воскресенье, 11 марта 2018 г.

Б.Прус Лялька том 2 РАЗДЗЕЛ 5 ПЕРШАЯ ПЕРАСЦЯРОГА

РАЗДЗЕЛ 5
ПЕРШАЯ ПЕРАСЦЯРОГА



Была  першая гадзіна пасля апоўдня, калі пан Ігнацы набліжаўся да свайго склепа, засаромлены і неспакойны. Як можна змарнаваць столькі часу… у пару найбольшага руху пакупнікоў?... Да таго  яшчэ мо адбылося якое-небудзь няшчасце? І што за задавальненне валацужыць па вуліцах у спякоту, сярод пылу і паху гарачага асфальту!...
Сапраўды, дзень быў выключна спякотны і сонечны: ад ходнікаў і камення ішоў жар, да бляшаных шыльд ці ліхтаровых слупоў нельга было дакрануцца рукой, а ад празмернага святла ў пана Ігнацыя слязіліся вочы, і чорныя плямы мігцелі і перакрывалі яму поле зроку.
“Калі б я быў Богам, - думаў ён, - то палову ліпеньскіх спякотных дзён захаваў бы на снежань…”
Раптам ён зірнуў  на вітрыну магазіна (якраз праходзіў каля вакна) і аслупянеў. Вітрына ўжо другі тыдзень не адноўленая!... Тыя самыя статуэткі з бронзы, маёлікі, вееры, тыя самыя несэсэркі, пальчаткі, парасоны і цацкі! Ці бачыў хто падобны шок!
“Але ж я подлы чалавек! – буркнуў ён сабе. – Заўчора напіўся, сёння бадзяюся… Чорт з ёй, з гэтай камяніцай, і без сумніву…”
Ледзьве ён увайшоў у склепн, няўпэўнены, што ў яго больш цяжкае: сэрца ці ногі – як у гэту хвіліну схапіў яго Мрачэўскі. Ён ужо быў пастрыжаны па варшаўскай модзе, прычасаны і надухаваны, як раней, і як аматар справы абслугоўваў наведвальнікаў-гасцей, сам з’яўляючыся дарэчы госцем, ды яшчэ з такіх далёкіх ваколіц. Мясцовыя паны не маглі адысці ад здзіўлення.
-       А пабойцеся Бога, пане Ігнацы, - закрычаў ён, - тры гадзіны чакаю вас! Вы ўсе тут галаву згубілі…
Узяў яго пад руку і не зважаючы на пару прысутных гасцей, якія са здзіўленнем пазіралі на іх, хутка зацягнуў Жэцкага ў кабінет, дзе стаяла каса.
Тут ён з’еўшага зубы на сваёй прафесіі распарадчага штурхануў на цвёрдае крэсла, стаўшы перад ім з заламанымі рукамі, як Герман у роспачы перад Віялетай, прамовіў:
-       Ведаеце што… Я ведаў, што пасля майго выезду адсюль справа пашырыцца, але я не дапускаў, што так хутка… Ну, што вы, пане, сядзіце ў магазіне, то справа не ў гэтым: дзіркі не будзе. Але якія гэты стары вырабляе глупствы, то ўвогуле скандал!...
Здавалася, што ў пана Ігнацыя бровы папаўзлі ўверх ад здзіўлення.
-       Прабачце!... – усклікнуў ён, узнімаючыся з крэсла.
Але Мрачэўскі прымусіў яго сядзець.
-       Праба…
-       Ды не кажыце ўжо вы нічога! – перапыніў яго надушаны малады чалавек. – Вы ведаеце, што адбываецца?... Сузін сённа на ноч едзе ў Берлін убачыць Бісмарка, а потым – у Парыж на выставу. Абавязкова, вы чуеце?... абавязкова намаўляе Вакульскага, каб ехаў з ім. І гэты дур…
-       Пане Мрачэўскі!... Як вы асмельваецеся…
-       Я ад прыроды смелы, а Вакульскі вар’ят!... Сёння толькі я даведаўся праўду… Вы ведаеце, колькі ён мог бы зарабіць на гэтай справе ў Парыжы з Сузіным?... Не дзесяць, а пяцьдзесят тысяч рублёў, пане Жэцкі!... І гэты асёл не толькі не хоча сёння ехаць, але яшчэ гаворыць, што – не ведае, калі паедзе. Ён не ведае, а Сузін можа пачакаць з гэтай справай не больш за некалькі дзён.
-       Што ж Сузін?... – ціха спытаў сапраўды збянтэжаны пан Ігнацы.
-       Сузін?... Раззлаваны, і што горш – вельмі шкадуе. Кажа, што Станіслаў Пятровіч ужо не той, што быў, што грэбуе ім: словам, авантура!... Пяцьдзесят тысяч рублёў прыбытку і бясплатнае падарожжа. Ну, самі скажыце, ці з такімі ўмовамі нават святы Станіслаў Костка не паехаў бы ў Парыж?...
-       З пэўнасцю! – буркнуў пан Ігнацы. – Дзе ж Стах… ці той, пан  Вакульскі? – дадаў ён, узнімаючыся з крэсла.
-       Ён у вашым пакоі і піша там рахункі для Сузіна. Вось убачыце, што страціце праз гэты яго выбрык.
Дзверы кабінета адчыніліся  і ў іх з’явіўся Клейн з лістом у руцэ.
-       Прынёс лёкай Ленцкіх гаспадару, - прамовіў ён. – прамовіў ён.- Можа вы яму аддасцё, бо сёння ён, бестыя, такі злосны…
Пан Ігнацы ўзяў у рукі свела-блакітны канверт, аздоблены відам незабудак, але вагаўся, ісці ці не ісці. Тымчасам Мрачэўскі зірнуў праз яго плячо на адрас.
-       Ліст ад Бэлачкі, - усклікнуў ён, - я дома!... – І смеючыся выбег з кабінета.
“Вось ліха! – буркнуў пан Ігнацы, - ці ж гэтыя ўсе плёткі былі праўдай?... Значыць ён для яе выдае на куплю камяніцы дзевяноста тысяч і страчвае на Сузіне пяцьдзесят?... Разам сто сорак тысяч рублёў... А гэты экіпаж, а гэтыя скачкі, а гэтыя ахвяры на дабрачынныя мэты?... А... а гэты Росі, да якога так палымяна прыглядаецца панна Ленцкая, як яўрэй да дзесяці запаветаў?... Эге!... схаваю я ў кішэню цырымоніі...” Ён зашпіліў сурдут на гузік пад шыяй, выпрастаўся і пайшоў з лістом у свой пакой. У гэту хвіліну толькі заўважыў, што ў яго крыху рыпяць чаравікі, і адчуў нейкую палёгку. У пакоі пана Ігнацыя над стосам папер сядзеў Вакульскі без сурдута і камізэлькі і пісаў.
-       Ага!... – усклікнуў ён, узнімаючы галаву пры выглядзе Жэцкага. – Ты не злуешся, што я ў цябе тут гаспадару, як у сябе?
-       Гаспадар ужо такі цырымонны!... – адгукнуўся з’едліва пан Ігнацы. – Тут ліст ад ... гэтых... ад Ленцкіх...
Вакульскі паглядзеў на адрас, ліхаманкава разадраў канверт і чытаў... чытаў... Раз, другі і трэці перачытаў ліст. Жэцкі штосьці пераварочваў у сваім пісьмовым стале, а заўважыўшы, што яго сябар скончыў ужо чытаць і ў задуменні абапёрся галавой на руку, прамовіў суха:
-       Ты едзеш сёння ў Парыж з Сузіным?
-       І не думаю.
-       Я чуў, што гэта нейкая вялікая справа... Пяцьдзесят тысяч рублёў...
Вакульскі маўчаў.
-       Значыць паедзеш заўтра ці паслязаўтра, бо падобна, што Сузін можа твайго прыезду пачакаць пару дзён?
-       Я не ведаю яшчэ, калі паеду.
-       Гэта дрэнна, Стах. Пяцьдзесят тысяч рублёў гэта сума; шкада яе губляць... Калі даведаюцца, што ты выпусціў з рук такую магчымасць...
-       Скажуць, што звар’яцеў, - перапыніў яго Вакульскі.
Зноў замоўк і раптам азваўся:
-       А калі б мне трэба было споўніць больш важны абавязак, чым заробак пяцідзесяці тысяч?...
-       Палітычны? – спытаў ціха Жэцкі з трывогай у вачах, але і з усмешкай на вуснах.
Вакульскі падаў яму ліст.
-       Чытай, - прамовіў ён. – Ты пераканаешся, што ёсць рэчы, лепшыя за палітыку.
Пан Ігнацы з пэўным ваганнем узяў ліст у руку, але пасля паўторнага загаду Вакульскага прачытаў:
“Вянец цудоўны і ўжо наперад ад імя Росі я дзякую вам за гэты падарунак. Непараўнальнае гэтае рэдкае размяшчэнне смарагдаў паміж залатымі лісткамі. Вы павінны абавязкова прыехаць да нас, заўтра на абед, каб мы параіліся пра развітанне з Росі, а таксама пра наша падарожжа ў Парыж. Учора тата мне паведаміў, што мы едзем не пазней як праз тыдзень. Натуральна, што едзем разам, бо без вашага мілага таварыства падарожжа страціла б для мяне палову вартасці. Таму да пабачэння. Ізабэла Ленцка”.
-       Я не разумею, - прамовіў пан Ігнацы, абыякава кідаючы ліст на стол. – З-за прыемнасці падарожжа з паннай Ленцкай, і хаця б нарады аб падарунках для… для яе ўлюбёнцаў не кідаюцца ў гразь пяццюдзесяццю тысячамі… калі не больш…
Вакульскі ўзняўся з канапы і абапёрся абедзвюмя рукамі аб стол, ды запытаў:
-       А калі б мне было прыемна кінуць у бруд для яе ўвесь набытак, то што?
Жылы набрынялі ў яго на лбе, грудзі пад кашуляй ліхаманкава хваляваліся. У вачах запальваліся і згасалі тыя самыя іскры, якія ўжо бачыў Жэцкі падчас дуэлі з баронам.
-       То што?... – паўтарыў Вакульскі.
-       То нічога, - адказаў спакойна Жэцкі. – Я прызнаў бы толькі, што памыліўся, не ведаю ўжо каторы раз у жыцці…
-       У чым?
-       Сёння ў табе. Я думаў, што чалавек, які вырашаецца на смерць… на плёткі для здабыцця багацця, мае якія-небудзь больш шырокія, грамадскія мэты…
-       Але ж адчапіцеся вы ад мяне з гэтым вашым грамадствам!... – выкрыкнуў Вакульскі, удараючы кулаком па стале. – Што я рабіў для яго, пра гэта я ведаю, але… што ж яно зрабіла для мяне!... Значыць, ніколі не скончацца патрабаванні ахвяр, якія мне не далі ніякіх правоў?... Я хачу нарэшце аднойчы зрабіць штосьці для самога сябе… З вушэй звісаюць у мяне абяцанні, якія ніхто не выконвае… Асабістае шчасце – вось сёння мой абавязак… інакш… у лоб бы сабе стрэліў, калі б ужо нічога не бачыў для сябе апрача нейкіх уяўных абавязкаў. Тысячы жывуць марна, а адзін на іх погляд мае абавязкі!... Ці чулі вы што больш непрыемнае?...
-       А авацыі для Росі гэта не абавязак? – спытаў пан Ігнацы.
-       Я не раблю іх для Росі.
-       А толькі каб дагадзіць жанчыне… я ведаю… З усіх кас ашчаднасці гэта найменш пэўная, - адказаў Жэцкі.
-       Ты неасцярожлівы!... – прашыпеў Вакульскі.
-       Скажы – быў… Табе здаецца, што толькі вынайшаў каханне. Ведаю і я яго, ба!... На працягу некалькіх гадоў я кахаў як вар’ят, а тымчасам мая Элаіза круціла раманы з іншымі. Божа мой!... колькі мне каштавала бачыць кожны абмен позіркамі, якія я хапаў мімаходзь…Урэшце на маіх вачах абменьваліся нават абдымкамі… Вер мне, Стах, я не такі наіўны, як думаюць. Я бачыў шмат у жыцці і дайшоў да высновы, што мы ўкладваем занадта шмат сэрца ў гульню, якую называюць каханнем.
-       Ты так кажаш, бо яе  не ведаеш, - заўважыў хмура Вакульскі.

-       Кожная выключная, пакуль галаву нам не адкруціць. Праўда, што я не ведаю г э т у, але ведаю іншых. Каб над жанчынамі атрымліваць вялікія перамогі, трэба быць дастаткова дзёрзкім і дастаткова нахабным: дзве рысы, якімі ты не валодаеш. І таму я перасцярагаю цябе: не вельмі рызыкуй, бо застанешся апярэджаным, калі яшчэ не застаўся. Ніколі табе пра такія рэчы не казаў, праўда? Нават не выглядаю падобным філосафам… Але адчуваю, што табе пагражае небяспека, таму паўтараю: сцеражыся! І ў дрэннай гульні не прапаноўвай сэрца, бо табе яго падчас аказання знакаў пашаны любая блазнючка аплюе. А ў гэтым выпадку, кажу табе, чалавек атрымлівае такія прыкрыя ўражанні, што… Лепш бы табе іх… не дачакацца!...

Вакульскі, седзячы на канапе, сціскаў кулакі, але маўчаў. У гэту хвіліну пастукалі ў дзверы і паказаўся Лісецкі.
-       Пан Ленцкі хоча вас бачыць. Можа ён сюды ўвайсці? – спытаў прыказчык.
-       Запрасіце… - адказаў Вакульскі, спяшаючыся нацягнуў камізэльку і сурдут.
 Жэцкі ўзняўся са стула, сумна паківаў галавой і пакінуў свой пакой.
“Я думаў, што дрэнна, - буркнуў будучы ўэо ў сенцах. – Але не думаў, што настолькі дрэнна…”
Ледзь Вакульскі здолеў сяк-так сабрацца, увайшоў пан Ленцкі, а за ім швейцар магазіна. У пана Томаша былі вочы, набеглыя кроўю, і сінія плямы на шчоках. Ён кінуўся на крэсла і, абапёршыся галавой на спінку, цяжка дыхаў. Швейцар стаяў на парозе з занепакоеным выразам твару і перабіраючы пальцамі металічныя гузікі сваёй ліўрэі чакаў загад.
-       Прабачце, пане Станіслаў, але… прашу вас вады з цытрынай… - прашаптаў пан Томаш.
-       Содавай, цытрыну і цукар… Бегам! – прамовіў Вакульскі швейцару.
Швейцар выйшаў, чапляючы вялікімі гузікамі дзверы пакоя.
-       Гэта нічога, - сказаў пан Томаш з усмешкай. – Кароткая шыя, спякота і раздражненне… Я хвілінку адпачну… Затрывожаны Вакульскі зняў яму гальштук і расшпіліў кашулю. Потым паліў ручнік адэкалонам, які знайшоў на пісьмовым століку Жэцкага, і з сыноўнім клопатам выцер хвораму патыліцу, твар і галаву.
Пан Томаш паціснуў яму руку.
-       Мне ўжо лепш… Бог аддзяч… - а потым дадаў напаўголас: - ты падабаешся мне ў гэтай ролі сястры міласэрнасці. Бэла не здолела б зрабіць больш далікатна… Ну, яна створана для таго, каб ёй аказвалі паслугі…
Слуга прынёс сіфон і цытрыны. Вакульскі зрабіў ліманад і напаіў пана Томаша, у якога паступова пачалі знікаць сінія плямы са шчок.
- Ідзі ка мне дадому, - сказаў Вакульскі слугу, - і загадай запрэгчы коней. Няхай прыедуць да склепа.
- Дарагі… дарагі мой… - сказаў пан Томаш, моцна паціскаючы яго руку і з удзячнасцю паглядаючы на яго пачырванелымі вачыма. – Я не прывык да падобнага клопату, бо Бэлачка не робіць такіх рэчаў.
Няўмеласць панны Ізабэлы ў доглядзе за хворымі прыкрым чынам уразіла Вакульскага. Але толькі на хвіліну. Павольна пан Томаш зусім акрыяў. Моцны пот выступіў на лбе, голас памацнеў і толькі сетка чырвоных пражылак на вачах яшчэ сведчыла аб мінулым прыступе. Ён нават прайшоўся па пакоі, пацягнуўся і пачаў:
- А… вы не ўяўляеце, пане Станіслаў, як я сёння раззлаваўся. Ці дасцё веры? Дом мой прадалі за дзевяноста тысяч!...
Вакульскі ўздрыгнуў.
-       Я быў упэўнены, - сказаў пан Ленцкі, - што я вазьму хоць са сто дзесяць тысяч… Ужо ў зале я чуў вакол сябе размовы, што камяніца вартая сто дваццаць… Але што ж – захацеў яе купіць яўрэй, подлы ліхвяр, гэты Шлангбаум… Дамовіўся з канкурэнтамі, і хто ведае, ці і не з маім адвакатам, і – я страціў дваццаць ці трыццаць тысяч…
Цяпер Вакульскі выглядаў як апаплектык, але маўчаў.
 - А так я лічыў, - працягваў пан Ленцкі, - што з пяцідзесяці тысяч вы дасцё мне з дзесяць тысяч штогод. На ўтрыманне дому выходзіць мне ад шасці да васьмі тысяч, таму на рэшту мы з Бэлай маглі б штогод выязджаць за мяжу. Я абяцаў нават дзіцяці, што праз тыдзень мы паедзем у Парыж… Акурат!... Шэсць тысяч рублёў ледзьве хапае на беднае існаванне, а пра падарожжы забудзьцеся і думаць… Нікчэмны яўрэй… Нікчэмнае грамадства, якое так спрыяе ліхвярам, што не смее з імі змагацца нават падчас аўкцыёна. А што мне найбольш баліць, скажу табе, гэта акалічнасць, што за гэтым бедным Шлангбаумам можа хавацца які-небудзь хрысціянін, нават арыстакрат…
Голас зноў пачаў зніжацца і зноў на твар выступілі сіняватыя пляміны. Сеў і папіў вады.
-       Подлыя! Подлыя!... – шаптаў ён.
-       Супакойцеся, - прамовіў Вакульскі. – Колькі вы дасцё мне гатоўкай?
-       Я прасіў адваката нашага князя (бо мой адвакат гэта лайдак), каб забраў належную мне суму і табе даручыў яе, пане Станіслаў... Разам трыццаць тысяч. А паколькі вы абяцаеце мне ад іх дваццаць працэнтаў, значыць у мяне шэсць тысяч рублёў у год на ўсё ўтрыманне. Жабрацтва... разарэнне!...
-       Вашу суму, - адказаў Вакульскі , - я магу змясціць у лепшай справе. Будзеце мець дзесяць тысяч у год...
-       Што вы кажаце?...
-       Так. Падварочваецца мне выключны выпадак...
Пан Томаш сарваўся з крэсла.
-       Збаўца... дабрадзею!...- гаварыў ён узрушаным голасам. – Вы самы высакародны з людзей... Але, - дадаў ён, адступаючы і разводзячы рукі, - ці толькі вы не страціце?
-       Я?... Я ўсё ж такі купец.
-       Купец!... Таксама мне скажаш!...- закрычаў пан Томаш:- Дзякуючы вам я пераканаўся, што слова купец – сёння сінонім вялікадушнасці, далікатнасці, гераізму... цудоўны!...
І кінуўся яму на шыю, амаль не плачучы. Вакульскі трэці раз пасадзіў яго на крэсла, а гэтымчасам пастукалі ў дзверы.
- Калі ласка.
Увайшоў Генрык Шлангбаум, бледны, з маланкамі ў вачах. Ён стаў перад панам Томашам і кланяючыся яму прамовіў:
- Пане, - я Шлангбаум, як раз сын гэтага “подлага” ліхвяра, на якога пан столькі выгаворваў у магазіне ў прысутнасці маіх калег і наведвальнікаў...
- Пане... я не ведаў... любую сатысфакцыю я гатовы... а найперш – перапрашаю... Я быў вельмі раззлаваны... – сказаў узрушаны пан Томаш.
Шлангбаум супакоіўся.
- Я папрашу вас, - адказаў ён, - замест даваць мне сатысфакцыю, то лепш паслухайце, што я скажу. Чаму мой бацька купіў ваш дом, не ў гэтым справа. Што ён вас не ашукаў – я дам станоўчы доказ. Бацька зараз саступіць вам гэты дом за дзевяноста тысяч... Скажу больш – выбухнуў ён, - набыўца аддасць яго вам за семдзесят...
- Генрык!... – заўважыў Вакульскі.
- Я скончыў. Бывайце, пане, - адказаў Шлангбаум і нізка пакланіўшыся пану Томашу выйшаў з пакою.
- Што за прыкры фарс! – азваўся праз хвіліну пан Томаш. – Сапраўды, я сказаў у магазіне пару непрыемных слоў пра старога Шлангбаума, але мовячы, я не ведаў, што яго сын тут... Верне мне дом за семдзесят тысяч, за які даў дзевяноста... Выдатна!... Што вы на гэта скажаце, пане Станіслаў?...
- Можа дом сапраўды варты толькі дзевяноста... – нясмела адказаў Вакульскі. Пан Томаш пачаў зашпіляць на сабе адзенне і гальштук.
- Дзякуй вам, пане Станіслаў, - сказаў ён, - і за дапамогу, і за занятак маімі справамі... Што за фарс з гэтым Шлангбаумам!... Але...але... Бэлачка просіць вас заўтра на абед... Грошы забяры ў аддваката нашага князя, а што да працэнту, які ты... вы будзеце так ласкавы...
- Я выплачу яго зараз жа наперад за паўгода.
- Я вельмі табе ўдзячны, - працягваў пан Томаш, цалуючы яго ў абедзве шчакі. – Ну, да пабачэння, да заўтра... І не забудзься пра абед...
Вакульскі вывеў яго праз падворак да брамы, дзе ўжо чакаў экіпаж.
- Страшная спякота! – сказаў пан Томаш, з цяжкасцю, пры дапамозе Вакульскага сядаючы ў экіпаж. – Што ж зноў за фарс з гэтымі яўрэямі?... Даў дзевяноста тысяч, а гатовы аддаць за семдзесят... Пацешна... слова гонару!...
Коні накіраваліся ў бок Алеі Уяздоўскай. Па дарозе дадому пан Томаш быў амаль у паўнепрытомнасці. Ён не адчуваў спякоты, толькі агульны аслаб і шум у вушах. Хвілінамі яму здавалася, што кожным вокам бачыць рознае ці што двума бачыць увогуле горш. Ён абапёрся у куце экіпажа, хістаючыся ад кожнага больш моцнага руху, як п’яны.
Думкі і пачуцці блыталіся ў яго дзіўным чынам. Часам ён уяўляў сабе, што абкружаны сеткай інтрыг, з якой выблытаць яго можа толькі Вакульскі. То зноў, што ён цяжка хворы і што толькі Вакульскі лячыць яго б здолеў. То зноў, што памрэ, пакідаючы бедную і ўсімі пакінутую дачку, пра якую клапаціцца мог бы толькі Вакульскі. І нарэшце ён падумаў, што добра мець уласны экіпаж, які так лёгка нясе, як гэты, на якім ён едзе – і -  што калі б ён папрасіў Вакульскага, то ён бы яго яму падарыў.
“Страшная спякота!” – прабурчэў пан Томаш.
Коні спыніліся перад домам, пан Томаш выйшаў і нават не кіўнуў галавой фурману,  ды пайшоў наверх. Ледзьве валок ацяжалелыя ногі, а калі аказаўся ў сваім кабінеце, упаў на крэсла ў капелюшы і так сядзеў з пару хвілін да найвышэйшага здзіўлення слугі, які палічыў стасоўным запрасіць паненку.
-       Напэўна добра пайшла справа, - прамовіў ён панне Ізабэле, - бо ясны пан штосьці… нібы крыху таго…
Панна Ізабэла, якая нягледзячы на прытворную халоднасць з найвялікшай нецярплівасцю чакала вяртання бацькі і выніку аўкцыёну дома, пайшла ў кабінет настолькі хутка, наколькі можна было гэта спалучыць з правіламі прыстойнасці. Заўсёды яна памятала, што панне з яе прозвішчам нельга здраджваць самым жывым пачуццям, нават па прычыне банкруцтва. Нягледзячы на яе панаванне над сабой Мікалай здагадаўся (з-за моцных плямаў на твары), што яна ўзрушаная, і яшчэ раз дадаў напаўголас:
-       О! добра відаць пайшла справа, бо ясны пан… таго… Панна Ізабэла наморшчыла прыгожы лобік і грукнула за сабой дзвярыма кабінета. Яе бацька увесь час сядзеў, не  здымаючы капялюш.
-       Што, тата? – спытала яна з адценнем непрыемнага пачуцця, пазіраючы ў яго чырвоныя вочы.
-       Няшчасце… разарэнне!... – адказаў пан Томаш з цяжкасцю здымаючы капялюш.- Я страціў трыццаць тысяч рублёў…
Панна Ізабэла пабляднела і села на скураным шэзлонгу.
-       Подлы яўрэй, ліхвяр, адпужаў канкурэнтаў, падкупіў адваката і…
-       Значыць у нас ужо нічога няма?... – прашаптала яна.
-       Як гэта нічога?... У нас ёсць трыццаць тысяч рублёў, а з іх дзесяць тысяч рублёў працэнту… Слаўны гэты Вакульскі!... Я не меў паняцця пра падобную шляхетнасць… А калі б ты ведала, як ён мяне сёння даглядаў…
-       Чаму ён даглядаў?...
-       У мяне быў невялікі прыступ з-за спякоты і раздражнення…
-       Які прыступ?...
-       Кроў прыліла мне да галавы… але гэта ўжо прайшло… Подлы яўрэй… ну, але Вакульскі – кажу табе, гэта штосьці незвычайнае.
Ён пачаў плакаць.
- Тата, што з табой?... Я пашлю па доктара… - закрычала панна Ізабэла, кідаючыся на калены перад крэслам.
- Нічога, нічога… супакойся…Я падумаў толькі, што калі б я памёр, Вакульскі – гэта адзіны чалавек, якому ты магла б давяраць…
- Я не разумею…
- Ты хацела сказаць: не пазнаеш мяне, праўда?... Здзіўляе цябе гэта, што твой лёс я мог бы даверыць купцу?... Але бачыш…  калі ў няшчасці адны змовіліся супраць нас, іншыя пакінулі нас, ён жа паспяшаўся дапамагчы, і можа мне нават жыццё ўратаваў… Мы, апаплектыкі, часам вельмі блізка знаходзімся ад смерці… Таму, калі ён прыводзіў мяне да прытомнасці, я падумаў, хто б табе так далікатна апекаваў? Бо ні Ёася, ні Гартэнзія, ды ніхто… Толькі багатыя сіроты знаходзяць апекуноў…
Панна Ізабэла заўважыла, што да бацькі паступова вяртаюцца сілы і валоданне сабой, устала з кален і села на шэзлонгу.
- Дык, тата, якую ж ролю ты прызначаеш гэтаму пану? – спытала яна халодна.
- Ролю?- паўтарыў ён, прыглядаючыся да яе ўважліва. - Ролю… саветніка… сябра дома… апекуна… Апекуна таго маленькага багаццейка, які б табе застаўся…
- О, з гэтага пункту гледжання я яго ўжо даўно ацаніла. Гэта чалавек энергічны і прывязаны да нас… Зрэшты не ў гэтым справа, - дадала яна праз хвіліну. – Як жа, тата, вы закончылі справу з камяніцай?
- Кажу табе як. Нягоднік яўрэй даў дзевяноста тысяч, таму ў нас засталося трыццаць тысяч. А паколькі паважаны Вакульскі будзе мне плаціць з гэтай сумы дзесяць тысяч… Трыццаць тры працэнты, уяві сабе.
- Як гэта трыццаць тры? – перапыніла панна Ізабэла. – Дзесяць тысяч гэта дзесяць працэнтаў…
- Але дзе ж дзесяць! Дзесяць ад трыццаці гэта значыць трыццаць тры працэнты. Бо працэнт значыць: pro centum – “сотая доля”, разумееш?
- Я не разумею, - адказала панна Ізабэла, паводзячы галавой.
- Я разумею, што дзесяць гэта значыць дзесяць, але калі на купецкай мове дзесяць называецца трыццаць тры, то няхай сабе так і будзе.
- Бачыш, што не разумееш. Зараз я б табе растлумачыў гэта, але – я такі стомлены, што трэба крыху паспаць…
- Можа паслаць па доктара? – спытала панна Ізабэла, ўзнімаючыся з сядзення. – Барані Божа!... – усклікнуў пан Томаш і замахаў рукамі. – Калі б я толькі падаўся да дактароў, то з пэўнасцю ўжо не жыў бы…
Панна Ізабэла больш не настойвала, пацалавала бацькаву руку і лоб ды пайшла ў свой будуар, у глыбокім задуменні.
Непакой, які клапаціў яе некалькі дзён: як скончыцца аўкцыён? – пакінуў яе, што і следу не засталося пасля яго. Значыць у іх ёсць яшчэ дзесяць тысяч рублёў штогод і трыццаць тысяч рублёў гатоўкай?... Значыць паедуць на выставу ў Парыж, потым можа ў Швейцарыю, а зімой зноў у Парыж. Не!... Зімой вернуцца ў Варшаву, каб зноў адкрыць дом для прыёмаў. І калі знойдзецца які заможны чалавек, нестары і неагідны (як напрыклад барон ці маршалак… бр!...), урэшце не парвеню і разумны… ( ну, дурны можа сабе быць, у іх таварыстве разумны толькі Ахоцкі, ды і той дзівак!) Калі знойдзецца такі кавалер – панна Ізабэла вырашыць канчаткова…
“Цікавы тата з гэтым Вакульскім!” – думала панна Ізабэла, ходзячы туды-сюды па сваім кабінеце.
Вакульскага маім апекуном!... Вакульскі можа быць вельмі добрым саветнікам, даверанай асобай, зрэшты апекуном маёмасці… Але тытул апекуна можа насіць толькі князь, зрэшты наш кузін і даўні сябар сям’і…”
Увесь час яна хадзіла па пакоі туды-сюды са скрыжаванымі на грудзях рукамі і раптам прыйшло ёй на думку: чаму тата так сёння расчуліўся з-за Вакульскага?... Якой чарадзейнай сілай гэты чалавек, скарыўшы ўсё яе атачэнне, цяпер адолеў ужо апошнюю пазіцыю, бацьку!... Бацька, пан Томаш Ленцкі, плакаў… Ён, з вачэй якога ад смерці маці не скацілася ніводная слязіна…
“Я аднак павінна прызнаць, што гэта вельмі добры чалавек, - сказала яна ў душы. – Росі не быў бы так задаволены Варшавай, калі б не клопаты Вакульскага. Ну, але ж маім апекуном, нават у выпадку няшчасця, ён не будзе… Што да багацця, дык няхай сабе, ім распараджаецца, але апекуном!... Тата відаць вельмі аслаблены, калі яму на думку прыйшла падобная камбінацыя…” Каля шостай вечарам панна Ізабэла была ў салоне і пачула званок у пярэднім пакоі, а потым нецярплівы голас Мікалая:
- Я казаў: заўтра прыйсці, бо сёння гаспадар хворы.
- Што я зраблю, калі у гаспадара як ёсць грошы, то ён хварэе, а калі здаровы, то ў яго няма грошай?... – адказаў іншы голас з невялікім яўрэйскім акцэнтам.
У гэту хвіліну пачуўся ў пярэднім пакоі шэлест жаночай сукенкі і ўбегла панна Фларэнтына, гаворачы:
- Ціха!... Богам прашу, ціха!... Пане Шпігельман, прыходзьце заўтра… Вы ж ведаеце, што грошы ёсць…
- Менавіта таму я сёння і прыходжу ўжо трэці раз. А заўтра прыйдуць іншыя і я зноў буду чакаць… Кроў прыліла да скроняў панны Ізабэлы, якая не разабраўшыся ў тым, што адбываецца, раптам увайшла ў пярэдні пакой.
- Што тут?... – спытала яна ў панны Фларэнтыны.
Мікалай паціснуў плячыма і на пальчыках выйшаў на кухню.
- Гэта я, пані графіня… Давід Шпігельман, - адказаў невысокі чалавек з чорнай барадой і ў чорных акулярах. – Я да пана графа прыйшоў па невялікай справе…
- Любая Бэла… - азвалася панна Фларэнтына, жадаючы адправіць кузінку.
Але панна Ізабэла вырвалася з яе рук і, убачыўшы, што кабінет бацькі свабодны, загадала зайсці туды Шпігельману.
- Спыніся, Бэла. Што ты робіш?... – прасіла яе панна Фларэнтына.
- Я хачу аднойчы даведацца аб праўдзе, - прамовіла панна  Ізабэла.
Яна зачыніла дзверы кабінета, села на крэсле і пазіраючы ў акуляры Шпігельману, запытала:
- Якая справа ў вас да майго бацькі?
- Я перапрашаю панну графіню, - адказаў яўрэй, кланяючыся, - гэта вельмі малая справа. Я толькі хачу атрымаць мае грошы…
- Колькі?
- Збярэцца можа з васемсот рублёў…
- Атрымаеце заўтра.
- Я перапрашаю панну графіню, але я ўжо паўгода штотыдзень атрымліваю толькі адно заўтра, і не бачу ані працэнту, ані капіталу.
Панна Ізабэла адчула, што ёй не хапае паветра і што сэрца сціснулася. Тут жа яна авалодала сабой.
- Ведаеце, пане, што мой бацька атрымлівае трыццаць тысяч рублёў… Апрача таго (сказала яна, сама не ведаючы для чаго!) у нас будзе дзесяць тысяч штогод… Ваша невялікая сума не можа прапасці, вы напэўна разумееце…
- Адкуль жа дзесяць?... – спытаў яўрэй і дзёрзка падняў галаву.
- Як гэта адкуль? – адказала яна абурана. – Працэнт ад нашага багацця.
- Трыццаці тысяч? – заўважыў яўрэй з усмешкай, думаючы, што хочуць яго ашукаць.
- Так.
- Я перапрашаю панну графіню, - іранічна адказаў Шпігельман, - я даўно займаюся грашыма, але такога працэнту не бачыў ніколі. З трыццаці тысяч пан граф можа мець тры тысячы, ды яшчэ на вельмі няпэўнай іпатэцы. Але што мне да гэтага… Мая справа – забраць свае грошы. Бо як заўтра прыйдуць іншыя, то яны зноў будуць лепшыя за Давіда Шпігельмана, а як пан граф рэшту аддасць на працэнт, то я буду вымушаны чакаць год…
Панна Ізабэла падхапілася з крэсла.
- Я вас запэўніваю, што заўтра атрымаеце грошы! – усклікнула яна, пазіраючы на яго з пагардай.
- Слова? – спытаў яўрэй, цешачыся ў душы яе прыгажосцю.
- Слова даю, што заўтра будзе ўсім заплочана… Усім, і да гроша!...
Яўрэй пакланіўся да зямлі і адступаючы спіной, пакінуў кабінет.
-       Я пагляджу, як панна графіня стрымае слова… - прамовіў ён, адыходзячы.
Стары Мікалай зноў быў у пярэднім пакоі і з такой грацыяй адчыніў дзверы Шпігельману, што той ужо з сенцаў закрычаў
- Што ж так ужо напаказ разбівацца, пане камердынер?...
Бледная ад гневу панна Ізабэла бегла ў спальню бацькі. Заступіла ёй дарогу панна Фларэнтына.
- Супакойся, Бэлачка, - прасіла яна, складваючы рукі, - бацька такі хворы…
- Я запэўніла гэтага чалавека, што ўсе даўгі будуць сплочаны, і павінны быць сплочаны… Хоць бы мы не паехалі ў Парыж…
Якраз пан Томаш у пантофлях і без сурдута павольна прахаджваўся па спальні, калі ўвайшла дачка. Яна заўважыла, што бацька выглядае вельмі блага, у яго апушчаныя плечы, спушчаныя  сівыя вусы, апушчаныя павекі і ўвогуле сагнуты як старац. Але гэтыя заўвагі толькі стрымалі яе ад выбуху гневу, але не ад вырашэння справы.
- Я перапрашаю цябе, Бэла, што ты бачыш мяне ў такім негліжэ… Што адбылося?...
- Нічога, тата, - адказала яна стрымліваючыся. – Быў тут нейкі яўрэй…
- Ах, пэўна гэты Шпігельман… Надакучлівая бестыя, як камар у лесе!... – усклікнуў пан Томаш, хапаючыся за галаву. – Няхай заўтра прыйдзе…
- Абавязкова прыйдзе, ён і… іншыя…
- Добра… вельмі добра… Даўно ўжо я думаў задаволіць іх… Ну, хвала Богу, што хоць крыху суціхла…
Панна Ізабэла дзівілася са спакою бацькі і яго дрэннага выгляду. Здавалася, што ад апоўдня ён пастарэў на некалькі гадоў . Яна села на стул і азіраючыся па спальні, спытала як бы з неахвотай:
- Тата, вы шмат ім павінны аддаць?
- Няшмат… дробязь… пару тысяч рублёў…
- Гэта тыя грошы, пра якія гаварыла цётка, што хтосьці ў сакавіку выкупіў?
Пан Ленцкі стаў на сярэдзіне пакою і шчоўкнуўшы пальцамі, усклікнуў:
- А бадай цябе!... Пра гэтыя я на смерць забыўся…
- Значыць у нас больш даўгоў, чым пару тысяч?... 
– Так… так… крыху больш… Я думаю, што пяць ці шэсць тысяч… Я папрашу паважанага Вакульскага, то ён мне гэта вырашыць…
Панна Ізабэла мімаволі здрыганулася.
- Шпігельман казаў, - сказала яна праз хвіліну, - што ад нашай сумы немагчыма мець дзесяць тысяч рублёў працэнтаў. Найбольш тры тысячы, і то на няпэўнай іпатэцы…
- Ён мае рацыю – на іпатэцы, але ж гандаль гэта не іпатэка… Гандаль можа даць трыццаць ад трыццаці… Але… а адкуль Шпігельман ведае пра наш працэнт? – спытаў пан Томаш, задумаўшыся крыху.
- Я яму расказала выпадкова… - апраўдвалася  пачырванелая панна Ізабэла.
- Шкада, што ты яму гэта расказала… вельмі шкада!... пра такія рэчы лепш не гаварыць…
- Гэта штосьці дрэннае? – шапнула яна.
- Дрэннае?... Не, нічога дрэннага, Божа мой… Але заўсёды лепш, калі людзі не ведаюць ні велічыні, ні крыніцы даходаў… Барон, урэшце сам маршалак не мелі б рэпутацыі мільянераў і філантропаў, калі б ведалі ўсе іх сакрэты…
- Чаму ж гэта, тата?...
- Ты яшчэ дзіця, - гаварыў крыху занепакоены пан Томаш, - ты ідэалістка, гэта магло б цябе аддаліць ад іх… Але у цябе ж ёсць розум. Барон, бачыш, утрымлівае якоесьці прадпрыемства з ліхвярамі, а фартуна маршалка вырасла галоўным чынам з удачлівых пажараў, ну… і трохі з гандлю жывёлай падчас севастопальскай вайны…
- Значыць такія мае жаніхі?... – прашаптала панна Ізабэла.
- Гэта нічога не значыць, Бэла!... У іх грошы і вялікі крэдыт, а гэта галоўнае – супакойваў яе пан Томаш.
Панна Ізабэла патрэсла галавой, нібы хочучы адвесці прыкрыя думкі.
- Значыць мы, тата, ужо не паедзем у Парыж…
- Чаму, дзіця маё, чаму?...
- Калі вы заплаціце пяць ці шэсць тысяч яўрэям…
- О гэтага не бойся. Я папрашу Вакульскага, каб пастараўся аб такой суме на шэсць ці на сем працэнтаў, і будзем плаціць на яе кошт якія-небудзь чатырыста рублёў штогод. Ну, а ў нас амаль дзесяць тысяч.
Панна Ізабэла схіліла галаву і ціха перабіраючы пальцамі па стале, думала.
-       Тата, а ты - сказала яна, падумаўшы, - не баішся Вакульскага?...
-       Я?... – крыкнуў пан Томаш і кулакамі ўдарыў у грудзі. – Я баюся Ёасі, Гартэнзіі, нават нашага князя і зрэшты іх усіх разам, але не Вакульскага. Калі б ты бачыла, як ён сёння абціраў мяне адэкалонам… А з якой трывогай ён пазіраў на мяне!... Гэта самы высакародны чалавек, якога я спаткаў у жыцці… Ён не дбае пра грошы, прыбытак на мне рабіць не можа, але дбае аб маёй прыязнасці… Бог мне яго паслаў, і яшчэ ў хвіліну, калі … калі я пачынаю адчуваць старасць, а можа смерць…
І сказаўшы гэта, пан Томаш пачаў міргаць павекамі, з якіх зноў упала ў яго некалькі слёз.
- Тата, ты хворы!... – усклікнула затрывожаная панна Ізабэла.
- Не, не!... Гэта спякота, раздражненне, і найперш… жаль да людзей. Падумай толькі: быў хто ў нас сёння?... Ніхто, бо думаюць, што мы ўжо ўсё страцілі… Іаанна баіцца, каб я ў яе не пазычыў на заўтрашні абед… Таксама барон і князь… Яшчэ барон, даведаўшыся, што ў нас засталося трыццаць тысяч, прыйдзе сюды… з-за цябе. Бо падумай, што хоць бы з табой ажаніўся без пасагу, то аднак не будзе патрабаваць выдаваць грошы на мяне… Але супакойся: калі пачуюць, што ў нас дзесяць тысяч рублёў штогод, вернуцца сюды ўсе, а ты зноў будзеш як раней каралева ў сваім салоне… Божа, які я сёння нерваваны!... – сказаў пан Томаш, выціраючы слёзы на вачах.
- Я пашлю па доктара, тата?...
Бацька задумаўся.
-       Гэта ўжо заўтра, заўтра… да заўтра можа само пройдзе…
У гэту хвіліну пачулася стуканне ў дзверы.
- Хто там?... Што там?... – запытаў пан Томаш.
- Пані графіня прыехала, - пачуўся з калідора голас панны Фларэнтыны.
- Іаася?!... – усклікнуў пан Томаш з радасным здзіўленнем. – Выйдзі ж да яе, Бэлачка… Я павінен крыху апрануцца… Ну,ну!... Я гатовы паспрачацца, што яна ўжо ведае пра трыццаць тысяч… Выйдзі ж, Бэла… Мікалай!...
Ён пачаў круціцца па спальні, шукаючы розныя часткі адзення, а тымчасам панна Ізабэла выйшла да цёткі, якая ўжо чакала яе ў салоне.
Убачыўшы панну Ізабэлу, графіня схапіла яе ў абдымкі.
-       Які Бог добры, - закрычала яна, - што паслаў вам столькі шчасця. І што ж гэта, падобна Томаш узяў за камяніцу дзевяноста тысяч, і твой пасаг захаваны?... Ніколі б не падумала.
-       Тата, цёця, спадзяваўся ўзяць больш і толькі якісьці яўрэй, новы гаспадар, расштурхаў канкурэнтаў, - адказала крыху ўражаная панна Ізабэла.
-       Ах, дзіця маё, ты яшчэ не пераканалася ў непрактычнасці бацькі. Ён можа ўяўляць сабе, што дом варты быў мільёнаў, а я ў сваю чаргу ведаю ад кампетэнтных людзей, што як найбольш ён каштуе семдзесят з лішкам тысяч. Бо штодзень ужо некалькі дзён прадаюць камяніцы з аўкцыёна, вядома, якія ёсць і што за іх плоцяць. Зрэшты няма аб чым гаварыць; бацька няхай уяўляе сабе, што яго ашукалі, а ты, Бэла, маліся за здароўе гэтага яўрэя, які даў вам дзевяноста тысяч… Але дарэчы: ці ведаеш, што Казя Старскі вярнуўся?...
Моцны румянец выступіў на твар панны Ізабэлы.
-       Калі? Адкуль?... – запытала яна збянтэжыўшыся.
-       Цяпер з Англіі, куды прыехаў проста з Кітая. Усё ж прыгожы і зараз едзе да бабкі, якая здаецца, аддае яму маёнтак.
-       Гэта па суседству з вамі?
-       Якраз аб гэтым я і хачу пагаварыць. Вельмі цікавіўся табой, а я, будучы перакананая, што ты ўжо вылечылася ад сваіх капрызаў, параіла яму, каб вас заўтра наведаў.
-       Як гэта добра!... – усклікнула ўзрадаваная панна Ізабэла.
-       Вось бачыш!... – адказала графіня, цалуючы яе. – Цётка увесь час пра цябе думае. Для цябе гэта выдатная партыя, якую тым лягчэй будзе ўтварыць, паколькі ў Томаша ёсць капітальчык, якога яму павінна хапіць, а Казя штосьці чуў пра водпіс цёткі Гартэнзіі да цябе. Ну, дапускаю, што Старскі мае крыху даўгоў. У любым выпадку тое, што яму застанецца ад багацця бабкі, з тым, што ты можаш атрымаць ад Гартэнзіі, павінна было б вам на пэўны час хапіць. А пазней паглядзім. У яго яшчэ ёсць дзядзька, у цябе ёсць я, таму вашы дзеці не спазнаюць бяды. 
Панна Ізабэла ў маўчанні пацалавала рукі цёткі. У гэту хвіліну яна была такая прыгожая, што графіня, схапіўшы яе ў абдымкі, пацягнула да люстра і смеючыся сказала:
-       Ну, прашу цябе, толькі заўтра так выглядай, і пераканаешся, што ў сэрцы Казіміра адновяцца раны, якія зажылі… Хаця і шкада, што ты яго тады адкінула!... У вас было б зараз на сто ці на сто пяцьдзесят рублёў больш… Я ўяўляю сабе, што гэты бедны хлапец ад роспачы павінен быў вельмі растрачваць грошы. Але, але… - дадала графіня, - ці праўда, што вы хочаце ехаць з бацькам у Парыж?...
-       Так, у нас ёсць намер.
-       Я прашу цябе, Бэла, - угаворвала яе цётка, - не рабі гэтага. Я якраз хачу вам прапанаваць, каб у мяне правялі гэтую рэштку лета. І ты павінна гэта зрабіць, хаця б з улікам Старскага. Разумееш, што малады хлопец у вёсцы будзе сумаваць, будзе марыць… Вы можаце бачыцца штодзень, а ў такіх умовах найбольш лёгка будзе прывязаць яго, і нават … абавязаць…
Панна Ізабэла зачырванелася яшчэй мацней, чым раней і схіліла прыгожую галаву.
-       Цёця! – прашаптала яна.
-       Ах, дзіця маё, толькі не гуляй са мной у дыпламатку. Панна ў тваім узросце ўжо павінна выйсці замуж, і найперш не паўтараць ранейшых памылак. Казімір – выдатная партыя: няхутка ён апрыкрые табе, але … калі б і апрыкрыў, то… ужо будзе мужам і да шмат якіх рэчаў ён павінен будзе ставіцца паблажліва, так як і ты для яго. А дзе ж бацька?
-       Бацька крыху нездаровы…
-       Божа літасцівы!... Можа яго занадта ўзрушыла неспадзяванае шчасце…
-       Тата якраз захварэў, гневаючыся на гэтага яўрэя…
-       Ён вечна ў ілюзіях! – адказала графіня, узнімаючыся з канапы. – Я зайду да яго на хвіліну і пагавару пра вашы вакацыі. Што ж да цябе, Бэла, то спадзяюся, што ты здолееш выкарыстаць час.
    Пасля паўгадзіннай, даверлівай размовы з панам Томашам графіня развіталася з пляменніцай, яшчэ раз рэкамендуючы ёй Старскага.
Каля дзевятай пан Томаш, супраць звычаю, пайшоў спаць, а панна Ізабэла паклікала ў свой пакой на размову кузінку Фларэнтыну.
-       Ведаеш, Флора, - прамовіла яна, сядаючы і напалову лежачы на шэзлонгу, - вярнуўся Казя Старскі і заўтра павінен быць у нас.
-       Ааа!... – шапнула панна Фларэнтына, нібы гэты выпадак быў ужо ёй вядомы. – Значыць ён не гневаецца? – спытала яна, акцэнтуючы апошнюю фразу.
-       Напэўна… Зрэшты я не ведаю… - усміхнулася панна Ізабэла. – Цётка кажа, што ён вельмі прыгожы…
-       І з даўгамі… Але гэта не перашкаджае. У каго сёння няма даўгоў!
-       Што б ты сказала, Флора, калі б…
-       Калі б ты за яго выйшла?... Натуральна, што павіншавала б вас абоіх. Але што на гэта скажуць барон, маршалак, Ахоцкі, і найперш… Вакульскі?... Панна Ізабэла ўзнялася раптам.
-       Мая дарагая, адкуль жа зноў прыходзіць табе да галавы гэты… Вакульскі?...
-       Не мне ён прыходзіць да галавы, - адказала Панна Фларэнтына, цярэбячы стужку свайго станіка – толькі я ўзгадваю сабе, што ты мне казала яшчэ ў красавіку… што гэты чалавек ужо год свідраваў цябе позіркамі, што акружае цябе з усіх бакоў…
Панна Ізабэла рассмяялася.
-       Ах, памятаю!... Насамрэч, так мне ў гэты час здавалася… Сёння аднак, калі я пазнаёмілася з ім крыху лепш, я бачу, што ён не належыць да той катэгорыі людзей, якіх можна баяцца. Кахае мяне паціху, гэта праўда! Але ж таксама будзе мяне кахаць нават тады, калі б я выйшла за… замуж… Тым, хто кахае як Вакульскі, хапае позірку, поціску рукі..
-       Ты ў гэтым упэўнена?
-       Як нельга лепш. Зрэшты  я пераканалася, што тое, што ўяўлялася сілом з яго боку, гэта ўсяго толькі справы. Тата пазычае яму трыццаць тысяч рублёў і хто ведае, ці ўсе яго меры не на гэта былі скіраваны…
-       А калі інакш? – запытала панна Фларэнтына, увесь час бавячыся абшыццем свайго станіка. 
– мая дарагая, супакойся! – абурылася панна Ізабэла.
-       Што табе ад таго, што ты псуеш мне настрой?
-       Ты гэта сказала, таму што гэтыя людзі ўмеюць цярпліва чакаць, рабіць намаганні, нават усім рызыкаваць і ўсё ламаць…
-       Але не Вакульскі.
-       Прыгадай сабе барона.
-       Барон абразіў яго публічна.
-       А цябе перапрасіў
-       Ах, Флора, я прашу цябе, не злуй мяне!... – выбухнула панна Ізабэла. – Раптоўна хочаш зрабіць дэмана з купчыка, можа таму, што… мы столькі страцілі на камяніцы… што тата хворы і што… Старскі вярнуўся…
Панна Фларэнтына зрабіла жэст, нібыта хочучы яшчэ штосьці сказаць, але спыніла сябе.
-       Дабранач, Бэла, - прамовіла яна. – Можа цяпер ты і маеш рацыю…
І выйшла.
На працягу ўсёй ночы сніўся панне Ізабэле Старскі як муж, Росі як першы платанічны каханак, Ахоцкі як другі, а Вакульскі як давераная асоба іх багацця. Толькі амаль а дзесятай раніцы пабудзіла  яе панна Фларэнтына паведамляючы, што прыйшоў Шпігельман і яшчэ адзін яўрэй.
-       Шпігельман?... Ах, праўда!... Я забылася пра яго. Скажы яму, няхай прыйдзе пазней… Ці тата прачнуўся?
-       Прачнуўся гадзіну таму. Я казала яму якраз аб яўрэях, а ён просіць цябе, каб ты напісала ліст да Вакульскага.
-       Для чаго?...
-       Каб ён быў ласкавы прыйсці да нас апоўдні і ўрэгуляваць рахункі гэтых яўрэяў.
-       Праўда, што нашы грошы ў Вакульскага, - прамовіла панна Ізабэла. – Але мне пісаць пра гэта да яго не выпадае. Напішы ты, Флора, ад імя таты… О, вось папера, на маім пісьмовым століку…
Панна Фларэнтына напісала патрэбны ліст, а тымчасам панна Ізабэла пачала апранацца. Звестка аб яўрэях зрабіла на яе ўражанне нібы абліцця халоднай вадой, а думка пра Вакульскага занепакоіла яе.
“Значыць мы сапраўды не можам абысціся без гэтага чалавека?... – гаварыла яна ў душы. – Ну, калі ў яго нашы грошы, то натуральна павінен сплочваць нашы даўгі…”
-       Вельмі яго прасі, - сказала яна Фларэнтыне, - каб прыехаў як мага хутчэй… Бо калі гэтых надакучлівых яўрэяў застане ў нас Старскі…
-       Ён іх ведае яшчэ раней, чым мы, - прашаптала Фларэнтына.
-       У любым выпадку было б гэта непрыемна. Ты не ведаеш, якім тонам гаварыў са мной учора гэты… гэты…
-       Шпігельман – падказала панна Фларэнтына. – О, гэта сапраўдны яўрэй…
Яна запячатала ліст і выйшла з ім у пярэдні пакой, каб адправіць чакаючых там яўрэяў. Панна Ізабэла стала на калены перад алябастравай статуяй Маці Божай, молячы яе, каб пасланец застаў Вакульскага дома і каб Старскі не спаткаўся ў іх з яўрэямі. Алябастравая Маці Божая выслухала просьбы панны Ізабэлы, бо праз гадзіну, падчас сняданку, Мікалай уручыў ёй тры лісты. Адзін быў ад цёткі графіні. Яна паведамляла ў ім, што сёння паміж другой і трэцяй прыйдуць да яе бацькі дактары на кансіліум, што Казя Старскі выязджае вечарам і што можа забегчы да іх толькі на хвілінку.
“памятай жа , дарагая Бэлачка, - закончыла цётка, - рабі так, каб хлопец думаў аб табе на працягу ўсёй дарогі і ў вёсцы, куды вы з бацькам праз некалькі дзён павінны прыехаць. Я ўжо ўладзіла так, каб ні ў Варшаве не бачыў ніводнай панны, ні ў вёсцы не спаткае (апрача цябе, душачка) ніякай іншай жанчыны. Хіба сваю паважаную бабулю ўдаву старшыні і яе малацікавых унучак”.
Панна Ізабэла злёгку скрывіла вусны, ёй не падабаўся гэты націск.
-       Цётка так мяне апякае, - прамовіла панне Фларэнтыне, - нібы я ўжо страціла ўсялякую надзею… Мне гэта не падабаецца!...
І ў яе душы крыху зацьміўся вобраз прыгожага Казі Старскага.
Другі ліст быў ад Вакульскага, які паведамляў, што будзе рады ўслужыць а першай гадзіне.
-       На які час ты запрашала яўрэяў, Флора? – спытала панна Ізабэла.
-       На першую гадзіну.
-       Хвала Богу! Толькі б у гэты час не заехаў да нас Старскі, - прамовіла панна Ізабэла, беручы ў рукі трэці ліст.
-       Нейкі знаёмы мне стыль? – дадала яна. – Чый жа гэта почырк, Флора?...
-       Ці ж ты не пазнаеш? – адказала панна Фларэнтына, зірнуўшы на канверт. – Кшэшоўскай…
-       Чырвань гневу выступіла на твары панны Ізабэлы.
-       Ах, праўда!... – усклікнула яна, кідаючы ліст на стол. – Я прашу цябе, Флора, адашлі ёй гэта і напішы зверху : “непрачытанае “… Што яна ад нас хоча, гэта невыносная жанчына!...
-       Лёгка можаш даведацца, - шапнула панна Фларэнтына. – Не, не і… не!... Я не хачу ніякіх лістоў ад гэтай невыноснай бабы… Напэўна зноў якая-небудзь лаянка, бо яна нічога іншага не піша… Прашу цябе, Флора, зараз жа адашлі гэты ліст і… ці зрэшты паглядзі, што яна піша… У апошні раз прыму яе каракулі…
Панна Фларэнтына паволі адкрыла канверт і пачала чытаць. Паступова на яе абліччы  цікаўнасць уступіла месца здзіўленню, а потым збянтэжанню.
-       Я не магу гэта чытаць, - прашаптала яна, аддаючы ліст панне Ізабэле.
“Дарагая панна Ізабэла! – пісала баранэса. – Я ўсведамляю, што ранейшымі ўчынкамі магла заслужыць вашу непрыязнасць і наклікаць на сябе гнеў літасцівага Бога, які так клапатліва апякуе Вам. Таму я забіраю ўсё назад, скараюся перад Вамі, дарагая пані, і прашу, каб вы мяне прабачылі. Бо ці не з’яўляецца доказам любві Нябёсаў да Вас, хаця б спасланне Вам гэтага Вакульскага? Чалавек слабы як іншыя стаў прыладай Найвышэйшай рукі, каб мяне пакараць, а Вас узнагародзіць. Бо не досыць таго, што параніў на дуэлі мужа ( якому таксама няхай Бог прабачае ўсе подласці, якія ў дачыненні да мяне дапусціў), але яшчэ набыў камяніцу, у якой згасла маё любае дзіця, і напэўна загадае сабе плаціць вялікую арэнду. Вы ж не толькі пазіраеце на мае паразы, але яшчэ атрымалі на дваццаць тысяч больш, чым была вартая камяніца. Узамен за маю скруху, дарагая Пані, паспрабуйце выстарацца ў Вакульскага ( які не ведаю, за што злуецца на мяне), каб мне падоўжыў кантракт на наступныя гады і не выганяў перабольшанымі жаданнямі з дому, дзе мая адзіная дачка скончыла жыццё. Належыць гэта аднак рабіць асцярожна, бо Вакульскі па невядомых мне прычынах не жадае, каб аб яго набытку гаварылі. Больш таго, замест самому купіць камяніцу (як паважаны чалавек), ён падставіў ліхвяра, Шлангбаума, але яшчэ, каб заплаціць на дваццаць тысяч рублёў больш за маю суму, прывёў у суд несапраўдных пакупнікоў. Чаму ён так таямніча робіць? Лепш чым я вы павінны ведаць, дарагія мае, якія напэўна размясцілі ў яго свой капітальчык. Ён малы, але пры ласцы божай (якая так відавочна спрыяе Вам) і добрым абароце Вакульскага прынясе напэўна працэнт, які аплоціць Вам горыч вашага ранейшага становішча. Давяраючы сябе сэрцу дарагой пані, а нашы двухбаковыя стасункі бясспрэчнай справядлівасці боскай, я застаюся заўсёды верная, хаця і пагарджаная ваша кузінка і прыніжаная служка.
Кшэшоўска”.
Чытаючы, панна Ізабэла была бледная як папера. Устала з-за стала, скруціла ліст і ўзняла руку, нібы маючы намер кінуць яго камусьці ў твар. Раптам, ахопленая страхам, яна хацела кудысьці ўцячы ці кагосьці паклікаць, але ў гэтую хвіліну апамяталася і пайшла да бацькі.
Пан Ленцкі ў пантофлях і ў палатняным халаце ляжаў на канапе і чытаў “кур’ер”. Вельмі чула прывітаўся з дачкой, а калі яна села, уважліва зірнуў на яе і прамовіў:
-       Ці дрэннае святло  ў гэтым пакоі, ці мне падаецца, што ты не ў настроі?...
-       Я крыху расстроеная.
-       Якраз гэта і бачу, але гэта гарачкава. А павінна сёння, - дадаў ён пагражаючы ёй з усмешкай. – павінна сёння, фіглярка, добра выглядаць, бо гэты Казя, як казала мне ўчора цётка, хоча цябе ўзяць…
Панна Ізабэла маўчала, бацька працягваў далей:
-       Праўда, што хлопец крыху збаламучаны доўгім лётаннем па свеце, з невялікімі даўгамі, але – малады, прыстойны, ну і заляцаўся да цябе. Ёася мае надзею, што удава старшыні затрымае яго ў вёсцы пару тыдняў, а астатняе – гэта ўжо твая справа… І ведаеш, можа б гэта было няблага?... Прозвішча прыгожае… фартуна неяк злепіцца з розных кавалкаў… Пры гэтым чалавек свецкі, бывалы, нават від героя, калі гэта праўда, што абплыў зямны шар…
-       Я атрымала ліст ад Кшэшоўскай, - перапыніла яго панна Ізабэла. – Оо?... што ж піша гэта вар’ятка? – Яна піша, што наш дом купіў не Шлангбаум, а Вакульскі і што з дапамогай падстаўных пакупнікоў даў за яго на дваццаць тысяч рублёў больш, чым ён таго варты.
Кажучы гэта прыцішаным голасам, яна з трывогай пазірала на бацьку, баялася якога-небудзь выбуху. Але пан Томаш узняўся толькі на канапе і прышчоўкнуўшы пальцамі, усклікнуў:
-       Чакай!... чакай… ведаеш, што гэта можа быць праўда…
-       Як гэта! – сарвалася з крэсла панна Ізабэла. – Значыць ён смеў бы нам падарыць дваццаць тысяч, а вы гаворыце пра гэта так спакойна?...
-       Я гавару спакойна, бо калі б пачакаў з продажам, то ўзяў бы не дзевяноста а сто дваццаць тысяч…
-       Але ж мы не маглі чакаць, бо камяніцу пусцілі на аўкцыён…
-       Паколькі не маглі чакаць, то страцілі, а Вакульскі атрымлівае прыбытак, бо можа чакаць.
Панна Ізабэла пасля гэтай заўвагі супакоілася.
-       Значыць вы, тата, не адчуваеце ў гэтым ніякай дабрачыннасці з яго боку! Бо ўчора вы гаварылі аб Вакульскім так, нібы адчувалі, што вы ім уведзены ў зман…
-       Ха! Ха! Ха! – рассмяяўся пан Томаш. – Ты цудоўная… бясцэнная. Учора я быў крыху расстроены, нават вельмі і… штосьці… штосьці… праяснілася ў маёй галаве… Але сёння… Ха! Ха! Ха!... Няхай сабе ўрэшце Вакульскі пераплочвае за камяніцу. Таму ён купец, каб ведаў, колькі і за што плаціць. Страціць на адным, атрымае прыбытак на іншым.  – Я, як найбольш, магу гэта не лічыць злом, што тычыцца да аўкцыёна майго маёнтка… Хаця я меў бы права падазраваць нейкую нячыстую справу напрыклад у такім вось падстаўленні Шлангбаума…
Панна Ізабэла сардэчна абняла бацьку.
-       так, - прамовіла яна, вы маеце рацыю. Я не магла толькі разабрацца з гэтым. Такое падстаўленне яўрэяў падчас куплі найбольш яскрава даказвае, што гэты  чалавек, гуляючы ў прыязнасць, вырашае справы…
-       Натуральна! – пацвердзіў пан Томаш. – Хіба ты не магла зразумець такой простай рэчы. Нядрэнны магчыма гэты чалавек, але ўсё-такі купец… купец!...
У пярэднім пакоі пачуўся моцны званок.
- Гэта напэўна ён. Я выйду, тата, і пакіну вас адных.
Яна выйшла са спальні бацькі, толькі ў пярэднім пакоі, замест Вакульскага, яна ўбачыла аж трох яўрэяў, якія гучна размаўлялі з Мікалаем і паннай Фларэнтынай. Яна ўцекла ў залу і ў думках прабеглі такія словы:
“Божа!... чаму ён не прыходзіць?...”
У сэрцы яе кіпела бура пачуццяў. Панна Ізабэла падтрымліваючы меркаванні бацькі разумела аднак, што гэта няпраўда, што ён кажа, што Вакульскі не зрабіў на камяніцы прыбытку, а страціў, і толькі таму, каб іх высунуць з найфатальнейшага становішча. Але прызнаючы гэта, яна адчувала нянавісць: Подлы! Подлы!... – шаптала яна. – Як ён пасмеў…?
Тымчасам у пярэднім пакоі яўрэі распачалі фармальную бойку з паннай Фларэнтынай. Яны паабяцалі, што не зрушацца з месца, пакуль не атрымаюць грошы, што панна графіня дала ўчора слова… А калі Мікалай адчыніў ім дзверы ў сенцы, яны пачалі лаяцца:
-       Гэта разбой!... гэта махлярства!... Грошы дык вы ўмееце браць і тады ўмееце звярнуцца: мой дарагі давід!... Але як прыйдзе…
-       А гэта што значыць? – пачуўся ў гэту хвіліну новы голас.
Яўрэі замоўклі.
-       Што тут?... Што вы, пане Шпігельман, тут робіце?...
Панна Ізабэла пазнала голас Вакульскага.
- Я, нічога… Падаю да ног вяльможнага пана… мы толькі па справе да пана гра…- тлумачыў ён зусім іншым тонам, хвіліну таму крыклівы Шпігельман.
- Казалі нам учора прыйсці па грошы, - заўважыў іншы яўрэй.
- Якраз панна графіня ўчора дала слова, што сёння нам будзе аплочана ўсім, і ўсё да гроша…
- будзе, - перапыніў Вакульскі. – Я ўпаўнаважаны пана Ленцкага і сёння, а шостай, уладжу з вамі рахункі ў маёй канторы.
- Нічога тэрміновага... Што вы так спяшаецеся, вяльможны пане, - адказаў Шпігельман.
- Я прашу прыйсці а шостай да мяне, а Мікалай няхай тут ніякіх асоб па справах не прымае, калі гаспадар хворы.
- Я разумею, вяльможны пане!... А наш гаспадар чакае ў спальні, - адказаў Мікалай.
Калі ж Вакульскі адышоў, павыштурхоўваў яўрэяў за дзверы, гаворачы: - Пайшлі, паршыўцы!... Вон!...
-       Ну!... ну!... што вы так злуецеся? – мармыталі вельмі збянтэжаныя яўрэі.
Пан Томаш прывітаў Вакульскага з узрушэннем; крыху дрыжалі ў яго рукі і трэслася галава.
-       Ну, паглядзі, - сказаў ён, - што вырабляюць гэтыя яўрэі, гэтыя... гэтыя нягоднікі!... Наступам бяруць дом... пужаюць дачку...
-       Я сказаў ім прыйсці а шостай ў маю кантору і калі вы дазволіце, я ўрэгулюю рахункі. Вялікая гэта сума?... – спытаў Вакульскі.
-       Дробязь, амаль нічога... Нейкіх ад пяці да шасці тысяч рублёў...
-       Ад пяці да шасці?... – паўтарыў Вакульскі. – Яны ўтрох столькі маюць грошай у вас?...
-       Не. Ім я павінен аддаць прыкладна дзве тысячы, можа крыху больш... Але, скажу табе, пане Станіславе, (бо гэта цэлая авантура), хтосьці ў сакавіку выкупіў мае ранейшыя векселі. Хто? Я не ведаю; аднак жа, на ўсялякі выпадак, я хачу быць падрыхтаваны.
У Вакульскага пасвятлеў твар.
- Сплочвайце даўгі, - адказаў ён, - па меры абвяшчэння крэдытораў. Сёння разбярэмся з тымі, у каго пазнейшыя векселі. Значыць гэта складзе ад дзвюх да трох тысяч?...
- Так, так… Ну, але прашу цябе, пане Станіславе, што за фатальнасць!... Ты выплочваеш мне за паўгода пяць тысяч… Ці ты быў ласкавы прынесці грошы?
- Натуральна.
- Я вельмі ўдзячны табе. Што ж гэта усё такі за фатальнасць, што якраз у хвіліну, калі павінны з Бэлачкай і… з табой ехаць у Парыж, яўрэі адбіраюць у мяне дзве тысячы! Зразумела, з Парыжам нічога не атрымаецца. – Чаму? – прамовіў Вакульскі. – Я пакрыю тое, што вы павінны, і вам не патрэбна будзе парушаць свой працэнт. Смела можаце ехаць у Парыж.
- Бясцэнны! – усклікнуў пан Томаш, кідаючыся яму ў абдымкі. Бо бачыш, мой дарагі, - дадаў ён супакоены, - я якраз думаў, ці не мог бы ты мне адкрыць пазыкі, каб сплаціць яўрэйскія даўгі, так…на… сем, шэсць працэнтаў.
Вакульскі ўсміхнуўся з фінансавай наіўнасці пана Томаша.
- Канечне, - прамовіў ён не могучы стрымаць добры настрой, - будзе ў вас пазыка. Гэтым яўрэям аддадзім нейкія тры тысячы рублёў, а вы будзеце плаціць працэнт… Які працэнт вы хочаце?
- Сем… шэсць…
- Добра, - сказаў Вакульскі, - вы будзеце плаціць сто восемдзесят рублёў працэнтаў, а капітал застанецца непарушным.
Пан Томаш, ужо невядома якім разам, часта заміргаў павекамі і зноў з’явіліся слёзы.
- Высакародны... слаўны!... – сказаў ён, абдымаючы Вакульскага. – Бог цябе спаслаў...
- Вы думаеце, што я магу рабіць інакш? – шапнуў Вакульскі. Пастукалі.
Увайшоў Мікалай і паведаміў пра дактароў.
- Ага!... – усклікнуў пан Томаш, - гэта сястра прысылае мне гэтых паноў. Божа мой! Я ніколі яшчэ не лячыўся, а сёння... Я прашу цябе, пане Станіславе, ідзі цяпер да Бэлы... Мікалай, правядзі пана Вакульскага да паненкі.
“Вось мая ўзнагарода... Маё жыццё!...” – падумаў Вакульскі, ідучы за Мікалаем.
У пярэднім пакоі ён сустрэўсся з дактарамі, абоіх ён ведаў, і горача папрасіў паклапаціцца пра пана Томаша. У салоне чакала яго панна Ізабэла. Яна была крыху бледная, але тым больш прыгожая. Ён прывітаў яе і сказаў весела:
- Я шчаслівы, што спадабаўся вам вянец для Росі.
Ён спыніўся. Яго ўразіў незвычайны выраз твару панны Ізабэлы, якая пазірала на яго з лёгкім здзіўленнем, нібы бачыла яго ўпершыню ў жыцці. На працягу хвіліны абое маўчалі, урэшце панна Ізабэла, страсаючы нейкі пыл з шэраватай сукенкі спытала:
- Значыць гэта вы купілі нашу камяніцу? – і пазірала на яго прышчуранымі вачыма. Вакульскі так расхваляваўся, што ў першую хвіліну страціў мову. Яму здавалася, што ў ім раптам спыніўся працэс мыслення. Ён бялеў і чырванеў, і нарэшце апрытомнеўшы адказаў сцішаным голасам:
- Так, я купіў.
- Чаму ж вы падставілі яўрэя на аўкцыёне?
- Чаму?... – паўтарыў Вакульскі, пазіраючы на яе, як спужанае дзіця.
- Чаму?... Я з’яўляюся, разумееце пані, купцом… і такое зняволенне капіталу магло б зашкодзіць майму крэдыту…
- Вы ўжо даўно цікавіцеся нашымі справамі. Мне здаецца, што ў красавіку… так, у красавіку вы набылі наш сервіз?... – сказала яна усё тым жа тонам.
Гэты тон працверазіў Вакульскага, які ўзняў галаву і адказаў суха:
- Сервіз ваш вы можаце ў любую хвіліну забраць.
Цяпер панна Ізабэла апусціла вочы. Вакульскі заўважыў гэта і зноў збянтэжыўся.
- Дык навошта вы гэта зрабілі? – спытала яна ціха. – Чаму вы нас так… пераследуеце?
Можна было падумаць, што яна расплачацца. Вакульскі страціў усялякую ўладу над сабой.
- Я вас пераследую!... – сказаў ён змененым голасам. – Ці ж адшукаеце вы слугу… не… сабаку… больш вернага, чым я?... Два гады аб адным толькі думаю, каб знішчыць на вашай дарозе любую перашкоду…
У гэту хвіліну зазванілі. Панна Ізабэла здрыганулася. Вакульскі замоўк. Мікалай адчыніў дзверы ў салон і прамовіў:
- Пан Старскі.
Адначасова з’явіўся на парозе мужчына сярэдняга ўзросту, спрытны, смуглы, з малымі бакенбардамі і вусікамі, і амаль незаўважнай лысінай.
У яго быў выраз твару напаўвясёлы, напаўздзеклівы і адразу усклікнуў:
- Як жа я рады, кузіна, што зноў магу цябе прывітаць!...
Панна Ізабэла моўчкі падала яму руку; моцная чырвань заліла ёй твар, а ў вачах з’явілася летуценнасць. Вакульскі адступіўся да бакавога стала. Панна Ізабэла пазнаёміла паноў: - Пан… Вакульскі… Пан Старскі…
Прозвішча Вакульскага было вымаўлена такім чынам, што Старскі, кіўнуўшы яму галавой сеў за некалькі крокаў, павярнуўшыся бокам. У адказ Вакульскі сеў за малым столікам каля сцяны і пачаў разглядаць альбом.
- Вы відаць вяртаецеся з Кітая? – спытала панна Ізабэла.
- Цяпер з Лондана і яшчэ увесь час думаю, што я на караблі, - адказаў Старскі, досыць выразна калечачы польскую мову.
Панна Ізабэла пачала гаварыць па-англійску.
- Я спадзяюся, што на гэты раз кузін затрымаецца на малой радзіме даўжэй?
- Гэта невядома, - адказаў таксама па-англійску Старскі. - Хто гэты пан? – дадаў кідаючы вокам у бок Вакульскага.
- Давераная асоба майго бацькі. Дык ад чаго ж гэта залежыць?...
- Я думаю, што вам няма патрэбы пытацца, - адказаў з усмешкай малады чалавек. – Гэта залежыць – ад шчодрасці маёй бабкі…
- А, ну так, добра… я спадзявалася на камплімент у мой адрас…
- Падарожнікі не гавораць кампліментаў, бо ведаюць, што пад рознай шыратой геаграфічнай кампліменты дыскрэдытуюць мужчыну ў вачах жанчын.
- У Кітаі вы зрабілі гэта адкрыццё?
- У Кітаі, у Японіі, а найперш у Еўропе.
- І вы, кузін, думаеце выкарыстоўваць гэтае правіла ў Польшчы?
- Я паспрабую, і калі дазволіце, кузінка, то ў вашым таварыстве. Бо як бачна нам давядзецца разам правесці вакацыі. Ці не так?...
- Так па крайняй меры хоча цётка і тата. Мне аднак не зусім цікава тое, што вы, кузін, маеце намер праверыць свае этнаграфічныя назіранні.
- Гэта быў бы толькі рэванш з майго боку.
- Ах, значыць вайна?... – спытала панна Ізабэла.
- Сплочванне старых даўгоў часта прыводзіць да згоды.
Вакульскі з такой уважлівасцю разглядаў альбом, што на ілбе выступілі вены.
-       Але помста не прыводзіць, - адказала панна Ізабэла.
-       Не помста, а толькі нагадванне, што я ваш крэдытор.
-       Значыць гэта я павінна сплочваць старыя даўгі?... – засмяялася панна Ізабэла. – А, кузін зусім не страчваў час у падарожжы.
-       Я хацеў бы яго не страчваць на вакацыях, - прамовіў Старскі, са значэннем пазіраючы ёй у вочы.
-       Гэта будзе залежаць ад кшталту рэваншу, - адказала панна Ізабэла і зноў зачырванелася.
-       Шаноўны пан просіць вас! – прамовіў Мікалай, становячыся ў дзвярах салона.
Размова спынілася.  Вакульскі склаў альбом, устаў са стула і пакланіўшыся панне Ізабэле і Старскаму, паволі пайшоў за слугой.
-       Гэты пан не разумее па-англійску?... А ён не абразіцца, што мы з ім не размаўлялі?... – спытаў Старскі.
-       О, не, - адказала панна Ізабэла.
-       Тым лепш, бо мне здавалася, што ён не быў задаволены нашым таварыствам.
-       Ну дык і пакінуў нас. – закончыла нядбайна панна Ізабэла.
-       Прынясі мне капялюш з залы, - прамовіў Мікалаю ўжо ў другім пакоі Вакульскі.
   Мікалай забраў капялюш і занёс яго ў спальню пана Томаша. У пярэднім пакоі ён пачуў, што Вакульскі аберуч сціскаючы галаву, прашаптаў:
-       Божа літасцівы!...
Калі Вакульскі увайшоў у пакой пана Томаша, дактароў ужо не было.
-       Ну і ўяві сабе, - закрычаў пан Ленцкі, - што гэта за фаталізм!... Кансіліум забараніў мне ехаць у Парыж і пад страхам смяротнай кары загадаў выехаць у вёску. Да гонару, я нават не ведаю, куды схавацца ад гэтай спякоты… Але і на цябе яна дзейнічае, бо ты зменены з твару… Праўда, якое гэта спякотнае памяшканне?...
-       О так. Можа дазволіць пан, - сказаў Вакульскі, дастаючы з кішэні тоўсты пакет, - я аддам грошы.
-       Эге… сапраўды…
-       Тут пяць тысяч рублёў як працэнт да паловы студзеня. Будзьце ласкавы, палічыце. А вось распіска.
Пан Ленцкі некалькі разоў палічыў стос новых сторублёвак і падпісаў дакумент. Адклаўшы пяро, прамовіў:
-       Добра, гэта адно… А цяпер што тычыцца даўгоў…
-       Сума ад дзвюх да трох тысяч рублёў, якую вы павінны аддаць яўрэям, сёння будзе выплачана…
-       Але я, прашу цябе, пане Станіславе, не хачу бясплатна… Прашу цябе, каб ты як мага больш дбайна адлічваў свой працэнт…
-       Ад ста дваццаці да ста васьмідзесяці рублёў штогод.
-       Так, так… - паддакваў пан Томаш. – Але… калі б, але… я меў патрэбу ў яшчэ якойсьці квоце, то ці ёсць да каго звярнуцца праз цябе?
-       Другую палову працэнту атрымае пан у палове студзеня, - адказаў Вакульскі.
-       Пра гэта я ведаю. Але бачыш, пане Станіславе, калі б мне спатрэбілася пэўная частка майго капіталу… Не бясплатна, ты ж разумееш… Ахвотна заплачу працэнт…
-       Шэсць… - уставіў Вакульскі.
-       Так, шэсць…сем.
-       Не, пане. Ваш капітал прыносіць трыццаць тры працэнты штогод, таму я не магу яго пазычаць пад сем…
-       Добра. У такім выпадку не пазбаўляўся майго капіталу, але… Разумееш… можа мне усё ж што-небудзь выпасці…
-       Забраць назад свой капітал вы можаце нават у палове студзеня наступнага года.
-       Божа барані!... Я свой капітал не забяру ў цябе нават праз дзесяць гадоў…
-       Але я ваш капітал узяў толькі на год…
-       Як гэта? Чаму?... – дзівіўся пан Томаш, усё шырэй адкрывачы вочы.
-       Таму, што я не ведаю, што будзе ад сённяшняга дня праз год. Не кожны год здараюцца выключна добрыя справы.
-       Дарэчы, - прамовіў пан Томаш праз хвіліну прыкрага здзіўлення. – Што гэта кажуць у горадзе: быццам гэта ты, пане Вакульскі, купіў мой дом?...
-       Так, пане, я купіў ваш дом. Але менш як праз паўгода я магу яго вам адступіць на выгадных умовах.
Пан Ленцкі адчуў, што чырванее. Але не хочучы паказаць, што ён уражаны, спытаў вялікасвецкім тонам:
-       І колькі ж бы ты зараз хацеў адступнога, пане Вакульскі?...
-       Ніколькі. Я аддам яго вам за дзевяноста тысяч, і нават… можа танней…
Пан Томаш адступіўся, раскінуў рукі, потым упаў на сваё лёгкае крэсла і зноў некалькі слёз з’явілася ў яго на твары.
-       Сапраўды, пане Станіславе,  - гаварыў ён, злёгку плачучы, - я бачу, што найлепшыя стасункі… могуць сапсаваць грошы… Што я табе зрабіў дрэннага, што ты купіў гэты дом?... Ці я табе адмаўляю?... Ты так гаворыш мне, нібы абразіўшыся.
-       Я перапрашаю вас, - перапыніў Вакульскі. – Але істотна я крыху раздражнёны… напэўна ад спякоты…
-       О, з пэўнасцю! – закрычаў пан Томаш, узнімаючыся з крэсла і паціскаючы яму руку. – Значыць… прабачым узаемна крэпкія слоўцы… Я на цябе не злуюся, бо ведаю… што гэта гарачыня…
Вакульскі развітаўся з ім і увайшоў у салон. Старскага там ужо не было, панна Ізабэла сядзела адна. Убачыла яго і ўзнялася, твар яе быў вельмі прыязны.
-       Вы сыходзіце?
-       Якраз хачу з вамі развітацца.
-       А пра Росі не забудзеце? – прамовіла яна са слабай усмешкай.
-       О, не. Я папрашу, каб яму аддалі вянец.
-       Вы самі яго не ўручыце? Чаму гэта?...
-       Сёння ўночы я еду ў Парыж, - адказаў Вакульскі.
Пакланіўся і выйшаў.
З хвіліну панна Ізабэла стаяла здзіўленая, потым пабегла ў пакой да бацькі.
- Што гэта значыць, тата? Вакульскі развітаўся са мной вельмі холадна і сказаў, што – сёння ўночы выязджае ў Парыж.
- Што?... што?... што?... – усклікнуў пан Томаш, хапаючыся аберуч за галаву. – Ён відавочна абразіўся…
- Ах… праўда! Я ўзгадала яму пра куплю нашай камяніцы…
- О, Ісусе!... і што ж ты зрабіла?... А… ўсё страчана… Цяпер  я разумею… Натуральна, што ён абразіўся… Ну, - дадаў ён праз хвіліну, - але хто мог дапусціць, што ён такі абразлівы?... Такі вось звычайны купец…



Комментариев нет:

Отправить комментарий