суббота, 31 января 2015 г.

Раздзел 20 QUO VADIS?

Раздзел ХХ

Яны ішлі вуліцай Вікус Патрыцыус, паўз Вімінал, да былой Вімінальскай брамы, каля нізіны, дзе Дыяклетыян пазней збудаваў вядомыя лазні. Мінулі рэшткі сцяны Сервія Тулія і ўжо больш пустымі месцамі дайшлі да дарогі Наментанскай,там жа звярнулі налева, да вуліцы Віа Салярыя, апынуліся сярод пагоркаў, поўных капальняў для здабычы пяску, а дзе-нідзе і могілак. Тымчасам зусім сцямнела, а паколькі месяц яшчэ не ўзыйшоў, то дарогу было б вельмі цяжка знайсці, каб не тое, што як і прадбачыў Хілон, паказвалі яе самі хрысціяне.Справа, злева і наперадзе відаць былі цёмныя постаці, якія рухаліся да пясчаных яроў.Некаторыя з тых людзей неслі ліхтары, акрываючы іх наколькі гэта было магчыма плашчамі, іншыя, што ведалі дарогу лепш, ішлі ў цемнаце.Правераны на справе ў войску добры зрок Вініцыя дапамагаў  адрозніць па рухах маладзейшых мужчын ад старых, якія абапіраліся на кійкі, і ад жанчын, старанна апранутых у доўгія столы. Рэдкія пешыя і вяскоўцы, што выязджалі з горада, прымалі іх, відаць, за рабочых, што накіроўваліся да арэнарыяў ці за пахавальныя брацтвы, удзельнікі якіх часам арганізоўвалі абрадавыя шэсці ўночы.Па меры таго, як малады патрыцый і яго спадарожнікі пасоўваліся наперад, навокал міргала ўсе больш ліхтароў і колькасць людзей усё павялічвалася. Некаторыя з іх пелі ціха песні, якія Вініцыю здаваліся напоўненымі сумам. Часам да яго даляталі асобныя словы ці радкі з песні, як, напрыклад: “ Паўстань жа той, каторы спіць!” ці “Уваскрэсні!” Зноў і зноў імя Хрыста паўтаралася галасамі мужчын і жанчын. Але Вініцый мала ўвагі звяртаў на словы, бо ў галаве яго праносілася думка, што адна з гэтых цёмных постацей можа быць Лігія. Некаторыя, праходзячы блізка, казалі:”Мір Вам!” ці “Хвала Хрысту!” , яго ж ахопліваў непакой і сэрца пачынала калаціцца, бо яму здавалася, што чуе голас Лігіі Падобныя да яеных рухі ці выгляд здаваліся яму ў цемнаце штохвілінна і толькі, праверыўшы некалькі разоў сваю памылку, перастаў давяраць вачам.
Дарога здалася яму доўгай.Ваколіцы ён ведаў добра, але па цемені не мог зарыентавацца.Увесь час трапляліся то нейкія вузкія пераходы, то часткі муроў, то будыніны, якіх каля горада не памятаў.Нарэшце акрайчык месяца паказаўся з-за хмар і асвятліў наваколле лепш, чым цьмяныя ліхтары. Штосьці здалёк пачало блішчэць, нібы вогнішча ці полымя паходняў.Вініцый нахіліўся даХілона і спытаў, ці не Астрыянум гэта.
Хілон, на якога ноч, аддаленасць ад горада і гэтыя постаці, падобныя да прывідаў, рабілі відавочна моцнае ўражанне, адказаў  няўпэўненым голасам:
-         не ведаю, высакародны, я ніколі не быў на Астрыянуме.Але яны маглі б ухваляць Хрыста дзесьці бліжэй да горада.Праз момант, адчуваючы патрэбу ў размове, каб падтрымаць адвагу, дадаў:
-         Збіраюцца, як забойцы, але ж ім нельга забіваць, хіба што мне той лігіец зманіў.
Але Вініцыя, які думаў пра Лігію, таксама здзівіла гэта асцярожнасць і таямнічасць, з якой яе адзінаверцы збіраліся, каб паслухаць свайго найвышэйшага жраца, таму сказаў:
-         Як усе рэлігіі, так і гэта знаходзіць сярод нас сваіх вернікаў, але хрысціяне – гэта іудзейская секта.Чаму ж  яны збіраюцца тут, калі за Тыбрам стаяць іудзейскія храмы, у якіх  іудзеі пры дзённым святле прыносяць ахвяры.
-         Не, высакародны.Іудзеі – гэта іх зацятыя ворагі.Мне казалі, яшчэ да панавання цяперашняга імператара пачалася вайна між іудзеямі і імі. Імператару Клаўдзію так надакучылі гэтыя звадкі, што выгнаў усіх іудзеяў, аднак сення гэты эдыкт не дзейнічае. Але хрысціяне хаавюцца ад іудзеяў і людзей, якія, як табе вядома, асуджаюць іх у злачынствах і ненавідзяць.
Нейкі час яны ішлі моўчкі, пасля Хілон, страх якога павялічваўся па меры аддаленасці ад гарадскіх брамаў, сказаў: - Вяртаючыся ад Эўрыцыя, я пазычыў у аднаго артыста парык, а ў нос усадзіў сабе два бабовых зярняці.Яны не павінны мяне пазнаць.Але калі і пазнаюць, то не заб’юць - гэта неблагія людзі! Гэта нават вельмі добрыя людзі, якіх я люблю і паважаю.
-         Не хвалі іх раней часу, - адказаў на гэта Вініцый.
Увайшлі цяпер у вузкі праход, закрыты з бакоў нібы двума насыпамі, над якімі ў адным месцы праходзіў акведук. Месяц тымчасам выглянуў з-за хмар, і ў канцы яру яны ўбачылі мур, спавіты плюшчам, які серабрыўся пад месяцавым ззяннем.Гэта быў Астрыянум.
У Вініцыя сэрца закалацілася яшчэ мацней.Ля брамы два фосары забіралі знакі.Праз хвіліну Вініцый і яго спадарожнікі апынуліся ў месцы, закрытым з усіх бакоў мурам. Дзе-нідзе тут стаялі асобныя помнікі, пасярод відаць быў сапраўдны гіпагеум ці склеп, што ніжняй сваей часткай знаходзіўся пад паверхняй грунту і дзе былі грабніцы.Перад уваходам у склеп пашумліваў фантан, аднак было відавочна, што надта вялікая колькасць людзей не змагла б змесціцца у самім гіпагеуме.Вініцый легка здагадаўся, што абрад будзе адбывацца пад адкрытым небам на двары, дзе хутка сабралася вялікая колькасць люду.Як вокам кінуць ліхтар міргаў ля ліхтара, а шмат у каго з сабраных не было зусім святла. За выключэннем некалькіх чалавек, якія знялі каптуры, усе астатнія ці то з-за боязі здраднікаў ці то з-за холаду, засталіся ў каптурах, і малады патрыцый з трывогай падумаў, што калі так будзе да канца, то ў гэтым тлуме, пры цьмяным святле падобна да таго, што Лігію ён не пазнае.
Але раптам ля склепу запалілі некалькі смаляных паходняў, якія склалі ў малы стос.Стала нашмат святлей.Натоўп заспяваў, спачатку ціха, потым усё грамчэй нейкі дзіўны гімн – Вініцый ніколі ў жыцці не чуў падобнай песні.Гэты ж сум, які яго зачапіў у спевах напаўголас, што спявалі людзі паасобку па дарозе на могілкі, быў чутны і цяпер у гэтым гімне, толькі стаў больш выразным і моцны, а ў канцы увогуле такі пранізлівы і вялікі, нібы разам злюдзьмі засумавалі ўсе гэтыя могілкі, пагоркі, яры і наваколле.Магло пры тым здавацца, што ёсць у ім нейкі нібыта прызыў і пакорлівая просьба аб ратунку тых, хто заблукаў у цемнаце. Галовы людзей былі ўзнятыя, здавалася, каб  бачыць кагосьці там, высока, а рукі прызывалі яго, каб сыйшоў з нябёсаў.Калі песня сціхала, то глядзелі на зоркі, нібы з бояззю, што адбузецца нешта незвычайнае і што хтосьці сапраўды сыйдзе з неба.Вініцый у Малой Азіі, у Егіпце і ў самім Рыме бачыў мноства розных храмаў, спазнаў шмат рэлігій і чуў мноства песень, аднак толькі тут упершыню ён убачыў людзей, што клікалі баство песняй не таму, што хацелі адбыць нейкі ўсталяваны абрад, а ад сэрца, з такім сапраўдным сумам па ім, які можа быць хіба ў дзяцей па маці ці па бацьку.Трэба было быць сляпым, каб не ўбачыць, што гэтыя людзі не толькі шанавалі свайго бога, але любілі яго усёй душой, - такога Вініцый не бачыў ні на адной зямлі, ні ў якіх абрадах ні ў адным храме, бо ў Рыме і ў Грэцыі тыя, хто яшчэ шанаваў багоў, рабілі гэта дзеля аб’яднання іх дапамогі для сябе ці ад боязі, але нікому не прыходзіла нават да галавы, каб іх любіць.
Хаця думкі Вініцыя былі заняты Лігіяй, а ўвага – пошукам яе сярод людзей, не мог не бачыць гэтых дзіўных і незвычайных рэчаў, якія адбываліся навокал.Тымчасам паклалі некалькі паходняў на вогнішча, якое асвятліла чырванню могілкі і прыглушыла бляск ліхтароў, у гэты момант з гіпагеума выйшаў стары, апрануты ў плашч з каптуром, але з непакрытай галавой і ўзышоў на камень, што ляжаў паблізу стосу.
Сабраныя скалыхнуліся.Галасы раздаваліся вакол Вініцыя: “Пётр! Пётр!” Некаторыя сталі на калены, іншыя прасцягвалі да яго рукі.Настала ціша і такая глыбокая, што чутны быў кожны ападаючы з паходняў вугельчык, аддалены стук колаў на Наментанскай дарозе і пошум ветру у верхавінах некалькіх піній, што раслі побач з могілкамі.
Хілон нахіліўся да Вініцыя і шапнуў: “Гэта ён! Першы вучань Хрыста, рыбак!"
Стары ж узняў руку і знакам крыжа пахрысціў сабраных, якія ў гэтычас пападалі на калены.Спадарожнікі Вініцыя і ён сам, каб не адрознівацца, пайшлі па прыкладу іншых.Малады чалавек не мог пакуль зразумець” сваіх уражанняў, бо яму падалося, што гэта постаць, якую ён бачыў перад сабой і досыць простая і незвычайная, і што цікава, незвычайнасць тая вынікала менавіта з яго простасці.У старога не было мітры на галаве ні дубовага вянца на скронях, ні пальмы ў руцэ, ні залатой табліцы на грудзях, ні белага адзення, усеянага зоркамі,  - словам, ніякіх такіх адзнак, што насілі жрацы з Усходу, Грэцыі ці Егіпту ці рымскія фламіны. І зноў уразіла Вініцыя тая ж розніца, якую ён адчуў, слухаючы песні хрысціян, бо і гэты “рыбак” прадстаў перад ім не архіжрацом на цырымоніі, а простым, старым і бязмежна годным сведкам, які прыходзіць здалёк, каб расказаць праўду, якую бачыў, да якой дакранаўся, у якую паверыў, як вераць у відавочнае і палюбіў яе толькі таму, што паверыў. Была таксама ў яго твары такая моц пераканання, якую выклікае толькі праўда.І Вініцый, які быў скептыкам і не хацеў паддавацца яго вучэнню, паддаўся нейкай шалёнай цікаўнасці, што ж сыйдзе з вуснаў гэтага сябра таямнічага “Хрыста” і што гэта за вучэнне, якое шануюць Лігія і Пампонія Грэцына.
У гэты час Пётр пачаў гаварыць і гаварыў спачатку як бацька, які вучыць дзяцей, як патрэбна жыць.Наказваў ім, каб адмовіліся ад лішкаў і раскошаў, а любілі беднасць, чысціню звычаяў, праўду, каб цярпліва зносілі крыўды і праследаванні, слухаліся вышэйшых асоб і ўлад, асцерагаліся здрады, крывадушша і абгавору, а ў канцы – каб паказвалі прыклад і адзін аднаму і нават паганцам.
Вініцыя, для якога добрым было толькі тое, што магло вярнуць Лігію, а дрэнным усё, што было між імі перашкодай, кранулі і разгневалі некаторыя з гэтых парад, бо здалося яму, што прапаведуючы чысціню і змаганне з жаданнямі, стары смее тым самым не толькі памяншаць яго каханне, але і настройвае Лігію супраць яго і падтрымлівае яе адмову яму, Вініцыю.Зразумеў, што калі яна знаходзіцца сярод сабраных і слухае гэтыя словы, і бярэ іх да сэрца, то ў гэту хвіліну павінна думаць аб ім як аб ворагу гэтага вучэння і сапраўдным нягодніку. Ахапіла яго злосць: “Што новага я пачуў, - гаварыў ён сам  сабе,- І гэта тое невядомае вучэнне? Кожны гэта ведае, кожны гэта чуў, але беднасць і абмежаванне жаданняў прапаведуюць і цынікі, а цноту – Сакрат - як рэч старую і добрую; першы лепшы стоік, нават Сенэка, у якога пяцьсот лімонных сталоў, славіць умеранасць, праўду і цярплівасць пры перашкодах і ў няшчасці, і гэта ўсе, як зляжалае збожжа, што ядуць мышы, а людзі ўжо не хочуць есці, таму што ад старасці пацвіло.” І разам з гэтым гневам ён адчуў сумненне, бо спадзяваўся адкрыць нейкія таямніцы ці як мінімум лічыў, што пачуе добрага рытара, які здзівіць яго сваей прамовай, а пачуў толькі вельмі простыя словы, пазбаўленыя ўсялякіх аздоб. Дзівіла яго толькі гэта цішыня і гэта ўвага, з якой сабраныя слухалі. Але стары гаварыў далей сваім слухачам, што яны павінны быць добрыя, спакойныя, справядлівыя і бедныя і чыстыя душой і не таму, каб пры жыцці быць спакойнымі, а каб пасля смерці жыць вечна з Хрыстом, у такой радасці, хвале, росквіце, якіх на зямлі ніколі ніхто не ведаў. І тут Вініцый, які сумняваўся хвіліну таму, неахвотна, але не мог не заўважыць, што ёсць адпаведная розніца між вучэннем старога і тым, што казалі цынікі, стоікі ды іншыя філосафы, бо тыя дабро і цноту лічылі рэчамі разумнымі і адзінымі ў жыцці цяперашнім, ён жа абяцаў пасля яго бессмяротнасць і не нейкую страшную - пад зямлёю, у смутку, пустцы, а прыгожую, роўную з жыццём багоў.Гаварыў аб ёй як аб рэчы сапраўды пэўнай, таму цнота бязмежна цанілася, а дробязі жыцця станавіліся чымсьці нават дрэнным, бо цярпець хвіліну для пазнейшага шчасця – гэта рэч зусім іншая, чым цярпець таму толькі што такі закон прыроды. Але стары казаў далей, што цноту і ісціну трэба любіць дзеля іх саміх, бо найвышэйшым адвечным дабром і адвечнай цнотай ёсць Бог, таму хто любіць іх, той любіць Бога і з дапамогай гэтага сам становіцца яго любімым дзіцем.Вініцый не разумеў гэтага добра, аднак ведаў яшчэ раней са слоў, якія сказала Пятронію Пампонія Грэцына, што гэты Бог паводле разумення хрысціян – адзіны і ўсемагутны, і калі ён цяпер пачуў яшчэ, што Бог – гэта абсалютнае дабро і абсалютная ісціна, то міжвольна падумаў, што ў параўнанні з такім дэміургам Юпіцер, Сатурн, Апалон, Веста і Венера выглядалі б як нейкае марнае і крыклівае зборышча, у якім дзейнічаюць усе і кожны сабе на руку. Але найбольшае здзіўленне ахапіла маладога чалавека, калі стары пачаў гаварыць, што Бог гэта Любоў, і таму хто любіць людзей, той выконвае яго найвышэйшы наказ.
Але не дастаткова любіць людзей свайго народу, бо Бог-чалавек за ўсіх кроў праліў і між паганцамі знайшоў ужо такіх сваіх абраных, як  Карнэлій Цэнтурыён, і не дастаткова любіць тых, якія нам дабро робяць, бо Хрыстос прабачыў і іудзеяў, якія аддалі яго на смерць, і рымскіх салдат, якія прыбівалі яго да крыжа, а трэба любіць і тых, хто нас крыўдзіць і не толькі прабачаць ім, а нават плаціць ім дабром за зло, і не дастаткова любіць добрых, а трэба любіць і дрэнных. Бо толькі Любоўю можна з іх зло прагнаць. Хілон пры гэтых словах падумаў, што яго праца пайшла на марнае, і што Урс ніколі ў жыцці не адважыцца забіць Глаўка ні ў гэту ноч, ні ў якую іншую. Але ўсцешыўся іншым вынікам з вучэння старога, а менавіта, што і Глаўк не заб’е яго, хаця б і выкрыў ці пазнаў. Вініцый не думаў ужо, што ў словах старога няма нічога новага, але са здзіўленнем задаваў сабе пытанне: што гэта за Бог? Што за вучэнне? Што гэта за людзі? Усё, што чуў,не месцілася ў яго галаве.Гэта было новае, раней нячутае разуменне.Ен адчуваў, што калі б хацеў стаць паслядоўнікам гэтага вучэння, то павінен быў бы ускласці на вогнішча свае думкі, звычкі,характар і ўсю ранейшую натуру і ўсе гэта спаліць на попел і напоўніць сябе нейкім новым зусім іншым жыццем і цалкам новай душой.Вучэнне, якое яму наказвала любіць партаў, сірыйцаў, грэкаў, егіпцян, галаў і брытанцаў, прабачаць ворагам, плаціць ім дабром за зло і любіць іх здалося яму шалёным, адначасова ў яго было меркаванне, што ў гэтым шаленсте ёсць штосьці мацнейшае, чым у ранейшых філасофіях.Ен думаў, што гэта невыканальнае, а таму – боскае.Адмаўляў яго ў душы і адчуваў, што разыходзіцца ад яго, як ад лугу з кветкамі, водар, які напойвае і  калі хто аднойчы яго адчуў, павінен , як у краіне лютафагаў, забыць пра ўсё іншае і толькі аб ім сумаваць.Здавалася, што ў ім няма нічога рэальнага, і разам з тым, што рэальнасць у параўнанні з ім штосьці, над чым няварта нават задумвацца.Яго абкружылі нейкая нерэальнасць, якой не ўяўляў, нейкія прывіды, нейкія хмары.Гэтыя могілкі пачалі рабіць ўражанне зборышча шаленых, да таго ж - таямнічага і страшнага месца, на якім нібыта на міфічным ложы нараджаецца штосьці, чаго дасюль на свеце не было. Ен успомніў усё, што спачатку стары гаварыў аб жыцці, ісціне, Любові, Богу, і думкі яго асляпляліся ад бляску, як слепнуць вочы ад бліскавіц, што ідуць адна за адной.Як звычайна людзі, жыццё якіх раптам змяняецца ў адзін момант, ён думаў аб гэтым усім праз прызму свайго кахання да Лігіі і пры святле гэтых бліскавіц ён убачыў ясна адну рэч: што калі Лігія тут, калі шануе гэта вучэнне, слухае і чуе, то ніколі не стане яго каханкай.
Упершыню ад часу, калі пазнаеміўся з ёй і Аўламі, ён адчуў, што хоць яе цяпер і адшукае, то гэта ўсё роўна што не адшукае.Нічога падобнага не прыйшло яму раней да галавы, але і цяпер не мог зразумець, бо гэта было не столькі выразнае разуменне, колькі хутчэй цьмянае пачуццё нейкай страты і няшчасця.Узняўся ў ім непакой, які змяніўся на буру гневу супраць хрысціян увогуле і супраць старога ў прыватнасці.Гэты рыбак, якога ён на першы погляд палічыў за прастака, праймаў яго цяпер амаль страхам і здаваўся яму таемным фатумам, што вырашае няўмольна і трагічна яго будучыню.
Фосар падклаў зноў некалькі паходняў у агонь, вецер перастаў шумець у верхавінах дрэў, полымя ўзносілася роўна, языкамі да святла зорак на небе.Стары, узгадваючы пра смерць Хрыста, пачаў распавядаць толькі пра Яго. Усе затрымалі дыханне і цішыня стала яшчэ большай, чым раней, такая, што чутна было біццё сэрцаў.Гэты чалавек бачыў і расказваў, як той, якому кожная хвіліна ўрэзалася ў памяць і каторы, як закрые вочы, то ўсё яшчэ бачыць мінулае.Ен казаў, як вярнуўшыся ад крыжа, яны сядзелі з Іаанам два дні і дзве ночы без сна, без ежы, стомленыя, у жальбе, трывозе і сумненнях, абхапіўшы рукамі галовы і шкадуючы, што Ен памёр.Вой-вой! Як жа цяжка было!Ужо настаў дзень трэці і сцены асвятліліся, а яны абодва сядзелі так ля сцяны без надзеі і без выйсця.Калі іх перамагаў сон ( бо і ноч перад пакутай правялі без сна), то абуджаліся і пачыналі зноў бедаваць.Аж ледзь узыйшло сонца, убегла да іх Марыя з Магдаліі, амаль без дыхання, з распушчанымі валасамі і з крыкам: “Забралі Госпада!” Яны, пачуўшы гэта, пабеглі на месца пахавання.Але Іаан маладзейшы і прыбег першы, а ўбачыў пусты склеп і не смеў увайсці. Толькі калі было іх ужо трое ля ўваходу, Іаан, які ім гэта сказаў, увайшоў, убачыў на камені саван і плашчаніцу, але цела не было.Тады ахапіў іх страх, бо думалі, што выкралі яго жрацы, і абодва вярнуліся дамоў яшчэ больш заклапочаныя. Потым прыйшлі іншыя вучні і ўзнімалі лямант то ўсе разам, то паасобку, каб іх пачуў Бог-Заступнік.Ен павінен быў выкупіць ізраільцяніна, а гэта быў трэці дзень пасля яго смерці, таму не разумелі, чаму Бацька пакінуў Сына і хацелі б лепш не бачыць святла і памерці, такое цяжкае гэта было бярэмя.Успамін пра гэтыя страшныя хвіліны яшчэ і цяпер выклікаў дзве слязіны з вачэй старога, што было добра бачна пры святле вогнішча, і яны каціліся па сівой барадзе. Старэчая, амаль без валасоў галава яго затрэслася і голас замер у яго грудзях.Вініцый у душы падумаў: “Гэты чалавек кажа праўду і плача па ёй!” А слухачы з простымі сэрцамі таксама плакалі. Ужо не раз яны чулі пра пакуты Хрыста , і ім было вядома, што пасля смутку настане радасць, але паколькі расказваў гэта апостал, які бачыў, то пад уражаннем рыдалі, заламваючы рукі ці білі сябе ў грудзі.Але паступова яны супакоіліся, бо жаданне паслухаць далей перамагло. Стары прыкрыў вочы, нібы хацеў бачыць лепш рэчы далёкія па часе і працягваў.
Калі усчаўся лямант, ізноў убегла Марыя Магдаліна з крыкам, што бачыла Госпада: яна не магла пазнаць яго ад вялікага бляску, думала, што гэта садоўнік, але ён паклікаў: “Марыя!”. Тады яна ўскрыкнула і ўпала яму ў ногі. Ен жа сказаў ёй ісці да вучняў, а потым знік. Але яны, вучні, не верылі, а калі яна плакала ад радасці, адны з яе кпілі, іншыя ж думалі, што яна звар’яцела ад смутку, бо расказвала, што ў склепе бачыла анёлаў, тады яны прыбеглі туды другі раз і ўбачылі пусты склеп.Потым вечарам прыйшоў Клеафас, які хадзіў з іншымі да Эмауса, і вярнуліся хутка, гаворачы , што сапраўды уваскрос Гасподзь.І яны пачалі збірацца ля дзвярэй, замкнутых з-за боязі іудзеяў. І тады Ен паўстаў сярод іх, хаця не рыпнулі дзверы, а калі яны спужаліся, сказаў ім:” Мір вам!”
“І я бачыў Яго, як бачылі ўсе, а Ен быў, як святло і шчасце нашых сэрцаў, бо мы паверылі, што ен уваскрос, і што моры высахнуць, горы абернуцца ў пыл, а Яго слава не знікне”.А праз восем дзен Томаш Дыдымус кранаў пальцамі яго раны і бок Яго, а потым упаў да яго ног і паўтараў “Гасподзь мой і Бог мой!” Ен жа адказаў: “Калі ты мяне ўбачыў, то паверыў. Блаславены ж той, хто мяне не бачыў, а паверыў!” І гэтыя словы мы чулі, і вочы нашы глядзелі на Яго, бо Ен быў сярод нас”. 
Вініцый слухаў, і з ім адбывалася штосьці дзіўнае.Забыўся на хвіліну, дзе ён, пачаў страчваць пачуцце рэальнасці, нарэшце розум.Знаходзіўся нібы між двух агнёў.Не мог паверыць у тое, што гаварыў стары, і адчуваў, што трэба быць сляпым і не давяраць уласнаму розуму, каб дапусціць, што гэты чалавек, які гаварыў: “Я бачыў” – ілгаў. Было штосьці ў яго ўзрушэнні, у яго слязах, ва ўсёй постаці і ў падрабязнасцях, пра якія ўзгадваў, што рабіла немажлівым усялякае прытворства.
Вініцыю здавалася, што яму ўсе гэта сніцца.Але навокал ен бачыў сцішаную грамаду, дым ад ліхтароў далятаў да яго носу, паводдаль гарэлі паходні, а каля каменя стаяў стары чалавек, якому няшмат засталося, з галавой, якая патрэсвалася, які сведчыў, паўтараючы:”Бачыў”. І распавядаў ім усю гісторыю далей аж да Узнясення на неба.Часам адпачываў, бо расказваў вельмі падрабязна, але адчувалася, што кожная найменшая падрабязнасць так збераглася ў яго памяці, нібы высечаная была на камені. Тых, хто яго слухаў, агарнула добраць.Паскідалі каптуры, каб чуць лепш і каб не прапусціць ніводнага слова, якія для іх былі бясцэннымі.Здавалася ім, што нейкая нечалавечая сіла пераносіць іх у Галілею, што могілкі становяцца Тыберыядскім возерам, а на беразе ў ранішнім тумане стаіць Хрыстос, як стаяў у той час, калі Іаан, пазіраючы з чоўна, сказаў:” Гасподзь есць!” – а Петр кінуўся і паплыў, каб хутчэй прыпасці да яго ног.На тварах было захапленне і поўнае забыццё жыцця, і шчасце, і бязмерная любоў.Відавочна было, што ў час доўгага апавядання Пятра некаторыя гэта ўсё бачылі, калі ж ён пачаў расказваць, як у момант Узнясення на неба воблакі пачалі гусціцца пад стопамі Збавіцеля, засланяць Яго і рассейваць на вачах апосталаў, то ўсе твары ўзняліся міжвольна да неба і настала нібы хвіліна чакання, быццам гэтыя людзі спадзяваліся, што ўбачаць яго ці што ён сыйдзе зноў з нябесных палеткаў, каб убачыць як стары Апостал пасе давераных яму авечак і блаславіць яго і статак.
І для гэтых людзей не было ў гэты момант Рыму, не было шалёнага імператара, не было храмаў, багоў, паганцаў, быў толькі Хрыстос, які поўніў зямлю, мора, неба і сусвет.
У аддаленых дварах, параскіданых уздоўж Віа Наментана, заспявалі пеўні, засведчыўшы, што зараз апоўнач.У гэты час Хілон пацягнуў Вініцыя за край плашча і шапнуў:
- Высакародны, там, ля старога, я бачу Урбана, а ля яго нейкую дзяўчыну.Вініцыя ператрэсла як са сну, і ён, павярнуўшыся ў бок, паказаны грэкам, убачыў Лігію.

Раздзел 19 QUO VADIS?

Раздзел XIX

Толькі Вініцый скончыў чытаць, як у бібліятэку ціха ўвайшоў нікім не абвешчаны Хілон, бо слугі мелі загад пускаць яго ў любы час дня і ночы.
-         Няхай боская маці твайго вялікадушнага продка Энея, - прамовіў ён, - будзе да цябе ласкавая настолькі, высакародны, як да мяне быў ласкавы боскі сын Маі.
-         Што гэта азначае? – спытаў Вініцый, падхапіўшыся з-за стала, за якім сядзеў. А Хілон узняў галаву і крыкнуў: “Эўрыка!”
Малады патрыцый усхваляваўся так, што не мог вымавіць доўгі час хоць слова.
-         Ты яе бачыў? – спытаў ён нарэшце.
-         Я бачыў Урса і гаварыў з ім.
-         І ты ведаеш, дзе яны хаваюцца?
-         Не, выскародны, іншы з-за ўласнага самалюбства даў бы ведаць лігійцу, што здагадаўся, хто ён, іншы стараўся б выведаць, дзе ён жыве і атрымаў бы ў дар кулачышчам, пасля чаго ўсе справы зямныя сталі б яму непатрэбныя ці абудзіў бы недавер асілка і, як вынік, для дзяўчыны падшукалі б можа яшчэ ў гэту ноч іншае сховішча. Я не зрабіў гэтага, высакародны.Досыць ведаць, што Урс працуе ў млынара каля Эмпорыя.Млынара клічуць Дэмас, як твайго вызваленца, і досыць гэтага таму, што цяпер кожны з тваіх нявольнікаў, якому ты давяраеш, можа пайсці следам за ім і адшукаць іх сховішча.Я ж цябе толькі запэўніваю, высакародны, што калі Урс тут, то і боская Лігія ў Рыме.І другая навіна: гэтай ноччу амаль напэўна яна будзе на Астрыянуме.
-         На Астрыянуме? Дзе гэта? – перапыніў яго Вініцый, хочучы відавочна зараз жа бегчы на азначанае месца.
-         Гэта стары гіпагеум паміж ВІА СаЛАРЫЯ і Наментанай. Той пантыфлекс максімус хрысціян, аб якім я узгадваў, высакародны, і якога чакалі пазней, ужо прыбыў у Рым і сення ўночы будзе хрысціць і прапаведваць на гэтых могілках. Хрысціяне хаваюцца са сваім вучэннем, бо няма дасюль ніводнага эдыкта, які б яго ахоўваў, народ іх ненавідзіць, таму і мусяць быць асцярожнымі. Сам Урс казаў мне, што ўсе да адной душы збяруцца сення на Астрыянуме, бо кожны хоча бачыць і чуць таго, хто быў першым вучнем Хрыста і каго яны называюць Пасланцом. У іх жанчыны разам з мужчынамі слухаюць вучэнне, з жанчын можа хіба адна Пампонія будзе адсутнай, бо наўрад ці яна змагла б апраўдацца перад Аўлам, які шануе старых багоў, чаму ноччу яна пакідае дом.Лігія ж, о высакародны, якая знаходзіцца пад апекай Урса і старэйшын абшчыны, пойдзе без сумніву з іншымі жанчынамі.
Вініцый, які жыў да гэтага часу нібы ахоплены агнем, якога падтрымлівала толькі надзея, цяпер, калі тая надзея здаецца вось-вось спраўдзіцца, адчуў раптам такую слабасць, якую адчувае чалавек пасля падарожжа побач з мэтай сваіх высілкаў Хілон заўважыў гэта і вырашыў выкарыстаць момант:
-         Брамы сапраўды сцерагуць твае людзі, высакародны, і хрысціяне напэўна аб гэтым ведаюць.Але ім не патрэбны брамы.Тыбр ім таксама не спатрэбіцца, і хаця ад ракі да тых дарог далёка, варта зрабіць кола, каб убачыць Вялікага Апостала.Зрэшты яны могуць мець  тысячы іншых спосабаў трапіць за муры горада і ведаю, што яны іх маюць. На Астрыянуме, высакародны, ты знойдзеш Лігію, а калі б нават, што малаверагодна, яе там не было, будзе Урс, бо ён паабяцаў там забіць Глаўка.Ен сам мне гаварыў, што будзе там і яго заб’е, чуеш, высакародны трыбуне? Вось і пойдзеш услед за імі, даведаешся, дзе жыве Лігія, ці загадаеш яго схапіць сваім людзям як забойцу і, маючы ўжо яго ў руках, атрымаеш прызнанне, дзе ён схаваў Лігію. Я сваё зрабіў. Іншы, о высакародны, сказаў бы, што выпіў з Урсам дзесяць кантараў найдаражэйшага віна і атрымаў таямніцу, іншы сказаў бы, што прайграў яму тысячу сестэрцыяў ці што за дзве тысячы  купіў у яго звестку…Ведаю, што ты вярнуў бы мне гэта здвая, але акрамя гэтага адзін раз у жыцці… я хацеў сказаць, як заўседы ў жыцці, я буду сумленным, бо як казаў вялікадушны Пятроній, усе мае выдаткі і надзеі твая дабрачыннасць перавысіць.
Але Вініцый, які быў воінам і прывык не толькі разважаць аб любым здарэнні, а і дзейнічаць зноў адчуў хвілінную слабасць і сказаў : - Ты не зменіш свайго меркавання аб маёй дабрачыннасці, аднак перш пойдзеш са мной на Астрыянум.
-         Я? На Астрыянум? – пытаў Хілон, які не меў аніякай ахвоты туды ісці. – Я, выскародны трыбуне, абяцаў табе знайсці Лігію, але ніяк яе не выкрадаць.. Падумай сам, што б са мной стала, калі б той лігійскі мядзведзь, разадраўшы Глаўка, пераканаўся б адначасова, што не зусім справядліва яго забіў? Ці не палічыў бы ён мяне ( дарэчы дарэмна) падбухторшчыкам выкананага забойства.Памятай, высакародны, што чым большы хто філосаф, тым яму цяжэй адказаць на дурныя  пытанні прасталюдзінаў, і што ж бы я яму адказаў, калі б ён спытаў мяне, навошта ён абвінаваціў лекара Глаўка? Калі ты аднак лічыш, што я табе маню, то кажу табе: заплаці мне  толькі тады, калі я табе пакажу дом, у якім жыве Лігія, а сёння прадэманструй мне толькі часткова тваю шчодрасць, каб калі і ты, о высакародны, ад чаго няхай усе богі бароняць, трапіў бы ў якое-небудзь здарэнне, то не застаўся б зусім без узнагароды. Твае сэрца не знесла б гэтага ніколі. Вініцый пайшоў да скрыні, што стаяла на мармуровым падножжы і звалася арка, дастаў з яе мяшэчак і кінуў яго Хілону.
-         Гэта  скрупулы, - сказаў ён. – калі Лігія будзе ў маім доме, атрымаеш такі ж, напоўнены залатымі.
-         Юпітэр! – усклікнуў Хілон. Але Вініцый звёў бровы:
-         Тут атрымаеш ежу, пасля чаго можаш адпачыць. Да вечара не рушыш адсюль, а калі ноч настане, будзеш маім спадарожнікам на Астрыянум.
        На твары грэка адбіваліся з хвіліну страх і ваганне, пасля ён супакоіўся і сказаў:
-         Хто ж табе адмовіць, высакародны! Прыймі гэтыя словы за добры знак, як прыняў падобныя вялікі наш герой у храме Амона.Што ж да мяне, дык гэтыя скрупулы (тут ен патрос мяшэчкам) пераважылі усе мае, не кажучы ўжо аб сяброўстве з табой, што для мяне і шчасце, і задавальненне.
Але Вініцый перапыніў яго з нецярплівасцю і пачаў распытваць пра падрабязнасці размовы з Урсам.Адна рэч вынікала ясна: ці месцасховішча Лігіі будзе выкрыта яшчэ сёння ноччу, ці яе можна будзе выкрасці у час вяртання з Астрыянума. І ад гэтай думкі Вініцыя поўніла шалёная радасць.Цяпер, калі ён амаль быў упэўнены, што адшукае Лігію, і гнеў супраць яе і крыўда, якую адчуваў, зніклі.За гэту радасць ён прабачаў ёй усё. Думаў толькі аб ёй, як аб дарагой і жаданай істоце, і было такое ўражанне, нібы пасля доўгага падарожжа яна павінна была вярнуцца.
         Яму было ахвота сазваць нявольнікаў і загадаць ім аздобіць дом гірляндамі. Не было ў гэты момант злосці нават да Урса. Гатовы быў ўсё ўсім прабачыць.Хілон, да якога да гэтага часу, нягледзячы на яго паслугі, адчуваў пэўную непрыязнасць, у першы раз здаўся яму чалавекам цікавым і нават няпростым.Нібы пасвятлела ў яго доме і засвяціліся яго вочы і твар. Пачаў зноў адчуваць сваю маладосць і асалоду ад жыцця.Ранейшая панурасць не ахапіла яго, дзякуй богу, цалкам з той пары, як пакахаў Лігію.Зразумеў гэта толькі цяпер, калі яна магла быць хутка ў яго.Ен прагнуў яе і гэта прага абуджалася ў ім, як вясной абуджаецца зямля, прыгрэтая сонцам, але жаданні яго былі зараз менш сляпыя і дзікія, абольш радасныя і хвалюючыя..Ен адчуваў у сабе бязмежную энергію і быў перакананы, што калі толькі ўбачыць Лігію ўласнымі вачыма, тады ўжо не адбяруць яе ні ўсе хрысціяне свету, ні нават сам імператар.Хілон аднак асмялеў, бачачы Вініцыя радасным і стаў голасам знаўцы даваць парады.Па яго словах, справа яшчэ не была выйгранай і ён павінен быў захоўваць як мага большую асцярожнасць, без якой уся задума магла пайсці на марнае. Заклінаў Вініцыя, каб той не забіраў Лігію проста з Астрыянума.І што яны павінны пайсці туды ў каптурах на галовах, з прыкрытымі тварамі і стаць для назірання за ўсімі прысутнымі ў які-небудзь цёмны куток.Толькі калі яны заўважаць Лігію, то найбольш бяспечна будзе пайсці за ёю паводдаль, прасачыць, у які дом яна ўваходзіць, а заўтра на світанні абкружыць яго вялікай колькасцю нявольнікаў і забраць яе пры дзённым святле. Паколькі яна заложніца і належыць самому імператару, то можна зрабіць гэта не баючыся закону. У выпадку, калі б мы не знайшлі яе на Астрыянуме, пайшлі б за Урсам, і вынік быў бы той самы. На могілкі з вялікай колькасцю люду ісці нельга, бо так лёгка звярнулі б на сябе ўвагу, і ў гэты час хрысціянам хапіла б толькі згасіць святло, як зрабілі гэта ў час першага забрання Лігіі і рассеяцца ў цемені ці паўкрывацца па сховішчах, толькі ім адным вядомым.Таму трэба і ўзброіцца, а яшчэ лепш узяць з сабою пару моцных людзей, каб у выпадку чаго можна было бараніцца.Вініцый цалкам прызнаваў слушнасць яго парад, а ўзгадаўшы яшчэ і парады Пятронія, аддаў загад нявольнікам, каб прывялі да яго Кратона.Хілон, які ведаў усіх у Рыме, значна супакоіўся, чуючы імя вядомага атлета, нечалавечая сіла якога нееаднойчы была пацверджана на арэне і паведаміў, што пойдзе на Астрыянум. Мяшок, напоўнены вялікім залатымі манетамі здаваўся яму нашмат лягчэйшым да атрымання з дапамогаю Кратона. Таму сеў з добрымі думкамі за стол, да якога пазваў яго галоўны па атрыю і ў час сілкавання расказваў нявольнікам, як прынёс іх гаспадару цудадзейную мазь, якой досыць намазаць капыты коням, каб яны пакінулі далёка за сабой усіх астатніх коней. Навучыў яго карыстацца гэтай маззю адзін хрысціянін, бо старэйшыя хрысціяне нашмат больш разумеюць у чарах і цудах, чым наавт тэсальцы, хаця іх краіна вядомая ўсяму свету сваімі чараўнікамі.Хрысціяне яму вельмі давяраюць, таму ў яго яна і ёсць, але здагадацца лёгка кожнаму, хто ведае, што азначае знак рыбы.Так кажучы, ён прыглядаўся да твараў нявольнікаў з надзеяй, што можа выкрые сярод іх хрысціяніна і данясе аб гэтым Вініцыю.Калі ж надзея знікла, ён пачаў есці і піць не шкадуючы ўхвал кухару і запэўніваючы, што пастараецца выкупіць яго ў Вініцыя.
         Яго весялосці адно перашкаджала думка, што ноччу трэба будзе ісці на Астрыянум, аднак суцяшаў сябе тым, што будзе пераапрануты, у цемнаце і разам з двума людзьмі, адзін з якіх вядомы ўсяму Рыму як асілак, а другі – патрыцый і высокі вайсковы чын. Калі Вініцыя і выкрыюць, - казаў ён сам сабе, то не асмеляцца ўзняць на яго руку, што ж да мяне, то будуць разумныя, калі ўбачаць хоць дзюбку майго носа”.
         Пасля чаго ён пачаў узгадваць размову з Урсам, і ўспамін гэты зноў напоўніў яго адвагай. Ен нават не сумняваўся, што гэта і быў Урс.Ведаў з расповедаў Вініцыя і тых, хто суправаджаў Лігію з палацу імператара пра незвычайную моц гэтага чалавека.паколькі ў Эўрыцыя ён распытваў пра людзей выключна моцных, то нічога дзіўнага не было ў тым, што яму падказалі Урса.Ды і замяшанне і абурэнне работніка ад напамінку пра Вініцыя і Лігію не дазвалялі сумнявацца, што гэтыя асобы яму пэўна вядомы, і ён таксама ўзгадваў яшчэ пра пакуту за забойства чалавека, і Урс забіў Атацына, нарэшце апісанне яго адпавядае цалкам таму, што Вініцый расказваў аб лігійцу. Адно толькі змененае імя магло нараджаць сумнені, але Хілон ужо ведаў, што хрысціяне часта пры хрышчэнні бяруць новыя імены.
Калі Урс заб’е Глаўка, - казаў сабе Хілон,- то будзе яшчэ лепш, а калі не – то таксама нядрэнна, бо гэта будзе добры знак, які дэманструе, што хрысціяніну цяжка забіць чалавека.Я прадставіў гэтага Глаўка як роднага сына Іуды і здрадніка ўсім хрысціянам.Я быў такі красамоўны, што камень бы ўзрушыўся і паабяцаў бы ўпасці на галаву Глаўку.І ўсе ж я схіліў гэтага лігійскага мядзведзя, каб ён паабяцаў прыкласці да лекара сваю ручышчу.Ен вагаўся, не хацеў, расказваў аб сваей жальбе і пакуце.Відавочна, сярод іх гэта не прынята. Крыўды трэба прабачаць, нельга помсціць, значыць, падумай, Хілоне, што табе можа пагражаць? Глаўк не можа табе помсціць… Урс, калі не заб’е Глаўка за такую вялікую крыўду, як здрада ўсім хрысціянам, то тым больш не заб’е цябе за такую малую, як здрада аднаму хрысціяніну. Зрэшты, калі я ўсё ж пакажу гэтаму палаючаму страсцю маладзену гняздо той горліцы, то магу ўжо спакойна скласці рукі і пераехаць назад у Неапаліс.Хрысціяне кажуць таксама аб нейкім умыванні рук, гэта відавочна спосаб, з дапамогай якога, калі маеш справу з імі, можна яе цалкам закончыць.Якія ж добрыя людзі гэтыя хрысціяне, а так дрэнна пра іх кажуць! О, богі! Такая вось справядлівасць на свеце.Аднак я люблю гэта вучэнне за тое, што не дазваляе забіваць. Але калі не дазваляе забіваць, то пэўна што не  дазваляе  ні красці, ні ашукваць, ні сведчыць фальшыва, а таму не скажу, каб было лёгкім.Вучыць яно відавочна не толькі з годнасцю паміраць, як вучаць і стоікі, але і годна жыць.Калі я буду-ткі багатым і ў мяне будзе такі дом, як гэты, і столькі нявольнікаў, то можа і стану хрысціянінам настолькі, наколькі гэта мне будзе на руку. Бо багаты можа сабе ўсё дазволіць, нават дабрачыннасць.Так! Гэта рэлігія для багатых, і таму я не разумею, як сярод іх столькі бедных. Што ім ад гэтага прыбудзе, і чаму дазваляюць дабрачыннасці звязваць сабе рукі? Павінен буду калі-небудзь над гэтым падумаць. Тымчасам хвала табе, Гермес, што ты дапамог знайсці мне гэтага барсука…Але калі зрабіў гэта за дзвюх цёлачак, белых аднагодачак з вызалачанымі рагамі, то я цябе не пазнаю. Табе не сорамна, Аргазабойца? Ты ж разумны бог, каб не прадбачыць наперад, што нічога не атрымаеш.Прыношу табе за гэта сваю падзяку, а калі хочаш замест яе двух цялкоў, тады ты сам трэці з іх і ў лепшым выпадку павінен быць пастухом, а не богам. Сцеражыся таксама, каб я як філосаф не давеў да людскога вуха, што няма цябе, бо тады ўсе перасталі б прыносіць табе ахвяры.З філосафамі трэба лепш жыць у згодзе.”
Так размаўляючы сам з сабой і з Гермесам, высцягнуўся на лаве, падклаўшы плашч пад галаву, і калі нявольнікі прыбралі посуд, заснуў. Абудзіўся толькі, ці хутчэй прабудзілі яго, калі прыйшоў Кратон.Тады ен падаўся у атрый і з прыемнасцю пачаў аглядаць моцную фігуру атлета, былога гладыятара, якая сваей велічынёй здавалася запаўняла ўвесь атрый. Кратон ужо было дамовіўся пра кошт начнога паходу і казаў у гэты час Вініцыю:
-         Клянуся Геркулесам! Добра, высакародны, што ты звярнуўся да мяне сёння, бо заўтра я падамся ў Беневент, куды паклікаў мяне вядомы табе Ватыній, каб там для ўцехі цэзара спаборнічаць з нейкім Сыфаксам, самым моцным афрыканцам, якога калі-небудзь ведала Афрыка. Ці можаш уявіць сабе, высакародны, як яго хрыбет затрашчыць у маіх руках, але акрамя гэтага, я звярну кулаком яго чэлюсць.
-         Клянуся Палуксам! – адказаў Вініцый.- я ўпэўнены, што так і будзе, Кратоне!
-         І добра зробіш, дадаў Хілон, - Так. Акрамя ўсяго, звярні яму чэлюсць.Гэта добры намер і годны цябе ўчынак. Я гатовы заручыцца, што ты звернеш яму чэлюсць.Але натрыся аліўкавым алеем, мой Геркулес, і падпаяшыся,бо ведай, што з сапраўдным Какусам можаш мець справу. Чалавек, які сцеражэ гэту дзяўчыну, якая патрэбна шаноўнаму Вініцыю, валодае напэўна выключнай сілай. Так Хілон казаў толькі, каб закрануць амбіцыі Кратона, але Вініцый прамовіў:
-         - Так, я не бачыў яго, але мне казалі, што схапіўшы быка за рогі, можа зацягнуць яго, куды захоча.
-         Вой! – усклікнуў Хілон, які не ўяўляў сабе, каб Урс быў такі моцны.
Але Кратон з пагардай усміхнуўся.
-         Абяцаю, годны трыбун, сказаў ён, - забраць вось гэтай рукой, каго ты загадаеш, а той другой абараніцца ад сямі такіх лігійцаў і прынесці дзяўчыну табе дадому, хоць бы ўсе хрысціяне Рыму гналіся за мной, як калабрыйскія ваўкі.Калі гэта  не адбудзецца, то дазволю адлупцаваць сябе батагамі на гэтым вось імплювіі.
-         Не дазваляй яму гэтага, высакародны, - закрычаў Хілон.- пачнуць кідаць па нас каменнем, а тады чым дапаможа нам яго моц? Ці не лепш забраць дзяўчыну з дому і не ствараць ні ёй ні сабе небяспекі.
-         Так павінна быць, Кратон, - сказаў Вініцый.
-         Твае грошы – твая воля.Толькі памятай, што заўтра, годны трыбуне, я еду ў Беневент.
-         У мяне пяцьсот нявольнікаў у самім горадзе – адказаў Вініцый. Пасля чаго даў ім знак, што яны пакуль вольныя, сам жа падаўся ў бібліятэку і, сеўшы там за стол, напісаў Пятронію наступнае:

        “ Хілон знайшоў Лігію.Сення вечарам я іду з ім і з Кратонам на Астрыянум і забяру яе адразу адтуль ці заўтра з дому.Няхай богі адораць цябе рознымі дабротамі.Будзь здаровы, карысіме, бо радасць не дазваляе мне пісаць больш”.
 І адклаў трысняговую палачку, пасля чаго пачаў хадзіць хуткім крокам, бо апроч радасці, якая поўніла яго душу, апаноўвала яго сапраўдная ліхаманка. Ен казаў сабе, што заўтра Лігія будзе ў гэтым доме. Не ведаў, як з ёй абыйдзецца, але адчуваў, што калі яна будзе згодная яго пакахаць, то ён стане яе служкай. Успамінаў запэўненні Акты ў тым, што ён - ужо каханы Лігіі, і хваляваўся ад гэтага да глыбіні душы. Справа будзе толькі ў пераадоленні яе пэўнага дзявочага сораму і пэўных правілаў, якія хрысціянскае вучэнне прапаведуе.А калі так, то як Лігія будзе аднойчы у яго доме і паддасца  на ўгаворы ці нават сіле, то тады ён зможа сказаць: “Адбылося!” і потым яна ўжо будзе спакойна кахаць.
Але ўвайшоў Хілон і перапыніў бег гэтых прыемных думак:
-         Шаноўны, - сказаў грэк, - вось што яшчэ прыйшло мне на думку.А калі ў хрысціян ёсць якія-небудзь знакі, без якіх нікога не дапускаюць на Астрыянум? Я ведаю, што ў дамах малітвы так бывае і што такі пропуск я атрымліваў ад Эўрыцыя; дазволь мне пайсці да яго, высакародны, і распытаць дакладна ці адразу набыць тыя знакі, калі яны будуць абавязковыя.
-         Добра, годны мудрэц, - адказаў весела Вініцый – Ты гаворыш, як прадбачлівы чалавек, і я цябе хвалю за гэта. Пойдзеш да Эўрыцыя ці куды захочаш, але для пэўнасці пакінеш на гэтым вось стале тую торбачку, якую атрымаў.Хілон, які заўсёды без ахвоты развітваўся з грашыма, скрывіўся, аднак выканаў загад і выйшаў З Карын да цырку, ля якога была лаўка Эўрыцыя, не было вельмі далёка, таму вярнуўся яшчэ надвячоркам.
-         Вось знакі, высакародны. Без іх нас бы не пусцілі.Распытаў таксама добра і пра дарогу, і сказаў да таго ж Эўрыцыю, што мне патрэбны знакі толькі для маіх таварышаў, сам жа я не пайду, бо гэта для мяне, старога, далёка, і нарэшце, што заўтра ўбачу вялікага Апостала, які мне паўторыць найлепшыя месцы са сваёй прамовы.
-         Як гэта – не пойдзеш? Мусіш ісці!- сказаў пагрозліва Вініцый.
-         Ведаю, што мушу, але пайду добра ўкрыты і вам раю зрабіць тое ж, бо інакш мы можам спужаць птушку.

-         Неўзабаве пачалі збірацца, бо станавілася цёмна.Узялі гальскія плашчы з каптурамі, узялі ліхтары.Вініцый узброіў сябе і спадарожнікаў кароткімі закрыўленымі нажамі.Хілон жа надзеў парык, які набыў па дарозе ад Эўрыцыя, і яны выйшлі, спяшаючыся, каб да далёкай брамы Наментанскай дайсці да яе закрыцця.

Раздзел 18 QUO VADIS?

Раздзел XVIII

Пятроній да Вініцыя:
“Дрэнна з табой, carissime! Відаць, Венера зблытала твае думкі, забрала розум, памяць і ўвогуле дар развагі пра ўсё, акрамя кахання.Перачытай калі-небудзь тое, што ты адказаў мне на мой ліст, і даведаешся тады, наколькі твой розум стаў абыякавы да ўсяго, што не ёсць Лігіяй, наколькі ёй ён толькі і заняты, да яе бясконца вяртаецца і кружляе над ёй, нібы ястраб над заўважанай ахвярай. Клянуся Палуксам! Знайдзі ж ты яе хутчэй! Інакш калі яшчэ агонь цябе не пераўтворыць у попел, зробішся егіпецкім сфінксам, які, закахаўшыся, як расказваюць, у светлую Ізіду, стаў глухі да ўсяго, абыякавы і чакае толькі ночы, каб углядацца ў каханую каменнымі вачыма.
         Аббягай сабе горад вечарамі пераапранутым, часцей заходзь з тваім філосафам у хрысціянскія дамы малітваў.Усё, што абуджае надзею і забірае час – годнае ўхвалення.Але дзеля маёй да цябе прыхільнасці зрабі адну рэч: гэты Урс, нявольнік Лігіі, хутчэй за ўсё чалавек надзвычайнай сілы, таму наймі да сябе Кратона і выходзьце ўтрох.Так будзе больш бяспечна і разумна.Хрысціяне, а паколькі да іх належаць Пампонія Грэцына і Лігія, відаць не такія ўжо злачынцы, якімі іх паўсюдна лічаць, аднак калі яны адбівалі Лігію, то даказалі, што як справа тычыцца авечкі з іх статку, то тут ужо не да жартаў.Калі ўбачыш Лігію, ведаю, што не здолееш стрымацца і захочаш яе забраць у той жа момант, а як ты гэта з адным Хіланідам зробіш? А Крота ўправіцца, хоць бы яе дзесяць такіх лігійцаў, як Урс, абараняла.Не дай сябе абабраць  Хілону, а на Кратона грошай не шкадуй. З усіх парад, якія я магу даслаць табе, гэта самая лепшая.
         Тут ужо не гавораць пра малую Аўгусту і пра тое, што памерла яна нібы ад чараў. Часам узгадвае аб ёй Папея, але думкі цэзара занятыя іншым; Зрэшты, калі праўда, што дзіва Аўгуста зноў цяжарная, то і ў яе успаміны пра тое дзіця знікнуць бясследна.Мы ўжо некалькі дзён у Неапалісе, а хутчэй у Баях. Калі б ты быў здольны думаць пра што-небудзь іншае, то рэха нашага побыту тут павінна было б гучаць у тваіх вушах, бо ўвесь Рым не гаворыць ні аб чым іншым. Заехалі проста ў Баі, дзе спачатку нас апанавалі успаміны аб маці і згрызоты сумлення.Але ці ведаеш да чаго Вогнебароды дайшоў? Нават забойства маці  для яго толькі тэма для вершаў і прычына да ўдзелу ў блазна-трагічных сцэнах.Ен адчуваў раней сапраўдныя згрызоты толькі таму, што баязлівец.Цяпер жа, калі пераканаўся, што свет такі, як быў раней, ля яго ног, і ніводзін бог не адпомсціў яму, дэманструе іх толькі для таго, каб узрушыць людзей сваім лёсам.Часам падхопліваецца па начах, сцвярджаючы, што яго даганяюць фурыі, будзіць нас, азіраецца навокал, прыймае позу камедыянта, які іграе ролю Арэста, ды і то , дрэннага камедыянта, дэкламуе грэцкія вершы і назірае, ці мы на яго глядзім.І мы, канечне, глядзім! І замест таго, каб сказаць яму Ідзі ты спаць, блазан, - настройваемся таксама на лад трагедыі і баронім вялікага артыста ад Фурый. Клянуся Кастарам! Павінна было да цябе дайсці хаця б тое, што ён выступіў ужо публічна ў Неапалісе. Склікалі ўсіх грэцкіх просталюдзінаў з гэтага горада і яго ваколіц, якія напоўнілі арэну непрыемнымі пахамі часныку і поту, і я дзякаваў багам, што замест месца ў першых радах сярод аўгустыянаў, я быў з Вогнебародым за сцэнай.І ці дасі веры, што ён  баяўся.Ен баяўся сапраўды. Браў маю руку і прыкладаў да свайго сэрца, якое білася прыспешана.І дыхаў хутка, а калі трэба было выходзіць, збялеў як пергамент, і лоб яго пакрылі кроплі поту.Хаця я і ведаў, што ва ўсіх радах сядзяць гатовыя прэтарыянцы, узброеныя кіямі, якімі ў выпадку патрэбы павінны былі падтрымліваць запал гледачоў.Але патрэбы не было.Ніводная стая малпаў з ваколіц Карфагена не зможа так выць, як выла гэта галота.І я кажу табе, што пах часныку дасягаў аж да сцэны.Нярон кланяўся, прыціскаў рукі да сэрца, пасылаў паветраныя пацалункі і плакаў.Потым забег да нас, што былі за сцэнай з крыкам: Чым ёсць усе трыумфы у параўнанні з гэтым маім? А галота працягвала выць і пляскаць у далоні, ведаючы, што выплешча сабе ласку, дары, піраванні, латэрэйныя білеты і новае відовішча з блазнам-імператарам.Я з іх не дзіўлюся, што пляскалі, бо гэткага дасюль яшчэ не бачылі.Ен жа паўтараў штохвіліну: “Вось што значыць грэкі!” І здаецца мне, што з той хвіліны яго ненавісць да Рыма ўзрасла яшчэ больш.У Рым былі дасланы спецыяльныя ганцы з паведамленнем пра трыумф.І мы спадзяемся ў гэтыя дні на прынясенне падзякі сенатам.Адразу пасля першага выступлення Нярона адбыўся тут дзіўны выпадак.Тэатр рухнуў раптам, але ў той час,  як людзі павыходзілі, я быў на месцы здарэння і не бачыў, каб знайшлі хоць адзін труп пад абломкамі.Шмат, нават сярод грэкаў, расцэньваюць гэта, як гнеў багоў за нявер’е ва ўладу імператара, але ён , наадварот сцвярджае, што гэта ласка багоў, якія відавочна апякаюць і ягоны спеў і тых, хто яго слухае.Адсюль і ахвяры па ўсіх храмах і вялікая падзяка, для яго ж гэта новая прычына для падарожжа ў Ахаю.Некалькі дзён таму  ён казаў мне, што пабойваецца, што на гэта скажа  народ Рыма, і ці не абурыцца, не так з прыязнасці да яго, як з выпадку раздачы збожжа і відовішчаў, што магло б іх абмінуць пры далейшай адсутнасці імператара.
         Аднак жа мы едзем у Беневент аглядаць раскошу шавецкую, якой пахваліцца Ватыній, а адтуль пад апекай боскіх братоў Алены, у Грэцыю.Што да мяне, то я заўважыў адну такую рэч: калі ен знаходзіцца сярод шалёных, то становіцца шалёным таксама, і больш таго, знаходзіць сабе пэўнае задавальненне ў тых шаленствах.Грэцыя і вандроўка з тысяччу кіфар як трыўмфальнае шэсце Вакха між увенчаных міртавай зелянінай, лістамі вінаграду ў карагодзе  німфаў і вакханак, вазы, запрэжаныя тыграмі, кветкі, тырсы, вянцы, вокрыкі еvoe! Музыка, паэзія і воплескі ўсёй Элады, - усё гэта добра, але ў нас тут ёсць яшчэ больш смелыя задумы.
         ЕН хоча нам стваыць нейкую ўсходнюю казачную імперыю; улада пальмаў, сонца, паэзіі і пераўтворанай у сон рэчаіснасці і пераўтваронага ў адзіную асалоду жыцця.Хоча, каб мы забыліся на Рым, а цэнтр свету хоча размясціць дзесьці паміж Грэцыяй , Азіяй і Егіптам, ды каб мы жылі не жыццём людзей, але багоў, хоча не ведаць штодзённасці, блукаць на залатых галерах пад ценем пунсовых ветразяў па Архіпелагу, быць Апалонам, Асірысам, Ваалам у адной асобе, ружавець з зарой, залаціцца з сонцам, серабрыцца з месяцам, панаваць, спяваць, сніць сны… І ці паверыш, што я, у каго яшчэ хапае розуму на сестэрцый і на столькі ж развагі, паддаюся гэтым фантазіям, і толькі таму што калі яны і неверагодныя, то хаця б велічныя і незвычайныя… Такая казачная імперыя была б чымсьці, што калі-небудзь потым, праз шмат вякоў, падалося б людзям сном.А паколькі Венера не можа стаць такой, як Лігія, ці хаця б такой, як нявольніца Эўніка, і паколькі не прыаздабляе яго мастацтва, то жыццё само - бяссэнсіца і часта прымае твар малпы.Але Меднабародаму не ажыццявіць сваіх задумаў хаця б таму, што ў гэтым казачным каралеўстве паэзіі і Ўсходу не павінна быць месца для здрады, подласці, смярцей, а ў ім пад выглядам паэта сядзіць дрэнны камедыянт, дурнаваты фурман і тупы тыран. Бо ў той жа час мы душым людзей, калі яны нам хоць як перашкаджаюць.Бедны Таркватус Сіланус ужо цень. Ускрыў сабе жылы некалькі дзён таму. Ленаній і Ліцыній са страхам прымаюць консульства, стрый Тразея не абміне смерці, бо смее ведаць як шанаваць. Тыгелін да гэтай пары не можа здабыць для мяне загад, каб і я ўжо ускрыў сабе жылы.Але я яшчэ патрэбны не толькі як арбітр элегантарыум, а як чалавек, без парад і густу якога падарожжа ў Ахаю магло б і не атрымацца.Неаднойчы думаю, што раней ці пазней усе гэта скончыцца, але ведаеш, чым я цяпер заклапочаны: тым, каб Меднабародаму не дасталася тая мая мірэнская чара, якую ты ведаеш і бачыў.Калі ў хвіліну маёй смерці ты будзеш пры мне, тоя табе яе аддам, а калі будзеш далёка, то разаб’ю яе.Але на гэты момант у нас наперадзе яшчэ шавецкі Беневент, алімпійская Грэцыя і Фатум, якая нябачна і непрадказальна пракладвае дарогу кожнаму. Будзь жа здаровы і наймі Кратона, бо другі раз адбяруць у цябе Лігію.Хіланіда, калі ён перастане быць табе патрэбны, прышлі да мяне, дзе б я ні знаходзіўся. Можа зраблю з яго другога Ватынія і можа консулы і сенатары яшчэ будуць дрыжэць перад ім, як дрыжаць перад тым воінам Дратэўкам.Варта было б дачакацца такога відовішча.Калі адшукеш Лігію, то дай мне ведаць, каб я ахвяраваў за вас пару лебедзяў і пару галубоў у тутэйшым акруглым храме Венеры. Я некалі бачыў ува сне Лігію у цябе на каленах, яна шукала тваіх пацалункаў.Пастарайся, каб гэта быў урочы сон. Няхай на небе тваім не будзе хмараў, а калі і будуць, то няхай у іх будзе пах і колер ружаў.Бывай здаровы і пакуль!

         

Раздзел 17 QUO VADIS?

Раздзел XVII
Хілону сапраўды важна было знішчыць Глаўка, які хаця і быў ва ўзросце, але не быў нямоглым старым. У тым, пра што Хілон распавядаў Вініцыю, была большая частка праўды. Ен ведаў у свой час Глаўка, здрадзіў яму, прадаў рабаўнікам, пазбавіў сям’і, скарбу і аддаў на забойства. Аднак не вельмі хацеў аб гэтым памятаць, бо пакінуў яго  паміраць не ў гасподзе, а ў полі пад Мінтурнай, і не прадбачыў адной толькі рэчы, што Глаўк вылечыцца і прыбудзе ў Рым.  Таму і калі ўбачыў яго ў доме малітваў, спужаўся і ў першы момант хацеў сапраўды адмовіцца ад пошукаў Лігіі. Але з іншага боку Вініцый напужаў яго яшчэ больш. Хілон зразумеў, што павінен абраць ці забойства Глаўка, ці пагоню і помсту моцнага патрыцыя, якому на дапамогу пэўна прыйшоў бы іншы, яшчэ мацнейшы, Пятроній. Зыходзячы з апошняга, Хілон перастаў вагацца. Ен вырашыў, што лепш мець ворагаў малых, а не вялікіх, і хаця яго баязлівая існасць і дрыжэла крыху ад крывавых распраў, усе ж ён абавязковым абраў забіць Глаўка з дапамогай чужых рук.  Цяпер справа была толькі падабраць людзей, і да іх адносіўся яго намер, аб якім ён казаў Вініцыю. Бавячы ночы найчасцей ў вінных лаўках, пры гэтым начуючы там з людзьмі бяздомнымі, без годнасці і веры, лёгка мог знайсці такіх, якія б не цураліся любой работы, але яшчэ лягчэй было знайсці такіх, якія б забралі ў яго грошы і пачалі б забойства з яго самога ці ўзяўшы задатак,  прымусілі б аддаць ім ўсю суму пад страхам аддання яго ў рукі закону.
Зрэшты ад пэўнага часу Хілон адчуваў агіду да галоты, да брыдкіх і разам з тым страшных асоб, якія месціліся ў падазроных дамах на Субуры ці на Затыбру. Вымяраючы ўсё на ўласную мерку і не даведаўшыся цалкам пра хрысціян ні пра іх вучэнне, ён лічыў, што і сярод іх знойдзе спакойна патрэбных яму, якія здаваліся яму больш рашучымі, чым іншыя, і вырашыў падацца да іх і прадставіць справу так , каб заняліся ёю не толькі з-за грошай, але і з-за перакананняў.
З гэтай мэтай ён пайшоў вечарам да Эўрыцыя, аб якім ведаў, што той адданы яму ўсёй душой і зробіць усё, каб дапамагчы свайму выратавальніку. Аднак ён быў асцярожлівы і не думаў даверыць яму свае сапраўдныя намеры, якія, зразумела, сталі б падрываць веру старога ў Хілонавы цноту і багабоязь. Яму былі патрэбныя людзі гатовыя на ўсе, а ўжо з імі скласці план так, каб дзеля саміх сябе яны захавалі ўсё навечна ў таямніцы.
Стары Эўрыцый, калі выкупіў сына, то наняў адну з такіх маленькіх крамаў, якіх было мноства ля Цырку Максімусу, каб прадаваць у ёй аліўкі, боб, праснакі і ваду з мёдам гледачам, якія прыбываюць на гонкі. Хілон застаў яго ў доме, калі стары парадчыў у краме, і павітаўшыся  імем Хрыста, стаў расказваць пра справу, якая яго сюды прывяла. Бо зрабіўшы ім паслугу, лічыў, што яму адплоцяць удзячнасцю. Яму патрэбна моцных два-тры чалавекі , якія б былі смелыя каб прадухіліць небяспеку, што пагражае не толькі яму, але і ўсім хрысціянам. Праўда, ён бедны, бо амаль усё, што меў, аддаў Эўрыцыю, аднак такім людзям ён заплаціў бы за іх паслугі з умовай, каб яму давяралі і выканалі тое, што ён ім загадае.
Эўрыцый і яго сын Кварт слухалі яго, як свайго дабрадзея, амаль што не ўкленчыўшы. Абодва запэўнілі таксама, што і самі гатовы выканаць усё, чаго ён ад іх пажадае, верачы, што такі святы чалавек не можа жадаць учынкаў, якія пярэчаць вучэнню Хрыста.
Хілон запэўніў іх, што так і ёсць, і ўзвёўшы вочы, здавалася, маліўся, а на самай справе думаў, ці не будзе лепш прыняць гэту іх ахвяру і такім чынам зберагчы яму тысячу сестэрцый. Але праз хвіліну адхіліў гэта рашэнне. Эўрыцый быў стары, можа не столькі сагнуты узростам, колькі схуднелы ад клопатаў і хваробаў. Кварту ж было гадоў шаснаццаць. , а Хілону патрэбныя былі людзі спраўныя і моцныя перш за ўсё. Што ж да тысячы сестэрцый, то ён спадзяваўся, што дзякуючы плану, якога трымаўся, ён у любым выпадку патрапіць значную частку іх зберагчы.
Яны яшчэ пэўны час упрошвалі яго, але калі ён усе растлумачыў, пагадзіліся з ім. І Кварт сказаў:
-         Я ведаю пекара Дэмаса, пане, у якога з жорнамі працуюць нявольнікі і найміты. Адзін з гэтых наймітаў такі моцны, што замяніў бы не тое што двух, а чатырох, бо сам Кварт бачыў, як ён паднімаў камяні, якія чацвёра не маглі скрануць з месца.
-         Калі гэта чалавек, што шануе бога і здольны прысвяціць сябе братам, то пазнаёміш мяне з ім – адказаў Хілон.
-         Ен хрысціянін, пане, - адказаў Кварт, бо ў Дэмаса працуюць у большасці сваёй хрысціяне. Там есць рабочыя дзённыя і начныя, гэты ж працуе ноччу. Калі б мы зараз пайшлі, то паспелі б якраз да вячэры, і ты змог бы з ім свабодна пагутарыць.  Дэмас жыве каля Эмпорыума.
Хілон згадзіўся з ахвотай.  Эмпорыум знаходзіўся ля падножжа Авентынскага ўзгорка, таму недалёка ад Вялікага Цырку. Можна было не абыходзячы ўзгоркаў падацца уздоўж ракі, праз Портык Эмілія, што яшчэ значна скарачала шлях.
-         Я стары, - сказаў Хілон, калі яны ўвайшлі пад каланаду,  - і часам у мяне праблемы з памяццю. Так! Вось і нашага Хрыста прадаў адзін з яго вучняў. Але імя хрыстапрадаўцы я не магу ўспомніць у гэты момант.
-         Іуда, пане, які павесіўся! – адказаў Кварт, крыху здзіўлены, як гэта імя можна было не памятаць.
-         А, так, так, Іуда.  Дзякуй, Кварт,- прамовіў Хілон. І пэўны час яны ішлі моўчкі.  Дайшоўшы да Эмпорыума, які быў ужо зачынены, прамінулі яго і абыйшлі зернясховішчы, дзе людзям выдавалі збожжа, павярнулі налева, да дамоў, якія месціліся уздоўж  Віа Астыензіс, аж да ўзгорка Тэстацыус і Форум Пісторыум.  Там яны затрымаліся перад драўляным будынкам, адкуль даносіўся гук жорнаў. Кварт увайшоў, Хілон жа, які не любіў паказвацца вялікай колькасці людзей і працяглы ўжо час баяўся, што той самы фатум можа яго сутыкнуць з лекарам Глаўкам, застаўся звонку.
“Цікава, што ж гэта за Геркулес, які служыць у млынара, думаў Хілон, паглядаючы на яркі месяц, - калі гэта прайдзісвет ды разумны чалавек, то гэта будзе мне каштаваць крыху больш, чым калі ён цнатлівы і дурны хрысціянін і зробіць задарма усё, што я захачу”.  Далей яго думкі перапыніў Кварт, які вярнуўся. Ен выйшаў з будынку з іншым чалавекам, апранутым толькі ў туніку, так званую экзоміс, скроеную так, што правае плячо і грудзі з правага боку заставаліся аголеныя.  Такое адзенне, што пакідае поўную свабоду рухаў, апраналі часцей рабочыя. Хілон, зірнуўшы на асілка, задаволена ўздыхнуў , бо ў жыцці не бачыў дасюль такіх плечукоў і торсу.
-         Вось ён, пане, - сказаў Кварт, - брат, якога ты хацеў бачыць.
-         Няхай мір Хрыста  будзе з табой, - азваўся Хілон, ты ж, Кварце, скажы гэтаму брату, ці заслугоўваю я давер, а потым вяртайся у імя Бога; бо не трэба, каб ты свайго сівога бацьку пакідаў у самоце.
-         Гэта святы чалавек, сказаў Кварт, - які аддаў увесь скарб, каб мяне, незнаёмага, выкупіць з няволі.  Няхай Бог наш, Збавіцель, падрыхтуе яму за гэта нябесную ўзнагароду.
 Магутны работнік пачуўшы  гэта, нахіліўся і пацалаваў руку Хілона.
-         Як цябе клічуць, брат? – спытаў грэк.
-         Пры хрышчэнні святым дадзена мне, ойча, імя Урбан.
-         Урбане, браце мой, ці ёсць у цябе час, каб пагаварыць са мной свабодна?
-         Праца наша пачынаецца апоўначы, а цяпер толькі вячэру нам гатуюць.
-         Значыць, часу ў нас дастаткова – дык хадзем да ракі, а там ты і паслухаеш словы мае.
Яны пайшлі і селі на камяністым беразе ў цішыні, якую парушалі толькі аддалены гук жорнаў і булькатанне ракі, што плыла ўнізе. Там Хілон прыгледзеўся да твару працаўніка, які нягледзячы на крыху суровы і сумны выраз, які мелі звычайна твары варвараў, што жылі ў Рыме, падаўся яму усё ж добрым і шчырым.
“ Так і ёсць! – вырашыў ён у душы. – Гэта чалавек добры і неразумны, які задарма заб’е Глаўка.” Потым ён спытаў:
-         Урбан, ты любіш Хрыста?
-         Люблю  усёй душой і сэрцам, - адказаў працаўнік.
-         А братоў тваіх? А сясцёр, а тых, якія навучылі цябе праўдзе і веры Хрыстовай?
-         Іх таксама люблю, ойча.
-         Тады няхай мір будзе з табою.
-         І з табою, ойча.
Зноў настала ціша – толькі дзесьці гучалі жорны ды ўнізе булькатала рака. Хілон ўгледзеўся ў светлае месяцовае ззянне і спакойным, сумным голасам пачаў распавядаць аб смерці Хрыста. Гаварыў нібыта і не Урбану, а самому сабе узгадваў  пра тую смерць і яе таямніцу давяраў  гэтаму гораду, які спаў.Было ў гэтым штосьці ўзрушаючае і разам з тым ўрачыстае. Урбан плакаў, а калі Хілон пачаў прычытваць і шкадаваць, што ў хвіліну смерці Збавіцеля не было нікога, хто б яго абараніў калі не ад раскрыжавання, то хаця б ад зняваг салдат і іудзеяў, тады магутныя грудзі варвара пачалі сціскацца ад жалю і гневу. Смерць яго толькі ўзрушала, а вось ад думкі пра той натоўп, што здзекваўся з прыбітага да крыжа Агнца, простая яго душа абуралася і ахапляла яго дзікае жаданне адпомсціць.
А Хілон раптам спытаў:
- Урбане, ці ведаеш ты, хто такі Іуда?
- Ведаю, ведаю! Але ж ён павесіўся! – усклікнуў працаўнік.
І ў голасе яго быў нібыта жаль, што здрайца сам сабе ўжо вымяраў кару і што не можа трапіць да яго ў рукі.
А хілон працягваў:
- А калі б ён не павесіўся і калі б які хрысціянін спаткаў яго на зямлі ці на моры, то ці не павінен быў бы ён адпомсціць за пакуту, кроў і смерць Збавіцеля?
-   Хто б не адпомсціў!
- Мір з табою, верны слуга Агнца. Так! Можна прабачыць свае крыўды, але хто мае права прабачыць крыўду Бога? Але як вужака параджае вужаку, злосць – злосць, а здрада –здраду, так і з атручанай душы Іуды нарадзіўся іншы здрайца, і як той прадаў іудзеям і салдатам рымскім Збавіцеля, так гэты, які жыве між намі, хоча прадаць авечак Яго ваўкам і калі ніхто не перашкодзіць здрадзе, то ўсіх нас чакае пагібель, а з намі разам загіне і пашана Агнца.
Працаўнік пазіраў на яго з вялікім непакоем, нібы не звяртаў увагі на тое, што чуў, але грэк абкрыў галаву краем плашча і загаварыў голасам як з-пад зямлі:
-         Гора вам, слугі сапраўднага Бога, гора вам, хрысціяне і хрысціянкі!
І зноў настала маўчанне, зноў чутны быў толькі гук жорнаў, глухі спеў млынароў ды пошум рачной вады.
- Ойча, - спытаў нарэшце Урбан, - што гэта за здрайца?
Хілон апусціў галаву.Што гэта за здрайца?Сын Іуды, сын яго атручанай душы, які выдае сябе за хрысціяніна і ходзіць у дамы малітваў толькі дзеля таго, што хоча абвінаваціць братоў перад цэзарам, што яго не хочуць лічыць богам, што труцяць фантаны, забіваюць дзяцей і хочуць знішчыць гэты горад, ды так каб камня на камені не засталося.Праз некалькі дзён будзе аддадзены загад прэтарыянцам, каб яны арыштавалі старых, жанчын і дзяцей і павялі іх на смерць, як некалі паслалі на смерць нявольнікаў Педанія Секунды.І ўсё гэта ўчыніў той другі Іуда.Але калі першага ніхто не пакараў, ніхто яму не адпомсціў, калі ніхто не бараніў Хрыста ў гадзіну пакуты, хто ж захоча пакараць гэтага, хто знішчыць вужаку, пакуль цэзар яго не выслухаў, хто яго сатрэ з зямлі, хто абароніць ад пагібелі братоў і веру Хрыстову?
А Урбан, які дасюль сядзеў на каменным брусе, раптам узняўся і прамовіў:
- Я зраблю гэта, ойча.
Хілон таксама ўстаў, з хвіліну пазіраў на твар працаўніка, асветлены месяцам, пасля чаго высцягнуў руку і апусціў павольна далонь на яго галаву.
-         Ідзі да хрысціян, - прамовіў ён урачыста, - ідзі ў дом малітваў і запытайся ў братоў пра лекара Глаўка, і калі яны табе яго пакажуць, тады, у імя Хрыста, забі !
-         Пра Глаўка?...- паўтарыў , нібы хочучы лепш запомніць гэта імя, працаўнік.
-         Ты яго можа ведаеш?
-         Не, не ведаю.Хрысціян тысячы ва ўсім Рыме, і не ўсе ведаюць адзін аднаго.Але заўтра на Астрыянуме збяруцца ноччу браты і сестры, усе да адзінага, бо прыбыў Вялікі Апостал Хрыста, які будзе там прапаведваць, і там браты пакажуць мне Глаўка.
-         На Астрыянуме?- спытаў Хілон. – Гэта ж за брамамі горада.Браты і ўсе сёстры? Уночы? За брамамі на Астрыянуме?
-         Так, ойча. Гэта нашы могілкі, паміж Via Solaria і Наментанамі.Табе невядома, што там адбудзецца пропаведзь Вялікага Апостала?
-         Мяне не было дома два дні, і не атрымаў яго ліста, і не ведаў, дзе Астрыянум, бо нядаўна прыбыў сюды з Карынфа, дзе я ўзначальваю хрысціянскую абшчыну…Але вось што! Паколькі Хрыстос так цябе натхніў, пойдзеш ноччу, сын мой, на Астрыянум, там адшукаеш між братоў Глаўка і заб’еш яго па дарозе ў горад, за што будуць адпушчаны табе ўсе грахі.А цяпер мір табе!
-         Ойча…
-         Слухаю цябе, слуга Божы.
-         На твары працаўніка адбілася заклапочанне.Бо нядаўна ён забіў чалавека, а можа і двух, а вучэнне Хрыста забараняе забіваць.Не забіў іх абараняючыся, бо і гэта не дазволена.Не забіў, барані Божа, дзеля нажывы.Святар сам даў яму братоў на дапамогу, але забіваць не дазваляў, ён жа выпадкова забіў, бо Бог надзяліў яго занадта вялікай сілай…І цяпер ён цяжка пакутуе…Іншыя спяваюць ля жорнаў, а ён, няшчасны, думае аб сваім граху, аб абразе Бога. Колькі ён ужо маліўся, плакаў! Колькі перапрашаў Агнца.І адчувае да гэтай пары, што яшчэ за ўсе не адпакутваў.А цяпер зноў паабяцаў забіць хоць і здрадніка…але нічога! Толькі ўласную крыўду можна прабачыць, таму заб’е яго хоць бы і на вачах у братоў і сясцёр, якія заўтра будуць на Астрыянуме.Але няхай Глаўк будзе спачатку прыгавораны старэйшымі сярод братоў, святаром ці Апосталам. Забіць справа невялікая, а забіць здрадніка – гэта наават добра, як ваўка ці мядзведзя, але калі Глаўк загіне бязвінна? Як жа браць на сумленне новае забойства, новы грэх і новую абразу Бога?
-         На суд няма часу, сын мой, - адказаў Хілон, - бо здраднік схаваецца ў доме пэўнага патрыцыя, якому служыць, але я дам табе знак, які калі пакажаш пасля таго, як заб’еш Глаўка, і біскуп, і Вялікі Апостал блаславяць твой учынак.
Сказаўшы гэта, ён дастаў манету, пасля чаго адшукаў за поясам нож і выскраб на ёй вастрыём знак крыжа, потым аддаў яе Урбану.
-         Гэта прысуд Глаўку і знак для цябе.Калі пасля забойства ты пакажаш яго біскупу, той адпусціць першае твае забойства, якое ты ўчыніў выпадкова...
Урбан міжвольна пацягнуўся за сестэрцыем, але маючы яшчэ свежыя ўспаміны пра першае забойства, адчуваў пачуцце страху.
-         Ойча, -сказаў ён амаль упрошваючы.- А ты сам бярэш на сумленне гэты ўчынак і сапраўды сам чуў, як Глаўк прадаваў братоў?
Хілон зразумеў, што трэба прывесці сведчанні, назваць пэўныя імёны, бо інакш у сэрца асілка можа закрасціся сумненне.І раптам патрэбнае рашэнне асвятліла яго розум.
-         Слухай, Урбане – сказаў ен – я жыву ў Карынфе, але паходжу з Кос і тут, у Рыме, пасвячаю ў навуку Хрыста адну служанку, дзяўчыну з майго краю, яе клічуць Эўніка.Яна служыць вестыплікай ў доме сябра імператара, нейкага Пятронія.Вось у гэтым доме я і чуў, як Глаўк збіраўся выдаць усіх хрысціян, а апроч гэтага абяцаў другому прыяцелю імператара, Вініцыю, што знойдзе яму сярод хрысціян адну дзяўчыну…
Тут ён замоўк і паглядзеў са здзіўленнем на Урбана, вочы якога засвяціліся раптам, як у звера, а твар прыняў выраз дзікага гневу і пагрозлівасці.
-         Што з табой? – запытаў спужаўшыся Хілон.
-         Нічога, ойча, я заб’ю заўтра Глаўка!..
Але грэк маўчаў. Праз момант узяў яго за плечы і павярнуў так, каб святло месяца падала проста на ягоны твар і стаў уважліва ўглядацца.Відавочна было, што ў душы ён вагаўся, ці пытаць яго далей і атрымаць усе адказы, ці пакуль спыніцца на гэтым, аб чым ужо даведаўся ці здагадаўся.
Нарэшце прыроджаная асцярожлівасць перамагла. Ен глыбока ўздыхнуў раз і другі, пасля чаго паклаў ізноў далонь на галаву Урбана и спытаў урачыстым голасам:
-         Ці сапраўды пры святым хрышчэнні дадзена было табе імя Урбан?
-         Так, ойча.

-         Тады няхай мір будзе з табой, Урбане!

Раздзел 16 QUO VADIS?

Раздзел XVI

Хілон аднак доўга не з’яўляўся, таму Вініцый не ведаў, што і думаць. Дарэмна паўтараў сабе, што пошукі, калі хоча, каб прывялі да вынікаў, будуць павольныя. Яго ж кроў, як і парывістая натура, супраціўляліся голасу розуму. Нічога не рабіць, чакаць, сядзець, склаўшы рукі, было чымсьці настолькі нязвыклым для яго спосабу жыцця, што ён ніяк не мог з гэтым прымірыцца. Праверка завулкаў горада ў цёмным нявольніцкім плашчы была дарэмнай і здавалася толькі ашуканнем уласнай бяздзейнасці і не магла яго супакоіць.  Яго вызваленцы, людзі бывалыя, якім загадана было шукаць самастойна, аказаліся стокроць менш здольныя, чым Хілон. У гэты час разам з каханнем да Лігіі ў ім пасялілася заўзятасць гульца, які хоча перамагчы. Вініцый быў такім заўсёды. З малых гадоў ён рабіў, што хацеў з размахам чалавека, які не разумее, што можа не атрымацца і што трэба ад чагосьці адмовіцца. Праўда, вайсковая дысцыпліна зменшыла часовае яго сваяволле, але і пасеяла перакананне, што кожны загад, які аддаецца падначаленым, павінен быць выкананы, а доўгі час побыту на Ўсходзе, сярод людзей бязвольных і звыклых да пакоры, толькі ўзмацніў веру, што для яго “хачу” няма межаў. Цяпер жа цяжка пакутавала яго самалюбства ад уласнага кахання: было пры гэтым у супраціўленні, адпоры і ў саміх уцёках Лігіі штосьці незразумелае для яго, нейкая загадка, над вырашэннем якой ён днямі ламаў галаву. Адчуваў, што Акта сказала праўду і што Лігія не была абыякавая да яго. А калі так, то чаму яна абрала бадзяжніцтва і нішчымніцу, а не яго каханне, не яго пяшчоту і не жыццё ў яго багатым доме. На гэта пытанне ён не знаходзіў адказу, а таму зараджалася ў яго няяснае яшчэ пачуццё, што між ім і Лігіяй і між іх паняццямі і між светам яго і Пятронія і светам Лігіі І Пампоніі існуе нейкая розніца, нейкія непаразуменні, глыбокія як пропасць, якую анічым не запоўніць і не выраўнаць. Часам здавалася яму, што павінен страціць Лігію, і гэтая думка адбірала тую рэшту раўнавагі, якую хацеў падтрымаць у ім Пятроній.  Былі хвіліны, калі ён сам не ведаў, ці кахае Лігію, ці можа ненавідзіць, але разумеў толькі, што павінен яе адшукаць і што хацеў бы лепш праваліцца пад зямлю, чым не мець мажлівасці ўбачыць яе і завалодаць ёю. У марах бачыў яе часам так ясна, нібы яна стаяла перад ім, успамінаў кожнае слова, што гаварыў ёй і чуў ад яе, адчуваў яе побач, у сваіх абдымках, і тады жаданне апаноўвала яго, як полымя.
Ен кахаў яе і клікаў яе. А калі думаў, што быў каханы ёю і што яна магла добраахвотна выканаць усё, чаго ён чакаў ад яе, ахопліваў яго жаль цяжкі і бясконцы, а ў яго сэрцы разліваўся агромністай хваляй вялікі сум. Але былі і хвіліны, калі ён бялеў ад шаленства, і ў думках маляваў сабе карціны аб скарэнні і пакутах, якія чакаюць Лігію, калі ён яе знойдзе. Яму хацелася не толькі валодаць ёю, але і бачыць яе прыніжанай, пакорлівай нявольніцай, і разам з тым ён усведамляў, што калі б у яго быў выбар – стаць яе рабом ці ніколі ў жыцці яе больш не бачыць – ен абраў бы першае. А ў іншыя дні ён з асалодай уяўляў сабе сляды, якія пакінула б на яе целе плётка, і тое, як  ён цалаваў бы гэтыя сляды.  І часта яму думалася, што ён быў бы шчаслівы, калі б мог яе забіць. Ад такіх перажыванняў, мараў, сумненняў, суму ён страчваў здароўе і выгляд.  Таксама ен стаў непрадказальным і жорсткім. Нявольнікі і нават вызваленцы набліжаліся да яго са страхам, а калі атрымлівалі беспрычынныя пакаранні неміласэрна і беспадстаўна, пачалі яго ціха ненавідзець. Ен жа, адчуваючы і гэта, і сваю стомленасць ад нуды, зрываў сваю злосць на іх усё больш. Быў стрыманы цяпер з адным толькі Хілонам, каб той не спыніў пошукі,а Хілон, здагадаўшыся ў чым справа, пачаў маніпуляваць Вініцыем і патрабаваў ад яго усё больш.  Спачатку, прыходзячы, кожны раз запэўніваў Вініцыя, што ўсё пойдзе хутка і лёгка, цяпер жа пачаў сам знаходзіць перашкоды, але не пераставаў заручацца ў абавязковым выніку пошукаў, не хаваючы аднак таго, што доўжыцца яны будуць яшчэ няпэўны час.
         Нарэшце ен прыйшоў, чакаемы Вініцыем доўгімі днямі, з такім тварам, што малады чалавек збялеў, калі ўбачыў яго і , падскочыўшы да Хілона, ледзь змог спытаць:
-         Яе няма сярод хрысціян?
-         Так, пане, - адказаў Хілон, - але я знайшоў сярод іх Глаўка, лекара.
-         Аб чым размова, і што гэта за чалавек?
-         Напэўна ты не памятаеш аб старым, з якім я вандраваў ад Неапаліса да Рыма, і абараняючы якога, страціў два пальцы, што цяпер не дазваляе мне трымаць пяро ў руцэ.  Рабаўнікі, якія забралі яго жонку і дзяцей, паранілі яго нажом. Я пакінуў яго, паміраючага, у гасподзе ля Мінтурны і доўга яго аплакваў. Дык вось усё не так.  Я пераканаўся, што ён жывы і належыць да хрысціянскай абшчыны ў Рыме.
Вініцый, які не мог зразумець, аб чым гаворка, усвядоміў толькі, што гэты Глаўк з’яўляецца перашкодай у пошуках Лігіі,сцішыў гнеў, які бушаваў у ім і сказаў:
-         Калі ты яго бараніў, то ён павінен быць удзячны табе і дапамагаць.
-         Ах, годны трыбуне! Нават богі не заўсёды бываюць удзячныя, а што тады казаць пра людзей. Так! ен павінен быць удзячны мне. На жаль аднак гэта стары са слабым розумам, зацемненым узростам, і таму ён не толькі не ўдзячны, але , як я даведаўся ад яго аднаверцаў, вінаваціць мяне ў змове з рабаўнікамі і лічыць мяне прычынай яго няшчасця. Вось табе і падзяка за два адсутныя пальцы.
-         Я ўпэўнены, хітрун, што было так, як кажа ён, - адказаў Вініцый.
-         Тады табе вядома больш, чым яму, -сказаў з годнасцю Хілон, - бо ен толькі дапускае, што так было, што не перашкодзіла б яму сазваць хрысціян і жорстка мне адпомсціць. Ен зрабіў бы гэта, а іншыя пэўна яму  дапамаглі б. Шчасце, што ён не ведае майго імя, а ў доме малітваў, дзе я напаткаў яго, ён мяне не заўважыў. Я ж пазнаў яго адразу і ў першы момант хацеў кінуцца яму на шыю. Стрымала мяне толькі разважлівасць і звычка думаць над кожным крокам, які я хачу зрабіць.  Я пачаў распытваць аб ім пасля таго, як выйшаў з дому малітваў, і тыя, хто яго ведае, расказалі мне, што гэта чалавек, якому здрадзіў таварыш па вандроўцы з Неапаліса. Інакш я не ведаў бы, што ён так расказвае.
-         Мне няма справы да гэтага! Кажы, што ты бачыў у доме малітваў.
-         Табе няма справы, а мне ёсць: роўна настолькі, як да маёй уласнай скуры. Бо я хачу, каб навука мая мяне перажыла, хачу лепш адмовіцца ад узнагароджання, якое ты мне абяцаў, чым прысвячаць жыцце марнай справе, без якой як сапраўдны філосаф і жыць і шукаць боскай праўды патраплю.
Але Вініцый наблізіўся да яго з пагрозлівым тварам і стаў гаварыць амаль шэптам:
-         А хто табе сказаў, што смерць прыйдзе да цябе ад рукі Глаўка хутчэй, чым ад маёй? Адкуль ты ведаеш, сабака, можа я зараз жа закапаю цябе ў сваім садзе?
Хілон быў палахлівы, і зірнуўшы на Вініцыя, імгненна зразумеў, што яшчэ адно слова, і ён знікне з гэтага свету.
-         Я буду яе шукаць, пане, і знайду! – хутчэй закрычаў ен.
Настала маўчанне, калі было чуваць толькі перарывістае дыханне Вініцыя і далёкі спеў нявольнікаў, якія працавалі ў садзе.
Толькі праз хвіліну, калі грэк заўважыў, што малады патрыцый супакоіўся, адважыўся сказаць:
-         Смерць прайшла каля мяне, яле я пазіраў на яе з такім спакоем, як у Сакрата. Не, пане! Я не сказаў, што адмаўляюся шукаць дзяўчыну і хацеў табе толькі паведаміць, што яе пошукі цяпер вельмі небяспечныя. Ты хваляваўся у свой час наконт існавання Эўрыцыя, і хоць на ўласныя вочы пераканаўся, што сын майго бацькі гаварыў табе праўду, цяпер дапускаеш, што я  прыдумаў Глаўка. Не. Калі б ён быў прыдуманым, калі б я мог з пэўнай бяспекай хадзіць між хрысціян, так як хадзіў раней, я вызваліў бы  за гэта тую старую нявольніцу, якую купіў тры дні таму, каб яна апекавала мой узрост і калецтва. Але Глаўк жывы, і калі б мяне сустрэў, ты мяне не ўбачыў бы, а ў такім выпадку, хто б табе знайшоў дзяўчыну.
Тут ён ізноўку замаўчаў і стаў выціраць слезы, пасля чаго загаварыў далей:
-         Дык вось, пакуль Глаўк жыве, як жа мне яе шукаць, калі ў любы момант я магу яго спаткаць, а калі спаткаю, то загіну, а разам са мной і мае пошукі.
-         І што ты гэтым хочаш сказаць? Якое выйсце? І што ты думаеш рабіць? – спытаў Вініцый.
-         Арыстоцель вучыць нас, пане, што меншымі рэчамі трэба ахвяраваць дзеля большых, а кароль Прыям часта паўтараў, што старасць – цяжкае бярэмя.  Гэта ж бярэмя старасці і няшчасцяў гняце Глаўка даўно і так моцна, што смерць была б для яго найлепшым выйсцем. Што такое, паводле Сенэкі, смерць, калі не вызваленне?. .
-         Блазнуй з Пятроніем, а не са мной, і кажы, чаго ты хочаш?
-         Калі цноту ты завеш блазнотай, то няхай мне богі дазволяць застацца блазнам назаўседы. Хачу, пане, забіць Глаўка, бо пакуль ён жывы, то і маё жыццё , і мае пошукі знаходзяцца ў небяспецы.
-         Наймі людзей, якія заб’юць яго кіямі, я ім заплачу.
-         Яны абдзяруць цябе, пане, і будуць потым прасіць даплаты за захаванне таямніцы.  Рабаўнікоў у Рыме столькі, колькі пясчынак на арэне, аднак ты не дасі веры, якую цану яны запросяць, калі паважанаму чалавеку трэба выкарыстаць іх паслугі. Не, годны трыбуне! А калі раптам іх схапілі б на месцы забойства? Яны адразу б прызналіся, хто іх наймаў, і ў цябе былі б клопаты. Мяне ж яны не выдадуць, бо я ім не скажу свайго імя. Дрэнна тое, што ты мне не давяраеш, бо нават не беручы да ўвагі маю сумленнасць, памятай, што справа тут у дзвюх іншых рэчах: у маёй уласнай скуры і ва ўзнагароджанні, якое ты мне паабяцаў.
-         Колькі табе патрэбна?
-         Мне трэба тысяча сестэрцыяў, яле звярні ўвагу, што я павінен знайсці паважаных у іх коле забойцаў, такіх, якія б узялі задатак і не зніклі з ім без звестак. За добрую працу – добрая плата. Прыдалося б што-небудзь і для мяне на праліванне слёз па Глаўку. Бяру сведкамі багоў.  Як я яго любіў! Калі я атрымаю сёння тысячу сестэрцыяў, то праз два дні душа яго будзе ў Гадэсе і там, калі душы захоўваюць памяць і дар думаць, ён пазнае, як я яго любіў. Людзей знайду яшчэ сёння і скажу ім, што ад заўтрашняга вечара за кожны дзень жыцця Глаўка я забяру па сто сестэрцыяў. Есць у мяне пэўнае рашэнне, якое мне здаецца беспамылковым.
Вініцый яшчэ раз паабяцаў жадаемую суму, але забараніў гаварыць больш пра Глаўка, затое спытаў, якія іншыя навіны прынёс Хілон, дзе быў, што бачыў і аб чым даведаўся. Але той няшмат новага мог яму расказаць. Быў яшчэ ў двух малітоўных дамах і звяртаў увагу на ўсіх, а асабліва на жанчын, але не заўважыў хаця б адну, якая была б падобнай да Лігіі. Хрысціяне прымаюць яго за свайго, а ад часу, калі ён даў грошы на выкуп Эўрыцыя, яны лічаць яго чалавекам, які ідзе шляхам Хрыста. Ен даведаўся ад іх, што адзін вялікі заканадаўца, так званы Павел з Торса, знаходзіцца ў Рыме, арыштаваны ў выніку скаргі, пададзенай іудзеямі, і ён, Хілон, вырашыў з ім пазнаёміцца. Але найбольш узрадавала яго іншая звестка, а менавіта, што найвышэйшы жрэц усей секты, які быў вучнем Хрыста і якому той даверыў кіраваць хрысціянамі ўсяго свету, таксама мае намер прыехаць у Рым.  Усе хрысціяне захочуць бачыць яго і паслухаць яго вучэнне.  Будуць вялікія сходы, на якіх і ён, Хілон, будзе прысутны, а паколькі ў натоўпе схавацца лёгка, то правядзе туды і Вініцыя. Тады яны пэўна знойдуць Лігію.  Калі Глаўка і заб’юць, то гэта не будзе вялікай небяспекай. Помсціць, помсцілі б і хрысціяне, але ўвогуле гэта спакойныя людзі.
Тут Хілон пачаў стаў распавядаць з пэўным здзіўленнем, што ніколі не заўважаў, каб яны аддаваліся распусце, труцілі студні і фантаны, каб былі ворагамі роду чалавечага, шанавалі асла ці паядалі дзяцей. Не! Не! Гэтага ён не бачыў. Вядома, знойдуцца сярод іх і такія, што за грошы заб’юць Глаўка, але іх вучэнне, наколькі яму вядома, ні да якіх забойстваў не заклікае і вучыць прабачаць абразы.
    Вініцый жа ўспомніў, што ў Акты яму казала Пампонія Грэцына, і ўвогуле словы Хілона ён слухаў з радасцю. Паколькі яго пачуццё да Лігіі часам прыймала адценні нянавісці, ен адчуваў палёгку, таму што вучэнне, якое і яна, і Пампонія Грэцына шанавалі, не было ні бесчалавечным, ні брыдкім. Нараджалася ў яго невыразнае яшчэ пачуццё, што гэта менавіта яно, гэта невядомая яму таямнічая пашана Хрыста стварыла мяжу між ім і Лігіяй, і тады ён стаў баяцца гэтага вучэння і ненавідзець яго.