среда, 8 апреля 2015 г.

Б.Прус Лялька том 1 раздзел 6 - Якім чынам новыя людзі з’яўляюцца на старых гарызонтах

Раздзел 6
Якім чынам новыя людзі з’яўляюцца на старых гарызонтах

Пачатак красавіка, адзін з тых месяцаў, якія з'яўляюцца пераходам паміж зімой і вясной. Снег ужо знік, але не з'явілася яшчэ зеляніна; дрэвы чорныя, клумбы шэрыя і неба шэрае: выглядае як мармур, прашыты сярэбранымі і залацістымі ніткамі.
Цяпер каля пятай пасля апоўдня. Панна Ізабэла сядзіць у сваім кабінеце і чытае найноўшую аповесць Заля: Старонка кахання. Яна чытае без увагі, штохвіліны ўзнімае вочы, пазірае ў вакно і падсвядома фармулюе азнакі, што галінкі дрэў чорныя, а неба шэрае. Зноў чытае, разглядае кабінет і падсвядома думае, што яе мэбля абшыта блакітнай матэрыяй і яе блакітны капоцік маюць нейкае шэрае адценне і што фестоны белай фіранкі падобныя да вялікіх лядзяшоў са снегу. Потым забывае, пра што думала у гэту хвіліну, і пытаецца ў душы: “Пра што я думала?... Ах, праўда, пра збор ахвяраванняў на Вялікдзень…” І раптам адчувае жаданне праехацца карэтай, і адначасова - жаль да неба, што яно такое шэрае, што залацістыя жылкі на ім такія вузкія… Трывожыць яе нейкі ціхі непакой, нейкае чаканне, але яна не ўпэўнена, чаго яна чакае: ці то таго, каб хмары разышліся, ці таго, каб увайшоў лёкай і ўручыў ёй ліст, які запрашае на велікодны збор ахвяраванняў? Ужо так мала засталося да яго, а яе не запрашаюць.
Зноў чытае аповесць, той раздзел, калі падчас зорнай ночы пан Рамбо рамантаваў сапсаваную ляльку малой Іоасі, Хелена патанала ў слязах безпадстаўнага жалю, а  Юве раіў, каб яна выйшла замуж. Панна Ізабэла адчувае гэты жаль і хто ведае, ці калі б у гэту хвіліну паказаліся на небе зоркі, замест хмар, то ці не расплакалася б так, як Хелена. Ужо амаль пара дзён да збору ахвяраванняў, а яе яшчэ не запрашаюць. Што запросяць, аб гэтым ведае, але чаму марудзяць?...
“Гэтыя жанчыны, якія, здаецца, так апантана шукаюць Бога, бываюць часам нешчаслівымі істотамі, сэрца якіх узбунтавала гарачае пачуццё. Яны ідуць у касцёл, каб там любіць мужчыну, - кажа абат Жуў.
“Пачцівы абат, як ён хацеў супакоіць гэту бедную Хелену!” – думае панна Ізабэла і раптам адкідвае кніжку. Абат Жуў нагадаў ёй, што яна ўжо два месяцы вышывае пояс для касцёльнага звона і што яго яшчэ не скончыла. Узнімаецца з крэсла і прысоўвае да вакна столік з круглымі пяльцамі, са скрыначкай рознакаляровых ядвабных нітак, з каляровай расфарбоўкай; развінае пояс і пачынае старанна вышываць на ім ружы і крыжы. Пад уплывам працы ў сэрцы абуджаецца надзея. Хто так як яна служыць касцёлу, не можа быць забытым падчас велікоднага збору ахвяраванняў. Яна выбірае ядвабныя ніткі, прасоўвае у іглы і ўвесь час шые. Вока яе перабягае ад узору да вышыўкі, рука спадае з верху на ніз, узнімаецца знізу ўверх але ў думках пачынае нараджацца пытанне, якое тычыцца касцюму на свята гроба Гасподняга і выгляду на Вялікдзень. Пытанне гэта хутка запаўняе яе ўсю ўвагу, засланяе вочы і затрымлівае руку. Сукенка, капялюш, плашч і парасон, усё павінна быць новае, а тут так няшмат часу і не толькі нічога не замоўлена, але нават не выбрана!...
Тут яна ўзгадвае, што яе сервіз і серабро ўжо знаходзяцца ў ювеліра, што ўжо ёсць пэўны набыўца і што сёння ці заўтра будуць прададзеныя. Панна Ізабэла адчувае, як сціскаецца сэрца з-за сервізу і серабра, але атрымлівае пэўную палёгку ад думкі пра велікодны збор ахвяраванняў у новым строі. Можа быць вельмі прыгожы, але які?...
 Яна адсоўвае круглыя пяльцы і са стала, на якім ляжаць Шэкспір, Дантэ, альбом еўрапейскіх знакамітасцяў і таксама некалькі часопісаў, бярэ “Le Moniteur de la Mode” і пачынае яго праглядаць з найвялікшай увагай.
Вось туалет абедзенны; вось строі вясеннія для маладых паненак і больш старэйшых, замужніх пані і іх маці; вось сукенкі для візітаў, цырымоній, для шпацыру; шэсць новых форм капелюшоў, дзесяць матэрый, некалькі дзесяткаў колераў… Што тут выбраць, о Божа?... Немагчыма выбіраць без парады панны Фларэнтыны і са швачкай…
Панна Ізабэла з неахвотай адкідае часопіс моды і сядае на шэзлонгу крыху прылёгшы. Рукі складзеныя як да малітвы, абапіраецца на парэнчы, галава  - на руках і паглядае ў неба летуценным позіркам. Велікодны збор ахвяраванняў, новы туалет, хмары на небе – усё змешваецца ў яе фантазіях на фоне суму з-за сервізу і лёгкага пачуцця сораму, што яго прадае.  
“Ах, усё роўна!” – гаворыць яна сабе і зноў горача жадае, каб хмары разышліся хаця б на хвіліну. Але хмары збіраюцца, а ў яе сэрцы ўзнімаецца шкадаванне, сорам і непакой. Яе позірк трапляе на столік, які стаіць тут жа побач з шэзлонгам і на кніжку для малітваў, апраўленую ў слановую косць. Панна Ізабэла бярэ ў рукі кніжку і паволі, старонку за старонкай, адшуквае ў ёй малітву: Acte de résignation(малітва пакаяння), і калі знаходзіць пачынае чытаць:
"Que votre nom soit béni á jamais, bien qui avez voulu m'éprouver par cette peine." (Няхай будзе блаславёнае імя тваё на векі вякоў, хаця ты і спаслаў мне гэта выпрабаванне”)  Па меры таго, як яна чытае, шэрае неба раз’ясняецца, а падчас апошніх слоў… “et d'attendre en paix votre divin secours..." (спашлі мне мір у чаканні тваёй боскай дапамогі) хмары разыходзяцца, паказваецца кавалак чыстага блакіту, кабінет панны Ізабэлы напаўняецца святлом, а яе душа – спакоем. Цяпер яна ўпэўнена, што малітвы яе пачутыя, што ў яе будзе самы прыгожы строй і найлепшы касцёл для збору ахвяраванняў.
У гэтую хвіліну далікатна адчыняюцца дзверы кабінету; у іх з’яўляецца панна Фларэнтына, высокая, апранутая ў чорнае, нясмелая, трымае двума пальцамі ліст і кажа ціха:
- Ад пані Каралёвай.
- Ах, гэта па збору ахвяраванняў, - адказвае панна Ізабэла з чаруючай усмешкай.- Цэлы дзень не заглядала да мяне, Флора.
- Я не хачу табе перашкаджаць.
- Сумаваць?... – пытае панна Ізабэла. – Хто ведае, ці не было б нам весялей сумаваць у адным пакоі.
- Ліст… - кажа нясмелая асоба ў чорнай сукенцы, далікатна бярэ з пісьмовага століка ножычак і з найвялікшай асцярожнасцю разразае канверт.
- Я ведаю яго змест, - перапыняе панна Ізабэла. 
– Пасядзі крыху са мною і, калі табе няцяжка, будзь ласкавая,
 прачытай мне ліст.
Фларэнтына кладзе ножык на столік, потым канверт, разварочвае паперу і ціхім, меладычным голасам чытае ліст, напісаны па-французску:
“Дарагая Бэла! Выбачай, што закранаю справу, якую толькі ты і твой бацька маеце права вырашаць. Я ведаю, дарагое дзіця, што ты збываеш свой сервіз і серабро, сама мне зрэшты пра гэта казала. Я ведаю таксама, што знайшоўся пакупнік, які плоціць вам пяць тысяч рублёў, на мой погляд надта мала, хаця ў гэтыя часы цяжка спадзявацца на большае. Пасля размовы аднак, якая ў  мяне была на гэты конт з Кшэшоўскай, я пачынаю асцерагацца, каб гэтыя прыгожыя памятныя рэчы не перайшлі ў неадпаведныя рукі.
Я б хацела гэта прадухіліць, прапаную табе таму, калі ты згодная, тры тысячы рублёў пазыкі і пакінь узгаданы сервіз і серабро. Я лічу, што сёння зручней будзе яму ў мяне, калі бацька твой знаходзіцца ў такіх клопатах. Забраць іх зможаш, калі захочаш, а ў выпадку маёй смерці нават без вяртання пазыкі.
Я не навязваюся, толькі прапаную. Падумай, як табе будзе больш зручна, а перадусім падумай аб наступствах.
Наколькі я цябе ведаю, ты была б балюча закранутая, пачуўшы некалі, што нашы фамільныя каштоўнасці аздабляюць стол нейкага банкіра ці належаць да пасагу яго дачкі.
Я пасылаю табе тысячы пацалункаў.
Іаана.
Р. S. Уяві сабе, якое шчасце напаткала мой дзіцячы прытулак . Я была ўчора ў лаўцы гэтага знакамітага Вакульскага і дамовілася аб невялікім добраахвотным узносе для сірот. Я разлічвала на якія-небудзь дзесяткі рублёў, а ён, ці паверыш, ахвяраваў мне тысячу, цэлую тысячу рублёў, і яшчэ сказаў , што на мае рукі не пасмеў бы выдаць меншую суму. Некалькі такіх "вакульскіх", і адчуваю, што пад старасць я зрабілася б дэмакраткай”.
Панна Фларэнтына, скончыўшы ліст, не смела адарваць ад яго вачэй. Нарэшце адважылася і зірнула: панна Ізабэла сядзела на шэзлонгу бледная, са сціснутымі рукамі.
-Што ты на гэта скажаш, Флора? – спытала яна праз хвіліну.
- Я думаю, - адказала ціха тая, - што пані Каралёва ў пачатку ліста вельмі трапна апісала сваё становішча ў гэтай справе.
- Што за прыніжэнне! – прашаптала панна Ізабэла, нервова б’ючы рукой па шэзлонгу.
- Прыніжэнне – прапанаваць камусьці тры тысячы рублёў каб пакінуць серабро, і гэта ў той час, калі чужыя даюць пяць тысяч… Іншага я не бачу.
- Кім яна нас лічыць… Напэўна мы сапраўды жабракі…
- Што ты, Бэлачка!... – перапыніла, ажывіўшыся, панна Фларэнтына. – Менавіта гэты занадта жорсткі ліст гаворыць, што вы не жабракі. Цётка любіць быць суровай, але ўмее пашкадаваць у няшчасці. Калі б вам пагражала жабрацтва, вы б знайшлі ў ёй чуллівую і далікатную суцяшальніцу.
- Дзякуй ёй за гэта.
- І не патрэбна асцерагацца гэтага. Заўтра атрымаем пяць тысяч рублёў, за якія можна весці гаспадарку ўсяго дома на працягу паўгода…. Ці хаця б квартал. Праз пару месяцаў…
- Прададуць дом з аукцыёну…
- Простая фармальнасць і нічога больш. Дарэчы, можаце мець прыбытак, у той час як сёння дом з’яўляецца толькі цяжарам. Ну, а пасля цёткі Гартэнзіі атрымаеш амаль сто тысяч рублёў. Зрэшты – дадала праз хвіліну панна Фларэнтына, ўзнімаючы бровы – я сама не ўпэўнена, ці ў твайго бацькі няма яшчэ якога маёнтку. Усе так лічаць…
Панна Ізабэла выхілілася з шэзлонгу і ўзяла за руку панну Фларэнтыну.
-      Флорачка – прамовіла яна, зніжаючы голас – каму ты гэта гаворыш?... Сапраўды ты лічыш мяне толькі нявестай перад шлюбам, якая нічога не бачыць  і нічога не разумее?... Ты думаеш, што  я не ведаю, - дагаварыла яшчэ цішэй – што ўжо месяц, як грошы на ўтрыманне дому пазычаеш у Мікалая…
-      Можа менавіта бацька хоча гэтага…
-      Ці і таго хоча, каб яму штораніцы падкладала некалькі рублёў у пулярэс.
Панна Фларэнтына паглядзела ёй у вочы і пакруціла галавой.
-      Шмат ведаеш, - адказала тая, - але не ўсё. Ужо два тыдні, можа дзесяць дзён я бачу, што бацька выдаткоўвае больш, чым дзесяць рублёў…
-      Ён бярэ ў доўг…
-      Не. Бацька ніколі не пазычае ў горадзе. Кожны, хто пазычае, прыходзіць з пазыкай дадому і ў кабінеце бацькі атрымлівае распіску ці працэнт. Ты не ведаеш яго з гэтага пункту гледжання.
-      Тады адкуль жа ў яго цяпер грошы?
-      Я не ведаю. Бачу, што яны ёсць, і чую, што заўсёды былі.
-      Навошта ж у такім выпадку дазваляе прадаць серабро? – пытала настойліва панна Ізабэла.
-      Можа хоча здзівіць сям’ю.
-      А хто выкупіў яго векселі?
-      Панна Фларэнтына зрабіла рукамі рух, які азначае “няма слоў”.
-      Не выкупіла іх Кшэшоўская – прамовіла яна – гэта я ведаю напэўна. – Значыць – або цётка Гартэнзія, або…
-      Або?...
-      Або сам бацька. Ці ты не ведаеш, колькі рэчаў робіць бацька, каб даць клопатаў сям’і, а потым смяяцца…
-      Навошта ж яму  хацелася б мяне, нас клапаціць?
-      Думае, што ты спакойная. Дачка павінна неабмежавана давяраць бацьку.
-      Ах, так!...- шапнула панна Ізабэла, задумваючыся.
-      Апранутая ў чорнае кузінка павольна ўзнялася з крэсла і ціха вышла.
Панна Ізабэла зноў пачала пазіраць на свой пакой, які падаўся ёй шэраватым, на чорныя галінкі, якія гайдаліся за вакном, на пару вераб’ёў, якія швергаталі можа аб пабудове гнязда, на неба, якое стала аднаго колеру – шэрага, без ніводнай святлейшай паласы. У яе памяці зноў аджыла справа збору ахвяраванняў і новага строю, але абедзве справы падаліся ёй настолькі малымі, такімі амаль смешнымі, што  думаючы пра іх крыху варухнула плячыма.
Клапацілі яе іншыя пытанні: ці не аддаць сервіз графіні Каралёвай – і – адкуль у бацькі грошы? Калі былі яны раней, навошта дазволіў пазыкі ў Мікалая?... А калі не было іх, то з якой крыніцы бярэ іх сёння?...  Калі яна аддасць сервіз і серабро цётцы, можа страціць выпадак карысна іх збыць,  а калі прадасць за пяць тысяч, гэтыя памятныя рэчы сапраўды могуць патрапіць у нядобрыя рукі, як пісала графіня. Раптам перапыніўся гэты бег думак: хутка яе вуха пачула ў далейшых пакоях шум. Гэта былі мужчынскія крокі, мерныя, спакойныя. У салоне сцішыў іх крыху дыван, у пакоі сталовым узмацніліся, у яе спальні прыціхлі, нібы нехта ішоў на пальцах.
- Уваходзьце, тата, - азвалася панна Ізабэла, пачуўшы стук ў свае дзверы.
Увайшоў пан Томаш. Яна ўзнялася з шэзлонгу, але бацька не дазволіў гэтага. Абняў яе, пацалаваў галаву і потым сеў каля яе, кінуў вокам у вялікае люстра на сцяне. Убачыў там свой прыгожы твар, сівыя вусы, свой цёмны жакет без папроку, гладкія штаны, нібы толькі што выйшлі ад краўца, і засведчыў,  што ўсё добра.
- Я чую, - прамовіў дачцэ, усміхаючыся – што паненка атрымлівае карэспандэнцыю, якая ёй псуе настрой.
- Ах, тата, калі б ты ведаў, якім тонам размаўляе цётка…
- Напэўна тонам асобы, хворай на нервы. Таму не можаш яе шкадаваць.
- Калі б толькі шкадаванне. Я баюся, што яна мае рацыю і што наша серабро могуць сапраўды знайсці на нечым банкірскім стале.
Прытуліла галаву да пляча бацькі. Пан Томаш паглядзеў, не хочучы, у люстэрка на століку і прызнаўся ў душы, што абое ў гэту хвіліну ствараюць вельмі прыгожую карціну. Асабліва добра адрознівалася боязь на твары дачкі ад яго спакою. Ён усміхнуўся.
-      Банкірскія сталы… - паўтарыў ён. – Серабро нашых продкаў бывала ўжо на сталах татар, казакоў, узбунтаваных сялян, і не толькі нам гэта не шкодзіла, але нават прыносіла шанаванне. Хто змагаецца, рызыкуе страчваць.
-      Страчвалі з-за вайны і на вайне – заўважыла панна Ізабэла.
-      А сёння няма вайны?... Змянілася толькі зброя: замест касы ці ятагана ваююць рублём. Іоася добра гэта разумела, прадаючы не сервіз – а фамільную маёмасць, ці разбіраючы руіны замку для пабудовы свірана.
-      Мы пераможаныя, - шапнула панна Ізабэла.
-      Не, дзіця, - адказаў пан Томаш, разгінаючыся. – Мы толькі пачнём трыумфаваць і бадай ці не гэтага баіцца мая сястра і яе атачэнне.Яны так глыбока заснулі, што ўражвае іх кожная прыкмета жыцця, кожны мой смялейшы крок, - дадаў ён нібыта сам сабе.
- Твой, тата?
- Так. Яны думалі, што  я папрашу іх аб дапамозе. Сама Іаася ахвотна зрабіла б мяне сваёй даверанай асобай. Я ж падзякаваў ім за міласць і наблізіўся да мяшчанства. Я знайшоў у гэтых людзей павагу, якая пачынае адбудоўваць наш свет. Яны думалі, што я адыйду на другі план, а бачаць, што магу выйсці на першы.
- Ты, тата?
- Я. Да гэтага часу я маўчаў, не маючы адпаведных выканаўцаў. Сёння я знайшоў такога, які зразумеў мае ідэі, і пачну дзейнічаць.
- Хто ж гэта? – спытала панна Ізабэла, са здзіўленнем пазіраючы на бацьку.
- Нехта Вакульскі, купец, жалезны чалавек. З яго дапамогай я арганізую наша мяшчанства, ствару таварыства для гандлю з Усходам, такім чынам рушыць наперад прамысловасць…
- Ты, тата?
- І тады паглядзім, хто выйдзе наперад, хаця б падчас мажлівых выбараў у гарадскую раду…
Панна Ізабэла слухала з шырока адкрытымі вачыма.
- Ці гэты чалавек, - шапнула яна, - аб якім гаворыш, тата, не з’яўляецца якімсьці аферыстам, авантурнікам?...
- Значыць не ведаеш яго? – спытаў пан Томаш. Аднак ён адзін з нашых пастаўшчыкоў.
- Лаўку ведаю, вельмі прыгожая – сказала панна Ізабэла, задумаўшыся. – Там стары распарадчы, які выглядае трохі дзіваком, але надзвычайна ветлівы… Ах, здаецца мне, што некалькі дзён таму пазнаёмілася і з уласнікам… Выглядае хамам…
- Вакульскі хам?... – здзівіўся пан Томаш. – Ён сапраўды трохі суровы, але вельмі ветлівы.
Панна Ізабэла страсянула галавой.
- Непрыемны чалавек, - адказала яна з ажыўленнем. – Цяпер я прыгадваю яго сабе… Я была ў аўторак у лаўцы запытала яго пра цану веера… Трэба было бачыць, як ён паглядзеў на мяне!... Не адказаў нічога, толькі працягнуў сваю вялізную чырвоную руку да распарадчага ( нават досыць элегантнага хлопца) і буркнуў голасам, у якім быў чуваць гнеў: пане Мараўскі ці Марчэўскі (ужо не памятаю), пані пытаецца пра цану веера. А… нецікавага тата знайшоў супольніка!... – смяялася панна Ізабэла.
- Шалёнай энергіі чалавек, жалезны чалавек, - адказаў пан Томаш. – Яны такія. Пазнаёмішся з імі, бо думаю арганізаваць у доме пару сходаў. Усе арыгінальныя, але гэты самы арыгінальны з усіх.
- Тата гэтых паноў хоча прымаць?
- Я павінен параіцца з некаторымі. А што да нашых, – дадаў ён, пазіраючы ў вочы дачцэ, – я запэўніваю цябе, што калі пачуюць, хто ў мяне бывае, то не адзін прыбяжыць у салон.
У гэтую хвіліну ўвайшла панна Фларэнтына, запрашаючы на абед. Пан Томаш падаў руку дачцэ і перайшлі ўтраіх у сталовы пакой, дзе ўжо стаяла на стале супніца і знаходзіўся Мікалай, апрануты ў фрак і з вялікім белым гальштукам.
- Я смяюся з Бэлачкі, - прамовіў пан Томаш кузінцы, якая налівала бульён з супніцы. Уяві сабе, Флора, што Вакульскі зрабіў на яе ўражанне хама. Ці ты яго ведаеш?
- Хто ж сёння не ведае Вакульскага, - адказала панна Фларэнтына, падаючы Мікалаю талерку для гаспадара дому. – Ну, ён не элегантны, але – робіць уражанне…
- Пня з чырвонымі рукамі, - заўважыла са смехам панна Ізабэла.
- Ён мне нагадвае Тросці, памятаеш, Бэлачка, таго палкоўніка стралкоў у Парыжы, - адказаў пан Томаш.
- А мне – статую трыумфуючага гладыятара – меладычным голасам дадала панна Фларэнтына. – Памятаеш, Бэлачка, у Фларэнцыі, гэтага з узнятым мячом?Твар суровы, нават дзікі, але прыгожы.
- А чырвоныя рукі?... – запытала панна Ізабэла.
- Адмарозіў іх у Сібіры, - адказала панна Фларэнтына з націскам.
- Што  ж ён там рабіў?
- Пакутаваў за мары маладосці, - прамовіў пан Томаш. – Можна яму гэта прабачыць.
- Ах, значыць ён герой!...
- І мільянер, - дадала панна Фларэнтына.
- І мільянер? – паўтарыла панна Ізабэла. – Пачынаю верыць, што тата зрабіў добры выбар, беручы яго ў супольнікі. Хаця…
- Хаця што?... – спытаў бацька.
- Што скажа свет на гэты альянс?
- У каго сіла ў руках, у таго і свет ля ног.
Якраз Мікалай прынёс паляндвіцу, калі ў пярэднім пакоі зазванілі. Стары слуга выйшаў і праз хвіліну вярнуўся з лістом на сярэбраным, а можа
пасярэбраным падносе.
- Ад пані графіні, - прамовіў ён.
- Табе, Бэла,  -дадаў пан Томаш, беручы ліст у руку. – Ты дазволіш, я замяню цябе ва ўжытку гэтай новай пілюлі.
Раскрыў ліст, пачаў яго чытаць і са смехам падаў панне Ізабэле.
- Вось, - усклікнуў ён, - уся Іаася – у гэтым лісце. Нервы, заўсёды нервы!...
Панна Ізабэла адсунула талерку і з непакоем прабегла па паперы вачыма. Але паступова твар яе праясніўся.
- Слухай, Флорачка, - прамовіла яна, - бо гэта цікава.
“Дарагая Бэлачка! – піша цётка. Забудзь, анёлак, аб маім папярэднім лісце. У выніку твой сервіз мяне не хвалюе, знойдзем іншы, калі будзеш ісці замуж. Але справа ў тым, каб абавязкова прымала ўдзел у велікодным зборы ахвяраванняў са мной , і менавіта аб гэтым мела намер пісаць раней, не аб сервізе. Бедныя мае нервы! Калі не хочаш іх дарэшты расстроіць, павінна згадзіцца на маю просьбу.
Свята Гроба Гасподняга ў нашым касцёле будзе цудоўнае. Мой паважаны Вакульскі дае фантан, штучных птушачак, якія спяваюць, музычны куфэрак, які будзе граць самыя важныя кавалкі, і мноства дываноў.
Гозер прывязе кветкі, а аматары арганізуюць канцэрт для аргана, скрыпкі, віяланчэлі і голаса. Я ў захапленні, але калі б мне сярод гэтых цудаў не хапала цябе, я б расчаравалася. І таму ты згодна? … Абдымаю цябе і цалую тысячу разоў, цётка, якая цябе любіць.
Іаана.
Постскрыптум. Заўтра мы едзем у магазін замовіць для цябе вясенні касцюм. Я памру, калі ты яго не прымеш”.
Панна Ізабэла прамянілася. Гэты ліст выконваў усе яе спадзяванні.
- Вакульскі – непараўнальны! – прамовіў смеючыся пан Томаш. – Штурмам здабыў Іоасю, якая не толькі не будзе мяне адгаворваць ад супольніка, але нават гатова за яго змагацца са мной.
 Мікалай падаў куранят.
-      Павінен гэта аднак быць геніальны чалавек, - заўважыла панна Фларэнтына.
-      Вакульскі?... ну, не – сказаў пан Томаш. – Гэта чалавек з нястрымнай энергіяй, але што тычыцца дару камбінавання, не скажу, каб валодаў ім у высокай ступені.
-      Здаецца мне, што прыводзіць таму доказы.
-      Усё гэта – прычыны толькі энергіі, - адказаў пан Томаш. – Дар камбінацыі, геніяльны розум пазнаецца падчас іншых рэчаў, хаця б… у гульні. Я з ім досыць часта гуляю ў пікет, дзе абавязкова трэба камбінаваць. Вынік такі, што я прайграў ад васьмі да дзесяці рублёў, а выйграў каля сямідзесяці, хаця – да генія няма прэтэнзій! – дадаў ён сціпла.
-      У панны Ізабэлы выпаў з рукі відэлец. Пабляднела і схапіўшыся за лоб, шапнула:
-      А!... а!...
     Бацька і панна Фларэнтына ўсхапіліся з крэслаў.
-      Што з табой, Бэла?... – спытаў затрывожаны пан Томаш.
-      Нічога, - адказала яна, устаючы з-за стала, - мігрэнь. Ужо на працягу гадзіны адчувала, што яна пачнецца… Гэта нічога, тата…
Пацалавала бацьку руку і выйшла ў свой пакой.
-      Раптоўная мігрэнь павінна была б прайсці адразу, - прамовіў пан Томаш. – Ідзі да яе, Флорачка. Я на хвіліну выйду ў горад, бо павінен убачыцца з некалькімі асобамі, але раней вярнуся. Тымчасам ты назірай за ёй, любая Флорачка, прашу цябе пра гэта – сказаў пан Томаш са спакойным тварам чалавека, без просьбаў ці пажаданняў якога не можа быць добра на свеце.
-      Зараз я да яе пайду, толькі тут навяду парадак, - адказала панна Фларэнтына, для якой парадак у доме быў справай важнейшай за чыю б то ні было мігрэнь. Ужо цемра агарнула зямлю… Панна Ізабэла зноў адна ў сваім кабінеце; упала на шэзлонг і абедзвюмя рукамі закрыла вочы. З-пад каскаду тканін, якія апускаліся аж да падлогі, выхіліўся яе вузкі пантофлік і кавалачак панчошкі, але гэтага ніхто не бачыць і сама яна аб гэтым не думае. У гэту хвіліну яе душу зноў кранае гнеў, жаль і сорам. Цётка яе перапрасіла, яна сама будзе ўдзельнічаць у велікодным зборы ахвяраванняў пры найпрыгажэйшым свяце Гроба Гасподняга і ў яе будзе самы прыгожы касцюм; але нягледзячы на гэта – яна нешчаслівая… Вызнае такіе пачуцці, як калі б увайшла ў поўны салон убачыла раптам на сваім новым касцюме вялізную тлустую пляму страшнай формы і колеру, нібы сукенкай выціралі дзесьці на кухонных сходах. Думка пра гэта для яе такая агідная, што ёй аж млосна робіцца.
Што за страшнае становішча!... Ужо месяц як не плоцім свайму лёкаю, і ўжо дзесяць дзён яе бацька на свае дробныя выдаткі выйграе грошы ў карты… Выйграць можна; іншыя выйграюць тысячы, але не для забеспячэння першых патрэб, і канешне ж – не ў купцоў. Ах, калі б можна, упала б бацьку да ног і маліла яго, каб не гуляў з гэтымі людзьмі, і як найменш – не цяпер, калі іх становішча такое цяжкае. Праз некалькі дзён, калі атрымае грошы за свой сервіз, сама аддасць у рукі бацьку пару соцен рублёў, просячы, каб іх прайграў гэтаму пану Вакульскаму, каб заплаціў яму больш шчодра, чым яна заплоціць Мікалаю за пратэрмінаваныя даўгі.
Але ці ж у яе атрымаецца зрабіць гэта, і нават сказаць пра гэта бацьку?...
“Вакульскі?... Вакульскі?... – шэпча панна Ізабэла. – Хто ж ён – Вакульскі, які сёння так раптоўна паказаўся ёй адразу з некалькіх бакоў, у розных постацях. Што ў яго за інтарэсы ў адносінах з яе цёткай, з бацькам?...”
І здаецца ёй, што ўжо некалькі тыдняў нешта чула пра гэтага чалавека. Нейкі купец нядаўна ахвяраваў пару тысяч рублёў на дабрачыннасць, але не была ўпэўнена, ці гэта быў гандляр жаночым адзеннем, ці футрамі. Потым казалі, што таксама нейкі купец падчас балгарскай вайны зарабіў вялікія грошы, толькі не  памятала, ці зарабіў шавец, у якога яна бярэ боцікі, ці яе фрыз'ер? І толькі цяпер, прыгадвае сабе, што гэты купец, які даў грошы на дабрачыннасць, і той, які зарабіў вялікія грошы, з’яўляюцца адной асобай, што гэта менавіта той Вакульскі, які для яе бацькі прайграе ў карты, і якога яе цётка, вядомая гордасцю графіня Каралёва, называе: мой паважаны Вакульскі!...
У гэту хвіліну яна прыгадвае сабе нават фізіяномію гэтага чалавека, які ў лаўцы не хацеў з ёй размаўляць, толькі адышоўшы за вялізныя японскія вазоны, прыглядаўся да яе ўважліва. Як ён на яе пазіраў…
Аднойчы ўвайшла з паннай Фларэнтынай на шакалад у цукерню, жартам. Сеўшы каля вакна, за якім сабралася некалькі бедных дзяцей. Дзеці пазіралі на яе, на шакалад і на пірожныя з цікаўнасцю і прагнасцю галодных зверанят, а гэты купец – таксама на яе пазіраў.
Лёгкія дрыжыкі прабеглі ў панны Ізабэлы. І гэта будзе супольнік яе бацькі?... Навошта гэты супольнік?... Як яе бацьку прыйшло на думку завязваць нейкія таварыствы гандлёвыя, рабіць пэўныя далёкія планы, пра якія ніколі раней не марыў?... Ён хоча з дапамогай мяшчанства вылучыцца сярод арыстакратыі; хоча быць выбраным у гарадскую раду, якой не было і няма?...
Але ж гэты Вакульскі – гэта сапраўды нейкі аферыст, можа ашуканец, якому патрэбна гучнае прозвішча на шыльду для сваіх прадпрыемстваў. Былі ўжо такія выпадкі. Колькі прыгожых прозвішчаў нямецкай шляхты і венгерскай удзельнічала ў гандлёвых аперацыях, якіх яна нават не разумее, і бацька відаць таксама.
Зрабілася ўжо зусім цёмна; на вуліцы запалілі ліхтары, святло якіх трапляла ў кабінет панны Ізабэлы, малюючы на столі раму вакна і складкі фіранкі.” Выглядала гэта як крыж на фоне светлай плямы, якая паволі закрывае густое воблака. Дзе гэта я бачыла такі крыж, такую хмару і святло?...” – спытала сябе панна Ізабэла. Яна пачала ўспамінаць бачаныя ёй у жыцці ваколіцы і – марыць. Ёй здавалася, што на экіпажы едзе нейкай вядомай мясцовасцю. Краявід падобны да вялізнага кола, створанага з лясоў і зялёных гор, а яе экіпаж знаходзіцца на краі кола і з’язджае ўніз. Ці з’язджае? Бо не набліжаецца , ані аддаляецца, так нібыта стаіць на месцы. Але усе ж з’язджае: відаць гэта па выяве сонца, якое адбіваецца ў лакіраваным крыле экіпажу і рухаецца паволі назад. Зрэшты чуваць грукат … Гэта грукат дрожак на вуліцы?... Не, гэта грукочуць машыны, якія працуюць дзесьці ў глыбіні гэтага кола гор і лясоў. Відаць там нават, унізе, нібы возера чорных дымоў і белай пары, узятыя ў раму зеляніны.
Цяпер панна Ізабэла заўважае бацьку, які сядзіць каля яе і ўважлівае аглядае свае пазногці, час ад часу кідаючы позірк на краявід. Экіпаж увесь час стаіць на краі кола нібы нерухома, і толькі выява сонца, якое адбілася ў лакіраваным крыле, паволі рухаецца назад. Гэты ўяўны спакой ці таксама стоены рух у вышэйшай ступені раздражняе панну Ізабэлу. “Ці мы едзем, ці стаім?” – пытае яна бацьку. Але бацька нічога не адказвае, нібы яе не бачыў; аглядае свае прыгожыя пазногці і часам кідае вокам на ваколіцу.

Потым (экіпаж увесь час дрыжыць і грукоча) з глыбіні возера чорных дымоў і белай пары з’яўляецца напаўфігуры нейкі чалавек. У яго каротка падстрыжаныя валасы, смуглы твар, які нагадвае Тросці, палкоўніка стралкоў (а можа гладыятара з Фларэнцыі?), і вялізныя чырвоныя далоні.
Апрануты ў забруджаную кашулю з рукавамі, закручанымі вышэй за локаць; у левай руцэ, амаль каля грудзей, ён трымае карты, складзеныя ў веер, у правай, якую ўзняў над галавой, трымае адну карту, відавочна з той мэтай, каб яе кінуць на пярэдняе сядзенне экіпажу. Рэшты постаці не відаць сярод дыму. “Што ён робіць, тата”, - пытае спужаная панна Ізабэла.
“Гуляе са мной у пікет”, - адказвае бацька, таксама трымаючы ў руках карты.
“Але ж гэта страшны чалавек, тата!”
“Нават такія не робяць нічога дрэннага жанчынам” – адказвае пан Томаш.
Толькі цяпер панна Ізабэла заўважае, што чалавек у кашулі пазірае на яе нейкім праніклівым позіркам, увесь час трымаючы карту над галавой. Дым і пара, якія агарнулі даліну, часам закрываюць яго расшпіленую кашулю і суровае аблічча; патанае ў іх – і знікае. Толькі за дымам відаць бледны бляск яго вачэй, а над дымам аголеная да локця рука і – карта.
“Што азначае гэта карта, тата?” – пытаецца яна ў бацькі.
Але бацька спакойна пазірае ва ўласныя карты і не адказвае нічога, нібы яе не бачыў.
“Калі ж мы нарэшце выедзем з гэтага месца?...”
Але хоць экіпаж дрыжыць і сонца, адбітае ў крыле рухаецца назад, увесь час каля ступенькі бачнае возера дыму, а ў ім – заглыбленага чалавека, яго руку над галавой і – карту.
Панну Ізабэлу ахоплівае нервовы непакой, яна збірае ўсе успаміны, усе думкі, каб адгадаць: што значыць карта, якую трымае гэты чалавек?... Ці гэта грошы, якія прайграў бацьку ў пікет? Напэўна не. Можа ахвяра, якую ён прынёс таварыству Дабрачыннасці? І гэта не. Можа тысячу рублёў, якую даў яе цётцы на прытулак, а можа гэта распіска на фантан, птушак і дываны для упрыгожання свята гроба Гасподняга. Таксама не; усё гэта не непакоіла б яе.Паступова панну Ізабэлу напоўніў вялікі страх. Можа гэта векселі яе бацькі, якія хтосьці нядаўна выкупіў?... У такім разе, узяўшы грошы за серабро і сервіз, заплаціць гэты доўг у першую чаргу і пазбудзецца падобнага крэдытора. Але чалавек, які знаходзіўся ў дыме, увесь час пазірае ёй у вочы і карты не кідае. Таму можа… Ах!...
Панна Ізабэла усхопліваецца з шэзлонгу, натыкаецца ў цемры на табурэт і дрыжачымі рукамі звоніць. Звоніць другі раз, ніхто не адказвае, таму выбягае ў пярэдні пакой і ў дзвярах сустракаецца з паннай Фларэнтынай, якая хапае яе за руку і кажа са здзіўленнем:
-      Што з табой, Бэлачка?...
Святло ў пярэднім пакоі крыху прыводзіць у сябе панну Ізабэлу. Яна ўсміхаецца.
-      Вазьмі, Флорачка, лямпу у мой пакой. Тата ёсць?
-      Хвіліну таму выехаў.
-      А Мікалай?
-      Зараз вернецца, пайшоў аддаць ліст пасланцу. Ці ў цябе мацней баліць галава? – пытаецца панна Фларэнтына.
-      Не, - смяецца панна Ізабэла, - толькі задрамала і так мне штосьці трызнілася.
Панна Фларэнтына бярэ лямпу і ўдвох з кузінкай ідуць у яе кабінет. Панна Ізабэла сядае на шэзлонгу, засланяе рукой вочы ад святла і кажа:
-      Ведаеш, Флорачка, я надумалася, што не прадам майго серабра чужому. Сапраўды можа трапіць Бог ведае ў якія рукі. Сядзь зараз, калі ласка, каля майго століка і напішы цётцы, што… я прымаю яе прапанову. Няхай нам пазычыць тры тысячы рублёў і няхай забярэ сервіз і серабро.
Панна Фларэнтына пазірае на яе з найвялікшым здзіўленнем, нарэшце адказвае:
-      Гэта немагчыма, Бэлачка.
-      Чаму?...
-      Пятнаццаць хвілін таму я атрымала ліст ад пані Мелітон, што серабро і сервіз ужо купленыя.
-      Ужо?... Хто іх купіў? – ускліквае панна Ізабэла, хапаючы кузінку за руку.
Панна Фларэнтына у замяшанні.
-      Відаць, нейкі купец з Расіі… - кажа яна, але адчуваецца, што кажа няпраўду.
-      Ты штосьці ведаеш, Флорачка!... Я прашу цябе, скажы!... – просіць яе панна Ізабэла. Яе вочы напаўняюцца слязьмі.
-      Зрэшты табе скажу, толькі не раскажы тайну бацьку, - просіць кузінка.
-      Дык хто?... Ну, хто купіў?...
-      Вакульскі, - адказвае панна Фларэнтына.
Панне Ізабэле ў адну хвіліну высахлі вочы, прымаючы пры гэтым барву сталі. Адштурхоўвае з гневам рукі кузінкі, праходзіць туды і назад па сваім кабінеце, нарэшце сядае на крэселку насупраць панны Фларэнтыны. Яна ўжо не спужаная і знерваваная прыгажуня, але вялікая дама, у якой ёсць намер кагосьці са слуг пакараць, а можа выдаліць.
- Скажы мне, кузінка, - гаворыць яна прыгожым кантральта, -што гэта за смешная змова супраць мяне?
- Я? Змова? Паўтарае панна Фларэнтына, прыціскаючы рукі да грудзей. – Я не разумею цябе, Бэлачка…
- Так. Ты, пані Мелітон і гэты… смешны герой… Вакульскі…
- Я і Вакульскі?... – паўтарае панна Фларэнтына. На гэты раз здзіўленне яе такое шчырае, што сумнявацца нельга.
- Дапусцім, што ты не ў змове, - працягвае далей панна Ізабэла, - але штосьці ведаеш…
- Пра Вакульскага я ведаю тое, што і ўсе. У яго лаўка, у якой купляем, зрабіў багацце на вайне…
- А пра тое, што ўцягвае тату у гандлёвае таварыства, не чула?
Выразныя вочы панны Фларэнтыны зрабіліся вельмі вялікія.
- Бацьку твайго ўцягвае ў таварыства?... – прамовіла яна, паводзячы плячыма. – Да якога ж таварыства ён можа яго ўцягнуць?...
І ў гэту хвіліну пужаецца ўласных слоў…
Панна Ізабэла не магла сумнявацца ў яе невінаватасці; зноў пару разоў прайшлася па кабінеце з рухамі злоўленай ільвіцы і раптам спытала:
-      Скажы мне як найменш: што ты думаеш пра гэтага чалавека?
-      Я пра Вакульскага?... Я нічога пра яго не думаю, за выключэннем хіба таго, што шукае славы і адносін.
-      Таму для славы ахвяраваў тысячу рублёў на прытулак?
-      Напэўна. Даў два разы толькі на дабрачыннасць.
-      А чаму купіў мой сервіз і серабро?
-      Напэўна таму, каб з прыбыткам прадаць яго, - адказала панна Фларэнтына. – У Англіі за падобныя рэчы добра плацяць.
-      А чаму… выкупіў векселі таты?
-      Адкуль ведаеш, што гэта ён? У гэтым не было б у яго ніякага інтарэсу.
-      Нічога не ведаю, - сказала ліхаманкава панна Ізабэла, - але ўсё прадбачу, усё разумею… Гэты чалавек хоча наблізіцца да нас…
-      Значыць да мяне хоча наблізіцца! – усклікнула панна Ізабэла з выбухам. – Я даведалася пра гэта па… Сорам ёй было дадаць: “пасля яго позірку”.
-      Ты не памыляешся, Бэлачка?...
-      Не. Тое, што я адчуваю ў гэту хвіліну, не памылка, а хутчэй яснабачанне. Ты нават не здагадваешся, як даўно ён мяне пераследуе. Цяпер толькі узгадваю, што год таму не было прадстаўлення ў тэатры, не было канцэрту, лекцыі, на якіх бы я яго не сустракала, і толькі сёння гэта… бяздумная фігура здаецца мне страшнай…
Панна Фларэнтына аж адышла з крэселкам, шэпчучы:
- Ты дапускаеш, што ён бы асмеліўся…
- Упадабаць мяне?... – перапыніла са смехам панна Ізабэла.  – У гэтым нават не думала б ад яго бараніцца. Я не настолькі наіўная, ні настолькі фальшыва сціплая, каб не ведаць, што падабаюся… мой Божа! Нават слугам… Некалі гневала мяне тое, як жабрацтва, якое заступае нам дарогу на вуліцах, звоніць у кватэры ці піша лісты з просьбай аб падтрымцы. Але сёння – я толькі зразумела лепш словы Збавіцеля: “Каму шмат дадзена, ад таго шмат чакаць будуць”.
- Зрэшты, - дадала яна, зварухнуўшы плячыма, - мужчыны ў так бесцырымонны спосаб аказваюць гонар нам сваёй вялікай любоўю, што не толькі ўжо не дзіўлюся з іх дагаджэння ці дзёрзкіх позіркаў, але нават таму, калі гэтага няма. Калі ў салоне спаткаю чалавека, які мне не гаворыць аб сваёй сімпатыі і пакутах ці не маўчыць панура , чым яшчэ больш выдае сімпатыю і пакуты, ці не аказвае яму халоднай абыякавасці, што можа быць адзнакай найвышэйшай сімпатыі і пакут, тады  -адчуваю, што мне чагосьці бракуе, як калі б забылася на веер ці хустачку… О, я іх ведаю! Гэтых усіх донжуанаў, паэтаў, філосафаў, герояў, гэтыя ўсе чуллівыя, абыякавыя, зламаныя, летуценныя ці моцныя душы:… Я ведаю ўвесь гэты маскарад і запэўніваю цябе, што добра падчас яго бавяцца. Ха! Ха! Ха!... якія яны смешныя…
- Не разумею цябе, Бэлачка… - заўважыла панна Фларэнтына, разводзячы рукамі.
- Ты не разумееш?... Значыць ты не жанчына.
Панна Фларэнтына зрабіла жэст пярэчання, і потым –сумнення.
- Паслухай, - перапыніла панна Ізабэла.  – Год прайшоў, як мы страцілі становішча ў свеце. Не пярэч, бо так і ёсць, усе пра гэта ведаем. На сёння мы разарыліся…
- Ты перабольшваеш…
- Ах Флора, не супакойвай мяне, не мані!... Ці ж ты не чула падчас абеду, што нават гэтыя некалькі дзесяткаў рублёў, якія мае зараз мой бацька, выйграныя ў карты ды яшчэ ў…
Панна Ізабэла , кажучы гэта, дрыжала усім целам. Вочы яе блішчэлі, на твары быў румянец.
-      І ў гэты час прыходзіць гэты… купец, набывае нашы векселі, наш сервіз, затуманьывае галаву майму бацьку і цётцы, ці – з усіх бакоў абкружае мяне сеткамі як паляўнічы жывёлу. Гэта ўжо не сумны адарант, гэта не канкурэнт, якога можна адкінуць, гэта… здабыўца!... Ён не ўздыхае, але  трапляе ў ласку да цёткі, рукі і ногі абблытвае бацьку, а мяне хоча ўзяць гвалтам, калі не змусіць да таго, каб я яму сама аддалася… ці разумееш ты гэту выключную нікчэмнасць?
Панна Фларэнтына спужалася.
-      У такім выпадку ўсё вельмі проста. Скажы…
-      Каму і што?... Ці цётцы, якая гатова садзейнічаць гэтаму пану, каб мяне прымусіць аддаць руку маршалку?... Ці можа павінна паведаміць бацьку, ўразіць яго і рыспешыць катастрофу? Адно толькі зраблю: я не дазволю бацьку, каб ублытваўся ў якіясьці таварыствы, хаця б павінна была блытацца ў яго пад нагамі, хаця б павінна была… забараніць яму ў імя памерлай маці…
Панна Фларэнтына пазірае на яе з захапленнем…
-      Сапраўды, Бэлачка, - прамовіла, - ты перабольшваеш. З тваёй энергіяй і такой геніяльнай кемлівасцю…
-      Ты не ведаеш зусім гэтых людзей, а я бачыла іх падчас працы. У іх руках сталёвыя шыны звінаюцца як стужкі. Гэта страшныя людзі. Яны для сваіх мэт могуць парушыць ўсе зямныя сілы, якіх мы нават не ведаем. Яны здолеюць ламаць, прымушаць, прыніжацца, рызыкаваць усім, - нават – цярпліва чакаць…
-      Ты гаворыш на падставе прачытаных раманаў.
-      Я кажу на падставе сваіх адчуванняў, якія перасцерагаюць… крычаць, што гэты чалавек для таго ездзіў на вайну, каб мяне здабыць. І ледзьве вярнуўся, ужо мяне з усіх бакоў асаджае… Але няхай сцеражэцца!... Хоча мяне купіць? Добра, няхай купляе!... пераканаецца, што я вельмі дарагая… Хоча мяне злавіць у сетку?... Добра, няхай іх ставіць, але я выблытаюся, хоць бы – у абдымкі маршалка… О Божа! Я нават не думала, якая глыбокая бездань, у якую мы спадаем, пакуль не ўбачыла такое дно. З салонаў Квірынала да лаўкі… Гэта нават ужо не заняпад, гэта ганьба…Яна села на шэзлонгу і, абхапіўшы галаву рукамі, плакала.



Комментариев нет:

Отправить комментарий