Раздзел XVI
Хілон аднак доўга не з’яўляўся, таму
Вініцый не ведаў, што і думаць. Дарэмна паўтараў сабе, што пошукі, калі хоча,
каб прывялі да вынікаў, будуць павольныя. Яго ж кроў, як і парывістая натура, супраціўляліся голасу розуму. Нічога не рабіць, чакаць, сядзець, склаўшы рукі,
было чымсьці настолькі нязвыклым для яго спосабу жыцця, што ён ніяк не мог з
гэтым прымірыцца. Праверка завулкаў горада ў цёмным нявольніцкім плашчы была
дарэмнай і здавалася толькі ашуканнем уласнай бяздзейнасці і не магла яго
супакоіць. Яго вызваленцы, людзі
бывалыя, якім загадана было шукаць самастойна, аказаліся стокроць менш
здольныя, чым Хілон. У гэты час разам з каханнем да Лігіі ў ім пасялілася
заўзятасць гульца, які хоча перамагчы. Вініцый быў такім заўсёды. З малых гадоў ён рабіў, што хацеў з размахам чалавека, які не разумее, што можа не атрымацца
і што трэба ад чагосьці адмовіцца. Праўда, вайсковая дысцыпліна зменшыла часовае яго сваяволле, але і пасеяла перакананне, што кожны загад, які
аддаецца падначаленым, павінен быць выкананы, а доўгі час побыту на Ўсходзе,
сярод людзей бязвольных і звыклых да пакоры, толькі ўзмацніў веру, што для яго
“хачу” няма межаў. Цяпер жа цяжка пакутавала яго самалюбства ад уласнага кахання: было пры гэтым у супраціўленні, адпоры і ў саміх уцёках Лігіі штосьці
незразумелае для яго, нейкая загадка, над вырашэннем якой ён днямі ламаў галаву.
Адчуваў, што Акта сказала праўду і што Лігія не была абыякавая да яго. А калі
так, то чаму яна абрала бадзяжніцтва і нішчымніцу, а не яго каханне, не яго
пяшчоту і не жыццё ў яго багатым доме. На гэта пытанне ён не знаходзіў адказу,
а таму зараджалася ў яго няяснае яшчэ пачуццё, што між ім і Лігіяй і між іх
паняццямі і між светам яго і Пятронія і светам Лігіі І Пампоніі існуе нейкая
розніца, нейкія непаразуменні, глыбокія як пропасць, якую анічым не
запоўніць і не выраўнаць. Часам здавалася яму, што павінен страціць Лігію, і
гэтая думка адбірала тую рэшту раўнавагі, якую хацеў падтрымаць у ім Пятроній. Былі хвіліны, калі ён сам не ведаў, ці кахае
Лігію, ці можа ненавідзіць, але разумеў толькі, што павінен яе адшукаць і што
хацеў бы лепш праваліцца пад зямлю, чым не мець мажлівасці ўбачыць яе і
завалодаць ёю. У марах бачыў яе часам так ясна, нібы яна стаяла перад ім,
успамінаў кожнае слова, што гаварыў ёй і чуў ад яе, адчуваў яе побач, у сваіх
абдымках, і тады жаданне апаноўвала яго, як полымя.
Ен кахаў яе і
клікаў яе. А калі думаў, што быў каханы ёю і што яна магла добраахвотна
выканаць усё, чаго ён чакаў ад яе, ахопліваў яго жаль цяжкі і бясконцы, а ў яго
сэрцы разліваўся агромністай хваляй вялікі сум. Але былі і хвіліны, калі ён
бялеў ад шаленства, і ў думках маляваў сабе карціны аб скарэнні і пакутах, якія
чакаюць Лігію, калі ён яе знойдзе. Яму хацелася не толькі валодаць ёю, але і
бачыць яе прыніжанай, пакорлівай нявольніцай, і разам з тым ён усведамляў, што
калі б у яго быў выбар – стаць яе рабом ці ніколі ў жыцці яе больш не бачыць –
ен абраў бы першае. А ў іншыя дні ён з асалодай уяўляў сабе сляды, якія
пакінула б на яе целе плётка, і тое, як ён цалаваў бы гэтыя сляды. І
часта яму думалася, што ён быў бы шчаслівы, калі б мог яе забіць. Ад такіх
перажыванняў, мараў, сумненняў, суму ён страчваў здароўе і выгляд. Таксама ен стаў непрадказальным і жорсткім. Нявольнікі
і нават вызваленцы набліжаліся да яго са страхам, а калі атрымлівалі
беспрычынныя пакаранні неміласэрна і беспадстаўна, пачалі яго ціха ненавідзець.
Ен жа, адчуваючы і гэта, і сваю стомленасць ад нуды, зрываў сваю злосць на іх
усё больш. Быў стрыманы цяпер з адным толькі Хілонам, каб той не спыніў
пошукі,а Хілон, здагадаўшыся ў чым справа, пачаў маніпуляваць Вініцыем і
патрабаваў ад яго усё больш. Спачатку,
прыходзячы, кожны раз запэўніваў Вініцыя, што ўсё пойдзе хутка і лёгка, цяпер
жа пачаў сам знаходзіць перашкоды, але не пераставаў заручацца ў абавязковым
выніку пошукаў, не хаваючы аднак таго, што доўжыцца яны будуць яшчэ няпэўны час.
Нарэшце ен прыйшоў, чакаемы Вініцыем
доўгімі днямі, з такім тварам, што малады чалавек збялеў, калі ўбачыў яго і ,
падскочыўшы да Хілона, ледзь змог спытаць:
-
Яе няма сярод хрысціян?
-
Так, пане, - адказаў Хілон, - але
я знайшоў сярод іх Глаўка, лекара.
-
Аб чым размова, і што гэта за
чалавек?
-
Напэўна ты не памятаеш аб старым,
з якім я вандраваў ад Неапаліса да Рыма, і абараняючы якога, страціў два
пальцы, што цяпер не дазваляе мне трымаць пяро ў руцэ. Рабаўнікі, якія забралі яго жонку і дзяцей,
паранілі яго нажом. Я пакінуў яго, паміраючага, у гасподзе ля Мінтурны і доўга
яго аплакваў. Дык вось усё не так. Я
пераканаўся, што ён жывы і належыць да хрысціянскай абшчыны ў Рыме.
Вініцый, які не мог зразумець, аб чым гаворка, усвядоміў толькі,
што гэты Глаўк з’яўляецца перашкодай у пошуках Лігіі,сцішыў гнеў, які бушаваў у
ім і сказаў:
-
Калі ты яго бараніў, то ён павінен
быць удзячны табе і дапамагаць.
-
Ах, годны трыбуне! Нават богі не
заўсёды бываюць удзячныя, а што тады казаць пра людзей. Так! ен павінен быць
удзячны мне. На жаль аднак гэта стары са слабым розумам, зацемненым узростам, і
таму ён не толькі не ўдзячны, але , як я даведаўся ад яго аднаверцаў,
вінаваціць мяне ў змове з рабаўнікамі і лічыць мяне прычынай яго няшчасця. Вось
табе і падзяка за два адсутныя пальцы.
-
Я ўпэўнены, хітрун, што было так,
як кажа ён, - адказаў Вініцый.
-
Тады табе вядома больш, чым яму,
-сказаў з годнасцю Хілон, - бо ен толькі дапускае, што так было, што не
перашкодзіла б яму сазваць хрысціян і жорстка мне адпомсціць. Ен зрабіў бы
гэта, а іншыя пэўна яму дапамаглі б. Шчасце,
што ён не ведае майго імя, а ў доме малітваў, дзе я напаткаў яго, ён мяне не
заўважыў. Я ж пазнаў яго адразу і ў першы момант хацеў кінуцца яму на шыю. Стрымала мяне толькі
разважлівасць і звычка думаць над кожным крокам, які я хачу зрабіць. Я пачаў распытваць аб ім пасля таго, як выйшаў
з дому малітваў, і тыя, хто яго ведае, расказалі мне, што гэта чалавек, якому
здрадзіў таварыш па вандроўцы з Неапаліса. Інакш я не ведаў бы, што ён так
расказвае.
-
Мне няма справы да гэтага! Кажы,
што ты бачыў у доме малітваў.
-
Табе няма справы, а мне ёсць: роўна
настолькі, як да маёй уласнай скуры. Бо я хачу, каб навука мая мяне перажыла,
хачу лепш адмовіцца ад узнагароджання, якое ты мне абяцаў, чым прысвячаць жыцце
марнай справе, без якой як сапраўдны філосаф і жыць і шукаць боскай праўды
патраплю.
Але Вініцый наблізіўся да яго з пагрозлівым тварам і стаў гаварыць
амаль шэптам:
-
А хто табе сказаў, што смерць
прыйдзе да цябе ад рукі Глаўка хутчэй, чым ад маёй? Адкуль ты ведаеш, сабака,
можа я зараз жа закапаю цябе ў сваім садзе?
Хілон быў палахлівы, і зірнуўшы на Вініцыя, імгненна зразумеў, што яшчэ
адно слова, і ён знікне з гэтага свету.
-
Я буду яе шукаць, пане, і знайду!
– хутчэй закрычаў ен.
Настала маўчанне, калі было чуваць толькі перарывістае дыханне Вініцыя
і далёкі спеў нявольнікаў, якія працавалі ў садзе.
Толькі праз хвіліну, калі грэк заўважыў, што малады патрыцый супакоіўся,
адважыўся сказаць:
-
Смерць прайшла каля мяне, яле я
пазіраў на яе з такім спакоем, як у Сакрата. Не, пане! Я не сказаў, што
адмаўляюся шукаць дзяўчыну і хацеў табе толькі паведаміць, што яе пошукі цяпер
вельмі небяспечныя. Ты хваляваўся у свой час наконт існавання Эўрыцыя, і хоць
на ўласныя вочы пераканаўся, што сын майго бацькі гаварыў табе праўду, цяпер
дапускаеш, што я прыдумаў Глаўка. Не. Калі
б ён быў прыдуманым, калі б я мог з пэўнай бяспекай хадзіць між хрысціян, так як
хадзіў раней, я вызваліў бы за гэта тую
старую нявольніцу, якую купіў тры дні таму, каб яна апекавала мой узрост і
калецтва. Але Глаўк жывы, і калі б мяне сустрэў, ты мяне не ўбачыў бы, а ў
такім выпадку, хто б табе знайшоў дзяўчыну.
Тут ён ізноўку замаўчаў і стаў выціраць слезы, пасля чаго загаварыў
далей:
-
Дык вось, пакуль Глаўк жыве, як жа
мне яе шукаць, калі ў любы момант я магу яго спаткаць, а калі спаткаю, то загіну,
а разам са мной і мае пошукі.
-
І што ты гэтым хочаш сказаць? Якое
выйсце? І што ты думаеш рабіць? – спытаў Вініцый.
-
Арыстоцель вучыць нас, пане, што
меншымі рэчамі трэба ахвяраваць дзеля большых, а кароль Прыям часта паўтараў,
што старасць – цяжкае бярэмя. Гэта ж
бярэмя старасці і няшчасцяў гняце Глаўка даўно і так моцна, што смерць была б
для яго найлепшым выйсцем. Што такое, паводле Сенэкі, смерць, калі не
вызваленне?. .
-
Блазнуй з Пятроніем, а не са мной,
і кажы, чаго ты хочаш?
-
Калі цноту ты завеш блазнотай, то
няхай мне богі дазволяць застацца блазнам назаўседы. Хачу, пане, забіць Глаўка,
бо пакуль ён жывы, то і маё жыццё , і мае пошукі знаходзяцца ў небяспецы.
-
Наймі людзей, якія заб’юць яго
кіямі, я ім заплачу.
-
Яны абдзяруць цябе, пане, і будуць
потым прасіць даплаты за захаванне таямніцы. Рабаўнікоў у Рыме столькі, колькі пясчынак на
арэне, аднак ты не дасі веры, якую цану яны запросяць, калі паважанаму чалавеку
трэба выкарыстаць іх паслугі. Не, годны трыбуне! А калі раптам іх схапілі б на
месцы забойства? Яны адразу б прызналіся, хто іх наймаў, і ў цябе былі б
клопаты. Мяне ж яны не выдадуць, бо я ім не скажу свайго імя. Дрэнна тое, што
ты мне не давяраеш, бо нават не беручы да ўвагі маю сумленнасць, памятай, што
справа тут у дзвюх іншых рэчах: у маёй уласнай скуры і ва ўзнагароджанні, якое
ты мне паабяцаў.
-
Колькі табе патрэбна?
-
Мне трэба тысяча сестэрцыяў, яле
звярні ўвагу, што я павінен знайсці паважаных у іх коле забойцаў, такіх, якія б
узялі задатак і не зніклі з ім без звестак. За добрую працу – добрая плата. Прыдалося
б што-небудзь і для мяне на праліванне слёз па Глаўку. Бяру сведкамі багоў. Як я яго любіў! Калі я атрымаю сёння тысячу
сестэрцыяў, то праз два дні душа яго будзе ў Гадэсе і там, калі душы захоўваюць
памяць і дар думаць, ён пазнае, як я яго любіў. Людзей знайду яшчэ сёння і
скажу ім, што ад заўтрашняга вечара за кожны дзень жыцця Глаўка я забяру па сто
сестэрцыяў. Есць у мяне пэўнае рашэнне, якое мне здаецца беспамылковым.
Вініцый яшчэ раз паабяцаў жадаемую суму, але забараніў гаварыць больш
пра Глаўка, затое спытаў, якія іншыя навіны прынёс Хілон, дзе быў, што бачыў і
аб чым даведаўся. Але той няшмат новага мог яму расказаць. Быў яшчэ ў двух
малітоўных дамах і звяртаў увагу на ўсіх, а асабліва на жанчын, але не заўважыў
хаця б адну, якая была б падобнай да Лігіі. Хрысціяне прымаюць яго за свайго, а
ад часу, калі ён даў грошы на выкуп Эўрыцыя, яны лічаць яго чалавекам, які ідзе
шляхам Хрыста. Ен даведаўся ад іх, што адзін вялікі заканадаўца, так званы
Павел з Торса, знаходзіцца ў Рыме, арыштаваны ў выніку скаргі, пададзенай
іудзеямі, і ён, Хілон, вырашыў з ім пазнаёміцца. Але найбольш узрадавала яго
іншая звестка, а менавіта, што найвышэйшы жрэц усей секты, які быў вучнем Хрыста
і якому той даверыў кіраваць хрысціянамі ўсяго свету, таксама мае намер прыехаць
у Рым. Усе хрысціяне захочуць бачыць яго
і паслухаць яго вучэнне. Будуць вялікія
сходы, на якіх і ён, Хілон, будзе прысутны, а паколькі ў натоўпе схавацца лёгка,
то правядзе туды і Вініцыя. Тады яны пэўна знойдуць Лігію. Калі Глаўка і заб’юць, то гэта не будзе
вялікай небяспекай. Помсціць, помсцілі б і хрысціяне, але ўвогуле гэта
спакойныя людзі.
Тут Хілон пачаў стаў распавядаць з пэўным здзіўленнем, што ніколі не
заўважаў, каб яны аддаваліся распусце, труцілі студні і фантаны, каб былі
ворагамі роду чалавечага, шанавалі асла ці паядалі дзяцей. Не! Не! Гэтага ён не
бачыў. Вядома, знойдуцца сярод іх і такія, што за грошы заб’юць Глаўка, але іх
вучэнне, наколькі яму вядома, ні да якіх забойстваў не заклікае і вучыць
прабачаць абразы.
Вініцый жа ўспомніў, што ў
Акты яму казала Пампонія Грэцына, і ўвогуле словы Хілона ён слухаў з радасцю. Паколькі
яго пачуццё да Лігіі часам прыймала адценні нянавісці, ен адчуваў палёгку, таму
што вучэнне, якое і яна, і Пампонія Грэцына шанавалі, не было ні
бесчалавечным, ні брыдкім. Нараджалася ў яго невыразнае яшчэ пачуццё, што гэта
менавіта яно, гэта невядомая яму таямнічая пашана Хрыста стварыла мяжу між ім і
Лігіяй, і тады ён стаў баяцца гэтага вучэння і ненавідзець яго.
Комментариев нет:
Отправить комментарий