Раздзел Х
А дом
Вініцыя быў і сапраўды прыбраны ў зеляніну мірты і плюшча, развешаных на сценах
і над дзвярыма. Калоны былі абвіты вінаградам. У атрыі, пад верхняў адтулінай
якога расцягнулі для аховы ад начнога холаду ваўняную пурпурную тканіну, было
светла, як удзень. Гарэлі з васьмю і дванаццаццю агнямі каганцы ў выглядзе жбаноў,
дрэў, жывёл, птушак ці статуй, што трымалі лямпы, напоўненыя пахучым алеем, самі
ж лямпы былі з алябастру, з мармуру, з пазалочанай карынфскай медзі, не такія
чароўныя, як той вядомы свяцільнік з храма Апалона, якім карыстаўся Нярон, але
прыгожыя і зробленыя вядомымі майстрамі. Некаторыя былі прыкрыты
александрыйскім шклом ці празрыстымі тканінамі з берагоў Інда, чырвонымі,
блакітнымі, жоўтымі, фіялетавымі, так што ўвесь атрый быў поўны рознакаляровых
блікаў. Паўсюль распаўсюджваўся пах нарду, да якога Вініцый прызвычаіўся і які
палюбіў на Ўсходзе. У глыбіні дому, дзе снавалі
жаночыя і мужчынскія постаці нявольнікаў таксама было шмат святла. У
трыклініі стол накрыты быў на чатыры асобы, бо на вячэры апрч Вініцыя і Лігіі
павінны былі быць Пятроній і Хрысатэміда. Вініцый ва ўсім згаджаўся з парадамі
Пятронія, які пераканаў яго не ісці па Лігію, а паслаць Атацына з атрыманым у
імператара дазволам. Самому ж прыняць яе ў доме і прыняць яе годна і з
пашанай.
-
Учора ты быў п'яны, - казаў яму
Пятроній. – Я цябе бачыў: ты паводзіў сябе з ёй, як каменацёс з Албанскіх гор.
Не будзь занадта напорысты і памятай, што добрае віно трэба піць павольна.
Ведай таксама, што салодка жадаць, але яшчэ прыемней быць жаданым.
Хрызатэміда
мела аб тым уласнае, крыху іншае меркаванне, і Пятроній, называючы яе сваёй
вяшчунняй і галубкай, пачаў тлумачыць ей розніцу, якая павінна быць паміж
добрым цыркавым вазніцам і юнаком, які ўпершыню кіруе квадрыгай. Пасля чаго
звярнуўся да Вініцыя:
-
Заслужы яе давер, развесялі яе,
будзь з ей вялікадушным. Я не хацеў бы быць на сумнай вячэры. Пакляніся ёй
нават Гадэсам, што вернеш яе Пампоніі, і ўжо ад цябе будзе залежаць, захоча яна
назаўтра застацца ці вярнуцца.
Пасля чаго
паказваючы на Хрызатэміду дадаў:
-
Я ўжо пяць гадоў штодзень раблю
больш-менш так з гэтай палахлівай горліцай і не магу паскардзіцца на яе
суровасць.
Хрызатэміда
ўдарыла яго за гэта веерам з паўлінавага пер'я і сказала:
-
Хіба я табе не супраціўлялася,
сатыр!
-
Таму віною быў мой папярэднік. . .
-
Хіба ты не быў ля маіх ног?
-
Каб на іх пальцы ўздзець
пярсценкі!
Хрызатэміда
зірнула міжвольна на свае ногі, на пальцах якіх паблісквалі ўпрыгожанні і разам
з Пятроніем яны засмяяліся. Але Вініцый не слухаў іх спрэчкі. Сэрца яго
неспакойна білася пад узорыстым адзеннем сірыйскага жраца, у якое ен апрануўся
для сустрэчы Лігіі.
-
Павінны былі ўжо выйсці з палацу,
- прамовіў ён, размаўляючы сам з сабою.
-
Павінны былі, - згадзіўся
Пятроній. Можа табе цяпер расказаць пра прадказанні Апалонія з Тыяны ці тую
гісторыю пра Руфіна, якую, чаму не памятаю, я не скончыў.
Але Вініцыя
не цікавіў ні Апалоній з Тыяны, ні гісторыя Руфіна. Думкамі ен быў з Лігіяй і
хаця ен адчуваў, што лепш было сустрэць яе ў доме, чым ісці ў ролі судовага
стражніка да палацу, аднак хвілінамі ён шкадаваў, што не пайшоў, і толькі таму,
што мог бы раней убачыць Лігію і сядзець каля яе ў прыцемках у двухмесным паланкіне.
У гэты час
нявольнікі ўнеслі на трыножніках, аздобленых галовамі бараноў, бронзавыя сасуды з
вуголлем, на якое пачалі сыпаць кавалачкі мітры і нарду.
-
Ужо паварочваюць да Карынаў, -
сказаў зноў Вініцый.
-
Ен не вытрымае, выбежыць насустрач
і яшчэ чаго добрага размінецца з імі, - усклікнула Хрысатэміда.
Вініцый
усміхнуўся і сказаў:
-
Ды не, вытрымаю. Але пачаў
раздзімаць ноздры і гучна сапсці, што бачачы Пятроній павёў плячыма.
-
Няма ў ім філосафа ні на
сестэрцый, - сказаў ён,- і ніколі я не зраблю з гэтага сына Марса чалавека.
-
Яны ўжо на Карынах!
Яны ж
сапраўды звярнулі да Карынаў. Нявольнікі, так званыя лампадарыі, ішлі спераду,
іншыя, педысеквы – па абодва бакі паланкіну. Атацын ішоў тут жа, за імі,
наглядаючы за працэсіяй.
Але яны
аднак рухаліся павольна, бо ліхтары ў горадзе дрэнна асвятлялі дарогу. Пры гэтым вуліцы побач з палацам былі пустыя, толькі дзе-нідзе які-небудзь чалавек
праходзіў з ліхтарыкам, але чым далей ад палацу, тым больш нязвыкла вуліцы
станавіліся ажыўленыя. Амаль з кожнага завулка выходзілі людзі па трое, па
чацвёра, усе без факелаў, усе ў цёмных плашчах. Некаторыя ішлі разам з
працэсіяй, мяшаючыся з нявольнікамі, іншыя ішлі спераду, некаторыя хісталіся,
як п'яныя. Хвілінамі ісці станавілася немагчыма настолькі, што лампадарыі пачалі
крычаць:
-
Дарогу шляхетнаму трыбуну Марку
Вініцыю!
Лігія
бачыла праз адсунутыя фіранкі тыя цёмныя натоўпы і пачала дрыжаць ад узрушэння.
Апаноўвала яе то надзея, то трывога. “Гэта ён! Гэта Урс і хрысціяне. Зараз усё адбудзецца, - прамаўляла яна дрыжачымі вуснамі. –О, Хрыстос, уратуй!”
Але ўжо і
Атацын, які спачатку не зважаў на гэта нязвыклае ажыўленне вуліцы, пачаў
нарэшце непакоіцца. Было ў гэтым штосьці дзіўнае. Лампадарыі мусілі ўсе часцей
крычаць: “ Дарогу паланкіну шляхетнага трыбуна!” З бакоў незнаёмыя людзі
націскалі так, што Атацын загадаў нявольнікам адганяць іх дубінкамі. Раптам
наперадзе пачуўся крык, і ў адзін момант згасла ўсё святло. Каля паланкіну
зрабіўся тлум, мешаніна і бойка. Атацын зразумеў – гэта быў проста напад. А
зразумеўшы, спужаўся. Усім было вядома, што імператар часта дзеля забавы творыць бясчынне з аўгустыянцамі ў Субуры і ў іншых кварталах горада. Было вядома,
што часам ён нават прыносіў з тых начных падарожжаў гузы і сінякі, але хто
бараніўся, ішоў на смерць, хоць бы і быў сенатарам. Дом начных стражаў,
абавязкам якіх было наглядацьь за парадкам у горадзе, быў не вельмі далёка, але
ахоўнікі ў падобных выпадках былі глухія і сляпыя.Тымчасам каля паланкіну людзі
змагаліся, біліся і тапталі адзін другога.У Атацына прамільгнула думка, што
перадусім трэба ратаваць Лігію і сябе, а астатняе пакінуць лёсу. Калі ж ён
выцягнуў яе з паланкіну, узяў на рукі і паспрабаваў выскачыць у цемень, Лігія
пачала клікаць:
-
Урс! Урс!
Яна была ў
белым, таму яе было легка заўважыць. Атацын пачаў свабоднай рукой накідваць на
яе ўласны плашч, калі раптам страшэнныя абцугі схапілі яго за карак, а на яго
галаву абрушылася штосьці, як камень, вялізнае. Ен жа ўпаў у адзін момант, як вол,
якога ўдарылі абухом перад алтаром Юпіцера. Нявольнікі ляжалі ў большасці на
зямлі ці ратаваліся, натыкаючыся сярод глыбокай цемені на сцены дамоў. На месцы
застаўся толькі паламаны ў мешаніне паланкін. Урс нёс Лігію да Субуры, яго
таварышы беглі за ім, паступова рассейваючыся па дарозе.
Але
нявольнікі пачалі збірацца перад домам Вініцыя і раіцца. Не смелі ўвайсці.
Пасля кароткай нарады яны вярнуліся на месца бойкі, дзе знайшлі некалькі
мертвых цел і між іх цела Атацына. Ен яшчэ курчыўся, але пасля хвіліннай
канвульсіі выпруціўся і стаў нерухомы. У гэты час яго забралі і, вярнуўшыся,
затрымаліся зноў перад брамай. Трэба было аднак расказаць гаспадару, што
адбылося.
-
Гулон няхай раскажа, - зашапталі
некалькі галасоў. Кроў цячэ ў яго па твары, як і ў нас, і гаспадар яго любіць.
Яму будзе бяспечней, чым іншым.
А германец
Гулон, стары нявольнік, які некалі выняньчыў Вініцыя і дастаўся яму ад маткі,
сястры Пятронія, сказаў:
-
Я раскажу, але пойдзем усе. Няхай
на мяне аднаго не абрушваецца яго гнеў.
Вініцый жа ўжо зусім згубіў цярпенне. Пятроній і Хрысатэміда смяяліся з яго, але ён хадзіў
хуткім крокам па атрыі, паўтараючы:
-
Ужо павінны былі быць! Ужо павінны
былі быць!
І хацеў
было ісці, але тыя двое яго ўтрымлівалі. Але раптам у пярэднім пакоі пачуліся крокі,
і ў атрый увайшлі гуртам нявольнікі і стаўшы хутка ля сцяны, узнялі рукі і
пачалі галасіць:
-
Аааа!. . . аа!
Вініцый
падскочыў да іх
-
Дзе Лігія? – закрычаў ен
страшэнным, не сваім голасам.
-
Ааааа!. . .
Тады Гулон
выйшаў наперад з сваім акрываўленым тварам, гаворачы хутка і жаласна:
-
Гэта кроў, гаспадар! Мы
бараніліся. Гэта кроў, гаспадар, гэта кроў!
Але не
паспеў ен дакончыць, як Вініцый схапіў
бронзавы падсвечнік і адным ударам раскраіў чэрап нявольніка, пасля чаго
абхапіў галаву рукамі, упіваючыся пальцамі ў валасы, паўтараючы:
-
Me
miserum! Me miserum! Няшчасны я!
Твар яго
пацямнеў, вочы закаціліся пад лоб, пена выступіла на вуснах.
-
Прутоў! – крыкнуў нарэшце ен
нечалавечым голасам.
-
Гаспадар! Ааа! Злітуйся! –
галасілі нявольнікі.
А Пятроній
узняўся з выразам прыкрасці на твары.
-
Пойдзем, Хрысатэміда,Калі хочаш
глядзець на мяса, я загадаю разбіць лаўку мясніка ў Карынах.
І яны
выйшлі з атрыя, а ва ўсім доме, прыбраным у зеляніну плюшча і гатовым да
вячэры, раздаліся енкі і посвіст прутоў, якія працягваліся амаль да ранку.
Комментариев нет:
Отправить комментарий