Раздзел IX
Лігіі шкада
было Пампонію Грэцыну, якую яна любіла ад усёй душы і шкада было ўсяго дому Аўлаў, аднак роспач яе мінула. Адчувала нават пэўную асалоду ад думкі, што
вось яна дзеля сваей ісціны пакідае дастатак, выгоды і ідзе на бадзяжніцкае і
незнаёмае жыцце. Можа было ў гэтым трохі і дзіцячай цікаўнасці, якім будзе тое
жыцце дзесьці ў далекіх краях сярод варвараў і дзікіх жывел, але нашмат болей
было глыбокай веры, што робіць так, як загадвае ей боскі настаўнік і што з
гэтай пары ён сам будзе апекаваць ёй як паслухмянаму і любячаму дзіцяці. А ў
такім выпадку што дрэннае магло яе напаткаць? Калі прыйдуць пакуты, то яна
перанясе іх у яго імя. Калі прыйдзе неспадзяваная смерць, то ен яе забярэ і
калісьці, калі памрэ Пампонія, яны будуць разам цэлую вечнасць. Неаднаразова
яшчэ ў доме Аўлаў разважала яна сваім дзіцячым розумам, чаму яна, хрысціянка,
нічога не можа зрабіць для гэтага раскрыжаванага, пра якога з такой
расчуленасцю ўспамінаў Урс. Але цяпер час надыйшоў. Лігія адчувала сябе амаль
шчаслівай і пачала гаварыць аб сваім шчасці Акце, якая, на жаль, не магла яе
зразумець. Пакінуць усё: дом, багацце, горад, сады, храмы, портыкі, усё прыгожае ў жыцці, пакінуць сонечны край і блізкіх людзей і дзеля чаго? Каб
схавацца ад кахання маладога і прыгожага воіна? У галаве Акты гэтыя рэчы не
хацелі змяшчацца. Часам яна адчувала, што ў гэтым ёсць слушнасць, што можа быць
нават нейкае вялікае таемнае шчасце, але ясна не магла гэта зразумець,
асабліва, калі Лігію чакалі яшчэ ўцёкі, якія маглі дрэнна скончыцца і ў якіх
магла папросту страціць жыццё. Акта была баязлівая па прыродзе і са страхам
думала аб тым, што гэты вечар можа прынесці. Але пра свае страхі не хацела
гаварыць Лігіі, тымчасам надыйшоў светлы дзень, і сонца заглянула ў атрый,
таму пачала ўгаворваць дзяўчыну адпачыць пасля бяссоннай ночы. Лігія не
ўпарцілася, і абедзве ўвайшлі ў кубікул, шырокі і ўладкаваны з раскошай, як
вынік былых стасункаў Акты з імператарам. Там палеглі адна ля другой, але Акта,
нягледзячы на стому, не магла заснуць. Даўно ўжо яна была сумная і няшчасная,
але цяпер пачаў ею авалодваць нейкі непакой, якога раней ніколі не адчувала. Да
гэтага часу жыццё ёй здавалася толькі цяжкім і пазбаўленым заўтрашняга дня,
цяпер жа падалося ей нягодным.
У думках яе
панаваў усё большы хаас. Дзверы да святла пачалі зноў то адчыняцца, то
зачыняцца. Але ў хвіліну, калі адчыняліся, святло тое асляпляла яе так, што
нічога выразна не бачыла. Хутчэй здагадвалася толькі, што існуе ў гэтым святле
нейкае проста бязмежнае шчасце, у параўнанні з якім усё іншае ёсць нішто, і што
калі б імператар аддаліў Папею і пакахаў зноў яе, Акту, то і гэта было б марнасцю. Раптам да яе
прыйшла думка, што той імператар, якога кахала і якога мімаволі лічыла сапраўдным паўбогам – такая ж простая істота, як любы нявольнік, а гэты палац з яго
каланадамі з нумідыйскага мармуру – нічым не лепшы за груды каменняў. Але нарэшце
гэтыя пачуцці, якім не магла даць рады, пачалі прыносіць ёй пакуты. Хацела
заснуць, але заклапочаная, не магла.
Нарэшце
лічачы, што Лігія, якой пагражала столькі небяспекі і нечаканасцей, не спіць
таксама, звярнулася да яе, каб пагаварыць аб вячэрніх уцёках.
Але Лігія
спакойна спала. У цёмны кубікул праз не досыць шчыльную заслону падала некалькі
светлых промняў, у якіх круціўся залаты пыл. Пры іх святле Акта разгледзела
далікатны твар Лігіі, аголенае плячо, закрытыя вочы і крыху прыадкрытыя вусны.
Яна дыхала роўна, так, як дыхаюць у сне.
“Спіць, яна
можа спаць!” – падумала Акта – Гэта яшчэ дзіця.
Хвілінай
пазней аднак прыйшло ёй на думку, што гэта дзіця абірае лепш ўцячы, чым стаць
каханкай Вініцыя, абірае лепш нішчымніцу, чым ганьбу, бадзянне, а не прыгожы
дом каля Карынаў, не строі, багацце, баляванні, гукі лютняў і кіфар. “Чаму?”І
яна пачала прыглядацца да Лігіі, нібы хочучы знайсці адказ на яе сонным твары.
Глядзела на яе чысты лоб, на прыгожыя дугі броваў, на цёмныя вейкі, на
раскрытыя вусны, на кранаемыя яе спакойным дыханнем дзявочыя грудзі, пасля чаго
зноў падумала: “Якая яна іншая, чым я!”
І Лігія
падалася ёй цудам, нейкім боскім стварэннем, кахаемым багамі, у сто разоў прыгажэйшай за ўсе кветкі ў садах
імператара і за ўсе статуі ў яго палацы. Але ў сэрцы грачанкі не было
зайздрасці. Надварот, пры думцы пра небяспеку, якая пагражала дзяўчыне,
апаноўваў яе вялікі жаль. Абудзіліся ў яе мацярынскія пачуцці Лігія падалася ёй
не толькі прыгожай , як дзівосны сон, але разам з тым вельмі любай і, наблізіўшы
вусны да яе цёмных валасоў, пацалавала іх.
А Лігія
спала спакойна, нібы была дома, пад апекай Пампоніі Грэцыны. І спала досыць
доўга. Поўдзень ужо мінуў, калі яна адкрыла свае блакітныя вочы і пачала
аглядаць кубікул з вялікім здзіўленнем. Відавочна яе дзівіла, што яна не дома,
у Аўлаў.
-
Гэта ты, Акта? – спытала яна
нарэшце, убачыўшы ў прыцемку твар грачанкі.
-
Я, Лігія.
-
Гэта ўжо вечар?
-
Не, дзіця мае, але ўжо за поўдзень
-
А Урс не вярнуўся?
-
Урс і не казаў, што вернецца, а
толькі, што вечарам будзе разам з хрысціянамі чакаць паланкін.
-
Сапраўды.
Пасля чаго
яны пакінулі кубікул і падаліся ў лазню, адкуль Акта, выкупаўшы Лігію, правяла
яе на снеданне, а потым у сад палацу, дзе можна было не баяцца ніякага
небяспечнага спаткання, бо імператар і яго набліжаныя яшчэ спалі. Лігія першы
раз у жыцці бачыла гэтыя прыгожыя сады, поўныя кіпарысаў, піній, дубоў, аліў і
міртаў, сярод якіх бялела мноства статуй, блішчалі спакойныя люстры ставочкаў,
квітнелі цэлыя зараснікі руж, што арашаліся пылам фантанаў, дзе ўваходы да
чароўных гротаў абрамляў плюшч ці вінаград, дзе па вадзе плавалі серабрыстыя
лебедзі, а сярод статуй і дрэў хадзілі прыручаныя газелі з пустынь Афрыкі і
лёталі рознакаляровыя птушкі, прывезеныя з усіх вядомых краін свету.
У садах
было пуста, тут і там толькі працавалі з рыдлёўкамі ў руках нявольнікі,
спяваючы напаўголас песні; іншыя, у якіх была хвіліна адпачынку, сядзелі ля стаўкоў ці пад ценем дубоў, у дрыжачых бліках, ствараемых ад промняў сонца,што
праходзіла праз лістоту, іншыя ж палівалі ружы і бледнабэзавыя кветкі шафрану.
Акта з Лігіяй хадзілі досыць доўга, аглядаючы ўсе цуды садоў, і паколькі Лігія
была яшчэ дзіцем, то не магла пераадолець захаплення, цікаўнасці і здзіўлення.
Прыходзіла ёй нават на думку, што калі б імператар быў добры, то ў такім палацы
і ў такіх садах ён мог бы адчуваць сябе вельмі шчаслівым.
Але ўрэшце
крыху стомленыя яны селі на лаўцы, схаванай у засені кіпарысаў і пачалі
размаўляць аб тым, што іх найбольш хвалявала, гэта значыць аб вячэрніх уцёках
Лігіі. Акта была нашмат менш спакойная, чым Лігія. Часам ёй нават здавалася,
што гэта вар'яцкая задума, якая не можа спраўдзіцца. Адчувала ўсе большы жаль да
Лігіі. Прыходзіла ёй таксама на думку, што ў сто разоў бяспечней было б
паспрабаваць пераканаць Вініцыя. Пасля яна пачала дапытвацца ў Лігіі, як даўно
тая ведае Вініцыя і ці не думае, што можна было б яго ўгаварыць, каб вярнуў яе
Пампоніі.
Але Лігія
сумна паківала сваёй цёмнай галоўкай:
-
Не. У доме Аўлаў Вініцый быў іншы,
вельмі добры, але пасля ўчарашняга балявання яна яго баіцца і хоча лепш уцячы
да лігійцаў.
Акта
пыталася далей:
-
Аднак у доме Аўлаў ен быў табе
мілым?
-
Так, - адказала Лігія, нахіляючы
галаву.
-
Ты ж не нявольніца, як я была, -
сказала падумаўшы Акта. – Цябе Вініцый мог бы ўзяць замуж. Ты заложніца і дачка
караля лігійцаў. Аўлы любяць цябе, як уласнае дзіця, і я ўпэўнена, што гатовы
прыняць цябе за дачку. Вініцый мог бы ўзяць цябе замуж, Лігія.
Але тая
адказала ціха і яшчэ больш сумна:
-
Лепш я ўцяку да лігійцаў.
-
Лігія, хочаш, каб я цяпер пайшла
да Вініцыя, разбудзіла яго, калі ен спіць, і расказала яму тое, што гавару табе
ў гэту хвіліну? Так, мая даражэнькая, пайду да яго і скажу яму: “Вініцый, гэта
дачка караля лігійцаў і дарагое дзіця слаўнага Аўла; калі ты яе кахаеш, вярні
яе Аўлам, а потым вазьмі як жонку з іх дому.”Але дзяўчына адказала такім
ціхуткім голасам, што Акта ледзь пачула:
-
Лепш да лігійцаў.
І дзве
слязіны з'явіліся на яе апушчаных вейках. Але далейшую размову перапыніў гук
набліжаючыхся крокаў і не паспела Акта разгледзець, хто ідзе, як побач з імі апынулася
Сабіна Папея з невялікай світай нявольніц. Дзве з іх трымалі над яе галавой
страусавае пер'е на залатых прутах, чым злёгку абмахвалі яе, а разам з тым і
закрывалі ад спякотнага яшчэ асенняга сонца. Перад ёй жа чорная, як эбенавае
дрэва, эфіопка з набрынялымі ад малака грудзьмі несла на руках дзіця, завернутае ў пурпур з залатымі махрамі. Акта і Лігія ўзняліся, мяркуючы, што Папея пройдзе
побач, не звярнуўшы на іх увагі, але тая затрымалася перад імі і сказала:
-
Акта, званочкі былі прышыты на
ляльцы дрэнна; дзіця адарвала адзін і паднесла да рота, шчасце, што Ліліт
убачыла своечасова.
-
Выбачай, боская, - адказала Акта,
скрыжоўваючы рукі на грудзях і схіляючы галаву.
Але Папея
заўважыла Лігію.
-
Што гэта за нявольніца? – спытала
Папея памаўчаўшы.
-
Гэта не нявольніца, боская
Аўгуста, а выхаванка Пампоніі Грэцыны і дачка караля лігійцаў, аддадзеная ім
Рыму як заложніца.
-
І яна прыйшла цябе праведаць?
-
Не, Аўгуста. З учарашняга дня жыве
ў палацы.
-
Была ўчора на баляванні?
-
Была, Аўгуста.
-
Па загаду каго?
-
Па загаду імператара. . .
Папея
пачала разглядаць Лігію яшчэ больш уважліва, а тая стаяла перад ёй са схіленай
галавой, то ўзнімаючы ад цікаўнасці свае прамяністыя вочы, то закрываючы іх
зноў павекамі. Раптам зморшчка з'явілася паміж броваў Аўгусты. Яна ставілася
рэўнасна да ўсяго, што тычылася яе прыгажосці і ўлады, яна жыла ў бясконцай
трывозе, каб калі-небудзь якаясьці шчаслівая суперніца не загубіла яе так, як
сама яна загубіла Актавію. Таму кожны прыгожы твар у палацы абуджаў у ёй
падазронасць. Вокам знаўцы яна ахапіла адразу ўсю постаць Лігіі, ацаніла кожную
рысу яе твару і схамянулася: “Гэта проста німфа”, - сказала яна сабе. “Яе
нарадзіла сама Венера”. І раптам на думку ёй прыйшло тое, што дасюль ніколі не
прыходзіла, калі бачыла прыгажуню: што сама яна значна старэйшая. Задрыжала ў ёй
параненае самалюбства, ахапіў яе непакой, і розныя трывожныя думкі пачалі
праносіцца ў галаве. Можа Нярон яе не бачыў ці, разглядаючы праз смарагд, не
ацаніў. Яле што можа здарыцца, калі спаткае яе ўдзень, пры сонечным святле, такую
чароўную?. . . У дадатак яна не нявольніца! Яна каралеўская дачка, праўда
варварскага паходжання, але дачка караля! Богі бессмяротныя! Яна такая ж
прыгожая, як я, але малодшая! І зморшчка між броваў стала яшчэ большай, а вочы
яе з-пад залацістых вейкаў бліснулі халодным агнём.
Але яна
спытала ў Лігіі з прытворным спакоем:
-
Ты размаўляла з імператарам?
-
Не, Аўгуста.
-
Чаму ты хочаш жыць тут, а не ў Аўлаў?
-
Я не хачу, гаспадыня. Пятроній
падгаварыў імператара, каб той забраў мяне ад Пампоніі, але я тут па няволі, о
гаспадыня!. . .
-
І ты хацела б вярнуцца да
Пампоніі?
Апошняе
пытанне Папея задала голасам мякчэйшым і лагаднейшым, таму ў сэрцы Лігіі
зацеплілася надзея.
-
Гаспадыня! – усклікнула яна,
прасціраючы да яе рукі, - імператар абяцаў аддаць мяне як нявольніцу Вініцыю,
але ты заступіся за мяне і вярні мяне Пампоніі
-
Дык гэта Пятроній падмовіў
імператара, каб той забраў цябе ў Аўла і аддаў Вініцыю?
-
Так, гаспадыня. Вініцый павінен
сення яшчэ прыслаць па мяне, але ты,
добрая, злітуйся нада мной.
Сказаўшы
гэта, яна схілілася і схапіўшыся за край сукенкі Папеі, стала чакаць яе слоў з
калоцячымся сэрцам. Папея ж глядзела на Лігію на працягу хвіліны з тварам, што
праясніўся нядобрай усмешкай, пасля чаго сказала:
-
Тады я абяцаю табе, што яшчэ сёння
ты станеш нявольніцай Вініцыя. І адыйшла, як прыгожы прывід, але злы. Да вушэй
Лігіі і Акты даляцеў толькі крык дзіцяці, якое невядома чаго пачало плакаць.
Вочы Лігіі
напоўніліся слязьмі, але пазней яна ўзяла руку Акты і сказала:
-
Вернемся! Дапамогі толькі адтуль
можна чакаць, адкуль яна можа прыйсці.
І яны
вярнуліся ў атрый, які не пакідалі ўжо да вечара. Калі сцямнелася , і
нявольніцы ўнеслі чатырохражковыя каганцы з вялікім полымем, абедзве былі
вельмі бледныя. Размова іх перапынялася штохвіліну. Абедзве прыслухоўваліся, ці
не набліжаецца хто. Лігія ўсе паўтарала, што хаця ёй і шкада пакідаць Акту, але
ж Урс павінен там у прыцемку ўжо чакаць. Таму яна хацела б, каб усе адбылося
сёння. Аднак жа дыханне яе стала ад узрушэння часцейшым і мацнейшым. Акта
ліхаманкава збірала якія магла ўпрыгожванні і, звязваючы іх у рог пеплума, заклінала Лігію, каб тая не адмаўлялася ад гэтага дару і сродку для ўцёкаў.
Хвілінамі стаяла глухая ціша. Абедзвюм здавалася, што чуюць то нейкі шэпт з-за
шторыны, то далёкі плач дзіцяці, то гаўканне сабак. Раптам заслона зварухнулася
бясшумна, і высокі, чарнявы чалавек з васпаватым тварам з'явіўся, як дух, у
атрыі. Лігія ў адзін момант пазнала Атацына, вызваленца Вініцыя, які прыходзіў
у дом Аўлаў. Акта ўскрыкнула, але Атацын пакланіўся нізка і сказаў:
-
Прывітанне боскай Лігіі ад Марка
Вініцыя, які чакае яе на вячэру ў доме, прыбраным у зеляніну.
Вусны
дзяўчыны збялелі, як палатно.
-
Я іду, сказала яна.
І абняла за
шыю Акту на развітанне.
Комментариев нет:
Отправить комментарий