Раздзел ХХ
Яны ішлі вуліцай Вікус Патрыцыус, паўз Вімінал, да былой Вімінальскай
брамы, каля нізіны, дзе Дыяклетыян пазней збудаваў вядомыя лазні. Мінулі рэшткі
сцяны Сервія Тулія і ўжо больш пустымі месцамі дайшлі да дарогі
Наментанскай,там жа звярнулі налева, да вуліцы Віа Салярыя, апынуліся сярод
пагоркаў, поўных капальняў для здабычы пяску, а дзе-нідзе і могілак. Тымчасам
зусім сцямнела, а паколькі месяц яшчэ не ўзыйшоў, то дарогу было б вельмі цяжка
знайсці, каб не тое, што як і прадбачыў Хілон, паказвалі яе самі
хрысціяне.Справа, злева і наперадзе відаць былі цёмныя постаці, якія рухаліся
да пясчаных яроў.Некаторыя з тых людзей неслі ліхтары, акрываючы іх наколькі
гэта было магчыма плашчамі, іншыя, што ведалі дарогу лепш, ішлі ў цемнаце.Правераны
на справе ў войску добры зрок Вініцыя дапамагаў
адрозніць па рухах маладзейшых мужчын ад старых, якія абапіраліся на
кійкі, і ад жанчын, старанна апранутых у доўгія столы. Рэдкія пешыя і вяскоўцы,
што выязджалі з горада, прымалі іх, відаць, за рабочых, што накіроўваліся да
арэнарыяў ці за пахавальныя брацтвы, удзельнікі якіх часам арганізоўвалі
абрадавыя шэсці ўночы.Па меры таго, як малады патрыцый і яго спадарожнікі
пасоўваліся наперад, навокал міргала ўсе больш ліхтароў і колькасць людзей усё павялічвалася. Некаторыя з іх пелі ціха песні, якія Вініцыю здаваліся напоўненымі сумам. Часам да яго даляталі асобныя словы ці радкі з песні, як, напрыклад: “ Паўстань жа той, каторы спіць!” ці “Уваскрэсні!” Зноў і зноў імя Хрыста
паўтаралася галасамі мужчын і жанчын. Але Вініцый мала ўвагі звяртаў на словы,
бо ў галаве яго праносілася думка, што адна з гэтых цёмных постацей можа быць
Лігія. Некаторыя, праходзячы блізка, казалі:”Мір Вам!” ці “Хвала Хрысту!” , яго ж
ахопліваў непакой і сэрца пачынала калаціцца, бо яму здавалася, што чуе голас
Лігіі Падобныя да яеных рухі ці выгляд здаваліся яму ў цемнаце штохвілінна і толькі, праверыўшы некалькі разоў сваю памылку, перастаў давяраць вачам.
Дарога здалася яму доўгай.Ваколіцы ён ведаў добра, але па цемені не мог
зарыентавацца.Увесь час трапляліся то нейкія вузкія пераходы, то часткі муроў,
то будыніны, якіх каля горада не памятаў.Нарэшце акрайчык месяца
паказаўся з-за хмар і асвятліў наваколле лепш, чым цьмяныя ліхтары. Штосьці
здалёк пачало блішчэць, нібы вогнішча ці полымя паходняў.Вініцый нахіліўся
даХілона і спытаў, ці не Астрыянум гэта.
Хілон, на якога ноч, аддаленасць ад горада і гэтыя постаці, падобныя да
прывідаў, рабілі відавочна моцнае ўражанне, адказаў няўпэўненым голасам:
-
не ведаю, высакародны, я ніколі не
быў на Астрыянуме.Але яны маглі б ухваляць Хрыста дзесьці бліжэй да горада.Праз
момант, адчуваючы патрэбу ў размове, каб падтрымаць адвагу, дадаў:
-
Збіраюцца, як забойцы, але ж ім
нельга забіваць, хіба што мне той лігіец зманіў.
Але Вініцыя, які думаў пра Лігію, таксама здзівіла гэта асцярожнасць і
таямнічасць, з якой яе адзінаверцы збіраліся, каб паслухаць свайго найвышэйшага
жраца, таму сказаў:
-
Як усе рэлігіі, так і гэта
знаходзіць сярод нас сваіх вернікаў, але хрысціяне – гэта іудзейская секта.Чаму
ж яны збіраюцца тут, калі за Тыбрам
стаяць іудзейскія храмы, у якіх іудзеі
пры дзённым святле прыносяць ахвяры.
-
Не, высакародны.Іудзеі – гэта іх
зацятыя ворагі.Мне казалі, яшчэ да панавання цяперашняга імператара пачалася
вайна між іудзеямі і імі. Імператару Клаўдзію так надакучылі гэтыя звадкі, што
выгнаў усіх іудзеяў, аднак сення гэты эдыкт не дзейнічае. Але хрысціяне
хаавюцца ад іудзеяў і людзей, якія, як табе вядома, асуджаюць іх у злачынствах
і ненавідзяць.
Нейкі час яны ішлі моўчкі, пасля Хілон, страх якога павялічваўся па
меры аддаленасці ад гарадскіх брамаў, сказаў: - Вяртаючыся ад Эўрыцыя, я пазычыў
у аднаго артыста парык, а ў нос усадзіў сабе два бабовых зярняці.Яны не павінны
мяне пазнаць.Але калі і пазнаюць, то не заб’юць - гэта неблагія людзі! Гэта нават
вельмі добрыя людзі, якіх я люблю і паважаю.
-
Не хвалі іх раней часу, - адказаў
на гэта Вініцый.
Увайшлі цяпер у вузкі праход, закрыты з бакоў нібы двума насыпамі, над
якімі ў адным месцы праходзіў акведук. Месяц тымчасам выглянуў з-за хмар, і ў
канцы яру яны ўбачылі мур, спавіты плюшчам, які серабрыўся пад месяцавым
ззяннем.Гэта быў Астрыянум.
У Вініцыя сэрца закалацілася яшчэ мацней.Ля брамы два фосары забіралі
знакі.Праз хвіліну Вініцый і яго спадарожнікі апынуліся ў месцы, закрытым з усіх бакоў мурам. Дзе-нідзе тут стаялі асобныя помнікі, пасярод
відаць быў сапраўдны гіпагеум ці склеп, што ніжняй сваей часткай знаходзіўся
пад паверхняй грунту і дзе былі грабніцы.Перад уваходам у склеп пашумліваў
фантан, аднак было відавочна, што надта вялікая колькасць людзей не змагла б
змесціцца у самім гіпагеуме.Вініцый легка здагадаўся, што абрад будзе адбывацца
пад адкрытым небам на двары, дзе хутка сабралася вялікая колькасць люду.Як
вокам кінуць ліхтар міргаў ля ліхтара, а шмат у каго з сабраных не было зусім
святла. За выключэннем некалькіх чалавек, якія знялі каптуры, усе астатнія ці то з-за боязі здраднікаў ці то з-за холаду, засталіся ў каптурах, і малады
патрыцый з трывогай падумаў, што калі так будзе да канца, то ў гэтым тлуме, пры
цьмяным святле падобна да таго, што Лігію ён не пазнае.
Але раптам ля склепу запалілі некалькі смаляных паходняў, якія склалі ў
малы стос.Стала нашмат святлей.Натоўп заспяваў, спачатку ціха, потым усё грамчэй нейкі дзіўны гімн – Вініцый ніколі ў жыцці не чуў падобнай песні.Гэты ж
сум, які яго зачапіў у спевах напаўголас, што спявалі людзі паасобку па дарозе
на могілкі, быў чутны і цяпер у гэтым гімне, толькі стаў больш выразным і
моцны, а ў канцы увогуле такі пранізлівы і вялікі, нібы разам злюдзьмі
засумавалі ўсе гэтыя могілкі, пагоркі, яры і наваколле.Магло пры тым здавацца,
што ёсць у ім нейкі нібыта прызыў і пакорлівая просьба аб ратунку тых, хто
заблукаў у цемнаце. Галовы людзей былі ўзнятыя, здавалася, каб бачыць кагосьці там, высока, а рукі прызывалі
яго, каб сыйшоў з нябёсаў.Калі песня сціхала, то глядзелі на зоркі, нібы з бояззю, што
адбузецца нешта незвычайнае і што хтосьці сапраўды сыйдзе з неба.Вініцый у
Малой Азіі, у Егіпце і ў самім Рыме бачыў мноства розных храмаў, спазнаў шмат
рэлігій і чуў мноства песень, аднак толькі тут упершыню ён убачыў людзей, што
клікалі баство песняй не таму, што хацелі адбыць нейкі ўсталяваны абрад, а ад
сэрца, з такім сапраўдным сумам па ім, які можа быць хіба ў дзяцей па маці ці
па бацьку.Трэба было быць сляпым, каб не ўбачыць, што гэтыя людзі не толькі
шанавалі свайго бога, але любілі яго усёй душой, - такога Вініцый не бачыў ні на
адной зямлі, ні ў якіх абрадах ні ў адным храме, бо ў Рыме і ў Грэцыі тыя, хто
яшчэ шанаваў багоў, рабілі гэта дзеля аб’яднання іх дапамогі для сябе ці ад
боязі, але нікому не прыходзіла нават да галавы, каб іх любіць.
Хаця думкі Вініцыя былі заняты Лігіяй, а ўвага – пошукам яе сярод
людзей, не мог не бачыць гэтых дзіўных і незвычайных рэчаў, якія адбываліся
навокал.Тымчасам паклалі некалькі паходняў на вогнішча, якое асвятліла чырванню
могілкі і прыглушыла бляск ліхтароў, у гэты момант з гіпагеума выйшаў стары,
апрануты ў плашч з каптуром, але з непакрытай галавой і ўзышоў на камень, што
ляжаў паблізу стосу.
Сабраныя скалыхнуліся.Галасы раздаваліся вакол Вініцыя: “Пётр! Пётр!”
Некаторыя сталі на калены, іншыя прасцягвалі да яго рукі.Настала ціша і
такая глыбокая, што чутны быў кожны ападаючы з паходняў вугельчык, аддалены стук
колаў на Наментанскай дарозе і пошум ветру у верхавінах некалькіх піній, што
раслі побач з могілкамі.
Хілон нахіліўся да Вініцыя і шапнуў: “Гэта ён! Першы вучань Хрыста,
рыбак!"
Стары ж узняў руку і знакам крыжа пахрысціў сабраных, якія ў гэтычас
пападалі на калены.Спадарожнікі Вініцыя і ён сам, каб не адрознівацца,
пайшлі па прыкладу іншых.Малады чалавек не мог пакуль зразумець” сваіх
уражанняў, бо яму падалося, што гэта постаць, якую ён бачыў перад сабой і досыць
простая і незвычайная, і што цікава, незвычайнасць тая вынікала менавіта з яго
простасці.У старога не было мітры на галаве ні дубовага вянца на скронях, ні
пальмы ў руцэ, ні залатой табліцы на грудзях, ні белага адзення, усеянага
зоркамі, - словам, ніякіх такіх адзнак, што насілі жрацы з Усходу, Грэцыі ці
Егіпту ці рымскія фламіны. І зноў уразіла Вініцыя тая ж розніца, якую ён адчуў,
слухаючы песні хрысціян, бо і гэты “рыбак” прадстаў перад ім не архіжрацом на
цырымоніі, а простым, старым і бязмежна годным сведкам, які прыходзіць здалёк,
каб расказаць праўду, якую бачыў, да якой дакранаўся, у якую паверыў, як вераць
у відавочнае і палюбіў яе толькі таму, што паверыў. Была таксама ў яго твары
такая моц пераканання, якую выклікае толькі праўда.І Вініцый, які быў скептыкам
і не хацеў паддавацца яго вучэнню, паддаўся нейкай шалёнай цікаўнасці, што ж
сыйдзе з вуснаў гэтага сябра таямнічага “Хрыста” і што гэта за вучэнне, якое
шануюць Лігія і Пампонія Грэцына.
У гэты час Пётр пачаў гаварыць і гаварыў спачатку як бацька, які
вучыць дзяцей, як патрэбна жыць.Наказваў ім, каб адмовіліся ад лішкаў і
раскошаў, а любілі беднасць, чысціню звычаяў, праўду, каб цярпліва зносілі
крыўды і праследаванні, слухаліся вышэйшых асоб і ўлад, асцерагаліся здрады,
крывадушша і абгавору, а ў канцы – каб паказвалі прыклад і адзін аднаму і нават
паганцам.
Вініцыя, для якога добрым было толькі тое, што магло вярнуць Лігію, а
дрэнным усё, што было між імі перашкодай, кранулі і разгневалі некаторыя з
гэтых парад, бо здалося яму, што прапаведуючы чысціню і змаганне з жаданнямі,
стары смее тым самым не толькі памяншаць яго каханне, але і настройвае Лігію
супраць яго і падтрымлівае яе адмову яму, Вініцыю.Зразумеў, што калі яна
знаходзіцца сярод сабраных і слухае гэтыя словы, і бярэ іх да сэрца, то ў гэту
хвіліну павінна думаць аб ім як аб ворагу гэтага вучэння і сапраўдным
нягодніку. Ахапіла яго злосць: “Што новага я пачуў, - гаварыў ён сам сабе,- І гэта тое невядомае вучэнне? Кожны
гэта ведае, кожны гэта чуў, але беднасць і абмежаванне жаданняў прапаведуюць і
цынікі, а цноту – Сакрат - як рэч старую і добрую; першы лепшы стоік, нават Сенэка, у якога пяцьсот лімонных сталоў, славіць умеранасць, праўду і
цярплівасць пры перашкодах і ў няшчасці, і гэта ўсе, як зляжалае збожжа, што
ядуць мышы, а людзі ўжо не хочуць есці, таму што ад старасці пацвіло.” І разам
з гэтым гневам ён адчуў сумненне, бо спадзяваўся адкрыць нейкія таямніцы ці як
мінімум лічыў, што пачуе добрага рытара, які здзівіць яго сваей прамовай, а
пачуў толькі вельмі простыя словы, пазбаўленыя ўсялякіх аздоб. Дзівіла яго
толькі гэта цішыня і гэта ўвага, з якой сабраныя слухалі. Але стары гаварыў
далей сваім слухачам, што яны павінны быць добрыя, спакойныя, справядлівыя і
бедныя і чыстыя душой і не таму, каб пры жыцці быць спакойнымі, а каб пасля
смерці жыць вечна з Хрыстом, у такой радасці, хвале, росквіце, якіх на зямлі
ніколі ніхто не ведаў. І тут Вініцый, які сумняваўся хвіліну таму, неахвотна,
але не мог не заўважыць, што ёсць адпаведная розніца між вучэннем старога і
тым, што казалі цынікі, стоікі ды іншыя філосафы, бо тыя дабро і цноту лічылі
рэчамі разумнымі і адзінымі ў жыцці цяперашнім, ён жа абяцаў пасля яго
бессмяротнасць і не нейкую страшную - пад зямлёю, у смутку, пустцы, а прыгожую,
роўную з жыццём багоў.Гаварыў аб ёй як аб рэчы сапраўды пэўнай, таму цнота
бязмежна цанілася, а дробязі жыцця станавіліся чымсьці нават дрэнным, бо
цярпець хвіліну для пазнейшага шчасця – гэта рэч зусім іншая, чым цярпець таму
толькі што такі закон прыроды. Але стары казаў далей, што цноту і ісціну трэба
любіць дзеля іх саміх, бо найвышэйшым адвечным дабром і адвечнай цнотай ёсць
Бог, таму хто любіць іх, той любіць Бога і з дапамогай гэтага сам становіцца
яго любімым дзіцем.Вініцый не разумеў гэтага добра, аднак ведаў яшчэ раней са
слоў, якія сказала Пятронію Пампонія Грэцына, што гэты Бог паводле разумення
хрысціян – адзіны і ўсемагутны, і калі ён цяпер пачуў яшчэ, што Бог – гэта
абсалютнае дабро і абсалютная ісціна, то міжвольна падумаў, што ў параўнанні з
такім дэміургам Юпіцер, Сатурн, Апалон, Веста і Венера выглядалі б як нейкае
марнае і крыклівае зборышча, у якім дзейнічаюць усе і кожны сабе на руку. Але
найбольшае здзіўленне ахапіла маладога чалавека, калі стары пачаў гаварыць, што
Бог гэта Любоў, і таму хто любіць людзей, той выконвае яго найвышэйшы наказ.
Але не дастаткова любіць людзей свайго народу, бо Бог-чалавек за ўсіх
кроў праліў і між паганцамі знайшоў ужо такіх сваіх абраных, як Карнэлій Цэнтурыён, і не дастаткова любіць
тых, якія нам дабро робяць, бо Хрыстос прабачыў і іудзеяў, якія аддалі яго на
смерць, і рымскіх салдат, якія прыбівалі яго да крыжа, а трэба любіць і тых,
хто нас крыўдзіць і не толькі прабачаць ім, а нават плаціць ім дабром за зло, і
не дастаткова любіць добрых, а трэба любіць і дрэнных. Бо толькі Любоўю можна з
іх зло прагнаць. Хілон пры гэтых словах падумаў, што яго праца пайшла на
марнае, і што Урс ніколі ў жыцці не адважыцца забіць Глаўка ні ў гэту ноч, ні ў
якую іншую. Але ўсцешыўся іншым вынікам з вучэння старога, а менавіта, што і
Глаўк не заб’е яго, хаця б і выкрыў ці пазнаў. Вініцый не думаў ужо, што ў
словах старога няма нічога новага, але са здзіўленнем задаваў сабе пытанне: што
гэта за Бог? Што за вучэнне? Што гэта за людзі? Усё, што чуў,не месцілася ў яго
галаве.Гэта было новае, раней нячутае разуменне.Ен адчуваў, што калі б хацеў
стаць паслядоўнікам гэтага вучэння, то павінен быў бы ускласці на вогнішча свае
думкі, звычкі,характар і ўсю ранейшую натуру і ўсе гэта спаліць на попел і
напоўніць сябе нейкім новым зусім іншым жыццем і цалкам новай душой.Вучэнне,
якое яму наказвала любіць партаў, сірыйцаў, грэкаў, егіпцян, галаў і брытанцаў,
прабачаць ворагам, плаціць ім дабром за зло і любіць іх здалося яму шалёным,
адначасова ў яго было меркаванне, што ў гэтым шаленсте ёсць штосьці мацнейшае,
чым у ранейшых філасофіях.Ен думаў, што гэта невыканальнае, а таму – боскае.Адмаўляў
яго ў душы і адчуваў, што разыходзіцца ад яго, як ад лугу з кветкамі, водар,
які напойвае і калі хто аднойчы яго
адчуў, павінен , як у краіне лютафагаў, забыць пра ўсё іншае і толькі аб ім
сумаваць.Здавалася, што ў ім няма нічога рэальнага, і разам з тым, што
рэальнасць у параўнанні з ім штосьці, над чым няварта нават задумвацца.Яго
абкружылі нейкая нерэальнасць, якой не ўяўляў, нейкія прывіды, нейкія
хмары.Гэтыя могілкі пачалі рабіць ўражанне зборышча шаленых, да таго ж - таямнічага і
страшнага месца, на якім нібыта на міфічным ложы нараджаецца штосьці, чаго
дасюль на свеце не было. Ен успомніў усё, што спачатку стары гаварыў аб жыцці,
ісціне, Любові, Богу, і думкі яго асляпляліся ад бляску, як слепнуць вочы ад
бліскавіц, што ідуць адна за адной.Як звычайна людзі, жыццё якіх раптам змяняецца
ў адзін момант, ён думаў аб гэтым усім праз прызму свайго кахання да Лігіі і
пры святле гэтых бліскавіц ён убачыў ясна адну рэч: што калі Лігія тут, калі
шануе гэта вучэнне, слухае і чуе, то ніколі не стане яго каханкай.
Упершыню ад часу, калі пазнаеміўся з ёй і Аўламі, ён адчуў, што хоць яе
цяпер і адшукае, то гэта ўсё роўна што не адшукае.Нічога падобнага не прыйшло
яму раней да галавы, але і цяпер не мог зразумець, бо гэта было не столькі выразнае разуменне, колькі хутчэй цьмянае пачуццё нейкай страты
і няшчасця.Узняўся ў ім непакой, які змяніўся на буру гневу супраць хрысціян
увогуле і супраць старога ў прыватнасці.Гэты рыбак, якога ён на першы погляд
палічыў за прастака, праймаў яго цяпер амаль страхам і здаваўся яму таемным фатумам,
што вырашае няўмольна і трагічна яго будучыню.
Фосар падклаў зноў некалькі паходняў у агонь, вецер перастаў шумець у
верхавінах дрэў, полымя ўзносілася роўна, языкамі да святла зорак на небе.Стары,
узгадваючы пра смерць Хрыста, пачаў распавядаць толькі пра Яго. Усе затрымалі
дыханне і цішыня стала яшчэ большай, чым раней, такая, што чутна было біццё сэрцаў.Гэты чалавек бачыў і расказваў, як той, якому кожная хвіліна ўрэзалася ў
памяць і каторы, як закрые вочы, то ўсё яшчэ бачыць мінулае.Ен казаў, як вярнуўшыся
ад крыжа, яны сядзелі з Іаанам два дні і дзве ночы без сна, без ежы, стомленыя,
у жальбе, трывозе і сумненнях, абхапіўшы рукамі галовы і шкадуючы, што Ен
памёр.Вой-вой! Як жа цяжка было!Ужо настаў дзень трэці і сцены асвятліліся, а
яны абодва сядзелі так ля сцяны без надзеі і без выйсця.Калі іх перамагаў сон ( бо
і ноч перад пакутай правялі без сна), то абуджаліся і пачыналі зноў бедаваць.Аж
ледзь узыйшло сонца, убегла да іх Марыя з Магдаліі, амаль без дыхання, з
распушчанымі валасамі і з крыкам: “Забралі Госпада!” Яны, пачуўшы гэта, пабеглі
на месца пахавання.Але Іаан маладзейшы і прыбег першы, а ўбачыў пусты склеп і
не смеў увайсці. Толькі калі было іх ужо трое ля ўваходу, Іаан, які ім гэта
сказаў, увайшоў, убачыў на камені саван і плашчаніцу, але цела не было.Тады
ахапіў іх страх, бо думалі, што выкралі яго жрацы, і абодва вярнуліся дамоў яшчэ
больш заклапочаныя. Потым прыйшлі іншыя вучні і ўзнімалі лямант то ўсе разам,
то паасобку, каб іх пачуў Бог-Заступнік.Ен павінен быў выкупіць ізраільцяніна,
а гэта быў трэці дзень пасля яго смерці, таму не разумелі, чаму Бацька пакінуў
Сына і хацелі б лепш не бачыць святла і памерці, такое цяжкае гэта было
бярэмя.Успамін пра гэтыя страшныя хвіліны яшчэ і цяпер выклікаў дзве слязіны з
вачэй старога, што было добра бачна пры святле вогнішча, і яны каціліся па
сівой барадзе. Старэчая, амаль без валасоў галава яго затрэслася і голас замер
у яго грудзях.Вініцый у душы падумаў: “Гэты чалавек кажа праўду і плача па ёй!”
А слухачы з простымі сэрцамі таксама плакалі. Ужо не раз яны чулі пра пакуты
Хрыста , і ім было вядома, што пасля смутку настане радасць, але паколькі
расказваў гэта апостал, які бачыў, то пад уражаннем рыдалі, заламваючы рукі ці
білі сябе ў грудзі.Але паступова яны супакоіліся, бо жаданне паслухаць далей
перамагло. Стары прыкрыў вочы, нібы хацеў бачыць лепш рэчы далёкія па часе і
працягваў.
Калі усчаўся лямант, ізноў убегла Марыя Магдаліна з крыкам, што бачыла Госпада: яна не магла пазнаць яго ад вялікага бляску, думала, што гэта садоўнік,
але ён паклікаў: “Марыя!”. Тады яна ўскрыкнула і ўпала яму ў ногі. Ен
жа сказаў ёй ісці да вучняў, а потым знік. Але яны, вучні, не верылі, а калі
яна плакала ад радасці, адны з яе кпілі, іншыя ж думалі, што яна звар’яцела ад
смутку, бо расказвала, што ў склепе бачыла анёлаў, тады яны прыбеглі туды другі раз і ўбачылі пусты склеп.Потым вечарам прыйшоў Клеафас, які хадзіў з
іншымі да Эмауса, і вярнуліся хутка, гаворачы , што сапраўды уваскрос Гасподзь.І
яны пачалі збірацца ля дзвярэй, замкнутых з-за боязі іудзеяў. І тады Ен
паўстаў сярод іх, хаця не рыпнулі дзверы, а калі яны спужаліся, сказаў ім:” Мір
вам!”
“І я бачыў Яго, як бачылі ўсе, а Ен быў, як святло і шчасце нашых
сэрцаў, бо мы паверылі, што ен уваскрос, і што моры высахнуць, горы абернуцца ў
пыл, а Яго слава не знікне”.А праз восем дзен Томаш Дыдымус кранаў пальцамі яго
раны і бок Яго, а потым упаў да яго ног і паўтараў “Гасподзь мой і Бог мой!” Ен
жа адказаў: “Калі ты мяне ўбачыў, то паверыў. Блаславены ж той, хто мяне не
бачыў, а паверыў!” І гэтыя словы мы чулі, і вочы нашы глядзелі на Яго, бо Ен
быў сярод нас”.
Вініцый слухаў, і з ім адбывалася штосьці дзіўнае.Забыўся на
хвіліну, дзе ён, пачаў страчваць пачуцце рэальнасці, нарэшце розум.Знаходзіўся
нібы між двух агнёў.Не мог паверыць у тое, што гаварыў стары, і адчуваў, што
трэба быць сляпым і не давяраць уласнаму розуму, каб дапусціць, што гэты
чалавек, які гаварыў: “Я бачыў” – ілгаў. Было штосьці ў яго ўзрушэнні, у яго
слязах, ва ўсёй постаці і ў падрабязнасцях, пра якія ўзгадваў, што рабіла
немажлівым усялякае прытворства.
Вініцыю здавалася, што яму ўсе гэта сніцца.Але навокал ен бачыў
сцішаную грамаду, дым ад ліхтароў далятаў да яго носу, паводдаль гарэлі
паходні, а каля каменя стаяў стары чалавек, якому няшмат засталося, з галавой,
якая патрэсвалася, які сведчыў, паўтараючы:”Бачыў”. І распавядаў ім усю
гісторыю далей аж да Узнясення на неба.Часам адпачываў, бо расказваў вельмі
падрабязна, але адчувалася, што кожная найменшая падрабязнасць так збераглася ў
яго памяці, нібы высечаная была на камені. Тых, хто яго слухаў, агарнула добраць.Паскідалі каптуры, каб чуць лепш і каб не прапусціць ніводнага слова,
якія для іх былі бясцэннымі.Здавалася ім, што нейкая нечалавечая сіла
пераносіць іх у Галілею, што могілкі становяцца Тыберыядскім возерам, а на
беразе ў ранішнім тумане стаіць Хрыстос, як стаяў у той час, калі Іаан,
пазіраючы з чоўна, сказаў:” Гасподзь есць!” – а Петр кінуўся і паплыў, каб хутчэй
прыпасці да яго ног.На тварах было захапленне і поўнае забыццё жыцця, і шчасце,
і бязмерная любоў.Відавочна было, што ў час доўгага апавядання Пятра некаторыя
гэта ўсё бачылі, калі ж ён пачаў расказваць, як у момант Узнясення на неба
воблакі пачалі гусціцца пад стопамі Збавіцеля, засланяць Яго і рассейваць на
вачах апосталаў, то ўсе твары ўзняліся міжвольна да неба і настала нібы хвіліна
чакання, быццам гэтыя людзі спадзяваліся, што ўбачаць яго ці што ён сыйдзе зноў
з нябесных палеткаў, каб убачыць як стары Апостал пасе давераных яму авечак і
блаславіць яго і статак.
І для гэтых людзей не было ў гэты момант Рыму, не было шалёнага
імператара, не было храмаў, багоў, паганцаў, быў толькі Хрыстос, які поўніў
зямлю, мора, неба і сусвет.
У аддаленых дварах, параскіданых уздоўж Віа Наментана, заспявалі пеўні,
засведчыўшы, што зараз апоўнач.У гэты час Хілон пацягнуў Вініцыя за край плашча
і шапнуў:
- Высакародны, там, ля старога, я бачу Урбана, а ля яго нейкую
дзяўчыну.Вініцыя ператрэсла як са сну, і ён, павярнуўшыся ў бок, паказаны
грэкам, убачыў Лігію.