воскресенье, 11 марта 2018 г.

Б.Прус Лялька том 2 раздзел 1 Як чалавечую душу палоніць гарачае пачуццё, і як – розум


TOM II

Раздзел 1

Як чалавечую душу палоніць гарачае пачуццё, і  як – розум



Атрымаўшы ад пана Ленцкага запрашэнне на абед, Вакульскі выбег са свайго склепа на вуліцу. Цесны пакой душыў яго, а размова з Жэцкім, на працягу якой распарадчы перасцярагаў яго і рабіў заўвагі, здавалася яму незвычайна неразумнай; ці не смешна, каб стары і астылы нежанаты чалавек, які верыць толькі ў склеп і ў Банапартаў, папракаў яго ў шаленстве!...
“Што ж я раблю дрэннага, - думаў Вакульскі, - што кахаю?... Можа крыху позна, але за ўсё жыццё я не дазваляў сабе падобнай раскошы. Кахаюць мільёны людзей, кахае увесь свет, які адчувае, чаму ж мне аднаму гэта павінна быць забаронена? Калі гэты асноўны пункт мае сэнс быцця, то мае яго ўсё, што раблю. Хто хоча ажаніцца, павінен валодаць багаццем, значыць – я здабыў багацце. Павінен наблізіцца да абранай жанчыны – я ужо наблізіўся. Павінен клапаціцца пра яе матэрыяльны быт і ахоўваць ад ворагаў – а я раблю і адно, і другое. Ці ў гэтым дамаганні шчасця я пакрыўдзіў каго? Ці не выконваю абавязкі у адносінах да грамадства і блізкіх?... Ах, гэтыя любыя блізкія і гэтае грамадства, якое ніколі не клапацілася пра мяне і рабіла мне ўсялякія перашкоды, і заўсёды ўзгадвае пра ахвяры з майго боку… Але менавіта гэта, што яны сёння называюць шаленствам, штурхае мяне да выканання нейкіх фікцыйных абавязкаў. Калі б не яно, я сядзеў бы сёння як моль у кніжках і некалькі соцен асоб мелі б меншыя заробкі. Дык чаго яны хочуць ад мяне? – пытаў ён сам сябе раздражнёны.
Рух на свежым паветры супакоіў яго; ён дайшоў да Алеі Іерусалімскай і павярнуў па ёй да Віслы. Абвеяў яго свежы вецер з усходу і разбудзіў тыя неакрэсленыя пачуцці, якія так жыва нагадваюць дзяцінства. Яму здавалася, што яшчэ на Новым Свеце быў дзіцем і што яшчэ адчувае ў сабе дрыжанне хваляў маладой крыві. Ён усміхаўся развозчыку пяску, які вёз свой тавар на бедалагу-кані ў паўдаўгаватай срыні, а жабрачка, падобная да вядзьмачкі, падалася яму вельмі мілай старэчай; радаваў яго свіст, які чуўся на фабрыцы і ён хацеў пагутарыць з грамадкай свавольнікаў-хлапчукоў, якія стаўшы на натуральным узвышэнні кідалі каменнем па праходзячых яўрэях. Упарта адганяў ад сябе думкі пра сённяшні ліст і заўтрашні візіт да Ленцкіх, ён хацеў быць цвярозым, але гарачае пачуццё перамагло.
“Чаму яны мяне запрасілі? – пытаў ён, адчуваючы лёгкія дрыжыкі ўнутры сябе. – Панна Ізабэла хоча са мной пазнаёміцца… Але ж відавочна даюць мне зразумець, што я магу ажаніцца!... Былі б напэўна сляпыя ці ідыёты, калі б не заўважылі, што са мной робіцца з-за яе…”
Ён пачаў так дрыжаць, што зуб на зуб не трапляў; тады ў ім адазваўся прыглушаны розум.
“З дазвалення. Ад аднаго абеду і аднаго візіту яшчэ вельмі далёка да больш блізкага знаёмства. На тысячу бліжэйшых знаёмстваў ледзь ці адно прыводзіць да шлюбнай прапановы; на дзесяць прапаноў – ледзьве ці адна прымаецца, а і з гэтых ледзьве палова заканчваецца шлюбам. Трэба быць поўным вар’ятам, каб нават пры бліжэйшым знаёмстве думаць пра шлюб, за які ледзьве адзін, а супраць якога з дваццаць шанцаў… Зразумела ці незразумела?”
Вакульскі мусіў прызнаць, што зразумела. Калі б любое знаёмства прыводзіла да шлюбу, кожная жанчына павінна была б мець больш дзесятка мужоў, кожны мужчына больш дзесятка жонак, каралі не справіліся б са шлюбамі, а ўвесь свет ператварыўся б у адзін вялікі шпіталь вар’ятаў.
Ён жа, Вакульскі, не толькі не быў яшчэ добрым знаёмцам  панны Ленцкай, але толькі знаходзіўся напярэдадні выпадку іх знаёмства.
“Што ж я атрымаў, - спытаў ён, - пасля балгарскіх небяспек і тутэйшых скачак ці дуэляў?...”
“Ты атрымаў большы шанц, - патлумачыў розум, - год таму ў цябе быў можа адзін са сто ці адзін з дваццаці мільёнаў верагоднасці, што ты з ёй ажэнішся, а праз год можа будзе адна дваццацітысячная…”
“праз год?... – паўтарыў Вакульскі і зноў ахапіў яго якісьці жорсткі холад. Аднак ён з яго выбраўся і запытаў: - А калі панна Ізабэла пакахае мяне ці ўжо кахае?...”
“Напярод, - належала б ведаць, ці панна Ізабэла ўвогуле можа кахаць каго-небудзь…”
“Дык ці ж яна не жанчына?”
“Трапляюцца жанчыны з дэфектам маральным, няздольныя кахаць увогуле нікога, апрача сваіх мімалётных капрызаў; гэта такі ж недахоп, як: глухата, слепата ці параліч, толькі менш відавочная.”
“Дапусцім…”
“Добра, - гаварыў далей голас, які Вакульскаму нагадваў сварлівае бурчанне доктара Шумана, - і калі гэтая пані ўвогуле магла кагосьці кахаць, то надыходзіць іншае пытанне: ці пакахае цябе?”
“ Я ж не такі агідны.”
“Але, можаш ім быць, як самы прыгожы леў агідны для каровы ці арол для гусыні. Бачыш, гавару табе нават кампліменты: параўноўваю цябе з ільвом і арлом, якія нягледзячы на ўсе свае станоўчыя рысы абуджаюць аднак агіду ў самак іншага віду. Таму пазбягай жанчын іншага гатунку чым твой…”
Вакульскі прачнуўся і пачаў азірацца. Ён быў ужо недалёка ад Віслы, каля драўляных свіранаў, а праязджаючыя фурманкі засыпалі яго чорным пылам. Хутка павярнуў да горада і пачаў разважаць.
“Ува мне два чалавекі – гаварыў ён – адзін цалкам разумны, другі вар’ят. Хто ж пераможа?... Ах, пра гэта я не клапачуся. Але што я зраблю, калі выйграе той, разумнік?... Што ж гэта за дрэнная рэч: валодаючы вялікім капіталам пачуццяў аддаць яго самцы іншага віду: карове, гусыні ці камусьці яшчэ больш горшаму?... Што ж гэта за прыніжэнне смяяца з трыўмфаў якогасьці быка ці гусака, і адначасова плакаць над уласным сэрцам, якое так балюча разадранае, так ганебна патаптанае?... Ці варта жыць далей у падобных умовах?”
І пры адной думцы аб гэтым Вакульскі адчуў прагу смерці, але такой поўнай , каб нават рэшткі яго праху не засталіся на зямлі. Паступова аднак ён супакоіўся і, вярнуўшыся дадому, пачаў задумвацца ужо зусім холадна над наступным: ці на заўтрашні абед апрануць фрак, ці сурдут?... Або ці да заўтра не здарыцца якаясьці непрадбачаная перашкода, якая зноў не дазволіць яму наблізіцца да панны Ізабэлы? Потым яшчэ зрабіў рахаванне апошніх гандлёвых абаротаў, выслаў пару тэлеграм у Маскву і Санкт-Пецярбург, і нарэшце напісаў ліст да старога Шлангбаума, прапануючы, каб яму пазычыў сваё прозвішча з мэтай набыцця дому Ленцкіх.
“Мецэнат мае рацыю, - думаў ён. – Лепш купіць гэты дом пад чужым імем. Інакш яны маглі б мяне падазраваць у жаданні выкарыстання іх ці – што горш – палічыць, што ў мяне намер аказаць ім ласку!...” Аднак жа пад покрывам звычайных заняткаў кіпела ў ім бура. Розум гучна прамаўляў, што заўтрашні абед нічога не азначае і не прадказвае. А надзея ціха… ціха шаптала, што – можа яго кахаюць, а можа толькі пачнуць кахаць. Але ціха… так ціха, што Вакульскі з найвялікшай увагай павінен прыслухоўвацца да яе шэпту. Наступны дзень, поўны значэння для Вакульскага, не адзначыўся ніякай асаблівасцю ні ў Варшаве, ні ў прыродзе.
Тут і там на вуліцы клубіўся пыл, узняты мётламі дворнікаў, фурманкі рухаліся без памяці ці затрымліваліся без прычыны, а бясконцы паток прахожых цягнуўся у адзін і другі бок толькі дзеля таго, напэўна, каб падтрымліваць рух у горадзе. Некалі каля сцен дамоў прасоўваліся людзі абадраныя, сагнутыя, з рукамі, уцягнутымі ў рукавы, як бы гэта быў не чэрвень, а студзень. Часам на сярэдзіне вуліцы паказваўся сялянскі воз, напоўнены бляшанымі бідонамі, і якім кіравала ўдалая жанчына ў сінім каптане і чырвонай хустцы на галаве.
Усё гэта раілася паміж дзвюмя доўгімі сценамі камяніц, пярэстабарвовых, над якімі ўзвышаліся ўзнесеныя фасады храмаў. На абодвух канцах вуліцы, нібы пільнуючы горад як вартавыя, узнімаліся два помнікі. З аднаго боку кароль Зыгмунт, які стаяў на вялізнай свечцы, нахіляўся да Бернардынцаў, відавочна жадаючы штосьці расказаць прахожым. З другога канца нерухомы Капернік, з нерухомым глобусам у руцэ, павярнуўся спіной да сонца, якое на дзень выходзіла з-за дома Карася, узнімалася над палацам Таварыства Сяброў Навук і хавалася за дом Замойскіх нібы наперакор афарызму: “Затрымаў сонца, зрушыў зямлю”. Вакульскі, які ў гэтым менавіта кірунку выглядаў са свайго балкону, мімаволі ўдыхнуў, узгадаўшы, што адзінымі вернымі сябрамі астранома былі насільшчыкі і пільшчыкі, якія не вызначаліся, як вядома, вельмі дакладным знаёмствам з заслугамі Каперніка.
“Што яму ад таго, - думаў ён, - што ў некалькіх кнігах называюць яго гонарам народу… Працу для шчасця – разумею, але працы для фікцыі, якая называецца грамадскім дабром ці славай… я б не кранаў грамадства, няхай само пра сябе думае, а слава… Што мне перашкаджае ўяўляць сабе, што я ўжо валодаю славай напрыклад на Сірыусе? А Капернік жа не знаходзіцца сёння ў лепшым становішчы адносна зямлі і столькі яму справы да ўласнай статуі ў Варшаве, як мне да піраміды на планеце Вега!... Тры стагоддзі славы я аддам за хвіліну шчасця і дзіўлюся толькі з маёй дурноты, што некалі думаў інакш”. Як бы ў адказ на гэта заўважыўна другім баку вуліцы Ахоцкага; вялікі апантаны ішоў свабодна, с пахіленай галавой і рукамі ў кішэнях. Просты гэты збег выпадкаў глыбока закрануў Вакульскага; праз хвіліну паверыў нават у прадчуванне і падумаў з радаснай гордасцю:
“Ці не прадказвае мне гэта, што ў яго будзе слава Каперніка, а ў мяне – шчасце?... Дык будуй жа сабе лятальныя апараты, толькі пакінь мне сваю кузінку!... – Што гэта зноў за прымхі?... – апамятаўся ён праз хвіліну.   Я і прымхі!... У любым выпадку падабалася яму думка, што ў Ахоцкага будзе бессмяротная слава, а ў яго – жывая панна Ізабэла. Сэрца напоўніла яму бадзёрасць. Ён жартаваў над сабой, але нягледзячы на гэта адчуваў, што неяк больш у яго спакою і адвагі.
“Ну дапусцім, - сказаў ён, - што ў выніку пасля ўсіх маіх намаганняў – адмовіць мне… Ну?... слова гонару, што тут жа вазьму ўтрыманку і буду з ёй сядзець у тэатры каля ложы сям’і Ленцкіх. Слаўная пані Мелітон, а можа і гэты… Марушэвіч знойдуць мне жанчыну, з падобнымі да яе рысамі ( за больш дзесяці тысяч рублёў можна і гэта нават знайсці). Ад стоп да галавы апрану яе ў карункі, засыплю каштоўнасцямі, і тады пераканаемся, што перад ёй  памеркне панна Ізабэла. – Няхай жа сабе потым ідзе замуж хоць за маршалка, хоць за барона…”
Але ад думкі пра замуства панны Ізабэлы яго апанавала злосць і роспач. У такую хвіліну – ён хацеў бы увесь свет набіць дынамітам і ўзарваць. Але зноў апрытомнеў.
“Ну і што ж бы я зрабіў, калі б падабалася ёй выйсці замуж?... Не, нават калі б падабалася ёй мець каханкаў: аднойчы майго прыказчыка, другі раз якога-небудзь афіцэра, трэці раз фурмана ці лёкая… Ну і што б я меў зрабіць?...” Павага да чужой асобы і свабоды была ў ім настолькі вялікая, што перад ёй згіналася нават яго вар’яцтва.
“Што ж я зраблю…што ж зраблю?...” – паўтараў ён, сціскаючы далоньмі гарачую галаву.
На гадзіну забег у склеп, зрабіў некалькі спраў і вярнуўся да сябе; а чацвёртай слуга дастаў яму з камоду бялізну і прыйшоў фрыз’ер пагаліць яго і прычасаць.
-       Што чуваць, пане Фітульскі? – запытаў ён у фрыз’ера.
-       Нічога, а будзе горш; кангрэс берлінскі думае як задушыць Еўропу, Бісмарк – як задушыць кангрэс, а яўрэі – як давесці нас да рэшты… адказваў малады мастак, прыгожы як серафім, спрытны – нібы збег з часопісу для краўцоў.
Ён завязаў Вакульскаму ручнік на шыі і намыльваючы яму шчокі з хуткасцю бліскавіцы, казаў далей:
- У горадзе, пане, ціха да часу, а зрэшты нічога. Я быў учора з таварыствам на Кэмпе Саскай, але што ж гэта, пане, за ардынарная моладзь!... Яны патаўкліся ў танцы і калі ласка, мой пане, уявіце сабе… Галаву трохі вышэй, сіль ву пле…
- Патаўкліся ў танцы, - працягваў франт, бліскаючы ў яго перад вачамі лязом,  - і ўявіце сабе, што адзін хацеў ударыць другога ў твар, - а ўдарыў даму!... Пачаўся шум… дуэль… Мяне натуральна абралі секундантам і як раз быў сёння заклапочаны, бо ў мяне быў  толькі адзін пісталет, калі паўгадзіны таму прыходзіць да мяне крыўдзіцель і кажа, што ён не дурны страляцца і што пакрыўджаны  - можа яго перапрасіць, каб толькі адзін раз… Галаву направа. Сіль ву пле… Але ці ведаеце, пане, я быў так абураны (паўгадзіны таму), што схапіў хлоца за каўнер, каленам пад зад і – вон! За дзверы! З такім блазнам страляцца нельга, нэспа?... Цяпер налева, сіль ву пле. – Скончыў галіць, абмыў Вакульскаму твару і абхінуўшы яго ў строй, падобны да смяротнай кашулі дэліквентаў, працягваў далей:
- Я дарэчы ніколі у пана дабрадзея не заўважыў ні следу жанчыны: хоць прыходжу ў розны час…
Узяў у рукі грэбень і шчотку і пачаў прычэсваць.
-       Я прыходжу у розны час, а вока, пане, маю на гэтыя рэчы… ну!... Нягледзячы на гэта ані рубчыка спаднічкі, ні пантофельчыка, ні кавалачка стужкі! А нават аднойчы ў аднаго каноніка здарылася мне бачыць гарсэт; праўда, што знайшоў яго на вуліцы і якраз хацеў ананімна адаслаць у рэдакцыю. А, пане, у афіцэраў, асабліва ў гусараў!... (галаву ўніз, сіль ву пле…) Цэлая процьма!... У аднаго, пане, я сустрэў аж чатыры маладыя дамы і ўсе смяяліся… З таго часу, даю слова гонару, заўсёды кланяюся яму на вуліцы, хоць ён мяне пакінуў і павінен мне пяць рублёў. Але, пане, калі за крэсла на канцэрт Рубінштэйна я мог даць шэсць рублёў, то хіба мне шкада пяці рублёў для такога віртуоза… Можа крыху падчарніць валасы, je suppose pue oui? (мяркую, што так)?
-       Вельмі вам удзячны, - адказаў Вакульскі.
-       Я дадумаўся да таго, уздыхнуў фрыз’ер. – Што ў шаноўным пане няма следу прэтэнзіі, а гэта дрэнна!... Я ведаю некалькіх балерынак, якія ахвотна завязалі з панам адносіны, і слова гонару даю, што варта! Цудоўна складзены, мускулы дубовыя, бюст як матрац на спружынах, рухі поўныя грацыі і зусім не перабольшаныя жаданні, асабліва па маладосці. Бо жанчына, пане, чым старэйшая, тым даражэйшая, напэўна і таму ніхто не западае на шасцідзесяцігадовых, бо ўжо няма ёй цаны. Ротшыльд бы збанкрутаваў!... Пачаткоўцы ж дасць пан тры тысячы рублікаў у год, некалькі прэзенцікаў і будзе пану верная… Ах, гэтыя жанчынкі!... Я з-за іх неўралгію прыдбаў, але не магу на іх злавацца…
      Скончыў сваё мастацтва, пакланіўся паводле самых прыгожых правіл і выйшаў з усмешкай; пазіраючы на яго цудоўны выраз твару і партфель, у якім насіў шчоткі і лёзы, можна было яго прыняць за чыноўніка з міністэрства.
      Вакульскі пасля яго адыходу нават не падумаў пра маладых і непатрабавальных балерынак; займала яго вялікай важнасці пытанне, якое ён выражаў двума словамі: фрак ці сурдут? “Калі апрану фрак, буду падобны да элеганта, які прытрымліваецца правіл, да якіх мне ўвогуле няма справы. А калі апрану сурдут, магу абразіць Ленцкіх. Зрэшты няхай знойдзецца хто-небудзь нейтральны. Няма рады, калі я дайшоў да такога блазанства, як уласны экіпаж і конь на скачках, то ўжо фрак павінен апрануць!”
Так медытуючы, ён смяяўся з гэтай бездані дзяцінстваў, да якой штурхала яго знаёмства з паннай Ізабэлай.
“Ах, мой стары Хопфер! – сказаў ён – о вы, мае сябры універсітэцкія і сібірскія, ці хто з вас уяўляў сабе мяне, займаючымся падобнымі пытаннямі?...”
Ён апрануўся ў фракавы гарнітур і стаўшы перад люстрам адчуў задавальненне. Гэты абціслы строй найлепш падкрэсліваў яго атлетычныя формы.
Коні чакалі ужо чвэрць гадзіны і было ўжо палова шостай. Вакульскі апрануў лёгкае паліто і пакінуў жытло. Сядаючы ў экіпаж, ён быў вельмі бледны і вельмі спакойны, як чалавек, які ідзе насустрач небяспецы.

Комментариев нет:

Отправить комментарий