Раздзел XV
Пятроній да Вініцыя:
“Праз надзейнага нявольніка дасылаю табе з Анцыя гэты ліст, на які,
паколькі рука твая больш прызвычаена да мяча і шчыта, чым да пяра, спадзяюся,
адпішаш без лішніх клапот праз яго ж. Я
пакінуў цябе на верным шляху і поўнага надзеі і думаю, што або ты ўжо салодкія
жаданні заспакоіў у абдымках Лігіі, або заспакоіш іх хутка, пасля чаго
сапраўдная зімовая віхура павее на Кампанію з гор Саракта. О, мой Вініцый!
Няхай табе дапамагае залатая багіня Кіпра, а ты будзь апекуном гэтай лігійскай
Аўроры, якая ўцекла ад сонца кахання. І памятай, што мармур, хоць і самы
дарагі – нішто, і што сапраўдная вартасць прыходзіць да яго, калі рука майстра
ператворыць яго ў мастацкую рэч. Будзь такім майстрам і ты, …. !Кахаць
недастаткова, трэба ўмець кахаць і трэба ўмець навучыць каханню. Кожны адчувае
асалоду: і плебс, і нават жывёлы, але сапраўдны чалавек адрозніваецца ад іх
тым, што яе ператварае ў высокае мастацтва, а любуючыся ім, усведамляе яго
боскую прыкмету, і гэтым не толькі цела , але і душу насычае. Неаднаразова, калі
тут я думаю аб бессэнсоўнасці, няпэўнасці і нудзе нашага жыцця, прыходзіць мне
на думку, што ты можа і лепшае выбраў, і што не двор імператара, а каханне і
вайна – дзве рэчы, дзеля якіх варта нарадзіцца і жыць
На вайне ты быў шчаслівы, будзь жа такім і ў каханні, а калі табе
цікава, што робіцца ў двары імператара, то я буду табе пра гэта час ад часу
паведамляць. Цяпер мы сядзім у Анцыі і даглядаем наш нябесны голас, аднак
адчуваем нянавісць да Рыма, а зімой збіраемся падацца ў Баі, каб выступіць
публічна ў Неапалісе, жыхары якога, як грэкі, лепш змогуць нас ацаніць, чым
воўчае племя, што жыве на берагах Тыбра. Збяруцца людзі з Баяў, Пампей, з
Путэол, з Кум, са Стабій, і тады авацый і вянкоў нам хопіць, і гэта будзе
стымулам да выезду ў Ахаю.
А памяць пра малую Аўгусту? Так! Яшчэ яе аплакваем. Спяваем гімны
ўласнага сачынення так цудоўна, што сірэны ад зайздрасці пахаваліся у самых
глыбокіх гротах Амфітрыты. Слухалі б нас дэльфіны, калі б не перашкаджаў ім шум
мора. Боль наш дасюль не суцішыўся, і мы
паказваем яго людзям усялякім спосабамі, якім вучыць ваянне, назіраючы пільна,
ці да твару нам жалоба і ці людзі могуць разумець гэту прыгажосць. Ах, мой
дарагі! Памром, як блазны і камедыянты.
Тут усе аўгустыяне і аўгустыянкі, не лічаччы пяцісот асліц, у малацэ
якіх купаецца Папея, і дзесяці тысяч слуг. Часам бывае весела. Кальвія
Крыспініла старэе і, кажуць, што ўпрасіла Папею, каб ей дазволілі ёй прымаць
ванну адразу пасля боскай. Нігідыі Лукан урэзаў па твары, падазраючы яе ў
сувязі з гладыятарам. Спор прайграў жонку ў косці Сенецыену. Таркват Сілан
даваў мне за Эўніку чатырох коней каштанавай масці, якія ў гэтым годзе напэўна
выйгралі б гонкі. Я не згадзіўся. А табе таксама дзякую, што яе не прыняў. Таркват
Сілан нават не здагадваецца, бядак, што ён ужо больш цень, чым чалавек. Смерць
яго не за гарамі. А ведаеш у чым яго віна? Ен - праўнук боскага Аўгуста, няма яму
ратунку. Такі наш свет!
Мы спадзяваліся, што прыбудзе Тырыдат, а ў гэты час Валагез напісаў ліст
з абразамі. Паколькі ен скарыў Арменію, просіць яму яе пакінуць для Тырыдата, а
калі не, то і так яе не аддасць. Якое нахабства! Мы і вырашылі ваяваць. Карбулон
атрымае такую ўладу, якую за час вайны з піратамі меў толькі вялікі Пампей. Было імгненне, калі Нярон сумняваўся: баіцца
славы, якую ў выпадку перамогі можа атрымаць Карбулон. Думалі нават ці не
аддаць гэту пасаду нашаму Аўлу, але супроць была Папея, якой цнота Пампоніі як
костка ў горле. Ватыній абяцаў нам нейкія незвычайныя баі гладыятараў, якія хоча
арганізаваць у Беневенце. Глядзі, да чаго даходзяць, не звяртаючы на пагаворку
ўвагі, шаўцы (Няхай шавец судзіць не больш, чым пра сапог) у наш час. Вітэлій – патомак шаўца, а Ватыній – сын родны.
Можа сам яшчэ сучыў дратву. Гістрыён Алітур цудоўна ўчора прадстаўляў Эдыпа. Я
спытаў у яго як у іудзея, ці хрысціяне і іудзеі – гэта адно і тое ж? Ен адказаў
мне, што яўрэі мелі адвечна рэлігію, а хрысціяне – новая секта, якая нядаўна
ўтварылася ў Іудзеі. Раскрыжавалі там у часы Тыберыя пэўнага чалавека,
шанавальнікі якога памнажаюцца з кожным днём і лічаць яго богам. Здаецца, што
іншых ніякіх багоў, а тым больш нашых і ведаць не хочуць. Не разумею, чым бы ім гэта пашкодзіла.
Тыгелін ставіцца да мяне варожа. Да гэтага часу не можа мне даць рады, аднак мае ўжо адну перавагу. Ен
больш дбае пра жыццё і разам з тым ён больш за мяне подлічае, што яго збліжае з
Агенабарбам. Гэтыя два дагаворацца раней ці пазней, а ў гэты час настане мая
чарга. Калі гэта адбудзецца, я не ведаю,
але усё роўна калісьці павінна адбыцца,можа і не так хутка. Трэба тымчасам
бавіцца Жыцце само па сабе было б някепскім, каб не імператар Дзякуючы яму
чалавеку часам брыдка ад самога сябе. Няварта лічыць бойку за яго прыхільнасць
цыркавымі гонкамі, гульнёй ці спаборніцтвамі, у якіх перамога лашчыць уласнае
самалюбства. Я праўда часта сабе так гэта тлумачу, але мне часам здаецца, што я
гэткі Хілон і нічым не лепшы за яго. Дарэчы, калі ён будзе табе непатрэбны, прышлі
яго да мяне. Мне падабаюцца яго
павучальныя размовы. Перадай прывітанне
ад мяне тваёй боскай хрысціянцы, а лепш прасі яе ад майго імя, каб не была для
цябе рыбай. Раскажы пра здароўе, каханне, умей кахаць, навучы кахаць і да
пабачэння”.
М. Г. Вініцый да Пятронія:
“Лігіі дасюль няма! Каб не надзея, што
я хутка яе знайду, ты не атрымаў бы адказ, бо калі жыцце абрыдла, то і пісаць
не хочацца. Хацеў праверыць, ці не ашуквае мяне Хілон, і ў тую ноч, калі ён
прыйшоў па грошы для Эўрыцыя, я абкрыўся вайсковым плашчом і пайшоў непрыкметна
за ім і за хлапчуком, якога яму даў у праважатыя. Калі яны прыйшлі на месца, я назіраў здалёк,
схаваўшыся за партовым слупам, і пераканаўся, што Эўрыцый не быў выдуманай
асобай. Унізе, ля ракі, некалькі дзесяткаў чалавек выгружалі з паходнямі камні
з вялікага плыта і складвалі іх на беразе. Я бачыў, як Хілон наблізіўся да іх і
пачаў размаўляць з нейкім старым, які праз хвіліну упаў яму ў ногі. Іншыя
абкружылі іх з вокрыкамі здзіўлення. На маіх вачах хлопчык аддаў мяшок Эўрыцыю,
які схапіў яго і пачаў маліцца з узнятымі рукамі, а каля яго ўкленчыў яшчэ
хтосьці, відавочна яго сын. Хілон гаварыў яшчэ штосьці, чаго я не мог чуць, і
благаславіў усіх прысутных, робячы ў паветры знакі накшталт крыжа, які яны
шануюць напэўна, бо ўсе пасталі на калені. Мне хацелася падысці да іх і
паабяцаць тры такіх мяшэчкі таму, хто мне паведаміў бы пра Лігію, але я баяўся
сапсаваць гульню Хілона і праз хвіліну вагання адыйшоў.
Гэта было на 12 дзень пасля твайго
ад’езду. З той пары ён быў у мяне ужо некалькі разоў. Сам казаў мне, што карыстаецца
даверам у хрысціян. Кажа, што калі Лігію дасюль не адшукаў, то гэта таму, што
іх ужо незлічоная колькасць у самім Рыме, і не ўсе ведаюць адзін аднаго, і не ўсе
могуць ведаць, што сярод іх адбываецца. У дадатак яны асцярожныя і ўвогуле мала
гавораць, аднак ён заручыўся, што калі патрапіць да старэйшын, якіх клічуць
прасвітарамі, то ад іх дабудзе ўсе таямніцы. З некалькімі ўжо пазнаёміўся і
спрабаваў іх распытваць, але асцярожна, каб не выклікаць падазрэнняў і не
ўскладніць справу. І хоць чакаць цяжка, хоць і не хапае цярплівасці, я адчуваю,
што ён мае рацыю і чакаю
Я даведаўся таксама, што для сумесных
малітваў у іх ёсць асобныя месцы, часта за брамай горада, у пустых дамах і
нават у арэнарыях. Там жа яны і шануюць Хрыста, спяваюць і трапезуюць. Месцаў
такіх шмат, і Хілон дапускае, што Лігія спецыяльна ходзіць у іншыя месцы, чым Пампонія Грэцына, каб тая у выпадку суда і следства смела магла прысягнуць, што
аб ёй не ведае. Можа падказалі ёй гэта прасвітары. Калі Хілон даведаецца пра ўсе
гэтыя месцы, я буду хадзіць з ім разам, і калі богі дазволяць мне ўбачыць
Лігію, прысягаю табе Юпітэрам, што ў гэты раз яна не знікне з маіх рук.
Я думаю пра гэтыя месцы малітваў. Хілон
не хоча, каб я з ім хадзіў. Баіцца, але я не магу сядзець дома. Я пазнаю яе
адразу, хоць пераапранутую, хоць за заслонай. Яны збіраюцца ноччу, але я і тады
пазнаю яе голас і рухі. Сам пераапрануся
і пайду назіраць за кожным, хто ўваходзіць і выходзіць. Увесь час пра яе думаю,
таму пазнаю яе. Хілон павінен прыйсці заўтра, і пойдзем. Вазьму з сабой зброю. Некалькі
маіх нявольнікаў, пасланых у правінцыі, вярнуліся ні з чым. Але цяпер я ўпэўнены, што яна тут, у горадзе,
і можа нават побач. Сам абыйшоў шмат дамоў пад прапановай найму. У мяне будзе ёй у сто разоў лепш, бо там жыве цэлы мурашнік галоты. Я ж ей нічога не
пашкадую. Пішаш, што я зрабіў првільны выбар: я абраў хваляванні і згрызоты. Пойдзем
спачатку у тыя дамы, што ў горадзе, а потым за браму. Надзея на лепшае
з’яўляецца кожны новы дзень, інакш немагчыма было б жыць. Ты кажаш, што трэба
ўмець кахаць, і раней я ўмеў гаварыць з Лігіяй пра каханне, а цяпер толькі
сумую, толькі чакаю Хілона, і дома мне невыносна. Да пабачэння. ”
Комментариев нет:
Отправить комментарий