воскресенье, 11 марта 2018 г.

Б. Прус Лялька том 2 раздзел 6 Дзённік старога распарадчага


РАЗДЗЕЛ 6
Дзённік старога распарадчага

І паехаў-такі!... Пан Станіслаў  Вакульскі, вялікі арганізатар транспартна-гандлёвага таварыства, вялікі кіраўнік прадпрыемства, у якога ў абароце амаль чатыры мільёны рублёў штогод, выехаў у Парыж як першы лепшы паштальён у Мілосну… Аднаго дня ён гаварыў (мне самому), што не ведае, калі паедзе, а на другі дзень – трах-бах… і ўжо след яго прастыў.
Ён з’еў вытанчаны абед у яснавяльможных Ленцкіх, выпіў кавы, пачысціў зубы і – з’ехаў. Натуральна. Пан Вакульскі зусім не бедалага распарадчы, які павінен прасіць у гаспадара аб адпачынку раз на некалькі гадоў.
Пан Вакульскі капіталіст, у яго амаль шэсцьдзесят тысяч рублёў штогод, жыве за панібрата з графамі і князямі, ладзіць дуэлі з баронамі і выязджае, калі хоча. А вы, мае канторшчыкі, якім я плачу, спраўляйцеся са справамі. Якраз за гэта вы атрымліваеце зарплату і дывідэнды. І гэта купец?... Гэта блазнота, скажу я вам, а не купецтва!...
Так, можна выехаць у Парыж і нават па-вар’яцку, але не ў такі час. Тут, пане, берлінскі кангрэс нарабіў спраў, - тут, пане, Англія за Кіпр, Аўстрыя за Боснію... Італьянцы лямантуюць: “Дайце нам Трыест, бо будзе дрэнна!...” Тут ужо чуваць, пане, што ў Босніі ліецца кроў патокамі і (каб толькі жніво скончыць) вайна выбухне напярэдадні зімы і гэта без сумнення... А ён тымчасам ляціць у Парыж!...
Стоп! Чаму ён так раптам выехаў у Парыж?... На выставу?... Якая яму справа да выставы. А можа па той справе, якую павінен быў залатвіць з Сузіным?... Цікава мне, на якіх гэта справах маюць прыбыткі па пяцьдзесят тысяч рублёў, так сабе з нічога?... Яны мне кажуць пра вялікія машыны для нафты ці для чыгункі, ці для цукровага заводу?... Але ці вы, анёлкі, замест таго каб ехаць па надзвычайныя машыны, не едзеце па звычайныя гарматы?... Францыя, толькі паглядзець, як учэпіцца за чупрыну Германіі... Малы Напалеончык нібыта сядзіць у Англіі, але ж з Лондана да Парыжа бліжэй чым з Варшавы да Замосця...
Эй!... пане Ігнацы, - не спяшайцеся вы з тымі меркаваннямі аб пане В. ( у такіх выпадках лепш не вымаўляць усяго прозвішча), не ганьце яго, бо можаце зрабіць пасмешышчам.  Тут рыхтуецца пэўная вялікая кабала: гэты пан Ленцкі, які некалі быў у Напалеона ІІІ, і гэты нібыта акцёр Росі, італьянец… ( італьянцы раптам узгадваюць аб Трыесце…), і гэты абед у Ленцкіх перад самым ад’ездам, і гэта купля камяніцы.
Панна Ленцкая прыгожая- та- прыгожая, але ж яна толькі жанчына і для яе Стах не  рабіў бы столькі шаленстваў… У гэтым ёсць штосьці ад п… (у такіх выпадках найлепш гаварыць скарачэннямі). Але ў гэтым нейкае вялікае П.
Будзе ўжо тыдні два, як выехаў бедны хлопец, можа назаўсёды… Лісты піша кароткія і сухія, аб сабе не кажа нічога, а мяне так ахоплівае сум, што, часам, месца знайсці не магу. (Ну, пэўна гэта не па ім, а толькі так, па звычцы).
Я памятаю, калі ён выязджаў. Мы ўжо зачынілі магазін і якраз за гэтым столікам я піў гарбату (Ір увесь час мой хварэе), калі раптам забягае ў пакой лёкай Стаха:
- Гаспадар просіць! - крыкнуў ён і ўцёк. (Што гэта за нягоднік, і што за пустэча!... Трэба было бачыць міну, з якой стаяў у дзвярах і сказаў: “гаспадар просіць!” Быдла.)
Я хацеў яму выказаць: блазан нейкі, твой гаспадар з’яўляецца гэтакім толькі для цябе, але паляцеў на злом галавы.
Я хутка скончыў гарбату, Іру наліў крыху малака ў місачку і пайшоў да Стаха. Гляджу, а ў браме яго лёкай какетнічае адразу з трыма дзяўчынамі, што як лані. Ну, думаю, такі абібок і чатыром бы даў рады, хаця… (З гэтымі жанчынамі сам чорт не дойдзе да парадку. Напрыклад пані Ядвіга, худзенькая, маленькая, бязважкая, а ўжо трэці муж хварэе пры ёй на сухоты.)
Уваходжу наверх. Дзверы ў пакой не зачынены, а сам Стах пры святле лямпы пакуе чамадан. Штосьці мяне кранула.
-       Што гэта значыць? – пытаюся я.
-       Я еду сёння ў Парыж, - адказаў ён.
-       Ты ўчора казаў, што яшчэ не так хутка паедзеш?...
-       Ах, учора… - адказаў ён.
-       Ён адышоўся ад чамадана і падумаў з хвіліну; потым дадаў незвычайным тонам:
-       Яшчэ учора… я памыляўся…
Словы гэтыя прымусілі мяне задумацца аб нечым прыкрым. Я зірнуў на Стаха з увагай і ахапіла мяне здзіўленне. Я б ніколі не думаў, каб чалавек нібы і здаровы, а ў любым выпадку не паранены, мог змяніцца так на працягу некалькіх гадзін. Ён пабляднеў, вочы запалі, амаль здзічэў…
- Адкуль жа гэтая раптоўная змена … праекту? – спытаў я, адчуваючы, што пытаюся не аб тым, аб чым хацеў бы ведаць.
- Мой даражэнькі, - адказаў ён, - ці ж ты не ведаеш, што неаднойчы адно слова змяняе намеры, нават людзей… А не толькі адна размова! – дадаў ён шэптам. Увесь час  збіраючы розныя рэчы выйшаў у залу. Прайшла хвіліна – ён не вяртаецца… Я паглядзеў праз адхіленыя дзверы і ўбачыў, што ён стаіць, абапіраючыся аб парэнч стула і пазіраючы безсэнсоўна ў вакно.
- Стах…
Ён апамятаўся – і зноў вярнуўся да пакавання, пытаючыся:
- Што ты хочаш?
- З табой штосьці адбываецца.
- Нічога.
- Ужо даўно я не бачыў цябе такім.
Ён усміхнуўся.
- Напэўна ад той пары, - адказаў ён, - калі вунь дантыст дрэнна вырваў мне зуб, і ў дадатак здаровы…
- Дзіўным мне падаецца гэта тваё выбіранне ў дарогу, - прамовіў я. – Можа хочаш мне што-небудзь сказаць?...
- Сказаць?... Ах, сапраўды… У банку ў нас  каля ста дваццаці тысяч рублёў, таму грошай вам хопіць… Далей… Што далей?... – пытаў ён сам сябе. – Ага!... Не рабі больш сакрэту, што я купіў камяніцу Ленцкіх. Больш таго, зайдзі туды і папрызначай арэндную плату па ранейшых цэнах. Пані Кшэшоўскай можаш падвысіць якіх дзесяць рублёў, няхай крыху пазлуецца, але бедных не душы… Жыве там якісьці шавец, нейкія студэнты; бяры ад іх, колькі дадуць, толькі каб плацілі рэгулярна.
Ён зірнуў на гадзіннік, і бачачы, што час яшчэ ёсць, лёг на шэзлонг і ляжаў моўчкі, з рукамі над галавой і прыкрытымі вачыма. Выгляд гэты быў больш усялякіх слоў варты жалю. Я сеў у нагах і прамовіў:
- Што з табой, Стах?... Скажы, што з табой. Я добра ведаю, што не дапамагу, але бачыш…  Згрызоты як атрута: лепш бы яе выплюнуць…
Стасік зноў усміхнуўся (як я не люблю яго гэтыя паўусмешкі) і праз хвіліну адказаў:
- Я памятаю, (даўно гэта было!), як сядзеў у адной харчэўні з нейкім франтам, які быў дзіўна шчыры. Ён расказваў мне сапраўдныя звесткі пра сваю сям’ю, пра свае стасункі, пра свае вялікія справы, а потым вельмі ўважліва слухаў пра мае. Ну – і цудоўна іх скарыстаў…
- Што гэта значыць? – спытаў я.
- Гэта значыць, мой стары, што паколькі я не хачу з цябе здабываць ніякіх прызнанняў, то і перад табой не маю патрэбы рабіць іх.
- Як гэта, - усклікнуў я, - так вось ты разумееш даверлівую размову з сябрам?
- Супакойся, - прамовіў ён, узнімаючыся з канапы. – Гэта магчыма добра, але для пенсіянерак… Я зрэшты не маю нічога для такой размовы нават з табой. Як мне сумна!... – прамармытаў ён, пацягваючыся.
Цяпер толькі ўвайшоў лайдак лёкай: узяў чамадан Стаха і паведаміў, што коні чакаюць перад домам. Мы селі ў экіпаж, Стах і я, але па дарозе да чыгункі не абмяніліся ні словам. Ён пазіраў на зоры, свішчучы праз зубы, а я думаў, што еду – як на пахаванне.
На вакзале Венскай чыгункі сустрэў нас доктар Шуман.
-       Ты едзеш у Парыж? – спытаў ён Стаха.
-       А ты адкуль ведаеш?
-       О, я ўсё ведаю. Нават тое, што тым самым цягніком едзе пан Старскі.
Стах схамянуўся.
-       Што гэта за чалавек? – спытаў ён у доктара.
-       Марнатраўца, банкрут… як зрэшты ўсе яны, - адказаў Шуман. – Ну і экс-канкурэнт… - дадаў ён.
-       Мне ўсё роўна.
Шуман не адказаў нічога, толькі зірнуў з-пад ілба.
Пачалі званіць, свісцець. Падарожныя кінуліся да вагонаў, Стах паціснуў нам рукі.
-       Калі вяртаешся? – запытаў яго доктар.
-       Я хацеў бы… ніколі, - адказаў Стах і сеў у пустое купэ першага класа. Цягнік рушыў. Доктар у задуменні пазіраў на ліхтары, якія аддаляліся, а я… Амаль не расплакаўся…
Калі швейцары пачалі зачыняць дзверы перона, я ўгаварыў доктара на шпацыр па Іерусалімскіх Алеях. Ноч была цёплая, неба чыстае, я не памятаю, каб калі-небудзь бачыў больш зорак. А паколькі Стах казаў мне, што ў Балгарыі ён часта пазіраў на зоркі, то (забаўны праект!) і я вырашыў з таго часу штовечар пазіраць на неба. (а можа насамрэч на якім-небудзь з міргатлівых аганькоў спаткаюцца нашы позіркі ці думкі і ён не будзе адчуваць сябе такім ужо самотным як тады?)
Раптам (я не ведаю нават адкуль) нарадзілася ўва мне  падазрэнне, што неспадзяваны ад’езд Стаха мае сувязь з палітыкай. Я вырашыў таму выпытаць Шумана і хочучы зрабіць гэта непрыкметна, прамовіў:
-       Штосьці мне падаецца, што Вакульскі … нібы закаханы?...
Доктар затрымаўся на ходніку і абапёршыся на свой кій, пачаў смяяцца так, што аж звяртаў увагу на шчасце нешматлікіх прахожых.
-       Ха! Ха!... вы толькі сёння зрабілі настолькі неверагоднае адкрыццё?...Ха!... ха!... вы мне падабаецеся, старына!
Недарэчны быў жарт. Аднак я прыкусіў губу і адказаў:
-       Зрабіць гэта адкрыццё было лёгка, нават для людзей… менш здагадлівых, чым я ( здаецца, што яго крыху гэта кранула). Але я люблю быць асцяржным ў дапушчэннях, пане Шуман… Зрэшты, я не лічыў, каб магла вырабляць з чалавекам падобныя фокусы такая звычайная рэч як каханне.
-       Памыляецеся, сябар, - адказаў доктар, машучы рукой. – Каханне – звычайная рэч з пункту гледжання прыроды, і нават, калі хочаш, Бога. Але ваша неразумная цывілізацыя , якая грунтуецца на поглядах рымскіх, якія даўно ўжо памерлыя і пахаваныя, на ітарэсах папства, на трубадурах, аскетызме, каставасці і да таго падобных рэчах, з натуральнага пачуцця зрабіла… ведаеш што?... Зрабіла нервовую хваробу!... Ваша нібыта каханне рыцарска-касцёльна-рамантычнае насамрэч з’яўляецца агідным гандлем, які грунтуецца на падмане, які вельмі слушна трымаецца на старажытных галерах, якія называюцца шлюб. Бяда аднак тым, хто на падобны кірмаш прыносіць сэрцы… Колькі ён забірае часу, працы, здольнасці, ба! Нават экзыстэнцый… Я ведаю гэта добра, - казаў ён далей, задыхаўшыся ад злосці – бо хоць я і яўрэй і застануся ім да канца жыцця, аднак я выхаваўся сярод вас, і нават заручыўся з хрысціянкай… Ну і столькі нам створана палёгкі ў нашых намерах, так чула клапаціліся аб нас у імя рэлігіі, маральнасці, традыцыі і ўжо не ведаю чаго, але яна памерла, а я спрабаваў атруціцца… Я, такі разумны, такі лысы!...
-       Ён зноў спыніўся на ходніку.
-       Вер мне, пане Ігнацы, - скончыў ён ахрыплым голасам, - што нават сярод жывёл не знойдзеш такіх подлых жывёлін як людзі. Ва ўсёй прыродзе самец належыць той самцы, якая яму падабаецца і якой ён падабаецца. Гэта значыць у жывёл няма ідыётаў. Але ў нас!... Я яўрэй, таму нельга мне кахаць хрысціянку… Ён купец, таму не мае права на графіню… А ты, хто не валодае грашыма, не маеш правоў ні да якой увогуле жанчыны… Подлая ваша цывілізацыя!... Я хацеў бы бадай зараз жа згінуць, але перашкаджаюць мне яе руіны…
Увесь час мы ішлі да шлагбаумаў. Некалькі мінут таму павеяў вільготны вецер і дуў нам проста ў вочы. На захадзе пачалі знікаць зоркі, якія засланяліся хмарамі. Ліхтары трапляліся ўсё радзей. Калі-нікалі ў Алеі тарахцела фурманка, абсыпаючы нас нябачным пылам; познія прахожыя ўцякалі да сцен дамоў.
“Будзе дождж!... Стах ужо каля Градзіска”, - падумаў я.
Доктар насунуў капялюш на галаву і ішоў узрушаны, маўклівы. Мне было усё больш маркотна, можа па прычыне нарастаючай цемры. Я не сказаў бы гэтага нікому і ніколі, але неаднойчы мне самому прыходзіць на думку, што Стах… насамрэч ужо не дбае пра палітыку, бо цалкам патануў у фалдах сукенкі гэтай панны. Мне здаецца, што я яму нават штосьці аб гэтым гаварыў некалі і што тое, што ён мне адказаў, зусім не паслабіла мае падазрэнні.
-       Ці магчыма, - азваўся я, -  каб Вакульскі так моцна забыўся пра справы агульныя, пра палітыку, пра Еўропу…
-       З Партугаліяй,  -заўважыў доктар.
-       Гэты цынізм абурыў мяне.
-       Ты з сябе кпіш, - прамовіў я. – Аднак не будзеш пярэчыць, што Стах мог стаць кімсьці лепшым, чым няшчасным залётнікам панны Ленцкай. Гэта быў бы дзеяч грамадскі, не нейкі там неразумны закаханы…
-       Маеце рацыю, - пацвердзіў доктар, - але што ж з таго?... Паравая машына гэта ж не млынок для кавы, гэта вялікая машына; але калі ў ёй заіржавеюць колцы, зробіцца хламам не для ўжытку і нават небяспечным. Вось і ў Вакульскім ёсць падобнае колца, якое ржавее і псуецца…
Вецер дуў усё мацней; у мяне былі вочы поўныя пяску.
-       І адкуль якраз на яго звалілася гэтае няшчасце? – азваўся я.  (Але нядбалым тонам, каб Шуман не думаў, што я хачу звестак).
-       Да гэтага прывялі і характар Стаха, і стасункі, створаныя цывілізацыяй, - адказаў доктар.
-       Характар?... Ён ніколі не быў падкі на каханне.
-       Гэтым ён сябе і загубіў, - працягваў Шуман. – Тысяча цэнтнераў снегу, раздзеленага на сняжынкі, толькі прысыпаюць зямлю, не перашкаджаючы найменшай травінцы; але сто цэнтнераў снегу, збітых у адну лавіну разбураюць дамы і забіваюць людзей. Калі б Вакульскі кахаў на працягу ўсяго жыцця штотыдзень новую жанчыну, то выглядаў бы як бутон, меў бы свабодныя думкі і мог бы зрабіць шмат добрага на свеце. Але ён, як скупы, назапашваў капіталы сэрца, ну і зараз мы бачым вынік гэтай ашчаднасці. Каханне тады прыгожае, калі мае рысы матыля; але калі пасля доўгага летаргічнага сну прачнецца як тыгр, то дзякуй за забаву!... Адна справа чалавек з добрым апетытам, і іншая справа той, якому голад скручвае вантробы…
-       Хмары ўзнімаліся ўсё вышэй; мы павярнулі амаль ад шлагбаумаў. Я падумаў, што Стах павінен быць ужо каля Руды Гузоўскай.
А доктар увесь час гаварыў, усё больш разгарачаючыся, усё больш рэзка машучы кіем:
-       Існуе гігіена памяшканняў і адзення, гігіена харчавання і працы, якіх не прытрымліваюцца ніжэйшыя класы, і гэта прычына вялікай смяротнасці сярод іх, кароткага жыцця і хваравітасці. Але ёсць таксама гігіена кахання, якой не толькі не прытрымліваюцца, але папросту пагарджаюць ёй інтэлігентныя класы, і гэта з’яўляецца адной з прычын іх упадку. Гігіена  запавядае: “Еж тады, калі ў цябе ёсць апетыт!”, а насуперак ёй тысяч правіл хапае за полы , крычачы: “нельга!... будзеш есці, калі мы табе дазволім, калі выканаеш такія і вось такія яшчэ ўмовы, заснаваныя маральнасцю, традыцыяй, модай…” Трэба прызнаць, што ў гэтым выпадку найбольш  адсталыя народы апярэдзілі найбольш  паспяховыя супольнасці, а хутчэй іх інтэлігенцыю.  І прыгледзься, пане Ігнацы, як узгоднена ў напрамку адурэння людзей працуе дзіцячы пакой і салон, паэзія, аповесць і драма. Загадваюць табе шукаць ідэалы, самому быць ідэальным аскетам і не толькі выконваць, але нават ствараць нейкія штучныя ўмовы. А што з гэтага атрымліваецца ў выніку?... Што мужчына, звычайна менш дасведчаны ў  гэтых рэчах, становіцца здабычай жанчыны, якую толькі ў гэтым кірунку развіваюць. І вось цывілізацыяй насамрэч кіруюць жанчыны!...
-       Ці ў гэтым ёсць штосьці дрэннае? – спытаў я.
-       А чорт пабяры! – усклікнуў доктар. – Ці  вы не заўважалі, пане Ігнацы, што калі мужчына з духоўнага пункту гледжання – муха, то жанчына – яшчэ горшая муха, бо пазбаўлена лап і крылаў. Выхаванне, традыцыя, а можа нават спадчыннасць, пад маркай стварэння з яе вышэйшай істоты, робяць з яе істоту страшную. І гэтае марнатраўнае страшыдла, са скрыўленымі стопамі, са сціснутым тулавам, пустым мозгам, мае яшчэ абавязак выхоўваць наступныя пакаленні чалавецтва!... Што ж ім прывіваюць? Ці дзеці вучацца зарабляць на хлеб?.. Не, вучацца правільна трымаць нож і відэлец. Ці яны вучацца мець стасункі з людзьмі, з якімі ім неклі прыйдзецца жыць?... Не, вучацца ім падабацца з дапамогай стасоўных выразаў твару і паклонаў. Ці можа вучацца рэальным фактам, якія вырашаюць наша шчасце і няшчасце?... Не, вучацца закрываць вочы на факты, а марыць пра ідэалы. Наша мяккасць у жыцці, наша непрактычнасць, лянота, падхалімства і тыя страшыя путы дурноты, якія спакон вякоў гнятуць людзей, гэта вынік педагогікі, створанай жанчынамі. А нашы ізноў жа жанчыны гэта прадукт клерыкальна-феадальна-паэтычнай тэорыі кахання,  якая пярэчыць гігіене і здароваму розуму. 
 У галаве  шумела ад высноў доктра, а ён тым часам злуецца на вуліцы як шалёны.  На шчасце блісканула, упалі першыя кроплі дажджу, а разгарачаны прамоўца раптам астыў і скочыўшы ў нейкую фурманку папрасіў адвезці яго дадому.
Стах быў ужо напэна каля Рогава. Ці таксама дадумаўся, што мы толькі пра яго гаварылі? І што ён, бядак, адчуваў, маючы адну навальніцу над галавой, а другую, можа горшую, у сэрцы?
Фу! Што за лівень, што за кананада перуноў… Скручаны ў клубок Ір адказвае ім са сну прыцішаным голасам, а я кладуся ў ложак, накрыты толькі пакрывалам. Гарачая ночка. Мілы Божа, дапамажы тым, хто ў падобную ноч уцякаюць за мяжу ад няшчасця. Неаднойчы досыць гэтага малога выбрыку, каб рэчы, старыя як чалавечыя грахі, падаліся нам цалкам іншымі.
Я напрыклад ведаю Старэ Място з дзяцінства і заўсёды здавалася мне, што яно толькі цеснае і бруднае. Толькі калі паказалі мне як асаблівасць малюнак аднаго з дамоў старога мяста (ды яшчэ ў “Тыгодніку Ілюстраваным”, з апісаннем!), я раптам заўважыў, што Старэ Мяста прыгожае… Ад таго часу я хаджу туды як найменш адзін раз на тыдзень і не  толькі адкрываю ўсё новыя асаблівасці, але яшчэ дзіўлюся, што іх не заўважыў раней. Таксама з Вакульскім. Я ведаю яго амаль дваццаць гадоў і увесь час думаў, што ён па крыві і па косці палітык. Галаву даў бы сабе адсекчы, што Стах нічым больш не займаецца, толькі палітыкай. Толькі дуэль з баронам і авацыі для Росі абудзілі ўва мне падазрэнні, што ён можа быць закаханы. У чым я ўжо сёння не сумняваюся, асабліва пасля размовы з Шуманам.
Але гэта дробязь, бо і палітык можа быць закаханы. Так і Напалеон І кахаў направа і налева і нягледзячы на гэта уражваў Еўропу. НапалеонІІІ таксама меў шмат каханак, і чую, што і сын ідзе па яго слядах і ўжо знайшоў сабе якуюсьці англічанку.
Калі ж слабасць да жанчын не кампраметуе Банапартаў, то чаму павінна была б перашкаджаць Вакульскаму?...
І якраз калі я так разважаў, адбыўся дробны выпадак, які нагадаў мне падзеі, якім ужо больш за дзесятак гадоў, а і самога Стаха я ўявіў у іншым святле. Ох, не палітык ён; ён хтосьці зусім іншы, пра што нават не маю паняцця. Часам падаецца мне, што гэта чалавек, які пакрыўджаны грамадствам. Але пра гэта маўчок!... Грамадства нікога не крыўдзіць… Калі б аднойчы перастаць у гэта верыць, Бог ведае, якія аказаліся б прэтэнззіі. Можа нават ніхто б не займаўся палітыкай, толькі б думаў аб выраўноўванні рахункаў са сваімі блізкімі. Лепш таму не чапаць гэтыя пытанні. (Як я шмат нагворваю на старасць, а ўсё не тое, аб чым хачу сказаць). Аднаго вечара п’ю гэта я ў сябе гарбату (Ір увесь час асавелы), аж адчыняюцца дзверы і хтосьці ўваходзіць. Я гляджу, фігура з лішняй вагой, твар наліты, нос чырвоны, лоб сівы. Я прынюхваюся, у пакоі адчуваецца пах віна і затхласці.
“гэты шляхціц, - думаю я, - ці нябожчык, ці вінароб?... Бо ніякі іншы чалавек не будзе пахнуць затхласцю…”
-       Што ж, чорт вазьмі!... – дзівіцца госць: - Ты так заганарыўся, што людзей не пазнаеш?...
Я працёр вочы. Але ж гэта жывы Махальскі, дэгустатар у Гопфера!... Разам былі ў Венгрыі, пазней тут, у Варшаве; але ужо пятнаццаць гадоў не бачыліся; калі ж ён жыве ў Галіцыі і увесь час працуе дэгустатарам.
Натуральна, мы прывіталіся як блізняты, раз, другі і трэці…
-       Калі ж ты прыехаў? – пытаюся.
-       Сёння зраніцы, - кажа ён.
-       А дзе ты быў да гэтага часу?
-       Я заехаў у “Дэканку”, але мне было так сумна, што адразу ж пайшоў да Лесіша, у паграбок… Вось гэта, пане, паграбок!... жыць, не паміраць…
-       Што ж ты там рабіў?
-       Крыху дапамагаў старому, а зрэшты сядзеў. Я не дурань хадзіць па горадзе, калі ёсць такі паграбок…
Гэта сапраўдны дэгустатар, якія былі раней!... Не цяперашні франт, які, бестыя,  абірае наведванне танцавальнага вечара, а не праседжвае ў паграбку. І нават у паграбок бярэ лакіраваныя туфлі… Гіне Польшча з такімі подлымі купцамі!...
Так не спыняючы размову, мы праседзелі да першай гадзіны ночы. Махальскі пераначаваў у мяне, ды а шостай ранкам зноў паляцеў да Лесіша:
-       Што ты будзеш рабіць пасля абеду? – пытаюся.
-       Пасля абеду я зайду да Фукера, а нанач вярнуся да цябе, - адказаў ён.
Ён быў з тыдзень у Варшаве. Начаваў у мяне, а дні праводзіў у паграбках.
-       Я павесіўся б, - сказаў ён, - каб мне давялося тыдзень бадзяцца па вуліцах. Сціск, спякота, пыл!... свінні могуць жыць так як вы, але не людзі.
Мне падаецца, што ён перабольшвае. Бо хоць і я абіраю хутчэй склеп, чым Кракаўскае Прадмесце, аднак жа любы нават склеп, гэта не паграбок. Стаў дзіваком селянін на сваім дэгуставанні.
Натуральна, пра што ж мы маглі размаўляць з Махальскім, калі не пра ранейшыя часы і пра Стаха? І такім чынам паўстала ў мяне перад вачыма гісторыя яго маладосці, нібыта яе бачыў учора.
Я памятаю (гэта быў 1857 год, можа 58), я зайшоў аднойчы да Гопфера, у якога працаваў Махальскі.
- А дзе пан Ян? – пытаюся я ў хлопца.
- У паграбку.
Я зайшоў у паграбок. Гляджу, мой пан Ян пры свечцы з лою пералівае з дапамогай дамкрата віно з бочкі ў бутэлькі, а ў аконнай нішы маячаць нейкія два цені: сівы стары ў пясочным сурдуце, са стосам папер на каленах, і малады хлопец з коратка пастрыжаным ілбом і выразам твару разбойніка. Гэта быў Стах Вакульскі і яго бацька.
Я сеў ціха (бо Махальскі не любіў, каб яму перашкаджалі пры пераліванні віна), а сівы чалавек ў пясочным сурдуце кіраваў аднастайным голасам гэтаму маладзёну:
- Што гэта аддаваць грошы на кніжкі?... Мне давай, бо калі буду вымушаны перапыніць працэс, усё змарнее. Кніжкі не выдабудуць цябе з абняслаўлення, у якім ты зараз знаходзішся, толькі працэс. Калі я яго выйграю і мы атрымаем нашу спадчыну пасля дзеда, тады узгадаюць сабе, што Вакульскія – старая шляхта, і нават знойдзецца сям’я… У мінулым месяцы ты аддаў дваццаць злотых на кніжкі, а мне акурат столькі не хапала на адваката… Кніжкі!... заўсёды кніжкі… Калі б ты быў мудры, як Саламон, пакуль ты знаходзішся ў магазіне, табой будуць пагарджаць, хаця ты і шляхціц, а твой дзед па маці быў каштэлянам. Але як выйграю працэс, як выедзем на вёску…
- Пайшлі адсюль, тата, - прабурчэў хлопец, з-пад ілба пазіраючы на мяне.
Стары, паслухмяны як дзіця, закруціў свае паперы ў чырвоную хустку і выйшаў з сынам, які падтрымліваў яго на сходах.
-       Што гэта за адступнікі? – пытаю я Махальскага, які якраз скончыў працу і сеў на зэдліку. – Ах!... – махнуў ён рукой. – Стары – вар’ят, але хлопец вельмі здольны. Яго клічуць Станіслаў Вакульскі. Спрытны, бестыя!...

-       Што ж ён зрабіў? – пытаюся я.
Махальскі паправіў пальцамі свечку і наліўшы сабе кілішак віна, сказаў:
-       Ён тут у нас ужо амаль чатыры гады. Да магазіна ці да паграбка не вельмі што… Але механік!... Збудаваў такую машыну, што пампуе ваду з нізу  на верх, а з верху ліецца на кола, якое якраз рухае помпу. Такая машына можа круціцца і пампаваць невядома колькі; але штосьці ў ёй скрывілася, таму працавала толькі каля чвэрці гадзіны. Стаяла там наверсе, у сталовай, і прыцягвала да Гопфера гасцей; але ўжо паўгода як штосьці ў ёй лопнула.
-       Вось які!... – кажу я.
-       Ну, яшчэ не надта каб гэтакі ўжо, - адказаў Махальскі. – Быў тут адзін прафесар з рэальнага вучылішча, агледзеў помпу і сказаў, што яна ўжо ні да чаго не прыдатная, але што хлопец здольны і павінен вучыцца. З таго часу у нас у магазіне судны дзень. Вакульскі заганарыўся, кліентам адбуркваецца, удзень выглядае, нібы дрэмле, а затое вучыцца па начах і купляе кніжкі. Яго ж бацька хацеў бы гэтыя грошы ўжыць на працэс аб якойсьці там спадчыне ад дзеда… Ты ж чуў відаць, што ён гаварыў.
-       Што ж ён хоча рабіць з гэтай навукай? – прамовіў я.
-       Кажа, што паедзе ў Кіеў, ва універсітэт. Ха! Няхай едзе, - працягваў Махальскі, - можа хоць адзін распарадчы стане чалавекам. Я яму ў гэтым не перашкаджаю; калі ён у паграбку, то не нагружаем яго працай; няхай сабе чытае. Але наверсе надакучаюць яму спрадаўцы і пакупнікі.
-       А што на гэта кажа Гопфер?
-       Нічога, - працягваў Махальскі, змяшчаючы новую свечку з лою ў жалезны ліхтар з ручкай. – Гопфер не хоча яго адпускаць яго ад сябе, бо Кася, яго дачка, закаханая крыху ў Вакульскага, а можа  хлопец атрымае спадчыну ад дзеда?...
-       І ён закаханы ў Касю? – спытаў я.
-       Нават не пазірае ў яе бок, дзікун! – адказаў Махальскі.
Адразу цяпер я падумаў, што хлапец з такой светлай галавой, які купляе кніжкі і не дбае пра дзяўчат, мог бы быць добрым палітыкам; таму яшчэ ў гэты дзень я пазнаёміўся са Стахам і з таго часу у нас не горшыя стасункі… Стах быў яшчэ амаль тры гады ў Гопфера і на працягу гэтага часу наладзіў шмат знаёмстваў сярод  студэнцтва, з маладымі чыноўнікамі разнастайных кантор, якія навыперадкі даставалі для яго кніжкі, каб ён мог здаць экзамен ва універсітэт. Сярод гэтай моладзі вылучаўся нейкі пан Леон, хлапец яшчэ малады ( не было яму нават дваццаці гадоў), прыгожы, і разумны… і запальчывы!... Гэты нібыта быў маім памочнікам у палітычнай адукацыі Вакульскага: калі я расказваў пра Напалеона і вялікім прызначэнні Банапартаў, пан Леон гаварыў аб Мазіні, Гарыбальдзі і ім падобных знакамітасцях. А як ён умеў узнімаць дух!...
-       Працуй, - казаў ён неаднойчы Стаху, - і вер, бо моцная вера можа запаволіць рух сонца, а не толькі палепшыць чалавечыя стасункі.
-       А можа мяне паслаць ва універсітэт? – запытаў Стах.
-       Я ўпэўнены, - адказаў Леон і вачыма, што заіскрыліся, - што калі б ты хоць на хвіліну верыў так, як першыя апосталы, то яшчэ сёння апынуўся б ва ўніверсітэце…
-       Ці ў вар’ятаў, - буркнуў Вакульскі.
     Леон пачаў бегаць па пакоі і трэсці рукамі.
-       Што за лёд у гэтых сэрцах!... што за холад!... што за няслава!... – усклікваў ён, - калі нават такі чалавек як ты яшчэ не веруе. Таму прыгадай сабе; штосьці ўжо зрабіў за такі кароткі час: столькі ўмееш, што мог бы сёння нават здаваць экзамен…
-       Што я там магу зрабіць? – уздыхнуў Стах.
-       Ты адзін – гэта няшмат. Але некалькі дзесяткаў, некалькі соцен такіх як ты і я… Ведаеш, што мы можам зрабіць?...
У гэтым месцы прапаў у яго голас: Леона затрэсла. Ледзьве яго супакоілі.
Іншым разам пан Леон выгаворваў нам за недахоп духу самаахвярнасці.
-       Вы ж ведаеце, - казаў ён, - што Хрыстос сілай самаахвярнасці адзін збавіў чалавецтва?... Наколькі ж свет удасканаліўся б, калі б на ім увесь час былі адзінкі, гатовыя ахвяраваць жыццём!...
-       Што, я павінен аддаваць жыццё за гэтых пакупнікоў, якія мяне лаюць, як сабаку, ці за гэтых хлопцаў і прыказчыкаў, якія здзекуюцца з мяне? – пытаў Вакульскі.
-       Не выкручвайся! – закрычаў пан Леон. – Хрыстос загінуў нават за  сваіх катаў… Але сярод вас няма душы… душа ў вас гніе… Паслухай жа, што кажа Тыртэй: “О Спарта, знікні! Перш чым помнік тваёй велічы, магілу продкаў, месінскі зруйнуе молат і на з’ядзенне сабакам раскідае святыя косці, і продкаў цень адгоніць ад тваіх варот… Ты, народ, перш чым вораг у путах цябе павалачэ, бацькоў  тваіх мячы на парогах дамоў зламай і ў бездань кінь… Няхай не ведае свет, што мячы былі сярод вас, толькі сэрца вам не хапіла!... Сэрца! – паўтарыў пан Леон.
І Стах ужо ва ўспрыняцці тэорый пана Леона быў вельмі асцярожны; але малады хлопец умеў усіх пераконваць як Дэмасфен.
Я памятаю, што пэўнага вечара на шматлікім сходзе людзей больш маладых і старэйшых расчуліліся ўсе, калі пан Леон расказаў аб гэтым найдасканальшым свеце, у якім згіне глупства, беднасць і несправядлівасць.
- З гэтай хвіліны, - сказаў з пафасам, - не будзе ўжо розніцы паміж людзьмі. Шляхта і мяшчане, сяляне і яўрэі, усе будуць братамі…
- А прыказчыкі?... – азваўся з кута Вакульскі.
Але перапынак не збянтэжыў пана Леона. Раптам ён звярнуўся да Вакульскага, пералічыў усе непрыемнасці, якія Стаху чыніліся ў магазіне, перашкоды, якія з’яўляліся ў яго ў працы над навукай, і закончыў такім чынам:
-       Каб ты паверыў, што з’яўляешся роўным нам і што любім цябе як брата, каб ты мог супакоіць тваё сэрца, разгневанае на нас, вось я… кленчу перад табой і ад імя чалавецтва прашу цябе аб прабачэнні крыўды.
Па сутнасці, ён стаў на калены перад Стахам і пацалаваў яго руку. Сабраныя расчуліліся яшчэ больш, узнялі Стаха і Леона  і пакляліся, што за такіх людзей, як яны, кожны аддаў бы жыццё. Сёння, калі я сабе ўзгадваю гэтыя падзеі, часам мне здаецца, што гэта быў сон.
Што праўда, ніколі да гэтага ці пазней я не спаткаў такога энтузіяста як пан Леон. У пачатку года 1861 Стах падзякаваў Гопферу за месца працы. Пасяліўся ў мяне (у гэтым пакойчыку з закратаваным вакном і зялёнымі фіранкамі), пакінуў гандаль, затое пачаў хадзіць на акадэмічныя лекцыі як вольны слухач.
Дзіўнае было яго развітанне з вінным паграбком; я памятаю гэта, бо сам па яго прыйшоў. Гопфера ён пацалаваў, а потым зайшоў у паграбок абняць Махальскага, дзе затрымаўся на некалькі хвілін. Седзячы на стуле ў сталовым пакоі, я чуў нейкі шум, смех хлопцаў і пакупнікоў, але я не падазраваў такога фокуса.
І вось (праход, які вёў у падвал быў у гэтым самым пакоі) я бачу, што з паграбка з’яўляецца пара чырвоных рук. Рукі гэтыя абапіраюцца на падлогу і тут жа за імі паказваецца галава Стаха адзін раз і другі. Пакупнікі і хлопцы давай смяяцца.
- Ага! – усклікнуў адзін сталаўнік, - бачыш, як цяжка без сходаў выйсці з пограба? А табе хочацца адразу скочыць са склепа ва універсітэт!... Выйдзі ж, калі такі разумны… Стах з глыбіні зноў высунуў рукі, зноў схапіўся за край праходу і вылез да паловы тулава. Я думаў, што ў яго кроў пырсне са шчок.
- Як ён  стараецца… Прыгожа атрымліваецца! – закрычаў другі сталаўнік.
Стах адштурхнуўся нагой ад падлогі і праз хвіліну быў ужо ў склепе. Ён не раззлаваўся, але таксама не падаў рукі ніводнаму калегу, толькі забраў сваю помпу і пайшоў да дзвярэй.
-       Што ж гэта, ты не развітваешся з кліентамі, пане доктар!... – крычалі ўслед яму сталаўнікі Гопфера.
Мы ішлі па вуліцы не размаўляючы. Стах прыкусваў вусны, а мне ўжо ў гэты час прыйшло на думку, што гэта вылазка з паграбка – сімвал яго жыцця, якое суадносіцца з выхадам яго са склепа Гопфера ў шырэйшы свет.
Прарочы выпадак!... бо і да сённяшняга дня Стах увесь час толькі ўзбіраецца наверх. І Бог ведае, што б для краіны мог зрабіць такі чалавек, калі б на кожным кроку не забіралі ў яго лесвіцы, а ён не быў вымушаны страчваць час і сілы адно  на атрыманне новых пасад. Перабраўшыся да мяне, ён працаваў цэлымі днямі і начамі, аж мяне неаднойчы злосць разбірала. Ён уставаў, калі не было яшчэ шасці, і чытаў. Прыкладна а дзесятай  ён бег на заняткі, потым зноў чытаў. Пасля чацвёртай гадзіны ён ішоў рэпетытарстваваць у некалькіх дамах (пераважна яўрэйскіх, дзе Шуман яму забяспечыў стасункі) і вярнуўшыся дадому ён зноў чытаў і чытаў, пакуль змораны сном не клаўся спаць ужо далёка за апоўнач.
Ён мог бы атрымліваць з гэтых урокаў не найгоршыя даходы, калі б час ад часу не наведваў яго бацька, які перамяніўся толькі ў тым, што насіў тытуневага колеру сурдут замест таго ж пясочнага колеру, а свае паперы абкручваў у блакітную хустачку, у астатнім застаўся такім самым як у той час, калі я з ім пазнаёміўся. Ён сядаў за столік сына, клаў на каленах паперы – і гаварыў голасам ціхім і аднастайным:
-       Кніжкі… толькі кніжкі!... Ты плаціш грошы за навуку, а мне не хапае на працэс. Калі б ты скончыў два універсітэты, то не выйдзеш з цяперашняй няславы, пакуль мы не атрымаем нашу спадчыну, што засталася ад дзеда. Тады толькі людзі прызнаюць, што ты шляхціц, роўны іншым… Тады знойдзецца сям’я…
Час, вольны ад навукі, прысвячаў Стах на вопыты з паветранымі шарамі. Ён узяў вялікую бутлю і ў ёй з дапамогай купарвасу вылучыў нейкі газ (ужо нават не памятаю, які) і напаўняў ім шар, праўда невялікі, але створаны вельмі дбайна. Была пад ім машынка з ветрачком… Ну і лётала гэта пад столлю, пакуль не сапсавалася ад удару аб сцяну.
У такім выпадку Стах зноў запускаў свой шар, парамантаваўшы машынку, напаўняў бутлю разнастайнымі паскудствамі і зноў спрабаваў, бясконца. Аднойчы бутля трэснула, а купарвас амаль не выпаліў яму вока.
Але гэта яго не спыняла, паколькі бадай што з дапамогай шара ён хацеў “выбрацца” са свайго незайздроснага становішча.
Ад часу, як Вакульскі пасяліўся ў мяне, з’явілася ў нашага склепа новая пастаянная пакупніца: Кася Гопфер. Я не ведаю, што так падабалася ёй у нас – мая барада ці тулава Яна Мінцаля? Бо ў дзяўчыны былі можа з дваццаць нарымберскіх склепаў бліжэй да дому, але прыходзіла у наш па некалькі разоў на тыдзень.
“ То прашу гарусу, то прашу ядвабу, то іголак за дзесяць грошаў…” Па такой дробнай справе бегла з вярсту дарогі ў дождж ці надвор’е, і купляючы за пару грошаў шпількі праседжвала ў нас па паўгадзіны і размаўляла са мной.
-       Чаму гэта вы ніколі не прыходзіце да нас з… панам Станіславам? – сказала яна, чырванеючы. – Тата так вас любіць і… мы ўсе…
Спачатку я дзівіўся з неспадзяванай любові старога Гопфера і распавядаў панне Касі, што вельмі мала я ведаю яе тату, каб чыніць яму візіты.
Але яна увесь час сваё:
-       Пан Станіслаў пэўна злуецца на нас, я не ведаю нават, з-за чаго, бо як найменш татка і… мы ўсе вельмі добра да яго ставімся. Пан Станіслаў напэўна не можа паскардзіцца, што з нашага боку атрымаў найменшую хаця непрыемнасць… Пан Станіслаў…
І так гаворачы аб пане Станіславе, яна купляла ядваб замест гаруса ці іголкі замест нажніц. І што самае горшае, што ад тыдня да тыдня мізарнела, бядачка. Калі некалькі разоў прыйшла да нас па свае дробязі, здавалася мне, што выглядае крыху лепш. Але калі згасаў на яе твары румянец хвіліннага ўзрушэння, то я пераконваўся, што яна ўсё больш бляднее, а вочы становяцца ўсё больш сумныя і глыбокія.
А яна дапытвалася: Ці пан Станіслаў ніколі не заходзіць  сюды, ў склеп?...” Як яна пазірала на дзверы, што праводзілі да сенцаў і майго пакою, дзе за некалькі крокаў  ад яе, наморшчыўшы лоб, сядзеў над кніжкамі Вакульскі, не здагадваючыся, што тут сумуюць без яго.
Шкада мне зрабілася бядачку, таму аднойчы, калі мы з Вакульскім пілі вечарам гарбату, я прамовіў:
-       Слухай. Не будзь жа дурнем і зайдзі калі-небудзь да Гопфера. У старога вялікія грошы.
-       А навошта я буду да яго хадзіць… - адказаў ён. – Было мне ўжо дастаткова…
Пры гэтых словах ён здрыгануўся.
-       Таму ты павінен хадзіць, што Кася ў цябе закаханая, - прамовіў я.
 - Супакойся ты з Касяй!... – перапыніў ён. – Дзяўчына  вельмі добрая, неаднойчы незаўважна прышывала мне адарваны гузік да паліто ці падкідвала мне -       кветкі на вакно, але яна не для мяне, я не для яе.
-       Галубок, а не дзіця!... – заўважыў я.
-       У гэтым усё гора, бо я не галубок. Мяне зацікавіць магла б такая толькі жанчына, як я сам. А такую я яшчэ не спаткаў.
(Спаткаў такую праз шаснаццаць гадоў і далібог, што няма чаму радавацца…)
Праз пэўны час Кася перастала бываць у магазіне, а затое стары Гопфер нанёс візіт абоім з сям’і Яна Мінцаля. Ён павінен быў ім штосьці гаварыць аб Стаху, бо на другі дзень збегла ўніз пані Малгажата Мінцаль і давай да мяне звяртацца з прэтэнзіямі:
-       Што ж гэта за жыхар у вас, у якога так закаханыя жанчыны? Што гэта за Вакульскі?... Яне, - звярнулася яна да мужа, - чаму гэты пан у нас не быў?... Мы яго павінны сасватаць, Яне... Няхай ён зараз жа прыйдзе наверх...
-       Дык няхай сабе ідзе наверх, - адказаў Ян Мінцаль, - але што да таго, каб сватаць, то не буду. Я паважаны купец і не думаю займацца зводніцтвам. 
Пані Малгажата пацалавала яго ў спацелы лоб, нібыта гэта быў яшчэ мядовы месяц, а ён лагодна адсунуў яе і абцёрся фулярам.
-       Бяда з гэтымі бабамі! – сказаў ён. – Абавязкова хочуць уцягнуць людзей у няшчасце. Сватай сабе, сватай, нават Гопфера, не толькі Вакульскага; але памятай, што я за гэта плаціць не буду.
З гэтага часу,  калі Ян Мінцаль ішоў на піва ці ў клуб, пані Малгажата запрашала да сябе на вечар мяне і Вакульскага. Стах звычайна хутка выпіваў гарбату, нават не пазіраючы на пані Янаву; потым, укладаў рукі ў кішэні і думаў пэўна пра свае паветраныя шары і маўчаў як чурбак, а наша гаспадыня угаворвала яго закахацца.
- Ці натуральна гэта, пане Вакульскі, каб вы ніколі не кахалі? – гаварыла яна. – Вам, наколькі я ведаю, амаль дваццаць восем гадоў, амаль столькі, як я... І калі я ўжо даўно лічу сябе старой бабай, вы да гэтай пары – святая наіўнасць...
Вакульскі перакладаў адну нагу на другую, але ўвесь час маўчаў.
О! Панна Катажына – гэта ласы кавалачак, - казала гаспадыня. – Вочы прыгожыя...(хаця мне здаецца, што косіць крышку, левым ці то правым?) фігурка нічога сабе, хаця адна лапатка вышэй за другую (але гэта дадае прывабнасці). Носік праўда не ў маім гусце, а вусны крыху велікаватыя, але што ж гэта за добрая дзяўчына!... Калі б гэтак крыху больш розуму... Ну, але розум, пане Вакульскі, прыходзіць да жанчын толькі каля трыццаці... Я сама, калі была ва ўзросце Касі, была дурнейшая за канарэйку...
Я была закаханая ў майго цяперашняга мужа!...
Ужо падчас трэцяга наведвання пані Малгажата прыняла нас у халаце (гэта быў вельмі прыгожы халацік, абшыты карункамі), а на чацвёртае я ўвогуле не быў запрошаны, толькі Стах. Я не ведаю, дальбог, аб чым яны гаварылі. Але тое  пэўна, што Стах вяртаўся дадому з кожным разам усё больш засмучаны, наракаючы, што гэта жанчына забірае ў яго час, а пані Малгажата тлумачыла мужу, што гэты Вакульскі вельмі дурны і што нямала яшчэ патрэбна папрацаваць, перш чым яго сасватае.
-       Працуй, любая, працуй над ім, - заахвочваў яе муж, - бо шкада дзяўчыну, але і яго таксама. Страх падумаць, што такі прыстойны хлопец, які столькі гадоў быў прыказчыкам, які можа атрымаць у спадчыну магазін ад Гопфера, хоча змарнаваць сябе ва ўніверсітэце. Цьфу!...
Маючы цвёрдыя намеры, пані Мінцаль ужо не толькі вечарам запрашала Вакульскага на гарбату, на якую ён з большага не хадзіў, але яшчэ сама неаднойчы збягала ў мой пакой, заклапочана выпытваючы Стаха, ці ён не захварэў, і здзіўляючыся, што ён яшчэ не быў закаханы, ён, амаль старэйшы за яе (думаю, што яна ўсё ж была крыху старэйшая за яго). Адначасова пачала жанчына то часам плакаць, то раптам смяяцца, лаяць мужа, які на цэлыя дні ўцякаў з дому, і выступаць з прэтэнзіямі да мяне, што я недалуга, што не разумею жыцця, што прымаю пастаяльцамі падазроных людзей...
Словам вывязаліся такія авантуры ў доме, што Ян Мінцаль схуднеў, нягледзячы што ўсё больш піў піва, а я думаў: адно з двух... Ці падзякую Мінцалю за службу, ці адмоўлю ў найме Стаху.
Адкуль, ліха яе бяры, даведалася аб маіх клопатах пані Малгажата? я не ўцямлю. Досыць, што забегла аднойчы вечарам у мой пакой, паведаміла мне, што я яе вораг і што, пэўна, вельмі подлы, калі адмаўляю ў найме пакою настолькі прыстойнаму чалавеку, як Вакульскі... Потым дадала, што яе муж подлы, што Вакульскі подлы, што ўсе мужчыны подлыя, і нарэшце на маёй уласнай канапе у яе пачыналася спазматычнае рыданне. Сцэны такога кшталту паўтараліся на працягу некалькіх дзён запар і я не ведаю, да чаго б яны дайшлі, калі б не паклаў ім канец адзін з найдзіўных выпадкаў, якія я бачыў.
Аднойчы запрасіў Махальскі мяне і Вакульскага да сябе на вечар.
Мы пайшлі туды далёка за дзевяць і куды, як не ў яго ўлюбёны паграбок, у якім пры мігценні трох свечак з лою я ўбачыў больш дзесятка асоб, а паміж імі пана Леона. Ніколі напэўна я не забуду сабраных разам гэтых, па большай частцы маладых асоб, якія з’яўляліся на фоне чорных сцен паграбка, выглядвалі з-за абкаваных бочак ці расплываліся ў цемры.
Паколькі гасцінны Махальскі ўжо на сходах сустрэў нас вялізнымі келіхамі віна (і выключна добрага), а мяне ўзяў пад незвычайную апеку, я павінен прызнаць, што адразу зашумела ў мяне ў галаве, а праз некалькі хвілін я добра захмялеў. Сеў таму далекавата ад застолля, у глыбокай нішы, і нібы здурнеў,  нібы у паўсне ці то паўяве, ды сам сабе нешта ўяўляў.
Што там адбывалася, я добра не ведаю, бо самыя дзікія фантазіі прабягалі па маёй галаве. Мне мроілася, што пан Леон кажа, як звычайна, аб узмацненні веры, аб упадку духу і аб патрэбе пасвячэння, і гэта падтрымлівалі прысутныя. Згодны хор аднак жа аслабеў, калі пан Леон пачаў растлумачваць, што належала б нарэшце выпрабаваць гэту гатоўнасць на справе. Я відавочна быў вельмі п’яны, бо мне бачылася, як пан Леон прапануе, каб хто з прысутных скочыў з Новага З’язду  на брук вуліцы, што ідзе пад ім, і што пры гэтым усе як адзін замоўклі, а большасць пахаваліся за бочкі.
-       Значыць ніхто не асмеліцца паспрабаваць?!... – крыкнуў пан Леон, узнімаючы рукі над галавой.
Маўчанне. У паграбку зрабілася пуста.
-       Значыць ніхто?... ніхто?...
-       Я, - адказаў нейкі зусім чужы мне голас.
Я зірнуў. Каля свечкі, якая дагарала, стаяў Вакульскі.
Віно Махальскага было настолькі моцнае, што ў гэту хвіліну я страціў прытомнасць.
Пасля застолля ў паграбку Стах на працягу некалькіх дзён не паказваўся дома. Нарэшце прыйшоў – у чужым адзенні, схуднелы, але з задранай галавой. Тады я першы раз пачуў у яго голасе нейкі цвёрды тон, які да сённяшняга дня робіць на мяне непрыемнае ўражанне.
Ад гэтай пары ён цалкам змяніў распарадак жыцця. Свой шар з ветрачком ён закінуў у кут, дзе яго неўзабаве запляло павуціннем, бутлю для ўтварэння газаў аддаў вартаўніку для вады, у кніжкі нават не заглядваў. І так ляжалі скарбніцы чалавечага розуму, адны на палічцы, іншыя на стале, адны закрытыя, другія адкрытыя, а ён тымчасам…
... па пары дзён не з’яўляўся дома, нават на начлег; то раптам прыходзіў вечарам і ў адзенні кідаўся на непасланы ложак. Часамі замест яго прыходзілі некалькі невядомых мне паноў, якія начавалі на канапцы, на ложку Стаха, нават на маім уласным, не толькі не падзякаваўшы мне, але нават  не кажучы: як іх клічуць і ў якой сферы  працуюць. І зноў жа іншым разам з’яўляўся сам Стах і сядзеў у пакоі пару дзён без занятку, раздражнёны, увесь час прыслухоўваючыся, як каханак, які прыйшоў на спатканне з замужняй жанчынай, але замест яе баіцца сустрэцца з яе мужам.
Я не мяркую, каб Малгося Мінцаль магла быць менавіта гэтай замужняй, бо і яна выглядала так, нібы яе гусь ушчыпнуў. Зранку яна аббягала па тры касцёлы, відавочна прагнучы непакоіць з некалькіх бакоў літасцівага Бога. Адразу пасля абеду збіраўся ў яе нейкі сход дам, якія ў чаканні нібыта важных выпадкаў забываліся на мужоў і дзяцей, каб папляткарыць. К вечару прыходзілі да яе мужчыны; але гэтыя, нават не размаўляючы з пані Малгажатай, адсылалі яе на кухню.
Нічога дзіўнага, што падчас такога хаоса ў доме я ўжо пачаў вар’яцець. Мне здавалася, што ў Варшаве вельмі цесна, і што ўсе звар’яцелі. Штогадзіны я чакаў нейкай няпэўнай неспадзяванкі, але нягледзячы на гэта ва ўсіх нас быў найлепшы настрой і галовы, поўныя праектаў.
Тымчасам Ян Мінцаль, якога дома мучыла жонка, з самага ранку ішоў на піва і вяртаўся аж вечарам. Ён вынайшаў нават прымаўку: “Што там гаварыць!... Адна казе смерць…”, якую паўтараў да канца жыцця.
Нарэшце аднойчы Стах Вакульскі зусім знік з маіх вачэй. Толькі праз два гады напісаў да мяне ліст з Іркуцка з просьбай, каб я прыслаў яму яго кніжкі. Восенню, у годзе 1870 (якраз я вярнуўся ад Яна Мінцаля, які ўжо ляжаў у ложку), сяджу я сабе ў сваім пакоі пасля вячэрняй гарбаты, раптам хтосьці стукае ў дзверы.
- Herein! – кажу я.
Дзверы рып-рып… Гляджу, стаіць на парозе нейкі барадаты чорт, у коцікавым футры, вывернутым поўсцю наверх.
-       Ну, - кажу я, - няхай мяне чэрці возьмуць, калі ты не Вакульскі.
-       Ён самы, - адказвае ягамосць у коцікавым футры.
-       У імя Айца і Сына!... – кажу я. – Ты кпіш, - кажу я, - ці дарогі пытаеш?... адкуль жа ты ўзяўся тут? Ты ж прапаў назусім…
-       Я жывы, - кажа ён, - і мне нават хочацца есці.
Ён зняў шапку, зняў футра, сеў каля свечкі. Сапраўды Вакульскі. Барада як у бандыта, морда як у Лангіна, які Госпаду нашаму Хрысту бок прабіў, але – насамрэч Вакульскі….
-       Ты вярнуўся, - кажу я, - ці толькі на пэўны час прыехаў?
-       Вярнуўся.
-       Ну і як  там чужы край?
-       Нішто сабе.
-       Такі!... А людзі? – пытаюся я.
-       Неблагія.
-       Ткі!... Дык а з чаго ж ты жыў?
-       З урокаў, - кажа ён, - яшчэ прывёз амаль шэсцьсот рублёў.
-       Ткі!... ткі!... а што думаеш рабіць?
-       Ну, да Гопфера то напэўна не вярнуся, - адказаў ён са стукам кулака па стале. – Хіба ты не ведаеш, - дадаў ён, што я навукамі займаюся, у мяне нават разнастайныя падзякі ад пецярбургскіх навуковых таварыстваў…
“Прыказчык Гопфера – стаў вучоным!... Стах Вакульскі атрымаў падзякі ад пецярбургскіх навуковых таварыстваў!... Сапраўдны цырк…” – падумаў я. Што тут шмат гаварыць. Пасяліўся хлопец дзесьці на Старым Месце і на працягу паўгода жыў са сваёй гатоўкі, купляючы за яе шмат кніжак, але мала ежы. Выбраўшы грошы, ён пачаў шукаць працу, і тады адбылася дзіўная рэч. Купцы не далі яму месца, бо ён быў вучоным, а вучоныя не далі таксам, паколькі быў экс-прыказчыкам. І ён аказаўся тады, як Твардоўскі, падвешаны паміж небам і зямлёй. Можа разбіў бы сабе галаву дзе-небудзь пад Новым з’яздам, калі б я час ад часу не прыходзіў яму на дапамогу.
Страшэнна, якім цяжкім было яго жыццё. Ён схуднеў, стаў змрочным, здзічэў... Але не наракаў. Аднойчы толькі, калі яму паведамілі, што для такіх  як ён няма тут месца, прашаптаў:
-       Мяне ашукалі...
У гэты час памёр Ян Мінцаль. Удава пахавала яго па-хрысціянску, тыдзень не выходзіла са сваіх пакояў, а праз тыдзень паклікала мяне на абмеркаванне.
Я думаў, што мы будзем размаўляць аб справах магазіна, тым больш што заўважыў бутэльку добрага  венгерскага на стале. Але пані Малгажата нават не запытала пра лёс магазіна. Яна заплакала, калі ўбачыла мяне, нібы нагадаў ёй тыдзень таму пахаванага нябожчыка, і наліўшы мне віна добры кілішак, прамовіла з плачам у голасе:
- Калі згас мой анёл, я думала, што толькі я няшчасная...
- Што за анёл? – спытаў я раптам. – Можа Ян Мінцаль?... Вы дазволіце, пані, але хоць я быў сябрам нябожчыка, я не думаю аднак называць анёлам асобу, якая нават пасля смерці важыла амаль дзвесце фунтаў...
- Пры жыцці важыў больш за трыста... чуеце, пане? – заўважыла нявесела  удава. Тады зноў засланіла твар хусткай і прамовіла, усхліпваючы: - О, у вас ніколі не будзе тактоўнасці, пане Жэцкі... О! Які ўдар!... Праўда, што нябожчык, калі дакладна казаць, то ніколі не быў анёлам, асабліва ў апошні час, але ўсёроўна страшнае гора мяне напаткала... Якое ні праплакаць, ні выправіць!...
- Ну, на працягу апошняга паўгода...
- Што вы кажаце – паўгода? – усклікнула яна. – Мой няшчасны Ясь быў амаль тры гады хворы, а мо і ўсе восем... Ах, пане Жэцкі! Колькіх жа няшчасцяў у шлюбе крыніцай з’яўляецца гэта праклятае піва... На працягу васьмі гадоў мужа як бы не было... Але што гэта быў за чалавек, пане Жэцкі!... Сёння толькі адчуваю усю велічыню майго гора...
- Бываюць большыя, - адважыўся я дадаць.
- О так! – заплакала бедная ўдава. – Маеце рацыю без сумнення, бываюць большыя няшчасці. Гэты напрыклад Вакульскі, які відаць ужо вярнуўся… Ці праўда, што да гэтага часу не знайшоў ніякага занятку?
- Ні найменшага.
- Дзе ж ён харчуецца? Дзе жыве?...
- Дзе харчуецца?... Нават не ведаю, ці ўвогуле што спажывае. А дзе жыве?... Ды нідзе.
- Якая недарэчнасць! – заплакала пані Малгажата. – Мне здаецца, - дадала яна праз хвіліну, - што выканаю апошнюю волю майго любага нябожчыка, калі папрашу вас, каб…
- Я вас слухаю.
- Каб вы далі яму пакой у сябе, а я буду вам прысылаць на ніз па два абеды, два снеданні…
- Вакульскі гэтага не прыме, - азваўся я.
 На гэта пані Малгажата зноў пачала плакаць. З роспачы  пасля смерці мужа трапіла ў такі запальчывы гнеў, што назвала мяне тры разы недалугам, чалавекам,які не ведае жыцця, страшыдлам... Нарэшце сказала мне, каб я пайшоў прэч, бо яна сама разбярэцца з магазінам. Потым перапрасіла мяне і ўсіх святых, каб не абражаўся за словы, якія яе жальба дыктуе.
З гэтага дня я вельмі рэдка бачыўся з нашай гаспадыняй. Праз паўгода Стах сказаў мне, што... ажэніцца з пані Малгажатай Мінцаль. Я паглядзеў на яго... Махнуў рукой.
- Я ведаю, - сказаў я, - што я свіння. Але… яшчэ самая малая з тых, якія тут у вас радуюцца публічнай павазе.
Пасля гучнага вяселля, на якім ( не ведаю, нават, адкуль) знайшлося шмат сяброў Вакульскга (а елі, чэрці!... а пілі за здароўе сям’і маладых – гарнцамі!...), Стах перасяліўся наверх, да сваёй жонкі. Наколькі я памятаю, з усяго гардэробу былі ў яго чатыры пакункі кніг і навуковых прылад, а з мэблі – хіба толькі цыбук і скрынка для капелюша.
Прыказчыкі смяяліся (натуральна па кутках) з новага гаспадара; мне ж было непрыемна, што Стах так рэзка развітаўся са сваім геройскім мінулым і нястачай. Дзіўная бо чалавечая прырода: чым менш у нас саміх схільнасцяў да пакутніцтва, тым больш дакучліва жадаем яго ад блізкіх.
- Прадаўся старой бабе, - казалі знаёмцы, - гэты нібыта Брут… Вучыўся, авантураваў і… бац!...
У ліку ж самых суровых суддзяў былі два стрэляныя  канкурэнты пані Малгажаты.
Стах аднак жа вельмі хутка закрыў людзям рот, паколькі адразу ўзяўся за працу. Можа праз тыдзень пасля шлюбу ён прыйшоў а восьмай рана у склеп, заняў за пісьмовым столікам месца нябожчыка Мінцаля і абслугоўваў пакупнікоў, рахаваў, выдаваў рэшту, як калі б быў прыказчыкам на зарплаце.  Зрабіў нават больш, бо ўжо на другі год ён распачаў стасункі з маскоўскімі купцамі, што вельмі карысна адбілася на справах. Я магу сказаць, што падчас яго кіраўніцтва мы патроілі нашы абароты.
Я уздыхнуў, бачачы, што Вакульскі не збіраецца дарма есці хлеб; ды і астатнія перасталі ўсміхацца, пераканаўшыся, што Стах у склепе больш працуе, чым яны, і ў дадатак – у яго яшчэ немалыя абавязкі наверсе. Мы адпачывалі як найменш у час святаў, падчас, калі ён, небарака, якраз у свята зранку мусіў браць жонку пад паху і шпацыраваць – да апоўдня у касцёл, пасля апоўдня – з візітамі, вечарам у тэатр.
Пры маладым мужы у пані Малгажату нібы ўсялілася новая душа. Яна купіла сабе фартэп’яна і пачала вучыцца музыцы ў якогасьці старога прафесара, каб – як казала яна “ не абуджаць у Стасіка рэўнасць”. Гадзіны, вольныя ад фартэп’яна, яна праводзіла на абмеркаваннях з шаўцамі, мадысткамі, фрыз'ерамі і дэнтыстамі, робячыся з іх дапамогай з кожным днём усё больш прыгажэйшай. А якая яна была ўважлівая да мужа!... Яна неаднойчы праседжвала па некалькі гадзін у склепе, толькі пазіраючы на Стасіка. Заўважыўшы, што сярод пакупніц трапляюцца прыстойныя, адсадзіла Стаха з залы пярэдняй за шафы, ды яшчэ загадала яму зрабіць там будак, у якім ён сядзеў як дзікая жывёла і вёў бухгалтэрыю склепа.
Аднойчы я чую ў гэтым будаку страшны грукат… забег я, прыбеглі прыказчыкі… Што за карціна!... Пані Малгажата ляжыць на падлозе, прываленая пісьмовым столікам і аблітая чарнілам, стулік зламаны, Стах злы і збянтэжаны… Мы паднялі пані, якая плакала ад болю, і з розных яе паўсловаў здагадаліся, што гэта яна сама нарабіла гэткага бядламу, бо села неспадзявана на калены да мужа. Слабы стул зламаўся пад цяжарам двух чалавек, а яна, паколькі  хацела ўратавацца, каб не ўпасці, схапілася за пісьмовы столік і з усім змесцівам абваліла яго на сябе.
Стах з вялікім спакоем прымаў шумныя доказы жончынай чуласці, і каб суцешыць сябе, заглыбляўся ў рахункі і купецкую карэспандэнцыю.
Яна ж, замест астыць, разгарачалася яшчэ больш, а калі яе муж, засумаваўшы ад сядзення ці дзеля рашэння якой-небудзь справы, выходзіў калі-небудзь у горад, бегла за ім… падглядаць, ці не адправіўся на спатканне!...
Часам, асабліва зімой, Стах з’язджаў на тыдзень з дому да знаёмага лясніка, паляваў там цэлымі днямі і валакаўся па лясах. У гэты час ужо на трэці дзень пані ехала за сваім збеглым каханым, хадзіла за ім па гушчары і ў выніку – прывозіла мужа ў Варшаву.
На працягу двух першых гадоў гэтага строгага парадку Вакульскі адмоўчваўся. На трэці год пачаў штовечар заходзіць да майго пакою на размову аб палітыцы. Часам, мы як разгаворымся пра ранейшыя часы, ён азірнецца па пакоі і раптам спыніць гэту размову і пачынае якую-небудзь іншую:
-       Слухай мяне, Ігнацы…
Тады, аднак жа, як па загадзе, забягала з верху служанка, крычачы:
-       Пані просіць!... пані хворая!...
І ён, бедалага, махаў рукой і ішоў да пані, не ўсчаўшы нават гаварыць аб тым, што хацеў мне расказаць.
Праз тры гады такога жыцця, якое зрэшты нельга было ні ў чым упікнуць, я заўважыў, што гэты сталёвы чалавек пачынае загінацца ў аксамітных абдымках пані. Ён пабляднеў, пахіліўся, закінуў свае вучоныя кнігі, а ўзяўся чытаць газеты і кожную хвіліну вольную праводзіў са мной у размове пра палітыку.
Часам ён пакідаў магазін каля восьмай і, забраўшы жонку, ішоў з ёй у тэатр ці з візітам, і нарэшце – уладзіў у сябе вечаровыя прыёмы, на якіх збіраліся дамы, старыя як смяротны грэх, і мужчыны, якія ўжо атрымлівалі пенсію і гулялі ў віст.
Стах яшчэ з імі не гуляў; хадзіў толькі вакол столікаў і прыглядаўся.
-       Стах, - казаў я неаднойчы, - сцеражыся!.. Табе сорак тры гады… У гэтым узросце Бісмарк толькі пачынаў кар’еру…
Такія ці падобныя да гэтых выказванні абуджалі яго на хвіліну. Ён тады валіўся на крэсла і абапёршыся на руку, думаў. Тут жа бегла да яго пані Малгажата, усклікваючы:
-       Стасічак! Зноў ты ў задуменні, гэта вельмі дрэнна… А там у паноў віно скончылася…
 Стах узнімаўся, даставаў новую бутэльку з буфета, наліваў віно ў восем кілішкаў і абыходзіў сталы, прыглядаючыся, як панове гуляюць у віст.
Такім чынам паволі і паступова леў пераўтвараўся ў вала. Калі я бачыў яго ў турэцкім халаце, у расшытых бісерам пантофлях і ў шапачцы з ядвабным кутасом, то не мог уявіць сабе, што гэта той самы Вакульскі, які чатырнаццаць гадоў таму ў паграбку Махальскага закрычаў:
-Я…
Калі Каханоўскі пісаў: “На льва суровага без абразы сядзеш і на вялізным цмоку ездзіць будзеш”, -  з пэўнасцю меў на ўвазе жанчыну… Гэта аб’ездчыцы і пераможцы мужчынскага роду!
Тымчасам на пяты год пражывання пані Малгажата раптам пачала размалёўвацца… Адразу пакрыху, потым усё больш энергічна і ўсё новымі сродкамі… Пачуўшы пра нейкі жыватворны эліксір, які дамам ва ўзросце нібыта вяртаў свежасць і прывабнасць маладосці, выцерлася ім аднойчы вечарам так старанна ад стоп да галавы, што у гэту ж ноч пакліканыя на дапамогу ўрачы ўжо не маглі яе адратаваць. І памерла, бядачка, праз няпоўныя двое сутак ад заражэння крыві, столькі усяго маючы прытомнасці, каб паклікаць рэгента і ўсё багацце адпісаць свайму Стасіку. Стах і пасля гэтага няшчасця маўчаў, але асавеў яшчэ больш. Маючы некалькі тысяч рублёў прыбытку, перастаў займацца гандлем, парваў са знаёмымі і паглыбіўся ў навуковыя кнігі.
Неаднойчы я казаў яму: ідзі сярод людзей, забаўся, ты ж яшчэ малады і можаш у другі раз ажаніцца…
Усё дарэмна…
Аднойчы (праз паўгода пасля смерці пані Малгажаты) бачачы, што мой хлопец на вачах робіцца дзедам, я падкінуў яму праект:
-       Ідзі, Стах, у тэатр… Сёння даюць Віялету; вы ж былі з нябожчыцай на ёй у апошні раз…
Ён усхапіўся з канапы, на якой чытаў кнігу і прамовіў:
-       Ты ведаеш… маеш рацыю… Я пагляджу, як гэта сёння выглядае…
Ён пайшоў у тэатр і… на другі дзень я не мог яго пазнаць: у старым прачнуўся мой Стах Вакульскі: постаць выпрастаў, вочы заблішчалі, голас стаў моцны…
З таго часу ён хадзіў на ўсе паказы, канцэрты і лекцыі.
Хутка паехаў у Балгарыю, дзе здабыў сваё вялікае багацце, а праз пару месяцаў пасля яго вяртання адна старая пляткарка (пані Мелітон) паведаміла мне, што Стах закаханы…
Я рассмяўся з гэтай плёткі, бо хто кахае, не выязджае на вайну. Толькі цяпер, канечне! Я пачынаю дапускаць, што баба мела рацыю…
Хаця з гэтым адроджаным Стахам Вакульскім  чалавек не ўпэўнены. А ну як?... О, то я б смяяўся з доктара Шумана, які так жартуе з палітыкі!...


 

Комментариев нет:

Отправить комментарий