суббота, 7 февраля 2015 г.

Раздзел 56 (частка 2) QUO VADIS? Г.Сенкевіч

Але ў гэты час загучалі трубы і значыць пярэрва відовішчаў была скончана.Людзі пачалі пакідаць месцы, у якіх збіраліся для адпачынку ног і для размовы.Пачаўся агульны рух і звыклыя перабранкі наконт занятага раней месца. Сенатары і патрыцыі спяшаліся на свае месцы.Паволі шум сціхаў, і амфітэатр прыходзіў да ладу. На арэне з’явілася грамада людзей, каб тут і там загрэбсці яшчэ злепленыя запечанай крывею груды пяску. Надыходзіла чарга хрысціян.Але паколькі гэта было новае для люду відовішча, і ніхто не ведаў, як яны будуць трымацца, то ўсе чакалі іх з пэўнай зацікаўленасцю Настрой гледачоў быў сканцэнтраваны, бо ўсе спадзяваліся ўбачыць незвычайныя сцэны, але настрой разам з тым быў непрыязны. Канешне, гэтыя людзі, якія павінны былі вось-вось з’явіцца, спалілі Рым і адвечныя яго скарбы. Яшчэ яны карміліся крывею немаўлят, труцілі ваду, пракліналі ўвесь род людскі і ўчынялі самыя страшныя злачынствы. Абуджанай нянавісці недастаткова было самых суровых пакранняў і калі што і хвалявала сэрцы гледачоў, то толькі тое, ці пакуты ахвяр будуць адпаведныя ўчынкам гэтых варожых асуджаных. Тымчасам сонца ўзнялося высока, і яго промні, якія прабіваліся праз пурпур веларыума, напоўнілі амфітэатр крывавым святлом. Пясок стаў агністага колеру і ў гэтых промнях у тварах людзей, як і ў пустцы арэны, якая праз хвіліну павінна была запоўніцца чалавечымі пакутамі і жывельнай жорсткасцю, было штосьці страшэннае. Здавалася, што ў  паветры носіцца навальніца і смерць. Тлум, звычайна вяселы, замоўк ад нянавісці. Твары былі азлобленыя.Тут прэфект даў знак: у гэты час з’явіўся той самы стары, апрануты, як Харон, які выклікаў на смерць гладыятараў і прайшоў павольным крокам праз усю арэну сярод глухой цішыні стукнуў тры разы молатам у дзверы. Па ўсім амфітэатры разляглося :”Хрысціяне” Хрысціяне” Скрыгатнулі жалезныя краты на цемных адтулінах, пачуліся звыклыя крыкі мастыгафораў “На пясок!” і ў адзін момант  арэна запоўнілася грамадамі нібыта пудзілаў, абшытых скурамі жывелаў. Усе беглі хутка, амаль як у ліхаманцы і, выбегшы на сярэдзіну кола арэны, падалі на калены адзін ля аднаго з узнятымі рукамі. Люд лічыў, што гэта просьба аб літасці і, усцешаны такой баязлівасцю, пачаў тупацець, свісцець, кідаць пустым посудам ад віна, паабгрызанымі касцямі і раўсці:” Жывел! Жывел!” але раптам адбылося штосьці нечаканае. Бо з сярэдзіны касматай грамады данесліся галасы, якія пелі , і ў гэты час загучала песня, якую першы раз чулі у рымскім цырку. “Хрыстос рэгнат!” У гэты час невыказальнае здзіўленне ахапіла люд. Асуджаныя на смерць спявалі з позіркамі, узнесенымі да веларыума. Бачныя былі збялелыя іх твары, але натхненыя. Усе зразумелі, што людзі гэтыя не просяць аб літасці, і што здаецца, не бачаць ані цырку, ані люду, ні сенату, ні імператара. “Хрыстос рэгнат!” - гучала усе больш выразна, а на лавах з нізу да верху між радамі гледачоў не адзін задаваў сабе пытанне: што гэта адбываецца і што гэта за Хрыстос, які пануе паводле словаў гэтых людзей, якія павінны памерці.але ў гэты час адчынілі новыя краты і на арэну выбеглі з дзікай хуткасцю і гаўканнем цэлыя стаі сабак: вялізных палевых малосаў з Пелапанесу, паласатых сабак з пірэнеяў і падобных да ваўкоў дварняг з Іберыі, наўмысна згаладалых, з запалымі бакамі і налітымі крывею вачыма.Выцце і скавытанне напоўніла ўвесь амфітэатр.Хрысціяне скончылі пець і стаялі, укленчыўшы нерухома, нібы скамянелі, паўтараючы толькі адным хорам”За Хрыста! За Хрыста” Сабакі пачулі людзей пад скурамі жывелі, здзіўленыя іх нерухомасцю, не смелі на іх накінуцца адразу. Адны лезлі на сцены ложаў, нібы хацелі дабрацца да гледачоў, іншыя бегалі навокал, галодна гаўкаючы, нібы гналі нейкага нябачнага звера. Гледачы ўгнявіліся. Загучалі тысячы галасоў: некаторыя перадражнялі жывел, іншыя гаўкалі накшталт сабак, іншыя ж натраўлівалі сапраўдных сабак на розных мовах. Амфітэатр скаланаўся ад крыкаў.Раздражненыя сабакі пачалі то нападаць на ўкленчыўшых, то яшчэ бадзяліся, клацаючы зубамі, аж нарэшце адзін з малосаў упіўся сваімі ікламі ў плячо жанчыны, якая была спераду, і пацягнуў яе да сябе. У гэты ж час дзесяткі сабак кінуліся ў цэнтр, нібы праз калідор. Тлум сцішыўся, каб прыгледзецца з большай увагай. Сярод выцця і скавытання чуваць яшчэ было , як жаласна гучалі мужчынскія і жаночыя галасы. За Хрыста” За Хрыста! Але на арэне паўтвараліся жывыя клубкі з целаў сабак і людзей. Кроў цякла струменямі з параздзіраных целаў. Сабакі адзін за адным адгрызалі чалавечыя ногі і рукі.Пах крыві і параздзіраных шлункаў заглушыў аравійскія водары і напоўніў увесь цырк. У канцы ўжо толькі дзе-нідзе былі бачныя адзінкавыя ўкленчыўшыя постаці, якія пакрываліся рухомай гарой, якая стагнала. Вініцый, які у момант, калі хрысціяне выбеглі на арэну, узняўся і павярнуўся, каб згодна з абяцаннем паказаць фосару бок, у якім сярод людзей Пятронія быў схаваны Апостал Пётр, сеў і сядзеў з тварам пакойніка, гледзячы шклянымі вачыма на жудаснае відовішча. Спачатку ен расхваляваўся, што фосар мог памыліцца і што Лігія можа знаходзіцца сярод ахвяр, і здранцвеў, але калі пачуў галасы За Хрыста! За Хрыста! І калі ўбачыў пакуты такой колькасці людзей, якія паміраючы, сведчылі праўду сваю і пра Бога свайго, яго агарнула іншае пачуцце, якое даймала яго як страшэнны бясконцы боль, што калі Хрыстос сам памер у пакутах і калі гінуць за яго тысячы, калі выліваецца мора крыві, то калі адной кропляй больш – нічога не азначае і што грэх нават папрасіць аб літасці.Гэта думка ішла да яго з арэны, працінала яго разам са стогнамі паміраючых. Аднак ен маліўся і паўтараў засмяглымі вуснамі Хрысце, Хрысце! Твой Апостал маліўся за яе. Пасля чаго ен трапіў у забыцце, страціў прытомнасць, адчуванне, дзе ен знаходзіцца.Яму толькі здавалася, што крыві на арэне усе больш і яе узровень узнімаецца, што хутка яна выцячэ з цырку на ўвесь Рым.Зрэшты, ен не чуў нічога: ні выцця сабак, ні крыкаў людзей, ні галасоў аўгустыянаў, якія раптам закрычалі: - Хілон самлеў.
 – Хілон самлеў! – паўтарыў Пятроній, паварочваючыся у бок грэка.
А той сапраўды самлеў і сядзеў белы, як палатно, з закінутай назад галавой і з шырока адкрытымі вуснамі, падобны да нябожчыка. У гэту самую хвіліну пачалі выпіхаць новых ахвяр у скурах на арэну.Яны кленчылі адразу ж, як і іх папярэднікі, але стомленыя сабакі не хацелі іх чапаць. Хіба што некалькі іх кінулася на тых, хто бліжэй стаяў, іншыя ж палеглі і пападнімалі акрываўленыя пашчы ды пачалі цяжка дыхаць і пазяхаць.У гэты час занепакоены ў душы але абпіты крывею і шалеючы люд пачаў пранізліва крычаць:
 - Ільвоў! Ільвоў! Выпусціць ільвоў!
Львоў павінны былі трымаць зачыненымі аж да наступнага дня, але ў амфітэатрах люд дыктаваў сваю волю усім і нават імператару. Адзін толькі Калігула, які быў сам па сабе і змяняў свае жаданні, асмельваўся супраціўляцца, і нават бывала, што загадваў суцішваць натоўпы кіямі, але і ен часта згаджаўся. Нярон жа, якому воплескі былі даражэй за ўсё на свеце, не супраціўляўся ніколі, тым больш не аспрэчваў гэта цяпер, калі справа ішла аб заспакаенні раздражненасці натоўпаў пасля пажару і аб хрысціянах, на якіх ен хацеў узваліць усю адказанасць за бедства. Таму ен падаў знак, каб адчынілі кунікул, што калі люд убачыў, то тут жа супакоіўся. Пачулася рыпенне кратаў, за якімі трымалі львоў. Сабакі, убачыўшы іх, збіліся ў кучу на процілеглым баку круга, скавычучы паціху, тыя ж пачалі адзін за адным выходзіць на арэну, вялізныя, жоўтыя, з вялікімі кудлатымі галовамі. Сам цэзар павярнуў да іх свой стомлены твар і прыклаў смарагд да вока, каб лепш бачыць. Аўгустыяне віталі іх воплескамі; тлум пералічваў іх па пальцах і сачыў хціва разам з тым, якое ўражанне робіць іх выгляд на ўкленчыўшых сярод арэны. Тыя ж зноў сталі паўтараць незразумелыя для большасці і раздражняючыя ўсіх словы “За Хрыста!” Але львы, хаця і галодныя, не спяшаліся да ахвяр. Чырванаваты бляск на арэне біў ім у вочы, таму яны іх прыжмурвалі, нібы плачучы; некаторыя высцягвалі ляніва свае залацістыя целы, некаторыя, разяваючы пашчы, пазяхалі, нібы хочучы прадэманстраваць гледачам жудасныя іклы.  Але потым пах крыві і параздзіраных целаў, мноства якіх ляжала на арэне, пачалі уздзейнічаць на жывел.Хутка рухі іх сталі неспакойнымі, грывы уздыбіліся, ноздры прагна ўцягвалі паветра. Адзін леў раптам прыпаў да трупа жанчыны з паабдзіраным тварам і, паклаўшы пярэднія лапы на яе цела, ен пачаў злізваць шурпатым языком запечаную кроў, другі наблізіўся да хрысціяніна, які трымаў на руках дзіця, абшытае скурай аляняці.Дзіця трэслася ад крыку і плачу, сутаргава абдымаючы шыю бацькі, той жа хацеў падоўжыць яму жыцце хоць на хвіліну, намагаўся адарваць рукі ад сваей шыі, каб перадаць яго далей, укленчыўшым. Але крык і рух раздражніў ільва. Ен раптам коратка рыкнуў, задушыў дзіця адным ударам лапы і схапіў у пашчу галаву бацькі ды зжэр яе у адзін момант Бачачы гэта, усе іншыя накінуліся на хрысціян.Некалькі жанчын не маглі стрымаць крыкаў страху, але гледачы заглушылі іх воплескамі, якія тут жа і сціхлі, бо ахвота паглядзець перамагла У гэты час можна было ўбачыць страшныя рэчы: галовы, якія знікалі цалкам у пашчах, грудзі, якія успарваліся адным ударам іклаў. Вырваныя сэрцы, лёгкія, чутна было , як трашчаць косці на зубах жывелін. Некаторыя львы, схапіўшы ахвяру за бок ці за паясніцу, леталі шаленымі скокамі па арэне, нібыы шукаючы месца больш закрытае, дзе маглі б зжэрці сваіх ахвяр. Іншыя бораліся, паўзлазіўшы адзін на аднаго, абхопліваючы лапамі, як атлеты і напаўняючы амфітэатр рыкамі. Людзі ўзнімаліся з месцаў. Іншыя пакідалі свае месцы, каб спусціца на сектар ніжэй, каб лепш бачыць, і тапталі там іншых да смерці. Здавалася, што узняўшыся, натоўпы кінуцца на самую арэну і пачнуць раздзіраць усіх разам з ільвамі.Часам чуцен быў нечалавечы крык, часам воплескі, часам рык, мырканне, клацанне іклаў. Выцце сабак, часам – толькі стогны.. Імператар трымаў смарагд ля вока і цяпер уважліва глядзеў.Твар Пятронія прыбраў выраз гідкасці і пагарды. Хілона раней ужо вынеслі з цырку. А з кунікулаў выпускалі усе новых ахвяр. З найвышэйшага раду ў амфітэатры пазіраў на іх Апостал Пётр.Ніхто на яго не глядзеў, усе былі захопленыя відовішчам на арэне і ен узняўся, як некалі ў Карнэлія вёсцы благаславіў на смерць і вечнае жыцце тых, якіх павінны былі схапіць, так цяпер ён ускладаў крыж на гінучых ад іклаў жывел і на іх кроў, на іх пакуты, на мертвыя целы, ператвораныя ў бясформенныя груды мяса і на душы, што адляталі з крывавага пяску. Некаторыя хрысціяне бачылі яго і тады святлелі іх твары і яны ўсміхаліся, бачачы уверсе над сабою знак крыжа. У яго разрывалася душа і ен прамаўляў:
 - О, Божа! Няхай будзе воля твая, бо ў хвалу Тваю, у сведчанне праўды гінуць гэтыя авечкі мае.Ты загадаў мне іх пасвіць, дык вось я і перадаю іх Табе , а Ты разлічыся з імі, Божа, вазьмі іх, загаі раны іх, супакой іх боль і дай ім яшчэ больш шчасця, чым тут яны паспыіалі пакутаў”
 І ен хрысціў адных, пасля другіх, грамаду пасля грамады, з такой вялікай любоўю, нібы яны былі яго дзецьмі, якіх ен перадаваў проста ў рукі Бога! У гэты час цэзар ці то забыўся, ці то хочучы, каб відовішча пераўзышло усе, што дагэтуль бачылі ў Рыме, шапнуў некалькі слоў прэфекту горада, той жа пакінуў подыум і падаўся да кунікулаў. І нават люд ужо здзівіўся, калі ўбачыў, як краты зноў адчыняюцца.Цяпер выпускалі розных жывел: тыграў з-над Еўфрату, намібійскіх пантэр, мядзведзяў, ваўкоў , гіен і шакалаў. Уся арэна ўкрылася нібы рухомай хваляй скур паласатых, жоўтых, палевых, цемных, карычневых і плямістых. Гэта было месіва, у якім вочы не маглі адрозніць нічога, акрамя непрыязных варушэнняў і хрыбтоў жывел. ВІДОВІШЧА СТРАЦІЛА ВЫГЛЯД РЭАЛЬНАГА І ПЕРАТВАРЫЛАСЯ НІБЫТА Ў ОРГІЮ КРЫВІ, НІБЫ  ў страшны сон, у жудаснае відма для страціўшых розум. Пэўная мера была перабраная.Сярод рыкаў, выцця і скавытання пачуліся тут і там на лавах гледачоў спужаныя спазматычныя смешкі ад жанчын, сілы якіх нарэшце вычарпаліся.Людзям стала страшна.Твары перамяніліся. На розныя галасы люд пачаўкрычаць: “Досыць” Досыць”” Але жывел лягчэй было выпусціць, чым загнаць назад.Цэзар аднак знайшоў выйсце як ачысціць ад іх арэну  - ен прыдумаў новую гульню. Ва ўсіх сектарах сярод лавак з’явіліся групы чорных, з пер’ем і завушніцамі намібійцаў з лукамі у руках.Люд здагадаўся, шт адбудзецца і прывітаў іх вокрыкамі задавальнення, тыя ж наблізіліся да краеў арэны і паўкладалі стрэлы ды пачалі цаляць па скучаных жывелах. Гэта было  прынцыпова новае відовішча. Стройныя чорныя целы адхіляліся назад, цэлячыся з гнуткіх лукаў  і пасылаючы дрот за дротам. Свіст дротаў з пер’ем і шум ад цеціваў перамешваўся з выццем жывел і вокрыкамі гледачоў. Ваўкі, мядзведзі, пантэры і людзі, якія яшчэ заставаліся жывыя, падалі ўпокат адзін ля аднаго. То тут, то там леў, адчуўшы дрот у баку, раптоўна паварочваў раптам перакрылеўную ад ярасці пашчу, каб схапіць і ператрушчыць дрэўка.Іншыя стагналі ад болю. Дробныя жывелы напалохаліся і насіліся, як сляпыя, па арэне ці біліся галовамі аб краты, а тымчасам дроты свісцелі і свісцелі так доўга, аж пакуль усе жывое не палегла у апошніх перадсмяротных сутаргавых рухах. Цяпер на арэну выбеглі сотні нявольнікаў з цырку, узброеных рыдлеўкамі, метламі, тачкамі, кашамі для вынасу унутранасцей і з мяхамі пяску. Адны выходзілі за другімі, і па ўсяму колу арэны закіпела шпаркая праца. Арэну ачысцілі ад трупаў, крыві і дзярма, перакапалі, разраўнялі і пацерушылі тоўстым слоем свежага пяску.Пасля паўбягалі амурчыкі, раскідаючы пялесткі ружаў, лілей і розных кветак. Зноў запалілі лямпы і знялі веларыум, бо сонца ўжо пачало заходзіць. Людзі пазіралі адно на аднаго са здзіўленнем і запытваліся, што за відовішча чакае іх яшчэ сення. Чакалі такога, на што ніхто не спадзяваўся. І вось цэзар, які ад пэўнага часу пакінуў подыум, з’явіўся раптам на уквечанай арэне прыбраны ў пурпурны плашч і залаты вянец. Дванаццаць спевакоў з цытрамі ў руках ішлі за ім, ен жа, трымаючы срэбную лютню, выйшаў урачыстым крокам на сярэдзіну і, пакланіўшыся некалькі разоў гледачам, скіраваў позірк да неба і нейкі час стаяў гэтак, нібы чакаючы натхнення. Пасля ен ударыў па струнах і пачаў спяваць:
 О, прамяністы сын Леты, уладар Тэнеду, Кіліі, Хрызы, Ты, у агні каго святы горад Іліену, мог яго гневу Ахіваў здаць і сцярпець, што святыя алтары, што вечна палаюць вечна ў твой гонар, запырскала кроў траянцаў? Да цябе дрыжачыя рукі старога, о срэбналукі, які скіраваны ў будучыню, Да цябе маці з глыбінь улонняў узносілі слезны голас, каб ты злітаваўся над іх дзецьмі; І камень бы ўзрушылі тыя скаргі, а ты быў менш нават чулы, чым камень, Смінтэй, да людскога болю!..
Песня ператваралася паволі ў жаласную, поўную болю элегію. У цырку зрабілася ціха. Праз хвіліну цэзар, сам узрушаны, заспяваў далей:
Ты ж мог боскай фармінгі гукамі Прыглушыць лямант сэрцаў і крык. Вока яшчэ і сення заходзіцца слязьмі, як кветка расою, на гук гэтай сумнай песні, якая уваскрашае з праху і попелу папялішча, бедства, дзень згубы... Смінтэй, дзе ты ў гэты час быў?

 Тут голас яго задрыжаў, вочы заблішчалі ад слез. На вейках вясталак таксама бліснулі слезы. Народ сядзеў ціха, потым раздалася бура авацый. А звонку праз адчыненыя для свежага паветра дзверы ваміторыяў даносілася рыпенне вазоў, на якія складвалі акрываўленыя парэшткі хрысціян: мужчын, жанчын і дзяцей, - каб вывезці іх і паскідаць у страшэнныя ямы, якія зваліся путыкулы. Апостал Пётр абхапіў рукамі сваю сівую галаву, якая трэслася, бязмоўна клікаў: “ Божа! Божа! Каму аддаў ты ўладу над светам! І ты яшчэ хочаш заснаваць у гэтым горадзе сваю сталіцу!”

Раздзел 56 (частка 1) QUO VADIS? Г. Сенкевіч


Пасля таго, як Флавіі ўзвялі Калізей, амфітэатры ў Рыме будаваліся пераважна з дрэва, таму амаль усе і згарэлі падчас пажару. Нярон аднак для таго, каб наладзіць абяцаныя відовішчы, загадаў узвесці яшчэ некалькі і сярод іх адзін вялізны, на які адразу пасля патушэння агня пачалі дастаўляць па мору і па Тыбру тоўстыя бярвенні з дрэваў, ссечаных на склонах Атласу. Паколькі відовішчы сваім размахам і лічбай ахвяр павінны былі пераўзысці ўсе папярэднія, былі дабудаваныя шырокія памяшканні для людзей і для жывел. Тысячы рамеснікаў працавалі над будоўляй ўдзень і ўночы. Будавалі і аздаблялі не шкадуючы сіл. У народзе разыходзіліся чуткі аб цудоўнай аздобе: аб сценах, выкладзеных бронзай, бурштынам, слановай косцю, пярлоўцам і панцырамі заморскіх чарапах. Каналы, якія беглі уздоўж сядзенняў, былі напоўненыя ледзяной вадой з гор, павінны былі ўтрымліваць у амфітэатры прыемную прахалоду нават у час моцнай спякоты.Вялізны пурпуровы велярый захоўваў ад сонечных промняў. Паміж радамі сядзенняў былі пастаўлены кадзільніцы для палення аравійскіх благавонняў.Уверсе змешчаны былі прылады для поліву гледачоў расой шафрану і вербены.Славутыя дойліды Северус і Цэлер аддалі ўсе свае веды, каб збудаваць амфітэатр непараўнальнай прыгажосці, і разам з тым, які мог бы змясціць такую колькасць цікаўных, якой дасюль ні адзін з вядомых не мог змясціць. Таму ў той дзень, калі павінны былі распачацца публічныя відовішчы, тлумы людзей чакалі ад світання адкрыцця варотаў, з любасцю ўслухоўваючыся ў рык ільвоў, галоднае выцце пантэр і скавытанне сабак. Жывелам не давалі есці ўжо два дні, а ў гэты час падсоўвалі ім кавалкі мяса з запечанай на іх крывею, каб хутчэй абудзіць у жывел шаленасць і голад. Часам раздавалася такая бура дзікіх галасін, што людзі, якія стаялі перад цыркам, гублялі мову, а найбольш уражлівыя бялелі ад страху. Але разам з усходам сонца загучалі ў глыбіні цырку песні ўзнеслыя, аднак спакойныя, якія слухалі са здзіўленнм, перадаючы з вуснаў у вусны :
 -“Хрысціяне!”, “Хрысціяне!”.
Паколькі шматлікія іх групы даставілі да амфітэатру яшчэ ўночы і не з адной турмы, як збіраліся раней, а з усіх патроху.Вядома было, што відовішчы будуць доўжыцца тыднямі і месяцамі, але гадалі, ці з гэтай часткай хрысціян, якая была прызначана на сення, здолеюць скончыць на працягу дня.Галасоў жа мужчын, жанчын, дзяцей, якія спявалі ранішнюю песню, было настолькі шмат, што знаўцы прытрымліваліся той думкі, што хаця б па сто ці па дзвесце целаў трэба адпраўляць за адзін раз, бо жывелы стомяцца, наядуцца і да вечара не паспеюць усіх параздзіраць.Іншыя сцвярджалі, што надта вялікая колькасць ахвяр, якія выступаюць адначасова на арэне, адрывае ўвагу і не дазваляе любавацца, як належыць, відовішчам.Паколькі набліжалася хвіліна, калі павінны былі адчыніць калідоры, што вялі ўнутр, так званыя ваміторыі, люд ажыўляўся, весяліўся і расказваў пра розныя рэчы, якія тычыліся відовішчаў. Прымалі той ці іншы погляд у дачыненні да таго, у каго большы спрыт: у ільвоў ці ў тыграў, калі тыя раздзіраюць людзей. Тут і там ставілі на заклады. Іншыя ўсе ж гутарылі пра гладыятараў, якія павінны былі выступіць перад хрысціянамі на арэне, і зноў хтосьці быў на баку самнітаў, а хтосьці – на баку галаў, - хтосьці – на баку мірмілонаў, хтосьці – за тракаў, хтосьці на баку воінаў з сеткамі. Ранкам большыя і меншыя іх аддзяленні пад началам ланістаў пачалі заходзіць у амфітэатр. Яны не хацелі стаміцца дачасна, таму ішлі без зброі, часта зусім голыя, а то – з зяленымі галінкамі ў руках, уквечаныя, маладыя, прыгожыя ў ранішнім святле і поўныя жыцця. Іх целы, якія блішчалі ад аліўкавага масла, моцныя, нібы выцесаныя з мармуру, прыводзілі ў захапленне разгублены ад размаітых формаў люд, які шмат каго з іх ведаў асабіста, таму штохвілінна даносіліся вокрыкі:
“Вітаем Рурнія, вітаем Лео, вітаем Максімуса, вітаем Дыямедаса!”
 Дзяўчаты паглядалі на іх вачамі, поўнымі замілавання, тыя ж выбіралі, дзе якая найпрыгажэйшая і адзываліся жартамі, нібы іх нішто не засмучала, дасылалі пацалункі ці крычалі : “Абдымі мяне хутчэй, чым смерць абдыме!” Пасля яны знікалі ў брамах, з якіх многім з іх ужо не дадзена было выйсці.А новыя ўсе ішлі і ішлі і займалі ізноў увагу натоўпаў.За гладыятарамі ішлі мастыгафоры, гэта значыць людзі узброеныя пугамі, абавязаныя лупцаваць і разгарачаць бораючыхся. Потым мулы цягнулі ў бок спаліярыума цэлыя шэрагі вазоў, на якіх былі паскладаныя стосамі труны. Ад гэтага люд радаваўся, уяўляючы па іх колькасці аб размху відовішчаў. Пасля ішлі людзі, якія павінны былі дабіваць параненых.Яны былі апранутыя так, каб кожны з іх быў падобны да Харона ці да Меркурыя, пасля іх – людзі, якія сачылі за парадкам у цырку, раздаючы месцы для сядзення, пасля – нявольнікі для паднясення страў, халодных напояў, і нарэшце ішлі прэтарыянцы, якіх кожны імператар заўседы трымаў  у амфітэатры пад рукой. Нарэшце адчынілі ваміторыі і тлумы рынуліся ўнутр.Але было так шмат сабраных, якія падыходзілі і падыходзілі  ўвесь час, што аж дзіўна было, як амфітэатр можа змясціць такую незлічоную колькасць чэрні. Рыкалі жывелы, якія чулі чалавечы дух і яшчэ больш звярэлі. Стаяў гул у цырку ад займання месцаў падобна як гудуць хвалі пад час буры.Нарэшце прыбыў прэфект горада са світай жрацоў, а пасля яго ланцугом пачалі рухацца паланкіны сенатараў, консулаў, прэтараў, эдылаў, гарадскіх і палацавых ураднікаў, старшынь прэтарыянцаў, патрыцыяў і жанчын вышэйшага свету.Перад некаторымі паланкінамі беглі ліктары, якія неслі сякіры сярод пукоў розак, ды іншыя натоўпы нявольнікаў. Пад сонцам паблісквала пазалота паланкінаў, белыя і рознакаляровыя адзенні, пер’е, завушніцы, упрыгожванні, сталь сякір. З цырку даносіліся вокрыкі, якімі люд вітаў вядомых знатных людзей. А вось жрацы ад розных храмаў прыбылі пазней, і толькі за імі неслі бязгрэшных вясталак, якіх суправаджалі ліктары.Да пачатку відовішча чакалі ўжо толькі прыбыцця імператара, які не хацеў трымаць народ у доўгім чаканні і жадаў звярнуць яго ўвагу да сябе, таму спяшаўся і неўзабаве з’явіўся разам з Аўгустай і аўгустыянамі.Пятроній быў сярод аўгустыянаў, у адным паланкіне з Вініцыем Той ведаў, што Лігія хворая і непрытомная, але паколькі ў апошнія дні доступ у турму быў найбольш асцерагаемы і паколькі ранейшых стражнікаў змянілі новымі, якім нельга было размаўляць з аховай, роўна як і гаварыць хаця б нязначныя звесткі тым, хто прыходзіў даведвацца пра вязняў, таму ен не быў упэўнены у тым, што яе няма сярод ахвяр, асуджаных на смерць у першы дзень відовішча. Для ільвоў яе маглі адаслаць і хворую ды нават і непрытомную. Але ахвяр павінны былі пераапрануць у скуры жывелаў і выпускаць цэлымі грамадамі на арэну, так каб ніхто з гледачоў не мог анікога пазнаць.Ахоўнікі і ўсе слугі амфітэатру былі падкуплены, з бестыярыямі была дамова, што яны схаваюць Лігію дзе-небудзь у цемным закутку амфітэатру, а ноччу перададуць яе ў рукі пэўнага вернага чалавека ад Вініцыя, які потым вывезе яе ў Албанскія горы. Пятроній, пасвечаны ў таямніцу, раіў Вініцыю, каб той адкрыта ехаў з ім да амфітэатра і толькі на ўваходзе выбраўся з натоўпу і паспяшаўся да падзем’я, дзе, каб выключыць мажлівыя памылкі, асабіста павінен быў паказаць стражнікам Лігію.Ахова прапусціла яго праз маленькія дзверы, якімі карысталіся самі.Адзін з іх, Сірус, правеў яго потым да хрысціян.Па дарозе ен гаварыў:
 - Не ведаю, высакародны, ці знойдзеш ты тое, што шукаеш.Мы запытваліся пра дзяўчыну, што завецца Лігія, і ніхто нам не адказаў, але быць можа, нам папросту не давяраюць.
 – Іх там шмат? – спытаў Вініцый.
 – Большасць застаецца яшчэ на заўтра.
 – А хворыя сярод іх есць?
 – Такіх, што не маглі б трымацца на нагах, няма.
Сказаўшы гэта, Сірус адчыніў дзверы, і яны ўвайшлі у вялізнае памяшканне з нізкай столлю і цемнае, бо святло прабівалася толькі праз закратаваныя вакенцы, што выходзілі на арэну. Вініцый спачатку нічога не бачыў, чуў толькі гул галасоў і вокрыкі народу, што даносіліся з амфітэатру. Але праз хвіліну, калі вочы абвыкліся ў цемнаце, ен убачыў вялікія грамады дзіўных істот, падобных да ваўкоў і мядзведзяў.Гэта былі хрысціяне, якіх паабшывалі скурамі жывелаў. Некаторыя з іх стаялі, іншыя маліліся, стоячы на каленах. Тут і там па доўгіх валасах паверх скураў можна было здагадацца, што гэта ахвяры – жанчыны. Маці, падобныя да ваўчыц, насілі на руках такіх жа “кашлатых” дзяцей.Але пад скурамі былі светлыя твары, вочы ў змроку паблісквалі ад радаснага святла ці ад ліхаманкі. Відавочна было, што большая частка гэтых людзей  апанавана адной думкай, выключна незямной, якая яшчэ пры жыцці знячуліла іх да ўсяго, што робіцца навокал і што іх магло напаткаць.Некаторыя на пытанне Вініцыя аб Лігіі пазіралі на яго так, нібы прачнуліся толькі што ад сну і не адказвалі яму, іншыя ж усміхаліся, прыкрываючы вусны пальцамі ці паказваючы на жалезныя краты, праз якія прабіваліся  промні святла. Толькі дзеці плакалі дзе-нідзе, напужаныя рыкам жывел, выццем сабак, верашчаннем натоўпу і ад выгляду постацяў уласных бацькоў. Вініцый, ідучы побач з ахоўнікам Сірусам, заглядаў у твары, шукаў і, распытваючы, хвілінамі натыкаўся на целы тых, якія памлелі ад духаты, гарачыні і даўкі ды праціскаўся  далей углыб цемнага памяшкання, якое здавалася, было такім  шырокім, як цэлы амфітэатр. Але раптам ен затрымаўся, бо яму падалося, што побач з кратамі пачуўся нейкі знаемы яму голас. Паслухаўшы яшчэ з хвіліну, ен развярнуўся і праціснуўся праз тлум, апынуўся бліжэй. Слуп святла падаў на твар таго, хто гаварыў і ў гэтым святле Вініцый пазнаў пад воўчай скурай схуднелы і няўмольны твар Крыспа.
 – Прасіце прабачэння за грахі вашы, - гаварыў Крысп, - бо вось-вось надыйдзе хвіліна.Але хто думае, што самой смерцю выкупіць віну, той чыніць новы грэх і будзе паглынуты вечным полымем.Кожным грахом вашым, што быў учынены за жыцце ваша, вы ўзнаўлялі пакуты Божыя, думаючы як смецце, што тая смерць, якая вас чакае, зможа выкупіць Яго смерць? Адной смерцю памром сення грэшныя і бязгрэшныя, але Бог адрозніць сваіх. Гора вам, бо іклы львоў раздзяруць целы вашы, але не знішчаць віны вашай і вашага рахунку перад Богам. Ен аказаў шмат міласэрнасці, калі дазволіў прыбіць сябе да крыжа.і толькі таму будзе суддзей, які  ніводнай віны без пакарання не пакіне. Таму тыя, хто думалі, што пакутаю згладзіце грахі вашы, блюзнерылі супраць справядлівасці Божай і тым глыбей будуць змешчаны.Скончылася міласэрнасць і прыйшоў час гневу Божага.І вось праз хвіліну вы прадстанеце перад страшным судом, ад якога толькі цнота пазбаўлена будзе.Перапрашайце за грахі, бо ўжо адкрыліся пякельныя бездані і бяда вам, мужы і жанкі, бяда , бацькі і дзеці!
І прасціраючы худыя рукі, трос імі  над пахіленымі галовамі, бясстрашны, але і няўмольны нават перад смерцю, на якую праз хвіліну павінны былі адправіцца ўсе гэтыя скажоныя. Пасля яго слоў пачуліся галасы:”Перапрашаем за грахі нашы” Пасля гэтага настала ціша і чуваць было толькі, як плачуць дзеці і як б’юць сябе некаторыя ў грудзі. У Вініцыя, здавалася, спынялася сэрца. Ен, які ўсю надзею усклаў на міласэрнасць Хрыста, пачуў цяпер, што надыйшоў дзень Яго гневу і што міласэрнасці не будзе нават пасля смерці на арэне. У галаве яго пранеслася папраўдзе светлая і хуткая, нібы бліскавіца, думка, што апостал Петр інакш бы гаварыў тым, хто павінен памерці, але тым не менш пагрозлівасць і поўныя фанатызму словы Крыспа і гэтае цемнае памяшканне з кратамі, за якімі было поле пакуты, і яе блізкасць і тлум ахвяраў, апранутых ужо на смерць, напаўнялі яго душу вялікім страхам.Усе гэта разам узятае здалося яму страшнейшым і ў сто разоў горшым за самыя крывавыя бітвы, у якіх ен прымаў удзел. Ад недахопу паветра і ад гарачыні ен пачаў губляць прытомнасць.Халодны пот выступіў на яго ілбе. Ен захваляваўся, што самлее, як і тыя, на целы якіх натыкаўся, шукаючы Лігію ўнутры памяшкання і таму яшчэ падумаў, што праз хвіліну могуць адчыніць краты і пачаў моцна гукаць Лігію і Урса з надзеяй, што калі не яны , то хто-небудзь іншы, хто іх ведае, адгукнецца на яго голас. І тады нейкі чалавек, апрануты ў скуру мядзведзя, пацягнуў яго за тогу і сказаў:
 - Высакародны, яны засталіся ў турме.Мяне апошняга выводзілі, і я бачыў яе хворую.
 – Хто ты ? – спытаў Вініцый. – Я фосар, у хаце якога Апостал хрысціў цябе. Мяне схапілі тры дні таму, а сення я ўжо памру.
 Вініцый глыбока ўздыхнуў.
 – Я бачыў Апостала за дзень да таго, як трапіў у турму. Ен блаславіў мяне і казаў, што прыйдзе ў амфітэатр перахрысціць тых, хто будзе гінуць.Я хацеў бы глядзець на яго ў хвіліну смерці і бачыць знак крыжа, бо ў гэты час лягчэй мне будзе памерці, таму, калі ты ведаеш, высакародны, дзе ен будзе, то скажы мне.
Вініцый панізіў голас і адказаў:
 - Ен сярод людзей Пятронія, пераапрануты ў нявольніка. Я не ведаю, дзе іх месца, але я вярнуся ў цырк і ўбачу.Ты пазірай на мяне, калі вы выйдзеце на арэну, я ж устану і павярну галаву у іх бок. Тады ты яго знойдзеш вачыма.
 – Дзякуй табе, высакародны, і мір табе.
 – Нязай будзе літасцівы да цябе Збавіцель.
 – Амінь.
 Вініцый выйшаў з кунікулума і падаўся да амфітэатра, дзе яго было месца побач з Пятроніем, сярод іншых аўгустыянаў.
 – Ну што, ёсць? – спытаў яго Пятроній.
 – Не няма. Яна засталася ў турме.
 – Слухай, што я яшчэ прыдумаў, але слухаючы, пазірай напрыклад на Нігідыю, каб збоку здавалася, што мы размаўляем пра яе прыгожа ўкладзеныя валасы... Тыгелін і Хілон пазіраюць на нас у гэту хвіліну... Таму слухай. Няхай Лігію ноччу пакладуць у труну і вынесуць з турмы, як памерлую, астатняе разумееш...
 – Так, - адказаў Вініцый.
 Далейшую размову перапыніў  ім Тулій Сенецыё, які нахіліўся да іх і пытаў:
 - Вы не ведаеце, ці дадуць хрысціянам зброю?
 – Не ведаем, - адказаў Пятроній.
 – Я хацеў бы, каб далі, - працягваў Тулій, - інакш арэна вельмі хутка стане падобнай да бойні.Але што за прыгажосць гэты амфітэатр!
Сапраўды, выглядаў ен раскошна.Ніжэйшыя рады сядзенняў, запоўненыя тогамі, бялелі, як снег. На вызалачаным подыуме уссядаў імператар у дыяментавым нашыйным упрыгажэнні і з залатым вянцом на галаве. Каля яго непараўнальная Аўгуста, па баках – вясталкі, вялікія начэльнікі, сенатары ў падбітых пурпурам плашчах, вайсковыя старэйшыны ў бліскучым убраннях, словам усе, што ў Рыме было моцнае, прыгожае і знакамітае ды багатае. У далейшых радах сядзелі воіны, а яшчэй вышэй чарнела кругам мора людскіх галоў, над якімі ад слупа да слупа звешваліся гірлянды, звітыя з ружаў, лілей, анемонаў плюшчу і вінаграду. Люд гучна размаўляў, перагукаўся, спяваў, часам выбухаў смехам над якім-небудзь дасціпным выразам, які пасля перадаваўся з раду на рад, і тупацеў ад нецярплівасці, каб наблізіць пачатак відовішча. Нарэшце тупат стаў падобны да грымотаў і не супыняўся.У гэты час прэфект горада, які раней ужо з бліскучай світай аб’ехаў арэну, падаў знак хустачкай, пасля чаго ў амфітэатры паўсюдна загучала: - Ааа..,  - што вырвалася з тысяч грудзей.
 Звычайна відовішча пачынался з ловаў на дзікіх жывел, у якіх цалялі размаітыя варвары з поўначы і з поўдня, гэтым жа разам жывел павінна было быць аж занадта, таму пачалося усе з андабатаў, гэта значыць з людзей, якім надзяваліся шлемы без адтулін для вачэй, таму яны біліся ўсляпую. Некалькі соцен іх выйшлі разам на арэну і пачалі размахваць мячамі ў паветры. Мастыгафоры з дапамогай доўгіх вілаў пасоўвалі адных да другіх, каб яны маглі нарэшце сутыкнуцца. Некаторыя гледачы пазіралі абыякава і з пагардай на такога кшталту відовішчы, але люд у большасці бавіўся з нязграбных рухаў фехтавальшчыкаў, калі ж траплялася, што яны дакраналіся спінамі – разносіўся гучны смех і крыкі: “ Направа! Налева! Наперад!”, што часта наўмысна заблытвала супраціўнікаў. Аднак некалькі пар счапіліся, і бойка станавілаяс крывавай. Найбольш заўзятыя атлеты кідалі зброю і, счапіўшыся левымі рукамі, каб ужо болей не разыйсціся, правымі ваявалі насмерць. Хто падаў, узнімаў пальцы ўверх, тым самым просячы літасці, але на пачатку відовішчаў люд звычайна дамагаўся смерці параненых, асабліва калі справа тычылася андабатаў, якія з закрытымі тварамі заставаліся непазнанымі. Паціху лічба змагароў змяншалася ўсе хутчэй, а калі нарэшце засталіся толькі два, то іх папіхнулі адзін да аднаго так, што сутыкнуліся і ўпалі абодва на пясок, закалоўшы адзін аднаго. У гэты час  пад вокрыкі : “Скончана!”, - слугі сцягвалі трупы, а хлапчукі заграбалі крывавыя плямы на арэне і пацярушвалі яе лісцем шафрану.
 Цяпер павінна была надыйсці бойка больш значная, якая абуджала цікавасць не толькі чэрні, але і людзей вытанчаных.Пад час яе маладыя патрыцыі рабілі неаднойчы вялікія заклады, часта прайграючы ўсе дашчэнту. Цяпер жа пачалі пераходзіць з рук у рукі таблічкі, на якіх выпісвалі імены фаварытаў, а разам з тым і лічбу сестэрцыяў, якую кожны ставіў на свайго абранца. Спектацы або атлеты, якія ўжо выступалі на арэне і атрымалі перамогі, набіралі больш балельшчыкаў, але сярод тых, хто гуляў былі і такія, хто ставіў значныя сумы на новых гладыятараў і зусім невядомых з той надзеяй, што  ў выпадку іх перамогі атрымаюць вялізны прыбытак.Заклады рабілі і цэзар, і жрацы, і вясталкі, і воіны, і сенатары, і народ. Прасталюдзіны, калі ім не хапала грошай, ставілі на заклад уласную вольнасць. Чакалі з сэрцабіццём і нават з трывогай з’яўлення фехтавальшчыкаў і не адзін ўголас прасіў багоў, каб тыя апекавалі менавіта ягонаму абранцу.І вось калі пачуліся характэрныя гукі труб, то ў амфітэатры настала цішыня чакання і тысячы вачэй былі звернуты да вялікіх засоваў, да якіх набліжаўся чалавек пераапрануты ў адзенне Харона і сярод агульнага маўчання тры разы ўдарыў па іх молатам, нібы выклікаючы на смерць тых, хто быў за імі. Пасля гэтага адчыніліся абедзве паловы брамы, паказалася чорная пашча, з якой пачалі з’яўляцца на светлай арэне гладыятары. Яны ішлі групамі па дваццаць пяць чалавек: асобна тракійцы, асобна мармілены, асобна самніты, галы, - усе цяжкаузброеныя, і нарэшце рэтыарыі, якія трымалі ў адной руцэ сетку, а ў другой – трызубец. Ад іх выгляду тут і там пачуліся па радах апладысменты, якія хутка змяніліся ў адну велічную і працяглую авацыю. Ад нізу да верху бачны былі расчырванелыя твары, пляскаючыя далоні, адкрытыя вусны, з якіх вырываліся вокрыкі. Яны ж абыйшлі ўсю арэну роўным крокам і спружыністым, пабліскваючы на сонцы зброяй і багатымі воінскімі строямі, пасля чаго затрымаліся перад імператарскім подыумам гордыя, спакойныя і прыгожыя. Нечаканы гук рогу сцішыў воплескі, а ўгэты час атлеты высцягнулі ўгару свае правыя рукі і звяртаючы позіркі і твары да імператара пачалі крычаць, а хутчэй гаварыць нараспеў: “Слаўся цэзар імператар! Тыя, хто ідуць на смерць, вітаюць цябе!”Пасля гэтага яны хутка разыйшліся, займаючы асобныя месцы на круглай арэне. Павінны былі змагацца цэлымі атрадамі, але перш за ўсе дазволена было самым славутым фехтавальшчыкам выклікаць за сабой шэраг адзінкавых боек, у якіх найлепш было відаць сілу, адпаведнасць і адвагу супраціўнікаў. І вось ад галаў выйшаў атлет, якога аматары амфітэтра добра ведалі пад імем Ланіо (Мяснік), пераможца шматлікіх спаборніцтваў. У вялікім шлеме на галаве і ў латах, якія закрывалі яго магутны торс спераду і ззаду, выглядаў у бляску на жоўтай арэне, як вялізны бліскучы жук.Не менш слынны рэтыарый, Календыо, выступіў супраць яго. Паміж гледачамі ужо рабіліся заклады.
 – Пяцьсот сестэрцыяў на гала!
– Пяцьсот на Календыо
– Клянуся Геркулесам, тысячу!
 – Дзве тысячы!
 У гэты час гал, дайшоўшы да сярэдзіны арэны, пачаў практыкавацца з мячом і схіляючы галаву ўважліва прыглядаўся праз адтуліны для вачэй да налобніка свайго супраціўніка, той жа легкі, з прыгожымі формамі статуі рэтыарый, аголены, толькі ў набедраным поясе, хутка кружляў вакол цяжкога непрыяцеля, памахваючы завабліваў у сетку, нахіляў ці уздымаў трызуб і спяваў звычайную песню рэтыарыяў.
    –Ты мне непатрэбны, я шукаю рыбу. Чаго стуліўся, гал?
 Але гал не закрываўся, бо праз хвіліну спыніўся і выбраў месца ды пачаў паволі паварочвацца вакол сябе, так, каб непрыяцель быў заўседы перад ім.У яго постаці  і да жудасці вялізнай галаве было штосьці страшнае. Гледачы добра разумелі, што гэта цяжкае, закутае ў медзь цела, збіраецца да раптоўнага выпаду, які можа вырашыць і вынік бойкі.Трымаючы сетку, воін то падскокваў да яго , то адскокваў, робячы сваім трызубам рухі такія хуткія, што чалавечае вока з цяжкасцю магло за імі прасачыць.Звон зубцоў аб шчыт разнесся колькі разоў, але гал не пахіснуўся, дэманструючы тым самым сваю непамерную моц. Уся яго ўвага здавалася была прыкута не да трызубца, а да сеткі, якая пастаянна кружляла над яго галавой, як смертаносны птах. Гледачы, стаіўшы дыханне, сачылі за майстэрскай гульней гладыятараў. Ланіо, выбраўшы момант, рынуўся нарэшце на супраціўніка, той жа з такой хуткасцю ўхіліўся ад яго мяча і з узнятай рукой, выпрастаўся і кінуў сетку. Гал, крутануўшыся на месцы, затрымаў яе шчытом, пасля абодва адскочылі.У амфітэатры загрымелі галасы:”Мактэ!” – на ніжэйшых радах пачалі зноў рабіць заклады. Сам цэзар , які спачатку размаўляў з вясталкай Рубрыяй і не вельмі зважаў на відовішча, звярнуў твар да арэны. Яны ж пачалі  зноў змагацца ды так спраўна і з такой дакладнасцю рухаў, што часам здавалася, што справа не ў смерці ці жыцці, а ў дэманстраванні сваей лоўкасці. Ланіо яшчэ два разы выблытваўся з-пад сеткі, пачаў зноў адыходзіць на край арэны. У гэты час тыя, хто былі супраць яго і не хацелі, каб ен адпачываў, пачалі крычаць:”Наступай!” Гал пачуў і адказаў сурова справай. Плячо сеткара раптам аблілося крывею, і сетка апусцілася.Ланіо сабраўся і скочыў усім целам, жадаючы нанесці апошні ўдар. Але ў гэты момант Календыо, які наўмысна паказаў, што сеткай ужо не валодае, адхіліўся ўбок і не атрымаў удар мячом, затое прасунуў трызуб між кален супраціўніка і зваліў таго на зямлю. Апошні хацеў узняцца, але ў імгненне вока яго спавілі фатальныя шнуры, у якіх ен з кожным рухам заблытваў усе мацней рукі і ногі. Тымчасам удары трызубца прыгважджалі яго усё больш да зямлі.Яшчэ раз ен намогся, абаперся на рукі і адштурхнуўся, каб устаць, але безвынікова! Паднес яшчэ да галавы млеючую руку, у якой ужо не трымаўся меч, і ўпаў на спіну.Календыо прыціснуў зубцамі яго шыю да зямлі і, абапершыся абедзвюмя рукамі на каранішча трызуба, павярнуўся у бок імператарскай ложы. Увесь цырк аж затросся ад воплескаў і людскога гоману. Для тых, якія ставілі на Календыо, ен быў больш значны, чым цэзар, таму менавіта і знікла ў іх сэрцах прадузятасць і супраць Ланіо, які коштам уласнай крыві напоўніў  іх кішэні.Жаданні народу раздвоіліся. На ўсіх лавах паказвалі напалову знакі  смерці, напалову – літасці, але сяткар пазіраў толькі на ложу імператара і вясталак, чакаючы іх рашэння. Да жалю Нярон не любіў Ланіо, бо на апошніх спаборніцтвах перад пажарам, робячы заклад супраць яго, прайграў Ліцынію значную суму, таму прасцягнуў руку з подыума і павярнуў яе вялікім пальцам да зямлі. Вясталкі паўтарылі тое ж. У гэты час Календыо стаў каленам на грудзі гала, дастаў кароткі нож, які насіў за поясам, і, адхіліўшы даспехі вакол шыі супраціўніка, забіў таму па рукаятку у горла трохграннае вастрые.
  – Перактум эст! – раздаліся галасы ў амфітэатры.
 Ланіо торгаўся яшчэ некаторы час, як завалены вол і капаў нагамі пясок, пасля чаго выпруціўся і застаўся нерухомы. Меркурый не патрабаваў правяраць распаленым жалезам, ці жывы ен? Таму яго сцягнулі з арэны і выйшлі новыя пары, пасля чаго толькі усчалася бойка усіх атрадаў.Гледачы ўдзельнічалі ў ей душой, сэрцам і вачыма: вылі, гырчэлі, свісцелі, пляскалі ў далоні, смяяліся, падахвочвалі змагароў, шалелі. На арэне падзеленыя на два лагеры гладыятары біліся, як дзікія жывелы: грудзьмі аб грудзі, целы спляталіся у смяротных сцісках, трашчалі косці ў дужых канечнасцях, мячы тапіліся ў грудзях і жыватах, збялелыя вусны выплесквалі кроў на пясок. Некалькі дзесяткаў навічкоў ахапіла нарэшце трывога такая страшэнная, што яны пачалі ўцякаць , але мастыгафоры загналі іх назад батагамі з алавянымі наканечнікамі. Пясок пакрыўся вялікімі цемнымі плямамі; усе больш голых і ў даспехах целаў ляжала покатам як непаўкладаныя снапы. Жывыя біліся на трупах, натыкаліся на даспехі, шчыты, крывавілі ногі аб паламаную зброю і падалі. Народ ад радасці паўзнімаўся і наталяўся выглядам смерці, дыхаў паветрам, насычаным ею, з задавальненнем набіраў у легкія гэта паветра. Пераможаныя злеглі нарэшце амаль усе. Хіба што некалькі параненых стаялі на каленах пасярод арэны і, хістаючыся, выцягвалі рукі да гледачоў з просьбай аб літасці. Пераможцам раздалі ўзнагароды, вянцы, галінкі алівы і настала хвіліна адпачынку, якая па загаду імператара перайшла ў пір.У вазах запалілі пахучы алей. Палівалі гледачоў шафранавым і фіялкавым дожджыкам Разносілі прахаладжальныя напоі, печанае мяса, салодкую выпечку, віно, алівы, садавіну.Люд жэр, размаўляў і славіў імператара, каб схіліць яго тым самым да яшчэ большай шчодрасці. І вось калі голад быў спражаны і жаданні таксама, сотні нявольнікаў вынеслі поўныя падарункаў карзіны, з якіх прыбраныя ў Амураў хлопчыкі выймалі розныя прадметы і абедзвюмя рукамі раздавалі іх сярод лавак. У хвіліну, калі раздаваліся латэрэйныя тэсеры, усчалася бойка: людзі давіліся, круціліся, тапталіся адно па адным, прасілі ратунку, пераскоквалі праз рады сядзенняў і душыліся ў страшным тлуме, а хто атрымаў шчаслівую лічбу, мог нават выйграць дом з садамі, нявольніка, багатае адзенне ці асаблівых дзікіх жывел, якіх потым можна было прадаць у амфітэатр. Па гэтай прычыне адбываліся такія бойкі, што прэтарыянцы павінны былі сачыць за парадкам і пасля кожнай такой раздачы выносілі з глядзельных месцаў людзей з паламанымі рукамі, нагамі ці, нават, затаптаных насмерць у натоўпе! Але багацейшыя не прымалі ўдзел у бойцы за тэсэры.Аўгустыяне забаўляліся на гэты раз выглядам Хілона і пасмейваліся з яго дарэмных высілак скіраваных на тое, каб паказаць людзям, што на бойку і праліцце крыві можа глядзець так, як і любы іншы. Аднак дарэмна няшчасны грэк моршчыў бровы, прыкусваў вусны і сціскаў кулакі так, што аж пазногці ўпіваліся яму ў далоні. І яго грэцкая натура і яго ўласная баязлівасць не вытрымлівалі такіх відовішчаў. Твар яго збялеў, лоб пакрыўся вялізнымі кроплямі поту, вусны пасінелі, вочы паўпадалі, зубы застукалі, а цела ахапіла ліхаманка. Пасля сканчэння бойкі ен прыйшоў у прытомнасць, але калі яго пачалі абгаворваць, ен угнявіўся і пачаў у роспачы адгрызацца.
 – Ха,грэк! Ты не пераносіш выгляду падранай чалавечай скуры, - гаварыў, торгаючы яго за бараду Ватыній.
 Хілон жа вышчарыў на таго свае два апошнія жоўтыя зубы і адказаў:
 - Мой бацька не быў шаўцом, таму я не ўмею лапіць скуру.
 – Мактэ! Хабэк! – закрычалі некалькі чалавек. Але іншыя здзекваліся далей.
 – Не ен вінаваты, што замест сэрца ў яго грудзях кавалак сыру! – закрычаў Сенецыё.
 – Не ты вінаваты, што замест галавы ў цябе бурбалка – адказаў Хілон.
 – Можа ты будзеш гладыятарам! Добра  ты выглядаў бы з сеткай на арэне.
 – Калі  б цябе у яе злавіў, то злавіў бы пустую дудку.
 – А як будзе з хрысціянамі? – пытаў Фестус з Лігурыі. – Можа ты хацеў бы стаць сабакам і кусаць іх?
 – Я не хацеў бы быць тваім братам.
 – Ты меоцкая кароста.
 – А ты лігурыйскі асел.
  – Скура ў цябе, відавочна, свярбіць, але не смей прасіць мяне, каб я цябе падрапаў.
 – Драпай ты хоць сам сябе, калі здзярэш уласныя болькі, то пэўна знішчыш усе, што ў табе есць найлепшае.
 І гэтак яны нападалі на яго, ен жа з’едліва агрызаўся , вакол жа быў паўсюдны смех. Імператар пляскаў у далоні і паўтараў “Мактэ!” і падахвочваў іх. Праз хвіліну аднак наблізіўся Пятроній і дакрануўся выразанай з косці слановай палачкай пляча грэка, холадна прамовіў.
 – Гэта добра, філосаф, але ты ў адным толькі памыліўся: богі стварылі цябе кішэнным злодзеем, а ты стаў чортам, і таму не вытрымаеш!
 Стары паглядзеў на яго сваімі пачырванелымі вочкамі, бо на гэты раз не знайшоў чамусьці гатовага адказу. На момант замоўк, пасля чаго адказаў нібы з пэўным намаганнем:
 - Вытрымаю!..

пятница, 6 февраля 2015 г.

РАЗДЗЕЛ 55 QUO VADIS? Г. Сенкевіч

Лігія ў доўгім, на скорую руку напісаным лісце, развітвалася назаўседы з Вініцыем. Ей было вядома, што ў турму ужо нельга нікому прыходзіць і што зможа ўбачыць Вініцыя толькі з арэны. Таму яна і прасіла яго, каб даведаўся, калі прыйдзе іх чарга, і каб ен быў на відовішчах, бо хацела яшчэ раз у жыцці ўбачыць яго.У лісце яе не адчувалася страху. Пісала, што і яна, і іншыя чакаюць ужо арэны, на якой знойдуць нарэшце вызваленне з турмы. Спадзеючыся на прыезд Пампоніі і Аўла, яна прасіла, каб і яны таксама прыйшлі. У кожным яе слове відаць былі мроі і адарванасць ад жыцця, у якой жылі ўсе палоннікі, але разам і незгасальная вера, што абяцанні споўняцца пасля смерці. “Ці Ісус (пісала яна) цяпер, ці пасля смерці мяне вызваліць, Ен табе абяцаў мяне вуснамі Апостала, і значыць я твая.” І заклінала яго, каб не шкадаваў яе і не даў апанаваць сябе жальбе. Смерць не была для яе скачэннем іх адносін. З надзеяй дзіцяці яна запэўнівала Вініцыя, што адразу пасля пакут на арэне яна скажа Хрысту, што ў Рыме застаўся яе нарачоны, Марк, які сумуе па ей усім сэрцам.І яна думала, што можа Хрыстос дазволіць  вярнуцца на хвіліну яе душы да яго, каб расказаць яму, што жывая, што не памятае пакут і што шчаслівая. Увесь яе ліст быў прасякнуты шчасцем і вялікай надзеяй. Была ў ім толькі адна просьба, звязаная з зямнымі справамі: каб Вініцый забраў са спаліярыума яе цела і пахаваў яе як сваю жонку ў склепе, дзе калісьці сам будзе спачываць. Ен чытаў гэты ліст душою, якая разрывалася, але разам з тым ен лічыў, што гэта няпраўда, каб Лігія магла загінуць на іклах дзікіх жывел і што Ісус не злітуецца над ей. Менавіта гэтым жывіліся яго надзея і вера.Калі ен вярнуўся дадому, то адпісаў, што будзе прыходзіць кожны дзень да муроў Туліянума і чакаць, пакуль Хрыстос не зруйнуе муры і не аддасць яму яе. Наказваў ей верыць, што Ен можа яму яе аддаць нават з цырку, што Вялікі Апостал моліць Яго аб гэтым і што хвіліна вызвалення ўжо блізкая. Цэнтурыен з ліку хрысціян павінен быў аднесці ей гэты ліст назаўтра. Але калі Вініцый прыйшоў на наступны дзень да турмы, сотнік, які выйшаў з шарэнгі і наблізіўся да яго першым, сказаў:
 - Паслухай мяне, высакародны! Хрыстос, які цябе пачуў, аказаў табе міласць сваю. Сення ўночы прыйшлі вызваленцы Цэзара і прэфекта, каб абраць дзяўчат-хрысціянак на ганьбаванне.Пыталіся пра тваю каханую, але Божа наш паслаў на яе ліхаманку, ад якой паміраюць вязні ў Туліянуме, і яе не забралі. Учора вечарам яна была ўжо непрытомная і няхай будзе блаславена імя Збавіцеля, бо гэта хвароба, якая яе выратавала ад ганьбы, можа яе выратаваць і ад смерці.
 Вініцый схапіўся рукою за наплечнік салдата, каб не ўпасці, той жа казаў далей:
- Дзякуй міласэрнасці Бога, Лінуса забралі і паклалі на пакуты, але бачачы, што ен канае, аддалі яго. Можа і табе аддадуць яе цяпер, а Хрыстос верне ей здароўе.
 Малады трыбун заставаўся яшчэ  хвіліну са схіленай галавою, пасля чаго ўзняў твар і ціха сказаў:
 - Так, сотнік. Хрыстос, які абараніў яе ад ганьбы, вызваліць яе і ад смерці.
 І даседзеў пад мурам турмы да вечара, потым вярнуўся дадому, каб выслаць сваіх людзей па Лінуса і загадаць яго перанесці ў адну са сваіх прыгарадных віл.
Аднак Пятроній, калі даведаўся пра ўсе, вырашыў дзейнічаць. Раней ен быў ужо ў Аўгусты, цяпер жа ен падаўся да яе ў другі раз. Ен застаў яе ля ложа малога Руфія.Дзіця з пакалечанай галавою кідалася ў ліхаманцы, маці ж ратавала яго з роспаччу і страхам у сэрцы, думаючы, што калі яго ўратуе, то можа толькі дзеля таго, каб хутка ен загінуў яшчэ больш страшнай смерцю.Занятая выключна сваім болем, яна не хацела нават слухаць пра Вініцыя, Лігію, але Пятроній напужаў яе:
 “Ты пакрыўдзіла,  - сказаў ен ей, - новае невядомае баство.Ты, Аўгуста, хутчэй за ўсе вызнаеш іудзейскага Іегову, але хрысціяне сцвярджаюць, што Хрыстос – гэта сын яго, дык падумай, ці не спасцігла цябе кара яго бацькі.Хто ведае, ці тое, што адбылося, не есць іх помста і ці жыцце Руфія не залежыць ад таго, што ты будзеш рабіць далей!”
 – А што ты хочаш, каб я зрабіла? – спытала з бояззю Папея.
 – Перапрасі ўгневанае баство.
- Як?
 – Лігія хварэе.Паўплывай на Цэзара ці Тыгеліна, каб яе аддалі Вініцыю.
 А яна спытала з роспаччу: - Ты думаеш, што я магу гэта зрабіць?
 – Ты можаш шмат.Калі Лігія ачуняе, то павінна будзе ісці на смерць.Ідзі ў храм Весты і прасі, каб Вірга Магна аказалася выпадкова каля Туліянума ў хвіліну, калі вязняў будуць выводзіць на смерць і загадала вызваліць гэту дзяўчыну. Вялікая вяшчуння не адмовіць табе ў гэтым.
 – А калі Лігія памрэ ад ліхаманкі?
 – Хрысціяне кажуць, што Ісус помслівы, але справядлівы: можа быць, што ты вымаліш яго адным жаданнем.
 – Няхай ен дасць мне які-небудзь знак, што абароніць Руфія.
 Пятроній паціснуў плячыма. – Я не прыходжу як яго пасланец, о, боская, і кажу табе толькі: будзь лепш у згодзе з усімі баствамі, рымскімі і чужымі.
 – Я пайду, - сказала ўпэўненым голасам Папея.
 Пятроній глыбока ўздыхнуў.”Нарэшце я штосьці зрушыў з месца,” – падумаў ен. І, вярнуушыся да Вініцыя, сказаў яму:
 - Прасі свайго Бога, каб Лігія не памерла ад ліхаманкі, бо калі не памрэ, то вялікая вяшчуння загадае яе вызваліць.Сама Аўгуста будзе яе аб гэтым прасіць
Вініцый паглядзеў на яго вачыма, якія ліхаманкава блішчалі, і адказаў
 – Яе вызваліць Ісус.
 А Папея, якая для выратавання Руфія гатова была паліць гекатомбы ўсім багам свету, у той жа вечар яшчэ падалася на форум да вясталак, даверыўшы прыглядаць за малым дзіцем вернай Сільвіі, якую і яе саму выняньчыла. Але на Палатыне прысуд дзіцяці ўжо быў вынесены.Бо ледзь паланкін жонкі імператара знік за Вялікай Брамай, у пакой, дзе спачываў малы Руфій, увайшлі два вызваленцы Цэзара, адзін з якіх кінуўся на старую Сільвію і закрыў ей рот, другі ж схапіў медную статуэтку Сфінкса і аглушыў яе першым жа ўдарам. Пасля яны наблізіліся да Руфія. Змучаны ліхаманкай і беспрытомны хлопчык не звяртаў увагі, што робіцца вакол яго, усміхаўся ім і прыжмурваў свае вачаняты, нібы намагаючыся адрозніць гэтых дваіх. А яны знялі з нянькі пояс, які называўся кінгулум, закінулі яму на шыю і пачалі заціскаць. Дзіця паклікала адзін раз маці і хутка сканала.Пасля яны закруцілі яго ў покрыва і сеўшы на прыгатаваных коней, паспяшаліся аж у Остыю, дзе скінулі цела ў мора. Папея не застала Вялікую Вясталку, якая разам з іншымі вясталкамі была ў Ватынія, вярнулася хутка на Палатын. Яна знайшла пустое ложа і халоднае цела Сільвіі, ад чаго самлела, а калі прыйшла ў прытомнасць, пачала крычаць, і яе дзікія крыкі чуліся ўсю ноч і наступны дзень. Але на трэці дзень Цэзар загадаў ей прыйсці на пір, таму яна апранула аметыставую туніку, прыйшла і сядзела з каменным тварам, залатавалосая, маўклівая, з тварам прыгожым і злавесным, як у анела смерці.

Раздзел 54 QUO VADIS? Г. Сенкевіч

Вініцый ад Апостала ішоў да турмы з адроджанай у сэрцы надзеяй.Дзесьці ў глыбіні душы яшчэ адзываліся роспач і страх, але ен глушыў гэтыя галасы ў сабе. Яму падалося непадобным, каб заступніцтва Божага намесніка і моц яго малітвы засталіся без выніку.Ен баяўся страціць надзею, баяўся адчаю.”Я буду верыць у Яго міласэрнасць, - казаў ен сам сабе, - хаця б я і ўбачыў яе ў пашчы льва.”І ад гэтай думкі хаця і дрыжала ў ім душа і халодны пот абліваў яму скроні, верыў. Кожны ўдар яго сэрца быў цяпер малітвай. Ен пачынаў разумець, што вера зрушвае горы, бо адчуў у сабе нейкую дзіўную сілу, якой дасюль не адчуваў.Яму здавалася, што з ей ен дасягне таго, што яшчэ ўчора было яму не пад сілу. Часам у яго было ўражанне, што зло ўжо ўсе мінула. Калі ж роспач адгукалася яшчэ стогнам у яго душы, ен узгадваў сабе гэту ноч і той святы твар, звернуты да неба ў малітве.”Не! Хрыстос не адмовіць першаму свайму вучню і пастыру статку!Хрыстос яму не адмовіць, а я не зняверуся.” І ен бег да астрога як звястун добрай навіны. Але тут яго чакала неспадзяванасць.Стражнікі-прэтарыянцы, якія змяняліся якраз ля Мамертынскага астрога, ведалі яго ўжо ўсе і звычайна не было ніякай цяжкасці праходу, але на гэты раз ланцуг не разыйшоўся, а да таго ж сотнік наблізіўся да яго і сказаў:
 - Выбачай, высакародны трыбуне, у нас сення загад нікога не прапускаць.
 – Загад? – паўтарыў бляднеючы Вініцый.
Воін паглядзеў на яго са спачуваннем і адказаў:
 - Так, міласцівы. Загад імператара. У турме шмат хворых, і можа быць, што ен хвалюецца, каб наведвальнікі не разнеслі хваробу па горадзе.
 – Але ты казаў, што загад толькі на сенняшні дзень?
 – Апоўдні змяняюцца стражнікі.
 Вініцый замоўк і зняў з галавы пілеол, бо здавалася, што ен з волава. Тады воін наблізіўся да яго і сказаў прыцішаным голасам:
 - Супакойся, высакародны.Ахова і Урс трымаюць усе ў сваіх руках.
 Сказаўшы гэта, ен схіліўся і ў імгненне вока накрэсліў на каменнай пліце сваім доўгім галіцкім мячом знак рыбы. Вініцый зірнуў на яго.
 – І ты прэтарыянец?
– Пакуль не буду там, - адказаў воін, паказваючы на турму.
 – І я верую ў Хрыста.
-          Няхай будзе ўслаўлена імя Яго! Я ведаю, высакародны.Я не магу цябе пусціць у турму, але калі ты напішаш ліст, то перадам яго стражнікам.
 – Дзякуй табе, брат!
 І, паціснуўшы руку салдата, ен адыйшоўся.Пілеол перастаў быць алавянным.Ранішняе сонца ўзнялося над мураванай турмой, а разам з яго святлом пачала зноў улівацца надзея ў сэрца Вініцыя.Гэты салдат-хрысціянін быў для яго нібы новым сведчаннем сілы Хрыста.Праз хвіліну ен прыпыніўся і, губляючы позірк у ружовых аблоках, якія навіслі над Капітоліем і храмам Статара, прамовіў:
 - Я не бачыў яе сення, Божа, але я веру ў тваю міласэрнасць.
 У доме яго чакаў Пятроній, які, як звычайна “ночы ператвараў у дзень”, і нядаўна вярнуўся.Ен змог аднак ужо прыняць ванну і намасціцца перад сном.
 – У мяне навіны для цябе, - сказаў ен. – Я быў сення ў Тулія Сенецыена, у якога быў і Цэзар.Я не ведаю , як Аўгусце прыйшло на думку прывесці малога Руфія... Можа, каб ен сваей прыгажосцю паменшыў гнеў імператара. На няшчасце, дзіця змарылася і заснула падчас чытання, як некалі Веспасіян, што ўбачыў Вогнебароды і кінуў у яго келіхам і цяжка параніў.Папея самлела, і ўсе чулі, як Цэзар сказаў: “ Досыць мне гэтага прыблуды!”, а гэта, ведаеш, значыць тое ж, што і смерць.
 – Над Аўгустай навісла кара Божая, - адказаў Вініцый,  - але чаму ты мне гэта гаворыш?
 – Я гавару табе гэта таму, што і цябе, і Лігію спасцігаў гнеў Папеі, а цяпер яна, занятая ўласным няшчасцем, можа адступіцца ад помсты і хутчэй дасць сябе ўгаварыць.Я ўбачу яе сення вечарам і буду з ей размаўляць.
 – Дзякуй табе. Ты прынес мне добрыя навіны.
 – А ты прымай ванну і адпачывай. У цябе сінія вусны, і твар змарнеў ужо, як цень.
Але Вініцый спытаў:
 - Там не гаварылі, калі адбудуцца пешыя публічныя пакаранні?
 – Праз дзесяць дзен.Але спачатку будуць браць з іншых астрогаў.Чым больш нам застаецца часу, тым лепш. Не ўсе яшчэ страчана.
 І кажучы гэтак, ен і сам ужо не верыў, таму што ведаў напэўна, што калі Цэзар у адказ на просьбу Алітуруса адказаў дзіўным параўнаннем з Брутам, то для Лігіі няма ўжо ратунку. Не сказаў таксама, бо быў літасцівы, што чуў у Сенэцыена пра тое, што Цэзар і Тыгелін вырашылі абраць для сябе і таварышаў найпрыгажэйшых дзяўчат-хрысціянак і зганьбіць іх перад пакутай, астатніх жа павінны былі аддаць у дзень відовішчаў прэтарыянцам і бестыярыям.Ведаючы, што Вініцый ні ў якім выпадку не захоча перажыць Лігію хаця б на хвіліну, Пятроній наўмысна стрымліваў  яшчэ надзею ў яго сэрцы, перадусім з-за спачування яму, а па-другое таму, што гэтаму эстэту трэба было дбаць і пра тое, каб Вініцый, калі ўжо і павінен быў памерці, памер бы прыгожым, а не з тварам безвыразным і счарнелым ад болю і бяссонняў.
 – Я скажу сення Аўгусце, - сказаў Пятроній, - можа хіба што так:” Выратуй Лігію для Вініцыя, а я выратую для цябе Руфія.” І я буду аб гэтым сапраўды думаць.З Вогнебародым адно слова, сказанае ў патрэбны момант, можа кагосьці ўратаваць ці загубіць. У найгоршым выпадку мы выйграем час.
 – Дзякуй табе, паўтарыў Вініцый.
 – Лепш падзякуеш мне, калі падсілкуешся і адпачнеш. Клянуся Афінай! Адысей у большым няшчасці думаў пра сон і ежу. Пэўна ты ўсю ноч правеў у турме.
 – Ды не, - адкакзаў Вініцый. – Я хацеў пайсці туды цяпер, але існуе загад, каб нікога не прапускалі. Даведайся ты, Пятроній, ці загад гэты толькі на сення, ці аж да дня пачатку відовішчаў.
 – Я даведаюся сення ўночы і заўтра ранкам скажу табе, як надоўга загад і чаму выдадзены. А цяпер хаця б Геліос сыходзіў у кімерыйскія краіны, я іду спаць, і ты таксама ідзі.
 І яны разышліся, але Вініцый падаўся ў бібліятэку і пачаў пісаць ліст да Лігіі.Калі ен яго скончыў, то аднес сам і ўручыў хрысціяніну-сотніку, які пайшоў з ім да турмы. Праз хвіліну ен вярнуўся з прывітаннем ад Лігіі і абяцаннем, што яшчэ сення прынясе яе адказ. Аднак Вініцый не хацеў вяртацца і, сеўшы на валун, чакаў ліст ад Лігіі. Сонца ўзышло ужо высока, і праз Клівус Аргентарыус падыходзілі да Форума натоўпы людзей.Перакупшчыкі рэкламавалі свае тавары; варажбіты прапаноўвалі прахожым свае паслугі; грамадзяне рухаліся паважнай хадой да ростраў, каб паслухаць годных рытараў ці распавесці адно аднаму найсвяжэйшыя навіны.Паколькі спякота станавілася ўсе большай, натоўпы гультаеў хаваліся пад портыкі храмаў, з-пад якіх выляталі штохвілінна з гучным шумам цэлыя стаі галубоў, пабліскваючы белым пер’ем у сонечным святле і блакіце. Ад празмернага святла, ад уплыву гарадскога шуму, ад цеплыні і непамернай стомы вочы Вініцыя пачалі нібы склейвацца.Манатонныя крыкі хлапцоў, якія гулялі побач у мору і мерны крокі салдат закалыхвалі яго.Некалькі разоў яшчэ ен узнімаў галаву, хапаючы позіркам астрог, пасля  абапіраючыся ей аб скальны сцёс, уздыхнуў, як дзіця, якое засынае пасля доўгага плачу, і заснуў. І зараз жа яго абступілі мроі. Яму здавалася, што сярод ночы ен нясе на руках Лігію праз незнаемую ваколіцу, а перад ім ідзе Пампонія Грэцына з каганцом у руцэ і асвятляе шлях.Нечы голас, нібыта голас Пятронія, клікаў яго здалек:”Вярніся!”.Але ен не зважаў на гэты покліч і ішоў далей за Пампоніяй, пакуль яны не дайшлі да хаты, на парозе якой стаяў Апостал Пётр.У гэты час Вініцый паказаў яму Лігію і сказаў:” Мы ідзем з арэны, але не можам яе абудзіць, абудзі яе ты!” Але Петр адказаў: “Хрыстос сам прыйдзе яе абудзіць.”Потым вобразы пачалі наслойвацца.У сне ен бачыў Нярона і Папею, якая трымала на руках малога Руфія з акрываўленым тварыкам, які абмываў Пятроній, і Тыгеліна, які пасыпаў попелам сталы, застаўленыя раскошнымі стравамі, і Вітэлія, які жэр гэтыя стравы, і мноства іншых аўгустыянаў, якія сядзелі на піраванні. Ен сам нібы адпачываў каля Лігіі, але між сталоў хадзілі львы, у якіх з мордаў сцякала кроў. Лігія прасіла яго, каб ен яе вывеў, а яго ахапіла стома такая страшэнная, што ен не мог нават паварушыцца.Пасля гэтага у яго мроях настала бязладдзе яшчэ большае і нарэшце ўсе знікла ў поўнай цемры. З глыбокага сну абудзілі яго сонечная гарачыня і вокрыкі, якія разносіліся тут жа, каля месца, дзе ен сядзеў. Вініцый працер вочы: вуліца гула ад мноства людзей, але два бегуны, апранутыя ў жоўтыя тунікі, рассоўвалі доўгімі трыснягамі натоўпы, крычачы і вызваляючы месца для прыгожага паланкіну, які неслі чацвера моцных егіпцян-нявольнікаў.У паланкіне сядзеў нейкі чалавек, прыбраны ў белае адзенне, твар яго добра не было відаць, бо вочы ен прыкрываў скруткам папіруса і штосьці пільна чытаў.
 – Месца для высакароднага аўгустыяніна, - крычалі бегуны.
Вуліца аднак была напоўнена людзьмі, так што паланкін мусіў на хвіліну затрымацца. У гэты час аўгустыянін апусціў нецярпліва скрутак папіруса і выхіліў галаву, крычачы:
- Развесці мне гэтых маруднікаў! Хутчэй!
 Раптам, заўважыўшы Вініцыя, ен кіўнуў галавой і хутка ўзняў да вачэй скрутак папер.А Вініцый правеў рукою па ілбе, лічачы, што ўсе яшчэ спіць. У паланкіне сядзеў Хілон. Тымчасам бегуны расчысцілі дарогу і егіпцяне змаглі рушыць наперад, калі раптам малады трыбун, які ў адзін момант зразумеў усе дасюль незразумелае, наблізіўся да паланкіну.
 – Прывітанне табе, Хілоне! – прамовіў ен.
 – Маладзён, - адказаў з гонарам і годнасцю грэк, намагаючыся надаць свайму твару выраз спакою, якога насамрэч не было ў яго душы, - вітаю цябе, але ж не затрымлівай мяне, бо я спяшаюся да майго сябра, высакароднага Тыгеліна.
А Вініцый, схапіўшыся за край паланкіна, нахіліўся да яго і пазіраючы проста яму ў вочы, сказаў нізкім голасам:
 - Гэта ты выдаў Лігію?
 – Калос мнемана! – закрычаў са страхам у голасе Хілон.
 Але ў вачах Вініцыя не было пагрозы, таму страх старога грэка хутка прайшоў. Ен падумаў, што знаходзіцца пад апекай Тыгеліна і самога Цэзара, а гэта сіла, перад якой дрыжыць усё, і што абкружаюць яго моцныя нявольнікі, а Вініцый стаіць перад ім безабаронны, са змарнелым тварам і паставай, сагнутай ад болю. Ад гэтых думак вярнулася да яго упэўненасць.Ен уперыў у Вініцыя свае вочы, абведзеныя чырванню і прашаптаў:
 - А ты, калі я паміраў ад голаду, загадаў мяне адлупіць.
 На хвіліну змоўклі абое, пасля чаго пачуўся прыглушаны голас Вініцыя:
 - Я пакрыўдзіў цябе, Хілоне!..
 У гэты час грэк узняў твар і шчоўкнуў пальцамі, што ў Рыме было знакам знявагі і пагарды, адказаў так гучна, каб усе маглі яго пачуць:
 - Прыяцель, калі ў цябе да мяне просьба, то прыходзь у мой дом на Эсквіліне у ранішнюю пару, калі я пасля ванны прымаю гасцей і кліентаў.
І падаў знак рукой, пасля якога егіпцяне ўзнялі паланкін, нявольнікі ж, прыбраныя ў жоўтыя тунікі, пачалі крычаць, машучы трыснягамі:

 - Дарогу для паланкіна выскароднага Хілона Хіланідаса! Дарогу! Дарогу!

среда, 4 февраля 2015 г.

РАЗДЗЕЛ 53 QUO VADIS? Г. Сенкевіч

І ўсе завярцелася. Вініцый сыйшоў да таго, што шукаў падтрымкі ў вызваленцаў і нявольнікаў, у імператара і Папеі, абяцаў ім падарункі, падзяляў нават іх погляды. Ен знайшоў першага мужа Аўгусты, Руфія Крыспіна, і атрымаў ад яго ліст, падараваў вілу ў Анцыі яе сыну ад першага мужа, Руфію, але гэтым толькі ўгнявіў Цэзара, які ненавідзеў пасынка.Праз спецыяльнага ганца ен даслаў ліст другому мужу Папеі, Атону, у Іспанію, дзе ахвяраваў усё свае багацце і сябе самога,аж нарэшце заўважыў, што быў толькі забаўкай для людзей і што калі б ен менш паказваў, што арышт Лігіі яго кранае, то хутчэй бы яе вызваліў.Гэта ж заўважыў і Пятроній.Тымчасам дзень ішоў за днем. Амфітэатры былі завершаныя. Раздаваліся ўжо тэсэры, гэта значыць білеты для ўваходу на публічныя відовішчы.Але на гэты раз відовішча “світальнае” з прычыны небывалай колькасці ахвяр павінна было расцягнуцца на дні, тыдні і, нават, месяцы.Ужо не ведалі, дзе размяшчаць арыштаваных хрысціян. Турмы былі перапоўненыя, і ў іх гуляла ліхаманка.Путыкулі, злучаныя падзем’і, дзе хавалі нявольнікаў, пачалі таксама перапаўняцца. Сталі непакоіцца, каб хваробы не пашырыліся на астатніх у горадзе, таму вырашылі спяшацца. І ўсе гэтыя весткі траплялі да Вініцыя, у якога згасалі апошнія іскры надзеі. Пакуль быў час, ен мог яшчэ спадзявацца, што што-небудзь яшчэ паспее зрабіць, але цяпер ужо не было і часу. Відовішчы павінны былі вось-вось распачацца.Лігія хіба толькі адзін дзень магла яшчэ знаходзіцца ў кунікуле цырку, адкуль выйсце было ўжо толькі на арэну. Вініцый не ведаючы, куды яе кіне лес і жорсткасць улад, пачаў абыходзіць усе цыркі, падкупляць стражнікаў і бестыярыяў, даючы ім загады, якія тыя не маглі выканаць.Часам ен заўважаў, што ўжо працуе толькі над тым, каб смерць яе была менш страшная, і тады ен адчуваў, што замест мазгоў ў яго чырвонае вуголле пад чэрапам. Ен не думаў, што зможа без яе жыць і вырашыў загінуць разам з ей. Але Вініцый спадзяваўся, што можа боль выпаліць у ім жыцце хутчэй, чым надыйдзе страшная хвіліна.Яго сябры і Пятроній думалі таксама, што хутка настане той дзень, які адчыніць перад ім царства ценяў. Твар Вініцыя счарнеў і стаў падобны да тых васковых масак, якія захоўвалі ў ларарыях..У яго рысах застыла здзіўленне, нібы ен не мог зразумець, што адбылося і што можа яшчэ адбыцца. Калі хтосьці звяртаўся да яго, ен падносіў механічным рухам рукі да галавы і сціскаючы далонямі скроні пазіраў на таго, хто звяртаўся да яго, са страхам і запытаннем у вачах. Ночы ен праводзіў разам з Урсам пад дзвярыма Лігіі, у астрозе, а калі яна прасіла яго пайсці і адпачыць, ен вяртаўся да Пятронія і хадзіў да рання па атрыі. Нявольнікі бачылі яго таксама часта то на каленах з узнятымі рукамі, то ляжачага ніцма.Ен маліўся да Хрыста, бо гэта была яго апошняя надзея.Усе перавярнулася, і Лігію выратаваць можна было толькі цудам, таму Вініцый біўся ілбом аб каменныя пліты і прасіў цуда.Але заставалася ў яго яшчэ настолькі свядомасці, каб разумець тое, што малітва Пятра важыць больш, чым яго малітва. Лігія была нарачонай яму Пятром.Петр яго хрысціў, Петр адзіны тварыў цуды, дык няхай жа дасць яму выратаванне і дапамогу. І аднойчы ноччу ен пайшоў шукаць Пятра. Хрысціяне, якіх няшмат ужо засталося, хавалі яго старанна, не кажучы нават адзін аднаму, дзе, каб хто-небудзь, слабейшы духам, не здрадзіў міжвольна ці наўмысна.Вініцый сярод агульнага тлуму і пагрому, заняты пры гэтым цалкам спосабамі выратавання Лігіі з астрогу, згубіў Апостала з вачэй, так што ад часу свайго хрышчэння спаткаў яго можа адзін раз, яшчэ перад пачаткам пагоні.Але падаўшыся да таго далакопа, у хаце якога ен быў пахрышчаны, даведаўся ад яго, што ў весцы, якая знаходзіцца за Порта Салярыя, і належыць Карнэлію Пудэнсу, адбудзецца збор хрысціян.Далакоп паабяцаў правесці туды Вініцыя, запэўніваючы яго, што знойдуць на ім Пятронія.І вось у змроку яны выбраліся і апрануўшыся за мурамі, пайшлі сярод яроў, зарослых трыснягом, трапілі ў здзічэлую веску, што была невядома дзе.Збор быў у будыніне, дзе звычайна ціслі віно.Да вушэй Вініцыя даляцеў пры ўваходзе шум ад малітвы,а ўвайшоўшы, ен убачыў пры невялікім святле ліхтароў некалькі дзесяткаў постацей, укленчыўшых і паглыбленых у малітву.Яны паўтаралі адну з літаній: хор галасоў, як мужчынскіх, так і жаночых гучаў кожную хвіліну:”Хрысце, злітуйся!”І быў у тых галасах глыбокі і ўсепаглынаючы смутак і жаль.Петр быў тут. Ен стаяў наперадзе, перад драўляным крыжам, прыбітым да сцяны будыніны і маліўся.Вініцый пазнаў здалек яго белыя валасы і ўзнесеныя рукі.Першай думкай маладога патрыцыя было прайсці скрозь сабраных, кінуцца ў ногі Апосталу і крычаць: “Выратуй!”Але ці то ўрачыстасць малітвы, ці то слабасць падагнулі яго ногі і ўкленчыўшы ля ўваходу, ен пачаў паўтараць і, сціснуўшы далоні, ен пачаў паўтараць:  “Хрысце, злітуйся!” Калі б ен быў прытомны, то зразумеў бы, што не толькі ў яго просьбе гучаў стогн ішто не ен толькі прынес сюды свой боль і свае жаль і трывогу.Не было сярод гэтага сабрання ні адной чалавечай душы, што не страціла б дарагіх сэрцу істот, а калі самыя адважныя вернікі былі ўжо арыштаваныя, калі з кожнай хвілінай разыходзіліся звесткі аб знявагах і пакутах, якія трывалі ў турмах, калі размах бойні перарос ўсялякія дапушчэнні, калі засталася ўжо толькі гэтая горстка, не было сярод іх ніводнага сэрца, якое б не засумнявалася і не пыталася з хваляваннем: “ Дзе Хрыстос? І чаму ен дазваляе, каб зло стала мацнейшым за Бога?” Але ў гэты час яны прасілі яго з роспаччу аб міласэрнасці, бо ў кожнай душы цеплілася надзея, што ЕН прыйдзе, знішчыць зло, скіне ў бездань Нярона і запануе над светам.Яшчэ глядзелі на неба, яшчэ прыслухоўваліся, яшчэ маліліся з вераю. Вініцыя таксама, па меры таго, як паўтараў “Хрысце, злітуйся”, - пачала ахопліваць такая легкасць, як у хаце далакопа.Вось яны клічуць Яго з глыбінь болю, з бездані, вось кліча яго Петр, дык можа праз хвіліну неба разыйдзецца, задрыжаць зямныя  асновы і сыйдзе Ен, у непамерным бляску, з зоркамі ля стоп, міласэрны, але і грозны, які ўзніме сваіх вернікаў і загадае безданню паглынуць пераследнікаў.Вініцый закрыў твар рукамі і прапаў да зямлі.Адразу абкружыла яго цішыня, як калі б страх спыніў наступныя кліканні ў вуснах усіх прысутных. І яму здавалася, што павінна абавязкова штосьці адбыцца, што настане хвіліна цуда.Ен быў упэўнены, што калі ен узнімецца і адкрые вочы, то ўбачыць святло, ад якога слепнуць вочы смяротных і пачуе голас, ад якога скаланаецца сэрца.Але цішыня доўжылася.Яе спыніў нарэшце жаночы плач.Вініцый узняўся і пачаў аслупянела глядзець перад сабой. У будыніне замест  незямнога бляску мігцелі няяркія пламеньчыкі ліхтароў і бачныя былі промні ад месяца, якія траплялі сюды праз дзірку ў страсе, напаўнячы ўсе тут срэбным святлом.Людзі, якія стаялі побач з Вініцыем, узнімалі моўчкі поўныя слез вочы да крыжа, тут і там чуўся плач, а звонку чуваць былоо асцярожнае перасвістванне ахоўнікаў.Потым Петр устаў і звярнуўся да грамады:
- Дзеці мае, адкрыйце сэрцы свае Збавіцелю нашаму і ахвяруйце яму вашы слезы.
 І змоўк.Раптам над галовамі сабраных пачуўся жаночы голас, поўны жалобнай скаргі і непамернага болю:
 - Я, удава, у мяне быў адзіны сын, якім я жыла...Вярні мне яго, Гасподзь!
 Настала зноў ціша. Петр стаяў перад укленчыўшай грамадой, стары, шмат перажыўшы, і здаваўся ім у гэту хвіліну нібы ўвасабленнем старасці і немачы. Тады пачаў скардзіцца другі голас:
- Каты зняважылі маіх дачок, і Хрыстос дазволіў гэта.
Пасля трэці:
- Я засталася адна з дзецьмі, а калі мяне забяруць, хто дасць ім хлеба і вады?
Пасля чацверты:
 - Лінуса, якога адпусцілі, узялі зноў і паклалі пакутваць.
Пасля пяты:
- Калі павяртаемся ў дамы, нас схопяць прэтарыянцы.Мы не ведаем, дзе хавацца.- Гора нам! Хто за нас заступіцца?
І так у начной цішыні гучалі скарга за скаргай.Стары рыбак прыкрыў вочы т трос сваей белай галавой ад гэтага людскога болю і трывогі.Узнавілася маўчанне, толькі ахоўнікі паціху пасвіствалі звонку будыніны.Вініцый ізноў памкнуўся, каб прабіцца скрозь грамаду да Апостала і папрасіць у яго ратунку, але раптам убачыў перад сабой нібыта бездань, выгляд якой адабраў сілу ў яго ног.Што будзе, калі Апостал прызнае свае бяссілле, калі пацвердзіць, што рымскі іператар мацнейшы за Хрыста Назарэтскага? І ад гэтай страшнай думкі валасы ўзняліся на яго галаве, калі ен адчуў, што зараз у гэту бездань упадзе не толькі рэшта яго надзеі, але і ен сам, і яго Лігія, і яго любоў да Хрыста, і яго вера, і ўсе, чым ен жыў, а застануцца толькі смерць і ноч, як мора без берагоў.А ў гэты час Петр загаварыў голасам, спачатку такім ціхім, што ледзь можна было яго пачуць:
- Дзеці мае! На Галгофе я бачыў, як Бога прыбівалі да крыжа.Я чуў гук малатоў і бачыў, як узнялі крыж угору, каб усе глядзелі на смерць Сына чалавечага...І я бачыў, як працялі яму бок і як ен памер. І тады, вяртаючыся ад крыжа, я крычаў з болем, як і вы крычыце: “Гора! Гора! Божа! Ты ж Бог! Чаму ж Ты гэта дазволіў, чаму Ты памер і чаму Ты заставіў пакутаваць нашы сэрцы, якімі мы верылі, што прыйдзе царства Твае?....А ен, наш Божа, на трэці дзень уваскрос і быў сярод нас, пакуль у вялікім святле не сыйшоў у Царства Яго...А мы, зразумеўшы наша малавер’е, узмацніліся сэрцамі і ад таго часу сеем зерне Яго...
Тут ен павярнуўся ў бок, адкуль пачуў першую скаргу і загаварыў мацнейшым ужо голасам:
 - Чаму вы скардзіцеся?.. Бог сам аддаўся на пакуту і смерць, і вы хочаце, каб вас ад гэтага захаваў? Людзі малаверныя! Ці сапраўды вы зразумелі Яго навуку, і хіба Ен вам абяцаў гэтае адно жыцце? Вось ен прыходзіць да вас і кажа вам : “Ідзіце маім шляхам!” – вось Ен узнімае вас да сябе, а вы чапляецеся рукамі за зямлю крычачы: “Божа, ратуй! Я, смецце перад Богам, але для вас Апостал божы і Яго намеснік, кажу вам у імя Хрыста: не смерць перад вамі, а жыцце, не пакуты, а невызнавальная радасць, не слезы і стогны, а спевы, не няволя, а цараванне! Я, Апостал Божы, кажу табе, удава: сын твой не памрэ, бо народзіцца ў славе на жыцце вечнае і ты з ім злучышся! Табе, бацька, у якога каты зганьбілі нявінных дачок, я абяцаю, што знойдзеш іх бялейшымі, чым лілеі Нелбона!Вам, маці, якіх забяруць ад сірот, вам, што страцяць бацькоў, вам, што скардзіцеся, вам, што будзеце глядзець на смерць любых, вам, што шмат перажылі, няшчасныя і стрывожаныя, і вам, што павінны памерці, у імя Хрыста кажу,што прачнецеся , як ад сну шчаслівым прабуджэннем і як з ночы пяройдзеце ў свет Божы. У імя Хрыста, няхай спадзе заслона з вачэй вашых і разгарацца верай сэрцы!
Сказаўшы гэтак, ен узняў руку, нібы загадваў ім, а яны адчулі, як новая кроў пабегла ў жылах і разам з тым іх трэсла, бо стаяў ужо перад імі не старац нямоглы і хворы, а асілак, які браў іх душы і ўзнімаў іх з попелу і трывогі.
 – Амінь! – прагучала некалькі галасоў.З яго ж вачэй біла ўсе большае святло і сыходзіла ад яго сіла, цудатворнасць, святасць. Галовы схіляліся перад ім, а ен, калі змоўкла “амінь” працягваў:
 - Сейце ў слязах, каб збіраць у радасці. Чаму ад сумненняў павялічваецца зло?Над зямлею, над Рымам, над мурамі гарадоў есць Бог, які жыве ў вас.Камяні стануць вільготнымі ад слез, пясок набрыняе крывею, поўныя даліны будуць целаў вашых, а я вам кажу: вы – пераможцы! Бог ідзе на выратаванне гэтага горада злачынства, цемрашальства і злобы, а вы – Яго легіен.! І як Ен сам выкупіў пакутай і крывею грахі свету, так я хачу, каб вы выкупілі пакутамі і крывею гэта гняздо беззаконня.Гэта Ен вам гаворыць маімі вуснамі! І раскінуў рукі, а погляд узнес угору, а ў прысутных амаль што сціхла біцце сэрцаў, бо адчулі, што яго позірк бачыць штосьці, чаго не могуць убачыць вочы смяротных.А яго твар перамяніўся і нібы засвяціўся знутры, а ен пазіраў нейкі час моўчкі, нібы анямеў ад захаплення, але праз хвіліну яны пачулі яго голас:
 - Ты есць, Божа, і паказваеш мне дарогі свае!...Як гэта, о, Хрысце!... Не ў Іерусаліме, аў гэтым горадзе хочаш Ты закласці сталіцу Тваю?Тут, з гэтых слез і з гэтай крыві ты  хочаш збудаваць храм Твой?тут, дзе сення пануе Нярон павінна быць Царства Твае? О, Божа, Божа!І ты кажаш гэтым людзям з сумненнем у сэрцы, каб з касцей сваіх збудавалі падмурак пад Сіён свету, а духу майму ты кажаш кіраваць ім  і кіраваць народамі свету?..Ты ліеш моц сваю на слабых, каб яны сталі моцнымі, і ты гаворыш мне пасці ад гэтага часу Тваіх агнцаў аж да сканчэння вякоў..О будзь жа услаўлены Тваімі вырачэнцамі, якіх ты наказваеш перамагаць.Асанна! Асанна!
Тыя, хто скардзіўся, паўставалі, а ў тых, якія зусім згубілі веру, яна ўплыла светлым струменем.І загуло: “Асанна! За Хрыста!”
Пасля чаго настала ціша. Летнія зарніцы асвятлялі будыніну знутры і твары, якія пабляднелі ад узрушэння.Петр, які быў заглыблены ў тое, што бачыў, доўга яшчэ маліўся, але нарэшце абудзіўся, павярнуў да сабраных свой натхнены, поўны святла твар і сказаў:
 -Вось як Бог перамог у вас адчай, так і вы ідзіце перамагаць у імя Яго! І хаця ен ужо ведаў, што яны перамогуць, ведаў, што вырасце з іх слез і крыві, аднак голас яго задрыжаў ад узрушэння, калі ен пачаў бласлаўляць іх , прамаўляючы:
 - А цяпер бласлаўляю вас, дзеці мае, на пакуты, на смерць, на жыцце вечнае!
 Але яны пападалі вакол яго, кажучы:”Мы ўжо гатовы, але ты, святая галава, беражы сябе, бо ты намеснік, які закладае панаванне Хрыста!”
 І так кажучы, яны чапляліся за яго адзенне, ен жа ускладваў рукі на іх галовы і хрысціў кожнага паасобку, як бацька хрысціць дзяцей, якіх высылае ў далекую дарогу.І хутка яны пачалі выходзіць з будыніны, бо ім хацелася хутчэй дадому, а адтуль – у турмы і на арэны.Думкі іх адарваліся ад зямлі, душы ўзялі напрамак да вечнасці і яны ішлі, нібы ў сне ці ў захапленні процістаяць той сіле, якая ў іх жыла, сіле і жорсткасці “жывеліны”.
Апостала ж забраў Нерэй, слуга Пудэнса, і павеў яго схаванай ў ваколіцы сцежкай да свайго дому.Але сярод яснай ночы пашпацыраваў за імі і Вініцый, і калі нарэшце яны дайшлі да хаты Нерэя, ен кінуўся проста да ног Апостала.Той жа, пазнаўшы яго, запытаў:
 - Чаго ты хочаш, сын мой?
Але Вініцый пасля таго, што чуў у будыніне, не смеў ужо яго ні аб чым прасіць.Толькі абняўшы аберуч яго стопы, ен прыціскаўся да іх са слязьмі, просячы такім чынам моўчкі літасці.Апостал жа прамовіў: -  - Я ведаю.Забралі ў цябе дзяўчыну, якую ты пакахаў.Маліся за яе.
- Божа! – усхліпнуў Вініцый, абдымаючы яшчэ мацней ногі Апостала. – Божа! Я паганае стварэнне, а ты ведаў Хрыста, ты Яго прасі, ты заступіся за яе.
І дрыжаў ад болю, як ліст, і біўся ілбом аб зямлю, бо пазнаўшы сілу Апостала, ведаў што ен адзіны можа яе вярнуць.А Пётр узрушыўся ад такога чалавечага стану. Узгадаў, як некалі і Лігія, узрушаная гісторыяй з Крыспам, ляжала таксама ля ног  Апостала, просячы літасці.Узгадваў, як яе узняў і суцешыў, таму цяпер узняў і Вініцыя.
 – Сыночак, - сказаў ен, я буду маліцца за яе, але ты памятай, што я казаў тым, выракшымся, што сам Бог прайшоў праз раскрыжаванне, і памятай, што пасля гэтага жыцця пачынаецца іншае, вечнае.
 – Я ведаю!.. Я чуў, - адказаў Вініцый, хапаючы збялелымі вуснамі паветра, - але бачыш, не магу! Калі трэба крыві, прасі Хрыста, каб узяў маю... Я салдат.Няхай мне падвоіць, патроіць пакуту, прызначаную ей, я вытрымаю, але няхай яе выратуе! Гэта яшчэ дзіця, а Ен мацнейшы за Цэзара, я веру! Мацнейшы! Ты ж сам яе любіў.Ты нас блаславіў! Гэта яшчэ дзіця непавіннае!Тут ен зноў схіліўся і прыклаў твар да кален Пятра, паўтараючы: - Ты ведаў Хрыста! Ты ведаў, Ен цябе выслухае! Заступіся за яе!
А Петр прыкрыў вочы і горача маліўся. Летнія бліскавіцы сталі зноў асвятляць неба.Вініцый углядаўся пры іх бляску ў вусны Апостала, чакаючы з іх прысуду: жыцця або смерці.У цішыні чуваць было перапелак ў весках і глухое, далекае рэха з месцаў для шпацыру, што былі ля вуліцы Віа Салярыа.
 – Вініцый, - запытаў нарэшце Апостал,  - ты верыш?
– Апостале, ці ж бы інакш я сюды прыйшоў? – адказаў Вініцый.
-          Тады веруй да канца, бо вера горы зрушвае.Нават калі б ты ўбачыў гэту дзяўчынку пад мячом ката ці ў пашчы льва, вер і тады яшчэ, што Хрыстос можа яе выбавіць.Вер і маліся Яму, а я буду маліцца разам з табой.
Пасля ен узняў твар да неба і гучна прамовіў:
 - Хрысце міласэрны, паглядзі на гэта збалелае сэрца і суцеш яго! Хрысце міласэрны, прынясі вецер да воўны ягняці! Хрысце міласэрны, як ты прасіў Бацьку свайго, каб Ен адвярнуў келіх горычы ад вуснаў тваіх, адвярні гэтак яго і ад вуснгаў гэтага служкі Твайго! Амінь!
 А Вініцый, прасцягваючы рукі да зорак, гаварыў наўзрыд далей:
- О, Хрысце! Я Твой! Вазьмі мяне замест яе!

На ўсходзе неба пачало святлець.

Раздзел 52 QUO VADIS? Г. Сенкевіч

Раздзел 52

Вокрык “Хрысціян ільвам!” доўга гучаў па ўсіх раенах горада. У першы момант ніхто не сумняваўся, што яны былі сапраўднымі зачыншчыкамі бедства, але ніхто і не хацеў сумнявацца, бо пакаранне павінна было стаць цікавай забавай для народа.Але шырылася думка, што бедства не прыняло б такіх страшэнных памераў, калі б не гнеў багоў, таму было загадана ў храмах прыносіць піякулы, ці ачышчальныя ахвяры. Па парадзе Кніг Сівілы сенат абвясціў урачыстасці і публічныя малітвы да Вулкана, Цэрэры і Празерпіны. Матроны прыносілі ахвяры Юноне; уся іх працэсія падалася аж на бераг мора, каб зачэрпнуць вады і акрапіць ей статую багіні.Замужнія маладзіцы рыхтавалі пір для багоў і начныя спевы.Увесь Рым ачышчаўся ад грахоў, прыносіў ахвяры і аб’ядноўваў бессмяротных.А ў гэты час сярод папялішчаў пазначалі новыя шырокія вуліцы. Тут і там ужо былі закладзены падмуркі дзівосных дамоў, палацаў і храмаў. Перадусім будаваліся з нечуванай скорасцю вялікія драўляныя амфітэатры, дзе павінны былі паміраць хрысціяне. Адразу пасля нарады ў доме Тыберыя пайшлі загады да праконсулаў, каб тыя даставілі дзікіх жывел. Тыгелін апусташаў віварыі ўсіх італійскіх гарадоў, не вылучаючы найменшых.У Афрыцы былі па яго загаду праведзены маштабныя ловы, у якіх увесь мясцовы люд павінен быў браць удзел. Прыведзены былі сланы і тыгры з Азіі, алігатары і гіпапатамы з-над Ніла, львы з Атласу, ваўкі і мядзведзі з Пірэнеяў, жорсткія сабакі з Гіберніі, горныя сабакі з Эпіру, буйвалы і вялізныя грозныя туры з Германіі.З прычыны вялікай колькасці арыштаваных відовішчы павінны былі пераўзысці сваімі памерамі ўсе, што да гэтага часу бачыў свет. Імператар пажадаў затапіць успаміны аб пажару крывею і абпаіць ею Рым, бо ніколі яе праліцце не было для яго такім прывабным. Разахвочаны люд дапамагаў жрацам і прэтарыянцам ў пагоні за хрысціянамі.Не было гэта цяжка, бо цэлай грамадой, разбіўшы лагер з іншымі людзьмі сярод садоў, хрысціяне выказваліся ўголас аб сваей веры. Калі іх абкружалі, яны станавіліся на калены і спявалі песні, дазваляючы забіраць сябе без адпору. Але іх цярпенне толькі павялічвала гнеў натоўпу, які, не разумеючы яго вытокаў, лічыў хрысціянства дзікунствам і падцверджаннем злачынства. Шаленства ахоплівала праследнікаў.Здаралася, што чэрнь выхоплівала хрысціян з рук прэтарыянцаў і літаральна раздзірала іх рукамі.Жанчын цягнулі за валасы да турмаў, дзецям разбівалі галовы аб каменне.Тысячы людзей удзень і ўночы прабягалі з выццем па вуліцах.Яны шукалі ахвяр сярод папялішчаў, у комінах і пограбах.Перад вязнямі спраўлялі ля вогнішчаў, навокал бочак з віном, вакхічныя піры і танцы.Вечарамі слухалі з асалодай падобныя да грымот рыкі, якімі быў напоўнены ўвесь горад.Астрогі былі перапоўненыя тысячамі людзей, і кожны дзень чэрнь і прэтарыянцы прыводзілі новых ахвяр.Літасці як ніколі і не было.Здавалася, што людзі забыліся, як размаўляць і ў дзікім дурмане запомнілі адзін толькі выраз : “Хрысціян – ільвам.”Насталі дзіўна спякотныя дні і ночы такія душныя, якіх ніколі раней не было: само паветра было нібы насычана шаленствам, крывею і забойствам.А такой перабольшанай меры жорсткасці адпавядала таксама перабольшаная мера жадання пакут.Вернікі хрысціяне ішлі добраахвотна на смерць ці нават шукалі яе, пакуль іх не пачалі стрымліваць суровыя забароны іх вышэйшых. Па іх наказу збіраліся ўжо толькі за горадам, у падзем’ях па дарозе Апійскай і ў прыгарадных весках, якія належалі патрыцыям з хрысціян, сярод якіх дасюль яшчэ нікога не арыштавалі.На Палатыне ведалі дакладна, што да вернікаў Хрыста належаць і Флавій, і Дамітыла, і Пампонія Грэцына, і Карнэлій Пудэнс і Вініцый; сам імператар непакоіўся аднак, што чэрнь не дасць веры таму, што такія людзі падпалілі Рым, што рэч ішла перадусім аб перакананні людзей, але пакаранне і помста адкладаліся на наступныя дні. Іншыя лічылі, што гэтых патрыцыяў збярог уплыў Акты.Дапушчэнне было слабае.Пятроній пасля развітання з Вініцыем сапраўды падаўся да Акты па дапамогу для Лігіі, але тая магла ахвяраваць яму толькі слезы, бо жыла ў забыцці і болю, настолькі, што толькі пакутавала, паколькі хавалася ад Папеі і імператара. Яна наведала Лігію ў астрозе, прынесла ей адзенне і ежу, і абараніла яе гэтым больш за ўсе ад зняваг з боку і так ужо падкупленых астрожных стражнікаў. Паколькі Пятроній не мог забыцца, што калі б не ен і не яго думкі пра забранне Лігіі з дому Аўлаў, то хутчэй, не была б зараз астрожніцай, а апрача таго, жадаючы выйграць гульню з Тыгелінам, ен не шкадаваў ні часу, ні сродкаў. На працягу некалькіх дзен ен бачыўся з Сенэкам, з Даміцыем Афрам, з Крыспінілай, з дапамогай якой ен хацеў трапіць да Папеі, з Тэрпнасам, з Дыядорам, з прыгожым Піфагорам і нарэшце, з Алітурам і Парысам, якім звычайна імператар не адмаўляў.З дапамогай Хрысатэміды, якая цяпер была каханкай Ватынія, намагаўся праз яе шукаць нават і яго дапамогі, не шкадуючы і яму, і іншым абяцанняў і грошай.Але ўсе гэтыя высілкі засталіся без выніку.Сенэка, які быў няўпэўнены ў сваім будучым, пачаў даводзіць яму, што хрысціяне, калі нават сапраўды і не спалілі Рым, павінны быць знішчаны дзеля яго ж дабра, словам, ен апраўдваў будучую разню існуючым станам рэчаў. Тэрпнас і Дыядор ўзялі грошы і не зрабілі ўзамен нічога. Ватыній данес імператару, што яго хацелі падкупіць. Адзін толькі Аліур, які спачатку варожа ставіўся да хрысціян, цяпер іх шкадаваў, асмеліўся нагадаць імператару аб дзяўчыне-паланянцы і прасіць за яе, але не атрымаў нічога апроч адмовы..
 – Няўжо ты думаеш, што ў мяне душа меншая, чым у Брута, які дзеля Рыма не пашкадаваў уласных сыноў?І калі Алітур пераказаў гэтыя словы Пятронію, той адказаў:
 - Калі ен пачаў ужо параўноўваць сябе з Брутам, то ратунку ўжо няма аніякага.
Аднак яму было шкада Вініцыя і разбіраў яго страх, каб той не сабраўся скончыць жыцце.”Цяпер, - казаў ен сам сабе, - яго падтрымліваюць яшчэ намаганні, якія ен робіць для яе ратунку, яе вобраз і сама пакута, але калі ўсе варыянты знікнуцьі згасне апошняя іскра надзеі, клянуся Кастарам! Ен яе не перажыве і кінецца на меч.” Пятроній разумеў лепш, што можна так скончыць жыцце, чым тое, што можна так пакахаць і так пакутваць.Тымчасам Вініцый рабіў яшчэ ўсе, да чаго мог дайсці яго розум, каб выратаваць Лігію. Ен наведваў аўгустыянаў і, некалі такі горды, шукаў цяпер у іх дапамогі.Праз Вітэлія ен  хацеў ахвяраваць Тыгеліну свае сіцылійскія землі і усё, чаго б той ні пажадаў.Тыгелін жа, не хочучы супроцьстаяць Аўгусце, адмовіў. Пайсці да самога Цэзара, абняць яго калены і прасіць аб літасці не пакідала жадаць лепшага. Вініцый сапраўды гатовы быў і  гэта зрабіць, але Пятроній, калі пачуў пра задуму, спытаў у яго:
 - А калі ен табе адмовіць, калі адкажа жартам ці страшнай пагрозай, што ты тады будзеш рабіць?
Пры гэтым твар Вініцыя працяў сапраўдны боль і ен заскрыгатаў сціснутымі зубамі.
– Так, - працягваў пятроній. – таму я цябе і адгаворваю.Ты закрыеш гэтак усе дарогі да выратавання.! Але Вініцый задумаўся і, выціраючы рукою з ілба халодны пот, сказаў:
 - Не! Не! Я – хрысціянін...
 – І ты забудзешся аб гэтым, як забыўся хвілінай раней. У цябе есць права загубіць сябе, але не яе. Памятай перш за ўсе, што прайшла перад смерцю дачка Сеяна...
 І кажучы гэтак, ен не быў шчырым да канца, бо хваляваўся больш з-за Вініцыя, чым з-за Лігіі.Але ен ведаў, што нічым так не ўтрымае яго ад настолькі небяспечнага кроку, як толькі малюючы карціны аб магчымай згубе Лігіі з-за яго.Дарэчы, ен меў рацыю, бо на Палатыне прыходу  маладога трыбуна чакалі і прадузялі адпаведныя сродкі перасцярогі.Аднак пакута Вініцыя прайшла ўсе, што сілы чалавечыя могуць вытрываць.Ад часу, калі Лігія была арыштаваная і калі на яе паў цень будучых пакут, то ен не толькі пакахаў яе ў сто разоў больш, але папросту пачаў аддаваць у душы ей частку амаль рэлігійную, нібы боскай істоце.А цяпер ад думкі, што гэту істоту, каханую і і разам з тым святую, ен павінен страціць, і што апрача смерці яе могуць чакаць смяртэльныя пакуты, страшнейшыя, чым сама смерць, кроў стыгла ў яго жылах, душа ператваралася ў адзіны крык, мяшаўся розум.
Часам яму здавалася,  што чэрап яго паліць сапраўдны агонь, ад чаго ен ці стане попелам, ці трэсне.Ен перастаў разумець, што робіцца, перастаў разумець, чаму Хрыстос, той міласэрны, той Бог, не прыходзіць на дапамогу сваім вернікам, чаму задымленыя муры Палатыну не правальваюцца пад зямлю, а разам з імі і Нярон, аўгустыяне, лагер прэтарыянцаў і ўвесь гэты горад злачынстваў. Ен думаў, што не можа і не павінна быць інакш, што ўсе тое, што бачаць яго вочы, ад чаго разрываецца душа і плача сэрца, - усе гэта сон. Але рык звяроў казаў яму, што гэта рэальнасць, гук сякер, з-пад якіх узнімаліся арэны, казаў яму, што гэта – рэальнасць, і падцверджвалі гэта людзі, якія крычалі і перапоўненыя астрогі. У гэты час нараджалася ў ім вера ў Хрыста, і гэта было новай пакутай, можа быць самай страшнай з усіх. А ў гэты час Пятроній гаварыў яму :

- Памятай перадусім, праз што перад смерцю прайшла дачка Сеяна.