суббота, 31 января 2015 г.

Раздзел 18 QUO VADIS?

Раздзел XVIII

Пятроній да Вініцыя:
“Дрэнна з табой, carissime! Відаць, Венера зблытала твае думкі, забрала розум, памяць і ўвогуле дар развагі пра ўсё, акрамя кахання.Перачытай калі-небудзь тое, што ты адказаў мне на мой ліст, і даведаешся тады, наколькі твой розум стаў абыякавы да ўсяго, што не ёсць Лігіяй, наколькі ёй ён толькі і заняты, да яе бясконца вяртаецца і кружляе над ёй, нібы ястраб над заўважанай ахвярай. Клянуся Палуксам! Знайдзі ж ты яе хутчэй! Інакш калі яшчэ агонь цябе не пераўтворыць у попел, зробішся егіпецкім сфінксам, які, закахаўшыся, як расказваюць, у светлую Ізіду, стаў глухі да ўсяго, абыякавы і чакае толькі ночы, каб углядацца ў каханую каменнымі вачыма.
         Аббягай сабе горад вечарамі пераапранутым, часцей заходзь з тваім філосафам у хрысціянскія дамы малітваў.Усё, што абуджае надзею і забірае час – годнае ўхвалення.Але дзеля маёй да цябе прыхільнасці зрабі адну рэч: гэты Урс, нявольнік Лігіі, хутчэй за ўсё чалавек надзвычайнай сілы, таму наймі да сябе Кратона і выходзьце ўтрох.Так будзе больш бяспечна і разумна.Хрысціяне, а паколькі да іх належаць Пампонія Грэцына і Лігія, відаць не такія ўжо злачынцы, якімі іх паўсюдна лічаць, аднак калі яны адбівалі Лігію, то даказалі, што як справа тычыцца авечкі з іх статку, то тут ужо не да жартаў.Калі ўбачыш Лігію, ведаю, што не здолееш стрымацца і захочаш яе забраць у той жа момант, а як ты гэта з адным Хіланідам зробіш? А Крота ўправіцца, хоць бы яе дзесяць такіх лігійцаў, як Урс, абараняла.Не дай сябе абабраць  Хілону, а на Кратона грошай не шкадуй. З усіх парад, якія я магу даслаць табе, гэта самая лепшая.
         Тут ужо не гавораць пра малую Аўгусту і пра тое, што памерла яна нібы ад чараў. Часам узгадвае аб ёй Папея, але думкі цэзара занятыя іншым; Зрэшты, калі праўда, што дзіва Аўгуста зноў цяжарная, то і ў яе успаміны пра тое дзіця знікнуць бясследна.Мы ўжо некалькі дзён у Неапалісе, а хутчэй у Баях. Калі б ты быў здольны думаць пра што-небудзь іншае, то рэха нашага побыту тут павінна было б гучаць у тваіх вушах, бо ўвесь Рым не гаворыць ні аб чым іншым. Заехалі проста ў Баі, дзе спачатку нас апанавалі успаміны аб маці і згрызоты сумлення.Але ці ведаеш да чаго Вогнебароды дайшоў? Нават забойства маці  для яго толькі тэма для вершаў і прычына да ўдзелу ў блазна-трагічных сцэнах.Ен адчуваў раней сапраўдныя згрызоты толькі таму, што баязлівец.Цяпер жа, калі пераканаўся, што свет такі, як быў раней, ля яго ног, і ніводзін бог не адпомсціў яму, дэманструе іх толькі для таго, каб узрушыць людзей сваім лёсам.Часам падхопліваецца па начах, сцвярджаючы, што яго даганяюць фурыі, будзіць нас, азіраецца навокал, прыймае позу камедыянта, які іграе ролю Арэста, ды і то , дрэннага камедыянта, дэкламуе грэцкія вершы і назірае, ці мы на яго глядзім.І мы, канечне, глядзім! І замест таго, каб сказаць яму Ідзі ты спаць, блазан, - настройваемся таксама на лад трагедыі і баронім вялікага артыста ад Фурый. Клянуся Кастарам! Павінна было да цябе дайсці хаця б тое, што ён выступіў ужо публічна ў Неапалісе. Склікалі ўсіх грэцкіх просталюдзінаў з гэтага горада і яго ваколіц, якія напоўнілі арэну непрыемнымі пахамі часныку і поту, і я дзякаваў багам, што замест месца ў першых радах сярод аўгустыянаў, я быў з Вогнебародым за сцэнай.І ці дасі веры, што ён  баяўся.Ен баяўся сапраўды. Браў маю руку і прыкладаў да свайго сэрца, якое білася прыспешана.І дыхаў хутка, а калі трэба было выходзіць, збялеў як пергамент, і лоб яго пакрылі кроплі поту.Хаця я і ведаў, што ва ўсіх радах сядзяць гатовыя прэтарыянцы, узброеныя кіямі, якімі ў выпадку патрэбы павінны былі падтрымліваць запал гледачоў.Але патрэбы не было.Ніводная стая малпаў з ваколіц Карфагена не зможа так выць, як выла гэта галота.І я кажу табе, што пах часныку дасягаў аж да сцэны.Нярон кланяўся, прыціскаў рукі да сэрца, пасылаў паветраныя пацалункі і плакаў.Потым забег да нас, што былі за сцэнай з крыкам: Чым ёсць усе трыумфы у параўнанні з гэтым маім? А галота працягвала выць і пляскаць у далоні, ведаючы, што выплешча сабе ласку, дары, піраванні, латэрэйныя білеты і новае відовішча з блазнам-імператарам.Я з іх не дзіўлюся, што пляскалі, бо гэткага дасюль яшчэ не бачылі.Ен жа паўтараў штохвіліну: “Вось што значыць грэкі!” І здаецца мне, што з той хвіліны яго ненавісць да Рыма ўзрасла яшчэ больш.У Рым былі дасланы спецыяльныя ганцы з паведамленнем пра трыумф.І мы спадзяемся ў гэтыя дні на прынясенне падзякі сенатам.Адразу пасля першага выступлення Нярона адбыўся тут дзіўны выпадак.Тэатр рухнуў раптам, але ў той час,  як людзі павыходзілі, я быў на месцы здарэння і не бачыў, каб знайшлі хоць адзін труп пад абломкамі.Шмат, нават сярод грэкаў, расцэньваюць гэта, як гнеў багоў за нявер’е ва ўладу імператара, але ён , наадварот сцвярджае, што гэта ласка багоў, якія відавочна апякаюць і ягоны спеў і тых, хто яго слухае.Адсюль і ахвяры па ўсіх храмах і вялікая падзяка, для яго ж гэта новая прычына для падарожжа ў Ахаю.Некалькі дзён таму  ён казаў мне, што пабойваецца, што на гэта скажа  народ Рыма, і ці не абурыцца, не так з прыязнасці да яго, як з выпадку раздачы збожжа і відовішчаў, што магло б іх абмінуць пры далейшай адсутнасці імператара.
         Аднак жа мы едзем у Беневент аглядаць раскошу шавецкую, якой пахваліцца Ватыній, а адтуль пад апекай боскіх братоў Алены, у Грэцыю.Што да мяне, то я заўважыў адну такую рэч: калі ен знаходзіцца сярод шалёных, то становіцца шалёным таксама, і больш таго, знаходзіць сабе пэўнае задавальненне ў тых шаленствах.Грэцыя і вандроўка з тысяччу кіфар як трыўмфальнае шэсце Вакха між увенчаных міртавай зелянінай, лістамі вінаграду ў карагодзе  німфаў і вакханак, вазы, запрэжаныя тыграмі, кветкі, тырсы, вянцы, вокрыкі еvoe! Музыка, паэзія і воплескі ўсёй Элады, - усё гэта добра, але ў нас тут ёсць яшчэ больш смелыя задумы.
         ЕН хоча нам стваыць нейкую ўсходнюю казачную імперыю; улада пальмаў, сонца, паэзіі і пераўтворанай у сон рэчаіснасці і пераўтваронага ў адзіную асалоду жыцця.Хоча, каб мы забыліся на Рым, а цэнтр свету хоча размясціць дзесьці паміж Грэцыяй , Азіяй і Егіптам, ды каб мы жылі не жыццём людзей, але багоў, хоча не ведаць штодзённасці, блукаць на залатых галерах пад ценем пунсовых ветразяў па Архіпелагу, быць Апалонам, Асірысам, Ваалам у адной асобе, ружавець з зарой, залаціцца з сонцам, серабрыцца з месяцам, панаваць, спяваць, сніць сны… І ці паверыш, што я, у каго яшчэ хапае розуму на сестэрцый і на столькі ж развагі, паддаюся гэтым фантазіям, і толькі таму што калі яны і неверагодныя, то хаця б велічныя і незвычайныя… Такая казачная імперыя была б чымсьці, што калі-небудзь потым, праз шмат вякоў, падалося б людзям сном.А паколькі Венера не можа стаць такой, як Лігія, ці хаця б такой, як нявольніца Эўніка, і паколькі не прыаздабляе яго мастацтва, то жыццё само - бяссэнсіца і часта прымае твар малпы.Але Меднабародаму не ажыццявіць сваіх задумаў хаця б таму, што ў гэтым казачным каралеўстве паэзіі і Ўсходу не павінна быць месца для здрады, подласці, смярцей, а ў ім пад выглядам паэта сядзіць дрэнны камедыянт, дурнаваты фурман і тупы тыран. Бо ў той жа час мы душым людзей, калі яны нам хоць як перашкаджаюць.Бедны Таркватус Сіланус ужо цень. Ускрыў сабе жылы некалькі дзён таму. Ленаній і Ліцыній са страхам прымаюць консульства, стрый Тразея не абміне смерці, бо смее ведаць як шанаваць. Тыгелін да гэтай пары не можа здабыць для мяне загад, каб і я ўжо ускрыў сабе жылы.Але я яшчэ патрэбны не толькі як арбітр элегантарыум, а як чалавек, без парад і густу якога падарожжа ў Ахаю магло б і не атрымацца.Неаднойчы думаю, што раней ці пазней усе гэта скончыцца, але ведаеш, чым я цяпер заклапочаны: тым, каб Меднабародаму не дасталася тая мая мірэнская чара, якую ты ведаеш і бачыў.Калі ў хвіліну маёй смерці ты будзеш пры мне, тоя табе яе аддам, а калі будзеш далёка, то разаб’ю яе.Але на гэты момант у нас наперадзе яшчэ шавецкі Беневент, алімпійская Грэцыя і Фатум, якая нябачна і непрадказальна пракладвае дарогу кожнаму. Будзь жа здаровы і наймі Кратона, бо другі раз адбяруць у цябе Лігію.Хіланіда, калі ён перастане быць табе патрэбны, прышлі да мяне, дзе б я ні знаходзіўся. Можа зраблю з яго другога Ватынія і можа консулы і сенатары яшчэ будуць дрыжэць перад ім, як дрыжаць перад тым воінам Дратэўкам.Варта было б дачакацца такога відовішча.Калі адшукеш Лігію, то дай мне ведаць, каб я ахвяраваў за вас пару лебедзяў і пару галубоў у тутэйшым акруглым храме Венеры. Я некалі бачыў ува сне Лігію у цябе на каленах, яна шукала тваіх пацалункаў.Пастарайся, каб гэта быў урочы сон. Няхай на небе тваім не будзе хмараў, а калі і будуць, то няхай у іх будзе пах і колер ружаў.Бывай здаровы і пакуль!

         

Комментариев нет:

Отправить комментарий