суббота, 7 февраля 2015 г.

Раздзел 68 QUO VADIS? Г.Сенкевіч

Пятроній пасля выратавання Лігіі не хацеў раздражняць імператара і падаўся за ім разам з іншымі аўгустыянамі на Палатын. Ен хацеў паслухаць, пра што там будуць гаварыць, і асабліва пераканацца, ці Тыгелін не прыдумаў чаго-небудзь новага на згубу дзяўчыне. І яна, і Урс былі цяпер былі пад апекай народу і без распальвання вайны ніхто цяпер не мог узняць на іх руку, аднак Пятроній, ведаючы аб нянавісці, якой палаў да яго ўсемагутны прэфект прэторыі, дапускаў, што хутчэй за ўсе той не мог папросту яго дасягнуць і будзе намагацца яшчэ адпомсціць якім-небудзь чынам яго пляменніку.
Нярон быў разгневаны і раздражнены, бо відовішча скончылася зусім інакш, чым ен таго хацеў. На Пятронія спачатку не хацеў нават глядзець, але той, застаючыся халодна-спакойным, наблізіўся да імператара з усей свабодай, уласцівай арбітру элегантарыум і сказаў:
 - Ці ведаеш ты, боскі, што прыходзіць мне на думку? Напішы песню пра дзяўчыну, якую загад валадара свету выратоўвае ад рагоў дзікага тура і аддае каханаму. У грэкаў чулыя сэрцы, і я ўпэўнены, што іх зачаруе такая песня.
Нярону, нягледзячы на раздражненасць, такая думка была даспадобы і нават удвая: спачатку як тэма для песні, а потым, ен жа мог праславіць у ей сябе самога як валадара свету, які думае прыгожа. Таму ен паглядзеў з хвіліну на Пятронія, пасля прамовіў:
 - Так! Можа ты і маеш рацыю! Але ці гэта добра – спяваць мне самому аб сваей дабрыні?
 – Можаш нават нічога не змяняць, кожны здагадаецца і так, аб чым пяецца, а з Рыму весткі разыходзяцца па ўсім свеце.
 – І ты ўпэўнены, што гэта спадабаецца ў Ахаі?
 – Клянуся Палуксам! – усклікнуў Пятроній.
І адыйшоў задаволены, бо ўжо цяпер ён быў упэўнены, што Нярон, жыцце якога ўсе было прыстасаваннем рэальнасці да літаратурных задумаў, не захоча сапсаваць сабе тэму, а тым самым звяжа рукі Тыгеліну. Не змяніла гэта яго намеру адправіць Вініцыя з Рыма, як толькі здароўе Лігіі перастане быць перашкодаю для гэтага. І калі ўбачыў пляменніка на наступны дзень, то сказаў яму:
 - Вывозь яе на Сіцылію.Адбылося штосьці такое, пасля чаго з боку імператара вам нічога не пагражае, але Тыгелін гатовы ўжыць нават атруту, калі не ад нянавісці да вас, то да мяне напэўна. Вініцый усміхнуўся на гэта і адказаў:
 - Яна была на рагах дзікага тура, а ўсе ж Хрыстос яе выратаваў.
 – То падзякуй Яму ахвярай, - адказаў з адценнем нецярплівасці Пятроній, - Але не прасі Яго выратоўваць яе ў другі раз... Ты памятаеш, як Эол прыняў Адысея, калі  той вярнуўся прасіць яго яшчэ раз аб добрым накірунку вятроў? Богі не любяць паўтарацца...
 – Калі вернецца яе здароўе, - адказаў Вініцый, - я адвязу яе да Пампоніі Грэцыны
 – І ты зробіш гэтым толькі горш, бо Пампонія ляжыць хворая. Казаў мне аб гэтым сваяк Аўлаў Антыстый. Тут будуць адбывацца такія рэчы, што людзі пра вас забудуць, а ў цяперашнія часіны самыя шчаслівыя тыя, аб кім не памятаюць. Няхай Фартуна будзе вам сонцам зімой і ценем летам!
Сказаўшы гэтак, ен пакінуў Вініцыя з яго шчасцем, сам жа пайшоў даведацца ў Тэокла аб здароўі і жыцці Лігіі. Але ей ўжо не пагражала небяспека. У падзем’ях, пры знясіленні , якое засталося пасля турэмнай ліхаманкі, яе б дабіла гнілое паветра і адсутнасць выгод, але цяпер абкружалі яе самай дасканалай апекай і не толькі дастаткам, але і раскошай.
 Па загаду Тэокла праз два дні пачалі яе выносіць у сады, якія былі вакол вілы і дзе яе пакідалі на доўгія гадзіны. Вініцый прыбіраў яе паланкін анемонамі і асабліва ірысамі, каб ей нагадаць пра атрый у доме Аўлаў. Неаднойчы схаваныя ў ценю разрослых дрэваў яны размаўлялі, трымаючыся за рукі аб мінулых болю і трывогах. Лігія гаварыла яму, што Хрыстос наўмысна правеў яго праз пакуту, каб змяніць яго душу і ўзняць яго да Сябе, ен жа адчуваў, што гэта праўда і што не засталося ў ім нічога ад былога патрыцыя, які не прызнаваў іншага закону над уласнымі жаданнямі. Але ў гэтых успамінах не было горычы. Абоім здавалася, што цэлыя стагоддзі пранесліся над іх галовамі, і што гэта страшнае мінулае ўжо далека ад іх. У гэты час іх апаноўваў спакой, якога яны не ведалі дасюль. Нейкае новае жыцце  - вялікае і добрае - ішло да іх і забірала іх да сябе.

 У Рыме мог сам сабе вар’яцець імператар і напаўняць трывогай свет, яны ж, адчуваючы над сабой апеку ў сто разоў мацнейшую, не баяліся ўжо ані яго злосці, ані яго шаленстваў, так, нібы ен перастаў быць гаспадаром іх жыцця ці смерці. Аднойчы, падчас заходу сонца, яны пачулі рэха ад рыкаў ільвоў і іншых дзікіх жывел з віварыяў. Некалі гэтыя водгаласы працялі трывогай Вініцыя, як злое прадказанне.Цяпер яны пазіралі толькі адзін на аднаго з усмешкай, а потым абое ўзнялі позіркі да вечаровых зор. Часамі Лігія, вельмі аслабленая так, што не магла яшчэ хадзіць, засынала сярод садовай цішы, ен жа не спаў над ей і, углядаючыся ў твар яе, думаў міжволі, што гэта ўжо не тая Лігія, якую ен спаткаў у Аўлаў, паколькі і турма, і хвароба згасілі часткова яе прыгажосць. У той час, калі ен бачыў яе ў Аўлаў і пазней, калі ен прыйшоў забраць яе дадому ад Мірыям, яна была такой цудоўнай, як статуя і кветка, разам узятыя. Цяпер жа твар яе стаў амаль празрысты, рукі схуднелі і цела таксама ад хваробы, вусны пабляднелі і вочы, здавалася, сталі менш блакітныя, чым раней. Залатавалосая Эўніка, якая прыносіла ей кветкі і раскошныя тканіны для прыкрыцця яе ног, выглядала побач з ей, як кіпрскае баство. Эстэт Пятроній пружна высільваўся, каб знайсці ў Лігіі былыя рысы і, паводзячы плячыма, думаў, што гэты цень з Елісейскіх Палеў не быў варты тых захадаў, тых боляў і пакут, якія амаль не забралі жыцце Вініцыя. Але Вініцый, які кахаў цяпер яе душу, любіў яе толькі тым больш, а калі назіраў за ей у час, калі яна спала, то яму здавалася, што назірае за цэлым светам.

Раздзел 67 QUO VADIS? Г.Сенкевіч

Чатыры абісінцы неслі асцярожна Лігію ў дом Пятронія, Вініцый жа і Урс ішлі побач, спяшаючыся, каб яе як найхутчэй аддаць у рукі грэцкага лекара. Яны ішлі моўчкі, бо пасля гэткага дня яны не маглі распачаць гаворку. Вініцый дасюль быў нібы напалову прытомны. Ен паўтараў сабе, што Лігія вызвалена, што ей не пагражае ўжо ні турма, ні смерць у цырку, што няшчасці іх скончыліся раз і назаўжды, і што ен забірае яе дадому, каб не разлучацца з ей больш. І яму здавалася, што гэта хутчэй пачатак нейкага іншага жыцця, чым рэальнага. Час ад часу ен нахіляўся над адкрытым паланкінам, каб паглядзець на гэты каханы твар, які пры святле месяца, падавалася, быў дзесьці ў снах, і паўтараў у думках: “Гэта яна! Хрыстос выратаваў яе!” Ен прыгадаў сабе таксама, што да спаліярыума, куды яны з Урсам аднеслі Лігію, прыйшоў нейкі невядомы яму лекар і запэўніў яго, што дзяўчына жывая і будзе жыць. Ад гэтай думкі радасць перапаўняла яму грудзі так, што хвілінамі ен слабеў і абапіраўся на плячо Урса, бо не мог ісці свамі сіламі. Урс жа глядзеў на ўсеянае зоркамі неба і маліўся.
Яны ішлі хутка сярод вуліц, на якіх наноў адбудаваныя белыя дамы блішчалі моцна ў месяцавым ззянні. Горад быў пусты. Дзе-нідзе толькі групкі людзей з вянцамі з плюшчу спявалі і танцавалі перад портыкамі пад ігру флейтаў, карыстаючыся цудоўнай ноччу і святочнай парой, якая доўжылася ад пачатку відовішчаў. Толькі калі ўжо яны былі недалека ад дому, Урс перастаў маліцца і загаварыў ціха, нібы баяўся разбудзіць Лігію.
 – Гаспадар, гэта Збавіцель выратаваў яе ад смерці. Калі я ўбачыў яе на рагах тура, я пачуў голас у душы:”Абарані яе!”, і гэта быў напэўна голас Агнца. Турма адабрала ў мяне сілы, але Ен мне іх вярнуў на гэты час і Ен натхніў гэты жорсткі народ заступіцца за яе. Няхай жа будзе воля Яго! А Вініцый адказаў:
 - Няхай будзе ўслаўлена Імя Яго!
 Але ен не мог гаварыць больш, калі раптам адчуў, што вялізны плач збіраецца ў яго грудзях. Яго апанавала жаданне кінуцца на зямлю і дзякаваць Збавіцелю за цуд і міласэрнасць.
Тымчасам яны дайшлі да дому. Слугі, папярэджаныя высланым наўмысна наперад нявольнікам, ўсе павыходзілі, каб сустрэць гаспадароў. Павел з Тарсу звярнуў да веры яшчэ ў Анцыі  большю частку гэтых людзей. Няшчасці Вініцыя цалкам былі ім вядомыя, таму радасць іх ад выгляду ахвяр, выратаваных ад злосці Нярона, была вялікая, і павялічылася яшчэ больш, калі лекар Тэокл пасля агляду Лігіі засведчыў, што яна не пакалечана, і што пасля таго, як пройдзе слабасць, якая засталася ад турэмнай ліхаманкі, яна вернецца да жыцця здароваю.
Прытомнасць жа вярнулася да яе гэтай самай ноччу. Абудзіўшыся ў прыгожым кубікуле, асветленым карынфскімі лямпамі, пад водар вербены, яна не разумела, дзе знаходзіцца і што з ею адбываецца. Яе памяць захавалася да хвіліны, калі яе прывязвалі на рогi стрыманага ланцугамі быка, цяпер жа яна бачыла над сабой твар Вініцыя, асветлены добрым каляровым святлом, і лічыла, што яна ўжо пэўна не на зямлі. Думкі яе яшчэ былі неўпарадкаваныя ў аслабелай галаве. Ей падалося натуральным, што яны затрымаліся дзесьці па дарозе на неба, бо яна стомленая і слабая.Не адчуваючы аднак ніякага болю, яна ўсміхнулася Вініцыю і хацела ў яго спытаць, дзе яны знаходзяцца, але з вуснаў яе сыйшоў толькі ціхі шэпт, у якім Вініцый мог ледзь адрозніць свае імя.
Але ен укленчыў ля яе і паклаў легка руку на яе лоб ды прамовіў:
 - Хрыстос цябе выратаваў і вярнуў цябе да мяне!
Яе вусны зварухнуліся зноў ад незразумелага шэпту, праз хвіліну яе павекі прыкрыліся, а грудзі ўздымаліся ад легкага дыхання і яна паглыбілася ў здаровы сон, якога чакаў лекар Тэокл і пасля якога ен прадказваў вяртанне да яе здароўя.

А Вініцый застаўся ля яе на каленах паглыблены ў малітву. Душа растапілася ў яго ад такога вялікага кахання, што ен цалкам забыўся. Тэокл некалькі разоў уваходзіў у кубікул, некалькі разоў з-за адхіленай заслоны паказавалася залатавалосая галава Эўнікі, нарэшце журавы, якія гадаваліся ў садах, пачалі курлыкаць, абвяшчаючы пачатак дня, а ен яшчэ ў думках абдымаў стопы Хрыста, не бачачы і не чуючы, што вакол яго робіцца, з сэрцам, ператвораным ў ахвярнае полымя падзякі, паглыблены ў захапленні, пры жыцці яшчэ напалову небажыхар.

Раздзел 66 QUO VADIS? Г.Сенкевіч

За часы імператарства Нярона ўвайшлі ў звычай даўней рэдкія і выключна толькі вячэрнія прадстаўленні як у цырку, так і ў амфітэатры. Аўгустыяне любілі іх, бо часта пасля іх адбываліся піры і п’янкі аж да рання. Хаця люд быў перанасычаны праліццем крыві, аднак калі разыйшлася вестка, што надыходзіць канец відовішчаў і што апошнія хрысціяне павінны памерці вечарам, незлічоныя натоўпы сабраліся ля амфітэатра. Аўгустыяне былі ўсе як адзін, бо здагадаліся, што гэта будзе нязвыклае прадстаўленне і што цэзар вырашыў арганізаваць сабе трагедыйнае відовішча з болю Вініцыя. Тыгелін захаваў таямніцу, які спосаб пакут прызначаны для нарачонай маладога трыбуна, але гэта толькі павялічвала паўсюдна цікаўнасць. Тыя, хто некалі бачыў Лігію ў Плаўціяў, расказвалі цяпер цуды пра яе прыгажосць. Іншых жа займала перш-наперш пытанне, ці сапраўды яны ўбачаць яе сення на арэне, бо шмат паміж тых, хто чуў адказ цэзара Пятронію ў Нервы на піры, тлумачылі яго сабе па-рознаму. Некаторыя дапускалі проста, што Нярон аддасць ці можа ўжо аддаў дзяўчыну Вініцыю, успаміналі, што яна – заложніца, якой можна было менавіта таму шанаваць  тых багоў, якія ей падабаліся, і якую закон народаў не дазваляў караць. Няўпэўненасць, чаканне і зацікаўленасць ахапілі ўсіх гледачоў. Цэзар прыбыў раней, чым звычайна, і разам з яго прыбыццем пачалі зноў шаптацца, што напэўна адбудзецца штосьці надзвычайнае, асабліва калі з Няронам апроч Тыгеліна і Ватынія ўбачылі Касія, цэнтурыена з моцным торсам і непамернай сілай, якога цэзар браў з сабой толькі тады, калі хацеў мець пад бокам абаронцу, напрыклад, калі прыходзіла ахвота да начных прыгод на Субуры, дзе ен учыняў сабе забаву, званую сагаціо, па правілах якой трэба было падкідаць на вайсковым плашчы напатканых па дарозе дзяўчат. Наглядалі таксама, каб у самім амфітэатры былі прадузяты пэўныя сродкі перасцярогі. Стражнікаў, прэтарыянцаў павялічылі колькасць, камандаваў жа імі не цэнтурыен, а трыбун Субрый Флавій, вядомы да гэтага часу сваей сляпой адданасцю Нярону.У гэты час зразумелі, што цэзар прагне на ўсялякі выпадак забяспечыць ад выбуху роспачы Вініцыя, і тады цікаўнасць публікі ўзрасла яшчэ больш. Усе позіркі звярталіся наўмысна на месца, дзе сядзеў няшчасны закаханы. Ен жа, вельмі бледны, з ілбом, пакрытым кроплямі поту, быў няўпэўнены, як іншыя гледачы, але яшчэ і занепакоены да глыбінь душы. Пятроній сам не ведаў дакладна, што адбудзецца, не сказаў яму нічога, толькі спытаў, вярнуўшыся ад Нервы, ці гатовы ен да ўсяго, а потым, ці будзе прысутнічаць на відовішчы. Вініцый адказаў на абодва пытанні: “Так!”, але пры гэтым мурашкі прабеглі па яго целу, бо ен здагадаўся, што Пятроній не пытаецца без прычыны.
 Сам ен жыў ужо ад нейкага часу нібы толькі напалову, сам заглыбіўся ў смерць і згадзіўся са смерцю Лігіі, бо яна павінна была стаць для іх абоіх і вызваленнем і шлюбам, але цяпер даведаўся, што адна справа думаць здалек пра апошнюю хвіліну як пра спакойнае засынанне, і іншая справа – пайсці глядзець на пакутніцтва істоты, найдаражэйшай у жыцці. Усе даўней перажытыя болі адазваліся ў ім наноў. Сцішаная роспач зноў раскрычалася ў яго душы, ахапіла яго ранейшае жаданне ратаваць Лігію любой цаной. Зранку ен хацеў яшчэ трапіць у кунікулы, каб пераканацца, ці знаходзіцца ў іх Лігія, але стражнікі-прэтарыянцы пільнавалі ўсе ўваходы і загады ім былі такія суровыя, што салдаты, нават знаемыя, не давалі сябе ўгаварыць ні просьбай, ні золатам. Вініцыю здавалася, што  няпэўнасць заб’е яго раней, чым ен убачыць відовішча. Дзесьці на дне сэрца яшчэ жыла ў ім надзея, што можа Лігіі ўжо няма ў амфітэатры і што ўсе страхі не маюць сэнсу. Часам ен чапляўся за гэту надзею з усіх сіл. Ен казаў сабе, што Хрыстос мог яе ўжо забраць з турмы і не можа дазволіць ей пакутаваць у цырку. Раней ен згадзіўся ўжо было з усім на Яго волю, цяпер, калі яго адапхнулі ад дзвярэй кунікулаў, то вярнуўся на свае месца ў амфітэатры і калі з зацікаўленых позіркаў, якія кідалі на яго гледачы, здагадаўся, што найстрашнейшыя дапушчэнні могуць спраўдзіцца, пачаў маліць Яго ў душы аб ратунку з пачуццем, падобным амаль да пагрозы: “Ты можаш! – паўтараў ен, сціскаючы дрыжачыя рукі. “Ты можаш!”Перад гэтым ен нават не здагадваўся, што гэта хвіліна, калі пераўтворыцца ў рэчаіснасць, будзе такой страшнай. Цяпер не аддаючы сабе адказу, што з ім адбываецца, меў аднак адчуванне, што калі ўбачыць пакуты Лігіі, то яго любоў ператворыцца ў нянавісць, а вера – ў роспач. І ен баяўся гэтага адчування, бо баяўся абразіць Хрыста, якога прасіў аб літасці і аб цудзе. Ен ужо не прасіў пакінуць ей жыцце, хацеў толькі, каб яна памерла раней, чым яе  выведуць на арэну, і з непамернай бездані болю ен паўтараў у душы: “Хоць у гэтым мне не адмаўляй, а я буду любіць  Цябе яшчэ больш, чым любіў дасюль”. У канцы думкі яго разбушаваліся, як хвалі, узнятыя віхурай. У ім абуджалася жаданне адпомсціць і жаданне крыві. Яго адольвала шаленая думка кінуцца на Нярона і задушыць яго на вачах гледачоў, і адначасова ен адчуваў, што гэта думка абражае зноў Хрыста і ідзе супраць Яго запаветаў.Часам праносіліся ў яго галаве бліскавіцы надзеі, што гэта ўсе, перад чым дрыжала яго душа, яшчэ вернецца ўсемагутнай і міласэрнай рукой, але тут жа і згасалі, нібы з бязмерным шкадаваннем, што Той, Хто можа адным словам разбурыць гэты цырк і выратаваць Лігію, пакінуў усе ж  яе, хаця яна верыла Яму і любіла Яго з усіх сіл сваго чыстага сэрца. І ен думаў далей, што вось яна там ляжыць ў цемным кунікуле, слабая, безабаронная, пакінутая, аддадзеная на ласку ці няласку азвярэлых стражнікаў, трымаючыся адным дыханнем, ен жа павінен бяздзейсна чакаць у гэтым страшным амфітэатры, не ведаючы, якую прыдумалі ей пакуту і што праз хвіліну ўбачыць. Нарэшце, як чалавек, які падае ў бездань і хапаецца за ўсе, што расце па яе краю, так і ен аберуч трымаўся за тую думку, што толькі верай ен можа яе выратаваць. Такім чынам заставаўся толькі адзіны гэты спосаб. Пётр жа казаў, што вера зямлю можа зрушыць! Таму ен сабраў сілы, перамог у сабе сумненне, усей сваей істотай паўтараючы адно слова:”Верую!” і чакаў цуда. Але так як надта нацягнутая струна павінна парвацца, так і яго перамаглі гэтыя высілкі. Ен збялеў з твару, нібы труп, і цела яго стала вельмі цяжкім. У гэты час ен падумаў, што яго малітва пачутая, бо вось ен ужо памірае.Яму здалося, што Лігія павінна была ўжо таксама памерці, і што Хрыстос забірае іх такім чынам да сябе. Арэна, белыя тогі незлічоных гледачоў, святло тысячных лямпаў і паходняў, - усе разам знікла з вачэй. Але гэта немач не была доўгай. Праз хвіліну ен прыйшоў у прытомнасць, ці хутчэй яго абудзіў тупат нецярплівага люду.
 – Ты хворы, - сказаў яму Пятроній. – Загадай аднесці цябе дадому.
 І не зважаючы, што скажа на гэта цэзар, ен узняўся, каб падтрымаць Вініцыя і выйсці з ім разам. Сэрца яго напоўнілася літасцю і пры гэтым яго моцна раздражняла тое, што цэзар пазіраў праз смарагд на Вініцыя, атрымліваючы задавальненне ад болю апошняга, можа таму, каб потым апісаць яго ў патэтычных строфах і атрымаць апладысменты слухачоў. Вініцый страсянуў галавой. Ен мог памерці ў гэтым амфітэатры, але не мог з яго выйсці. А прадстаўленне павінна было праз хвіліну распачынацца. Менавіта ў гэту самую хвіліну прэфект горада махнуў перад сабой чырвонай хустачкай, і пасля гэтага знаку зарыпелі засовы насупраць цэзарскага подыума і з цемнай пашчы выйшаў на яркаасветленую арэну Урс.Асілак міргаў вачыма, аслеплены магчыма святлом арэны, пасля чаго выйшаў на яе сярэдзіну, разглядаючыся навокал, нібы хацеў здагадацца, з чым яму прыйдзецца спаткацца. Усім аўгустыянам і большасці гледачоў было вядома, што гэта чалавек, які задушыў Кратона, таму пры яго з’яўленні шум пранесся па ўсіх радах. У Рыме хапала гладыятараў, нашмат большых, чым звычайныя людзі, але падобнага яшчэ не бачылі вочы квірытаў. Касій, які стаяў на подыуме за цэзарам, здаваўся ў параўнанні з гэтым лігійцам маленькім чалавечкам. Сенатары, вясталкі, цэзар, аўгустыяне і народ глядзелі з захапленнем знаўцаў і аматараў на яго моцныя, як тоўстыя галіны, бедры, на грудзі, падобныя да двух злучаных шчытоў і на геркулесавы плечы. Шум узрастаў з кожнай хвілінай. Для гэтых сабраных не магло быць большага задавальнення, чым бачыць такія мускулы падчас гульні, напружання і бойкі. Шум ператвараўся паступова ў крык і ліхаманкавыя пытанні, дзе жыве народ, які нараджае падобных веліканаў, той жа стаяў пасярод амфітэатрра аголены і больш падобны да каменнага калосу, чым да чалавека са сканцэнтраваным і разам з тым сумным тварам варвара, і бачачы пустую арэну, ен пазіраў са здзіўленнем сваімі блакітнымі вачыма дзіцяці то на гледачоў, то на імператара, то на краты кунікулаў, адкуль чакаў сваіх катаў. У хвіліну, калі ен выходзіў на арэну, яго простае сэрца апошні раз закалацілася ад надзеі, што можа яго чакае крыж, але калі не ўбачыў ні крыжа, ні прыгатаванай ямы, то падумаў, што ен нягодны гэтай ласкі і што прыйдзецца яму памерці інакш, і напэўна, ад жывел. Ен быў без зброі і вырашыў загінуць, як вернік Агнца, спакойна і цярпліва. Тымчасам ен хацеў памаліцца яшчэ Збавіцелю, таму ўкленчыў на арэне, склаў рукі і ўзняў позірк да зорак, якія мігцелі і былі бачныя праз верхнюю адтуліну цырку. Гэта не спадабалася сабраным. Досыць ужо было гэтых хрысціян, паміраючых, як авечкі. Зразумела, што калі асілак не захоча абараняцца, то відовішча прападзе. Тут і там пачулася шыпенне. Некаторыя пачалі клікаць мастыгафораў, заданнем якіх было лупцаваць байцоў, якія не хацелі змагацца. Праз хвіліну ўсе сціхла, бо ніхто не ведаў, што чакае велікана і ці не захоча ен змагацца, калі спаткаецца сам-насам са смерцю.Доўга ўжо не трэба было чакаць. Раптам пачуўся пранізлівы гук труб, і пасля гэтага адчыніліся краты насупраць імператарскага подыума, і на арэну выбег пад крыкі бестыярыяў страшны  германскі тур, які нес на галаве аголенае жаночае цела.
 – Лігія! Лігія! – крыкнуў Вініцый. Пасля схапіўся рукамі за валасы на скронях, сагнуўся так, як чалавек, які адчувае ў сабе востры боль і хрыплым амаль нечалавечым голасам стаў паўтараць:
 - Верую! Верую!... Хрыстос! Цуда!
 І не чуў нават , што ў гэту хвіліну Пятроній закрыў яго галаву тогай. Яму здавалася, што гэта смерць ці боль засланяе яму вочы. Ен не глядзеў, не бачыў. Яго ахапіла пачуцце нейкай страшэннай пустэчы. У галаве не засталося ніводнай думкі, вуснамі толькі ен паўтараў, як вар’ят: - Верую! Верую! Верую!...
Потым амфітэатр змоўк. Аўгустыяне паўзнімаліся з месцаў усе як адзін, калі на арэне адбылося штосьці незвычайнае. Пакорлівы і гатовы памерці лігіец убачыў сваю каралеўну на рагах дзікай жывелы, сарваўся нібы апечаны жывым агнем і нагнуўшыся, пабег пад вуглом да раз’юшанага звера. З грудзей прысутных вырваўся кароткі крык здзіўлення, пасля чаго зрабілася ціха. Лігіец тымчасам дагнаў ў імгненне вока шаленага быка і схапіў яго за рогі.
 – Глядзі! – закрычаў Пятроній, зрываючы тогу з галавы Вініцыя. Той жа ўзняўся, адкінуў галаву назад і з бледным тварам стаў пазіраць на арэну шклянымі, амаль непрытомнымі вачыма. Усе затрымалі дыханне. У амфітэатры можна было пачуць, як пралятае муха. Людзі не хацелі верыць уласным вачам. Як Рым стаў Рымам, то не бачылі ніколі нічога падобнага. Лігіец трымаў дзікую жывеліну за рогі. Стопы яго зарыліся ў пясок вышэй костачак, хрыбет выгнуўся, як нацягнуты лук, галава схавалася ў плячах, мускулы напружыліся так, што скура амаль не лопалася , але ен асадзіў быка на месцы. І чалавек, і жывела трывалі ў такой нерухомасці, што гледачам здавалася, нібы яны бачаць нейкую карціну, дзе адвображаны дзеянні Геркулеса ці Тэсея ці групу, выкутую з камня. Але ў гэтым знешнім спакоі было бачна страшэннае напружанне дзвюх змагаючыхся між сабой сіл. Тур зарыўся таксама, як чалавек, нагамі ў пясок, а цемнае, касматае яго цела выгнулася так, што ен здаваўся вялізным снапом. Хто першым здасца, хто першым упадзе – гэта было пытанне, якое для аматараў падобных боек было больш значным, чым іх уласны лёс, чым увесь Рым і яго панаванне над светам. Гэты лігіец быў для іх амаль богам, годным пашаны і статуі. Сам цэзар таксама узняўся. Яны з Тыгелінам, чуючы пра сілу чалавека-лігійца, наўмысна арганізавалі такое відовішча і, пасмейваючыся, гаварылі паміж сабой: “Няхай гэты забойца Кратона пераможа тура, якога мы яму абяром.” Цяпер жа яны пазіралі здзіўлена на карціну, якая была перад імі, нібы не верачы, што гэта магла быць рэальнасць. У амфітэатры можна было бачыць людзей, якія ўзняўшы рукі, так і заставаліся. Іншыя абліваліся потам, нібы самі змагаліся са зверам. У цырку было чутна толькі сычэнне полымя ў лямпах і шоргат вугольчыкаў, спадаючых з паходняў. Словы застылі ў гледачоў на вуснах, сэрцы калаціліся ў грудзях, нібы хочучы іх разбіць. Усім падалося, што гэта ўсе доўжыцца вечна. А чалавек і звер стаялі доўга, моцна высільваючыся, ці як укапаныя ў зямлю , потым глухі, падобны да стогну рык пачуўся з арэны, пасля чаго з грудзей прысутных вырваўся крык і зноў стала ціха. Людзі думалі, што ім гэта сніцца, бо вось агідная галава быка пачала пакручвацца ў жалезных руках варвара. А твар лігійца, карак і плечы пачырванелі да колеру пурпуру, спіна выгнулася яшчэ больш. Бачна было, што ен збірае рэшту сваіх нечалавечых сіл, але што іх яму ужо хопіць ненадоўга. Усе больш глухі, хрыплы і жаласлівы рык тура змяшаўся са свісцячым выдыхам з грудзей асілка. Галава звера пакручвалася ўсе больш, а з пашчы высунуўся доўгі, успенены язык. Яшчэ хвіліна, і да вушэй бліжэйшых гледачоў даляцеў нібыта трэск зламаных касцей, пасля чаго звер паваліўся на зямлю са звернутай насмерць шыяй. У гэты час асілак ссунуў у імгненне вока вяроўкі з яго рагоў і , ўзяўшы дзяўчыну на рукі, пачаў хутка дыхаць. Твар яго збялеў, валасы зляпіліся ад поту, плечы і рукі, здавалася, палілі вадой. Хвіліну можа ен стаяў, як напалову прытомны, пасля ўзняў вочы і стаў пазіраць на гледачоў. А амфітэатр як звар’яцеў. Сцены будынку задрыжалі ад крыкаў некалькіх дзесяткаў тысяч гледачоў. Ад часоў распачынання відовішчаў не памяталі такога захаплення. Тыя, што сядзелі вышэй, паапускаліся ніжэй, таўкліся між лавамі, каб лепш разгледзець асілка. Адусюль чуліся галасы аб літасці, досыць упартыя галасы, якія хутка пераўтварыліся ў адзіны паўсюдны крык. Гэты асілак стаў цяпер дарагім для гэтага захопленага фізічнай сілай народу і першай асобай у Рыме.Ен жа зразумеў, што публіка дамагаецца, каб яму было даравана жыцце і вернута вольнасць, але відавочна не быў зацікаўлены ў гэтым толькі для сябе. Хвіліну ен разглядаўся навокал, пасля наблізіўся да подыума імператара і, калышучы цела дзяўчыны на высцягнутых руках узнес позірк з выразам просьбы, нібы хацеў прамовіць :
 - Над ей злітуйцеся! Яе выратуйце! Я для яе гэта зрабіў!
Гледачы зразумелі тое, чаго ен хацеў. Ад выгляду самлелай дзяўчыны, якая побач з гэтым агромністым целам лігійца здавалася малым дзіценкам, узрушэнне ахапіла ўсіх: народ, воінаў і сенатараў. Яе дробная фігура, такая белая, нібы выкутая з алябастру, яе непрытомнасць, страшная небяспека, ад якой яе выратаваў асілак, і ўрэшце яе прыгажосць і яго прывязанасць узрушылі сэрцы. Некаторыя лічылі, што гэта бацька просіць злітавацца над дзіцем. Літасць выбухнула раптоўна, нібы полымя. Досыць ужо было крыві, досыць смерці, досыць пакут. Здаўленыя ад слез галасы пачалі прасіць аб літасці для дваіх. Урс тымчасам пасоўваўся па кругу арэны, усе калышучы дзяўчыну на руках, рухамі і вачыма просячы жыцця для яе. І тады Вініцый сарваўся з месца, пераскочыў агароджу, што падзяляла першыя месцы  і  арэну, і, падбегшы да Лігіі, накрыў тогай яе аголенае цела. Пасля разадраў туніку на грудзях, адкрыў шрамы, якія засталіся ад ран, атрыманых у армянскай вайне, і высцягнуў рукі да людзей. У гэты ўжо момант узрушэнне народу пераўзышло ўсялякую бачаную ў амфітэатрах меру. Людзі пачалі тупаць і галасіць.Галасы, якія прасілі аб літасці, сталі проста пагрозлівымі. Люд прасіў ужо не толькі за лігійца, але станавіўся ў абарону дзяўчыны, воіна і іх кахання. Тысячы гледачоў звярнуліся да імператара з гнеўным бляскам у вачах і са сціснутымі кулакамі. Той усе чагосьці чакаў і вагаўся. Папраўдзе кажучы, да Вініцыя ў яго не было нянавісці, і ад смерці Лігіі ў яго нічога не залежала, але ен хацеў бы бачыць дзявочае цела працятым рагамі быка ці падраным ікламі жывел. І яго жорсткасць, як і яго страшная фантазія і страшныя жаданні знаходзілі пэўнае задавальненне ў сцэнах падобнага кшталту. І вось народ хацеў яго пазбавіць гэтага задавальненння. Ад гэтай думкі гнеў адбіўся на яго заплыўшым твары. Любоў да сябе не дазваляла яму таксама паддацца волі натоўпаў, а адначасова ен не мог ей, волі, супраціўляцца ад прыроджанай баязлівасці. Таму ен стаў прыглядацца, можа хоць сярод аўгустыянаў прыкмеціць звернутыя ўніз пальцы як знак смерці. Але Пятроній трымаў пальцы узнятымі ўверх, гледзячы пры гэтым амаль з выклікам у яго твар. Разважлівы, але схільны да ўзрушэнняў Вестынус, які баяўся духаў, але не баяўся людзей, паказваў таксама знак літасці. Тое ж рабіў сенатар Сцэвінус, тое ж і Нерва, тое ж – Тулій Сенецыё, тое ж  і  стары слынны воінскі начэльнік Асторый Скапула, тое ж самае Антыстый і Пізо, і Вестус, і Крыспінус, і Мінуцый Тэрмус, і Понцый Тэлезынус,і найбольш паважаны і шануемы людзьмі Тразея. Ад выгляду гэтага ўсяго цэзар адняў смарагд ад вока з выразам пагарды і знявагі, калі раптам Тыгелін, якому важна было, каб зрабіць назлосць Пятронію, нахіліўся і сказаў:
- Не саступай, боскі, у нас есць прэтарыянцы.

 У гэты час Нярон павярнуўся ў бок, дзе прэтарыянцаў узначальваў суровы і адданы яму дасюль усей душой Субрый Флавій, і ўбачыў незвычайную рэч. Твар старога трыбуна быў пагрозлівы, але заліты слязьмі, і руку ен трымаў з узнятым уверх пальцам як знак літасці. Натоўпамі пачала авалодваць нецярплівасць. Пыл узбіўся з-пад тупаючых ног і заслаў амфітэатр. Сярод розных крыкаў чуліся і такія: “Вогнебароды! Матказабойца! Падпальшчык!” Нярон спужаўся: народ быў усемагутным гаспадаром у цырку. Яго папярэднікі, а асбліва Калігула, дазвалялі сабе часам ісці супраць яго волі, што зрэшты выклікала заўжды хваляванні, якія  вялі да праліцця крыві. Але Нярон быў у іншым становішчы. Перадусім як камедыянт і спявак, ен патрабаваў прыхільнасці народу, па-другое, ен хацеў яго мець на сваім баку супраць сенату і патрыцыяў, і нарэшце пасля пажару ў Рыме ен намагаўся ўсялякімі спосабамі прыдбаць яго сабе і звярнуць яго гнеў на хрысціян. Ен урэшце зразумеў, што далейшае супраціўленне было б проста небяспечным. Хваляванні, якія пачаліся ў цырку, маглі ахапіць увесь горад і мець непрадбачаныя наступствы. Ен глянуў яшчэ раз на Субрыя Флавія, на цэнтурыена Сцэвінуса, сваяка сенатара, на саладат і, бачачы паўсюль насупленыя бровы, узрушаныя твары і звернутыя да яго позіркі, паказаў знак літасці. У гэты час гром воплескаў разыйшоўся ад верху да нізу. Народ ужо быў упэўнены ў дараванні жыцця асуджаным, бо ад гэтай хвіліны яны былі пад яго апекай і нават імператар не асмеліўся б помсціць ім далей.

Раздзел 65 QUO VADIS? Г.Сенкевіч

Аднойчы вечарам Пятронія наведаў сенатар Сцэвінус і пачаў з ім доўгую размову аб цяжкім часе, у які абодва жылі, і аб цэзары. І гаварыў ен так адкрыта, што Пятроній, хаця і меў прыязнасць да яго, пачаў цяпер яго асцерагацца. Сенатар скардзіўся, што свет ідзе не тым шляхам і шляхам шаленым і што ўсё разам ўзятае павінна скончыцца катастрофай, страшнейшай, чым пажар у Рыме. Ен казаў, што нават аўгустыяне незадаволены, што Феніус Руфус, другі прэфект прэтарыянцаў, церпіць з найбольшым прымусам агідныя загады Тыгеліна і што ўвесь род Сенэкі ўжо даведзены да апошняга выхадкамі таксама са старым майстрам думкі, як і з Луканам. У канцы ен пачаў узгадваць аб незадаволенасці люду і нават прэтарыянцаў, якіх значную частку Феніус Руфус змог звярнуць да сябе.
 – Навошта ты гаворыш гэта? – спытаў яго Пятроній.
-           Я перажываю за цэзара, - адказаў Сцэвінус. – У мяне далекі родны служыць прэтарыянцам, і яго клічуць Сцэвінус, як і мяне, і ад яго я ведаю, што адбываецца ў атрадзе... Незадаволенасць расце і там. Калігула, бачыш ты, быў таксама шалены, і паглядзі, што адбылося! Знайшоўся Касій Херэа... Страшны гэта быў учынак, і пэўна не знойдзеш сярод нас такога, хто б яго ўхваліў, але аднак Херэа вызваліў свет ад пачвары.
-           – Пэўна, - адказаў Пятроній, - ты гаворыш так: “Я Херэю не ўхваляю, але гэта быў дасканалы чалавек, і няхай бы богі далі нам такіх як найбольш.”
 Але Сцэвінус змяніў тэму гаворкі і пачаў неспадзявана ўхваляць Пізона: яго род, яго паходжанне, яго прывязанасць да жонкі, і нарэшце – розум, спакой і дзіўны дар аб’ядноўваць вакол сябе людзей.
 – У цэзара няма дзяцей, - сказаў ен, - і ўсе бачаць яго пераемнікам Пізона. Няма нічога дзіўнага, што кожны дапамог бы яму ад усей душы атрымаць уладу. Яго паважае Феніус Руфус, род Анеяў яму цалкам адданы. Плаўцій Латэранус і Тулій Сенецыё пайшлі б за яго ў агонь. І тое ж зрабілі б Наталіс і Субрый Флавій, і Супліцый Аспер, і Афраній Квінцыянус, і нават Вестынус.
 – З гэтага апошняга Пізону няшмат будзе карысці, - адказаў Пятроній, - Вестынус баіцца ўласнага ценю, баіцца духаў і сноў, але гэта чалавек справы, якога слушна хочуць прызначыць консулам. Што ў душы ен супраць праследаванняў хрысціян, таго ты не павінен ўлічваць яму за дрэнную рысу, бо і табе лепш было б, каб гэтыя шаленствы скончыліся.
 – Не мне, а Вініцыю, - сказаў Пятроній. – Дзеля Вініцыя я хацеў бы вызваліць адну дзяўчыну, але не магу , бо выпаў з міласці Вогнебародага.
 – Як гэта? Ты не заўважаеш, што цэзар зноў набліжаецца да цябе і пачынае з табой размаўляць? І скажу табе, чаму. Ен выязджае зноў у Ахаю, дзе павінен спяваць ўласнаскладзеныя грэцкія песні. Ен вельмі хоча ў гэтае падарожжа, але дрыжыць ад думкі пра з’едлівыя кпіны грэкаў.Ен уяўляе сабе, што можа яго напаткаць ці найвялікшы трыумф, ці найвялікшае зняслава. Яму патрэбны добрыя парады, і ен ведае, што лепшай, чым парада ад цябе, ніхто яму не зможа падаць. Гэта прычына, па якой ты вяртаешся да яго прыязнасці –
- Лукан не мог бы мяне замяніць.
 – Меднабароды ненавідзіць яго і ў душы ўжо вынес смяротны прысуд. Шукае толькі выпадак, бо ен заўседы іх шукае.
 – Клянуся Кастарам! – сказаў Пятроній. – Быць можа і так. Але я б хацеў яшчэ адзін спосаб хуткага звароту яго прыхільнасці.
 – Які?
 – Паўтарыць Меднабародаму ўсе тое, што ты хвілінай раней мне расказаў.
 – Я нічога не гаварыў! – ускрыкнуў занепакоена Сцэвінус. Пятроній жа паклаў яму руку на плячо.
– Ты назваў цэзара вар’ятам, прадказваў пераемніцтва Пізона і сказаў:” Лукан разумее, што трэба спяшацца!” З чым гэта вы хочаце паспяшыць, даражэнькі?
 Сцэвінус збялеў і хвіліну яны пазіралі адзін аднаму ў вочы.
 – Ты не паўторыш!
 – Клянуся бёдрамі Кіпрыды! Як ты мяне добра ведвеш! Не! Я не паўтару.  Я нічога не чуў, але таксама і не хачу нічога чуць... ты разумееш! Жыцце надта кароткае, каб быў час штосьці прадпрымаць. Я толькі прашу цябе, каб ты сення наведаў Тыгеліна і пагаварыў з ім так доўга, як са мною, аб чым хочаш.
 – Навошта?
 – Каб калі мне Тыгелін скажа: “Сцэвінус быў у цябе”, я б мог яму адказаць: “У гэты ж дзень ен быў і ў цябе”.
Сцэвінус, слухаючы гэта, аж зламаў кіек са слановай косці, які трымаў у руцэ і адказаў:
 - Няхай дрэннае сурочанне дастанецца гэтаму кійку. Я буду сення ў Тыгеліна, а потым на піраванні ў Нервы. Дарэчы, і ты ж там будзеш.У любым выпадку да пабачэння паслязаўтра ў амфітэатры, дзе адбудзецца пакаранне апошніх хрысціян!...
 - Да пабачэння. “паслязаўтра”, - паўтарыў, застаўшыся адзін, Пятроній. – Я не магу губляць час. Вогнебародаму я патрэбны напэўна ў Ахаі, таму можа ен будзе лічыцца са мной. І ен вырашыў паспрабаваць апошні сродак.
Сапраўды, на піраванні ў Нервы цэзар пажадаў, каб Пятроній размясціўся насупраць яго, бо хацеў размаўляць з ім аб Ахаі і аб гарадах, у якіх ен мог бы з найбольшым поспехам выступіць. Больш за ўсе хвалявалі яго афіняне, якіх ен баяўся. Іншыя аўгустыяне слухалі гэту размову з увагай, каб схапіўшы вяршкі меркаванняў Пятронія, падаваць іх пазней за свае ўласныя.
 – Мне здаецца, што дасюль я не жыў, - сказаў Нярон, - і што нараджуся толькі ў Грэцыі.
 – Народзішся для новай славы і бессмяротнасці, - адказаў Пятроній.
 – Я веру, што так будзе і што Апалон не апынецца зайздросным.Калі я вярнуся з трыумфам, я ахвярую яму шмат усяго, столькі, што ніводзін бог яшчэ дасюль не меў.
Сцэвінус пачаў дэкламаваць верш Гарацыя: “Сік тэ дзіва потэнс Кіпры, сік фратрэс Хеленэ, люцыда сідэра, вентарумквэ рэгат патэр...”
– Карабель стаіць ужо ў Неапалісе, - сказаў цэзар. – я хацеў бы выехаць хаця б заўтра.
 На гэта Пятроній узняўся і, гледзячы проста ў вочы Нярона, сказаў:
 - Ты дазволіш, боскі, каб я спачатку адсвяткаваў вясельны пір, на які цябе запрашаю перад іншымі.
 – Пір?  вясельны? Што за пір? – спытаў Нярон.
 – Вініцыя з дачкой караля лігійцаў, а тваей заложніцай. Яна праўда зараз у турме, але ж па-першае, як заложніца, яна не можа быць у турме, а па-другое, ты сам дазволіў Вініцыю ўзяць яе за жонку, а паколькі твае загады, як загады Зеўся, нельга не выконваць, ты можа загадаеш яе выпусціць з турмы, а я аддам яе Вініцыю.
Халоднакроўнасць і спакойная ўпэўненасць у сабе, з якой гаварыў Пятроній, збілі з панталыку Нярона, які быў няўпэўнены заўседы, калі хто-небудзь такім чынам звяртаўся да яго.
 – Я ведаю, - адказаў ен, апускаючы вочы. – Я думаў аб ей і аб гэтым асілку, які задушыў Кратона.
-           У такім выпадку абое выратаваны, - адказаў спакойна Пятроній.
 Але Тыгелін прыйшоў на дапамогу свайму гаспадару:
 - Яна ў турме па волі цэзара, ты ж сам казаў, Пятроній, што загады яго нельга парушаць.
Усе прысутныя, ведаючы гісторыю Вініцыя і Лігіі, ужо разумелі, у чым справа, таму замоўклі зацікаўленыя, чым жа размова скончыцца.
 – Яна ў турме з-за тваей памылкі і няведання закону народаў, супраць волі цэзара, - адказаў з націскам Пятроній. – Ты, Тыгелін – наіўны чалавек, але нават і ты не будзеш сцвярджаць, што яна падпаліла Рым, бо калі ты так і сцвярджаў, то цэзар табе б не паверыў.
 Але Нярон ужо прыйшоў у звычайны стан і прыкрыў свае блізарукія вочы з выразам неапісальнай злосці:
 - Пятроній мае рацыю, - сказаў ен праз хвіліну.
Тыгелін паглядзеў на яго са здзіўленнем.
 – Пятроній мае рацыю, - паўтарыў Нярон. Заўтра адчыняць для яе брамы турмы, а пра вясельны пір мы пагаворым паслязаўтра ў амфітэатры.

 “Зноў я прайграў!” – падумаў Пятроній І вярнуўшыся дадому, ен быў ужо так упэўнены, што прыйшоў канец жыцця Лігіі, што заўтра выслаў у амфітэатр вернага вызваленца, каб той дамовіўся са служыцелем спаліарыя аб выданні яе цела, бо хацеў аддаць яе Вініцыю.

Раздзел 64 QUO VADIS? Г.Сенкевіч

Пасля відовішча ў садах цэзара турмы значна апусцелі. Хапалі праўда яшчэ і вялі ў турмы ахвяр, якіх падазравалі у веры, але пасля аблаў дастаўлялі іх усе менш, хаця ўсё адно столькі, колькі трэба было для запаўнення наступных відовішчаў, якія таксама ішлі ўжо да заканчэння. Людзі перанасыціліся крывею і ўсе больш сумавалі і непакоіліся з прычыны небывалага дасюль пахавання асуджаных. Усе гэтыя страхі разумнага Вестынуса ахапілі тысячы душ. У натоўпах расказваліся ўсе больш дзіўныя рэчы аб помслівасці хрысціянскага бога. Тыф турэмны, які разыйшоўся па горадзе, павялічваў паўсюдны страх. Бачылі частыя пахаванні і паўтаралі між сабой на вуха адзін аднаму, што патрэбныя новыя піакулы для таго, каб невядомы бог злітасцівіўся. У храмах прыносілі ахвяры Юпітэру і Лібітыне. Нарэшце, нягледзячы на ўсялякія намаганні Тыгеліна і яго паплечнікаў, усе больш пашыралася думка, што горад быў спалены па загаду імператара і што хрысціяне пакутуюць без віны. Але менавіта таму і Нярон, і Тыгелін не пакідалі праследаваць хрысціян. Для супакойвання народу выдаваліся новыя распараджэнні аб раздачы збожжа, віна і алею з алівы, абвясцілі поўныя ільгот для ўладальнікаў прадпісанні, якія абвяшчалі адбудоўванне дамоў,  ды і іншыя, якія датычыліся шырыні вуліц і матэрыялаў, з якіх трэба будаваць, каб на будучае не дапусціць суцэльнага пажару. Сам цэзар бываў на паседжаннях сенату і абмяркоўваў разам з бацькамі горада, як лепш будзе народу і гораду, але нягледзячы на гэта, нават цень літасці не ўпаў на асуджаных. Уладару свету галоўнае было тое, каб у народа ўзнікла перакананне, што такія няўмольныя пакаранні могуць спасцігнуць толькі вінаватых. У сенаце ні адзін голас не выступаў за хрысціян, бо ніхто не хацеў пярэчыць імператару, апрача гэтага, людзі, якія прадбачылі будучыню, сцвярджалі, што і з новай верай падмуркі рымскай краіны не маглі б застацца. Адно толькі аддавалі людзей паміраючых і памерлых сем’ям, бо рымскі закон не распаўсюджваўся на памерлых.

 Для Віініцыя была пэўнай палегкай думка, што калі Лігія памрэ, то ен пахавае яе ў фамільным склепе і спачне некалі каля яе. У яго ўжо не было ніякай надзеі выратаваць яе ад смерці, і сам ен, адарваны напалову ад жыцця, цалкам паглыблены ў веру Хрыста, не марыў ужо аб іншым з’яднанні, а толькі – аб вечным. Вера яго стала проста бязмежнай, такой, што паводле яе гэта вечнасць падавалася яму чымсьці сапраўдным і рэальным у параўнанні з  ранейшым існаваннем, якім ен жыў дасюль.Сэрца яго перапоўнілася моцным натхненнем. Пры жыцці яшчэ ен станавіўся істотай амаль бесцялеснай, якая, хочучы поўнай свабоды для сябе, жадала таго ж і для другой каханай душы. Ен уяўляў, што ў той час яны з Лігіяй пабяруцца за рукі і адыйдуць на неба, дзе Хрыстос іх блаславіць і дазволіць ім жыць у святле такім спакойным і агромністым, як бляск світанняў. Ен толькі маліў Хрыста, каб той абярог Лігію ад пакут у цырку і дазволіў ей спачыць спакойна ў турме, бо напэўна адчуваў, што і сам памрэ з ей разам. Думаў, што нягледзячы на такое мора пралітай крыві, ен не можа нават спадзявацаа, што яна адна застанецца некранутай. Чуў ад Пятра і Паўла, што і яны таксама павінны памерці як пакутнікі.Выгляд Хілона на крыжы пераканаў яго, што смерць, нават і пакутніцкая, можа быць не страшнай для паміраючага, таму ен жадаў сабе ўжо, каб яна надыйшла для іх абоіх, як чаканая перамена дрэннай сумнай і цяжкай долі на лепшую Часам і ў яго ўжо было прадчуванне тагасветнага жыцця. Той смутак, які насіўся над дзвюмя іх душамі, страчваў усе больш ранейшую выпальваючую горыч і паступова змяняўся ў нейкае пазасветнае, спакойнае адданне сябе волі Божай. Вініцый плыў раней у змаганні з плынню, пакутаваў, стамляўся, цяпер жа аддаўся хвалям, верачы, шіто яны яго нясуць у вечную цішу. Ен прадбачыў таксама, што Лігія, падобна да яго, рыхтуецца да смерці, што нягледзячы на падзяляючыя іх муры турмы, яны ўжо ідуць разам і ўсміхаўся ад гэтай думкі, як ад шчасця. І сапараўды, яны ішлі так узгоднена, нібы штодзенна доўга дзяліліся думкамі. У Лігіі не было таксама ніякага жадання ці надзеі апрача надзеі на жыцце пасля смерці. Смерць жа ўяўлялася ей не толькі, як вызваленне са страшных засценкаў турмы, з рук цэзара, Тыгеліна, не толькі як выбаўленне , але як час шлюбу з Вініцыем. А дзякуючы гэтай непарушнай упэўненасці, усе іншае страчвала вагу. Пасля смерці пачыналася для яе шчасце можа і зямное, таму і чакала скону яшчэ і так, як нарачоная чакае часу вяселля. А гэта бясконцая плынь веры, якая адрывала ад жыцця і несла на той свет тысячы першых вернікаў, апанавала таксама і Урса. І ен доўга не хацеў пагадзіцца ў душы са смерцю Лігіі, але калі штодзень праз сцены турмы праходзілі весткі аб тым, што адбываецца ў амфітэатры і садах, калі смерць  падавалася агульным і абавязковым лёсам усіх хрысціян, а разам з тым і дабром для іх, вышэйшым, чым усе зямныя паняцці аб шчасці, то не смеў у канцы і ен маліцца Хрысту, каб той пазбавіў гэткага шчасця Лігію ці адцягнуў гэты час на доўгія гады. У сваей простай душы варвара ен думаў пры гэтым, што дачцэ начэльніка лігаў больш належыць і больш дастанецца гэтых нябесных даброт, чым цэламу натоўпу просталюдзінаў, да якіх ен і сам належаў, і што ў вечнай хвале яна патрапіць быць бліжэй да Агнца, чым іншыя. Ен чуў праўда, што паводле Бога, дык усе людзі роўныя, на дне душы аднак жыло ў яго перакананне, што дачка караля, ды яшчэ ў дадатак караля ўсіх лігійцаў не можа не быць першай лепшай служкай. Ен спадзяваўся таксама, што Хрыстос дазволіць яму служыць ей і надалей. Што ж да сябе, дык у яго было адно таемнае жаданне, гэта значыць, каб ен мог памерці, як агнец – на крыжы. Але яму здавалася гэта такім вялікім шчасцем, што хоць ен і ведаў, як раскрыжоўваюць у Рыме нават самых найгоршых злодзеяў, але не смеў нават маліцца аб такой смерці. Ен думаў, што напэўна загадаюць яму загінуць у пашчах дзікіх жывел, і гэта прыводзіла яго да ўнутраных перажыванняў.З дзяцінства ен хаваўся ў пушчы, дзе не ступала чалавечая нага, калі ішлі працяглыя паляванні, дзе ен , дзякуючы сваей магутнасці, рана стаў лічыцца дарослым і стаў знакамітым сярод лігійскага народа. Паляванне было настолькі ўлюбёным заняткам, што пазней, калі ен быў у Рыме і павінен быў ад іх адмовіцца, то хадзіў па віварыях і амфітэтрах, каб хоць паназіраць за вядомымі і невядомымі яму жывеламі. Выгляд іх абуджаў у ім непераадольную прагу змагання, таму цяпер у душы ен пабойваўся, што калі яму прыйдзецца спаткацца з імі ў амфітэтры, то апануюць яго думкі, якія нягодныя для хрысціяніна, які павінен паміраць з імем Бога і цярпліва. Але спадзяваўся і ў гэтым на Хрыста, маючы на ўцеху іншыя, больш прыемныя думкі. Чуючы, што Агнец абвясціў вайну пякельным сілам і злым духам, да якіх хрысціянская вера залічвала ўсіх паганскіх бажкоў, ен думаў, што ў гэтай вайне ен спатрэбіцца вельмі Богу і патрапіць яму адслужыць лепш, чым іншыя, але і гэта не месцілася ў яго розуме,бо душа яго не павінна была быць мацнейшай за душы іншых пакутнікаў. Зрэшты ен маліўся цэлымі днямі, дапамагаў вязням, іх даглядаў і суцяшаў сваю каралеўну, якая часам шкадавала, што за свае кароткае жыцце не магла зрабіць столькі добрых учынкаў, сколькі зрабіла іх знакамітая Табіта, аб якой у свой час распавядаў апостал Пётр.Ахова, якіх нават у турме палохала страшэнная сіла гэтага велікана, бо не існавала для яе ні путаў, ні кратаў адпаведных, палюбіла яго нарэшце за яго людскасць. Неаднойчы, здзіўленыя яго настроем, яны выпытвалі яго аб прычыне такога стану, ен жа расказваў ім з такой непарушнай упэўненасцю, якое жыцце чакае яго пасля смерці, што слухалі яго са здзіўленнем, упершыню бачачы, што у падзем’і, недасяжныя для сонца, можа трапляць шчасце. І калі ен гаварыў ім, каб паверылі ў Хрыста, то не аднаму прыходзіла на думку, што служба яго – нявольніцкая, а жыцце – нішчымнае, і не адзін задумваўся над сваей нядоляй, для якой мяжой павінна стаць толькі смерць. Толькі смерць станавілася новым страхам і яны не чакалі пасля яе нічога для сябе, тым часам гэты лігійскі асілак і гэта дзяўчына, падобная да кветкі, кінутай на турэмную салому, ішлі да яе з радсцю, як  да брамы шчасця.

Раздзел 63 QUO VADIS? Г.Сенкевіч


Драму Аурэолус ставілі звычайна ў тэатрах ці амфітэатрах, збудаваных так, што яны маглі адкрывацца і ствараць дзве асобныя сцэны. Але пасля відовішча ў садах імператара не хапала такога звычайнага спосабу, бо справа была ў тым, каб як найбольшая колькасць людзей магла бачыць смерць прыбітага да крыжа нявольніка, якога ў п’есе зжыраў мядзведзь. У тэатрах ролю мядзведзя выконваў абшыты ў скуру акцер, на гэты раз прадстаўленне павінна было быць “праўдзівае”. Гэта была новая задума Тыгеліна. Цэзар спачатку паведаміў, што будзе адсутны, але параіўся з фаварытам і перамяніў рашэнне. Тыгелін растлумачыў яму, што пасля выпадку, які адбыўся ў садах, ен тым больш павінен паказаца народу і заручыўся, што раскрыжаваны нявольнік не зганьбіць яго ужо так, як гэта зрабіў Крысп. Народ быў ужо досыць насычаны і стомлены ад колькасці пралітай крыві, таму было загадана наноў раздаць латэрэйныя білеты і падарункі і ўчыніць яшчэ вячэрні пір, бо прадстаўленне павінна было адбывацца вечарам, у ярка асветленым амфітэатры. І вось на змярканні ўвесь будынак шчыльна запоўніўся. Аўгустыяне з Тыгелінам на чале прыбылі ўсе да аднаго не столькі дзеля самога відовішча, колькі дзеля таго, каб прадэманстраваць пасля апошняга недарэчнага выпадку сваю вернасць імператару і пагаварыць пра Хілона, аб якім размовы ішлі па ўсім Рыме. Гаварылі шэптам, што імператар, вярнуўшыся з садоў, быў такі злосны і не мог заснуць, што разбіраў яго страх і апаноўвалі дзіўныя відмы, у выніку чаго ен назаўтра вырашыў хутка выехаць у Ахаю. Іншыя пярэчылі гэтаму, сцвярджаючы, што цяпер ен будзе тым больш няўмольным наконт хрысціян. Хапала і баязліўцаў, якія прадбачылі, што абвінавачанне, якое Хілон кінуў у твар цэзару, нягледзячы на натоўпы, можа мець найгоршыя наступствы. Былі нарэшце і такія, якія па-чалавечы прасілі Тыгеліна, каб ен спыніў далейшыя праследаванні.
 – Глядзіце, куды вы ідзяце, - казаў Барк Саранус. – Хацелі здаволіць помсту народа і пераканаць, што кара спадае на вінаватых, а вынік цяпер зусім адваротны.
 – Праўда! – дадаў Антыстый Верус, - усе цяпер паміж сабой шэпчуцца, што хрысціяне невінаватыя. Калі гэта прызнаюць, то Хілон меў рацыю, кажучы, што вашы мазгі не напоўнілі б і капялюшык ад жолуда. Тыгелін жа звярнуўся да іх:
 - Людзі шэпчуцца між сабой і аб тым, што твая дачка Сервіла, Барк Саранус, і твая жонка, Антыстый, схавалі сваіх нявольнікаў-хрысціян ад справядлівай кары імператара.
 – Гэта няпраўда! – закрычаў устрывожана Барк.
 – Маю жонку хочуць загубіць вашы развядзенкі, якія зайздросцяць яе дабрачыннасці, - сказаў з няменшым непакоем Антыстый Верус
. Але астатнія размаўлялі аб Хілоне.
 – Што з ім адбылося? – гаварыў Епрый Марцэлюс. – Сам іх аддаваў у рукі Тыгеліна, з жабрака стаў багатым, мог дажыць спакойна свае дні, мець прыгожы пахавальны склеп і надгробак, але ж – не! За адзін раз ен захацеў страціць усе і загубіць сябе. Сапраўды, хіба толькі ен звар’яцеў!
 – Не звар’яцеў, а стаў хрысціянінам, - сказаў Тыгелін.
 – Быць не можа! – азваўся Вітэлій.
 – А ці я не казаў! – уставіў Вестынус. – Забівайце сабе хрысціян, але паверце мне, не ваюйце з іх баством. Тут не да жартачак!.. Паглядзіце, што робіцца! Я хоць і не паліў Рым, але калі б мне цэзар дазволіў, я зараз жа даў бы ахвяру іх баству. І ўсе павінны зрабіць тое ж самае, бо я паўтару: з ім не да жартачак! Памятайце, што я вам гэта гаварыў.
 – А я гаварыў быццам бы іншае, - сказаў Пятроній. – Тыгелін смяяўся, калі сцвярджаў, што яны абараняюцца, а я цяпер больш скажу: яны перамагаюць.
 – Як гэта? – Як гэта? – спыталі некалькі чалавек.
 – Клянуся Палуксам! Бо калі такі Хілон ім не супрацьстаяў, то хто ж ім супрацьстаіць. Калі вы думаеце, што пасля кожнага відовішча не расце колькасць хрысціян, то з вашым веданнем Рыма вы станеце качагарамі. Ці вось есць яшчэ занятак - галіць бароды, бо тады будзеце найлепш ведаць, што думае народ і што робіцца ў горадзе.
 – Ен кажа чыстую праўду, клянуся святым пеплумам Дыяны! – закрычаў Вестынус.
 Але Барк звярнуўся да Пятронія: - Да чаго ж ты вядзеш?
 – Я заканчваю тым, ад чаго пачалі: досыць ужо крыві!
 А Тыгелін зірнуў на яго са здзекам і прамовіў:
- Гэй! Яшчэ крыху!
 – Калі табе не хапае галавы, то ў цябе есць іншая – на кію, зверху, - адказаў Пятроній. Далейшую размову перапыніла з’яўленне цэзара, які заняў месца ў таварыстве з Піфагорам. Адразу ж пачалося прадстаўленне Аўрэолуса, на якое не вельмі звярталі ўвагу, бо думкі ўсіх былі занятыя Хілонам. Народ, які ўжо прывык да пакут і крыві, таксама сумаваў, шыкаў, выдаваў нязвыклыя для двара вокрыкі і хацеў, каб хутчэй ужо паказалі сцэну з мядзведзем, якая адзіная іх толькі і цікавіла. Калі б не надзея ўбачыць асуджанага старога і не падарункі, адно відовішча не здолела б затрымаць натоўпы. Але нарэшце надыйшла хвіліна чакання. Цыркавыя хлапчукі вынеслі спачатку драўляны крыж, досыць нізкі, каб мядзведзь, калі устане на заднія лапы, мог дацягнуца да грудзей пакутніка, а потым два чалавекі вывелі ці, хутчэй, прыцягнулі Хілона, бо сам ен не мог ісці з паламанымі нагамі. Яго паклалі і прыбілі да дрэва так хутка, што зацікаўленыя аўгустыяне не маглі да яго нават як след прыгледзецца і толькі пасля ўмацавання крыжа ў прыгатаванай раней яміне ўсе позіркі былі звернуты да яго. Але мала хто мог пазнаць у гэтым голым старым былога Хілона. Пасля катаванняў, якія прысудзіў яму Тыгелін, у твары яго не засталося ані кроплі крыві і толькі на белай барадзе быў бачны чырвоны след, які пакінула кроў падчас, калі яму вырывалі язык. Ен быў проста абцягнуты скурай так, што амаль можна было бачыць яго косці. Ен здаваўся нашмат старэйшым, амаль струхнелым. Але затое як некалі вочы яго глядзелі вечна з трывогай і злосцю, а чуйнае аблічча яго адбівала даўней вечны непакой і няпэўнасць, так цяпер твар быў збалелы, але такі добры і заспакоены, які бывае ў людзей ці хто спіць, ці што памерлі. Можа надзеі яму дадаваў успамін аб прайдзісвеце на крыжы, якому Хрыстос прабачыў, а можа сам у душы гаварыў міласэрнаму Богу.  “Божа, я кусаў, як атрутны павук, але я быў затое усе жыцце бедаком, ведаў, што такое голад, людзі тапталіся па мне, білі мяне і здзекваліся з мяне. Я быў, Божа, бедны і вельмі няшчасны, а вось цяпер яшчэ мяне паклалі на пакуты і прыбілі да крыжа, дык можа Ты, Літасцівы, не адштурхнеш мяне ў часіну маей смерці!” І спакой відавочна сыйшоў у яго збалелае сэрца. Ніхто не смяяўся, бо было ў гэтым укрыжаваным штосьці такое невыказальнае, і ен здаваўся такім старым, безабаронным, слабым, так выразна просячы сваей пакорлівасцю аб літасці, што міжвольна кожны задаваў сабе пытанне, як можна здзеквацца і прыбіваць да крыжа людзей, якія ўжо і так пры смерці.Публіка маўчала. Сярод аўгустыянаў Вестынус, схіляючыся направа і налева, шаптаў спужаным голасам: “Глядзіце, як яны паміраюць!” Іншыя чакалі мядзведзя, жадаючы ў душы, каб відовішча скончылася як мага хутчэй. Мядзведзь ўкаціўся на арэну і, матляючы нізка нахіленай галавою з боку ў бок, пазіраў навокал з-пад ілба, нібы заўважыў нарэшце крыж, а на ім – аголенае цела, таму падыйшоў да яго, нават узняўся, але праз хвіліну апусціўся зноў на пярэднія лапы і сеў пад крыжам ды пачаў бурчэць, нібы ў яго сэрцы звера абудзілася літасць да гэтых чалавечых мошчаў. З вуснаў службы црку пачуліся падганяючыя яго вокрыкі, але публіка маўчала.Хілон тымчасам узняў свабодным рухам галаву і нейкі час паводзіў позіркам па радах гледачоў.Нарэшце погляд яго затрымаўся дзесьці на самых высокіх радах амфітэатру, грудзі сталі ўздымацца з большай сілай і ў гэты час адбылося штосьці, што прывяло да здзіўлення і неразумення сярод гледачоў.Вось яго твар раз’ясніўся ад усмешкі, лоб абкружылі нібы промні, позірк узняўся перад апошняй хвілінай, а праз секунды дзве вялікія слязіны скаціліся па яго твары. І ен памер. І тады нечы гучны мужчынскі голас пачуўся з верхніх радоў, з-пад веларыума: - Спакой пакутнікам!
У амфітэатры ж запанавала глухое маўчанне.

Раздзел 62 QUO VADIS? Г.Сенкевіч

Змрок яшчэ не апусціўся на горад, калі першыя хвалі публікі пачалі напаўняць сады імператара. Натоўпы, апранутыя па-святочнаму, з вянцамі, цікаўныя і спяваючыя, часткова п’яныя ішлі паглядзець на новае, дасюль нябачанае відовішча.Вокрыкі: “Семаксіі! Сарментыцыі!”чуліся на Віа Тэкта, на мосце Эмілія і з другога берага Тыбра, на Трыумфальнай дарозе, каля цырку Нярона і аж да Ватыканскага пагорка. Праўда, бачылі ўжо і раней ў Рыме людзей, якіх палілі на слупах, але ніколі дасюль не бачылі такой колькасці асуджаных. Цэзар і Тыгелін хацелі скончыць з хрысціянамі і разам з тым прадухіліць заразу, якая з турмаў разыходзілася ўсе больш па гораду, загадалі апаражніць усе падзем’і, так што засталося ў тых хіба некалькі дзесяткаў людзей, пакінутых на канец відовішча.Таму натоўпы, якія ўваходзілі праз брамы садоў, нямелі ад здзіўлення. Усе алеі, галоўныя і прылеглыя да іх, што праходзілі сярод дрэваў, вакол лужкоў, астраўкоў, парослых кустарнікамі, ставочкаў, сажалак і кветнікаў, былі пазастаўляныя смалянымі слупамі, да якіх і папрывязвалі хрысціян.З вышэйшых месцаў можна было бачыць цэлыя шэрагі колля і цел, уквечаных, у лістоце мірту і плюшчу, якія цягнуліся ўглыб па ўзвышшах і нізінах так далека, што калі бліжэйшыя здаваліся карабельнымі мачтамі, то далейшыя бачыліся каляровымі паўтыканымі ў зямлю тырсамі ці дзідамі. Мноства іх пераўзышло чаканні публікі.Можна было падумаць, што цалкам пэўны народ папрывязвалі да слупоў на ўцеху Рыму і мператару. Натоўпы гледачоў затрымліваліся ў асобных месцах, гледзячы, наколькі вялікай была зацікаўленасць у той ці іншай постаці, узросце ці паставе ахвяры, разглядалі твары, вянцы, гірлянды з плюшчу, пасля ішлі далей і далей, задаючы сабе пэўныя пытанні:” Ці магло быць столькі вінаватых ды як маглі падпаліць Рым дзеці, якія ледзь здольныя былі самі хадзіць?” І незразумеласць ператваралася ў непакой. Тымчасам апусціўся змрок, і на небе заблішчалі першыя зоркі. У гэты час каля кожнага асуджанага стаяў нявольнік з палаючай паходняй у руцэ, а калі рэха труб разнеслася па ўсіх частках садоў як азнака пачатку відовішчаў, усе нявольнікі паўкладалі полымя да слупоў. Уквечаная і палітая смалой салома занялася светлым полымем, якое, узнімаючыся з кожнай хвілінай, раскручвала завіткі плюшча, узбіралася да верху і ахоплівала ўжо ногі ахвяр. Публіка сціхла, сады ж агучыліся адзіным вялікім стогнам і крыкамі ад болю.Некаторя ахвяры, узнімаючы погляды да зорнага неба, пачалі спяваць у гонар Хрыста.Народ слухаў.Але самыя чэрствыя сэрцы напоўніліся страхам, калі з меншых слупоў пачуліся дзіцячыя, поўныя жудасці, крыкі: “Мама! Мама!”, - і дрыжыкі працялі нават п’яных гледачоў  ад выгляду гэтых галовак і бязвінных твараў, перакрыўленых ад болю ці самлелых ад дыму, які ўжо пачаў душыць ахвяр.А полымя ішло ўгару і паліла ўсе новыя вянцы ружаў і плюшчу.Разгараліся алеі галоўныя і прылеглыя, гарэлі дрэвы, якія раслі блізка, і лужкі, і квяцістыя палеткі, заблішчала ад водбліскаў полымя вада ў сажалках і ставочках, паружавелі дрыготкія лісты на дрэвах і стала бачна як удзень.Смурод ад спаленых целаў напоўніў сады, але ў гэты час нявольнікі пачалі сыпаць ў прыгатаваныя наўмысна між слупоў кадзільніцы міру і алоэ.Сярод людзей пачуліся тут і там вокрыкі, невядома ці то спачування, ці то задавальнення і радасці, і гук іх узрастаў з кожнай хвілінай разам з агнем, які ахопліваў слупы, дасягаў ужо грудзей ахвяр, скручваў гарачым подыхам валасы на іх галовах, кідаў цені на іх і так пачарнелыя твары і ўрэшце выбухаў яшчэ вышэй, нібы ў падтрымку перамогі і трыумфу той сілы, якая загадала яго раскласці.
 Але яшчэ на пачатку відовішча з’явіўся імператар на раскошнай цыркавой квадрызе, запрэжанай чатырма белымі коньмі..За ім ехалі іншыя вазы, напоўненыя дваранамі ў прыгожых строях, сенатарамі, капланамі і аголенымі ваганткамі з вянцамі на галовах і жбанамі віна ў руках, часткова п’яных і выгукваючых дзікія вокрыкі.Побач з імі  былі музыкі, прыбраныя як фаўны і сатыры, якія ігралі на цытрах, фармінгах, пішчалках і ражках.На іншых вазах ехалі матроны і рымскія дзявіцы, таксама напалову аголеныя і паўп’яныя. Каля квадрыг скакуны трэслі прыбранымі ў стужкі тырсамі, іншыя білі ў бубны, астатнія пасыпалі кветкі.Уся гэта размаітая світа рухалася і крычала “Эвоэ!” па найшырэйшай  садовай дарозе сярод дыму і чалавечых паходняў.Цэзар, трымаючы каля сябе Тыгеліна і Хілона, страхам якога хацеў пацешыцца, сам кіраваў коньмі і ехаў не спяшаючыся, пазіраючы на палаючыя целы і слухаючы вокрыкі публікі.Стоячы на высокай залатой квадрызе, абкружаны жывой хваляй людзей, якая кланялася яму ў ногі, у водблісках агню, з залатым вянцом цыркавога пераможцы, ен быў вышэй за галовы дваран, усей публікі і здаваўся веліканам. Яго непрыгожыя рукі , якія ен высцягваў, трымаючы лейцы, здавалася, благаслаўлялі народ.На твары і ў прыплюшчаных вачах яго была ўсмешка.Ен свяціў над людзьмі, як сонца ці як страшнае баство, але прыгожае і моцнае. Часам ен спыняўся, каб прыгледзецца лепш ці то да якой дзявіцы, лона якой пачынала сквырчэць у полымі ці да перакошанага сутаргамі твару дзіцяці, і зноў ехаў далей, ведучы за сабой шаленую і гучную світу. Часам ен кланяўся народу, пасля зноў, прагінаючыся назад, кранаў залатыя лейцы і размаўляў з Тыгелінам. Нарэшце ен даехаў да вялікага фантану, які быў пасярэдзіне скрыжавання дзвюх вулак, сыйшоў з квадрыгі і пакінуў таварышаў, растварыўшыся ў натоўпе. Яго віталі крыкам і воплескамі.Ваганткі, німфы, сенатары, аўгустыяне, фаўны, сатыры і воіны абкружылі яго тут жа  шаленым колам, ен жа з аднаго боку з Тыгелінам, з другога – з Хілонам, абыходзіў фантан, навокал якога палала некалькі дзесяткаў паходняў, і ен затрымліваўся перад кожнай, назіраючы за ахвярамі ці пасмейваючыся са старога грэка, на твары якога адбівалася непамерная роспач. Нарэшце яны спыніліся перад высокім слупам, прыбраным міртам і абкручаным віючыміся раслінамі.Чырвоныя языкі агню даходзілі тут ужо да кален ахвяры, але твару яго немагчыма было распазнаць, бо жывыя палаючыя галінкі засланілі яго дымам.Праз хвіліну аднак вецер развеяў дым, і стала бачна галава старога з сівой па грудзі барадою.Ад гэтага выгляду Хілон скруціўся раптам у клубок, як параненая змяя, з вуснаў жа яго пачуўся крык хутчэй падобны да каркання:
- Глаўк! Глаўк!
 І сапраўды з палаючага слупа на яго пазіраў  лекар Глаўк. Ен яшчэ быў жывы. Твар быў збалелы і нахілены так, нібы ен хацеў у апошні раз паглядзець на свайго ката, які яго і прадаў, і пазбавіў жонкі, дзяцей, наслаў на яго забойцу, а калі гэта ўсе адпусцілі яму ў імя Хрыста, яшчэ раз аддаў яго ў рукі катуючых. Ніколі чалавек не рабіў іншаму страшнейшых і больш крывавых крыўд. І вось ахвяра палала цяпер на прасмоленым слупе, а кат стаяў ля яе ног. Глаўк не зводзіў вачэй з твару грэка. Часам  засцілаў яго вочы дым, але калі дуў вецер, Хілон зноў бачыў скіраваны на яго позірк. Ен узняўся і хацеў уцячы, але не мог. Раптам яму здалося, што ногі яго пасталі алавяннымі, і што нейкая нябачная рука ўтрымлівае яго з нечалавечай сілай каля гэтага слупа. І ен нібы скамянеў. Адчуваў толькі, як нешта яго перапаўняе, нешта ірвецца, што досыць яму пакутаў і крыві, што надыходзіць канец жыцця і што ўсе навокал знікае: і цэзар, і яго двор, і натоўпы , і абкружае яго нейкая бяздонная страшная і чорная пустка, у ей жа бачны толькі гэтыя вочы пакутніка, якія выклікаюць яго, Хілона, на суд. А Глаўк схіляў усе ніжэй галаву і ўсе пазіраў.Прысутныя здагадаліся, што паміж гэтымі людзьмі штосьці адбываецца, але смех не сарваўся з  іх вуснаў, бо ў выразе твару Хілона было штосьці страшнае: працяла яго такой трывогай і такім болем, нібыта гэтыя языкі полымя палілі яго ўласнае цела. Раптам ен захістаўся і прасцягваючы рукі ўгару закрычаў страшна і пранізліва:
 - Глаўк! У імя Хрыста! Прабач!
 Навокал усе сціхла: дрыжыкі прабеглі па спінах прысутных, і ўсе позіркі мімаволі ўзняліся ўверх. А галава пакутніка злегку зварухнулася, пасля чаго з самага верху слупа пачуўся падобны да стогну гук:
 “Прабачаю!..”
Хілон упаў тварам на зямлю, выючы, як дзікі звер, і набраўшы зямлю ў абедзве прыгаршчы, пасыпаў ею сваю галаву. Тымчасам полымя выбухнула ўверх, ахапіла грудзі і твар Глаўка, - расплялася міртавая карона на яго галлаве, - і ўзнялося да канца слупа, які цалкам засвяціўся вялізным яркім полымем. Але Хілон  узняўся праз момант з тварам настолькі змененым, што аўгустыянам здалося, нібы яны бачаць іншага чалавека.Позірк яго гарэў нязвыклым святлом, зморшчкі на ілбе расправіліся, і недалужны хвілінай раней грэк цяпер выглядаў, як нейкі жрэц, які убачыў баство і які хоча адкрыць невядомыя ісціны.
- Што з ім? Ен сшалеў! – пачулася некалькі галасоў.Ён жа павярнуўся да натоўпа і высцягнуў уверх правую руку ды пачаў крычаць так моцна, каб не толькі аўгустыяне, але і ўсе прысутныя маглі пачуць яго голас:
 - Народ Рыма! Прысягаю сваей смерцю, што гінуць бязвінныя, а падпальшчык – вось гэты!..
І ен паказаў пальцам на Нярона.Настала хвіліна цішы.Двор здранцвеў.
Хілон стаяў доўга з высцягнутай дрыжачай рукой, паказваючы пальцам на імператара.Раптам усе заварушыліся.Народ, як хваля, якую гоніць раптоўная бура, кінуўся да старога, хочучы яго лепш бачыць. Тут і там пачуліся крыкі: “Трымай!”, а дзесьці: “Гора нам!” У тлуме пачуліся свіст і крыкі: “Вогнебароды! Матказабойца! Падпальшчык!”
Бязладдзе расло з кожнай хвілінай.Вакханкі, лямантуючы, сталі хавацца на вазах. Раптам некалькі спаленых слупоў перавярнулася, рассыпаючы навокал іскры і павялічваючы перапалох. Сляпая густая хваля народу падхапіла Хілона і панесла яго углыб саду. Паўсюдна слупы пачалі перагараць і падаць папярок дарог, напаўняючы алеі дымам, іскрамі, непрыемнымі пахамі згарэлых дрэў і людскога тлушчу.Згасалі агні далей і бліжэй. У садах пацямнела. Натоўпы занепакоіліся, пасумнелі і ўстрывожыліся ды пачалі праціскацца да брамаў.Звестка аб тым, што адбылося, перадавалася з вуснаў у вусны, змененая і перабольшаная.Адны расказвалі, што імператар самлеў, іншыя – што сам прызнаўся пра ўласны загад падпаліць Рым, трэція – што ен цяжка захварэў, іншыя ўрэшце, што яго вывезлі мертвага на возе. Тут і там чуліся словы спачуванняў хрысціянам: “Не яны спалілі Рым, дык навошта ж столькі крыві, пакут і несправядлівасці? Ці богі не будуць помсціць за нявінных і якія ж ахвяры здолеюць іх зноў улагодзіць?” Словы “іноксіа корпора!” – усе часцей паўтараліся. Жанчыны лямантавалі ўголас над дзецьмі, якіх столькі кінулі дзікім жывелам; папрыбівалі да крыжоў і спалілі ў гэтых праклятых садах! І нарэшце лямант змяніўся на праклены імператару і Тыгеліну.Але былі  і такія, якія раптам спыняліся, задавалі сабе ці іншым пытанні:” Што ж гэта за баство, якое дае такую сілу, нягледзячы на пакуту і смерць?” І яны вярталіся дадому задумлівыя.Хілон яшчэ доўга блукаў па садах, не ведаючы, куды ісці і  не разбіраючы дарогі. Цяпер ен ізноў адчуў сябе нямоглым, хворым, няшчасным старым. Ен спатыкаўся аб недагарэлыя целы, наступаў на галаўні, якія выбухвалі яму ўслед россыпам іскраў, а то ўсаджваўся і глядзеў навокал пустым позіркам. У садах стала амаль зусім цемна – толькі між дрэваў плыў бледны месяц, асвятляючы смутным святлом алеі ды яшчэ абвугленыяя і паваленыя слупы і чарнеючыя бясформеннымі грудамі трупы. Старому грэку здавалася, быццам на месяцы ен бачыць твар Глаўка, быццам вочы Глаўка ўсе глядзяць і глядзяць на яго, і ен намагаўся схавацца ад месяцовага святла. Нарэшце ен усе ж выйшаў з ценю і міжвольна падганяемы нейкай таямнічай сілаю, накіраваўся да фантана, дзе сканаў Глаўк. Раптам нечая рука дакранулася да яго пляча. Стары павярнуўся і, бачачы перад сабой незнаемую постаць, закрычаў са страхам у голасе:
 - Хто гэта? Хто ты?
 – Апостал Павел з Тарсу.
 – Я пракляты! Чаго ты хочаш ад мяне?
 А апостал адказаў: - Хачу цябе выратаваць.
 Хілон абаперся на дрэва. Ногі хісталіся пад ім, і рукі павіслі уздоўж цела.
 – Для мяне няма збаўлення! – сказаў ен глуха.
 – Ці не чуў ты, што Бог прабачыў пакаяўшамуся на крыжы прайдзісвету? – спытаў Павел.
 – Ці ты не ведаеш, што я нарабіў?
 – Я бачыў твой боль і чуў, што ты засведчыў праўду.
 - О, высакародны!..
 – І калі слуга Хрыста прабачыў цябе ў час пакуты і смерці, няўжо ж бы Хрыстос не прабачыў?
 А Хілон абхапіў рукамі галаву, як вар’ят:
 - Прабачэнне! Для мяне прабачэнне!
 – Бог наш – гэта Бог міласэрнасці, - адказаў Апостал.
 – І для мяне? – паўтарыў Хілон. І застагнаў, як чалавек, якому не хапае сіл, каб перамагчы боль і пакуту. Павел жа прамовіў:
- Трымайся за мяне і пойдзем!
 І падтрымліваючы Хілона, рушыў крыжаванымі вуліцамі, кіруючыся рэхам ад фантану, які здавалася, плакаў сярод начной цішы над целамі замучаных.
- Бог наш – гэта Бог міласэрнасці – паўтарыў Апостал. – Калі б ты стаяў ля мора і кідаў у яго камні, ці мог бы ты закідаць імі глыбіню мора? А я кажу табе, што міласэрнасцьХрыста – як мора, і што грахі нашы і віна людская патанаюць у ім, як каменне ў бездані. І я кажу табе, што яна, як неба, якое пакрывае горы, зямлю і моры, бо есць усюды і не мае межаў і таму – бясконцая. Ты пакутаваў ля слупа з Глаўкам, і Хрыстос бачыў твае пакуты. Ты сказаў, не зважаючы на тое, што цябе заўтра можа напаткаць: “Вось гэты – падпальшчык.”, і Хрыстос запомніў твае словы.Бо мінула твая злосць і падман, а ў сэрцы застаўся адно балючы жаль...пойдзем са мной, і паслухай, што я табе скажу: я таксама ненавідзеў Яго і праследаваў Яго абраных. Я не хацеў, каб Ен быў, і не верыў у Яго, пакуль Ен не з’явіўся перада мной і не паклікаў мяне.І з таго часу Ен – Любоў для мяне. А цяпер цябе Ен наведаў згрызотамі, трывогай і болем, каб цябе паклікаць да сябе.Ты Яго ненавідзеў, а Ен любіў цябе. Ты аддаваў на пакуты Яго вернікаў, а ен хоча табе прабачыць і выратаваць цябе.
 Грудзі бедалагі пачалі трэсціся ад вялікага рыдання, ад якога разрывалася да самага дна душа , а Павел абдымаў яго, супакойваў і веў, як воін вядзе палоннага. А праз хвіліну ізноў загаварыў:
 - Пойдзем са мной, і я цябе павяду да Яго. Па іншай прычыне хіба я прыйшоў бы да цябе? Але ен загадаў мне збіраць душы чалавечыя у імя міласэрнасці, таму я выконваю волю яго.Ты думаеш, што пракляты, а я табе кажу: павер у Яго, і цябе чакае збаўленне.Ты думаеш, што Ен цябе ненавідзіць, а я табе паўтараю, што Ен любіць цябе.Глядзі на мяне! Калі я не меў Яго у душы, то нічога не меў, апрача злосці, якая жыла ў маім сэрцы, а цяпер Яго любові мне хапае больш за бацькоўскай, больш за багацці і за цараванне.У Ім адным выйсце, ен адзіны ўлічыць твой жаль, паспачувае тваей беднасці, суніме твае трывогі і узніме цябе да Сябе.
 Так гаворачы, Павел прывеў Хілона да фантана, сярэбраны струмень якога пабліскваў здаля ў месяцовым святле. Навокал было ціха і пуста, бо нявольніцкая служба ўжо пазабірала адусюль абвугленыя слупы і целы пакутнікаў. Хілон кінуўся са стогнам на калены і схаваўшы твар ў далонях, заставаўся нерухомы. Павел жа звярнуў позірк да зорак і пачаў маліцца.
 – Божа, паглядзі на гэтага бедака, на яго жаль, на слезы і пакуту! Божа міласэрны, які праліў кроў сваю за грахі нашы, тваей пакутай, смерцю і ўваскрасеннем адпусці яго грахі!
 Пасля ен замоўк, але доўга яшчэ глядзеў на зоркі і маліўся. А ў гэты час дзесьці ля яго ног пачулася падобная да стогну просьба:
 - Хрысце! Хрысце! Адпусці мае грахі!
 Тады Павел падыйшоў да фантана і, набраўшы вады ў прыгаршчы, вярнуўся да ўкленчыўшага старога:
 - Хілоне! Я хрышчу цябе ў імя Бацькі і Сына, і Духа Святога! Амінь!
 Хілон узняў твар, раскінуў рукі і заставаўся так нерухома.Месяц авсятляў поўняй яго ссівелыя валасы і такі ж белы, нерухомы, нібы выкуты з каменю твар.
 Хвіліны ішлі адна за адной, з вялікіх птушарняў, змешчаных у садах Даміцыі, пачаў даносіцца спеў пеўняў, а Хілон яшчэ стаяў на каленах, падобны да надмагільнай статуі. Нарэшце ен схамянуўся, устаў і звярнуўся да апостала:
- Што я павінен рабіць перад смерцю?
 Павел таксама выйшаў з задумлівасці ад той непамернай сілы, якой не маглі супроцьстаяць нават такія душы, як у гэтага грэка, і сказаў:
 - Веруй і засведчы ісціну!
 Пасля яны выйшлі разам. Каля брамаў саду апостал Павел блаславіў яшчэ раз старога і яны разыйшліся, бо хацеў гэтага сам Хілон, таму што прадбачыў, што пасля таго, што адбылося, імператар і Тыгелін загадаюць яго пакараць. І не памыліўся. Вярнуўшыся да сябе, ен застаў дом абкружаны прэтарыянцамі, якія схапілі яго і пад начэльніцтвам Сцэвінуса завялі на Палатын. Цэзар падаўся было на адпачынак, але Тыгелін чакаў, і калі ўбачыў няшчаснага грэка, то прывітаў яго са спакойным, але поўным помсты выразам твару.
 – Ты папоўніў злачынствы абразы маестату, - сказаў ен, - і кара цябе не абміне. Але калі заўтра ты засведчыш у амфітэатры, што быў п’яны і звар’яцеў і што падпальшчыкі – хрысціяне, карай табе будуць розкі і выгнанне.
 – Я не змагу, высакародны! – ціха адказаў Хілон.
 А Тыгелін падыйшоў да яго павольным крокам і голасам таксама прыцішаным спытаў:
 - Як гэта ты не зможаш, грэцкі сабака? Хіба ты не быў п’яны і хіба не разумеш, што цябе чакае? Паглядзі туды!І сказаўшы гэта, ен паказаў на кут атрыя, у якім побач з доўгай драўлянай лавай стаяла ў мроку чацвера нерухомых нявольнікаў тракскіх з вяроўкамі і абцугамі ў руках. А Хілон адказаў:
 - Я не змагу, высакародны!
 Тыгеліна пачаў ахопліваць гнеў. Але ен яшчэ стрымліваў сябе.
 – Ты бачыў, спытаў ен, - як паміраюць хрысціяне? І ты так хочаш?
 Стары ўзняў збялелы твар, нейкі час яго вусны ціха варушыліся, пасля ен адказаў:
 - І я веру ў Хрыста!
 Тыгелін паглядзеў на яго са здзіўленнем:
 - Сабака, ты напэўна сапраўды звар’яцеў!
 І раптам нарастаючы ў яго сэрцы гнеў сарваў замок. Скочыў да Хілона і схапіў яго абедзвюмя рукамі за бараду, паваліў на зямлю і пачаў таптацца па ім, паўтараючы ўжо з пенай на вуснах:
 - Ты адмовішся ад сваіх слоў! Адмовішся!
 – Я не змагу! – адказаў яму з зямлі Хілон.
 – На пакуты яго!
 Пачуўшы гэты загад тракійцы схапілі старога і паклалі яго на лаву, пасля прывязалі яго да яе вяроўкамі, пачалі абцугамі сціскаць яго схуднелыя бедры. Але ен падчас , калі яго прывязвалі, цалаваў з пакорай іх рукі, потым заплюшчыў вочы і здавалася нібы памер. Аднак ен быў жывы, бо калі Тыгелін схіліўся над ім і яшчэ раз спытаў: “Ты адмовішся?”, то яго збялелыя вусны злегку зварухнуліся і з іх сарваўся ледзь чутны шэпт: “Не.. змагу!...”
Тыгелін загадаў спыніць катаванне і стаў хадзіць па атрыю з тварам, перакошаным ад злосці, але не маючы выйсця. Урэшце відавочна яму прыйшла да галавы нейкая новая думка, бо ен загадаў тракам:

 - Вырваць яму язык!