкая нябачная рука ўтрымлівае яго з нечалавечай сілай каля гэтага слупа. І ен нібы скамянеў. Адчуваў толькі, як нешта яго перапаўняе, нешта ірвецца, што досыць яму пакутаў і крыві, што надыходзіць канец жыцця і што ўсе навокал знікае: і цэзар, і яго двор, і натоўпы , і абкружае яго нейкая бяздонная страшная і чорная пустка, у ей жа бачны толькі гэтыя вочы пакутніка, якія выклікаюць яго, Хілона, на суд. А Глаўк схіляў усе ніжэй галаву і ўсе пазіраў.Прысутныя здагадаліся, што паміж гэтымі людзьмі штосьці адбываецца, але смех не сарваўся з  іх вуснаў, бо ў выразе твару Хілона было штосьці страшнае: працяла яго такой трывогай і такім болем, нібыта гэтыя языкі полымя палілі яго ўласнае цела. Раптам ен захістаўся і прасцягваючы рукі ўгару закрычаў страшна і пранізліва:
 - Глаўк! У імя Хрыста! Прабач!
 Навокал усе сціхла: дрыжыкі прабеглі па спінах прысутных, і ўсе позіркі мімаволі ўзняліся ўверх. А галава пакутніка злегку зварухнулася, пасля чаго з самага верху слупа пачуўся падобны да стогну гук:
 “Прабачаю!..”
Хілон упаў тварам на зямлю, выючы, як дзікі звер, і набраўшы зямлю ў абедзве прыгаршчы, пасыпаў ею сваю галаву. Тымчасам полымя выбухнула ўверх, ахапіла грудзі і твар Глаўка, - расплялася міртавая карона на яго галлаве, - і ўзнялося да канца слупа, які цалкам засвяціўся вялізным яркім полымем. Але Хілон  узняўся праз момант з тварам настолькі змененым, што аўгустыянам здалося, нібы яны бачаць іншага чалавека.Позірк яго гарэў нязвыклым святлом, зморшчкі на ілбе расправіліся, і недалужны хвілінай раней грэк цяпер выглядаў, як нейкі жрэц, які убачыў баство і які хоча адкрыць невядомыя ісціны.
- Што з ім? Ен сшалеў! – пачулася некалькі галасоў.Ён жа павярнуўся да натоўпа і высцягнуў уверх правую руку ды пачаў крычаць так моцна, каб не толькі аўгустыяне, але і ўсе прысутныя маглі пачуць яго голас:
 - Народ Рыма! Прысягаю сваей смерцю, што гінуць бязвінныя, а падпальшчык – вось гэты!..
І ен паказаў пальцам на Нярона.Настала хвіліна цішы.Двор здранцвеў.
Хілон стаяў доўга з высцягнутай дрыжачай рукой, паказваючы пальцам на імператара.Раптам усе заварушыліся.Народ, як хваля, якую гоніць раптоўная бура, кінуўся да старога, хочучы яго лепш бачыць. Тут і там пачуліся крыкі: “Трымай!”, а дзесьці: “Гора нам!” У тлуме пачуліся свіст і крыкі: “Вогнебароды! Матказабойца! Падпальшчык!”
Бязладдзе расло з кожнай хвілінай.Вакханкі, лямантуючы, сталі хавацца на вазах. Раптам некалькі спаленых слупоў перавярнулася, рассыпаючы навокал іскры і павялічваючы перапалох. Сляпая густая хваля народу падхапіла Хілона і панесла яго углыб саду. Паўсюдна слупы пачалі перагараць і падаць папярок дарог, напаўняючы алеі дымам, іскрамі, непрыемнымі пахамі згарэлых дрэў і людскога тлушчу.Згасалі агні далей і бліжэй. У садах пацямнела. Натоўпы занепакоіліся, пасумнелі і ўстрывожыліся ды пачалі праціскацца да брамаў.Звестка аб тым, што адбылося, перадавалася з вуснаў у вусны, змененая і перабольшаная.Адны расказвалі, што імператар самлеў, іншыя – што сам прызнаўся пра ўласны загад падпаліць Рым, трэція – што ен цяжка захварэў, іншыя ўрэшце, што яго вывезлі мертвага на возе. Тут і там чуліся словы спачуванняў хрысціянам: “Не яны спалілі Рым, дык навошта ж столькі крыві, пакут і несправядлівасці? Ці богі не будуць помсціць за нявінных і якія ж ахвяры здолеюць іх зноў улагодзіць?” Словы “іноксіа корпора!” – усе часцей паўтараліся. Жанчыны лямантавалі ўголас над дзецьмі, якіх столькі кінулі дзікім жывелам; папрыбівалі да крыжоў і спалілі ў гэтых праклятых садах! І нарэшце лямант змяніўся на праклены імператару і Тыгеліну.Але былі  і такія, якія раптам спыняліся, задавалі сабе ці іншым пытанні:” Што ж гэта за баство, якое дае такую сілу, нягледзячы на пакуту і смерць?” І яны вярталіся дадому задумлівыя.Хілон яшчэ доўга блукаў па садах, не ведаючы, куды ісці і  не разбіраючы дарогі. Цяпер ен ізноў адчуў сябе нямоглым, хворым, няшчасным старым. Ен спатыкаўся аб недагарэлыя целы, наступаў на галаўні, якія выбухвалі яму ўслед россыпам іскраў, а то ўсаджваўся і глядзеў навокал пустым позіркам. У садах стала амаль зусім цемна – толькі між дрэваў плыў бледны месяц, асвятляючы смутным святлом алеі ды яшчэ абвугленыяя і паваленыя слупы і чарнеючыя бясформеннымі грудамі трупы. Старому грэку здавалася, быццам на месяцы ен бачыць твар Глаўка, быццам вочы Глаўка ўсе глядзяць і глядзяць на яго, і ен намагаўся схавацца ад месяцовага святла. Нарэшце ен усе ж выйшаў з ценю і міжвольна падганяемы нейкай таямнічай сілаю, накіраваўся да фантана, дзе сканаў Глаўк. Раптам нечая рука дакранулася да яго пляча. Стары павярнуўся і, бачачы перад сабой незнаемую постаць, закрычаў са страхам у голасе:
 - Хто гэта? Хто ты?
 – Апостал Павел з Тарсу.
 – Я пракляты! Чаго ты хочаш ад мяне?
 А апостал адказаў: - Хачу цябе выратаваць.
 Хілон абаперся на дрэва. Ногі хісталіся пад ім, і рукі павіслі уздоўж цела.
 – Для мяне няма збаўлення! – сказаў ен глуха.
 – Ці не чуў ты, што Бог прабачыў пакаяўшамуся на крыжы прайдзісвету? – спытаў Павел.
 – Ці ты не ведаеш, што я нарабіў?
 – Я бачыў твой боль і чуў, што ты засведчыў праўду.
 - О, высакародны!..
 – І калі слуга Хрыста прабачыў цябе ў час пакуты і смерці, няўжо ж бы Хрыстос не прабачыў?
 А Хілон абхапіў рукамі галаву, як вар’ят:
 - Прабачэнне! Для мяне прабачэнне!
 – Бог наш – гэта Бог міласэрнасці, - адказаў Апостал.
 – І для мяне? – паўтарыў Хілон. І застагнаў, як чалавек, якому не хапае сіл, каб перамагчы боль і пакуту. Павел жа прамовіў:
- Трымайся за мяне і пойдзем!
 І падтрымліваючы Хілона, рушыў крыжаванымі вуліцамі, кіруючыся рэхам ад фантану, які здавалася, плакаў сярод начной цішы над целамі замучаных.
- Бог наш – гэта Бог міласэрнасці – паўтарыў Апостал. – Калі б ты стаяў ля мора і кідаў у яго камні, ці мог бы ты закідаць імі глыбіню мора? А я кажу табе, што міласэрнасцьХрыста – як мора, і што грахі нашы і віна людская патанаюць у ім, як каменне ў бездані. І я кажу табе, што яна, як неба, якое пакрывае горы, зямлю і моры, бо есць усюды і не мае межаў і таму – бясконцая. Ты пакутаваў ля слупа з Глаўкам, і Хрыстос бачыў твае пакуты. Ты сказаў, не зважаючы на тое, што цябе заўтра можа напаткаць: “Вось гэты – падпальшчык.”, і Хрыстос запомніў твае словы.Бо мінула твая злосць і падман, а ў сэрцы застаўся адно балючы жаль...пойдзем са мной, і паслухай, што я табе скажу: я таксама ненавідзеў Яго і праследаваў Яго абраных. Я не хацеў, каб Ен быў, і не верыў у Яго, пакуль Ен не з’явіўся перада мной і не паклікаў мяне.І з таго часу Ен – Любоў для мяне. А цяпер цябе Ен наведаў згрызотамі, трывогай і болем, каб цябе паклікаць да сябе.Ты Яго ненавідзеў, а Ен любіў цябе. Ты аддаваў на пакуты Яго вернікаў, а ен хоча табе прабачыць і выратаваць цябе.
 Грудзі бедалагі пачалі трэсціся ад вялікага рыдання, ад якога разрывалася да самага дна душа , а Павел абдымаў яго, супакойваў і веў, як воін вядзе палоннага. А праз хвіліну ізноў загаварыў:
 - Пойдзем са мной, і я цябе павяду да Яго. Па іншай прычыне хіба я прыйшоў бы да цябе? Але ен загадаў мне збіраць душы чалавечыя у імя міласэрнасці, таму я выконваю волю яго.Ты думаеш, што пракляты, а я табе кажу: павер у Яго, і цябе чакае збаўленне.Ты думаеш, што Ен цябе ненавідзіць, а я табе паўтараю, што Ен любіць цябе.Глядзі на мяне! Калі я не меў Яго у душы, то нічога не меў, апрача злосці, якая жыла ў маім сэрцы, а цяпер Яго любові мне хапае больш за бацькоўскай, больш за багацці і за цараванне.У Ім адным выйсце, ен адзіны ўлічыць твой жаль, паспачувае тваей беднасці, суніме твае трывогі і узніме цябе да Сябе.
 Так гаворачы, Павел прывеў Хілона да фантана, сярэбраны струмень якога пабліскваў здаля ў месяцовым святле. Навокал было ціха і пуста, бо нявольніцкая служба ўжо пазабірала адусюль абвугленыя слупы і целы пакутнікаў. Хілон кінуўся са стогнам на калены і схаваўшы твар ў далонях, заставаўся нерухомы. Павел жа звярнуў позірк да зорак і пачаў маліцца.
 – Божа, паглядзі на гэтага бедака, на яго жаль, на слезы і пакуту! Божа міласэрны, які праліў кроў сваю за грахі нашы, тваей пакутай, смерцю і ўваскрасеннем адпусці яго грахі!
 Пасля ен замоўк, але доўга яшчэ глядзеў на зоркі і маліўся. А ў гэты час дзесьці ля яго ног пачулася падобная да стогну просьба:
 - Хрысце! Хрысце! Адпусці мае грахі!
 Тады Павел падыйшоў да фантана і, набраўшы вады ў прыгаршчы, вярнуўся да ўкленчыўшага старога:
 - Хілоне! Я хрышчу цябе ў імя Бацькі і Сына, і Духа Святога! Амінь!
 Хілон узняў твар, раскінуў рукі і заставаўся так нерухома.Месяц авсятляў поўняй яго ссівелыя валасы і такі ж белы, нерухомы, нібы выкуты з каменю твар.
 Хвіліны ішлі адна за адной, з вялікіх птушарняў, змешчаных у садах Даміцыі, пачаў даносіцца спеў пеўняў, а Хілон яшчэ стаяў на каленах, падобны да надмагільнай статуі. Нарэшце ен схамянуўся, устаў і звярнуўся да апостала:
- Што я павінен рабіць перад смерцю?
 Павел таксама выйшаў з задумлівасці ад той непамернай сілы, якой не маглі супроцьстаяць нават такія душы, як у гэтага грэка, і сказаў:
 - Веруй і засведчы ісціну!
 Пасля яны выйшлі разам. Каля брамаў саду апостал Павел блаславіў яшчэ раз старога і яны разыйшліся, бо хацеў гэтага сам Хілон, таму што прадбачыў, што пасля таго, што адбылося, імператар і Тыгелін загадаюць яго пакараць. І не памыліўся. Вярнуўшыся да сябе, ен застаў дом абкружаны прэтарыянцамі, якія схапілі яго і пад начэльніцтвам Сцэвінуса завялі на Палатын. Цэзар падаўся было на адпачынак, але Тыгелін чакаў, і калі ўбачыў няшчаснага грэка, то прывітаў яго са спакойным, але поўным помсты выразам твару.
 – Ты папоўніў злачынствы абразы маестату, - сказаў ен, - і кара цябе не абміне. Але калі заўтра ты засведчыш у амфітэатры, што быў п’яны і звар’яцеў і што падпальшчыкі – хрысціяне, карай табе будуць розкі і выгнанне.
 – Я не змагу, высакародны! – ціха адказаў Хілон.
 А Тыгелін падыйшоў да яго павольным крокам і голасам таксама прыцішаным спытаў:
 - Як гэта ты не зможаш, грэцкі сабака? Хіба ты не быў п’яны і хіба не разумеш, што цябе чакае? Паглядзі туды!І сказаўшы гэта, ен паказаў на кут атрыя, у якім побач з доўгай драўлянай лавай стаяла ў мроку чацвера нерухомых нявольнікаў тракскіх з вяроўкамі і абцугамі ў руках. А Хілон адказаў:
 - Я не змагу, высакародны!
 Тыгеліна пачаў ахопліваць гнеў. Але ен яшчэ стрымліваў сябе.
 – Ты бачыў, спытаў ен, - як паміраюць хрысціяне? І ты так хочаш?
 Стары ўзняў збялелы твар, нейкі час яго вусны ціха варушыліся, пасля ен адказаў:
 - І я веру ў Хрыста!
 Тыгелін паглядзеў на яго са здзіўленнем:
 - Сабака, ты напэўна сапраўды звар’яцеў!
 І раптам нарастаючы ў яго сэрцы гнеў сарваў замок. Скочыў да Хілона і схапіў яго абедзвюмя рукамі за бараду, паваліў на зямлю і пачаў таптацца па ім, паўтараючы ўжо з пенай на вуснах:
 - Ты адмовішся ад сваіх слоў! Адмовішся!
 – Я не змагу! – адказаў яму з зямлі Хілон.
 – На пакуты яго!
 Пачуўшы гэты загад тракійцы схапілі старога і паклалі яго на лаву, пасля прывязалі яго да яе вяроўкамі, пачалі абцугамі сціскаць яго схуднелыя бедры. Але ен падчас , калі яго прывязвалі, цалаваў з пакорай іх рукі, потым заплюшчыў вочы і здавалася нібы памер. Аднак ен быў жывы, бо калі Тыгелін схіліўся над ім і яшчэ раз спытаў: “Ты адмовішся?”, то яго збялелыя вусны злегку зварухнуліся і з іх сарваўся ледзь чутны шэпт: “Не.. змагу!...”
Тыгелін загадаў спыніць катаванне і стаў хадзіць па атрыю з тварам, перакошаным ад злосці, але не маючы выйсця. Урэшце відавочна яму прыйшла да галавы нейкая новая думка, бо ен загадаў тракам:

 - Вырваць яму язык!

Раздзел 61 QUO VADIS? Г.Сенкевіч

Тры дні ці, хутчэй, ночы нішто не парушала іх спакой. Калі звычайныя турэмныя справы, што складаліся ў адасабленні памерлых ад жывых і цяжкахворых і больш здаровых, скончыліся і калі стомленыя стражнікі клаліся спаць на калідорах, Вініцый ўваходзіў у падзем’е, дзе была Лігія і заставаўся ў ім датуль, пакуль святло не заглядвала праз краты вакна. Яна клала галаву на грудзі каханаму, і яны размаўлялі ціхімі галасамі аб каханні і смерці. Абое, мімаволі, у думках і размовах, нават у жаданнях і надзеях аддаляліся ўсе больш ад жыцця і страчвалі яго адчуванне. Абое былі , як людзі, якія адплылі на плоце ад зямлі, не бачаць ужо берагу і паглыбляюцца паціху ў бясконцасць. Абое ператварыліся ў сумных духаў, закаханых адзін у аднаго і ў Хрыста і гаовых адляцець. Часам толькі ў сэцы Вініцыя  адчуваўся яшчэ боль, як віхор, які раптам з’явіцца, як бліскавіца, надзея, народжаная каханнем і верай ў міласэрнасць Бога Раскрыжаванага, але кожны дзень ен усе больш адрываўся ад зямлі і аддаваўся смерці. Ранкам, калі ен выходзіў з турмы, то глядзеў на свет, на горад, на знаемцаў і на жыццевыя справы, як праз сон. Усе здавалася яму чужым, далекім, цякучым і знікаючым.Перастала яго страшыць нават пагроза пакут, бо ен адчуваў, што гэта рэч, праз якую можна прайсці ў задуменні, з позіркам, які бачыць нешта іншае, чым пакуты.Абоім падавалася, што іх ужо абкружае вечнасць. Яны размаўлялі аб каханні і аб тым, як будуць кахаць і жыць разам, але толькі па той бок смерці, і калі думкі іх яшчэ вярталіся да спраў зямных, то толькі як думка людзей, што рыхтуюцца да вялікага падарожжа, размаўляюць аб падрыхтоўцы да яго.Дарэчы, іх абкружала такая ціша, якая  атачае дзве калоны, якія стаяць дзесьці забытымі ў пустэльні. Яны хваляваліся толькі пра тое, каб Хрыстос іх не разлучыў, а паколькі кожная хвіліна дадавала ім такую ўпэўненасць, яны любілі яго, як звяно ланцужка, які павінен  іх злучыць у бясконцым шчасці і спакоі. На зямлю яшчэ ападаў з іх зямны прах. Душы сталі ў іх чыстыя, як слязіны. Пад пагрозай смерці, сярод нішчымніцы і пакут, на турэмнай падлозе пачалося для іх неба, бо калі яна кранала яго за руку, то вяла, нібы ўжо выбаўленая і святая, да вечных вытокаў жыцця.
 А Пятроній перажываў, бачачы ў твары Вініцыя ўсе большы спакой і нейкі дзіўны бляск, якога не бачыў раней. Часам нават ен у думках дапускаў, што Вініцый знайшоў нейкі шлях выратавання і яму было прыкра, што яго ў свае надзеі не пасвячае. Урэшце ен не вытрымаў і сказаў пляменніку:
 - Цяпер ты выглядаеш інакш, таму не рабі таямніцу для мяне, бо я хачу і магу табе дапамагаць: Ты што-небудзь прыдумаў?
 – Прыдумаў, - адказаў Вініцый,  - але ты не можаш мне дапамагаць.
 Пасля смерці Лігіі я адкрыю, што я хрысціян і пайду ўслед за ей.
 – Няўжо няма надзеі?
 – Канечне, ёсць. Хрыстос мне яе аддасць і я не разлучуся з ей ніколі.
 Пятроній стаў хадзіць па атрыю з выразам расчаравання і нецярплівасці ў твары, пасля чаго сказаў:
 - Для гэтага не трэба ваш Хрыстос, бо гэту ж паслугу табе можа аказаць і наш Танатас.
 А Вініцый сумна ўсміхнуўся і прамовіў:
 - Не, мой дарагі, але ты не хочаш гэтага зразумець.
 – І не хачу, і не магу, - адказаў Пятроній.- Не час казаць гэта, але памятаеш, што ты гаварыў, калі ў нас не атрымалася вызваліць яе з Туліянума? Я страціў усялякую надзею, а ты сказаў, калі мы вярнуліся дадому: “ А я веру, што Хрыстос можа мне яе вярнуць..”. Дык няхай жа ен табе яе верне. Калі я кіну каштоўную чару ў мора, то не патрапіць мне яе вярнуць ніводзін наш бог, але калі і ваш не лепшы, то я не ведаю, навошта мне яго паважаць больш, чым даўнейшых.
 – І ен усе ж мне яе верне, - адказаў Вініцый.
 Пятроній павеў плячыма.
 – Ты ведаеш, - спытаў ен, - што хрысціянамі заўтра будуць асвятляць сады імператара?
 – Заўтра?
 І ад блізкай страшнай рэчаіснасці сэрца закалацілася ў яго ад болю і страху. Ен падумаў, што гэта магчыма апошняя ноч, якую ен зможа правесці з Лігіяй, таму развітаўся з Пятроніем і хутка падаўся да наглядальніка путыкулаў па свой тэсэр. Але там яго чакала неспадзяванка, бо наглядальнік не хацеў аддаваць яму тэсэр.
 – Выбачай, высакародны, - сказаў ен, - я зрабіў для цябе, што мог, але я не магу гуляць са смерцю. Сення ноччу мы павінны выводзіць хрысціян у сады імператара. У турме будзе поўна салдат і іх начэльнікаў.Калі цябе пазнаюць, то загіну і я, і мае дзеці.Вініцый зразумеў, што  прасіць няма сэнсу. Бліснула яшчэ надзея, што салдаты, якія бачылі яго раней, пусцяць яго, быць можа, і без тэсэру, таму з надыходам ночы, апрануўшыся, як звычайна, у пахавальную туніку і абвязаўшы тканінай галаву, ен падаўся у турму.Але ў гэты дзень правяралі тэсэры з большай увагай, чым звычайна, і больш таго, сотнік, суровы і адданы душой і целам цэзару салдат, пазнаў Вініцыя. Але відавочна ў яго акутых ў жалеза грудзях яшчэ цяпліліся малыя іскры літасці да людской нядолі, бо замест таго каб ударыць па шчыце, б’ючы трывогу, ен адвеў Вініцыя ўбок і сказаў яму:
 - Выскародны, вяртайся дамоў! Я цябе пазнаў, але буду маўчаць, бо не хачу цябе загубіць. Прапусціць цябе я не магу, але ты вяртайся і няхай богі пашлюць табе спакой.
 – Прапусціць мяне не можаш, але тады дазволь мне тут застацца і бачыць тых, каго будуць выводзіць.
 – Мой загад не забараняе гэтага, - адказаў Сцэвінус.

 Вініцый стаяў ля брамы і чакаў, калі будуць выводзіць вязняў. Урэшце каля апоўначы расчыніліся шырока брамы турмы і паказаліся цэлыя шэрагі вязняў: мужчын, жанчын і дзяцей, абкружаныя ўзброенымі  атрадамі прэтарыянцаў.Ноч была вельмі светлая, пры гэтым была поўня, так што можна было адрозніць не толькі постаці, але і твары няшчасных вязняў. Яны ішлі парамі, доўгім і сумным шэрагам, у поўнай цішы, перарываемай толькі бразгатам салдацкай зброі.Вывелі іх столькі, што здавалася, нібы ўсе падзем’і засталіся пустыя. У канцы Вініцый убачыў Глаўка –лекара, але ані Лігіі, ані Урса не было сярод выведзеных.

Раздзел 60 QUO VADIS? Г. Сенкевіч

Ужо некалькі дзен Вініцый праводзіў ночы не ў доме. Пятроній ужо думаў, што ен можа зноў склаў нейкі новы план і працуе над вызваленнем Лігіі з Эсквілінскай турмы, і не хацеў яго ўжо ні аб чым пытаць, каб не сурочыць. Гэты вытанчаны скептык меў таксама пэўнае меркаванне наконт сябе, а менавіта ад часу, калі ен не патрапіў выратаваць дзяўчыну з Мамертынскага падзем’я, то перастаў верыць у сваю зорку. Не спадзяваўся і цяпер дарэчы на добры вынік намаганняў Вініцыя. Эсквілінская турма, утвораная на скорую руку з пограбаў дамоў, якія зруйнавалі, каб утварылася перашкода для пажару, не была папраўдзе такой страшнай, як старая Туліянум каля Капітолія, але была затое з нашмат большай аховай. Пятроній добра разумеў, што Лігію перанеслі туды толькі для таго, каб яна не памерла і не пазбегла амфітэтру, таму легка было здагадацца, што менавіта таму яе пільнуюць, як зрэнка вока.
 – Відавочна, - гаварыў ен сабе, - імператар разам з Тыгелінам пакідаюць яе для нейкага асаблівага, страшнешага за ўсе былыя, відовішча, і Вініцый хутчэй сам загіне, чым здолее яе вызваліць. Вініцый сам страціў ужо надзею на тое, што зможа яе вызваліць. Цяпер гэта мог зрабіць толькі Хрыстос. Маладому трыбуну цяпер патрэбна было толькі хаця б бачыцца з ею ў турме. Ад пэўнага часу яму не давала спакою думка, што Назарый жа змог трапіць у Мамертынскую турму як наемнік для вынасу трупаў, і ен вырашыў паспрабаваць пайсці гэтым шляхам. Падкуплены вялікай сумай страж Смуродных Ямін прыняў яго нарэшце ў склад сваей чэлядзі, якую штоноч пасылаў па целы у турмы. Небяспека, што Вініцый можа быць пазнаны, была істотна малая. Яго ахоўвалі: ноч, нявольніцкае адзенне і дрэннае асвятленне ў турмах. Каму дарэчы магло прыйсці да галавы, што патрыцый, унук і сын консулаў, мог знаходзіцца сярод чэлядзі грабарскай, якая жыве ў смуродзе турмаў і Смуродных Ямін, і не цураецца працы, да якой змушала людзей толькі няволя ці апошні парог нішчымніцы.Але ен, калі надыйшоў чаканы вечар, з радасцю абвязаў бедры і абкруціў галаву тканінай, прапітанай шкіпідарам, і з калоцячымся сэрцам падаўся разам з грамадою іншых да Эсквіліна. Стражнікі-прэтарыянцы прапускалі іх без цяжкасцей, бо ўсе былі занесены ў адпаведныя спісы, якія цэнтурыен пераглядаў пры святле ліхтара. Праз хвіліну вялікія жалезныя дзверы адчыніліся перад імі і яны зайшлі. Вініцый убачыў перад сабой шырокае скляпенне, з якога быў пераход да іншых. Няяркія каганкі асвятлялі гэты пограб, напоўнены людзьмі. Некаторыя з іх ляжалі ля сцен, паглыбленыя ў сон ці можа памерлыя.Іншыя абступалі вялікія емкасці з вадой, што стаялі пасярэдзіне, з якіх пілі як хворыя ліхаманкай, іншыя сядзелі на зямлі, абхапіўшы калены ці галовы, дзе-нідзе спалі дзеці, прытуліўшыся да сваіх маці.Навокал чуліся то стогны, то гучнае кароткае дыханне хворых, то плач, то малітоўны шэпт, то песні на паўголаса, то праклены наглядчыкаў. У падзем’і панаваў трупны смурод і таўканіна. У змрочнай глыбіні снавалі цемныя постаці, бліжэй жа пад міргатлівым святлом, бачныя былі твары збялелыя, спужаныя, асунутыя, згаладалыя, са згаслымі вачыма ці наадварот з палаючымі ад ліхаманкі, з пасінелымі уснамі, з пацёкамі поту на ілбах і пасклейванымі валасамі. У кутах абзываліся хворыя, хто прасіў вады, хто – смерці. Але гэта ўсе ж была менш страшная турма, чым стары Туліянум. У Вініцыя ногі затрэсліся ад выгляду гэтага ўсяго і ў грудзях пачало не хапаць паветра. Ад думкі, што Лігія знаходзіцца сярод гэтага жабрацтва і нядолі, валасы ўзняліся на яго галаве, а ў горле застыг крык роспачы. Амфітэатр, іклы дзікіх жывел, крыжы, - усе было лепш, чым гэтыя страшэнныя, поўныя трупнага смуроду падзем’і, дзе з усіх куткоў чуліся просьбы:
 - Вядзіце нас на смерць!
 Вініцый паўпіваў пазногці ў далоні, бо адчуваў, что слабее, страчвае прытомнасць амаль. Усё, праз што ен прайшоў да гэтага часу: і каханне, і боль ператварыліся ў ім у адно – жаданне памерці. Але тут побач пачуўся голас наглядчыка Смуродных Ямін:
 - А колькі сення ў вас памерлых?
 – З тузін будзе – адказаў стражнік турмы – Але зранку будзе больш, бо там ужо некаторыя ля сценаў канаюць.
І ен пачаў наракаць на жанчын, якія хаваюць памерлых дзяцей, каб даўжэй пабыць з імі і не аддаваць, пакуль гэта магчыма, на Смуродныя Яміны. Маўляў, трэба трупы пазнаваць толькі па смуроду, чаму і паветра тут, і так жахлівае, псуецца яшчэ больш.”Я хацеў бы лепш, - казаў ен, - быць нявольнікам у вяковым эргастуле, чым пільнаваць гэтых загніваючых пры жыцці сабак”.Надзіральнік з Ямін суцяшаў яго, сцвярджаючы, што яго служба не лягчэйшая. За гэты час да Вініцыя вярнулася пачуцце рэальнасці, і ен пачаў прыглядацца да падзем’я, дзе аднак дарэмна шукаў вачыма Лігію, думаючы пры гэтым, што можа яе ўвогуле не ўбачыць, пакуль яна яшчэ будзе жывая. Падзем’яў тут  некалькі дзесяткаў.Яны злучаны між сабой новымі пераходамі, грабары ж уваходзілі толькі ў тыя, з якіх трэба было забіраць целы памрлых. І яго ахапіў страх з-за таго, што пэўнасць, якая каштавала яму гэтулькі, можа і не спатрэбіцца і ні да чаго не прывядзе. На шчасце яго патрон прыйшоў яму на дапамогу.
 – Целы трэба хутчэй выносіць, бо зараза шырыцца найбольш з-за трупаў. Інакш паўміраеце і вы, і вязні.
 – На ўсе скляпенні нас усяго дзесяць, - адказаў  стражнік, - і мы павінны таксама спаць.
 – То я табе пакіну чатырох з маіх людзей, якія ўночы будуць хадзіць па скляпеннях і глядзець, дзе хто памер?
 – Мы вып’ем заўтра, калі ты зробіш так. Кожны труп няхай заносяць на праверку, бо прыйшлі загады, каб памерлым прабівалі шыі, а потым адразу – да Ямін.
 – Добра, значыць вып’ем, - азваўся надзіральнік.
 Пасля прызначыў чатырох чалавек, а сярод іх і Вініцыя, з астатнімі ж сабраўся складаць трупы на насілкі. Вініцый уздыхнуў. Ен быў упэўнены хаця б у тым, што цяпер знойдзе Лігію. І спачатку пачаў аглядаць старанна першае падзем’е. Заглянуў ва ўсе цемныя куткі, да якіх амаль не даходзіла святло каганка, агледзеў постаці людзей, якія спалі ля сцен, пад прыкрыццем рыззя, агледзеў найцяжэй хворых, якіх пасцягвалі ў асобны кут, аднак Лігіі нідзе не было. У другім і трэцім падзем’і яго пошукі засталіся без выніку. Тымчасам стала позна, целы вынеслі. Стражнікі паклаліся ў калідорах, якія злучалі падзем’і, паснулі, а дзеці, спакутаваныя плачам, замоўклі. Усюды чуваць было толькі дыханне са стомленых грудзей і дзе-нідзе – шэпт малітваў.Вініцый увайшоў з каганком у чацвертае па чарзе падзем’е, значна меншае, і, узняўшы святло ўгару, пачаў аглядацца. І раптам схамянуўся, бо яму здалося, што каля закратаванай у сцяне нішы ен заўважыў  вялізную постаць Урса.Тады ен задзьмухаў каганок, наблізіўся да яго і спытаў:
 - Урс, гэта ты?
 Асілак павярнуў галаву:
 - Хто ты?
 – Ты не пазнаеш мяне? – спытаў малады чалавек.
 – Ты згасіў святло, дык як жа я цябе пазнаю?
 Але ў гэты момант Вініцый убачыў Лігію. Яна ляжала на плашчы ля сцяны, таму не кажучы больш нічога, стаў каля яе на калены. Урс жа пазнаў яго і сказаў:
 - Хвала Ісусу, але не абуджай яе.
 Вініцый укленчыў і прыглядаўся да яе праз слезы. Нягледзячы на змрок, ен мог адрозніць яе твар, які падаўся яму белым, як алебастр і схуднелыя плечы. І агарнула яго каханне, падобнае на востры боль, што скаланае душу да самай глыбіні, і поўнае літасці, павагі і замілавання, так што ен упаў тварам да зямлі і стаў цалаваць бераг плашча, на якім спачывала гэтая даражэйшая за ўсё дзяўчына.Урс доўга пазіраў на яго моўчкі, нарэшце пацягнуў яго за туніку.
 – Высакародны, - спытаў ен, як ты тут і ці ты прыйшоў вызваліць яе?
 Вініцый узняўся і хвіліну яшчэ перамагаў узрушэнне:
 - Падкажы мне, як? – прамовіў ен.
 – Я думаў, ты знойдзеш, як, высакародны. Мне толькі адзін план прыходзіць на думку.
 Тут ен зірнуў на закратаваную нішу, пасля чаго нібы адказваючы сам сабе, азваўся:
 - Так!.. Але там салдаты...
 – Сотня прэтарыянцаў, - адказаў Вініцый. Таму- мы не пройдзем. Не!
Лігіец пацер лоб і зноў спытаў:
 - Як жа ты ўвайшоў?
- У мяне тэсэры ад надзіральніка Смуродных Ямін.
 І раптам ен схамянуўся, нібы некая думка прамільгнула ў яго галаве.
 – Клянуся пакутай Збавіцеля! – загаварыў ен хутка. – Я тут застануся, а яна няхай возьме мой тэсэр, няхай абкруціць галаву тканінай, акрые плечы плашчом і выйдзе. Сярод нявольнікаў-грабароў есць некалькі невысокіх хлапчукоў, таму прэтарыянцы яе не пазнаюць, а калі дабярэцца да дома Пятронія, той яе выратуе.
 Але лігіец апусціў галаву і адказаў:
 - Яна б не згадзілася на гэта, бо кахае цябе, а пры гэтым яна хварэе і сама стаяць на нагах не можа.
Праз хвіліну ен дадаў:
 - Калі ты, гаспадар, і высакародны Пятроній не змаглі яе з турмы вызваліць, то хто ж здолее яе выратаваць?
 – Адзін Хрыстос!..
Пасля чаго яны замоўклі абодва. Лігіец па простасці сваей думаў:”Ен бы мог амаль усіх выратаваць, але паколькі не робіць гэтага, то відаць прыйшоў час пакут і смерці.” І згаджаўся на яе для сябе, але шкада яму было да глыбіні душы гэтага дзіцяці, якое вырасла на яго руках і якое ен любіў больш за жыцце. Вініцый укленчыў зноў каля Лігіі. Праз закратаваную адтуліну прабраіся ў падзем’е промні месяца і асвятлілі яе лепш, чым любы каганок, які мігцеў яшчэ над дзвярыма. Тут Лігія расплюшчыла вочы і паклаўшы свае гарачыя далоні на рукі Вініцыя, сказала: - Я бачу цябе: я ведала, што ты прыйдзеш.
 Ен жа кінуўся да яе рук і пачаў прыкладваць іх да лба і сэрца, потым узняў яе з плашча і прытуліў да грудзей.
 – Я прыйшоў, мая дарагая, - сказаў ен. - Няхай цябе Хрыстос зберажэ і выратуе, о Лігія, каханая мая!..
 І ен не мог больш гаварыць, бо сэрца пачало плакаць у яго грудзях ад болю і любові, а з болем ен не хацеў перад ей паўстаць.
- Я хварэю, Марк, - адказала Лігія, - і ці на арэне, ці тут, у турме, я павінна памерці...Але я малілася, каб цябе перад гэтым яшчэ змагла ўбачыць, і ты прыйшоў: Хрыстос мяне пачуў!
 А паколькі ен яшчэ не мог вымавіць ані слова і толькі прыціскаў яе да грудзей, яна працягвала:
 - Я бачыла цябе праз вакно з Туліянума – і ведала, што ты хацеў прыйсці. А цяпер Збавіцель даў мне хвіліну прытомнасці, каб мы маглі развітацца. Я ўжо іду да Яго, Марк, але кахаю цябе і заўседы буду кахаць.
Вініцый перамог сябе, заглушыў у сабе боль і загаварыў голасам, які стараўся зрабіць спакойным:
 - Не, мая дарагая! Ты не памрэш. Апостал наказваў верыць і абяцаў маліцца за цябе, а ен ведаў Хрыста, Хрыстос яго любіў і ні ў чым яму не адмовіць... Калі б ты павінна была памерці, Пётр не казаў бы мне верыць, а ен сказаў мне: “ Веруй!” Не, Лігія! Хрыстос будзе літасцівы да мяне... ен не хоча тваей смерці, ен яе не дапусціць!.. Я клянуся табе імем Збавіцеля, што Пётр моліцца за цябе!
Настала ціша. Адзіны каганок, што  вісеў над дзвярыма, згас, але затое святло месяца праходзіла праз усю адтуліну. У куце насупраць заплакала дзіця і сціхла. Звонку толькі даходзілі галасы прэтарыянцаў, якія пасля сваёй чаргі стражы гулялі ля сцяны ў скрыптэ дуодэцым.
 – О, Марк, - азвалася Лігія, - Хрыстос сам крычаў бацьку свайму: “Пранясі паўз мяне гэты келіх горычы”, і той выканаў гэта. Хрыстос сам памёр на крыжы, а цяпер гінуць за Яго тысячы, дык навошта ж мяне, адну, ен павінен ратаваць?Хто я такая, Марк? Я чула, як Пётр гаварыў, што і ен памрэ ў пакутах, а хто я ў параўнанні з ім? Калі да нас прыйшлі прэтарыянцы, я баялася смерці і пакуты, але цяпер я ўжо не баюся. Паглядзі, якая гэта страшная турма, а я іду да неба. Падумай, што тут імператар, а там – Збавіцель, добры і міласэрны. І няма смерці. Ты мяне кахаеш. Таму падумай, якая я буду шчаслівая! О Марк, дарагі мой, падумай, што там ты прыйдзеш  да мяне. Тут яна змоўкла, каб набраць паветра ў свае хворыя грудзі, пасля паднесла да вуснаў руку:
- Марк!
 – Што , мая дарагаая?
 – Не плач па мне і памятай, што там мы сустрэнемся. Я мала жыла, але Бог даў мне тваю душу. Таму я хачу сказаць Хрысту, што хаця я і памерла і хоць ты і глядзеў на смерць маю,і хоць застаўся ў жалобе, аднак не блюзнерыў супраць Яго волі і любіў Яго заўседы. А ты будзеш Яго любіць і перанясеш цярпліва маю смерць? Бо тады Ен нас злучыць, а я цябе кахаю і хачу быць з табою...
 І ей зноў не хапіла паветра і ледзьве чутным голасам яна закончыла:
- Паабяцай мне гэта, Марк!
 Вініцый абняў яе дрыжачымі рукмаі і адказаў:
- Клянуся тваей святой галавой, - абяцаю!
 У гэты момант у смутным святле месяца праясніўся яе твар. Яна яшчэ паднесла да вуснаў яго руку і прашаптала:
 - Я – твая жонка!...

За мурам прэтарыянцы, якія гулялі ў скрыптэ дуодэцым, пачалі грамчэй спрачацца, але яны забыліся пра турму, пра стражнікаў, пра ўсю зямлю і, адчуваючы анёльскія душы адзін у аднаго, пачалі маліцца.

Раздзел 59 QUO VADIS? Г.Сенкевіч

-          Высакародны, - сказаў Хілон, - цяпер мора, як масла з алівы, і хвалі, здаецца, спяць...паехалі у Ахаю. Там чакае цябе цябе слава Апалона, там чакаюць цябе вянцы, трыумфы, там людзі цябе абагаўляюць, а богі прымаюць, як роўнага сабе госця, тут жа, высакародны...
 І спыніўся, бо ніжняя губа пачала ў яго трэсціся так моцна, што яго словы перайшлі ў незразумелыя гукі.
 – Мы паедзем пасля заканчэння відовішчаў, - адказаў Нярон. – Я ведаю, што і так ужо некаторыя называюць хрысціян інноксіа коппара. Калі б я ад’ехаў, пачалі б паўтараць гэта ўсе. Чаго ты баішся, старэча?
Сказаўшы гэта, наморшчыў лоб, але стаў пазіраць на Хілона з запытаннем у позірку, нібы чакаў ад таго патлумачэнняў, бо толькі здаваўся халоднакроўным. На апошнім сваім прадстаўленні ен сам спужаўся слоў Крыспа і вярнуўся дадому і не мог заснуць ад узрушэння і сораму, але разам з тым і ад страху. Тады мысляр Вестынус, які слухаў у маўчанні іх размовы, агледзеўся і сказаў таямнічым голасам:
 - Слухай, высакародны, гэтага старога: у гэтых хрысціянах есць нешта дзіўнае...Іх баство дае ім смерць легкую, але можа быць помслівым.
 На гэта Нярон хутка адказаў: - Гэта не я ўчыняю відовішчы. Гэта Тыгелін.
 – Так! Гэта я, - адказаў Тыгелін, які пачуў словы імператара. – Гэта я, і пры гэтым смяюся з усіх багоў хрысціянскіх. Вестынус, высакародны, гэта бурбалка, надзьмутая чуткамі, а гэты баявы грэк гатовы памерці са страху ад выгляду квактухі, якая распускае пер’е, абараняючы куранят.
 – Гэта добра, сказаў Нярон, але  загадай ад гэтага часу хрысціянам адразаць языкі. Ці затыкаць раты.
 – Заткне іх ім агонь, о боскі!
 – Гора мне! – заенчыў Хілон.
 Але цэзар, якому упэўненасць у сабе Тыгеліна дадала адвагі, пачаў смяяца і казаў, паказваючы на старога грэка:
 - Паглядзіце, як выглядае нашчадак Ахілеса!
 Сапраўды, Хілон выглядаў страшна. Рэшткі валасоў на яго галаве зусім збялелі, а на твары застыгнуў выраз нейкага непамернага непакою, трывогі і прыгнечанасці. Здаваўся часам нібы ачмурэлым і напаўпрытомным. Часта не адказваў на пытанні, часам зноў гневаўся і станавіўся зухаватым, так што аўгустыяне абіралі за лепшае не чапаць яго. Такая хвіліна прыйшла да яго і зараз.
 – Рабіце са мной, што хочаце, а я на відовішча не пайду!- закрычаў ен роспачна, шчоўкаючы пальцамі.
Нярон паглядаў на яго з хвіліну і звярнуўся да Тыгеліна:
 – Ты будзеш адказваць, каб у садах гэты стоік быў побач са мной. Я хачу бачыць, якія ўражанні зробяць на яго нашы вылазкі.
 Хілон. спужаўся пагрозы, што так і кіравала голасам імператара.
 – О боскі, - сказаў ен. Я нічога не ўбачу, бо я не бачу ўночы.
 А імператар адказаў са страшнай усмешкай:
 – Ноч будзе светлай, як дзень.
Пасля ен звярнуўся да іншых аўгустыянаў, з якімі пачаў размову аб гонках, якія хацеў ўладзіць пад канец відовішчаў. Да Хілона падыйшоў Пятроній і пляснуў яго па плячы:
 - Ці я не казаў табе? Ты не вытрымаеш.
Той жа адказаў: - Я хачу напіцца...
І працягнуў руку па келіх з віном, але не мог яго данесці да вуснаў, бо, бачачы гэта, Вестынус адабраў у яго келіх, потым жа наблізіўся і спытаў з выразам твару зацікаўленым і баязлівым:
 - Цябе пэўна даганяюць Фурыі? Не так?
 Стары глядзеў на яго нейкі час з адкрытымі вачыма, нібы не разумеў пытання, і пачаў міргаць часта. А Вестынус паўтарыў:
 - Дык ці даганяюць цябе Фурыі?
 – Не, адказаў Хілон, але ноч перада мною.
 – Як гэта ноч?...Няхай богі злітуюцца над табою. Як гэта ноч?
 – Ноч страшная і цемная, у якой штосьці рухаецца і ідзе да мяне. Але я не ведаю што, і баюся ад таго. Я заўседы быў упэўнены, што гэта чараўнікі. А табе што, не сніцца?
 – Не, бо я ўвогуле не сплю. Я не думаў, што іх так пакараюць.
 – Табе іх шкада?
 – Навошта вы праліваеце столькі крыві? Ты чуў, што той, з крыжа, гаварыў? Гора нам!
 – Я чуў, - адказаў Вестынус ціха. – Але гэта падпальшчыкі.
 – Няпраўда.
 – І ворагі роду чалавечага.
 – Няпраўда.
 – І забойцы дзяцей.
 – Няпраўда.
 – І атручальнікі вод.
 – Няпраўда.
 – Як гэта? – спытаў здзіўлена Вестынус. – Ты ж сам гэта казаў і аддаваў іх у рукі Тыгеліна!
 – Таму і абкружыла мяне ноч і смерць ідзе да мяне... Часам здаецца мне, што я ўжо памер, і вы таксама.
 – Не! Гэта яны паміраюць, а мы жывем. Але скажы мне, што бачаць яны паміраючы?
 – Хрыста...
 – Гэта іх бог? Гэта магутны бог?
Але Хілон адказаў таксама пытаннем:
 - Што гэта за паходні трэба паліць у садах? Ты чуў, што казаў цэзар?
 – Я чуў і ведаю. Гэта сарментыцыі і семаксіі. Іх прыбяруць у жалобныя тунікі, прапітаныя смалою, прывяжуць да слупоў і падпаляць...Каб толькі іх бог не спусціў на горад якіх бедстваў..Семаксіі! Гэта страшнае пакаранне.
 – Лепш ужо такое, бо хоць крыві не будзе, - адказаў Хілон. – Загадай нявольніку паднесці мне да вуснаў келіх. Хачу піць і разліваю віно, бо рука мая трасецца ад старасці...
 Іншыя размаўлялі ў гэты час таксама пра хрысціян. Стары Даміцый Афр насміхаўся з іх.
 – Мноства з іх такія, - гаварыў ен, - што маглі б узняць грамадзянскую вайну, і памятаеце, што былі меркаванні, што яны захочуць абараняцца. А яны паміраюць, як авечкі.
  – Няхай бы паспрабавалі па-іншаму! – прамовіў Тыгелін.
 На гэта азваўся Пятроній: - Вы памыляецеся. Яны абараняюцца. Цярпеннем.
 – Гэта нейкі новы спосаб.
 – Канечне, але ці можаце вы сказаць, што яны паміраюць, як бесчалавечныя злачынцы? Не! Яны паміраюць так, нібы злачынцамі былі тыя, хто іх на смерць асуджае, гэта значыць – мы і ўвесь рымскі народ.
 – Што ты пляцеш? – закрычаў Тыгелін.
 – Хік абдэра! – адказаў Пятроній. Але іншыя, уражаныя трапнасцю яго заўвагі, пачалі пераглядвацца са здзіўленнем і паўтараць:
 - Праўда, праўда! Есць штосьці незвычайнае і асаблівае ў іх смерці.
 – Я кажу вам, што яны бачаць свае баство! – закрычаў з боку Вестынус. У гэты час некалькі аўгустыянаў звярнулася да Хілона:
 - Гэй, стары, ты добра іх ведаеш? Скажы нам, што яны бачаць?
 А грэк выплюнуў віно на туніку і адказаў:
 - Уваскрашэнне.

 І затросся так, што тыя, хто сядзеў побач, выбухнулі гучным смехам.

Раздзел 58 QUO VADIS? Г. Сенкевіч

Трохдзенны дождж - выключнае з’явішча ў Рыме падчас лета, і град, які выпадаў насуперак прыроднаму парадку не толькі днем і вечарамі, але нават пасярод ночы, перапынілі відовішчы. Люд устрывожыўся. Гаварылі пра неўраджай вінаграду, а калі аднойчы апоўдні перуном скінула на Капітоліі бронзавую фігуру Цэрэры, загадана было прыносіць ахвяры ў храме Юпітэра Сальватора. Жрацы Цэрэры распусцілі чуткі, што гнеў багоў сыйшоў на горад з прычыны занадта малога памеру кары для хрысціян, таму натоўпы людскія пачалі дамагацца , каб не зввяртаючы ўвагі на надвор’е, паспяшаліся з далейшым ходам відовішчаў. І радасць ахапіла ўвесь Рым, калі нарэшце абвясцілі, што праз тры дні пярэрвы публічныя пакаранні пачнуцца наноў. Тымчасам вярнулася і добрае надвор’е. Амфітэатр ад ранку да ночы напоўніўся тысячамі людзей, цэзар з’явіўся таксама зранку у суправаджэніі вясталак і двара. Відовішча павінна было распачацца з бойкі хрысціян між сабой, а дзеля таго іх пераапранулі ў адзенне гладыятараў і далі ім усялякую зброю, якая служыла фехтавальшчыкам для таго, каб чапляць і абараняцца. Але тут адбылося непрадбачанае. Хрысціяне пакідалі на пясок і сеткі, і вілы, і арканы, і мячы, затое пачалі абдымацца і заклікаць вытрываць пакуты і смерць. У гэты ж час глыбокае зневажэнне і абуранасць завалодалі сэрцамі тлумаў. Адны гаварылі аб іх крывадушнасці і боязі, іншыя сцвярджалі, што яны не хочуць біцца наўмысна з-за нянавісці да народу і таму , каб яго пазбавіць радасці, якую выгляд пакутніцтва выклікаў звычайна. Урэшце па загаду цэзара да іх выпусцілі сапраўдных гладыятараў, якія ўкленчыўшых і безабаронных пабілі ў імгненне вока. Але пасля сцягвання з арэны трупаў відовішча перастала быць бойкай, а ператварылася ў шэраг міфалагічных вобразаў паводле рэжысуры самога імператара. Убачылі Геркулеса, які палаў ў жывым агні на гары Оэта. Вініцый задрыжаў ад думкі, што на ролю Геркулеса можа прызначылі Урса, але відавочна чарга для вернага слугі Лігіі яшчэ не дайшла, бо на стосе згарэў нехта іншы, зусім незнаемы Вініцыю хрысціянін. Затое ў наступным вобразе Хілон, якога імператар не хацеў звольніць ад прадстаўленняў, убачыў знаемых яму людзей. Паказвалі смерць Дзядала і Ікара. У ролі Дзядала выступаў Эўрыцый, той самы стары, які ў свой час даў Хілону знак рыбы, у ролі ж Ікара – яго сын – Кварт. Абодвух узнялі з дапамогай спецыяльнай махіны ўгору, а потым адпусцілі раптам з вялікай вышыні на арэну, пры чым малады Кварт упаў так блізка каля імператарскага подыума, што абкрывавіў не толькі вонкавыя яго аздабленні, але і высланую пурпурам падлогу. Хілон не бачыў падзення, бо прыкрыў вочы, а чуў толькі глухі ўдар цела аб зямлю, а калі праз хвіліну ўбачыў кроў побач з сабой, то амаль не самлеў у другі раз. Але вобразы хутка змяняліся. Бессаромныя ганьбаванні дзяўчат перад смерцю гладыятарамі; пераапранутымі ў жывелін узрадавалі сэрцы гледачоў.Бачылі жрыц Кібелы і Цэрэры, бачылі Данаід, Дзірцэ і Пасіфаю, бачылі дзяўчынак-падлеткаў, разрываных дзікімі коньмі. Люд пляскаў усе новым фантазіям імператара, які горды і ашчасліўлены воплескамі, не адымаў ні на хвіліну смарагд ад вока, прыглядаючыся да белых целаў, раздзіраемых зброяй, і да канвульсійных сутаргаў ахвяр. Падаваліся аднак і вобразы, ўзятыя з гарадскога жыцця. Пасля дзяўчат усе ўбачылі Муцыя Сцэволу, рука якога, прымацаваная да трыножніка з агнем, напаўняла смуродам абпаленага мяса амфітэатр, але які, як сапраўдны Сцэвола, стаяў без стогнаў, з поглядам узведзеным да неба і з шэптам малітвы на пачарнелых вуснах. Пасля таго, як яго дабілі і вывалаклі цела ў спаліарыум, наступіла звычайная паўдзенная пярэрва. Цэзар з вясталкамі і аўгустыянамі пакінуў амфітэатр і падаўся да шатра, у якім для яго і гасцей прыгатавалі непараўнальны прандыум. Натоўпы ў большасці сваей пайшлі па яго прыкладу і , выходзячы з амфітэатру, разбіваліся па-паляўнічы на групы ля шатра, каб даць адпачынак стомленым падчас доўгага сядзення нагам і спажыць стравы, якія па ласцы імператара не шкадуючы разносілі нявольнікі. Толькі самыя цікаўныя пакінулі сядзенні і сышлі на самую арэну ды, дакранаючыся пальцамі да ліпкага ад крыві пяску, размаўлялі як знаўцы і аматары аб тым, што ўжо адбылося і што яшчэ адбудзецца. Хутка яны паадыходзілі, каб не спазніцца на пір і засталося толькі некалькі чалавек, якіх затрымала не цікаўнасць, а суперажыванне будучым ахвярам. Яны пахаваліся ў сектарах ці на ніжэйшых месцах, а тымчасам арэну зараўнялі і пачалі капаць у ей ямы, адну ля другой, радамі па ўсяму колу, ад краю да краю, так што апошні іх шэраг прыпадаў на колькі дзесяткаў крокаў ад імператарскага подыума. Звонку цырку даносіўся гоман натоўпаў, крыкі, воплескі, а тут рабілі спешна прыгатаванні да нейкіх новых ужо пакутаў. Адным махам адчыніліся кунікулы і з усіх выхадаў, што вялі на арэну, пачалі выганяць грамады хрысціян, аголеных і з крыжамі, якія яны неслі на спінах. Запоўніўся імі ўвесь амфітэатр. Беглі старыя, пахіленыя пад цяжарам драўляных бярвенняў, побач – мужчыны ў росквіце гадоў, жанчыны з расплеценымі валасамі, пад якімі намагаліся схаваць свае аголеныя целы, падлеткі і зусім малыя дзеці. Крыжы ў большасці сваей як і ахвяры былі ўвенчаныя кветкамі. Служба цырку, гонячы няшчасных батагамі, прымушала іх, каб паскладалі крыжы каля гатовых ужо ямін, а самі станавіліся ля іх шэрагамі. Такім чынам павінны былі загінуць тыя, каго ў першы дзень відовішчаў не змаглі выпхнуць на пажыранне сабакам і дзікім жывелам. Цяпер хапалі іх чорныя нявольнікі і кладучы ахвяры на спіну на дрэва, пачалі прыбіваць ім рукі да перакладзін хутка і старанна, так каб народ вярнуўся пасля закончанага перапынку і застаў ужо ўсе крыжы ўзнятымі. Ва ўсім амфітэатры разносіўся цяпер гук молатаў, рэха ад якога распаўсюдзілася па ўсіх радах і дайшло аж да пляцу, якім быў абкружаны амфітэатр і пад шацер, дзе цэзар узнімаў ужо вясталак і сваіх таварышаў. Там пілося віно, жартавалі з Хілона і шапталі дзівосныя словы на вушка жрыцам Весты, на арэне ж кіпела праца, цвікі заглыбляліся ў рукі і ногі хрысціян, лязгалі рыдлеўкі, якімі засыпалі яміны, куды паўсаджвалі крыжы. Але паміж ахвяр, да якіх праз хвіліну павінна была прыйсці чарга, быў Крысп. Ільвам не хапіла часу яго разадраць, таму яго прыгаварылі да крыжа, ен жа, заўседы гатовы да смерці, радаваўся ад думкі, што надыходзіць яго час. Выглядаў ен сення інакш, бо яго высахлае цела было цалкам голае, толькі паясок з плюшчу ўкрываў яго бедры, на галаве ж у яго быў вянок з ружаў. Але ў вачах бліскала тая самая энергія і той самы суровы і фанатычны твар выхіляўся з-пад вянца. І сэрца яго не змянілася, бо некалі ў кунікуле пагражаў ен гневам Божым паабшываным у скуры братам, так і сення ушчуваў іх, замест таго каб суцяшаць.
 – Падзякуйце Збавіцелю, - гаварыў ен, - што дазваляе вам памерці такой смерцю, якой сам памер. Можа частка вашых грахоў будзе за гэта вам адпушчана, дрыжыце усе роўна, бо справядлівасці павінна стаць занадта і не можа быць аднолькавай узнагароды для дрэнных і добрых.
 А на яго словы адгукаліся толькі молаты, якімі прыбівалі рукі і ногі ахвяр.Усе больш крыжоў узнімалася на арэне, ен жа звяртаўся да грамады тых, хто яшчэ стаяў кожны пры сваім крыжы, і працягваў:
 - Я бачу адкрытае неба, але і бездань бачу таксама. Сам не ведаю, як раскажу Богу пра свае жыцце, хаця я і верыў і ненавідзеў зло і не смерці баюся, а ўваскрашэння, не пакуты, а суда, бо настае дзень гневу.
 А ў гэты час паміж бліжэйшых радоў пачуўся нечы голас, спакойны і ўрачысты:
 - Не дзень гневу, а дзень міласэрнасці, дзень выбаўлення і шчасця, бо кажу вам, што Хрыстос абдыме вас, суцешыць і пасадзіць па правы бок. Верце, бо вось ужо неба адкрываецца перад вамі.
 На гэтыя словы вочы ўсіх звярнуліся да лаваў; нават тыя, хто ўжо вісеў на крыжы, паўзнімалі бледныя, спакутаваныя твары і пачалі ўглядацца ў бок, адкуль чуўся голас гэтага чалавека. А ен падыйшоў да агароджы, што абкружала арэну і пачаў іх хрысціць знакам крыжа. Крысп высцягнуў да яго рукі, нібы хочучы яго адлупцаваць, але ўбачыў яго твар і апусціў кулакі, пасля калены яго падагнуліся, і вусны прашапталі: “Апостал Павел!” Да вялікага здзіўлення цыркавой службы, укленчылі ўсе, каго яшчэ не паспелі папрыбіваць, а Павел з Тарсу звярнуўся да Крыспа:
- Крысп, не пагражай ім, бо яшчэ сення яны будуць з табою ў выраі. Ты думаеш, што яны могуць быць патопленыя. Але хто іх патопіць? Няўжо зробіць гэта Бог, які аддаў за іх Сына свайго? Няўжо Хрыстос, які памер дзеля іх збаўлення, як і яны паміраюць у імя Яго? І як можа пакараць той, хто любіць? Хто будзе скардзіцца на тое, што ен абраны Богам? Хто скажа на гэту кроў:” Праклятая”?
 – Высакародны, я ненавідзеў зло, - адказаў стары святар.
– Хрыстос больш яшчэ наказваў любіць людзей, чым ненавідзець зло, бо вучэнне Яго есць Любоў, а не нянавісць.
 – Я саграшыў у часіну смерці – адказаў Крысп. І пачаў біць сябе ў грудзі. Тады надзіральнік за месцамі ў цырку падыйшоў да Апостала і спытаў:
 - Хто ты, што размаўляеш з прыгаворанымі?
 – Я рымскі грамадзянін, - адказаў спакойна Павел. Пвасля ізноў звярнуўся да Крыспа
. – Веруй, бо гэта дзень ласкі Божай, і памірай у спакоі, слуга Божы! Два цемнаскурых падыйшлі у гэты момант да Крыспа, каб ускласці яго на дрэва, але ен паглядзеў яшчэ раз навокал і закрычаў:
 - Браты мае, маліцеся за мяне!
 І твар яго страціў звычайную суровасць і скамянелыя рысы набылі выраз спакою і нават задавальнення. Ен сам раскінуў рукі уздоўж крыжа, каб праца паскорылася, і гледзячы проста ў неба, пачаў маліцца горача: Здавалася, ен нічога не чуе, бо калі цвікі заглыбляліся ў яго рукі, нават малое дрыжэнне не прабегла па ягоным целе, на абліччы не з’явілася ні адна зморшчка ад болю: ен маліўся, калі прыбівалі яму ногі, маліўся, калі ўзнімалі крыж і прытаптвалі зямлю навокал. Толькі калі натоўпы са смехам і вокрыкамі пачалі запаўняць рады амфітэтра, бровы старога сышліся так, нібы ен гневаўся, што паганскі люд перашкаджае яму ціха спакойна і салодка памерці. Але перад гэтым яшчэ узнеслі ўсе крыжы, так што на арэне стаяў нібы лес з людзей, што віселі на крыжах. На плечы крыжоў і на галовы пакутнікаў падала сонечнае святло, на арэне ж адбіваліся тоўстыя цені, якія ўтваралі чорную пераплеценую сетку, сярод якой прасвечваў жоўты пясок. Гэта было відовішча, у якім для народу уся раскоша была ў назіранні за павольным сконам. Але ніколі дасюль не бачылі такой шчыльнасці крыжоў. Арэна была імі напоўнена так, што служба цырку з цяжкасцю магла паміж імі праціснуцца. Скраю віселі пераважна жанчыны, але Крыспа, як правадыра, узнялі тут жа, амаль ля подыума імператара. На вялікім крыжы, спавітым унізе цярноўнікам. Ніхто з ахвяр яшчэ не сканаў, але некаторыя з тых, каго папрыбівалі раней, памлелі. Ніхто не стагнаў і не прасіў аб літасці. Некаторыя віселі, пахіліўшы галовы на плечы ці апусціўшы на грудзі, нібы ў сне, некаторыя ж пазіралі яшчэ на неба і варушылі ледзь-ледзь вуснамі. У гэтым страшэнным лесе крыжоў, у гэтых раскрыжаваных целах, у маўчанні ахвяр было штосьці злавеснае. Публіка, якая пасля піра сытаю і развяселенаю ўваходзіла з вокрыкамі ў цырк, замоўкла не ведаючы, на якім целе затрымаць погляд і што думаць? Голыя напружаныя жаночыя постаці перасталі бударажыць фантазіі. Не рабіліся нават звыклыя заклады на тое, хто хутчэй сканае, а раней, калі на арэне была меншая колькасць асуджаных, такія заклады рабілі. Здавалася, што цэзар таксама сумуе, бо адвярнуў твар і папраўляў лянівым рухам аздабленне на шыі, а твар пры гэтым быў сонны і вялы. У гэты час Крысп, які вісеў насупраць і які хвілінай раней быў з заплюшчанымі вачыма, як чалавек  самлелы ці паміраючы, расплюшчыў свае вочы і стаў пазіраць на цэзара. Твар яго зноў меў выраз такі няўмольны і позірк яго запалаў такім агнем, што аўгустыяне пачалі перашэптвацца між сабой, паказваючы на яго пальцамі, і нарэшце сам імператар звярнуў на яго ўвагу і ляніва паднес смарагд да вока. Стаяла поўная цішыня. Вочы гледачоў былі скіраваны на Крыспа, які спрабаваў варушыць правай рукой, нібы хацеў адарваць яе ад крыжа. Праз хвіліну грудзі яго напоўніліся паветрам так, што рэбры паказаліся і ен крыкнуў што было сіл.
 – Матказабойца! Гора табе!
 Аўгустыяне пачуўшы смяртэльную абразу, якая была кінута валадару свету ў прысутнасці тысячных натоўпаў, не смелі дыхаць наавт. Хілон увогуле здранцвеў. Цэзар схамянуўся і выпусціў з рукі смарагд. Публіка таксама затрымала дыханне. Голас Крыспа раздаваўся ўсе мацней па амфітэатру:
 - Гора табе, забойца жонкі і брата! Гора табе, антыхрыст! Бездань расчыняецца перад табой, смерць цягне па цябе рукі і магіла чакае цябе. Гора табе, жывы труп, бо ты памрэш са страхам і будзеш патоплены на вякі!
 І не мог адарваць прыбітую далонь ад дрэва, раскрыжаваны злобаю, страшны, і пры жыцці падобны да шкілета, няўмольны, як лёс, трос белай барадой над Няронавым подыумам, раскідваючы рухамі галавы пялесткі ружаў з вянца, які яму начапілі на цемя.
 – Гора табе, забойца! Мера твая перабралася і час твой набліжаецца!
 Тут ен напружыўся яшчэ раз, здавалася праз хвіліну, што ен адарве далонь ад крыжа і высцягне руку пагрозліва над цэзарам, але раптам яго схуднелыя плечы выцягнуліся яшчэ больш, цела абсунулася ўніз, галава ўпала на грудзі і ен сканаў.
 Сярод крыжовага лесу слабейшыя пачалі таксама засынаць вечным сном.