Раздзел ХІ
У гэтую ноч
Вініцый увогуле не клаўся спаць. Пасля адыходу Пятронія ён пераканаўся, што
енкі пакутуючых нявольнікаў не могуць супакоіць ні яго боль, ні гнеў. Ен сабраў
іншых слуг і на іх чале ўжо позняй ноччу выйшаў на пошукі Лігіі. Агледзеў вуліцы Эсквіліну, потым Субуру, Зладзейскую
вуліцу і ўсе прылеглыя завулкі. Пасля гэтага абыйшоў Капітолій, праз мост
Фабрыцыя прайшоўся на востраў, потым прабег частку затыбранскага горада. Але
была пагоня гэта безвыніковай, бо ён сам
не меў надзеі знайсці Лігію, а калі і шукаў яе, то галоўным чынам таму, каб запоўніць
чым-небудзь гэту страшную ноч. Вярнуўся дадому амаль на світанні, калі ў
горадзе пачалі з'яўляцца вазы і мулы перакупшчыкаў гародніны і калі пекары
адчынялі ўжо лаўкі. Вярнуўся і загадаў пахаваць цела Гулона, да якога дасюль
ніхто не мог дакрануцца, потым тых нявольнікаў, у якіх адбілі Лігію загадаў
выслаць у вясковыя эргастулы, што было карай, страшнейшай нават за смерць,
нарэшце кінуўся на засланую лаву ў атрыі і пачаў бязладна раздумваць, як ён
знойдзе і забярэ Лігію. Адрачыся ад яе, страціць яе, не ўбачыць яе больш
здавалася яму чымсьці нерэальным і пры адной гэтай думцы яго ахоплівала
шаленства. Самаўладная натура маладога ваяра першы раз у жыцці натрапіла на
супраціўленне, на іншую нязломную волю, і ён папросту не мог зразумець, як гэта
можа быць, каб хто-небудзь смеў паўстаць супраць яго жадання. Вініцый хацеў бы
лепш, каб свет і горад сталі руінамі, чым каб ён не мог атрымаць тое, чаго
прагнуў. Адабралі ў яго чару раскошы амаль з-пад самых вуснаў, але здалося яму,
што адбылося штосьці нечуванае, заклікаючае да помсты па законах багоў і людзей.
Але
перадусім ён не хацеў і не мог пагадзіцца з лёсам, бо нікога ніколі не прагнуў
у жыцці так, як Лігію. Яму здавалася, што не здолее без яе існаваць. Не мог
нават адказаць сабе, што зрабіў бы без яе заўтра, як пражыве наступныя дні.
Хвілінамі находзіў на яго гнеў, блізкі да вар'яцтва. Ен хацеў бы яе мець, каб яе
біць, валачы за валасы да кубікула і здзеквацца з яе, потым зноў ахопліваў яго
страшэнны сум па яе голасу, постаці, вачах, і ён адчуваў, што гатоў бы быў
ляжаць ля яе ног. Зваў яе, кусаў пальцы, сціскаў галаву рукамі. Прымушаў сябе з
усіх сіл, каб думаць спакойна пра яе пошукі і не мог. У галаве праносіліся
тысячы сродкаў і спосабаў, але адны былі больш шаленыя за іншыя. Нарэшце
прабліснула думка, што ніхто іншы яе не адбіў, акрамя Аўла, што ў найгоршым
выпадку ён павінен ведаць, дзе яна хаваецца. І ўсхапіўся, каб бегчы да дому
Аўлаў. Калі яму яе не аддадуць, калі не спужаюцца пагроз, ен пойдзе да
імператара, абвінаваціць старога ў непакорнасці, даб’ецца для яго прысуду
смерці, але перад гэтым дабудзе ад іх прызнанне, дзе Лігія. Але калі яе
аддадуць нават дабраахвотна, то і тады ён ім адпомсціць.Так, канешне, прынялі
яго ў доме і вылечылі, але гэта не мае значэння.Гэтай адзінай крыўдай яны
вызвалілі яго ад усялякай удзячнасці.Тут помслівая і ўзрушаная яго душа пачала
цешыцца з думкі пра роспач Пампоніі Грэцыны, калі старому Аўлу цэнтурыён
прынясе прысуд смерці. Ен быў амаль упэўнены, што даб’ецца такога
прысуду. Дапаможа яму ў гэтым Пятроній.Зрэшты і сам імператар не адмаўляе ні ў
чым сваім любімцам аўгустыянам, хіба што яго спыніць асабістая неахвота ці нежаданне.
І раптам
сэрца яго амаль замерла пад уплывам страшнага дапушчэння.А калі гэта сам
імператар адбіў Лігію.Усе ведалі, што імператар часта шукаў у начных разбоях
сродак разагнаць сум.Нават Пятроній
прымаў удзел у гэтых забаўках.Галоўнай іх мэтай быў напад на жанчын і падкідванне іх на салдацкім плашчы аж да непрытомнасці.Аднак сам Нярон часам
называў такія паходы “ловамі перлаў”, бо здаралася, што ў глыбіні кварталаў,
населеных шматлікім бедным людам, трапляліся сапраўдныя перліны прыгажосці і
маладосці.Тады “sagatio”, як звалася падкідванне на салдацкім плашчы, змянялася на сапраўдны
захоп, і перліну адпраўлялі ці на Палатын, ці да незлічоных віл імператара, ці
нарэшце Нярон аддаваў яе якому-небудзь свайму сябру.Так магло здарыцца і з
Лігіяй.Імператар прыглядаўся да яе падчас балявання, і Вініцый ні на хвіліну не
сумняваўся ў тым, што яна падалася яму найпрыгажэйшай з жанчын, якіх ен бачыў
дасюль.Хіба ж магло быць інакш! Сапраўды яна была ў Нярона на Палатыне, і ён
мог яе адкрыта затрымаць, але як слушна казаў Пятроній, імператар не меў адвагі
злодзейнічаць і, маючы магчымасць дзейнічаць адкрыта, больш прытрымліваўся
таемных учынкаў.На гэты раз мог яго схіліць да гэтага і страх перад
Папеяй.Вініцыю прыйшло на думку, што Аўлы хутчэй не маглі б пасмець забраць
сілком дзяўчыну, падараваную яму імператарам.А хто б дарэчы пасмеў? Можа гэты
дужы лігіец з блакітнымі вачыма, які адважыўся ўвайсці ў трыкліній і вынесці яе
з балявання на руках? Але дзе б ён з ёй схаваўся, куды б мог яе правесці? Не,
нявольнік не адважыўся б на такое. Таму ніхто, акрамя імператара, не ўчыніў
гэта.Ад гэтай думкі ў Вініцыя пацямнела ўваччу, і кроплі поту пакрылі яго
лоб.У такім выпадку Лігія была страчана для яго назаўседы.Можна было вырваць яе
з любых іншых рук, але не з такіх. Цяпер з большай чым раней слушнасцю ён мог
паўтараць : Vae misero mihi! Фантазія яго ўявіла Лігію ў абдымках Нярона, і першы раз у жыцці ён
зразумеў, што існуюць думкі, якіх чалавек не можа папросту вытрымаць.Цяпер
толькі ён спазнаў, як яе пакахаў. Як у таго, хто топіцца, праносіцца
бліскавічна ў свядомасці ўсё яго жыцце, так яму ўбачылася Лігія.Бачыў яе і чуў
кожнае яе слова.Бачыў яе ля фантана, у Аўлаў, і на баляванні.Адчуваў яе
блізкасць, адчуваў пах яе валасоў, цяпло яе цела, раскошу пацалункаў, якімі на
баляваннў пакрываў яе нявінныя вусны. Яна падалася яму ў сто разоў прыгажэйшай,
жаданейшай, саладзейшай, чым калі-небудзь і - адзінай, абранай сярод усіх
смяротных і ўсіх бостваў.І калі падумаў, што гэтым усім, што так урасло яму ў
сэрца, што стала крывёю і жыццём, мог валодаць Нярон, яго ахапіў фізічны боль,
такі страшэнны, што яму хацелася біцца галавой аб сцены атрыя, пакуль яе не
разаб’е.Адчуваў, што можа стаць вар’ятам і што ашалеў бы напэўна, каб у яго
яшчэ не засталася помста, але як перад гэтым яму здалося, што не зможа жыць,
калі не адшукае Лігію, так і што не зможа памерці, пакуль не адпомсціць за
яе.Адна гэта думка прыносіла яму пэўную палегку. “Я буду тваім Касіем Херэяй!”
– паўтараў ён пра сябе, думаючы аб Няроне.Хвілінай пазней ён набраў у прыгаршчы
зямлі з вазонаў для кветак, што абкружалі імплювій і прынёс страшную прысягу
Эрэбу, Гекаце і ўласным хатнім багам, што патрапіць адпомсціць
І яму стала
лягчэй.У яго было як мінімум для чаго жыць і чым запоўніць дні і ночы.Пасля
чаго ён пакінуў думку падацца да Аўлаў і загадаў несці яго на Палатын.Па дарозе
разважаў, што калі яго не пусцяць да імператара ці захочуць праверыць, ці не
мае пры сабе зброі, то гэта будзе як доказ таму,што Лігію забраў
імператар.Зброі аднак не ўзяў.Увогуле страціў розум, але як звычайна людзі
запалоненыя адной думкай, захаваў яго ў тым, што датычыла помсты.Не хацеў
дзейнічаць раней, чым патрэбна.Апроч гэтага прагнуў перадусім убачыць Акту, бо
лічыў, што ў яе можна даведацца аб праўдзе.Хвілінамі праблісквала ў яго надзея,
што можа ўбачыць Лігію, і ад гэтай думкі пачынаў калаціцца.Бо можа імператар
забраў яе не ведаючы, каго забірае і сёння яму яе верне? Але праз імгненне
пакінуў так разважаць.Калі б хацелі яму яе адаслаць, то зрабілі б гэта ўчора.
Толькі Акта магла ўсе праясніць і яе
належала яму ўбачыць перш за ўсіх.
Вырашыўшы гэтак, ен загадаў нявольнікам прыспешыць
крок, па дарозе яго бязладныя думкі былі то аб Лігіі, то аб помсце.Чуў, што
жрацы егіпецкай багіні Пахт умеюць насылаць хваробы на каго захочуць і вырашыў
даведацца ў іх, як гэта робіцца.На Усходзе яму таксама гаварылў, што ў яўрэяў
есць якіясьці закляцці, з дапамогай якіх целы ворагаў пакрываюцца
нарывамі.Сярод нявольнікаў было ў яго доме некалькі дзесяткаў іудзеяў і
паабяцаў сабе, што як вернецца, то загадае іх секчы прутамі, пакуль яму не
раскрыюць гэту таямніцу. Аднак з найбольшай асалодай ен думаў пра кароткі рымскі меч, ад якога цякуць такія струмені крыві, якія ліліся з Гая Калігулы і
пакінулі незмываемыя плямы на калоне портыку.Гатоў быў цяпер забіць увесь Рым, а калі б якія богі помсты
абяцалі яму, што вымруць усе людзі за
выключэннем яго і Лігіі, ен бы згадзіўся на гэта.
Перад аркай
працверазеў і пры выглядзе прэтарыянскіх стражаў падумаў, што калі яны ўчыняць
хоць найменшыя цяжкасці пры ўваходзе,
то гэта будзе доказ, што Лігія ў палацы па волі імператара.
Але
прынцыпілярны цэнтурыён усміхнуўся яму прыязна і, падыйшоўшы на некалькі крокаў, сказаў:
-
Вітаю цябе, высакародны
трыбун.Калі хочаш пакланіцца імператару, то папярэджваю, што трапіў у злую
хвіліну і не ведаю, ці зможаш яго ўбачыць.
-
А што адбылося? – спытаў Вініцый.
-
Боская малая Аўгуста неспадзявана
захварэла з учарашняга дня.Імператар і Аўгуста Папея знаходзяцца пры ёй разам з
лекарамі, якіх сабралі з усяго горада.
Гэта было
значнае здарэнне.Імператар, калі ў яго нарадзілася дачка, папросту звар’яцеў ад
шчасця і прыняў яе extra humanum gaudium.Яшчэ перад гэтым сенат перадаручыў багам лона Папеі.Прыносіліся абеты,
і ў Анцыі, дзе і адбылося нараджэнне, было вялікае свята, проч таго ўзнесены
храмы дзвюм Фартунам.Нярон, які ні ў чым не мог прытрымлівацца меры, таксама
бязмерна любіў гэта дзіця, Папеі ж яно было дарагім хаця б таму, што ўзмацняла
яе становішча і ўплыў.Ад здароўя і жыцця маленькай аўгусты маглі залежаць лёсы
усёй імперыі, але Вініцый так быў заняты сабой, уласнай справай і каханнем, што
амаль не звярнуў увагі на вестку цэнтурыёна і адказаў:
-
Я хачу ўбачыць толькі Акту.
І прайшоў.
Але Акта
таксама была занятая пры дзіцяці, і ен мусіў яе доўга чакаць.Прыйшла яна толькі
каля апоўдня з тварам бледным і спакутаваным, які пры выглядзе Вініцыя
засмуціўся яшчэ больш.
-
Акта, - закрычаў ён, хапаючы яе за
рукі і цягнучы яе на сярэдзіну атрыя, - дзе Лігія?
-
Я хацела ў цябе пра гэта спытаць,
- адказала яна, гледзячы яму з дакорам у вочы.А ён, хаця і абяцаў сабе, што
выслухае яе спакойна, сціснуў зноў галаву рукамі і паўтараў з перакошаным ад
гневу і болю тварам:
-
Яе няма.Адабралі яе ў мяне па
дарозе!
Праз
хвіліну апамятаўся і , наблізіўшы твар да твара Акты, пачаў гаварыць праз зубы:
-
Акта, калі табе дарагое жыцце,
калі не хочаш стаць прычынай няшчасцяў, якіх нават не можаш сабе ўявіць, адкажы
мне папраўдзе, ці не імператар яе адбіў?
-
Імператар учора не выходзіў з
палацу.
-
Кляніся ценем сваей маці, усімі
багамі! Ці няма яе ў палацы?
-
Клянуся ценем сваей маці, Марк,
няма яе ў палацы, і не імператар яе адбіў.З учарашняга дня захварэла малая
Аўгуста, і Нярон не адыходзіць ад яе калыскі.Вініцый уздыхнуў: тое, што
здавалася яму самым страшным, перастала яму пагражаць.
-
Значыць, - сказаў ен, сядаючы на
лаве і заціскаючы грудзі, адабралі яе Аўлы і ў такім разе гора ім.
-
Аўл Плаўцій быў тут сёння
ранкам.Не мог са мной убачыцца, бо я
была з дзіцем, але пытаў пра Лігію ў
Эпафрадыта і іншых слуг імператара, а потым сказаў ім, што прыйдзе яшчэ, каб
убачыць мяне.
-
Ен проста хацеў адцягнуць ад сябе
падазрэнні.Каб не ведаў, што стала з Лігіяй, то прыйшоў бы шукаць яе ў маім
доме.
-
Пакінуў мне колькі слоў на
таблічцы, з якіх убачыш, што ведаючы, што Лігія забрана з яго дому імператарам
па твайму і Пятронія жаданню, спадзяваўся, што табе яе адашлюць і сёння ранкам
быў у цябе, дзе яму і сказалі, што адбылося. Сказаўшы гэта, яна пайшла да
кубікула і праз хвіліну вярнулася з таблічкай, што пакінуў ей Аўл.Вініцый
прачытаў і змоўк.Акта ж намагалася чытаць думкі на яго спахмурнелым твары і
праз момант сказала:
-
Не, Марк.адбылося тое, чаго хацела
сама Лігія.
-
Ты ведала, што яна хоча ўцячы! –
выбухнуў Вініцый.
А яна
паглядзела на яго сваімі затуманенымі вачыма амаль сурова.
-
Ведала, што не хоча стаць тваей
наложніцай.
-
А ты кім была ўсё жыццё?
-
Я перад гэтым была нявольніцай.
Але Вініцый
не пераставаў абурацца.Імператар падараваў яму Лігію, але ён не хоча ведаць,
кім была яна перад тым. Знойдзе яе хоць пад зямлёй і зробіць з ёй усё, што яму
патрэбна.Так! Будзе яго наложніцай.Загадае яе біць, колькі яму спадабаецца.А
калі яму абрыдне, аддасць яе апошняму са сваіх нявольнікаў ці загадае ёй
працаваць з жорнамі ў сваіх памесцях у Афрыцы.Будзе яе цяпер шукаць і знойдзе
толькі дзеля таго, каб яе сагнуць, растаптаць і скарыць.
І
разыходзячыся ўсе больш, страчваў меру настолькі, што нават Акта зразумела, што
абяцаў больш, чым быў бы здольны выканаць, і што валодае ім гнеў і душэўная
пакута.За пакуты яна магла б злітавацца, але мера, якую ён перабраў, вычарпала
яе цярпенне, так што нарэшце спытала яго, чаго ён прыйшоў да яе. Вініцый не
знайшоў адразу, што адказаць.Прыйшоў да яе, бо так хацеў, бо лічыў, што прынясе
яму якія-небудзь весткі, але на самой справе прыйшоў толькі да імператара, а не
маючы магчымасці з ім убачыцца, зайшоў да яе.Лігія, уцякаючы, пайшла супраць
волі імператара, і ён будзе маліць яго, каб загадаў яе шукаць па ўсім горадзе і
ўсёй краіне, хоць бы прыйшлося склікаць для гэтага ўсе легіёны і ператрэсці па
чарзе кожны дом у імперыі.Пятроній падтрымае яго просьбу і пошукі пачнуцца ўжо
з сённяшняга дня.
На гэта
Акта сказала:
-
Сцеражыся, каб не страціць яе
назаўжды, асабліва калі яе знойдуць па загаду імператара.
-
Што гэта значыць? – спытаў ен,
наморшчыўшы лоб.
-
Выслухай мяне, Марк! Учора мы з
Лігіяй былі ў садзе палацу і спаткалі Папею, а з ёй малую Аўгусту, якую несла
негрыцянка Ліліт.Вечарам дзіця захварэла, і Ліліт сцвярджае, што яго зраклі і
што зрабіла гэта іншаземка, якую спаткалі ў садзе.Калі дзіця ачуняе, то забудуць
пра гэта, але ў іншым выпадку Папея першай абвінаваціць Лігію ў чарадзействе, а
тады, як яе знойдуць, не будзе ей ратунку.
Праз
хвіліну Вініцый азваўся:
-
А можа і зракла яе! І мяне зракла
таксама.
-
Ліліт паўтарае, што дзяўчынка
адразу заплакала, калі яе пранеслі ля нас.Гэта праўда! Заплакала! Напэўна
вынеслі яе ў сад ужо хворую.Марк, шукай яе сам, дзе хочаш, але пакуль малая
Аўгуста не ачуняе, не кажы пра Лігію імператару, бо наклічаш на яе помсту
Папеі.Досыць ужо яе вочы плакалі з-за цябе, то няхай цяпер усе богі ахоўваюць яе
бедную галаву.
-
Ты яе любіш, Акта? – спытаў ён, а ў
вачах вызваленкі бліснулі слезы
-
Так! Я палюбіла яе.
-
Бо табе яна не адплаціла
нянавісцю, як мне.
Акта паглядала на яго з хвіліну, нібы
вагаючыся ці нібы прагнучы праверыць, ці шчыра ён гаворыць:
-
Сляпы чалавек! Яна ж цябе кахала!
Вініцый
усхапіўся пад уплывам гэтых слоў як апантаны.Няпраўда! Яна яго ненавідзела!
Адкуль Акта можа ведаць?Няўжо пасля дзённага знаёмства Лігія ёй прызналася?Што
гэта за каханне, калі абіраюць бадзяжніцтва, беднасць, няпэўнасць у заўтрашнім
дні, а можа і смерць ад нішчымніцы, а не дом, дзе з вячэрай чакае каханы.Лепш
яму не чуць такія рэчы, бо гатоў ашалець.Ен не аддаў бы гэту дзяўчыну за ўсе
скарбы імператарскага палацу, а яна ўцекла.Што гэта за каханне, якое баіцца
асалоды і параджае пакуты? Хто яе зразумее? Калі б не надзея, што яе знойдзе,
то забіў бы сябе мячом.Каханне дае, а не забірае.Бывалі хвіліны ў доме Аўлаў,
калі сам верыў у блізкае шчасце, але цяпер ведае, што ненавідзела яго,
ненавідзіць і памрэ з нянавісцю ў сэрцы.Але Акта звычайна спакойная і лагодная,
выбухнула з абурэннем у сваю чаргу.Як жа ен хацеў яе атрымаць? Замест таго, каб
пайсці да Аўла і Пампоніі на паклон, адабраў у іх дзіця.Хацеў зрабіць яе
каханкай, а не жонкай, яе, выхаваную ў вядомым доме, яе, каралеўскую дачку.І
адправіў яе ў гэты дом зладзействаў і сараматы, апаганіў яе нявінныя вочы
выглядам бессаромнага балявання, паводзіў сябе з ёй, як з распусніцай.Ці ён
забыўся, што такое дом Аўла , і хто такая Пампонія Грэцына, якая выхавала
Лігію.Ці ў яго няма дастаткова розуму на тое, каб дадумацца, што гэта жанчыны
іншыя, чым Нігідыя, чым Кальвія Крыспініла і чым усе тыя, якіх можна напаткаць
у доме імператара? Ці ўбачыўшы Лігію ты не зразумеў адразу, што гэта чыстае
дзяўчо, якое выбірае лепш смерць, чым ганьбу.Адкуль ведаеш ты, якім багам
пакланяецца і ці не чысцейшым, не лепшым, чым Венера ці Ірыда, якую
шануюць распусныя рымлянкі? Не! Лігія не прызнавалася ёй, але казала, што
ратунку чакала ад яго, ад Вініцыя, у яе была надзея, што ён даб’ецца для яе ад
імператара звароту дадому і што верне яе да Пампоніі.А кажучы гэта, яна
чырванела, як дзяўчо, якое кахае і верыць.І яе сэрца білася для яго, але ен сам
спужаў яе, абразіў і няхай цяпер шукае яе з дапамогай салдат імператара, але
няхай ведае, што калі дзіця Папеі памрэ, то на Лігію ўпадзе падазрэнне, і згуба ёй будзе забяспечана.
Праз гнеў і
боль Вініцыя пачало прабівацца ўзрушэнне.Навіна, што Лігія кахала яго, закранула яго да глыбіні душы.Узгадаў яе ў садзе Аўлаў, калі яна слухала яго словы з
румянцам на тварыку і з вачыма, поўнымі святла.Здалося яму, што ў гэты час
менавіта пачынала яго кахаць, і ад гэтай здагадкі агарнула яго пачуццё нейкага
шчасця, у сто разоў большага, чым тое, якога жадаў.Падумаў, што сапраўды мог
мець Лігію па яе ж волі і ў дадатак быць каханым.Тады б яна абвіла яго дзверы
кудзеляй і намазала іх воўчым тлушчам, а потым села, як жонка, на авечым руне
ля яго вогнішча.
Тады б
пачуў з яе вуснаў жаданыя словы: “Дзе ты, Гаій, там і я, Гаія”, і яна была б
яго назаўсёды.Чаму ён не зрабіў так? Быў амаль гатовы.А цяпер яе няма, і ён не
можа яе знайсці, а калі б знайшоў, то можа яе пагубіць, а клі б і не
загубіў, не захочуць яго ўжо ні Аўлы, ні яна сама.Тут зноў ад гневу ў яго
пачалі ўзнімацца валасы на галаве, але цяпер гнеў быў скіраваны не супраць
Аўлаў ці Лігіі, а супраць Пятронія.Ен быў вінаваты ва ўсім.Калі б не ён, Лігіі
не трэба было б туляцца, была б яго нарачонай і ніякія небяспечнасці не
пагражалі б яе дарагой галаве.А цяпер ужо ўсё адбылося і позна выпраўляць зло,
якое выправіць нельга.
-
Позна!
І здавалася
яму, што бездань была перад яго нагамі.Не ведаў, што рабіць, што ўчыніць, куды
падацца.Акта паўтарыла, як рэха, слова “позна”, якое з чужых вуснаў загучала,
як прысуд смерці.Разумеў толькі адну рэч, што трэба яму знайсці Лігію, бо інакш
з ім адбудзецца што-небудзь жудаснае.
І
машынальна абкруціўшыся тогай, хацеў пайсці, нават не развітаўшыся з Актай,
калі заслона з атрыя адхілілася, і раптам ён убачыў сумную постаць Пампоніі
Грэцыны.
Відавочна і
яна даведалася ўжо пра знікненне Лігіі і, лічачы, што ёй лягчэй, чым Аўлу,
будзе ўбачыцца з Актай, прыйшла да яе па навіны.Але заўважыўшы Вініцыя,
павярнула да яго свой дробны, бледны твар і праз хвіліну прамовіла:
-
Марк, няхай Бог прабачае табе тую
крыўду, якую прычыніў нам і Лігіі.А ён стаяў з апушчанай галавой і з пачуццём
віны, не разумеючы, які бог мог яго прабачыць і чаму Пампонія Грэцына казала аб
прабачэнні, калі павінна была казаць пра помсту.
І нарэшце ён выйшаў з галавой цяжкай, поўнай думак, вялікага суму і горычы.
На двары і
пад галерэяй стаялі неспакойныя натоўпы людзей.Паміж палацавымі нявольнікамі
відаць былі воіны і сенатары, якія прыбылі даведацца пра стан здароўя малой Аўгусты,
а разам з тым паказацца ў палацы і прывесці гэтым доказ сваёй
заклапочанасці.Вестка аб хваробе “боскай” разляцелася, відаць, хутка – праз
браму ўваходзілі ўсе новыя наведвальнікі, а праз уваходную арку былі бачныя
цэлыя натоўпы.Некаторыя з прыбываючых бачачы, што Вініцый выходзіць з палацу,
пыталіся ў яго пра навіны, але ен, не адказваючы на пытанні, ішоў, пакуль Пятроній, які таксама прыбыў даведацца пра навіны і ледзь не закрануў яго
плячом, не спыніў маладога воіна.
Вініцый
амаль не закрычаў ад яго выгляду і дапусціў бы якое-небудзь бясчынства ў палацы
імператара, калі б не тое, што ад Акты выйшаў зломлены, прыгнечаны, што на
хвіліну яго пакінула звычайная запальчывасць.Адштурхнуўшы Пятронія, ён хацеў
ісці далей, але той затрымаў яго амаль сілком.
-
Як справы ў боскай? – спытаў ён
Але тая сіла раздражніла зноў Вініцыя і раз’юшыла яго ў адзін момант
-
- Няхай пекла паглыне яе і ўвесь
гэты дом! – адказаў ен, сціскаючы зубы.
-
Маўчы, няшчасны! – сказаў Пятроній
і агледзеўшыся навокал, хутка дадаў.
-
Калі хочаш ведаць што-небудзь аб
Лігіі, то хадзем са мной.Не! Тут нічога не скажу! Хадзем са мной, раскажу табе
аб маіх здагадках у паланкіне.
І абняўшы маладога чалавека за плечы, вывеў яго як мага хутчэй з палацу.Але гэта і было
мэтай Пятронія, бо на самой справе не меў ніякіх навін.Затое будучы чалавекам
прадпрымальным і маючы акрамя ўчарашняга абурэння шмат спачування да Вініцыя,
нарэшце адчуваючы усе ж такі сябе адказным за ўсё, што адбылося, ужо зрабіў
штосьці і калі яны селі ў паланкін, прамовіў:
-
За ўсімі брамамі я загадаў сачыць
маім нявольнікам, даўшы ім апісанне дзяўчыны і таго велікана, які вынес яе з
імператарскага балявання, бо няма выключэння, што гэта ён яе адбіў.Слухай мяне!
Можа Аўлы захочуць яе схаваць у якой-небудзь са сваіх вёсак, то ў такім выпадку
мы будзем ведаць, у які бок яе павядуць.Калі ж пры брамах яе не заўважаць, то
гэта будзе доказам таму, што яна ў горадзе і сёння ж пачнем пошукі тут.
-
Аўлы не ведаюць, дзе яна, -
адказаў Вініцый
-
Ты ўпэўнены, што гэта так?
-
Я бачыў Пампонію.Яны таксама яе
шукаюць
-
Учора яна не магла выйсці з
горада, бо ўночы брамы замкнутыя.Па двое маіх людзей сочаць за кожнай
брамай.Адзін павінен ісці следам за Лігіяй і веліканам, а другі вернецца, каб
даць ведаць нам аб гэтым.Калі яна ў горадзе, знойдзем яе, бо гэтага лігійца легка
пазнаць хаця б па росту і па плячах.Ты шчаслівы, што яе не імператар забраў, і
магу цябе запэўніць, што гэта не ён, бо на Палатыне няма для мяне таямніц.
Але
Вініцый, ахоплены больш горам, чым гневам, голасам, які перарываўся ад
узрушэння, пачаў распавядаць Пятронію, што чуў ад Акты, і якія новыя
небяспечнасці навіслі над галавой Лігіі, такія страшныя, што з-за іх, знайшоўшы
збеглых, трэба будзе старанна хаваць яе ад Папеі.Пасля чаго пачаў горка
папракаць Пятронія.Калі б не ён, усе пайшло б інакш.Лігія была б у Аўлаў, а ён,Вініцый, мог бы бачыць яе штодзень і быў бы шчаслівейшы, чым сам імператар.І
разыходзячыся ўсе больш па меры расповеду, паддаваўся ўзрушэнню так, аж пакуль
нарэшце слёзы жалю і шаленства не пачалі капаць у яго з вачэй.Пятроній жа, які
не спадзяваўся, што малады чалавек можа так кахаць, бачачы гэтыя слёзы
роспачы, сказаў сабе ў душы з пэўным здзіўленнем : О, магутная ўладарка Кіпра!
Ты адзіная валадарыш над багамі і людзьмі!