суббота, 31 января 2015 г.

Раздзел 24 QUO VADIS?

Раздзел ХХІV

Вініцый пачаў асцерагацца, каб якая-небудзь нечаканая дапамога звонку не спыніла яго радасць. Хілон мог паведаміць пра яго знікненне прэфекту горада ці вызваленцам з яго дому – а ў такім выпадку з’яўленне вігілаў было вельмі праўдападобным. У галаве яго пранеслася думка, што ён мог бы  загадаць забраць Лігію і замкнуць яе ў сваім доме, але адчуваў, што рабіць гэтага не павінен ды і не здолее. Быў ён чалавекам  самавольным, прадпрыймальным і досыць сапсаваным, а пры вострай патрэбе – няўмольным, аднак гэта не быў ні Тыгелін, ні Нярон.Жыцце вайскоўца пакінула яму пэўнае пачуццё справядлівасці, веры і сумлення, таму  разумеў, што  такі ўчынак быў бы чымсьці жудасна подлым. Быў бы можа ўрэшце здольны дапусціць гэта ў прыступе злосці і пры наяўнасці ў яго сіл, але ў гэту хвіліну быў і расчулены, і хворы, патрэбна яму было толькі, каб ніхто не паўстаў між ім і Лігіяй.
Ен заўважыў са здзіўленнем, што ад часу, калі Лігія стала на яго бок, ні яна сама, ні Крысп не хочуць ужо ад яго ніякіх доказаў, нібы былі дастаткова ўпэўнены, што ў выпадку патрэбы іх абароніць нейкая сіла - незвычайная. Вініцый, у думках якога ад часу, як пачуў вучэнне на Астрыянуме і расповед Апостала – пачала губляцца і знікаць розніца паміж мажлівымі і немажлівымі рэчамі, ён быў недалекі ад дапушчэння, што так сапраўды было, як казаў Пётр. Аднак, мяркуючы пра рэчы больш цвярозым розумам, сам прыгадаў ім, што прасіў пра грэка, і зноў пажадаў, каб прывялі да яго Хілона.
Крысп згадзіўся на гэта, і яны вырашылі паслаць Урса.Вініцый, які ў апошнія дні перад Астрыянумам часта безвынікова высылаў сваіх людзей па Хілона, расказаў лігійцу, як дакладна таго знайсці, потым накрэсліў некалькі слоў на таблічцы і сказаў Крыспу:
-         даю таблічку, бо гэта чалавек хітры і падазроны, які часта, пакліканы мною, загадваў адказваць маім людзям, што яго няма дома, рабіў гэта заўсёды, калі не меў навін для мяне і баяўся майго гневу.
-         Калі я знайду яго, то прывяду, захоча ён ці не, - адказаў Урс.
Пасля ўзяў плашч і хутка выйшаў.
Знайсці каго-небудзь у Рыме не было лёгкай справай, нават пры найлепшых тлумачэннях, але Урсу дапамагаў у такіх выпадках інстынкт ляснога чалавека і добрае знаёмства з горадам, так што праз некаторы час ён апынуўся ў доме Хілона.
Аднак не пазнаў яго.Раней бачыў грэка толькі аднойчы ў жыцці і да таго ж ноччу. Урэшце той высакамерны і ўпэўнены ў сабе стары, які яго падбухторваў забіць Глаўка, быў так непадобны да гэтага сагнутага са страху ўдвая чалавека, што ніхто б не змог палічыць, што абодва – адна і тая ж асоба. Хілон жа здагадаўся, што  Урс глядзіць на яго як на незнаемца і супакоіўся. Выгляд таблічкі са словамі ад Вініцыя супакоіў яго яшчэ больш. Не пагражала яму падазрэнне, што ён нібыта наўмысна завёў таго ў пастку. Падумаў і аб тым, што хрысціяне не забілі Вініцыя відавочна таму, што не асмеліліся ўзняць руку на такую знакамітую асобу.”А потым Вініцый выратуе і мяне, калі спатрэбіцца, - сказаў ён сабе ў думках, - бо напэўна ж не кліча мяне, каб даць мяне забіць.” Сабраўся такім чынам з духам і спытаў:
-         Добры чалавеча, а ці сябар мой, Вініцый, не прыслаў па мяне паланкін? Ногі мае паапухалі і ісці так далёка я не змагу.
-         Не, - адказаў Урс, - пойдзем пешшу.
-         А калі я адмоўлюся?
-         Не рабі гэтага, бо ты павінен пайсці.
-         І пайду, але па ўласнаму жаданню.Інакш ніхто б не прымусіў мяне, бо я чалавек вольны і сябар прэфекта горада.Як мудры, валодаю таксама моцнымі спосабамі – і ўмею ператвараць людзей у дрэвы і жывёл. Але ж пайду, пайду! Апрану толькі плашч крыху цяплейшы і каптур, каб мяне не пазналі нявольнікі гэтага раёну, бо пастаянна нас затрымлівалі б, каб цалаваць мае рукі...
Сказаўшы гэтак, ён апрануў іншы плашч, на галаву надзеў галіцкі шырокі каптур, баючыся, каб  Урс не прыгадаў яго рысы, калі выйдуць на большае святло. – Куды ты мяне павядзеш? – спытаў ён Урса.
-         За Тыбр.
-         Я нядаўна ў Рыме і ніколі там не быў, але і там пэўна жывуць людзі, якія любяць цноту.
Але Урс, які быў чалавекам простым і чуў ад Вініцыя, што грэк быў з ім на могілках Астрыянскіх, а потым бачыў, як з Кратонам яны ўваходзілі ў дом, дзе жыла Лігія, спыніўся на хвіліну і сказаў:
-         не трэба хлусіць, стары чалавек, бо сёння ты быў з Вініцыем на Астрыянуме і каля нашай брамы.
-         Ах, - усклікнуў Хілон, - значыць ваш дом знаходзіцца за Тыбрам? Я нядаўна ў Рыме і не ведаю добра, як называюцца розныя раёны. Так, сябар мой! Я быў ля вашай брамы і заклінаў у імя цноты Вініцыя, каб туды не ўваходзіў. Быў і на Астрыянуме, і ведаеш, чаму? Ад пэўнага часу я працую над зваротам Вініцыя да веры, і хацеў, каб ён паслухаў найстарэйшага з апосталаў.Няхай святло пранікне ў яго душу і ў тваю! Паколькі ты хрысціянін і жадаеш, каб ісціна панавала над фальшам.
-         Так, - з пакораю адказаў Урс.
Да Хілона вярнулася адвага:
 – Вініцый чалавек заможны і сябар імператара.Часта ён яшчэ слухае шэпт злога духа, але калі б хоць волас упаў з яго галавы, імператар адпомсціў бы ўсім хрысціянам.
-         Нас аберагае большая сіла.
-         Слушна! Слушна! Але што вы хочаце зрабіць з Вініцыем? – спытаў ён з новым непакоем
-         Не ведаю. Хрыстос прапаведуе міласэрнасць.
-         Гэта ты добра сказаў. Памятай аб гэтым заўсёды! Інакш будзеш скварыцца ў пекле, як кішка на патэльні.
Урс уздыхнуў.Хілон жа падумаў, што з гэтым грозным у хвіліну першага парыву чалавекам можна зрабіць заўсёды тое, што патрэбна.
Але прагнучы ведаць, што адбылося, калі забіралі Лігію, запытаў голасам суровага суддзі:
-         як вы паступілі з Кратонам? Кажы і не выдумляй.
Урс ізноў уздыхнуў:
-         Гэта табе скажа Вініцый.
-         Значыць, ты забіў яго нажом ці палкай?
-         Я быў бяззбройны.
Грэк не мог супраціўляцца  подзіву з нечалавечай сілы варвара:
-         Няхай цябе Плутон... Ці не, я хацеў сказаць, няхай цябе Хрыстос прабачае!
Нейкі час яны ішлі моўчкі, потым Хілон сказаў:
-         Не я цябе выдам, але сцеражыся вігілаў..
-         Я баюся Хрыста, а не іх.
-         І ты маеш рацыю.У цябе самы цяжкі грэх – забойства.Я буду за цябе маліцца, але не ведаю, ці мая малітва што зменіць – хіба дасі абет, што ніколі ў жыцці нікога не кранеш.
-         Я і так не забіваў свядома, - адказаў Урс.
Хілон жа, які хацеў на ўсякі выпадак сябе забяспечыць, не пераставаў ставіць у віну Урсу забойства і падгаворваць яго да абету. Выпытваў і пра Вініцыя, але лігіец адказваў на ягопытанні неахвотна, паўтараючы, што з вуснаў самога Вініцыя ён пачуе тое, што павінен пачуць. Размаўляючы гэтак, яны пераадолелі вялікую дарогу, што была між жытлом грэка і Затыбрам , і апынуліся перад домам. Сэрца Хілона пачало неспакойна біцца. Са страху падалося яму, што Урс пачынае паглядаць на яго неяк дзіўна.”Малая яму будзе радасць, калі заб’е мяне не хочучы, і я прасіў бы, каб  яго разбіў паралюш, а разам з ім і ўсіх лігійцаў, што дай, Зеўсе, калі можаш!”Так разважаючы, ён туліўся ўсё мацней у свой галіцкі плашч, паўтараючы, што баіцца холаду. Нарэшце, калі яны прайшлі праз сені і першы падворак, то апынуліся яшчэ ў адным калідоры, які праводзіў у садок ля доміка, і ён спыніўся раптам, сказаўшы:
- Дазволь мне аддыхацца, бо не змагу размаўляць з шаноўным Вініцыем і даць яму патрэбныя парады.
Спыніўся і ўгаворваў сябе, што ніхто яму не пагражае, аднак ад думкі, што апынецца сярод гэтых таямнічых людзей, якіх бачыў на Астрыянуме, калены яго пачалі дрыжаць. У гэты час з доміка пачалі даносіцца гукі спеваў.
-         Што гэта? – пытаўся ен .
-         Ты кажаш, што хрысціянін, а не ведаеш, што між намі есць звычай пасля кожнага посілку славіць Збавіцеля нашага спевамі – адказаў Урс – Мірыям з сынам павінна ўжо вярнуцца, а можа быць і Апостал з імі, бо кожны дзень ен наведвае ўдаву і Крыспа.
-         Правядзі мяне проста да Вініцыя.
-         Вініцый у тым пакоі, дзе і ўсе, бо ён адзін найбольшы, а зрэшты  - самыя цёмныя кубікулы, дзе мы адпачываем.Уваходзь ужо – там адпачнеш.
І яны ўвайшлі. Было цемнавата, вечар быў пахмурны, зімовы, а полымя некалькіх каганцоў не вельмі рассейвала змрок. Вініцый хутчэй здагадаўся, чым пазнаў у закаптураным чалавеку Хілона, той жа ўбачыў ложак у куце пакоя, а на ім Вініцыя, пайшоў проста да яго,  не пазіраючы на прысутных – нібы перакананы, што пры ім будзе яму больш бяспечна.
- О высакародны! Чаму ты не паслухаўся маіх парад! – усклікнуў ён, складаючы рукі.
- маўчы, - сказаў Вініцый, - і слухай!
Тут ён стаў хутка паглядаць на Хілона і гаварыць павольна але адрывіста, нібы хацеў, каб кожнае яго слова было зразумета як загад і засталося раз і назаўсёды ў памяці Хілона.
-         Кратон кінуўся на мяне, каб забіць і абрабаваць – разумееш? Тады я і забіў яго, гэтыя ж людзі перавязалі мне раны, якія я атрымаў у бойцы з ім. Хілон адразу зразумеў, што калі Вініцый так кажа, то хіба што па дамоўленасці з хрысціянамі, а ў такім выпадку хоча, каб яму верылі.Здагадаўся па ягоным твары, таму  ў адзін момант, не здзівіўшыся, не спужаўшыся, узняў вочы і закрычаў:
-         Нягоднік гэта быў сапраўдны! Я цябе папярэджваў, каб ты яму не давяраў.Усе мае павучэнні адляталі ад яго галавы, як гарох ад сцяны. Ва ўсім Гадэсе няма для яго адпаведных пакут.Бо хто не можа быць годным чалавекам, той мусіць быць нягоднікам, каму ж цяжэй стаць годным, чым злачынцу? Але каб напасці на свайго дабрадзея і можна сказаць гаспадара, такога разумнага… О, богі!..
Тут ён прыгадаў, што па дарозе прадставіўся Урсу хрысціянінам і змоўк.Вініцый жа сказаў:
-         Калі б не нож, які быў у мяне з сабой, ён бы мяне забіў.
-         Бласлаўляю гэту хвіліну, калі я параіў табе ўзяць хаця нож.
Але Вініцый дапытліва зірнуў на грэка і прамовіў:
-         Што рабіў сення?
-         Як гэта што? Ці я табе, высакародны, не сказаў, што даваў абеты за твае здароўе.
-         І нічога больш?
-         І збіраўся наведаць якраз цябе, калі гэты добры чалавек прыйшоў і сказаў мне, што ты мяне клічаш.
-         Вось таблічка.Пойдзеш з ёй у мой дом, знойдзеш майго вызваленца і аддасі яму яе. На ёй напісана, што я выехаў у Беневент.Скажаш Дэмасу ад сябе, што я гэта зрабіў ранкам, бо Пятроній мяне паклікаў пільным лістом.
Тут ен паўтарыў з націскам:
-         Я паехаў у Беневент – ты зразумеў?
-         Ты паехаў, высакародны! Ранкам я развітаўся з табою ля Порта Капэна – і ад часу твайго выезду я так сумую, што калі твой красамоўны ліст не супакоіць мяне, то памру, як няшчасная жонка Зетаса ад суму па Ітылю.
Вініцый, хоць хворы і прызвычаены да гнуткасці грэка, не мог стрымаць усмешкі. Рады быў, што Хілон адразу ягозразумеў, і дадаў:
-         Таму дапішу, каб высушылі твае слёзы.Дай мне каганец.
Хілон цалкам заспакоены, устаў і зрабіў некалькі крокаў да каміна, зняў адзін з палаючых на сцяне каганцоў.
Але калі каптур ссунуўся з яго твару і святло ўпала проста на яго, Глаўк усхапіўся з лавы і хутка наблізіўшыся, стаў перад ім:
-         Ты не пазнаеш мяне, Цэфас?
У голасе яго было штосьці настолькі страшнае, што дрыжыкі працялі ўсіх прысутных.Хілон прыўзняў каганок і выпусціў яго з рук амаль у гэты ж момант на зямлю – пасля чаго сагнуўся ў тры пагібелі і пачаў енчыць:
- гэта не я! не я ! літасці!
Глаўк павярнуўся у бок вячэраўшых і сказаў:
-         Гэта чалавек, які прадаў і загубіў мяне і маю сям’ю! Яго гісторыя была вядомая і ўсім хрысціянам, і Вініцыю, які таму толькі не здагадаўся, хто гэты Глаўк, што млеючы ад болю у час перавязкі, не чуў яго імя.Але для Урса гэта кароткая хвілінка і ў дадатак словы Глаўка былі як бліскавіца ў цемнаце.Пазнаў Хілона і ў адно імгненне апынуўся каля яго, схапіў яго за плечы і выгнуўшы назад, закрычаў:
-          Гэта ён падгаварыў мяне, каб я забіў Глаўка!
-         Літасці! – енчыў Хілон – аддам вам… Высакародны!, - закрычаў ен, паварочваючы галаву ў бок Вініцыя, - ратуй мяне!Я табе верыў, дык заступіся за мяне!Твой ліст… аднясу…высакародны! Шаноўны!
Але Вініцый, які найбольш абыякава з усіх пазіраў на ўсё, што адбывалася, таму што па-першае, усе справы грэка былі яму вядомы, а па-другое, сэрца яго не ведала, што такое літасць, то і сказаў:
-         Закапайце яго ў садзе. Ліст аднясе хто-небудзь іншы.
Хілону здалося, што гэтыя словы – канчатковы прысуд. Косці яго затрашчалі ў страшэнных руках Урса, вочы заходзіліся слязьмі ад болю.
-         Клянуся вашым Богам! Літасці! – крычаў ен, - я хрысціянін! Мір вам! Я хрысціянін, а калі не верыце мне, то пахрысціце мяне яшчэ раз, два, яшчэ дзесяць разоў! Глаўк, гэта памылка! Дазвольце мне гаварыць! Зрабіце мяне нявольнікам… Не забівайце! Літасці!..
І голас яго, працяты болем, ўсе больш слабеў, калі з-за стала ўзняўся Апостал Пётр, які хвіліну нахіляў сваю сівую галаву да грудзей, заплюшчыўшы вочы, а потым расплюшчыў іх і прамовіў сярод цішы:
- Вось што сказаў нам Збавіцель: “ Калі б твой брат саграшыў супраць цябе, то пакарай яго, але калі ен прызнаў віну, то прабач яму. І калі б сем разоў на дзень саграшыў супраць цябе і сем разоў звярнуўся да цябе “Злітуйся!”, то прабач яму.”
Пасля гэтага настала цішыня яшчэ больш глыбокая.
Глаўк доўгі час стаяў з тварам, закрытым далонямі, нарэшце адняў іх і сказаў:
-         Цэфас, няхай Бог так прабачыць табе мае крыўды, як я прабачаю табе ў імя Хрыста.
А Урс адпусціў грэка і дадаў:
- Няхай да мяне Збавіцель будзе так літасцівы, як і я табе прабачаю.
Хілон упаў на зямлю і, абапіраючыся рукамі на яе, матляў галавой, як звер, што трапіў у пастку, разглядаючыся навокал, адкуль прыйдзе смерць.Вачам і вушам яшчэ не верыў і не мог нават спадзявацца на прабачэнне.У гэты ж час Апостал прамовіў:
-         Ідзі з мірам!
       Хілон узняўся, але гаварыць яшчэ не мог.Мімаволі ён наблізіўся да Вініцыя, нібы яшчэ шукаючы яго апекі, бо дасюль не было часу паразважаць, што той, паколькі карыстаўся яго паслугамі, быў да пэўнага часу яго супольнікам, але патапіў яго, а тыя, супраць якіх ён служыў, яго прабачылі. Думка гэта павінна была прыйсці да яго пазней.Цяпер жа ў позірку яго відаць былі толькі здзіўленне і недавер. Паколькі ўжо дайшло да яго, што яго прабачылі, хацеў як мага хутчэй выбегчы ад гэтых незразумелых людзей, дабрыня  якіх уражвала яго так, як уражвала б суровасць.Яму здалося, што калі б ён застаўся, то адбылося б зноў што-небудзь неспадзяванае, таму стаў над Вініцыем і пачаў прасіць перарывістым голасам:
-         Давай, шаноўны, ліст! Давай ліст!
І ўхапіўшы таблічку, якую падаў яму Вініцый, адбіў паклон хрысціянам, другі – хвораму і тулячыся да сцяны, выбег за дзверы.
У садку, калі апынуўся ў цемені, страх узняў яму валасы, бо ён быў упэўнены, што Урс выбяжыць за ім і заб’е яго сярод ночы. Хацеў было ўцякаць з усіх ног, але яны адмаўлялі яму і праз хвіліну зрабіліся зусім непадуладныя, бо Урс сапраўды стаяў ля яго.
Хілон ўпаў тварам да зямлі і пачаў енчыць:
-         Урбане! У імя Хрыста!...
Але той адказаў:
-         Не бойся! Апостал загадаў вывесці цябе за браму, каб ты не заблукаў, а калі сіл не стае, то я праводжу цябе дадому.
Хілон узняў позірк на Урса.
-         Што ты гаворыш? Што? Ты мяне не заб’еш?
-         Не! Не заб’ю цябе, а калі схапіў цябе надта моцна ды памяў косці, то прабач мне.
-         Дапамажы мне ўстаць, - папрасіў грэк. – Не заб’еш мяне, так? Выведзі мяне на вуліцу, далей я сам пайду.
Урс узняў яго з зямлі, як пярыну, паставіў на ногі , потым правёў праз цёмны пераход на другі падворак, з якога дарога ішла да сеняў і на вуліцу.У калідоры Хілон зноў гаварыў сабе: “Ну вось і канец мне!” – і толькі, калі яны апынуліся на вуліцы, ён супакоіўся і сказаў:
-         Далей я адзін пайду.
-         Няхай мір будзе з табой!
-         І з табой, і з табой!..Дай мне аддыхацца…
І толькі, калі Урс пайшоў, то ўздыхнуў на поўныя грудзі, рукамі абмацаў пояс, бёдры, нібы пераконваўся, што жывы, і рушыў хуткім крокам наперад.Але калі адыйшоўся на колькі метраў, спыніўся і сказаў сабе:
- Чаму ж яны мяне не забілі?
І нягледзячы, што з Эўрыцыем ужо размаўляў пра вучэнне Хрыста, і нягледзячы на размову з Урбанам ля ракі і нягледзячы на ўсё, што чуў на Астрыянуме, ен не мог знайсці адказу на свае пытанне.


РАЗДЗЕЛ 23 QUO VADIS?

Раздзел ХХІІІ
Вініцый прачнуўся ад вострага болю. У першую хвіліну не мог зразумець, дзе ён і што з ім. У галаве шумела, і вочы засцілала імгла.Аднак патупова ён апрытомнеў і нарэшце праз гэту імглу ўбачыў трох схіленых над ім людзей.Двух пазнаў: адзін з іх быў Урс, другі – стары, якога ён адштурхнуў, выносячы Лігію.Трэці, зусім незнаёмы, трымаў яго левую руку і кранаў яе ад локця да пляча і ключыцы, чым прыносіў яму страшэнны боль, так што Вініцый палічыў, што гэта такі кшталт помсты яму і сказаў праз сціснутыя зубы:
-         Забіце мяне…
Але яны не зважалі на яго словы і нібыта іх не чулі ці лічылі іх звычайным трызненнем ад пакут.Урс са сваім заклапочаным і разам з тым грозным выразам твару варвара, трымаў пукі белых шматкоў матэрыі, падраных на доўгія палосы, стары ж гаварыў чалавеку, які націскаў на плячо Вініцыя:
-         Глаўк, я ўпэўнены, што гэта рана на галаве не смяртэльная.
-         Так, шаноўны Крысп, адказаў Глаўк.- Калі я служыў на флоце нявольнікам, а потым жыў у Неапалісе, то перавязваў шмат ран, і з прыбыткаў, якія прыносіў мне гэты занятак, выкупіў сябе і сваіх…Рана на галаве лёгкая.Калі гэты чалавек (тут ён кіўнуў на Урса) адабраў у яго дзяўчыну і штурхнуў на мур, ён, падаючы, засланіўся рукой, якую і зламаў, але дзякуючы гэтаму, галава засталася цэлая і жыццё таксама.
-         Не аднаго з братоў ты ўжо падняў на ногі, - адказаў Крысп, і слынны сярод людзей як беглы лекар…Таму я і даслаў Урса па цябе.
-         А той па дарозе расказаў мне, што яшчэ ўчора быў гатовы мяне забіць.
-         Але перш адкрыў свой намер мне – я, хто ведае цябе і тваю любоў да Хрыста, растлумачыў яму, што ты не здраднік, а той незнаёмец, які яго падбухторваў забіць цябе і ёсць сапраўдны здраднік.
-         Гэта быў відаць злы дух, але я прыняў яго за анёла, - адказаў, уздыхнуўшы Урс.
-         Калі-небузь раскажаш мне пра гэта, - прамовіў Глаўк, - а цяпер мы павінны думаць аб параненым.
І кажучы гэтак, ён пачаў упраўляць плячо Вініцыю, які, хоць Крысп і змочваў яму твар вадой, млеў раз-пораз ад болю.Гэта была шчаслівая для яго акалічнасць, бо ён не чуў ні як ўпраўлялі нагу, ні як бінтавалі зламанае плячо, якое Глаўк абклаў дзвюмя досачкамі, а потым хутка абвязаў і моцна, каб яно было нерухомым. Але пасля выкананай аперацыі Вініцый прачнуўся зноў і ўбачыў над сабою Лігію. Стаяла яна тут жа , ля ложка, трымаючы перад сабой меднае вядзерца з вадой, у якое Глаўк апускаў час ад часу тканіну і прыкладваў  потым да яго галавы.Вініцый пазіраў і не верыў сваім вачам.Яму здавалася, што  гэта сон ці ліхаманка выклікае перад ім дарагі вобраз, і толькі праз нейкі час здолеў прашаптаць :
- Лігія…
Ад гуку яго голаса вядзерца задрыжала ў яе руцэ, але яна паглядзела на яго з сумам.
-         Мір табе! – ціха адказала яна.
 І стаяла з выцягнутымі перад сабой рукамі, з тварам, поўным літасці і жалю. Ен жа глядзеў на яе, нібы хацеў запоўніць яе вобразам свае вочы, каб калі іх заплюшчыць, той застаўся пад павекамі. Глядзеў на яе твар, больш бледны і схуднелы, чым раней, на хвалі цёмных валасоў, на беднае адзенне, глядзеў так пільна, што ад яго позірку яе снежна- белая скура пачала ружавець, і ён падумаў першае, што яе кахае даўно і па-другое, што гэта яе бледнасць і беднасць – яго рук справа, што гэта ён выгнаў яе з дому, дзе яе любілі, і дзе абкружаў яе дастатак і выгоды, а змясціў у гэты бедны дом і апрануў у гэты бедны плашч з цёмнай воўны.
Цяпер ён жадаў бы надзець на яе найдаражэйшыя кароны і ўсе багацці свету, але ахапілі яго здзіўленне, трывога, літасць і жаль такі вялікі, што ўпаў бы да ног яе, калі б мог зрушыцца з месца.
-         Лігія, - сказаў ён, - ты не дазволіла мяне забіць…
А яна адказала з дабрынёй у голасе
- Няхай Бог верне табе здароўе!
Для Вініцыя, які адчуваў і тыя крыўды, што ёй учыніў раней і гэту, якую хацеў учыніць ізноў, быў у словах Лігіі сапраўдны гаючы бальзам. Забыўся ў гэту хвіліну, што праз яе вусны можа гаворыць хрысціянскае вучэнне, а адчуваў толькі, што гаворыць яго каханая жанчына і што ў яе адказе ёсць нейкае асабістае заклапочанне і проста неапісальная дабрыня, якая хвалюе яго да глыбіні душы.
Як раней ад болю, так цяпер ад узрушэння ён зусім аслаб.Ахапіла яго немач, вялікая і прыемная.Было такое ўражанне, што падае ў бездань; але адчуваў, што яму добра і што ён – шчаслівы.Думалася яму ў гэту хвіліну амаль непрытомнасці, што стаіць ля яго баство.
У гэты час Глаўк закончыў прамываць рану на яго галаве і прыклаў да яе гаючую мазь.Урс забраў вядзерца з рук Лігіі, яна ж узяла са стала прыгатаваную чару з вадой, змешанай з віном, паднесла яе да вуснаў параненага.Вініцый прагна выпіў, пасля чаго яму стала нашмат лягчэй.Пасля такога догляду боль амаль сціх.Раны і пераломы пачалі нібы загойвацца.Да яго вярнулася цалкам прытомнасць.
- Дай яшчэ мне папіць, - папрасіў ён.
Лігія адыйшла з пустой чарай у іншы пакой, а Крысп абмяняўся кароткімі рэплікамі з Глаўкам, наблізіўся да ложка і сказаў:
-         Вініцый, Бог не дазволіў табе зрабіць дрэнны ўчынак і захаваў табе жыццё, каб ты апамятаўся ў душы.Той, у праўнанні з якім чалавек толькі пыл, - аддаў цябе безабароннага ў нашы рукі. Але Хрыстос, у якога мы верым, наказваў нам любіць нават ворагаў.Мы перавязалі твае раны і, як сказала Лігія, будзем маліцца, каб Бог вярнуў табе здароўе, але даўжэй дагалядаць цябе мы не можам. Пабудзь у спакоі і падумай, ці трэба табе далей праследаваць Лігію, якую ты пазбавіў апекі, даху, і хацеў пазбавіць нас, якія табе дабром за зло адплацілі?
-         Вы хочаце мяне пакінуць? – спытаў з трывогай Вініцый.
-         Мы хочам пакінуць гэты дом, у якім нас  можа спасцігнуць праследаванне прэфекта горада.Твой таварыш забіты, а ты, надта вядомы між сваіх, ляжыш паранены.Не па нашай віне гэта адбылося, але на нас падзе гнеў улады…
-         - праследавання не бойцеся, - сказаў Вініцый.- я вас абараню.
Крысп не хацеў яму адказваць, што справа не толькі ў прэфекце і стражах, але ў тым, што не маюць даверу і да яго таксама, таму хочуць забяспечыць Лігію ад далейшай за ёю пагоні.
-         шаноўны, - сказаў ён, - правая твая рука здаровая, дык вось табе таблічкі і стыль; напішы слугам, каб прыйшлі па цябе і аднеслі ў твой дом, дзе табе будзе зручней, чым сярод нашай беднасці.Мы тут жывём у беднай удавы, якая хутка вернецца са сваім сынам, і гэты хлопчык аднясе твой ліст. Мы ж павінны ўсе разам шукаць іншае сховішча.Вініцый збялеў, бо зразумеў, што яны хочуць яго разлучыць з Лігіяй і што калі ён страціць яе зноў, то можа ніколі ў жыцці не ўбачыць.
Разумеў праўда, што між ім і ёй – вялікасныя рэчы, якія каб пераадолець ды забраць яе, ён мусіць шукаць нейкіх новых шляхоў, аб якіх яшчэ не было ў яго часу падумаць.Разумеў таксама і тое, што аб чым бы не сказаў гэтым людзям, - хоць бы прысягнуў, што верне Лігію Пампоніі Грэцыне, то яны маюць поўнае права яму не давяраць і пэўна не павераць.Мог зрабіць гэта раней, мог замест праследвання Лігіі пайсці да Пампоніі і прысягнуць ёй, што адмаўляецца ад пагоні, а ў такім выпадку сама Пампонія адшукала б і забрала дзяўчыну дамоў.
Не! Адчуваў, што ніводнае такога роду абяцанне не здолее іх стрымаць і ні адна ўрачыстая клятва не будзе прынята, тым больш, што не будучы хрысціянінам мог бы прысягнуць ім багамі бессмяротнымі, у якіх і са м не надта што верыў і якіх яны лічылі злымі духамі.
Аднак жадаў нават у роспачы быць разам з Лігіяй і гэтымі яе апекунамі – якім чынам – трэба быў час. Яму хацелася хаця б некалькі дзён глядзець на яе. Як таму, хто топіцца, кожны кавалачак дошкі ці вясла здаецца збавеннем, так і яму здавалася, што за гэтыя некалькі дзён ён здолее  сказаць штосьці такое, што наблізіць яго да яе, што можа штосьці абдумае, што можа знойдзе штосьці добрае.
Ен сабраўся нарэшце з думкамі і сказаў :
-         Паслухайце мяне, хрысціяне. Учора я быў з вамі на Астрыянуме і чуў ваша вучэнне, але хоць бы яго і не ведаў, вашы ўчынкі пераканалі мяне, што вы – людзі добрыя і годныя павагі.Скажыце гэтай удаве, якае трымае гэты дом, каб заставалася тут, і вы застаньцеся таксама і мне дазвольце застацца, і няхай гэты чалавек (ён зірнуў на Глаўка), лекар ці які як мінімум ведае, як даглядаць раны, скажа ці можна мяне сёння пераносіць.Я хворы, і ў мяне зламана плячо, якое павінна хоць некалькі дзен быць нерухомым. – і таму я даводжу вам, што не зрушуся адсюль, хіба мяне сілком вынесеце.Тут ён спыніўся, бо ў яго разбітых грудзях не хапіла паветра, а Крысп сказаў:
-         Ніхто, шаноўны, не будзе тут ужываць сілу супраць цябе, толькі мы самі знясем адсюль свае галовы.
-         На гэта нязвыклы да пярэчанняў на свой адрас малады чалавек наморшчыў лоб і прамовіў:
-         Дазволь мне выдыхнуць!
І працягнуў:
-         Пра Кратона, якога забіў Урс, ніхто не спытае, бо ён павінен быў сёння ехаць у Беневент, куды паклікаў яго Ватыній, і ўсе будуць думаць, што ён выехаў. Калі мы з Кратонам увайшлі ў гэты дом, нас ніхто не бачыў, апрача аднаго грэка, які быў з намі на Астрыянуме.Скажу вам, дзе ён жыве, дык вы прывядзіце яго мне – я ж загадаю яму маўчаць, бо гэта чалавек, якому я плачу. Дадому я напішу ліст, што я выехаў таксама ў Беневент. Калі б грэк даў ведаць прэфекту, скажу яму, што Кратона я сам забіў і што ён зламаў мне руку.Зраблю так, клянуся ценямі маці і бацькі маіх, - таму можаце заставацца тут бяспечна і ніводзін волас не ўпадзе з вашых галоў.Прывядзіце мне хутчэй грэка, якога клічуць  Хілон Хіланід.
-         Глаўк будзе ля цябе, шаноўны, сказаў Крысп, і разам з удавой будзе даглядаць цябе.
Вініцый звёў бровы.
-         Паслухай, стары чалавек, што я скажу. Я табе ўдзячны і ты здаешся мне добрым і годным павагі чалавекам, але ты не гаворыш мне тое, што ў цябе на самай справе глыбока ў душы.Ты пэўна баішся, што я паклічу сваіх нявольнікаў і загадаў ім забраць Лігію.Ці не так?
-         Так,  - сурова адказаў Крысп.
-         Тады звярні ўвагу на тое, што з Хілонам я буду размаўляць у вашай прысутнасці і ліст пры вас напішу, што я выехаў і што іншых пасланцоў пазней не знайду…Падумай над гэтым і не дражні мяне больш.Тут ён  абурыўся і твар ад гневу скрывіўся, пасля чаго загаварыў палка:
-         Відаць, ты думаў, што я маню, што хачу застацца, таму што хачу бачыць яе? Дурань бы адгадаў.Але хоць бы я і маніў.Сілком я не буду яе больш адбіраць…Табе ж скажу штосьці яшчэ. Калі яна тут не застанецца, то гэтай здаровай рукой я пазрываю павязкі з пляча, не буду ні есці, ні піць – і няхай мая смерць будзе на сумленні тваім і тваіх братоў.Навошта вы мяне ратавалі, чаму не загадалі мяне забіць?
І пабялеў ад злосці і бяссілля.Але Лігія, якая з іншага пакою чула ўсю размову і якая была ўпэўнена, што Вініцый выканае тое, што абяцае, спужалася яго словаў. Не хацела нізавошта яго смерці.Паранены і безабаронны ён абуджаў толькі літасць, не страх.Ад часу ўцёкаў, жывучы сярод людзей, якія былі доўгі час ахоплены рэлігійным ўпаеннем, якія думалі толькі пра ахвяры, прысвячэнні і бязмежную міласэрнасць, сама наталілася гэтым  свежым павевам да такой ступені, што вучэнне замяніла для яе дом, сям’ю, страчанае шчасце і разам з тым зрабіла з яе адну з тых хрысціянак, якія пазней змянілі старую душу свету. Вініцый вельмі запаў у яе душу, у яе лёс і вельмі яе кранаў, каб магла яго забыць.Думала аб ім цэлымі днямі і неаднойчы прасіла Бога аб такой хвіліне, калі б ідучы за вучэннем, яна магла б адплаціць яму дабром за зло, міласэрнасцю за праследаванне, змірыць яго, здабыць для Хрыста і збавіць.А цяпер здавалася ей, што такі час настаў і што малітвы яе былі пачуты.
Яна наблізілася да Крыспа з тварам нібы натхнёным і загаварыла так, нібы праз яе гаварыў хто іншы:
-         Крысп, няхай ён застанецца сярод нас, і мы застанемся з ім, пакуль Хрыстос яго не зробіць здаровым.
А стары прасвітар, які прывык шукаць ва ўсім божае натхненне, бачачы яе экзальтаванасць, падумаў якраз, што можа праз яе гаворыць вышэйшая сіла і згадзіўся ў душы, схіліў галаву:
- няхай будзе так, як ты кажаш, - адказаў ён.

На Вініцыя, які ўвесь час не зводзіў з яе вачэй, гэта хуткая паслухмянасць Крыспа зрабіла дзіўнае і вялікае ўражанне. Яму здалося, што Лігія сярод хрысціян – нейкая Сівіла ці жрыца, якую акружаюць пашанай і слухаюцца. І міжвольна паддаўся таксама гэтай павазе. Да кахання, якое ён адчуваў, далучылася цяпер пэўнае пачуццё, у параўнанні з якім каханне само становіцца  чымсьці амаль незямным. Ен не мог прывыкнуць да думкі, што стасункі іх змяніліся, што цяпер не яна ад яго, а ён залежыць ад яе волі, што вось ляжыць хворы, нямоглы, пераламаны, які перастаў быць моцным, і што цяпер ён нібы безабароннае дзіця пад яе апекай. Для яго натуры, гордай і самавольнай, падобныя стасункі былі б на погляд любога іншага чалавека скарэннем, ён жа не толькі не адчуў гэтага, але быў удзячны ёй, як сваей гаспадыні.Былі гэта нечуваныя для яго пачуцці, якія днём раней не маглі б змясціца нават у галаве і якія здзіўлялі яго нават у гэту хвіліну, калі мог сабе ясна іх абдумаць. Але ён не пытаў цяпер, чаму менавіта так адбылося, нібы гэта было зусім натуральнай рэччу, адчуваў толькі шчасце, што яна застаецца.І хацеў ей дзякаваць з нейкім незнаемым пачуццём настолькі, што не мог яго назваць, бо было папросту пакорай. Але ранейшае натхненне вычарпала яго сілы так, што не мог гаварыць і дзякаваў ёй толькі вачыма, у якіх свяцілася радасць, што ён застаецца з ёй, што будзе яе бачыць заўтра, паслязаўтра, а можа і далей. Радасці гэтай перашкаджала толькі боязь, каб не страціць таго, што шукаў, ды такая вялікая, што калі Лігія падала яму зноў вады і калі ахапіла яго жаданне дакрануцца да яе рукі – ён баяўся гэта зрабіць, баяўся, ён, той самы Вініцый, які на піру імператара сілком цалаваў яе вусны, а пасля яе ўцёкаў абяцаў сабе, што адвалачэ яе за валасы ў кубікул ці загадае яе адлупцаваць.

Раздзел 22 QUO VADIS?

Раздзел ХХІІ

Вініцый толькі ў остыі зразумеў усю складанасць свайго намеру. Дом быў вялікі, некалькіпавярховы, адзін з тых, якіх тысячы было пабудавана ў Рыме з-за попыту на найм жытла.Звычайна такія дамы будавалі так хутка і неахайна, што не было года, каб колькі з іх не ўпала на галовы жыхароў. Былі гэта сапраўдныя вуллі, вельмі высокія і вельмі вузкія, поўныя каморак і закаморкаў, у якіх мясцілася шматлікая галота. У месцы, дзе шмат вуліц не мелі назваў, дамы гэтыя былі без нумароў, а іх ўласнікі давяралі збор каморных нявольнікам, тыя ж не абавязаныя гарадскімі ўладамі падаваць імены жыхароў, часта і самі іх не ведалі.Дапытацца пра каго-небудзь у такім доме было вельмі цяжка, асабліва калі ля ўваходу не было прыдзвернага.
Вініцый з Кратонам праз доўгі, падобны да калідора остый, апынуліся на вузкім, забудаваным з чатырох бакоў падворку, які выконваў ролю агульнага для ўсяго дому атрыя, з фантанам пасяродку, струмень якога спадаў ў каменную місу, умураваную ў зямлю. Ля кожнай сцяны ўзнімаліся вонкавыя сходы, часткова каменныя, часткова драўляныя, якія вялі да галерэй, з якіх ужо вялі ў пакоі, зачыненыя драўлянымі дзвярыма.Унізе таксама былі пакоі: некаторыя былі аддзелены ад падворка толькі ваўнянымі, у большасці сваей залапленымі заслонамі.
Было рана, і на падворку не было жывой душы.Відавочна ва ўсім доме яшчэ ўсе спалі за выключэннем тых, хто вярнуўся з Астрыянума.
- Што будзем рабіць, высакародны? – спытаў Кратон, прыпыніўшыся.
- Пачакаем тут; можа хто з’явіцца, - адказаў Вініцый.- Не трэба, каб нас бачылі на падворку.
Але разам з тым ён думаў, што парада Хілона была практычнай…Калі б было колькі дзесяткаў нявольнікаў, можна было б паставіць іх ля брамы, якая напэўна была адзіным выйсцем і ператрэсці ўсе пакоі, такім чынам трэба было трапіць адразу ў пакой Лігіі, інакш хрысціяне, якіх у гэтым доме хапала, маглі яе папярэдзіць.З гэтага погляду было небяспечна нават распытваць незнаёмых асоб.Вініцый з хвіліну разважаў, ці не вярнуцца па нявольнікаў, калі з-пад адной заслоны выйшаў чалавек з сітам ў руках і наблізіўся да фантану.Малады чалавек з першага позірку пазнаў Урса.
- Гэта лігіец! – шапнуў ён Кратону.
- Паламаць яму косці зараз?
- Чакай!
Урс не прыкмеціў іх, бо яны стаялі ў ценю остыя, і пачаў спакойна прамываць пад струменем гародніну ў сіце.Відавочна было, што пасля цэлай ночы, праведзенай на Астрыянуме, ён хацеў прыгатаавць з яе снеданне.Праз момант ён скончыў свой занятак, забраў мокрае яшчэ сіта і знік за заслонай.Кратон іВініцый рушылі следам, разлічваючы, што трапяць проста ў пакой Лігіі.Але іх здзіўленне было вялікім, калі яны заўважылі, што заслона аддзяляла ад падворка не пакой, а  яшчэ адзін цемны калідор, у канцы якога быў садок з некалькіх кіпарысаў і кустоў, а таксама маленькі домік, прылеплены да сляпой тыльнай сцяны іншага дому.Абодва зразумелі, што гэта добрая нечаканая акалічнасць. На падворак маглі выбегчы ўсе жыхары, затое аддзеленасць доміка рабіла справу лягчэйшай. Яны хутка справяцца з  ахоўнікамі, а менавіта з Урсам, пасля з выкрадзенай Лігіяй таксама хутка апынуцца на вуліцы і там ужо разбяруцца што і да чаго. Напэўна іх ніхто не кране, бо калі б іх зачапілі, то адказалі б, што справа тычыцца беглай заложніцы імператара, і ў апошнім выпадку Вініцый дасць пазнаць  аб сабе вігілам і папросіць у іх дапамогі.
Урс ужо амаль уваходзіў у домік, калі гук крокаў насцярожыў яго, ён прыпыніўся і ўбачыў двух асоб, потым паклаў сіта на балюстраду і спытаў:
- А што вы тут шукаеце?
- Цябе! – крыкнуў Вініцый.
Пасля хутка і ціха загадаў Кратону:
- Забівай!
Кратон кінуўся, як тыгр, у адзін момант, пакуль лігіец  не здолеў апамятацца ці пазнаць ворагаў, і схапіў яго ў свае сталёвыя абдымкі.
Але Вініцый быў надта ўпэўнены у яго нечалавечай сіле, каб чакаць канца паядынку і паўз іх скочыў да дзвярэй доміка, штурхнуў іх і апынуўся ў змрочным памяшканні, асветленым толькі полымем з каміну.Водбліск гэтага полымя падаў проста на твар Лігіі.Другой асобай, якая сядзела ля агню, быў той стары, які ішоў з Лігіяй і Урсам па дарозе з Астрыянума.Вініцый з’явіўся так раптоўна, што Лігія яго не пазнала.Ен схапіў яе і ўзняў угару, потым кінуўся да дзвярэй.Стары праўда здолеў іх заступіць, але воін прыціснуў адной рукой дзяўчыну да грудзей, другой свабоднай рукой адштурхнуў старога. Каптур ссунуўся з яго галавы, і ў гэты час ад выгляду гэтага знаёмага і страшнага цяпер твару кроў застыгла ў Лігіі ад страху і голас прапаў.Яна хацела паклікаць на дапамогу і не магла.Марна хацела ўтрымацца за вушак дзвярэй, супраціўляючыся.Пальцы яе бяссільна саслізгнулі па каменю, і яна амаль страціла прытомнасць, калі б не карціна, якую яна ўбачыла, калі Вініцый выбег з ёй у сад.
Урс трымаў у руках не         йкага чалавека, цалкам перагнутага ў нязвыклы для жывога чалавека бок, з нахіленай галавой і скрываўленымі вуснамі.Калі ўбачыў іх, то яшчэ раз ударыў кулаком па галаве ахвяры і ў адно імгненне скочыў, як раз’юшаны звер, да Вініцыя.
“Смерць!” – падумаў малады чалавек А потым пачуў як праз сон вокрык Лігіі:
“Не забівай!”, потым адчуў, што нібы перуном расшчапіла яго рукі, якімі абдымаў Лігію, потым зямля паплыла з ім разам і святло дня згасла ў яго вачах.
Хілон, схаваўшыся за вуглом, чакаў, што будзе, бо цікаўнасць змагалася ў ім са страхам.Думаў, што калі яны патрапяць украсці Лігію, то добра было б быць каля Вініцыя. Урбана ён ужо не баяўся, бо быў упэўнены, што Кратон яго заб’е.Лічыў таксама, што ў выпадку, калі б на пустых дасюль вуліцах усчаўся рух, калі б хрысціяне ці якія іншыя людзі захацелі б супрацьстаяць Вініцыю, тады ён звярнуўся б да іх як прадстаўнік улад, як выканаўца волі імператара, і ў апошнім выпадку пакліча вігілаў на дапамогу маладому патрыцыю супраць вулічнай галоты і тым самым заслугуе сабе новую прыхільнасць.У душы лічыў заўсёды, што ўчынак гэты Вініцыю не ўдасца, аднак гледзячы на страшэнную сілу Кратона, дапускаў, што магчыма і ўдасца.”Калі б было з імі там дрэнна, то сам трыбун панясе дзяўчыну, а Кратон праб’е дарогу”. Час аднак ішоў, непакоіла яго ціша ў остыі, на які ён здалёк паглядаў.
“Калі яны не трапяць у яе сховішча, а наробяць шуму, то я ўцяку”. І думка пра гэта не была прыкрай, бо разумеў, што ў такім выпадку будзе зноў патрэбны Вініцыю і зноў зможа выціснуць з яго немалую колькасць сестэрцыяў.
- Хоць што зробяць – казаў ён, - гэта для мяне будзе добра, хаця ніводзін пра гэта не здагадваецца.Богі, богі, дазвольце мне толькі…
І раптам замоўк, бо яму здалося, што нехта з’явіўся ў остыі, і ён прыціснуўся да сцяны ды пачаў назіраць, стрымліваючы дыханне ў грудзях і не памыляўся, бо з остыя высунулася напалову нечая галава і відаць той нехта разглядаўся навокал.Праз хвіліну знік. “Гэта Вініцый ці Кратон, - падумаў Хілон, - але калі выкралі дзеўку, то чаму яна не крычыць і навошта выглядваць на вуліцу.Людзей і так павінны напаткаць, бо пакуль дойдуць да Карынаў, у горадзе ўжо будзе рух.Што гэта? Клянуся ўсімі бессмяротнымі багамі”. І раптам рэшткі валасоў узняліся на яго галаве.У дзвярах паказаўся Урс з целам Кратона цераз плячо і, разгледзеўшыся яшчэ раз па баках, пабег з ім па пустой вуліцы ў напрамку ракі. Хілон хацеў зрабіцца такім плоскім, як кавалак тынку.”Я загінуў, калі ён мяне ўбачыць”- падумаў ён.
Але Урс хутка прабег вугал будынку і знік за наступным домам.Хілон, не чакаючы ўжо далей, пабег углыб папярэчнай вулкі, стукаючы зубамі ад страху і са спрытнасцю, якая магла б здзівіць у маладым.”Калі вяртаючыся заўважыць мяне здалёк, то пэўна дагоніць і заб’е, - казаў ён сам сабе. – Ратуй мяне, Зеўсе, ратуйце, Апалон і Гермес, ратуй, Божа хрысціян! Пакіну Рым, вярнуся ў Месэмбрыю, але ўратуйце мяне ад рук гэтага чорта!” І гэты лігіец, што забіў Кратона, здаваўся яму амаль нечалавечай істотай.Бегучы, думаў, што можа быць гэта які бог, што прыняў выгляд варвара.У гэты момант ён верыў ва ўсіх багоў свету і ва ўсе міфы, з якіх звычайна пасмейваўся.Праносілася ў яго галаве,што Кратона мог забіць бог хрысціян, і валасы ўздымаліся зноў на галаве ад думкі, што можна адужаць такую сілу.
Толькі прабегшы некалькі завулкаў, ён заўважыў нейкіх працоўных, што ішлі ўдалечыні насустрач і крыху супакоіўся.Яму не хапала паветра, сеў на парозе дому і пачаў абціраць падолам плашча пакрыты потам лоб.Я стары, і мне патрэбны спакой. Людзі, якія ішлі насустрач, звярнулі на бакавую вулку, і зноў стала пуста. Горад яшчэ спаў. Ранкам ажывалі раней больш заможныя раёны, дзе нявольнікі з багатых дамоў павінны былі ўставаць рана, у тых жа раёнах, дзе жылі вольныя людзі, абуджаліся, асабліва зімой, досыць позна.Хілон праседзеў нейкі час на парозе, адчуў холад, узняўся і пераканаўся, што не згубіў торбу, якую атрымаў ад Вініцыя, ужо павольна накіраваўся да ракі.
- Можа ўбачу дзе цела Кратона – богі! Гэты лігіец, калі ён чалавек, за адзін год мог бы зарабіць мільёны, бо калі ён Кратона задушыў, як шчанюка, то хто ж яму зможа супроцьстаяць? За кожнае выступленне на арэне давалі б яму столькі золата, колькі сам важыць. Ен аберагае гэту дзеўку лепш, чым Цэрбер пекла. Але няхай яго тое пекла паглыне! Не хачу мець з ім справы Занадта калючы.Што ж тут зробіш? Адбылося страшнае.Калі ён такому Кратону пераламаў хрыбет, то пэўна і душа Вініцыя лётае там, над гэтым праклятым домам, чакаючы пахавання цела. Клянуся Кастарам! Гэта ж патрыцый, сябар імператара, родны Пятронія; вядомы ва ўсім Рыме і вайсковы трыбун. Яго смерць не сыйдзе ім з рук… Калі б напрыклад падацца да лагеру прэтарыянцаў ці да вігілаў?
Тут ён змоўк і задумаўся, але праз момант сказаў:
- Гора мне! Хто ж накіраваў яго ў гэты дом, калі не я ? Яго вызваленцы, нявольнікі ведаюць, што я прыходзіў да яго, а некаторыя ведаюць, з якой мэтай.Што  будзе, калі палічаць, шо я наўмысна паказаў яму дом, у якім ён напаткаў смерць? Хоць бы потым у судзе аказалася, што я не хацеў яе, і так скажуць, што я  яе прычна. А гэта ж патрыцый, значыць у любым выпадку я буду пакараны.Але калі б цішком я пакінуў Рым і апынуўся дзесьці далёка, то трапіў бы яшчэ пад большае падазрэнне.
І так, і гэтак атрымлівалася дрэнна. Справа была толькі ў тым, каб выбраць найменшае зло. Рым быў вялікім горадам, але Хілон адчуваў, што можа яму быць цесна і тут. Бо кожны мог бы пайсці да прэфекта, вігілаў, расказаць, што адбылося, і хаця б падазрэнне падала на яго, чакаць спакойна следства.Але ўсё мінулае Хілона было такога кшталту, што ўсялякая бліжэйшая знаёмасць хоць з прэфектам горада, ці з прэфектам вігілаў, прывяла б да значных клопатаў, а разам з тым павялічыла б усе падазрэнні, якія маглі б прыйсці на думку ўладам.
З другога боку, уцячы – гэта значыць пацвердзіць думку Пятронія, што Вініцыю здрадзілі і забілі яго ў выніку змовы.Пятроній быў чалавек значны, які мог загадаць стражам па ўсёй краіне і які пэўна пастараўся б знайсці вінаватых хоць бы на краю свету. Аднак Хілон падумаў, ці не пайсці проста да яго і расказаць яму, што здарылася.Так! Гэта было найлепшым рашэнем.Пятроній быў чалавекам спакойным , і Хілон мог быць упэўненым хаця б у тым, што яго выслухае да канца.Пятроній, які ведаў справу, спачатку лягчэй паверыць у бязвіннасць Хілона, чым прэфекты..Каб пайсці да яго, трэба напэўна ведаць, што з Вініцыем.Хілон жа гэтага не ведаў.Бачыў, канешне, лігійца, які цішком пабег да ракі з целам Кратона, але нічога больш. Вініцый мог быць забіты, але мог быць і паранены ці захоплены.Цяпер толькі ён падумаў, што хрысціяне не асмеліліся б забіць чалавека такога вядомага аўгустыяніна і высокага вайсковага начэльніка, бо такога кшталту ўчынак мог прывесці да іх агульнага праследавання.Больш праўдападобна тое, што яны затрымалі яго сілком, каб даць Лігіі час зноў схавацца ў іншым месцы.
Думка гэта напоўніла Хілона надзеяй. “Калі гэты лігійскі цмок не разадраў яго з першага разу,тады ён жывы, а калі ён жывы, тады сам засведчыць, што я яму не здрадзіў, а тады мне не толькі нічога не пагражае, але (О,Гермес, разлічвай на дзвюх цялушак) адчыняецца перада мной новая перспектыва… Магу паведаміць аднаму з вызваленцаў, дзе шукаць гаспадара, а ці той ужо пойдзе да прэфекта, ці не, гэта яго справа, я дык  да яго  не пайшоў бы..Магу пайсці да Пятронія і разлічваць на ўзнагароду…Шукаў Лігію я, цяпер буду шукаць Вініцыя, а потым ізноў Лігію, трэба аднак ведаць наперад, ці жывы ён ці не.”
Тут яму падумалася, што мог бы пайсці да млынара Дэмаса і спытаць аб гэтым Урса.Але адкінуў гэту думку. Не хацеў мець спраў з Урсам. Мог напэўна дапускаць, што калі Урс не забіў Глаўка, то відавочна лекара папярэдзіў хтосьці са старэйшын хрысціян, якім Урс расказаў пра свой намер, і што гэта нячыстая справа, і што хацеў яго да яе падгаварыць нейкі здраднік.Пры ўспаміне пра Урса Хілон  скаланаўся ўсім целам.Ен падумаў, што вечарам пашле Эўрыцыя па звесткі ў той дом, дзе адбыўся выпадак. Хацеў пад’есці, памыцца і адпачыць. Бяссонная ноч, дарога на Астрыянум і ўцёкі з Затыбра выматалі яго бязмерна.
Адна рэч суцяшала яго: што было ў яго дзве торбачкі, тая, што Вініцый даў яму ў доме і другая, якую кінуў яму па дарозе з могілак.Паколькі была гэткая шчаслівая акалічнасць, як і тое, што ён быў вельмі  ўзрушаны, вырашыў добра падсілкавацца ды папіць добрага віна, лепшага, чым звычайна. І калі падыйшоў час адкрыцця віннай лаўкі, ён перабраў меру так, што забыўся пра купанне.Яму хацелася спаць і санлівасць адняла яго сілы так, што вярнуўся няцвёрдым крокам да свайго жытла  на Субуры, дзе чакала яго купленая за грошы Вініцыя нявольніца.
Там, увайшоўшы ў цёмны, як лісіная нара, кубікул, кінуўся на пасланае і заснуў у адно імгненне.Абудзіўся толькі вечарам, а лепш кажучы, прабудзіла яго нявольніца, бо прасіла яго, каб прачнуўся, бо хтосьці шукае яго і хоча яго бачыць па пільнай справе. Хілон апрытомнеў у адзін момант, накінуў плашч з каптуром і загадаўшы нявольніцы адысці ўбок, спачатку асцярожна выглянуў з кубікулу.
І змярцвеў. Бо праз дзверы з пакою ён убачыў вялізную постаць Урса.Адчуў пры гэтым, што і ногі, і галава яго сталі халоднымі, як лёд, сэрца перастала біцца, а па хрыбту пабеглі мурашкі…
Нейкі час ён не мог гаварыць, аднак потым, стукаючы зубамі, сказаў ці хутчэй праенчыў:
- Сіро! Мяне няма… я не ведаю… гэтага… добрага чалавека…
- Я сказала яму, што ты ёсць і што спіш, гаспадар мой, - адказала дзяўчына, - ён жа хацеў, каб я цябе прабудзіла…
- О, богі!.. Кажу табе…
Але Урс ад нецярплівасці наблізіўся да дзвярэй кубікулу і,схіліўшыся, прасунуў унутр галаву:
- Хілон Хіланід! – паклікаў ён.
- Мір табе! Мір, мір! – адказаў Хілон, - найлепшы з хрысціян! Так! Я Хілон, але гэта памылка…Я цябе не ведаю!

- Хілон Хіланід! – паўтарыў Урс. – Твой гаспадар, Вініцый, кліча цябе, каб ты прыйшоў да яго са мной.

Раздзел 21 QUO VADIS?

Раздзел ХХІ

Кожная кропелька крыві адазвалася ў маладога патрыцыя ад яе выгляду.Забыўся на сабраных, старога, на ўласнае здзіўленне ад гэтых незразумелых рэчаў, пра якія чуў, і бачыў перад сабой толькі яе адзіную.Вось нарэшце пасля ўсіх высілкаў, пасля доўгіх дзён непакою, хваляванняў, засмучэння, ён знайшоў яе! Першы раз у жыцці ён адчуў, што радасць можа кінуцца на грудзі раптам, як дзікі звер, і сціснуць іх аж да страты дыхання. Ен, які дасюль лічыў, што фартуна абавязана выконваць ўсе яго жаданні, цяпер ледзь верыў уласным вачам і ўласнаму шчасцю. Калі б не гэты недавер, яго палкая натура магла б яго скіраваць на неабдуманы крок, але ён хацеў перш пераканацца, што гэта не далейшы працяг тых цудаў, якімі поўніўся яго розум, і што ён не спіць. Але сумнення не было: ён бачыў Лігію і аддзяляла яго ад яе адлегласць  - некалькі дзесяткаў метраў.Яна стаяла на святле, таму мог любавацца ёю, колькі хацеў.Каптур ссунуўся з яе галавы і параскідаў валасы, вусны былі прыадкрытыя, вочы узнесеныя на Апостала, твар уважлівы і захоплены.У плашчы з цёмнай воўны яна выглядала як дзяўчына з народу, аднак Вініцый ніколі не бачыў яе больш прыгожай, нягледзячы на ўсё замяшанне, якое яго апанавала, яго ўражвала у параўнанні з тым амаль нявольніцкім адзеннем высакароднасць гэтай цудоўнай патрыцыянскай галавы.Каханне пранеслася па ім, як полымя, вялікае і перамешанае з дзіўным пачуццем суму, замілавання, павагі і жадання.Ён адчуваў асалоду толькі ад яе выгляду і напіваўся ім нібы жывой вадой пасля доўгай смагі. Яна стаяла каля вялізнага лігійца і здавалася яму меншай, чым была раней, амаль дзіцем; заўважыў таксама, што схуднела.Цела яе было амаль празрыстым і рабіла на яго ўражанне кветкі ці душы.Але тым больш толькі прагнуў валодаць гэтай істотай, такой адрознай ад жанчын, якіх бачыў ці якімі валодаў на Усходзе ці ў Рыме.Адчуваў, што аддаў бы за яе ўсіх тых былых, а з імі Рым і свет у дадатак.
Зусім быў загледзеўся на яе і забыўся, каб не Хілон, які цягнуў яго за край плашча перасцерагаючы, каб не зрабіў чаго-небудзь, што магло б быць небяспечным.Хрысціяне ў гэты час пачалі маліцца і спяваць.Праз хвіліну загучала: Мараната! А потым  Вялікі апостал пачаў хрысціць вадой з фантана тых, каго прасвітары прадставілі як прыгатаваных да хрышчэння.
Вініцыю здавалася, што гэта ноч ніколі не скончыцца.Хацеў цяпер ісці як мага хутчэй за Лігіяй і скрасці яе па дарозе ці ў яе жытле.
Нарэшце некаторыя пачалі пакідаць могілкі.Хілон шапнуў:
-         Выйдзем за браму, бо мы не знялі каптуры, і людзі пазіраюць на нас.
Так было на самой справе.Калі на словы Апостала ўсе адкінулі каптуры, каб лепш чуць, яны не зрабілі, як усе. Парада Хілона была вельмі дарэчы.Стоячы ля брамы, яны маглі бачыць усіх, хто выходзіў.Урса няцяжка было пазнаць па росту і паставе.
-         Пойдзем за імі, - сказаў Хілон, - убачым, у які дом увойдуць, каб заўтра ці ўжо сёння абкружыць усе ўваходы ў дом нявольнікамі і тады, шаноўны, ты яе забярэш.
-         Не! – сказаў Вініцый.
-         А што ты хочаш зрабіць, высакародны?
-         Увойдзем за ёю ў дом і забяром тут жа.Здолееш, Кратон?
-         Так, адказаў асілак, - і здамся табе як нявольнік, калі не пераламлю хрыбет гэтаму быку, які яе ахоўвае.
Але Хілон пачаў іх адгаворваць і заклінаць усімі багамі, каб не рабілі гэтага.Кратон павінен быў быць узяты толькі для абароны, на выпадак, калі б іх пагналі, а не для захопу дзяўчыны.А вырашыўшы забраць яе толькі ўдвох, самі ідуць на смерць і могуць яе выпусціць з рук, а тады яна схаваецца ў іншым месцы ці пакіне Рым.І што тады мусяць рабіць? Чаму не дзейнічаць напэўна, навошта рызыка і ўсе дзеянні на невядомы лёс.
Вініцый, нягледзячы што з вялікімі высілкамі стрымліваўся, каб зараз жа на могілках не схапіць Лігію ў абдымкі, адчуваў, што грэк мае слушнасць і быць можа паслухаў бы яго парады, каб не Кратон, якому патрэбна была ўзнагарода.
-         Загадай маўчаць гэтаму старому дурню ці дазволь мне даць яму кулаком па галаве.Аднойчы ў Буксэтуме, куды на арэну адправіў мяне Луцый Сатурнінус, напалі на мяне ў гасподзе сем п’яных гладыятараў, і ніводзін з іх не выйшаў з цэлымі рэбрамі.Не кажу, каб дзяўчыну выкрасці цяпер, пасярод тлуму, бо яны могуць нам кінуць пад ногі каменне, але калі яна будзе дома, я выкраду яе табе і занясу, куды хочаш.
Вініцый ўзрадаваўся, чуючы гэтыя словы і адказаў:
-         Так і будзе, клянуся Геркулесам! Заўтра мы маглі б выпадкова і не знайсці яе ў доме, калі б пасеялі сярод іх спалох, то згубілі б  яе напэўна.
-         Гэты лігіец здаецца мне вельмі моцным! – заенчыў Хілон.
-         Не табе загадваюць трымаць яму рукі, - адказаў Кратон.
Яны мусілі аднак чакаць яшчэ досыць доўга, і пеўні пачалі спяваць на світанні, у гэты ж час яны і ўбачылі Урса, які выходзіў з брамы, а з ім Лігію. З імі было яшчэ некалькі чалавек.Хілону здалося, што пазнае сярод іх Вялікага Апостала, побач ішоў іншы стары, ніжэйшы, дзве немаладыя жанчыны і хлопчык, які свяціў ліхтаром. За гэтай групай ішоў натоўп лікам на дзвесце чалавек.Вініцый, Хілон і Кратон змяшаліся з імі.
-         так, высакародны, - сказаў Хілон, - твая дзяўчына пад вялікай апекай.Гэта ён з ёю – Вялікі Апостал, бо паглядзі, як людзі кленчаць перад ім .Людзі сапраўды кленчылі, але Вініцый не глядзеў на іх. Не выпускаў Лігію ні на хвіліну з поля зроку і думаў толькі аб яе выкраданні. Прызвычаены ў войнах да складання ўсялякага кшталту планаў і цяпер складаў у думках з ваеннай сцісласцю ўвесь план выкрадання.Адчуваў, што крок, на які ішоў, быў рызыкоўны, але добра ведаў, што рызыкоўныя напады звычайна заканчваюцца перамогай. Дарога была доўгая, але часам ён думаў аб бездані, якую стварыла між ім і Лігіяй гэта дзіўнае вучэнне, якое яна шанавала. Ен разумеў цяпер усё, што адбылося раней, і разумеў, чаму так адбылося.Быў дастаткова разумным. Вось ён дасюль Лігіі не ведаў.Бачыў у ёй самую цудоўную дзяўчыну, да якой палаў жаданнямі, цяпер жа даведаўся, што гэта вучэнне рабіла з яе нейкую іншую істоту, адрозную ад іншых жанчын, і што надзея, каб яе таксама цікавілі жаданні, багацце, раскошы, - папросту немагчымая. Ен зразумеў нарэшце тое, чаго не разумелі разам з Пятроніем, што гэта новая рэлігія ўсяляла ў душу штосьці невядомае гэтаму свету, у якім ён жыў, і што Лігія, калі б яго нават кахала, нічога са сваіх хрысціянскіх ісцін дзеля яго не пакіне.Што калі існуе для яе раскоша, то зусім не тая, за якой насіўся ўвесь Рым.Кожная іншая з жанчын, якіх ён ведаў, магла быць толькі ахвярай. І думаючы аб гэтым, ен адчуваў пякучы боль і гнеў, усведамляючы, што гнеў гэты бяссільны. Украсці Лігію здавалася яму рэччу мажлівай і быў упэўнены ў гэтым, але таксама ўпэўнены быў, што паводле вучэння ён сам, яго мужчынскі пачатак, яго сіла – нішто і імі ён сабе не дапаможа.Ен рымскі вайсковы трыбун перакананы, што гэта сіла мяча і кулака, якая завалодала светам, заўсёды будзе яму дапамагаць, першы раз у жыцці ўбачыў, што акрамя яе можа быць штосьці іншае і са здзіўленнем задаваў сабе пытанне – што?