воскресенье, 11 марта 2018 г.

Б.Прус Лялька Том 2 Раздзел 2 Яна – ён і іншыя


Раздзел 2
Яна – ён і  іншыя


У той дзень, калі Вакульскі павінен быў прыйсці на абед, панна Ізабэла вярнулася ад графіні а пятай. Яна была трохі раззлаваная і вельмі летуценная, а таму ў цэлым – вельмі прыгожая.
Спаткала яе сёння шчасце і расчараванне. Вялікі трагік італьянскі, Росі, вядомы ёй і цётцы яшчэ з Парыжа, прыехаў на гастролі ў Варшаву. Адразу ж наведаў графіню і занепакоена дапытваўся пра панну Ізабэлу. Ён тут быў ужо другі раз і графіня спецыяльна для яго запрасіла пляменніцу. Тымчасам Росі не прыйшоў; прыслаў толькі ліст, у якім перапрашаў за  расчараванне і апраўдваўся неспадзяваным візітам нейкай высокапастаўленай асобы.
Некалькі гадоў таму, якраз у Парыжы, Росі быў ідэалам панны Ізабэлы; яна закахалася ў яго, і нават не хавала сваіх пачуццяў, наколькі, зразумела, гэта было магчымым для паненкі яе становішча ў свеце. Знакаміты артыст ведаў аб гэтым, бываў штодзень у доме графіні, іграў і дэкламаваў усё, што яму загадвала панна Ізабэла, а ад’язджаючы ў Амерыку, падарыў ёй італьянскі экзэмпляр "Рамэо і Джульета" з прысвячэннем: “У кволай мухі больш моцы, гонару і шчасця, чым у Рамэа…” Навіна аб прыбыцці Росі ў Варшаву і аб тым, што ён пра яе не забыўся, усхвалявала панну Ізабэлу. Ужо а першай апоўдні яна была ў цёткі. Штохвіліны ўставала да вакна, кожны шум рабіў больш хуткім біццё яе сэрца, ад кожнага гуку званка ўздрыгвала; забывалася ў размове, на твар яе выступіў моцны ружанчык… Ну – і Росі не прыйшоў!...
А такая сёння была прыгожая. Апранулася спецыяльна для яго ў ядвабную сукенку крэмавага колеру (здалёк выглядала гэта як пакамечанае палатно), у вушах былі брыльянтавыя завушнічкі (не большыя за зерне гароху)  і пунцовая ружа на плячы. І толькі. Але няхай пашкадуе Росі, што яе не бачыў!
Пасля чатырохгадзіннага чакання вярнулася дадому абураная. Але нягледзячы на гнеў, узяла ў рукі экзэмпляр Рамэо і Джульеты і праглядаючы яго, думала: “калі б раптам увайшоў сюды Росі?”
Нават было б лепш тут, чым у графіні. Без сведкаў ён мог бы шапнуць ёй якоесьці больш гарачае слоўца; пераканаўся б, што  яна шануе яго падарункі, і перадусім – пераканаўся б (аб чым так гучна кажа вялікае люстра), што ў гэтай сукенцы, з гэтай ружай і на гэтым блакітным крэсле яна выглядае як баство.
Яна прыгадала сабе, што на абедзе павінен быць Вакульскі, і мімаволі павяла плячыма. Галантэрэйны купец пасля Росі, якога ведаў увесь свет, падаўся ёй такім смешным, што папросту агарнула яе літасць. Калі б Вакульскі у гэту хвіліну апынуўся ля яе ног, яна можа нават запусціла б пальцы ў яго валасы і, забаўляючыся ім, як вялікім сабакам, чытала б вось гэтую скаргу Рамэо перад Ларэнца:
“Неба тут, дзе жыве Джульета. Нават сабака, кот, нават мыш марная жыве ў небе, можа пазіраць на яе; толькі – Рамэо не можа! Кволая муха больш мае моцы, больш гонару і шчасця, чым Рамэо. Ёй можна дакранацца да дарагой рукі Джульеты і з палаючых вуснаў красці бессмяротнае збаўленне. У мухі таксама ёсць свабода, але ў Рамэо няма, бо ён выгнаны!... О кароль, злыя духі выюць, калі ў пекле пачуюць гэтае слова; у цябе ж ёсць сэрца, у цябе, святога спаведніка і сябар, драць з мяне палосы гэтым страшным словам – выгнанне…”
Яна ўздыхнула. – Хто ведае, колькі разоў паўтарае сабе гэтыя сказы вялікі падарожнік, думаючы пра яе?... І можа нават няма ў яго вернага сябра!... Вакульскі мог бы быць такім верным сябрам; ён напэўна ведае, як з-за яе можна ўпадаць у роспач, бо ён рызыкаваў дзеля яе жыццём.
Адгарнуўшы некалькі старонак назад зноў чытала: “Рамэо! Чаму ж ты з’яўляешся Рамэо? Пакінь гэта імя ці… пакляніся быць верным майму каханню, і тады я адмоўлюся ад роду Капулеці… Зрэшты – толькі тваё імя для мяне непрыемнае, бо ты ў істоце сваёй для мяне не Мантэкі… О вазьмі іншае імя, бо што ёсць імя? Тое, што называем ружай, пад іншай назвай таксама б пахла: так і Рамэо, без назвы Рамэо, усю б сваю вартасць захаваў. Таму, Рамэо – пакінь тваё імя, а ўзамен за тое, што нават не з’яўляецца часткай цябе, вазьмі мяне… ах!... усю…”
Якое ж было дзіўнае паміж імі падабенства: ён – Росі, акцёр, а яна – панна Ленцкая. Пакінь сваё імя, пакінь сваю прафесію… Так, але што ж бы тады засталося…
Зрэшты нават князёўна па крыві магла б выйсці за Росі і свет толькі дзівіўся б яе прысвячэнню…
Выйсці за Росі?... Клапаціцца пра яго тэатральны гардэроб, а можа прышываць яму гузікі да начных кашуль?...
Панна Ізабэла здрыганулася. Кахаць яго без надзеі – гэтага досыць… Кахаць і часам пагаварыць з кім-небудзь пра гэтае трагічнае каханне… Можа б з паннай Фларэнтынай. Не, у яе няма дастаткова спачування. Нашмат лепш падыходзіў бы для гэтага Вакульскі. Ён пазіраў ёй у вочы, пакутаваў бы за сябе і за яе, яна б расказвала яму з болем ад уласных і ягоных пакут і такім чынам вельмі прыемна праходзіў бы іх час. Купец галантэрэйны ў ролі сардэчнага сябра!... Можна зрэшты забыцца пра гэта купецтва.
У гэту самую хвіліну пан Томаш закручваў сівы вус і шпацыраваў па сваім кабінеце і думаў: “Вакульскі гэта чалавек вельмі спрытны і энергічны! Калі б у мяне была такая давераная асоба (тут ён уздыхнуў), то я не пазбыўся б багацця… Але, ужо адбылося: затое сёння ён у мяне ёсць… Ад камяніцы застанецца мне сорак, не – пяцьдзесят, а можа і шэсцьдзесят тысяч рублёў… Не, не перабольшвайма, няхай пяцьдзесят тысяч, ну – няхай бы толькі сорак тысяч… Я дам яму гэта, ён будзе мне плаціць з восем тысяч рублёў штогод, рэшту ж ( калі справа пойдзе ў яго руках, як я спадзяюся), рэшту працэнтаў – я загадаю капіталізаваць… Праз пяць, шэсць гадоў сума падвоіцца, а ўжо праз дзесяць – можа ўзрасці ў чатыры разы… Бо гэта ў аперацыях гандлёвых грошы шалёна памнажаюцца… Але што я кажу!... Вакульскі, калі з’яўляецца сапраўды геніяльным купцом, павінен мець і з пэўнасцю мае сто за сто. А ў такім выпадку я пагляджу яму ў вочы і скажу без хітрыкаў: “Вось што, даражэнькі, іншым можаш даваць пятнаццаць-дваццаць працэнтаў, а я-та ў гэтым разбіраюся”. І ён, натуральна, убачыўшы, з кім мае справу, памякчэе адразу і можа нават выдасць мне такі даход, пра які мне не снілася…” Званок у пярэднім пакоі прагучаў два разы. Пан Томаш адышоў углыб кабінета і сеўшы ў крэсле, узяў у рукі том прыгатаванай для гэтай мэты эканомікі Супіньскага. Мікалай адчыніў дзверы і праз хвіліну з’явіўся Вакульскі.
  
- А… вітаю!... – усклікнуў пан Томаш, падаючы руку.
Вакульскі нізка пакланіўся перад сівымі валасамі чалавека, якога рад быў называць сваім бацькам.
- Сядайце ж, пане Станіславе… Можа цыгарэту?... Прашу вас… Што там чуваць?... Якраз чытаю Супіньскага: разумная галава!... Так, народы, якія не ўмеюць працаваць і зберагаць павінны знікнуць з паверхні зямлі… Толькі зберажэнне і праца!... Нягледзячы на гэта нашы кампаньёны пачынаюць строіць грымасы, ці не так?...
- Няхай робяць, як ім больш зручна, - адказаў Вакульскі. – Я на іх не зараблю ні аднаго рубля.
- Але я не пакіну вас, пане Станіславе, - прамовіў пан Томаш тонам пераканаўчым. І дадаў праз хвіліну: - Гэтымі днямі я прадаю, ці хутчэй дапускаю да продажу свой дом. Быў з ім вялікі клопат: арандатары не плацяць, саветнікі злодзеі, а крэдытораў іпатэчных я павінен быў задавальняць з уласнай кішэні. Не дзівіся, што мне гэта ўрэшце  надакучыла…
- Натуральна, - заўважыў Вакульскі.
- У мяне ёсць надзея, - працягваў пан Томаш, - што застанецца мне з яго пяцьдзесят, ці хаця б сорак тысяч рублёў…
- Колькі вы спадзяецеся ўзяць за гэты дом?...
- Сто, да ста дзесяці тысяч рублёў… Дарэчы, што атрымаю, аддам вам, пане Станіславе.
Вакульскі пахіліў галаву у знак згоды і падумаў, што аднак пан Томаш за сваю камяніцу не атрымае больш чым дзевяноста тысяч рублёў. Бо гэтулькі ў яго было ў дадзены момант у распараджэнні, і не мог набіраць даўгоў без рызыкі для свайго крэдыту.
- Вам аддам, пане Станіславе, - казаў пан Ленцкі. – і якраз хацеў спытаць цябе, ці прымеш?...
- Але ж зразумела…
- І які мне дасцё працэнт?
- Гарантую дваццаць, а калі справы пойдуць лепш, то і больш, - адказаў Вакульскі, дадаючы ў душы, што больш чым пятнаццаць працэнтаў ён не мог бы даць каму іншаму.
“Клоун!... – падумаў пан Томаш. – У самога са сто працэнтаў, а мне дае дваццаць…”
Уголас аднак прамовіў:
-       Добра, дарагі пане Станіславе. Я прымаю дваццаць працэнтаў, калі б вы маглі мне выплаціць наперад.
-       Я заплачу наперад… кожныя паўгода, - адказаў Вакульскі, баючыся, каб пан Томаш не аддаў грошы вельмі хутка.
-       І на тое згода, - прамовіў пан Томаш тонам вялікай сардэчнасці. – Усе прыбыткі, - дадаў з лёгкім акцэнтам, - усе прыбыткі, што вышэй за дваццаць працэнтаў, прашу вас, каб не давалі іх мне ў рукі, хоць бы я… маліў, разумееце?... але каб далучаў да капітала. Няхай расце, праўда?...
-       Пані запрашаюць, - прамовіў у гэту хвіліну Мікалай, паказваючыся ў дзвярах кабінета.
Пан Томаш урачыста ўзняўся з крэсла і цырыманійным крокам правёў госця ў салон.
Пазней неаднаразова Вакульскі намагаўся узгадаць штосьці пра салон і як ён туды ўвайшоў; але цэласна факт не мог сабе прыгадаць.
Памятаў, што перад дзвярыма пакланіўся пару разоў пану Томашу, што потым агарнуў яго нейкі прыемны водар, у выніку чаго ён пакланіўся даме ў крэмавай сукенцы з пунцовай ружай на плячы, а потым – іншай высокай даме, апранутай у чорнае, якая пазірала на яго са страхам. Як найменш так яму здавалася.
Толькі праз хвіліну ён заўважыў, што дамай у крэмавай сукенцы была панна Ізабэла. Яна сядзела ў крэсле, з непараўнальнай прыязнасцю нахіленая ў яго бок, і лагодна пазіраючы яму ў вочы, сказала:
-       Тата мой як ваш кампаньён павінен будзе прайсці доўгую практыку, перш чым здолее задавольніць вас. Ад яго імя я прашу аб паблажлівасці.
Яна працягнула руку, да якой Вакульскі ледзь пасмеў дакрануцца.
-       Пан Ленцкі, - адказаў ён, - як кампаньён, патрабуе мець толькі даверанага адваката і бухгалтара, якія праз пэўны час пастаянна будуць кантраляваць рахункі. Рэшта належыць нам.
Яму здавалася, што сказаў штосьці вельмі неразумнае, і зачырванеўся.
-       У вас напэўна шмат працы пры такім магазіне… - заўважыла апранутая ў чорнае панна Фларэнтына і спужалася яшчэ мацней.
-       Не так і шмат. На мне дастаўка фондаў абаротных і завязванне стасункаў з набыўцамі і пакупнікамі. Відам тавару і ацэнкай яго кошту займаецца адміністрацыя магазіна.
-       Ці ж можна ў любым выпадку даверыцца чужым, - уздыхнула панна Фларэнтына.
-       У мяне дасканалая давераная асоба, і разам з тым сябар, які лепш вядзе справы, чым бы я гэта здолеў.
-       Вы шчаслівы, пане Станіславе… - падхапіў пан Ленцкі. – Не выязджаеце ў гэтым годзе за мяжу?
-       Я хачу быць у Парыжы на выставе.
-       Я зайздрошчу вам, пане, - азвалася панна Ізабэла. – Ужо два месяцы я толькі і мару пра парыжскую выставу, але тата неяк не праяўляе жадання да выезду…
-       Наш выезд цалкам залежыць ад пана Вакульскага, -адказаў бацька. – Я раю табе таму як найчасцей запрашаць яго на абед і падаваць смачныя стравы, каб у яго быў настрой.
-       Я абяцаю, што колькі разоў пан будзе ласкавы прыйсці да нас, сама загляну на кухню. Ці аднак добрых жаданняў хопіць у гэтым выпадку…
-       З удзячнасцю я прымаю абяцанне, - адказаў Вакульскі. – Аднак гэта не паўплывае на тэрмін выезду вас у Парыж, бо залежыць ён толькі ад панны жадання.
-       Мерсі… - шапнула панна Ізабэла.
Вакульскі схіліў галаву. Ведаю я гэта “мерсі”, - падумаў ён, - за яго расплачваюцца кулямі…”
-       Дазволіце запрасіць да стала?... - заўважыла панна Фларэнтына. 
Яны перайшлі ў сталовую, дзе на сярэдзіне стаяў акруглы стол, накрыты на чатыры асобы. Вакульскі апынуўся за ім паміж паннай Ізабэлай і яе бацькам, насупраць панны Фларэнтыны. Ужо быў зусім спакойны, такі спакойны, што аж яго гэта здзіўляла. Пакінула яго шаленства кахання і ён нават пытаў сам у сябе: ці яна тая жанчына, якую я кахаў?... Бо ці падобна кахаць так як ён і сядзячы за крок ад прычыны свайго шаленства, адчуваць такую цішыню ў душы, такую бясконцую цішыню?... думкі былі такія свабодныя, што не толькі дакладна бачыў кожнае змяненне выразу твараў сваіх суразмоўцаў, але яшчэ (што ўжо было пацешна), пазіраючы на панну Ізабэлу, рабіў сабе наступны падлік: “Сукенка. Пятнаццаць локцяў суровага ядвабу па рублю – пятнаццаць рублёў… Карункі з дзесяць рублёў, а праца з пятнаццаць… Разам – сорак рублёў сукенка, са сто пяцьдзесят завушніцы і дзесяць грошаў ружа…”
Мікалай пачаў падаваць стравы. Вакульскі без найменшага апетыту з’еў некалькі лыжак халадніка, запіў партвейнам, потым паспрабаваў паляндвіцу і запіў яе півам. Усміхнуўся, сам не ведаючы чаму, і ў прыступе нейкай блазанскай радасці вырашыў рабіць памылкі за сталом. Спачатку, пакаштаваўшы паляндвіцу, паклаў нож і відэлец на падстаўку побач з талеркай. Панна Фларэнтына аж здрыганулася, а пан Томаш з вялікім запалам пачаў расказваць пра вечар у Туілерыях, падчас якога па жаданні каралевы Яўгеніі ён танцаваў з жонкай нейкага маршалка менуэт.
Падалі судака, якога Вакульскі атакаваў нажом і відэльцам. Панна Фларэнтына амаль не самлела, панна Ізабэла зірнула на суседа з паблажлівай літасцю, а пан Томаш… пачаў таксама есці судака нажом і відэльцам.
“Якія ж вы дурні”, - падумаў Вакульскі, адчуваючы, што абуджаецца ў ім нешта накшталт пагарды да гэтага грамадства. Да ўсяго азвалася панна Ізабэла, зрэшты без ценю зласлівасці:
-       мусіць мяне тата некалі навучыць, як ядуць рыбу нажом.
Вакульскаму здалося гэта зусім нетактоўным.
“Я бачу, што маё каханне скончыцца тут яшчэ да канца абеду…”, - прамовіў ён да сябе.
-       Мая дарагая, - адказаў пан Томаш дачцэ, - невыкарыстанне нажа для рыбы гэта сапраўды прымха… Пэўна я маю рацыю, пане Вакульскі?
-       Прымха?... не скажу, - прамовіў Вакульскі. – Гэта толькі перанясенне звычаю з умоў, дзе ён дарэчы, да умоў, дзе не зусім дарэчы.
Пан Томаш аж зварухнуўся на крэсле.
-       Англічане лічаць гэта амаль абразай… - прагаварыла панна Фларэнтына.
-       У англічан марская рыба, якую можна есці адным відэльцам; нашу касцістую рыбу можна было б есці іншым спосабам…
-       О, англічане ніколі не парушаюць правілы, - не здавалася панна Фларэнтына.
-       Так, - сказаў Вакульскі, - не парушаюць правілаў у звычайных умовах, але ў незвычайных прыходзяць да правіла: рабіць , як больш зручна. Сам зрэшты бачыў вельмі выхаваных лордаў, якія бараніну з рысам елі пальцамі, а бульён пілі проста з гаршчка.
Спрэчка была вострая. Пан Томаш аднак прыслухоўваўся да яе з задавальненнем, а панна Ізабэла амаль са здзіўленнем. Гэты купец, які еў бараніну з лордамі і выкладаў так смела тэорыю выкарыстання нажа пры спажыванні рыбы, вырас у яе ўяўленні. Хто ведае, ці тэорыя не атрымалася не больш значная, чым дуэль з Кшэшоўскім.
- Дык вы не прымаеце этыкет? – спытала яна.
- не. Не хачу толькі быць яго нявольнікам.
- Аднак ёсць супольнасці, у якіх яго прытрымліваюцца заўсёды.
- Гэтага я не ведаю. Але бачыў найвышэйшы свет, дзе пра яго забывалі ў пэўных умовах.
Пан Томаш злёгку нахіліў галаву; панна Фларэнтына пасінела, панна Ізабэла пазірала на Вакульскага амаль прыязна. Нават больш чым амаль… Бывалі імгненні, падчас якіх яна марыла, што Вакульскі з’яўляецца нейкім Гарун-аль-Рашыдам, які выдае сябе за купца. У сэрцы яе абуджалася здзіўленне, нават – сімпатыя. З пэўнасцю гэты чалавек можа быць яе даверанай асобай; з ім яна зможа размаўляць пра Росі.
Пасля марожанага цалкам раздражненая панна Фларэнтына засталася ў сталовай, а рэшта таварыства перайшла на каву у кабінет гаспадара. Якраз Вакульскі скончыў свой кубак, калі Мікалай прынёс пану Томашу на падносе ліст, гаворачы:
-       Чакае адказу, ясны пане.
-       Ах, ад графіні… - прамовіў пан Томаш, зірнуўшы на адрас. – Вы дазволіце…
-       Калі пан не мае нічога супраць гэтага, - перапыніла панна Ізабэла, усміхаючыся Вакульскаму, - то пройдзем у салон, а тата тымчасам адпіша…
Яна ведала, што гэты ліст напісаў пан Томаш самому сабе; абавязкова меў патрэбу перадрамаць  хоць з паўгадзіны пасля абеду.
-       Не пакрыўдзіцца пан? – спытаў пан Томаш, паціскаючы руку Вакульскаму.
Пакінулі з паннай Ізабэлай кабінет і ўвайшлі ў салон. Яна з грацыяй, уласцівай толькі ёй, села на крэсла, паказваючы яму на другое, якое стаяла за пару крокаў. Вакульскаму, калі ён апынуўся з ёй сам-насам, кроў ударыла ў скроні. Хваляванне ўзмацнілася, калі ён заўважыў, што панна Ізабэла пазірае на яго нейкім дзіўным позіркам, нібы хацела працяць яго да дна і прыкаваць да сябе. Гэта ўжо не была  тая панна Ізабэла з ахвярванняў велікодных, ні нават са скачак; гэта была асоба разумная і адчувальная, якае хоча яго аб чымсьці сур’ёзна спытаць і хоча яму штосьці шчырае сказаць.
Вакульскаму было так цікава, што яна яму скажа, і так страціў усялякую ўладу над сабой, што напэўна забіў бы чалавека, які б яму ў гэту хвіліну перашкодзіў. Ён пазіраў на панну Ізабэлу ў маўчанні і чакаў.
Панна Ізабэла была заклапочаная: даўно ўжо яна не адчувала такога шаленства пачуццяў як у гэту хвіліну. У думках прабягалі спалучэнні слоў: “купіў сервіз” – “прайграваў наўмысна ў карты бацьку” – “зняважыў мяне”, а потым: “кахае мяне” – “купіў скакавога каня” – “удзельнічаў у дуэлі” – “еў бараніну з лордамі ў найвышэйшым свеце…
Пагарда, гнеў, здзіўленне, сімпатыя па чарзе наведвалі яе душу як кроплі густога дажджу; на дне гэтай буры жыла патрэба даверыць камусьці свае клопаты штодзённыя і свае розныя сумненні, і пра сваё трагічнае каханне  да вялікага акцёра.
“так, ён можа быць… ён будзе маім сардэчным сябрам!...” – думала панна Ізабэла, заглыбляючы салодкі позірк у здзіўленых вачах Вакульскага і лёгка нахіляючыся наперад, нібы хацела пацалаваць яго ў лоб. Потым ахапіў яе беспадстаўны сорам: яна адкінулася на парэнч крэсла, чырванела і міжвольна апускала доўгія вейкі, нібы яе сон марыў. Пазіраючы на гульню рысаў яе твару Вакульскі ўзгадаў цудоўныя хваляванні паўночнага ззяння і гэтыя дзіўныя мелодыі, без тонаў і без слоў, якія некалі адгукаюцца ў чалавечай душы, нібы рэха лепшага свету. У марах, ён прыслухоўваўся да гарачкавага цікання сталовага гадзінніка і біцця ўласных пульсаў, і здзіўляўся, што гэтыя два такія хуткія з’явішчы амаль цягнуцца ў параўнанні з бегам яго думкі.
“Калі ёсць якое неба, - гаварыў ён сабе, - бласлаўлёныя не адчуваюць большага шчасця, чым я ў гэту хвіліну.”
Маўчанне доўжылася ўжо так доўга, што пачало быць невыцерпным. Панна Ізабэла  апамяталася першая.
-       У вас было, -прамовіла яна, - непаразуменне з панам Кшэшоўскім…
-       З-за скачак… - заўважыў паспешна Вакульскі. – Барон не мог мне дараваць, што я купіў яго каня…
З хвіліну яна пазірала на яго з лагоднай усмешкай.
- Потым у вас была дуэль, якая… вельмі нас занепакоіла… - дадала яна цішэй. – А потым… барон перапрасіў мяне, -закончыла яна хутка, апускаючы вочы. – У лісце, напісаным з гэтай нагоды да мяне, барон гаворыць пра вас з вялікай павагай і прыязнасцю…
- Я вельмі… вельмі шчаслівы, - мармытаў Вакульскі.
- З-за чаго, пане?
- Што акалічнасці склаліся такім чынам… Барон вельмі выхаваны чалавек…
Панна Ізабэла працягнула руку і пакінуўшы яе на хвіліну ў распаленай далоні Вакульскага прамовіла:
-       Нягледзячы на несумніўную дабрату барона я аднак толькі вам дзякую, Дзякую… Ёсць паслугі, якія няхутка забываюць, і сапраўды… - тут яна пачала гаварыць павольней і цішэй, - сапраўды, аблегчыў бы пан маё сумленне, жадаючы чагосьці, што  б параўналася з вашай… ласкай… Вакульскі адпусціў яе руку і выпрастаўся на крэсле. Ён быў такі ап’янелы, што не звярнуў увагі на гэта малое слова “ласка”.
-       Добра, - адказаў ён. – Калі панна жадае, я прызнаю нават … заслугу. Ці ўзамен магу я звярнуцца з просьбай да вас?...
-       Так.
-       Тады, - гаварыў ён у гарачцы, - я прашу аб адным: каб я мог служыць вам, наколькі мне хопіць сіл. Заўсёды і ва ўсім.
-       Пане!... – перапыніла з усмешкай панна Ізабэла, - але ж гэта хітрасць. Я хачу сплаціць адзін доўг, а вы хочаце мяне змусіць да ўтварэння новых. Ці гэта магчыма?...
-       Што ў гэтым немагчымага?... Ці ж не прымаеце, пані, паслуг нават ад пасланцоў публічных?...
-       Але ім плацяць за гэта, - адказала яна, гулліва пазіраючы яму ў вочы.
-       І тая толькі паміж мной і імі розніца, што ім патрэбна плаціць, а мне не выпадае. Нават нельга.
Панна Ізабэла круціла галавой.
-       Тое, аб чым я прашу, -казаў далей Вакульскі – не пераўзыходзіць межы самых звычайных чалавечых стасункаў. Пані заўсёды загадваюць – мы заўсёды выконваем, гэта ўсё. Людзі, якія належаць да той жа што і вы сферы свецкай зусім не мелі патрэбы прасіць аб падобнай ласцы; для іх яна з’яўляецца штодзённым абавязкам, нават законам, і я дабіваўся яе, а сёння малю аб ёй, бо выкананне жаданняў вашых было б для мяне пэўнага кшталту надзяленнем шляхецкага звання. Божа літасцівы! Калі фурман і лёкаі могуць насіць адзенне вам, чаму ж я не магу заслугоўваць гэтага гонару.
-       Ах, аб гэтым вы гаворыце?... Даваць пану мой шаль не маю патрэбы; вы сам забралі яго сілком. А забіраць?... Ужо вельмі позна, хаця б з-за ліста барона.
Зноў яна падала яму руку, якую Вакульскі з пашанай пацалаваў. У бакавым пакоі пачуліся крокі і ўвайшоў пан Томаш выспаны, прамяністы. Яго прыгожы твар меў такі сардэчны выраз, што Вакульскі падумаў:
“Я буду жабраком, калі твае трыццаць тысяч рублёў прынясуць табе дзесяць тысяч штогод”. Яшчэ з чвэрць гадзіны яны пагаварылі ўтраіх, размаўляючы пра нядаўнюю забаву ў швейцарскай Даліне з мэтай дабрачыннасці, аб прыбыцці Росі і аб выездзе ў Парыж. Нарэшце Вакульскі  з жалем пакінуў мілае таварыства, абяцаючы прыходзіць часцей і адначасова з імі ехаць у Парыж.
- Убачыце, як там будзе весела, - прамовіла панна Ізабэла на развітанне.


Комментариев нет:

Отправить комментарий