За часы імператарства Нярона ўвайшлі ў
звычай даўней рэдкія і выключна толькі вячэрнія прадстаўленні як у цырку, так і
ў амфітэатры. Аўгустыяне любілі іх, бо часта пасля іх адбываліся піры і п’янкі
аж да рання. Хаця люд быў перанасычаны праліццем крыві, аднак калі разыйшлася
вестка, што надыходзіць канец відовішчаў і што апошнія хрысціяне павінны
памерці вечарам, незлічоныя натоўпы сабраліся ля амфітэатра. Аўгустыяне былі
ўсе як адзін, бо здагадаліся, што гэта будзе нязвыклае прадстаўленне і што
цэзар вырашыў арганізаваць сабе трагедыйнае відовішча з болю Вініцыя. Тыгелін
захаваў таямніцу, які спосаб пакут прызначаны для нарачонай маладога трыбуна,
але гэта толькі павялічвала паўсюдна цікаўнасць. Тыя, хто некалі бачыў Лігію ў
Плаўціяў, расказвалі цяпер цуды пра яе прыгажосць. Іншых жа займала перш-наперш
пытанне, ці сапраўды яны ўбачаць яе сення на арэне, бо шмат паміж тых, хто чуў
адказ цэзара Пятронію ў Нервы на піры, тлумачылі яго сабе па-рознаму. Некаторыя
дапускалі проста, што Нярон аддасць ці можа ўжо аддаў дзяўчыну Вініцыю,
успаміналі, што яна – заложніца, якой можна было менавіта таму шанаваць тых багоў, якія ей падабаліся, і якую закон
народаў не дазваляў караць. Няўпэўненасць, чаканне і зацікаўленасць ахапілі
ўсіх гледачоў. Цэзар прыбыў раней, чым звычайна, і разам з яго прыбыццем пачалі
зноў шаптацца, што напэўна адбудзецца штосьці надзвычайнае, асабліва калі з Няронам
апроч Тыгеліна і Ватынія ўбачылі Касія, цэнтурыена з моцным торсам і непамернай
сілай, якога цэзар браў з сабой толькі тады, калі хацеў мець пад бокам
абаронцу, напрыклад, калі прыходзіла ахвота да начных прыгод на Субуры, дзе ен
учыняў сабе забаву, званую сагаціо, па правілах якой трэба было падкідаць на
вайсковым плашчы напатканых па дарозе дзяўчат. Наглядалі таксама, каб у самім
амфітэатры былі прадузяты пэўныя сродкі перасцярогі. Стражнікаў, прэтарыянцаў
павялічылі колькасць, камандаваў жа імі не цэнтурыен, а трыбун Субрый Флавій,
вядомы да гэтага часу сваей сляпой адданасцю Нярону.У гэты час зразумелі, што
цэзар прагне на ўсялякі выпадак забяспечыць ад выбуху роспачы Вініцыя, і тады
цікаўнасць публікі ўзрасла яшчэ больш. Усе позіркі звярталіся наўмысна на месца,
дзе сядзеў няшчасны закаханы. Ен жа, вельмі бледны, з ілбом, пакрытым кроплямі
поту, быў няўпэўнены, як іншыя гледачы, але яшчэ і занепакоены да глыбінь душы.
Пятроній сам не ведаў дакладна, што адбудзецца, не сказаў яму нічога, толькі
спытаў, вярнуўшыся ад Нервы, ці гатовы ен да ўсяго, а потым, ці будзе
прысутнічаць на відовішчы. Вініцый адказаў на абодва пытанні: “Так!”, але пры
гэтым мурашкі прабеглі па яго целу, бо ен здагадаўся, што Пятроній не пытаецца
без прычыны.
Сам
ен жыў ужо ад нейкага часу нібы толькі напалову, сам заглыбіўся ў смерць і
згадзіўся са смерцю Лігіі, бо яна павінна была стаць для іх абоіх і вызваленнем
і шлюбам, але цяпер даведаўся, што адна справа думаць здалек пра апошнюю
хвіліну як пра спакойнае засынанне, і іншая справа – пайсці глядзець на
пакутніцтва істоты, найдаражэйшай у жыцці. Усе даўней перажытыя болі адазваліся
ў ім наноў. Сцішаная роспач зноў раскрычалася ў яго душы, ахапіла яго ранейшае
жаданне ратаваць Лігію любой цаной. Зранку ен хацеў яшчэ трапіць у кунікулы,
каб пераканацца, ці знаходзіцца ў іх Лігія, але стражнікі-прэтарыянцы
пільнавалі ўсе ўваходы і загады ім былі такія суровыя, што салдаты, нават
знаемыя, не давалі сябе ўгаварыць ні просьбай, ні золатам. Вініцыю здавалася,
што няпэўнасць заб’е яго раней, чым ен
убачыць відовішча. Дзесьці на дне сэрца яшчэ жыла ў ім надзея, што можа Лігіі
ўжо няма ў амфітэатры і што ўсе страхі не маюць сэнсу. Часам ен чапляўся за
гэту надзею з усіх сіл. Ен казаў сабе, што Хрыстос мог яе ўжо забраць з турмы і
не можа дазволіць ей пакутаваць у цырку. Раней ен згадзіўся ўжо было з усім на
Яго волю, цяпер, калі яго адапхнулі ад дзвярэй кунікулаў, то вярнуўся на свае
месца ў амфітэатры і калі з зацікаўленых позіркаў, якія кідалі на яго гледачы,
здагадаўся, што найстрашнейшыя дапушчэнні могуць спраўдзіцца, пачаў маліць Яго
ў душы аб ратунку з пачуццем, падобным амаль да пагрозы: “Ты можаш! – паўтараў
ен, сціскаючы дрыжачыя рукі. “Ты можаш!”Перад гэтым ен нават не здагадваўся,
што гэта хвіліна, калі пераўтворыцца ў рэчаіснасць, будзе такой страшнай. Цяпер
не аддаючы сабе адказу, што з ім адбываецца, меў аднак адчуванне, што калі
ўбачыць пакуты Лігіі, то яго любоў ператворыцца ў нянавісць, а вера – ў роспач.
І ен баяўся гэтага адчування, бо баяўся абразіць Хрыста, якога прасіў аб
літасці і аб цудзе. Ен ужо не прасіў пакінуць ей жыцце, хацеў толькі, каб яна
памерла раней, чым яе выведуць на арэну,
і з непамернай бездані болю ен паўтараў у душы: “Хоць у гэтым мне не адмаўляй,
а я буду любіць Цябе яшчэ больш, чым
любіў дасюль”. У канцы думкі яго разбушаваліся, як хвалі, узнятыя віхурай. У ім
абуджалася жаданне адпомсціць і жаданне крыві. Яго адольвала шаленая думка
кінуцца на Нярона і задушыць яго на вачах гледачоў, і адначасова ен адчуваў,
што гэта думка абражае зноў Хрыста і ідзе супраць Яго запаветаў.Часам
праносіліся ў яго галаве бліскавіцы надзеі, што гэта ўсе, перад чым дрыжала яго
душа, яшчэ вернецца ўсемагутнай і міласэрнай рукой, але тут жа і згасалі, нібы
з бязмерным шкадаваннем, што Той, Хто можа адным словам разбурыць гэты цырк і
выратаваць Лігію, пакінуў усе ж яе, хаця
яна верыла Яму і любіла Яго з усіх сіл сваго чыстага сэрца. І ен думаў далей,
што вось яна там ляжыць ў цемным кунікуле, слабая, безабаронная, пакінутая,
аддадзеная на ласку ці няласку азвярэлых стражнікаў, трымаючыся адным дыханнем,
ен жа павінен бяздзейсна чакаць у гэтым страшным амфітэатры, не ведаючы, якую
прыдумалі ей пакуту і што праз хвіліну ўбачыць. Нарэшце, як чалавек, які падае
ў бездань і хапаецца за ўсе, што расце па яе краю, так і ен аберуч трымаўся за
тую думку, што толькі верай ен можа яе выратаваць. Такім чынам заставаўся
толькі адзіны гэты спосаб. Пётр жа казаў, што вера зямлю можа зрушыць! Таму ен
сабраў сілы, перамог у сабе сумненне, усей сваей істотай паўтараючы адно
слова:”Верую!” і чакаў цуда. Але так як надта нацягнутая струна павінна
парвацца, так і яго перамаглі гэтыя высілкі. Ен збялеў з твару, нібы труп, і
цела яго стала вельмі цяжкім. У гэты час ен падумаў, што яго малітва пачутая,
бо вось ен ужо памірае.Яму здалося, што Лігія павінна была ўжо таксама памерці,
і што Хрыстос забірае іх такім чынам да сябе. Арэна, белыя тогі незлічоных
гледачоў, святло тысячных лямпаў і паходняў, - усе разам знікла з вачэй. Але
гэта немач не была доўгай. Праз хвіліну ен прыйшоў у прытомнасць, ці хутчэй яго
абудзіў тупат нецярплівага люду.
–
Ты хворы, - сказаў яму Пятроній. – Загадай аднесці цябе дадому.
І
не зважаючы, што скажа на гэта цэзар, ен узняўся, каб падтрымаць Вініцыя і
выйсці з ім разам. Сэрца яго напоўнілася літасцю і пры гэтым яго моцна
раздражняла тое, што цэзар пазіраў праз смарагд на Вініцыя, атрымліваючы
задавальненне ад болю апошняга, можа таму, каб потым апісаць яго ў патэтычных
строфах і атрымаць апладысменты слухачоў. Вініцый страсянуў галавой. Ен мог
памерці ў гэтым амфітэатры, але не мог з яго выйсці. А прадстаўленне павінна
было праз хвіліну распачынацца. Менавіта ў гэту самую хвіліну прэфект горада
махнуў перад сабой чырвонай хустачкай, і пасля гэтага знаку зарыпелі засовы
насупраць цэзарскага подыума і з цемнай пашчы выйшаў на яркаасветленую арэну Урс.Асілак
міргаў вачыма, аслеплены магчыма святлом арэны, пасля чаго выйшаў на яе
сярэдзіну, разглядаючыся навокал, нібы хацеў здагадацца, з чым яму прыйдзецца
спаткацца. Усім аўгустыянам і большасці гледачоў было вядома, што гэта чалавек,
які задушыў Кратона, таму пры яго з’яўленні шум пранесся па ўсіх радах. У Рыме
хапала гладыятараў, нашмат большых, чым звычайныя людзі, але падобнага яшчэ не
бачылі вочы квірытаў. Касій, які стаяў на подыуме за цэзарам, здаваўся ў
параўнанні з гэтым лігійцам маленькім чалавечкам. Сенатары, вясталкі, цэзар,
аўгустыяне і народ глядзелі з захапленнем знаўцаў і аматараў на яго моцныя, як
тоўстыя галіны, бедры, на грудзі, падобныя да двух злучаных шчытоў і на
геркулесавы плечы. Шум узрастаў з кожнай хвілінай. Для гэтых сабраных не магло
быць большага задавальнення, чым бачыць такія мускулы падчас гульні, напружання
і бойкі. Шум ператвараўся паступова ў крык і ліхаманкавыя пытанні, дзе жыве
народ, які нараджае падобных веліканаў, той жа стаяў пасярод амфітэатрра
аголены і больш падобны да каменнага калосу, чым да чалавека са сканцэнтраваным
і разам з тым сумным тварам варвара, і бачачы пустую арэну, ен пазіраў са
здзіўленнем сваімі блакітнымі вачыма дзіцяці то на гледачоў, то на імператара,
то на краты кунікулаў, адкуль чакаў сваіх катаў. У хвіліну, калі ен выходзіў на
арэну, яго простае сэрца апошні раз закалацілася ад надзеі, што можа яго чакае
крыж, але калі не ўбачыў ні крыжа, ні прыгатаванай ямы, то падумаў, што ен
нягодны гэтай ласкі і што прыйдзецца яму памерці інакш, і напэўна, ад жывел. Ен
быў без зброі і вырашыў загінуць, як вернік Агнца, спакойна і цярпліва.
Тымчасам ен хацеў памаліцца яшчэ Збавіцелю, таму ўкленчыў на арэне, склаў рукі
і ўзняў позірк да зорак, якія мігцелі і былі бачныя праз верхнюю адтуліну
цырку. Гэта не спадабалася сабраным. Досыць ужо было гэтых хрысціян,
паміраючых, як авечкі. Зразумела, што калі асілак не захоча абараняцца, то
відовішча прападзе. Тут і там пачулася шыпенне. Некаторыя пачалі клікаць
мастыгафораў, заданнем якіх было лупцаваць байцоў, якія не хацелі змагацца.
Праз хвіліну ўсе сціхла, бо ніхто не ведаў, што чакае велікана і ці не захоча
ен змагацца, калі спаткаецца сам-насам са смерцю.Доўга ўжо не трэба было
чакаць. Раптам пачуўся пранізлівы гук труб, і пасля гэтага адчыніліся краты
насупраць імператарскага подыума, і на арэну выбег пад крыкі бестыярыяў
страшны германскі тур, які нес на галаве
аголенае жаночае цела.
–
Лігія! Лігія! – крыкнуў Вініцый. Пасля схапіўся рукамі за валасы на скронях, сагнуўся
так, як чалавек, які адчувае ў сабе востры боль і хрыплым амаль нечалавечым
голасам стаў паўтараць:
-
Верую! Верую!... Хрыстос! Цуда!
І
не чуў нават , што ў гэту хвіліну Пятроній закрыў яго галаву тогай. Яму
здавалася, што гэта смерць ці боль засланяе яму вочы. Ен не глядзеў, не бачыў.
Яго ахапіла пачуцце нейкай страшэннай пустэчы. У галаве не засталося ніводнай
думкі, вуснамі толькі ен паўтараў, як вар’ят: - Верую! Верую! Верую!...
Потым амфітэатр змоўк. Аўгустыяне
паўзнімаліся з месцаў усе як адзін, калі на арэне адбылося штосьці незвычайнае.
Пакорлівы і гатовы памерці лігіец убачыў сваю каралеўну на рагах дзікай жывелы,
сарваўся нібы апечаны жывым агнем і нагнуўшыся, пабег пад вуглом да раз’юшанага
звера. З грудзей прысутных вырваўся кароткі крык здзіўлення, пасля чаго
зрабілася ціха. Лігіец тымчасам дагнаў ў імгненне вока шаленага быка і схапіў
яго за рогі.
– Глядзі!
– закрычаў Пятроній, зрываючы тогу з галавы Вініцыя. Той жа ўзняўся, адкінуў
галаву назад і з бледным тварам стаў пазіраць на арэну шклянымі, амаль
непрытомнымі вачыма. Усе затрымалі дыханне. У амфітэатры можна было пачуць, як
пралятае муха. Людзі не хацелі верыць уласным вачам. Як Рым стаў Рымам, то не
бачылі ніколі нічога падобнага. Лігіец трымаў дзікую жывеліну за рогі. Стопы
яго зарыліся ў пясок вышэй костачак, хрыбет выгнуўся, як нацягнуты лук, галава
схавалася ў плячах, мускулы напружыліся так, што скура амаль не лопалася , але
ен асадзіў быка на месцы. І чалавек, і жывела трывалі ў такой нерухомасці, што гледачам
здавалася, нібы яны бачаць нейкую карціну, дзе адвображаны дзеянні Геркулеса ці
Тэсея ці групу, выкутую з камня. Але ў гэтым знешнім спакоі было бачна
страшэннае напружанне дзвюх змагаючыхся між сабой сіл. Тур зарыўся таксама, як
чалавек, нагамі ў пясок, а цемнае, касматае яго цела выгнулася так, што ен
здаваўся вялізным снапом. Хто першым здасца, хто першым упадзе – гэта было
пытанне, якое для аматараў падобных боек было больш значным, чым іх уласны лёс,
чым увесь Рым і яго панаванне над светам. Гэты лігіец быў для іх амаль богам,
годным пашаны і статуі. Сам цэзар таксама узняўся. Яны з Тыгелінам, чуючы пра
сілу чалавека-лігійца, наўмысна арганізавалі такое відовішча і, пасмейваючыся,
гаварылі паміж сабой: “Няхай гэты забойца Кратона пераможа тура, якога мы яму
абяром.” Цяпер жа яны пазіралі здзіўлена на карціну, якая была перад імі, нібы
не верачы, што гэта магла быць рэальнасць. У амфітэатры можна было бачыць
людзей, якія ўзняўшы рукі, так і заставаліся. Іншыя абліваліся потам, нібы самі
змагаліся са зверам. У цырку было чутна толькі сычэнне полымя ў лямпах і шоргат
вугольчыкаў, спадаючых з паходняў. Словы застылі ў гледачоў на вуснах, сэрцы
калаціліся ў грудзях, нібы хочучы іх разбіць. Усім падалося, што гэта ўсе
доўжыцца вечна. А чалавек і звер стаялі доўга, моцна высільваючыся, ці як
укапаныя ў зямлю , потым глухі, падобны да стогну рык пачуўся з арэны, пасля
чаго з грудзей прысутных вырваўся крык і зноў стала ціха. Людзі думалі, што ім
гэта сніцца, бо вось агідная галава быка пачала пакручвацца ў жалезных руках
варвара. А твар лігійца, карак і плечы пачырванелі да колеру пурпуру, спіна
выгнулася яшчэ больш. Бачна было, што ен збірае рэшту сваіх нечалавечых сіл,
але што іх яму ужо хопіць ненадоўга. Усе больш глухі, хрыплы і жаласлівы рык
тура змяшаўся са свісцячым выдыхам з грудзей асілка. Галава звера пакручвалася
ўсе больш, а з пашчы высунуўся доўгі, успенены язык. Яшчэ хвіліна, і да вушэй
бліжэйшых гледачоў даляцеў нібыта трэск зламаных касцей, пасля чаго звер
паваліўся на зямлю са звернутай насмерць шыяй. У гэты час асілак ссунуў у
імгненне вока вяроўкі з яго рагоў і , ўзяўшы дзяўчыну на рукі, пачаў хутка
дыхаць. Твар яго збялеў, валасы зляпіліся ад поту, плечы і рукі, здавалася,
палілі вадой. Хвіліну можа ен стаяў, як напалову прытомны, пасля ўзняў вочы і
стаў пазіраць на гледачоў. А амфітэатр як звар’яцеў. Сцены будынку задрыжалі ад
крыкаў некалькіх дзесяткаў тысяч гледачоў. Ад часоў распачынання відовішчаў не
памяталі такога захаплення. Тыя, што сядзелі вышэй, паапускаліся ніжэй,
таўкліся між лавамі, каб лепш разгледзець асілка. Адусюль чуліся галасы аб
літасці, досыць упартыя галасы, якія хутка пераўтварыліся ў адзіны паўсюдны
крык. Гэты асілак стаў цяпер дарагім для гэтага захопленага фізічнай сілай
народу і першай асобай у Рыме.Ен жа зразумеў, што публіка дамагаецца, каб яму
было даравана жыцце і вернута вольнасць, але відавочна не быў зацікаўлены ў
гэтым толькі для сябе. Хвіліну ен разглядаўся навокал, пасля наблізіўся да
подыума імператара і, калышучы цела дзяўчыны на высцягнутых руках узнес позірк
з выразам просьбы, нібы хацеў прамовіць :
- Над
ей злітуйцеся! Яе выратуйце! Я для яе гэта зрабіў!
Гледачы зразумелі тое, чаго ен хацеў. Ад
выгляду самлелай дзяўчыны, якая побач з гэтым агромністым целам лігійца
здавалася малым дзіценкам, узрушэнне ахапіла ўсіх: народ, воінаў і сенатараў.
Яе дробная фігура, такая белая, нібы выкутая з алябастру, яе непрытомнасць,
страшная небяспека, ад якой яе выратаваў асілак, і ўрэшце яе прыгажосць і яго
прывязанасць узрушылі сэрцы. Некаторыя лічылі, што гэта бацька просіць
злітавацца над дзіцем. Літасць выбухнула раптоўна, нібы полымя. Досыць ужо было
крыві, досыць смерці, досыць пакут. Здаўленыя ад слез галасы пачалі прасіць аб
літасці для дваіх. Урс тымчасам пасоўваўся па кругу арэны, усе калышучы
дзяўчыну на руках, рухамі і вачыма просячы жыцця для яе. І тады Вініцый
сарваўся з месца, пераскочыў агароджу, што падзяляла першыя месцы і
арэну, і, падбегшы да Лігіі, накрыў тогай яе аголенае цела. Пасля
разадраў туніку на грудзях, адкрыў шрамы, якія засталіся ад ран, атрыманых у
армянскай вайне, і высцягнуў рукі да людзей. У гэты ўжо момант узрушэнне народу
пераўзышло ўсялякую бачаную ў амфітэатрах меру. Людзі пачалі тупаць і
галасіць.Галасы, якія прасілі аб літасці, сталі проста пагрозлівымі. Люд прасіў
ужо не толькі за лігійца, але станавіўся ў абарону дзяўчыны, воіна і іх
кахання. Тысячы гледачоў звярнуліся да імператара з гнеўным бляскам у вачах і
са сціснутымі кулакамі. Той усе чагосьці чакаў і вагаўся. Папраўдзе кажучы, да
Вініцыя ў яго не было нянавісці, і ад смерці Лігіі ў яго нічога не залежала,
але ен хацеў бы бачыць дзявочае цела працятым рагамі быка ці падраным ікламі
жывел. І яго жорсткасць, як і яго страшная фантазія і страшныя жаданні
знаходзілі пэўнае задавальненне ў сцэнах падобнага кшталту. І вось народ хацеў
яго пазбавіць гэтага задавальненння. Ад гэтай думкі гнеў адбіўся на яго
заплыўшым твары. Любоў да сябе не дазваляла яму таксама паддацца волі натоўпаў,
а адначасова ен не мог ей, волі, супраціўляцца ад прыроджанай баязлівасці. Таму
ен стаў прыглядацца, можа хоць сярод аўгустыянаў прыкмеціць звернутыя ўніз
пальцы як знак смерці. Але Пятроній трымаў пальцы узнятымі ўверх, гледзячы пры
гэтым амаль з выклікам у яго твар. Разважлівы, але схільны да ўзрушэнняў
Вестынус, які баяўся духаў, але не баяўся людзей, паказваў таксама знак
літасці. Тое ж рабіў сенатар Сцэвінус, тое ж і Нерва, тое ж – Тулій Сенецыё,
тое ж і
стары слынны воінскі начэльнік Асторый Скапула, тое ж самае Антыстый і
Пізо, і Вестус, і Крыспінус, і Мінуцый Тэрмус, і Понцый Тэлезынус,і найбольш
паважаны і шануемы людзьмі Тразея. Ад выгляду гэтага ўсяго цэзар адняў смарагд
ад вока з выразам пагарды і знявагі, калі раптам Тыгелін, якому важна было, каб
зрабіць назлосць Пятронію, нахіліўся і сказаў:
- Не саступай, боскі, у нас есць
прэтарыянцы.
У гэты
час Нярон павярнуўся ў бок, дзе прэтарыянцаў узначальваў суровы і адданы яму
дасюль усей душой Субрый Флавій, і ўбачыў незвычайную рэч. Твар старога трыбуна
быў пагрозлівы, але заліты слязьмі, і руку ен трымаў з узнятым уверх пальцам як
знак літасці. Натоўпамі пачала авалодваць нецярплівасць. Пыл узбіўся з-пад
тупаючых ног і заслаў амфітэатр. Сярод розных крыкаў чуліся і такія:
“Вогнебароды! Матказабойца! Падпальшчык!” Нярон спужаўся: народ быў усемагутным
гаспадаром у цырку. Яго папярэднікі, а асбліва Калігула, дазвалялі сабе часам
ісці супраць яго волі, што зрэшты выклікала заўжды хваляванні, якія вялі да праліцця крыві. Але Нярон быў у іншым
становішчы. Перадусім як камедыянт і спявак, ен патрабаваў прыхільнасці народу,
па-другое, ен хацеў яго мець на сваім баку супраць сенату і патрыцыяў, і
нарэшце пасля пажару ў Рыме ен намагаўся ўсялякімі спосабамі прыдбаць яго сабе
і звярнуць яго гнеў на хрысціян. Ен урэшце зразумеў, што далейшае супраціўленне
было б проста небяспечным. Хваляванні, якія пачаліся ў цырку, маглі ахапіць
увесь горад і мець непрадбачаныя наступствы. Ен глянуў яшчэ раз на Субрыя
Флавія, на цэнтурыена Сцэвінуса, сваяка сенатара, на саладат і, бачачы паўсюль
насупленыя бровы, узрушаныя твары і звернутыя да яго позіркі, паказаў знак
літасці. У гэты час гром воплескаў разыйшоўся ад верху да нізу. Народ ужо быў
упэўнены ў дараванні жыцця асуджаным, бо ад гэтай хвіліны яны былі пад яго
апекай і нават імператар не асмеліўся б помсціць ім далей.