Раздзел ХІІІ
Назаўтра Пятроній ледзь скончыў апранацца ва унктуарыі, калі прыйшоў
пакліканы Тэйрэзіем Вініцый. Ен ужо ведаў, што ад брамаў ніякіх навін не было,
і гэты факт замест таго, каб усцешыць яго, як доказ, што Лігія ў горадзе,
засмуціў яго яшчэ больш, бо ён пачаў дапускаць, што Урс мог яе вывесці з горада
адразу, а пасля нявольнікі Пятронія пачалі пільнаваць брамы. Праўда восенню,
калі дні станавіліся карацейшыя, брамы замыкалі досыць рана, але адчынялі іх
адпаведна для выязджаючых, якіх колькасць была значнай. За сцены горада можна
было трапіць і іншымі спосабамі, аб якіх напрыклад нявольнікі, што хацелі ўцячы
з горада, ведалі добра. Вініцый праўда паслаў сваіх людзей і на ўсе дарогі, што
вялі ў правінцыі, да вігілій у меншых гарадах, з весткай аб збеглай пары
нявольнікаў з дакладным апісаннем Урса і Лігіі і з абяцаннем узнагароды за іх спайманне.
Аднак было спрэчным, ці можа тая пагоня іх нагнаць, а калі б і нагнала,
то ці мясцовыя ўлады будуць адчуваць сябе паўнамоцнымі затрымаць іх па
асабістаму жаданню Вініцыя, не засведчанаму прэтарам. Але на падобныя дазволы не
было часу. Са свайго боку Вініцый увесь
учарашні дзень шукаў Лігію, адабраную нявольнікам, ва ўсіх завулках горада, не
здолеў аднак знайсці нават малога следу ці падказкі. Бачыў праўда людзей Аўла,
але тыя здавалася таксама чагосьці шукалі, і гэта толькі пацвердзіла яго думку,
што не Аўлы яе адбілі і што таксама не ведаюць, што з ёй зрабілася.
Калі ж Тэйрэзій паведаміў яму, што ёсць чалавек, які абяцае яе
адшукаць, паспяшаўся што было моцы да дому Пятронія і, ледзь павітаўшыся з ім,
пачаў распытваць пра таго чалавека.
-
Зараз мы яго ўбачым, - сказаў
Пятроній. - Гэта знаёмец Эўнікі, якая зараз прыйдзе укладаць фалды маёй тогі і
якая паведаміць нам аб ім падрабязней.
-
Гэта тая, якую ты ўчора хацеў мне
падарыць?
-
Тая, ад якой ты ўчора адмовіўся,
за што дарэчы я табе ўдзячны, бо гэта лепшая вестыпліка ва ўсім горадзе.
Ен якраз замоўк, калі яна ўвайшла і, ўзяўшы тогу, пакладзеную на
інкруставаным крэсле, расхінула яе, каб накінуць яе на плечы Пятронія. Твар яе
быў светлы, спакойны, а ў вачах свяцілася радасць. Пятроній уважліва паглядзеў
на яе і адзначыў сабе, што яна вельмі прыгожая. Пасля яна абкруціла яго ў тогу
і пачала ўкладаць складкі на ёй, схіляючыся часам , каб выраўнаць іх, ён
заўважыў, што яе рукі цудоўнага колеру бледнай ружы, а грудзі і плечы
адсвечваюць празрыстымі паўтонамі перлін і алябастру.
-
Эўніка, - сказаў ен, - ці ёсць ужо
той чалавек, аб якім ты гаварыла ўчора з Тэйрэзіем.
-
Так, гаспадар.
-
Як яго клічуць?
-
Хілон Хіланід, гаспадар.
-
Хто ён такі?
-
Лекар, мудрэц і варажбіт, які ўмее
чытаць людскія лёсы і прадказваць будучае.
-
І табе прадказваў?
Эўніка залілася чырванню, нават вушы і шыя паружавелі.
-
Так, гаспадар.
-
І што ж ён табе наваражыў?
-
Што напаткае мяне боль і шчасце.
-
Боль напаткала цябе ўчора ад рук
Тэйрэзія, а значыць, і шчасце павінна прыйсці.
-
Ужо прыйшло, гаспадар.
-
І якое ж?
-
Я засталася, - прашаптала яна ціха.
Пятроній паклаў далонь на яе залацістую галаву.
-
Добра сёння паўкладала фалды, і
я задаволены табою, Эўніка.
У яе ж ад таго дотыку вочы ў адно імгненне затуманіліся слязьмі шчасця,
а грудзі пачалі хутка ўздымацца ад частага дыхання.
А Пятроній з Вініцыем прайшлі у атрый, дзе іх чакаў Хілон Хіланід, які
, убачыўшы іх, нізка пакланіўся. Пятроній узгадаў свае дапушчэнне, якое зрабіў
учора, што гэта можа быць каханак Эўнікі, і ўсмешка з’явілася ў яго на вуснах. Чалавек,
які стаяў перад імі, не мог быць нічыім каханкам. У гэтай дзіўнай постаці было
штосьці і плюгавае, і смешнае. Ен быў
стары, у яго недагледжанай барадзе і кучаравай чупрыне дзе-нідзе прабіваліся
сівыя валасы. У яго быў запаўшы жывот і згорбленая спіна настолькі, што на першы
погляд ён здаваўся гарбатым, а над тым горбам узвышалася вялікая галава з
малпападобным і лісіным тварам з праніклівымі вачыма. Жаўтаватая скура яго была
ўся ў больках, а пакрыты імі нос мог падысці пад корак для бутэлькі. Старое
адзенне яго складалася з цёмнай тунікі, сатканай з казінай воўны і такога ж
дзіравага плашча і гаварыла аб сапраўднай ці прытворнай беднасці. Пятронію пры
яго выглядзе прыйшоў на думку Тэрсіт Гамера, але ён таксама адказаў узмахам
рукі на Хілонаў паклон і сказаў:
-
Вітаю цябе, боскі Тэрсіт! Як твае
гузакі, якія набіў табе пад Трояй Уліс, і што ён сам робіць на Елісейскіх
Палях?
-
Шляхетны пане, - адказаў Хілон
Хіланід, - найразумнейшы з памерлых, Уліс, дасылае праз мяне найразумнейшаму з
жывых, Пятронію, прывітанне і просьбу, каб прыкрыў новым плашчом мае гузакі.
-
Клянуся Гекатай Трохлікай! –
усклікнуў Пятроній, - твой адказ варты плашча.
Але далейшую размову перарваў нецярплівы Вініцый, які спытаў :
-
Ці ведаеш ты дакладна, за што
бярэшся?
-
Калі дзве сям’і у двух вядомых
дамах не размаўляюць ні аб чым іншым, а за імі навіну паўтарае палова Рыма,
няцяжка ведаць гэта, - адказаў Хілон. –
Учора ноччу адбілі дзяўчыну, выхаваную ў доме Аўла Плаўція, названую Лігіяй ці
дакладней, Каліна, якую твае нявольнікі, о пане, праводзілі з палацу імператара
да твайго дому, я ж бяруся яе знайсці ў горадзе ці, калі, што мала верагодна,
пакінула горад, падказаць табе, шляхетны трыбун, куды яна ўцекла і дзе
схавалася.
-
Добра, - сказаў Вініцый, якому
спадабалася сцісласць адказу. - Якія ў цябе есць сродкі для гэтага?
Хілон хітра ўсміхнуўся:
-
Сродкі ў цябе, пане, а ў мяне –
розум.
Пятроній таксама ўсміхнуўся,. Бо
быў цалкам задаволены сваім госцем.
“Гэты чалавек можа знайсці дзяўчыну” – падумаў ён.
Тым часам Вініцый звёў свае бровы і сказаў:
-
Калі ты, галадранец, падманваеш
мяне дзеля нажывы, я загадаю прыбіць цябе палкамі да смерці
-
Я філосаф, пане, а філосаф не можа
быць хцівым да грошай, асабліва да такіх, якія ты абяцаеш.
-
Ах, дык ты філосаф? – спытаў
Пятроній. - Эўніка казала мне, што ты лекар і варажбіт. Адкуль ты ведаеш
Эўніку?
-
Яна прыходзіла да мяне за парадай,
калі слава пра мяне дасягнула яе вушэй.
-
Якой жа парады яна хацела?
-
Што датычыла кахання, пане. Хацела
вылечыцца ад безадказнага кахання.
-
І ты яе вылечыў?
-
Зрабіў больш, пане. Даў ёй амулет,
які прынясе ёй узаемнасць. У Парасе, на Кіпры, есць храм, дзе захоўваюць пояс
Венеры. Я даў ей дзве ніткі з гэтага пояса, схаваныя ў шкарлупіне міндальнага
арэха.
-
І шмат ты прасіў за гэта?
-
За ўзаемнасць ніколі нельга дастаткова
заплаціць. Я ж не маючы двух пальцаў на правай руцэ збіраю грошы на
нявольніка-пісца, які б запісваў мае думкі і захоўваў такім чынам маю навуку
для свету.
-
Да якой жа школы ты належыш, боскі
мудрэц?
-
Я кінік, бо ў мяне дзіравы плашч,
я стоік, бо буду цярпліва ўсе зносіць і перыпатэтык, бо не маючы паланкіну,
хаджу пехатою ад шынка да шынка і па дарозе павучаю тых, хто абяцае заплаціць
за жбан віна.
-
А за чаркай значыць ты становішся
рытарам?
-
Геракліт сказаў: “Усе цячэ...”, а ці
можаш ты запярэчыць, што віно цячэ?
-
І сцвярджае, што агонь – гэта бог,
бог жа гэты палымнее на тваім носе.
-
А боскі дыяген з Апалоніі
сцвярджаў, што сутнасцю рэчы з’яўляецца паветра, а чым яно цяплей, тым больш
дасканалыя ўзнікаюць з яго істоты, а з гарачага паветра ствараюцца душы
мудрацоў. А паколькі восенню прыходзяць халады, то сапраўдны мудрэц павінен
саграваць душу віном Бо ты таксама не можаш аспрэчыць, што жбан хаця б самага
слабага віна распаўсюджвае цяпло да ўсіх костачак яго чалавечага цела.
-
Хілон Хіланід, а дзе твая радзіма?
-
На берагах Понта Эўксінскага. Я
родам з Месэмбрыі.
-
Хілон, ты вялікі чалавек.
-
І непрызнаны! – дадаў з сумам
мудрэц.
Аднак Вініцый зноў губляў цярплівасць. Паводле надзеі, якая заблішчэла
для яго, хацеў бы, каб Хілон тут жа рушыў на пошукі, і ўся размова здалася яму
толькі марнай стратай часу, з-за чаго ён быў злы на Пятронія.
-
Калі ты пачнеш пошукі? – спытаў ён
грэка.
-
Ужо распачаў іх, - адказаў Хілон. -
І калі я тут, і калі адказваю на твае пытанні, таксама шукаю. Ты толькі вер
мне, шаноўны трыбун, і ведай, што калі б ты згубіў завязку ад абутку, я б
здолеў яе адшукаць ці таго, хто яе падняў на вуліцы.
-
Ты ўжо аказваў падобныя паслугі?-
спытаў Пятроній
Грэк узняў вочы да столі.
-
Вельмі нізка сёння каштуе
дабрачыннасць і мудрасць, каб нават філосаф не быў вымушаны шукаць іншыя
спосабы выжыць.
-
І якія ж твае?
-
Бачыць усё і забяспечваць навінамі
тых, хто іх прагне.
-
І тых, хто за іх плаціць?
-
Ах, пане, мне патрэбны пісар. Бо
мая мудрасць загіне разам са мной.
-
Калі ты не сабраў дасюль на цэлы
плашч, твае заслугі напэўна не вельмі значныя.
-
Сціпласць перашкаджае мне хваліцца
імі. Але падумай, пане, што няма сення такіх дабрадзеяў, якіх было шмат раней і
якім абсыпаць золатам заслугі было так люба, як праглынуць вустрыцу з Пуцеол. Не
заслугі мае малыя, а ўдзячнасць людская. Часам, калі ўцячэ добры нявольнік, хто
яго знойдзе, калі не адзіны сын майго бацькі? Калі на сценах з’яўляюцца надпісы
супраць боскай Папеі, хто падкажа вінаватых?Хто адкапае ў кнігатаргоўца вершыкі
супраць імператара? Хто раскажа, што кажуць у дамах сенатараў і воінаў?Хто
разносіць лісты, якіх не давяраюць нявольнікам? Хто падслухоўвае навіны ля
дзвярэй цырульняў? Для каго няма таямніц у вінатаргоўцаў і хлебапекаў? Каму
давяраюць нявольнікі? Хто Ўмее бачыць наскрозь кожны дом ад атрыя да саду?Хто
ведае ўсе вуліцы, завулкі, хованкі? Хто ведае, аб чым гавораць у тэрмах, у
цырку, на таржышчы, у школах ланіст, паміж гандляроў нявольнікамі і нават у
арэнарыях?
-
Клянуся багамі, досыць, выскародны
мудрэц! – усклікнуў Пятроній, - Бо мы патонем у тваіх заслугах, дабрачыннасці і
мудрасці і красамоўстве. Досыць! Мы хацелі ведаць, хто ты, і ўжо ведаем.
Але Вініцый рады быў, бо падумаў, што чалавек гэты, як гончы сабака,
спушчаны аднойчы па следу, не спыніцца, пакуль не знойдзе сховішча Лігіі.
-
Добра, - сказаў ен, - Ці патрэбны
табе якія-небудзь указанні?
-
Мне патрэбна зброя.
-
Якая? – здзіўлена спытаў Вініцый. Грэк
падставіў адну далонь, другой жа зрабіў жэст, нібыта лічыў грошы.
-
Такі цяпер час, пане – сказаў,
уздыхаючы, ен.
-
Будзеш аслом, - сказаў Пятроній,
які здабывае крэпасць з дапамогай мяшэчкаў з золатам.
-
Я ўсяго бедны філосаф, пане –
адказаў з пакораю Хілон, - а золата ў вас.
Вініцый кінуў яму кашалек, які грэк спаймаў на ляту, хаця ў яго і не
хапала двух пальцаў на правай руцэ. Пасля чаго грэк узняў твар і сказаў:
-
Пане, я ведаю ўжо больш, чым ты
думаеш. Не прыйшоў сюды з пустымі рукамі. Я ведаю, што дзяўчыну адбілі не Аўлы,
бо размаўляў ужо з іх слугамі. Ведаю, што яе няма на Палатыне, дзе ўсе занятыя
малой Аўгустай, і можа нават здагадваюся, чаму вы хочаце шукаць дзяўчыну з
дапамогай стражаў імператара ці яго салдат. Ведаю, што арганізаваў яе ўцёкі
слуга, які родам з той жа краіны, што і яна. Ен не мог атрымаць дапамогу ў
нявольнікаў, бо яны трымаюцца ўсе разам і не пайшлі б супраць тваіх. Маглі яму
дапамагчы толькі адзінаверцы…
-
Слухай, Вініцый, - перапыніў Пятроній, - ці я табе не казаў слова ў слова?
-
Гэта гонар для мяне, - сказаў
Хілон. - Дзяўчына, пане, - сказаў ён, звяртаючыся зноў да Вініцыя, - беспамылкова
шануе тое ж баство, што і гэта найцнатлівейшая з рымлянак, гэта сапраўдная
матрона, Пампонія. Чуў і тое, што апошняя была асуджана хатнім судом за
пакланенне якімсьці чужым багам, аднак ад яе слуг не мог даведацца, што гэта за
бог і як завуцца яго прыхільнікі. Каб я мог ведаць гэта, падаўся б да іх,стаў
бы самым набожным з іх, атрымаў бы іх давер. А ты, пане, можаш даць мне
якія-небудзь звесткі аб гэтым?
-
Не магу, - адказаў Вініцый.
-
Вы доўга распытвалі ў мяне шмат аб
чым, шляхетныя панове, і я адказваў на пытанні, дазвольце ж цяпер я спытаюся. Ты
не бачыў, шаноўны трыбун, ніякіх статуэтак, ніякіх ахвяр, знакаў ці амулетаў на
Пампоніі або на тваёй боскай Лігіі?Ты не бачыў, каб яны крэслілі між сабой
знакі, зразумелыя толькі для іх?
-
Знакі? Пачакай! Так! Я бачыў
аднойчы, як Лігія накрэсліла на пяску рыбіну.
-
Рыбіну? Аа! Оо! Адзін ці некалькі
разоў?
-
Адзін.
-
І ты ўпэўнены, што гэта была рыба?
Оо!
-
Так! – адказаў зацікаўлены Вініцый.
- Ты здагадваешся, што гэта значыць?
-
Ці здагадваюся я? – закрычаў Хілон.
І пакланіўшыся на развітанне, дадаў:
-
Няхай Фартуна рассыпле на вас усе
дары, годныя паны.
-
Загадай выдаць табе плашч! –
сказаў на дарогу Пятроній.
-
Уліс дзякуе табе за Тэрсіта, -
адказаў грэк і, пакланіўшыся яшчэ раз, выйшаў.
-
Што скажаш аб гэтым высакародным
мудрацу, - спытаў Пятроній у Вініцыя.
-
Скажу, што ён знойдзе Лігію! –
усклікну з радасцю Вініцый, - але скажу таксама, што калі б была краіна
прахвостаў, то ён мог бы быць у ёй каралём.
-
Магчыма. Трэба з гэтым стоікам
бліжэй пазнаёміцца, але тым часам я загадаю пасля яго праветрыць атрый.
А Хілон Хіланід, абкрыўшыся сваім новым плашчом, падкідваў на далоні пад
яго складкамі атрыманы ад Вініцыя кашалёк і любаваўся ім і яго вагой і звонам
манет. Ішоў павольна і аглядваўся, ці не сочаць за ім людзі Пятронія, мінуў
портык Лівіі і, дайшоўшы да вугла Вербіевага склону, звярнуў на Субуру.
“Трэба пайсці да Спору, - гаварыў ен сабе, - і наліць трохі віна
Фартуне. Знайшоў нарэшце, чаго даўно шукаў. Ен малады, запальчывы, шчодры, як
кіпрскія рудовішчы, і за гэту лігійскую дурніцу гатовы быў аддаць палову
багацця. Так, такога даўно шукаў. Але трэба быць з ім асцярожным, бо тое, як ён
зводзіць бровы, не абяцае нічога добрага. Ах! Ваўчаняты пануюць сення над
светам. Меньш я б баяўся гэтага Пятронія. О, богі! Відаць зводніцтва сёння лепш
аплочваецца, чым дабрачыннасць! Ха! Накрэсліла рыбу на пяску?Калі я ведаю, што
гэта азначае, няхай я ўдаўлюся кавалкам казінага сыра! Але я даведаюся!
Паколькі рыбы жывуць у вадзе, а пошукі ў вадзе цяжэйшыя, чым на паверхні,
значыць заплоціць мне за гэту рыбу асобна. Яшчэ адзін такі кашалек, і я мог бы
пакінуць нішчымную суму і купіць сабе нявольніка…Але што б ты сказаў, Хілоне,
каб я табе параіў купіць не нявольніка, а нявольніцу? Я цябе ведаю! Ведаю, што
ты згодзішся! Калі б яна была прыгожая, як напрыклад Эўніка, сам бы пры ёй памаладзеў,
а разам з тым меў бы з ёй сумленны і пэўны прыбытак. Прадаў гэтай беднай Эўніцы
дзве ніткі са свайго ўласнага старога плашча…Яна дурніца, але каб яе Пятроній
мне падараваў, то я б яе ўзяў. Так, так, Хілоне, сын Хілона. Ты страціў бацьку
і маці!. . Ты сірата, дык купі сабе на
ўцеху хоць нявольніцу. Яна павінна, канечне, дзесьці жыць, дык Вініцый нойме ёй
жытло, дзе і ты прытулішся, яна павінна апрануцца, дык Вініцый заплаціць за яе
адзенне, і павінна есці, дык будзе яе карміць…Ох, якое цяжкае жыцце. Дзе тыя
часы, калі за адзін абол можна было атрымаць столькі бобу з салам, што можна
было мераць дзвюмя прыгаршчамі, ці кавалак казінай крывяной кілбасы такі
доўгі, як рука дванаццацігадовага падлетка. Але вось і гэты злодзей, Спор! У
віннай лаўцы лягчэй даведацца аб чымсьці. Так кажучы, увайшоў у лаўку і загадаў
падаць яму жбан “цёмнага”, бачачы ж недаверлівы погляд гаспадара, выцягнуў
залаты грош з мяшэчка і паклаў яго на стол, сказаўшы:
-
Спор, я працаваў сення з Сенэкам
ад світання да апоўдня і гэта тое, чым мой сябар абдарыў мяне на дарогу.
Акругленыя вочкі Спора сталі яшчэ больш акруглыя, і віно аказалася
перад Хілонам, той жа намачыў ім палец і накрэсліў рыбу на стале, потым спытаў:
-
Ведаеш, што гэта значыць?
-
Рыба? Ну, рыба – гэта рыба!
-
Дурань, хоць даліваеш столькі вады
ў віно, што магла б у ім жыць і рыба. Гэта сімвал, які на мове філосафа
значыць усмешка Фартуны. Калі б ты яго разгадаў, можа і табе ўсміхнулася б
Фартуна. Шануй філасофію, кажу табе, бо інакш я змяню лаўку – мой уласны сябар
Пятроній даўно ўжо угаворвае мяне гэта зрабіць.
Комментариев нет:
Отправить комментарий