Раздзел XVII
Хілону сапраўды важна было знішчыць Глаўка, які хаця і быў ва ўзросце,
але не быў нямоглым старым. У тым, пра што Хілон распавядаў Вініцыю, была
большая частка праўды. Ен ведаў у свой час Глаўка, здрадзіў яму, прадаў
рабаўнікам, пазбавіў сям’і, скарбу і аддаў на забойства. Аднак не вельмі хацеў
аб гэтым памятаць, бо пакінуў яго
паміраць не ў гасподзе, а ў полі пад Мінтурнай, і не прадбачыў адной
толькі рэчы, што Глаўк вылечыцца і прыбудзе ў Рым. Таму і калі ўбачыў яго ў доме малітваў,
спужаўся і ў першы момант хацеў сапраўды адмовіцца ад пошукаў Лігіі. Але з
іншага боку Вініцый напужаў яго яшчэ больш. Хілон зразумеў, што павінен абраць
ці забойства Глаўка, ці пагоню і помсту моцнага патрыцыя, якому на дапамогу
пэўна прыйшоў бы іншы, яшчэ мацнейшы, Пятроній. Зыходзячы з апошняга, Хілон
перастаў вагацца. Ен вырашыў, што лепш мець ворагаў малых, а не вялікіх, і хаця
яго баязлівая існасць і дрыжэла крыху ад крывавых распраў, усе ж ён абавязковым
абраў забіць Глаўка з дапамогай чужых рук. Цяпер справа была толькі падабраць людзей, і
да іх адносіўся яго намер, аб якім ён казаў Вініцыю. Бавячы ночы найчасцей ў
вінных лаўках, пры гэтым начуючы там з людзьмі бяздомнымі, без годнасці і веры,
лёгка мог знайсці такіх, якія б не цураліся любой работы, але яшчэ лягчэй было
знайсці такіх, якія б забралі ў яго грошы і пачалі б забойства з яго самога ці
ўзяўшы задатак, прымусілі б аддаць ім
ўсю суму пад страхам аддання яго ў рукі закону.
Зрэшты ад пэўнага часу Хілон адчуваў агіду да галоты, да брыдкіх і
разам з тым страшных асоб, якія месціліся ў падазроных дамах на Субуры ці на
Затыбру. Вымяраючы ўсё на ўласную мерку і не даведаўшыся цалкам пра хрысціян ні
пра іх вучэнне, ён лічыў, што і сярод іх знойдзе спакойна патрэбных яму, якія
здаваліся яму больш рашучымі, чым іншыя, і вырашыў падацца да іх і прадставіць
справу так , каб заняліся ёю не толькі з-за грошай, але і з-за перакананняў.
З гэтай мэтай ён пайшоў вечарам да Эўрыцыя, аб якім ведаў, што той
адданы яму ўсёй душой і зробіць усё, каб дапамагчы свайму выратавальніку. Аднак ён быў асцярожлівы і не думаў даверыць яму свае сапраўдныя намеры, якія, зразумела, сталі б падрываць веру старога ў Хілонавы цноту і багабоязь. Яму былі
патрэбныя людзі гатовыя на ўсе, а ўжо з імі скласці план так, каб дзеля саміх
сябе яны захавалі ўсё навечна ў таямніцы.
Стары Эўрыцый, калі выкупіў сына, то наняў адну з такіх маленькіх
крамаў, якіх было мноства ля Цырку Максімусу, каб прадаваць у ёй аліўкі,
боб, праснакі і ваду з мёдам гледачам, якія прыбываюць на гонкі. Хілон
застаў яго ў доме, калі стары парадчыў у краме, і павітаўшыся імем Хрыста, стаў расказваць пра справу, якая
яго сюды прывяла. Бо зрабіўшы ім паслугу, лічыў, што яму адплоцяць удзячнасцю. Яму
патрэбна моцных два-тры чалавекі , якія б былі смелыя каб прадухіліць небяспеку,
што пагражае не толькі яму, але і ўсім хрысціянам. Праўда, ён бедны, бо амаль
усё, што меў, аддаў Эўрыцыю, аднак такім людзям ён заплаціў бы за іх паслугі з
умовай, каб яму давяралі і выканалі тое, што ён ім загадае.
Эўрыцый і яго сын Кварт слухалі яго, як свайго дабрадзея, амаль што не
ўкленчыўшы. Абодва запэўнілі таксама, што і самі гатовы выканаць усё, чаго ён
ад іх пажадае, верачы, што такі святы чалавек не можа жадаць учынкаў, якія
пярэчаць вучэнню Хрыста.
Хілон запэўніў іх, што так і ёсць, і ўзвёўшы вочы, здавалася, маліўся,
а на самай справе думаў, ці не будзе лепш прыняць гэту іх ахвяру і такім чынам
зберагчы яму тысячу сестэрцый. Але праз хвіліну адхіліў гэта рашэнне. Эўрыцый
быў стары, можа не столькі сагнуты узростам, колькі схуднелы ад клопатаў і
хваробаў. Кварту ж было гадоў шаснаццаць. , а Хілону патрэбныя былі людзі
спраўныя і моцныя перш за ўсё. Што ж да тысячы сестэрцый, то ён спадзяваўся, што
дзякуючы плану, якога трымаўся, ён у любым выпадку патрапіць значную частку іх
зберагчы.
Яны яшчэ пэўны час упрошвалі яго, але калі ён усе растлумачыў,
пагадзіліся з ім. І Кварт сказаў:
-
Я ведаю пекара Дэмаса, пане, у
якога з жорнамі працуюць нявольнікі і найміты. Адзін з гэтых наймітаў такі
моцны, што замяніў бы не тое што двух, а чатырох, бо сам Кварт бачыў, як ён
паднімаў камяні, якія чацвёра не маглі скрануць з месца.
-
Калі гэта чалавек, што шануе бога
і здольны прысвяціць сябе братам, то пазнаёміш мяне з ім – адказаў Хілон.
-
Ен хрысціянін, пане, - адказаў
Кварт, бо ў Дэмаса працуюць у большасці сваёй хрысціяне. Там есць рабочыя
дзённыя і начныя, гэты ж працуе ноччу. Калі б мы зараз пайшлі, то паспелі б
якраз да вячэры, і ты змог бы з ім свабодна пагутарыць. Дэмас жыве каля Эмпорыума.
Хілон згадзіўся з ахвотай. Эмпорыум знаходзіўся ля падножжа Авентынскага
ўзгорка, таму недалёка ад Вялікага Цырку. Можна было не абыходзячы ўзгоркаў
падацца уздоўж ракі, праз Портык Эмілія, што яшчэ значна скарачала шлях.
-
Я стары, - сказаў Хілон, калі яны
ўвайшлі пад каланаду, - і часам у мяне праблемы з памяццю. Так! Вось і нашага Хрыста прадаў
адзін з яго вучняў. Але імя хрыстапрадаўцы я не магу ўспомніць у гэты момант.
-
Іуда, пане, які павесіўся! –
адказаў Кварт, крыху здзіўлены, як гэта імя можна было не памятаць.
-
А, так, так, Іуда. Дзякуй, Кварт,- прамовіў Хілон. І пэўны час
яны ішлі моўчкі. Дайшоўшы да Эмпорыума,
які быў ужо зачынены, прамінулі яго і абыйшлі зернясховішчы, дзе людзям
выдавалі збожжа, павярнулі налева, да дамоў, якія месціліся уздоўж Віа Астыензіс, аж да ўзгорка Тэстацыус і
Форум Пісторыум. Там яны затрымаліся
перад драўляным будынкам, адкуль даносіўся гук жорнаў. Кварт увайшоў, Хілон жа,
які не любіў паказвацца вялікай колькасці людзей і працяглы ўжо час баяўся, што той самы фатум
можа яго сутыкнуць з лекарам Глаўкам, застаўся звонку.
“Цікава, што ж гэта за Геркулес, які служыць у млынара, думаў Хілон,
паглядаючы на яркі месяц, - калі гэта прайдзісвет ды разумны чалавек, то гэта
будзе мне каштаваць крыху больш, чым калі ён цнатлівы і дурны хрысціянін і
зробіць задарма усё, што я захачу”. Далей яго думкі перапыніў Кварт, які вярнуўся.
Ен выйшаў з будынку з іншым чалавекам, апранутым толькі ў туніку, так званую
экзоміс, скроеную так, што правае плячо і грудзі з правага боку заставаліся аголеныя. Такое адзенне, што пакідае поўную
свабоду рухаў, апраналі часцей рабочыя. Хілон, зірнуўшы на асілка, задаволена
ўздыхнуў , бо ў жыцці не бачыў дасюль такіх плечукоў і торсу.
-
Вось ён, пане, - сказаў Кварт, -
брат, якога ты хацеў бачыць.
-
Няхай мір Хрыста будзе з табой, - азваўся Хілон, ты ж, Кварце,
скажы гэтаму брату, ці заслугоўваю я давер, а потым вяртайся у імя Бога; бо не
трэба, каб ты свайго сівога бацьку пакідаў у самоце.
-
Гэта святы чалавек, сказаў Кварт,
- які аддаў увесь скарб, каб мяне, незнаёмага, выкупіць з няволі. Няхай
Бог наш, Збавіцель, падрыхтуе яму за гэта нябесную ўзнагароду.
Магутны работнік пачуўшы гэта, нахіліўся і пацалаваў руку Хілона.
-
Як цябе клічуць, брат? – спытаў
грэк.
-
Пры хрышчэнні святым дадзена мне,
ойча, імя Урбан.
-
Урбане, браце мой, ці ёсць у цябе
час, каб пагаварыць са мной свабодна?
-
Праца наша пачынаецца апоўначы, а
цяпер толькі вячэру нам гатуюць.
-
Значыць, часу ў нас дастаткова –
дык хадзем да ракі, а там ты і паслухаеш словы мае.
Яны пайшлі і селі на камяністым беразе ў цішыні, якую парушалі толькі
аддалены гук жорнаў і булькатанне ракі, што плыла ўнізе. Там Хілон прыгледзеўся
да твару працаўніка, які нягледзячы на крыху суровы і сумны выраз, які мелі
звычайна твары варвараў, што жылі ў Рыме, падаўся яму усё ж добрым і шчырым.
“ Так і ёсць! – вырашыў ён у душы. – Гэта чалавек добры і неразумны,
які задарма заб’е Глаўка.” Потым ён спытаў:
-
Урбан, ты любіш Хрыста?
-
Люблю усёй душой і сэрцам, - адказаў працаўнік.
-
А братоў тваіх? А сясцёр, а тых,
якія навучылі цябе праўдзе і веры Хрыстовай?
-
Іх таксама люблю, ойча.
-
Тады няхай мір будзе з табою.
-
І з табою, ойча.
Зноў настала ціша – толькі дзесьці гучалі жорны ды ўнізе булькатала
рака. Хілон ўгледзеўся ў светлае месяцовае ззянне і спакойным, сумным голасам
пачаў распавядаць аб смерці Хрыста. Гаварыў нібыта і не Урбану, а самому сабе узгадваў пра тую смерць і яе таямніцу давяраў гэтаму гораду, які спаў.Было ў гэтым штосьці
ўзрушаючае і разам з тым ўрачыстае. Урбан плакаў, а калі Хілон пачаў прычытваць
і шкадаваць, што ў хвіліну смерці Збавіцеля не было нікога, хто б яго абараніў
калі не ад раскрыжавання, то хаця б ад зняваг салдат і іудзеяў, тады магутныя
грудзі варвара пачалі сціскацца ад жалю і гневу. Смерць яго толькі ўзрушала, а
вось ад думкі пра той натоўп, што здзекваўся з прыбітага да крыжа Агнца,
простая яго душа абуралася і ахапляла яго дзікае жаданне адпомсціць.
А Хілон раптам спытаў:
- Урбане, ці ведаеш ты, хто такі Іуда?
- Ведаю, ведаю! Але ж ён павесіўся! – усклікнуў працаўнік.
І ў голасе яго быў нібыта жаль, што здрайца сам сабе ўжо вымяраў кару і што не можа трапіць да яго ў рукі.
А хілон працягваў:
- А калі б ён не павесіўся і калі б які хрысціянін спаткаў яго на зямлі
ці на моры, то ці не павінен быў бы ён адпомсціць за пакуту, кроў і смерць
Збавіцеля?
- Хто б не адпомсціў!
- Мір з табою, верны слуга Агнца. Так! Можна прабачыць свае крыўды, але
хто мае права прабачыць крыўду Бога? Але як вужака параджае вужаку, злосць –
злосць, а здрада –здраду, так і з атручанай душы Іуды нарадзіўся іншы здрайца, і
як той прадаў іудзеям і салдатам рымскім Збавіцеля, так гэты, які жыве між
намі, хоча прадаць авечак Яго ваўкам і калі ніхто не перашкодзіць здрадзе, то
ўсіх нас чакае пагібель, а з намі разам загіне і пашана Агнца.
Працаўнік пазіраў на яго з вялікім непакоем, нібы не звяртаў увагі на
тое, што чуў, але грэк абкрыў галаву краем плашча і загаварыў голасам як з-пад
зямлі:
-
Гора вам, слугі сапраўднага Бога,
гора вам, хрысціяне і хрысціянкі!
І зноў настала маўчанне, зноў чутны быў толькі гук жорнаў, глухі спеў
млынароў ды пошум рачной вады.
- Ойча, - спытаў нарэшце Урбан, - што гэта за здрайца?
Хілон апусціў галаву.Што гэта за здрайца?Сын Іуды, сын яго атручанай
душы, які выдае сябе за хрысціяніна і ходзіць у дамы малітваў толькі дзеля
таго, што хоча абвінаваціць братоў перад цэзарам, што яго не хочуць лічыць
богам, што труцяць фантаны, забіваюць дзяцей і хочуць знішчыць гэты горад, ды
так каб камня на камені не засталося.Праз некалькі дзён будзе аддадзены загад
прэтарыянцам, каб яны арыштавалі старых, жанчын і дзяцей і павялі іх на смерць,
як некалі паслалі на смерць нявольнікаў Педанія Секунды.І ўсё гэта ўчыніў той
другі Іуда.Але калі першага ніхто не пакараў, ніхто яму не адпомсціў, калі
ніхто не бараніў Хрыста ў гадзіну пакуты, хто ж захоча пакараць гэтага, хто
знішчыць вужаку, пакуль цэзар яго не выслухаў, хто яго сатрэ з зямлі, хто абароніць
ад пагібелі братоў і веру Хрыстову?
А Урбан, які дасюль сядзеў на каменным брусе, раптам узняўся і
прамовіў:
- Я зраблю гэта, ойча.
Хілон таксама ўстаў, з хвіліну пазіраў на твар працаўніка, асветлены
месяцам, пасля чаго высцягнуў руку і апусціў павольна далонь на яго галаву.
-
Ідзі да хрысціян, - прамовіў ён
урачыста, - ідзі ў дом малітваў і запытайся ў братоў пра лекара Глаўка, і калі
яны табе яго пакажуць, тады, у імя Хрыста, забі !
-
Пра Глаўка?...- паўтарыў , нібы
хочучы лепш запомніць гэта імя, працаўнік.
-
Ты яго можа ведаеш?
-
Не, не ведаю.Хрысціян тысячы ва
ўсім Рыме, і не ўсе ведаюць адзін аднаго.Але заўтра на Астрыянуме збяруцца ноччу
браты і сестры, усе да адзінага, бо прыбыў Вялікі Апостал Хрыста, які будзе
там прапаведваць, і там браты пакажуць мне Глаўка.
-
На Астрыянуме?- спытаў Хілон. –
Гэта ж за брамамі горада.Браты і ўсе сёстры? Уночы? За брамамі на Астрыянуме?
-
Так, ойча. Гэта нашы могілкі, паміж Via Solaria і Наментанамі.Табе
невядома, што там адбудзецца пропаведзь Вялікага Апостала?
-
Мяне не было дома два дні, і не
атрымаў яго ліста, і не ведаў, дзе Астрыянум, бо нядаўна прыбыў сюды з Карынфа,
дзе я ўзначальваю хрысціянскую абшчыну…Але вось што! Паколькі Хрыстос так цябе
натхніў, пойдзеш ноччу, сын мой, на Астрыянум, там адшукаеш між братоў Глаўка і заб’еш яго па дарозе ў горад, за што будуць адпушчаны табе ўсе грахі.А цяпер
мір табе!
-
Ойча…
-
Слухаю цябе, слуга Божы.
-
На твары працаўніка адбілася
заклапочанне.Бо нядаўна ён забіў чалавека, а можа і двух, а вучэнне Хрыста
забараняе забіваць.Не забіў іх абараняючыся, бо і гэта не дазволена.Не забіў,
барані Божа, дзеля нажывы.Святар сам даў яму братоў на дапамогу, але забіваць не
дазваляў, ён жа выпадкова забіў, бо Бог надзяліў яго занадта вялікай сілай…І
цяпер ён цяжка пакутуе…Іншыя спяваюць ля жорнаў, а ён, няшчасны, думае аб сваім
граху, аб абразе Бога. Колькі ён ужо маліўся, плакаў! Колькі перапрашаў Агнца.І
адчувае да гэтай пары, што яшчэ за ўсе не адпакутваў.А цяпер зноў паабяцаў
забіць хоць і здрадніка…але нічога! Толькі ўласную крыўду можна прабачыць, таму
заб’е яго хоць бы і на вачах у братоў і сясцёр, якія заўтра будуць на
Астрыянуме.Але няхай Глаўк будзе спачатку прыгавораны старэйшымі сярод братоў, святаром ці Апосталам. Забіць справа невялікая, а забіць здрадніка – гэта наават
добра, як ваўка ці мядзведзя, але калі Глаўк загіне бязвінна? Як жа браць на
сумленне новае забойства, новы грэх і новую абразу Бога?
-
На суд няма часу, сын мой, -
адказаў Хілон, - бо здраднік схаваецца ў доме пэўнага патрыцыя, якому служыць,
але я дам табе знак, які калі пакажаш пасля таго, як заб’еш Глаўка, і біскуп, і
Вялікі Апостал блаславяць твой учынак.
Сказаўшы гэта, ён дастаў манету, пасля чаго адшукаў за поясам нож і
выскраб на ёй вастрыём знак крыжа, потым аддаў яе Урбану.
-
Гэта прысуд Глаўку і знак для
цябе.Калі пасля забойства ты пакажаш яго біскупу, той адпусціць першае твае
забойства, якое ты ўчыніў выпадкова...
Урбан
міжвольна пацягнуўся за сестэрцыем, але маючы яшчэ свежыя ўспаміны пра першае
забойства, адчуваў пачуцце страху.
-
Ойча, -сказаў ён амаль упрошваючы.-
А ты сам бярэш на сумленне гэты ўчынак і сапраўды сам чуў, як Глаўк прадаваў
братоў?
Хілон зразумеў, што трэба прывесці сведчанні, назваць пэўныя імёны, бо
інакш у сэрца асілка можа закрасціся сумненне.І раптам патрэбнае рашэнне
асвятліла яго розум.
-
Слухай, Урбане – сказаў ен – я
жыву ў Карынфе, але паходжу з Кос і тут, у Рыме, пасвячаю ў навуку Хрыста адну
служанку, дзяўчыну з майго краю, яе клічуць Эўніка.Яна служыць вестыплікай ў
доме сябра імператара, нейкага Пятронія.Вось у гэтым доме я і чуў, як Глаўк
збіраўся выдаць усіх хрысціян, а апроч гэтага абяцаў другому прыяцелю
імператара, Вініцыю, што знойдзе яму сярод хрысціян адну дзяўчыну…
Тут ён замоўк і паглядзеў са здзіўленнем на Урбана, вочы якога
засвяціліся раптам, як у звера, а твар прыняў выраз дзікага гневу і
пагрозлівасці.
-
Што з табой? – запытаў спужаўшыся
Хілон.
-
Нічога, ойча, я заб’ю заўтра
Глаўка!..
Але грэк маўчаў. Праз момант узяў яго за плечы і павярнуў так, каб
святло месяца падала проста на ягоны твар і стаў уважліва ўглядацца.Відавочна
было, што ў душы ён вагаўся, ці пытаць яго далей і атрымаць усе адказы, ці
пакуль спыніцца на гэтым, аб чым ужо даведаўся ці здагадаўся.
Нарэшце прыроджаная асцярожлівасць перамагла. Ен глыбока ўздыхнуў раз і
другі, пасля чаго паклаў ізноў далонь на галаву Урбана и спытаў урачыстым
голасам:
-
Ці сапраўды пры святым хрышчэнні
дадзена было табе імя Урбан?
-
Так, ойча.
-
Тады няхай мір будзе з табой,
Урбане!
Комментариев нет:
Отправить комментарий