воскресенье, 1 февраля 2015 г.

Раздзел 27 QUO VADIS? Г. Сенкевіч

Раздзел ХХVIІ

З гэтага часу яна радзей паказвалася ў агульным пакоі і радзей набліжалася да яго ложка. Але спакой да яе не вяртаўся. Бачыла, што Вініцый паводзіць за ёй умольным позіркам, што чакае кожнага яе слова, як ласкі, што пакутуе і не смее скардзіцца, каб яе не настроіць супраць сябе, што яна адзіная – яго здароўе і радасць, і ў гэтыя моманты сэрца яе напаўнялася літасцю. Хутка яна заўважыла, што чым больш яна стараецца яго пазбягаць, тым больш ёй шкада яго, і тым самым больш вострыя ў ёй нараджаюцца да яго пачуцці. Яе цалкам пакінуў спакой. Часам яна казала сабе, што абавязкова пастаянна павінна быць ля яго, хаця б таму, што боскае вучэнне раіць плаціць дабром за зло, а па-другое, што размаўлячы з ім, магла б яго да гэтага вучэння прызвычаіць.Але зараз жа сумленне гаварыла ей, што яна ашуквае сама сябе і што яе да яго цягне не што іншае, як яго каханне, якое для яе як прысуд. Таму жыла ў пастаяннай унутранай барацьбе, якая расла з кожным днём. Ей здавалася, што абкружае яе нейкая сетка, яна ж хоча з яе вырвацца і заблытваецца ўсё больш.Прызнавалася сабе, што яго вобраз з кожным днём робіцца для яе ўсе больш патрэбным, голас – мілейшым і што ёй трэба з усіх сіл змагацца з жаданнем сядзець ля яго ложка. Калі яна набліжалася да яго, а ен праменіўся, то радасць залівала і яе сэрца.Аднойчы яна заўважыла сляды слёз на яго вейках і ўпершыню ў жыцці да яе прыйшла думка, што яна магла б іх асушыць сваімі пацалункамі. Спужаная ад гэтай думкі і поўная пагарды да сябе, яна праплакала ўсю наступную ноч.
Ен жа быў цярплівы, нібы паабяцаў сабе быць такім.Калі раптам вочы свяціліся раздражненасцю, самаволлем і гневам, ён стрымліваў усё гэта, а потым пазіраў на яе з непакоем, нібы хацеў прасіць прабачэння, яе ж гэта яшчэ больш кранала. У Лігіі ніколі не было адчування, што яе так моцна кахаюць, і калі думала аб гэтым, то адчувала і сваю вінаватасць, і шчасце..Вініцый таксама змяніўся істотна.У яго размовах з Глаўкам не стала пагарды: часта думаў, што і гэты бедны нявольнік-лекар, і чужаземка, старая Мірыям, якая абкружала яго клапатлівасцю, і Крысп, якога  бачыў пастаянна паглыбленым у малітву, гэта людзі.Ен дзівіўся падобным думкам – аднак яны былі. Урса палюбіў з часам і размаўляў з ім цяпер цэлымі днямі, бо мог гаварыць з ім пра Лігію, а апавяданняў той ведаў незлічоную колькасць і выконваючы прасцейшыя паслугі для хворага, пачаў таксама да яго прывязвацца. Лігія для Вініцыя была заўсёды істотай, якая належала да людзей іншага гатунку, у сто разоў вышэйшага за тых, якія яго абкружалі; аднак не менш ён стаў прыглядацца да людзей простых і бедных, чаго не рабіў ніколі ў жыцці; пачаў адкрываць у іх розныя годныя ўвагі бакі, аб якіх існаванні ніколі не думаў.
Толькі Назарыя не мог трываць, бо яму здавалася, што малады хлопец асмельваецца кахаць Лігію. Доўгі час стрымліваў сябе і не паказваў сваёй непрыязнасці, але аднойчы, калі той прынёс дзяўчыне дзвюх перапёлак, якіх купіў на таргах за ўласныя заробленыя грошы, у Вініцыю азваўся нашчадак квірытаў, для якога прыблуда з чужога народу значыў менш, чым самая брыдкая вош. Чуючы падзякі Лігіі, ен грозна пабляднеў і калі Назарый выйшаў па ваду для птушак, прамовіў:
-         Лігія, як ты можаш трываць, каб ён прыносіў табе падарункі? Ці ты не ведаеш, што людзей яго народу грэкі называюць іудзейскімі сабакамі?
-         Я не ведаю, як іх называюць грэкі, - адказала яна, - але ведаю, што Назарый – хрысціянін і мой брат.
Яна сказала гэта і зірнула на яго са здзіўленнем і са шкадаваннем, бо ўжо быў адзвычаіў яе ад падобных выбухаў, ён жа сціснуў зубы, каб не сказаць, што такога яе брата загадаў бы забіць да смерці батагамі ці саслаць у вёску, каб той як кампедыт капаў зямлю на яго сіцылійскіх палетках. Аднак спыніўся, задушыў свой гнеў і толькі праз хвіліну сказаў:
-         выбачай мне, Лігія.Ты для мяне каралеўская дачка і прынятае дзіця Плаўціяў.
І перамог сябе да такой ступені, што калі Назарый з’явіўся зноў у святліцы, то абяцаў яму, што пасля вяртання на сваю вілу падаруе яму пару паваў ці фламінга, якіх поўна было ў яго садах.
Лігія разумела, колькі павінны каштаваць яму падобныя перамогі над сабой, але чым часцей іх рабіў, тым больш яе сэрца набліжалася да яго сэрца. Заслуга яго на погляд Назарыя была меншая, чым яна лічыла. Вініцый праз хвіліну мог абурыцца на яго, але не мог быць ужо раўнівым у адносінах да Лігіі. Сын Мірыям на самой справе больш ужо значыў у яго вачах, чым сабака, а апроч  гэтага ён быў яшчэ дзіценкам, які калі і любіў Лігію, то несвядома і як слуга любіць сваю гаспадыню. Большую барацьбу з сабой стварала ў маладым трыбуне тое, каб паддацца, хаця б маўчанні, той пашане, якой сярод гэтых людзей было абкружана імя Хрыста і Яго вучэнне. З гэтага погляду з Вініцыем рабіліся дзіўныя рэчы. Няхай гэта было вучэнне, якога прытрымлівалася Лігія, таму быў гатовы яго спазнаць.Потым, ці хутчэй ачуньваў, тым больш успамінаў цэлы шэраг здарэнняў, якія адбыліся ад той ночы на Астрыянуме і цэлы шэраг паняццяў, якія напоўнілі ад таго часу яго думкі, тым больш задумваўся над бязмежнай сілай гэтага вучэння, якое перанараджала так чалавечыя душы.Ен разумеў, што ў ім ёсць штосьці незвычайнае, тое, чаго раней на свеце не было. І прадчуваў, што калі б яно ахапіла ўвесь свет, калі б прывіло сваю любоў і міласэрнасць, то напэўна настала б нейкая эпоха, што нагадвала б тую, у якой яшчэ не Юпітэр, а Сатурн кіраваў светам. Ен не смеў сумнявацца ні ў святым паходжанні Хрыста, ні ў яго ўваскрасенні, ні ў іншых цудах. Сведкі, якія расказвалі аб гэтым, былі надта верагодныя, не маглі маніць, каб мог дапусціць, што расказваюць небыліцы. Нарэшце рымскі скептыцызм дазваляў нявер’е ў багоў, але верыў у цуды. Вініцый знаходзіўся нібы каля нейкай дзівоснай загадкі, якую не мог разгадаць. З другога боку усе гэта вучэнне здавалася яму супроцьлеглым існуючаму парадку рэчаў, такому непадобнаму да выкарыстання яго на практыцы і настолькі нерэальнаму, як ніводнае іншае.
Паводле яго людзі ў Рыме і ва ўсім свеце маглі быць дрэнныя, але пры гэтым прадак рэчаў мусіў быць добрым. Калі б імператар быў напрыклад чалавекам пачцівым, калі б сенат складаўся не з нікчэмных распуснікаў, а з людзей такіх, якім быў Тразея, чаго ж бы можна было жадаць большага? Паколькі рымскі свет і панаванне рымскае была рэччу добрай, то значыць падзел паміж людзьмі быў таксама слушным і справядлівым. А тымчасам гэта вучэнне паводле разумення Вініцыя, павінна б было парушыць ўсякі парадак, ўсялякае панаванне і скасавць усялякую розніцу. І што тады б стала з уладараннем і панаваннем Рыму? Хіба рымляне маглі перастаць панаваць ці цалкам прызнаць роўнасць сабе пераможаных народаў? Гэта ўжо не месцілася ў галаве патрыцыя. А пры гэтым менавіта хрысціянскае вучэнне супрацьстаяла яго ўсялякім фантазіям, прызвычаенню, характару і паняццям пра жыцце. Ен не мог сабе ўявіць, як існаваў бы, калі б яго прыняў.Баяўся і дзівіўся з яго, але супраць яго прыняцця паўставала яго натура. Ен зразумеў нарэшце, што нічога іншага, а толькі яно падзяляе яго з Лігіяй і калі ен думаў так, то ненавідзеў яго з усіх сіл душы.
Аднак аддавў сабе належнае, што гэта яно Лігіі такую выключную, невыказальную прыгажосць, якая ў яго сэрцы нарадзіла апрача кахання павагу, апрача жадання – замілаванне, а з самой Лігіі ўчыніла для яго даражэйшую за ўсіх ў свеце істоту. І тады яму хацелася зноў палюбіць Хрыста. І ен ясна разумеў, што ці павінен Яго палюбіць, ці ўзненавідзець, абыякавым жа застацца немагчыма.Аднак яго літаральна разносіла ў два супрацьлеглыя бакі нібыта хвалямі, вагаўся ў думках, у пачуццях, не мог выбраць, аднак схіляў галаву і аказваў моўчкі павагу гэтаму незразумеламу для сябе Богу, таму толькі, што гэта быў Бог Лігіі. Лігія ж бачыла, што ў ім адбываецца, як пакутуе, як яго натура адмаўляе гэта вучэнне і калі з аднаго боку гэта яе смяртэльна засмучала, то з другога боку жаль, літасць і ўдзячнасць за такое маўклівае шанаванне, якое ен аказваў Хрысту, схілялі да яго з вялікай сілай яе сэрца. Яна ўзгадвала Памонію і Аўла. Для Пампоніі прычынай няспыннага суму і ніколі не высыхаючых слёз была думка, што пасля смерці яна не знойдзе Аўла.Лігія пачала лепш разумець гэту горыч і гэты боль. Бо і яна знайшла дарагую істоту, з якой пагражала ёй вечнае растанне: часам спадзявалася, што  яго душа яшчэ адкрыецца Ісціне Хрыста, але надзеі гэтыя пэўна не маглі споўніцца.Ведала і разумела яго ўжо надта добра. Вініцый – хрысціянін? Гэтыя два паняцці нават у яе недасведчанай цалкам галаве не маглі спалучыцца ў адно. Калі разважлівы і поўны спакою Аўл не паддаўся ўплыву мудрай і дасканалай Пампоніі, то як можна паўплываць на Вініцыя. На гэта пытанне не было адказу, а хутчэй, быў адзін: што не ведае для яго ні надзеі, ні ратунку. Але Лігія заўважыла са страхам, што той прысуд страты, які над ім вісіць, замест таго, каб яе супроцьпаставіць яму, самім прабачэннем робіць яго яшчэ даражэйшым для яе. Часам брала яе ахвота пагаварыць з ім шчыра пра яго невыразную будучыню, але калі аднойчы яна прысела ля яго і сказала, што па-за вучэннем Хрыста няма жыцця, ен, ўжо больш ачунялы, прыўзняўся на сваім здаровым плячы і раптам паклаў сваю галаву на яе калены, кажучы: “ Ты адзіная – жыцце”. І тады дыханне замерла ў яе грудзях, прытомнасць стала пакідаць яе, нейкія салодкія дрыжыкі працялі яе ад стоп да галавы. Яна схапілася рукамі за яго скроні, паспрабавала яго ўзняць, але сама нахілілася пры гэтым да яго так, што вуснамі дакранулася да яго валасоў і можа з хвіліну яны змагаліся з сабой і са сваім каханнем, якое штурхала іх адно да другога.
Лігія нарэшце ўстала і ўцекла, адчуваючы полымя  ў крыві і кружэнне галавы. Але гэта была кропля, якая перапоўніла канчаткова поўны і так ужо келіх.Вініцый не здагадаўся, як дорага яму прыйдзецца заплаціць за гэту шчаслівую хвіліну, але Лігія зразумела, што цяпер ёй самой патрэбны ратунак.Ноч пасля гэтага вечара ў яе была зусім бяссонная, у слязах, у малітвах, з пачуццём, што яна не годная нават маліцца і што не зможа быць пачутай.Назаўтра яна выйшла раней з кубікулу, паклікала Крыспа ў садовы летнік, пакрыты плюшчом і завялымі віючыміся раслінамі, адкрыла яму ўсю душу, молячы яго разам з тым, каб ен дазволіў ей пакінуць дом Мірыям, бо не давярае сабе і не можа перамагчы ў сэрцы кахання да Вініцыя.
Крысп, які быў чалавекам старым, сур’езным і заглыбленым пастаянна ў малітву, згадзіўся з яе намерам пакінуць гэты дом, але не знайшоў слоў прабачэння для грэшнай паводле яго паняццяў з-за кахання. Сэрца яго поўнілася абурэннем толькі ад адной думкі, што гэта Лігія, якой ен апекаваў ад часу ўцекаў, якую палюбіў, напоўніў верай і на якую глядзеў, як на белую лілею. Якая вырасла на глебе вучэння хрысціян і якая несапсаваная ніводным зямным жаданнем, магла знайсці ў душы месца на іншае каханне, чым нябеснае.Ен верыў дасюль, што нідзе ва ўсім свеце не білася чысцейшае сэрца ў славу Хрыста.Ен хацеў ахвяраваць Яму яе, як перліну, як каштоўнасць і дарагую рэч з уласных рук, але тое, аб чым ён даведаўся, напоўніла яго і здзіўленнем і горыччу.
-         Ідзі і прасі Бога, каб прабачыў табе грэх, - сказаў ен ей, - Уцякай, пакуль злы дух, які цябе заблытаў, не прывеў цябе да поўнага ўпадніцтва і пакуль ты не адмовілася ад Збавіцеля. Бог за цябе памёр на крыжы, каб уласнай крывею выкупіць тваю душу, але ты захацела пакахаць таго, хто жадаў зрабіць цябе сваей наложніцай.Бог цудам выхапіў цябе  з яго рук, але ты адкрыла сэрца нячыстаму жаданню і пакахала сына цемнаты. Хто ен? – таварыш і слуга антыхрыста, сябар распусты і злачынстваў.Куды ж бы ен цябе завеў, калі не ў гэту бездань і гэты Садом, дзе сам жыве, і што Бог знішчыць полымем свайго гневу? А я кажу, што лепш бы Ен даў табе памерці ці сцены гэтага дому зваліліся б на галаву тваю перш, чым гэты змей запоўз у тваё сэрца і паслініў яго атрутай сваей нягоднасці.
І разгарачаўся усе больш, бо віна Лігіі напоўніла яго не толькі гневам, але і непрыязнасцю і пагардай да чалавечай сутнасці ўвогуле і у прыватнасці да сутнасці жаночай, якую нават хрысціянскае вучэнне не ўберагло ад слабасці Евы.
Для яго было нічым тое, што дзяўчына была яшчэ чыстай, што хацела ўцячы ад гэтага кахання і што прызнавала яго з жалем і скрухай. Крысп хацеў зрабіць з яе анела і ўзнесці на вышыню, дзе існавала толькі Любоў да Хрыста, а яна пакахала гэтага аўгустыяніна, сама думка аб чым напаўняла яго сэрца суровасцю, павялічанай пачуццем расчаравання.Не! Не мог прабачыць ей гэта! Словы гневу палілі яму вусны, як вуголле; ен змагаўся з сабою, каб іх не прамовіць, але трос сваімі худымі рукамі над уражанай дзяўчынай.Лігія адчувала сябе вініватай, але не да такой ступені.Нават лічыла, што калі пакіне дом Мірыям, то гэта будзе перамогай над спакусай і выкупленне віны.Крысп расцёр яе ў парашок, паказаў усе хібы і нікчэмнасць яе душы, аб чым яна дасюль і не падазравала.Яна лічыла, што стары прасвітар, які ад хвіліны яе ўцекаў быў ей за бацьку, акажа трохі літасці, што суцешыць яе, дадасць упэўненасці, сілы.
-         я ахвярую богу мае расчараванне, мой боль, - сказаў ен, - але ты расчаравала і Збавіцеля, бо сышла нібыта ў багну, выпарэнні якой атруцілі тваю душу.Ты магла ахвяраваць яе Хрысту як каштоўнае начынне і сказаць Яму: Напоўні яго, Гасподзь, ласкай! – а хацела ахвяраваць  сябе служку злога духа. Няхай бог прабачыць  і няхай злітуецца над табой, калі я, пакуль не выкінеш змея... я, які лічыў цябе абранай...
І раптам замоўк, бо заўважыў, што яны былі не адны.
Праз завялыя, аднак зяленыя летам і зімой ліяны і плюшчы, ен убачыў двух чалавек, з якіх адзін быў Апостал Пётр.Другога пазнаць не мог, бо плашч з тоўстай валасатай тканіны, называемай цыліцыум, закрываў часткова яго твар. Крыспу праз хвіліну падалося, што гэта быў Хілон. Яны ж пачуўшы усхваляваны голас увайшлі ў летнік і селі на каменнай лаве.Таварыш Пятра адкрыў у гэты час свой схуднелы твар, лысеючую галаву, яшчэ кучаравую па баках, пачырванелыя павекі і крывы нос. Твар непрыемны, але разам з тым натхнены, у якім Крысп пазнаў рысы Паўла з Тарсу.
Тады Лігія кінулася на калены, абняла нібы з роспаччу ногі Пятра і прытуліла сваю стомленую галаву да складак яго плашча,  маўкліва чакала.І Пётр прамовіў:
-         Мір душам вашым!
А бачачы дзіця ля сваіх ног, спытаў, што адбылося.
І тады Крысп расказаў усё, што адкрыла яму Лігія, яе грэшнае каханне, яе жаданне ўцячы з дому Мірыям і свае шкадаванне, што душа, якую ен хацеў ахвяраваць Хрысту чыстай, як слязіна, забрудзілася зямным пачуццем да саўдзельніка ўсіх злачынстваў, у якіх паграз свет паганцаў і якія вымагалі помсты бога.
Лігія ў час яго расповеду усе мацней абдымала ногі апостала, нібы хацела ля іх шукаць ратунку і вымаліць крыху прабачэння.Апостал жа выслухаў усё да канца, схіліўся і паклаў руку на яе галаву, пасля чаго ўзняў позірк на старога Крыспа і сказаў:
-         Крысп, ты што не чуў, што наш любы гасподзь быў у Кане і блаславіў каханне паміж жанчынай і мужчынам.
     Крысп апусціў рукі і з хвіліну са здзіўленнем пазіраў на Апостала, не прамаўляючы ні слова.А той зноў запытаў:
-         Крысп, ты думаеш, што Хрыстос, які дапускаў Марыю з Магдаліі ляжаць ля ног сваіх і які прабачыў сапраўдную грэшніцу, адвярнуўся ад гэтага чыстага дзіцяці, падобнага да палявой лілеі?
Лігія з рыданнем прытулілася яшчэ больш да ног Пятра, бо зразумела, што нездарма шукала ля іх ратунак. Апостал узняў яе твар, заліты слязьмі і казаў ей:
 - Пакуль вочы таго, якога кахаеш не адкрыюцца  да святла Ісціны, датуль пазбягай яго, каб не прывеў цябе да граху, але маліся за яго і ведай, што ты невінаватая ў каханні тваім, а калі хочаш схавацца ад спакусы, то гэта заслуга табе залічыцца.Не перажывай, не плач, бо кажу табе, што ласка Збавіцеля не пакінула цябе і што малітвы твае будуць пачутыя, а пасля дзён суму пачнуцца дні радасці. Сказаў гэта і паклаў абедзве рукі на яе валасы, потым ўзнес позірк да неба і блаславіў яе. Ад твару яго сыходзіла незямная дабрыня.
Але скрушаны Крысп стаў апраўдваца:
-         я саграшыў супраць міласэрнасці, - сказаў ен, - але я лічыў, што пускаючы ў сэрца зямное каханне, яна адраклася ад Хрыста.
Петр жа адказаў:
-         Я тройчы адракаўся ад яго, а Ен прабачыў мне і загадаў пасці сваіх авечак.
-         ...і таму, - скончыў Крысп, - што вініцый – аўгустыянін..
-         Хрыстос трапляў у яшчэ больш цвердыя сэрцы – адказаў Петр.
На гэта Павел з Тарсу, які дасюль маўчаў, прыклаў пальцы да сваіх грудзей і паказваючы на сябе, сказаў:

-         Я той, хто праследаваў і аддаваў на смерць слуг Хрыста. У час замуравання Сцяпана я пільнаваў шаты тых, хто яго замуроўваў; я хацеў пасеяць праўду па ўсей зямлі, дзе жывуць людзі, і вось – мне гэта прызначыў Гасподзь, каб я па ўсей зямлі гэта расказваў. І я расказваў у Іудзеі, у Грэцыі, на астравах і ў гэтым бязбожным горадзе, дзе ў першы раз я жыў, як вязень.А цяпер, калі мяне паклікаў Пётр, мой старэйшы брат, я прыйшоў у гэты дом, каб схіліць гэту гордую галаву да ног Хрыста і кінуць зерне ў гэту камяністую глебу, якую адродзіць Бог, каб дала плённы ўраджай. І ўзняўся. Крыспу ж гэты маленькі, згорблены чалавек здаўся ў гэту хвіліну тым, кім быў па сутнасці, веліканам, які зрушыць свет і завалодае народамі і землямі.

Раздзел 26 QUO VADIS? Г. Сенкевіч

Раздзел ХХVI

Назаўтра ён прачнуўся  аслабелы, але з цвярозым розумам і без гарачкі. Яму падалося, што прабудзіў яго шэпт размовы, але калі расплюшчыў вочы, Лігіі каля яго не было, быў толькі Урс.Нахіліўшыся перад камінам, ён разграбаў шэры попел і шукаў пад ім жар, а калі знайшоў, то пачаў дзьмухаць на вуголле так, нібы рабіў гэта не вуснамі, а як найменш кавальскім мехам.Вініцый успомніў, што гэты чалавек учора забіў Кратона, аглядаў як сапраўдны аматар арэны яго магутны хрыбет, падобны да хрыбта цыклопа і моцныя, як калоны, ногі. Дзякуй Меркурыю, што не скруціў мне шыю, падумаў ён. Клянуся Палуксам! Калі іншыя лігійцы падобныя да яго, то ў данубійскіх легіенаў можа быць калі-небудзь з імі цяжкая справа.Уголас жа ен абазваўся:
-         Гэй, нявольнік!
Урс узняў твар і амаль прыязна усміхнуўся:
= Дай табе Божа, шаноўны, добрага дня і добрага здароўя, але я – чалавек вольны, а не нявольнік.
У Вініцыя, якому было ахвота распытаць Урса пра родны край Лігіі, гэтыя словы выклікалі станоўчыя эмоцыі, бо размова з вольным чалавекам, хаця і простым, прыносіць меншую знявагу яго годнасці рымляніна і патрыцыя, чым размова з нявольнікам, у каторым ні законы, ні звычаі не выяўлялі чалавечую істоту.
- Гэта азначае, што ты не належыш Аўлам? – спытаў ён.
- Так, шаноўны. Я служу Каліне, як служыў яе маці, але па добрай волі. Тут ен ізноў схаваў галаву у камін, каб раздзьмухаць вуголле, на якое накідаў дроў, пасля чаго, як закончыў справу, то прамовіў:
- У нас няма нявольнікаў.
Тады Вініцый спытаў:
-         А дзе Лігія?
-         Толькі што выйшла, а мне патрэбна табе , шаноўны, зварыць снеданне. Яна сядзела ля цябе ўсю ноч.
-         Чаму ты яе не змяніў?
-         Бо яна так хацела, а мая справа – слухаць.
Тут вочы яго запарушыліся, а праз хвіліну дадаў:
-         Калі б яе не слухаў, то ты быў бы ўжо нежывы...
-         Ты шкадуеш, што не забіў мяне?
-         Не, шаноўны, Хрыстос не казаў забіваць.
-         А Атацын? А Кратон?
-         Я не мог з імі інакш, -буркатнуў Урс.
 І пачаў пазіраць нібы з жалем на свае рукі, якія відавочна засталіся паганскімі, нягледзячы, што душа прыняла хрышчэнне.Потым ён паставіў гаршчэчак на под і сеў перад камінам, скіраваўшы задумлівы позірк на полымя.
- Гэта твая віна, шаноўны, - нарэшце прамовіў ен.- Навошта ты падняў руку на яе , дачку караля?
У Вініцыя ў першую хвіліну ўнутры ўсе ўскіпела ад думкі, што просталюдзін і варвар пасмеў не толькі гаварыць з ім так па-простаму, але яшчэ і абвінавачваць яго. Да гэтых надзвычайных рэчаў і непраўдападобных, якія напаткалі яго ў мінулую ноч, дадалася яшчэ адна. Але будучы аслабелым і без сваіх нявольнікаў пад рукой ён супакоіўся, бо ахвота  даведацца пра якія-небудзь падрабязнасці  з жыцця Лігіі перамагла.
Толькі супакоіўшыся, ен пачаў распытваць пра вайну лігійцаў супраць Ванія і Свебаў.Урс з ахвотай распавядаў, хаця і не мог дадаць шмат новага да таго, што Вініцыю  ў свой час расказаў Аўл Плаўцій. Урс у бітве не ўдзельнічаў, бо суправаджаў заложніц у лагер Атэлія Гістра.Ведаў толькі, што лігійцы пабілі Свебаў і язігаў, але ваявода іх і кароль палёг ад стралы язіга.Потым дайшлі да іх звесткі, што Семнаны запалілі лясы на іх межах, і ен хутка вярнуўся, каб адпомсціць за крыўду, а заложніцы засталіся ў Атэлія, які спачатку загадаў адносіцца да іх з каралеўскай пашанай. Пазней маці Лігіі памерла.Рымскі ваявода не ведаў, што рабіць з дзіцем. Урс хацеў вяртацца з ёй назад, але дарога была небяспечнай з-за жывел і дзікіх пляменаў.Калі ж прыйшла звестка, што нейкія пасланцы ад лігійцаў ёсць у Пампонія, і дапамагаюць яму супрацьстаяць Маркаманам, Гістр адаслаў іх да Пампонія.Прыбыўшы да таго, яны даведаліся, што ніякіх лігійцаў там не было – і так яны засталіся ў лагеры, адкуль Пампоній прывёз іх у Рым, а пасля святкавання трыумфа аддаў каралеўскае дзіця Пампоніі Грэцыне.
Вініцый, якому толькі дробязі былі дасюль невядомыя, слухаў усё роўна з прыемнасцю, бо яго непамерную гордасць роду улагоджвала тое, што сапраўдны сведка пацвярджаў каралеўскае паходжанне Лігіі.Як каралеўская дачка, на магла б заняць у двары імператара становішча, роўнае дачок самых знакамітых фамілій, тым больш што народ, якім кіраваў яе бацька, ніколі не ваяваў з Рымам і паколькі ён быў варварскім, то мог апынуцца пагрозай, бо паводле слоў самога Атэлія Гістра, у ім была незлічоная колькасць воінаў.
Урс дарэчы пацвярджаў цалкам гэта сведчанне, бо на пытанне Вініцыя аб лігійцах адказаў:
-         Мы сядзім у лясах, але зямлі ў нас столькі, што ніхто не ведае, дзе край пушчы, і людзей у ёй шмат. Есць у пушчах і драўляныя гарады, дзе пануе вялікі дастатак,бо што Семнаны, маркаманы, вандалы і квады назбіраюць па свеце, тое мы ў іх адбіраем. Яны ж баяцца на нас нападаць, адно, калі вецер з іх боку, то падпальваюць нам лясы. І мы не  баімся ні іх, ні рымскага імператарра.
-         Богі далі Рыму ўладу над светам – сурова сказаў Вініцый.
-         Богі- гэта злыя духі, - проста адказаў Урс, а дзе няма рымлян, там няма і іх улады.Тут ён паправіў агонь і сказаў нібыта сам сабе:- Калі імператар узяў Каліну у двор, а я думаў, што яе можа напаткаць крыўда, то хацеў ісці аж у лясы і прывесці лігійцаў ёй на дапамогу. І яны б рушылі к Дунаю, бо гэта добры народ, хоць і паганцы.Вось, занёс бы ім “добрую навіну”.Але я і так, як Каліна вернецца да Пампоніі Грэцыны, пакланюся ёй, каб дазволіла мне ісці да іх, бо Хрыстос нарадзіўся далёка ад нас, і яны нават не чулі аб Ім.. Ен ведаў лепш, чым я, дзе яму трэба нарадзіцца, але калі б прыйшоў на свет у нашай пушчы, то пэўна б мы яго не замучылі, а узгадавалі б Дзіцятка і дбалі, каб яму заўседы хапіла і мяса, і грыбоў, і скур бабровых , і бурштыну. А што б мы у свебаў ці маркаманаў здабывалі, тое аддавалі б яму, каб у Яго быў дастатак і выгоды.
Кажучы гэтак, ён прыставіў да агню посуд з паліўкай для Вініцыя і змоўк. Думкі яго відавочна нейкі час сягалі кудысьці ў лігійскія пушчы, аж пакуль вадкасць не пачала кіпець, тады ен выліў яе у плоскую міску і належным чынам пастудзіў, пасля сказаў:
-         глаўк раіць, каб ты як мага менш варушыўся, нават той рукой, якая засталася непашкоджанай, і таму Каліна загадала мне цябе карміць.
Лігія загадала! На гэта ен не меў чаго адказаць. Яму нават не прыйшло на думку працівіцца яе волі, нібы яна была дачкой імператара ці багіняй, таму не адказаў ні слова, Урс жа сеў ля яго ложка і пачаў зачэрпваць паліўку з місы малым кубкам і падаваць яму яго да вуснаў. Ен рабіў гэта так клапатліва і з такой добрай усмешкай у блакітных вачах, што Вініцый не верыў, што гэтакім мог быць той грозны тытан, які ўчора задушыў Кратона і кідаўся на яго самога, як бура, і разнёс бы яго ўшчэнт, калі б не літасць Лігіі. Малады патрыцый першы раз у жыцці задумаўся над тым, што можа адбывацца ў душы просталюдзіна, слугі і варвара.
Але Урс аказаўся настолькі нязграбнай нянькай, наколькі клапатлівай. Кубак хаваўся цалкам у яго геркулесавых пальцах, так што не заставалася края, каб прыкласці яго да вуснаў Вініцыя.Пасля некалькіх няўдалых спроб велікан вельмі расхваляваўся і сказаў:
-         Ох, лягчэй зубра вывесці з пасткі...
Вініцыя забавіла заклапочанасць лігійца, але не менш ўразіла яго ўвага. Ен бачыў у цырках страшэнных “ury” , якіх прыводзілі з паўночных пушчаў і на якіх палявалі найлепшыя бестыярыі, ды і тыя з бояззю, і якія адным толькі сланам саступалі па велічыні і сіле.
-         А ты спрабаваў браць такіх жывел за рогі?- спытаў ён
-         Пакуль мне не споўнілася дваццаць зім, то я пабойваўся, а потым – бывала і такое. І зноў пачаў карміць Вініцыя яшчэ больш нязграбна, чым раней.
-         Я відаць папрашу Мірыям ці Назарыя, - сказаў ён.
Але ў гэты час светлы тварык Лігіі выхіліўся з-за заслоны.
-         я зараз дапамагу, - прамовіла яна.
І прз хвіліну выйшла з кубікулу, дзе відавочна рыхтавалася да сну, бо была апранута толькі ў вузкую туніку, якая называлася ў старажытных капіцыум, і шчыльна аблягала грудзі.Валасы ў яе былі расплеценыя.Вініцый, сэрца якога забілася хутчэй ад яе выгляду, пачаў выгаворваць ёй, што да гэтай пары яна не падумала пра сон, але яна з усмешкай адказала:
-         Якраз хацела гэта зрабіць, але спачатку дапамагу Урсу.
І ўзяўшы кубачак, села на край ложка і пачала карміць Вініцыя, які адчуваў сябе пакорлівым і шчаслівым. Калі яна нахілялася да яго, ён адчуваў цяпло ад яе цела, і яе валасы спадалі яму на грудзі, ён жа бялеў ад хвалявання, але ў тумане і парыве жаданняў усведамляў, што гэта самы дарагі і каханы тварык, у параўнанні з якім увесь свет – нішто. Спачатку ён пажадаў яе, цяпер жа пачынаў кахаць усім сэрцам. Раней, як увогуле ў жыцці, так і ў пачуццях, ён быў, як і ўсе звычайныя людзі, сляпым, безаглядным эгаістам, якому справа была толькі да сябе, цяпер жа яму стала патрэбна яна, Лігія.
Праз хвіліну адмовіўся ад ежы і хаця, гледзячы на яе і ў яе прысутнасці адчуваў нязмерную асалоду, прамовіў:
-         Досыць. Ідзі адпачні, мая боская!
-         Не называй мяне так, - адказала Лігія,  - мне нельга гэтага чуць. 
Аднак усміхалася яму, а потым сказала, што сон яе збег, што ей няцяжка і што не пойдзе на спачынак, пакуль не прыйдзе Глаўк. Ен слухаў яе словы, як музыку, а сэрца поўнілася ўсё большым узрушэннем, усё большым захапленнем, усё большай удзячнасцю, а ў думках шукаў, як бы ёй паказаць гэту ўдзячнасць.
-         Лігія,- сказаў ен праз хвіліну маўчання, - цябе раней не ведаў. Але цяпер ведаю, што хацеў дайсці да цябе памылковай дарогай, цяпер жа кажу табе: вяртайся да Пампоніі Грэцыны і будзь упэўнена, што ад гэтай пары ніхто цябе не кране.Але яе твар раптам стаў сумным.
-         Я была б шчаслівая, калі б хоць здалёк магла яе ўбачыць, але вярнуцца да яе ўжо не магу.
-         Чаму? – спытаў са здзіўленнем Вініцый
-         Мы, хрысціяне, ведаем ад Акты, што робіцца на Палатыне. Ці ты не чуў, што імператар хутка пасля маіх уцёкаў і перад сваім ад’ездам у Неапаліс, паклікаў Аўла і Пампонію, думаючы што яны мне дапамаглі, пагражаў ім сваім гневам. Шчасце, што Аўл мог адказаць: “ Ты ведаеш, боскі, што ніколі мана не злятала з маіх вуснаў.Я прысягаю, што мы ёй не дапамагалі ва ўцёках і што як і ты, не ведаем, што з ёй адбылося”. Імператар паверыў, а потым забыўся пра гэта – я ж па парадзе старэйшых ніколі не пісала да маці, дзе я, каб яна заўсёды магла смела прысягаць, што нічога пра мяне не ведае.Ты можа не зразумееш гэтага, Вініцый, але нам маніць нельга, нават калі б гэта была справа жыцця і смерці.Такое наша вучэнне, да якога мы хочам дастасаваць сэрцы, таму я і не бачыла Пампонію ад часу, як пакінула яе дом, да яе ж час ад часу даходзіла далекае рэха, што я жывая і ў бяспецы.
Тут яе ахапіў сум, бо вочы напоўніліся слязьмі, але хутка яна супакоілася і сказала:
-         я ведаю, што і Пампонія сумуе па мне. Аднак у нас ёсць свае суцяшэнні, якіх няма ў іншых.
-         Так, - адказаў Вініцый, - ваша суцяшэнне – Хрыстос, але я гэтага не разумею.
-         Паглядзі на нас: для нас няма растанняў, болю і пакут, а калі раптам прыйдуць, то зменяцца на радасць. І сама смерць, якая для вас канец жыцця, для нас – толькі яго пачатак і змена шчасця на большае, лепшае, менш спакойнага на спакайнейшае і вечнае.Разваж, якім павінна быць вучэнне, у якім як запавет нам – міласэрнасць нават да ворагаў, забарона маны.Яно ачышчае душы нашы ад злосці і абяцае пасля смерці нечуванае шчасце.
-         Я чуў гэта на Астрыянуме і бачыў, як паступілі са мной і з Хілонам, а калі я  аб гэтым думаю, то мне здаецца, што гэта сон, што ні вушам, ні вачам не павінен верыць.Але ты мне адкажы на іншае пытанне: ты шчаслівая?
-         Так, - адказала Лігія. – Шануючы Хрыста, я не магу быць няшчаснай.
Вініцый зірнуў на яе, нібы тое, што яна казала, перабольшвала меру людскога разумення.
-         І ты не хацела б вярнуцца да Пампоніі?
-         Я хацела б усёй душой і вярнуся, калі такая будзе воля Божая.
-         Дык я і кажу табе : вяртайся, а я табе прысягну сваімі продкамі, што не крану цябе.
Лігія задумалася на хвіліну, пасля адказала: - Не. Я не магу маіх блізкіх падвяргаць небяспецы.Імператар не любіць Плаўціяў. Калі б я  вярнулася – а ты ведаеш, як праз нявольнікаў разыходзіцца кожная звестка па Рыме – то мой зварот стаў бы вядомы ў горадзе і Нярон даведаўся б пра яго ад сваіх нявольнікаў абавязкова. Тады б пакараў Аўлаў, і як найменш, забраў бы мяне зноў ад іх.
-         Так, - сказаў, наморшчыўшы лоб, Вініцый, - гэтак магло б быць. Ён зрабіў бы гэта хаця б таму, каб паказаць, што волі яго павінна быць дастаткова. Праўда, што ен толькі забыўся пра цябе ці можа не хацеў думаць, лічачы, што не яму, а мне стала горш...а можа... Забраў цябе ад Аўлаў...аддаў бы мне, а я вярнуў бы цябе Пампоніі.
-         Але яна сумна спытала:
-         - вініцый, ты хацеў бы бачыць мяне на Палатыне зноў?
Ен жа сціснуў зубы і потым адказаў:
-         Не. Маеш рацыю. Я гаварыў, як неразумны! Не! І раптам ён убачыў перад сабой нібы бясконцую бездань. Ен быў патрыцыем, быў вайсковым трыбунам, быў вядомым чалавекам, але над усімі дабротамі гэтага свету, да якога належаў, стаяў амаль шаленец, ні волі, ні злосці якога немагчыма было прадбачыць. Не лічыцца з ім, не баяцца яго маглі толькі такія людзі, як хрысціяне, для якіх увесь гэты свет, яго растанні, пакуты і смерць нават былі нічым.Усе іншыя павінны былі дрыжаць перад ім. Пагроза часу, у якім яны жылі ўбачылася Вініцыю ва ўсей сваей жахлівасці.
Ен не мог аддаць Лігіі Аўлам з боязі, каб гэта страшыдла не прыгадала яе і не звярнула на яе свой гнеў; па той самай прычыне, калі б ён цяпер узяў яе за жонку, то мог бы наклікаць гора на сябе, яе і Аўлаў. Хвіліны дрэннага настрою хапала, каб загубіць усіх.
Вініцый першы раз у жыцці адчуў, што пэўна свет павінен змяніцца і перанарадзіцца, бо жыцце стане хутка немажлівым.Зразумеў ён і тое, што хвілінай раней для яго было цьмяным, што ў такія часіны адны толькі хрысціяне маглі быць шчаслівыя.
Але раптам ахапіў яго жаль, калі зразумеў тое, што гэта ён сам так заблытаў жыццё сабе і Лігіі, што з гэта блытаніны не было амаль выйсця.
І пад уплывам гэтага жалю пачаў гаварыць?
-         Ці ведаеш ты, што ты шчаслівейшая, чым я? Ты ў беднасці і ў гэтым адным пакоі сярод простых людзей атрымала свае вучэнне і свайго Хрыста, у мяне ж ёсць толькі ты, і калі мне цябе не хапала, я быў, як жабрак, у якога няма ні даху над галавой, ні кавалка хлеба. Ты даражэйшая для мяне, чым увесь свет, я шукаў цябе, бо не мог без цябе жыць. Я не хацеў ні піроў, ні сну. Калі б не надзея, што я цябе знайду, я праткнуў бы сябе мячом. Але баюся смерці, бо тады не змагу бачыць цябе. Я кажу табе шчыра, што не змагу без цябе жыць і дасюль жыў толькі надзеяй, што цябе знайду і ўбачу. Ты памятаеш нашы размовы ў Аўлаў? Аднойчы ты накрэсліла мне рыбу на пяску, а я не зразумеў, што гэта азначае. Памятаеш, як мы гулялі з мячыкам? Я кахаў цябе ўжо тады больш за жыцце, ды і ты пачала здагадвацца, што я цябе кахаю... Прыйшоў Аўл, настрашыў нас Лібітынай і перапыніў нашу размову. Пампонія сказала на развітанне Пятронію, што Бог ёсць адзіны, усемагутны і міласэрны, але нам не прыйшло да галавы, што ваш Бог гэта Хрыстос. Няхай ён мне аддасць цябе, і я яго палюблю, хоць ён здаецца мне Богам нявольнікаў, чужаземцаў і беднаты. Ты сядзіш ля мяне і думаеш толькі пра Яго. Думай і пра мяне, бо інакш я яго ўзненавіджу. Ты адна для мяне баство. Блаславеныя твае бацька і маці і зямля, якая цябе дала. Я хацеў бы абняць твае ногі і маліцца табе. Табе пашаны, ахвяры, паклоны – ты боская трыкроць і ты не ведаеш, ты не можаш ведаць, як я цябе кахаю...
Так кажучы, ен правёў рукой па збялелым ілбе і прыплюшчыў вочы.
Яго натура ніколі не ведала меры ні ў гневе, ні ў каханні. Ен казаў з такім пачуццём, як чалавек, які перастае сабой валодаць і не хоча лічыцца  ні з якой мерай ні ў словах, ні ў дзеяннях. Але гаварыў ад душы і шчыра. Было відаць, што боль, захапленне, жаданне і закаханасць, сабраўшыся ў яго душы, нарэшце выбухнулі нястрымным патокам слоў. Лігіі яго словы падаліся блюзнерствам, але сэрца яе пачало біцца часцей, нібы хацела вырвацца з грудзей, што стрымлівала туніка.
Яна не магла не злітавацца над ім і яго пакутамі. Расхвалявала яе павага, з якой да яе звяртаўся. Адчувала, што яе кахае і абагаўляе без межаў, адчувала, што гэты непахісны і небяспечны чалавек належыць цяпер ёй душой і целам, як нявольнік, і гэта пачуццё, што ен скораны, а значыць яна мацнейшая, напоўніла яе радасцю. Яе успаміны ажылі ў адзін момант. Для яе быў гэта той самы прыгожы, як паганскі бог, Вініцый, які ў доме Аўлаў гаварыў ёй пра каханне і абуджаў нібы з прасоння яе паўдзіцячае на той час сэрца ; той самы, пацалункі якога яна яшчэ адчувала на вуснах і з абдымкаў якога выхапіў яе на Палатыне Урс і нібы вынес з полымя.Толькі цяпер, з захапленнем і болем у выразе арлінага твару, з бледным ілбом і молячымі вачыма, паранены, зламаны каханнем, кахаючы, поўны абагаўлення і пакоры, ен здаўся ей такім, якім яго хацела мець зараз і якога пакахала б усім сэрцам і даражэйшым, чым калі-небудзь.
І раптам яна зразумела, што можа прыйсці хвіліна, калі яго каханне захопіць яе і парве як віхор, а адчуўшы гэта, уявіла тое ж , што і ён: што стаіць на краі бездані.Дык навошта ж яна пакінула дом Аўлаў? Ратавалася уцёкамі? Хавалася столькі часу ў бедных раёнах горада? Хто быў гэты Вініцый? Аўгустыянін, салдат і прыдворны Нярона.Таксама прымаў удзел у яго распусце і шаленствах, як сведчыў той пір, пра які Лігія не магла забыць, хадзіў з іншымі ў храмы і прыносіў ахвяры багам, у якіх можа і не верыў, але аддаваў ім патрэбную пашану. Яе жадаў, каб зрабіць сваей нявольніцай і каханкай ды ўцягнуць яе ў гэты страшны свет лішкаў, раскошы, зла і бясчынстваў, што выклікаюць толькі гнеў і помсту Бога. Але падалося ёй, што ён змяніўся, ды і сам гаварыў ёй, што калі будзе больш думаць аб Хрысце, чым аб ім, то гатовы яго ўзненавідзець. Лігіі здавалася, што сама думка аб іншым каханні, чым любоў да Бога, - ужо грэх супраць Яго і супраць вучэння, калі ж яна заўважыла, што на дне яе душы могуць абудзіцца іншыя пачуцці і жаданні, то ахапіла яе трывога за ўласную будучыню і ўласнае сэрца.
На гэты момант душэўнай нераўнавагі патрапіў Глаўк, які прыйшоў агледзець хворага і спытаць пра яго здароўе. На твары Вініцыя ў імгненне вока адбіўся гнеў і нецярплівасць.Быў злосны, што перапынілі яго размову з Лігіяй, і калі Глаўк пачаў задаваць яму пытанні, адказваў амаль з пагардай. Але хутка разважыў, што калі Лігія сумняваецца, што тое, аб чым ён чуў на Астрыянуме, магло паўплываць на яго натуру, то гэтыя сумненні павінен быў рассеяць. Змяніўся толькі дзеля яе, але пасля гэтага аднаго пачуцця засталося ў яго душы даўняе суровае і самалюбівае, сапраўднае рымскае воўчае сэрца, няздольнае да ўспрыняцця не толькі хрысціянскага вучэння, але нават і ўдзячнасці.

Нарэшце яна выйшла, поўная ўнутранага заклапочання і непакою.Некалі ў малітве ахвяравала Хрысту добрае і чыстае сэрца, як сляза. Цяпер чысціня гэта была забруджана.Унутр кветкі трапіў атрутны павук і пачаў у ёй варушыцца.Нават сон, нягледзячы на дзве недаспаныя ночы, не прынес спакою. Ей снілася, што на Астрыянуме Нярон на чале атрада аўгустыянаў, вакханак, карыбантаў і гладыятараў гняце возам з ружамі грамады хрысціян, а Вініцый хапае яе, усцягвае на квадрыгу і прыціскаючы да грудзей, шэпча: “Хадзем з намі!”

Раздзел 25 QUO VADIS?

Раздзел ХХV

Вініцый таксама не мог разабрацца ў тым, што адбылося, і ў глыбіні душы амаль не менш быў здзіўлены, чым Хілон. Бо і з ім гэтыя людзі абыйшліся так, як абыйшліся, і замест помсты за напад клапатліва дагледзелі яго раны, Прыпісваў гэта часткова вучэнню, якое яны вызнавалі, а хутчэй – Лігіі і крыху сваёй немалой значнасці. Але ўчынак іх з Хілонам проста не ўпісавўся ў яго разуменне пра чалавечую здольнасць прабачаць. І яму міжволі прыходзіла на думку: чаму яны не забілі грэка? Бо маглі ж гэта зрабіць беспакаранна. Урс закапаў бы яго ў садзе ці ноччу вынес у Тыбр, які ў час начных злачынстваў, якія чыніў сам імператар, так часта выносіў ранкам людскія целы, што ніхто нават не думаў, адкуль яны браліся. Пры гэтым хрысціяне, як лічыў Вініцый, не толькі маглі, але і павінны былі забіць Хілона.Літасць, праўда, не была зусім непрыймальнай рэччу у свеце тых, да каго належаў малады патрыцый.Афіняне пабудавалі ёй алтар і доўгі час былі супраць гладыятарскіх баёў у Афінах.
Здаралася, што і ў Рыме прабачалі пераможаных, як напрыклад Калікрата, караля брытанцаў, якога ўзялі ў палон пры Клаўдзіі і прабачылі яго, а потым ён жыў свабодна ў горадзе. Але помста за асабістыя крыўды здавалася Вініцыю, як і ўсім, слушнай і справядлівай.Яе забыццё было непрыймальна для яго душы. Чуў праўда і ён на Астрыянуме, што трэба любіць і ворагаў, аднак лічыў гэта толькі тэорыяй, што не мае значэння ў жыцці. І цяпер яшчэ праносіліся думкі ў яго галаве, што можа яны не забілі Хілона толькі таму, што была пара святаў ці такая квадра месяца, у час якой хрысціянам нельга было забіваць. Ен чуў, што бываюць такія часіны, калі розным народам забараняеца нават вайну пачынаць. Але чаму ў такім выпадку не аддалі грэка ў рукі ўлад, чаму Апостал казаў, што калі б хто каго сем разоў нават пакрыўдзіў, то сем разоў трэба яму прабачыць, і чаму Глаўк сказаў Хілону:” Няхай табе так прабачае Бог, як я табе прабачаю.” А паколькі Хілон зрабіў яму найстрашнейшую крыўду, якую чалавек чалавеку можа зрабіць, і ў Вініцыя ад адной думкі, як бы ён разбіраўся з тым, хто б напрыклад забіў бы Лігію, ўскіпела кроў – не было б такіх пакут, якімі б за яе не адпомсціў. А той прабачыў.І Урс таксама прабачыў, Урс, які па сутнасці мог забіць у Рыме каго захацеў бы, прычым беспакаранна, бо трэба было яму толькі забіць караля Немарэнскага гаю і заняць яго месца…Ці ж  чалавека, якому не змог супрацьстаяць Кратон, адолеў бы гладыятар, які атрымаў такое званне,  якога дасягнуць можна было толькі забіўшы папярэдняга “караля”.Адзін быў толькі адказ на гэтыя ўсе пытанні.Іх не забілі з-за пэўнай такой вялікай дабрыні, што падобнай не было дасюль на свеце і з-за бязмернай любові да людзей, якая кажа забыць пра сябе, пра свае крыўды, пра сваё шчасце і сваю нядолю – і жыць для іншых. Якую плату атрымлівалі гэтыя людзі за гэта, Вініцый чуў на Астрыянуме, але не месцілася гэта ўсё ў яго галаве. Ен адчуваў, што гэта зямное жыццё, спалучанае з абавязкам адмовіцца ад усяго, што ёсць багаццем  і задавальненнем, на карысць іншых, павінна было б быць жабрачым. Але ж у тым, што ён думаў у гэту хвіліну аб хрысціянах, акрамя найвялікшага здзіўлення была і літасць і нібыта цень пагарды. Яму здалося, што гэта авечкі, якія павінны раней ці пазней быць з’едзенымі ваўкамі, а яго рымская натура не была здольнай прыняць вучэнне тых, якія дазваляюць сябе з’есці.Уразіла яго усе ж адна рэч.Пасля таго, як выйшаў Хілон, нейкая глыбокая радасць асвятліла твары прысутных.Апостал наблізіўся да Глаўка і паклаў далонь на яго галаву ды прамовіў:
-         Хрыстос у табе перамог!
Той жа узняў погляд, які так поўніўся верай і радасцю, нібы на яго пралілося нейкае вялікае і неспадзяванае шчасце.Вініцый, які зразумеў бы толькі радасць ад помсты, пазіраў на яго шырока адкрытымі вачыма, нават крыху так, як пазіраў бы на вар’ята.Бачыў і не без унутранага абурэння, як потым Лігія сваімі вуснамі каралеўны дакранулася да рукі гэтага чалавека, які выглядаў як нявольнік, і здавалася яму, што парадак гэтага свету зусім перавярнуўся.
Потым прыйшоў Урс і пачаў расказваць, як выправіў Хілона і як прасіў яго прабачыць за крыўду, якую магчыма ўчыніў яго касцям,за што Апостал яго блаславіў, а Крысп засведчыў, што гэта дзень вялікай перамогі. Пачуўшы гэта, Вініцый цалкам згубіў логіку сваіх думак.
Але калі Лігія падала яму праз хвіліну халодны напой, затрымаў на хвіліну яе руку і спытаў:
-         Значыць і ты мяне прабачыла?
-         Мы хрысціяне.Нам нельга трымаць гнеў у сэрцы.
-         Лігія, - сказаў ён тады, - кім не ёсць твой Бог, я паважаю Яго толькі таму, што ён твой.
Яна ж адказала:
-         Ты паселіш яго ў сэрцы, калі спасцігнеш.
-         Толькі таму, што ён твой – паўтарыў цішэй Вініцый і прыкрыў павекі, бо апанавала яго зноў слабасць.
Лігія выйшла, але хутка вярнулася і стаўшы блізка-блізка, нахілілася над ім, каб пераканацца ў тым, што ен спіць.Вініцый адчуў яе блізкасць і адкрыў вочы, потым усміхнуўся, яна ж злёгку кранула яго павекі рукой, нібы хацела схіліць яго да сну. Тады яго агарнула вялікая слодыч, але таксама адчуў сябе больш хворым.Бо так было на самой справе.Ноч ужо была глыбокая, і разам з ей прыйшла вельмі моцная ліхаманка.Таму ён не мог заснуць і позіркам сачыў за Лігіяй, калі яна рухалася. Хвілінамі западаў у некі паўсон, дзе бачыў і чуў усё, што рабілася навокал, але рэальнасць у ім перамешвалася з гарачкавымі відмамі.Яму здавалася, што на нейкіх старых, запусцелых могілках будуецца храм накшталт вежы, у якім Лігія  - жрыца. І ён не спускаў з яе вачэй, але бачыў яе на даху вежы з лютняй у руках, усю ў святле, падобную да тых капланак, якія ноччу спявалі гімны ў гонар месяца і якіх бачыў на Ўсходзе. Ен сам узнімаўся з вялікімі высілкамі па пакручастых сходах, каб яе забраць, за ім жа поўз Хілон, стукаючы са страху зубамі і паўтараючы: “не рабі гэтага, шаноўны, бо гэта жрыца,за якую Ен адпомсціць…” Вініцый не ведаў, хто быў гэты ен, але разумеў, што ідзе ўчыніць крадзеж святыні, адчуваючы бязмежны страх. Але калі дайшоў да балюстрады, якая абкружала дах вежы, каля Лігіі раптам з’явіўся Апостал з пасярэбранай сівізной барадой і сказаў:”Не ўзнімай на яе рукі, бо яна належыць мне. І сказаўшы гэтак, пайшоў з ёй разам шляхам месяцовага святла, нібы дарогай, да неба, ён жа, Вініцый, высцягнуўшы да іх рукі, пачаў маліць, каб забралі яго з сабой...
 Тут ён прачнуўся, апрытомнеў і стаў глядзець перад сабой. Агонь на высокім подзе свяціў слабей, але кідаў яшчэ досыць жывы водбліск, яны ж усе сядзелі перад камінам, грэліся, бо ноч была халодная і ў доме таксама было халодна. Вініцый бачыў пару, якая выходзіла з іх вуснаў.Пасярэдзіне сядзеў Апостал, ля яго на нізкім падножніку – Лігія, потым Глаўк, Крысп, Мірыям, а па краях з аднаго боку – Урс, з другога – Назарый, сын Мірыям, малады, прыгожы, з доўгімі чорнымі валасамі, якія спадалі яму аж на плечы.
Лігія слухала, гледзячы на Апостала, і ўсе твары былі звернуты да яго, ён жа штосьці гаварыў напаўголаса. Вініцый пачаў глядзець на яго з пэўнай прымхлівай бояззю, крыху меншай за той страх, які адчуваў у гарачкавым трызненні.Пранеслася думка, што ў гарачцы ён бачыў праўду і што гэты сівы чалавек, прышлы з далёкіх берагоў, насамрэч забірае ад яго Лігію і вядзе яе нейкімі невядомымі дарогамі. Ен быў упэўнены, што стары гаворыць пра яго, аможа раіць, як разлучыць яго з ёй, бо здавалася яму, што ўсе гавораць толькі аб гэтым і, сабраўшы ўсе сілы, ен пачаў прыслухоўвацца да слоў Пятра.
Але памыляўся. Бо Апостал распавядаў ізноў пра Хрыста. “Яны толькі гэтым імем і жывуць” – падумаў Вініцый.
Стары ж расказваў аб арышце Хрыста.
-         Прыйшоў атрад воінаў і служыцелей ад першасвятароў, каб Яго захапіць.Калі Збавіцель спытаў іх, каго яны шукаць, то адказалі яму: “Іісуса Назарэйскага”. Але калі сказаў ім:”Гэта я”, - то яны пападалі на зямлю і не смелі падняць на Яго руку, і толькі пасля паўторнага запытання яны схапілі Яго.Тут Апостал спыніў расказ і выцягнуўшы рукі да агню, працягнуў:
-         Ноч была халодная, як сёння, але ўва мне закіпела кроў і я дастаў меч, каб Яго абараніць і адсек вуха нявольніку першасвятара.І я бараніў бы Яго больш, чым сваё жыцце, калі б Ен не сказаў мне: “Укладзі меч свой у ножны. Няўжо я не вып’ю чашу, якую даў мне Бацька?” Тады яго схапілі і звязалі…
Сказаўшы гэта, ён прыклаў далоні да твару і замоўк, нібы хацеў перад тым як расказваць далей, прызваць моц сваіх успамінаў.Але Урс не мог вытрымаць, усхапіўся, жалезінай паправіў агонь на подзе, аж іскры сыпанулі залатым дажджом , і полымя стала жывейшае, пасля чаго сеў і ўсклікнуў:
-         Няхай будзе, што павінна быць, вось так!..
Але замаўчаў, як толькі Лігія прыціснула палец да вуснаў. Дыхаў моцна і было відаць, што абураецца ў душы, і хоць заўседы гатоў быў цалаваць стопы Апостала, але гэтага ўчынка не можа зразумець, бо калі б так хто пры ім у тую ноч узняў руку на Збавіцеля, клі б ён, Урс, быў з ім  побач у тую ноч, то ляцела б пер’е і з воінаў і са служыцеляў …І ажно слезы накаціліся на вочы яго ад адной думкі пра гэта і ад жалю, і ад душнага паветра, бо з аднаго боку падумаў, што не толькі б сам бараніў Збавіцеля, а яшчэ паклікаў бы яму на дапамогу лігійцаў, малойцаў, а з другога боку, што калі б ен гэта зрабіў, то значыць бы не паслухаўся Збавіцеля і перашкодзіў бы выкупленню свету.Таму і не мог стрымаць слёз.
Праз хвіліну Пётр адняў далоні ад твару і пачаў гаварыць далей, але Вініцыя апанаваў ізноў гарачкавы паўсон.Тое, што ён чуў зараз, змяшалася з тым, што Апостал расказваў у папярэднюю ноч на Астрыянуме аб тым дні, калі Хрыстос з’явіўся на беразе Тыберыядскага мора.Ен бачыў шырока разлітую тонь, на ей рыбацкі човен, а ў ім – Лігія і Пётр.Сам ён са ўсей сілы плыў за імі, але боль у зламаным плячы перашкаджаў яму іх дагнаць.Моцны вецер пачаў кідаць яму ў вочы хвалі, і ен пачаў тапіцца, таму закрычаў молячым голасам аб ратунку.Тады Лігія ўкленчыла перад Апосталам, ён жа павярнуў човен і працягнуў да юнака вясло, зя якое той ухапіўся і ўзабраўся з іх дапамогай у човен і ўпаў на яго дно.
Але потым здавалася яму, што калі ен узняўся, то ўбачыў мноства людзей, якія плылі за чоўнам.Хвалі пакрывалі пенай іх галовы, так што ў некаторых бачныя былі толькі рукі, але Пётр ратаваў тых, хто тапіўся і забіраў іх у човен, які рос нібы цудам.Хутка яго напоўнілі цэлыя грамады, такія вялікія,як тыя, што збіраліся на Астрыянуме, а потым яшчэ большыя.Вініцый дзівіўся, як яны маглі ўсе ў ім месціцца, і яго ахапіў страх, што пойдуць на дно. Але Лігія пачала яго супакойваць і паказвала яму нейкае святло на далекім беразе, да якога яны плылі. Тут мары Вініцыя зноў змяшаліся з тым, што ён чуў на Астрыянуме з вуснаў апостала, як Хрыстос  аднойчы з’явіўся на беразе возера.Вось і цяпер ён бачыў у гэтым прыбярэжным святле нейкую постаць, да якой накіроўваўся Пётр. І па меры таго, як яны набліжаліся да яе, надвор’е рабілася цішэйшым, тонь больш гладкай, а святло большым.Людзі пачалі спяваць прыгожы гімн, паветра напоўнілася пахам нарду, вада зайграла колерамі вяселкі, нібы на дне былі бачныя лілеі і ружы, і нарэшце човен ударыўся злегку носам аб пясок. Тады Лігія ўзяла яго за руку і сказала: “ Ідзі, я павяду цябе!” І вяла яго да святла.Вініцый ізноў прачнуўся, але яго мары рассейваліся павольна і неадразу ён адчуў, што вакол яго рэальнасць. Нейкі час яму яшчэ здавалася, што ён на возеры і сярод народу, дзе сам не ведаючы чаму, пачаў шукаць Пятра і здзівіўся, што не можа  яго знайсці.Жывое святло ад каміна, ля якога не было ўжо нікога, ацвярозіла  яго цалкам. 
Паленцы з алівы ярыліся ляніва пад ружовым попелам, але затое ашчэпкі пініі, якія відавочна нядаўна падкінулі ў вогнішча, стралялі светлым полымем, і ў гэтым бляску Вініцый убачыў Лігію. Якая сядзела непадалёку ад яго ложка.
Яе выгляд усхваляваў яго да глыбіні душы.Ен памятаў, што мінулую ноч яна правяла на Астрыянуме, а ўвесь дзень прысутнічала пры яго перавязцы, а цяпер, калі ўсе падаліся адпачываць, яна адна сядзела ля яго ложа. Няцяжка было здагадацца, што яна была стомленая, бо седзячы нерухома, заплюшчыла вочы.Вініцый не ведаў ці то яна спіць, ці то папросту заглыбілася ў роздум.Глядзеў на яе профіль, на апушчаныя вейкі, на рукі, складзеныя на каленах, і ў паганскай яго галаве пачало з цяжкасцю з’яўляцца ўсведамленне таго, што акрамя аголенай, упэўненай ў сабе і гордай ад сваіх кшталтаў прыгажосці рымскай і грэчаскай, ёсць на свеце іншая прыгажосць, новая, бязмерна чыстая, у якой жыве душа.
Не мог быць упэўненым, што яе можна назваць хрысціянскай, аднак думаючы аб Лігіі ён не мог  не думаць аб вучэнні, якое яна вызнавала.Разумеў нават, што калі ўсе іншыя пайшлі адпачываць, а Лігія тут адна, яна, якую пакрыўдзіў, сядзела ля яго, то толькі таму, што так наказвае вучэнне.Але гэта думка была для яго і прыкрай. Ен хацеў бы, каб Лігія рабіла гэта з-за кахання да яго, да яго твару, вачэй, з-за прыгожых форм цела, - словам з-за ўсяго таго, з-за чаго неаднойчы абвіваліся вакол яго шыі белыя рукі грачанак і рымлянак.
Раптам ён адчуў, што калі б яна  была такой, як іншыя жанчыны, то яму б чагосьці не хапала. Ен здзіўляўся і сам не ведаў, што з ім адбываецца, бо заўважаў, што ў ім прачынаюцца нейкія новыя пачуцці і новыя меркі, незнаёмыя свету, у якім ён жыў да гэтай пары.
У гэты час яна расплюшчыла вочы і ўбачыла, што Вініцый на яе пазірае, таму наблізілася да яго і сказала :
- я зтабой!
А ен адказаў :
- Я бачыў у сне тваю душу.