Раздзел ХХІІ
Вініцый толькі ў остыі зразумеў усю складанасць свайго намеру. Дом быў
вялікі, некалькіпавярховы, адзін з тых, якіх тысячы было пабудавана ў Рыме з-за
попыту на найм жытла.Звычайна такія дамы будавалі так хутка і неахайна, што не
было года, каб колькі з іх не ўпала на галовы жыхароў. Былі гэта сапраўдныя
вуллі, вельмі высокія і вельмі вузкія, поўныя каморак і закаморкаў, у якіх
мясцілася шматлікая галота. У месцы, дзе шмат вуліц не мелі назваў, дамы гэтыя
былі без нумароў, а іх ўласнікі давяралі збор каморных нявольнікам, тыя ж не
абавязаныя гарадскімі ўладамі падаваць імены жыхароў, часта і самі іх не
ведалі.Дапытацца пра каго-небудзь у такім доме было вельмі цяжка, асабліва калі
ля ўваходу не было прыдзвернага.
Вініцый з Кратонам праз доўгі, падобны да калідора остый, апынуліся на
вузкім, забудаваным з чатырох бакоў падворку, які выконваў ролю агульнага для
ўсяго дому атрыя, з фантанам пасяродку, струмень якога спадаў ў каменную місу,
умураваную ў зямлю. Ля кожнай сцяны ўзнімаліся вонкавыя сходы, часткова
каменныя, часткова драўляныя, якія вялі да галерэй, з якіх ужо вялі ў пакоі,
зачыненыя драўлянымі дзвярыма.Унізе таксама былі пакоі: некаторыя былі
аддзелены ад падворка толькі ваўнянымі, у большасці сваей залапленымі
заслонамі.
Было рана, і на падворку не было жывой душы.Відавочна ва ўсім доме яшчэ ўсе
спалі за выключэннем тых, хто вярнуўся з Астрыянума.
- Што будзем рабіць, высакародны? – спытаў Кратон, прыпыніўшыся.
- Пачакаем тут; можа хто з’явіцца, - адказаў Вініцый.- Не трэба, каб нас
бачылі на падворку.
Але разам з тым ён думаў, што парада Хілона была практычнай…Калі б было
колькі дзесяткаў нявольнікаў, можна было б паставіць іх ля брамы, якая напэўна
была адзіным выйсцем і ператрэсці ўсе пакоі, такім чынам трэба было трапіць
адразу ў пакой Лігіі, інакш хрысціяне, якіх у гэтым доме хапала, маглі яе
папярэдзіць.З гэтага погляду было небяспечна нават распытваць незнаёмых
асоб.Вініцый з хвіліну разважаў, ці не вярнуцца па нявольнікаў, калі з-пад
адной заслоны выйшаў чалавек з сітам ў руках і наблізіўся да фантану.Малады
чалавек з першага позірку пазнаў Урса.
- Гэта лігіец! – шапнуў ён Кратону.
- Паламаць яму косці зараз?
- Чакай!
Урс не прыкмеціў іх, бо яны стаялі ў ценю остыя, і пачаў спакойна прамываць
пад струменем гародніну ў сіце.Відавочна было, што пасля цэлай ночы,
праведзенай на Астрыянуме, ён хацеў прыгатаавць з яе снеданне.Праз момант ён
скончыў свой занятак, забраў мокрае яшчэ сіта і знік за заслонай.Кратон
іВініцый рушылі следам, разлічваючы, што трапяць проста ў пакой Лігіі.Але іх
здзіўленне было вялікім, калі яны заўважылі, што заслона аддзяляла ад падворка
не пакой, а яшчэ адзін цемны калідор, у
канцы якога быў садок з некалькіх кіпарысаў і кустоў, а таксама маленькі домік,
прылеплены да сляпой тыльнай сцяны іншага дому.Абодва зразумелі, што гэта
добрая нечаканая акалічнасць. На падворак маглі выбегчы ўсе жыхары, затое
аддзеленасць доміка рабіла справу лягчэйшай. Яны хутка справяцца з ахоўнікамі, а менавіта з Урсам, пасля з
выкрадзенай Лігіяй таксама хутка апынуцца на вуліцы і там ужо разбяруцца што і
да чаго. Напэўна іх ніхто не кране, бо калі б іх зачапілі, то адказалі б, што
справа тычыцца беглай заложніцы імператара, і ў апошнім выпадку Вініцый дасць
пазнаць аб сабе вігілам і папросіць у іх
дапамогі.
Урс ужо амаль уваходзіў у домік, калі гук крокаў насцярожыў яго, ён
прыпыніўся і ўбачыў двух асоб, потым паклаў сіта на балюстраду і спытаў:
- А што вы тут шукаеце?
- Цябе! – крыкнуў Вініцый.
Пасля хутка і ціха загадаў Кратону:
- Забівай!
Кратон кінуўся, як тыгр, у адзін момант, пакуль лігіец не здолеў апамятацца ці пазнаць ворагаў, і
схапіў яго ў свае сталёвыя абдымкі.
Але Вініцый быў надта ўпэўнены у яго нечалавечай сіле, каб чакаць канца
паядынку і паўз іх скочыў да дзвярэй доміка, штурхнуў іх і апынуўся ў змрочным
памяшканні, асветленым толькі полымем з каміну.Водбліск гэтага полымя падаў
проста на твар Лігіі.Другой асобай, якая сядзела ля агню, быў той стары, які
ішоў з Лігіяй і Урсам па дарозе з Астрыянума.Вініцый з’явіўся так раптоўна, што
Лігія яго не пазнала.Ен схапіў яе і ўзняў угару, потым кінуўся да дзвярэй.Стары
праўда здолеў іх заступіць, але воін прыціснуў адной рукой дзяўчыну да грудзей,
другой свабоднай рукой адштурхнуў старога. Каптур ссунуўся з яго галавы, і ў
гэты час ад выгляду гэтага знаёмага і страшнага цяпер твару кроў застыгла ў
Лігіі ад страху і голас прапаў.Яна хацела паклікаць на дапамогу і не
магла.Марна хацела ўтрымацца за вушак дзвярэй, супраціўляючыся.Пальцы яе
бяссільна саслізгнулі па каменю, і яна амаль страціла прытомнасць, калі б не
карціна, якую яна ўбачыла, калі Вініцый выбег з ёй у сад.
Урс трымаў у руках не йкага
чалавека, цалкам перагнутага ў нязвыклы для жывога чалавека бок, з нахіленай
галавой і скрываўленымі вуснамі.Калі ўбачыў іх, то яшчэ раз ударыў кулаком па
галаве ахвяры і ў адно імгненне скочыў, як раз’юшаны звер, да Вініцыя.
“Смерць!” – падумаў малады чалавек А потым пачуў як праз сон вокрык Лігіі:
“Не забівай!”, потым адчуў, што нібы перуном расшчапіла яго рукі, якімі
абдымаў Лігію, потым зямля паплыла з ім разам і святло дня згасла ў яго вачах.
Хілон, схаваўшыся за вуглом, чакаў, што будзе, бо цікаўнасць змагалася ў ім
са страхам.Думаў, што калі яны патрапяць украсці Лігію, то добра было б быць
каля Вініцыя. Урбана ён ужо не баяўся, бо быў упэўнены, што Кратон яго
заб’е.Лічыў таксама, што ў выпадку, калі б на пустых дасюль вуліцах усчаўся
рух, калі б хрысціяне ці якія іншыя людзі захацелі б супрацьстаяць Вініцыю,
тады ён звярнуўся б да іх як прадстаўнік улад, як выканаўца волі імператара, і
ў апошнім выпадку пакліча вігілаў на дапамогу маладому патрыцыю супраць
вулічнай галоты і тым самым заслугуе сабе новую прыхільнасць.У душы лічыў заўсёды,
што ўчынак гэты Вініцыю не ўдасца, аднак гледзячы на страшэнную сілу Кратона,
дапускаў, што магчыма і ўдасца.”Калі б было з імі там дрэнна, то сам трыбун
панясе дзяўчыну, а Кратон праб’е дарогу”. Час аднак ішоў, непакоіла яго ціша ў остыі,
на які ён здалёк паглядаў.
“Калі яны не трапяць у яе сховішча, а наробяць шуму, то я ўцяку”. І думка
пра гэта не была прыкрай, бо разумеў, што ў такім выпадку будзе зноў патрэбны
Вініцыю і зноў зможа выціснуць з яго немалую колькасць сестэрцыяў.
- Хоць што зробяць – казаў ён, - гэта для мяне будзе добра, хаця ніводзін
пра гэта не здагадваецца.Богі, богі, дазвольце мне толькі…
І раптам замоўк, бо яму здалося, што нехта з’явіўся ў остыі, і ён
прыціснуўся да сцяны ды пачаў назіраць, стрымліваючы дыханне ў грудзях і не памыляўся,
бо з остыя высунулася напалову нечая галава і відаць той нехта разглядаўся
навокал.Праз хвіліну знік. “Гэта Вініцый ці Кратон, - падумаў Хілон, - але калі
выкралі дзеўку, то чаму яна не крычыць і навошта выглядваць на вуліцу.Людзей і
так павінны напаткаць, бо пакуль дойдуць да Карынаў, у горадзе ўжо будзе
рух.Што гэта? Клянуся ўсімі бессмяротнымі багамі”. І раптам рэшткі валасоў
узняліся на яго галаве.У дзвярах паказаўся Урс з целам Кратона цераз плячо і,
разгледзеўшыся яшчэ раз па баках, пабег з ім па пустой вуліцы ў напрамку ракі. Хілон
хацеў зрабіцца такім плоскім, як кавалак тынку.”Я загінуў, калі ён мяне
ўбачыць”- падумаў ён.
Але Урс хутка прабег вугал будынку і знік за наступным домам.Хілон, не
чакаючы ўжо далей, пабег углыб папярэчнай вулкі, стукаючы зубамі ад страху і са
спрытнасцю, якая магла б здзівіць у маладым.”Калі вяртаючыся заўважыць мяне
здалёк, то пэўна дагоніць і заб’е, - казаў ён сам сабе. – Ратуй мяне, Зеўсе,
ратуйце, Апалон і Гермес, ратуй, Божа хрысціян! Пакіну Рым, вярнуся ў
Месэмбрыю, але ўратуйце мяне ад рук гэтага чорта!” І гэты лігіец, што забіў
Кратона, здаваўся яму амаль нечалавечай істотай.Бегучы, думаў, што можа быць
гэта які бог, што прыняў выгляд варвара.У гэты момант ён верыў ва ўсіх багоў
свету і ва ўсе міфы, з якіх звычайна пасмейваўся.Праносілася ў яго галаве,што
Кратона мог забіць бог хрысціян, і валасы ўздымаліся зноў на галаве ад думкі,
што можна адужаць такую сілу.
Толькі прабегшы некалькі завулкаў, ён заўважыў нейкіх працоўных, што ішлі
ўдалечыні насустрач і крыху супакоіўся.Яму не хапала паветра, сеў на парозе
дому і пачаў абціраць падолам плашча пакрыты потам лоб.Я стары, і мне патрэбны
спакой. Людзі, якія ішлі насустрач, звярнулі на бакавую вулку, і зноў стала
пуста. Горад яшчэ спаў. Ранкам ажывалі раней больш заможныя раёны, дзе
нявольнікі з багатых дамоў павінны былі ўставаць рана, у тых жа раёнах, дзе
жылі вольныя людзі, абуджаліся, асабліва зімой, досыць позна.Хілон праседзеў
нейкі час на парозе, адчуў холад, узняўся і пераканаўся, што не згубіў торбу,
якую атрымаў ад Вініцыя, ужо павольна накіраваўся да ракі.
- Можа ўбачу дзе цела Кратона – богі! Гэты лігіец, калі ён чалавек, за
адзін год мог бы зарабіць мільёны, бо калі ён Кратона задушыў, як шчанюка, то
хто ж яму зможа супроцьстаяць? За кожнае выступленне на арэне давалі б яму
столькі золата, колькі сам важыць. Ен аберагае гэту дзеўку лепш, чым Цэрбер
пекла. Але няхай яго тое пекла паглыне! Не хачу мець з ім справы Занадта
калючы.Што ж тут зробіш? Адбылося страшнае.Калі ён такому Кратону пераламаў хрыбет,
то пэўна і душа Вініцыя лётае там, над гэтым праклятым домам, чакаючы пахавання
цела. Клянуся Кастарам! Гэта ж патрыцый, сябар імператара, родны Пятронія;
вядомы ва ўсім Рыме і вайсковы трыбун. Яго смерць не сыйдзе ім з рук… Калі б
напрыклад падацца да лагеру прэтарыянцаў ці да вігілаў?
Тут ён змоўк і задумаўся, але праз момант сказаў:
- Гора мне! Хто ж накіраваў яго ў гэты дом, калі не я ? Яго вызваленцы,
нявольнікі ведаюць, што я прыходзіў да яго, а некаторыя ведаюць, з якой
мэтай.Што будзе, калі палічаць, шо я наўмысна
паказаў яму дом, у якім ён напаткаў смерць? Хоць бы потым у судзе аказалася,
што я не хацеў яе, і так скажуць, што я
яе прычна. А гэта ж патрыцый, значыць у любым выпадку я буду
пакараны.Але калі б цішком я пакінуў Рым і апынуўся дзесьці далёка, то трапіў
бы яшчэ пад большае падазрэнне.
І так, і гэтак атрымлівалася дрэнна. Справа была толькі ў тым, каб выбраць
найменшае зло. Рым быў вялікім горадам, але Хілон адчуваў, што можа яму быць
цесна і тут. Бо кожны мог бы пайсці да прэфекта, вігілаў, расказаць, што
адбылося, і хаця б падазрэнне падала на яго, чакаць спакойна следства.Але ўсё
мінулае Хілона было такога кшталту, што ўсялякая бліжэйшая знаёмасць хоць з
прэфектам горада, ці з прэфектам вігілаў, прывяла б да значных клопатаў, а
разам з тым павялічыла б усе падазрэнні, якія маглі б прыйсці на думку ўладам.
З другога боку, уцячы – гэта значыць пацвердзіць думку Пятронія, што Вініцыю
здрадзілі і забілі яго ў выніку змовы.Пятроній быў чалавек значны, які мог
загадаць стражам па ўсёй краіне і які пэўна пастараўся б знайсці вінаватых хоць
бы на краю свету. Аднак Хілон падумаў, ці не пайсці проста да яго і расказаць
яму, што здарылася.Так! Гэта было найлепшым рашэнем.Пятроній быў чалавекам
спакойным , і Хілон мог быць упэўненым хаця б у тым, што яго выслухае да
канца.Пятроній, які ведаў справу, спачатку лягчэй паверыць у бязвіннасць
Хілона, чым прэфекты..Каб пайсці да яго, трэба напэўна ведаць, што з
Вініцыем.Хілон жа гэтага не ведаў.Бачыў, канешне, лігійца, які цішком пабег да
ракі з целам Кратона, але нічога больш. Вініцый мог быць забіты, але мог быць і
паранены ці захоплены.Цяпер толькі ён падумаў, што хрысціяне не асмеліліся б
забіць чалавека такога вядомага аўгустыяніна і высокага вайсковага начэльніка,
бо такога кшталту ўчынак мог прывесці да іх агульнага праследавання.Больш
праўдападобна тое, што яны затрымалі яго сілком, каб даць Лігіі час зноў
схавацца ў іншым месцы.
Думка гэта напоўніла Хілона надзеяй. “Калі гэты лігійскі цмок не разадраў
яго з першага разу,тады ён жывы, а калі ён жывы, тады сам засведчыць, што я яму
не здрадзіў, а тады мне не толькі нічога не пагражае, але (О,Гермес, разлічвай
на дзвюх цялушак) адчыняецца перада мной новая перспектыва… Магу паведаміць аднаму
з вызваленцаў, дзе шукаць гаспадара, а ці той ужо пойдзе да прэфекта, ці не,
гэта яго справа, я дык да яго не пайшоў бы..Магу пайсці да Пятронія і
разлічваць на ўзнагароду…Шукаў Лігію я, цяпер буду шукаць Вініцыя, а потым
ізноў Лігію, трэба аднак ведаць наперад, ці жывы ён ці не.”
Тут яму падумалася, што мог бы пайсці да млынара Дэмаса і спытаць аб гэтым
Урса.Але адкінуў гэту думку. Не хацеў мець спраў з Урсам. Мог напэўна
дапускаць, што калі Урс не забіў Глаўка, то відавочна лекара папярэдзіў хтосьці
са старэйшын хрысціян, якім Урс расказаў пра свой намер, і што гэта нячыстая
справа, і што хацеў яго да яе падгаварыць нейкі здраднік.Пры ўспаміне пра Урса
Хілон скаланаўся ўсім целам.Ен падумаў,
што вечарам пашле Эўрыцыя па звесткі ў той дом, дзе адбыўся выпадак. Хацеў
пад’есці, памыцца і адпачыць. Бяссонная ноч, дарога на Астрыянум і ўцёкі з
Затыбра выматалі яго бязмерна.
Адна рэч суцяшала яго: што было ў яго дзве торбачкі, тая, што Вініцый даў
яму ў доме і другая, якую кінуў яму па дарозе з могілак.Паколькі была гэткая
шчаслівая акалічнасць, як і тое, што ён быў вельмі ўзрушаны, вырашыў добра падсілкавацца ды папіць
добрага віна, лепшага, чым звычайна. І калі падыйшоў час адкрыцця віннай лаўкі,
ён перабраў меру так, што забыўся пра купанне.Яму хацелася спаць і санлівасць
адняла яго сілы так, што вярнуўся няцвёрдым крокам да свайго жытла на Субуры, дзе чакала яго купленая за грошы
Вініцыя нявольніца.
Там, увайшоўшы ў цёмны, як лісіная нара, кубікул, кінуўся на пасланае і
заснуў у адно імгненне.Абудзіўся толькі вечарам, а лепш кажучы, прабудзіла яго
нявольніца, бо прасіла яго, каб прачнуўся, бо хтосьці шукае яго і хоча яго
бачыць па пільнай справе. Хілон апрытомнеў у адзін момант, накінуў плашч з
каптуром і загадаўшы нявольніцы адысці ўбок, спачатку асцярожна выглянуў з
кубікулу.
І змярцвеў. Бо праз дзверы з пакою ён убачыў вялізную постаць Урса.Адчуў
пры гэтым, што і ногі, і галава яго сталі халоднымі, як лёд, сэрца перастала
біцца, а па хрыбту пабеглі мурашкі…
Нейкі час ён не мог гаварыць, аднак потым, стукаючы зубамі, сказаў ці
хутчэй праенчыў:
- Сіро! Мяне няма… я не ведаю… гэтага… добрага чалавека…
- Я сказала яму, што ты ёсць і што спіш, гаспадар мой, - адказала дзяўчына,
- ён жа хацеў, каб я цябе прабудзіла…
- О, богі!.. Кажу табе…
Але Урс ад нецярплівасці наблізіўся да дзвярэй кубікулу і,схіліўшыся, прасунуў
унутр галаву:
- Хілон Хіланід! – паклікаў ён.
- Мір табе! Мір, мір! – адказаў Хілон, - найлепшы з хрысціян! Так! Я Хілон,
але гэта памылка…Я цябе не ведаю!
- Хілон Хіланід! – паўтарыў Урс. – Твой гаспадар, Вініцый, кліча цябе, каб
ты прыйшоў да яго са мной.
Комментариев нет:
Отправить комментарий